355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Павел Мисько » Грот афаліны » Текст книги (страница 28)
Грот афаліны
  • Текст добавлен: 24 марта 2017, 14:00

Текст книги "Грот афаліны"


Автор книги: Павел Мисько



сообщить о нарушении

Текущая страница: 28 (всего у книги 30 страниц)

2

Здарылася так, што ў той самы час, калі Радж яшчэ толькі падумваў ісці ў паліцыю, туды ўжо ішоў, распытваючы дарогу, Абдула. Прымусіла яго ісці незвычайная знаходка.

Хоць жыў ён у нумары італьянкі не горш за якога паніча, сваёй даўнейшай звычкі не кідаў – заглядваў ва ўсе урны і сметніцы, якія сустракаліся. У Свійттаўне часам можна было знайсці ў сметніцах, асабліва ў багатых кварталах, і цікавы часопіс з малюнкамі, і якую апратку, і надламаную цацку, і бутэлькі з недапітым пітвом, і крыху папсаваны плод. У некаторыя дні гандаль, перапродаж усялякай драбязы ішоў кепска, зарабіць не ўдавалася, і тады выручалі сметніцы ці кафэ на адкрытых верандах і вынасныя столікі. У іх можна было часам падабраць недаедкі. У такія дні калі і не прыносіў нічога дзядзьку, то хоць свой жывот набіваў.

І цяпер, прымчаўшыся з дэльфінарыя, схапіўшы ў парцье ключ, заскочыў у нумар і адразу да халадзільніка. Падмёў усё, наеўся сам і Тота накарміў. Але, мабыць, лішне напхаўся, бо разбалеўся жывот. Ніякага запітку чамусьці ў халадзільніку не стаяла, і давялося напіцца ў ваннай з-пад крана. Жывот не перастаў балець, і Абдула замкнуў Тота ў нумары, а сам пайшоў шукаць донну Тэрэзу. Няхай бы заказала чаго з рэстарана цёпленькага, мо жывот сагрэўся б і перастаў. Тэрэза магла быць у такі час або ў холе, дзе гуляюць у карты, або ў дансінг-холе на танцах. Адчыніў карцёжны пакой, перабраў вачыма столікі – няма яе. Значыць, на танцах, на другім паверсе. Музыка з дансінг-хола разлятаецца па ўсіх паверхах, то лашчыць слых, то свідруе перапонкі.

Абдула памятаў гэты хол, з яго вядуць тры ці чатыры шкляныя дзверы на адкрытую круглую пляцоўку – абгароджаны балюстрадай дах рэстарана. У добрае надвор'е больш танцуюць там, чым у холе. Абдула спусціўся на пляцоўку паміж чацвёртым і трэцім паверхам, заглянуў звыкла ў блакітную сметніцу ў кутку – нічога цікавага. Спусціўся на пляцоўку паміж трэцім і другім паверхамі, таксама заглянуў. У гэтай сметніцы было больш смецця. З-пад цукерачных паперак мільганула штосьці бліскучае, пластмасавае. Не вытрываў, грабянуў – і з-пад смецця выглянуў вясёлы сіні дэльфінчык, прыклеены да ліловай падстаўкі. Цацка! Ды не абы-якая, такія ён бачыў у дэльфінарыі на прадстаўленні. Судзір, дрэсіроўшычк, уручаў гледачам на памяць. Абдула дастаў цацку, падзьмухаў на яе, пацёр паперкамі, каб ачысціць ад тытунёвага попелу. Як шкада, што яму зараз не пяць ці хоць якіх сем гадоў! Колькі б радасці было, колькі забавы! Але і цяпер глядзеў на цацку з замілаваннем, потым сунуў за пазуху.

Ступіў ніжэй на колькі прыступак і не вытрываў, дастаў дэльфінчыка, каб зноў палюбавацца. Якое хараство! Толькі чаму адзін кончык раздвоенага хвосціка адрэзаны? Відаць запыленае чымсьці пустое нутро дэльфінчыка. У падстаўцы-каробачцы таксама адпілаваны адзін ражок, на беражках знутры напылена нейкая жаўтаватая мука. Падзьмуў у дзірачку, хацеў свіснуць, і ў нос пыхнула гэтым пылам, пачуўся нейкі вельмі знаёмы, ледзь улоўны пах. Не зблытае гэты пах Абдула ні з чым, ён узненавідзеў гэты пах за час, калі жыў з дзядзькам у каморцы пад лесвіцай. Пах гераіну – наркотыка, які звёў дзядзьку ў магілу. Тая самая «белая смерць», пра якую і радыё талдыча, і газеты трубяць, і пужлівыя плакаты вывешваюць, і на канвертах друкуюць, і на штампах выбіваюць, якімі маркі пагашаюцца… Як ён ненавідзеў гэтую атруту! Яна ж не толькі дзядзьку загубіла, але і яго жыццё зламала. Каб дзядзька не стаў наркаманам, то ўсё магло б скласціся інакш: мог бы Абдула навучыцца грамаце, займець добрую спецыяльнасць, работу і не быў бы беспрытульным бадзягаю.

«Дык вось якія прызы-сувеніры раздае Судзір! І не абы-каму, відаць, раздае. Усё падстроена, ведае, каму даваць… І не за так дае, а за вялікія грошы…»

Абдула забыўся пра Тэрэзу, забыўся пра хворы жывот. Зляцеў, скачучы цераз адну прыступку, уніз, на першы паверх, кінуў парцье ключ і выскачыў за дзверы.

Дзе знаходзіцца паліцэйскі ўчастак, дапытаўся ў людзей.

Тузануў дзверы смела – чаго баяцца? Столькі ўсюды пішуць, каб памагалі змагацца з распаўсюджваннем наркотыкаў.

За аблупленым рудым бар'ерам віднелася лысаватая, з наліплымі на лоб рэдзенькімі валасамі галава. Дзяжурны паліцэйскі… Без фуражкі сядзіць, кашуля з пагончыкамі расхляпешчана, відаць чорная валасатая грудзіна, паводзіць барадою ўправа-ўлева, падстаўляючы твар і грудзі патоку паветра ад прапелерчыка. На Абдулу падняў вочы паволі, паўсонна, яны былі зацягнуты павалокаю, нібы ў тых кароў-валацуг, што бачыў каля базара ў Свійттаўне.

– Што… хлопчык? – абыякава спытаў у Абдулы і падправіў прапелерчык, каб лепей дзьмуў на яго.

– Вось… – працягнуў Абдула цацку. – У гатэлі знайшоў, у «Марской ліліі».

Паліцэйскі, скрывіўшыся як серада на пятніцу, пакруціў дэльфінчыка ў руках і, не ўстаючы, шпурнуў у сплеценую з ратангавых сцяблоў сметніцу. Не пацэліў, цацка бразнулася аб каменную падлогу, дэльфінчык і падстаўка разляцеліся ў розныя бакі.

– Прэч адсюль, смаркач, пакуль не арыштаваў! Мала дзе якога смецця валяецца, дык усё сюды валачы?

– Я магу пайсці, але потым будзеце самі мяне шукаць, – Абдула не зазлаваў на дурнога паліцэйскага, спакойна падняў дэльфінчыка і каробачку, зноў працягнуў іх цераз бар'ер. – Вы панюхайце! Вунь дзірачкі ў ражках – нюхніце!

Паліцэйскі асцярожна, нібы чакаў якога розыгрышу, паднёс каробачку адпілаваным ражком да носа, грэбліва скрывіўся.

– Ну і што? Брудам пахне, смеццем… – і зноў замахнуўся, каб кінуць.

– Гераінам пахне! Наркотыкам! Я гэты пах з сотні магу вылучыць.

– Носік у цябе… – недаверліва сказаў паліцэйскі, але на твары ўжо з'явілася цікаўнасць. Зноў панюхаў па чарзе з каробачкі і з дэльфінчыка. – Сабакі, кажуць, добра чуюць яго пах.

– Калі хочаце ведаць, дзе іх бяруць, то скажу. У дэльфінарыі! Цэленькія, запоўненыя парашком! Сам бачыў, як дрэсіроўшчык Судзір раздаваў такія прызы. Пакруціць круцёлку-барабан, выцягне паперкі з нумарамі. Нібыта выпадковым людзям, а сам добра ведае, каму даваць. Гэта мой вывад.

– Іч, сышчык знайшоўся. Наглядзеўся фільмаў?

– Я ў кіно быў усяго два разы ў жыцці.

– А хто ты такі? Як трапіў у гатэль, хто цябе туды пусціў?

Давялося трохі расказаць пра сябе. «Агы… Агы…» – слухаў паліцэйскі, а сам нешта памячаў на паперы. Левая рука легла на трубку тэлефона ды так і ляжала, нібы не адважвалася здымаць. Потым паліцэйскі загадаў яму прысесці і пасядзець, пакуль ён складзе пратакол на такое здарэнне. Абдула не ведаў, што гэта за штука, але прысеў.

– А цяпер зайдзі сюды… Штурхай дзверцы ў бар'еры, во… Падпішы, што ўсё расказанае – праўда.

Абдула нерашуча зайшоў, узяў ручку, сяк-так вывеў каракулі. Хацеў аддаць паліцэйскаму ручку, але той не ручку ўзяў, а сціснуў яго запясце.

– Пусціце! – ірвануўся Абдула. – Я праўду сказаў! Я памагчы вам хацеў! Я буду Тэрэзе скардзіцца! – лепятаў абы-што. Думаў хапануць паліцэйскага зубамі, але той заламаў яму руку за спіну так, што Абдула ўскрыкнуў, прысеў. Паліцэйскі штурхануў дзверы, што былі ў яго за спінаю ў сцяне. Абдула ўбачыў прыцемак калідора і яшчэ некалькі дзвярэй направа і налева.

– Пасядзіш да раніцы, а там разбярэмся, – паліцэйскі пхнуў яго ў камеру злева і замкнуў за ім дзверы.

3

– Я з дэльфінарыя. Зваць – Радж Сінх.

– А мяне завуць Махамуд, сяржант званне. Ну й што? – паліцэйскі глядзеў на Раджа цераз бар'ер, той на яго – вочы ў вочы, нібы ў дзіцячай гульні: хто каго пераглядзіць.

– Вельмі прыемна, – Радж рашыў браць ветлівасцю. – Калі вы служыце ў паліцыі, то, напэўна, чулі, што ў дэльфінарыі пакралі дэльфінаў.

– Чуў. Я прыязджаў нават да вас – не прыпомніце? Прынеслі мне навіну!

– Я прынёс другое. Я ведаю, хто пакраў дэльфінаў, ведаю, дзе дэльфіны.

– О, алах… І што гэта за дзяжурства ў мяне сёння? Дэльфінарый лічыўся самым ціхім раёнам, і раптам столькі ўсяго.

– Трэба аператыўная ўзброеная група. Злодзеяў можна накрыць з доказамі злачынства, – даводзіў сваё Радж.

– Адзін смаркач у сышчыкі лезе, другі – у аператыўнікі. Няма ў нас вакансій, і, наколькі мне вядома, штат паліцыі на Раі не будзе павялічвацца. Казна пустая… – паліцэйскі штучна пакашляў, нібы спахапіўся, што нагаварыў лішняга.

– Я з вамі не жартую.

– І я таксама. Сядайце! Я мушу ваш данос запісаць у журнал здарэнняў. Але ўлічыце, што, калі гэта паклёп, вам давядзецца адказваць.

А запісаў, то папрасіў Раджа прайсці за бар'ер, нібыта каб падпісаць нейкую паперу. І адразу хапіў за локаць, паштурхаў перад сабою ў той жа калідор, што і Абдулу. Толькі ў камеру пасадзіў не тую. На абурэнне Раджа адказаў:

– Раніцаю захоча з вамі разабрацца начальнік. А дзе мне вас тады ўзяць?

4

Аднак сяржант Махамуд не чакаў раніцы. Спачатку вагаўся, змагаючыся сам з сабою, прыкідваў, як лепш падаць начальніку ўсё, што запісалася ў журнале дзяжурства. А трэба так далажыць, каб стварылася ўражанне: няйначай і Махамуд прыклаў руку, каб нечага дабіцца, нешта выкрыць. А яшчэ вагаўся таму, што званіць трэба начальніку на кватэру. А раптам возьме трубку жонка і скажа: «Не магу паклікаць яго… Ён з работы яшчэ не вярнуўся. На службе яго шукайце». Вось так… Гарыць начальнік на рабоце, продыху няма, ледзь не круглыя суткі заняты. Гэтак ён, пэўна, апраўдваецца дома, калі позна вяртаецца, змарнелы ад карт ці рулеткі, пад хмяльком. Начальнік і ўсіх падначаленых прывучыў адказваць на званкі жонкі, калі яго няма: «На аператыўным выездзе… Тэрміновы аператыўны выезд…» У падрабязнасці не ўдавацца, усё павінна быць ахутана тайнай.

Недзе за поўнач, калі, па падліках Махамуда, пан начальнік не мог не заявіцца дадому, пазваніў. Папрасіў прабачэння за турботы, але служба ёсць служба. Далажыў спачатку пра дэльфінчыкаў з гераінам, асмеліўся нават выказаць думку, што гэтыя прызы – нітачка, за якую можна выцягнуць увесь клубок. Пачуў Махамуд у трубцы прыглушанае: «Ну вось бачыш, дарагая… Справа яшчэ больш абвастраецца». Мабыць, начальнік звяртаўся да жонкі. Потым і пра другі візіт далажыў, Раджаў, які дае магчымасць і другое нераскрытае злачынства раскрыць. «Дарагая… – пачуў сяржант усхваляваны голас начальніка. – Можа стацца, што твой муж атрымае ордэн… – І ў трубку: – Дзякую за службу, сяржант! Буду зараз жа!»

І начальнік сапраўды прыбыў хутка, за паўгадзіны. Сам дапытаў Абдулу і Раджа, потым звёў іх разам. «Гэта ты-ы?!» – моцна здзівіўся Радж, убачыўшы хлапчука. З перакрыжаванага апытання Радж пачуў пра гераін у дэльфінчыках – і не стрымаўся, ахнуў. Начальнік ухапіўся і за гэта:

– Што яшчэ ведаеце – выкладвайце.

– Нічога больш. Проста лапавухія мы ўсе ў дэльфінарыі, ні пра што не здагадваліся… Не марудзьце, калі хочаце здабыць доказы. Здаецца, у яго «рэзідэнцыі» ёсць такія нерэалізаваныя дэльфінчыкі.

Раджу не хацелася адразу выкладваць усе здагадкі, хоць у галаве ўжо ўзнік вывад: Судзір – член трыяды. Падкінутае пісьмо Крафту – яго работа. Гэта ён і Пуола прыбраў, з цела тады дасталі Судзірава лязо, у Судзіра ёсць нож, што страляе лязамі. Не вельмі дрэсіроўшчык паказвае каму гэтую дарагую штуку. Чатырма лязамі страляе, пятае, асноўнае, пры патрэбе адкідваецца, ледзь цісканеш на кнопку… З кампаніі Судзіра былі і тыя, што забіралі прыхаваны пад вадою кантэйнер, паранілі Раджа з падводнага ружжа. А размова ў «рэзідэнцыі» Судзіра, калі частаваўся адзін з тых, што лавілі дэльфінаў? Пра Раджа вялі гаворку, было ў Судзіра заданне і Раджа прыбраць. Але не забіў, адстояў яго перад трыядай. А чаму? Ужо тады меў планы на ўвесь дэльфінарый, на яго. А мо таму, што тыгр каля свайго логава стараецца не паляваць? Дэльфінарый прыбраў да рук, ажыццявіў мару. Добрае цяпер будзе ў іх прыкрыццё для трыяды, легальнае гняздо…

Калі начальнік скончыў допыт, то пасадзіў іх ужо ў адну камеру. Загадаў нават Махамуду выдаць ім дзве коўдры. «Ого!» – абрадаваўся Абдула. «Што – не горш, чым у гатэлі?» – пасміхнуўся Радж. Паслалі абедзве коўдры ў кутку на цэментаваную падлогу, леглі абняўшыся. Крануў Раджа ўчынак Абдулы: трэба было мець немалую мужнасць, каб асмеліцца заявіць паліцыі пра гераін. Тым самым Абдула ўступаў у смяртэльную барацьбу з кантрабандыстамі, з членамі трыяды. Як і Радж.

Абдула соп, уткнуўшыся носам яму ў плячо, а Раджа сон не браў. Думкі, думкі, думкі…

Шт прыязджаў, значыць, да Судзіра, вёў перагаворы. Судзір збіраецца заўтра ехаць з Рая на цэлы дзень. Куды? Ну канечне ж, на Горны, у лагер! Піт і кампанія згадзіліся на дамаганні Судзіра, узялі яго кампаньёнам. І не таму, што баяліся, каб Судзір не выкрыў іх перад уладамі. Не з рукі Судзіру даносіць на іх: пачнуць разбірацца, могуць і самога ўблытаць. Як ні адмывайся ад дурыяну, як ні палашчы рот, але калі браў у рукі ці ў рот, будзеш смярдзець.

У лагернікаў не ладзіцца з дэльфінамі, гэта ясна. Трэба нічога не ведаць пра дэльфінаў, каб думаць, што яны любога паслухаюцца. Пахапалі дэльфінаў і думалі, што Судзір працягне з імі работу, на месцы давядзе ўсё да ладу. І Судзір на гэта спадзяваўся, разлічваў на дадатковы заробак – задатак атрымаў, хацеў мець і другую частку сумы. Паспяшаліся лагернікі і толькі абвастрылі сітуацыю. Судзір мог падумаць, што хацелі абысціся без яго.

Судзір будзе ў пячоры… І Янг у пячоры… Калі застаўся жывы… Што будзе, калі яны сустрэнуцца? Захоча мець хлопца за памочніка ці ўздумае пазбавіцца ад яго?

Калі Судзір убачыць, пераканаецца, што ў пячоры сапраўды можна начэрпаць, намыць золата, як павядзе сябе?

Радж сеў, абхапіўшы калені рукамі. Што яны сабе думаюць, гэтыя няўклюды паліцэйскія? Чаму не дзейнічаюць зараз жа? Кожная хвіліна дарагая… Маглі б Судзіра застаць на кватэры, успароць з ложка цёпленькага… А другія ў гэты час абшарылі б «рэзідэнцыю» і кабінет. Судзіра, схапіўшы, трэба адразу прыціснуць як след, каб сказаў адрас майстэрні ці чалавека, ад каго атрымлівае гэтых дэльфінчыкаў. Каб і на іх зрабіць налёт.

5

А ў гэты час начальнік званіў на Галоўны востраў у дэпартамент паліцыі. Не мог сам нічога рабіць. Міністр унутраных спраў выдаў колісь дырэктыву «333», каб усе справы, звязаныя з наркотыкамі, канцэнтраваліся ў спецыяльным аддзеле, вырашаліся цэнтралізавана.

І вось урэшце з Галоўнага прымчаўся спецыяльны катэр з афіцэрам і чатырма паліцэйскімі. Усе былі ў цывільным адзенні, але ўзброеныя, на бёдрах пінжакі тапырыліся.

Зноў допыты-роспыты, зноў ідзе час. Раджу афіцэр спадабаўся: чарнявы, гарбаносы, з дзіцячым чубком на лбе. І талковы, мабыць, схоплівае ўсё на ляту, робіць вывады адразу. Калі Радж сказаў, што Судзір звязаны з трыядай, і выклаў ланцужок фактаў, афіцэр тут жа згадзіўся з ім. Адразу стварылі дзве аператыўныя групы, двое прыезджых паліцэйскіх і адзін мясцовы на чале з начальнікам паліцыі, якіх таксама прымусілі пераадзецца ў цывільнае, павінны былі затрымаць Судзіра, зрабіць вобыск у яго дома. Другую групу з такіх жа трох чалавек узначаліў гарбаносы афіцэр. І першая, і другая групы потым сальюцца ў дэльфінарыі, дзе к таму часу павінен таксама закончыцца вобыск.

– А так не здарыцца, што спалім сто факелаў, а зловім адну жабу? – сказаў начальнік паліцыі Рая афіцэру з Галоўнага. Меў на ўвазе розгалас, які абавязкова пойдзе далёка і можа пашкодзіць прытоку турыстаў.

– Мне не жаба трэба! Судзір трэба! Жывы! І чым хутчэй! – накрычаў на яго афіцэр.

…Уляцелі ў дэльфінарый па заліву. Рулявы так крутнуў руль, што катэр ажно ўссунуўся на бераг – каля самага яліка з Абрахамсам. Ялік так гайданула хваляю, што стары ледзь потырч не паляцеў, выкуліў за борт вялізную місу рыбы. Устаў, разявіўшы ад здзіўлення рот, ды так і стаяў, пакуль усе не пасаскоквалі на зямлю. Апошнімі – Радж і Абдула.

– Вы – з намі,– загадаў гарбаносы Абрахамсу. – Хто яшчэ ёсць у дэльфінарыі?

– Ёсць. Дворнічыха каля малой арэны. Прыбірае там, чарапаху корміць… У прахадной – вартаўнік… Новы сёння, другі раз толькі яго бачу, – Абрахамс хоць мо і здагадваўся, што за людзі высадзіліся, але запытальна глядзеў на Раджа, і той шапнуў:

– Паліцыя, дзядзька…

– Новы? – зацікавіўся гарбаносы. – Тады так: пойдзеце па яго вы і вы! – патыцкаў пальцам у грудзі Абрахамсу і аднаму паліцэйскаму. – Паклічце яго сюды… У размовы з ім не ўступаць, нікуды не адпускаць ні на крок.

Абрахамс у суправаджэнні паліцэйскага знік у алеі. Гарбаносы афіцэр, аглянуўшыся па баках, нібы арыентуючыся на месцы, пытаў: «Гэта куды вядзе?» – ківаў на бамбукавую лесвіцу. «А што там?» – паказваў на трое дзвярэй – у склад Абрахамса, у Раджаву камору, у душавую. Радж патлумачыў. Дайшлі да басейна, афіцэр крутнуўся і адразу ўбачыў дзверы «рэзідэнцыі»: «Тут?» Радж кіўнуў, дзівячыся: «Цёрты гэты афіцэр… І растаропны». Афіцэру далей не стаялася, хадзіў па два крокі туды-сюды, кідаў вачыма па трыбунах, па дэльфінах, а думкі яго, відаць, былі не тут. Паліцэйскія не падыходзілі да яго, паселі на лаўку насупраць Раджавай каморы.

І вось паказаліся з алеі Абрахамс і новы вартаўнік. Ішлі яны побач, а паліцэйскі – на два крокі ззаду. Пакуль падыходзілі, Радж разглядваў навічка: па выгляду падобны на японца ці кітайца, не такі сілач, як Алі, але сшыты моцна; па лёгкаму спружыністаму кроку можна вызначыць – спартсмен. І раптам Радж пазнаў яго: бачыў некалькі разоў на трэніроўках у Ромеша. Праўда, не на саміх трэніроўках, а сустракаліся ці ў раздзявалцы, ці ўжо на лесвіцы з падвала, займаўся новенькі каратэ ў змене, якая канчалася перад Раджавым прыходам.

– Усё нармальна? – насцярожана паглядзеў афіцэр на паліцэйскага, які так і спыніўся за спінаю навічка. – Нічога не гаварыў, нікуды не адпрошваўся?

– Нікуды. Я толькі дазволіў дадому пазваніць, хворыя ў яго дома, – еў вачыма гарбаносага афіцэра паліцэйскі.

– Пракляцце!.. А што ён гаварыў – не чуў?

– Нічога такога… «Бацька захварэў… Схадзі ў аптэку па лякарства, а то я заняты».

– Капшукі праклятыя! Нічога нельга даручыць… – вылаяўся афіцэр. – Пільнуй яго добра! – прыкрыкнуў на разяву паліцэйскага, і той задраў крысо пінжака, падтыкнуў яго за кабуру з пісталетам, а саму кабуру расшпіліў і трымаў правую руку на ёй. – А вы ламайце дзверы! Не бойцеся, пад маю адказнасць… – загадаў афіцэр Абрахамсу.

– Ага… Я сякеру толькі…– Абрахамс, божкаючы, патрухаў да свайго склада.

Але рукі ў Абрахамса трэсліся, рады дзвярам даць не мог. І тады ўзяўся за работу адзін з прыезджых паліцэйскіх – засунуў лязо ў шчыліну паміж вушаком і дзвярыма, ламануў.

Доўга і шукаць не трэба было. Цацкі ляжалі ў скрынцы пад канапаю. Блакітныя дэльфінчыкі на ружовай каробачцы-падстаўцы. Сем штук… Выклалі іх на стол, і афіцэр кожнага ўзважыў у руках, кожнага патрос каля вуха. Пустыя! Для пэўнасці раструшчыў аднаго абцасам на падлозе – пуста… Больш нічога падазронага паліцэйскія не знайшлі, і афіцэр незадаволена пабарабаніў пальцамі па стале. Абдула парываўся сказаць, што той дэльфінчык, які ён знайшоў у «Марской лініі», крыху не такі па колеру. Але Радж прытрымаў яго за плячо: «Не спяшайся…»

Афіцэр узяў з акна празрыстую шматкантовую круцёлку-барабан, з якое Судзір, пакруціўшы, даставаў трубачкі латарэек для гледачоў. Адсунуў убок празрыстую накрыватку, выняў жменю паперак. Разгортваў адну за другою, хмыкаў, потым не вытрываў, пачаў чытаць уголас:

– Трэці рад дванаццатае месца… Сёмы рад чацвёртае… Зноў трэці рад дванаццатае… Дванаццаты дзесятае… Сёмы рад чацвёртае… Адны і тыя ж месцы панапісваны… Не, во і новае ёсць – пяты рад дваццаць першае. Новым, відаць, пустыя раздае… Яны і па колеру крыху адрозніваюцца… Та-а-ак, цяпер застаўся кабінет. Ключоў, канечне, нікому не пакідаў?

– Не, – пацвердзіў Абрахамс. – Новыя парадкі… А раней, пры Крафце, адзін ключ быў каля вартаўніка ў прахадной. Я памяняў учора ўсе замкі там, Судзір загадаў.

– Значыць, сякера спатрэбіцца. Пайшлі туды, пратакол – потым.

Паліцэйскі, што пільнаваў вартаўніка-навічка, быў каля лаўкі насупраць Раджавай каморы. Навічок сядзеў – рукі на патыліцы – на лаўцы спінаю да дзвярэй, ногі спушчаны пад спінку, у кусты. Паліцэйскі ўсё трымаў на кабуры руку.

Сякеру пускалі ў ход двойчы, адчыняючы дзверы ў калідорчык і ў кабінет. Рабіў гэта той самы паліцэйскі, што і «рэзідэнцыю» ўзломваў, рабіў спрытна, вопытна. Як зайшлі, Радж, Абдула і Абрахамс моўчкі пастаялі каля дзвярэй – як панятыя. А паліцэйскія ўскрывалі шуфляды стала, заглядвалі пад дывановую дарожку, перакульвалі, абстуквалі і абмацвалі мяккае і звычайныя крэслы, ускрылі і паставілі перад афіцэрам на стол Судзіраў «дыпламат». Афіцэр дастаў з чамаданчыка кімано, мыла, мачалку, туалетныя дробязі. Заставаўся неагледжаны сейф, ён замкнуты быў на два замкі, дзве дзірачкі ад ключоў прыкрыты стальнымі язычкамі-вяртушкамі. Паліцэйскі паклаў сякеру на стол, дастаў з-за пазухі, з-пад рукі «пушку», запытальна зірнуў на афіцэра. Той згодна кіўнуў. Тры аглушальна-звонкія стрэлы пачуліся адзін за другім. Гарбаносы нават у вуху паказытаў… Той, што страляў па замках сейфа, зноў пусціў у ход сякеру…

Дэльфінчыкі ў сейфе былі – сінія, на ліловых каробачках-падстаўках. Якраз такія, як той, што Абдула знайшоў у гатэлі. Пяць штук… Афіцэр узважыў адзін у руцэ, другі… Перабраў рукамі ўсе – на твары было задавальненне.

– Адзін кілаграм гераіну – паўмільёна долараў! Адпілуй ражок у якім-небудзь, – папрасіў ён паліцэйскага, што выграб з сейфа на стол яшчэ і кучу папер, некалькі пачак долараў. Афіцэр прысеў у крэсла перад Судзіравым сталом, пасунуў бліжэй да сябе паперы, пачаў праглядваць іх. За сталом на месцы Судзіра сядзеў другі паліцэйскі і хутка-хутка пісаў, час ад часу запытальна ўскідваючы вочы на гарбаносага, чакаючы, што ён прадыктуе. Пачаў, мабыць, складаць пратакол.

З надрэзанага ражка падстаўкі і праўда сыпнуўся жаўтлявы парашок. Паліцэйскі нацерусіў яго крыху на далонь, панюхаў сам, паднёс панюхаць гарбаносаму афіцэру. Нават Абдуле сказалі панюхаць, нібы якому крымінальнаму эксперту-хіміку: «Такі?» І ён аўтарытэтна пацвердзіў: «Такі… Усё такое…»

Калі ўрэшце пакінулі кабінет, спусціліся ўніз, убачылі: каля лаўкі ляжыць, скурчыўшыся, прыціскаючы рукі да жывата, той паліцэйскі, што пільнаваў навічка-вартаўніка. Стагнаў жудасна, не распінаючы зубоў – мабыць, у яго была разбіта пячонка. Клапан кабуры тырчэў, як сабачае вуха, а ў кабуры было пуста. Навічок знік разам з пісталетам паліцэйскага.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю