355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Павел Мисько » Грот афаліны » Текст книги (страница 22)
Грот афаліны
  • Текст добавлен: 24 марта 2017, 14:00

Текст книги "Грот афаліны"


Автор книги: Павел Мисько



сообщить о нарушении

Текущая страница: 22 (всего у книги 30 страниц)

Раздзел другі1

Не злавіць сеткаю вецер. Птушка ў небе, а дэльфін у вадзе не пакідае следу.

«Дзе ж тыя дэльфіны, куды пахаваліся?» Радж, дый не толькі Радж, – усе, хто быў на катэрах і глісерах, азіраліся ва ўсе бакі, мацалі вачыма па вадзе і блізка, і далёка, аж пад акаём, – няма дэльфінаў! І пагода стаіць як на заказ, звычайна ў такую пагоду чародкі дэльфінаў круцяцца каля Рая, найбольш смелыя набліжаюцца нават да купальшчыкаў.

Тры катэры і два глісеры ў іх групе. Сярэдні катэр нібы матка, ён і большы за іншыя разоў у пяць, не раўнуючы ўжо з глісерамі, і забяспечаны дзвюма лябёдкамі па бартах. У ім і бак – узвышаная пярэдняя частка судна – тырчыць намнога вышэй, чым у двух другіх: як другі паверх з каютамі і кубрыкамі. На баку, трымаючыся за радыёмачту, стаіць Судзір. Прыкладваючы да вачэй то далонь, то бінокль, ён углядаецца ў акіянскую далеч. Глісеры справа і злева ад катэраў, гойсаюць кругамі далёка, падскокваюць на вадзяных валах ад катэраў, паказваючы каршунаватыя «ногі», а часам і сам «абутак» – падводныя крылы.

Няма дэльфінаў, нібы хто папярэдзіў іх – ратуйцеся, браточкі, аблава!

Разгорнутым строем судны абышлі Рай па вялікай дузе. Гатэлі на востраве здаваліся меншымі за чвэрць запалкавага карабка. Дамы прыгожа бялелі, жаўцелі і ружавелі сярод зеляніны, а пляжы і белыя карункі прыбою вакол вострава надавалі асаблівае хараство – нібы з акіянскай сінечы паўстаў каштоўны, у візерунках аправы камень-самацвет.

Потым прайшлі трохі ў напрамку да Галоўнага вострава, але па дарозе траплялася шмат то рыбацкіх лодак, то суднаў, што спяшаліся на Рай, і Судзір падаў сігнал паварочваць на ўсход – у той бок, дзе праступаў з вады надламаны, але яшчэ востры рог гары вострава Блакітны.

Незаселеным лічыўся востраў Блакітны. Адзінымі бачнымі насельнікамі былі птушкі, ад іх скопішчаў ажно бялелі прыбярэжныя скалы. Раптам Судзір паказаў і рукою, і біноклем на паўночны захад ад Блакітнага. Усе пачалі ўглядацца ў той бок: ледзь прыкметныя цёмныя коскі выскоквалі з вады. Дэльфіны!

Судзір звесіўся з бака і штосьці пракрычаў уніз рулявому, а потым, нібы ўспомніўшы пра партатыўную рацыю, падхапіў яе, паднёс да рота. Такія ж рацыі былі ва ўсіх рулявых, усе прыслухоўваліся да яго каманд. Левы катэр, на носе якога стаяў Радж, павялічыў хуткасць. Прыбавіў хуткасці і правы, дзе быў містэр Крафт. (Судзір спачатку не хацеў браць яго ў мора – карысці ніякай, а замінаць, умешвацца непатрэбнымі распараджэннямі будзе. І Крафт вымушаны быў сказаць, што будзе толькі гледачом). Усе тры катэры павярнулі на паўрумба1717
  Румб – 1/32 частка акружнасці гарызонта.


[Закрыть]
ўлева і трошкі больш разышліся. Цяпер паміж сярэднім і крайнімі было метраў па семдзесят, а мо і сто. Судзір яшчэ нешта камандаваў, бо глісеры перасталі гойсаць абы-дзе, а хутка памчаліся наперад, нібы ад крайніх катэраў раптам пацягнуліся, ахопліваючы нейкую прастору, рукі-клюшні.

Радж зразумеў Мансур: трэба хутчэй ахапіць чараду, скучыць дэльфінаў, закружыць на месцы. А што будзе далей? Упершыню ўдзельнічаў Радж у адлове дэльфінаў, усё было ў навіну. Гэты раз, як прывёў Судзір у порт армаду суднаў (а некаторых наняў на месцы) і паставіў Крафта перад фактам, містэр Джэры ажно зніякавеў. Усё! Няма адступлення назад! Новыя вар'яцкія выдаткі, якіх ён смяртэльна баяўся, – рэальнасць. Нават не суцешыла Крафта тое, што зараней плаціць не трэба. Усё роўна ж давядзецца раскашэльвацца. А на колькі? Нібы само ліха пацягнула тады за язык, падтакнуў Судзіру, згадзіўся на лоўлю новых дэльфінаў (як топішся, то і за пену схопішся), а цяпер ужо ўсё, адступлення не можа быць. Усё робіць Судзір сам: і флатылію прывёў, і распараджаецца, як гаспадар становішча, аддае загады. Па загаду Судзіра і Радж узяў з сабою ўсе даспехі аквалангіста, а цяпер прэе ў чорным гідракасцюме, чакае сігналу, каб скокнуць за борт. А скакаць давядзецца, бо дэльфіны заблытваюцца ў сетках. Пад вадою яны могуць прабыць дзесяць – пятнаццаць мінут, а звычайна ўсплываюць праз тры-пяць мінут. Уражлівыя дэльфіны страшэнна: калі не ўтопіцца, дык можа быць з перапуду інфаркт ці інсульт. Як у людзей!

Чарада дэльфінаў не здагадвалася, што будзе рабіцца далей. Яны дазволілі, каб іх абагналі, закружылі на месцы. Некаторыя весела выскоквалі з вады, шумна плюхаліся назад, зусім блізка падплывалі да глісераў, пускаліся з імі навыперадкі па крузе, і каб захацелі, то лёгка абагналі б, уцяклі. Адзін вялізны дэльфін, мо важак чарады, то заплываў наперарэз сярэдняму катэру, то ляцеў да крайніх, уздыбліваўся на хвост, баламуцячы ваду, нібы хацеў заглянуць, што робіцца на борце, чым займаюцца людзі.

– Ну, зрабі сальта! Ну – оп-ля! – махаў яму рукою Радж.

Але дэльфін і не думаў слухацца. Раптам ён працягла і рэзка свіснуў, знік пад вадою. І адразу занепакоена завірылі дэльфіны.

На катэрах спешна рыхтавалі сеткі. Вялікаю кучаю ляжала сетка і на Раджавым катэры, тырчалі з яе сям-там ружовыя прадаўгаватыя паплаўкі з пенапласту, іржавыя вялізныя шрубы грузілаў. Ад сеткі і да левага борта пасталі наводдалек адзін ад аднаго трое напаўголых, з выдубленай скурай лаўцоў, самы крайні, што каля борта, трымаў у руках канат і край сеткі, яшчэ двое распіналі яе крыло. Чацвёрты лавец стаяў каля правага борта, паглядаў на сярэдні катэр.

Тым часам Судзір зноў паднёс да губ рацыю з антэнаю-штыром, і глісеры хуценька падляцелі з бакоў да «маткі», якая замарудзіла ход. З аднаго і з другога борта ім пакідалі канцы сетак, і глісеры адплылі ў бакі, расцягваючы іх, злучаючы сеткамі сярэдні катэр і крайнія. Да катэра, на якім смажыўся на сонцы Радж, сетка не даставала, і з глісера пракрычалі:

– Тысяча д'яблаў! Правей давай!

Катэр падвярнуў правей і прыцішыў ход, на борт паляцеў канат. Чацвёрты лавец спрытна падхапіў яго, пацягнуў і завязаў за борт. «Хар-рош, давай да левага борта!» – крыкнуў ён людзям на глісеры, хаця яны і без таго ведалі, што рабіць, – падхапілі канец сеткі з левага борта і паляцелі з ёю наперарэз чарадзе дэльфінаў, закрываючы шлях адступлення. Гэтакі ж Мансур рабіў і глісер каля правага катэра.

О, каб можна было заскочыць наперад дэльфінам імгненна! Глісер цягнуў сетку як мага, а яна шархацела, грукала аб борт паплаўкамі і грузіламі, папраўляць і разблытваць яе не паспявалі. Аднак і дэльфіны не марудзілі. На імгненне стоўпіліся пасярод загона. – і раптам рынуліся за важаком у апошнія «вароты».

– Хутчэй, марскога вожыка вам у глотку! – надрываўся ў мегафон Судзір, трос кулаком, але глісеры не маглі паскорыць ход, не рызыкуючы парваць сетку. «Вароты» звузіліся ўжо да шырыні 10–15 метраў, а дэльфіны шугалі праз іх імкліва, ажно пырскі разляталіся. Сышліся глісеры, а ад велізарнай чарады засталося ў загародцы толькі дэльфінаў дзесяць – пятнаццаць.

Радж прымацаваў пояс з грузіламі, «абуў» і зашпіліў ласты, надзеў маску, – чакаў каманды. І каманда паступіла:

– Аквалангіст! За борт! Праплысці са знешняга боку сетак, разблытаць, дзе зблыталіся! А потым усярэдзіну, к дэльфінам!

Судзір, пракрычаўшы гэта яму ў мегафон, паднёс да губ рацыю. Усім рулявым была пададзена каманда зводзіць судны разам, а лябёдчыкам – «Вір-ра памалу-у!»

– Браточкі, памажыце… – падышоў да лаўцоў Радж. І тыя, як толькі ён мінуў сетку, не вельмі далікатна падхапілі яго пад ногі, пад локці, пасадзілі на борт.

Раджу даводзілася ныраць з лодкі: садзіўся спінаю да вады і куляўся дагары ўніз галавою. Такая поза была самая лепшая, хутчэй пагружаўся на патрэбную глыбіню. А тут гэтага нельга было зрабіць, катэр гайдала, і Радж проста адштурхнуўся, паляцеў нагамі ўніз.

2

Пагрузіўся метры на два. Плывучасць была дадатнаю, мабыць, малавата начапіў грузілаў. Запацела і шкло маскі, імгненна ўтварылася шэрая плёнка, нічога не было відаць. Крутнуўся – дзе сетка? Гэтак лёгка і самому ўблытацца.

Ударыў ластамі, выскачыў наверх. Садраў маску, акунуў яе ў ваду. Агледзеўся – ага, вунь дзе глісер, значыць, і сетка прыкладна туды вядзе. Зноў нацягнуў маску, распрастаў добра гумавыя закрайкі і нырнуў галавою старчма, запрацаваў ластамі.

Сетка бачылася яму справа, ячэі буйныя, руку можна прасунуць. Такімі рыбу не ловяць. Дык скуль жа гэтыя лаўцы дэльфінаў, што і сеткі дзіўныя маюць, і вопыт лоўлі?

Радж плыў уздоўж знадворнага боку сеткі. Яна зусім не падобная на аламан, гіганцкі мяшок з закрылкамі. Гэта проста ячэістая загародка. Зверху, каля каната, сетка нацягнута туга, нейлон, здавалася, ажно звініць ад напругі. Мабыць, на крайніх катэрах таксама працуюць ужо лябёдкі, падцягваюць сеткі разам з глісерамі, змяншаюць кола ахопу. Чым глыбей ішла сетка, тым меншала нацяжэнне. Цікава, якая ў яе шырыня? Ніжні край растае, губляецца ў сінечы.

Пачаў яшчэ больш заглыбляцца, чапляючыся за ячэі праваю рукою, сяды-тады патузваючы, распраўляючы. Тут сетка была яшчэ больш свабодная, выпучылася ў знадворны бок, як ветразь.

Не даводзілася Раджу плаваць з аквалангам у адкрытым моры. Якая празрыстая сіняя вада тут! Якая пустэча!.. Дна не відаць, там, дзе павінна быць дно, сінее змрок, за якім угадваецца фіялетавая чарната бездані. Зябка патыхае адтуль холадам і жудою.

Сіняя вада, бо няма планктону. А няма планктону, няма і рыбы. Дык чаго таўкліся тут, калі няма рыбы, дэльфіны? Яны ж не дурні, каб проста так прыплысці сюды пазабаўляцца, пакуляцца. Мо які свой сход праводзілі ў нейтральных водах?

Радж убачыў заблытаны кавалак сеткі і спусціўся да самага нізу. Ад ціску парабіліся на касцюме жорсткія складкі, нібы металічныя рэбры, цяжка згінаць-разгінаць ногі. Здалося, што і думкі тут, на глыбіні, больш марудна варушацца. Як можа заблытацца ніжні край? Там жа свой канат, там жа грузілы. А вось як: адна шруба трапіла ў ячэю ды яшчэ перакінулася разы два, закруцілася. Наверсе – то і прыгледзеўся б лепш, і хутчэй уцяміў бы, як выбавіць тую шрубу. А тут пакуль зразумеў, у які бок адкручваецца, а ў які закручваецца, прайшлі доўгія мінуты. Хацеў ужо даставаць крыс, каб шарахнуць па ўпартай пятлі. А тут яшчэ гума маскі так уліпла ў твар, так прысмакталася, нібы якія прысоскі васьмінога. З сілаю некалькі разоў выдыхнуў носам пад маску, каб выраўняць ціск.

Усплываў да верхняга краю сеткі і бачыў за ёю высока-высока ўгары сілуэты дэльфінаў – то цямнейшым бокам павернуцца, то бліснуць жыватом. Нібы дзіўныя бяскрылыя птахі кружацца ў небе, сплываюцца разам, кіруюць да сетак, зноў рэзка адварочваюць. Рухавікі суднаў маўчалі, і паміж выдыхамі-булькатаннем пухіроў чуў шчэбет, вельмі падобны на лямант вераб'ёў, калі збярэцца іх цэлая плойма і штосьці не падзеляць між сабою. Птушыны гармідар прарэзвалі рэзкія трывожныя свісткі.

Цямнеюць дзве нерухомыя плямы – амаль упрытык адна да адной. «Глісеры», – здагадаўся Радж. Счапіліся, каб не засталося ніякіх «варот» паміж сеткамі. Хацеў спачатку ўсплыць каля іх, памахаць рукою – «З адною ўсё ў парадку!», ды перадумаў. Бог з імі, не выклікаюць Судзіравы людзі сімпатый. Пакуль быў на катэры, не пачуў ад іх ніводнага слова. Абменьваліся яны толькі нейкімі аднаскладовымі выгукамі-сігналамі і, відаць добра разумелі адзін аднаго. Стоячы на носе катэра, Радж часам адварочваўся да іх, аглядаў лаўцоў. Загарэлыя, мускулістыя мацакі, па выгляду не то кітайцы, не то малайцы.

Плыў каля сеткі, расцягнутай паміж другім глісерам і правым катэрам, і дзівіўся някемлівасці дэльфінаў: для іх ніякай цяжкасці няма нырнуць на глыбіню, шмыгнуць пад сетку. А яны носяцца каля паверхні, ныраць баяцца – запанікавалі, мабыць.

Гэта сетка такая ж, як і першая. А трэба яшчэ трэцюю і чацвёртую агледзець, хоць зусім не хочацца гэта рабіць. Узяў бы ды крысам – р-раз, р-раз, каб ад гэтых загародак паплыло адно ашмоцце. Няхай бы плылі дэльфіны ва ўсе бакі – на волю, у сіні прастор.

Містэр Крафт, мабыць, таксама быў бы рады. Яму недзе не сядзіцца і не стаіцца. Дзівіцца чалавек і перажывае: з якім размахам усё арганізаваў Судзір! Вось, маўляў, як клапачуся я пра дэльфінарый, пра справу. А ці ад чыстага сэрца ўсё? Судзір такі чалавек, што ў яго і з курыных яек змеі выводзяцца.

А дзе цяпер і што парабляе Янг? Не апалонік ён ужо, але яшчэ і не дарослы, хоць хвосцік дзіцячы і адкінуў. Шмат глупства ў галаве, за ім трэба вока ды вока… Добра, што Янг не паехаў на лоўлю. Не спадабалася б і яму ўсё гэта. Асабліва як пачнуць падымаць сеткі з дэльфінамі ці саміх дэльфінаў у нейкіх гамаках ці фартухах. Непрыемнае відовішча. Яны не тузаюцца, не трапечуцца, як рыбы. Яны зразу спыняюць спробы ўцячы, нібы разумеюць, што гэта не хто іншы злавіў іх, а чалавек, дык хіба можна ад чалавека чакаць зла? Чалавек паможа ім у апошнюю мінуту, уратуе, палечыць. Так было ў вялікім басейне дэльфінарыя, калі вылоўлівалі раз Джэка, каб апрацаваць рану на баку, зашыць яе (недзе ж ушчаміўся – ці ў басейне ўжо, ці яшчэ як лавілі ў моры). Запынялі, лавілі сеткамі ў вадзе, тады яшчэ ні Джэк, ні іншыя дэльфіны не ўмелі выскокваць на памост. У вадзе і ўвільваў, і супраціўляўся, а сіла ў яго была нямераная, але як вынялі з вады на бераг – ні разу не страпянуўся, нават калі доктар калоў іголкаю скуру, зашываў рану. Ляжаў і сумна-даверліва паглядваў цёмнымі вочкамі на людзей. Ажно нядобра рабілася ад гэтага позірку, нібы дэльфін вельмі шмат ведаў пра людзей, значна больш, чым яны самі пра сябе.

Скончылася і другая сетка, нідзе блытаніны не знайшоў. Праплыў пад носам правага катэра, вынырнуў. Вунь містэр Крафт, перавесіўся цераз борт, журботна глядзіць на ваду, нібы вырашае праблему – боўтнуць зараз за борт, утапіцца ці яшчэ трохі пачакаць. Радж памахаў яму рукою, і Крафт квола ўсміхнуўся, спытаў:

– Усё ў парадку?

Радж выняў загубнік з рота.

– Ол райт! – і зноў сунуў у рот.

Перад тым як нырнуць углыб, прыкмеціў на грудзях у аднаго лаўца пачэпленую на шыю маску. У другога такая маска была пасунута на лоб. Лаўцы таксама зрыхтаваліся скакаць у ваду, калі ахопленая прастора зменшыцца да мінімуму, і трэба будзе ці выблытваць дэльфінаў з сетак, ці падводзіць пад іх гамакі-фартухі са стропамі.

У сетках паміж катэрамі і «маткаю» таксама былі блытаныя месцы. Разблытваў і чуў, як яны «жывуць» пад рукамі, напінаюцца або слабеюць, калі адна лябёдка адключыцца, чакае другую, каб даць магчымасць укарочвацца сеткам раўнамерна. Чым меншаю рабілася загародка, тым больш нервова гойсалі, кідаліся ў ёй дэльфіны. Колькі іх удалося запыніць? Радж усплываў у сярэдзіне круга і стараўся палічыць іх. Здаецца, адзінаццаць, ёсць два дзіцёнкі такога ўзросту, як Бобі. Адзін з маткаю, бо ўвесь час туліцца да яе, ажно плысці замінае. Другі, відаць, адзінокі – ці не апынулася маці за сеткаю, на волі? Ён то падплыве да дэльфінкі з дзіцем, нібы хоча прылашчыцца ды не адважваецца, то аддаліцца, робячы рыўкі ўправа-ўлева, нібы шукае кагосьці.

І раптам са знешняга боку сеткі, той, што была бліжэй да Блакітнага, з'явілася вялікая дэльфінка. Яна неспакойна прамчала ў адзін бок, у другі, шукаючы дзіру. І нешта мо скамандавала ці паклікала, бо малы, як з прывязі сарваўшыся, напрасткі кінуўся да яе. Радасць зусім замуціла яму розум – на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў сетку, завіс, затузаўся, запішчаў.

Вось ён, той выпадак, тое няшчасце, якога трэба баяцца…

Запалоненыя дэльфіны ўраз перасталі мітусіцца. Бяда, якую яны чакалі з усіх бакоў, увасобілася ў адной, канкрэтнай – і ўсе імкліва рынуліся да дэльфіняці. Паплыў і Радж – на ўсёй хуткасці, на якую хапала сілы. Але гэта была хуткасць чарапахі на сушы ў параўнанні з тою, якую маглі развіць дэльфіны.

Таўхатня – не прабіцца. Дэльфіны тузалі малога за хвост, за плаўнікі, некаторыя хапалі ротам за сетку і трэслі, нібы гэтак можна было вытрасці з яе дэльфіня. Да Раджа адразу скіравалася некалькі разяўленых пашчаў, утыканых зубамі-калочкамі. Але ніводзін дэльфін не ўдарыў рострумам, не схапіў зубамі, і Радж расштурхоўваў іх у бакі, даваў кухталёў то пад жывот, то ў галаву, адштурхоўваў ластамі… Вось ён, малыш, убіўся дзюбаю так глыбока, што пятля ўелася пад ілбом, прарэзала плоць. І чым больш тузаўся малы, тым мацней упівалася капронавая ніць, у вадзе закручваліся ўжо струменьчыкі цёмнай крыві… І правы плаўнік ублытаны, але на ім, здаецца, парэзаў не было.

Радж падчапіў ніць крысам…

Усплываючы следам за дэльфінамі, якія кінуліся да паверхні, штурхаючы сабою і малога, ён начыста забыўся пра парэзаную сетку, пра тое, што пускаў у ход нож. Радасць перапаўняла грудзі, і каб гэта было не пад вадою, то заспяваў бы ці засвістаў.

Вось ужо дэльфіны на паверхні, Раджу відаць, як двое, а потым нават трое, свецячы белымі жыватамі, з бакоў і ззаду, нібы ў ганаровым эскорце, суправаджаюць малога, не адстаючы ні на метр. Калі Радж дасягнуў паверхні, адразу зірнуў за сетку – дзе дэльфінка? І раптам вада ўзбурліла, вялізнае і гібкае цела ўзвілося дугою ўгору і з шумам-плёхатам абрушылася зноў у ваду, але ўжо ўнутры загародкі (Радж ледзь паспеў адхіснуцца, яго акаціла вадою, як з бочкі). І зразу дэльфінка рванула да тых, што вадзілі, суправаджалі яе дзіця, падмяніла аднаго з левага боку.

«Ну і ну, – падзівіўся Радж. – Дзіця даражэй за волю». Але і другому здзівіўся: чаму не могуць прарабіць такі ж Мансур акружаныя дэльфіны, толькі наадварот – сігануць з загародкі на волю? Няўжо для гэтага ў іх не хапае глуздоў? Нават дурная рыба, калі цягнуць невад на бераг, стараецца выскачыць.

– …за борт!!! – пачуў Радж урывак Судзіравай каманды.

Аглянуўся: з сярэдняга, галоўнага катэра скокнулі з абодвух бартоў у ваду двое лаўцоў. З двух крайніх боўтнулі па аднаму чалавеку. Па аднаму кульнуліся і з глісераў, усе былі ў аранжавых надзьмутых жылетах. Лаўцы сталі загоншчыкамі: крычалі, білі рукамі па вадзе, боўталі нагамі ў тых пралазах пад бартамі, дзе сеткі задзіраліся ўгору, – адпужвалі дэльфінаў.

Радж спрабаваў наблізіцца да тых дэльфінаў, што не адыходзілі ад малога. Хацелася лепш агледзець яго, можа, удалося б першага адлучыць і вылавіць, каб хутчэй аказаць медыцынскую дапамогу. Але дарослыя не падпускалі блізка, хутка аддаляліся, робячы чарговы круг уздоўж загародкі.

А неўзабаве ў агароджанай прасторы ўсё забурліла ў паспешлівасці і мітусні. На сярэднім катэры, аказваецца, была яшчэ і шлюп-бэлька, яе «рука» вытыркла над правым бортам, але бліжэй да носа. На стропах замахаўся пад ветрам абвіслы кавалак парусіны. Вытырклі стрэлы таль-блокаў з левага і правага катэраў. Дзіва, Радж не заўважаў, быў такі таль-блок на яго катэры ці не. Можа, яго так павярнулі стралою, што зусім не кідаўся ў вочы. А мо гэта былі якія часовыя прымітыўныя збудаванні, зручныя, каб можна было іх хутка сабраць і разабраць. З гэтых таль-блокаў таксама спускалі стропы з гамакамі-сеткамі, адзін ужо лёг на ваду.

Радж кідаўся на дапамогу то адной групе лаўцоў, то другой, памагаў падганяць дэльфінаў да гэтых палотнішчаў ці падсоўваць палотнішчы пад дэльфінаў. Плюхат, выкрыкі, лаянка… Радж то вымаў загубнік з рота, каб не замінаў, то зноў хапаў яго, калі трэба было паднырнуць пад дэльфіна, прыўзняць яго балонамі над вадою. Часам ныраў без загубніка, а ўсплываў – браў у рот. Ён ужо кашляў – нахапаўся вады, але валтузіцца з дэльфінамі не пераставаў. Вунь ужо завішчалі два таль-блокі пад цяжарам дэльфінаў… Доўгія целы ўздымаліся над вадою марудна, дэльфіны паволі паварушвалі хвастамі.

Судзір раптам вызверыўся з «маткі» на Раджа: – Сваёй справай займайся! Вунь… глядзі!!! І вунь!!! – нібы дзёўбнуў рукою ў адзін бок, у другі. Каля глісераў ліхаманкава скакалі, тузаліся паплаўкі, мабыць, ублыталіся дэльфіны, а лаўцы, што катурхаліся ў вадзе, не звярталі ўвагі – не да таго было. А мо не разумелі скокаў паплаўкоў?

Радж паплыў да той сеткі, што паміж правым катэрам і глісерам. Пачуў зноў брыдкую лаянку Судзіра і азірнуўся: Судзір і сам ужо ляцеў з борта галавою ўніз. Паплыве, мабыць, да левай сеткі. Дурань, не многа зробіш пад вадою без маскі, без акваланга, без нажа.

Дзе многа рулявых, карабель пападае на мель. А дзе ніводнага няма – садзіцца яшчэ хутчэй. Усе змагаюцца з дэльфінамі, нават крыху ранавата пачалі гэта рабіць, а трэба было звужваць ахоп, вартаваць шчыліны-пралазы да апошняга моманту. Калі вызваліў дэльфіна і ўсплыў на паверхню, на таль-блоках і шлюп-балцы вісела яшчэ па дэльфіну, а лаўцы крычалі адзін аднаму: «Не туды!.. Хутчэй!.. Не пуска-а-ай!!! Уцякаюць!» Выкрыкваў нешта і Крафт, звесіўшыся з борта. А дэльфіны імкліва, як стрэлы-тарпеды, расштурхоўваючы людзей, ляцелі паўз борт «маткі» на волю.

А дзе ж Судзір? З лаўцамі яго не было, на катэр не мог так хутка забрацца… Кінуў вокам на сетку між левым катэрам і глісерам – паплаўкі яе бязладна, не ў рытме хваляў скакалі на вадзе. Радж адразу нырнуў і наўкасую паплыў да сярэдзіны сеткі. Убачыў два целы, чалавека і дэльфіна, яны валтузіліся кожны паасобку, хоць і блізка адзін ад аднаго. Спачатку да чалавека…

У Судзіра былі вытарашчаныя ад напругі і страху вочы, перакрыўлены грымасаю твар. Учапіўся спражкаю рэменя за сетку, парэзаў нават пальцы, ірвучы яе – завіваліся струменьчыкі крыві. А зараз спрабаваў расшпіліць рэмень, скінуць штаны, але і гэта не атрымлівалася. Радж вырваў загубнік з рота, паднёс да яго губ. Судзір скеміў: выпусціў паветра з лёгкіх, ухапіў загубнік. Заціснуў сабе нос і зрабіў некалькі глыбокіх, сутаргавых удыхаў І выдыхаў. Але розум яго яшчэ не працаваў як след, бо калі Радж паказаў яму пальцам – «Аддавай назад! Пацярпі, я памагу…», той і не думаў аддаваць загубнік. Радж сам ужо задыхаўся, але яшчэ некалькі секунд выцерпеў бы, каб трэба было толькі ўсплыць наверх і ўсё. Але ўсплыць нельга было, яны былі ўжо ўзаемазвязаны, залежалі адзін ад аднаго. Радж падцяў нагу, выхапіў з ножнаў крыс… Судзір спуджана выпусціў загубнік, і Радж хуценька сам удыхнуў і выдыхнуў два разы. Крамсануў нажом па сетцы, абрэзваючы моцныя ніці, вызваляючы Судзіра. «Наверх!» – штурхануў яго пад зад. Судзір сутаргава запрацаваў рукамі і нагамі – рыўкамі, бязладна, – пачаў усплываць.

Яшчэ раз пусціў крыс у ход, вызваліў дэльфіна. Засеў ён у той дзірцы, што засталася ад дэльфіняці, засеў глыбока – сетка ўелася ў цела паміж груднымі і спіннымі плаўнікамі. Не схацеў цягнуць яго назад у загарадку, ляпнуў па спіне – плыві на волю, герой!

Усплыў наверх, падтрымаў Судзіра: той кашляў і ледзь трымаўся на вадзе.

– Памажы… да катэра… Кепска мне… – прахрыпеў Судзір.

Радж памог яму дабрацца да катэра. Усе ўжо вылазілі з вады па вераўчаных лесвіцах, драўляныя папярэчкі грукалі па бартах, як косткі. Браць, вылоўліваць больш не было каго – дэльфіны паўцякалі.

Зусім блізка ад глісераў раптам вытыркнуўся з вады востры і высокі, загнуты назад плаўнік, пайшоў рэзаць, чарціць ваду вакол сетак і суднаў. Метраў за сто вытыркнуў яшчэ адзін. Акулы… Унюхалі кроў, прымчаліся на свежыну.

Выцягвалі на «матку» правую сетку і выцягнулі… дэльфіна! Ублытаўся і захлынуўся, а ў сумятні і вэрхале ніхто не заўважыў, як трымаюцца на вадзе паплаўкі з гэтай сеткі. Падымалі дэльфіна на борт лябёдкаю разам з сеткаю, ніхто ўжо лезці ў ваду не хацеў. Пакуль даставалі правую сетку з дэльфінам, на левую не глядзелі. А паглядзелі, то жахнуліся: вада каля яе бурліла, раз-пораз вытыркаліся доўгія і крывыя, як турэцкія ятаганы, спінныя плаўнікі. Цягнулі гэтую сетку і ўбачылі, што ў ёй таксама ўблытаўся і ўтапіўся дэльфін. Туша яго ўжо была бясформенная, з вырванымі велізарнымі ямамі, а вада наўкол густа афарбавалася ў цёмны колер. Цела дэльфіна завісла ўжо над вадою, акулы ўсё скакалі і рвалі яго, як сабакі. Адна нават высока падскочыла, загнула нос як мага ўгору, рот з вострымі, як брытва, зубамі ажно вытыркнуўся. Цапнула дэльфіна за бок, сцепанула галавою, Раджу здалося, што нават пачуў сабачае «Р-р-р-р!», боўтнула з кавалкам мяса ў ваду…

Мора кішэла акуламі. Ім на спажыву выкінулі не толькі мёртвых дэльфінаў. Судзір зрабіў рэвізію ўсяму ўлову – сем штук справіліся лаўцы падняць на борт катэраў – і загадаў выкінуць яшчэ аднаго: правы плаўнік амаль адарваны, глыбокая рана на галаве. Дарэмна Радж угаворваў Судзіра, каб пашкадаваў, пакінуў, маўляў, сам дагледзіць яго, вылечыць. Судзір быў бязлітасны і няўмольны: раны зараз апрацаваць не было чым, а пакуль давязуць, то памрэ.

– Усім, усім! – паднёс Судзір да губ рацыю. – Поўны ўперад! – Замяніў рацыю на мегафон і дабавіў: – Зрабіць дэльфінам цянёк! Паліваць няспынна!

Дэльфінаў палівалі – дзе са шлангаў, а дзе проста спускалі за борт на вяроўках вёдры, чэрпалі ваду.

На душы ў Раджа было скрушліва і цяжка. Усё ўспаміналіся гаротныя вочы параненага дэльфіна, якога шпурнулі акулам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю