Текст книги "Грот афаліны"
Автор книги: Павел Мисько
Жанр:
Детские приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 30 (всего у книги 30 страниц)
Не, заставацца Янгу на месцы нельга. Ён шпарка спусціўся да вады, яшчэ і не пасвістаў – «Бобі, ты дзе?», а малыш і сам падплыў. Наблізіліся і ўсе дэльфіны, Янг чуў іх цяжкія выдыхі. Бясшумна з'ехаў на штанах у ваду, ухапіўся леваю рукою за плаўнік Бобі, а праваю павярнуў за рострум так, каб скіраваць у Храмавы грот. Паплыў з ганаровым эскортам – дэльфіны абкружылі яго з усіх бакоў.
Ужо адтуль, з Храма, убачыў: над мысам па скляпенні загулялі сполахі святла. Мабыць, Судзір ужо шнарыў там, высвечваў кожную выемку логава. Вось пук святла вырваўся з-за грэбеня, дастаў столь у храме… Вунь і галава Судзіра над грэбенем. Святло ліхтара апала на ваду, расплывісты жоўты круг заслізгаў па паверхні, намацваючы то аднаго дэльфіна, то другога… Янг пагрузіўся з галавою, але Бобі з-пад рукі не выпускаў. І, мабыць, яго руку Судзір заўважыў, бо як узнырнуў Янг, пачуў Судзіраў ускрык: —…ты дзе, галубчык!
І рэзкае святло знікла, Судзір ужо свяціў недзе сабе пад ногі, спускаючыся да вады.
У гэты час блізка да малыша падплыла Дора, і Янг хуценька перакінуў руку на яе. Больш было ў яе сілы, чым у Бобі, і Янг скіраваў яе да пляжа: «Хутчэй! Хутчэй!» Дора паплыла так, што вада забурліла ўслед.
Янг паспешліва, ранячы калені, ускарабкаўся на пляж. Аббег цела электрыка і спатыкнуўся аб скрынку тэлефона. Адкінуў вечка, схапіў трубку… Крыкнуў задыхана, з перахопамі дыхання:
– Судзір забіў трох вашых! Ганяецца за мною! – і бразнуў трубку назад.
«Судзір забіў трох вашых! Ганяецца за мною!» – спалоханы хлапчукоўскі голас уварваўся ў вагончык і сваёй нечаканасцю як не паралізаваў усіх. Афіцэр першы схапіўся за мікрафон:
– Алё! Алё-ё! – але з узмацняльніка больш нічога не пачулася.
– Ён трубку паклаў, не галёкайце, – адвярнуўся ад сцяны Майкл. – Хто там яшчэ можа быць?!
– Гэта брат мой!.. Янг!.. Жывы-ы! Другія суткі яго шукаю! – ад хвалявання Радж нават не чуў, што выкрыкваў.
– Але там яго не можа быць! – усклікнуў аператар.
– Мо-ожа! У мяне акваланг на катэры… Я паплыву ў пячору. А вы адключыце заслону! – ён ірвануўся да дзвярэй.
– Стойце, Радж! Чулі – трох забіў? Яму нічога не значыць і вас прыкончыць. Ён жа ў выгадным становішчы, знянацку можа… Другое трэба прыдумаць!
– Тады ў мяне ідэя… – спыніўся Радж. – Слухайце.
Судзір быў ужо каля плыта. Выставіў з вады руку, каб ухапіцца за край дошкі. І тады Янг з усяе сілы таўхануў гэты рухомы памост на Судзіра, і плыт падмяў яго пад сябе. А сам скокнуў у ваду, не паспеў і колькі разоў узмахнуць рукамі, як Дора апынулася побач. Янг удзячна ўчапіўся за яе: «Хутчэй!» Дэльфінка і на гэты раз паплыла з усёй моцы. Вось і парог на мысе блізка, яго логава. Азірнуўся: Судзір вылазіў на плыт… Ага, тады і яму можна вылезці, перадыхнуць. Пусціў Дорын плаўнік.
– Ты!.. Эй! Ты чуеш? Я ведаю – ты Янг! Я дарую табе жыццё! Але ведай, што забіць магу ў любую мінуту! Лагер цяпер у маіх руках, і ты ў маіх! Я гаспадар становішча! Я захаваю табе жыццё, буду карміць і паіць ад пуза, калі ты будзеш мне памагаць, працаваць з дэльфінамі.
– А скулу ў бок не хочаце?!
І тут зазумерыў тэлефон. Судзір павагаўся, ісці да яго ці не, і ступіў на бераг.
– Тут «дабл ю і ві»! Вы перайгралі, Судзір! Шэф будзе вамі не задаволены!
Паўза…
– Я не перайграў. Я толькі выйграў! Лагер у маіх руках.
– Лагер у нашых руках. І вы ў нашых! Не трэба быць такім прагным, шэф гэтага не любіць. Ваш круг дзейнасці – дэльфінарый, а вы ўсунулі нос куды не трэба, сарвалі планы шэфа.
– Я хацеў паднесці шэфу падарунак… Я хацеў яму падарыць цудоўную схованку і залаты прыіск. Шэф зразумее мяне… Я патрабую аўдыенцыі з шэфам!
– Многа хочаце, мала атрымаеце! Ніхто не мае права бачыць шэфа, як і твар бога. Сядзець будзеце ў пячоры датуль, пакуль з вас не зробіцца святая мумія. Жыць будзеце столькі, колькі вам захочацца, але ў пячоры! Усё, сувязь скончана.
– Алё! Алё! Стойце!.. Я ўсё растлумачу! Алё-ё-о…
– Гаварыце. Вы маеце права, як і кожны перад смерцю, на апошняе слова.
– Адключыце гэтую вар'яцкую заслону! Выпусціце мяне адсюль!
– Вас зразумелі. Але самі вырашыць не зможам. Звяжамся па радыё з шэфам… Чакайце званка!
Гарбаносы асцярожна паставіў мікрафон, зірнуў на Раджа, нібы спытаў: «Ну – як? Праўдзіва?» І Радж падняў угору вялікі палец.
– Курым мінут дзесяць і звонім, – сказаў афіцэр. Але ніхто не курыў. Марудна цяклі мінуты.
– У мяне яшчэ ёсць ідэя. На кожную рыбіну – свой кручок, – сказаў Радж. – Вам жа трэба ён жывы?
– Толькі жывы!.. Адзіная нітачка, можна сказаць…
Судзір нервова пахаджваў па пляжы. Янг не ўсё зразумеў з рэплік, якія ён кідаў па тэлефоне, але галоўнае ўлавіў. Судзір – член трыяды… Судзір капаў яму іншым, а трапіў у другую, што выкапалі яму.
Урэшце пачуўся зумер тэлефона. Судзір пашлэпаў, каб падняць трубку.
– Шэф дазволіў вас выпусціць. На зборы вам пяць мінут. Заслона будзе адключана на адну-дзве мінуты. Дарэчы, хто там яшчэ, чый голас мы чулі?
– Хлапчук адзін. Яго брат Радж Сінх працуе ў дэльфінарыі.
– Радж Сінх, якога вы павінны былі забіць і якога пакінулі жывым? Шэф ужо тады быў у гневе на вас. Ці не занадта многа вы яго злуяце?
– Клянуся: я любы загад выканаю. Магу і цяпер Раджа забіць, і брата яго адпраўлю рыбам!
– Хлапчук няхай пасядзіць там. Ён яшчэ спатрэбіцца. А пра Раджа дагаворымся, як вылезеце. Чакаем вас у лагеры!
«Хоча забіць мяне?!» – Янг зноў падаўся да вады, свіснуў Бобі. Не, проста за так ён не паддасца. Ды ў яго ж дэльфіны ёсць, верныя сябры.
– Будзь тут, Бобі. Не адплывай… – прашаптаў яму, седзячы ўжо на самым краёчку, нагамі ў вадзе. Сачыў за Судзірам. Ніякага холаду цяпер Янг не адчуваў.
Судзір не да выхаду рыхтаваўся, а паспешліва поўзаў па кучы вынесенай пароды, мітусліва разграбаў яе. Штосьці хапаў у рукі, прыглядваўся, нібы нюхаў. Здавалася, зараз пачне хапаць ротам пясок і глытаць, жэрці, давіцца ім. Урэшце Судзір устаў, пайшоў да вады. Ссунуў маску на вочы і нос, рашуча ўзяў загубнік.
Успомніў пра ліхтар, пачапіў і яго на грудзі. Сеў на беражок пляжа, здзекліва памахаў рукою ў бок Янга – маўляў, да хуткай сустрэчы, і ссунуўся ў ваду.
«Дык што ж цяпер будзе? Я так і загіну тут?»
«Калі трыяда захапіла лагер, мне не жыць. І Радж загіне, Судзір некаму абяцаў прыбраць яго, паддобрыцца да шэфа».
Зноў роспач завалодала Янгам. Бяссілле, поўнае бяссілле… Нават на плач не хапала духу.
Не скора ён зрэагаваў на зумер тэлефона. Каму яны звоняць? Нікога ж тут не засталося, усе мёртвыя. Памылкова?
А тэлефон не змаўкаў.
Янг рынуўся грудзямі на ваду, намацаў спіну Бобі, павярнуў за рострум туды, да пляжа. Сам не гроб – хай вязе. Ледзь ставала сілы, каб трымацца за плаўнік.
Абмінуў нежывога электрыка паўз самую ваду – раптам забаяўся трупа.
Трымаў трубку дзвюма рукамі…
І пачуў голас Раджа – такі родны, такі мілы!
– Янг, брацік мой… Ты мяне слухаеш? Гэта я – пазнаеш? Ты не плач, скажы мне, што ты жывы-здаровы. Ты мяне чуеш?
– Чую… – ледзь вымучыў.– Я не магу гаварыць… Я не веру, што гэта ты… А як жа трыяда, бандыты?
– Самы большы бандыт плыве да нас, пойдзем сустракаць. Слухай, мой даражэнькі, аквалангі там ёсць?
– Ёсць.
– Ты ж умееш імі карыстацца. Адзявай адзін – і ў ваду. Сам выплывеш?
– Выплыву.
– Зараз зноў адключым заслону. Ды не рыдай ты гэтак, а то яшчэ захлынешся пад вадою! Бяры сябе ў рукі, ты ж мужчына! Чуеш?
– Чую. А як жа дэльфіны?
Адказу не пачуў. У трубцы запіпікалі кароткія гудкі.
Раджу афіцэр забараніў пакуль што высоўвацца з вагончыка. Убачыць Судзір і можа сапсавацца ўся справа.
…Судзір выйшаў з вады паволі. Яшчэ стоячы на мокрым пяску, зняў акваланг і ліхтар, здзёр ласты і маску. Умудрыўся ўзяць усё ў адну руку. А пакуль знімаў амуніцыю, паглядваў у бок Амары, які сядзеў на скрынках. Здаецца, хлопец не выклікаў у яго падазрэння, мог і ў трыядзе такі быць. Радж і афіцэр, прыціскаючыся да сцяны, цікавалі з акенца вагона ў той бок. І не так бачылі Судзіра, як тое, што рулявы выйшаў з рубкі і, схіліўшыся над бортам, запознена закрываў нейкім лахманом на борце надпіс «Police». Судзір і па баках паглядзеў, і на катэр азірнуўся – здаецца, нічога падазронага не заўважыў. Паволі пабрыў па пяску ўгору.
Амара, як толькі Судзір мінуў яго, устаў і зайшоў ззаду ад мора. Недзе з-за палаткі і з-за бочак, з-за рухавіка імкліва выбегла некалькі паліцэйскіх, беручы Судзіра ў паўкальцо. І раптам Судзір кінуў акваланг, цапнуў за лытку. Імгненна крутнуўся да Амары і выставіў у яго бок нож. Радж не згледзеў, як мільганула лязо. Убачыў толькі, як Амара нібы спатыкнуўся, хапаючыся за грудзі.
Афіцэр першы выскачыў з вагончыка.
– Не страляць!
Радж выскачыў следам.
А каля вады ўжо сплёўся клубок цел. Хтосьці выбіў з рук Судзіра нож, той крутнуўся ў паветры млынком, дзёўбнуўся ў пясок. Радж прабег міма кучы цел да Амары, падхапіў яго пад плечы. З куточка рота сябра цадзілася нітачка крыві. Ён дыхаў часта, неглыбока, з захліпамі. Мабыць, былі прабіты лёгкія.
– Во… – расплюшчыў вочы Амара і расшчапіў акрываўленыя пальцы. На далоні было выцягнутае лязо – завостраны з двух бакоў клінок сталі.– Але ты не бойся… Не ў сэрца…
Радж асцярожна апусціў галаву Амары, паглядзеў туды, дзе ахалі і стагналі. Некаторыя ўжо курчыліся ад удараў Судзіра. Радж кінуўся ў гушчу, шалеючы ад гневу. Судзір імгненна ўскінуў насустрач нагу, цэлячы ў пах. Радж перахапіў нагу і тузануў на сябе. Судзір упаў, але па-кашачы крутнуўся спінаю ўгору, каб прыкрыць жывот. І ўдарыў другою нагою Раджа па нагах, падкасіў яго. На момант, падаючы, Радж паслабіў пальцы рук, і гэтага было дастаткова. Судзір ускочыў і яшчэ раз высока ўскінуў нагу – пацэліў пяткаю ў сонечнае спляценне начальніку паліцыі Рая. І кінуўся да вады.
Засталося на нагах толькі двое паліцэйскіх і гарбаносы. Паліцэйскія бязладна, не прыцэльна заляскалі з пісталетаў, і вакол Судзіра ў вадзе ўспыхвалі султанчыкі вады.
– Не страляць! – крычаў, як вар'ят, афіцэр. – Заводзь матор! – пакруціў у бок катэра кулаком і пабег да судна. Паліцэйскія, хто мог, за ім.
Судзір плыў размашыста, сажонкамі ў бок адкрытага мора. На што спадзяваўся – невядома: ад катэра ж не ўцячэш.
Радж зноў хацеў бегчы да Амара, але ўбачыў, што каля правага закрылка плота, які заходзіў у ваду, вынырнула некалькі дэльфінаў. І хлапчукоўская галава ў масцы паказалася…
– Янг! – кінуўся туды. З катэра, хоць ён ужо адплываў, скокнуў цераз борт Абдула, таксама галёкаючы: – Я-я-янг!
Янг уставаў з вады, аберуч заціскаючы вочы. Не бачачы нічога, спатыкаючыся, пабрыў на бераг.
– Радж… дзе ты? Я, мабыць, аслеп. Я нічога не бачу… Ба-ля-я-яць як! – усхліпваючы, вымаўляў Янг. – Бобі загінуў… І ў Дзіка хвост паранены. Мы яшчэ не праплылі ўсе, а нехта зноў уключыў заслону. Бобі ззаду быў, і якраз на яго папала… – Янг, рыдаючы, прыціснуўся тварам да грудзей Раджа.
А той гладзіў яго па плячах, па галаве, як зусім малога, адною рукою вызваляў ад акваланга.
– Брацік мой, ты жывы!.. А на каго ж ты падобны, божа!.. Увесь збіты…
– А хто тут яшчэ плача?
– Абдула тут… Падыдзі, Абдула.
Абдула падышоў, і Янг вобмацкам, не расплюшчваючы вачэй, прыгарнуў яго да сябе і яшчэ мацней прыціснуў твар да грудзей Раджа.
– Ой, глядзіце! – раптам аглушыў крыкам Абдула. – Дэльфіны першыя дагналі Судзіра!
– Кінуцца, мабыць, ратаваць Судзіра, – сказаў Радж.
Янг паспрабаваў адарваць твар ад Раджавых грудзей, але зноў прыціснуўся.
– Ой, вы гаварыце мне, гаварыце!..
– Дэльфіны нападаюць на Судзіра! – усклікнуў Абдула.
Пачуўся стрэл з катэра і крык афіцэра:
– Агонь па дэльфінах! Па дэльфінах, а не па Судзіру!
Страляніна пагусцела.
– Варвары, што яны робяць?! Не страляйце ў дэльфінаў, варвары!!! – закрычаў штомоцы Радж.
– Глядзі, Ра-адж!.. Дэльфіны Судзіра б'юць, як акулу! – крычаў Абдула.
– Ага-а… Дзік, здаецца… І з разгону!
– Усё-ё! Няма ўжо Судзіра на вадзе! – ажно завішчаў радасна Абдула.
– Ага, на дно пайшоў… Катэр кругі вакол таго месца робіць.
Чуваць была лаянка афіцэра, але неразборлівая. Мо гнаў каго з паліцэйскіх за борт, каб пашукаў Судзіра?
– А калі хітрыць Судзір? Пасядзіць пад вадою і выплыве? – сказаў Янг.
– Пасля ўдару Дзіка?! – Радж дастаў з кішэні насоўку, склаў у некалькі столак і завязаў вочы Янгу.
Пайшлі хуценька да Амары. Паліцэйскіх, якія курчыліся ад удараў Судзіра, на тым месцы ўжо не было. Прышкандыбалі ці прыпаўзлі да вады, махалі катэру рукамі.
Амара ляжаў бледны, з заплюшчанымі вачыма, па-ранейшаму дыхаў з хрыпамі і хліпаннем. Праз пальцы прыціснутай да грудзей рукі праступала кроў.
– Пацярпі, Амара… Катэр прычальвае, зараз забяром цябе… Ты чуеш? Ты будзеш жыць, Бессмяротны! Такія, як ты, трэба каб жылі! Ты пастарайся жыць, чуеш? – Радж разадраў на палосы сваю тэніску з эмблемай дэльфінарыя. – Абдула, прыпадымі пад плечы яго…
Падтрымлівалі Абдула і Янг, а Радж як змог перабінтаваў Амары грудзі.
– Дэльфіны ляцяць сюды! Не сюды, убок трохі! – закрычаў Абдула. – Што ж яны… Што ж вы, дурні?!
Падлятаючы да мелкага, дэльфіны ўзвіваліся дугою ў паветра і шмяк, шмяк, шмяк – Дзік, Ева, Бэла – пападалі на пясок. Доры не было, Дору, мабыць, застрэлілі паліцэйскія.
– Памажыце ім… Што ж вы?! – прыўзняўся на руках, спрабуючы сесці, Амара.
Янг прысеў, падтрымліваючы пад спіну Амару. Радж з Абдулою пабеглі да дэльфінаў, пачалі катурхаць, цягаць за хвасты. Дзіка нават з месца не скранулі, ды за яго і брацца было боязна – такі знявечана-акрываўлены быў хвост. Пакінулі яго, ухапіліся за Еву, нават па пояс у ваду зайшлі, цягнучы дэльфінку, а потым яшчэ і паштурхалі яе чым далей ад берага. Ева варухнула хвастом, нібы прачнулася, адплыла метраў на дзесяць і зноў з разгону сіганула на пясок, цяжка чмякнулася побач з Дзікам.
Абдула вылез з вады і зноў ухапіўся за Еву. Адзін не мог даць рады, з жалем і роспаччу глядзеў то на паміраючых дэльфінаў, то на Раджа: «Ну што ж ты?!»
– Не трэба, Абдула… – голас Раджа асекся.
Немагчыма было глядзець на дэльфінаў. Яны стагналі, як людзі, паміргвалі вачыма і глядзелі з такім несусветным сумам, нібы спазналі нейкую тайну.
Радж павярнуўся і пайшоў на дапамогу Амары і Янгу. Яны, памагаючы адзін аднаму, усталі на ногі і, абняўшыся, паволі пакрочылі ў напрамку да катэра.
Чуўся разлютаваны голас афіцэра: спачатку распякаў некага на катэры, потым наваліўся на таго паліцэйскага, што выводзіў з вагончыка, трымаючы напагатове рэвальвер, аператара і лабаранта, потым падбег да дэльфінаў на беразе і разрадзіў свой пісталет, цэлячы ім у галовы. Даваў волю свайму гневу? Помсціў за тое, што не пакінулі ў жывых Судзіра?
– Мне знаёмы яго голас. Ён допыт мне рабіў на Галоўным… Дэльфінаў… гад… – расплакаўся Янг.
– Ціха, ну… – супакойваў яго Радж. – Можа, для дэльфінаў гэта і лепш. Не пакутавалі хоць доўга.
– Я ведаю, чаму яны не захацелі жыць… – гаварыў, усхліпваючы, Янг. – Можа, я чытаў… Можа, прысніў… А мо дэльфіны мне свае думкі перадалі? У іх закон такі ёсць – не забіваць чалавека ніколі! Што б людзі ні тварылі з імі.
– Дык яны ж Судзіра забілі, а не чалавека! – абурыўся Абдула.
– Для Судзіра простай смерці мала, – уздыхнуў Радж.
– Не чалавека яны забілі – праўда… Забойцу! Ён на маіх вачах… у пячоры… трох на той свет… Але дэльфіны парушылі свой закон, самі і пакаралі сябе за гэта, – гаварыў сваё Янг.
– Казкі! – не згаджаўся Абдула. – Часам і кіты выкідваюцца на бераг чародамі… Дык што – і яны чалавека забівалі, грэх свой аплочвалі?
– З кітамі не ведаю. А з дэльфінамі, мабыць, праўда.
Амара раптам асеў на рукі, ледзь паспелі падтрымаць. Страціў прытомнасць.
Эпілог
Зафрахтаваны Інданезіяй у Японіі супертанкер «Сікока-мару» вёз у Аўстралію экспартную нафту – паўмільёна тон адразу! Узброеным ахоўнікам і экіпажу ўжо здавалася, што небяспека засталася ззаду. Мінулі востраў Раждзяства, да аўстралійскага порта Перт засталося менш трох тысяч кіламетраў. Малаверагодна, каб у гэтых водах маглі аб'явіцца піраты. І вось, калі прытупілася пільнасць, тыя і напалі ноччу, з двух бартоў на хаду прышвартаваўшыся да танкера. Уся ахова і частка экіпажа была перабіта, танкер завярнулі на паўднёвы захад, у напрамку Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Можна было сарваць велізарнейшы куш, калі загнаць расістам гэтулькі нафты.
Ішоў трэці дзень пасля захопу танкера, калі на Раі і на Горным адбыліся толькі што апісаныя падзеі.
Ішоў чацвёрты дзень плавання танкера пад аховай пірацкіх катэраў, калі Абдула і Янг трапілі да Натачы на тую далёкую плантацыю какосаў. Не маглі не пайсці туды, вельмі прасіў Янг. Трэба было паказацца ёй і Натачыным бацькам – маўляў, вось я, жывы і амаль здаровы. Не перажывайце і не гаруйце.
І добра, што схадзілі. Натачу, аказваецца, трымалі кругласутачна ў будане, прывязаную і звязаную, каб не збегла зноў на тое возера, не захлынулася яшчэ і сама. А яна ў адказ аб'явіла галадоўку, нічога не ела, ваду, праўда, піла і цвёрда вырашыла – памерці. Не магла яна жыць і радавацца ўсяму жывому, калі не было на свеце Янга. І магла б памерці, упартасці ў яе хапіла б, каб Янг сам не з'явіўся з таго свету.
І быў смех скрозь плач, і плач скрозь смех, была істэрыка.
– Янг, мілы, ты ці не ты?! Знімі гэтыя акуляры, я не пазнаю цябе… – і сама сарвала чорныя акуляры і цалавала яго ў сплюшчаныя павекі (не мог ён яшчэ без чорных акуляраў глядзець на белы свет), а Янг чырванеў і пацеў – кідала ў жар. Абдула далікатна выбраўся з будана і сядзеў пад сценкаю, пасвістваючы: хай наладжваюць адносіны.
Потым былі бясконцыя роспыты, і даводзілася Янгу зноў і зноў расказваць пячорную эпапею.
– І ўсе-ўсе дэльфіны загінулі?! – не магла даць веры Натача.
– Усе… – горка ўздыхаў Янг. – Бобі так шкада – як брацік мне быў! – ён соўгаў пальцы пад шкельцы акуляраў, выціраў слёзы. – Толькі во… Цацку мне вынес з дна, на дракончыка падобная, – успомніў Янг тую штуковіну, што засунуў сабе за пояс у пячоры.
Пачуўшы гэта, Абдула ўраз апынуўся ў будане.
– Дык гэта ж золата!!! – ускрыкнуў ён, узяў у Янга дрыжачымі рукамі дракончыка. – Злітак золата! Самародак… Во, абабіта, бачыце, як гарыць? А цяжкі!
Перадавалі з рук у рукі, аглядалі з усіх бакоў, калупалі кіпцямі. Абдула выцягнуў шыю ў той бок, дзе, па яго меркаванню, было возера. Уздыхнуў.
– І ты… столькі цярпеў гэты цяжар за поясам і не мог успомніць дасюль пра самародак?! – накрычаў на Янга.
– Я яшчэ не такое цярпеў…– спакойна адказаў Янг. Чамусьці золата не выклікала ў яго ніякіх эмоцый.
Ішоў пяты дзень плавання ўкрадзенага танкера, калі, пераначаваўшы каля Натачынага будана, хлапчукі прыйшлі з Натачаю ў Кампонг, у бальніцу.
А Радж ноч правёў у палаце каля Амары. Урачы дазволілі паначаваць каля яго, падаглядаць пасля аперацыі. Пералівалі Амары кроў – два літры! Хацеў Радж падзяліцца з сябрам сваёю, а ўрачы ўзялі пробу і сказалі – не падыходзіць.
І вось другі дзень пасля аперацыі, Амары крышачку палепшала. Янг, Абдула і Натача кленчаць перад галоўным урачом, каб пусцілі іх да хворага – хоць на пяць хвілінак. Ім бы толькі ўбачыць Амару, пераканацца, што ён жывы – і больш нічога не трэба.
І ўпрасіліся, пусцілі іх. І ўбачылі, хвалюючыся, як адразу пасунуў да іх па прасціне саслабелую руку Амара. Чацвёра рук кінулася насустрач ягонай, і ўсе пяць спляліся ў адным гарачым поціску.
– Даў я вам клопату… – трымціць на вуснах Амары ўсмешка. – І як толькі расплоцімся мы за аперацыю, за кроў, за бальніцу?
– Ты не забівай сабе гэтым галавы. Усё будзе добра, – гаворыць Радж.
– І грошы знойдуцца, – тонам мільянера гаворыць Янг, але з-за пояса нічога не дастае, не паказвае. Яны ў палаце не адны, ёсць і чужыя, па кутках стаяць яшчэ чатыры ложкі.
– Мо хто ўбачыць маіх… нашых… Не гаварыце, што са мною такое. Што пакаўзнуўся… – папрасіў Амара. – А грошы вам вярну. Папраўлюся і зараблю.
Чатыры кулакі пацягнуліся да яго носа.
– Не буду… Не буду… – усміхаецца квола Амара.
– Твая задача зараз – паправіцца, – сказаў Янг.
– Чым хутчэй, – дабавіў Абдула.
– Я да цябе кожны дзень буду прыходзіць, – паабяцала Натача. – Буду гаварыць – сястра твая.
– Папраўляйся, дружа. Многа ў нас спраў уперадзе, многа работы, – шматзначна прамовіў Радж.
– А ты, Радж, асцерагайся… ведаеш каго. Тройчы будзь пільным. Ты таксама патрэбны для справы.
– Ну – мы пойдзем. Гарбаносы два дні даў і загадаў, каб заявіліся на Раі ў паліцэйскі ўчастак адразу, як прыедзем. Размова ў іх яшчэ ёсць… І акваланг недзе ў іх.
Ужо заглядвала ў дзверы сястра, кіўком клікала ўсіх да выхаду, але сябры ніяк не маглі расстацца. Урэшце – пайшлі.
На вуліцы, ідучы да прычалаў, калі надарылася больш-менш зацішнае месца, Янг паказаў Раджу «дракончыка».
Ашаломлены Радж доўга маўчаў, узважваючы «жалязяку» ў руцэ.
– Янг… Усе твае пакуты былі недарэмныя… Прывяжы добра, з-за пояса можа і выехаць. У мяне пакуль што… – паляпаў па голых грудзях, – схаваць няма куды, а з кішэні будзе тырчаць. Грошы нам спатрэбяцца. Ёсць адна вялікая, святая справа… Калі-небудзь скажу і вам.
Натача, давёўшы іх да прычалаў, падала ўсім руку. Рука Янга даўгавата затрымала яе руку, вочы глядзелі ў вочы так, што дзяўчынка засаромелася, вырвала сваю, пабегла з месца бягом.
Была чацвёртая гадзіна апоўдні, калі сябры дабраліся да Рая. Давялося спецыяльна наймаць маторку, бо ў такую пару спадарожных лодак не знайшлося.
У гэты час захоплены піратамі танкер і іх катэры былі ў пяці кіламетрах ад Рая, збіраліся ўжо абыходзіць востраў з поўдня. І тут іх перастрэлі катэры берагавой аховы султаната, якіх паслалі на перахоп, мабыць, па вышэйшаму загаду. Завязаўся бой, і быў ён скарацечны. Неўзабаве два з трох султанскіх катэраў былі патоплены тарпедамі. Трэці адышоў як мага далей і чагосьці чакаў. За гэты час танкер наблізіўся да вострава на адлегласць двух кіламетраў…
І тут з'явіліся баявыя верталёты, зноў завязаўся бой. Пірацкія катэры былі расстраляны зверху ракетамі і патоплены.
Ніхто не мог потым сказаць, ад чыйго стрэлу на танкеры ўспыхнуў пажар. А мо яго падпалілі самі піраты, што былі на борце, – гінуць дык з музыкай! Даўжэзны некіруемы танкер вецер і хвалі пагналі проста на Рай. Цячэнне таксама было з усходу, і ўсё гэта дапамагала адно аднаму. Смельчакі, што перабраліся з трэцяга султанскага катэра на танкер, ніякай рады не маглі даць: і штурвал, і ўсякія пульты былі падарваныя.
Тым часам даўжэзная хмара чорнага ўдушлівага дыму дасягнула Рая. Сунулася яна нізка, па самай вадзе і зямлі, у кароткія хвіліны заслала ўсе вуліцы, захутала дамы. У гатэлях і пансіянатах пачалася паніка… Разнашэрсная публіка хлынула ў порт. «Катастрофа! Катастрофа!» – было ва ўсіх на вуснах, і гэтае слова звязвалася не толькі з танкерам, але і з самім востравам.
Зямля, месяц і сонца на той час стаялі на адной прамой. Пачынаўся самы высокі за паўгода прыліў. А вецер з усходу ўсё мацнеў і мацнеў. Пачынаўся шторм, які збіраўся ўжо некалькі дзён.
Вецер прынёс нейкую палёгку, бо трошачкі адвярнуў ад вострава злавесную ўдушлівую хмару. Але прыйшла другая бяда: накіруемы танкер прапароўся на рыфах, праломы былі ў многіх танках, бо ў мора хлынулі патокі нафты. А бура нібы знарок яшчэ некалькі разоў развярнула танкер і так, і гэтак, уздымаючы то нос, то карму, і ўрэшце танкер разламаўся на дзве палавіны. І гэтыя вялізныя палавіны ўжо кожная паасобку скрыгаталі і варочаліся, западалі набок.
Ухапілася гарэць нафта і на вадзе. Шырокі палаючы паток пачаў ахопліваць востраў з поўначы, дзе пляжы, і з поўдня, дзе быў порт.
А ў порце панаваў ужо дзікі вэрхал і паніка, людзі з боем захоплівалі ўсё, што магло плысці ці трымацца на вадзе, спадзеючыся выбрацца з агнявога паўкальца, пакуль пылаючая нафта не адрэзала шлях да адступлення. Каторыя з пасажырамі, а каторыя і без іх судны ўдалося вывесці да заходніх сектараў. Не соладка было ім у бушуючым моры, але паступова судны прабіваліся ў напрамку да Галоўнага вострава.
Пачалі гарэць джонкі з плывучага пасёлка, там узняўся лямант і роў людскіх галасоў…
Радж і Янг разлучыліся з Абдулою, як толькі высадзіліся на Раі. Пабег Абдула павінаваціцца перад сіньёраю. А яны заглянулі ў дэльфінарый. Паспелі пабачыць толькі Абрахамса, ён няўхільна нёс службу, карміў дэльфінаў. Сказалі яму пра гібель Судзіра, і Абрахамс завойкаў і заайкаў: «А як жа дэльфінарый цяпер? А як жа я… мы ўсе?!»
Да паліцэйскага ўчастка не дайшлі, пачулі рокат верталётных матораў і далёкую страляніну. Павярнулі ў бок порта, куды беглі ўжо і дзеці, і дарослыя і адкуль добра было відаць, што робіцца на рэйдзе і аж да самага гарызонта. І ўся катастрофа з танкерам адбылася на іх вачах…
Потым, калі ашалелы натоўп пачаў цягаць іх з сабою то туды, то сюды, ім ледзь удалося ўхапіцца адзін за аднаго, каб не згубіцца ў людскім віры. Чмурэючы ад крыкаў і гвалту, прабіліся да восьмага сектара, дзе палалі ад падпаленай нафты рыбацкія джонкі-хаціны. Хацелася памагчы рыбакам у гэтым апакаліпсісе2626
Тут у сэнсе «канец свету».
[Закрыть], памагчы Гугу, яго сям'і. Пра свой ратунак браты не думалі. Прымалі на рукі нейчых дзяцей, нейкія клункі, адносілі чым вышэй на бераг, зноў прабіваліся да вады… Лодкі ўспыхвалі ўсё бліжэй і бліжэй. У дымнай копаці людзі мітусіліся, як чэрці. Ніхто не ведаў, ці ўсе насельнікі лодак выратаваліся, ніхто нічога не мог сказаць пра Гугу і яго сям'ю.
Потым стомленыя, мурзатыя пляліся па кальцавой дарозе на захад, куды падаваліся і людзі. На пляж наўкасяк ішлі перамешаныя з нафтаю вадзяныя валы, нафтаю быў заліты ўжо ўвесь пясок да раздзявалак і душавых, і нават будачкі-раздзявалкі. Нафта тут яшчэ не гарэла, але бяда ад яе была не меншая. Знакамітым на ўвесь акіян пляжам прыйшоў канец.
Недзе ў чацвёртым ці пятым сектары напаткалі Абдулу. Прабіўся насустрач людскому патоку з Тота на руках. Вочы спалохана абмацвалі кожнага стрэчнага-папярэчнага. Убачыў Раджа і Янга – і ажно сабачку ўпусціў з радасці.
– Няма нідзе сіньёры… А Тота ў калідоры злавіў, бегаў і скуголіў, бегаў і плакаў.
– Мо паспела выехаць, – сказаў Радж. Прайшлі і пяты, і шосты сектары, тут было самае вялікае зборышча людзей. Тут не было дыму, не дайшла сюды яшчэ і нафта.
Паселі ўтрох на бетонны парапет, які абараняў дарогу ад хваляў прыбою. Глядзелі, як коцяцца на бераг брудныя валы, глядзелі ўлева, на дэльфінарый. Ён яшчэ быў цэлы, яшчэ быццам існаваў, але здавалася, што яго ўжо і не было.
«Што ж далей? Чым усё скончыцца?» – балюча ныла ў кожнага сэрца.
Адно толькі ведалі хлопцы: яны не турысты, уцякаць ім няма куды. Лёс іх звязаны з Раем, з архіпелагам Вясёлым.
І будучыня Вясёлага звязана з імі…
Сонца было над самым захадам, яно раз-пораз хавалася за чорныя, страшныя клубы дыму. На такое сонца і Янг ужо мог глядзець без акуляраў.
Схаваецца хутка сонца, але прыйдзе раніца, і яно зноў узыдзе.
І будзе ўзыходзіць яшчэ не адзін раз…
1980–1982 гг.