355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Павел Мисько » Грот афаліны » Текст книги (страница 6)
Грот афаліны
  • Текст добавлен: 24 марта 2017, 14:00

Текст книги "Грот афаліны"


Автор книги: Павел Мисько



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 30 страниц)

Раздзел чацвёрты1

А Пуол у гэты час быў на Галоўным востраве. Прывёз туды яго худы рыбак на матарызаванай джонцы з намаляванымі спераду лодкі, на «шчоках», вялікімі вачыма дракона. Як садзіўся ў лодку ў Кампонгу з трыма іншымі пасажырамі, сказаў гаспадару, што аддасць плату на Галоўным: няма дурных раней аддаваць. А раптам матор сапсуецца ці яшчэ што? А тыцнуліся ў прычал на Галоўным, то паказаў лодачніку замест грошай нож, патузаў у бакі барадою: «Пікні – мігам п-прырэжу!»

Бадзяўся вуліцамі Свійттаўна – сталіцы, Душыстага горада, пасвістваў, радаваўся жыццю і таму, што вырваўся на волю, на прастор. Раз-пораз засоўваў руку ў кішэню, дзе лапаталі новенькія долары. Украў у бацькі чэк, калі заявіўся быў на Горны, атрымаў па ім грошы і цяпер адчуваў сябе незалежным чалавекам. Як будуць уладкоўвацца бацькі на новым месцы без грошай, не хацеў і думаць. Забыў ён і прымаўку: прадаўшы маці і бацьку, не разбагацееш.

Дурны гэты матрос Дуку, што вучыў іх колісь грамаце. Як пачне расказваць, дзе пабываў ды што бачыў, якія дзівосы ёсць на свеце… Не магло простаму матросу стукнуць у галаву, якім ядам кладуцца ў душу Пуола яго зваблівыя расказы.

І вось цяпер ён вольны, як птушка. Будзе хадзіць, дзе хоча, будзе рабіць, што ўздумаецца. Тут такі прастор, столькі мажлівасцей! Лепш было б, вядома, зусім нічога не рабіць, а толькі есці ды піць – што душа пажадае. Гэта не на іх зачуханым Біргусе, дзе, акрамя мора, пальмаў і хібар, нічога няма. Якія магазіны ў Свійттаўне! Цэлы б дзень тырчаў каля вітрын, любаваўся б выстаўленымі таварамі, уяўляючы сябе ўладальнікам усёй гэтай раскошы – дарагіх касцюмаў, транзістараў, бліскучых гітар, матацыклаў, машын. А як людзі ў сталіцы прыгожа апранаюцца, якія дзяўчаты цокаюць абцасікамі, перабягаючы з установы ва ўстанову, у розныя офісы і магазіны. Тут і кінатэатры ёсць, і розныя бары-рэстараны. Праўда, каб усюды пабываць, усё пакаштаваць і спазнаць, трэба ліха ведае колькі грошай.

Што гэтыя пяцьдзесят долараў! Нават не пяцьдзесят, а ўжо менш – паспеў растраціць. Каб была напакавана грашыма кішэня, то тады б ён развярнуўся, тады б паказаў, чаго варты. Хай бы тады глядзелі на яго гэтыя нікчэмы біргусаўцы і зайздросцілі.

Толькі што Пуол выпіў цэлую шклянку соку з цукровага трыснягу. Гандляр, па выгляду кітаец, адганяючы мух і восаў, пры ім жа прапусціў паміж валікамі прэса доўгую палку-сцябло трыснягу, выдушыў сок, падставіўшы пасудзіну пад латок… Піў Пуол і крывіўся: нічога асаблівага, салодкі, ажно губы зліпаюцца, цёплы, аддае сырызнай і смагі ніколькі не спаталяе. А як уявіў, што пад прэс трапілі недзе мухі і восы і кітаец з іх таксама соку нарабіў, дык ажно занудзіла і падкаціла да горла. Плюнуў, пайшоў далей.

Каля нейкага шынка, які выходзіў дзвярыма ў скверык, навыносілі пад дрэвы сталоў і крэслаў і абслугоўвалі кліентаў на вольным паветры. Пуол таксама надаў твару важны выгляд панка-багача, усеўся ў цянёк за стол. Не паспеў азірнуцца – дзе ж Кельнер? – як той ужо сам падбег, схапіў з левага локця салфетку, махнуў ёю па стале, схіліўся: «Што загадаеце?» Ах, як спадабалася Пуолу, што яму кланяюцца, як пацешыла гэта яго самалюбства, узвысіла ва ўласных вачах! «Нешта ўва мне ёсць такое… гэткае… А хлопец не старэй па гадах за мяне. І мне кланяецца!» Кельнер з непакоем зіркаў яшчэ за адзін столік, дзе ўсаджвалася пажылая пара, па выгляду малайцы. «Што загадаеце?» – яшчэ раз перапытаў кельнер. «Аранжаду! Чым халадней!» – «Бу зроблена!» – хлопец ад яго падляцеў да той пары і там схіліўся пару разоў у паклоне, потым панёсся адтуль і знік за дзвярыма шынка, з ляскатам раскідаўшы ў бакі бамбукавыя вісюлькі-шырмачку з намаляванымі пальмамі. Мо праз хвіліну выскачыў з падносам, на якім стаялі тры высокія рознакаляровыя пластмасавыя фужэры з пітвом, паставіў адзін каля Пуола – аб сценкі фужэра застукаў кубік лёду, – памчаў да пажылой пары.

Пуол спачатку выняў поліэтыленавую саломінку як непатрэбшчыну, сёрбнуў соку проста з фужэра, ажно лёд заскочыў у рот. Так і трымаў ужо на языку льдзінку, смокчучы сок. Але ўбачыў, што малайцы не спяшаюцца праглынуць пітво, а пацягваюць яго праз саломінкі, засяроджана і супакойліва паглядваючы па баках. Лёду яны не бяруць у рот, і кавалачкі глуха пазвоньваюць аб сценкі фужэраў, асабліва калі пітцы пачынаюць памешваць сок саломінкамі. «Вунь яно што…» – Пуол нагнуўся над сваім фужэрам – тфу! – выплюнуў туды лёд і таксама паганяў яго саломінкай. Потым і сам ужо засмактаў аранжад праз саломінку – самавіта, з незалежным выглядам пазіраючы туды-сюды. Пуол будзе рабіць усё так, як гэтая прытомленая пара бізнесменаў, быццам бы небагатая на выгляд, а на справе ж – ого-го… Пуол усё, што трэба, пярэйме, усяму навучыцца. Ён нічым не горшы за іх, дык чаму б і яму не стаць багачом у рэшце рэшт?! Каб усе кланяліся яму…

– Яшчэ шкляначку! – загадаў кельнеру. Ужо сёння, у першы дзень свайго бадзяння па сталіцы, хацелася зрабіць усе магчымыя крокі да таго жыцця, якім некалі будзе жыць, той кар'еры, што прынясе яму грошы, грошы, грошы… Любыя, у любой валюце.

Дасмактаў другую шклянку, ажно забурчала ў жываце, ільдзінку сунуў, як малпа, за шчаку – пайшоў далей.

Мінаў вуліцу за вуліцай, брыў каля высокіх дамоў і нізкіх, па шырокіх вуліцах і брудных завулках, прайшоў некалькі плошчаў. Пастаяў, панаглядаў трохі за тым, як мяняецца ганаровая варта каля палаца султана. «Ха, адны асталопы тупацяць нагамі, другія разяўляюць на іх рот і вылупваюць вочы…» – падаўся далей. Заглядваў у нейкія лавачкі-магазіны, аптэкі, дзе таксама штосьці піў. Пабадзяўся па базары… Знарок спатыкаўся на раскладзеную на цыноўках садавіну, гародніну ды яшчэ першы і сварку падымаў, калі гандляры і гандляркі абураліся. То ў аднаго, то ў другога браў што-небудзь пакаштаваць, прыцэньваўся, таргаваўся, а потым ганіў і ішоў далей.

Трапіў у кінатэатр, хоць спачатку хацеў прайсці міма. Прывабіла з афішы намаляваная пачвара – не то чалавек-велікан, не то гіганцкая малпа, пашча чырвоная, клыкастая, сама ў шэрсці, лазіць па горадзе, абарочваючы ў кучу небаскробы, душачы людзей. Сядзеў у зале, дранцвеў ад жуды, але ні разу не ўскрыкнуў, не піскнуў, хоць малпа-гігант на экране разрывала на кавалкі людзей, смактала з іх кроў.

Быў ужо вечар, калі ён выйшаў з кіно. На Рэкрыэйшн-стрыт – вуліцы адпачынку і забаў – палыхалі рознакаляровыя рэкламы, вабілі рэстараны і кабарэ. Каля нейкіх не вельмі кідкіх дзвярэй без усякай шыльды яго спыніла маладая парачка. Пуол паддаўся на ўгаворы, ступіў за гэтыя дзверы…

…Выкінулі яго, п'янага, пасля поўначы. У галаве моцна шумела, а ў кішэні было ціха, ціха.

2

Успароў яго з тратуара паліцэйскі. Пуол ужо крыху працверазеў. «Марш адсюль! Дзе твой дом?» – нібыта грозна пытаў ахоўнік парадку. «Там!» – махнуў няпэўна Пуол кудысьці ў бок порта.

Рэшткі ночы правёў у тым скверы, дзе піў аранжад. Сагнаў з лаўкі нейкага жабрака. Калі той пачаў абурацца, прыгразіў прырэзаць. Каб паказаць сваю агіду да жабрака, паслаў на тое месца вынятую са сметніцы «Свабоду» («Фрыдом»). Пад раніцу яго зноў успароў паліцэйскі: «Тут спаць небяспечна…» – «Могуць абрабаваць…» – закончыў за яго Пуол насмешліва і вывернуў пустыя кішэні.

Ён сам гатоў быў каго-небудзь абчысціць, ды ўсе гулякі ўжо разбрыліся па дамах, а дабрачынныя жыхары яшчэ не прачыналіся.

Праз якую гадзіну пачалі ўжо раз'язджаць мота– і велакаляскі, машыны-фургоны, развозіць па лаўках прадукты. Багатым гараджанам заказы развозіліся дамоў. Пуол сам прасачыў, як высокі індус у чалме спыніў каляску каля нейкага асабняка, выцягнуў з-за спіны прыкрытую белым карзіну, паставіў яе на слуп брамы – высока, на ўзроўні галавы, націснуў у дзверцах на кнопку званка, выклікаючы кухара ці слугу. І тут жа ўсеўся за руль, паехаў далей. Але ад'ехаў ён мо крокаў дзесяць, як Пуол ужо быў каля брамы, запусціў руку ў карзіну. Трапілася вялізная, прысыпаная зрудзелымі крупкамі цукру булка. Не стаў перамацваць, што там яшчэ ёсць, а паддаў ходу.

У гэты дзень пачыналі ўпрыгожваць сталіцу да свята каранацыі султана. Па горадзе развозілі і чаплялі ўпрыгожанні – сцягі, плакаты, гірлянды, партрэты султана і членаў яго сям'і, будавалі аркі, абвівалі іх вянкамі, разбівалі дадаткова гандлёвыя палаткі, напіналі на пустках тэнты сталовак, дзе будзе раздавацца пахлёбка для бедных. Было ўжо многа прыезджых, людзей на вуліцах прыкметна пабольшала. Пуол бадзяўся сярод іх і адчуваў сябе як рыба ў вадзе. У аднае дамачкі выхапіў з рук гаспадарчую сумку – бо ўбачыў, што на дне яе ляжыць пузаценькі, з кнопачкамі кашалёк, і прыпусціўся наўцёкі. Заблытваў свае сляды ў нейкіх завулках, а пацішэла – зноў падаўся ў цэнтр. У кашальку разам з дробяззю было васемнаццаць долараў і дваццаць цэнтаў. Нішто сабе! І так лёгка зарабіліся гэтыя долары. Шкада, што кашалёк старэнькі, не загоніш…

Зайшоў у лавачку, купіў лёгкія туфлі, абгледзеў ногі ў нізка пастаўленым люстэрку – сам сабе спадабаўся! Як джэнтльмен, а не злодзей… Ён яшчэ не ведаў, што сапраўдныя, буйныя зладзеі, махляры і гангстэры маюць прыстойны, нават рэспектабельны выгляд.

Пакуль што не думалася, дзе пройдзе яго другая сталічная ноч.

З начлегам вырашылася зусім нечакана.

Ішоў па Томіроўд міма былых англійскіх казармаў і са здзіўленнем заўважыў, што гэтая «Салдацкая дарога» крыжуецца з тою вулачкай, дзе з яго высмакталі ўсё, што можна, і вытаўхалі як непатрэбшчыну на тратуар. Пайшоў далей, за скрыжаванне, па працягу Томіроўд, заўважаючы, як усё больш драбнеюць дамы, глушэе і бруднее вуліца. Гэта была мо апошняя вуліца, якую ён яшчэ не абследаваў, не агледзеў. Праз скляпеністыя праезды было відаць, што ў дварах лабірынты вулачак і завулкаў, розныя па вышыні дамы і домікі, хаціны лепяцца адна да адной, некаторыя прыбудоўкі трохсценныя ці амаль круглыя, нібы якія вартавыя вежы. І дахі былі розныя: і стромыя, многаскатныя, з нейкімі бляшанымі сцяжкамі, і пляскатыя, амаль без нахілу нахлабучаныя на сцены, і такія, што краі пазакручваны, як у кітайскіх пагадах. Пад сценамі сям-там гуляюць каля памыйных лужын дзеці, сядзяць бабулі.

Пастаяў крыху, зайшоўшы ў адзін такі двор, падзівіўся, як людзі знаходзяць у гэтым хаосе сваё жытло. І раптам недзе ззаду, на Томіроўд ці яшчэ далей, пачуліся стрэлы. Глуха, без лёскату. Пуол імгненна павярнуўся… Пад скляпенне праезду ўбягаў, моцна накульгваючы, кітаец з пісталетам у руцэ. Дзеці і бабулі з віскам сыпанулі па дамах, а адзін карапуз-крываножка спрабаваў падняцца з зямлі і ўсё падаў, равучы на ўвесь голас. Пуол, не цямячы, што робіць, падхапіў яго на рукі… І ў гэты час убачыў цераз праём праезду, што па той бок Томіроўд з закавулка выскачыла яшчэ двое ўзброеных людзей. Паранены кітаец аглянуўся на іх і стрэльнуў туды не цэлячыся, але тыя ўсё роўна разбегліся на момант у бакі… А вочы кітайца кідаліся сюды-туды, шукалі спрат, і Пуол паказаў яму на прачыненыя дзверы бліжэйшай прыбудоўкі. Уцякач скеміў, скок-скок туды на адной назе – грук! – зачыніў і заваліў дзверы знутры.

Мо праз хвіліну на двор заскочылі і тыя двое, у аднаго ў руцэ быў таксама пісталет, у другога штосьці падобнае на маленькі аўтамат з даўгаватым голым ствалом.

– Куды той пабег? – аўтаматчык саўгануў зброяй Пуолу ў грудзі.

– Вай-ва-а-ай! – лямантаваў, вырываўся з Пуолавых рук карапуз.

– Туды… во! – паказаў у цёмны лабірынт закавулкаў.– На суседнюю вуліцу!

Праследвальнікі патупацелі ў прыцемак. Малы зароў яшчэ мацней, пачаў драпацца, і Пуол пусціў яго з рук, яшчэ і шлёпнуў па заду. Сям-там зарыпалі, патрошкі папрачыняліся дзверы. Адны адкінуліся насцеж, з іх выскачыла маладая жанчына, падхапіла малога, абпаліўшы Пуола нядобрым позіркам, і схавалася зноў. «Дурніца…» – сабраўся аблаяць яе, як прачыніліся і тыя дзверы, за якімі схаваўся ўцякач.

– Эй, хадзі сюды! – паклікалі Пуола ў шчыліну.

Ён падышоў да дзвярэй.

– Ты гаспадар гэтай хаціны?

– Не-а.

– Усё роўна! – кітаец адкінуў дзверы шырэй, уцягнуў Пуола за руку ўсярэдзіну, зноў заваліў завалаю.

Недзе з глыбіні памяшкання, з цемры чуліся ўсхліпы і падвыванні жыхароў. Ад спалоху яны баяліся заплакаць, закрычаць уголас.

– Я бачыў у шчэльку… як ты іх. Дзякую, што памог, – кітаец раптам як не ўпаў са стогнам на зэдлік, выцягнуў параненую нагу. – Задача, значыць, такая… Ды ціха вы там! Я не збіраюся вас каўтаць жыўцом, як мышанят, – прыкрыкнуў на скавытаўшых. – Значыць, так… Ты павартуй там на двары, пакуль мяне тут крыху перавяжуць. Глядзі, каб ніхто не выходзіў на двор. Мо будуць бегчы тыя назад, – каб не было ім у каго распытваць.

– У-у-у-у… Рам, рам… Рэ рам… – маліліся ў цёмным кутку людзі, трывожылі бога.

– Я ж прасіў – ціха! Няўжо не зразумела? – у голасе кітайца прагрымела пагроза. – А ты давай… туды… Калі хочаш зарабіць.

Апошняга кітаец мог і не дадаваць. Пуол вышмыгнуў за дзверы. Ён нейкім дзесятым чуццём улавіў: гэта той Яго Вялікасць Выпадак, які трэба хапаць за хвост. Усё адбылося не так сабе! Не!.. «Дурны лоб гузака знойдзе!» – раптам нібы пачуў дакорлівы голас бацькі і ажно галавою крутнуў, каб адвязацца ад яго. «Гузака… Гузака… Майму гузаку вы яшчэ не раз пазайздросціце!» – агрызаўся ў думках.

Не стаяў слупам, прахаджваўся сюд-туд. Дзе прачыняліся дзверы, біў па іх нагою:

– Не высоўвайце носа, калі хочаце жыць! І людзі не высоўвалі.

Выглянуў і на Томіроўд. Усюды была цішыня, толькі дзесьці густа гулі машыны. На гэтым участку вуліца вечарам не асвятлялася, цемра была б амаль пракаветнай, каб не сям-там касыя палосы святла з акон, каб не каляровае зарыва над цэнтрам, ад якога даляталі прывідныя водсветы і сюды.

Вярнуўся ў двор. Тут ні з аднаго акна не выбівалася святло. Людзі сядзелі прытаіўшыся, як мышы.

Праследвальнікі не вярталіся ў двор, махнулі, мабыць, на ўцекача рукою. Дый знайсці чалавека ў гэтых лабірынтах было не лягчэй, чым тэрміта ў джунглях.

Зноў прачыніліся тыя ж дзверы, зноў Пуола паклікалі…

І вось яны ўжо ідуць цёмнымі вуліцамі і правулкамі. Паранены незнаёмец адною рукою абапіраецца на палку, другою ўчапіўся ў локаць Пуолу. Загадаў – «Вядзі!», і Пуол павёў – без аднекванняў, без роспытаў – куды. Паварочваў там, дзе яму загадвалі павярнуць (шмат разоў), рабілі нават петлі. Пуол у гэтай частцы горада не быў, нават не ўяўляў, што ёсць такі горад у горадзе. Сям-там кідаліся ў вочы шыльды і надпісы кітайскімі іерогліфамі, часам афішы тырчалі ў бок ад сцен, звісалі ўніз ці былі распяты на дратах цераз вуліцу. Кітайскі горад!

Перад нейкім пад'ездам спыніліся. Кітаец зняў з шыі касынку, завязаў Пуолу вочы і правёў яго скрозь будынак, потым дварамі падышоў яшчэ да аднаго. Далей ужо кітаец вёў яго, раз-пораз папярэджваючы: «А цяпер сюды!.. А цяпер туды!.. Ногі падымай, тут пачынаюцца прыступкі». Гэтых паваротаў, праходак па калідоры, спускаў і пад'ёмаў па лесвіцах было яшчэ нямала. Як сам кітаец адолеў усё гэта, было проста дзіва. Урэшце зноў спусціліся па лесвіцы пралётаў на два, і кітаец пастукаў умоўным стукам у дзверы. Адчыніліся яны не скора і, мабыць, ледзь-ледзь, на даўжыню ланцужка. Пэўна, хтосьці разглядваў Пуола, бо кітаец вымушаны быў сказаць:

– Ён са мною.

Ланцужок яшчэ раз бразнуў, рыпнулі дзверы. Кітаец паштурхаў Пуола перад сабою і сцягнуў з яго вачэй павязку. Усё роўна не было нічога відаць, і Пуол наставіў перад сабою рукі, каб не выпараць на што-небудзь вока. Слухаў, як сам кітаец зачыняе, бразгаючы замкамі і ланцужкамі, дзверы, і ў грудзях напружана звінела і сціскалася ад страху і цікаўнасці. Уперадзе загарэлася запалка, асвятліўшы старэчую руку і тарбаватыя, у зморшчынах шчокі, правалены, у зборачкі рот. Стары кітаец ці кітаянка? Такі пацучыны хвосцік-коска з матузком мог быць і ў мужчыны. Кітаянка запаліла дзве ружовыя свечкі на падсвечніку, што стаяў на прычэпленай да сцяны палічцы. Панесла яго перад сабою, прыкрываючы адну свечку далоняй, прайшла з ёю ў велікаваты пакой, абстаўлены мяккай мэбляю. Нічога падобнага Пуол ніколі не бачыў, гэта было нібы ў якой казцы. Стаў, як укамянелы, не асмельваючыся далей ступіць і кроку. Уся падлога ў пакоі была заслана мяккім, у кветкі дываном, пасярод стаяў нізенькі стол з акуратна раскладзенымі вакол яго падушкамі.

Кітаянка паставіла свечкі на стол і моўчкі выйшла. – Сі-сі,– падзякаваў кітаец. – Мама, звары нам кавы! – кінуў ён наўздагон. – А ты разувайся і праходзь далей. І сядай, хочаш – на падушку, хочаш – на канапу.

Сам кітаец дакульгаў да чырвонай з вычварнай спінкай канапы, упаў на яе.

Скідаючы ў парозе туфлі і моршчачыся (паспеў нацерці і парасціраць мазалі), Пуол спадылба разглядваў гаспадара і ўсю раскошную, з карцінамі на сценах кватэру. Кітаец сядзеў, прыплюшчыўшы вочы, твар у пацёках поту, на лбе праступілі кроплі. Немалады гаспадар ужо, гадоў пад сорак. Церпіць, мабыць, страшэнны боль, а ні разочку не застагнаў за ўсю дарогу.

– А цяпер – мяне, – выставіў да яго кітаец здаровую нагу.

Пуол ступіў па мяккім дыване, чуючы ласкавы козыт ворсу ў падэшвы. Укленчыў каля канапы, каля ног кітайца. Ён гатовы быў поўзаць на каленях (пакуль што!), гатоў слугаваць дзеля таго будучага, што чакае яго. Вынес гаспадаровы туфлі за дзверы, левы быў клейкі ад крыві.

– А цяпер падай бліжэй апарат… у кутку вунь… – паказаў гаспадар за тарэц канапы пад акно.

Пуол кінуўся туды, а як браць – не ведаў. Упала, загрукала трубка.

– Зараз… Ён разваліўся… І ён прывязаны, я зараз адвяжу, – затузаў правады.

– Ха-ха… – не вытрываў кітаец. – Не трэба адрываць, адвязваць. Давай так, як ёсць.

Пуол паставіў тэлефон яму на калені. Кітаец зняў трубку, паторкаў пальцам у кнопкі з лічбамі. Пачакаўшы, сказаў у трубку:

– Застаёмся пры сваіх інтарэсах… Нават пукалкамі пачалі забаўляцца… Пра падрабязнасці пазней – і не па тэлефоне. – Паслухаў нейкі адказ з трубкі і яшчэ сказаў: – Я думаю гэтаксама. Болей таго: я пра гэта ў свой час папярэджваў.– І паклаў трубку, перадаў апарат Пуолу, каб той паставіў яго на тую ж скураную тумбу, падобную на адрэзаную ад тоўстага дрэва калодку.

Стаўляў тэлефон Пуол падкрэслена асцярожна.

– Дай мне дзве падушачкі пад спіну.

Пуол хуценька ўзяў дзве падушачкі ад стала, паветра ўскалыхнулася, ледзь не патухлі свечкі.

– А цяпер сядай сам і расказвай, – уладна паказаў кітаец каля сваіх ног.

– Што? – Пуол падмасціў пад сябе падушку, унутрана дрыжучы ад захаплення: дзе гэта было бачна ці чутно, каб хоць адзін біргусавец сядзеў на такім!

– Усё! Хто ты, адкуль ты… Чаму на тым месцы апынуўся… Як зваць… Ці ёсць сям'я… Дзе жывеш…

Многа што цікавіла кітайца! Але Пуол расказваў усё шчыра, сам здзіўляючыся са сваёй шчырасці: звычайна любіў прыхлусіць. Стараўся быць дзелавым, гаварыць без лішніх падрабязнасцей.

Кітаянка прынесла каву. На падносе стаяла высокая кавярніца, два кубачкі на сподках, бліскучая цукерніца з цукрам, чатыры сухарыкі на папяровай сурвэтцы. Пуол толькі дзіву даваўся, што за маці ў кітайца: сын сядзіць з укручанай абы-чым, акрываўленай нагою, а не пацікавіцца, не папытае, што здарылася. І не ахае, як ахалі б усе маці ў такіх выпадках.

– Падцягні асцярожна стол бліжэй сюды… Свечак не перакулі… І пі, не саромся. Ты піў калі-небудзь сапраўдную чорную каву? Думаю, што і ўяўлення не маеш.

Пуол падцягнуў асцярожна стол да ног кітайца, нясмела ўзяў у рукі гарачы кубачак, цмокнуў раз нейкай гаркаты і апёк язык, губы. Выгляду, аднак, не падаў.

– А вы хто? – асмеліўся папытаць.

– Гэта табе не трэба ведаць. Чым менш чалавек ведае, менш праяўляе цікаўнасці, больш слухаецца і выконвае, што загадаюць, тым даўжэйшы яго век. Зарубі гэта сабе на носе!

– Я нічога такога не хацеў…– прамармытаў ён і тут жа спахапіўся: – Зарубіў, зарубіў!

– Хацець не ў меру таксама шкодна. Але ты мне падабаешся… Хоць ты і не хуацяо, не кітаец… Як я зразумеў, табе трэба грошы, а каб мець грошы, трэба знайсці свой бізнес. І табе трэба месца, дзе жыць… Так?

– Ага… – аблізаў абвараныя губы Пуол.

– Усё гэта ты будзеш мець… з цягам часу… Калі пройдзеш выпрабавальны тэрмін. Жытло, праўда, знойдзем раней. Я напішу запіску, зойдзеш па аднаму адрасу… За пакой там заплочана… Як завядуцца свае грошы, вернеш мне тую аплату. Я назаву суму, якая пад той час набяжыць.

– Шчыра дзякую! – не ўтрываў Пуол.

– Дзякаваць будзеш потым. Ды «дзякуем» і не адбудзеш. Будзеш рабіць тое, што табе загадаюць, даручаць. Ніякай сваёй ініцыятывы не праяўляць, чуў? Пытанняў ніякіх нікому не задаваць, старацца не бачыць таго, што не трэба табе па рангу бачыць. Калі пройдзеш выпрабавальны тэрмін, на тваё імя ў банку будзе адкрыты рахунак. На яго будуць пералічвацца грошы за разавыя паслугі… Гэта значыць, пасля кожнага канкрэтнага выпадку, калі будзе прызнана, што заданне ты выканаў бездакорна. Ты будзеш мець сувязь толькі са мною і не непасрэдна, а праз некага… Ох, памажы палажыць нагу… на канапу… А падушачкі гэтыя пад галаву… Каб вышэй…

На лбе кітайца блішчалі буйныя, як пярліны, кроплі. Ён змахваў іх рукавом, а яны зноў выступалі. Дыханне пачасцілася, стала перарывістым, мабыць, пачыналася гарачка.

– Ну й, вядома, ты будзеш мець кішэнныя грошы, на абыходак – харчаванне, гардэроб… – працягваў кітаец. – Не, мабыць, без эскулапа не абыдзецца… Куля ў назе сядзіць, рана не скразная. Я табе напішу запіску, скокнеш да аптэкара, паклічаш… Мама вас сустрэне каля пад'езда, правядзе сюды. Падай… вунь, на акне… блакнот і ручку.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю