355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Павел Мисько » Грот афаліны » Текст книги (страница 13)
Грот афаліны
  • Текст добавлен: 24 марта 2017, 14:00

Текст книги "Грот афаліны"


Автор книги: Павел Мисько



сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 30 страниц)

Раздзел другі1

Не кожны рыбак, хто ў мокрых штанах. Пуол пераконваўся ў гэтым чым далей, тым больш. Які ён дурны, які наіўны! Хацеў з тэніскаю заявіцца ў дэльфінарый, да Раджа, паказаць яму, ненарокам спытаць – ці не ведае чыя? Ён жа ўсіх супрацоўнікаў там ведае. Радж Сінх… Радж Сінх… «Р.С.», «R.S.». Магла і яму тэніска належаць. Не раз бачыў на ім такую – з эмблемаю дэльфінарыя… «Праклятая, праклятая, праклятая…» – ажно зубамі скрыгатаў. Тэніска ўжо так пякла ў жывот, што было не вытрымаць.

Ледзь паліцэйскія высадзілі яго ў порце Рая і нават памахалі здзекліва на развітанне, накіраваўся да перапоўненай смеццем бочкі з-пад бензіну, ад якое патыхала смуродам. Распужаў плойму катоў, азірнуўся па баках і сунуў тэніску пад смецце.

«Нельга Раджу паказваць. Адразу падазрэнне будзе, насцярожыцца: «Адкуль яна ў цябе? Хто перадаў?» Я ж не магу сказаць, што «Белая змяя» дала. А што сам знайшоў, не паверыць…»

«У дэльфінарыі не адзін Радж працуе. Ініцыялы могуць супасці поўнасцю. Скажам, які Сулейман Радха ці Радхакрышна. Ці яшчэ як… Укакошыш абы-каго, а заданне так і застанецца нявыкананым. Тады літасці ад Чжана не чакай…»

«Каб як пачаць гаворку на гэтую тэму… пра тэніску. Выпытаць, ці не губляў хто… І пры якіх абставінах здарылася…»

«Запрашу Раджа ў які рэстаран, напаю. У п'янага можна што хочаш выпытаць. Ну, а калі выявіцца, што яго тэніска? Як падняць руку… забіць? Разам раслі, хадзілі разам… Дый зброі ў мяне ніякай няма, нават нож-складанец адабралі… Каб дзе ісці па якім пустыры, цёмначы… І каменем – трах! Але ж не такі Радж прасцячок, каб завесці яго абы-куды… Напаіць, напаіць пад завязку! З п'яным лягчэй справіцца. Яго і ўтапіць можна. Скажу, хадзем купацца, астудзіцца трэба пасля рэстарана. І… Хто дакажа потым, памаглі ўтапіцца ці сам утапіўся. А можна і сварку ўсчаць, напіўшыся, прыдрацца да чаго, раззлаваць яго. І… бутэлькай па кумпале! П'яная бойка, з кім не бывае. Калі і схопіць паліцыя – выручаць… свайго. Той афіцэр выручыць… Скажу: пазваніце па тэлефоне 11-00-22, а то будзеце мець непрыемнасці… А як прозвішча афіцэра? Во боўдзіла, нават прозвішча не спытаў. Хаця ён мог і не сказаць яго».

Дапытаўся, дзе той дэльфінарый. Купіў білет на апошняе прадстаўленне. Перад пачаткам хадзіў па тэрыторыі, разглядаў малы басейн з рыбамі і чарапахамі – і не бачыў таго, што разглядаў.

Накіраваўся да трыбун галоўнай арэны. Хадзіў там, пазіраў у бакі, прыглядваўся да тых, хто падыходзіў і займаў сваё месца. Яму здавалася, што сярод гледачоў ёсць паліцэйскі агент, сочыць за ім. А што ёсць людзі ад «Белай змяі», то абавязкова. Бачыў худзенькага, нібы заморанага, хлопца па той бок басейна, прынёс латок з парэзанымі тунцамі, паставіў каля паласатага памоста на тым беразе. Дэльфіны адразу завірылі, заплюхалі каля таго месца, палезлі галовамі на борт басейна, чакаючы падачкі. «Як сабакі галодныя…» – падумаў Пуол. Наблізіўся да гарбатага мосціка з таўставатых бамбучын, перакінутага аркай цераз ваду. Уваход на яго быў загароджаны нізенькімі, у калена, на ўсю шырыню мосціка варотцамі. Міма прайшоў невысокі чалавек з «дыпламатам», пекануў па Пуолу чорнымі пранізлівымі вачыма, ажно захалодала пад лыжачкай. Адчыніў варотцы рыўком, як гаспадар, тут жа і зачыніў за сабою. Хутка схаваўся ў дзвярах пад вышкаю. За каналам у кустах прамільгнуў яшчэ адзін чалавек, але ён быў не падобны на Раджа.

Не з'явіўся Радж і ў час прадстаўлення з дэльфінамі. Прыслугоўваў чалавеку з пранізлівымі вачыма той хударлявы хлапчына.

Сядзеў Пуол і больш цікаваў за публікай, чым глядзеў на дэльфінаў. Зайздросціў ён гэтым багацеям-турыстам лютай зайздрасцю. Не мог Пуол гэтак бесклапотна, як яны, захапляцца ўсякімі «штучкамі» дэльфінаў, пляскаць у ладкі, нібы якім артыстам.

Было не ўседзець, быццам пад штанамі тырчалі вострыя ракушкі ці хто падтыкаў яго знізу ліянаваю калючкаю. Яму хацелася ўвесь час азірацца, улавіць знянацку хоць адзін з тых позіркаў, што калолі патыліцу. Але не ўлавіў ні разу. Гледачам было не да яго, гледачоў займалі толькі дэльфіны.

Ледзь толькі дрэсіроўшчык раздаў сувеніры, выкрыкваючы нумары раду і месцаў. Пуол ускочыў, заспяшаўся. Наступаючы людзям на пяткі, абышоў басейн.

– Эй, дружа! Падыдзі сюды! – паклікаў худога хлапчыну, а сам пачаў адчыняць чырвоныя варотцы на мосцік.

– Сюды нельга. Што вы хацелі? – хлопец, падышоўшы, зачыніў варотцы, узяў на зашчапку.

– Як цябе завуць?

– А вас?

– Ты мне яшчэ свайго імя не сказаў, а ўжо…

– Гуга. А што?

– Вельмі прыгожае імя. Раджа мне трэба пабачыць. Землякі мы, сябры.

– Ён яшчэ не хутка будзе. Палез пад ваду з турыстамі.

– Як гэта… пад ваду?

– Ну як – з аквалангам.

– Шкада… А ты што тут парабляеш?

– Хапае чаго, – Гуга памкнуўся ісці.

– Пачакай! Дзе можна дастаць такую тэніску з эмблемаю, як у цябе?

– Анідзе. Гэта нам містэр Крафт выдае як фірменнае адзенне. Будзеце тут працаваць, дасць і вам.

– Ды не выкай ты! Мы ж амаль аднагодкі… А што, тут ёсць месца свабоднае?

– Каб жа было!

– А многа тут людзей працуе?

– Колькі трэба.

– А ці ёсць у каго па дзве, па тры такія тэніскі?

– Можа, і ёсць, калі не знасіў.

– А ў цябе? Ты не прадасі мне?

– Няма ў мяне. От прыстаў! Ідзі, прадстаўленне закончылася!

– Я не прыстаў. Ты можаш мне нараіць, да каго звярнуцца? Каб тэніску купіць… Ну, аднаго я ўжо ведаю – Радж Сінх. Нават двух – і цябе…

– Ну – Судзір яшчэ. Судзір Рам. Потым…

– Гу-га-а! – пачуўся з-пад вышкі зычны, бы металёвы голас. – Мярзотнік, дзе ты прапаў?

– Судзір заве… – прашаптаў збялелымі губамі Гуга.

Пабег ён на голас, а Пуол пастаяў, адчуваючы слабасць у руках і нагах. «Судзір Рам… Рам Судзір… Гэта ж такія самыя ініцыялы – «Р.С.», «R.S». Вось табе і знайшоў… А што, калі гэты «R.S.» не Радж, а Судзір? Ці, можа, нават хто трэці-чацвёрты ёсць?» І зноў пахаладала пад лыжачкай, успомніўся яго змяіны погляд. Не, з ім не хацеў бы мець справу.

«Сволачы! Усе сволачы! Даяце заданне, то давалі б і чым яго выконваць! Далі б пісталет, то я з-за вугла тут усіх бы перастраляў… Быць не можа, папаўся б і той, хто трэба! І, галоўнае, здалёк забіваць не страшна – усё роўна, як і не ты…»

Пайшоў пабадзяцца па горадзе, каб вярнуцца гадзіны праз дзве.

Рай яму падабаўся больш, чым Свійттаўн. Столькі люду бесклапотнага, з разяўленымі ратамі! Не будзеш сам разявакам, то можна і добра пажывіцца. І ён зазірнуў у бумажнік, які паспеў выцягнуць з задняй кішэні шортаў аднаго турыста. Ого! Пад сотню долараў… І нейкія дакументы ў другой кішэньцы.

Падыходзіў зноў да дэльфінарыя і адчуваў не шчасце ўдачы, а знаёмы халадок пад грудзьмі. «На чорта ён зачапіў таго Гугу, палез з роспытамі пра тэніскі. Мо збегаў да Раджа… Ці да той змяі… Распляскаў усё. Радж будзе ўжо насцярожаны. Як з ім павесці сябе спачатку, пра што гаварыць?»

2

Першы, каго ўбачыў Радж, выдыбаўшы з вады на мыс Кіпцюра, быў Гуга. Хлапчына, мабыць, разгубіўся, убачыўшы тры аднолькава адзетыя фігуры ў чорных, з жоўтымі палосамі па баках гідракасцюмах, з аранжавымі балонамі за плячыма. Усе амаль адначасова паўсталі з вады. Завагаўся, да каторага кінуцца? І толькі як Радж сцягнуў з твару маску, падаўся да яго, ухапіўся за акваланг – памагчы зняць, данесці да дэльфінарыя.

– Ты не мне… Во ёй памажы, калі хочацца, – Радж кіўнуў на трэцяга, самага меншага па росту падводнага падарожніка – дзяўчыну. Рукі ў тае былі занятыя, у кожнай трымала па адломку карала, белага і ружовага. Касцюм ёй быў вялікі, і на нагах разбухлі, абвіслі складкі – набрала вады.

Гуга памог дзяўчыне зняць з сябе акваланг, уздзеў рамянямі сабе на левую руку, пачакаў, пакуль Радж адшпіліць і здзярэ з ног ласты. А ў гэты час трэці спадарожнік памог сваёй напарніцы вызваліцца ад ластаў, і ўсе пайшлі да галоўнай арэны. Маладая пара ішла да будынка паперадзе, ногі яны ставілі яшчэ няўпэўнена. Малады чалавек ішоў угнута, не здымаючы акваланга, у руках нёс свае і дзяўчыніны маскі і ласты, палкі з завостранымі металічнымі шпянямі – штокі ад акул. Ішлі ўсе і стоена маўчалі. Раджу была не ў навіну ашаломленасць падводных падарожнікаў. Яны ўсё яшчэ былі думкамі там, у глыбінях мора, не маглі ніяк ачомацца ад таго неверагоднага, што ўбачылі і адчулі пад вадою.

– Душ – першыя дзверы злева, не забылі? – напомніў Радж па-англійску. Маладыя людзі, не азіраючыся, паківалі галовамі ў знак згоды.

– Адкуль яны? – паціху спытаў Гуга, ідучы побач з Раджам.

– Аўстралійцы. Мядовы месяц у падарожжы праводзяць… – гэтак жа паціху адказаў Радж, а ўголас дабавіў па-англійску: – Акваланг пакіньце на лаўцы, касцюмы – у душавой.

– Гууд, – на гэты раз турыст коратка зірнуў на Раджа.

Прайшлі трохі моўчкі, голы пясок скончыўся, пачаліся кусты і дрэвы, ад дарожкі іх аддзялялі дугі з бамбукавых папруцін, уторкнутых у зямлю канцамі.

– Ты ўжо ўсё парабіў? – спытаў Радж, скідаючы акваланг на лаўку каля зеляніны. Такіх лавак стаяла тры, кожная хавалася пад навіссю магнолій, у санцапёк тут было ўтульна.

– Яшчэ дэльфінаў дакарміць трэба і «рэзідэнцыю» Судзіра прыбраць. Вялікім панам стаў, патрабуе, каб кожны дзень пыл выціраў, як і ў кабінеце Крафта… Зачыніўся з нейкім амерыканцам ці англічанінам. Чаркі звінелі…

– Ого! Гэта на яго не падобна.

– Я падмятаў пад вышкаю, дык праганяе. Ці каб не пыліў, ці каб не падслухаў нічога… Ага, ледзь не забыўся: пра цябе зямляк пытаўся. Злез з трыбун, мабыць, глядзеў прадстаўленне… Не спадабаўся ён мне: вочкі бегаюць, як у злодзея, галавою круціць.

– Пуол?!

– Не называўся, а маё імя выпытаў. Усё цікавіўся, хто тут працуе, як завуць. Пытаў, па колькі тэнісак мы маем з эмблемаю, ці можна іх дзе-небудзь купіць.

– Цікавіўся тэніскамі?! От яно што… І хто б мог падумаць!.. Няўжо ён… – здзівіўся ўголас.

– Ты пра што? – у вачах Гугі ўсё-такі адбілася непаразуменне, нават спалох.

– Нічога, нічога… Гэта я, мабыць, стаміўся сёння. Ледзь вытурыў турыстаў на бераг. Паветра канчаецца, а ім усё мала: яшчэ гэта, яшчэ тое, яшчэ сюды во… – Радж расшмаргнуў на грудзях «маланку», расхінуў камзол-рубашку, выставіў рукі: – Памажы зняць.

Гуга сцягваў камзол, і рукавы закасваліся, выварочваліся наверх жоўтым.

– Ніяк не ўяўляю, як касцюм памагае пад вадою. У яго ж усё роўна набіраецца вады.

– Трохі набіраецца. Але тая, што набіраецца, цяплее ад цела, а свежая амаль не паступае. Зусім без касцюма апруцянееш, – сказаў Радж.

– Чым ты мыеш знутры? Я дык парашком… Мо памагчы табе?

– Я сам… Ты аквалангі толькі паразбірай. Не казаў зямляк гэты… ці прыйдзе яшчэ?

– Не казаў. Мабыць, прыйдзе.

Гуга паразнімаў на лаўцы аквалангі, расклаў часткі.

– Ну – дзякую, браце, – Раджу хацелася пабыць аднаму, падумаць над усім. Але Гуга не адыходзіў.

– Ведаеш… – прыцішыў ён голас да шэпту. – Я трохі пачуў, пра што Судзір з тым гаворыць. Пра дэльфінаў гаварылі… Але па-англійску, то я мала зразумеў. Госць штосьці назаве, нейкую лічбу, а Судзір: «Ноў, ноў, ноў…» – і сваю лічбу. Таргуюцца пра нешта… А яшчэ ведаеш, адкуль добра чуваць, што ў «рэзідэнцыі» робіцца? З душавой, адтуль, дзе шафачкі стаяць.

Радж паспеў сказаць: «Ціка-ава!..» – і ўбачыў, што з таго боку да басейна падыходзяць Малу і Пуол, у земляка ў руках нейкі газетны загортак. Гуга прашаптаў: «Той самы…» – і пайшоў да дэльфінаў – дакармліваць.

Радж адшпіліў з правай лыткі ножны з крысам, пачаў хутка скатваць з сябе штаны, прысеў на лаўку. Пакуль Малу і Пуол перабіраліся цераз гарбаты мосцік, ён стаяў ужо ў адных плаўках. Малу падняў руку, вітаючы Раджа, і павярнуў да Гугі.

– Здароў, дружа мой! – нібыта ўзрадаваўся Раджу Пуол, працягнуў руку.

– Здароў,– стрымана падаў руку і Радж, пранікліва зірнуўшы яму ў вочы. Пуол адразу адвёў позірк, паглядзеў на Гугу. І зноў адвярнуўся да Раджа, зрабіў прыветлівы выраз твару.

– Харашыня ў цябе тут. Работка па блату!

– А што ты разумееш у маёй рабоце, што ведаеш пра яе? Нічога… Дык і з вывадамі не спяшайся.

– Па блату, па блату… Мне б такую работку! Ты б закінуў за мяне слоўца перад містэрам… містэрам… як яго…

– Крафтам… Няма чаго закідваць, бо браць ён нікога не збіраецца. Кажы адразу, што хацеў, бо ў мяне яшчэ многа работы.

– Перастань моршчыцца, як сушаная копра. А мо зубы баляць? Забыў хіба, што мы сябрамі былі?

– Не крывадушнічай. Ніколі мы сябрамі не былі.

– А я да цябе з усёй душою. Заўсёды! Нам і цяпер трэба трымацца адзін аднаго. Хоць і не на Біргусе мы, параскідала нас, як ветрам… Зойдзем давай куды, пасядзім, пагаворым пра жыццё-быццё.

– Разбагацеў?

– Г-гы… І кепскі каваль можа добрую рэч выкаваць, – ён разгарнуў газету і паляпаў бумажнікам па далоні.– Для сябра мне нічога не шкада.

– На крадзеныя я не прывык.

– Фу, якія ў цябе словы нейкія… Проста памог аднаму таўстасуму патраціць грошы. Тут у вас такія магчымасці – у-у-у!.. Дык і ты памажы мне ад гэтых грошай пазбавіцца, а то сілы ў аднаго не хопіць.

«Мяккая ў цябе цыноўка, а спаць – бакі намуляеш», – не верыў Радж у яго добрыя намеры.

– Сядай… – паказаў на лаўку, – і чакай. Мне трэба памыць касцюмы яшчэ, павесіць сушыць. – Радж пайшоў са сваім гідракасцюмам у душавую. Ужо з сярэдзіны праз акенца ў дзвярах убачыў, як Пуол тут жа кінуўся да ножнаў з крысам. «Аг-га…» – мармытнуў Радж. А Пуол выцягнуў кінжал, узважыў у руках, палюбаваўся лязом, з ляскам загнаў на месца, асцярожна паклаў, сеў на лаўку, закінуў нагу на нагу, а рукі ўроскід на спінцы, падбародак угору…

Радж адступіў, прапускаючы аўстралійцаў, якія ўжо і спаласнуліся, і пераадзеліся: «Калі ласка! Няма за што дзякаваць! Надумаецеся яшчэ – прыходзьце, будзем рады!» – нагаварыў на развітанне.

Пуол нецярпліва круціўся на лаўцы. Час ад часу Радж падыходзіў да дзвярэй, каб паглядзець, як ён сябе паводзіць. І бачыў, што нервы ў земляка на ўзводзе: то пстрыкае пальцамі па спінцы лаўкі, то дрыгае нагою, то пахаджвае каля лаўкі: тры крокі ў адзін бок, тры – у другі. Радж пракрычаў з-за дзвярэй: «Ну во, канчаю!»

Радж выйшаў, касцюмы паўскідаў на кусты. Часткі механізмаў і балоны папераносіў да сябе ў камору, параскладваў на паліцах сохнуць, памяняў плаўкі, надзеў святочныя штаны. Хацеў і рубашку надзець святочную, усё-такі давядзецца ісці ў рэстаран ці бар, але раптам усміхнуўся сам сабе і ўсцягнуў на плечы старую тэніску з эмблемаю дэльфінарыя. Тэніска засела крыху на плячах, закасалася, вывернуўся левы бок рубца з вылінялымі літарамі «R.S». Гэтак і пайшоў з сандалетамі ў руках да Пуола.

– Абцягні! – павярнуўся да яго спінаю.

– Ага… Зараз… – Пуол трымцячымі рукамі затузаў ніз тэніскі. Радж пасміхнуўся і пайшоў да душа, каб апаласнуць ад пяску ногі, абуцца. На Пуола нібыта не глядзеў, але краем вока бачыў, які выцягнуты ў яго і сшарэлы твар.

Праз шчыліну дзвярэй з душавой яшчэ раз глянуў на Пуола. Зямляк то садзіўся, то падхопліваўся на ногі, потым сеў, выцер рукою лоб, выдыхнуў паветра на ўсю моц – і раз, і другі, нібы задыхаўся.

«Вось ты і адкрыўся, галубок… Цяпер я ведаю, што ты за пташка…» Але выйшаў Радж з душавой спакойна, знарок яшчэ падышоў да лаўкі: «Ах, забыў!», забраў ножны з крысам, занёс у камору. Выйшаў, замкнуў дзверы.

– Я да вашых паслуг, сэр! – і кінуў у кішэню ключ.

3

Яны ішлі побач. На вуліцы таўклося многа народу, быў любімы курортнікамі час вячэрняга мацыёну, самы разгар работы начных гандляроў. Таму ісці побач было цяжка, часта прахожыя разводзілі іх, нібы клінамі, у бакі. Ні Раджу, ні Пуолу не хацелася апынуцца ззаду ці спераду адзін аднаго. Пуол ажыўлена размахваў рукамі. Абодва былі ненатуральна ўзбуджаныя, і ніхто не мог бы падумаць, што гэта ўжо ішлі два смяртэльныя ворагі. Двубой-паядынак, нібы выбух міны, мог успыхнуць паміж імі кожнае імгненне, і толькі ён мог пакласці канец напружанню.

Пуол гаварыў і гаварыў, а жэстыкуляваў так, нібы адмахваўся ад маскітаў або паказваў каму дарогу ці расштурхоўваў у бакі людзей. І ўсё для таго, каб прытупіць Раджаву пільнасць, каб той расслабіўся, адкінуў свае падазрэнні.

А Радж нават супакоіўся, быў у сканцэнтраванай гатоўнасці нанесці маланкавы ўдар у адказ любым спосабам – нагою, кулаком, рабром далоні, локцем, галавою. Цікаваў краечкам вока за Пуолам: здаецца, у кішэнях у яго нічога няма, вялізны бумажнік нясе загорнутым у падраную газету. А хоць бы і было што, Радж быў упэўнены – з Пуолам справіцца. «Мо хіба толькі якога яду сыпне ў пітво… Давядзецца быць пільным, ад стала не адпускаць. Месца, дзе сесці, выберу сам. Можа, нават у «Лятучую рыбу» завяду… Будзем сядзець, а тут раптам Амара: «Здаровыя былі!» От Пуол закруціцца…»

Ззаду пачуліся свіст, гіканне. Азірнуліся разам: пасярэдзіне вуліцы імчалі два рыкшы, у аднаго каляска двухколавая з аглабелькамі, у другога трохколавая з педалямі. У адной і другой калясцы хісталіся, размахвалі бутэлькамі салдаты-янкі. Той рыкша, што бег пешкі, быў у доўгіх трусах і сандалетах, у другога замест трусоў былі белыя нагавіцы, ён круціў педалі стоячы, басанож, амаль узлёгшы на руль. Амерыканцы і падскоквалі, і гэпалі на сядзенні, задзіраючы ногі, зноў падхопліваліся, крыкам і свістам падбадзёрвалі сваіх «коней» і самі крычалі-гігаталі, як мустангі ў прэрыях. «Хутчэй! Дахляк, хутчэй! Прыз! Прэмія пераможцу!»

Па тратуарах узбоч і следам за каляскамі беглі людзі, цешыліся незвычайным відовішчам, чакалі, чым скончыцца гэтае спаборніцтва. Пуол і Радж, падхопленыя натоўпам, таксама пабеглі. Але ў кожнага былі розныя пачуцці. Пуол сам гатоў быў гікаць і ўлюлюкаць, а Раджа душыў гнеў: «Пацеху наладзілі… Яны ж проста здзекуюцца над намі!.. Няўжо ніхто не бачыць у гэтым знявагі?! О, бечы дурныя, і як яны згадзіліся на гэта?!»

Рыкшы ўляцелі на плошчу, народ сыпануўся ў бакі, каб не трапіць пад колы. Каляскі памчаліся па крузе вакол фантана. У нейкі момант і Радж, і Пуол апынуліся якраз насупраць іх. У таго, хто бег, шлэпаючы сандалетамі, цела блішчала, рукі з аглабелькамі былі падкурчаны і адцягнуты назад, нібы яго пачалі падымаць на дыбе. Вочы вырачаныя, рот разяўлены, ажно, здавалася, матляўся язык. У таго, што з усяе моцы націскаў на педалі, паспадалі да самых локцяў шлейкі бруднай, мокрай ад поту майкі, шчарбаты старэчы рот быў таксама выскалены. У педалях вішчала-енчыла, і здавалася, што каляска вось-вось рассыплецца на часткі, і побач з імі рухне гаспадар. Амаль два поўныя кругі зрабілі рыкшы вакол фантана. Той, што вёз каляску за аглабелькі, пачаў ужо выпярэджваць. І тут здарылася тое, што, мабыць, і павінна было здарыцца: хуткасць па крузе перайшла за крытычную, а мо янкі гайдануўся ўбок. Двухколка перакулілася, амерыканец выпаў, як мяшок з глінаю, дзярнуўшы па асфальце вухам. Рыкша выскачыў з аглабелек, нібы распрэжаны конь ці ішак, і глядзеў спалохана, як круціцца, ніяк не можа спыніцца верхняе кола таратайкі. А веларыкша, каб не натыкнуцца на аглабелькі, ламануў руль да фантана. Здавалася, ён тут жа і назад крутнуў, але было позна: наляцеў заднім колам на борт фантана. Пасажыр плюхнуўся ў ваду…

Хто рагатаў, хто памагаў «купальшчыку» выбрацца з басейна. Вакол абедзвюх калясак стоўпіліся людзі. Амерыканец з абадраным вухам біў свайго рыкшу, крывяніў яму твар. Людзі ўжо хапалі янкі за рукі, але амерыканец роў, як бізон, адмахваўся ад усіх: «Не падыхо-о-одзь!»

Радж расштурхаў людзей, прабіўся да амерыканца. Пуол не скмеціў з-за спін, якія маланкавыя рухі зрабіў ён, але янкі ўраз асеў пад ногі людзей.

– Вяжыце!.. Рукі вяжыце! – крычаў Радж.

І, мабыць, знайшлося чым вязаць, знайшлося каму. Бо калі падбеглі туды паліцэйскія, свішчучы ў свісткі, янкі ўжо ляжаў са звязанымі за спінаю рукамі разадраным вухам угору. Качаў галаву па асфальце, скрыгатаў зубамі:

– Пекла хачу-у! Пе-екла! К чорту ваш рай! Пе-е-екла!

Радж сам знайшоў Пуола, як толькі выбраўся з натоўпу.

– Хадзем… Зараз тут пачнуць распытваць, запісваць, хай разбіраюцца… Пасажыры, мабыць, з тых ваякаў, што высадзіліся на Біргусе… Думаюць, што ў нас скрозь джунглі і ўсё дазволена. У-ух! – Радж з сілаю сцяў зубы, тузануліся на шчоках жаўлакі.

– А я і не ўмешваўся б. Хай бы хоць пазабівалі адзін аднаго, – сказаў Пуол.

– Дык жа яны нашых б'юць, а не адзін аднаго! Дурныя беча, наперагонкі пусціліся, зарабіць хацелі… От я б іх павазіў, янкі гэтых! Дзесятаму заказалі б!

– Колькі мы будзем хадзіць? І кабарэ па дарозе было, і дансінг – прайшлі… Давай во сюды, у «Лятучую рыбу», – паказаў Пуол.

– Мне ўсё роўна, – згадзіўся Радж.

Ён не пазнаў бара. Тады, як заходзіў з Амараю, зала была мо ў тры разы меншая. Цяпер жа ў бакі рассунулі рухомую, чорна-перапончатую, як крыло лятучай сабакі, перагародку, і зала адкрылася ва ўсёй велічы і прыгажосці, у тым канцы яе было сіне ад цыгарэтнага дыму, шматлікія гірлянды рознакаляровых кітайскіх ліхтарыкаў не так свяцілі, як стваралі таямнічы паўзмрок. І ў гэтым паўзмроку каля сцэны-подыўма тузаліся-танцавалі іншаземцы ў яркіх распашонках. На сцэне трэсліся і аркестранты, то вымаючы, то ўстаўляючы ў трубы сурдзінкі. Неверагодныя каленцы з мікрафонам каля рота вырабляў спявак-мулат.

За стойкаю буфета адбіваліся ў люстэрках шматлікія бутэлькі. За прылаўкам спрытна ўзмахваў нейкаю пасудзінаю, трос і куляў яе адкормлены буфетчык у белым кіцелі, разліваў потым па фужэрах кактэйль. Злева на прылаўку сіпеў аўтамат для прыгатавання кавы, дробненька звінелі настаўляныя на ім маленькія кубачкі. Радж зразумеў: той раз быў або выхадны ў аркестра, або не працавала кухня, таму і наведвальнікаў было мала і ўсе цясніліся ў адгародцы каля буфета.

«Цікава, дзе Амара, чаму не паказваецца?»

Недзе ў глыбіні залы справа быў яшчэ адзін буфет і ход на кухню, бо туды і адтуль шмыгалі афіцыянты з падносамі. Тэмп у іх быў такі, што з-за плячэй, здавалася, валіла пара. Быў час «жніва» і «малацьбы», таму і ўвішнасць абслугі можна лёгка зразумець. Пакуль Пуол, разявіўшы рот, разглядаў бутэлькі на паліцах за стойкаю, Радж прайшоў далей у залу, спыніў афіцыянта. Просьбу падмацаваў доларам, і той хутка арганізаваў столік і паабяцаў нават больш нікога за яго не садзіць.

Селі насупраць адзін аднаго. Радж падсунуў Пуолу меню: калі ён плаціць, то няхай і «музыку» заказвае… І тут кароткая перадышка і адносная цішыня скончыліся. На подыўме зноў затузаліся, зайгралі музыкі. Зноў цалаваў мікрафон, прытанцоўваў і пляскаў у ладкі мулат. З-за сталоў паўставалі парачкі, а некаторыя мужчыны запрашалі сабе дам з-за чужых столікаў. Усе ўліваліся ў варушлівы натоўп, тузалі рукамі і нагамі, выгіналіся і трэсліся. Пуол нешта сказаў, паціснуўшы плячыма, і Радж нахіліўся да яго цераз стол.

– Разабрацца не магу!.. У цябе больш вопыту – давай ты!

– Піць што будзеш? Я прапаную віно.

– Давай мацнейшага чаго – душа гарыць! – Пуол выцягнуў з-за пазухі той тоўсты кашалёк-бумажнік, зухавата ляпнуў ім па далоні, потым паклаў перад сабою на стол і яшчэ паляпаў зверху: «Ведай нашых!»

Калі да іх наблізіўся афіцыянт, Радж сказаў некалькі фраз па-англійску, і той сыпнуў: «Зразумеў, курыце пакуль што…» – паклаў на стол бліскучы пачак цыгарэт, запалкі. Пуол з цікавасцю пацягнуўся да іх.

Радж не курыў і ўвогуле цяжка пераносіў тытунёвы дым. З пракуранымі лёгкімі, з кашлем пад вадою няма чаго рабіць. Ён пакутліва ўцягваў носам перапоўненае дымам паветра. «Чаму не ўключаюць кандыцыянеры?» У скронях пачынала стукаць. Крыху ачмурэлы ад гармідару і дыму, ён ужо абыякава думаў пра небяспеку, паволі абводзіў поглядам суседнія столікі. За правым, хоць і быў застаўлены пітвом і закускамі, ніхто не сядзеў – усе танцавалі. За левым сядзелі трое мужчын і адна жанчына. Усе ў гадах, мо ўдвая старэй за Раджа. Жанчына сядзела да яго ў фас. Прычоска ў яе мудрагелістая, на лоб спушчана грыўка, ад чаго твар зрабіўся квадратны і нейкі дураваты. Цётка была яшчэ не загарэлая, мо толькі што прыехала ў тропікі. Насупраць яе сядзеў хударлявы мужчына з высока падстрыжанаю патыліцаю. «Выпраўка ваеннага, хоць і ў цывільным…» – адзначыў Радж. Справа, у профіль да Раджа, сядзеў граміла-баксёр, таксама па выпраўцы ваенны. З-за таго, што са стрыжанай патыліцай, час ад часу нагінаўся да жанчыны (ці не муж яе?) яшчэ адзін – сярэдняга росту, мацачок.

«Няхай бы ж вокны паадчынялі…» – пакутліва думаў Радж. І тут нібы спыніўся горны абвал аркестра, ажно дыхаць стала лягчэй. Танцоры пачалі разыходзіцца да сваіх столікаў, некаторыя кавалеры пачціва цалавалі дамам ручкі, цырымонна кланяліся. Але цырымоністых было мала, больш было такіх, што завальваліся за свае сталы з грукатам, цяжка дыхаючы, абмахваючыся веерамі і хусцінкамі.

Суседзі злева нібы ўзрадаваліся, што можна дагаварыць недагаворанае, пачалі ажыўлена перакідвацца фразамі, як і раней, схіляючыся адзін да аднаго і да сярэдзіны стала, нібы ўсё яшчэ перашкаджаў аркестравы лямант. Гаварылі па-англійску. Незнаёмыя паміналі ў гаворцы іх Біргус!

– Не, агульнага мала! Хаця нейкае падабенства можна і ўбачыць. Тысячы атолаў падобныя адзін да аднаго! – гаварыў «баксёр». – Лагуны асабліва падобныя.

– На Біргусе меншая… Мо нават удвая меншая. Але выгада ў тым, што і Дзіега-Гарсія, і Біргус размешчаны аднолькава: яны самыя паўднёвыя ў архіпелагах, ніжэй іх – адкрыты акіян. Зручна!

– А я лічу, што пакупка не зусім удалая, – сказаў мацачок. – Па-першае, і востраў намнога меншы, і лагуна меншая. Па-другое, вельмі блізка іншыя астравы. Самалётам давядзецца рабіць развароты над суседнімі астравамі, заходзячы на пасадку. Дый палос узлётных такіх не пабудуеш, як на Дзіега.

– І не трэба! Галоўнае – востраў наш, лагуна. Я, калі першы раз прыязджаў на Дзіега-Гарсія, таксама не мог паверыць, што можна ўсяго столькі нарабіць, – гаварыў з прыціскам «баксёр». – Дзіега ў плане трохкутны, а Біргус – як панцыр чарапахі. І лагуна ў Дзіега з поўначы, а не з поўдня, як на Біргусе… На Дзіега ў праходзе ў лагуну тры невялічкія астраўкі. Паміж імі добрыя пралівы. А на Біргусе давялося ўзрываць, ачышчаць праход ад рыфаў. І ў сярэдзіне лагуну давядзецца яшчэ пачысціць. Затое такая стаянка для субмарын будзе – люкс! І ўсяго за паўмільёна долараў, для нас гэта як раз плюнуць.

Зноў зайграў аркестр, цяпер нешта меладычнае і спакойнае. Але разабраць, што гаварылася за суседнім столікам, было ўжо цяжка. Таўстун з жанчынаю схіліліся галовамі і зашапталіся пра штосьці сваё, раз-пораз кідалі ўстрывожаныя позіркі на кашалёк-бумажнік каля Пуола.

Спявак не спяваў, сядзеў на краі подыўма і лянотна цягнуў з горлачка бутэлькі нейкі напітак. Быў ён бледны, усё роўна як сухотны, і вельмі стомлены; п'ючы, трохі булькаў у роце, паласкаў горла. Па ўсім відаць было, што яму страшэнна абрыдлі гэтыя канцэрты, – адно і тое ж кожны вечар.

Афіцыянт прынёс заказ – пітво ў штофах, талеркі. Сам напоўніў келіхі: Пуолу – «Рашн водка», Раджу – «Марціні».

Пуол нібы прабудзіўся ад нейкіх гнятлівых думак, утаропіў вочы на сваю чарку, а потым на Раджаву. Хацеў запярэчыць, што не на роўных правах, ды Радж апярэдзіў яго:

– Не гіпнатызуй чарак… Справы яшчэ ў мяне. Браў Пуол сваю чарку, і рука дрыжала. Панеслі да губ не чокаючыся. Пуол сербануў і адразу вылупіў вочы, папярхнуўся і закашляўся. І пакуль ён кашляў, адварочваючыся ад стала і сінеючы (гарэлка трапіла «не туды»), з-за суседняга стала падняўся ўсхваляваны таўстун з «гаванаю» ў руках. Ужо стоячы, адкусіў кончык, сплюнуў пад ногі і падышоў да іхняга стала.

– Дазвольце вашымі запалкамі пакарыстацца, – прамармытаў ён невыразна, не выпускаючы сігару з рота. Пацягнуўся да запалак, не чакаючы згоды.

Пуол усё яшчэ кашляў і сіпеў, не могучы што сказаць, і Радж кіўнуў сам, дазваляючы. Пуол не бачыў, а Радж бачыў, што такі ж карабок запалак ляжыць і на тым стале, з-за якога ўстаў таўстун, ад іх там прыкурвалі не раз. Радж зноў перавёў пагляд на таўстуна і ўбачыў, што ў таго дрыжаць рукі, агеньчык не трапляе на кончык сігары. І не дзіўна: вочы таўстуна глядзелі не на агеньчык, а на кашалёк! Нібы мацаў імі, абследаваў бумажнік. Прыкурыў урэшце, кіўком падзякаваў – і за свой стол. Пуол, хоць і перастаў ужо кашляць, адварочвацца ад стала, не заўважыў, на што глядзеў таўстун, які выраз твару і вачэй у таго быў.

– Ты што мне заказаў! – прасіпеў Пуол. – Ты атруціць мяне хочаш?! – гаварыў нібы жартам, але з пагрозаю.

– А што – спадабалася? – зрабіў нявінны твар Радж. Глядзеў на пераноссе Пуола, а бакавым зрокам бачыў, што за суседнім сталом таўстун з жонкаю зноў шэпчуцца. Жанчына ўстала, хутка пакрочыла да выхаду.

«Аг-га… Пуол зараз пажне тое, што пасеяў… Бумажнік апазналі…» – Радж трохі нават усцешыўся: дурная галава сама шукае гуза.

«Што рабіць! Могуць палічыць за саўдзельніка крадзяжу… Чакаць развязкі ці прыдумаць якую прычыну пакінуць Пуола? Але тады можа падумаць, што я збаяўся яго».

Устаў, накіраваўся да акна, сам адшчапіў, таўхануў на двор створкі. Вяртаючыся, падумаў: «Мо пашукаць Амару ці запрасіць каго на танец?» Ні размаўляць, ні сядзець з Пуолам за сталом не хацелася. Але аркестр змоўк.

Пуолу таксама не сядзелася.

– Кінь забаўку з «Марціні». Хоць разок во гэтага… – пацягнуўся са штофам да келіха Раджа. Лінуў, Радж не паспеў адхапіць чарку. – Хо-хо! Кактэйль «Белы мядзведзь»… Я і сабе такі зраблю… – Пуол узяў у абедзве рукі па штофу, лінуў у свой келіх з аднаго і з другога. І не паспеў паставіць штофы на абрус, як за яго спінаю выраслі двое паліцэйскіх – незаўважна зайшлі паўз сцяну ад акна. Пуол убачыў, як чужая рука пацягнулася да бумажніка, – і сам цапнуў за кашалёк. – Вы што?! – падхапіўся. Але другі паліцэйскі націснуў рукою на плячо:

– Сядзі, малады чалавек!

– Гэты кашалёк – ваш? – спытаў першы паліцэйскі, адтапырваючы тоўстую губу.

– А чый жа яшчэ! – зноў хацеў усхапіцца Пуол, і другі паліцэйскі зноў ціскануў яму на плячо.

А да стала падсунуліся ўжо ўшчыльную, ледзь жыватамі не ўзлеглі тоўстыя мужчына і жанчына.

– Хлус ён! Гэта злодзей!

– Ага! У мужа майго кашалёк выцягнуў!

– Пералічыце, што было ў кашальку, – звярнуўся да таўстуна паліцэйскі.

Той назваў спачатку, колькі было грошай. «Але іх столькі можа ўжо і не быць!» – дабавіў, спахапіўшыся. Назваў, якія дакументы прапалі разам з кашальком, на чыё імя выпісаны. «Іх таксама можа не быць, мо выкінуў дзе ў сметніцу!» – пакуль гэта таўстун дабаўляў, жанчына працягнула рукі да Пуолавай чупрыны, учаперылася за валасы: «Зладзюган! Мафіёзі!» Паліцэйскаму, што стаяў ззаду Пуола, давялося ўжо абараняць яго, рашчэпліваць пальцы жанчыны: «Ма-да-а-ам! Мадам!» Таўстагубы паліцэйскі між тым патрашыў кашалёк над сталом і раскладваў тое, што было ў ім. Таўстун ускрыкваў: «Пашпарт цэлы! І вадзіцельскія правы!.. І білеты на авіён… І страхавы поліс! І чэкавая кніжка!» Ён і рукі працягваў да таго, што раскладвалася, але адхопліваў, нібы апякаўся ці баяўся пакінуць адбіткі пальцаў, і ўсё выціраў мокры лоб і залысіны вялікаю клятчатаю насоўкаю.

– Ну во… І чорт з ім! Адпусціце! – гаварыў паліцэйскаму.

– Не пускайце! – ледзь не вішчала жонка. – Гэта адна шайка! Заадно яны! – паказвала і на Раджа.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю