355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Павел Мисько » Грот афаліны » Текст книги (страница 14)
Грот афаліны
  • Текст добавлен: 24 марта 2017, 14:00

Текст книги "Грот афаліны"


Автор книги: Павел Мисько



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 30 страниц)

– Пройдземце, панове, у паліцэйскі ўчастак. І вы таксама з намі! – загадаў Раджу першы паліцэйскі.

Радж устаў, прыкідваючы, колькі каштуе зроблены ім заказ, выняў грошы. Паліцэйскі паспешліва сабраў са стала ўсё, што нараскладваў з кашалька. І тут ад акна пачуўся звонкі хлапчукоўскі голас:

– Раджа не чапайце! Радж ні ў чым не вінаваты! – Янг скокнуў з падаконніка, падбег да стала.

– Ты?! – ажно сумеўся Радж.

– Дзядзечкі, ён невінаваты! – затузаў паліцэйскіх за рукавы. – Пуола бярыце! Ён – гад!

Вакол іх ужо сабраўся натоўп. Нерваваўся, тупаў адміністратар, парываючыся нешта сказаць.

Пуол затраўлена азіраўся, уцінаў галаву ў плечы:

– Сам ты гадзяня… Папомніш ты яшчэ мяне!

– Янг, ты – ідзі! Без цябе разбяруцца… У дэльфінарыі мяне будзеш шукаць… Ідзі! – Радж паспеў абняць Янга і адштурхнуць ад стала.

Таўстагубы паліцэйскі, аднак, разважыў інакш:

– Хлопчык, і ты з намі пойдзеш. Да выяснення ўсіх акалічнасцей.

– Правільна! – лезла пад рукі таўстуха. – Усіх! Пад корань! Выпусціце, а яны нас укакошаць!

Пакуль выходзілі, Радж супакойліва пагладжваў па Янгавых плячах. Калі спрабаваў штосьці сказаць, таўстагубы загадваў маўчаць.

Услед ім грымела вясёлая музыка.

Раздзел трэці1

Ніхто не чакаў, што будзе ўраган, бо час зімовых цыклонаў і няспынных штормаў скончыўся ў лістападзе.

Янг, адпушчаны з паліцэйскага участка, ішоў да гатэля, а лісце пальмаў трывожна шаргацела, па вуліцах насіліся віхуры. Амаль не чуваць было начных птушак і цыкад. Дыхаць было цяжка, паветра згусцілася да таго, што яго, здавалася, можна было мацаць у пальцах. Шпіль на вежы аднаго дома блакітна свяціўся. У прамежках паміж дамамі на гарызонце няспынна ўспыхвалі зарніцы.

І ўсё-такі, нягледзячы на ўдушлівую атмасферу і ўсе перажыванні, Янг паспеў заснуць. Побач з яго канапаю ў гасцінай нумара сіньёры Тэрэзы ляжаў Тота. Сабачка доўга непакоіўся, і Янг усё пагладжваў яго ды так і заснуў, звесіўшы руку ў сабачыя лохмы. Прачнуўся ад моцнага ўдару грому, нават заплюшчаныя вочы слеплі ад маланак. Тота павіскваў і лізаў яго руку. Скрозь роў і выццё ветру, звон шыб у вокнах, плёскат і шум ліўня чуваць былі рокат вадзяных валаў на пляжы, гарматныя ўдары хваль у раёне прыстані, трэск дрэў у прысадах.

– Мадонна мія, матэр дэі…– гучна малілася ў спальні донна Тэрэза. – Янг, хлопчык мой, – ты тут? – выкрыквала яна паміж словамі малітвы.

– Тут, тут, – адгукнуўся Янг.

– Хадзі да мяне, а то я баюся.

«От яшчэ не хапала! Навязалася на маю галаву…» – Янг нехаця прайшоў у спальню.

– Уключы святло!

Янг пстрыкнуў уключальнікам – святло не загарэлася. Вярнуўся ў гасціную і там пстрыкнуў. Няма! Ці што сапсавалася, ці падстанцыя адключыла ток.

– Не гарыць, – зайшоў зноў, стаў каля дзвярэй.

– Божа, божа… Канец свету, няйначай. І часта ў вас такія страхі?

– Часта.

– Ляж са мною, а?

Добра, што не ўключылася святло. Але і пры маланках донна Тэрэза, каб не заплюшчвалася ад страху, магла б убачыць, як счырванеў Янг.

– Не-а! – крутнуў галавою. – Мо Тота вам пакласці?

– Пакладзі!

Янг адступіў яшчэ на крок, лёг на пласцікавую падлогу – яна здалася халоднаю.

– Ты тут, Янг?! – спалохана ўсклікнула сіньёра.

– Тут, не бойцеся.

Парывы ветру не змяншаліся, у акне спальні гуло і свістала, аж енчыла, у шыбы то хлісталі патокі вады, то барабанілі буйныя кроплі. Раўлі на пляжы ў рыфах вадзяныя валы. Але маланак і грому, здаецца, паменшала, навальнічны фронт адкаціўся далей, недзе пад Біргус.

Задрамаў яшчэ разоў два ці тры, і штосьці вярзлося ў сне пачварнае. На досвітку і добра заснуў, але яго разбудзіў Тота: пачаў скуголіць, лізаць рукі, прасіцца на двор. Сіньёра Тэрэза спала як забітая.

– Ну, хадзем, хадзем… – неахвотна ўстаў Янг, адамкнуў дзверы.

У калідоры пад шклянымі накрыўкамі гарэлі на столі смешныя, з трубак, лямпы, свяцілі блакітнаватым святлом. Каля кожных дзвярэй стаяў, як на парадзе, абутак – па некалькі пар. Усе туфлі зіхацелі і былі павернуты наскамі да сцяны. У нумарах хто спаў, а хто і не спаў, а невідочны чысцільшчык рабіў сваю справу ўсю ноч.

На дварэ было свежа, дыхалася лёгка. Асфальт каля «Марской ліліі» быў увесь наздраваты: курортніцы папратыкалі вострымі абцасамі туфляў. Вялізныя лужыны на асфальце курыліся, нібы хто паналіваў вару. Мірыяды сонейкаў успыхвалі ў лісці дрэў, гушчэча прысадаў была зацягнута туманам. У дворнікаў было клопату хоць адбаўляй: сцягвалі ў кучы галіны, зграбалі абламанае сучча, збітае лісце, загружалі ў тачкі.

Янг памчаў з сабакам навыперадкі, распырскваючы лужы, аж пакуль не забег на пляж. Мора яшчэ было неспакойнае: па той бок рыфаў валамі ўспухвалі мутна-зялёныя хвалі, грэбні іх дыбіліся ўсё вышэй, кучаравіліся пенай, абвальваліся, з грукатам разбіваліся аб рыфы. Па гэты бок рыфаў усё было белае ад пены, вірыла і клекатала.

Янг пабег к дэльфінарыю. Тота ўжо ачуняў ад ночы і зусім развесяліўся, з брэхам рабіў кругі вакол яго ці, дагнаўшы, стараўся цапнуць за лытку. Янг па звычцы глядзеў пад ногі – мо што трапіцца? І трапілася: з абшарпанымі шкельцамі дымчастыя акуляры, некалькі манет – цэленькіх, не сцёртых, іх можна будзе пусціць у абарот. Сунуў акуляры за пазуху, азірнуўся. Эх-ха, каб хоць паўдня пабегаць па пляжы, можна было б нашукаць грошай да халеры! Але, мабыць, прыбіральшчыкі самі ўжо аббегалі не раз.

…Малу толькі што закончыў ранішні абход дэльфінарыя, бо якраз вяртаўся да прахадной.

– О, ранняя пташка, – ветліва азваўся да Янга. – Зараз адамкну. Але ж няма Раджа! Як пайшоў вечарам з дружком-земляком, дык і не вярнуўся. А што – ты так і не знайшоў іх?

– Не вяртаўся? – у голасе Янга было столькі неспакою, што і Малу затрывожыўся.

– Значыць, ты не бачыў яго… А я думаў, загуляліся недзе разам.

Янгу не хацелася нічога яму расказваць. Павярнуўся і пайшоў прэч апусціўшы галаву. Зноў на пляж? Бо і да сіньёры не хацелася ісці.

Плёўся нага за нагу па пляжы, потым сеў на рашотчаты ляжак, яшчэ вільготны, у плямах прыкарэлага пяску. Паклаў на задраныя калені далоні, на далоні – падбародак. Невідушча ўтаропіўся вачыма ў пенныя буруны каля рыфаў. Як самотна, як адзінока адчуваў ён сябе на белым свеце!

Што з Раджам? Няўжо яго доўга не пусцяць? А ўсё з-за гэтага тройчы клятага Пуола.

А Янга ўчора не трымалі доўга. Распыталі, хто ён і адкуль, як апынуўся на востраве, запісалі імя сіньёры Тэрэзы і нумар апартамента ў гатэлі «Марская лілія» – мо будуць даведвацца? Выходзіў з участка і сустрэў у калідоры Раджа, яго яшчэ вялі на допыт (Пуол сядзеў асобна). Радж бадзёра ўсміхнуўся Янгу: «Шукай мяне там…» – зрабіў ківок у бок дэльфінарыя.

2

Скрозь ірванае клочча воблакаў справа выблісквала яшчэ не гарачае і невысокае сонца. Вецер дзьмуў парывамі, і акіян-мора ніяк не хацеў супакойвацца – гуў і бушаваў, ракатаў.

Не падабалася Янгу на Раі. Які ж гэта Рай, калі няма такое ціхае, спакойнае лагуны, як на Біргусе! І пясок на Раі не падабаецца. На Біргусе ён белы-белы, аж слепіць на сонцы, а тут нейкі шараваты і больш буйны.

У шуме хваляў Янг чуў шум какосаў на ўзбярэжжы лагуны Біргуса, улоўліваў нават мелодыю мамінае песні. Яе заўсёды спявалі жанкі гуртам, калі збіраліся пасядзець надвячоркам.

Каля Янга страсянуўся мокры Тота – Янг схамянуўся ад пырскаў, прыцягнуў сабачку за вуха да сябе, пагладзіў. Той лізнуў у калені, у рукі, улёгся на Янгавы ступакі.

– Дурненькі… Цябе ж магла хваля змыць, і назад не выбраўся б… Прабач, што я забыў трохі пра цябе.

Тота соладка прымружыў вочы, і Янг зноў задрамаў-задумаўся. На гэты раз у думках з'явілася Натача. Дзе яна цяпер і што робіць? Ці знайшоў Натачын бацька хоць якую работу? Ці ўдалося ім на Горным скідаць сваю хібару – прытулак ад непагадзі? Ці захоўвае Натача Янгавы рэчы? Нямнога іх засталося, зусім крыха, самая каштоўная – урна з прахам продкаў. Лёгка захоўваць, калі маеш сваю хату, а не бадзяешся па чужых кутках. Ці ўдасца калі з'ездзіць на Горны? І яе пабачыць хочацца, і урну забраць.

Як яна тады далікатна і ласкава, па-мацярынску змазвала яму болькі – сляды п'явак і ўкусаў камароў… Якія чулыя былі ў яе пальчыкі! І як яны тады саромеліся адно аднаго, як бянтэжыліся… Згадвалася гэта зараз, і нібы ласкавы агеньчык цепліўся ў грудзях.

«Цікава, а ці ёсць тут «марскія восы»? Трэба будзе ў Раджа папытаць… Мо няма, бо столькі б курортнікаў з усяго свету не з'язджалася б».

Каля Біргуса іх таксама няма, гэтых ядавітых медуз. Але расказы пра іх жывуць. Такое страхоцце мо сам д'ябал выдумаў. Матрос Дуку расказваў, як каля Аўстраліі раз купаліся, і двое матросаў трапіла на гэтых «восаў»-медуз. Зусім блізка ад берага былі, а так і не выбраліся, загінулі. У гэтых медуз парасоны вялікія, а шчупальцаў тонкіх і доўгіх мо тысячы, і на кожным клеткі-прысоскі з ядам. Адна ўджаліць, і досыць – паралюш, смерць. Яд у іх мацнейшы, чым у кобры. На першым часе, як Дуку расказаў пра такія страхі, баяліся ў ваду лезці, купацца ў лагуне. І потым не раз пужалі адзін аднаго: «Восы плывуць!» А Натача не баялася ніякіх восаў, кулялася і рахтала ў вадзе, як нячысцік які.

– Ай глэд ту сі ю!88
  Я рады цябе бачыць! (англ.)


[Закрыть]
– пачуўся раптам над вухам родны голас. – Ты што тут робіш?

– Радж! – Янг падхапіўся, уткнуўся тварам брату ў грудзі, усхліпнуў і сам жа прыдушыў гэты нечаканы ўсхліп.

– Перастань, усё ж добра. Пайшлі да мяне… У-у, а што гэта ў цябе за звер такі?

Ішлі, абняўшыся, уздоўж прыбою, і Янг расказваў збольшага пра свае прыгоды на Галоўным востраве. А як сказаў, што ўжо няма ў іх і бацькі, а не толькі маці, пры якіх абставінах і дзе сканаў, то плакалі разам і не саромеліся слёз. Добра, што пляж быў амаль пусты, сям-там толькі разлеглася некалькі чалавек загараць. Потым і пра Абдулу расказаў, і пра Пуола, у якую авантуру быў уцягнуў землячок. Расказаў пра італьянку з сабачкам, пра тое, як удалося схаваць ад піратаў яе каштоўнасці.

– А цяпер яна патрабуе, каб жыў у яе. Сабачку на прагулку вадзіў. Слугаваў…– Янг цыркнуў пад ногі слінаю. Ішлі яны хутка, пясок шуршаў і хрупаў пад нагамі. Тота бегаў кругамі наўкола іх, матляў ружовым языком, з брэхам кідаўся на чаек.

– І пажыві… А што? На колькі яна сюды прыехала, не ведаеш? – спытаў Радж.

– Мо на месяц.

– Ну во, бачыш. Месяц пажывеш у шыкарных апартаментах. У нашым становішчы трэба хапацца за ўсякую мажлівасць – каб пражыць. Добра было б табе якую пастаянную работу падшукаць. Ці Гугу… Хлопец у нас у дэльфінарыі ёсць, Гуга, хоча знайсці іншую работу. От каб ён дзе ўладкаваўся, то я цябе ўсватаў бы на яго месца. Справіўся б, у яго не вельмі цяжкія абавязкі…

– Ой, Радж, гэта было б здорава! Я раз убачыў дэльфінаў, пагладзіў іх – і палюбіў на ўсё жыццё! Я з імі б дзень і ноч займаўся…

– Ну-у… дзень і ноч. Нікому гэта не трэба. Дый Судзір у нас такі – ганяе ўсіх ад дэльфінаў. Ты, значыцца, пакуль з італьянкаю пабудзь, але да мяне прыбягай кожны дзень. Будзеш прыглядвацца да таго, што я раблю. Памагаць. Мо калі і мяне спатрэбіцца замяніць на рабоце. Як называецца такая парода сабак?

– Я думаў – пудзель. А сіньёра кажа – тэр'ер шатландскі.

– Ты з маскаю, трубкаю і ластамі плаваў калі-небудзь? – спытаў Радж.

– Не! – і Янг з такой радаснай надзеяй паглядзеў у твар Раджу, што брат усміхнуўся, мацней прыціснуў Янга да сябе.

– Для пачатку асвоіш маску з трубкай. А потым і за акваланг возьмемся.

– Ой, Радж… – ад прыхлынуўшага раптоўна шчасця Янг пацёрся вухам аб яго бок. І не мог ад хвалявання больш нічога сказаць. Гэта ж была самая большая, самая светлая яго мара, якую песціў у душы не адзін год. – Адразу ўспомніліся ўсе Раджавы расказы пра тое, што бачыў пад вадою, і ажно галава закружылася. Хутка, хутка і ён пабачыць усе тыя дзівосы!

– Цябе назусім пусцілі з паліцыі?

– Назусім. Пуол сказаў, што я ні ў чым не вінаваты, проста ён запрасіў мяне як земляка ў бар для пачастунку. На сябе ўсю віну ўзяў за крадзеж… Не такі ён ужо і кепскі, як выяўляецца.

– Радж, ты не ведаеш яго, хоць і раслі разам. Ён гад і хітрун! Ашуканец! У мяне грошы выманіў… Ён нешта зноў прыдумаў!

– Пажывём – пабачым. А ў яго таксама хопіць часу падумаць, калі пасадзяць.

Радж чагосьці не дагаворваў, нейкія думкі гнялі яго. Некаторы час ішлі моўчкі, у кожнага ў галаве было сваё.

Вартаўнік Малу таптаўся каля варот, чакаючы зменшчыка. Вочы яго былі чырвоныя, ледзь не такія, як у бома Япа. Прапускаў іх у дзверцы і схіснуўся зыбліва ўбок. «П'яны?!» – уразіўся Янг. Здурнеў чалавек, дзень наперадзе, гарачыня, а ён… А мо ноччу піў і цяпер у яго толькі пахмелле?

– Радж! Шустры ў цябе брат! У мяне такі падшывалец ёсць – рады не даць! Ты глядзі за ім, а то ўлезе ў якую шкоду! – сказаў ім наўздагон Малу.

– Нічога, ён ужо не маленькі,– азірнуўся на момант Радж і прыціснуў Янга да сябе. У грудзях хлапчука штосьці шчымліва заварушылася. Зараз Янг любіў Раджа неймаверна – ён жа быў яму і за тату, і за маму.

– Радж! – зноў выкрыкнуў услед Малу. – Толькі што грузавік павёз да галоўнай арэны пясок. Я прапусціў, хоць мне нічога пра гэта містэр Крафт не гаварыў… Ты нічога не чуў пра пясок?

– Не! – пракрычаў, павярнуўшыся да Малу, і Радж. – Мо Абрахамс што надумаў рамантаваць. І цэмент таксама павезлі?

– Не бачыў цэменту. Адзін пясок-ракушачнік! Ішлі па алеі да галоўнай арэны, і Янг бачыў, што на газонах паміж кустоў завіхаюцца дзве цёткі з граблямі.

Выйшлі па алеі да трыбун і басейна, зразу пачулі кароткае «Біп-бі-іп!» і гуд матора. З-за паўночнага тарца трыбун задам выязджаў невялікі грузавічок, ён ледзь не цёрся здвоеным заднім колам аб бетонны борт басейна. Не бачыў такіх машын Янг – аранжавая, нізенькая, кузаў трохкантовы, не дыміць ніяк. Шафёр, прачыніўшы дзверцы, глядзеў на кола, сачыў, каб як мага шчыльней пад'ехаць да борта з парэнчамі. Янг пастаяў каля перакіднога мосціка і ўбачыў, што з-за машыны з'явіўся невысокі чалавек у белай курце99
  Індыйская мужчынская рубашка, носіцца навыпуск.


[Закрыть]
. Не баючыся, што грузавік можа на яго наехаць, прытуліўся да парэнчаў і рукою падаваў знакі шафёру: яшчэ трошкі, яшчэ…

– Стоп! – рэзка кінуў руку ўніз чалавек. – Выкульвай!

Кузаў самазвала павярнуўся на бок. Ш-шух!

– Што ён – здурнеў, гэты Судзір?! – вярнуўся да Янга Радж. – Чысціць трэба басейн, а ён…

Белае воблачка пылу плыло міма кабіны, і шафёр памахаў рукою каля твару, нібы разганяў тытунёвы дым, сеў за руль. Машына праехала метры на два ўперад, і шафёр зноў вылез, натужліва трымаючы ў руках велікаватую фанерную скрынку. Штосьці цяжкае было ў той скрынцы, бо і Судзір, узяўшы яе, угнуўся ад цяжару.

Ляпнулі дзверцы, машына крутнула наўкол трыбун, а на алею выскачыла так, нібы ўдзельнічала ў гонках.

Судзір, трымаючы скрынку перад сабою, панёс да сваёй «рэзідэнцыі». Ставіў скрынку каля дзвярэй, і ў ёй штосьці металічнае звякнула. Адчыніў дзверы хутка, гэтак жа імкліва знік за імі са скрынкай.

– Ну і ну… – пакруціў галавою Радж. – Але няма таго тайнага, каб не стала яўным… Пайшлі, пакажу свой прытулак!

Тота за імі не спяшаўся: стаў лапамі на борцік і дурашліва брахаў на дэльфіна, пакручваў галавою, нібы слухаў яго скрып. Здаецца, то быў малы Бобі. Дэльфіня таксама высунулася з вады і з цікавасцю разглядала сабаку.

– Пан, бог і воінскі начальнік, – гаварыў Радж, адмыкаючы свае дзверы. – Ніхто ніколі не ведае, што думае рабіць Судзір. Нават містэр Крафт не адважваецца пытаць пра яго планы.

Янгу спадабалася Раджава камора. Проста цуд, а не жытло! Нібы каюта на якім фантастычным караблі… І чаго толькі ў ёй няма на сценах, на паліцах і стэлажах! Год бы глядзеў і ўсяго не перагледзеў. Аб прызначэнні некаторых рэчаў, вельмі дзівосных, толькі здагадваўся. Аквалангі! А во даўгаватая вострая страла-гарпун з зазубрынаю на канцы… Для чаго Радж яе прыхаваў на паліцы? Вадзіў поглядам направа-налева і ўздыхаў.

Радж адразу падаўся ў дальшы правы кут, там стаяла штосьці падобнае на матор і на тую машыну на колах, што бачыў з хлапчукамі на пантоне, толькі гэтая намнога меншая. Радж уключыў яе, яна запрацавала амаль бясшумна, толькі дзесьці пасвіствала паветра.

– Кампрэсар японскі. Электрычны… Мы ім паветра напампоўваем у балоны, – патлумачыў Радж. – Паднось, будзем зараджаць, – паказаў на стэлажы, на якіх ляжалі спараныя аранжавыя балоны з рамянямі.

Ухапіўся Янг за адну пару – ог-го! Ледзь з месца скрануў. Паглядзеў на Раджа – насміхаецца з яго, ці што?

Радж усміхаўся, але зычліва, па-сяброўску.

– Што – кішка тонкая? Увесь акваланг запраўлены амаль дваццаць кілаграмаў важыць… Гавару, каб адразу зразумеў: з аквалангам плаваць – не дзіцячая справа. Каб не ныў без толку: «Калі з аквалангам, калі з аквалангам?..» Маска з трубкай для цябе – самы раз пакуль што. Асвойвай і плавай… Акваланг вывучыш паступова, за гэты час і сам падрасцеш, памацнееш. А ведаеш, гэтай вагі акваланга ў вадзе не адчуваеш! Наадварот, яшчэ грузілы на пояс прывязваеш, бо выштурхоўвае наверх.

Паднёс адну пару балонаў Раджу і пачуў, што на дварэ нервова заскуголіў Тота. Такі голас ён падаваў, калі сумаваў без гаспадыні ці без Янга або хацеў ісці гуляць. Янг выбег з каморы і ўбачыў, што Тота бегаў каля мосціка, прынюхваўся да іх слядоў, а куды вядуць тыя сляды, не цяміў. Паклікаў яго да сябе, але сабачка толькі павіляў хвосцікам ніякавата, паглядзеў на яго з-пад навісі валасоў, брахануў.

– Радж, я хутка вярнуся! Тота, мабыць, есці хоча, трэба бегчы карміць, – крыкнуў брату і пабег на мосцік.

…Донна Тэрэза яшчэ спала, і Янг ажно чартыхнуўся. Каб ведаў, то гэтак не спяшаўся б. Спытаў бы ў Раджа, мо знайшлася б якая ляпёшка для Тота… Але песта гэты наўрад ці еў бы простую яду.

Янг дурэў з сабакам у гасцінай, пакуль незнарок не брыкнуў нагою маленькі столік. І тут донна Тэрэза пачула іх – выйшла ў начной сарочцы, паціскала, пазяхаючы, нейкую кнопку каля дзвярэй. Пакуль з'явіўся кельнер з рэстарана, яна глядзелася ў вялікае люстра пры сцяне, масіравала павекі і зморшчыны ў куточках вачэй, гаротліва ўздыхала. Потым наляпала сабе на твар чагосьці белага і ружовага, навыціскаўшы з цюбікаў. З такім жудасным тварам-маскаю і заказ на снеданне зрабіла, хлопца-афіцыянта не саромелася.

«Гэтая еўрапейка і за людзей нас не лічыць…» – прыйшла да Янга зусім дарослая думка.

Потым сіньёра надоўга схавалася ў ванным пакоі. Ужо афіцыянт укаціў у нумар двухпавярховы столік на колцах, цалкам застаўлены талеркамі, ужо Янг і Тота і талеркі амаль усе падчысцілі, нават з некаторых соус вылізалі, а сіньёра ўсё не паказвалася.

Крыкнуў ёй, што пойдзе з Тота гуляць, – і хутчэй да дзвярэй.

3

Каля касы дэльфінарыя стаяла чарга людзей. На будыначку, дзе размяшчалася каса і прахадная, вісела папяровая аб'ява, што сёння будуць тры прадстаўленні, першае – у дзесяць гадзін мясцовага часу. Мабыць, містэр Крафт сарыентаваўся: мора бурнае, купацца не палезуць, а загараць цэлы дзень ніхто не вытрымае, значыць, паваляць шукаць іншых забавак.

Каля варот дэльфінарыя з унутранага боку пахаджваў другі вартаўнік, не Малу. Гэта або патомак неграў, або чыстакроўны негр. Твар бліскучы і чорны, нос шырокі і пляскаты. Вартаўнік на выгляд быў люты, здаровы і вялізны, як міфічны герой Раксаса. Хоць і боязна было да яго звяртацца, а давялося прасіцца, каб пусціў да Раджа, тлумачыць, хто Янг такі.

– Свой, значыць, чалавек? – шырока ўсміхнуўся негр, асляпіўшы Янга белізною зубоў. Пачаў адчыняць яму дзверы.

– Ага, – усміхнуўся і Янг, нельга было не паддацца на такую ўсмешку. Узяў на рукі Тота, бо каля яго прыселі ўжо дзве белыя дзяўчынкі, пачалі соўгаць у рот сабачку размяклыя шакаладкі.

– Праходзь і помні: брат майго сябра – мой брат. Алі мяне зваць… – негр прыгнуўся і трыма вялізнымі пальцамі далікатна адагнуў Янгаву руку, што прыкрывала Тота зверху, патрос за далонь – нібыта паздароўкаўся. Гэта таксама развесяліла Янга: дзівак, відаць, гэты Алі. І імя яму правільна бацькі далі1010
  Алі – велізарны (сінгал.).


[Закрыть]
. Цікава, якая сіла ў яго ручышчах? Што было б з рукою Янга, каб Алі паздароўкаўся як след?

Радж сустрэў заклапочана.

– Ты яшчэ ні разу не бачыў праграмы прадстаўлення?

– Не.

– Каля перакіднога мосціка лаўка – гэта нібы дырэктарская ложа. Сядзь там і глядзі. Гэта насупраць трыбун, відаць усё добра, на ранішнім прадстаўленні сонца табе збоку будзе – таксама добра. А ў мяне пакуль што справы.

Янг адышоў, каб не замінаць яму. Сеў на лаўку, сабачку пасадзіў на калені, каб не лез абы-куды. Але Тота ўвесь час неспакойна паглядваў на ваду, там праплывалі сюды-туды, вынырвалі і шумна выдыхалі паветра дэльфіны. «Ай-яй, якраз як людзі, калі доўга ныраюць і ўсплываюць…» – не пераставаў здзіўляцца Янг. Ён ужо не звяртаў увагі на Тота, які тузаўся ў руках, скроб нагамі, каб вылузацца на волю. Янг сачыў толькі за дэльфінамі, асабліва за маленькім Бобі. Малыш часцей, чым дарослыя, выстаўляў з вады галаву. Прыветліва разявіўшы рот, ён аглядаў трыбуны, якія пачалі запаўняцца людзьмі, або падплываў і глядзеў на… Тота!

– Бобі, Бобі, малышок ты мой… – ласкава шаптаў Янг, хацеў, каб дэльфіня глядзела на яго.

Бобі нібы паслухаўся, наблізіўся да самага борта, усклаў галаву падбародкам на кант. «Скір-р-р, трын-н-н, трын-н», – паглядзеў у самыя вочы Янга, штосьці папытаў. І быццам зразумеў, што кантакту не адбудзецца, зноў утаропіўся ў Тота, заўсміхаўся на ўвесь рот. Тое калматае і чорнае, што борсалася ў Янгавых руках, цікавіла больш – нібы дзіця новая цацка. Вочы дэльфіняці, здавалася, ажно ўмольвалі: пусці, дай гэтае калматае стварэнне, пагуляць, пазабаўляцца з ім у вадзе.

Янг упёрся каленямі ў бетонны борт, прысеў. Сабачку падсунуў пад чырвона-жоўтую парэнчу – нюхайцеся, знаёмцеся. Бобі шырока разявіў рот, поўны вады. Доўгія рады белых і вострых зубоў здаліся Тота вельмі страшнымі. Завішчаў, задрыгаў лапамі і хвастом: падумаў, што Янг хоча сунуць яго ў гэтыя страшныя зубы. І тады Бобі лінуў вадою з рота на сабачку – як з конаўкі! Ад такое нечаканасці спужаўся не толькі Тота, але і Янг – адхапіў сабачку, адскочыў сам.

– Ха-га-га! – выбухнуў рогат на лаўках. З трыбун даўно ўжо сачылі за Янгам і сабачкам.

Гледачы, якія ўладкаваліся раней, нецярпліва разглядвалі басейн і тое, што ў ім робіцца. «Вунь адзін! А вунь яшчэ два!» – захоплена выгуквалі то там, то тут, заўважаючы дэльфінаў. Дзеці пляскалі ў ладкі ад радасці.

Вось ужо трыбуны запоўніліся цалкам. Недзе на вышцы азваўся невідочны рэпрадуктар, палілася чароўная музыка. З-за дома выйшаў з тазікам нарэзанай рыбы Гуга, паставіў яго каля ніжняга памоста. Мужчынскі голас па-англійску, а потым па-французску і па-іспанску штосьці расказаў пра дэльфінаў. Пасля ў рэпрадуктары шчоўкнула, і зноў палілася ціхая музыка. Пад вышкаю – насцеж, рэзка – расчыніліся дзверы. Паўстаў чалавек, захутаны ў шырачэзны чорны плашч па самы нос. Зрабіў некалькі крокаў да басейна і зноў велічна замёр. Замаруджаным жэстам, нібы які факір, скінуў плашч з плячэй. Не азіраючыся назад, шпурнуў яго. На той момант ззаду апынуўся Гуга, злавіў плашч на ляту і тут жа знік з ім у дзвярах. Чалавек застаўся ў чорным і гладкім, ажно блішчаў, гідракасцюме, без шлема. «Той самы Судзір, дрэсіроўшчык! Туману напускае, каб больш уразіць публіку…» – падумаў Янг. Пакуль лілася музыка, дэльфіны таксама, відаць, рыхтаваліся да прадстаўлення, бо рухі іх усё больш спакайнелі.

Раптам Судзір рэзка падняў руку, нібы вышморгваў з вады рыбу, і адзін дэльфін высока сігануў угору, тузануў зубамі за вяровачку звона, які звісаў з другога памоста вышкі. Гухнуў назад з такім плёскатам, што вада кінулася з басейна на берагі, адкацілася, зноў плёхнула, а каля мосціка глуха застукала ў бераг лёгкая, з пенапласту лодачка. І толькі цяпер заўважыў Янг, што там вядуць у ваду трубчата-металічныя лескі.

Гледачы заапладзіравалі, запляскаў і Янг, заціснуўшы Тота пад левым локцем. А Судзір узяў з тазіка кавалак рыбы, кінуў выканаўцу нумара. Каторы з дэльфінаў быў той, што скакаў, Янг не пазнаў: яны ўсе павысоўвалі з вады разяўленыя раты.

Упоперак басейна на тросе віселі тры абручы, сярэдні быў трошкі ніжэй за два крайнія. Судзір зрабіў знак рукою, і Гуга, які апынуўся каля вышкі, штосьці адвязаў ці пакруціў, і абручы апусціліся, да вады засталося з метр.

Янга дзівіла, што голасу Судзіра не было чуваць, камандаваў дэльфінам, мабыць, толькі жэстамі. Узмах рукі – і тры дэльфіны вынырнулі адначасова каля абручоў, паглядзелі на іх, нібы прымерыліся, на якую вышыню скакаць, і тут жа зніклі пад вадою, каб разагнацца. Зноў узмах рукі, і тры бліскучыя шэра-сінія целы выгнуліся бакамі, сіганулі праз абручы, разам плаўна шчабоўкнулі ў ваду. «Ай-яй-яй, – зноў задзівіўся Янг. – Які дакладны разлік! Ні хвастамі, ні плаўнікамі ніводзін не зачапіўся!» На гэты раз ён заціснуў Тота між каленяў і пляскаў так, што далоні ажно гарэлі.

Потым дэльфіны скакалі цераз вяровачку з надзетымі на яе каляровымі трубкамі з каленцаў бамбуку. Першы раз Гуга замацаваў вяровачку на метр ад вады, другі раз – метры на тры. Скакалі цераз бар'ер не трое, а двое дэльфінаў, але не пазнаць было, ці гэта другія, ці з тых трох. У разяўленыя раты паляцелі кавалкі рыбы, і гэта чамусьці Янгу не падабалася, нібы Судзір прыніжаў дэльфінаў да ўзроўню сабак. Маленькі Бобі таксама разяўляў каля Судзіра рот, але яму не папала ніводнага кавалачка. «У-у, скупеча!» – занелюбіў Судзіра Янг.

Потым дрэсіроўшчык кінуў у ваду падобны на какосавы арэх мячык. Дэльфіны ўзахапкі рынуліся да яго, адзін з іх схапіў мяч ротам і, падплыўшы, кінуў у рукі Судзіру. За другім разам дэльфін кінуў мяч не ў рукі, а ў баскетбольную сетку, прымацаваную таксама на сярэдняй пляцоўцы. І зноў усе задаволена заапладзіравалі, а Янг адчуў, што адразу ўлюбіўся ў дэльфінаў. Калі ж Судзір накідаў у ваду рознакаляровых кольцаў, дэльфіны пачалі лавіць іх, надзяваць на рострумы і несці Судзіру. Двойчы кідаў кольцы Судзір, і двойчы адзін самы вёрткі дэльфін лавіў па два кольцы і падаваў дрэсіроўшчыку. Бобі круціўся, незадаволена скрыпеў: яму таксама хацелася хоць раз злавіць кольца, але з-за дарослых не ўдавалася.

Янг забыўся, што ў яго пад рукою Тота. Стаў каля парэнчы і так заляпаў далонямі, што сабачка тузнуўся і… вылузаўся з-пад рукі. Упаў на трубу, скрабануўшы па ёй кіпцямі, потым на краёчак бетоннага бар'ера – боўць у ваду. Схаваўся з галавою, вынырнуў – галава зрабілася маленькая, валасы прылізаныя, замалаціў па вадзе пярэднімі лапамі, даплыў да сцяны. Драпае кіпцюрамі, а зачапіцца няма за што. Гледачы пляскаюць, крычаць, некаторыя паўставалі.

Янг нічога з сябе не здымаў, пераступіў парэнчу і боўтнуў уніз галавою.

Вынырнуў мо на сярэдзіне басейна, павярнуў назад, да сабачкі. Але хутчэй за яго каля Тота апынуўся Бобі. Выставіў галаву каля сабачкі, разявіў ва ўсмешцы рот – «Прывітанне, дарагі!». Тота віскнуў ад страху, яшчэ мацней замалаціў лапамі, задрапаў сцяну, каб узлезці,– і ападаў, ныраў з галавою. І тады Бобі таўхануў рострумам Тота ў жывот, прыўзняў яго над вадою. Сабачка завіс, завагаўся – пераважваў то хвост, то галава. Бобі апусціў яго ніжэй, потым зноў таўхануў угору, як мячык. А тут і Янг даплыў, схапіў леваю рукою Тота за шкірку. Некалькі ўзмахаў праваю, і Янг ужо каля лодачкі, што пагруквала бортам аб сцяну. Пасадзіў у яе сабачку, а сам – усё роўна ўжо мокры! – нырнуў спачатку пад Бобі, каўзануўшы спінаю яму па жываце. Вынырнуў, а гэтае самае тут жа зрабіў Бобі – паднырнуў пад Янга, правёўшы яму па жываце пругкім плаўнікам. Янг крутнуўся, ухапіўся леваю рукою за спінны плаўнік, і Бобі моцна запрацаваў хвастом. Абодва ўпобачкі хутка праплылі па басейне.

– Стой! Хто такі? – крычаў з берага Судзір. – Гуга, чаму ў басейне пабочныя асобы?!

Ніхто яму не адказваў.

Бобі ў гэты час павярнуўся плысці назад, і Янг захацеў паказаць яшчэ адзін фокус – сесці на Бобі верхам. Але пругкае, слізкае цела было не ўтрымаць нагамі, дый Бобі быў малаваты для гэтага. «А на дарослым якраз было б!» – паспеў падумаць Янг, паглядзеў у бок Судзіра. Той стаяў збялелы, губы шчыльна сціснуты і толькі гроб паветра праваю рукою, нібы вымятаў яго з басейна: «Вон! Прэч!»

Упобачкі з Бобі паплыў да лодкі. Яе якраз адвязваў Гуга, мо хацеў падцягнуць бліжэй і забраць сабачку. Тота ў гэты час так асцепваўся – ажно з ног падаў. І тут здарылася яшчэ нечаканасць: Бобі выхапіў зубамі павадок з рук Гугі і павалок лодку на сярэдзіну басейна. На трыбунах успыхнуў рогат і свіст: такога цікавага нумару яшчэ не даводзілася бачыць.

Янг, збянтэжаны, вылез па лесвіцы з басейна, пачаў здзіраць з сябе сандалеты і выліваць з іх ваду. І яму было смешна з усяго, і ён рагатаў. Але каб ведаў, што зблытаў усю праграму прадстаўлення і што Судзір ужо шалее ад злосці, то не смяяўся б.

У Бобі хапіла ахвоты зацягнуць лодачку толькі на сярэдзіну басейна. Далей не ведаў, што з ёю рабіць. А мо вырашыў, што пажартаваў, і хопіць. Выскачыў радасна з вады, плюхнуўся і паплыў да Янга, выставіўшы з вады разяўлены рот – прасіў на ўзнагароду рыбку. Не Янг, а Гуга падышоў да тазіка, узяў кавалак рыбіны, кінуў Бобі.

– Гуга! – голас у Судзіра сарваўся на нейкі рык. Вочы гарэлі ад ярасці.

Тым часам дарослыя дэльфіны абкружылі лодачку, штурхалі яе насамі. Тота, абапёршыся пярэднімі лапамі на борцік, баязліва паглядваў на іх, павіскваў. Дэльфіны таксама не ведалі, што рабіць з лодачкай, такога нумару не развучвалі, дый Судзір не падаваў ніякай каманды.

Янг зноў пераступіў парэнчу, крыху прысеў і адштурхнуўся, узмахнуўшы рукамі. Апісаў дугу, увайшоў у ваду прыгожа, мо ніводная пырска не ўзляцела. Вынырнуў каля лодачкі, і Тота завішчаў мацней, захваляваўся, затупаў пярэднімі лапамі. Янг схапіў лодачку за павадок, прыбуксіраваў да лесвічкі, падаў яго Гугу. Заціснуў Тота пад паху і выбраўся з басейна.

Гледачы былі задаволены. Наступныя нумары, якія паказваў Судзір, ужо амаль не захаплялі людзей. Дэльфін цягне за павадок лодку з Судзірам? От дзіва, дык гэтае ж самае рабіў Бобі, толькі вёз не чалавека, а сабачку. Плыве Судзір, учапіўшыся за плаўнік дэльфіна? І гэта было, Янг рабіў такое. Апіраецца Судзір рукамі на спіны двух дэльфінаў і ўсе разам ляцяць, як тры злучаныя тарпеды? Гэта цікава, гэтаму нумару можна папляскаць. Нават Янг паапладзіраваў Судзіру, заціснуўшы зноў Тота каленямі.

Судзіра дэльфіны прымчалі да лесвічкі, і ён выбраўся паволі з басейна – чорны, бліскучы. «Наце!» – кінуў у разяўленыя раты па кавалку рыбы.

Лёгкая музыка, якая суправаджала ўсе нумары, скончылася, а праграма прадстаўлення не была выканана. Янг з сабачкам і Бобі занялі некалькі мінут. Пагэтаму апошні нумар ішоў ужо без музыкі. Дэльфіны па знаку Судзіра выскоквалі на ніжні памост, укладваліся адзін на аднаго, як палены дроў. Нават Бобі некалькі разоў скокнуў, каб прыладкавацца хоць з краечку, але кожны раз саскоўзваў у ваду – месца было мала.

Усім дэльфінам у разяўленыя раты Судзір сунуў па рыбіне, а на малога нават не глянуў. Дэльфіны паволі саскоўзвалі-звальваліся ў ваду, адплывалі. Гледачы трохі паапладзіравалі і гэтаму нумару, і Судзір, пакланіўшыся, працягнуў руку да сярэдняй пляцоўкі вышкі, узяў мікрафон.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю