355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Павел Мисько » Грот афаліны » Текст книги (страница 26)
Грот афаліны
  • Текст добавлен: 24 марта 2017, 14:00

Текст книги "Грот афаліны"


Автор книги: Павел Мисько



сообщить о нарушении

Текущая страница: 26 (всего у книги 30 страниц)

Раздзел пяты1

Няшчаснаму і галоднаму – кожны год высакосны, кожныя суткі – год.

Янг не памятаў, як перабраўся з Крабавага пляжа на парог. Не памятаў, як забіраў з сабою рагожны мяшок, падсцілаў пад бок. Але ачнуўся на парозе, ачнуўся ад рэзкага і звонкага грукату – якраз як б'юць па пустой бочцы з-пад бензіну. Сеў, ашалела круцячы галавою, не цямячы, дзе ён і што з ім. Адно вуха балела і не чула, другое чула добра. Мо ўжо раніца? А вочы ўраз накалоліся на святло лямпачкі, а потым намацалі і тое месца, адкуль далятаў такі аглушальны, памножаны рэхам гук: дон-дын, дон-дэн-дын… Два чалавекі ў чорных гідракасцюмах завіхаліся на Крабавым пляжы каля паласатых бочак – акурат такіх, як пад буйкамі, майстравалі штосьці падобнае на плыт. Мабыць, усё, што трэба было, падрыхтавалі ў лагеры, бо плыт збіраўся з гатовых дэталяў. Чатыры бочкі былі звараны тарцамі па дзве, а зараз гэтыя выдаўжаныя пары злучалі па краях дошкамі, каб атрымаць нешта падобнае на раму. Непадалёку ад работнікаў ляжала сцірта карацейшых дошак, а каля самай вады аднабалонныя аквалангі.

Аквалангісты ўсё гэта сюды даставілі па падводнаму ўваходу, узвалаквалі на пляж, грукату-звону, пэўна, хапала. А от жа не чуў Янг, спаў як забіты. Можна было падплысці да яго, узяць соннага голымі рукамі.

Аснову плыта са скрыгатам ссунулі ў ваду, адзін аквалангіст, пахістваючыся, адразу перабраўся на яго. Пагойдаўся, прысядаючы, выкрыкнуў штосьці падобнае на «Го-го!», потым «Ол райт!». Сказаў, каб другі падаваў яму з берага карацейшыя дошкі. Прыбіў адну, прыбіў другую. Той, што на беразе, набраў дошак цэлае бярэмя і пералез туды сам, расклаў усе памостам. Таксама пагойдаўся, сказаў, што з аднае бочкі не чыста вылілі ваду, бо плыт асядае на адзін рог. А потым стаяў, узяўшыся ў бокі і гледзячы ў напрамку да Храмавага грота, амаль што на Янга. Мо выглядаў дэльфінаў? А першы поўзаў на каленях, круціўся, грукаў малатком, пакуль усё папрыбіваў. Час ад часу той, што стаяў, паварочваўся да прыбівальшчыка, штосьці гаварыў, але з-за стуку разабраць было нельга.

У Янга пяршыла ў горле, хацелася добра пракашляцца, але ён толькі паціху пырхаў, баяўся, каб гэтае пырханне не вельмі вылучалася з шуму вадаспаду. Даймаў насмарк, даводзілася часта выцірацца ці бязгучна смаркацца. Прастыў у гэтай макрэчы і холадзе… Разумеў, што яго становішча ўскладнілася: цяжэй будзе з насмаркам і кашлем ухавацца ад чужых вушэй. Цяжка будзе і пад вадою, калі давядзецца ныраць.

Прыступамі калацілі дрыжыкі: соннага добра прабрала холадам. Давялося памяць за бакі, надаваць самому сабе кухталёў, парасціраць жывот і спіну, грудзі, ногі, рукі. Намацаў складанчык-зломак, дастаў з-пад сябе рагожу. Доўга мацаў, круцячы перад сабою, мяркуючы. Вось дно, у ім выража дзірку. І дзве зверху з бакоў, каб прасунуць у гэтыя дзіркі галаву і рукі.

Рэзаў-пілаваў, памагаў нажу зубамі. Урэшце ўсцягнуў на сябе апранаху з усмешкай: «Пудзіла агароднае…» Некалькі разоў лавіў яшчэ на шыі асобныя валаконцы, вобмацкам адрэзваў, каб не казыталі, не калолі.

А позірку не зводзіў з тых двух на плыце: «Што будуць рабіць далей? Нашто ім гэты плыт? Не вельмі разгонішся на ім тут у цемры. Але калі мець вёслы ці што-небудзь падобнае, то можна абплаваць усю пячору, абследаваць… І мяне знайсці! Але каля іх, здаецца, няма ліхтароў, хіба мо дзе на пляжы…»

– Гэ-гэй, Магамет! – закрычаў зычна той, што стаяў рукі ў бокі. Пад скляпеннем рассыпалася громам-гулам: «…мет…мет… мет!» – Калі не ідзеш да гары, то гара прыйдзе да цябе!

Янг уціснуўся ў скалу: здалося, што аквалангіст яму крыкнуў, у яго бок глядзеў. «Але хіба мяне Магаметам зваць?»

– Ціха! Здурэў? Дэльфіны не любяць шуму, – прыбівальшчык таксама ўстаў на ногі. Абодва на фоне святлейшай сцяны каля лямпачкі выглядалі як цені-сілуэты.

– Гэта навуцы невядома. А што ультрагуку свінні не любяць, баяцца – можна заўважыць.

– Гэта афаліны, а не марскія свінні.

– Адзін чорт. Хто б мог падумаць, што з простых пухіроў можна стварыць такую заслону.

– Гэта не простыя пухіркі. Адваротны п'езаэлектрычны эфект.

– Ты кумекаеш трохі, з чым яго ядуць?

– Ну…

– Гані лекцыю, прафесар.

– Значыць, так… Калі з крышталю кварца выразаць своеасаблівым спосабам пласцінку, то, сціскаючы і расціскаючы яе, на гранях узнікаюць электрычныя зарады, процілеглыя па знаку. Гэта – прамы п'езаэлектрычны эфект. А калі, наадварот, да гэтай пласцінкі падвесці электрычны зарад, то яна зменіць свае памеры. Чым большы зарад, тым большая атрымаецца дэфармацыя пласцінкі ці пласцінак. Калі пераменным токам дзейнічаць, то пласцінка будзе сціскацца і раздавацца ў такт са зменай плюса на мінус. Ёсць спецыяльная ультрагукавыя генератары, калі з іх дапамогаю змяняць плюс на мінус з ультрагукавою частатою, узнікнуць ультрагукавыя хвалі. Дык вось, змены ў памерах пласцінкі пад уздзеяннем току і называюцца адваротным п'езаэлектрычным эфектам. Але цяпер з крышталю кварца такіх пласцінак не робяць, а з п'езакерамікі. Гэта ў дзесяткі і сотні разоў танней. І з іншых рэчываў робяць… Каб атрымаць вялікай інтэнсіўнасці ультрагукавое выпраменьванне, яго факусіруюць спецыяльнымі канцэнтратарамі. У нас, калі ты заўважыў, такія жалабкі з трубак зроблены… Яны і канцэнтруюць, факусіруюць ультрагукавыя хвалі да таго, што ў вадзе ажно пухіркі ўзнікаюць… У іх тэмпература – тысячы градусаў, а на ваду перадаецца ціск страшэнны… Сотні атмасфер!

– Як рэпу грызеш… А мне начхаць на ўсе гэтыя пухіркі… Абы яны рабілі для нас тое, што мы хочам.

Многіх пачутых ад «прафесара» слоў Янг не зразумеў, некаторых мо і не дачуў. Але запомнілася «лекцыя», і ён рашыў пераказаць усё Раджу. Калі жывы застанецца, вядома… Цікава, ці зразумее ўсё гэта брат?

– Значыць, дэльфіны не могуць адсюль уцячы?

– Не могуць. Хіба што рухавік спыніцца, электрастанцыя.

– Мы маглі б і пры беразе гэтаю самаю заслонаю з пухіркоў адгарадзіць загон, і хай бы плавалі.

– Ну але! А як ты іх потым прымусіш лезці ў пячору? А тут яны на месцы, а з плытом увогуле ў два разы можна паскорыць абарот, не трэба будзе цягаць пароду да лямпачкі.

– Трэба зрабіць пераносны свяцільнік, пусціць проваду футаў2020
  фут – 30,48 сантыметра. Гэтая мера даўжыні прымяняецца ў Англіі, ЗША і ў іншых краінах з англійскаю сістэмаю мер.


[Закрыть]
трыста, каб з плытом пераносіць. І мыць будзем на плыце.

– Майкл табе не казаў? Гадзіны ў дзве ночы тэлефон зазумерыў. З пячоры… Алё, алё, а ў трубцы – маўчок.

Янг і дыхаць перастаў. Няўжо – уліп?

– Сырасць вялікая. Замкнула кантакты.

– Сырасць? Сырасці, праўда, хапае. Раматус можам падхапіць… Ха-ха, у тропіках, у чарцячым пекле! Каб хоць добра ведалі, што недарэмна змарнуем час.

– Не змарнуем. Мора чаму вялікае? Бо і ад малых рэчак і ручаёў не адмаўляецца. Гэтак мясцовая мудрасць гаворыць… Ну, а мы будзем кляваць, кляваць… Па зярнятку, па дзве-тры унцыі2121
  Унцыя ювелірная (аптэкарская) роўна 31,103 грама.


[Закрыть]
, па самародку.

– Самародкаў захацеў!

– Будуць і самародкі… Учора колькі мы тут палазілі, а пяць унцый намылі. Не тое што ў ручаях.

– А спачатку здалося, што ў ручаях павінна было быць больш.

– Як дзе… Каб добра разведалі, пашукалі, то мо і ў ручаях маглі на радовішча напасці… А з туземцаў ніхто нічога не ведае пра золата. Баяцца гэтага возера.

– Стары, то ты мо кумекаеш, як і з гэтымі бутэльканосамі ўпраўляцца? Я ўчора і па імёнах зваў, і рыбаю падманьваў – ніводзін не падплыў. Курсіруюць зводдаль, паглядваюць.

– Мо не нам трэба было з імі займацца. Хай бы тыя, хто не ўдзельнічаў у выкраданні, транспарціроўцы. Мо яны нас па паху пазнаюць?

– Д'ябал іх ведае… А мо проста да лямпачкі баяцца падплываць? І заслона пухірковая моцна ўплывае на іх – здалёк чуюць, хоць там і скіраванае выпраменьванне. Паспрабуем з плыта…

Вада ў пячоры хоць памалу, а ўсё-такі рухалася ў напрамку да выхаду. Бо стаялі тыя двое на плыце спачатку так, што лямпачка выблісквала з-за пляча левага. А пакуль пастаялі, пагаварылі – пачала выбліскваць паміж імі, потым – з-за пляча правага. Плыт ледзь прыкметна ішоў за вадою.

– Піт быў у дэльфінарыі, а нічога не можа сказаць, якія каманды падаваў той дрэсіроўшчык.

– Ён дэльфінаў бачыў у час прадстаўлення, а не на занятках.

– Я ж гаварыў Піту: рана! Няхай лепш абучацца. Не-е, давай-давай, хап-хап. А цяпер хоць пад хвост ім трубі.

– А калі больш не было б такога зручнага выпадку?

– Не было б, то самі падстроілі б. Цярпеннем трэба было запасціся, цярпеннем!

– Цярпеннем… А забыў, што час – грошы? Не ведаеш, дзе выйграеш, дзе прайграеш. Паспрабуем, не атрымаецца нічога – давядзецца Судзіра ў долю браць.

– Гэта той дрэсіроўшчык?

– Ну… Штучка – палец у рот не кладзі.

– Шэф сёння прыплывае, то скажа, што рабіць.

– У шэфа, думаеш, парламент, а не галава?

– Не парламент, але – галава.

– Згодзіцца шэф… Не бачу я іншага выйсця. Калі на адным згубім, то на другім выйграем.

– Сняданак – дзе? На пустой каве скора ног не павалачэш. Умяць бы хоць пару сандвічаў.

– Вунь… на тыя чарпалкі клаў я.

– Мяшок рагожны ты не браў? Я ўскідваў учора на чарпалкі, каб трохі абчах.

– Не бачыў… Крабы мо сцягнулі.

– А рыбу куды паклаў?

– Там жа… Не дабяруцца, не бойся.

– З гэтымі крабамі… Хоць махалам махай. Лезуць, як мухі на струп.

– Думаеш, паможа гэтая рыба? Дэльфіны не галодныя, начхаць ім на наш пачастунак.

У Янга даўно свярбела ў носе. Ён і на пераноссе ціскаў, і смаркаўся паціху, і чухаў пальцам у ноздрах. Не памагала, чхнуў – выбухова, бо заціскаў і нос і рот далонямі.

– Будзь здаровы! – сказаў правы аквалангіст.

– Гэта ты мне? Я не чхаў… Мо дэльфін.

– А што, дэльфіны таксама чхаюць?

– Мо і чхаюць. Кажуць, у іх мозг вельмі на чалавечы падобны.

– Калі так падобны, то мо іх і спакушаць трэба чым-небудзь іншым… Скажам, віном, а не рыбаю.

– Ха-ха, ну й прыдумаў!

– Рыбы ў пячоры хапае, пакуль не пераловяць усю – не суйся. А пераловяць – самі на паклон прыйдуць. А мы ім: хто не працуе, той не есць.

– Стары, ты не сацыяліст? Цяпер модна пад сацыяліста афарбоўвацца.

– Ты што – таго? – правы аквалангіст пакруціў пальцам каля скроні.

– Хм… Значыць, ты самастойна адкрыў адзін з асноўных сацыялістычных прынцыпаў.

– Значыць, сацыялісты – не дурныя, калі да гэтага дадумаліся.

– Разбалбаталіся мы тут…

– Ніхто не пачуе.

– Я не пра гэта. Працаваць трэба, а мы… Адцягваем час, адцягваем. А потым Піт ці шэф спытаюць: а што вы зрабілі за дзень?

– Ага-а… Каб яны выдахлі, гэтыя дэльфіны… Ведаеш, давай паснедаем, а тады і пачнём.

– Давай, хіба я супраць?

Двое на плыце пасталі на коленцы, загрэблі рукамі ваду, каб шчыльней прыстаць да пляжа. Як быццам баяліся намачыць гідракасцюмы. А прысталі, то першы, што ступіў на бераг, пачаў рабіць нагамі выверты, нібы стукаў імі туды і сюды, штосьці расшпурліваў у бакі. Спыніўся каля сцірты саўкоў, заглянуў па адзін бок, па другі, патупаў грозна, пужаючы крабаў.

– Стары, ты не памятаеш, што робіш. Ніякай рагожы тут няма.

– Ч-чорт… Я ж не звіхнуўся. Няўжо крабы маглі куды звалачы? – той, што чартыхнуўся, азіраўся наўкола, аглядаючы ўсю пляцоўку. Потым прайшоўся паўз самы край, углядаючыся ў ваду. Аднекуль з правага краю, дзе была ўжо цемра, прынёс дзве круглыя штукі, падобныя на рэшаты, папераварочваў іх. Абодва аквалангісты паселі на іх носам да носа, узяліся патрашыць бліскучы празрысты мяшок з харчамі. Сядзелі так, што адзін закрываў крыху другога і закрываў тое, што даставалі з мяшка. Гаварылі далей напаўголаса, і Янг, хоць і настаўляў здаровае вуха, нічога не мог разабраць.

Уявіў, што яны ядуць, якую смакату, і ў жываце пачаліся галодныя рэзі. Зачэрпнуў далоняй салёнае вады, глынуў. Пацягнула на ваніты.

Сядзеў на ласце, скурчыўшыся, прыціснуўшы далоні да жывата, а локці да бакоў. Дрыжыкі ўжо не білі, рагожа і ласт усё-такі памагалі. Стараўся больш не думаць пра яду, засяродзіцца на тым, што пачулася з размовы тых двух.

Чакаецца сёння прыезд нейкага шэфа…

Спадзяюцца, што шэф дазволіць паклікаць сюды Судзіра…

Так, гэта – галоўнае. Дык што – адразу падплысці да Судзіра? Так і так, маўляў… Усё-такі знаёмы чалавек, разам у дэльфінарыі працавалі. Мо паможа выбрацца?

«Перапалохаецца, як убачыць мяне. І так падазрэнні на яго падалі, што памагаў дэльфінаў красці.

А цяпер будуць яўныя доказы, што саўдзельнік. І я – сведка… Дык нашто яму сведкі? Ці не лепш пазбавіцца ад іх?»

«Чакай, чакай… Ён жа не дурань. Ён сам бачыў, як горнуцца да мяне дэльфіны. Не абысціся яму без мяне… Спалохаецца толькі спачатку, а потым захоча скарыстаць. Без мяне яму як без рук! З чужынцамі ж дэльфіны не ідуць ні на якія кантакты…»

«Будзе трымаць, як у турме-цямніцы, свету белага не ўбачу ніколі. А Радж пашукае трохі, пашукае і… перастане…»

Горка Янгу і горна, крыўдна на свой лёс. «А я ж не жыў яшчэ, мне ж усяго дванаццаць гадоў…»

«От каб акваланг у іх украсці… Не трэба касцюм, не трэба ласты, маска… Абы загубнік у зубы, абы ўдыхнуць пару разоў… А-а-а! Пухіркі… Разрэжуць, як нажом… Як скрозь іх прабрацца?»

«Дурань… Трэба было глядзець лепш, ці нельга тыя жалезныя штукі, на якіх пухіркі робяцца, прыпадняць. Каб пад іх падлезці… А я «лялькі» прасоўваў… От жа дурань! А цяпер ужо і сілы не хопіць другі раз у масцы падплысці…»

Аквалангісты тым часам паснедалі. Усяго, здаецца, не з'елі, бо штосьці скідвалі назад у празрысты мяшок. Адзін потым устаў, скамячыўшы гэты мяшок, пашукаў вачыма, куды шпурнуць, але кінуў ціха пад лямпачку да сцірты чарпалак. Потым, мабыць, прыбяруць, вынесуць наверх… Абодва адразу заспяшаліся, нібы захацелі нагнаць страчаны час. Перанеслі на плыт некалькі саўкоў, тыя круглыя штукі, на якіх сядзелі, мяшок з рыбаю, падводныя ліхтары, ласты, маскі, аквалангі і яшчэ нейкі згортак.

– Глупства гэтыя ліхтары. Доўга пры іх не напрацуеш, – сказаў адзін.

– Я ўзяў пару запасных батарэек.

– Усё роўна гэта не работа. Ну, дзве гадзіны прамучымся, тры, а толку? Лінію трэба цягнуць – я казаў ужо.

– Скажам матарысту, хай сёння ж зробіць.

– Безгаловыя мы… Трэба было хоць пару вясельцаў з гумавай лодкі ўзяць.

– Ага… Дый лодка-гумоўка спатрэбілася б: колькі ўжо часу мінула, а мы яшчэ добра пячору не абследавалі.

– Піту гэта нецікава. Яму галоўнае, каб рыліся ў гразі, як свінні, гналі чыстаган.

– Дзе сёння будзем? У Дзіравым гроце ці каля вадаспаду? Давай к дэльфінам, у Дзіравы.

– Давай.

Адзін аквалангіст, абуўшыся ў ласты, адштурхнуў плыт ад Крабавага пляжа, плюхнуўся сам жыватом на ваду, ухапіўся за дошкі. Другі ўключыў ліхтар, паставіў яго на тую круглую штуковіну так, каб пучок святла скіраваць уперад, і таксама сунуў ступакі ў ласты, скокнуў з плыта ў ваду, учапіўся поруч з першым.

Плыт рухаўся хутка і якраз на Янга. Круглая, крыху расцягнутая пляма святла слізгацела па вадзе, часам пасвечвала трохі ўправа, калі плыт уздрыгваў, нават забірала і ўгору. Янг адчуваў сябе, як у пастцы. Лезці ў ваду, хавацца там ад аквалангістаў? Не хацелася: толькі-толькі пачаў падсыхаць і сагравацца. Пабраўся ад вады далей, мацаючы рукамі і нагамі. Добра, што сцяна была тут нахільная і намацваліся выступы і выемкі. І раптам рука, працягнутая ўперад і ўгору, не знайшла апоры! Замацаў ёю ва ўсе бакі – дзіва, не сцяна гэта была нахільная, а быццам яшчэ адзін вялікі вал ці парог. Пачаў узбірацца і мацаць больш асцярожна – так і ёсць, за валам ідзе паніжэнне. Закінуў туды адну нагу, падцягнуў другую і ссунуўся за вал нагамі ўперад. Западзіна была неглыбокая, мо крыху глыбей, чым паўметра, і роўная, нібы якое логава. Абрадаваўся неймаверна: недарэмна выбраў гэты парог для жылля. Цяпер у яго і гняздо будзе такое, што не скоцішся ў ваду, і крабаў тут няма, і хавацца добра – знізу, з вады трасцу заўважыш, як ні свяці. Каб Янг ведаў, што такое акопчык з брустверам, то параўнаў бы сваё логава з ім. Адразу пакарыстаўся гэтым брустверам, выглянуў з-за яго асцярожна ўніз. Плыт быў зусім блізка, ліхтар сляпіў. Давялося прыкрывацца рукою, святло ўжо скакала па тым месцы, дзе Янг толькі што быў.

– Во, упёрліся… Грабі ты, я прытармажу. Правей будзем браць, – пачуўся зусім блізка, як над вухам, чужы голас.

– Лявей, а не правей. Я памятаю гэты выступ. Дзіравы грот за ім, злева.

Бочка скрыгатнула, зачапіўшы пад вадою камень. Плыт грабцы адцягнулі крыху назад, а потым скіравалі ў левы бок, а як глядзець Янгу – у правы. Святло ліхтара прапала за мысам-скалою, ледзь бачны водсвет улоўліваўся над грэбнем бруствера. Чым правей да Храмавага грота, тым больш задзіраўся ўгору бруствер. Бачачы святлейшае «неба» і чорны сілуэт грэбня на яго фоне, Янг смела падаўся туды, толькі выставіў перад сабою рукі. Тут можна было амаль стаяць, абапіраючыся ці трымаючыся за грэбень, наглядаць, што робіцца ўнізе, на вадзе.

Контур плыта быў ледзь бачны, з яго ўглыб грота і на ваду падаў сноп святла. Святлелі крыху і плямы за плытом, дзе боўталі ногі плыўцоў – фантастычная, казачная карціна! Янг скіраваў позірк угору – а дзе ж тая дзіра ў скляпенні, падобная на васьмёрку? Вочы прывыклі ўжо да святла ліхтара, хоць і не прамога, не хацелі ўлоўліваць тое, што павінна было прасочвацца зверху. Урэшце штосьці ўбачылася, толькі не васьмёрка, а нібы апалонік з хвосцікам, і зусім бледна. Не заўважыў на той пляме ні зорак, ні лятаючых кажаноў. Мабыць, той апалонік было не само неба, а толькі водсвет дзённага святла, а само неба чымсьці прыкрывалася. Янга апанавала невыносная нуда, хацелася завыць, як Мансураваму сабаку. Быў выпадак, што той завыў на беразе, чакаючы рыбакоў. І наклікаў бяду: не вярнуўся з лоўлі стрыечны Мансураў брат, старэйшы за Янга на чатыры гады. Бедны Мансур, дзе ён цяпер? Ці вылечыўся? У яго ж тады, як нырнуў у лагуне ў час падводнага выбуху, палопаліся перапонкі, і сам быў кантужаны. «У мяне адно вуха баліць, і то не вытрываць… А як яму тады было?»

Тым часам плыт апынуўся сярод дэльфінаў. У моцна расцягнутай авальнай пляме на вадзе ўбачыліся спіны з плаўнікамі, дэльфіны кружылі вакол плыта то ў адзін, то ў другі бок. Урэшце скучыліся і адышлі ў самы далёкі куток, куды святло не даставала.

Абодва аквалангісты ўскарабкаліся на плыт, святло ліхтара пахісталася па вадзе.

– Ну вось… Хоць бяры ласо ды кідай, як каўбой… – голасна ўздыхнуў адзін аквалангіст. – І як да іх паддобрыцца?

– Ты ж крычаў: калі гара не ідзе да Магамета…

– Ага… Паплыву да іх без акваланга, паспрабую з рук пакарміць… Як дзікія, не верыцца, што з дэльфінарыя.

Той, што памінаў ласо, узяў мяшок з рыбаю і кінуўся грудзямі на ваду, ажно хвалі заплёхалі ў сцены. Другі падцягнуў да ліхтара акваланг, стаў штосьці ў ім падвінчваць ці рамантаваць. Янг быў упэўнены, што дэльфіны не паддадуцца на іх заляцанні, і адхіснуўся ад грэбня. Будуць тут аквалангісты забаўляцца доўга, яшчэ і на дно палезуць з чарпалкамі. Трэба скарыстаць гэты момант!

Ён адным махам перамахнуў бруствер, споўз, мацаючы дол, да вады. Скінуў рагожу, скінуў усё адзенне дагала – так, як яны купаліся без дзяўчынак у лагуне Біргуса. Ціха лёг на ваду, асцярожна і раўнамерна запрацаваў рукамі. З Храмавага грота яго не ўбачаць, праверана. Адтуль нават пляжная лямпачка не відаць. Але доўга не будзе на пляжы, толькі схопіць той плёнчаты мяшок з рэшткамі яды – і ходу. «Тут разгледжу, што ў ім… Ха, а як ты разгледзіш у цемры? Дзе мінута, там і дзве, нічога гэта не зменіць…»

Сплаваў недарма. У скамечаным мяшэчку знайшоўся падгнілы банан, зусім добры ўсярэдзіне, бліскучы ад тлушчу агрызачак хлеба і дзве прадаўгаватыя свіныя шкуркі ад бекону. На шкурках сям-там можна было яшчэ абгрызці, абсмактаць сала, дый самі шкуркі немалы ласунак. Толькі трэба ўмець іх есці… Хлеб і банан праглынуў у момант, шкуркі сунуў за шчаку – і назад у ваду.

Ажно настрой палепшаў!

Плыў, плыў і выплыў… у Храмавы грот! Калі нечакана засвятлела ўперадзе і зварухнуліся на гэтым светлым постаці аквалангістаў, нават разгубіўся: «Чуць на плыт не ўзбіўся!..» Забраў правей, хутка намацаў мыс-выступ і свой парог за ім, азірнуўся: усё правільна, адсюль лямпачка відаць. Асцярожна, каб не пазбіваць калені, вылез. Абшморгаў з сябе далонямі ваду, парасціраў трохі грудзі, спіну, ногі, каб разагрэць кроў. З цяжкасцю разабраўся з адзеннем, паўсцягваў на сябе. І пакуль рабіў гэта ўсё, сыходзіў слінаю, прыцмокваў. Каб яны спрахлі, гэтыя шкуркі, так і хочацца глынуць не жуючы. І адразу да грэбня – а што робіцца на плыце? Жаваў, малоў зубамі, млеючы ад асалоды, і наглядаў, услухоўваўся.

А там вылазіў ужо на плыт аквалангіст, што плаваў з рыбаю да дэльфінаў.

– Ну як? – спытаў той, што ўзвышаўся на плыце. – А хай яны падохнуць… І блізка не падпусцілі.

Думаў, мо не бачаць, цёмна. Выму рыбіну, паплюхаю ёю, каб пах пайшоў па вадзе. Ніводзін не падплыў!

– Трэба было хоць так накідаць. Яны не дурныя, зразумеюць, што мы з дабром да іх.

– Кідаў! Во, у мяшку мо трэць толькі засталася. Яшчэ раз паспрабую, у канцы.

– Я прапаную так: першае пагружэнне – удвух. А потым чаргавацца. Ліхтар пастаў, каб свяціў на ваду. Для арыенціроўкі…

Далей яны не перакінуліся ні словам, быццам пасварыліся. Моўчкі сабраліся, пачапілі аквалангі. Адзін узяў падводны ліхтар, не той, што гарэў на краёчку плыта, другі, і дзве чарпалкі. Занырвалі так, нібы хацелі сесці на ўяўны борцік плыта, але знячэўку куляліся дагары ў ваду.

Разышліся і сышліся кругі, пахістаўся крыху ліхтар, падрыгала пляма святла на вадзе…

Янг набраўся нахабства: пакуль яны будуць нагружацца, а потым зачэрпваць, выплываць, ён пашарыць у іх на плыце. Ніякіх пакут сумлення не адчуваў, здалося нават, што даляцеў да яго ўхвальны голас Абдулы: «Малайчына! Так ім, грабежнікам, і трэба!» – «Я нічога не буду браць. Я толькі тэрмас з каваю… Яны абыдуцца без яго, а я ўжо не магу: нутро хочацца пагрэць… Падкіну потым пусты, во здзівяцца!» Раздзеўся Янг другі раз хутка, хацелася хутчэй дапасці да салодкай, духмянай і гарачай кавы. Плюхнуў у ваду смела – не было каго асцерагацца.

Ледзь узабраўся на плыт, стрэмячы калені аб кастравыя дошкі. І адразу пападплывалі дэльфіны, павыстаўлялі паўкругам зубастыя пашчы, чмыхаючы, мурлыкаюць, скрыпяць. Ну і стварэнні! Бобі каля самага памосту, задраў высока галаву і ўсклаў яе падбародкам на беражок, разявіўся як мага. Нібы прасіў-маліў: пакармі! І Янг забыўся на тэрмас, узяўся за плёнчаты мяшок з рыбаю. Бобі далікатна ўзяў рыбку і ссунуўся ў ваду. Астатнім кідаў у раты па парадку. Папала кожнаму па дзве, па тры, а Бобі нават даў чацвёртую, маленькую. Малыш паспрабаваў ускочыць, на памост, як рабіў гэта ў дэльфінарыі, але накалоўся на край дошкі, ссунуўся ў ваду, незадаволена пасвістваючы.

– Няма больш… во, бачыш? – Янг нават вывернуў мяшэчак перад яго вачыма, кінуў яго на круглую штуковіну, заўважыўшы мелькам, што яна падобная на рэшата.

Кепская справа: дэльфіны горш галодныя, чым ён. Яны проста цярпелі дасюль, а цяпер, мабыць, цярпенне скончылася. Зробяцца больш уступчывыя, заскачуць пад дудку чужакоў. Голад – не цётка.

Узяў ліхтар, павадзіў пучком святла па вадзе, правёў паўз сцены, па саміх сценах грота. Святло рассейвалася, але можна было разабраць, што левая сцяна нахілена, як страха, яна няроўная, у наплывах і кулёбах. У самым кутку, дзе цямней, чым дзе, гэтыя наплывы павылазілі з былых шчылін, як высалапленыя наздраватыя языкі. Колер у сцен і «языкоў» шэра-буры, часам карычневы, а то і чорны. Сцяна справа таксама мае нахіл, але пачатак яе блізка ад мыса нібы выкусаны. Там і стварылася тая седлавінка, у якую ён забіраўся, як у логава. Да самага верху вострага скляпення святло ліхтара не даходзіла, але светлая пляма, падобная на апалонік з хвосцікам, ад яго прападала.

Янг спахапіўся: чым ён займаецца?! Жах… Зараз выплывуць аквалангісты… А дзе той тэрмас? Вунь, у другім рэшаце.

Ставячы ліхтар на старое месца, ледзь не сапхнуў яго ў ваду. Заціснуў тэрмас пад паху і плюхнуў жыватом на ваду, запрацаваў адною праваю. Да яго адразу падплыў Бобі, потым выперадзіў, развярнуўся, плюхнуўшы хвастом так, што Янг закашляўся. Хацеў мо сказаць – чаго паўзеш, як маруда-зорка?

Кашляючы, выбраўся на свой бераг. Клаў здабычу пад ногі і добра абмацваў дол, каб тэрмас не скаціўся ў ваду. У той жа момант пачуў за сцяною невыразныя, скажоныя рэхам галасы: выплылі аквалангісты. Добра, што паспеў уцячы… А што яны гавораць? Не разабраць… Адзеўшыся, перабраўся цераз бруствер, прыціскаючы тэрмас да грудзей. Заняў месца каля свайго наглядальнага пункта, слухаў, паглядваў, а рукі рабілі сваё – адвінчвалі накрыўку; зубы тузанулі корак, у нос паляцелі гарачыя пырскі. Наліў крыху ў накрыўку-кубачак, падзьмухаў – і зацмокаў, млеючы ад асалоды і цеплыні ў жываце.

– Бач, асмялелі без нас… Кружаць вакол плыта. Абодва аквалангісты сядзелі на кукішках на плыце адзін супраць аднаго, не знімаючы аквалангаў са спіны. Паміж імі на чарпалцы стаяў ліхтар.

– Я зараз вазьму рыбку, паманю, – устаў адзін на ногі, разгледзеўся. – Ч-чорт… Сапхнулі, мабыць, у ваду, вылазячы. Не бачу мяшка.

– А во, на рэшаце… Пусты.

– Я-як пусты? Там яшчэ кіло тры было! Я добра помню, што не клаў яго на рэшата!

– Стары, лячыцца трэба… Склероз – паганая штука.

– Пайшоў ты!.. Дурнем мяне лічыш, ці што?

– Ну дык дзе тады рыба? І хіба мяшок з нагамі, каб пераскочыць на рэшата?

Устаў і той, што называў другога старым. Падняў ліхтар, правёў святлом па вадзе, паўз сцены, каўзануў трохі па сценах, потым зноў па вадзе. У кружок трапіў магутны плаўнік, мо Дзікаў. Яшчэ раз промень ускінуўся на сцяну – каля самага Янга, і яму давялося нырнуць за грэбень.

– Не падабаецца мне ўсё гэта. Нячыстае тут месца… Недарэмна туземцы на возера не ходзяць. Многа сёння ўсякіх загадак. Выплывалі – ты бачыў, як агонь танцаваў, потым прапаў быў?

– Ну-у…

– Не падабаюцца мне такія фокусы… Слухай, а памятаеш, як Піт расказваў пра прадстаўленне? Дэльфіны выскоквалі на памост, укладваліся… Мо і цяпер пабывалі тут, пакаўталі рыбу.

– Ну але! Яны ў крайнім выпадку сцягнулі б мяшок у ваду і там трыбушылі б яго. А ён ляжыць пусценькі на рэшаце. Прытым… яшчэ і вывернуты! Ды каб яны скакалі на плыт, то ліхтар бы спіхнулі.

«А што вы яшчэ запяеце, калі ўбачыце, што тэрмас…» – не паспеў дадумаць Янг.

– Не ліхтар сапхнулі, а тэрмас… Тэрмаса няма! – той, што стаяў з ліхтаром, няўклюдна затупаў ластамі, свецячы вакол плыта на ваду. – Нідзе не плавае.

– А тэрмас і не маглі сапхнуць, я яго ў рэшата клаў. І добра памятаю гэта, можаш не пасміхацца! Ведаеш, у пячорах часам пасяляюцца гіганцкія васьміногі. Для іх тут добрая схованка… Васьміног можа шчупальцамі чаго хочаш нарабіць.

– Перастань… А то я больш у ваду не палезу.

– Палезеш, нідзе не дзенешся.

Яны папрысядалі каля чарпалак, пачалі грэбціся. Потым застаўся на плыце адзін, а другі з ліхтаром на грудзях і чарпалкаю ў руках каўзануў за борт. Той, што застаўся, зняў з-за плячэй акваланг, асцярожна паклаў на дошкі. Памахаў трохі рукамі, паразгінаўся, націскаючы аберуч на сярэдзіну і віляючы клубамі. Высыпаў з чарпалкі друз у рэшата…

«Знаходзяць яны што ці не? – млява падумалася Янгу. – Каб знаходзілі, то мо крычалі б ад радасці…»

Абрыдла яму сачыць за маніпуляцыямі таго, што на плыце. Не бадзёрасць адчуваў Янг ад кавы, а наадварот – захацелася спаць.

Споўз у лагво, падклаў локаць пад галаву. Яму ўсяму зрабілася цёпла і ўтульна, нават каменная пасцель здалася не такой халоднай і мулкай.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю