Текст книги "Грот афаліны"
Автор книги: Павел Мисько
Жанр:
Детские приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 30 страниц)
Уперад, уперад… Вось тут яшчэ раз азірнуцца на аднаго і на другога: як дыхаюць, як плывуць? Грэхем амаль нармальна, мабыць, мае вопыт. А Пуол адстае, нязграбна перагрэбвае нагамі – у ластах не плаваў, выдыхае часцей, чым магло быць… Пастаяў перад імі амаль вертыкальна, перабіраючы ластамі,– і галавою ўглыб, нагамі ўгору. Трэба спачатку ўразіць падводных падарожнікаў глыбінёй, паказаць прорву-цясніну, змрочную і жудасную. Яна злева ад прыстані. Вада ў ёй туманна сінее, а потым чарнее. Хай заглянуць туды, адчуюць, чым дыхае бездань… Маршрут так і разлічаны, каб уражанні напластоўваліся па кантрасту.
Цела ўраўнаважылася ўжо, нібы зусім страціла вагу, кожная клетачка адчувае асалоду… Колькі разоў такое было, і ўсё да драбніц знаёма на маршруце, а раўнадушна-абыякавым не ўдаецца быць. Радж нібы птушка-велікан над лесам, а пад ім безліч рознакаляровых дробных птушак, нават стракоз і матылькоў, і гэтыя птушкі-рыбкі, стракозы і матылькі амаль не зважаюць на людзей, займаюцца сваімі справамі. Праўда, калі цень ад чалавека падступае да рыб, тыя рэзка адварочваюць убок. І рук баяцца: здаецца, вельмі проста пагладзіць каторую, узяць за хвост. Дзіва што! За кожным тваім рухам падводныя насельнікі сочаць пільна.
Пра зарасці таксама не заўсёды скажаш, расліна гэта ці жывёла. Кусты, дрэўцы, букеты, нарасці… Сцерліся ўсе пераходныя прыкметы, абрысы і формы вычварна-фантастычныя, у глыбіні – расплываюцца ў мяккім зеленавата-сінім святле. Аранжавыя ліліі плаўна варушаць карункавымі пёрцамі-шчупальцамі то кожнай паасобку, то выгінаюцца ўсе разам, нібы паддаючыся падводнаму цячэнню. А вунь рытмічна дыхае-пульсуе штосьці блакітнае, падобнае на грыб з венчыкам шчупальцаў. Актынія… Каля яе раскінулася нібы ўсохлае дрэва з тонкімі галінкамі – чорны карал… Дарагая штука…
Кожны выступчык, кожная ямка, камень-рыф чымсьці ці кімсьці заняты, заселены, і кожную асобіну можна разглядаць бясконца. Выбірае Радж раўнейшую пляцоўку, апускаецца на дно, прымае вертыкальнае становішча. Хай і спадарожнікі спусцяцца, палюбуюцца ўдосталь… На краі гэтай пляцовачкі паміж двух выступаў скалы ракавіна трыдакны – уся ў каралавых наростах, нейкіх раслінах, зморшчаная і непрыгожая. Берагі ракавіны ў брыжах-складках, малюск увесь час то сціскае створкі, то адпускае, і тады паміж іх высоўваецца штосьці студзяністае, ружова-сіняе… Ганяюцца за такімі ракавінамі турысты, гэта трыдакна амаль адзіная, што засталася ў ваколіцы, і яе Радж ахоўвае. Ёй яшчэ расці ды расці, зараз яна, як невялічкія начоўкі-апалушкі, а можа вырасці да двух-трох метраў.
Палюбаваліся? Заклік-узмах рукою, і Радж кіруе да скалы-рыфа. Па дарозе завісае яшчэ над «усходнім базарам». Тут нібы выстаўка рознакаляровых бочак, мяшкоў з копрай, торбачак і кішэнек, глякоў, гладышоў, кубкаў, груш, свечак… У кожнага «вырабу» рознай таўшчыні сценкі, розныя памеры адтулін зверху. Усё гэта – губкі. Паміж «гандлёвымі радамі» губак марудна, выпучваючыся і падцягваючы калюча-кастравыя шчупальцы, паўзуць зоркі.
Рыф заўсёды агіналі з боку пляжа. Правільней, групку рыфаў, бо вакол таго, што тырчаў над вадою, прыляпілася яшчэ некалькі недаросткаў. Пад вадою яны падобныя на кітайскія ці японскія пагады-храмы са шматпавярховымі стрэхамі і пляцовачкамі пад імі, нішамі, запоўненымі ўсялякай жыўнасцю.
На зваротным шляху, зрабіўшы поўную пятлю вакол аблюбаванага рыфа, яшчэ раз спыняюцца каля «ўсходняга базару», нават апускаюцца на дно палюбавацца. Адтуль апошні паўкруг па мелкаводдзю – і на бераг. Усё падарожжа зойме каля гадзіны, гадзіны і пятнаццаці мінут.
Радж агінае рыфы паволі. Хай глядзяць, хай любуюцца. Паварочвае галаву сюды-туды ўвесь час, сочыць, каб турысты не расплываліся, не лезлі ў шчыліны паміж рыфаў. Можна засесці, учапіцца аквалангам, што-небудзь парваць-пашкодзіць ці самому параніцца, ушчаміць нагу з ластам. Ласт не здзярэцца, не згубіцца, ласты прышпілены раменьчыкамі. Але… чаго ні бывае! Яшчэ раз прытармазіў, азірнуўся… Вось Грэхем, а дзе Пуол? Грэхем падплывае да Раджа, таксама азіраецца. Радж робіць яму знак рукою: «Пачакай мяне на месцы!», а сам вяртаецца за рыф, нібы адкручвае віток назад. Так і ёсць, ушчаміў ласт у расколіне… Патузвае, потым згінаецца і нешта робіць, мо хоча адшпіліць. Ну, гэта дарэмна, не так лёгка потым яго пад вадою абуць. Выдыхі ў Пуола кароткія, частыя…
Радж планіруе ўніз, да самай Пуолавай нагі, каб добра разгледзець. Пуол разгінаецца, паказвае ўніз, на ласт. На кароткі час спіна Раджа апынулася ніжэй пояса Пуола. Радж нічога не паспявае разгледзець: мільганула па рыфе цень Пуолавай рукі, улавілася калыханне вады. Крутнуў галаву ўлева-ўгору – і тут жа выкінуў насустрач паўсагнутую левую руку. Пуолава рука з крысам каўзанула па ёй, адлятаючы ўбок. Крыс крамсануў крыху плячо, выпаў. Краечкам вока ўбачыў: скочваецца з прыступкі на прыступку рыфа, адпуджваючы рыбак і ўзбіваючы невялікую каламуту. Разагнуўся, а Пуолавы рукі са скурчанымі пальцамі ўжо каля шыі – цаляе, каб вырваць загубнік ці здушыць за горла… За шклом маскі – выпучаныя вар'яцкія вочы Пуола… Нырнуў пад яго рукі, а правая ўжо ў імклівым палёце: контрудар у сківіцу. Імклівасць руху адносная, пад вадою ўсё робіцца ў замаруджаным тэмпе, шчыльнасць вады не дазваляе. Пуолава галава тузанулася, адкідваючыся назад, з рота выпаў загубнік. А да паверхні ж пяць метраў!
Махае бязладна рукамі, адбіваецца – не падступіцца. Злаўчыўся ўхапіцца ззаду за яго балоны – хутчэй наверх! З-за рыфаў на вялікай хуткасці выплывае Грэхем, даганяе і чапляецца за локаць Пуола, памагае. Хутчэй, хутчэй… Пуол борсаецца, рукі дзяруць сябе за грудзі… Вось і зусім перастаў дрыгаць рукамі і нагамі, страціў прытомнасць.
Вынырнулі, павярнулі Пуола тварам дагары і пад рукі – на бераг.
Менш за ўсё хацелася Раджу яго ўтапіць. Праўда, як убачыў Пуола ў спісе, а потым і самога з крысам на поясе, зразумеў, што паядынка не мінаваць. Схваткі з ім пад вадою не баяўся, нават падумалася, што ў крытычны момант вырве ў яго загубнік – адразу ўціхамірыцца. А цяпер, калі нехаця зрабілася тое, што трэба, занепакоіўся: каб хаця дабром скончылася. Хай бы жыў, хай бы капціў неба, поскудзь…
Насустрач кінуліся Янг і Абдула, памаглі сцягнуць з Пуола акваланг і ласты.
– Радж, у цябе кроў капае з пляча! – спалохана ўсклікнуў Янг.
– Нічога, нічога… – Радж, паклаўшы Пуола грудзьмі на сваё калена, выдушваў з лёгкіх ваду.
Давялося і штучнае дыханне рабіць Пуолу, ажыўляць. Калі ўрэшце той ачомаўся, душачыся дзікім кашлем, яшчэ доўга быў бледны і сіні, як мярцвяк.
– Янг… Адсапецца – завядзеш землячка да душавой, – Радж змахваў з ілба пот і глядзеў на Пуола не толькі з агідай, але і са шкадобай. – Прымеш ад яго акваланг і гідракасцюм. І няхай коціцца на ўсе чатыры бакі. А вы, Грэхем, прабачце мне, што гэтак здарылася. Псіхоз… Пад вадою і не такое здараецца… Можам з вамі прадоўжыць прагулку… калі хочаце… – Мабыць, Радж чакаў, што той адмовіцца. Але дзіва што!
– Ага!.. Ад кожнага капіталаўкладання павінен быць прыбытак, карысць ці задавальненне, – і Грэхем першы ступіў у ваду, на хаду беручы ў рот загубнік і нацягваючы маску.
Радж памахаў паднятаю рукою. Мо хацеў падбадзёрыць Янга і Абдулу ці сказаць, што доўга не затрымаецца.
– Ну як яны… бутэльканосы?1212
Так у ЗША называюць афалін.
[Закрыть] Паддаюцца?
– Па-рознаму.
– Пасоўваецца справа?
– Марудна. Але – пасоўваецца.
– Мы маглі б і аквалангістаў наняць. Але там ёсць глыбіня да сямідзесяці метраў. Эхалотам правяралі. І цемра пракаветная…
– Містэр Піт, а дэльфінам і не трэба святло. Яны ў поўнай цемры могуць працаваць. Санар у іх, ультрагукавая лакацыя… Пасылаюць сігналы, серыі сігналаў на розных частотах, ловяць іх адбіткі. І поўная карціна ў галаве, усё відаць, што перад імі робіцца, якія прадметы, нават з чаго зроблены.
– Той жа прынцып эхалакацыі… Я разумею, містэр Судзір.
– Яны сваімі санарамі і хемарэцэптарамі могуць нават адрозніць жалеза, скажам, ад медзі.
– О-о?! Тое, што трэба.
Уладальнік чужога, незнаёмага голасу чагосьці не дагаварыў. А мо сказаў ціха? Радж яшчэ больш напружыў слых.
Праўду казаў Гуга: усё чуваць, нібы які спецыяльны канал для падслухоўвання ўбудаваны. А мо сцяна мае такія незвычайныя акустычныя ўласцівасці, не глушыць галасы, а яшчэ больш узмацняе? Цікава, а адтуль таксама чуваць, што робіцца ў душавой? Мабыць, не, іначай Судзір больш асцярожнічаў бы пры размовах.
Радж, спаласнуўшы гідракасцюм пад прэсным «дожджыкам», праціраў яго гумаваю порыстаю мачалкаю, каб выдаліць ваду. Міжволі зноў прыслухаўся. Разумеў пакуль што адно: размова датычыць дэльфінаў. Што гэта за ён, містэр Піт, якога так цікавяць дэльфіны?
Голас Судзіра:
– Лягчэйшымі чарпакі трэба зрабіць. Мо нават не з жалеза, каб і моцныя былі, і лёгкія.
– Дзюралюміній падышоў бы. Але яго так хутка не дастанеш.
– Мо дзюралюміній, а мо яшчэ які сплаў. За кошт змяншэння вагі чарпалак можна больш набіраць пароды, грунту… Наконт канструкцыі… У цэлым добра, але заднюю сценку, што прыціскаецца да падбароддзя, лепш рабіць не простаю, а з выразам – па форме шыі. Шчыльней будзе прылягаць, менш рассыпацца, змывацца пры транспарціроўцы. А то пры максімальнай хуткасці пясок струменіцца паўз бакі. Пакуль да месца даставіць, мала чаго ў чарпаку застаецца… А яны яшчэ не разумеюць, што я ад іх патрабую не пусты коўш данесці, а з грунтам.
– Праблемы, праблемы… Чорт бы іх пабраў! А калі вы зможаце паказаць, што яны ўжо могуць рабіць?
– Самае меншае – праз тыдзень. А то і праз два.
– Ч-чорт… Кожны дзень на вагу золата.
– Набіраць, зачэрпваць ужо амаль усе могуць… Акрамя Бобі, малыша. Але ж гэтага мала. Трэба, каб і зачэрпнуў, і вынес наверх, аддаў у рукі. Чалавек наверсе будзе забіраць поўныя, даваць у зубы парожнія, адпраўляць назад. Ага, вось яшчэ што: добра было б дужкі пакрыць якім пластыкам. Не любяць дэльфіны голае жалеза ў рот браць.
– Добра… А ў які момант ім узнагароду ўручаць, заахвочваць?
– Потым я ўсё раскажу. Лепш за ўсё, вядома, калі вынесе і ўручыць поўны чарпак. Я так і прывучаю іх – чым паўней, тым большая ўзнагарода.
– А колькі за дзень яны з'ядаюць?
– Як каторы. Дзіку мо і дваццаці кіло мала… Самкі менш ядуць – дзесяць – пятнаццаць кілаграмаў рыбы. Але ж калі будуць працаваць, то колькасць патрачанай імі энергіі рэзка ўзрасце, значыць, і рыбы трэба больш. Скумбрыю вельмі любяць.
– Абжоры… А так не можа здарыцца, што прынясе, скажам, разоў дзесяць, нахапаецца, нажарэцца – і будзьце здаровы? Не захоча больш і глядзець у той бок.
– Усё можа быць. Загадаць працаваць па дзесяць гадзін у суткі мы не зможам. Усё – на добраахвотных пачатках. У час прадстаўлення мы не накормліваем іх уволю. Вечарам дакормліваем, каму мала.
– А калі, скажам, так: аквалангіст на дне зачэрпвае і дае ў зубы – нясі! Толькі транспарціроўку пакінуць на дэльфінаў.
– Гэта было б прасцей. Але ж вы самі гаварылі, што там ёсць і семдзесят метраў глыбіні.
– Не ўсюды, але ёсць.
– Чалавек доўга не прабудзе на такой глыбіні. А потым трэба будзе дэкампрэсію праходзіць, хуценька не падымешся наверх.
– Ч-чорт…
– Гэта каб, скажам, аквалангісты жылі ў падводным доме, не трэба было вяртацца за кожным балонам на паверхню…
– Падводны дом! Вы забываеце пра затраты…
Дый часу колькі пройдзе, пакуль закажаш ды вырабяць, пакуль сюды даставяць, зманціруюць. Не-е, гэта для нас – фантастыка… Ніхто не дасць пазыку пад такую авантуру. А раптам какос пусты і не прарасце?
– А мне думаецца, каб нічога не было там, то вы не круціліся б каля таго вострава.
– Якога вострава?! Вы што?
– Горнага.
– Не фантазіруйце.
– Я ведаю больш, чым вы думаеце. Горнага?
– Гм-м… адно скажу: у гэтым архіпелагу.
– На Горным, можаце не выкручвацца. Мае людзі высачылі вас, містэр Піт! Хаваецеся пад шыльдаю «Ocean science and Enqineering» – OSE1313
«Навука і тэхніка акіяна».
[Закрыть]. Ведаю таксама, што гэта амерыканскае таварыства, і займаецца яно здабычай алмазаў каля берагоў Паўднёвай Афрыкі. Валодае таксама канцэсіямі на распрацоўку плошчаў кантынентальнага шэльфа каля берагоў Аўстраліі, Тайланда, Малайзіі, Аляскі. Не чуў я, каб султан Муту дазволіў вам займацца гэтымі справамі і на нашай тэрыторыі. Значыць… Значыць, вы тут кантрабандным шляхам! Або выдаеце сябе не за тых, кім з'яўляецеся. Вывад рабіце самі, чым будзе ўсё пахнуць, калі вас выкрыць.
– Вы нас шантажыруеце? Пагражаеце?
– Божа барані. Я вяду з вамі дзелавую размову. Далей… Я ўсё-такі пастараюся даведацца, хто вы такія на самай справе. Гэта – па-першае. А па другое, OSE шукае толькі алмазы. А ў вас, калі меркаваць па намёках, не алмазамі пахне, а… золатам. Так? Так, так, супакойцеся, містэр Піт… Дык вось, трэцяе: у вас няма другога выхаду, як узяць і мяне ў долю!
Запанавала маўчанне. Мабыць, містэр Піт, прыціснуты да сцяны, збіраўся з думкамі.
– Але ж так мы не дамаўляліся, містэр Судзір!.. Мінулы раз мы не пра такую аплату паслуг гаварылі! І вы ўжо ўзялі ў нас задатак.
– Мінулы раз было так, а цяпер будзе гэтак. Па-першае, навучыць дэльфінаў таму, чаму вы хочаце, не так проста. Я пакуль што не знаходжу аналагаў у сусветнай практыцы. Па-другое, у мінулую нашу сустрэчу я яшчэ нічога не ведаў пра вас, гаворка ішла ўсляпую. Па-трэцяе, у тайне ад містэра Крафта мы не зможам гэта зрабіць. Значыць, яшчэ і яго давядзецца ў долю браць. Калі справа павярнулася такім чынам, то давайце займацца бізнесам сумленна.
– Сумленна! – іранічна хмыкнуў містэр Піт. – І гэта вы называеце сумленным прыёмам – браць за горла?
– Не перабольшвайце. Вы робіце свой бізнес, я – свой.
– Але ж мы яшчэ не ўпэўнены, знойдзем там што ці не!
– То чаго вам хвалявацца? Вы нічым не рызыкуеце. Вам пусты какос і мне пусты.
– Я павінен параіцца з маімі кампаньёнамі.
– Райцеся, мне спяшацца няма куды. Адно толькі зразумейце: калі я таксама буду зацікаўлены ў справе, то і работа з дэльфінамі набудзе для мяне новы інтарэс. Могуць і тэрміны скараціцца.
– Я параюся… Я паведамлю… на днях… Што і як… – разгублена прамармытаў Піт.
– Усяго найлепшага, містэр Уілсан. Сваім кампаньёнам перадайце ад мяне прывітанне… А вартаўніку на прахадной скажыце, што я прасіў пускаць вас да мяне ў любы час дня. – У апошніх словах Судзіра чуліся пыхлівасць і нахабства гаспадара становішча.
– А ён мяне ўжо добра ведае, – кінуў Піт. Пачуўся лёгкі рып Судзіравых дзвярэй, яшчэ праз хвіліну – крэкт бамбукавых бярвенцаў на перакідным мосціку.
Пайшоў, значыць, Піт. А Судзір? Менш за ўсё хацеў бы зараз бачыць Радж Судзіра. А ён жа можа тыцнуць нос сюды, бо яшчэ не мыў свайго касцюма, не прыносіў балоны на запраўку. Што рабіць, убачыўшы яго? Прамаўчаць? А ці хопіць вытрымкі, пачуўшы такое, такія перагаворы? А калі не вытрывае, то што сказаць?
Ну і робіцца на свеце… Спачатку Пуол з сённяшнім нападам, а тут і Судзір… Добрая штучка гэты Судзір! Каб гэтай свінні ды яшчэ рогі, як у буйвала, то нарабіў бы спраў.
Паслухаеш Судзіра, дык атрымліваецца, нібы ён гаспадар дэльфінарыя, а не Крафт. Як ён зможа разам з нейкім Пітам скарыстаць дэльфінаў за межамі дэльфінарыя? Часова павязуць іх туды, а потым вернуць, ці як? А мо Крафт у курсе спраў, мо і ён хоча пабочнага заробку? Як тады будзе з дэльфінарыем? Часова адменяць прадстаўленні?
«А што я магу Крафту расказаць? У чым я магу абвінаваціць Судзіра? Як змагу даказаць, што ў яго злыя намеры? У любы час можа адмовіцца ад сваіх слоў і ад Піта: знаць нічога не знаю, ведаць не ведаю. А пра эксперыменты з чарпакамі скажа: хачу навучыць дэльфінаў басейн чысціць. Кепскага нічога, адна карысць для дэльфінарыя, для Крафта. Ну і, вядома, для навукі. Ва ўсім свеце з дэльфінамі доследы праводзяць. Вунь у ЗША нават навучаюць дэльфінаў атакоўваць з мінамі варожыя караблі…»
Радж пачуў, як зноў злёгку рыпнулі дзверы Судзіравай «рэзідэнцыі». Пайшоў нарэшце, нават касцюм не аддаў мыць. Доўга ж ён сёння сядзеў тут!
Нервовае напружанне спала. Радж адчуў сябе страшэнна стомленым, рукі і ногі проста не слухаліся. А трэба ж яшчэ раз перавязаць плячо: у нядобрае месца пырнуў Пуол, павязка не трымаецца. І трэба было б заклеіць касцюм. Праз дзірку занадта многа будзе трапляць у яго вады.
Але дабраўся да каморы, сяк-так развешаў касцюмы на напятых дратах, на стэлажах, мімаходзь глянуў у асколак люстэрка на вушаку. Ого, якія чырвоныя сёння ў яго вочы, панабягалі крывёю. Адпачываць трэба, больш адпачываць…
Адкінуў тапчан ад сцяны. Паваліўся на яго не раздзяваючыся. Апошнім пробліскам думкі было: «Янг… у гатэлі будзе начаваць ці вернецца?»
Раздзел шостыПрайшло некалькі дзён.
Яшчэ ніколі Янг не жыў у такім напружанні. З яго патрабавалі, як з дарослага, і ён працаваў, як дарослы. І ні на кога не наракаў, нікому не скардзіўся. Энергіі растрачваў шмат, і Радж ажно дзівіўся яго апетыту. Па вечарах, хоць Радж і прымушаў вучыць англійскую мову, часам не даслухоўваў, што ўталкоўваў яму, – засынаў. Аднойчы Радж папытаў у яго некалькі новых слоў – не ведае.
– Ты мне не гаварыў іх! – абурыўся Янг.
– Гаварыў. Ты спаў, а я ўсё гаварыў-паўтараў. Думаў, праз сон запомніш. Я чытаў – гэтак вывучаюць замежныя мовы. Кладуцца спаць, а магнітафон з запісам урока круціцца, дзяўбе па мазгах.
– Лухта ўсё гэта.
– Мабыць, лухта, калі ў цябе ніякага знаку ў галаве не засталося, – згадзіўся Радж.
Янг спраўляўся са сваімі абавязкамі, акрамя ўдзелу ў прадстаўленнях, як мага хутчэй, каб яшчэ і Раджу памагчы прыводзіць у парадак аквалангі і касцюмы. Кожную раніцу прыносіў у «рэзідэнцыю» Судзіра сухі і чысты гідракасцюм, запраўлены як след акваланг. І не разумеў: чаму Радж, бачачы ўсё гэта, злуецца? Гэтак жа і пры Гугу было. І Гуга прыводзіў у парадак Судзіраў гідракасцюм, прыносіў правераны і запраўлены акваланг. Не так часта было? Дык жа цяпер Судзір кожны дзень падоўгу, амаль дацёмнага дрэсіруе дэльфінаў, вучыць касіць чарпакі, зачэрпваць пясок. А гэта ж так цікава!
Двойчы Янг разам з турыстамі плаваў на «Нептуне», глядзеў у празрыстае дно пад ваду, слухаў Раджаў расказ на англійскай мове і радаваўся: усё разумее! У галаве складваліся чароўныя казкі пра падводнае царства і марскога цара Нептуна, імя якога носіць гэты вялізны шлюп.
Некалькі разоў ім удалося паплаваць з маскамі і трубкамі ўдвух, упобачкі. І Радж раз-пораз вымаў з рота загубнік і тлумачыў тое, што бачылі на дне. Зноў забіраў загубнік у рот, і – оп-ля! – ныралі разам, на момант паказваючы над вадою, як тыя качкі, свае зады, узбоўтвалі ластамі.
Абдула за гэты час двойчы прагледзеў праграму прадстаўлення. Яго цяпер цяжка было пазнаць: і пагладчэў з твару (нават, здаецца, рот паменшаў), і адзенне новае яму донна Тэрэза справіла. Калі ж не глядзеў на дэльфінаў, ішоў на бераг паглядзець, як плаваюць Янг і Радж. Ад зайздрасці да братоў ушчуваў і муштраваў ні ў чым не вінаватага Тота: «Навязаўся на маю галаву!»
– Цярпі, душа, у рай трапіш! – крычаў яму Радж.
– Я і так у Раі! – адказваў Абдула і сам ужо крычаў з берага: – Янг! Янг! І ты, Радж… Ведаеце, што сёння было? Скандало грандзіёзо! Я абутак паперастаўляў пад дзвярыма! У гатэлі! Адны мужчынскія туфлі, мо сорак сёмага памеру прынёс цераз тры нумары і паставіў пад дзверы сіньёры Тэрэзы… Ха-ха! Што там было-о-о! Жонка з таго нумара прыбягала да Тэрэзы, у валасы ўчапілася… Многія пары перасварыліся – страх і жах! Збіраюцца на развод падаваць, раз'язджаюцца ў розныя гатэлі!
Янг і Радж ледзь не патапіліся, рагочучы. Павымалі з рота трубкі, павылазілі на бераг.
– А хай цябе… – пападалі зняможана на пясок, аддыхваючыся.
– А што? Я ім, буржуям праклятым, яшчэ і не такое падстроіў бы! – хваліўся Абдула.
– Абалдуй ты, а не Абдула! Ты хоць цяміш, чаго натварыў? – ушчуваў Янг. – Чорт не возьме гэтыя пары – памірацца. А от чысцільшчыка могуць прагнаць з работы. Падумае гаспадар гатэля, што ён вінаваты.
– Я так не хацеў…– аціх Абдула.
Аднойчы настаў момант, калі збылася мара Янга.
– Ну – так і быць, – сказаў Радж. – Тэарэтычна ты падкаваўся, акваланг ведаеш. Так і быць – палезем пад ваду… Касцюма, праўда, на цябе не падбярэш… Але не замерзнеш і голы: глыбока не палезем, доўга не будзем. Гууд?
– Йес, сэр! Сэнк'ю вэры мач! – Янг захваляваўся, адразу часцей задыхаў.
– Дыханне! Не забывай пра дыханне! – ушчаміў Радж пальцамі яго нос.
Брат памог яму начапіць пояс з грузіламі, надзець плечавыя рамяні, зашпіліць паясны. Прасачыў ужо на самым беразе, ці добра абуў і зашпіліў ласты. Сам, як заўсёды, меў на лытцы крыс, у руцэ шток з вострым наканечнікам.
Янг ужо нагледзеўся пад ваду і праз дно «Нептуна», і плаваючы з трубкай і маскай. А ўсё ж калі апынуўся пад вадою з аквалангам, нібы паранілі ў самае сэрца… Каб і можна было гаварыць пад вадою, то не мог бы вымавіць і слова. Ён адчуваў сябе знямелым малым дзіцём, якому хацелася да ўсяго дакрануцца, памацаць, а то і пацягнуць у рот. Казка, дзівосная казка!.. Ледзь паварушваў нагамі, а рукі трымаў перад сабою, як лунацік.
Кожны лісцік, кожная сцяблінка сачылі з сябе бясконцыя чэргі паветраных пухіркоў. Бліскучых, бы са срэбра: па-па-па-па-па… Удараюцца пухіркі аб цела, аб рукі, злёгку казычуць, паўзуць за спіну – і ўгору, угору, разбіваюцца аб паверхню.
Вывеў з утрапення Радж, паціснуўшы за плячо: «Далей, далей!»
Паплылі да каньёна-бездані, ён нібы страла скіроўваў на бераг, на прычалы. На самае «вастрыё» накідана бетонных кубоў-глыб, каб не так асядаў бераг.
Радж і Янг плылі каля самага бяздоння. Янгу здавалася, што ў гэтай бездані калыхаюцца, снуюць туды-сюды аграмадныя пачвары з агністымі вачыма і страшэннымі ратамі, і гэтыя пачвары здольныя праглынуць не толькі людзей, а нават і лодкі. Відаць былі расплывістыя контуры бетонных глыб. Яны пазарасталі ўжо водарасцямі, губкамі, актыніямі…
Раптам Радж штосьці заўважыў сярод бетонных глыб, паказаў Янгу рукою і пачаў планіраваць туды. Янгу здалося, што і ён распазнае там чалавечы сілуэт, галавы не відаць, занурана ўніз, а тулава і ногі ўсплылі, паварушваюцца…
Апусціліся – і сумненняў не засталося: чалавек, труп чалавека. Вакол яго віраць, як вараннё, рыбы. Чалавек адзеты і абуты, яшчэ не стары. Кавалак дроту ўеўся ў шыю, канцы дроту завязаны за мантажную пятлю куба. За гэтыя жалезныя арматурныя петлі некалі кран чапляў кубы і скідваў у мора. Янг баяўся глядзець у твар тапельца, баяўся скрануцца з месца, а Радж зрабіў круг вакол трупа і паказаў рукою наверх.
Калі ўсплылі, сталі на мелкім, Радж вызваліўся ад загубніка і маскі. Пахістваючыся ад удараў хваль прыбою, сказаў:
– Пуол гэта… Па ўсіх прыкметах – Пуол… Твар ужо раз'елі крабы, але можна пазнаць. Паліцыі трэба заявіць… – А выдыбалі на сухое, то горка ўздыхнуў і сплюнуў: – Даскакаўся землячок… Завялі крывыя сцежкі!
Пакуль дазваніліся з прахадной да паліцыі (кабінет Крафта быў зачынены), пакуль заявіліся два паліцэйскія і медэксперт, прайшла не адна гадзіна.
А потым давялося Раджу і аднаму паліцэйскаму, які ўмеў добра плаваць, прымацоўваць аквалангі і апускацца на дно, даставаць Пуола. Другі паліцэйскі і медэксперт заставаліся на беразе, спрабавалі дапытваць Янга. Але што ён мог асаблівага расказаць? Агляд трупа выявіў, што ў яго левым баку рана – якраз насупраць сэрца. Медэксперт дастаў з раны лязо нажа, сантыметраў дванаццаць даўжынёю. Ёсць такія нажы: націснуў кнопку – страляе лязом, за дзесяць метраў можа забіць чалавека.