Текст книги "Нічые"
Автор книги: Андрэй Федарэнка
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 22 (всего у книги 34 страниц)
Сярод складзеных стосам папак Кецка пазнаў і сваю – ваенкаматаўскую, па сіняй папераю абклееным карэньчыку. Губмян тым часам, як на асадку, пахукаў на кончык алоўка.
– Для пачатку вы паможаце нам скласці спісы радні завадатараў...
– Гэта будзе не так проста, таварыш камісар, – хрыпла сказаў Кецка. – Яны альбо павывозілі свае сем'і, альбо хаваюць. І Жаўрыд, і Сокал-Кутылоўскі, і Пракулевіч, і Паўлюкевіч...
– Вашая справа іх пералічыць, а ўжо нашая – шукаць. Цікавы мне, – высмыкнуў Губмян папку з-пад нізу, пастукаў па ёй костачкамі пальцаў, – цікавы мне, калі шчыра, сама больш вось гэты штабс-капітан... Вы з ім служылі разам, так?
– Два месяцы ў ваенкамаце.
– Кажуць, вы нават сябравалі?
– Ну, як сябравалі... Гаварылі, выпівалі, было. На словах, прынамсі, ён не быў супраць Саветаў. Не магу зразумець, чаму ён згадзіўся іх узначаліць, як яго ўламалі... Ён не раз казаў – абрыдла ўсё, і вайна, казаў, што не хоча ваяваць ні на чыім баку.
– Як жа яго ўгаварылі?
– Не магу ўявіць! Нібыта ездзіў да яго на хутар Сокал-Кутылоўскі, а аб чым яны ўжо там дамаўляліся...
– На хутар? – застыла ў Губмяна рука з алоўкам. – Дзе хутар? Хто там застаўся?
– Вёска Лютавічы, у нейтральнай зоне. Усё адно блізкіх у яго нікога няма, дзядзька толькі – бацькаў брат.
Губмян нібы пратакаліраваў словы Кецкі; калі ж той, скасіўшы вочы, заглянуў у аркушык, то ўбачыў там усяго дзве лініі, пад вострым вуглом перасечаныя. Над адной было напісана Ч, над другой К.
– Скажыце, Кецка, – спытаў Губмян, тлуста абводзячы К, – вось таварыш Лебедзеў наш, які ў іх таксама пабыў, сцвярджае, што Чайка слабавольны, нікудышні арганізатар, падатлівы на ідэалагічную апрацоўку... Таварыш Лебедзеў не сумняваецца, што ў бандзе ён чалавек выпадковы. Што вы наконт гэтага скажаце?
– Скажу, што лічу інакш, чым Лебедзеў. Пра франтавое геройства Чайкі ходзяць легенды.
– Гэта я ведаю. – Губмян задумаўся. – Пераманіць яго да сябе не ўдасца, канечне ж?
– Канечне. Ён жа быў у нас. І калі б хацеў застацца, дык застаўся б.
Губмян злучыў лініі трэцяй і пад гэтым ніжнім катэтам трохкутніка дапісаў літару «А»; ну, вядома, здагадаўся цяпер Кецка, ніякае не «чэка» гэта было, як спачатку падумалася, а Чайка – Кецка – Арыштант.
– Усё адно гэты хлапчук нам ні к чаму, – хутчэй сам з сабою, чым з Кецкам, ціха раіўся Губмян. – А мы проста паспрабуем... Закінем камень у агарод і будзем глядзець, што з гэтага атрымаецца... Дарэчы, што, праўда ён быў сярод нападаўшых?
– А адкуль тады ў яго мой маўзер? Ён жа маўзер аддаў.
– Добра. У любым выпадку нам ён не патрэбен. А вось выкарыстаць яго можна... Цяпер так. Сядайце за стол. Сюды, сюды, на маё месца...
Саступіў табурэтку, на якую Кецка, абагнуўшы стол, апусціўся з палёгкаю фізічнаю, але не духоўнаю.
– Не цяжка пісаць? – паспагадаў камісар, навісаючы над сталом.
– Нармалёва...
Левай рукой памогшы, Кецка ўшчаміў аловак паміж пальцамі-абрубкамі.
Усплыла ў памяці школа, парта, настаўнік дыктуе: «Хараша халодная вада, када хочицца пить...» Калі ўсё гэта было?..
– Скажыце, Чайка ведае ваш почырк?
– Напэўна, – адказаў Кецка, пачынаючы здагадвацца.
– Я магу прадыктаваць вам, – сказаў Губмян, – а можаце напісаць самі, вы чалавек разумны. Вы чалавек разумны? Што мы зараз з вамі зробім?
– Не ведаю.
Кецка паціснуў плячыма – «не ведаю», але ўсё ўжо выдатна ведаў.
– ...Вы напішаце свайму былому сябру запіску, – тлумачыў Губмян, – у якой падзякуеце за звесткі, мы перададзім яе з хлапчуком і вусна тое-сёе, так, мімаходзь дабавім...
Кецка нават прымусіў сябе ўсміхнуцца:
– Калі б ён працаваў на нас, дык знайшлася б іншая сувязь! Адразу зразумеюць.
– А мы паспрабуем! Не павераць, дык засумняваюцца. Вельмі ўжо, скажу вам, зручная нагода!..
Яшчэ б! Ведаў, што робіць Губмян. Двух – нават трох зайцоў адным стрэлам... Па поўнай праграме падстаўляецца ён, Кецка, заплямлены будзе Чайка, ды і малы Дзяніс як пасрэднік паміж агентамі... Канечне, могуць не паверыць – але ўсё адно якая муць вакол гэтага ўчнецца! Калі павераць, а можа і такое быць – арыштуюць і шлёпнуць і Чайку, і малога свае ж... Вось табе і план пры ўсім яго наіве!.. Чорта з два, Косця, дадуць табе бальшавікі паслужыць Беларусі, ахмураць, павяжуць, аблытаюць, як павук муху.
– Дык што пісаць? – буркнуў панура.
– Многа не трэба. Так і пішыце: дзякую за звесткі, сувязь ранейшая. Подпіс, дата.
Пакуль рэўкамавец, як той голуб на падаконніку, схіліўшы галаву, адным вокам на паперу пазіраючы, выводзіў свае крамзолі (Губмян цераз плячо чытаў), нячутна расчыніліся дзверы і Ольскі ўвёў у сталоўку Дзяніса. Дзяніс трымаў рукі за спіной – хутка пачала пазнавацца арыштанцкая навука. Губмян з Кецкам былі занятыя пісьмом. Адно камісар бліснуў шкельцамі, паказаўшы, што заўважыў іх, і зноў схіліўся над рэўкамаўцам.
– Чайка... Чайка перадасць! – голасна сказаў Губмян.
– ...Перадасць, – панылым рэхам паўтарыў Кецка.
Дзяніс з апошніх сіл стрымліваўся, каб не ўпасці. Трэсла яго так, што зуб на зуб не трапляў, але зусім не ад холаду і не ад страху. З ім адбывалася тое, што свядомасць перыядычна пакідала яго цела, ён ведаў кожны момант, што вар'яцее, але ніяк не можна было перашкодзіць гэтаму, утрымаць у цвярозасці розум. Ён толькі здзіўляўся, як гэта ім, душы і целу, удаецца існаваць паасобку. Целу загадваюць, яно механічна выконвае, а яго, сапраўднага Дзяніса, няма: то ён ззаду, то збоку, то зверху на сябе ж пазірае і бачыць сябе як чужога. І шынель, і фуражку, і рукі, і вусны свае, прычым такое ўсё выразнае, бы праз павелічальнае шкло – аж да нявыціснутага чорнагаловіка-вугра на пераноссі; прычым гэты адрыў – лепш сказаць, адлёт душы – ніяк не быў абмежаваны тэрытарыяльна. Дзяніс мог адначасова бачыць сябе і з Лізкаю ў лазні, і з Чубам у сваім двары, і разам з забітымі на падводзе, за якой беглі на арыштантаў падобныя вінаватыя два сабакі... Было б паўбяды, каб гэтым канчалася. Але такім жа раздвоеным, разладжаным быў не толькі зрок, а і слых. Штосьці закліньвала ў яго мазгах, і ў вушах паралельна з чужымі, да яго звернутымі словамі, увесь час гучаў голас уласны – у форме бясконцага, манатоннага бубнення – як справаздача перад тым жа Валодзькам Піліпчуком, Чубам ці яшчэ кім іншым. «Ну, тады мы з Лізкаю... Дзядзька Ладусь, калі нежывы ляжаў... Кецка стукнуў мяне... У Слуцак, калі, значыць, прывезлі... Сабірайся – я сабраўся...» У сваю чаргу гэты вар'яцкі ўнутраны маналог мог заклініцца на нейкім адным гуку, які пачынаў ні з таго ні з сяго расцягвацца; напрыклад, слова «мяне» авечым бляяннем цягнулася-звінела з мінуту, але й затым, калі нарэшце прамаўлялася, у галаве ўсё яшчэ працягваў жыць яго адгалосак, яго рэха – як акампанемент іншым словам...
Такое раздваенне было б па-свойму цікавае, каб не было так жудасна вяртацца назад у цела. І тады ўся гэтая каламуць духоўная адбівалася на ім знешне.
Губмяну хапіла аднаго хуткага пагляду на яго – змучанага, трывожна-атупелага хлапчука, каб зразумець, што гэта за «вораг», якую ён можа несці савецкай уладзе «небяспеку». Сам факт, што ён арыштаваны, што проста знаходзіцца тут, і ёсць вышка кары; што цяпер яго хоць катуй, хоць у распыл пускай – большага не даб'ешся: усё, мяжа атупення, далей няма куды. Нават дапытваць такога не хацелася.
Але ж і так не адпусціш! Інстынкт кошкі, якая злавіла мыш, перамог.
– Ну што? Героя з сябе ламаеш? Вы ж там усе героі! – А калі Дзяніс сказаць штось памкнуўся, піскнуў: – Маўчаць! – і кулачком па стале грукнуў. – Выведзіце зараз жа і расстраляйце яго, таварыш Ольскі!
– Ёсць, таварыш камісар, – падыграў асабіст, выцягнуўся, шчоўкнуў абцасамі. – Пайшлі!
Дзяніс не кранаўся з месца. І маўчаў, хоць бы слоўка, – як заняло яму. Трое дарослых мужчын з цікавасцю сачылі, што будзе далей. І ўбачылі. Убачылі, як хлапчук пераступае, а пад нагамі ў яго, на падлозе, кружком распаўзаецца мокрая пляміна, як бы снег разам пачаў раставаць з чаравікаў.
Кецка першы не стрымаўся.
– Ты не ўяўляеш небяспекі для савецкай улады! – злосным воклічам спыніў гэтую камедыю. – Мы адпускаем цябе! Ідзі і перадай там, у вашым зборышчы, каб здаваліся ўсе – цацканне скончылася (затараторыў спяшаючыся, каб не абарвалі), палякі дазволілі нам увайсці на суткі, а за суткі вас пакрышаць там на капусту...
– А вось такое перадаваць зусім неабавязкова, – заўважыў Губмян.
А позна. Перададзена ўжо! Вось брыдота, як яны ўсе, і прыбалты, і ўкраінцы, і «азеры», і гэтыя яшчэ – як яны ўсе свой свайго трымаюцца!.. Як адкрыта, нахабна выдае сябе хоць гэты ж Кецка... Не, правільна, таварыш Троцкі! Толькі цалкам сцёршы, без следу знішчыўшы нацыянальныя адрозненні, і мовы, і ўсё, усё асабістае! – толькі з такім народам можна будзе...
– Прабачце! – астыў таварыш Кецка.
Са складзеным учатыры аркушыкам падышоў да Дзяніса, уклаў яму ў бязвольную, мёртвую далонь. Запіска выпала на падлогу, добра, што не ў мокрую пляміну. Кецка нагнуўся, падняў.
– Перадасі гэта Чайку. Чуеш? Толькі ў рукі. Зрэшты, можна і любому з камандзіраў... І на словах скажаш, – ад нашых табе паклон... Запомніў? Паўтары!
– Перадаць Чайку запіску і ад нашых паклон, – расціснуліся ў Дзяніса пасінелыя вусны. І раптам прамямлілі недарэчы: – Дзякуй вам, дзядзька Кастусь...
– Усё. Адпусціце яго, таварыш Ольскі.
Зараз. Таварыш Ольскі якраз той самы, каго хлебам не кармі, а дай чалавека адпусціць... Ён нават з месца не крануўся. Запытальна кіўнуў падбародкам Губмяну – як быць?
Камісар і махам рукі пацвердзіў, і словам падмацаваў:
– Выконвайце!
Выйшлі на двор. Моцна пахла маладым снегам. Дзяніс спусціўся з ганка і пайшоў, павалокся, а не пайшоў... Плошча скончылася. Ён азірнуўся. Нікога. Ніхто не цэліўся ў яго з нагана. Ніякага Ольскага ззаду не было. Дзяніс падбавіў кроку. Вуліца была даўжэзная. Людзі, якія зрэдку трапляліся, нават не пазіралі на яго. У іх хапала сваіх клопатаў.
Ён не разумеў, куды яны спяшаюцца. Навошта? Чаму вераб'і як ні ў чым не бывала сядзяць на кусце і чырыкаюць? Чаму неба такое ж самае, як заўсёды, і платы, і хаты, і сляды на снезе?.. Чаму Кецка памагае яму, так адкрыта рызыкуючы? Няўжо нешта яшчэ можа быць, акрамя жыцця і смерці?..
Адышоўшы далёка ад плошчы, Дзяніс спыніўся каля нечай студні. Захацелася піць, але на жураўлі не было вядра. Ён глянуў – у кулаку была заціснута Кецкава цыдулка. Скамечыў і кінуў яе пад плот, у снег, а тады пайшоў хутка, забыўшы і пра ваду, якой можна было ў хату пастукацца ды папрасіць.
Ніякіх запісак! Ніякіх атрадаў! Дамоў, на печ, да маткі-бацькі!..
Але ўжо праз хвілінку ён запаволіў крокі. Толькі цяпер да яго пачынала даходзіць, што няма ў яго ніякай дамоўкі, не зможа больш ён там паявіцца і не атрымаецца ні ў запечку пераседзець, ні ў куточку паміж хлявом і прыбіральняю схавацца... Што няма ў яго больш ні Лізы, ні дзядзькі Ладуся, ні цёткі Ёўгі, якая пракляла іхні род; няма больш ранейшага бацькі, а ёсць той, чужы сівы старац, да ўсяго безучасны, які стаяў перад нацэленымі на яго вінтоўкамі... Ды і самой вёскі, такой, як яна была, няма больш!
Ён вярнуўся, падабраў запіску, разгладзіў, яшчэ і азірнуўся, ці не бачыў хто. Схаваў ва ўнутраную кішэню, бліжэй да сэрца – нібы ўсё ж такі яшчэ магла яна паслужыць яму пропускам у тое жыццё, якога не будзе больш ніколі.
XX
А Семежава бурліла!
Выпадак з разведчыкамі Чуба атрымаў нечаканы працяг. Усе ўжо ведалі, што па наводцы гадзюкі-рэўкамаўца бальшавікі ўночы акружылі вёску, трымалі людзей «разьдзетых» на марозе, усяляк здзекаваліся, білі іх, дваіх дэманстратыўна расстралялі, а меншага Карпавага, «босага па сьнезе, зьвязанага калючым дротам!», пагналі з сабою ў Слуцак.
Гудзела, калыхалася ад гневу семежаўская плошча, на якой яшчэ з рання арганізаваўся мітынг; праўда, не было на ім «запісных» выступоўцаў – крычалі, абураліся, тлумачылі, пераказвалі, гаварылі адзін да аднаго, чым яшчэ больш распалялі і заводзілі і сябе, і таварышаў:
– Смерць камуністым!
– Павесіць падлюку Кецку!
– Якога... мы ў гэтым Семежаве куткі абціраем?!
Па першым часе не было раздраю. Пакуль што ўсе былі з'яднаны прагай помсты. Ніхто не асуджаў, не наракаў на сваіх хлопцаў-разведчыкаў, і ў думках ні ў кога не было вінаваціць у чымсьці Чуба. Нікому не прыходзіла на розум тая простая думка, што калі б не было першапрычыны, дык не было б і выніку: каб не зачапілі іхнія разведчыкі чырвоных, дык не было б і працягу, і вёска была б цэлая... Але што ж гэта тады за вайна?! Дзе б'юць, там і кроў льюць; усё правільна, малайцы, што павучылі трохі, хай ведаюць, хто тут гаспадар!..
Чуб быў герой, сапраўдны мужчына, ваяка. Праўда, здураваў адно крыху: на чорта яму было забіраць з сабою Кецку, трэба было «шлёпнуць» адразу на месцы, у двары, і тым больш не варта было скідваць забітых у рэчку, а прывезці ў Семежава ці прыхаваць збольшага дзе ў лесе, па дарозе... Але ўсё гэта дэталі, дробязныя, няважныя – так атрымалася, і добра, няма чаго ўспамінаць, трэба думаць, што рабіць далей.
– Хіба Балаховіч цярпеў бы?!
– На Вызну!
– На Слуцак!
(І такое гучала.)
Пакрысе наспяваў бунт. І сапраўдныя прычыны, якія ўздыбілі брыгаду, якія бударажылі народ, што тыя дрожджы ў бразе, былі, канечне ж, зусім не ў гэтым звычайным, у прынцыпе нікчэмным для людзей ваенных і па ваенным часе выпадку; прычыны збіраліся даўно. Проста выпадак гэты шмат з чым супаў.
Маса ўзброеных, накормленых, здаровых, у адным месцы сабраных мужчын проста даўно нудзілася без дзеяння. Былі і свае мясцовыя нюансы. Хоць і знаходзіліся людзі на сваёй тэрыторыі, амаль што дома, сярод блізкіх, сваякоў і знаёмых, хоць сем'і і кармілі іх, пастаўляючы ім прадукты і самае неабходнае, – гэта добра было дзень, два, нават тыдзень ці два, але рана ці позна стане сорамна, і не палезе ў горла кусок. Прыязь гаспадароў, у якіх былі яны раскватараваныя, не магла быць вечнай; гаспадары хоць і не гаварылі ўголас, але пытанне вось-вось непазбежна ўзнікла б, пытанне такое: чаго вы тут, уласна кажучы, загасціліся? Калі і чым вы надумаеце за ўсё плаціць?.. А тут яшчэ далучэнне грозаўцаў, перад якімі някепска было б паказаць сябе бясстрашнымі, у баях загартаванымі ваякамі...
А тут яшчэ малебен, і (як індульгенцыя, як дазвол ад Найвышняга на яе хутчэйшае выпрабаванне супраць акупантаў-бязбожнікаў) такое ўрачыстае асвячэнне зброі – міжволі карцела праверыць, а што, калі раптам праўда, і ў гэтым нешта ёсць, і «асвянцоная» вінтоўка ці стрэльба неяк інакш, больш прыцэльна страляць пачне, а ўладар яе будзе застрахаваны ад варожых куль?
А тут яшчэ і расчараванне ў камандзірах-«нацыяналістых» і радаўцах-«бээнэрах»; і то – хіба самыя тупыя, як браты з Грэска Іван з Андрэем, для каго ўсё быў адно белы свет, абы дзень з вачэй, не маглі перш не задумацца, а потым і ўголас не запытаць: дык дзе ўрэшце абяцаная зброя? дзе грошы? амуніцыя? дзе хвалёная міжнародная салідарнасць і ваенная дапамога, пра якую ў лапці званілі па сто разоў на дзень? Чым займаецца Рада, акрамя сваіх сходак, зборак, незлічоных дэкларацый і адозваў – якая з гэтага каму карысць? Дзе плён? Ці ўсё так і было задумана ад пачатку, з разлікам у рай уехаць на чужым гарбе? Заварыць кашу, раструбіць на ўвесь свет, каб самім лягчэй было змыцца ў Парыжы ды ў Прагі, падставіўшы іх?
Пайшла гуляць чутка, што Жаўрыд тут, у Семежаве, – вярнуўся з пустымі рукамі, без грошай, без анічога. Пацярпеў поўнае фіяска і таму баіцца выйсці цяпер да людзей, хаваецца недзе... Што Чайка паехаў у Баранавічы, а чаму паехаў, ніхто не ведаў. І, наадварот, расказвалі, што Мацэля прывёз ад Балаховіча поўны «мех грошай», увогуле быў сустрэты «бацькам» як родны сын. Балаховіч абяцаў ім усёмагчымую дапамогу. Ураз ажывілася, акрыяла, галовы паднялі расейскамоўнае белагвардзейскае афіцэрства і балахоўцы. Асабліва не спалі ў шапку апошнія. Некалькі з іх ужо раіліся на штабным ганку, каму выступаць. І сапраўды, момант для перамены дэкарацыяў быў, канечне, ідэальны. Асцярожныя правакатары з іхняй каманды шнырылі сярод узбударажаных мяцежнікаў, падсыпаючы жару:
– Колькі цярпець можна?
– Ім плююць у вочы, а яны кажуць – дождж...
– Дзе Чайка?
– Дзе Жаўрыд?
– Ды дзе хоць хто-небудзь?!
А і не было нікога. Ніводнага камандзіра-бээнэраўца нідзе не было відаць: ні на плошчы, ні ў штабе. Толькі Мірановіч стаяў, прысланіўшыся да папярэчыны конавязі, спакойна пакурваў (а разам з тым вушамі стрыг, вачыма бегаў, усё заўважаючы, усё запамінаючы!), але ён і заўсёды быў невядома чыйго поля ягада, ды і баяліся яго: бунт бунтам, а мала што... Зачапіць яго ніхто не адважыўся. Ды яшчэ ўзнік быў аднекуль спалоханы Пракулевіч, паспрабаваў гаварыць, але пад свіст і ўлюлюканне як з'явіўся, так і знік. І правільна зрабіў, бо ўжо неслася з усіх куткоў пагрозліва-правакатарскае:
– Арыштаваць нацыналістых!
– Павыганяць з брыгады!..
Ужо вызываліся ахвотныя прабегчыся з вобыскам па дварах, па хатах – пашукаць, дзе хто хаваецца з радаўцаў. Па інерцыі не хацелі ўжо слухаць, абсвіствалі і балахоўцаў...
Атмасфера накалялася. Гнеў патрабаваў выйсця, а ачоліць мяцежнікаў, падказаць ім, што трэба рабіць (дарма што «марсэльеза» ад зубоў адлятала), павесці ўрэшце за сабою не было каму. Нехта раптам прамовіў кароткае слова «Чуб». Другі пераняў, паўтарыў гучней, за ім – трэці, і вось ужо ўся плошча заразілася:
– Правільна!
– Чуба ў камандзіры!
– Дзе Чуб?!
І той, не ламаючыся, не прымушаючы доўга сябе ўпрошваць – за адно гэта быў малайчына! – узбег на ганак. Тупнуў пудовым ботам, ледзь дошку пад сабою не праламаў.
– Ёсць тут яшчэ беларусы?! – гаркнуў на ўсё горла.
– Ёсць!!!
– Вядзі нас, Чуб!
– Хто на конях – за мной!
– Па конях!!! – падхапілі – і хто меў тыя коні, і хто не меў.
Неўзабаве эскадрон колькасцю больш за паўсотню вылецеў з мястэчка. Сярод іншых быў і Валодзька Піліпчук, які з ночы круціўся на плошчы, абы да Чуба бліжэй; пачуўшы яго «па конях», ён самы першы кінуўся да хаты... Вось яно, чаканае, нарэшце! Нейкі час яму нават удавалася скакаць у авангардзе, побач з любімым Чубам і з Мірончыкам. Затым ён прыадстаў і толькі раз за разам азіраўся, ці не апошні. Былі і ззаду. Да таго ж вельмі хутка выявіліся нязручнасці гэтай стыхійнай конніцы. Ужо за ваколіцай ход яе парушыўся, частка вырвалася ўперад, большасць была збітая ўсярэдзіне, і многія яшчэ, рассыпаныя па адным, адставалі. Ніхто, канечне ж, у спешцы добра не падрыхтаваўся да такога паходу. Не былі як след падцягнуты папругі, збіваліся сёдлы, тупат капытоў дапаўнялі нейкае бразганне, звяканне, а таксама раздражнёная лаянка тых, хто вымушаны быў спешвацца і тут, узбоч дарогі, прапускаючы ўсіх уперад, прыводзіць у парадак конскую альбо сваю амуніцыю. Валодзька – у таго замест сядла была ватоўка, з якой ён увесь час спаўзаў і добра-такі намуляў паміж ног, пакуль не здагадаўся перасесці «па-бабску», ногі на бок.
Мала-памалу ўсё наладзілася. Эскадрон пастрайнеў, і па вуліцах злашчаснага сяла, якое ніяк нельга было абмінуць на шляху да Вызны, пранесліся імклівай лавінаю – амаль як чырвоныя «рубакі»!
Падсвістваючы, гікаючы, коннікі крычалі сялянам, што выбягалі з хат:
– Мы адпомсцім!
– Будзе жыць Беларусь!
А ім услед – праўда, ціха, так, каб нават у суседнім двары не было чутно, – пасылалі:
– Чэрці...
– Якой вы халеры панадзіліся сюды...
Можна было людзей зразумець. Прыгожае, не багатае і не беднае, ціхамірнае іхняе сяльцо ператварылася за гэтыя дні проста ў нейкі палігон, на якім усялякая «помста» была ім жа даражэй. «Вы адпомсціце і назад у Семежава, а нам зноў пад бальшавіцкія кулі!» – «Паслаў дык паслаў Бог кару – гэта нам за тое, што людзей тут пабілі!..» – «Дык і яны ж нашых пабілі». – «А мы ж упярод – каб не мы, дык мо б і не яны...» Хутка знайшліся і вінаватыя, гэты «чорт гарбаты» Карпа з сынамі. Каб не ў яго двары... Сам Карпа, як і нявестка яго, не паказваўся гэтыя дні на вуліцы. Каля яго хаты Чуб прыпыніўся і перакінуў у двор вяроўку.
Савецкая Вызна не бачыла такога і пры паляках.
Уварваліся ў мястэчка на поўным хаду. З двух дазорных на ўездзе – шчупленькіх матросікаў-украінцаў Дняпроўскай ваеннай флатыліі, у чорных бушлаціках – аднаго засеклі адразу, і не пікнуў, другому, гаду, перш чым і яму раскроіла сталь чэрап, удалося выстраліць. Але гэта ўжо не мела ніякага значэння. Самі, гарцуючы на конях, смалілі ўгару з вінтовак, абрэзаў і пісталетаў.
– Патроны, чэрці вы, не расходуйце! – крычаў злосна малады Мірончык; асадзіў каня, і той, як на карціне, прысеў на заднія ногі, паспеўшы ў паветры перабраць пярэднімі.
Гучалі стрэлы і каля рэўкама. Адсталыя толькі пад'язджалі на плошчу, дзе знаходзіўся рэўкамаўскі будынак, а там ужо кароткія разборкі былі скончаны. Каля калодзежа ляжалі, адзін на аднаго зваленыя, штук пяць трупаў, у чырвонаармейскай форме і ў цывільным...
– Чуб, цяпер не будзеш ужо з сабой забіраць?! – гарлапаніў, душачыся істэрычным смехам, хтосьці.
Звінела, сыпалася шкло, трашчалі рамы, праз расчыненыя насцеж і павыбіватыя вокны ляцела рэўкамаўскае дабро: паперы, зламанае крэсла, пішучая машынка, якую тыя, хто быў на вуліцы, зараз жа патрушчылі нагамі. Звярнулі ўвагу, што на вільчыку вісіць чырвоны сцяг. Нехта спрытнейшы ўжо валок «пазычаную» ў бліжняй хаце доўгую драбіну. Прыставіў, ахвотныя падтрымалі знізу, той уміг, што малпа, ускараскаўся на дах. Падпоўз па вільчыку, даў раз-другі нагою – сцяг, кружачыся, упаў уніз, дзе пад рогат і радаснае ўлюлюканне быў абліты самагонкай і запалены. Але як бы не так! Самагон гарэў сабе сінім полымем, а палатну хоць бы што.
– Канчай прадукт пераводзіць!
– Газы трэба!
– Валодзька! Дзе наш «канакрад»? Збегай газы ў каго раздабудзь!..
Наверсе тым часам спрытняка выцягнуў з кішэні бел-чырвона-белую латку, сяк-так прыляпіў да абламанага дрэўка.
– Гура!
– Тут яму вісець навекі!
Спусціцца, аднак, аказалася цяжэй, чым ускараскацца. Калі вайсковец нязграбна, задам-задам, падбіраўся па слізкай дранцы да драбіны, знайшоў-такі адзін вытыркнуты цвік; пачаў злазіць, нагамі перабіраючы, – толькі белая скура замільгала праз раздзёртае галіфэ!.. І смех і грэх...
Валодзька Піліпчук нават брывом не павёў на просьбу збегаць газы раздабыць. Ён стаяў у натоўпе, трымаючы за повад каня, разам з усімі смяяўся з голай задніцы, пазіраў, як сцяг гарэць не хоча... А конь тым часам вёў сябе неяк вельмі неспакойна. Справа ў тым, што ён нарэшце быў у сябе дома. Побач, праз плошчу, усяго за якіх сто крокаў ён бачыў доўгую адрыну з маленькімі сляпымі акенцамі – родную канюшню. Натуральна, што пасля столькіх прыгод яму хацелася «дахаты», у звыклы загон, да сяброў і да свайго конюха, хацелася цёплага пойла, прыпраўленага лагодным расейскім матам...
Чуб у разгромленым кабінеце старшыні рэўкама размаўляў па тэлефоне:
– Паведамляю, што я ўварваўся з конным эскадронам у Вызну, застрэліў вашых халуёў і разграміў рэўкам! Так будзе з кожным, хто падыме руку на нашых сялян! Хто гаворыць? Гавару я, беларус Чуб! – Затым стрэліў каля трубкі з пісталета. – А вось мой подпіс! – ухапіў апарат і ляснуў ім аб падлогу.
У гэты момант на двары таксама пачуўся стрэл, потым яшчэ і яшчэ... Тады закрычалі там трывожна і голасна. Чуб выбег на двор. Перад рэўкамам нікога не было, а ўсе спяшаліся цераз плошчу, туды, да чырвонаармейскай канюшні, і згруджваліся там, нагіналіся, разглядалі штосьці.
– Конь жа вызнянскі!.. – чулася разгубленае.
– Вот падла савецкая!
– Як жа ён так...
Чуб падбег. Людзі расступіліся. Валодзька Піліпчук ляжаў на світцы ўжо нежывы. Побач стаяў і муляў вуснамі конь.
– Расказвайце, – прашаптаў Чуб, апускаючыся на коленцы.
А што расказваць? Так проста і так па-дурному адбылося ўсё. Пакуль Піліпчук стаяў, конь сабе памалу тузаў і тузаў за повад. Неўпрыкмет выслабаніўся і пайшоў сабе да канюшні. Валодзька ўбачыў, што пуста ў руцэ, калі ён ужо быў амаль каля варотаў. Кінуўся даганяць, у гэты момант вароты расчыніліся і паказаўся чырвонаармеец, які там хаваўся, хацеў пераседзець, а ўбачыў, што бягуць сюды, і сам выскачыў здавацца. Прычым выскачыў з вінтоўкаю, каб пры ўсіх кінуць яе на зямлю і падняць рукі ўгору. Але дзе ж быў час разбірацца?! – убачыўшы чалавека ў форме, са зброяю, адразу пачалі смаліць па ім і з вінтовак, і з рэвальвераў. Чырвонаармейца хоць бы паранілі, ніводнай драпінкі, а Валодзька...
Каля канюшні Мірончык і яшчэ пару чалавек моўчкі, нагамі білі ляжачага чырвонаармейца; чуліся толькі глухія, як па мяху з мукою, удары.
– Хто страляў? – падняўся Чуб. – Хто страляў, блядзі, я ў вас пытаю?!
– Хто страляў, хто страляў... Усе стралялі, Чуб, гэта ж вайна!
Раптам апусціліся магутныя, шырокія плечы ў бравага разведчыка... Чуб плакаў. Ці то свайго такога ўспомніўшы, ці ад таго, што мог бы ў яго быць такі... Ці проста так, адкрылася яму, што вось перажыў ён чалавека, з яго такім кароткім, няшчасным жыццём і з такой жа несуразнай, неўрачыстай смерцю... Мала таго – гэта ж ён, Чуб, разам з канём на самай справе гэтую смерць яму і падараваў!..