355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Федарэнка » Нічые » Текст книги (страница 19)
Нічые
  • Текст добавлен: 28 апреля 2017, 18:30

Текст книги "Нічые"


Автор книги: Андрэй Федарэнка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 34 страниц)

XV

Выбраўся з начных хмар поўны месяц, і лес па абодва бакі дарогі адразу пачарнеў, як сцяна, а паласа дарогі пасвятлела. І Чайка са сваёй схованкі разгледзеў усё. І парожнюю скрыпучую падводу, якую разам з канём цягнулі за абрэзаныя пастронкі чырвонаармейцы, а адзін яшчэ і папіраў ззаду, і сваіх разведчыкаў («разведчыкаў»!); ён паспеў нават заўважыць, што малога Данілавага няма сярод іх.

Першае жаданне было ўмяшацца. Ён аслабіў павады і ледзь не выехаў на дарогу. Але не зрабіў гэтага. «Табе мала Мірончыка на сёння?» – папытаў сябе і толькі ў цемры пасміхнуўся з сітуацыі. Камандзір палка, кавалер ордэнаў за мужнасць вымушаны хавацца пад хвойкамі ад уласных падначаленых!..

Падвода даўно праехала, не чуваць ужо было ні скрыпу, ні крокаў, ні галасоў. Чайка злез з каня, ведучы яго ў повадзе, выйшаў на дарогу і тут, пасярод яе, спыніўся. Не хапала перад ім толькі каменя з надпісамі, у які бок ехаць, ды не ў тры, а ў два ўсяго канцы вяла дарога... У чырвоную Вызну і бел-чырвона-белае Семежава... «Чорт вазьмі, ды што мяне трымае?!»

Хай робяць, што хочуць! Чаму ён, нічый (як ні круці, а раскусіў яго гэты ліпкі бальшавіцкі манархіст, адразу, бы на лбе ў яго напісана; ды ён амаль і не спрачаўся), не звязаны ніякімі клятвамі, нікому нічога не павінны, ён, дужы, разумны, які нарадзіўся, канечне ж, зусім не для таго, каб рана ці позна скласці галаву – не важна, ад чыёй рукі, – чаму ён не карыстаецца гэтай воляю, якую так у сабе адчувае і заўсёды адчуваў?! І якую душыць у сабе ўвесь час, сільнічае сябе, падстройваецца, прымушаючы сябе любіць тое, што палюбіць не здолее аніколі!..

Конь раптам насцярожыўся. Як сабака, ён раней, чым чалавек, чуў кагосьці чужога. Па дарозе з боку Вызны нехта ішоў. Чайка намацаў у кішэні цёплы наган, выцягнуў яго.

Чалавек набліжаўся. Ішоў ён няўпэўнена, палахліва, не сярэдзінай, а краем дарогі. Збоку бег цень, у тры разы за яго даўжэйшы. Гэта быў не Лебедзеў, як падумалася перш Чайку (хоць калі б і Лебедзеў, мала здзівіўся б), – іншая была хада, не такая постаць: нічога ваеннага, салдацкага не было ў ім і блізка.

Камандзір палка чакаў. Чалавек таксама заўважыў адзінокага вершніка пасярод начной глухой дарогі. Запыніўся, як бы разважаючы: ці не нырнуць, пакуль не позна, у гэты лес? Чайка адцягнуў курок, і той шчоўкнуў металічна і суха. Чалавек звыклым рухам паспешліва сцягнуў з галавы аблавушку і аддаля закрычаў плаксівым, жаласным голасам:

– Я сам! Сам іду! – а падыходзячы, прыціскаў шапку да грудзей і ўсё кланяўся. Цераз плячо ў яго была перакінута аброць, якую ён прытрымліваў вольнай рукою.

– Я гэта каня, каня толькі шукаю, паночку камісар, – гугнявіў ён жаласліва.

Чайку і прыкра ад яго голасу і паводзінаў зрабілася, і разам з тым цікава было.

– Уночы каня шукаеш?

– Заблудзіўся...

– Надзень шапку! – Але чалавек і без каманды ўжо яе насоўваў – ураз акрыяў, асмялеў, пачуўшы беларускую мову.

– Дык а вы мо з Семежава? Чуеце? У мяне ж сын там... Недзе там у вас... Піліпчук па прозвішчы – так завуць яго... – затараторыў ён, – мо вы чулі?

Чулі і бачылі. Адразу прыгадаліся могілкі, акопчык, падлетак, які «каня ў бацькі ўкраў»... Прамільгнула ў галаве, што так і не далажыў у штабе пра яго, забыўся.

– А можа б, вы правялі мяне туды, чуеце, у Семежава? – як часта бывае, за знешняй прынізлівай пакораю адразу ж праступіў у чалавека характар: свайго не ўпускаць, лавіць момант; ён адчуў, угадаў, што Чайка не той чалавек, якога трэба баяцца.

– Хадземце. – Чайка крануў павады.

Чалавек дробненькімі крокамі патупаў побач з канём, ледзь не подбежкам, ледзь паспяваючы; рот у яго не закрываўся:

– Ото ж добра, што на вас напарваўся, чуеце?.. Да сына, думаю, схаджу, дык а мне пакажуць, дзе ён? Дзе сын, чуеце, пакажуць? – і не ўнімаўся з гэтым сынам (таксама свая прымітыўна-спекулятыўная логіка: не проста бадзяецца чалавек па начах такім ліхалеццем, а да роднага сына ў адведкі, ужо менш да яго падазронасці!), што Чайка не вытрымаў, абарваў груба:

– Дзядзька, замаўчы, прашу! Я цябе завяду, і ўсё табе пакажуць!..

А сын акурат гэтай ноччу сабраўся хоць раз добра выспацца.

У вялікай хаце, дзе размяшчалася іх сем чалавек – акрамя яго Чуб, Гнат, Мікола, Дзяніс і двое братоў з Грэска, Іван і Андрэй, звечара было ціха і пуста. Чуб з хлопцамі яшчэ не вярнуліся з разведкі, а браты, як і звычайна, тырчэлі дзесь на плошчы. Разабраўшыся па-хуткаму з канём («каб ён здох!»), паставіўшы яго ў хлеў і сена падкінуўшы, сам Валодзька нават вячэраць не стаў, каб часу не губляць. Ад стомы і недасыпання ён ледзь трымаўся на нагах. Так у адзенні і заваліўся, толькі боты скінуў і, абматаўшы халявы парцянкамі, паставіў разам са стрэльбаю ў чалеснік, далей ад носа.

Спалі яны ўсе, акрамя Чуба, у якога свой тапчан быў, ля акна, проста на падлозе, упокат, на расцярушаных кулях саломы, засланай дзяругамі. Ён падбіў заместа падушкі саламянай пацярухі пад галаву, накрыўся кароткай світачкай, ад чаго давялося скурчыцца так, што калені ледзь не даставалі барады, але нават такое становішча прынесла целу даўно чаканую слодыч. Закружыліся ў вачах елкі, пабегла па нагах і спіне п'янкае цяпло...

Беднаму жаніцца – ноч кароткая, ці, як як яшчэ лепш Чуб кажа, на пахілы куст і козы сцаць. Ледзь-ледзь прыдрамнуў, тут і пачалося. Гаспадыня ўсчала паліць грубку, з грукатам высыпала дровы на бляху. Паявіліся (ляпнулі дзверы, і прабег па падлозе скразняк) браты і яшчэ нейкія з імі прыяцелі, хадзілі, цяжка тупаючы ботамі, па хаце, аж посуд у шафцы звінеў, курылі, бразкалі нейкімі кубкамі, размаўлялі пра палітыку – і хоць бы хны каму, што чалавеку, можа быць, адпачыць трэба!

Валодзька ляжаў не варушачыся, прытвараўся сонным. Ведаў – толькі абзавіся, як браты, гэтыя мужыкаватыя два дурні, здаецца, нават непісьменныя, адразу пачнуць дражніцца (любімая іх забаўка): Іван зацягне – прыцмокваючы, са шкадаваннем: «Гэта ж трэба дагадацца – апошняга каня ў роднага бацькі ўкраў! Вось выгадаваў бацька...», а Андрэй забядуе: «І як беднаму цяпер дроў прывезці, як паараць...» – і ўсё гэта знарок, пацыкаючыся, бо бачаць, што да душы ўсё бярэ, перажывае, аж слёзы закіпаюць, проста біцца гатоў кінуцца. Яго і праўда аж трэсла ад гэтага, бо ўсе, а Іван з Андрэем тым больш – сто разоў ім казаў, ведалі, што ніякі гэты здыхляк не апошні, дома яшчэ два, і ніякі яму бацька не родны, а айчым, але гэта яшчэ больш пацяшала жартаўнікоў: «А, дык, выходзіць, у роднага не краў бы, а ў айчыма можна?»

Толькі далёка запаўнач сышлі чужыя, угаманіліся нарэшце браты, патушылі лямпу, пачалі масціцца з другога краю ляжанкі. Сціхла ўсё, але самы сон – той першы, салодкі, – канечне, быў перабіты. І ў пот ні з таго ні з сяго кінула, і галава разбалелася ад махорачнага дыму, а галоўнае, ніяк не ўлегчыся было – свярбела ўсё: і рукі, і ногі, і жывот, ці то асцюкі калолі праз дзяружку і адзенне, ці гэта блохі з усёй ляжанкі пазбіраліся на ліпкі пот... Паспрабаваў уяўляць сябе – апошні і самы дзейсны сродак, каб забыцца, – нябачным: вось ён сядзіць у самым логаве-штабе бальшавіцкім, бальшавікі ходзяць, гавораць, і ніхто яго не бачыць; а яшчэ лепш асілкам, пад неба, у жалезным адзенні, якое не бяруць ніякія кулі, і гнаць, размахваючы вырваным з коранем дубам, чырвоных, якія разбягаюцца ва ўсе бакі, скачуць, што гэтыя блохі... Да самага Смаленска, а потым вярнуцца – і палякаў да Берасця, за Берасце... Строгі камандзір палка Чайка называе яго перад строем: «Піліпчук!» – каб уручыць яму ўзнагароду, і ўсе ў страі, і сам Валодзька сярод іх, пачынаюць азірацца – дзе ж ён? – пакуль Чуб, як гогалеўскі Вій, не паказвае на яго моўчкі пальцам...

– Вунь, спіць! – і праўда, гудзе голас Чуба. Гнат смяецца (і яшчэ нехта знаёмы – занадта знаёмы гундосіць, але гэта проста рэшткі сну, гэтага не можа быць).

Стук, грукат, галасы, галасы... Разведчыкі вярнуліся. А які салодкі, моцны быў сон! Падалося, толькі вочы прыплюснуў, а ўжо вунь віднее за акном. Ён яшчэ больш скурчыўся пад світачкай, усё яшчэ не разумеючы, чаму раптам у хаце стала так ціха. Чыесьці крокі, таксама, як і голас, занадта знаёмыя, наблізіліся да ляжанкі. Штосьці свіснула над ім у паветры...

Наўрад ці такі ўжо моцны быў удар, але расслабленае, соннае дзіцячае цела апякло бы кіпенем. Ён ускочыў, закрываючыся світкаю, з перакошаным ад нечаканасці і болю тварам.

– Я табе пакажу! Я табе наваюю, негадзяшчы!..

Айчым хацеў перацягнуць аброццю і другі раз, але Валодзька спрытна ўхіліўся і перабег па лежаку да акна, дзе на тапчане сядзеў Чуб – локці на каленях, і назіраў за ўсім. Браты рагаталі лежачы, Гната не было, а Мікола з чыгунка еў суп за сталом.

Гучна ўсхліпнуўшы, Валодзька басанож ірвануў да чалесніка. Намацаў сярод вілачнікаў стрэльбу, пераламаў на калені – патрон быў на месцы.

– Я цябе застрэлю, чорт! Гніда! – але не ярасны крык атрымаўся, а нейкі піск праз слёзы.

Усё адно застрэліў бы, каб не Чуб, які апынуўся побач. Перахапіў адной рукой за рулю, пацягнуў разам з Валодзькам, лёгка выкруціў, нібы несапраўдная, цацачная, з дошкі выразаная была стрэльба. Закінуў яе за плечы, павярнуўся да пераляканага айчыма.

– Ідзі забірай свайго каня на х..., і каб я цябе тут больш не бачыў! Мікола, пакажы яму.

Мікола адразу падняўся, аблізваючы лыжку.

У парозе ўзбуджаны, акрылены хоць такой невялічкай перамогай – усё ж паказаў сілу – айчым забурчэў на развітанне:

– Ён паваюе – я табе паваюю!..

– Ідзі, ідзі, ваяка, – сказаў Мікола, – бо зараз самому як дам у плечы...

Як толькі за імі зачыніліся дзверы, «негадзяшчы» не мог ужо стрымлівацца – захліпаў уголас і руку Чуба, якая легла яму на плячо, адкінуў у злобе. Не трэба ніякіх суцяшэнняў! Хіба тут хто зразумее? Хіба ён з-за таго раўці гатовы, што аперазалі яго, ці з-за гэтага каня, век бы яму яго не бачыць? Не было Беларусі, якую ён так любіў, за якую разганяў ворагаў з каранём вырваным дубам. За якую не ў фантазіях, а на самай справе памерці хацеў. Не было той Беларусі, дзе ўсе як браты, дзе любяць адзін аднаго, памагаюць, а не насміхаюцца і не здзекуюцца... Тут усё інакш, усё не так, як уяўлялася, калі марыў патрапіць сюды!..

Вось ад чаго ён плакаў.

– Ну, ну, годзе. – Здагадлівы Чуб абняў яго, моцна на гэты раз ашчаперыў, не вырвацца. – Было б чаго румзаць... Вунь Дзяніс – ведаеш колькі чырвоных пабіў? А ты тут...

– Ага, пабіў... Такі ваш Дзяніс... герой, – глыбака ўсхліпнуў апошні раз Валодзька.

– Я табе кажу! Сам у яго папытаеш.

– А дзе ён?

– Дома, бацьку памагае. Прыйдзе сёння. – Чуб прыпадняў яго, як шчанюка, занёс і паставіў на ляжанку. – А то стаіш тут босы... Ану, выцірай смаркачы, абувайся! Хадзем са мною, пакажу нешта!

– Нікуды я не пайду...

– Ну і дурны будзеш. Мы табе каня прывялі, трафейнага. Не тое што твая здыхляка. Не хочаш, дык Дзяніс забярэ...

– Дзе?! Дзе той конь?! – спярша ні на хвілю не ўсумніўся, адразу паверыў Валодзька: калі і Чуб паддурвае, пацыкаецца – гэта было б зусім жорстка. Гэтага б ён проста не вытрымаў...

Усунуў ногі ў халодныя боты, без ануч, накінуў на плечы мятую, потам прапахлую світку. Чуб чакаў каля дзвярэй. Выйшлі разам на двор. Світала, стаяў звонкі, амаль ужо зімні марозік. Мікола, пацепваючы плячыма, мачыўся пад сцяну, айчым выводзіў з двара каня, акурат адчыняў скрыпучыя веснічкі. Толькі цяпер чыстымі пасля сну і слёз вачыма пасынак як след пабачыў яго; заўважыў і тое, як ён апрануты – у самую рваніну, адно вуха ў шапцы апушчана, другое паднята, і ўсё гэта знарок, знарок! – каб «беднасць» сваю паказаць, каб не чапалі!..

Айчым азірнуўся, таксама ўбачыў пасынка і забурчэў па інерцыі:

– Наваюе ён мне... Я табе наваюю...

Апярэджваючы Чуба, Валодзька пабег да хлява. Расчыніў цяжкія дзверы, уварваўся ў цёмны, аўсом, сенам, гноем прапахлы вялікі катух, дзе стаялі коні і адкуль айчым свайго вывеў...

Пуста! Няма!

– Не там глядзіш, – пачуўся ззаду голас Чуба. – Ідзі сюды...

Ужо амаль не верачы, Валодзька паплёўся на другую палавіну хлява, дзе быў ток. Конь стаяў у кутку і, апусціўшы ў вядро галаву, спаў стоячы.

Усё жыццё Валодзьку толькі падманвалі і ніхто ніколі нічога не даў яму проста за так. Азірнуўшыся на Чуба, ён перапытаў ціха, недаверліва:

– Праўда, мой?

– А то чый жа?

І тут, у гэтым цёмным хляве, дзе не маглі іх бачыць, Валодзька кінуўся да Чуба, аберуч схапіў яго вялізную, тытунём і мужчынскім духам прапахлую далонь і прыпаў да яе мокрымі губамі.

Чуб толькі ўздыхнуў чамусьці. Адняў руку.

– Годзе, годзе... Ты лепш вось што: ідзі мыйся, брыйся, прыбірайся!

– А што такое? Куды пойдзем? – радасна абміраючы (няўжо камандзір палка будзе ўрачыста аб'яўляць яму падзяку?! – не, так многа шчасця не бывае, лепш напярод не цешыцца...), спытаў Валодзька, за гэтым чалавекам ісці гатовы на край свету.

– Пабачыш, – загадкава адказаў Чуб.

А раніца ўдалася як на заказ! За ноч усё ўстыла, падмерзла – абяцаўся быць першы ясны дзень за ўсю гнілую, хлюпкую восень. Ад заінеўшых дрэў, сцен хат адбівалася сонца, аж міргалі і слязіліся вочы.

Плошча была поўная народу. Сцякаліся сюды і ваенныя, і местачкоўцы – старыя, малыя, кабеты, усе, бы на Паску, чыста прыбраныя, на тварах – урачыстасць, супакой, лагода... Калі Чуб з Валодзькам таксама падышлі і пачалі прабівацца бліжэй да цвінтара, ім саступалі дарогу. Кожны ўжо ведаў пра ўчарашнюю гісторыю з пастралянымі і палоненымі чырвонаармейцамі, многія бачылі ўчора падводу, якую цягнулі бальшавікі. «Малайчына, Чуб!» – чулася ззаду і з бакоў. «Так іх і трэба!» Хтосьці перадаў Чубу трохметровы, на тоўстым, што дзяржак лапаты, дрэўку сцяг.

Роўна ў дзесяць гадзін ударылі ў званы на камяніцы.

– Шапкі, шапкі далоў! – раздалося з розных куткоў плошчы.

Выйшаў з царквы і марудна, бокам спусціўся па прыступках да народа бацюшка, з добрымі, наіўна-сінімі вачыма старэнькі попік, славуты на ўсю акругу тым, што вёў казані толькі па-беларуску, ён і не ведаў ніякай іншай мовы.

Стала ціха. Пастроеныя ў шыхты і шарэнгі вайскоўцы схілілі непакрытыя галовы...

Святар выпрастаўся.

– Дарагія мае сынкі! – пачаў. У марозным паветры голас яго чуваць быў у самым дальнім кутку пляца. – Бацькаўшчына нашая, дарагая наша Беларусь, зруйнаваная войнамі і акупацыямі, стогне й цяпер пад цяжкай пятой ворагаў! Праца над адбудовай Бацькаўшчыны нашай надта трудная, змаганне з магутным ворагам патрабуе вялікіх высілкаў! Але не будзем забывацца, што не ў сіле Бог, а ў праўдзе! А нашая беларуская справа – святая! Пачынаем вялікую акцыю, дык па-а-молімся! – завёў-заспяваў, асяняючы сябе крыжам, і ўсе як адзін на плошчы, на якой былі і католікі, і татары-мусульмане, і жыды (апошнія, праўда, не жагнаючыся), таксама ўслед падхапілі:

– Па-а-амолімся!

– ...Перад пачаткам святой пра-а-ацы! – і далей рэчытатывам, хутка: – Каб Бог памог беларускаму воінству выгнаць ворагаў з нашай многапакутнай зямелькі маці-Белару-у-усі!.. Беларускаму слаўнаму воінству і аружжу яго... – не выцягнуў, спыніўся перадыхнуць, але ўжо апярэджвалі яго:

– Многая-я ле-э-эта!..

Дзяк вынес вядзерца з вадою і панікадзіла; святар пачаў абыходзіць шыхты, шчодра кропячы кожную роту, кожнае аддзяленне. Не забыў папырскаць і коней, і два брыгадныя кулямёты, якія знарок дзеля такога выпадку знялі са штабнога гарышча. Некаторыя падстаўлялі пад пырскі перш зброю – вінтоўку, стрэльбу ці карабін, а тады толькі галаву...

Камандзір палка Чайка прыпазніўся і стаяў цяпер ззаду, сярод самых нізкарослых, трымаючы ў левай, у локці сагнутай руцэ фуражку, а тры пальцы правай звыкла склаўшы ў шчопаць... Пабудзілі яго сёння чуць свет. Адзін з дазораў перахапіў аўтамабіль, у якім аказаліся два савецкія «паслы» і польскі афіцэр: ехалі ў Польшчу на перамовы. Былі б гэтыя «паслы» адныя, самі па сабе, дык не было б, вядома, з імі і клопату, разабраліся б, што рабіць і з імі, і з трафейным аўтамабілем. Але ж палякі! Наўрад ці спадабаецца «саюзнікам» умешванне ў іхнія справы... «Вось і гэты эпізод, – думаў Чайка, па якога тэрмінова паслалі, едучы марозным, прыцемным яшчэ ранкам да затрыманых, – які паказальны! Вось і цвердзяцца словы ўчарашняга Лебедзева! Дык што ў нас тут і з кім за змаганне такое?! Ёсць у нас нейкая самастойнасць, гаспадары мы тут, чорт нас вазьмі, хоць бы ў гэтай нейтральнай, нічыйнай зоне, ці вечныя парабкі кагосьці?..»

Але самае цікавае было наперадзе. «Паслы», два маладыя кампанейскія хлопцы, аказаліся старымі знаёмымі, ведалі Русака, Пракулевіча, Радзюка, якія пару тыдняў назад, яшчэ ў Слуцку, перадавалі ім ноту – «зварот да дэмакратыі ўсяго сьвету (ні многа ні мала) з пратэстам супраць падзелу незалежнай БНР»; нашыя хваліліся потым, як добра бальшавікі іх прымалі, праўда, сядзець давялося на стале, бо не хапіла крэслаў, але гэта такія дробязі... Калі Чайка пад'ехаў, у ранішнім сутонні адкрыўся перад ім такі малюнак: на капоце стаяла пляшка каньяку, хадзіла па крузе чарка; воддаль, спіною да аўтамабіля, нервова курыў польскі афіцэр – каля ног яго ляжала штук пяць недакуркаў. Чайка спешыўся. «Што за банкет?» – гаркнуў па-камандзірску, на што адзін з паслоў, фарсісты, чубаты, з адкрытым разанска-тамбоўскім тварам, дружалюбна абазваўся: «Кінь, камандзір! Свае людзі! Хочаш, я табе нешта пакажу?» – як ні ў чым не бывала, палез у аўтамабіль, дастаў планшэт, з планшэта карту, моўчкі разаслаў яе на капоце перад Чайкам. Той упіўся ў яе вачыма – ваенная трохверставая карта, і на ёй было пазначана ўсё – ад высотак, дзе размяшчаліся артылерыйскія разлікі, да адзіночных сакрэтных лясных пастоў. Вось так з намі лічацца, вось так «усур'ёз» успрымаюць!..

Дзіўны гэты, ні на што не падобны эпізод скончыўся хутка. Была нават вытрымана фармальнасць – у падарожным лісце чыркнулі, што так і так, праезд дазваляем, і, развітаўшыся ледзь не з пацалункамі, «паслы» пачхалі на сваім аўто на Баранавічы, упэўненыя, што інакш і быць не магло, – паехалі, пакінуўшы ў разгубленай і без таго душы камандзіра палка прадчуванні самыя нядобрыя...

І толькі цяпер, каля царквы, яго пакрысе стала адпускаць. Ён і не чакаў, што ўбачыць такое мора святочных людзей, што будзе ўсё так урачыста, сур'ёзна... Гэты святы ў сваёй наіўнасці попік не прыкідваўся, не крывадушнічаў, ён папраўдзе, як у самога Бога, верыў у тое, што пасля асвячэння беларуская зброя прывядзе да перамогі; і гэтая вера, як і любое сапраўднае, не магла не перадавацца іншым. І калі зацягнулі «многая лета», у Чайкі зашчыпала ў горле – такімі нікчэмнымі, гадкімі падаліся сумненні свае апошняга часу, усё гэтае самакапанне – як прыкмета, па вялікім рахунку, звычайнай трусасці!..

Нехта пацягнуў яго за абшлаг шыняля. Дакончыўшы жагнацца, Чайка павярнуўся. Перад ім стаяў Даніла.

– У штаб, тэрмінова, пан камандзір! – ад хвалявання ардынарац звярнуўся афіцыйна.

Чайка, нічога не пытаючы, пайшоў за ім. Параўнаўшыся з цвінтаром, ён убачыў паперадзе строю Чуба – у адной руцэ той трымаў таўсценны дзяржак сцяга, другой клаў на грудзі размашыстыя крыжы; твар яго быў заміраны, спакойнаціхамірны...

Даніла перахапіў камандзіраў пагляд, таксама азірнуўся на Чуба.

– Перацягнуць бы чорта гэтым дзержаком! – выціснуў разгневана. – Галоўнае, яшчэ і торбу з гасцінцамі прынёс!..

– Якую торбу? Што здарылася?

– Бяда здарылася, Павал Пятровіч! З-за яго вунь бальшавікі ўночы акружылі вёску, людзей пастралялі – Васілько малы прыбег толькі што... Дзяніса майго арыштавалі! І ўсё з-за дурня гэтага!..

Перад тым як падняцца на ганак, Чайка прыпыніўся. Прамовіў, кратаючы на няголенай барадзе выпуклы, на белую вусеніцу падобны шнар:

– Якая ж гэта бяда? Гэта не бяда, гэта тое, што й павінна было быць. Дапацыкаліся... Гэта толькі пачатак!


XVI

А ў сяле адбывалася вось што.

Не паспелі Чуб са старым Карпам выйсці на вуліцу, як ад Дзянісавай хваробы не засталося і следу; ён вызірнуў у акно, сарваў з калочка-вешалкі шынялёк, сунуў у кішэню маўзер, выскачыў на двор і, прыгінаючыся, хуценька папраставаў агародамі да суседняе хаты – той самай, з якой быў малы Васілько, што папярэдзіў іх пра чырвоных, і, галоўнае, той самай, дзе жыла яго сястра – крэпенькая круглашчокая «безадказная» (даходзілі да Дзяніса чуткі) Лізка.

– Ай, малайцы! – не хаваў радасці ад з'яўлення госця Лізін бацька, дзядзька Ладусь, мітусячыся каля стала.

– Трэба ж – так спрытна ўхайдокалі! А вось я дарма што стары, а не змог бы!.. Так я што хочаш: і цяля зарэжу, і кабана, а вось чалавека – не дай Бог! – казаў, нібы хвалячыся сваёй гэтай няздатнасцю. Невялічкі, з хітраватымі вочкамі, хуткі на язык і на рухі, падобны нечым на брыгаднага «апостала ў лапцях» Мяшочка (на якога часта, калі ён выступаў, Дзяніс з сябрам Валодзькам Піліпчуком глядзець не маглі без смеху). – Я ж і ў варміі не быў ніколі, не ведаю, якім бокам тую стрэльбу наводзіць...

У хаце было холадна. Хоць і прапальвалі, але дзьмула з усіх шчылінаў, асабліва ад акна. Дзяніс у шыняльку, толькі фуражку скінуў, сядзеў на покуці і, панурыўшыся, не слухаючы дзядзьку Ладуся, круціў у пальцах шклянку з жаўтаватай смярдзючай самагонкаю. Даўно сцямнела. Самаробная газнічка куродыміла ў вочы і паўкругам асвятляла стол з бутлем на ім і з беднай закуссю: міска квашанай капусты, вараная бульба на ручнічку, соль ды цыбуля. У другім кутку, каля печы, гарэла, патрэскваючы, смольная лучыніна, ціха татахкала прасніца – Ладусева жонка, цётка Ёўга, ссучвала на верацяно кудзелю. Побач на поліку прыткнулася чырванашчокая Лізка, яна змотвала ў клубок гатовыя ніткі і мяняла час ад часу лучыніны (чорныя абгарышы ляцелі ў чыгун з вадою і з шыпеннем тухлі). Ногі яе, абутыя ў лапцікі, не даставалі падлогі, яна хістала імі і не зводзіла з Дзяніса бліскучых вачэй. Малы Васілько, натомлены і намерзлы, спаў на печы.

«Ды не цягні ты, расказвай! – будзе ўмаляць Валодзька Піліпчук. – Ну, пабілі вы чырвоных – і што далей?» – «Што-што, пайшоў вады папіў... Тады думаю, навошта мне тое Семежава здалося, гульну, думаю, хоць які дзянёк, раз ужо так падшэнціла. Да дзеўкі, думаю, адскочу». – «Да дзеўкі?! – абамлее ад зайздрасці, не паверыць Піліпчук. – У цябе хіба дзеўка ёсць?» – «Ну ты смешны – і не адна. А гэтая, Лізка, ты не ведаеш яе. Кажу Чубу – так і так, захварэў, кажу, нешта горла баліць. Чуб хітры, здагадаўся, вядома. Маўзер Кецкаў пакінуў. Закурыць маеш?» – «На!» – і пакуль ён марудна пачне скручваць цыгарку, Валодзька будзе прытупваць ад нецярпячкі. «Ну, далей!» – «Што далей – не паспела ад'ехаць падвода, як я маўзер у кішэню, ногі ў рукі – і да дзеўкі. Вось... (будзе расказваць, расцягваючы словы, у доўгія паўзы пыхкаючы самакруткаю), ну, з бацькам яе пасядзелі, выпілі, значыць...» – «Выпілі?!» – «Ну ты смешны – як жа без гэтага? Гляджу – яна, ну, Лізка, ножкамі так і стрыжэ, вочкамі так і свеціць...»

– Дзяніс! О Дзяніс, чуеш?

Ён страпянуўся. Дзядзька Ладусь са шклянкаю ў руцэ сядзеў з краечку лавы, быццам не гаспадар, а госць быў тут.

– Я, Дзяніс, гэта... Кажу, не змог бы чалавека забіць...

– А ён, можна падумаць, змог, – насмешліва абазвалася з поліка Лізка. – Нябось напалохаўся, уцякаў, як заяц!

– Так і было, – пацвердзіў Дзяніс.

Дастаў з кішэні маўзер, агледзеў яго ўважліва, дзелавіта. Паклаў назад у кішэню.

– Ага, такі спалохаецца! – Дзядзька Ладусь з павагаю, з любоўю і з гонарам за яго сачыў за гэтымі рухамі. – Ты, Дзяніско, сынок, на мяне не глядзі, пі сабе і закусвай!

Выпілі; дзядзька Ладусь далікатна, у шчопаць, захапіў капусты з місы – ніякіх ні відэльцаў, ні лыжак на стале не было. Дзяніс макнуў у соль цыбуліну, падумаў – ну і галота, трэба было здагадацца прынесці хоць сала які кавалачак... Ці толькі Лізку прысароміў бы гэтым?.. Які ён усё ж малайчына, што прыйшоў сюды.

Прыемна, добра, утульна было, нягледзячы на холад... Ад самагонкі, ад лісліва-хвалебных слоў дзядзькі Ладуся, які, вядома ж, як і кожны бацька, прымае яго за зяця, ад ціхага татахкання пралкі, ад паглядаў Лізчыных, ад таго, што Васілько спіць на печы (малы – не тое што ён, дарослы хлопец Дзяніс – таму і спіць так рана)... А яшчэ больш прыемна і добра ад уяўлення, як пра ўсё гэта можна будзе расказваць Піліпчуку Валодзьку. Прычым і хлусіць не трэба.

Дзянісу раптам прыйшло ў галаву: а мо ён і праўда герой, як дзядзька Ладусь з дачкою думаюць? Згадаў Чуба – як той піў і закусваў салам без хлеба, калі на двары трупы яшчэ не астылі. Тады яго ледзь не зблажыла... А цяпер тое самае робіць, што й Чуб, адно мерцвякі ўжо не стаяць у вачах... Усё, аказваецца, прасцей, да ўсяго можна прывыкнуць. Хто і як даведаецца, што «геройства» ягонага на тое хапіла, каб вяроўку з каморы вынесці, а потым спужаўся, у атрад не паехаў, урэшце, збег да суседзяў, абы дома не заставацца?.. Гэта гледзячы як расказваць... Адны й тыя словы, па-рознаму сказаныя, могуць выставіць яго як за сцыкуна, так і за героя. Дойдзе гэтая гісторыя, напрыклад, да Чуба і да Гната з Міколам – і ўсё самым найлепшым чынам растлумачыцца. «А! – падкруціць вусы Чуб. – Дык ён, гад, проста паддурыў нас, не паспелі мы з хаты, як ён да дзеўкі! Спрытнюга!»

– Дзяніс! О Дзяніс! – крануў яго за руку дзядзька Ладусь. – Ты чуеш?

– О?

– Я гэтае, кажу, – а бацька ведае, што ты ў нас?..

Добра і прыемна таксама, што яго, Дзянісаў, бацька багаты, а гэты Ладусь – бедны. Таму і цягнецца да заможнікаў, аж карціць яму парадніцца з якім-небудзь; таму і спытаў, ці ведае Карпа, што яго сын да Лізкі ходзіць, – раз бацька ведацьме, то гэта ўжо сур'ёзна, гэта ўжо спадзеўкі на штось; таму і падстройваецца пад багатыроў – не ўступае ні ў якія камбеды, Саветы лае, «лясных хлопцаў» хваліць, на апошнія грошы выпісвае «Беларускае Слова» – маўляў, і ён не так сабе: пры патрэбе і пра палітыку ўставіць, і ў эканамічных навінах разбярэцца, і нават курсы валют (якія рэгулярна змяшчала газета) яго цікавяць – і ўсё не як Піліп з канапель, а талкова, спаважна, да месца...

– Дзяніс, чуеш?..

– Што? – у які ўжо раз ускінуўся Дзяніс.

– Я гэта... Пытаю – хіба нашы ўрад пераехаў цяпер? Я чуў, што ўжо ў гэтым... аж у Парызе?

– Дзе-дзе?

– Ну, горад такі ёсць... Парыж называецца...

– Можа, у Рызе, вы хацелі сказаць? Парыж – у Францыі, Рыга – у Латвіі.

Ліза на поліку аж зайшлася смехам – яшчэ й газеты чытае!

Збянтэжаны, сам з сябе смеючыся, чухаючы патыліцу, дзядзька Ладусь вінавата апраўдваўся:

– Гэта ж галава трэба конская, каб разабрацца... Таму ж і пытаю, бо во – хлопец вучоны, гімназію канчаў... Пытаць жа не грэх. Дый то: хіба ж у нас адзін ён, гэты ўрад? Я хацеў неяк падлічыць – чорта з два, ніяк...

– Што ёсць, тое ёсць, – пасміхаючыся, рады нагодзе паказаць сваю дасведчанасць, сказаў Дзяніс. – Кіраваць намі хочуць усе, хто не лянуецца, – паўтарыў ён словы Чуба, але не заўважаў гэтага, бо звыкся з імі, як з уласнымі.

– Ну-ну, – праявіў дзядзька цікавасць, – і колькі? Хоць прымерна?

– Значыць, так. – Дзяніс пачаў загінаць пальцы. – Урад БНР Ластоўскага ў Рызе – раз, Найвышэйшая Рада Луцкевіча-Тарэшчанкі ў Варшаве – два, Беларускі Нацыянальны Камітэт у Лодзі – тры, Беларускі Нацыянальны Камітэт Ярэміча ў Вільні – чатыры, Беларускі Палітычны Камітэт недзе пры Балаховічу – пяць, так? – Левая рука згарнулася ў кулак. – Урад Кнорына – Чарвякова ў Менску – шэсць?

– Праўда што: у Мінску ўсё па-свінску, – уставіў да месца дзядзька Ладусь.

– Урад Літоўска-Беларускай рэспублікі недзе ў Бабруйску, ці дзе ён там – сем? Гэта не лічачы нашай Рады Случчыны, якая, праўда, Найвышэйшую Раду прызнае, не лічачы Беларускай Вайсковай Камісіі ў Горадні...

– Ой, мнагавата, ой, мнагавата, – круціў галавою дзядзька Ладусь. – А мо яно і лепш, што мнагавата? Больш паляўнічых – ваўка лягчэй абкласці...

– Лепш-то лепш, дык яны ж грызуцца ўвесь час. Дзе два беларусы, там тры партыі, – ужо не Чуба, а Мірановіча паўтарыў Дзяніс.

– Ото-то, добра ты сказаў, Дзяніско!..

Дзядзька Ладусь яшчэ распытваў – «ці многа вас? і хто вам памагае? і ці пераможаце вы?» – і ўсё нахвальваў Дзяніса, усё ліслівіў; але як ні прыемна было, рассеўшыся па-гаспадарску на лаве, слухаць гэтыя словы і лена на іх адказваць, як ні соладка было лавіць на сабе пагляды дзявочых бліскучых вочак, Дзяніс адчуваў, што даўно час развітвацца і йсці. Усё было выпіта, усё з'едзена, і прасніца перастала ўжо татахкаць, а цётка Ёўга знікла ў большай хаце – пасцелі слаць, ужо і сам дзядзька Ладусь крадком паціраў чырвоныя нос і шчокі і пазяхаў, з ветлівасці не разяўляючы рота. Адна Лізка сядзела, як і сядзела, на поліку, папраўляла лучыны і хістала ножкамі.

Ён рабіў выгляд, што збіраецца ўстаць, чакаючы, што і дзяўчынка ўстане і правядзе яго, але тая нібы нічога не бачыла і ні аб чым не здагадвалася. Выручаў дзядзька Ладусь – «мо яшчэ трохі пасядзі», і Дзяніс пакорліва і з палёгкаю плюхаўся на лаву.

Калі дзядзька Ладусь адкрыта пазяхнуў і перахрысціўся, ён усё ж устаў – ужо ў апошні раз; цярэбячы аколыш фуражкі, з нямой мальбою зіркаючы то на дзяўчынку, то на бацьку яе: «Здагадайцеся, затрымайце як-небудзь, няўжо вы не разумееце, што мне жудка ісці ў двор, па якім цені мерцвякоў матыляюцца!..» І ў той самы момант, пакуль уставаў, радасна бліснула ў галаве: «Вось яна, прыдумка!» Лазня! Іхняя маленькая лазнечка ў канцы агародаў, ля рачулкі, акурат паміж надзеламі дзядзькі Ладуся і іхнім.

Цяпер трэба было толькі выманіць з хаты Лізку, і тады ўсё склалася б так, што думай – лепш не прыдумаеш.

– Ну што – пайду памалу, – сказаў ён, надзяваючы фуражку.

– А мо пагуляй, – у каторы раз без асаблівай ахвоты прапанаваў дзядзька Ладусь. – Вунь і Лізка яшчэ спаць не хоча...

– Няхай ідзе, калі сабраўся.

(«Ну, сучка малая, усё яна бачыць, усё ведае, проста пацыкаецца!..»)

– Ты ж хоць правядзі хлопца, гэта самае...

(«Вось малайчына дзядзька Ладусь, як да месца ўспомніў, што будучы, можа, зяць перад ім!..»)

Лізка прытворна ўздыхнула: была, маўляў, ахвота, каб не бацька, выпраўляцца ў гэтыя провады. Спаўзла з поліка, выкалупнула ззаду і спераду складкі спаднічкі спаміж ног, накінула світачку на плечы, закруцілася па вочы ў тую самую «канаплянку», што рабіла яе падобнай на дарослую маладзіцу.

Дзядзька Ладусь таксама ўлез у кажух.

– У борню заадно выйду, – сказаў.

– Фу, тато, які ж вы!.. А яшчэ газеты чытаеце! – пачырванеўшы, засмяялася Лізка, і Дзяніс засмяяўся, у якога ад гэтых збораў і ад падгледжанага папраўляння спадніцы камень з душы спаў.

На дварэ было светла, як днём. Замест сонца ў самым цэнтры неба завіс яркі бела-чырвоны месяц (на мароз), і скрозь блішчэлі буйныя блізкія зоркі.

Як толькі дзядзька Ладусь, развітаўшыся з будучым зяцем і паківаўшы дачцэ пальцам, пайшоў за хлеў, Дзяніс ступіў да дзяўчынкі і прытуліў яе да сябе. Крысо расхлістанага шыняля падвярнулася, і маўзер муляў паміж імі, як трэці лішні...

– Хадзем у нашую лазню, – зашаптаў горача. – Не бойся, тата не будзе сварыцца, ён жа сам наказаў табе правесці...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю