355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Федарэнка » Нічые » Текст книги (страница 30)
Нічые
  • Текст добавлен: 28 апреля 2017, 18:30

Текст книги "Нічые"


Автор книги: Андрэй Федарэнка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 30 (всего у книги 34 страниц)

«Як цябе завуць?»

«Ясенія», – адказала за яе маці з некаторай насцярогаю. Але, пабачыўшы, як пяшчотна, умела падняў Ведрыч яе дачку на рукі, як даверліва туліцца да яго сама малая, супакоілася.

Ведрыч з дзяўчынкаю на руках пайшлі блукаць па кватэры, а на кухні з’явілася, на хаду развязваючы фартух, яшчэ жанчына.

«Знаёмцеся – мая маці», – сказала Нэлі. Каб не сказала яна гэтага, можна было б падумаць, што гэта яе крыху старэйшая сястра зайшла, да таго падобныя яны былі: і тварамі, і кароткімі хлапечымі прычоскамі, і манерамі – гэта калі маці, знаёмячыся:

«Таіса Іванаўна», – працягнула далонь лодачкай, так, як Нэлі любіць рабіць.

Падняліся зза століка, сваёй чаргі чакаючы, Альберт Казіміравіч і Ілья Ільіч.

«Илья… можно без отчества».

«Альберт Казіміравіч».

«Альберт… Алесь, я хацеў сказаць», – заблытаўся з уласным іменем Церашкоў. Так як Ведрыча да дзяцей, так яго да шахмат, бы магнітам, пацягнула. То паціраючы нос, то пашчыкваючы сябе за вуха, ён углядаўся ў пазіцыю на дошцы.

«Таксама Алесь», – сказаў Трухан.

Пачуўшы гэта, Ілья Ільіч раптам так расхваляваўся, што аж запыхцеў.

«А почему… побелорусски?! Или вы шутите?»

«А то ты не ведаў, што Нэлі, і сябры яе, беларусы? – сказаў Альберт Казіміравіч. – Правільна робіце, хлопцы. Я хоць сам і паляк напалавіну, але паважаю, падтрымліваю!»

«Паляк напалавіну… Паляк напалавіну, – мармытаў Церашкоў, які ўжо машынальна ўсеўся на Ільіное месца, і фігуры паправіў, і ход зрабіў. – А гэта што?» – паказаў ён на корак зпад віна на дошцы.

«Замест каня, – Альберт Казіміравіч таксама прысеў і ўставіўся ў дошку, закрыў рукамі вушы. – Каня Соня пагрызла… А калі мы так?»

«Так?! Трэба падумаць… Гм… Сабака пагрыз каня…»

Ілья Ільіч нават не заўважыў, што месца яго занялі так бесцырымонна і за яго партыю збіраюцца дагульваць.

«Нет, вы объясните!» – прычапіўся ён да Трухана. Той паціснуў плячыма і спытаў у гаспадыні:

«Можна закурыць?»

«Канечне, курыце. Так, жанчыны, – распарадзілася яна, – не ўсё ж гатова яшчэ», – і жанчыны пайшлі з кухні, а Нэлі, выходзячы, азірнулася і падміргнула Трухану – трымайся, маўляў. Ілья тым часам хапаў яго за рукаво і не даваў прыкурыць.

«Я понимаю – Нэли иногда может словечко ввернуть… Но она же стихи пишет! А вы? У вас, я смотрю, серьёзно это! Так объясните мне!»

«Не ведаю я», – Трухан папраўдзе разгубіўся, не ведаючы, як паводзіцца ў падобных ідыёцкіх сітуацыях, калі пачынаюцца ўсё гэтыя дэбаты тыпу: чаму беларус у Беларусі гаворыць пабеларуску? Вось паспрабуй адкажы на такое. Ды яшчэ і гэты Ілья яўна быў з тых настырных назолаў, якому калі ўжо чаго заманецца, дык не злезе з цябе. І памагчы не было каму.

«На так – шах, – гаварыў Церашкоў, – а калі так – ферзь пад боем…»

«Объясните!..»

Тут вярнуліся Ведрыч з малою. Ведрыч паднёс дзяўчынку да Трухана:

«Паглядзі, Ясечка, які дзядзька! А ўрэдныўрэдны! А хітры – не глядзі, што такі таўкач… А зараз вып’е – пабачыш, што будзе!»

Малая спадылба зіркала на Трухана, а той хаваў руку з цыгарэтаю за спіну, а другой адмахваў дым.

«Ничего не понял, – зусім ашалелы Ілья Ільіч зняў акуляры, выпусціў зпад рэменя крысо белай кашулі і працёр шкельцы. Потым азірнуўся разгублена. – Вы что… все?!»

«Бяжы адсюль, дзіцятка, дымна тут… Бяжы да мамы, – Ведрыч правёў малую да дзвярэй і вярнуўся. Яму не трэба было тлумачыць, аб чым спрэчка, ён на такіх дэбатах сабаку з’еў (як тая Соня шахматнага каня). – Дзядзька, хто ты па прафесіі?»

«Я? Юрист. А что?»

«А тое, што мы ж не лезем у тваю юрыспрудэнцыю. І ты да нас не лезь».

Ды не на таго наехаў – адносна Ільіча хамства не спрацоўвала.

«Нет, вы просто объясните!.. Зачем вам это?!»

«Добра, для самых тупых. Тлумачу на прыкладзе. Колькі ты моваў ведаеш?»

«Я? В смысле, языков? Мне пока одного русского хватает…»

«А я – дзве! Трухан – тры, – хлусіў і не моршчыўся Ведрыч. – Церашкоў вунь – чатыры. Яшчэ ёсць пытанні?»

«Да зачем её знать?! Разговаривай неправильно порусски – и вся мова! Было бы различие большое, а то в однойединственной букве разница! Поехали – а повашему – пАехалі!»

«Парень, супакойся! – сам Ведрыч пачынаў заводзіцца. – Хай у нас мова блізкая да расейскай, але яна як мінімум ёсць. А што швейцарцам, аўстрыйцам рабіць? Бельгійцам? У якіх роднай мовы зусім няма?»

«Ээ, нет! Это другая опера…»

У вушах у Трухана пачало шумець, мяшацца, накладвацца адно на адно…

«Дзядзька, выбачай за выраз, але…»

«А на так?»

«Так конь ляціць...»

«Мова – гэта табе не язык!»…

«…Они вам бросят эту кость! Хорошо, согласен: пусть мова —первая ступенька на лестнице перестройки…»

«Сюды…»

«А мы – сюды…»

«Не ведаю, які з цябе юрыст, але нясеш ты ахінею…»

"Ну, зачем вы так сразу…»

Ілья то надзяваў, то здымаў акуляры, размахваў імі ў Ведрыча перад носам – увесь у экстазе спрэчкі; на ніжняй губе ў яго выступіла белая пена, разам са словамі з рота ляцелі пырскі... Ведрыч дэманстратыўна прыкрываўся далоняю і нават прыплюшчваў вочы, нібы пазіраў на лямпу без абажура. Ілья нічога не заўважаў.

«Вы добьётесь этого... Но это тот же фашизм! Получается, Беларусь превыше всего?»

«… А так?»

«… Так – пешка праходзіць…»

«Дзядзька, мы такое семдзесят гадоў слухалі, і досыць; цяпер вы будзеце слухаць нас…»

«… І яшчэ слонікам!»

«… Это же сознательное обеднение! Неужели два великих языка, русский и английский…»

«Ды ў тым і справа, што родная мова толькі памагае засвойваць чужыя…»

«Не знаю, не думаю… Мне, например, не помогла…»

«Табе паможа толькі клініка...»

«… Я же не оскорбляю вас, не кривжу, то есть…»

Трухан, асцярожна прычыніўшы дзверы, выйшаў у прыбіральню.

Каля «сабачага» пакоя спыніўся, прыслухаўся. Адказам яму было перш бурчэнне, а потым і нейкі шып, быццам каты ці гадзюкі там жылі, а не сучка са шчанюком.

Калі ён вярнуўся на кухню, Церашкоў з Альбертам Казіміравічам пачалі новую партыю. Церашкоў папіваў з юрыставага бакала віно. А юрыст бы той клешч прысмактаўся да Ведрыча.

Цяпер ужо і Трухану было што сказаць… Вось толькі, на жаль, ніхто ў яго нічога не пытаў. А сказаў бы ён так: ну, навошта такая цвердалобая прынцыповасць? Навошта нам гэты юрыст? Перад кім мы сыплем бісер, на што трацім энергію, чаму самі сябе не беражэм? Навошта самахоць узвалілі на сябе гэтую няўдзячную місію – агулам, паўсюдна, без разбору агітаваць за беларушчыну абыкаго? Да беларускай мовы трэба яшчэ права допуску мець, трэба заслужыць гонар быць да яе далучаным.

Вось што сказаў бы Трухан, калі б кагосьці цікавілі яго думкі.

«…Ладно! Назовите мне хотя бы десяток бестселлеров на белорусском языке, типа «Трёх мушкетеров»… Ну хорошо, Караткевич, и то с натяжкой, ну «Полесские робинзоны»… А кроме?!»

«Стоп – я перахаджу…»

«А тады – вілка!»

«… Чаго ты прычапіўся да мяне?! Задралі вы ўжо! То ў пракуратуры з трактарамі, то якісь самашэчы з «Палескімі рабінзонамі»…»

«За стол, калі ласка!» – не запрасіла, а загадала, у самы час на кухню заходзячы, Нэлі. Яна паспела пераапрануцца. На ёй была сціплая цёмнавішнёвая з белымі карункамі сукенка, што рабіла яе падобнай на маладзенькую разбітную манашку, якая збегла ў манастыр па дурасці, ад нераздзеленага дзіцячага кахання, а цяпер каецца.


5

Толькі напоўнілі чаркі і фужэры, толькі Альберт Казіміравіч падняўся, каб сказаць тост, – не паспеў рота раскрыць, як грымнуў стрэл, умазаў у столь корак, трайным рыкашэтам адбіўся ад сцен, заскакаў па падлозе… Ведрыч знайшоў самы час адчыняць другую пляшку шампанскага! Нэліна цётка аж малую да сябе прыціснула, а потым, калі адпусціў спалох, рассмяялася з палёгкаю. І ўсе разам з ёю. Ну, меў гэты Ведрыч за душою штосьці такое, што крыўдзіцца на яго не можна было.

«Правільна, Толя, – сказаў Альберт Казіміравіч. – І без слоў бачна, як усе мы тут маю адзіную дачушку любім. І за яе п’ем! – Ён пацалаваўся з Нэлі і сеў, крыху збянтэжаны.

«Ты таксама будзеш піць?» – спытаў Ведрыч у Трухана.

«Буду…»

«Глядзі. Калі што, я цябе адкачваць не збіраюся. Ды вы ж не наядайцеся многа, – гучна папярэдзіў сваіх, – гарачае яшчэ будзе!»

Выпілі, закусілі, папрыцерліся адзін да аднаго, як яно заўсёды за сталом бывае... Поўным ходам пайшло святкаванне. Бразгат відэльцаў, нажоў, звон чарак, тэлевізар, які трэба было перакрыкваць… Добра, хутка Нэлі выключыла яго. На стале ўсяго хапала. Ведрыч налягаў на адбіўную з бульбай і з зялёным гарошкам. Імянінніца жавала бутэрброд з маслам і чырвонай ікрою. Церашкоў аддаваў перавагу салёным грыбам і марынаваным памідорчыкам… Як толькі на ім спыняліся вочы, так Трухану ўяўлялася ягоная жонка з сынам: што яны цяпер робяць у інтэрнаце? Ілья Ільіч калупаўся відэльцам у гуляшы, увогуле еў і піў мала і неахвотна – відаць, у думках усё яшчэ знаходзіўся там, на кухні, сярод няскончанай мовазнаўчай дыскусіі…

Ведрыч, як бы ў кампенсацыю за сарваны тост, артыстычна і без ламаніны прачытаў дзяжурны свой для такіх выпадкаў верш, той самы, дзе:

 
Паэт сказаў: п’ем за Айчыну!
І кожны выпіў – за сябе…
 

Усім так спадабалася! Прыцішэлы юрыст прамовіў:

«В поэзии – да, возможно… Какието скрытые рэзервы есть…»

«А вы, – звярнуўся раздабрэлы ад выпіўкі і закускі Альберт Казіміравіч да Трухана, – таксама пішаце?»

«Піша, яшчэ і як, – адказаў за яго Ведрыч. – Сны запісвае. Пачытай штонебудзь, пасмяшы нас! Добра, добра, не чапаю… Ён у нас сарамлівы. Яшчэ ў вобмарак грымнецца. Ну, хоць пару слоў скажы – ты ж у гасцях!»

Змоўклі ўсе. Страшна пачырванеўшы, Трухан падняўся.

«Нэлі, – сказаў ён. – Калі я заходжу ў аўдыторыю… Не, лепш не так. Чамусьці заўсёды ведаеш, што ты ёсць, прысутнічаеш у аўдыторыі, нават калі не бачыш цябе – як сонца, якое мы бачым, нават не пазіраючы на яго. Такой жа прыгожай, светлай і патрэбнай людзям, як сонца, жадаю табе заўсёды заставацца. Усё».

І яго словы, як і Ведрычаў верш, спадабаліся гэтым добрым, з размяклымі ад алкаголю душамі, людзям.

Трухану нават папляскалі.

«Гэтыя маладыя празаікі панавучваліся гаварыць, як старыя дзяды! – пракаменціраваў Ведрыч. – Трухан у нас вораг усялякіх умоўнасцей, гаворыць толькі тое, што думае, і як правіла – чужымі цытатамі…»

А Нэлі сказала:

«Дзякую, Алесь», – упершыню назваўшы яго па імені.

Настаў самы час размяцца, ды пакурыць, ды, можа, паспяваць ці патанчыць…

«Ды курыце за сталом! – прапанавала Нэліна маці. – Столь высокая, не пажаўцее. Мой не любіць, але я і сама тут калінікалі з цыгарэткаю…»

Трухан раптам заўважыў, што Нэлі падае яму знак – каб выйшаў з ёю. Ён яшчэ і азірнуўся: мо хто іншы стаіць за спінаю, і таму адрасавана гэтае запрашэнне? Потым выбраўся зза стала і пайшоў за Нэлі на кухню. Па дарозе бакавым зрокам паспеў заўважыць, як Таіса Іванаўна правяла іх абоіх незадаволеным паглядам, нават зрабіла рух, як бы збіраючыся ўстаць і самой ісці за імі. Але ўмяшаўся Церашкоў:

«Такую цешчу, дык і жонкі не трэба», – пажартаваў ён. І яна заўсміхалася і вымушана была застацца і адказваць на гэты фрывольны, пашлаваты камплімент.

На кухні Нэлі няўмела выцягнула з пачка цыгарэту. Трухан паднёс запалку. Ростам Нэлі была яму па плячо, таму ён нагнуўся, а дзяўчына, наадварот, выструнілася, прыкурваючы, да яго падалася – блізка, амаль на адлегласць пацалунка… Трухан паспеў удыхнуць пах яе валасоў. Потым яна выпусціла з рота цыгарэтны дым, які перабіў іншыя пахі.

Сваё таннае курыва Трухан даставаць не асмеліўся, а яна сваё дарагое не прапаноўвала.

«Дзіўна. Мы ўжо два гады амаль у адной групе, – ціха, і ад таго, яму падалося, неяк ласкава сказала яна, – а вось так, самнасам – упершыню».

«Ты ж больш з Церашковым», – не падумаўшы, сказаў ён. Проста курыць вельмі хацелася.

«Сапраўды», – прамовіла яна. Уся ласкавасць знікла без следу.

Ну, і што рабіць? Аб чым гаварыць? Як таго пачаткоўцавеласіпедыста цягне ўвесь час у канаву, так неабазнанага ў палюбоўных справах Трухана ўпарта сцягвала на адну тэму, акурат на тую, што ўвачавідкі была непрыемнай Нэлі: пра Церашкова. Яму ўсё карцела сказаць, што зараз яго, Церашкова, чакаюць у інтэрнаце жонка з дзіцём. Падлавата, канечне, было б гэта.

Нэлі маўчала. І Трухан крыху памаўчаў. А затым – усё ж не вытрымаў:

«А ў інтэрнаце Церашкова жонка чакае… З малым сынам», – сказаў ён, у другі раз наступаючы на знаёмыя граблі.

«Ні ён, ні яго жонка мяне абсалютна не цікавяць!» – яшчэ больш суха прамовіла яна.

«Тады хто цябе цікавіць?»

«Можа нават і ты».

Яна глядзела не на яго, а ў цёмнае акно. У руцэ яе зусім не грацыёзна, заціснутая паміж указальным і вялікім пальцамі, дымілася цыгарэта. Трухан таксама за кампанію паглядзеў у акно. І ўбачыў, як у люстэрку: дзяўчына сядзіць, ён стаіць, медзведзявата над ёю нагнуўшыся, абапіраючыся кулакамі на стол … Але ў цэлым – нічога, сімпатычная карцінка. Такое адчуванне, што нібыта не на кухні яны зараз, а ў купэ цягніка, пазіраюць разам у цёмнае люстра акна, і ехаць ім яшчэ доўгадоўга, аб усім хопіць часу нагаварыца…

«Перастань, – няўпэўнена сказаў ён, чамусьці не да жывой Нэлі звяртаючыся, а да адбітку яе ў акне. – Я ж усё разумею, ведаю сваё месца».

«Адкуль ты яго ведаеш? Хто табе на яго паказаў пальцам? Ці табе прадалі на яго білет?» – у яе, відаць, таксама ўзнікла асацыяцыя з чыгункаю, цягніком, купэ.

«Ты ж ведаеш, пра што я».

«Нічога не ведаю. Хіба ты мне расказваў калінебудзь? Ці хоць бы спрабаваў? Ты ж якімісьці сваімі, нам, звычайным, недаступнымі праблемамі заняты…»

«Дык і ты нібыта не дужа цікавілася. Раскажу якнебудзь… Можна мне цыгарэту?» – не вытрымаў ён.

«Калі ласка, – яна пасунула да яго пачак. – Толькі навошта чакаць?»

«У сэнсе?»

«Каб пагаварыць нам нармальна. Запрасі мяне ў кіно, у кавярню, у парк пагуляць…»

Якая салодкаліпкая павуціна слоў, як лёгка ў яе ўблытацца!.. У яго зноў зашумела ў галаве.

«Моцная цыгарэта, – сказаў ён, – а я думаў, так – дамская…»

«Цыгарэта як цыгарэта. Дык запросіш? Ці ўсе вы аднолькавыя – толькі на словах малайцы?»

З выклікам, нібы пацьвельваючы яго, яна гаварыла. Але ён быў удзячны ёй і згодны нават на такое: хай розыгрыш, хай проста пасмяецца яна з яго. Абы яшчэ крыху працягнуць гэты момант – яны ўдвух, ціхія галасы, іхнія адбіткі у ваконным шкле…

«У мяне ёсць іншы варыянт. Паехалі да мяне ў вёску? На наступныя выхадныя. Цягнік цэлую ноч едзе. Нагаворымся… Дзень там пабудзем, а ўвечары назад. Ад цябе нічога не патрабуецца, толькі ты сама. Ну, як?» – Нарэшце ўдалося яму перахапіць ініцыятыву. У яго словах быў выклік.

«А што, – сказала яна пасля паўзы. – Я згодная».

(«Выходзь за мяне замуж». – «Я згодная», – таксама зляціць некалі з гэтых жа вуснаў. Грудкі сукенку напінаюць, варушацца, як жывыя. Вочкішчочкі, эх, ты, Церашкоў!..)

«Цікава нават. Дарогу я люблю. Як і вёску… А хто там у цябе? Я думала, ты круглы сірата».

«Дзед з бабаю. І яшчэ… гэта крыху іншая вёска, – сказаў ён. – Не такая, як ты, відаць, уяўляеш. Не дачны пасёлак. Наша – цёмная, чарнобыльская, спітая, напаўразбураная, акрамя прыроды нічым больш не цікавая… У хаце – сажа, бруд, падлога не мытая. Прыбіральня, выбачай, на дварэ».

«Напалохаў. На бульбе я не была, ці што? І дождж, і холад… Асабліва нам, дзеўкам: ні памыцца, ні, пардон, падмыцца… Амаль два месяцы так. І нічога страшнага. А ў цябе ўсяго адзін дзень. Дарэчы, што мы там рабіць будзем?»

«Ды ёсць адна справа…»

Трухану патрэбна была гэтая паездка яшчэ і вось для чаго: нарэшце ўпэўніцца, што ён сапраўды быў некалі Трухановічам і жыў у тым часе. Трэба было праверыць знак, які зрабіў ён некалі, будучы Трухановічам: менавіта – у снараднай гільзе ён прыхаваў частку сваіх запісаў. Цяпер ён хацеў адшукаць гільзу, і тады ўсё стала б ясна.

Ён узяўся другую цыгарэту ад першай прыкурваць. Але Нэлі адабрала яе і зламала ў попелцы.

«Хадзем, – сказала пазмоўніцку, паказваючы тым, што ўжо ўзнікла нешта паміж імі, што з’явіліся ўжо ў іх сакрэты, якія звязваюць іх і якія іншым ведаць зусім неабавязкова. – А то ўдваіх столькі часу… Падумаюць, чым мы тут займаемся?»

Далей ўсё было як у тумане.

Трухан еў штосьці, піў штосьці. І звінела ў галаве, і шумела ў вушах – але зусім не сімптомамі хваробы… У яго нешта пыталіся: Ведрыч з аднаго боку, Церашкоў – з другога, Ілья Ільіч – цераз стол… Ён нешта адказваў. А на Нэлі і глядзець баяўся. Яму здавалася, што яна зараз пачне ўсіх па чарзе выклікаць на кухню. Ведрыча, Церашкова, нават пажылога юрыста – і ўсім ім у сімпатыях прызнавацца. Але яна ні разу больш не выйшла.

Пазней – у бальніцы, а потым у турме, часта згадваўся яму гэты вечар. Многае ўспаміналася: смак ежы, пахі, шахматы, твары гасцей, падобная на манашку Нэлі, «сабачы» пакой… Успамінаўся шум у вушах і ружовы туман у вачах… Словам, шмат чаго.

Але назву кнігі, якую падараваў тады Нэлі, ён не мог успомніць, хоць забі. Ні назвы, ні аўтара, ні вокладкі. Правал памяці. Карнэгі? Дзюма? Марыс Друон?

Ён апамятаўся, стоячы ў пярэдняй. Знаёмы ўжо шчанючок, падрослы крыху, неяк выграбся са свайго пакоя і цяпер церабіў Трухана за шнурок чаравіка. Альберт Казіміравіч памагаў Трухану апрануць куртку. Церашкоў і Ведрыч адзетыя ўжо былі і чакалі яго. Моцна падпіты Ілья Ільіч чапляўся да Ведрыча, той адпіхваў яго, і юрыста насіла ад сцяны да сцяны па ўсёй пярэдняй. Нарэшце развіталіся, падзякавалі, выйшлі на вуліцу.

«Загляну ў яшчэ адну блатхату, тут паблізу», – сказаў Ведрыч (вось каму, а не Трухану, заўсёды ўсяго было мала!).

Церашкоў спяшаўся на метро, каб ехаць у інтэрнат да жонкі з сынам.

А адзінокі Трухан вырашыў пяшочкам прайсці па вячэрнім праспекце.


6

«… Не паеду сёння на трамваі —

Лепш вячэрнім горадам прайду»

Ён крочыў сабе памалу, і ўяўлялася яму, што не адзін ён ідзе, а з дзяўчынаю. Яму хацелася, каб была гэта Нэлі, але гэта была іншая, незнаёмая, крыху толькі на Нэлі падобная – так: зборны тып.

Ва ўсім, на што б ён ні пазіраў, яна прысутнічала. Яна была і гэтым скрыпучым снегам пад нагамі, і зорамі над галавою, і святлом ліхтароў, і асветленымі вітрынамі магазінаў… Паступова яна матэрыялізавалася, і вось яны ўжо ідуць побач, і ён нібыта размаўляе з ёю…

Чорт вазьмі. Ды чаму не можа быць так? Чаму ўсё, што для іншых звычайнае, нармальнае, даступнае, для яго – недасяжнае? Выйшла дзяўчына пакурыць на кухню, і зацікавілася табою, і з таго моманту трывала «прапісалася» ў тваёй душы і ў думках – ну і радуйся. Чаму б, на добры лад, не даць гэтаму працяг? Не запрасіць яе ў рэстаран на дзень нараджэння? У машыне да універсітэта не падвезці? Брыльянтавыя каралі не падараваць?

І што ж мне за лёс такі! Хто, калі і за чые грахі на мяне гэтае пракляцце накінуў? Як толькі блісне праменьчык надзеі – так чакай неўзабаве перыяду слепаты; як толькі грам радасці – так атрымоўвай наўздагон стопудовае расчараванне…

Любому нармальнаму хлопцу якія б на яго месцы адкрываліся перспектывы! Хоць бы ў меркантыльным плане: мінская кватэра, добрыя і багатыя цесць з цешчаю, разумная і прыгожая дзяўчына, а тое, што без цара ў галаве, дык зусім маладая ж яшчэ…

«Нармальнага»! У тым і справа, што трэба ж было Нэлі наляцець акурат на яго – ненармальнага, незвычайнага. Нават тое маленькае, просценькае, што ў мяне зараз ёсць, гэтыя бяскрыўдныя мары, гэтае старонняе сузіранне чужых жыццяў – нават гэта для мяне раскоша, бо можа скончыцца ў адзін міг, бо захінута ценем дамоклавага мяча аперацыі, атручана ўвесьчаснай, жудаснатупой падрыхтоўкай да канца ўсяго…

Тут яму раптам крыўдна стала. Не на сябе, не на лёс свой пакручасты, а… на жанчын. Добра, усё так: хваробы, беднасць, панурасць, некамунікабельнасць… Але ж гэта знешняе. Дык угадайце ўнутранае! Ацаніце яго, узнагародзьце за яго. Вас жа тысячагоддзямі паэтызуюць паэты, малююць мастакі, апяваюць кампазітары; дзе хвалёная спагада ваша, дзе інтуіцыя ваша? Чаму вы не адчуваеце, што такіх як я, – незвычайных, асаблівых – можа быць, два з паловаю чалавекі на ўвесь гэты горад?

У вас пытаю.

«Усё жыццё заву іх і заву, а яны, сволачы, не ідуць і не ідуць». (Ю. Алеша.) Тут яшчэ вось што: Ігара з Церашковым, ці таго ж Ведрыча, пакахаць справа не хітрая. А вось яго – «палюбіце мяне чорнага, а белага я і сам сябе палюблю». (Народная прымаўка.) Дзе, да пляча якой Мармеладавай прытуліцца, да чыіх каленяў прыхінуць буйну галаву, каму – не, не паплакацца, не паскардзіцца – апошняя гэта справа, а з кім скупымі двуматрыма сказамі проста падзяліцца?..

Чаму ж тады здзіўляемся нарастаючай хвалі «блакітнізму», гэтай своеасаблівай мужчынскай помсты ім – ад імя ўсіх іхніх незлічоных ахвяраў, ад імя ўсіх тых, каго яны, гэтыя нагастыя і грудастыя, без часу звялі ў магілы, загубілі ў войнах, распачатых зза іхніх дурных капрызаў, пазнішчалі на дуэлях, згнаілі па турмах і дурдомах; помсты ад імя мільярдаў і мільярдаў тых, хто так і не нарадзіўся, забіты іхнімі абортамі…

Во занесла. «Не мне б гаварыць пра іх з такой злобаю, – мне, які акрамя іх нічога на свеце не любіў». (М. Лермантаў.)

Тады можа ўспомніць і тое, колькі войнаў зза іх не адбылося? І тое, колькіх уратавалі яны, павыцягвалі з петляў і з дурдомаў?.. Ды і з чаго ты ўзяў, што Нэлі… Можа, не так і безнадзейна ўсё. «Ты мяне цікавіш…» Здараюцца ж цуды на свеце. Можа, Нэлі якраз і ёсць тое самае выключэнне, якому можна схаваць галаву між каленяў? Прадвесніца якогасьці пералому? Так бы мовіць, плата – ганарар яму за ўсе нягоды. І з гэтага часу наладзіцца ўсё, і аперацыя пройдзе ўдала, і паправіцца ён, і пісьменнікам стане, або юрыстам, як Ілья Ільіч, і разбагацее бязмежна, і ў машынах раз’язджаць будзе, і па рэстаранах Нэлі вадзіць…

А раптам? Проста дапусцім. Смехам, не ўсур’ёз, не надоўга. Што вось неўзабаве будзе ў іх купэ адно на дваіх, цэлая ноч, без святла… І што ён ёй скажа? У такіх выпадках нармальныя людзі звычайна будуюць светлыя планы: як жыць, як разбагацець, як выгадаваць дзяцей… А ён – якую шчаслівую перспектыву зможа ён намаляваць перад ёю? Паведаміць пра сваю аперацыю? Пахныкаць, што няма грошай на лячэнне? Паныць, як цяжка яму ўсё жыццё, без будучыні…

Здорава. Вось з гэтага давай і пачынаць. Дык жанчыны вінаватыя, ці мы, такія, як я – слабыя, істэрычныя стварэнні, што нясуць да іх замест сілы, упэўненасці, кахання свае смаркачы ў насовачках?..


7

Назаўтра пасля дня нараджэння, у панядзелак, на першым жа ўроку першай лекцыі Трухан апынуўся з Нэлі за адной партаю. Гэта было ўпершыню за ўсю іхнюю сумесную вучобу. І сёння, вось цяпер, Трухан паклясціся быў гатовы, што ні ён, ні Нэлі спецыяльна не падгадвалі, каб так сесці. Проста лёс нарэшце вырашыў звярнуць на іх увагу і ўмяшаўся: узяў за каўнер аднаго і другую і звёў іх разам.

Што б ёй сказаць? – прыкідваў Трухан, скоса на яе пазіраючы. Проста падзякаваць за дзень нараджэння? У яго і ў думках не было даваць працяг учарашняй гутарцы на кухні.

Ён паўздыхаў, паварочаўся і, так і не прыдумаўшы нічога (водар духоў яе перашкаджаў, і яе нага каля сваёй, і «што за партаю адной ты сядзела не са мной…»), абы даць пальцам размінку, узяўся канспектаваць лекцыю, аўтаматычна, ад суму перакладаючы гэтую нудняціну на беларускую.

«Ну, не перадумаў? – Нэлі кранула яго за локаць. – Ты запрашаеш мяне?»

Лёгкая прыкрасць была ў яе голасе – ад таго, што не ён, а яна вымушана пачынаць. Яна не разумела яго маўчання. Адкуль ёй было ведаць, што яшчэ падчас учарашняга шпацыру па вячэрнім горадзе, і пазней, уначы, ён ужо напярод усё з ёю здзейсніў: ужо з’ездзілі яны з ёю да яго ў вёску, вярнуліся, ён ёй выгаварыўся, і прызнаўся ў каханні, і прапанаваў выйсці замуж, і атрымаў насмешлівы, строгі адказ… Таму і быў ён цяпер амаль сярдзіты на яе – як нібыта ўсё гэта адбылося на самой справе.

«Я якраз сягоння збіраўся ехаць па білет. Дык што – па білеты? Калі ты не…»

«Нічога не я. Сказала ж. Проста не думала, што так хутка».

«Нэлі, можа, ты мне проста паслугу робіш? Глядзі. У цябе сваіх справаў хапае».

«Сказала ж!»

Ён чытаў па ёй, як па разгорнутай кнізе: па твары, па сярдзіта падціснутых губках, па наіўным прыжмуры вачэй; стараўся ўгадаць ход, паслядоўнасць, чаргаванне яе думак і, здавалася яму, не без поспеху —угадваў, «уваходзіў» ў яе хоць такім чынам…

Ёй, да сцяны прыпёртай, цяпер не было як адступаць. Ад жадання зрабіць наперакор – ён не сумняваўся ў гэтым – яна паедзе. Білеты. Можа, кветкі. Вагонрэстаран, пятаедзесятае… Каб можна было на дзень назад перанесціся! Табе ж давалі ўчора грошы.

Увечары ён паехаў да Ведрыча.

Паехаў на авось, не ведаючы адраса, памятаючы толькі назву вуліцы. Аднак пачварную аблупленую будыніну інтэрната нельга было не знайсці і без адраса. Толькі цяпер, да ганка падыходзячы, Трухан апамятаўся, што студэнцкі білет не ўзяў, і могуць не пусціць, а нумару пакоя ён таксама не ведае. Як і не ведае, дзе можа быць сам Ведрыч. Тактакі зараз сядзіць ён на месцы, са сваім характарам, і чакае яго...

Ды калі ўжо лёс возьме пад сваю апеку, то ўсур’ёз і надоўга. Не давялося ні ў кога прасіцца, нікому нічога тлумачыць, нават ў вестыбюль Трухан не зайшоў, бо сутыкнуўся з Ведрычам нос у нос на ганку, у дзвярах, над якімі цьмяна свяцілася ўзятая ў сетку лямпачка. Ведрыч быў з сумкаю ў руцэ. Пабачыўшы Трухана, ён не ўзрадваўся, а як бы засаромеўся нечага. Перакінуў сумку ў левую руку, каб павітацца. Паздрадніцку звякнулі парожнія пляшкі.

«Трохі парадак вырашыў навесці, – знайшоўся, што патлумачыць, Ведрыч.– А ты чаго тут? Па грошы прыйшоў?»

«Ды не – так…»

«Не хлусі. Бачу, што па грошы. Спахапіўся. Табе ўчора давалі? Дык трэба было браць… Добра, насупіўся ўжо. Знайду я. На, сумку патрымай», – і пайшоў, не запрасіўшы Трухана нават у вестыбюль, не тое што да сябе.

Пакуль чакаў, Трухан тупаў на ганку, каб ногі не замёрзлі.

«На, – сказаў, з'яўляючыся, Ведрыч. Трухан запіхнуў скручаныя трубачкай купюры ва ўнутраную кішэню курткі. – Бяда мне з вашым каханнем. Па вачах бачу, навошта яны табе спатрэбіліся. Трухан, хочаш параду? Не разлічвай на Нэлі. Гэта дохлы нумар. Яна не па табе дзеўка. Не строй планаў, бо пасля толькі горш будзе. Як сябар табе кажу!»

«Ды мне… доўг аддаць…»

«Ведаю я! Пасля ўчарашняй кухні табе гэты доўг спатрэбіўся».

Такім чынам праблема з грашыма была вырашана.

У суботу ўвечары Трухан таксама, як на ганку Ведрычавага інтэрната, прытанцоўваў на пероне каля цягніка, які восьвось павінен адправіцца. Смех смехам, але гэта было яго першае ў жыцці спатканне, з усімі атрыбутамі: хваляваннем, непакоем, гаданнем: прыдзе – не прыдзе, зіркамі на гадзіннік то на руцэ, то на вялікі вакзальны… З букетам кветак і са смутнай здагадкаю, што неўзабаве можа адпомсціцца яму гэтая фармальнасць, гэтае жаданне «быць як усе»: дзе і ў чым зімою ў цягніку іх паставіць, гэтыя кветкі, і як у цесным купэ будуць яны лезці ўвесь час пад рукі – замінаючы, перашкаджаючы…

Час бег. На пероне дакурвалі цыгарэты апошнія пасажыры. Правадніца прасіла лішніх «пакінуць вагон». Трухан убачыў Яе, калі вяртаўся ад сметніцы, куды хадзіў выкідваць букет.

Румяная, задыханая… Мілая – яна спяшалася да яго. У спартыўным касцюме. Дзіўна, як гэта ён раней не заўважаў, што пры мініяцюрнай постаці ў яе такія доўгія, роўныя ногі. Дык вось яно як бывае. Вось ты якое, каханне, эпізоды твае, дэталькі – такія значныя… Пераходыперагрузкі твае – то ў жар, то ў холад, то ў сум, то ў радасць…

«Малайчына, што здагадалася так апрануцца, – яшчэ нічога не разумеючы, шчаслівы, сказаў ён. – І пасуе табе, і для дарогі…»

«Алесь, я не змагу, – хутка перабіла яна. – Не крыўдуй».

«… практычны», – па інерцыі працягваў ён, і пакуль дагаворваў канец сказа, тады толькі да яго дайшло, што ніхто ні з кім нікуды не едзе.

«Білета шкада – прападзе…»

«А ты гаспадарлівая, – сказаў ён, крыва пасміхнуўшыся. – Эканомная».

«Шчасліва з’ездзіць».

Цягнік ужо кранаўся. Правадніца саступіла з падножкі і ўпусціла Трухана. У тамбуры ён азірнуўся. Нэлі прыклала да вуснаў палец, усміхнулася яму і памахала рукою. Правадніца гэта бачыла, яшчэ іншыя людзі на пероне... Дзяўчына сама паехаць не можа. Але прыйшла на вакзал, каб правесці хлопца. Усё так проста.

Ён прайшоў у купэ. Тры месцы былі вольныя. Прайшла правадніца, забрала білет. Ён пасядзеў крыху, затым узяў сумку і – праз тамбур, праз хісткі пераходны масток, на якім кідала, як на караблі падчас шторму, праз гэты вецер, свіст, лязгат —прайшоў у агульны вагон. Хвілін праз пятнаццаць, у Мачулішчах, ён выйшаў на куды больш людны, чым у Мінску, перон. Людзі чакалі электрычку. Зрэшты, ў гэты час бегалі яны адна за адной. Трухан прапусціў адну, бо не захацеў выкідваць недапаленую цыгарэту. Другая падышла… І вось ізноў мінскі вакзал плыве за вакном.

Інтэрнат. Пакой. Ігара няма, не трэба нічога тлумачыць. Хаця слабенькае апраўданне было ім падрыхтавана: спазніўся на цягнік.

Ён уключыў святло. Сеў на ложак. Добра, круцілася ў галаве, хоць кветкі выкінуў. Варта было пазычаць грошы, рыхтавацца, турбавацца, каб праз якую гадзіну сядзець тут, на гэтым ложку, дзе мог бы і нікуды не збіраючыся сядзець… Вялікая дурасць з яго боку!

Гарэла святло, а ён усё сядзеў: ці то спаў з расплюшчанымі вачыма, ці проста задумаўся… Сціхла за сцяною музыка, адно патрэсквала, шамала штосьці – ціха, бы іголка па краі плацінкі. Ён падняў галаву і ўбачыў, што гэта… прусак шастае пад газетаю. Не пад газетаю нават, а пад стосікам жоўтай паперы. І не свяцільнік гарыць, а газовачка – гільза з кнотам, патрэсквае сабе, амаль не даючы святла... І не ў інтэрнацкім пакоі ён сядзіць, а – у сваёй каморцы, і на ім не касцюм, а гімнасцёрка і старое галіфэ, а на нагах – зручныя, хоць і дзіравыя, кірзавыя боты. Вакенца расчыненае насцеж. На дварэ – не зімняя ноч, а хутчэй летняя: такая цёплая, густачорная, і ціхаяціхая… Нядзіва, што чуваць шкробат прусака і трэск кнота.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю