Текст книги "Нічые"
Автор книги: Андрэй Федарэнка
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 33 (всего у книги 34 страниц)
Частка пятая
1
Адзін філосаф у рэдкія хвіліны адпачынку ад спраў разумовых любіў аддацца марам: вось каб, напрыклад, захварэць невылечнай хваробаю і ведаць – з дакладнасцю да аднаго дня, што абавязкова памрэш? Гэта ж можна рабіць усё, што зажадаецца, рэзаць у кожныя вочы праўдуматку, ды, нарэшце, проста жыць – так, як заўсёды хацелася!
Другі філосаф, беларускага паходжання і сучасны, развіваючы гэтую ж тэму – ведання даты заўчаснай смерці і таго, як найлепш астаткамі жыцця распарадзіцца, выказаўся ў тым сэнсе, што раз ужо ўсё адно паміраць, дык у знак пратэсту няблага было б здзейсніць публічны акт самаспалення. Гэткая перадача эстафетнай палачкі ад панчанкаўскага героя, які колісь «лёг на калючыя скруткі дроту, і тысячы пыльных салдацкіх ботаў прайшлі па яго спіне»…
ККД – каэфіцыент карыснага дзеяння.
У апошні перад бальніцаю тыдзень Трухан напісаў чарговую заяву на чарговы «акадэмічны», здаў у бібліятэку кнігі, дамовіўся з кастэляншаю наконт пасцелі, падлатаў свае старыя, распоўзлыя па швах спартыўныя штаны, купіў пантофлі – не белыя, а сіняга колеру, пляжныя, з тоўстымі падэшвамі. Здорава ў такіх было б выбегчы досвіткам, з ручніком на плячы, з якогась кактэбельскага катэджу – пад цень магноліяў і водар кіпарысаў, а потым няспешна і доўга крочыць берагам мора па мяккай, прыемнай пад тоўстымі каўчукавымі падэшвамі гальцы…
Так, патроху ад гэтых мітрэнгаў вызваляючыся, з гэтага павуціння, што звязвала яго з жыццём, выбіраючыся, Трухан і бавіў апошнія дні.
І чым менш іх заставалася, тым часцей, і падоўгу, гасцявалі ў яго старыя надзейныя сябры: сны і адзінота. «Сны аб тым, як выйду, як павязкі здымуць, як мае паперы аддадуць, як мяне сустрэнуць, як мяне абдымуць, і якія песні мне спяюць», —ловячы сябе на тым, што кроплю надзеі ўсё ж пакідае.
Не сказаць, каб ён, ці думкі яго, так ужо моцна змяніліся, каб так ужо на іх гэтыя апошнія дні паўплывалі. Была нават ілюзія, што і вакол усё застыла, такое ж самае, ані не змяняецца. Каб не час. Каб не гэтыя лісткі календара, што з такой няўмольнай абавязковасцю адрываюцца, адлятаюць, набліжаюць… На якіх яшчэ ўчора была пятніца, а сёння ўжо – нядзеля.
Можна пісаць, есці, спаць, можна біцца галавою аб сцяну, можна фантазіраваць, як лепш сабою, целам сваім распарадзіцца: выйсці на плошчу і спаліць сябе, або ўзяць сякеру і засекчы якуюсь багатую бабульку з прыватнага сектара. А час, ні на што не зважаючы, ціктак, ды ціктак – і не зменіш яго, не спыніш, не падгоніш… Час, да якога так ідэальна падыходзіць прыметнік «няўмольны» – ці не адзіная аб’ектыўная рэальнасць, дадзеная нам у адчуваннях, нешта незалежнае, само ў сабе і само па сабе, нешта такое, з чым варта лічыцца, чаго нельга не паважаць, на што варта звярнуць больш пільную ўвагу.
Хоць ты ўкленчы перад гадзіннікам, як паганец перад ідалам ці вернік перад абразам.
Замест таго, каб самаспаліцца, ці забіць бабульку, ці выкінуць якісь іншы форцель, Трухан, падрыхтаваўшыся да бальніцы, памногу цяпер чытаў і пісаў. Расла, таўсцела шэрая папка… Неяк пастукалі ў дзверы і зайшоў Іван Паўлавіч – Паголены, папрасіў, як ён выказаўся, «новенькага».
«Калі вярнуць? Я хутка чытаю».
У адказ Трухан толькі рукою махнуў. Усё адно, хоць ніколі не вяртайце – так гэта можна разумець было. Іншае ў сувязі са сваім творам яго зараз цікавіла. Ён бачыў, што па меры таго, як набліжаецца да развязкі гісторыя Трухановіча ў тым часе, а яго, Трухана, у гэтым, дзве гэтыя лініі рухаюцца не да фіналу, а да – пачатку. Ды і лініямі назваць іх можна з вялікай нацяжкаю. Яго героі нікуды не йшлі, не паўзлі, не прадзіраліся і не грэбліся, а сядзелі на адным месцы, тады як падзеі круціліся вакол іх. Падзеі – кругі на вадзе; замест таго, каб большаць, разыходзіцца, яны надумалі раптам меншаць, звужацца, пакуль не сышліся ўрэшце ў адзін «бульк» ад хвіліны назад кінутага каменя.
На першы погляд, было ж у яго вельмі простае выйсце – з’ездзіць у вёску, пакуль час яшчэ ёсць, ды пашукаць закапанай некалі гільзы з запіскамі двайнікаТрухановіча. Усё стане ясна. А калі не акажацца яе там? Чым жыць? Разбурэнне фантазіі, і тады пустата поўная… Гэта было страшней за цікавасць, за прагу ведання праўды. Тым больш што неўзабаве надыйшоў апошні дзень, лепш сказаць, раніца – бо яшчэ не развіднела, калі трэба было ехаць класціся ў бальніцу, і стала не да вёскі, не да гільзы і не да Трухановіча.
Ігар яшчэ спаў сабе соладка. Трухан акуратна, квадрацікамі, склаў коўдру, капу, прасціны – усё было жывое, кожная драбяза набывала сваё значэнне. Пакуль хадзіў у прыбіральню, затым мыўся – аднаму дзякаваў, другому наракаў, трэцяе – ушчуваў, напрыклад, дзверы – за тое, што палец некалі прыціснулі… Кухні, на якую прыйшоў гарбату грэць, падзякаваў за тую даўнюю размову з Ведрычам.
Тое самае было і на вуліцы, куды выйшаў з торбачкай, дзе ляжала ўсё неабходнае, бальнічнае. І тут усё ўспрымалася ім пад рэфрэн нейкай мелодыі развітання – з шэрай пахмурнай раніцай, з кіёскам на рагу, дзе купляў газеты і часопісы, нават з нячыстым пахам падземнага пераходу… З любой драбязою хоць штосьці, добрае ці дрэннае, было звязана. (На справе ён развітваўся з самім сабою цяперашнім.)
І калі ехаў трамваем, сузіраючы праз мутнае шкло горад, дамы, вуліцы, машыны, людзей, – на чым бы ні спыняліся вочы, усё на сябе пераводзілася: вось яны – жывуць, яны ў гэты горад упісваюцца… А я ў бальніцу класціся еду.
Калі ж нарэшце прыехаў, і ў прыёмны пакой зайшоў, і апынуўся сярод дзесяткаў двух такіх, як сам, – «сваіх», у гэтай атмасферы чакання, панурасці і паныласці стала яшчэ цяжэй, яшчэ гарчэй. Здаровыя людзі былі як мінімум розныя, кожны – індывідуальнасць, а гэтыя – усе аднолькавыя, усе адным і тым жылі, пра адно і тое думалі, нават торбачкі ў многіх былі аднолькавыя, і, канечне, змесціва ў іх – таксама.
Вельмі доўга то сядзелі, то з кутка ў куток туляліся, і чакалі, як навабранцы на прызыўным пункце, пакуль не прыходзіла і не забірала чарговую партыю з трохчатырох чалавек санітарка.
Прыйшлі і па Трухана.
2
Пачалося тое, чаго ён баяўся, хоць і ведаў, што яно абавязкова пачнецца. Менавіта: усе папярэднія аналізы ягоныя, тыя самыя, што ў чэргах выседзеўшывыстаяўшы, з такімі нервамі і праблемамі столькі разоў здаваў у студэнцкай паліклініцы, усе рэнтгенаўскія здымкі, заключэнні, кардыяграмы і гэтак далей – усё, што наказвалі яму берагчы, як зрэнку вока, цяпер прызнавалася нікуды не годным. На іх нават не зірнулі як след. Усё трэба было рабіць пановаму.
Што ж. Гэта ж не электрачайнік, а чалавечы механізм – тут маглі і састарэць аналізы… Ды і куды яму было спяшацца?
Прыйшоў доктар. Малады, дзелавы, строгі.
«Як адчуванне?»
«Доктар, скажыце, аперацыя… вельмі небяспечная?» – нясмела спытаў Трухан тое, што да гэтага сотню разоў пытаў. У самым пытанні з дзіцячай хітрасцю закладзена была падказка: каб доктар зачапіўся за гэтае вельмі і абвяргаць пачаў.
Але доктар не клюнуў на наіўную прыманку.
«Колькі вам поўных гадоў? Ці жанаты? Хто ў вас з радні? Чым хварэлі? Як пераносіце наркоз?»
А Трухан расшыфроўваў: мы рыхтуемся да самага горшага, і табе і тваім родным тое ж раім. І гэты доктар быў цюцелька ў цюцельку такі самы, як і паліклінічныя. Шэнціла ж на такіх Трухану. Ці то мода пайшла сярод медыкаў – быць максімальна жорсткімі да хворых, не спакушаць іх надзеяю, каб не сурочыць, ці то новая нейкая парода іх узнікла за апошні час – перастраховачная парода, але ніводзін з тых, што яму трапляліся, не лічыў патрэбным суцяшаць яго, неяк абнадзейваць, слова ветлівага не сказаў. І ў дым разлятаўся стэрэатып рассеянага, з блізарукімі паверх акуляраў добрымі вачыма, з трубкай у нагруднай кішэні халата прафесара, які называе пацыента «галубок», які не шкадуе фразаў тыпу «усё будзе цудоўна, галоўнае крышачку пацярпець…»
А мо ён проста многага патрабуе ад савецкіх дактароў? Ды не, элементарнага – чалавечнасці. Бо сваёй залішняй строгасцю, грубасцю, сваім нагнятаннем варыянта толькі негатыўнага, падрыхтоўкай толькі да горшага – аж да таго, што «пакінь надзею!», яны перабаршчвалі ўжо занадта. Здавалася б, ім прасцей, лягчэй, выгадней, урэшце больш гуманна было б падмануць хворага, наабяцаць яму залатыя горы здароўя… А не!
А раз яны робяць наадварот, сумна разважаў Трухан, дык шукай прычыну ў практычным: даць трэба «ў лапу». Інакш, заплаціць.
Ён уяўляў сябе тады на месца доктара, і жахліва яму рабілася. Няўжо можна да аднаго хворага ставіцца інакш – дабрэй, прыязней, а да другога – як да паддоследнага сабакі – толькі таму, што заплацілі, ці папрасілі? Толькі па прычыне хабару, прэтэкцыі, блату? У любой іншай сферы, дзе хочаш такое дапускалася, толькі не ў медыцыне.
Былі б гэтыя развагі зусім моташныя, каб не контраргумент, каб не выдатны доказ, што гэта – няпраўда. Вось акурат медыцына і ёсць тая штука, дзе малы толк і ад хабару, і ад пратэкцыі, бо хварэюць і паміраюць як любыя багатыры, так і самі, як гэта ні парадаксальна, медработнікі.
На дактароў, як на жонку Цэзара, не павінна было падаць падазрэнне. Затое як раздражняў, злаваў, з сябе выводзіў гэтак званы персанал малодшы і сярэдні – санітаркі і сёстры. Гэтыя ну ніяк не хацелі разумець, якія глабальныя пытанні стаяць перад хворым чалавекам, і пастаянна лезлі са сваім дробным, надакучлівым глупствам. Як бы адзінай іхняй задачай было – пазбавіць яго адзіноты, не даць яму пабыць аднаму. Яны пастаянна адрывалі Трухана ад думак пра галоўнае і атручвалі яму – цалкам магчыма – і гэтыя некалькі лішніх, падараваных лёсам дзён, якія ён хацеў патраціць на падвядзенне вынікаў і на развітанне…
Дзе там! Увесь час ён камусь трэба быў, яго шморгалі, клікалі, шукалі, пыталі – прычым адна пытае слова ў слова тое самае, што некалькі хвілін назад – другая. Ён цярпліва адказваў.
Сястрагаспадыня насварылася, чаму не ўзяў «з дому» свой ручнік, бо казённых мала, а хворыя, якім выдаюць, выпісваюцца і забіраюць напамяць.
«Я далібог не краў, я ўпершыню ў вашай бальніцы», – паспрабаваў аджартавацца Трухан. Гэтыя словы чамусьці так расстроілі жанчыну, што яе «на пасту» адпойвалі кроплямі. Усё ж прынесла – як ад душы адарвала: мытуюперамытую, зжаўцелую ад старасці вафельную анучку, і пад распіску выдала.
Потым: «забор (у сэнсе, забіранне) крыві». Брыдкая працэдура! Прыцмокванне «грушы», шум у вушах… То руку не так паклаў, то вену не знайсці, то палец паганы… Ды ўсё з уздыхамі, нервамі, з паказваннем, што ў тым, што ў яе такая нелюбімая, абрыдлая праца, вінаватая не яна, а вы – падсобны матэрыял, такія вось бесталковыя хворыя…
І ў сталоўцы без крыку не абыйшлося: чаму не ўзяў зноўтакі «з дому» лыжку з кубкам?! І таксама, павойкаўшы, на службовае злачынства пайшлі, выдаўшы яму – пад клятву аддаць– шклянку з чайнай лыжачкай.
Дзе б ён ні паяўляўся, усюды выклікаў незадаволенасць, вохканні, айканні, усё рабіў не так і не тое. Працэдурная сястра бурчэла: дзе аднаразавыя шпрыцы? – я на вас не назапашуся… Санітарка насварылася, бо зза ягонай тумбачкі выграбла кучу бруду, скарынкі і крошкі, шалупінне, хаця выдатна ведала, што ён гадзіну назад як паступіў, і яшчэ нават тумбачкі адкрыць не паспеў. У рэнтгенкабінеце сустрэлі лаянкай – чаму пантофлі не зняў каля ўваходу?!
І паступова на яго навая хваля раздражнення накатвала. Ды чаго вы так перажываеце? Адкуль я ведаў? Хто мяне папярэджваў? Няўжо я знарок, за мэту сабе паставіў непрыемнасці вам чыніць?
Але нават не гэта крыўдна было. Што яму прывыкаць – савецкаму хвораму ў савецкай бальніцы? Горш было тое, што з усіх гэтых прыдзірак і прэтэнзій вынікала – калі б ён, дапусцім, захапіў уласны ручнік, і кубачак з лыжкаю для сталовай, і зняў пантофлі пры ўваходзе, дык для яго не паўставала б пытання Смерці; інакш, ад гэтага магло б залежаць, будзе ён жыць, ці памрэ.
Альбо такая накладка. У палату ўкаціла сястра кропельніцу:
«Лягай».
Ён лёг пакорліва, у белую столь гледзячы. Тут праз пару хвілін другая сястра прыляцела, іголку вышмаргнула, толькі кроў на прасціну пырснула…
«Чаго ты маўчыш ляжыш?!»
А ў яго ніхто і не пытаў. Аказалася, у суседняй палаце ёсць хворы па прозвішчы Труман, таксама нядаўна паступіў, і іх паблыталі. І далей, канечне, пастаянна пачалі блытаць. То ўкол, то кропельніца, то таблеткі, прызначаныя Труману, патраплялі ў палату да Трухана. Але і Трухан ужо зрабіўся вучоны.
«Каму?» – пытаў ён. – «Табе, каму ж яшчэ!» – «Паглядзіце добра». – «Ну, паглядзела – табе, Труману!» – «Але я – Трухан».
Сусед па палаце жартаваў:
«Глядзі, каб Трумана замест цябе на аперацыю не забралі! Бо ў нас што хочаш бывае. Такі ўкольчык упякуць, што і аперацыі не спатрэбіцца…»
Гэты сусед быў копіяй Антонава з таго жыцця (а можа, і прамым яго нашчадкам); з такімі ж дурнымі жартамі, хамскімі зваротамі, і так многа ён гаварыў, што Трухан, часам забываючы, дзе знаходзіцца, лез у тумбачку па сухар, каб даць яму і каб ён заткнуўся.
«… А то неяк бальнічны далі на халяву, – вяла, манатонна распавядаў гэты «ўнук Антонава». – Тры дні гуляў на вяселлі. На работу ісці, а як ісці? Прыходзіць знаёмы. Кажа, давай у магазін, купі пляшку гарэлкі і пляшку шампанскага. Я збегаў. Цяпер – бінт і цёплая вада. Мочыць бінт, туга бінтуе мне да калена нагу… Цяпер – стаў нагу на табурэтачку. Я паставіў, ён нечакана – як урэжа па назе бутэлькаю! Боль люты. Выпілі гарэлку, я разбінтаваў – нага чорная, распухлая, у вядро не ўлазіць. І пералому няма – і месяц бальнічнага!»
Слухаючы яго, – а не слухаць не можна было, Трухан пачынаў разумець, чаму так палохала яго заўсёды «звычайнае, простае чалавечае шчасце», чаму яно здавалася яму горай нават за тое, што ён на гэты момант мае.
Іншыя аднапалатнікі, чацвёра іх было, даймалі Трухана больш тонкім спосабам – параўноўвалі яго з нейкім Квяткевічам, які раней тут ляжаў. Як толькі звярталі ўвагу на Трухана, так аўтаматычна згадваўся Квяткевіч.
Пачалося з дыягназу, з таго, што Трухану аперацыю будуць рабіць.
«А вось Квяткевічу – тутачкі ён ляжаў, на тваім ложку, ніякай аперацыі не рабілі!»
Пры Квяткевічы ў палаце быў тэлевізар, «відак», магнітафон.
«А ў цябе ёсць?»
«Няма».
А як умеў Квяткевіч травіць анекдоцікі! А ў карты як гуляў!
«А ты гуляеш?»
«Не».
Пры Квяткевічы з палаты не вылазілі наведнікі, госці, дзеўкі… Спіртное прыносілі, прысмакі розныя.
«А да цябе чаму ніхто не прыходзіць?»
І гэтак далей, і таму падобнае, і ў кожным выпадку параўнанні былі не на карысць Трухана, – нібы ён стаў нейкім іншым полюсам, адваротным бокам, негатыўным двайніком таго невядомага Квяткевіча.
3
«…Калі ў першым акце на сцяне вісіць стрэльба,
дык у апошнім яна павінна… даць асечку»
І раптам – у суботу падвечар гэта здарылася, нечакана для сябе і для аднапалатнікаў Трухан пачаў набіраць балы ў завочным паядынку з Квяткевічам.
Ні з таго ні з сяго пераводзяць яго ў другую палату. Не проста лепшую, а «люксавую», на два чалавекі разлічаную, а другога няма пакуль, толькі ложак, так што лічы – аднамесную. Тэлевізар, халадзільнік… Хоць і навошта яны Трухану? А самае цікавае і падазронае, што адносіны дактароў і медперсаналу рэзка змяняюцца – у бок паляпшэння і ветлівасці.
Значыць, зусім дрэнь справы, думаў Трухан, раз так насіцца пачалі са мною. І зусім быў упаў духам, каб не візіцёры да яго. Церашкоў з Ведрычам.
Ад іх пахла марозам і здароўем.
«Але ж і скрытны ты! – з парога пачаў Ведрыч. – Ні слова, ні пісьма, ні запіскі! Я ўвесь універмаг (так Ведрыч называў універсітэт) на вушы паставіў, пакуль даведаўся, дзе ты».
«Навошта?!»
«Яшчэ ганарыцца! Адной нагою ў магіле, а ўсё адно гонар паказуе. Саромеецца яшчэ. Сорам – гэта падохнуць раней часу. Нэлі была ўжо?»
Вось толькі калі дапяў Трухан. Як ён адразу не здагадаўся? Ну, канечне. Ад каго, як не ад цыніка, хама Ведрыча можна чакаць дабра ў гэтым свеце? Ну, вядома: усё разведаў, успомніў, хто ў Нэлі бацька… Дамовіўся. І вось вынік – гэтая палата, ветлівасць, павага… Першы раз у жыцці Трухан пажынаў плады блату.
Ведрычу было сорамна за зробленае дабро. Цяпер ён хаваў яго пад панцырам грубасці і развязнасці.
«… Доктарнацыяналіст войстрыць бруском скальпель, – расказваў, разваліўшыся на незанятым ложку, ён (Церашкоў прымасціўся ў нагах). – Хворы ляжыць на аперацыйным стале і калоціцца. «Доктор, доктор, я умру?» – «А яак жа!»
Трухан засмяяўся, але не сказаць, каб весела.
«Умееце вы настрой падняць…»
«А то яшчэ, – сказаў Церашкоў. – Заходзіць адзін у белым халаце ў палату, з метрам, пачынае хворых абмерваць. «А навошта гэта, доктар?» – «Я не доктар, я сталяр…»
«Дзякую! Вас толькі ў адведкі пасылаць. І напалі ж на тэму!»
«Ці такі яшчэ анекдот…», – разыйшоўся Церашкоў.
«Ну, хопіць, – спыніў яго Ведрыч. – Бо сапраўды… – І адразу ж сам: – Сапёр падарваўся на міне, трэба камусьці тактоўна паведаміць жонцы. Прыходзіць камандзір узвода, пачынае: «У кожнага ў жыцці здараюцца памылкі…»
Трухан слухаў, пасміхаўся, і як ні дзіўна, лягчэй яму рабілася, меншаў страх ад гэтага чорнага, недарэчнага гумару.
Церашкоў з Ведрычам былі з раніцы, а пасля абеду, на «ціхай гадзіне», калі сцямнела, снег за вакном стаў сіні ад ліхтароў, і Трухан прылёг адпачнуць, з'явіўся яшчэ госць – Іван Паўлавіч.
«Ну, як мы тут? – весела пачаў, па сваёй звычцы паціраючы рукі перад тым, як павітацца. – Пагаворым? Толькі можна не ў палаце», – чамусьці адразу прапанаваў ён.
Выйшлі на калідор. Размясціліся ў «светлавой кішэні» – там, дзе агульны тэлевізар, вазоны, фікусы, крэслы і часопісны столік. Каб захацеў, дык лепшага месца не знойдзеш. Ніхто не перашкаджае. Ціха. На «пасту» за асветленым сталом сястра штось піша. Прыцемкі, утульнасць…
Нешта падобнае аднойчы Трухан сабе ўяўляў ужо – на лекцыі, калі ў думках нібыта размаўляў з Ведрычам. І вось усё на самой справе. Хай з іншым субяседнікам, хай у іншых умовах… Але тут што цікава: ну, нічога ж немагчыма выдумаць, каб не спраўдзілася! Міжволі падумаеш – ды ці не плануе чалавек сам свой лёс? Ці не мосціць ён уласную сваю будучыню, раз за разам накіроўваючы святло ліхтарыка ў далёкую цемру? Вось і атрымоўваецца – кожнаму па жаданнях яго, як спланаваў, так і атрымай.
Між тым Іван Паўлавіч гаварыў ўжо. Трухан адарваўся ад сваіх думак і пачаў слухаць.
«… Я чытач старамодны, – ціха гаварыў Іван Паўлавіч. – Сачу больш за сюжэтам… У мастацкім творы мне заўсёды цікава, што будзе далей. А ў вас, выбачайце, яшчэ да канца не дачытаўшы, ужо бачу, што скончыцца арыштам і, хутчэй за ўсё, расстрэлам галоўнага героя... Проста таму, што нельга такога чалавека на свабодзе трымаць… Таксама няма тлумачэння, як ён увогуле ў тых гадах апынуўся? Чытачу цікава гэта. Я б на вашым месцы што зрабіў? Няхай ён памірае ў нашым часе, скажам, на аперацыйным стале (цьфуцьфуцьфу!)… Не, не памірае, канечне, а – засынае пад наркозам, а прачынаецца ў іншай палаце, напачатку стагоддзя, чалавекам з іншай біяграфіяй…»
Трухан слухаў і не слухаў адначасова. Няўжо яшчэ не так даўно падобная лухта магла яго цікавіць? І як цяпер усё гэта было далёка ад яго.
«… Я на вашым месцы што зрабіў бы… У будучае яго перанёс! Уяўляеце? Памойму, было б здорава. Тры перыяды: мінулае – потым арышт, расстрэл – і ў нашым часе прачынаецца. Памі… засынае, я хацеў сказаць, пад наркозам – і ў будучыню пераносіцца. Матэрыял, ахоп падзей, прастор! Зрэшты, прабачце… Проста калінікалі крыху крыўдна, што сам не пішу. Цікава пачуць вашу думку. Што вы скажаце?»
«Я? – схамянуўся Трухан. – Справа ў тым, што будучыня мяне ніколі і ніколькі не цікавіла. І не цікавіць. Мне не хочацца нават у думках, нават у творчасці туды пераносіцца. Не ведаю, чаму. Мне здаецца, там усё тое ж будзе: нараджэнне і старэнне, радасці і пакуты, злучкі і здрады… І так да скону вякоў. Мінулае можна зафіксаваць, яго можна помніць, уцякаць у яго, жыць ім, ратавацца ім… А ў будучыню як уцячэш? Як яе зафіксуеш? Адтуль, як з таго свету, не вяртаюцца. Можна і так сказаць: будучыня – тое, чаго няма, гэта небыццё, гэта сінонім смерці. Альбо індывідуальнай – ад старасці, хваробы, няшчаснага выпадку, альбо масавай, агульнай – ад ядзернага выбуху, чарговага ледніка, цеплавога эффекту, астывання зямлі – ды ўсё, што заўгодна, і ўсё гэта будучыня, і ўсё гэта смерць!»
«Песімістычны ў вас настрой…»
«Канечне, будзе тэхнічны прагрэс, розныя побытавыя зручнасці – усё гэта будзе. Але гэтыя матэрыяльныя «заваёвы» бачацца мне чамусьці нечым саромным, нагадваюць школьныя ўбогія казкі з майго дзяцінства, калі настаўнікі тлумачылі нам, дзецям, што такое камунізм: гэта калі кожнаму будзе бясплатны трохкалёсны веласіпед. Тэхнічныя заваёвы будучага – той жа веласіпед!»
«Цяжка з вамі пагадзіцца», – ківаючы галавою, гаварыў Іван Паўлавіч.
«Ёсць прытча, як раней людзі ведалі сваю будучыню, ведалі і дату смерці, і аднойчы Ісус прыйшоў да такога ўсяведніка ў госці – прыйшоў і жахнуўся: бруд, смурод, запусценне, дах абвалены, гаспадар ляжыць на ложку і плюе ў столь. – «Што ж ты робіш, чалавеча? Прыбярыся хоць трохі!» – Навошта, калі я ў чацвер памру?» З таго часу Бог і зрабіў, тое, што ёсць».
«Розум у вас лагічны, правільны, – пахваліў ні з таго ні з сяго Іван Паўлавіч, нібы гэта Трухан, а не Бог, прыдумаў, каб людзі не ведалі будучыні. – Але настрой, адносіны да жыцця… Між тым вы ўтрыруеце. Я гаварыў з вашым доктарам, усё не так безнадзейна, як нам часамі малюецца… Ды зменім тэму. У вас жа ёсць выдатныя лекі – творчасць, літаратура! Плюс збег абставінаў – калі славутае «не магу не пісаць» так натуральна да вас падыходзіць. Вы як чалавек на бязлюдным востраве, у якога, апроч паперы і атраманту, няма больш нічога, і якому нічога больш не застаецца, як тварыць. Ды мільёны звычайных людзей, – толку ім ад іхняга здароўя, калі яны не цэняць яго, калі жыццё іх падобна на жывёльнае ці расліннае існаванне! Калі ім няма часу спыніцца і паглядзець на неба, на аблокі і зоры, ці сабе пад ногі – на траву, на мурашку ў ёй… Вас павінна трымаць, як і дасюль трымала, адчуванне непадобнасці, абранасці, гонару, што менавіта вы ў ліку тых нямногіх, каго вышмаргнулі з гэтага бясконцага людскога ланцуга, па якім жывыя рухаюцца ў мёртвыя…»
«А мне які толк ад гэтай «абранасці»?! Якая аддача? Што я на тым свеце з цяперашняга свайго «абранага» жыцця ўспомню? Ні здароўя, ні грошай, ні жанчыны, ні сям'і, ні падарожжаў, ні дуэляў, ні геройства, ні подласці… Зусім нічога».
«Дык гэта ж, наадварот, вельмі добра для творцы! Сублімацыя. У вас няма нічога гэтага, дык вы затое можаце яго прыдумаць, і перажыць яго, і карыстацца ім, як нібыта на самой справе…»
– Хай бы каму іншаму такое шчасце, – уголас прамармытаў Трухан – і прачнуўся.
4
Ён прачнуўся ў сваёй каморцы ад холаду. За вакном было цёмна. Шыбіна запацела, па шкле барабаніў дождж.
І, лежачы і прыслухоўваючыся да гэтых знадворных сонных гукаў, Трухановіч зразумеў, што неўзабаве скончыцца ўсё, што гэтая рэзкая перамена ў надвор'і паказвае на хуткую пермену ў ягоным жыцці. Нездарма ж пісьменнікі прыдумалі такі спрытны прыём: перадаваць настрой чалавека праз надвор'е і з'явы прыроды. Добра і прыемна было не рабіць нічога, займацца пасіўным, лянівым сузіраннем, «святым гультайствам», калі і навокал, у прыродзепагодзе ўсё было суладна і сцішана. Тады і на душы быў супакой. А калі нудны, восеньскі, цягучы дождж на дварэ? Слота, холад… Нага баліць. Руку круціць, не раўнуючы, зубным болем. А ўставаць трэба. І ніяк не пазбавішся ад процьмы розных побытавых клопатаў, якія пчаліным роем, у гаспадара дазволу не пытаючы, самі лезуць у галаву. Анучы сырыя будуць… Боты восьвось разлезуцца… Гімнасцёрка потам смярдзіць… і як жа абрыдла ўвесь час мыцца адной рукою! І як, і дзе ўвогуле змыць гэты бруд з сябе? Пакуль цёпла было, дык рэчка пад бокам, хоць збольшага можна было паплёхацца – а цяпер? Дык гэта ж толькі пачатак, яшчэ ж уся восень наперадзе. А зіма? Што ён зімою рабіцьме? Калі ў каморы грубкі няма?
А тут, у дадатак да ўсяго, яшчэ ўспомнілася, што сёння яму ў Скрыгалаў на млын ехаць. Сам напрасіўся.
Рэч у тым, што Міканор з Бацькам хоць і жылі ў адным двары, але гаспадаркі ў іх лічыліся дзве – асобныя. Скончыўся абмалот, Міканор сваю норму харчнарыхтоўкі здаў усю, а Бацька пару мяхоў лішку прыхаваў, спадзеючыся – у выпадку чаго – прыкрыцца тым жа Міканорам… Якраз пайшла чутка, што ў недалёкім Скрыгалаве запрацаваў паравы млын. Вось толькі ці надоўга? Трэба было скарыстоўваць момант, везці ды малоць, пакуль хоць нейкае зацішша.
І тут Міканор праявіў нечаканую цвёрдасць – ніякіх паездак! Адна справа – жыта, і зусім іншае – мука. Прыхаваць лішкі можна мала на што, хоць бы і на насенне, правіннасць у тым невялікая, а вось малоць… Малоць – гэта супраць закону, супраць савецкай улады. Ён, Міканор, і без таго шмат на што вочы закрывае, патураючы Бацьку, а на злачынства ісці не збіраецца.
– Сваё змалоць – злачынства? – прыкідваўся нявіннай авечкаю Бацька. – Калі такое сталася, што яно так звацца пачало?
Трухановіч, які быў міжвольным сведкам гэтай сцэны, перш хацеў ціхенька выграбацца з хаты. Але штосьці падказала яму, што гэта, можа, і ёсць той выпадак, калі ён хоць чым зможа быць карысным гэтым людзям. Ён застаўся.
– Ні сам не паеду, ні вы не паедзеце, – казаў Міканор. – Вас жа кожная дзірка ў плоце ў тым Скрыгалаве ведае! І ўчотчык, і млынар… Не трэба мне, каб пасля пальцамі тыкалі, што сын па хатах ходзіць, апошняе выграбае, а бацька…
– Хіба я цябе пасылаў на такую работу? Ты ж сам яе знайшоў, – упарціўся Бацька, але асцярожна гаварыў, бо грэх было наракаць на Міканора, за якім і так яму вялікая паслабка была. – Вунь Стахвей не хаваецца: звазіў учора, і змалоў, і вярнуўся…
– Кіньце гэта! Стахвею можна. А нам – не!
– Другія вунь і змалолі, – гнуў сваё Бацька, – і нічога ім. А ў нас усё не як у людзей…
– Так і скажыце! Не так вам тое жыта і тая гарэлка, як пазавідвалі, як бы ад людзей не адстаць. А на мяне і без таго косяцца, што іншых агітую, а бацьку роднага не чапаю. А як вас зачэпіш, калі ў вас такая кулацкая натура?
– Дык у цябе затое бальшавіцкая – вось і звазіў бы, і ніхто б табе слова не сказаў бы…
– Яшчэ чаго лепшага не маглі прыдумаць?! Мала вам, што я і так маўчу пра тыя лішкі? Ці вы хочаце, каб мяне ў Мозыр пад канвоем павезлі?!
– Ды Бог з табою, сынку, – спалохаўся Бацька. – Не хочаш, не трэба, я ж цябе не пасылаю. Маўчыш – і на тым дзякуй, – пачаў падхалімнічаць ён, добра ведаючы сынаў характар: пазлуецца ды ўсё адно саступіць. – Прападзе ж жыта… І як гэта без гарэлкі? А яно ж горш і горш з кожным днём…
І далей, ужо не да Міканора, а да «меншага» – Трухановіча, звяртаючыся:
– Прапусцім час, шкода ж. Потым рады не дасі гэтаму жыту… Вунь задажджыла – хутка вуліцу не пярэйдзеш, не тое што ў Скрыгалаў… Ды і млын чакаць не будзе. Стахвей казаў учора, што…
– Давайце, я з'езджу, – прапанаваў Трухановіч – абыякава, нібы тым па цэлых днях і займаўся, што па млынах раз'язджаў.– Дакументы ў мяне ў парадку, ніхто мяне ў тым Скрыгалаве не ведае…
– А зможаш? – хутка спытаў Бацька. Гэтая хуткасць яго і выдала, паказаўшы, што такі варыянт абдумваўся ім адпачатку, як самы, можа быць, для ўсіх іх найлепшы.
– Ды куды яго адпускаць? Яшчэ дарогу забудзе! – вырвалася ў Міканора. Але не са злосцю, не з насмешкай вырвалася, было відаць, перажывае ён за брата. – Хіба і праўда мне з ім паехаць?.. А перад Скрыгалавам пераседзець дзе ў лесе, пачакаць, пакуль назад… Цьфу, чорт ведае што!
– Не дуры галавы, – стаў супакойваць яго ўраз падвесялелы Бацька. – Мо і праўду кажа… Што там ехаць? Дарога сама выведзе… І там, у Скрыгалаве, хто яго ведае? Трухановічаў поўная акруга. А тут, свае – дык дурны не ўбачыць, а разумны прамаўчыць…
– Вось няймецца вам з гэтым жытам! Едзь. Хай едзе. Мне то што? Глядзіце самі. Але радня раднёю, а мяне тут не было, і не чуў, не бачыў нічога!
Усё атрымалася па Бацькавых словах, а не па Міканоравых. І з'ездзіў удала, і вярнуўся жывыздаровы, і дарога сама вяла, а разумны конь сам вёз, і нават з дажджом як падгадалі – нікога знаёмага не стрэлася на шляху. Усю дарогу туды Трухановіч прасядзеў крукам пад брызентавай накідкаю, аб якую стракатаў дожджык. Добра так было, зацішна, нават думаць не хацелася…
У Скрыгалаве адразу знайшоў, ні ў кога не пытаючы, двухпавярховы цагляны будынак паравога млына. Каля яго ўжо стаяла цугам падводаў пяць. Трухановіч прыстроіўся ў канцы. Пакуль марудна рухалася чарга, пакарміў каня з рукі сенам, потым пахадзіў між падводаў… Хутка знайшліся памочнікі – мяхі на млын аднесці і муку на воз пагрузіць, самі вызваліся, і нават пляшку самагонкі, якіх Бацька дзве даў з сабою, спярша браць не хацелі: «Свой – братокхрантавік, што ж мы, няхрышчаныя хіба?..» Збыўшы з рук адзін клопат, Трухановіч вырашыў заглянуць на млын, каб хоць трохі разабрацца, што тут да чаго, каб потым, калі яго чарга падыдзе, не выглядаць поўным невукам.
Усярэдзіне, на першым паверсе, было сапраўднае пекла. Усё калоціцца, грукочуць камяні, за белым пылам амаль нічога не відаць, у гэтай завірусе мітусяцца, як чэрці, людзі, робячы якуюсь незразумелую работу… Па драўлянай, белай, нібы засыпанай крэйдаю, лесвіцы падняўся наверх. Тут было крыху спакайней. Пастаяў, агледзеўся. Ну што ж, збольшага механіка зразумелая. Калаўрот, якім знізу падымаюць мяхі, вялізны кош, куды высыпаюць жыта. Жорны круцяцца пры дапамозе пары, і ўніз па латку ў скрыню ссыпаецца мука…
Спусціўся ўніз, трохі прывыклымі ўжо вачыма ўбачыў, што і тут, аказваецца, зусім не хаос, а прадуманыя, зразумелыя дзеянні: людзі выграбаюць саўкамі муку са скрыні і напаўняць мяхі. У кутку каля акна, дзе святлей было, і крыху менш пылу, сядзеў на адной скрынцы чалавек, другая, вышэйшая, служыла, відаць пісьмовым сталом, бо на ёй ляжаў разгорнуты сшытак. Трухановіча міжволі пацягнула туды – знаёмы занятак, папера, аловак… А калі яшчэ ўбачыў, што ў чалавека замест нагі – драўляная кульба, зусім растаў душою: «калега», такі ж, як і ён, знявечаны…
Ён падыйшоў і, сам не ведаючы, навошта робіць гэта, выцягнуў з кішэні паддзеўкі пляшку самагоні і моўчкі працягнуў чалавеку. Той не столькі ўзрадваўся, колькі здзівіўся, нават нібыта спалохаўся чагосьці. Аднак, азірнуўшыся, пляшку ўсёткі ўзяў і схаваў пад свой «стол»скрынку.
Затым змераў Трухановіча доўгім насцярожаным паглядам.
– Без чаргі трэба? – спытаўся нарэшце. – Арганізуем!
– Ды не. Спяшацца няма куды.
Чалавек памякчэў.
– А, ну тады дзякую. Змелем! Мы табе так змелем, што пірагі з тае мукі пячы можна будзе!..
Добрым сваім зрокам Трухановіч ухапіў на разгорнутай і разграфленай старонцы: учот… мяхі… пуды… мука – крупчатка… першы памол… другі гатунак…
– Вы ўчотчык? – ляпнуў ён, робячы другую пасля дачы хабару памылку. Чалавек ізноў насцярожыўся. Ты прыехаў на млын і не ведаеш, хто я? – нібы хацеў сказаць ён. Зрэшты, прыблізна так і сказаў: