Текст книги "Нічые"
Автор книги: Андрэй Федарэнка
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 18 (всего у книги 34 страниц)
XIII
Увайшоўшы, Лебедзеў хутка і не без цікавасці пачаў абзіркваць баковачку. Пабеленыя столь і чатыры голыя сцяны, калі не лічыць на адной з іх ходзікаў з гірамі ў выглядзе шышак і фрагментам малюнка «Мядзведзі ў сасновым бары» на цыферблаце, стваралі ілюзію, што баковачка большая, чым ёсць. Была яна даволі светлая, хоць на дварэ ўжо сутонела, чысценькая і ўнутраным убранствам сваім нагадвала хутчэй жытло якойсьці набожнай, ахайнай, у перастарках засядзелай дзеўкі, чым прыстанак ваеннага чалавека; да таго ж Чайка не курыў, таму нават пахла тут чымсьці прытарна-посным, як пахне засунуты пад бэльку ці за абразы пучок зверабою або перакладзеная багуном ад молі пажоўклая бялізна ў старой шафе. Высокае шырокае акно зноў-такі з нейкай дзявочай ахайнасцю завешана было празрыстым цюлем, які нават у шырыню, каб не моршчыўся, расцягнуты быў на цвічках па перыметры рамы...
Пры акне – жалезны ложак з чатырма бліскучымі шарыкамі на білах, гладка, па-казарменнаму засланы дзяружкай колеру чорна-чырвонай шахматнай дошкі. Побач столік, на століку лямпа, кніга і абразок. У кутку пры дзвярах падвешаны на вяроўцы чайнік для ўмывання, знізу – таз. У другім кутку этажэрка з кнігамі і паперамі.
Пасярод баковачкі яшчэ быў стол, без абруса, круглай формы, за якім сядзеў цяпер Чайка і мірна калупаўся ў зубах сярнічкаю. Тут, у пакоі, без шыняля і без фуражкі, з зачэсанай набок чупрынкаю кампалка яшчэ больш падобны быў на якогась выпускніка кадэцкага корпуса, чым на дарослага мужчыну, – праўда, жылісты быў, стромкі, нейкая прыхаваная сіла адчувалася нават у яго нерухомасці.
Пакуль Лебедзеў аглядаўся, Чайка ў сваю чаргу сачыў за ім.
– Сядайце, – прамовіў ён і нагою з грукатам высунуў з-пад стала другую табурэтку.
Пасля абеду Чайка яўна быў у настроі. Так, як і ардынарац, пад'еўшы, «разбаўляўся» са сляпым дзедам урокамі філалогіі, так і кампалка хацеў зараз чагосьці кшталту лёгкай пасляабедзеннай цыгарэткі, дэсерту – паслухаць чалавека свежага. Свае, брыгадныя, нават і Мірановіч, даўно яму надакучылі.
– І прашу прабачэння, што абед не прапаноўваю... Дужа слюнявенькая карцінка атрымалася б... Савецкі камандзір з атаманам банды налягаюць на яечню са шкваркамі – з аднае патэльні, ледзь галовамі не стукаючыся... Сядайце, кажу!
– Ды нічога страшнага, пастаю, – прымаючы гэты тон, азваўся Лебедзеў, – пастаю, Павел Пятровіч.
Чайка ўздрыгнуў. Рука з сярнічкаю застыла на міг. Памяць хуценька прабеглася па сённяшнім дні, па тых эпізодах, калі ён апынаўся разам з Лебедзевым. Можа, хтось называў яго па бацьку і чырвоны запомніў? Не, ніхто. Ні Даніла, ні Мірончык, ні Мірановіч. Дзед сказаў на яго Павал...
– Вы мяне ведаеце?
Лебедзеў развёў рукі: на табе!
– Хто ж вас не ведае? Чайку, героя, – прастадушна адказаў ён. – Усе ж дакументы вашыя захаваліся, ваенкаматаўскія. Ляжаць сабе цэленькія, нават з фотаздымкам. Я вас яшчэ каля моста пазнаў – як толькі ўбачыў... Можна, я хадзіць буду, Павел Пятровіч? Ну, узад-уперад... (Ён дакрануўся да сіняка пад вокам.) Баліць, халера, а калі ходзіш, то лягчэй нібыта, – сказаў без аніякай крыўды ў голасе, пасміхаючыся; наіўны прыёмчык пад назваю «павага да ворага» плюс лёгкі падхалімаж – у талковага, як Чайка, камандзіра, разумей, і падначаленыя талковыя, калі навучыліся так скулы разварочваць.
– Хадзіце.
Лебедзеў заклаў рукі за спіну і маленькімі мяккімі крокамі, нібы па абмежаванай тэрыторыі камеры-адзіночкі, прабегся да акна, вярнуўся назад да дзвярэй; як маятнік, перастаўляліся яго тонкія ў параўнанні з тупаносымі вялікімі чаравікамі ножкі ў абмотках, гукі крокаў супадалі з цік-такам гадзінніка на сцяне. Міжволі ўзнікала ілюзія баковачкі з кабінетам, Чайкі са следчым, а Лебедзева са зняволеным, і неяк сама сабою размова пачалася ў допытна-пратакольным плане.
– Як вы думаеце, чаму я вас сюды прывёў?
– Ну, пэўна ж не абедам частаваць, – адказаў Лебедзеў, спыніўшыся, і надалей прытрымліваўся такога ж парадку: пытанне Чайкі – стоп-машына, свой адказ – ізноў цік-таканне крокаў, кожны крок – слова.
– Ды што вы можаце сказаць у сваё апраўданне? – Чайка нават блюзнерыў.
– А вы пытайцеся, Павел Пятровіч!
– Ну, пра мяне, бачу, вам усё вядома, справу асабістую нават вывучылі... Пра мяне нецікава. Можа, пра міравую рэвалюцыю? Пра дыктатуру пралетарыяту? Даўно не чуў ужо, ажывіце ў памяці.
Лебедзеў спыніўся і паглядзеў на яго. Спытаў пасля паўзы:
– Скажыце... вы гэта сур'ёзна?
– Вядома! Цікава паслухаць, як вашая кухарка, калі ёй варыць не стане чаго, пачне «управлять государством»...
– Я пра іншае. Вы сур'ёзна будзеце змагацца з намі? Супраць рэгулярнай арміі? Усе вось гэтыя, – Лебедзеў павёў рукою, акрэсліўшы нябачны круг, – вашыя дзеншчыкі, дазоры, даклады, штабы, разведка, контрразведка, прызыўныя пункты, афіцэры расквартыраваныя... усё гэта сур'ёзна?
– Вы хадзіце, а то балець будзе, – параіў Чайка. – У нас гэта сур'ёзна. І вось вам першы і самы надзейны доказ, – паляпаў ён па кабуры пад самай пахай. – Вось тут, глядзіце, усё вашае жыццё. І каму-каму, а вам у вашым становішчы варта трохі менш здзіўляцца... Калі ў людзей ёсць зброя і яны могуць распараджацца чужымі жыццямі – вашай, у прыватнасці, – у такіх усё сур'ёзна. Так што, – працягваў ён, пазяхаючы, – давайце лепш пра Маркса.
– Пры чым тут Маркс? – пачулася ў адказ. Лебедзеў адсек гэтыя словы з нейкім нават раздражненнем у голасе – відаць, пакрысе асвойтваўся, пераставаў баяцца, калі ўвогуле баяўся. – Пры чым Маркс? Мы ўрэшце разумныя людзі і можам разважаць разумна... Усе гэтыя Марксы, Энгельсы, Леніны... Капіталы, дыктатура, камунізм, класавая барацьба, чырвоныя, белыя... Лухта! Чым больш цёмная, незразумелая, тым лягчэй задурыць ёй галовы люмпенам ці п'яніцам рабочым, але ж мы з вамі – мы як мінімум чыталі і ведаем вялікую расейскую літаратуру... – казаў Лебедзеў, тупаючы ў такт гадзінніку, не гледзячы на Чайку. Словы яго падалі раўнамерна, абдумана, і разам з тым у самой іх інтанацыі прасклізвала штосьці скрытнае, двухсэнсоўнае, што ніяк не мог вызначыць Чайка.
– Цікава! Ды вы служыце чырвоным, не прызнаючы іхняе ідэалогіі? Вы белагвардзеец? Манархіст?
Лебедзеў выслухаў стоячы, пасля чаго заклаў рукі за спіну і зноў узяўся адмерваць свае маленькія крокі.
– Ні тое, ні другое. Я, Павел Пятровіч, найперш рускі чалавек. Як і вы.
– Ну, я, дапусцім, бела-рускі...
– Перастаньце, прашу вас! Вы ж не іхні! І бунт – гэта не вашае... Прабачце.
– Іхні я ці яшчэ чый, не ў тым рэч, – не адразу адказаў Чайка; як ні дзіўна, гэтыя смелыя пасажы палоннага, над якім у яго поўная ўлада, якога ён можа ў любую хвіліну вярнуць туды, адкуль забраў, падабаліся яму. – А вось вы хто? Вось чаго я ніяк не разбяру!
– Кажу ж – проста рускі чалавек! Якому даражэй за ўсё свая Айчына...
– І вы так адкрыта мне, ворагу, аб гэтым расказваеце? І не баіцеся, што ўсё можна папросту пераказаць чырвоным?
– Нічога я не баюся, – амаль шчыра адказаў палонны, прафесійны шпіён і правакатар, супрацоўнік асобага аддзела контрразведкі 16-й арміі Кліменці Лебедзеў, распачынаючы свой чарговы спектакль, адзін з многіх, якім быў ужо згублены лік.
На заданні ён заўсёды напрошваўся сам, не патрабуючы за гэта ні ўзнагароды, ні падзякі – проста такі ўжо няўрымслівы, адчайны характар быў у чалавека, такая ўнутраная канстытуцыя: яго цягнула на рызыку, як канатаходца без страхоўкі цягне на дрот. Тапорная работа «чразвычайкі» і кабінетная контрразведкі адно нудзіла, раздражняла яго – толькі ў вострых адчуваннях была яго стыхія. Ён жыць, напэўна, не змог бы, каб час ад часу не выпрабоўваў, не ўзбадзёрваў сябе халадком смерці. Таму, калі паступіў ад «надзейнага» чалавека сігнал, што рыхтуецца перабег у нацыяналістычную банду, канечне ж, Лебедзеў загарэўся, канечне ж, кроў у ім узбунтавала... Далейшае было справай тэхнікі. Будучых перабежчыкаў проста адправілі разам у дазор усіх трох і Лебедзева, як «старшага», чацвёртым... Так, была рызыка. Так, усё на валаску вісела. Папросту маглі раскусіць і «шлёпнуць» і свае перабежчыкі, і нацыяналісты з банды. Але якая вайна без рызыкі? І як угадаеш на вайне? – можна без адной драпіны вярнуцца з рукапашнай атакі і загнуцца ў лазарэце ад паносу; да таго ж Лебедзеў бываў і не ў такіх сітуацыях, і нічога, абыходзілася – міжволі паверыш у фартуну, у сваю зорку.
І на гэты раз зорка не падвяла, не патухла над ім. На што ў самым лепшым выпадку ён спадзяваўся – прыблізна, арыенціровачна? Ну, аддубасяць, морду разаб'юць, ну, пасядзіць трохі ў каталажцы... Паартачыцца крыху, паламаецца для выгляду, пагуляе ў непрыступнасць... Героя разыграе. Потым «спалохаецца» і вылажыць ім усё, што яны пытацьмуць. А далей па абставінах, як Бог на душу пакладзе. Надарыцца магчымасць – вернецца да сваіх, а яшчэ лепш, каб яму паверылі, і пабыць у бандзе як найдаўжэй (як было, напрыклад, год таму, у Юдзеніча, у армію якога падобным чынам «укараніўся» Лебедзеў і прайшоў – без баёў, праўда, – да самай Гатчыны, і толькі на Пулкаўскіх высотах, перад Петраградам, дзе пачаліся першыя сутычкі, перабег уночы да сваіх і сем з паловаю гадзін даваў пісьмовыя паказанні, з прозвішчамі, лічбамі, падрабязнымі планамі, схемамі – у накураным да адурэння пакойчыку славутай абсерваторыі, дзе атабарыліся часова бальшавікі)...
Такія былі сціплыя планы. І вось – так пашэнціла! Апынуцца на кватэры ў самога Чайкі! Аб гэтым, выпраўляючыся на заданне, удачлівы шпіён і марыць не мог.
Быў, праўда, момант – калі Мірановіч з Чайкам прыйшлі да яго ў камеру, ён спачатку перапалохаўся: а раптам пазнаў хто? З тых жа белагвардзейцаў Юдзенічавых? Зразумеўшы, што Чайка проста хоча забраць яго, ён нават крыху разгубіўся. Гэта амаль не выбіла яго з каляіны, бо зусім разбурала першапачатковую задумку. Таму ён і маўчаў – трэба быў час, каб абдумаць новую сітуацыю. Але паступова агледзеўся, асвойтаўся. Пакуль Даніла практыкаваўся з дзедам у жабрацкай мове, ён у думках зрабіў беглы аналіз таго нямногага, што ўбачыў і пачуў за сёння, супаставіў паводзіны Чайкі каля мастка з Мірончыкам, з Мірановічам у калідоры падвала, на плошчы, тут, у хаце... І прыйшоў да высновы, што паўстанцам Чайка чужы. Чужы ён і ім, чырвоным, – нічога добрага ад іх ён не бачыў. Усё, што ён мае – узнагароды і званні, ён атрымаў пры цару. Значыць, бліжэй за ўсё яму будзе тэма манархіі.
Такім простым, няхітрым аналізам і намацаўся план, як паводзіць сябе ў гэтых новых нечаканых варунках, якія гаварыць словы і якую выбраць інтанацыю...
– Нікому нічога вы не станеце пераказваць, ні чырвоным, ні гэтак званым сваім, – ціха, задушэўна, паводле правілаў сцэны працягваў шпіён. – І што да ворагаў, дык вас – вас я ніякім ворагам не лічу. Мы аднолькавыя! Мы давалі адну й тую ж прысягу, аднаму й таму ж цару і адной і той жа зямлі...
– Так, ну і дзе той цар? Дзе тая зямля?
– ...Зямлі, – не даў сябе перабіць Лебедзеў. – Дапусцім, Мікалая кокнулі, згодзен, туды яму і дарога... Але Русь нікуды не дзелася, Павел Пятровіч! Вось яна, у нас пад нагамі!
Лебедзеў увачавідкі ўзбуджаўся, іншыя – натхнёныя – ноткі зазвінелі ў роўным дасюль голасе, заблішчэла зацятым бляскам непадбітае вока.
– Цара новага знойдзем, калі будзе патрэба! Затое Расея ўратавана! Расея жыве і будзе жыць, а як яна ўжо там будзе называцца: савецкай, чырвонай, зялёнай ці любога іншага колеру – справа дзесятая («не суть важно»); будзе царом хтосьці з Раманавых, ці Ленін, ці Троцкі – без розніцы!
– Бедныя чырвоныя, – пасміхнуўся Чайка, – калі ў іх такія камандзіры...
– Ну, за чырвоных вы, дапусцім, не перажывайце. Рускі бунт заўсёды страшны і бязлітасны, а цяпер яшчэ й памножаны на зручную, даступную ідэалогію класавай нянавісці, ды замест дубін і рагацінаў – пушкі, браненосцы, кулямёты і вінтоўкі... Ды такі бунт змяце ўсё, любую сілу!
– У вас у самога, пры ўсёй казуістыцы, даволі зручная ідэалогія, – заўважыў Чайка. – Будзь з тымі, хто мацнейшы, думай пра вялікую Расею, і ўсё ў парадку («дело в шляпе»)...
– Маеце на ўвазе, чаму я не з белымі? Сляпым трэба быць, каб не прадбачыць, чым яны скончаць, дужа шмат яны крыві выпілі, каб так проста сышло ім гэта з рук... І потым – заўважце, Павел Пятровіч, такую цікавую дэтальку! Што ў параўнанні з белымі мяняецца пры ўладзе бальшавікоў? Тыя самыя віселіцы, тыя ж рабункі і зверствы... але! «Чэка» наводзіць парадкі ўнутраныя, наводзіць так, што контрразведцы белых і не снілася! А знешняя палітыка? Бальшавікі так ці інакш скончылі дурную германскую вайну, спынілі немцаў Берасцейскай дамоваю – часовай, заўважце, дамоваю! – перамаглі ў вайне Грамадзянскай, спынілі палякаў дамовай Рыжскай – зноў-такі дамовай якой? – часовай... І няма сумнення, – перайшоў на пафасна-трагічны шэпат Лебедзеў, – граніца Расеі ў хуткім часе будзе за Варшаваю, калі не за Берлінам! Украіна ўжо нашая, нашыя Каўказ і Сярэдняя Азія, спаконвечныя («исконные»!) расейскія землі Прыбалтыкі і Фінляндыі таксама будуць нашымі, як і Польшча; хай гэта будзе называцца «сусветнай рэвалюцыяй», хай іншым словам – на справе гэта будзе Расеяю і нічым больш! Мы прасунемся на паў-Эўропы, ды што там – ад Ціхага акіяна да Ла-Манша, вось сэнс рэвалюцыі, і дзеля гэтага я гатовы прыняць увесь іхні бальшавіцкі маразм, мімікрыраваць, распяваць іхнія гімны, прыняць атэізм, змірыцца з масонскімі зоркамі над святым Крамлём!..
– Ну і ну, – вяла сказаў Чайка, які падчас гэтага маналога ні разу не зірнуў на Лебедзева, сядзеў, унураны ў сябе. – Масква як трэці Рым? Ну што ж, калі б я быў расейцам, дык, магчыма, прызнаў бы нейкую вашую праўду... Магчыма, і рабіў бы тое, што й вы... Але я беларус. І ў майго народа свая тэорыя – у адрозненне ад вас нам не патрэбны ні Масква, ні Берлін, ні Вар... – абарваў ён сябе, так самому зрабілася брыдка ад гэтых дубовых, чужых слоў, якія немавед чаго вымушаны былі прамаўляць яго вусны.
Канечне ж, Лебедзеў усё зразумеў і мігам скарыстаўся.
– Калі б вы, – падхапіў ён, усё ходзячы і ходзячы з закладзенымі назад рукамі, – сапраўды не хацелі нічога, вы не хацелі б і нікога. Вы выступалі б за незалежнасць ад усіх. Але ж нас, расейцаў – няхай чырвоных, няхай бальшавікоў, – вы ненавідзіце, на дух не пераносіце, а пад крылца Польшчы лезеце пішчом... Дык так і скажыце, шчыра: мы хочам незалежнасці ад адной Расеі, а там хай нас глытае хто хоча, там хоць трава не расці! Вось толькі палякі няньчацца з вамі да пары да часу... Гэтаксама, як мы няньчыліся з Махном, мірыліся з яго «жовто-блакітностю», ён нам, дарэчы, добра памог: Перакоп без яго тачанак нам бы ніколі не ўзяць; але як толькі адпала ў ім патрэба – дзе цяпер Махно? Тое ж зробяць з вамі і палякі, і вы выдатна гэта ведаеце...
– Ведаем, – прамовіў, гледзячы ў стол перад сабою, Чайка, і Лебедзеў не паверыў сваім вушам. Ад такой удачы страшэнна хацелася курыць.
– Адно кепска – не мы выбіраем, а нас. Мы проста змушаны хіліцца да тых, хто прызнае нас як самастойны рух, прызнае, урэшце, нашае права на існаванне, як робіць пакуль што Польшча... Па-другое, наконт нібыта нянавісці да расейцаў... ёсць Расея, і ёсць Расея. Калі тры гады назад ваш Ленін трапаўся пра «дзве вайны – справядлівую і несправядлівую», пра «два нацыяналізмы ў кожным народзе – негатыўны і пазітыўны», калі ён прызнаў права за кожным народам, і за намі, беларусамі, на самавызначэнне, і даказаў гэта на прыкладзе Фінляндыі, тады і мы гатовы былі прызнаць і вашую Расею, і вашага Леніна, і вашую ўладу. Але ж вы адной рукой пішаце дэкрэт аб міры, а другой – аб'яўляеце афіцыйны тэрор, залілі крывёю да краёў гэтую самую любімую вамі «матухну»-Расею; адной рукой пішаце дэкрэт аб зямлі, другой – выграбаеце да апошняга ўсё, што на гэтай зямлі вырасла!.. Адной рукой падпісваеце права народаў на самавызначэнне, другой – пастанову аб разгоне Ўсебеларускага з'езда... вось як вас за гэта любіць, прызнаваць, як вас за гэта не ненавідзець? – І зусім нечакана закончыў: – Каб вы хоць трошкі менш крыві пускалі, каб неяк інакш рабілі ўсё гэта...
– А іншага спосабу не прыдумана, на жаль! А белыя як робяць? А палякі? А вы, калі, дапусцім, пераможаце, не так будзеце рабіць?
Лебедзеў ужо зусім пачуваўся тут гаспадаром. Раптам ён хутка, так, што Чайка ўздрыгнуў, падступіўся блізка і паклаў яму руку на калена, зазірнуў у вочы, зашаптаў пранікнёна:
– Павел Пятровіч, паверце! Калі вы ўжо сабраліся ваяваць з чырвонымі, дык рабіць гэта можна і трэба інакш! Бунт ваш смешны... пераходзьце да нас – а нас, такіх, як я, цяпер, дзякаваць Богу, нямала, – і мы зробім для знішчэння бальшавізму больш, чым усе бунты, разам узятыя!.. І калі скончыцца гэтая куламесь, а яна скончыцца ж рана ці позна, тады мы і адродзім Расею... Ды з вашым талентам, з вашым аўтарытэтам (амаль слова ў слова паўтараючы Кутылоўскага)... Каму вы тут трэба, хто вас тут ацэніць?.. Прападзеце вы тут, Павел Пятровіч, мне проста шкада вас!.. – у прыцемках страшна свяцілася здаровае вока.
– На вашым месцы я пашкадаваў бы, – адказаў Чайка. Скінуў руку з калена. Падняўся, пазяхнуў. – Скончана дыскусія! Хадзем.
Падышоў да дзвярэй, адчыніў іх і крыкнуў у калідор:
– Даніла, сядлай жарабца! – і пачаў апранаць шынель.
Лебедзеў таксама зашморгнуў гаплікі шыняля, насунуў на галаву сваю «будзёнаўку».
– Куды? – спытаў з пакорлівай усмешкаю. – Назад, у каталажку?
Чайка змоўчаў.
Яны выйшлі з хаты. На іх дыхнула свежым марозікам. На двары – ад белага снегу і зорнага неба – было відней, чым у хаце. Чакаючы, пакуль Даніла асядлае і выведзе каня, Чайка стаяў спакойна, а Лебедзеў прытупваў і хукаў на рукі.
«Вось дык фокус! – думаў ён. – Няўжо гэты бязвольны ахламон, якога так лёгка было разгадаць, ачмурыць, няўжо ён сабраўся адпускаць мяне? Перайграў?»
Цяпер, пасля такой шпіёнскай лёгкай і хуткай удачы, Лебедзеву хацелася ўжо большага. Застацца б у Семежаве, пакруціцца тут, разнюхаць... Але ж задні ход не дасі! Не скажаш пасля ўсяго, аб чым распінаўся ў «маналогу», – пакіньце мяне тут! Зрэшты, і так усё добра. Што яшчэ трэба? Заданне выканана. Ведае ён многа. Вернецца (калі, канечне, сапраўды яго адпусцяць) жывы і адносна цэлы, сінякоў не лічачы... І ўсё ж Лебедзеў сплюнуў з прыкрасці.
Даніла вывеў жарабца, падтрымаў стрэмя, пакуль камандзір, нязвыклы да чужога каня, на яго ўзбіраўся. «Но!»
Снег храбусцеў пад капытамі каня і пад ботамі Лебедзева, які ішоў збоку. А вуліца жыла. Мутнымі агнямі свяціліся вокны, каля варотаў і веснічак стаялі людзі, чулася гамана, дзявочыя піск і смех, гукі баяна. У тым баку, дзе плошча, паўнеба было асветлена зарывам вогнішчаў. Чайка з Лебедзевым моўчкі прамінулі доўгую вуліцу і апынуліся на шырокай убітай дарозе, што вяла да Вызны.
Наткнуліся на дазор, Чайка назваў пароль (Лебедзеў ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць), і яны рушылі далей. Лебедзеў хутка ішоў побач.
Калі пачаліся з аднаго боку дарогі цёмныя дрэвы, – бадай, адзіны лес на гэтыя балацяністыя ваколіцы, Лебедзеў спыніўся.
– Далей не пайду! – сказаў цвёрда. Хоць і брыдка яму было разыгрываць гэтую апошнюю ўжо мізансцэну, але трэба было для большай праўдападобнасці...
Ён адступіў на крок. Смела ўскінуў галаву. Скрыжаваў на грудзях рукі («Страляй, сволач, – так паміраюць лепшыя сыны Расеі!..»).
– Гэта прамы шлях на Вызну, – сказаў Чайка. – Усё адно лесам трымайцеся... Праз паўвярсты будзе яшчэ дазор, злева, на пагорку. – Ён павярнуў каня ўпоперак дарогі, збіраючыся ўжо ехаць назад, потым дадаў: – І нашая разведка павінна сюдою вяртацца, не наляціце, – крануў вуздэчку.
– Чайка! – пачулася ўслед.
– Што? – спытаў ён.
Лебедзеў працягваў яму руку.
– Ведаеце, Чайка, у мяне адчуванне, што мы яшчэ ўбачымся...
Завярнуўся і пайшоў адкрыта, сярэдзінай дарогі (пра сябе смеючыся з бязвольнага ахламона), пакуль не прапаў з вачэй.
Чайка доўга глядзеў у той бок, дзе ён знік... Раптам данесліся адтуль прыглушаныя галасы і скрып падводы.
Не ведаючы сам навошта, Чайка звярнуў з дарогі і стаў чакаць; разам з канём яны растварыліся сярод цёмных ствалоў і лап.
XIV
Як толькі выехалі з вёскі і ўсунуліся ў лес, так скончылася і сама дарога.
Аблепленыя мокрым снегам шаты дрэў схавалі неба. І адразу ж прыцемкі, і без таго па-восеньску раннія, ператварыліся ў самую сапраўдную ноч. Толькі тут дайшло да Мікіціна, які плёўся, звязаны, за падводаю, чаму іх павязалі: не відаць было нічагуткі, каб не вяроўка, дастаткова было зрабіць два крокі, нырнуць пад гэтыя цёмныя, правіслыя ад снегу шаты...
З дарогі збіліся адразу ж. На нейкіх каранішчах ці то на калдыбане ледзь не перакулілася падвода, добра, Чуб з Гнатам паспелі падставіць плечы. Занаравіліся коні, не хацелі ісці ў гэтую чорную чашчобу – ды і як ісці? Чаплялася за абаркі порасль, лезла ў спіцы, гонкімі дрэўцамі станавілася коням пасярэдзіне, каля дышла, і хочаш не хочаш, а спынішся... Гнат пайшоў на разведку, выцягнуўшы паперадзе рукі, каб вочы не павыбівала; неўзабаве вярнуўся і на пытанне Чуба: «Ну, што?» толькі вылаяўся сабе пад нос.
– Но-о, воўчае мяса, бальшавіцкае!.. – Мікола з размаху шлёгнуў канцом лейцаў бліжэйшага каня.
– Суніміся! – прыкрыкнуў Гнат. – Што табе коні вінаватыя?.. Не, – сказаў ён, – гэта не работа, так мы да раніцы не дабярэмся...
– Вы ж мясцовыя, а не я, – азваўся Чуб, які стаяў за два крокі, але якога зусім не было відно. – Давайце, думайце – кудою тут да Семежава бліжэй?
– Кудою: лесам, але ж ты бачыш, які гэты лес!..
Павярнулі назад, да вёскі. Выбраліся на тую самую дарогу, з якой відаць былі крайнія хаты. Гэтым разам, разумнейшыя, узяліся ўлева, пакіравалі коней адкрытым полем да Межы. Хоць дарогі і тут не было аніякае, такія ж, як і ў лесе, калдыбаны, але хоць трохі святлей, ды і пятляць не трэба... Ішлі з добрых паўгадзіны. Чуліся адно скрып гужоў, скіргат восей, атосаў, шоргат драбінаў ды сапенне людзей, якія маўчком шлэпалі па мокрым гразкім снезе... Увачавідкі цямнела і тут, на полі. Прамінулі нейкі пералесачак, дарога крута пачала забіраць угару, Чуб закамандаваў палонным: «Падпіхніце!», і тыя паспешліва, спатыкаючыся, блытаючыся з чортавай вяроўкаю, усё ж прыстроіліся неяк хто ззаду, хто з бакоў і трохі падмаглі... Падвода выехала на роўнае – на высокі бераг Межы. Адсюль быў прамы шлях да Семежава.
– Стой! – скамандаваў Чуб, аглядваючыся.
Яны з Гнатам адышліся воддаль і ціха загаварылі аб нечым, як бы раіліся – пара ці не пара рабіць тое, аб чым толькі яны ўдвох і ведалі?
І ад цемры, і ад гэтага «стой!» (апошняе Мішкава слова), і асабліва ад гэтых ціхіх перамоваў у Мікіціна раптам пахаладзела ў жываце, затахкала ў скронях, і яго ахапіў такі жах, якога не ведаў не тое што сённяшнім днём, але й ніколі яшчэ ў сваім невялікім жыцці... «Няўжо ўсё?!» – і адазвалася ледзяным, млявым, як пах крыві, холадам у жываце: «Вядома, усё!» І сапраўды, колькі яшчэ з імі, палоннымі, важдацца можна, лепшага месца і знайсці цяжка – пустэча, ад вёскі далекавата, рэчка за два крокі... Пастраляюць, скінуць у гэтую чорную ваду, якая да раніцы скуецца лядком са снегам, і да вясны нават трупаў ніхто не ўгледзіць...
Перагаварыўшы, Чуб з Гнатам вярнуліся да падводы. Ні слова не кажучы, Гнат пачаў адвязваць з крука вяроўку. Мікіціна раптам пачаў біць калатун.
– Ну, што? Усіх хіба? – гучна перапытаў Мікола.
– Братцы... Братцы, дорогие, пожалейте... – змярцвелымі, непаслухмянымі вуснамі прашаптаў Мікіцін, гатовы зараз жа, абы загадалі, абы які знак падалі, грымнуцца вобземлю, поўзаць на коленцах перад гэтымі людзьмі і лізаць іхнія боты, гразь есці ў іх пад нагамі... на ўсё гатовы.
– Пощадите, братцы! Я... мне лет еще мало!..
Мікола рагатнуў:
– Не бойся, мы цябе так расстраляем, што балець не будзе!
– Чаго ты чалавека палохаеш, – умяшаўся Чуб, які ў гэты момант развязваў рэўкамаўца Кецку. – Не бойся, таварыш чырвонаармеец, мы дзяцей не крыўдзім... Мы іх не чапаем, а перакоўваем ідэйна...
– Ну, што галавою круціш? – спытаў у Кецкі, развязаўшы яго. Кецка паціраў скалечаныя рукі ў рукавіцах і ўсё азіраўся, бы не даваў веры, што вось ён, канец. – Ты думаў, я цябе сапраўды да Чайкі адвяду? Да такога ж камуністага, як і ты? Ён камуністых лю-у-убіць, гэта я ведаю... ды толькі я і сам вас люблю... Вас жа ў расход пускаць – адна насалода, тое самае, што цэлку... – саступаць такога нікому нельга!.. Давай, боты, палітон скідвай, прыгадзяцца. Ну, сам раздзенешся ці памагчы?
– Рукавіцы таксама? – Кецка нагнуўся, каб сцягнуць боты.
– Бач ты – ведае, а ўсё адно не баіцца!.. – сказаў Гнат. – Рукавіцы не трэба, мо і праўда заразныя якія, сабе пакінь, на светлую памяць.
– Можна хоць да кола прыхінуцца? Як я, стоячы, боты сцягну...
– Прыхінайся.
Усё далейшае адбылося імгненна... Кецка зрабіў пару крокаў да перадка (перадок быў бліжэйшы), раптам падскочыў і з размаху ўдарыў каня па мордзе. Конь шарахнуўся, ускінуўся на дыбы, цягнучы за сабою і другога; гружаная цяжкая падвода сарвалася з месца і юзам пайшла з крутога берага пад адхон, да вады. Трэснула, вывернулася з перадка дышла, пасыпаліся, пакаціліся ўніз па адкосе мяхі і кошыкі, забегалі вакол, замацюкаліся, не бачачы нічога, не ведаючы, што рабіць, людзі, іржалі, біліся коні, якіх падвода цягнула за сабою, падломваючы ім ногі, выкручваючы, што тое дышла...
– Глядзі гэтых!..
– Камуніст уцёк!..
– Коней, коней ратуйце!
– Пастронкі сячы!..
І ўсе мітусіліся ў бязладдзі, і ніхто не рабіў нічога, пакуль падвода, цягнучы за сабою коней, не вухнула разам з імі ў рэчку. Тады толькі Чуб першы апамятаўся, кінуўся да вады, на хаду выцягваючы штык з-за халявы. Мігам адхапіў бліжэйшыя пастронкі, да якіх можна было дацягнуцца з берага. Вызвалены конь з плёхам дапаў пярэднімі нагамі да цупкага і не проста выскачыў, а як бы вырваў сам сябе з гэтай ледзяной прорвы... Другі, дальшы, у якога тырчэла з вады адна галава ў хамуце, толькі ржаў і тузаўся, і думаць нельга было, каб неяк падступіцца да яго. Чуб перадаў Гнату штык, выхапіў з-за пазухі абрэз, дрыготкаю ад злосці (невядома на каго) рукою адцягнуў курок і стрэліў, як падалося, нават не цэлячыся... У тым месцы, дзе віднелася галава, булькнула штосьці, плёснула, як вялізная рыбіна, – галава знікла пад вадою, і толькі падвода, што ляжала перакуленая ў вадзе пры самым беразе, здрыгнулася і ссунулася далей, на глыбіню...
Потым настала цішыня.
Вось гэта, называецца, пашкадавалі раздаць людзям дабро!.. Узялі, называецца, трафеі!.. Захапілі, называецца, палонных!..
Конь прапаў. Кецкі і след прастыў, не паспелі нават стрэліць па ім – і не было як, ды і куды? – цемра скрозь... Забітыя чырвонаармейцы скаціліся з воза, адзін плаваў тварам уніз у вадзе каля берага, сярод мяхоў, другі ляжаў, скурчаны, вышэй па адкосе. Агледзеўшыся, убачыўшы яго, Чуб падскочыў да яго і, вылаяўшыся, скаціў яго, як крывую калоду, нагамі ў рэчку.
Тым часам Мікола, які найперш адвёў ацалелага каня наверх, штосьці сказаў палонным, і тыя нязграбна, спатыкаючыся, звязаныя, пачалі спускацца адкосам да берага.
– А-а, – нібы толькі цяпер успомніў пра іх Чуб, падбег да іх, узрадаваны, што нарэшце знайшлося выйсце злосці, ёсць на кім яе спаганяць. – Гнат, штык сюды! – Гнат падаў, Чуб абрэзаў вяроўку (якую так прасіў вярнуць стары Карпа). – Ану, да падводы! Ану, у ваду! На руках вынесці! І вы яе ў мяне на сабе да самага Семежава пацягнеце, я вам абяцаю!.. У ваду, я сказаў! – і першы схапіўся за абрэзаны кавалак пастронка...
Падводу, нават разам з нежывым канём, выцягнулі лёгка. На ёй не засталося і палавіны дабра, усё плавала цяпер у вадзе і валялася па схіле адкосу. Гнат адчапіў абарак, выслабаніў з-пад хваста набедрыкі, асцярожна перавярнуўшы, сцягнуў з цёплай яшчэ, ліпкай ад крыві конскай шыі хамут, узваліў збрую на падводу. Адразу ж воз вывалаклі наверх, на дарогу. Мікола паспеў ужо агледзець, абмацаць каня, які, на шчасце, быў цэлы, не паламаў нічога, нават абцёр яго мешкавінаю (падабраў адзін з развязаных мяхоў, што валяліся тут, на адкосе, высыпаў рэшткі жыта і так набыў мешкавіну).
Выцягнулі з перадка зламанае дышла; уздзелі на каня – сілком, бо брыкаўся, нюхаючы кроў, – другую, цэлую, збрую перапрэглі па-новаму, без дышла, на адных пастронках...
– Нарабілі работы, – аддыхваючыся, сказаў Гнат. – Ведалі б, дык лепш і праўда аддалі б людзям...
– Вось ім, тваім людзям! Вось гэта яны бачылі?! – закрычаў Чуб і падсунуў Гнату пад нос дулю. – Усё павыкідваю к ё... мацеры! Назло! – раз'юшана крычаў ён, сцягваючы і шпурляючы на зямлю тое, што яшчэ заставалася на падводзе. – А вы чаго?! – вызверыўся на палонных, нібы зноў толькі цяпер успомніў, што ёсць жа і прамыя віноўцы ўсяму. – Запрашэння чакаем?! Усё з-за вас, блядзей... Але я вам зараз устрою... Ану, вы двое – за пастронкі! Перакідвай цераз плячо, як бурлакі на вашай Волзе, вучыць вас яшчэ трэба?! Ды радуйцеся, што пастронкі абрэзаныя, інакш я б вас, далібог, у хамут упёр! А табе што (да Мікіціна, які стаяў і не ведаў, што рабіць), запрашэнне трэба?! Папірай ззаду, смаркач, ды глядзі мне!..
Скуты страхам, мокры, галодны і халодны і тым не менш шчаслівы ад таго, што жыве, што адчувае гэтую самую макрату, голад і холад, сагнуўшыся, маленькі Мікіцін з усіх сіл падпіхваў ззаду падводу, упіраўся адной рукою ў драбіну, другою ў паддон з такой стараннасцю, што аж ногі яго ў новенькіх чаравіках з рыфленымі падэшвамі слізгаліся.








