Текст книги "Нічые"
Автор книги: Андрэй Федарэнка
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 34 страниц)
Сапраўды, недалёка ад школы пасярод вуліцы буксавалі белыя «Жыгулі». Па два прыстроіліся з бакоў, каб не абкідала гразёю з-пад задніх колаў, узяліся, крэкнулі, лёгка выпхнулі. Машына пад’ехала да школы, шафёр, таксама ў форме, адкінуў капот і палез корпацца ў маторы. Сяржант раптам папрасіўся зайсці пасядзець у бібліятэцы, пакуль падладзяць машыну.
– С самого утра по участкам мотаемся, – паскардзіўся ён.
Але Васкевіч добра ведаў, што міліцыя знарок падасланая, і сяржанцік прэцца ў бібліятэку, каб «узяць» яго, Васкевіча, на месцы злачынства... «Ну, хадзем, бяры!..»
«Галасоўшчыкі» даўно ўжо разышліся, у «клубе» было ціха. У бібліятэцы сяржант прысеў за столік, зняў і адзеў на калена фуражку. Ён выглядаў яшчэ маладзей за Пецю – у Пеці хоць вусікі былі, а гэтэ, відаць, ні разу не галіўся. Васкевічу чамусьці стала нават трошкі крыўдна – не маглі ўжо прыслаць кагосьці больш саліднага...
Люда з Ірэнаю глядзелі на міліцыянера, перашэптваліся і хіхікалі. Васкевіч адчуў рэўнасць і яшчэ больш спахмурнеў. Пеця наліў усім, і сяржанту. Той падзякаваў, узяў у пальцы чарачку. Васкевічу нясцерпна захацелася пазаядацца з ім.
– А я не галасаваў! – аб’явіў ён сяржанту. – І гавару па-беларуску!
Сяржанцік са здзіўленнем на яго зірнуў, паціснуў плячыма, нічога не сказаў. Выпілі.
П’яная логіка падказала Васкевічу, што раз ён – «нацыяналіст», выгнаны за гэта з інстытута, высланы за гэта з Мінска, дык ён і павінен трымаць сваю марку.
– За каго ты галасаваў? – пачаў чапляцца ён да сяржанта.
– За Саюз, – адказаў тои, нагінаючыся над нізкім столікам і выбіраючы косткі з рыбы.
– Ну і што? – не даваў яму закусіць Васкевіч. – Што табе з гэтага саюза? Мы ж семдзесят гадоў былі ў саюзе, і што? Табе не хочацца, каб мы сталі незалежнымі, як французы? Каб Еўропа, Амерыка, Расея пазнавалі нас па мове, сцягу, нацыянальным характары, як французаў пазнаюць?
– Сам тогда почему не голосовал? – спытала Ірэна.
– Сядзь бліжэй, скажу.
Дзяўчына паслухалася, памянялася з Пецем месцамі, Васкевіч абняў яе – незнаёмую, п’янаватую, падатлівую...
– Вось ты – Ірэна, а ў вольнаи незалежнай Беларусі ты была б Ірэн, як францужанка! І ездзіла б на сваёй «Вольве»... Пагэтаму я і не галасаваў.
Міліцыянер маўчаў, слухаў з цікавасцю.
– Ты беларус? – зноў насеў на яго Васкевіч.
– Беларус.
– І табе не хочацца, каб у нас была свая Францыя?! Сяржант раптам пачырванеў і сказаў па-беларуску:
– Хочацца. Знаеце, можа, і праўда ваша... У арміі прыбалты ўмесце, грузіны ўмесце, адны беларусы нейкія нядружныя...
– Ладно, француз, – строга сказала Ірэна, не робячы, аднак, і спробы вызваліцца з абдымку. – Не трогай милицию. И не пей больше, ладно?
– Эх, Ірэн! – зусім расчуліўся Васкевіч. – Клапоцішся пра мяне... Мілая дзяўчынка! А мы першы раз у жыцці бачымся... Ты – сапраўдная беларуска! Справа ж не ў тым, хто за што галасаваў, а ў тым, што мы ўсе тут – беларусы, адна сям’я, блізкія людзі, хоць пяць мінут назад пазнаёміліся! Вось міліцыянер, сяржанцік, прыйшоў мяне арыштоўваць – і той не спяшаецца, сядзіць тут, выпівае... І так і павінна, адно гэта – важнае...
– Хватит болтать ерунду! – Ірэна смяялася і ў той жа момант асцярожна зіркала на сяржанта. Яна, відаць, баялася, што Васкевіч зараз можа дагаварыцца, і яго сапраўды забяруць.
Дапілі і паелі ўсё, што было. Дамоў п’янага Васкевіча завезлі на міліцэйскіх «Жыгулях», пад самую хату. Перад тым, як сесці ў машыну, ён усё абдымаў Ірэну і тройчы цалаваўся з ёю – як перад доўгай дарогаю. Маладзенькі міліцыянер пакінуў яму свой гарадскі адрас, тэлефон і прасіў заходзіць у госці, калі будзе ў горадзе.
ХVІ
Зусім новае жыццё пайшло ў Антона Васкевіча пасля гэтага рэферэндуму. Урэшце ён і тут, у вёсцы, перастаў адчуваць сваё адзіноцтва.
Праўда, спачатку, мо з тыдзень, разбіраючы бібліятэчныя часопісы і газеты, ён баяўся ўбачыць сярод іх павестку «куды трэба», а калі пад’язджаў гарадскі аўтобус, прыпадаў да акна, стараючыся разгледзець чалавека, які прыехаў яго арыштоўваць. Але не было ніякай павесткі, не прыязджаў ніякі чалавек. І Васкевіч супакоіўся, сказаў сабе: «Нічога не баяцца, нічога не аналізаваць, не шкадаваць ні аб чым – проста жыць як усе, і гары ўсё агнём! Стаў ты як усе – і цябе прызналі за свайго, з Ірэн пазнаёміўся (Васкевіч у думках зваў яе толькі так – Ірэн – без канчатка), міліцыянеру спадабаўся, Ручка прывязаўся да цябе, як кот прыблудны...»
Пазней, успамінаючы гэты свой адрэзак жыцця, Васкевіч так і не змог сабе вытлумачыць, як ён умудраўся жыць так бяздумна, бязладна – і нават не заўважаць гэтага. Як мог ён, «жаваранак», спаць да дзесяці, адзінаццаці гадзін раніцы? Зусім нічога не рабіць дома, не памагаць матцы – і не мучыцца ад гэтага, лічыць, што так і трэба... Кажнюткі вечар піць з Ручкам, гадзінамі праседжваць у бібліятэцы з непаўналетняй дзяўчынкаю, а потым, на вачах дзвюх вёсак, лесам праводзіць яе дамоў...
Але ўсё менавіта так і было. Ён прачынаўся, калі двор і хата былі ўжо заліты яркім веснавым сонцам, галіўся, а то мог і не галіцца, снедаў, цягнуўся ў Двароўку; у бібліятэцы чытаў, слухаў прыёмнік, курыў, чакаў дзённага аўтобуса, якім павінна была прыехаць Наташа... Прыязджала Наташа. Былі грошы – Васкевіч альбо сам ішоў у магазін купляць што там будзе – «чарніла», шампанскае, гарэлку, – альбо пасылаў яе. Яна ахвотна ішла, і Васкевіч ведаў чаму: з ім цвярозым ёй было нецікава, ім не было пра што гаварыць. Сядзець і моўчкі цалавацца? І колькі можна так вытрымаць? Затое як усё змянялася, варта было яму выпіць шклянку віна ці трохі гарэлкі! Ажываў, весялеў Васкевіч, гадзінамі мог малаціць пра свой «Менск»... Змянялася, бачачы, што ён змяніўся, Наташа, зусім інакш пачынала глядзець на яго... Змянялася ўсё навокал, і Васкевіч зноў пачынаў любіць сябе такога, яе такую, вочы яе, рыжыя валасы, рукі ў пісягах чарніла, школьны пярэднічак і кофту, і яму ўжо не здавалася саромным, што кофта гэтая хутчэй за ўсё сястрынская...
Калі не было грошай – Васкевіч упрошваў дзяўчынку астацца, і яна, як і тады, пры першай сустрэчы, пакорліва сядзела, чакала, гартала часопісы. Пад вечар прыходзіў Ручка, з грашыма ці з самагонкаю. Выпівалі. Асабліва падабалася Васкевічу, што нехлямяжны Ручка, вясковы затурканы мужычок, так змяняецца пры Наташы, перастае «гнуць кручкі», стараецца як бы не заўважаць яе, паказваючы ўсяляк, што «не глядзіце і вы на мяне, рабіце што хочаце, а мне галоўнае выпіць і закусіць». Збіралася сыходзіць дамоў Наташа – і Ручка адразу ж падымаўся, хуценька дапіваў, даядаў і маўчком знікаў з вачэй.
Васкевіч ішоў праводзіць дзяўчынку. Яна жыла недалёка, за які кіламетр ад бібліятэкі, на ўскрайку Бокаўкі. Стаяў ужо красавік, цёплы, сухі; зеляніўся, харашэў лес, праз які трэба было ісці. На палянцы, акружанай арэшнікам, абсыпанай зялёнымі латкамі заечага шчаўя, бел-блакітнага пяшчотнага кураслепу, на палянцы, з якой добра праглядалася Наташына хата – новы фінскі домік (такія будавалі знарок для перасяленцаў), яны цалаваліся да таго, што вусны сохлі, да адурэння, калі ўжо абоім не хацелася, але і адарвацца было немагчыма... Потым Васкевіч перадаваў дзяўчынцы партфель, які падносіў, і вяртаўся дахаты, шчаслівы, малады, задаволены сабою і ўсім светам.
Ён сам са здзіўленнем адзначаў гэтую перамену сябе, усё часцей думаў: «А можа, і добра, што мяне вытурылі? Пакаралі, як таго шчупака, адпусціўшы ў ваду...»
Антон не ведаў, якія плёткі ўжо ходзяць пра яго па ўсіх вёсках. Калі б і пачуў штосьці, не паверыў бы – наадварот, яму здавалася, што цяпер яго можна толькі любіць, хваліць, бо ён урэшце ўпісаўся ў той побыт, з якога выйшаў, змог стаць такім, як і ўсе вакол, звычайным вясковым хлопцам, які за пляшку паможа кожнаму, хто папросіць, папілаваць дровы, вывезці і раскідаць на соткі гной, падладзіць стары плот, заўсёды разам з Ручкам паможа вынесці са склада і пагрузіць на машыну скрынкі з тараю, разгрузіць муку, камбікорм, латкі з хлебам (за што прадаўшчыца пачала даваць яму напавер выпіўку).
Бывала, па цэлых тыднях акрамя Ручкі, Наташы ды прадаўшчыцы, якая прасіла памагчы, у бібліятэку не заглядала ніводная душа.
Васкевіч перастаў супраціўляцца жыццю, бязвольна паплыў па ім, але, як часта бывае, варта было яму пусціць усё на самацёк, як менавіта тады яму пачало шэнціць. Набыў сяброў, сышлі з рук фокусы на рэферэндуме, пакахаўся з Наташаю; мала таго – прыязджалі ў бібліятэку з горада з праверкаю і пахвалілі яго.
«Пазікам», што развозіў новыя кнігі, прыехала сама дырэктарка Валянціна Мікалаеўна. Быў дзень, Васкевіч быў яшчэ цвярозы і смірненька чытаў сабе за «кафедрай». Валянціна Мікалаеўна, здзівіўшыся, сказала, што яны зараз аб’ехалі некалькі філіялаў і ён, Васкевіч, адзіны загадчык, які аказаўся на месцы. Яна закурыла, прайшлася па бібліятэцы, агледзела стэлажы, кніжную выстаўку «Жыве Беларусь», пагартала журнал, фармуляры, пахваліла, што чыста, падышла адчыніла скрынку алфавітнага каталога:
– С ума сойти! – толькі і сказала. – Ты что, весь каталог расставил?
Васкевіч прызнаўся, што алфавітны сяк-так расставіў, а ў сістэматычным заблытаўся.
– Да здесь сколько эта библиотека существует, никто никогда каталогами не занимался! Вот, я всегда говорила, что мужчина-библиотекарь лучше за баб, – заключыла Валянціна Мікалаеўна.
Гомельская вобласць, калі хто ўспомніць газеты тых дзён, прагаласавала «за Саюз» дзевяностамі працэнтамі насельніцтва; «наиболее дружно, – адзначала «Советская Белоруссия», – голосовали именно в тех районах, которые больше пострадали от Чернобыля». Васкевічаў раён якраз і быў з такіх. Візіт дырэктаркі, а таксама добрыя паказчыкі на выбарах, відаць, і паслужылі таму, што калі Васкевіч прыехаў у горад па палучку, яму ад аддзела культуры ўручылі вымпел – за харошую работу на сяле. Які ні быў гэты вымпел незаслужаны, Васкевіч з гонарам павесіў яго на віднае месца. Прыязджаў сваім «Масквічом» Лобан з сельсавета і таксама пахваліў Васкевіча, сказаў бабцы, што стаяла ў дзвярах, прыціскаючы па сваёй звычцы худыя рукі да грудзей:
– Бачыце, колькі парабіў, а ўжо во – сцяжок заслужыў.
– Такіх заведушчых пашукаць! – ільсціла бабка (яна апошнім часам, калі пачалі садзіць бульбу, зусім не заяўлялася ў бібліятэку, Васкевіч сам падмятаў або Наташа).
Другая пасля вымпела падзея за гэты месяц была тая, што Васкевічу ўдалося выратаваць свайго новага сябрука, Ручку. Пайшоў неяк у сельсавет – раз у квартал сельсавет выпісваў для бібліятэкі невялікія грошы на канцылярскія расходы – і ў калідоры, перад дзвярыма прыёмнай убачыў цвярозага няшчаснага Ручку, у сваёй кухвайцы, у спартыўнай шапачцы...
– Што ты тут робіш?
– У алтэпэ адпраўляюць! – ён учапіўся ў Васкевіча, як клешч. – Памажы, хадзем са мною, я гаварыць не ўмею...
Хадзем дык хадзем. Неўзабаве з дзвярэй выглянуў сакратар Лізун і кіўнуў Ручку пальцам – заходзь. У кабінеце старшыні сядзелі сам Лобан, яшчэ пару незнаёмых Васкевічу чалавек; малады ўчастковы, рослы, строгі сваёй формай і незнятай фуражкаю, стаяў збоку стала з паперкаю ў руцэ.
– Ну што, лячыцца пайдзёш! – аб’явіў ён, калі Ручка з Васкевічам спыніліся ў парозе. Ручка сцягнуў шапачку і пачаў камечыць яе ў далонях.
Васкевіч кашлянуў і ветліва папрасіў слова.
– Адваката прывёў! – засмяяўся Лобан. Васкевіч раней і не думаў, як гэта, аказваецца, лёгка і прыемна – абараняць словамі не сябе, а чужога чалавека. Інтуіцыя падказала яму, што гаварыць трэба напышліва, штосьці банальнае, усім тут даўно вядомае, – ён так і рабіў: казаў пра няшчасную матку на кіёчках, якой ніхто не прынясе цяпер вады, буханку хлеба з магазіна, пра тое, што ніякае ЛПП не паможа, калі чалавек сам сабе не дасць рады...
– І яшчэ, – захапіўшыся, казаў Васкевіч, – смех смехам, а гэты вось так званы п’яніца ўсіх нас корміць! Пра гэта падумайце. Цэлую зіму вазіў на поле гной, цяпер будзе араць, потым жаць, капаць...
– «Капаць»! – не вытрымаў, перадражніў участковы, з нянавісцю гледзячы на Васкевіча. – А тое, што ён п’яны ў трактар лезе, па вуліцах ездзіць, колькі разоў у канаву куляўся – трактар выцягнуць не маглі! Дык што, чакаць пакуль ён ці сам сабе галаву скруціць, ці чалавека пераедзе, ці трактар угробіць?!
Але «высокі суд» нечакана падтрымаў не ўчастковага, а Васкевіча.
– Не, праўда, Лёня, – мякка звярнуўся да гарачага ўчастковага Лобан, – забярэце яго ўжо зімою, калі работы вялікай не будзе.
Пасмяяліся, ды так і замялі. А ўвечары Ручка зацягнуў Васкевіча да сябе дамоў і яны добра замачылі гэтую чарговую, мо ўжо чацвёртую ці пятую па ліку, адтэрміноўку ў «прафілак» адзінага на дзве вёскі трактарыста. Радая маці сноўдалася каля стала на сваіх кіёчках і ўсё ўпрошвала Васкевіча памагчы як-небудзь жаніць «Валеру» – і зноў Васкевіча ўражвала, што для яе гэты Ручка – Валера, такі ж, як і ўсе, хлопец, і яна верыць, што варта яму толькі захацець, і ён так лёгка пойдзе і ажэніцца.
XVІІ
Цвярозага, Васкевіча Наташа часамі проста палохала.
– Антон, у цябе праўда была тая, Лена? – спытала яна раз.
Яны стаялі на сваёй арэшнікавай паляне недалёка ад першых хат Бокаўкі. Быў рэдкі вясновы прыцемак, каля вушэй звінелі раннія рэдкія камары, якія яшчэ не кусаюцца. Наташа абламала галінку арэшніку і абдзірала пупышкі, чакаючы адказу.
Васкевіч даўно ведаў, што яна па-сапраўднаму ўжо закахалася ў яго, што яна ўцякае з урокаў, каб прыехаць у бібліятэку дзённым аўтобусам, – але якраз гэта яго і пачало палохаць. Спытай ў яго хто тады, узімку, калі ён упершыню ўбачыў тую школьную форму і ўспомніў сябе-школьніка – «хочаш, каб гэтая дзяўчынка закахалася ў цябе і бегала за табою?» – ён назваў бы гэта шчасцем, большага за якое і не трэба... І вось так і адбылося, і менавіта гэта і палохала яго. Як і цяпер, на палянцы, у веснавым паўзмроку.
– Ну як была... – сказаў ён няпэўна. – Была, вядома! Лена, дружылі з ёю...
– Тады чаму ты нават не... спрабуеш?
– Што?
– Таго, што хлопцу трэба ад дзеўкі, – спакойна адказала яна. – Са мною табе не хочацца гэтага?
Для Васкевіча гэтыя словы былі вядром вады на галаву. Што яна кажа?! Дзяўчынка, для якой, ён лічыў, і пацалункі занадта ў такіх гадах! Ды ці сапраўды не было ў яе нікога? Калі былі... тады, вядома, ён у яе вачах – проста асёл...
Ён стаяў і маўчаў, перасыпаючы ў галаве словы, шукаючы і не могучы знайсці адпаведны тон для гэтых слоў. Звесці ўсё на жарт? Або стаць смелым, вось цяпер паказаць, што ён умее не толькі цалавацца? Або стаць грубым, з’едлівым, сказаць: «Ідзі вучы ўрокі, і калі ляжаш спаць, не забудзь узяць з сабою ў ложак ляльку»?
Ён баяўся, каб яна не зразумела гэтае яго маўчанне па-свойму; але яна, відаць, якраз неяк па-свойму і зразумела, сказала ціха, упэўнена:
– Ніякай любві без гэтага не бывае, – намацала яго руку і забрала партфель. – А заўтра мы едзем дадому... На Магілёўшчыну.
– Ну і што?
– Нічога. На цэлы тыдзень... А потым, мабыць, назусім паедзем... А так не хочацца!
– Ну і што? – паўтарыў ён, адчуўшы, што яна зразумела, што нечым пакрыўдзіла яго, і цяпер загладжвае гэта.
– Нічога. Добра, я пайшла...
І пайшла. Яму стала шкада яе, і захацелася, пазваць, але яна сама раптам спынілася, павярнулася, папрасіла з пяшчотай, надзеяй у голасе:
– Хочаш, прыходзь сёння ўночы? Я не буду спаць!
Вунь маё акно, самае з краю... – і пабегла, не азіраючыся.
Ідучы дамоў, Васкевіч, як заўсёды падчас хадзьбы, трохі абдумаўся. Закурыў, спытаў сябе – а папраўдзе, што ён ад гэтай дзяўчынкі хацеў і хоча? Сапраўды, чаму ў яго ніколі нават у думках не йшло нічога далей за пацалункі? Калі адказваць шчыра, выходзіла: яна яму трэба ад адзіноты, каб прыбягала, сядзела, слухала яго, як Лена некалі казала, «балталёгію», каб глядзела, як ён выпівае... Каб пацалавацца, дакрануцца да нечага свежага, таго, што недабраў, будучы сам у тым жа сёмым класе, калі ў іх яшчэ не было моды сур’ёзна гуляць з дзяўчынкамі. Другое – яна патрэбна яму для самалюбства, людзі ж бачаць, ведаюць, што яна сама да яго бегае, а значыць, відаць, і больш паважаюць яго за гэта як хлопца...
Добра – тады што рабіць сёння ноччу?
Ісці, падкрадацца пад акно, шкрэбціся ў шыбу, каб маці не пачула... Яна выйдзе, ці вылезе праз акно, мокра, цёмна... Кофтачка сястры, якую давядзецца здымаць... Не тое, не!
Васкевіч жыва адчуў знаёмае пачуццё – такое ж, як некалі ў войску, калі хлопцы-хахлы ігралі «гапак», такое ж, як на нядаўнім рэферэндуме, калі бабка з зяцем Іванам прыбраліся святочна... Гэта было пачуццё саромнасці. За сябе, за Наташу з яе кофтачкай, за сваю і Наташыну маці...
Ён незаўважна адмахаў чатыры кіламетры і, падыходзячы ўжо да хаты, вырашыў цвёрда – нікуды не ісці, лягаць спаць.
Дома, пакуль еў, маці сядзела ля печы на падлозе і перабірала цыбулю на разасланай хустцы. Яна чамусьці маўчала, толькі штораз зіркаючы на сына спадылба. Паеўшы, Васкевіч падняўся ісці на двор курыць, і тут маці аж крыкнула:
– Куды зноў?! Ану, сядзь!
Васкевіч застыў ад нечаканасці, але паслухаўся, паклаў на падаконнік цыгарэты, прысеў.
– Нашто, от ты мне скажы, ты курыш? Нашто ты стаў піць так бязбожна?!
Шоргала ў пальцах цыбуля, разляталася па ўсёй хустцы шалупінне. Васкевіч маўчаў.
– Нашто ты зводзіш тую дзевачку? – пытала маці тым жа голасам, але ясна было – не сынава курыва і выпіўкі для яе галоўнае, а вось гэтыя словы галоўныя. – Ты здурэў, ці што?
Ізноў не дачакаўшыся адказу, ужо крыху мякчэй, ушчуваючы, маці загаварыла:
– Усе ж людзі знаюць... Гэта ж дзярэўня, як у той песні – «ад людзей на дзярэўні не спратацца»... Нашто яна табе? Ты знаеш, з якой яна сям’і? Яны ж п’юць усе ўпокат! І бацька той, і матка, і сын, і тая большая дзеўка —там жа не хата, а карчма, як Юлен кажа. Шынок! Ты знаеш, што яе сястра ў яе годы радзіла двойню? І так і жыве без чалавека. Куды ты лезеш?
– Куды я лезу? – раздражнёна перабіў Антон, для якога, сапраўды, чуць усё гэта было ў навіну; ён ніколі раней проста не хацеў цікавіцца гэтым.
– А нашто ты яе зводзіш? Ты хіба жаніцца з ёю будзеш?
– Яшчэ невядома, хто каго зводзіць... А па-другое, што за «жаніцца»? Адкуль узялося «жаніцца»?
– Тады нашто ты яе зводзіш? – не ўнімалася маці. – Яна ж да цябе бегае, не знаю, што вы там робіце...
– Ты не знаеш, затое я знаю! Мы нічога з ёю не робім!
Маці ўзрадвана ўглядзелася ў яго.
– Праўда? – спытала зусім мяккім, ласкавым голасам. – Не маніш, сынок? Не рабі, не рабі нічога... Лепш гарэлкі чарку выпі, калі так хочацца, а ў такое дзела не лезь...
Злы невядома на каго, Васкевіч выскачыў на двор, пакурыў. Вырашыў прайсціся вуліцай да шашы, каб супакоіцца; пайшоў, праходзячы паўз Пульсавую хату, глянуў – цёмна. На шашы, ад якой пахла мазутам і бензінам, пафутболіў каменьчыкі – і неяк міжволі, бы чорт круціў усярэдзіне, хутка пашыбаваў на Двароўку. Без усялякіх планаў – проста хады патрабавалі маладыя ногі, а думкі хацелі той размеранасці, якую дае хада.
Яшчэ здалёк убачыў святло ў «клубе», успомніў – сёння ж пятніца, «маладзёж» гуляе! Зайшоў у «клуб», мацаючы па кішэнях, ці з сабою ключы, і застаў знаёмую вясёлую кампанію, з Ірэнай уключна. Зноў іграў магнітафон, хлопцы гулялі ў «храпа», дзяўчаты сядзелі асобна, нязменны слоік самагонкі на падлозе каля карцёжнікаў... Сустрэлі Васкевіча радаснымі воклічамі, Люда нават падбегла і чмокнула яго ў шчаку. Пеця адразу ж паднёс яму чарку. Васкевіч выпіў, паглядзеў, як гуляюць, і яшчэ выпіў, і яшчэ... Паспрабаваў абняць Люду, але тая, на яго здзіўленне, рэзка скінула яго руку са сваіх плячэй:
– У цябе што, няма каго абдымаць? Вунь, лес перайдзі.
– Хай воўк лесам ходзіць, – смеючыся, ляпнуў абы-што Васкевіч. Яму стала сорамна, і ад гэтага чамусьці захацелася паказваць сябе больш п’яным, чым ён быў.
Ён, знарок хістаючыся, падышоў да Ірэны, якая, у кароткай джынсавай спадніцы, у вязаным доўгім світары, паклаўшы нага на нагу, сядзела ў кутку і курыла.
– Ірэн, хочаш, вып’ем? – сказаў Васкевіч, мосцячыся побач.
– Давай.
Ён кінуўся, прынёс, выпілі з адной шклянкі.
– Ірэн, помніш рэферэндум? Як мы міліцыянера напаілі?
– Его или тебя?
– Ну-у, Ірэн... Мяне цяжка напаіць!
– Тоже мне, герой... Дурак, я же боялась тогда за тебя. Ты хоть помнишь, что ты тогда...
– Давай «зліняем» адсюль, – ціха сказаў ён, азіраючыся. – Пасядзім у бібліятэцы, пакурым... У мяне ключы ёсць.
– А сигареты?
Ён паляпаў па кішэні. Яны зайшлі ў цёмную бібліятэку, і Васкевіч, забыўшы на ключы ў замку, забыўшы на ўсё, проста тут, каля ганку прыпаў вуснамі да яе вуснаў, якія пахлі сзмагонкаю. Дзяўчына прыціснулася да яго ўсім целам, нагамі, і ён зразумеў, адчуў, што гэта – не школьніца Наташа.
– Закрой дверь, – загадала Ірэна, адрываючыся ад яго.
«Мудра! Вось так і трэба... Проста загадвай мне, а я буду выконваць...»
Замкнуў, у цемры намацаў яе руку, падвёў да крэсла...
– Спокойнее, вот это я сделаю сама, – п’яным гарачым шэптам азвалася яна і засмяялася.