355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Федарэнка » Нічые » Текст книги (страница 31)
Нічые
  • Текст добавлен: 28 апреля 2017, 18:30

Текст книги "Нічые"


Автор книги: Андрэй Федарэнка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 31 (всего у книги 34 страниц)

Частка чацвёртая

1

Трухановіч зусім не здзівіўся гэтаму перамяшчэнню. Плаваючы паміж эпохамі, жывучы адначасова двума жыццямі, ён спакваля – сон за сном, запіс за запісам – падрыхтаваў сябе да таго, што два гэтыя жыцці, як дзве няроўныя, непаралельныя прамыя паступова будуць усё больш выраўнівацца, рабіцца паралельнымі, збліжацца – пакуль не сальюцца, не злучацца нарэшце ў адну…

Іншае было цікава: і ў тым, і ў гэтым часах ён помніў толькі да нейкай пэўнай мяжы – у тым, «будучым», успаміны абрываліся на вяртанні свайго двайніка з Мачулішчаў у Мінск, у гэтым, «мінулым» – на прыбыцці ў вёску, на знаёмстве з сямейнікамі і ў камору ўладкаванні.

Ён пстрычкаю і цытатаю з ранняга Коласа:

– Куды сабраўся? А пачпарт у цябе ёсць? – прагнаў прусака (той схаваўся ў шчыліне стала), прабег вачыма, як бы пераправерыў яшчэ раз асноўныя этапы прыгодаў свайго мінскага цёзкі з прозвішчам без «іч»… Потым запіхнуў пажоўклыя аркушыкі пад сяннік тапчана, патушыў газоўку і ў поўнай цемры, памалу, звыкла выставіўшы наперад руку, выбраўся ў сенцы, а адтуль – у двор. Было позна. Усё жывое і нежывое спала даўно. Толькі адзін з сабак ціха бразнуў ланцугом недзе блізка, але нават з будкі не вылез, – за гэтыя тры дні, што прайшлі ад часу яго прыезда сюды, сабакі паспелі прывыкнуць да яго.

Ён хацеў выйсці з двара, пайсці далей, на тое месца, якое днём відаць было з акенца каморы – дзе поплаў, і каля рэчкі алешнік. Але пабаяўся заблудзіцца ў цемры.

Прысеў на калоду каля сцяны. З усіх бакоў яго атуляла ноч. Цемра, густата яе, парная цеплыня яе адчуваліся ім фізічна, здаваліся ватнымі, вязкімі, вадкімі – нібы ён, як рыбіна, нарэшце апынуўся ў роднай воднай сваёй стыхіі, у цёплым начным акіяне.

Ён глядзеў перад сабой, амаль нічога не бачачы, прыслухоўваўся, амаль нічога не чуючы, усміхаўся сам сабе і думаў, што вось ужо тры дні пражыў ён тут, і гэтага часу было дастаткова, каб агледзецца, абнюхацца, асвойтацца, каб утрамбавалася ўсё ў галаве і каб можна было пачынаць рабіць нейкія высновы. Першая з якіх – усё зусім не так і кепска, як уяўлялася ў шпіталі.

Цяпер можна было з усмешкаю ўспамінаць нядаўнія свае «страхі», напрыклад, хоць бы тую ж сустрэчу з так званымі «родзічамісваякамі», тое, што калі выкрыецца яго, хай сабе і ненаўмыснае, шарлатанства і высветліцца, што ён ніхто гэтым людзям – наляцяць, аблаюць, абражаць пачнуць, насміхацца… Прагоняць. Дык гэта яшчэ паўбяды. А то (чаму б і не? Мо гэта толькі на людзях ягоны «бацька» такі добранькі, усё Бога згадвае, а дома – самы звычайны тыран, самадур) – накінуцца разам са сваім Міканорам, аддубасяць дрынамі да паўсмерці. Можа, і ў шпіталь да яго ездзілі так, для чужых вачэй адводу, і забралі адтуль таму толькі, каб потым на ім злосць спаганяць, крайняга ва ўсім рабіць, бо і такія ж у сем'ях патрэбны, асабліва ў сем'ях старадаўніх, цемрашальскіх…

Пры ўсёй несур’ёзнасці, дзіцячасці такіх апасак была тут пэўная логіка. А што ж, нянькацца з ім? Дзякаваць лёсу, што вось зваліўся на галаву калека, з якога ў вёсцы ніякага толку, які да сялянскай працы непрыгодны, адно кармі самога, дык яшчэ і «без памяці» – як з такім малахольным жыць у адных сценах, яшчэ невядома, што ён адмачыць можа!..

А то на 180 градусаў думкі яго мяняліся. Калі не гэтае – не абразы, не здзек з яго калецтва, дык іншая крайнасць можа ж быць: розныя «ўрачыстыя» сустрэчы, якія пачнуцца, здавалася яму, адразу ж, як толькі ваколіцы абляціць чутка, што Трухановічаў «дурненькі» з вайны вярнуўся. І аб'явіцца рознай радні, пацягнуцца чарадою, не паспее ён парог пераступіць, і будуць так бясконца швэндацца – то ў хату, то з хаты, як у маўзалей ці ў звярынец, усе гэтыя суседзізнаёмыя, з якімі яго ніхто не знаёміў, кумысваты ды хросныяхроснікі, з якімі ён нікога не сватаў і не хрысціў, ды «сябры маленства», аб якіх ён паняцця не мае і якіх першы раз у жыцці бачыць. І пад кожнага трэба будзе падладжвацца, кожнаму даваць увагу, вітацца, усміхацца, ківаць, падтакваць, гвалтаваць сябе, ламаць камедыю, тупую ўсмешлівую маску на твар насунуўшы!..

Аднак на яго вялікае, і прыемнае, здзіўленне нічога падобнага пакуль не адбывалася. Не спраўджваліся шпітальныя страхі. Ніхто ў гэтыя першыя дні яго не турбаваў. Ніякіх нават адведак не было, калі не лічыць Міканоравага сябра, таксама валрэўкамаўца – Якава, які, з яго слоў, нібыта помніў Трухановіча яшчэ «воось такога!» (рука ніжэй калена), дык і гэты Яшка паводзіўся стрымана, у душу з роспытамі не лез, – наадварот, падбадзёрваў надзеяю, што ўсё наладзіцца, абы час, выздаравееш, паправішся, «і ўспомніш усё, дарагі ты мой таварыш, і паваюем мы з табою, хоць і не на ваенных хрантах, але на не менш трудных – мірных!» І больш ніводнага чалавечка. Ці то сама пара такая гарачая была, калі людзям больш светлага дня трэба ўрваць, ці проста да ўсяго яны ўжо прывыклі такім ліхалеццем, усяго набачыліся – мала хіба калек з войнаў павярталася, і ў сваёй вёсцы, і ў суседніх; ну, будзе жыць яшчэ і такі – «няпомняшчы»... А мо самі тагачасныя людзі былі не такія, якімі больш чым праз паўвека зробяцца, можа, гэтыя, саветчынай пакуль яшчэ не перакручаныя, сацыялізмам не пераламаныя, канцлагераў, жабрацтва, вялікіх голаду і холаду не ведаючыя – па самой прыродзе сваёй больш тактоўныя, разумнейшыя, спагадлівейшыя?..

Тое ж самае атрымалася і з новай яго сям’ёю. Прынамсі, у гэтыя першыя дні ён зусім не адчуваў сябе лішнім, непатрэбным. Працаю яго не нагружалі; увогуле, ён неяк адразу пастаўлены быў у такія ўмовы, каб непаўнавартасць яго не адчувалася. Паступова пачало да яго даходзіць, што не раз, не два гэтыя людзі раілісярадзіліся, перш чым забраць яго, і раз ужо вырашылі гэта, дык і ўсё астаняе было імі да драбніц прадумана. Само сабою разумелася, што разам з ім самім цяпер яны ўзвальваюць на свае плечы і ўсе яго клопаты: і дзе жыць яму – выпадак з камораю найлепшы таму доказ, і што есці, і чым займацца… Знойдзецца работа. Лучыны нашчапаць… Грыбыягады – гэта ж такі ў сям’ю прыбытак, бо ў каго здаровага шмат вольнага часу на гэта?.. Рыбная лоўля… Сячкарню, тачыла можна і адной рукою круціць… Вады прынесці, бурака, бульбіну выкапаць, кош паднесці, бацвіння нарваць… Ды абы захацеў – занятак знойдзецца!


2

Але людзі ёсць людзі, яны былі жывыя, а значыць, прадказальныя. Да таго ж у стасунках з людзьмі ў Трухановіча меўся ўжо сякітакі вопыт: прыкідвайся «бяспомным», «кантужаным», і прывыкнуць і рана ці позна адчэпяцца.

Куды больш палохала яго сустрэча з нежывым – тое, што прыедзе ён у вёску, хай змененую, хай васьмідзесяцігадовай даўнасці, але сваю, родную; і якою ж паўстане яна перад ім? Быў у іх у шпіталі адзін, якому рабілі аперацыю на вочы, дык ён не так чакаў дня зняцця з вачэй павязкі, колькі страшыўся гэтага. Яшчэ б – пакуль ёсць спадзеў, датуль ёсць жыццё. А раптам крах? Раптам замест такога цуду, як нанова вернуты зрок – цемра поўная, цемра вечная, і няма больш чакання, няма жыцця… Штосьці падобнае, хоць і не так глыбока, канечне, адчуваў Трухановіч, уяўляючы свой прыезд сюды і агляд вёскі. Як ні соладка было марыцьдумаць пра вырыванне са шпітальнай няволі, як ні жадалася перамен, але боязь знятай з вачэй павязкі прысутнічала, астуджала душу. Гэта ж колькі будзе новага ўсяго! Кожную хвіліну – новае ўражанне, і кожнае – як міністрэс! Ён і без таго сам з сябе дзівіўся, як удаецца яму столькі часу ўтрымлівацца на мяжы явы і вар’яцтва, на такой тонкай павуцінцы балансаваць паміж імі.

Ён баяўся ўбачыць якіясь блізкія, з маленства знаёмыя малюнкі, першароднасці іх баяўся, іншага іхняга ракурсу – і ўсё гэта трэба будзе ўсвядоміць, змірыцца з ім і жыць сярод яго, пастаянна робячы скідку на фізічны час, трымаючы на розуме зменлівасць яго, ды яшчэ і ў такім перакручаным варыянце! Прыблізна тое самае, як бы, жывучы, не старэць, а маладзець, не расці з гадамі, а драбнець, памяншацца, дабіраючыся ў рэшце рэшт да моманту зачацця…

І вось прайшлі тры дні. І аказалася, што не ў далёкае сваё мінулае ён увайшоў, ці, больш дакладана, на скрыпучым возе ўехаў, а ў чужое і новае. Была не сустрэча, а знаёмства. Не гаспадаром ён тут быў, а госцем. Паўтарыўся варыянт з дарогаю. Замест шчымлівасалодкай вастрыні ўражанняў была звычайная цікавасць, больш таго – нават лёгкае расчараванне, калі не сказаць, раздражненне, бо ўвесь час хацелася ўмешвацца і перастаўляць усё тут на свой лад, так, як у яго дзяцінстве было.

Ён чыкільгікаў сваёй новайстарой вуліцай, не пазнаючы амаль нічога і, вядома ж, нікога – нікога з людзей, гэтых лапцюжнасярмяжных, этнаграфічнакаларытных дзяцей лясоў і балот, што шумным гуртам нібыта высыпалі зараз са старонак кніг і з экранаў і паразбрыліся па дварах, пад чаратовыя дахі сваіх маленькіх, смешных, дэкаратыўных хатак… Некаторыя, абапёршыся на плот, віталіся з ім, а тойсёй яшчэ і да шапкі цягнуўся. Ды толькі што яму было да іх? Калі яшчэ не нарадзіўся нават той, хто яго народзіць?

Ён падоўгу ўглядаўся ў павароты вуліц, хаты, дрэвы, платы, студні… І толькі тады яму пачынала здавацца, што ўсё ж нешта ён пазнае. Студня была амаль такая, як і ў ягоным будучым часе, з дубовым развілістым крукам«жураўлём», і стаяла на тым самым месцы – на перапутцы дарог у цэнтры вёскі… Маладая ліпа побач – ну, гэтая дажыве да яго часу… Непадалёку крыж, атрыбут кожнай палескай вёскі – таксама стары знаёмец, абвязаны вышыванымі ручнікамі, у загародак з усіх чатырох бакоў узяты… Зараснікі юных акацый, каля якіх, ці пад якімі праз дзесяцігоддзі пабудуецца школа, дзе ён будзе набірацца розуму…

Вуліца была амаль такая ж – жоўтым вераснёвым сонцам залітая, з курамі ў цёплым пяску, рабая ад плямаў святла і ценю; праўда, была яна нізкая, як лагчына, і ўвесну і ўвосень забірала з падворкаў дажджавую і талую ваду, ператваралася ў цэлы ручай, які ўліваўся ва ўжо сапраўдную рэчку. А ягоная вуліца – пазнейшая, насыпная і асфальтаваная, была ледзь не да вокнаў хат – такую вось радасць зрабілі людзям пасля Чарнобыля, і калі ў першым выпадку вада сцякала на вуліцу, дык у другім – у двары, мала таго – сама тая, на скорую руку насыпаная, вуліца падчас добрага дажджу прасядала, распаўзалася, як аладка, дарожны баласт навальваўся на платы, ламаў іх…

Здавалася, нават хаты некаторыя можна пазнаць было… Хаця не – падман зроку, ілюзія паўтору. Якразтакі хаты ўсе былі чужыя. І стаялі ў іншым парадку, чым у яго часе. Гэтыя як бы ад чужога вока хаваліся, да зямлі прыпадалі, падалей ад вуліцы ўцякалі… Дык і не дзіва: пажары, войны, пярэбары… Не раз, не два ўсё тут мянялася, перабудоўвалася, калі тыя ж хаты па звёнах разбіраліся, на іншае месца пераносіліся… Потым, з часам, патроху багацеючы, гаспадары будаваліся ўжо бліжэй да вуліцы, каб чужаку бачны быў дастатак, а старая хацінка так і заставалася – пад сцёбку, пад хлеўчык, трухлець і дагніваць на далёкім задворку, і часта толькі пагорак, зарослы маліннікам, бур’янам ды ваўчкамі, абазначаў след яе…

Не без цяжкасці Трухановіч адшукаў месца будучай сваёй хаты. Бацькі перабраліся ў гэтую мясцовасць і пачалі будавацца тут позна, пасля вайны. Прыблізна вось тут, на гэтым дзікім дзірване каля рэчкі, – вунь і мост, вунь і граб (ад якога ў будучым жыцці Трухановіч застане толькі вялікі, гладкі і цвёрды, як жалеза, пень, на якім добра будзе гуляць у карты і ў капейкі)…

Так дабраўся ён да рачулкі. Радасць мая, каханне маё, толькі цябе я заўсёды ўспамінаю і ўспамінаць буду. Колькі разоў, калі жыць не хацелася, вечарамі і «начамі, чорнымі ад роспачы, лавіў у яве, ці то ў сне» – цябе, ты стаяла ў мяне ў вачах, я праходзіў тваімі берагамі, праплываў тваімі водамі ў чоўне; раскінуўшы рукі, буслам завісаў над табою… Бульканне перакатаў тваіх было мне музыкай, шэпат сухой асакі і чаратоў тваіх – калыханкаю, і лягчэй станавілася, як ад рукі матчынай, і сэрца балець пераставала, і слязьмі выганяўся страх, і жыць хацелася, і цябе бачыць… Недзе вычытаў Трухановіч, што колькі ні спрамляй раку, яна, як вена на жывым целе, упарта будзе старацца паўтарыць натуральнае сваё рэчышча, свой шлях, свае ўсе павароты і звіліны. Так што рэчка – рачулка яго маленства і юнацтва – была, бадай, адзіным, што практычна не змянілася. У сэнсе, месца знаходжання яе не змянілася. А так – канечне: тут яна была жвавая, з прыткай плынню, з вольхамі, вербамі па берагах… У ягоным часе ўжо не тое: амаль стаячая, мелкая, з мазутнымі плямамі на вадзе, дзе з лысымі, нават без травы берагамі, дзе зарослая лазняком настолькі, што да вады і не падступіцца.

Тут замілоўваў мосцік – такі слаўны, з круглых бярвенцаў, гарбатавыпуклы пасярэдзіне і ніжэйшы на канцах, – куды да яго іхняму пазнейшаму, калі зноўтакі ў сувязі з Чарнобылем, будуючы дарогу, узяліся і за мост – перапнулі рэчку двума бэлькамі, на іх цяпляп накідалі бетонных пліт, усё гэта нязграбна, непрыгожа, крыва, коса, і паехалі, пакінуўшы за сабой, як пасля баявых дзеянняў, пад адхонам насыпу і ў самой рэчцы кучы бетону, кавалкі пліт, шчацінне арматуры…

І ўсё адно гэта была ягоная рэчка! А ўсё астатняе – усё, што змагло дацягнуць да ягонага будучага часу, чамусьці не ўзрушала, не радавала, нічога ў душы не краналася. Струны настальгіі маўчалі. Больш логікі, чым душы, больш халоднага цікаўнага розуму, чым шчымлівага трапяткога сэрца… Замест захаплення ад сустрэчы з усім гэтым – як з першым каханнем, як з маладою маці, як з самім сабою малым (а Трухановіча неаднойчы спакушаў варыянт, не раз яму марылася, што пры такіх тэмпах, калі ўдасца яму ацалець і дажыць да сваіх семідзесятых, гэта значыць, да даты свайго ўласнага нараджэння, і да больш позніх часоў, калі будучы двайнік яго пачне гаварыць, і ў школу пойдзе, – дык цалкам магчымая сітуацыя, што ім удасца ўбачыцца; сустрэча самога з сабою – вось было б здорава! Гэта ж ад колькіх памылак можна было б застрахавацца, папярэдзіць іх, які харошы, надзейны закласці стартавы падмурак для далейшага жыцця!) – замест, словам, радасці спаткання з мілым, дарагім мінулым было будзёнае бясколернае статычнае адчуванне, што проста прыехаў ён у якуюсь цудам захаваную, цывілізацыяй амаль не кранутую, патрыярхальную чужую вёску. Усё было яму тут чужое, і ён быў чужы ўсяму – жывому і нежывому, – прыезджы, часовы госць, заблукалы паміж стагоддзямі, кватарант, дачнік, студэнт «на бульбе»…


3

Яшчэ ў шпіталі, дзе вольнага часу было хоць адбаўляй, Трухановіч часта думаў, і ўсё даўмецца не мог: чаму лёс, ці нейкая іншая вышэйшая сіла, так пасмяяліся з яго? Чаму закінулі ў гэтую глушэчу, бядоцце, рэзрух, а не ў якісь спакойны, ціхі час, у якуюсьці багатую еўрапейскую краіну, дзе няма войнаў, дзе іншая прырода, іншая псіхалогія, дзе сытыя, шчаслівыя людзі не дбаюць пра вечную скарынку хлеба і таму перад імі не стаіць вечнага пытання, як бы шляхам рэвалюцыйнай калатнечы адабраць лішнюю скарынку ў багацейшага суседа?

Ды справа нават не ў гэтым. А ў тым, што якая – пры іншым раскладзе – магла б атрымацца цудоўная магчымасць «бясплатна» свету белага пабачыць! Зрэшты… А хто яго прывязаў тут? Не позна ж яшчэ. Мо і праўда – не сядзець тут сіднем? Дарогі яму адкрытыя, ён вольны... Дакументы нейкія ёсць. У крайнім выпадку Міканор паперу ў валрэўкаме выправіць… Станцыя чыгуначная блізка… Ну, а там? Далей куды? У Гомель эрэсэфэсэраўскі? У Менск – да Купалы? У Маскву – да Горкага? У Вільню – да Гарэцкага? І што ён ім скажа? Пры ўмове, калі яшчэ дабярэцца да іх, ды калі яны яго самі да сябе дапусцяць. Якія такія светлыя перспектывы перад імі намалюе?

Тады, можа, у супрацьлеглы бок? На захад? Праз Варшаву, якую акурат у гэты момант аблажылі войскі Тухачэўскага, – у Германію, Францыю, Англію? Да сваіх жа братоўбеларусцоўэмігрантаў, бо хто яшчэ, акрамя іх, прыме яго – не Керзан жа з Пуанкарэ ці дэ Голем (які, да таго ж, сам пакуль яшчэ дужа дробная фігура)… Ды і свае, эмігранты, – ці прымуць? Ці паціснуцца, ці вызваляць месца для яшчэ аднаго няшчасніка? Які толькі тое і ўмее, што «каркаць» пра лёс іхні незайздросны, перакаціполеўскі… Дык яны гэта лепш за яго ведаюць, такіх аракулаў і без яго нямерана.

У Амерыку – з папярэджаннем пра «вялікую дэпрэсію»? А туды як патрапіць? І дзе знайсці там багатага «спонсара», што пагодзіцца арганізоўваць і аплачваць яму выступленні, на якіх ён будзе баяць заакіянскай, ад цвярозасці ашалелай публіцы пра Другую сусветную вайну, ды пры «Трэцюю – халодную», пра перападзел Еўропы, СталінскаГітлераўскі пакт, пра капіталістычны ды сацыялістычны лагеры…

А самае галоўнае, калі дапусціць дзіва, і раптам знойдзецца якісь, выбачайце, наіўны дурань, і захоча выслухаць яго, і «памагчы матэрыяльна», г.зн. укласці грошы ў яго – чым ён дакажа свае прароцтвы? Чым пацвердзіць, што ён – пасланец будучыні? Ён хоць штонебудзь можа? Акрамя слоў? Можа разбурыць савецкі лад у зародку? Не даць адбыцца калектывізацыі? Папярэдзіць гібель Купалы з Гарэцкім? Не дапусціць вайны, голаду, Чарнобыля? Ён можа намаляваць план канструкцыі касмічнай ракеты? Звышгукавога, ці любога іншага, самалёта? Кампутара, тэлевізара, халадзільніка, магнітафона?..

Ды ў тым і справа, што нічога гэтага ён не можа! Нават простай схемы аўтамата Калашнікава ён не ведае! Нічога ён не можа. Таму не варта пераацэньваць сябе. Не трэба быць вялікім мудрацом, каб зразумець, што нічога добрага не прынясуць яму ні вандроўніцтвы па свеце, ні спробы змяніць ход «гістарычнага воза», а тым больш старанні перакуліць яго, падсеўшы, як тая кандраткрапівінская жабка, пад яго кола…

І тут вось яшчэ што. Такая вымалёўваецца справа – а трэба яму яно? Гэтыя намаганні змяніць нешта, паўплываць на штосьці, умяшацца кудысьці, папярэдзіць кагосьці… Калі ясна, што любое, нават самае нязначнае ўмяшанне ў гістарычны працэс элементарна прывядзе да таго, што… бацькі яго некалі не сустрэнуцца, і ён проста не народзіцца! Во парадокс. Зусім адваротны цяперашняму «хочаш жыць – умей круціцца»; тут, у ягоным выпадку – «хочаш жыць – не варушы нават пальцам!»

…А навокал буяў, адцвітаў сваім запозненым, апошнім ужо колерам ціхі верасень, і ніякай справы не было яму да метафізікі.

Раніцамі доўга трымалася на сівай, жорсткай травеціпцы раса, і акропленыя ёю карункі белага ліпкага павуціння пад раннімі сонечнымі промнямі блішчэлі, пераліваліся, а ў нізінах, дзе павуціння было найбольш, яно здавалася інеем. Неба яшчэ не страціла свайго летнеблакітнага колеру, але вада ў рэчцы, у якой яно адбівалася, была ўжо свінцовасіняя. На поплаве адрасталі па трэцім разе канюшына і дзятлаўнік – галоўкі іх набіваліся між пальцаў, калі ісці босым, а пяты калола нядаўняя пакоша… Бульба амаль уся была выкапана; цешылі вока, абяцаючы неблагі ўраджай, пустыя шэрыя загоны, толькі з дзенідзе чорнымі кругамі на месцах спаленага картапляніку, ды паўз разоры – рады буракоў са свежазялёным, а знізу фіялетавым бацвіннем, ды яшчэ гарбузы дабіраюць апошняе цяпло, валяюцца панамі на пляжы – калі перавярнуць такога нагою, дык адкрыецца белая, як сыр, незагарэлая скура, а ў зямлі застанецца ладная ўмяціна. Доўгія вяроўчыны гарбузніка з агароду запаўзалі на поплаў, блыталіся з травою, пускалі карэньчыкі, урасталі ў зямлю – паспрабуй выдзяры! – і цвілі, цвілі сабе як ні ў чым не бывала буйнымі жоўтымі кветкамі, а потым, дзякуючы познім руплівым пчолам, усяго за якіх пару дзён стваралася завязь – маленькія, з яйка, гарбузікі, якім, канечне, так і не наканавана вырасці.

Недалёкі лес уяўляў сабою жоўтабарвовазялёнае пано. Клыпаючы туды з лазовым, лёгкім пакуль кошыкам, дзе толькі сцізорык, два яблыкі, рэпа і загорнуты ў анучку кавалачак сала, Трухановіч прамінаў скапаныя загоны, у канцы іх прадзіраўся праз сцяну сланечнікаў уперамешку з кукурузаю, затым праз поплаў, пакідаючы на мокрай расе розныя сляды – адзін, як і трэба, пункцірам, другі – суцэльнай паласою, дабіраўся да вузкай, у карчоўі схаванай кладкі праз рэчку.

Ён крочыў гэтай адвечнай сваёй дарогай, звыкла рабіў простыя рухі – такія, як адхінуць галінку, каб не сцёбнула, спружыніўшы, па твары, услухоўваўся ў ранішнія гукі і адчуваў, як кружыцца ў яго галава – ад ціхай радасці жыцця, ад магчымасці існавання, ад таго, што вушы могуць чуць свіст крылаў нейкай птушкі над галавою, нос – удыхаць ядранае вераснёвае паветра, вочы – бачыць барвовае золата бярэзніку і асінніку ўперадзе, скура – адчуваць праз гімнасцёрку здаровую ранішнюю прахалоду… І яму здавалася, не толькі галава, а і сам ён марудна кружыцца ў гэтым коле быцця, як тая вунь сухая хваёвая шыпулька ў вертыкальна павешанай сетцы павуціння.

А калі пачынаўся лес і жоўтазалатая лістота ўзнікала не толькі перад вачыма, а і пад нагамі, і трэба яшчэ час быў, каб прывыклі, пераключыліся з агульнага, «панарамнага», на дэталі вочы, каб маглі пазіраць на гэтае лісце, мох, верас – і не заўважаць іх, бо мэта ж не яны, а запаветная, чырвоная ці карычневая, часта з прыліплым лісцікам, з праедзеным слімаковым следам грыбная шапка, гэты цуд зямны, вяршыня дасканаласці, гэты яшчэ адзін доказ існавання Творцы Найвышняга!..

Тут у лірычнае сузіранне ўмешваўся яго вялікасць прыктычны рэалізм: вось каб многа, вельмі многа баравікоў назбіраць, насушыць – і ў той, будучы час? Якомусь оптаваму скупшчыку… Абагаціцца можна было б… А з гэтага часу ў той – што?.. А зубец наступны ўжо чапляў чарговы выступ, прыводзячы ў рух больш складанае, хоць і больш знаёмае кола – самааналізу. Добра – хай не можа ён, ды і не павінен, умешвацца ў ход гісторыі. Тады якая ўсё ж мэта маёй засылкі сюды? Якая, высокім штылем мовячы, мая тут місія?!

Глушэча гэтая… Убаку ад ліхіх дарог, прыхаваная ад рэвалюцый і войнаў вёсачка – зацішнае, бяспечнае месца… Мора вольнага часу, лес, рэчка, уласнае жытло, заўсёдны кавалак хлеба на стале… А паперы стос? А алоўкаў аж два? Потым: рука скалечаная якая? Левая… Ці не таму, што правай пішуць? Кульгае зноўтакі… Ці не таму, каб не лётаў на злом галавы, а меў магчымасць спакойна пасядзець, агледзецца, падумаць? І тое, што да цяжкай сялянскай працы, якая б увесь вольны час забірала, непрыдатны… І што пабойваюцца яго, і не чапаюць… І што ні да чога і ні да кога ён тут асабліва не прывязаны, а значыць, мае свабоду, найперш духоўную…

Абставіны, фізічны стан, адзінота, чужацкасць усяму і ўсім, незанятасць па гаспадарцы – ці не дужа падазроныя ўсе супадзенні? Як падагадана кімсьці, як знарок створаны для яго гэтыя ідэальныя ўмовы, што не пакідаюць яму ніякіх іншых варыянтаў, а настойліва, адназначна падводзяць да аднагоадзінага і, што важна, даступнага яму занятку.


4

«…Няважна, што робіцца навокал – важна,

што робіцца ў душы»

Даўно, яшчэ ў тым будучым сваім жыцці колькі разоў усё збіраўся ТруханТрухановіч зрабіць такую справу: апісаць вёску сваю, літаральна кожную хату; мала таго – нават узяўся быў аднойчы за гэта, нават прыдумалася, як – ды проста: намаляваць план вёскі, квадрацікамі абазначыўшы хаты, пранумераваць іх… І пішы сабе: «№ 1, хаткахалупа на ўзлеску, жыла Лукер'я, уся ў бародаўках, з іх раслі валасы. Мела дзвюх дачок, Веру і Любу, сама не даядала і іх голадам марыла – усё карове (прымаўка «Лукер'іна карова гладка, як аладка».) Словаімя Лукер'я зробіцца потым агульным, абазначацьме неахайную, запушчаную, сквапную кабету. Лёс Веры з Любаю, калі Лукер'я памерла. Паверыўшы вярбоўцы (асабліва, здаецца, таму, што даюць кожнаму бясплатна тэлевізар) абедзьве паехалі на БАМ, Вера так недзе і згінула, Люба неўзабаве вярнулася з чалавекам, Алікам, – і гэтае імя стане агульным, мянушкаю: «алік» – алкашык, недапечаны, незразумелы… Помніцца, дзівіў ён вёску, акрамя імені свайго, яшчэ тым, што суп сам сабе варыў прама на двары, расклаўшы агонь паміж цаглінак… Ды ці адно гэта! Бог мой, колькі гісторый звязана толькі з гэтай сям'ёю!..

№ 5, пад слівамі, насупраць могілак – глухі Аўрам жыў, адзінадзіны раз за ўсё жыццё выбраўся ў раённы цэнтр і адразу ж, ледзь не на вакзале, трапіў пад машыну – «машына зарэзала», як пасля казалі…

№ 8 – хата «Сярбейца», інакш – серба. Адкуль тут узяўся серб, што ён тут рабіў, куды затым падзеўся? А мо гэта і не серб ніякі, а проста служыў недзе на Балканах чалавек, вось табе і бірка налеплена, вусны пашпарт, гэткая праз усё астатняе жыццё суправаджальная «рэкамендацыйная характарыстыка», і яму, і нашчадкам яго…

Кожная хата – клубок лёсаў, процьма гісторый, цэлыя сагі – з нараджэннямі, смерцямі, радасцямі і бедамі, геаграфічнымі перамяшчэннямі і вяртаннямі… Дык гэта ж усяго толькі макаўка, вяршок, тое, што ён ведае павярхоўна. А каб хоць трохі капнуць глыбей, каб распытаць старэйшых каго?..

Ці ўзяць нежывое, ваколіцы – тут увогуле скарб пад нагамі!

Выкраслі плансхему, сінім фламайстрам пакажы на ёй рэчачкірачулкі, якія на ніводнай, нават буйнога маштабу, тапаграфічнай карце не пазначаны (а між тым існуюць жа яны, гэтыя рачулкі, і назвы маюць!), зялёным – лясы, жоўтым – палі і палянкі, чорным – тарфянікі, і г.д. Пападпісвай: Майстры, Печкі – іх мо штук пяць і ўсе ў розных месцах, Фальварак, Лапленіца, Вудзелкі, Сухі Лясок, Доўгі Лес, Падляскі, Гарэлае, Асіннікі (тыя самыя, дзе і знаходзіўся ў гэтую хвіліну Трухановіч, дзе акурат пад асінаю ў верасе і ўбачыў шапку першага грыба і цяпер прысеў перад ім і, прымінаючы пальцамі верас, вызваляў крэпкую ножку, каб як мага ніжэй, пры самай зямлі зрэзаць яе, потым слімака скалупнуць з пяшчотнабелага нізу, счысціць сцізорыкам жоўтую кроплю следу яго і асцярожна – не злупіць бы заадно і скурку! – адарваць сухі бярозавы лісток з шапкі, і тады – з гэтым белым знакам – грыб робіцца копіяй тых, штучных, шакаладнапернікавых грыбкоў, што прадаюцца ў каробцы наборам па пяць штук у кожным мінскім універсаме)…

Крыніца, Копанка, Гравельныя Ямы… Шупікава Кладка, Мікітава Паляна, Ігнатава Пеля… Што за імя такое – Шупік? Чаму ў гонар яго ўвекавечана звычайная кладка?…

Кожная палянка, кожная лясная прасека, кожная вузкая, як стаць, сцяжынка, крынічка, пеля, балотца, брод, кладка – усё мае свае назвы, свае гісторыі, усё да чагосьці ці да кагосьці прывязана, усё гэта – на добры лад – варта было б запісаць, зафіксаваць, па магчымасці расшыфраваць… Не можа быць, каб не прыгадзілася яно, каб прапала нізавошта, – не кажучы ўжо, што гэта такі ж паўнацэнны элемент вуснай творчасці, як і песня, показка, паданне…

І вось цяпер, на восемдзесят гадоў назад сягнуўшы, якую цудоўную магчымасць здзейсніць такую задумку атрымаў Трухановіч! Ды больш ідэльных умоваў, большай нагоды сто год думай – не прыдумаеш. Прасачыць зараджэнне гэтых назваў, зразумець, адкуль што ўзялося… Альбо добра, не будзем перабольшваць – хоць бы наблізіцца да іх разгадкі, пагаварыць з людзьмі, якія маглі ведаць гэтага таямнічага Шупіка, ці Сярбейца, прадзеды якіх маглі жыць на старадаўніх Майстрах… Ды проста больш пільна паўглядацца ў гэтых мурзатых, галапузых дзяцей, што гойсаюць зараз па вёсцы (дзяды яго будучых аднагодкаў!), супаставіць насенне з плодам, пастарацца ўбачыць у іх, на прыкладзе іх «ланцуговую повязь пакаленяў»…

Не толькі людзі, лёсы іхнія, не толькі тапаграфія ваколіцаў – усё іншае таксама ж не менш цікавае. І гаспадарка, і побыт, і прылады працы, якія ён можа памацаць рукамі, на ўласныя вочы ўбачыць, – усё тое, што да ягонага часу не даехала, растрэслася па дарозе, пагублялася, стала экзотыкай і, у лепшым выпадку, пыліцца недзе на гарышчах, ці схавана ў музеях, ці падносіцца нам у выглядзе ілюстрацый на старонках энцыклапедычных выданняў…

…І вось кош ужо адцягвае руку, а грыбоў чым далей у лес, тым болей – яны ж такія стварэнні, што так і лезуць на вочы, калі не шукаеш іх. Знойдзена палянка. Самы час паабедаць. Беларускім шашлыком (вынаходніцтва Трухана). Так гэта робіцца: не баравікі, не іншыя якіясь «высокародныя» грыбы, а звычайныя маладзенькія сыраежкі лупіш, на ражэнчык нанізваеш: сыраежка, кольца цыбулі, скрыдлік сала – і далей у такой жа паслядоўнасці. Тонкія хваёвыя лапкі пад ніз. Таўсцейшыя галіны «піянерскай» пірамідкаю…

І толькі калі падносіў у жмені да сухога нізу трапяткі агеньчык, усё не могучы прывыкнуць, што сернікі, як і соль, і мыла – раскоша, і трэба эканоміць іх, Трухановіч раптам зразумеў, чаму не зрабіў дагэтуль, і хутчэй за ўсё ніколі ўжо не зробіць, не давядзе да толку свайго плану – скласці своеасаблівую кнігу кшталту «Памяці», прысвечаную роднай вёсцы і яе ваколіцам. Да яго дайшло нарэшце, чаму ён усё адкладвае, апраўданняў шукае, усё не бярэцца за гэтую, на чужы розум несумненна карысную справу.

А не робіць ён яе, бо, як і ў выпадку з умяшаннем у гістарычны працэс, яму і не трэба яе рабіць. Бо няма нерушу. Бо і без яго на гэтай дзялянцы ўсё ўжо да такой ступені вытаптана, выкашана, выбіта, што вольнага лапіка не засталося, што проста ступіць няма куды: усе Мікіцішыны Паляны і Дальнія Логі (з дакладнасцю Ведрычавай пародыі) занятыя дзядамі і бабамі, катамі Барсікамі і баранамі Колямі, каровамі Лысухамі і Барсухамі, што ўся гэтая голая фактабіяграфічнасць, мянушкавая абазначальнасць, літаратурная фатаграфія, фальклорнаэтнаграфічналубковая натура даўнымдаўно ператворана ў сумную самамэту, таму і адваджвае запамінаць, выкарыстоўваць, ужываць – злуючы і раздражняючы з аднаго боку, а з другога – закалыхваючы, падманваючы, прымушаючы забываць, што самая незвычайная, самая цікавая, самая рэальнапраўдзівая гісторыя, чалавечая мянушка, тапаграфічная назва, любая іншая самабытная рэдкасць нічога не вартыя самі па сабе. Не тым цікавая палянка, што яна Данілава ці Мікіцішына, а тым, хто на яе ў дадзены момант пазірае, праз чые вочы, розум і душу яна перадаецца.

Гэта на адной шалі вагаў. А на другой – «Палескія хронікі» ды «Камароўскія кронікі», якія паспрабуй пераплюнь, паміж якімі як уплішчыцца?.. Асабліва яму, ТрухануТрухановічу, начытанаму, напіханаму мастацкімі творамі, набранаму, як грыб дажджавой вадою, чужымі думкамі, цытатамі, вобразамі – да таго, што толькі праз іх, бы праз шкельцы чужых акуляраў, і можа ўспрымаць усё, і ім, гэтым кніжнавыдуманым фантомам, аддае перавагу перад жыццём жывым, перад сапраўднай рэальнасцю!..

Добра. Добра! Калі гэта – побыт, этнаграфія, розныя сакавітыя каларытныя выразы, дыялогі кшталту: «Куды ты зараз?» —«Касіць у Баранні Лог», – калі гэта падаецца табе даўно адпрацаваным матэрыялам, слоўным баластам, нявартым твайго пяра, дык тады што? – пытаў сам у сябе Трухановіч. Ён ляжаў на баку, сухая ігліца калола праз гімнасцёрку, і, як зачараваны, пазіраў на агонь. «Шашлык беларускі» быў з'едзены, ражэньчыкі з астаткамі тлушчу дзелавіта, весела дагаралі цяпер у вагні.

Тады што? – пытаў ў сябе, і адказваў: усё тое ж – уласная душа. Душа, устаўленая ў рамку цела. Адпаведна, літаратура – эгаізм, узяты ў рамку стылю. Толькі такая і выжыве. Бо зменіцца сацыяльны лад, зменіцца ўсё матэрыяльнае, зменіцца клімат і ўся гэтая «пагода з прыродаю і маладзёвай модаю», але чалавек як быў некалі створаны, з усімі недахопамі і вартасцямі, так і застанецца нязменны. Як нязменны і ён, ТруханТрухановіч, і ў тым, і ў гэтым часах.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю