355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Федарэнка » Нічые » Текст книги (страница 25)
Нічые
  • Текст добавлен: 28 апреля 2017, 18:30

Текст книги "Нічые"


Автор книги: Андрэй Федарэнка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 25 (всего у книги 34 страниц)

«Скажы яшчэ штонебудзь, – папрасіў Ведрыч. – Ці ты проста разыгрываеш нас? Прызнайся, што ты празаік, і цяпер проста выдурваешся».

«Не…»

«Лухта, не можа быць! Усе, хто размаўляе пабеларуску, штосьці пішуць. Нацыя пісьменнікаў! У народнай песні дзеўка, жаніхоў перабіраючы, самага першага за тое бракуе, што, ён бачыце, «не піша вершы», – геніяльна!»

«Не слухай яго, – сказаў бялявы. – Я ўжо гадоў дзесяць на мове размаўляю, ні слова не напісаў і не надрукаваў, але дзе б ні быў, з кім бы ні сустрэўся – першае пытанне: «Ты хто, празаік ці паэт?» Ніяк не звыкнуцца, што мову даўнымдаўно пара выводзіць зпад даху гэтага вось будынка!»

«Ну, скажы штонебудзь, – не адчапляўся ад Трухана Ведрыч. – Дзеля мяне – я даўно ўжо не смяяўся».

«Мне вельмі.... даспадобы вашае выступленне, – праўдзіва сказаў Трухан. – Ніколі не чуў такога».

«Оо, цяпер бачу, што ты не такі дурны, як здаешся... Толькі не хвалі мяне многа, бо я люблю страшэнна і яшчэ заплачу, чаго добрага. Не крыўдуеш за дурны? Ну, тады пахвалі мяне яшчэ».

«Магутнае... ды што там, проста цудоўнае выступленне», – падбіраючы словы, паўтарыў Трухан.

Усе, акрамя Ведрыча, засмяяліся.

«Смейцеся, – сказаў ім Ведрыч. – Вось гэта, можа, адзіная сапраўдная беларуская жывая душа сярод нас. Калі не іграе, вядома. Ні злосці, як у вас, ні зайздрасці, сарамлівы, тактоўны... Усё ў яго цудоўна, усё магутна... Як цябе завуць?»

«Алесь. Трухан прозвішча».

«Асофіл… Жартую – Анатоль. Ведрыч прозвішча. Дык а колькі табе гадкоў, кажаш?»

«Дваццаць адзін».

«А мне – дваццаць дзевяць. То чаму ж ты, дзядзька, выкаешся?»

Трухан паціснуў плячыма, даючы зразумець, што не асмельваецца на ты, але калі трэба, дык палічыў бы за гонар.

«Не звяртай увагі, – сказала дзяўчына. – Да яго яшчэ прывыкнуць трэба. А ты адчапіся ад хлопца!»

«Не, хай яшчэ мяне пахваліць. Бо ад вас дачакаешся. Ну?»

«Даспадобы яшчэ, як смела вы… ты размаўляў з вядомымі пісьменнікамі…»

«А, з гэтымі? – Ведрыч спахмурнеў, зрабіў выгляд, што задумаўся, нават прыкрыў даланёю вочы. Тады, падстройваючыся пад мову Трухана, загаварыў таксама знарок сур'ёзна: – Мусібыць такі праўда ваша. А вы іх ведаеце?»

«Канечне! – усклікнуў Трухан. – На выпускных сачыненне пісаў паводле творчасці...»

«А я вось не ведаю іхняй творчасці. Але не адабраю».

Тут Трухан захваляваўся чамусьці, нават сказаць нешта хацеў… Ды прамаўчаў. І ўсе маўчалі, і не адыходзіў ніхто, застылі, нібы ў чаканні канцоўкі вясёлага анекдота.

«…Бо ведаю, што адгарну любую кнігу і ў соты раз прачытаю, як у Замошшы, што каля Заполля, на ўзлеску Востраверхай пушчы каля Мікіцішынага калодзежа, дзе Дзянісава палянка, Сёмкаў дуб, вячысты, рачысты, разложысты, спракавечны, караністы і гэдэ і да бясконцага тэпэ, раскінуўся гожа і высока, і шырока, і далёка, і Іванка помніць яшчэ тыя часы, калі быў малы і бацька саджаў яго на бухматы воз сена, які плыў пад дубам, і каржакаватыя яго галіны чаплялі сена і збівалі з малога шапку... Пародыя, – патлумачыў Трухану Ведрыч. – А ты, мабыць, падумаў, што гэта пачатак якогась эпічнага іхняга палатна?»

Нічога Трухан не падумаў – наадварот, у яго было адчуванне, што Ведрыч агучвае і ягоныя думкі… Вось толькі тое, што яму, Трухану, самнасам здавалася смелым, крамольным адкрыццём было, аказваецца, гэтымі людзьмі даўнымдаўно адкрыта, разабрана, асмеяна і спарадыравана.

«Гэта іхняя проза, – не сунімаўся Ведрыч. – А вось паэзія: «Я дзякую Леніну, што мову мне даў». Дык што, Ленін вынайшаў беларускую мову? Атрымоўваецца, ён быў першы беларускі нацыяналіст? Так? У цябе пытаю».

«Не ведаю...»

«Затое я ведаю. Ніводнага твора ў стол, ніводнага сапраўднага дэсідэнта не далі некалькі пакаленняў! Нонсенс!»

«Ну, ты ўжо таксама, – сказаў бялявы. – Мала нам у дваццатыятрыццатыя было ахвяраў? Ты што, прапаноўваеш…»

«Так. Менавіта гэта і прапаноўваю. Каб хтось свядома напісаў такі твор, за які як мінімум яму свяціла б турма. А як максімум – расстрэл».

Бялявы не знайшоўся, што адказаць.

Гул у фае сціхаў. Чарнявы высунуў руку з гадзіннікам на святло: – «Ого, час!» – і хутка пайшоў з балкона, а за ім і астатнія.


4

Другая пасля перапынку частка была нядоўгая і менш цікавая. Старэйшыя пісьменнікі даседзелі да самага канца. Яны ўжо не пераміргваліся і не перашэптваліся. Выступалі яшчэ людзі, чыталі вершы і прозу, але цяпер, пасля Ведрыча, усё гэта было нейкім прэсным, недасоленым.

Скончылі, абгаварылі час наступнага збору (тут маўклівы сумны чалавек дастаў з кішэні нататнік і штосьці хутка чыркнуў у ім), чалавек колькі яшчэ засталося ў зале, а большасць пасыпала ўніз, займаць чаргу ў гардэроб.

«Дык я вас чакаю, – не папытаў, а сцвердзіў Ведрыч, падыходзячы ў сваім кажусе да Нэлі, Церашкова і Трухана, якія стаялі апошнімі. – Куды вы потым?»

«Да мяне, – адказала Нэлі. – Тут недалёка. Хадзем і ты, калі хочаш. Праўда, я адна сёння, мае паехалі, лядоўня пустая, частаваць няма чым...»

«Во, а я сам хацеў напрасіцца! Толькі, Нэлі, адна ўмова: вершыкаў сваіх не чытаць, добра? Слабенькія ў цябе вершыкі, – і адразу ж, дзелавіта: – Трухана бярэм таксама, ён смешны».

«Як захоча», – сказала Нэлі. А Трухан прамаўчаў, адно з удзячнасцю зірнуў на Ведрыча.

Падышла чарга. Атрымалі: Нэлі сваё кароценькае, да каленяў, бэзавага колеру паліто, зпад якога яе харошыя ножкі былі відаць гэтак сама, як зпад сукенкі, Трухан з Церашковым – курткі. Адышліся, апранаючыся на хаду, да вялікіх, ва ўсю сцяну люстраў.

Яны ўсе ўчатырох адначасова падышлі да гэтых люстраў, і так неяк сталі, і ў адзін і той жа момант зірнулі на свае адбіткі, што, гледзячы збоку, можна было падумаць, яны размясціліся для здымка на групавую фотакартку.

І раптам Трухан збялеў і застыў з уздзетай адной рукою ў рукаво.

У яго ўжо даўно – ад самага перапынку, калі ён курыў на балконе, звінела ў вушах і плыла галава, і, як часта бывае ў чужым шумным месцы, сярод мноства незнаёмых твараў, пачыналі адбывацца гэтыя імгненныя зацямненні свядомасці, правалы памяці, знаёмыя кожнаму – «усё было ўжо некалі са мною, ці снілася мне», з тою розніцай, што для яго гэтая ў прынцыпе бяскрыўдная мешаніна часу з’яўлялася сігналам трывогі, сур’ёзным напамінам, што забывацца нельга: вось яна я, пошасць твая, нікуды не дзелася, заўсёды побач…

Але ж як не ў час гэта!

Ні з таго ні з сяго пачаў аддаляцца, рабіцца ватным ў вушах гоман людзей за спіною, тады зусім сціхла ўсё, і Трухан аглух. Людзі, якіх відаць было ў люстры, расплыліся, расталі, акрамя іх чатырох, і сцены, і столь, і бачная частка гардэробных вешакоў таксама расталі – знікла ўсё, а ў люстры перад імі чатырма з'явілася толькі нейкага бруднаматавага колеру палатно, як экран, як фон на чорнабелых фотаздымках; але і фон гэты не быў аднародны, а змяняўся на вачах – на ім праступалі і рабіліся ўсё больш выразнымі як бы дэкарацыі нейкага вясковага двара, непрыбранага, як нежылога, скрозь парослага счаўрэлай восеньскай травою... Патрэсканая, пабітая смалянымі сучкамі і паточаная шашалем сцяна хаты з вялікімі вокнамі, са складзенымі ў штабель бярвеннямі пад сцяною... Далей – саламяны дах пуні, каля якой стаіць запрэжаны ў калёсы конь, а Ведрыч корміць яго з рук пуком сена... Аброслы доўгімі валасамі, з бародкаю, у злінянай бруднай гімнасцёрцы і ў галіфэ з нашытымі накаленнікамі і латкамі на задніцы, Церашкоў нагнуўся і, прытрымліваючы адной рукой кабуру, што вісіць на баку, другой папраўляе на нагах абмоткі... Каля хаты на краі тоўстага бервяна прымасцілася Нэлі, абвязаная па вочы белай хусткаю, падобная на сястру міласэрнасці, у шэрым андараку, у лапціках; на руках у яе немаўля, спавітае ў латунне... Побач сядзіць ён сам, Трухан, і пстрыкае над немаўлём пальцамі – забаўляе, нібы гэта яго дзіця…

Трухан скалануўся. Усё гэта было імгненным кадрам з нямога чорнабелага кінафільма, ці фрагментам аднаго з тых дзіўных сноў, што апошнім часам пачалі сніцца яму так часта, а вось ужо і на яве пайшлі…

«Ты што?» – Ведрыч стаяў перад ім, ва ўпор на яго пазіраючы.

Вярнуўся гул, вярнуліся знаёмыя адбіткі сцен, столі і вешакоў у люстры… Такі ж самы, знаёмы быў Ведрыч, у сваім новым кажусе, у джынсах і тупаносых чаравіках. На выступ пад люстрамі прысела Нэлі, папраўляючы блішчастыя спражкі на боціках. Бокам да люстраў стаяў Церашкоў, павярнуўшы, бы певень, галаву. Ніхто, акрамя Ведрыча, не звяртаў на Трухана ўвагі.

«Нічога, гэта бывае, – выціраючы з ілба паскудны пот, адчуваючы, што пот гэты праступіў па ўсім целе, вінавата прамовіў Трухан. – Бывае са мною, – дадаў, прыходзячы ў сябе. – Падалося проста».

«І часта?»

«Так, не вельмі… Бывае».

«Тады пайшлі», – загадкава неяк сказаў Ведрыч; прагучала як – пайшлі разбірацца.

На вуліцы – пабялелай і, здавалася, пачысцелай, прыгожай і светлай ад ліхтароў, усе як па камандзе сышліся і разам глыбока ўдыхнулі марозны водар першага ў гэтым годзе снегу.

Ведрыч нацягнуў на галаву сваю рабую шапку з адпушчанымі вушамі, прытупнуў снег падэшвамі моцных чаравікаў. Усё пасавала яму, было да твару: і гэты доўгі кажух, хоць ніхто яшчэ ў кажухах не хадзіў, і зімовая шапка, хоць ніхто яшчэ зімовых не надзяваў, і гэтыя чаравікі, якія моцна, як злітыя, і, відаць, зручна сядзелі на яго нагах і не баяліся ні марозу, ні снегу, ні гразюкі.

«Чым ехаць?» – спытаў Ведрыч, прытупваючы. Прытупваў ён не ад марозіку, а ад таго нецярпення, з якім перабірае нагамі малады застаялы конь у прадчуванні новай, нязведанай дарогі.

«Якое ехаць, тут прайсці крыху, – адказала Нэлі.– За «падкову», на Берасцянскую».

«Што ж, будзе яшчэ адна свая хата ў цэнтры».

Пайшлі – уперадзе Церашкоў з Нэлі, якая ўзяла яго пад руку, Ведрыч з Труханам ззаду.

«Ну што, акрыяў? Дык што з табою было? Чаго спалатнеў?»

«Так… Падалося», – неахвотна адказаў Трухан, адчуваючы, што з такім, як Ведрыч, змяніць тэму будзе няпроста. Да таго ж ён быў абавязаны Ведрычу – з сабою ж узяў, таму вымушаны быў адказваць.

«Ты хворы? – Трухан кіўнуў, але Ведрычу хацелася пачуць: – Я не бачу. Хворы?»

«Ну».

«Лячыцца трэба».

«Усё жыццё толькі тое і раблю…»

Са смехам, гоманам іх абагнала купка моладзі.

«Во дажыўся, – сказаў, гледзячы ўслед, Ведрыч. – Быў час, калі па пальцах мог пералічыць усіх, хто ў Беларусі пабеларуску гаворыць, а цяпер дажыўся – нікога не ведаю! Добра. Што баліць?»

«Лягчэй сказаць, што не баліць…»

«І галава?»

«І галава».

«Як у таго цыркача?» – спытаў Ведрыч.

«Не зразумеў…»

«Ну, цыркач зарабляў грошы тым, што цагліны аб галаву разбіваў; за кожную цагліну плацілі рубель. Яму раяць: «Ты ж мог бы больш разбіваць цаглінаў, тады б і грошай было болей!» – «Мог бы, – адказвае, – толькі галава моцна баліць». Так і ў цябе. Не пакрыўдзіўся?»

«Не, ніколькі», – шчыра адказаў Трухан. І праўда, гэты Ведрычаў цынізм не цынізм, хамства не хамства, а – рэзкасць, ці што, ці нават жорсткасць, чамусьці не толькі не крыўдзілі – наадварот, неяк да месца падаваліся, апраўданымі былі, як бывае апраўданай жорсткасць дактароў ці міліцыянераў. Гэта розныя охі ды ахі, ды саладжавыя спачуванні, якіх наслухаўся Трухан за сваё жыццё і ведаў ім цану, былі б цынічнымі і абразлівымі тут.

«Дык а бацька з маткаю ведаюць, што ў іх сын такі? Што кажуць?»

«Нічога. Іх няма ў мяне», – неабачліва прызнаўся Трухан. І ў той жа момант пашкадаваў аб гэтым.

«Так я і ведаў! – усклікнуў Ведрыч. – Так і знаў, што не ўсё! Ды што ж мне так шэнціць на гэтых убогіх, абдзеленых, сіратаў – на табе, Ведрыч, што Богу нягожа! Калі я ўжо нармальнага чалавека знайду?!»

«Я не напрашваўся, магу пайсці».

«Ды стой, чакай ты… Ну, прабач. Больш не буду… Яшчэ і гонар паказуе. Дай жа мне абвыкнуцца хоць трохі. Ты ж мяне кожнай навіною як паленам глушыш… Добра. Бацькоў няма – а хто ёсць?»

«Дзядзька з цёткаю, дзед з бабаю…»

«Дык ты як калабок? Усё, маўчу, маўчу. Вось я ўжо і прывык. Сірата, хворы, касцюмчык стары, сарочка каляровая… Ну, нічога. Вылечым. Бацькоў заменім, касцюм новы купім, – Ведрыч раптам спыніўся і палез у кішэню. – На табе грошай!»

«Ды перастань ты… Людзі азіраюцца».

«Не хочаш – не трэба. Ну, нічога… Галоўнае, што не пішаш (Трухан пахаладзеў). Бо каб у дадатак да ўсяго яшчэ і паперу крэмзаў!.. А, чакай – ты ж курыш?»

«Мала».

«Усё адно – навучыўся неяк. А гарэлку п’еш?»

«Якая гарэлка…»

«Навучышся, – паабяцаў Ведрыч, як звычайна ці то жартуючы, ці то ўсур’ёз. – І вылечым, і ўсяму навучым».


5

Мінулі «Кнігарню», кінатэатр «Мір», перайшлі трамвайныя рэйкі і пакіраваліся некуды ў двары.

Нэлі жыла ў старым «сталінскім» доме. Дзверы пад’езда былі зачынены на замок з кодам. Па шырокай цёмнай лесвіцы падняліся на чацвёрты паверх, і калі ўвайшлі ў пярэднюю, Ведрыч ахнуў – не ад раскошы, а ад памераў.

«Ну, Нэлі! Гэта ж у футбол гуляць можна. Слухай, можа мне ажаніцца з табою? Такая хата! Харошая хата».

Вялізны калідор, высокая столь, люстры паўз усю сцяну кшталту тых, у доме па Фрунзе, 5; на ўсю падлогу – дыван, панад люстрамі – ліхтарыкі з імітацыяй пад свечкі…

«Харошая хата, – усё паўтараў, распранаючыся, Ведрыч. – Па блату, па блату, спалілі немцы хату…»

Ён не дагаварыў, бо раптам прачыніліся бакавыя дзверы і з цёмнага пакою выйшаў прыземісты белы бультэр’ер. Утаропіўся ў гасцей круглымі сваімі свінячымі вочкамі, натапырыўся ў байцовай стойцы і зарычэў. Замест морды ў яго быў, як і належыць гэтай пародзе, адзін доўгі гарбаты нос.

«Фу! – крыкнула Нэлі, падышла і пагладзіла сабаку. – Гэта яна, не бойцеся, яна не кусаецца, проста шчанюк у яе цяпер».

І праўда, следам з пакою выграблася і, чапляючыся лапкамі за варсісты дыван, падпаўзла да бультэр’ера такая ж беленькая, толькі нашмат меншая пачварка, з такім жа доўгім гарбатым носам. Маці асцярожна, беражліва ўзяла сваё дзіця зубамі за шкірку і панесла назад.

Ведрыч, не бачачы нідзе вешалкі, круціўся з кажухам у руцэ.

«Дай сюды…»

Дзверцы гардэроба былі, аказваецца, проста ў сцяне і расчыняліся, як у электрычцы – у бакі. Церашкоў рассунуў іх, павесіў Ведрычаў кажух і сваю і Труханаву курткі акуратна на «плечыкі»; сам скінуў чаравікі і ўсунуў ногі ў пантофлі.

«Ты, я гляджу, някепска тут арыентуешся», – заўважыў Ведрыч.

«А ты дастаў ужо сваімі немцамі, – агрызнуўся Церашкоў. – Колькі можна? А ты чаго стаіш, – напусціўся раптам на Трухана. – Разувайся, праходзь! Бо ўжо не смешна нават, – ізноў Ведрычу. – У нас… не ў нас, праўда, у суседняй вёсцы, немцы ў вайну некалькі хат спалілі: што ў гэтым смешнага?»

«Праўда? То чаму ж ты раней маўчаў? Дзівак! Такая падзея, а ён маўчыць. Тады канечне – прызнаю сваю памылку…»

«Доўга вы там таптацца будзеце? – Нэлі выглянула з кухні. – Правядзі іх, пакажы. Толькі да Соні лепш не падыходзьце».

«Да каго? – здзівіўся Ведрыч. – Ну вы ўжо зусім – балдзееце, як толькі можна. Сучку чалавечым іменем назвалі…»

«Вось прыбіральня, – паказваў на дзверы Церашкоў. – Там ванна…»

У прыбіральні была нават палічка з кнігамі. Ведрыч выцягнуў адну, з голай бабай на бліскучай супервокладцы, пагартаў, назад паставіў. Зазірнулі ў ванны пакой – і тут рукі ў Ведрыча не гулялі: адкрыў адзін флакон дэзадаранту, панюхаў, другі, трэці; толькі пах чацвёртага яму спадабаўся і ён папшыкаў сабе пад пахі.

«Карыстайся», – працягнуў флакон Трухану.

«Ды перастань ты!..»

«Дарэчы, пра прыбіральню показка. Ведаеш, як немцы савецкіх разведчыкаў лавілі? Рускі першай справаю, адтуль выходзячы, правярае, ці крэсла зашпіленае».

Пайшлі на кухню, такую ж вялікую, прасторную, як і калідор, як і ўсе іншыя пакоі. Нягледзячы на тое, што мэблі было тут можа нават і залішне. Канапа, часопісны столік з крэсламі, у другім кутку яшчэ канапа – скураная. Лядоўня, маразілка, на лядоўні маленькі тэлевізар, на паліцы, прымацаванай да столі ланцугамі, – тэлевізар вялікі…

Цэнтр кухні займаў круглы стол. На ім нічагуткі яшчэ не стаяла, хаця Нэлі каторы ўжо час завіхалася ля яго, як тая Ганна ля печы.

Ведрыч агледзеў пусты стол і без дазволу, з Церашкова беручы прыклад, пасунуўся да лядоўні. Расчыніў.

«Тааак, а тут што мы сёння маем? Што даў нам наш народ…»

«Ды пуста там!»

«Пуста» аказалася кавалкам сыру, бруском сала, бляшанкай шпротаў, дзесяткам яек у завязаным цэлафанавым пакеціку. Усё гэта Ведрыч выклаў на стол, акрамя таго выцягнуў напаследак каструлю, ухапіўшы адной рукой за вуха.

«А ў рондалі што? – зняў накрыўку, панюхаў. – Суп?»

«Быў некалі… Курыным, з лапшою…»

«Локшынамі», – паправіў Ведрыч.

«Ой, локшынамі. Дай, я выллю, пракіс даўно».

«Я табе выллю. Церашкоў, на пліту яго!»

Церашкоў уключыў газ.

«Ну, Нэлі! – сказаў Ведрыч. – Гэта называецца няма чым частаваць? Называецца пустая лядоўня? Біць вас, маладых, няма каму… Так, дзе ў нас патэльня?»

Нэлі задумліва паглядзела ў столь. Потым успомніла:

«У духоўцы, здаецца», – і выцягнула з духоўкі патэльню.

«Большую. Каб увесь дзесятак улез».

«Ты сам будзеш смажыць?» – здзівілася Нэлі.

«Донечка мая, я спец на ўсе рукі. Калі пажэнімся, сама ўбачыш».

Крышачы на патэльню сала, цыбулю, Ведрыч працягваў усчуваць цяперашніх маладых:

«Сала, яйкі, суп для іх ужо не ежа… А ікры не хацелі?»

«Ікры якраз і няма», – вінавата сказала наіўная Нэлі.

«Кабачковай, дзяўчынка, кабачковай! Якой з дня ў дзень душышся… Вунь, Трухан ведае, праўда? Намажаш пальцам скібку…»

«Гатова», – сказаў Церашкоў, здымаючы з пліты каструлю. Сабраўся выключыць газ, але Ведрыч прыкрыкнуў:

«Куды? А смажыць на чым? І што вас усяму вучыць трэба, адкуль у вас толькі рукі растуць! Нэлі, давай талеркі, разлівай суп».

«Я не буду яго есці!»

«Я тым больш, – сказаў Церашкоў. – Атруціцца яшчэ не хапала».

«А мы будзем, праўда, Трухан? Нам хоць смажаныя цвікі».

Мабыць, таму, што Трухан не адказваў, адно пасміхаўся сарамліва, Ведрыч ужо канчаткова залічыў яго ў саюзнікі. Шыпела і цвірчэла на пліце патэльня.

«Колькі тут памяшчаецца? – спытаў Ведрыч, ставячы драўляную падстаўку на стол і прыкідваючы, каб усім льга было дацягнуцца. – За гэтым сталом? Чалавек дзесяць?»

«Роўна трынаццаць, – адказала Нэлі. – Чортаў тузін… Пачакай, ты што, з патэльні сабраўся есці?»

«А як яшчэ яечню ядуць? Канечне».

«Гэта ж тэфлон!»

«Там ён ведае, што гэта такое», – сказаў Церашкоў.

«Павыдумляеце, – прамармытаў Ведрыч, хаваючы разгубленасць; сапраўды, відаць было, ён наўрад ці ведаў, што нельга, каб тэфлон судакранаўся з металам. – Я як лепш хацеў… Каб табе потым менш мыць давялося, ручкі такія далікатныя не псаваць, – дадаў ён, падхалімскім кампліментам загладжваючы промах. – Папрывыкалі вы да гэтых сподачкаў, талерачак… Нам бы з Труханам прасцей, павясковаму, пабеларускі… Праўда, Алесь?»

Нэлі разліла суп па талерках, паставіла перад ім і Труханам, Ведрыч аблізаў лыжку і прынюхаўся да пару. Скрывіўся:

«Не, сапраўды – аддае нечым... Пайшлі, Трухан, выллем!»

«Гэта кажа чалавек, які можа есці смажаныя цвікі?»

Нарэшце ўсё гатова было. Нарэзаныя сыр і сала, адчынена бляшанка шпротаў, падсмажылася яечня. Ведрычу з Труханам, як гасцям, дасталося па тры яйкі, Нэлі з Церашковым – па два. Ведрыч пачысціў цыбуліну, паклаў лустачку сала на хлеб, і ўсё чакаў чагосьці. Нэлі выйшла, неўзабаве вярнулася з чатырохграннай пляшкай у адной руцэ і з чаркамі ў другой.

«Ну, Нэлі! – зусім расчуліўся, расплыўся ва ўсмешцы Ведрыч. – Бацька не будзе сварыцца? Стоп: а гэта што?»

У бутэльцы, у сіняватай вадкасці вертыкальна плавала яшчарка. Самая сапраўдная, з хвастом, з кіпцюрыкамі на лапках.

«Ды звычайны спірт! – засмяялася Нэлі. – Тата з Кітаю прывёз».

«А яшчарка навошта? Для закускі?» – сур’ёзна дапытваўся Ведрыч; пасля канфузу з тэфлонавай патэльняю, мабыць, калі б Нэлі пацвердзіла, дык паверыў бы, што закуска.

«Для прыгажосці. Пі смела, не суп, не атруцішся».

«Мне не трэба», – прыкрыў сваю чарку рукою, калі Ведрыч пацягнуўся да яго з пляшкаю, Церашкоў.

«Мне таксама», – сказаў Трухан.

«А мне крышачку... Каб не думаў, што атрута».

Наліваючы ёй, Ведрыч спытаў:

«Кім твой бацька працуе, я ўсё забываюся? Доктарам?»

«У Бараўлянах, загадчыкам аддзялення».

«Дык хай бы нашага Трухана палячыў… Жартую! Бо ён ужо цямнее, як хмара. Крыўдлівыя ўсе, блін, як не ведаю што!.. Адна Нэлі тут чалавек!»

«Скажы тост, – папрасіла Нэлі. – Не кожны вечар у мяне такія паэты бываюць».

«Нэлі. Я цябе вельмі люблю і паважаю. Гэта ўжо сур’ёзна. Мала таго, што ты такая прыгожанькая, добрая, панашаму гаворыш – дык у цябе яшчэ і талент! І вершы твае проста цуд».

Нэлі пачырванела, Церашкоў гмыкнуў, а Трухану ўспомнілася: «толькі вершыкі свае, Нэлі, не чытай, нікудышныя ў цябе вершыкі»...

«А вы менш мяне слухайце, – параіў Ведрыч, угадаўшы яго думкі. – Не – слухаць, канечне, слухайце, але рабіце пасвойму. Словы ўвогуле мала што значаць у гэтым жыцці… Ну, бывай, розум!»

Уліў у сябе спірт, заперхаўся, скалануўся, заняло дыханне… Але выдужыў. Руку Нэлі, якая падавала запіць шклянку з вадою, адвёў рашуча. Захрумстаў цыбулінай. Трухан спадцішка назіраў за ім. Закусіўшы цыбулінай, Ведрыч узяўся за яечню: толькі жаўток падчапіў, а бялок абрэзаў старанна відэльцам і ссунуў на край талеркі.

«Не люблю, – патлумачыў, заўважыўшы здзіўлены позірк Церашкова. – Асабліва сырыя».

Церашкоў і не піў, і еў мала – сядзеў задумлівы, на сябе не падобны, ці то такім чынам настройваючыся на хуткую і наўрад ці прыемную размову з Нэлі, ці ад таго, што рэўнасць у ім варушылася, бо не яму, а Ведрычу ўвага, а можа таму, што вось так, на вачах, збліжаюцца Ведрыч з Труханам, першы раз адзін аднаго ў жыцці бачачы, а гэта ж ён, Церашкоў, іх звёў…

«Дык што, словы нічога не значыць? – раптам вярнуўся ён да Ведрычавага тоста. – А твае вершы? Тады і твае вершы таксама?»

«Церашкоў, што ты з мяне дурня робіш. Ты выдатна ведаеш, што я маю на ўвазе. Ідзе каласальная дэвальвацыя слоў, прычым знакавых, самых дарагіх… Якія ад частага і тупога паўтарэння выціраюцца да анучы, а мы ўсё эксплуатуем іх, усё выціраем аб іх ногі, а ў выніку губляем нават тых нямногіх чытачоў, што яшчэ засталіся».

«Аа, дык ты ў літаратурным плане?»

«Я ва ўсіх планах. Калі табе сапраўды балюча, не станеш жа ты гарлапаніць на ўвесь свет: ах, які боль я адчуваю, як мне моцна баліць! – а ў нас так і робіцца. Можна казаць – па блату спалілі немцы хату, і разам з тым начамі не спаць, бо сэрца крывёю абліваецца за тую хату няшчасную, а можна трубадурыць на ўсю Іванаўскую – людзі, беражыце мір ва ўсім свеце, малю вас, заклінаю! Чорта з два зберагуць, павер. Слова трэба любіць, ашчаджаць – як ваду ў пустэльні, не крыўдзіць, бо крыўды яно не даруе…»

«Скажы гэта нашым беларусам», – іранічна прамовіў Церашкоў.

«Вось якраз беларусы тут мала пры чым. Калі хочаш ведаць, мову губіць зусім не народ, які нібыта не хоча на ёй размаўляць, нават не чыноўнікі, а гэтыя ўсіх масцей трубадуры з пісьменніцкімі кніжачкамі ў кішэнях, для якіх мастацтва хутчэй арыфметыка, падлік – чым часцей паўтараць, як шаман заклінанне, «Беларусь», «беларусы» і гэдэ – тым лепш, тым верш, паіхняму, больш патрыятычны, чым часцей «хам – храм – Бог» – тым больш ён «хрысціянскі», чым больш у творах усёй гэтай шчымліваняўцешнанесціханабалючай пахучасці, тым больш ён, паіхняму, «лірычны!..»

Упершыню за вечар Трухан бачыў сур ёзнага Ведрыча.


6

Яшчарка ўжо не плавала ў пляшцы, а ляжала пад вуглом, хвастом дастаючы дна, а галавой вытыркаючыся на паверхню. Нэлі раз за разам паглядвала на гадзіннік. Ведрыч падняўся.

«Ну што, – сказаў, пазяхаючы. – У Францыі ёсць харошы звычай: пасядзець крыху, спірту выпіць, яечняй з цыбулінай закусіць – і па дамах».

Нічога Нэлі не адказала на гэта. Значыць, і праўда час быў развітвацца. Нацягваючы кажух у пярэдняй, Ведрыч бурчэў нібыта сам сабе пад нос, але так, каб чуў Церашкоў, які стаяў побач і сам не апранаўся, канечне.

«Шэнціць некаторым… І жонкі, і дзеці, і палюбоўніцы…Усё аднаму! А нам куды з Труханам? Упрочкі, на мароз, на вецер…»

Церашкоў рабіў выгляд, што не чуе. Але, як толькі зачыніліся за імі дзверы, з якой зайздрасцю ён паглядзеў ім услед! З якой радасцю ён пайшоў, пабег бы зараз разам з імі!

Ды нельга было. Трэба дацягваць ролю да канца. А як ты хацеў? – нічога за так, за дарам не даецца, за ўсё трэба плаціць… Захацелася свежай незнаёмай дзяўчынкі? – калі ласка, вунь яна чакае, ідзі… І малі Бога, каб і з ёю ўсё скончылася так, як з іншымі – без вялікіх наступстваў, бо малыя будуць абавязкова, хочаш таго, ці не. Шэнціла яму дасюль, трэба прызнаць, захінаў сваім выратавальным крылом анёлахоўнік, без асаблівых скандалаў, без шантажу, тым больш – цьфуцьфуцьфу – без рук на сябе накладання абыходзілася; мо таму, што і ён, Церашкоў, асцярожна і правільна паводзіў сябе, заўсёды быў – прынамсі, стараўся быць – шчырым перад чарговай пасіяй, да таннай хлусні не апускаўся, адразу папярэджваў, што жанаты і разводзіцца не збіраецца…

Ён заўсёды выконваў толькі пасіўную ролю – не ён шукаў, а яго знаходзілі, яму на шыю чапляліся з юру скручаныя ўчарашнія школьніцы, і самі ініцыіравалі паэтапна ўсе неабходныя прыступкі – аж да самай верхняй, «пасцельнай», і пры гэтым яшчэ самі перконвалі, што ніякіх прэтэнзій да яго няма і быць не можа, нічога нас потым не звяжа…

Цікава, што ведаеш, што нельга гэтага рабіць, а робіш, а пападаешся, а кожны новы раз думаеш – вось яна, не такая, з гэтаю ўжо іменна будзе інакш, лягчэй, прасцей… Нічога падобнага! Тыя ж разборкі ў фінале, тыя ж слёзы, ды папрокі, ды нязменнае «сама вінавата»… Нібы перадаюць яны адна адной адзін і той жа зачытаны сцэнарый, дзе не толькі рэплікі аднолькавыя, а і набраныя курсівам і заключаныя ў дужкі аўтарскія тлумачэннірэмаркі – як трэба у тым ці іншым выпадку паводзіцца.

Церашкоў паплёўся на кухню. Нэлі сядзела згорбіўшыся, склаўшы рукі на каленях… Усё гэта было Церашкову знаёма.

«Во падружыліся", – весела пачаў ён, з прытворным перабольшаным здзіўленнем: можна падумаць, нечаканае збліжэнне Ведрыча з Труханам больш чым што зараз цікавіць яго, найважнейшая яму тэма.

«А табе зайздросна? Раўнуеш?»

«Не выдумляй. Калі Трухана, дык проста шкадую…»

«Вось як? А мяне ты не шкадуеш?»

«У сэнсе? Хіба штонебудзь здарылася? – асцярожна спытаў ён, выдатна ведаючы, што можа здарыцца, і выдатна ведаючы, што гэтага не здарылася, проста ідзе банальная, звычайная ў такіх выпадках праверка – так бы мовіць, разведка боем.

«Здарылася! – перадражніла яна. – Гэтага толькі не хапала. Можа, мне да жонкі тваёй з'ездзіць? Ды расказаць ёй усё?»

Яна помсліва прыжмурылася, а яму ад гэтага смешнага наіву… Вось жа бывае! – гэтая да містыкі невытлумачальная асацыятыўнасць слова і вобраза! Пасадзі чалавека ў камеруадзіночку, прапануй – пад страхам смяротнага пакарання або абяцанку казачнай узнагароды – прыгадаць якісь далёкі ў часе эпізод, напрыклад, зімовы вечар 17 студзеня эннага года, калі чалавек вучыўся ў сёмым класе, і нават раскладзі перад ім тагачасныя ягоныя рэчы: дзённік з раскладам урокаў, падручнік па геаграфіі, сшытак з дыктантамі… Не ведаю, вельмі і вельмі сумняваюся, што з гэтага нешта атрымаецца. А бывае – гэты ні адкуль, ні з чаго ўзніклы збег «абставін, часу і месца дзеяння»: едзеш ты летнім душным днём у тралейбусе, думаеш абы пра што, лена ловіш абрыўкі чужых размоваў… І вось яно! Самыя бязвінныя, самыя нейтральныя словы твайго суседа злева – «тады я яму званю…» – раптам успыхваюць у табе магніем, выбухаюць эмоцыямі, асляпляюць феерверкам успамінаў, і хоць за вакном гарадское лета, а на табе тэніска і шорты, у цябе прабягаюць па спіне мурашкі марозу, як і тады, у няпаленай хаце, калі ўвечары, парабіўшы ўрокі, чакаў матку з працы, глядзеў «Саламяны капялюш» па тэлевізары, аб нагу цёрся жоўты кот (якіх столькі зменіцца з таго часу!), на падлозе жаўцела лушпайка гарбузовай семкі, на спінцы крэсла, хітра распраўленыя, віселі штанцы з разадранай на нядаўнім хакеі калашынаю; і не толькі вечар, а ўвесь семікласны дзень – да самых дробных дэталёвых драбніц, да ўсіх пераменаўперападаў тадышняга настрою пранясецца перад табою за долі секунды!..

Штось такое адбылося з Церашковым і цяпер, пасля Нэлінай пагрозы да жонкі з’ездзіць. Зусім не сцэна разборак палюбоўніцы з жонкаю ўзнікла раптам перад яго вачыма, а – восеньскае позняе сонца, гарбатае, парэзанае бясконцымі разорамі, з цыбукамі картапляніку ў іх бульбяное поле; здалося, адчуў ён непрыемную сухасць брудных пальцаў, ныццё спіны, цяжар поўных кашоў; пачуў, як грукоча высыпаемая ў пусты пакуль яшчэ кузаў трактарца бульба… А галоўнае – згорбленая над разораю дзяўчынка ў белазялёным, як сімвал прамінулага лета, спартыўным касцюме. Мімалётная сустрэча вачыма, абмен усмешкамі, перакідка парай слоў, выпадковы дотык рук – усе гэтыя знешне нібыта пустыя, няважныя, звычайныя дэталі, а на справе – складаная, са шматслойным падтэкстам прэлюдыя флірту, цэлая навука, захапляючая да хмелю ў галаве, да адрэналіну ў крыві – для тых, хто разумее і разбіраецца ў гэтым, канечне, а Церашкоў якраз і разумеў, і разбіраўся. Нічога ў такой навуцы не бывае лішняга, кожная мікраскапічная драбяза нясе сваю важную ролю, кожная дэталь мае свой важкі сэнс і ў выніку ўсё працуе на канчатковую мэту – на збліжэнне. Тут і сумеснасць занятку, і суцішаная навакольная прырода вернутага сярод восені «бабскага» лета, і адсутнасць кантролю – у Нэліным выпадку бацькоўскага, у яго – жончынага, тут і (медалямі на грудзях дэмабілізаванага салдата) той факт, што Церашкоў пасля арміі, жанаты, мае маленькае дзіця; усё гэта ахутвала іхнія з Нэлі адносіны лёгкай смугою крамолы, нават таямнічасцю, неабходнай для збліжэння... Гэта пазней, праз не такі і вялікі час, ужо ў зімнім Мінску, паблякне, забудзецца пекната таго вясковага ціхага верасня, выцвітуць у памяці яго пастэльныя фарбы, пакуль не ператворыца ўсё ў звычайны студэнцкабульбяны раман, «раманчык», якіх кожную восень дзесяткі, сотні; якія для адных – гісторыі кахання, а для іншых – гісторыі хваробы…

Але тады, калі дні з’яўляліся толькі прадвеснікамі вечароў, калі вераснёўскія пахі былі такія вострыя, зоры на небе такія буйныя, цені ад белага месяца такія чорныя і доўгія; калі яны сядзелі, прытуліўшыся адно да аднаго, на лаўцы і ўчарашняя школьніца, непрывычныя да працы, запушчаныя ручкі якой ён трымаў у сваіх, даверліва шаптала, што «мяне ж бацька лёгка мог бы адмазаць ад гэтай бульбы, але я ведала, прадчувала, што нешта павінна здарыцца, што мы сустрэнемся!..»

Церашкоў уздыхнуў. Ну, так. Добра было тады. І зусім не думалася, што настане дзень, ці, як цяпер вось, вечар, калі няведацьмеш, як ад гэтых ручак пазбавіцца.

«Дык з’ездзіць да тваёй жонкі?»

«Нэлі», – сказаў ён і ўзяў яе далонь у сваю. Яна ўспыхнула ад радасці, з падзякаю на яго зірнула, але ў гэты момант пальцы яе намацалі пярсцёнак і яна, бы апёкшыся, хутчэй прыбрала руку.

«Што ты хацеў сказаць?»

«Я? А – успомніў першы курс. Калі з неграм жыў у адным пакоі – памятаеш яго? Нігусі звалі, злосны такі мурын, вечна пануры, я яшчэ пабойваўся яго. Неяк чытаю «ЛіМ», ён падыходзіць ціха ззаду і праз маё плячо таксама ўглядаецца... Пасля яго перасялілі. А аднойчы на калідоры сустракаемся, я кажу – машынальна пабеларуску: «Як жыццё, Нігусі?» Ён варочае бялкамі, як наш Ведрыч, і таксама на чысцюткай беларускай мове, без усялякага акцэнту адказвае: «Гэта мне знаёма!» Уяўляеш? Аказваецца, ён, як папугай, завучваў напамяць назвы лімаўскіх загалоўкаў».


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю