Текст книги "Нічые"
Автор книги: Андрэй Федарэнка
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 27 (всего у книги 34 страниц)
– Заходзьце! – забыўшы, ці не лічачы патрэбным нават удакладніць, хто менавіта ім трэба.
Трухановіч ўжо ўзяўся за ручку дзвярэй. Але нейкая інтуіцыя прымусіла яго азірнуцца. Ён павярнуўся і ўбачыў, што па калідоры спяшаецца сюды і робіць яму знакі пачакаць ягоны «бацька», а з ім, ззаду, яшчэ нейкая рослая дзяўчына ці то маладзіца. Давялося памарудзіць, каб хоць павітацца з імі. Калі яны наблізіліся, ён паспеў адно паціснуць «бацьку» руку, пра сябе адзначыўшы, як прыкметна тырчыць у таго зза халявы пуга: пазнакай заможнасці (тое самае, што цяпер пакручваць на пальцы ключы ад аўтамабіля), і кіўнуць маладзіцы. Вочы іх сустрэліся… Але тут зноў, ужо нецярпліва паклікаў яго Партной, і Трухановіч заспяшаўся ў кабінет, несучы з сабой нейкае трывожнарадаснае, саромнапажадлівае, невядомае і нязведанае дасюль адчуванне якойсьці надзеі, ці, лепш сказаць – падзеі, якая ці то ўжо адбылася ў яго з гэтай маладзіцай, ці толькі будзе яшчэ наперадзе…
Кабінет мала чым розніўся ад сучасных. Хіба што гэты, ваеннашпітальны, абліты мутным святлом слабенькай электрычнай лямпачкі зпад столі, больш шэранька выглядаў і было ў ім, канечне, не так светла ў параўнанні з цяперашнімі. Аднак усе неабходныя медыцынскабальнічныя атрыбуты былі ў наяўнасці: і табліца літар для праверкі зроку, і мыйнік у кутку, і бліскучыя біксы для кіпячэння інструментаў, і розныя слоікі за шклом шафы, і зігзагападобная фіранка, за якой распранаюцца, – шпіталь быў не толькі для ваенных, за хабар тут прымалі і звычайных местачкоўцаў, і вакольных сялян.
За сталом сядзелі трое. На яго «дзяньдобры» ніхто не падняў галавы. Унураныя, заклапочаныя, шастаюць паперамі, перагаворваюцца ціха… І слова «амнезія», і слова «феномен» данеслася да Трухановіча… Вось малады прамовіў штосьці, не падымаючы галавы. Трухановіч не адразу і зразумеў, што гэта ўжо да яго звяртаюцца.
– Прозвішча, імя, – гучней паўтарыў малады, крыху картавячы. – Званне.
– Трухан…овіч, Алесь. Чырвонаармеец.
– Сядайце.
Ён сеў на табурэт, у якім пасярэдзіне была авальная дзірка.
– Год нараджэння, – нявінна спытаў малады, а сам аж наструніўся ў чаканні, і тыя пападымалі галовы, упёрлі ў Трухановіча вочы.
Нарэшце! Можа, паддацца? – мільганула ў ім блазнаватае. – Пацвяліць іх трохі? Магчыма, так і зрабіў бы, каб не цяпер, а хвілін дзесяць назад пачаўся гэты допыткансіліум, магчыма, тады і даставіў бы ім, апраўдаўшы спадзяванні Партнога, некаторую радасць. Але цяпер, калі ўсё ўспрымалася ім нібыта праз шкло таго дзявочага, штосьці абяцальнага позірку, яму хацелася толькі хутчэй гэты цырк закончыць.
– Тысяча… васемсот… – сказаў ён, знарок расцягваючы словы, каб аблегчыць запісванне, бо малады ўжо нацэліўся алоўкам на паперу, – дзевяноста восьмага года нараджэння.
– Як…так? – у голасе Партнога былі і разгубленасць, і рачараванне.
А як ты хацеў? Ты ж сам мне ўбіваў два месяцы ў галаву, хто я, што я, «з якога хлопец году, з якога параходу»…Навучыў на сваю галаву? Нябось, не чакаў, што я акажуся такім здольным вучнем? Разладжваецца, рассыпаецца спектакльпрадстаўленне «феномену», у самы ардынарны, выедзенага яйка не варты, выпадак ператвараецца?
Двое ў тужурках глядзелі на доктара з насмешкаю. Партной дрыготкімі пальцамі выцягнуў з нагруднай кішэні халата і начапіў на нос пенсне.
– Пачакайце, – замармытаў ён, нізка схіляючыся над паперамі; пенсне звальвалася і ён прыціскаў яго пальцам да пераносіцы. – Але я ўсё запісваў…
–Да вашых запісаў яшчэ дабярэмся, – малады паклаў далонь на паперыну. Звярнуўся да Трухановіча: – Раскажыце коратка сваю біяграфію і чым займаліся да ранення, – пры яго картавасці атрымалася даволі дасціпная інверсія – ганення замест ранення.
Крыху нагадвала ўсё гэта экзамен, дзе Трухановіч з’яўляўся студэнтам, а чэкісты з Партным – выкладчыкамі; вось толькі памылка на такім іспыце задужа дорага магла каштаваць. Аднак, успомніўшы някепскую сваю падрыхтоўку, Трухановіч кароткімі сказамі, дабразычлівым, мяккім, у меру пафасным голасам, націскаючы на канкрэтыку дат і лічбаў, да якіх, на шчасце, меў добрую памяць, пачаў «адказваць на білет», інакш – нясці самую розную, механічна зазубраную лухту. Тым больш пакуль што патрабавалі ад яго ўсяго толькі сухіх анкетных дадзеных. Месца нараджэння? – вёска Каменка Мазырскага павета Мінскай губерні; сацыяльнае становішча? – з сялян-сераднякоў; склад сям’і? – бацька, маці, старэйшы брат; апошні жанаты, актывісткамбедчык…
– Далей!
–… З 1914 працаваў на чыгунцы, з 1916 ваяваў на франтах з немцам… Быў атручаны газам, – дадаў Трухановіч, успамінаючы прачытаныя пра першую сусветную кніжкі, у якіх ніводнага героя не было, хто б тым газам не труціўся. – Пасля лячэння вярнуўся ў родную вёску, у 1918 у якасці байца Каменскага партызанскага атрада зноў змагаўся з тымі ж немцамі…
– Так, – малады звяраў яго хлусню з запісамі на паперы. Пажылы, заплюшчыўчы вочы, масіраваў сабе скроні. Партной, наадварот, не спускаў з Трухановіча вачэй, у якіх чамусьці чытаўся страх.
– У складзе 215га Мазырскага стралковага палка ў чэрвені 1920 года падчас вызвалення Мазыршчыны ад белапалякаў пры фарсіраванні ракі Прыпяць быў цяжка паранены, кантужаны і патрапіў у Каленкавіцкі шпіталь…
Пажылы раптам расплюшчыў вочы, якія аказаліся мутнымі, і хутка спытаў нейкім булькаючым басам:
– Які цяпер год?
– Тысяча дзевяцьсот дваццаты.
– Дзень, месяц?
–Дваццаць першага верасня.
– Што значыць не ў свае сані не садзіся?
Бог ты мой! Цяжка было здзівіць чымсьці Трухановіча, але цяпер ён ледзь не зваліўся з табурэта. Ды гэта ж… і да ягонага часу ў ваенкаматах неўрапатолагі такім жа чынам правяраюць прызыўнікоў! На тых жа «санях» ловяць, прычым некаторыя ўмудраюцца нават пагарэць на гэтым… Няўжо вунь яшчэ адкуль цягнецца гэты хвост?!
Пажылы палічыў яго замінку за абдумванне.
– Адказваць хутка!
– Гэта значыць, – з ветлівай усмешкай, ямчэй паправіўшы руку на пярэвязі, адказаў Трухановіч, – ведаць сваё месца, не саваць носа ў чужое проса. З аднаго сінанімічнага раду – кожная свіння сваё карыта хваліць, кожны кулік – сваё…
– Штошто?!
Во ўскінуліся. Во натапырыўся малады, а Партной як ажыў адразу! Трэба ўсё ж быць больш асцярожным, палкі не перагінаць, менш пацыкаць іх.
– Што за сінанімічны рад? Якая ў вас адукацыя?
– Цэпэша. Але потым – курсы чырвонага байца, – важна дадаў Трухановіч. – Савецкая ўлада ўмее вучыць...
– Дык вы помніце, дзе вучыліся? Імёны настаўнікаў! Выкладчыкаў на курсах!
– Гэтага не помню, – Трухановіч дакрануўся здаровай рукою да галавы.
Пайшло – перашэптванні, папераў шастанне… А затым ізноў пасыпалася – адно пытанне картавым голасам, другое – булькаючым, як бы пахмельным: «Нумар часці? Як вас параніла? Дзе?»
– Не памятаю…
– Імя камандзіра палка? Ці хоць адно імя ці прозвішча, хоць кагосьці з аднапалчанаў?
– Не памятаю.
Які кашмар, толькі цяпер дайшло да яго: ды гэта ж яны мне шпіёнства шыюць. І вельмі проста[23]23
«…Нужно помнить, что враг в лице польской шляхты оставил своих агентов, кои будут играть на умах малосознательных и тем нарушать течение жизни…». З загада начальніка Мазырскага гарнізона В. Федарэнкі. (Філ. ДА Гом. вобл. г. Мазыр. Ф. 307. Воп. 1. Спр. 3. Л. 8)
[Закрыть]. Калі асноўныя вехі біяграфіі, з датамі ды лічбамі, яшчэ можна было папапугайску, з чужой падачы завучыць, дык на драбязе, на дэталях – такіх, як прозвішча школьнага настаўніка, ці якога колеру валасы на галаве ў штабнога пісара, яго злавіць – раз плюнуць. І цалкам заканамерныя іхнія падазрэнні. Разважае пра сінанімічны рад, але не помніць не тое што ніводнага прозвішча аднапалчаніна, але нават імені роднай маткі!
Выйсце тут адно: раз не можа ён ім нічога растлумачыць – дык не трэба і старацца. «Кантужаны» – дык і спекулюй на кантузіі! І на ўсе пытанні, што тычацца дэталяў, даваць адзіны і, дарэчы, сумленны адказ: «Не памятаю».
– Не памятаю, – паўтарыў ён. І далей, з вінаватай усмешкаю, пранікнёным голасам, пафасным тонам: – Таварышы, я паранены чалавек. Кроў праліў і здароўе страціў за родную савецкую ўладу. І не віна, а бяда мая, што некаторыя моманты я помню, а іншыя – не… Хай я не магу назваць, ці пазнаць аднакласнікаў, настаўнікаў, аднапалчанаў, аднавяскоўцаў сваіх – але ж яны мяне могуць! Вось хоць бы ў бацькі майго папытайце. Ён якраз цяпер тут, на калідоры чакае... Няўжо б ён ездзіў да мяне за блізкі свет, да мяне, чужога яму шпіёна?! Пазваць бацьку? – і з табурэта прыўзняўся, паказваючы гатоўнасць бегчы.
– Сядзіце, – астудзілі яго.
Ага, падзейнічала. Нават пажылы памякчэў.
– Добра. Усё гэта добра. Але як вы растлумачыце… дзе яно? – малады пачаў шукаць у папцы, – вось яно, – знайшоў некалькі аркушыкаў паперы, спісаных доктара Партнога почыркам, паказаў Трухановічу, яшчэ і далікатна, пазногцем маленькага пальца падкрэсліваючы радкі. – Гэта праўда тое, што тут запісана? Вы гаварылі доктару Партному ўсё гэта, усю гэтую шкодную контррэвалюцыйную ерась? Напрыклад, што сусветная рэвалюцыя не толькі не адбудзецца, але і ў адной асобна ўзятай краіне, у Савецкай Расіі, немагчыма будзе пабудаваць камунізм? Вы гаварылі, што праз семдзесят гадоў увогуле камуністычныя ідэалы будуць пастаўлены пад сумненне, падвергнуцца пераацэнцы, пасля чаго і сама Савецкая ўлада перастане існаваць?
Пажылы гучна гмыкнуў.
– Тыповая контррэвалюцыя, – сказаў ён. – Але добра, хоць семдзесят дае!
– Вы сапраўды прарочылі, хай сабе і ў беспамяцтве, што чырвоны тэрор расцягнецца на дзесяцігоддзі і ахвярамі яго стануць дзесяткі мільёнаў? Што будзе другая вайна з немцамі? Што амерыканцы прыдумаюць нейкую звышбомбу і скінуць яе з аэраплана на Японію? Вы сцвярджалі, што электрычнасць будзе паступаць не з гідраплацін, а выпрацоўвацца з атамаў, для чаго будуць пабудаваны спецыяльныя станцыі і адна з якіх выбухне?
Малады пытаў рытарычна, з усмешкаю, усяляк паказваючы, што і сам не прыдае падобнай лухце значэння і другім не раіць.
Трухановіч паварушыўся на табурэце.
– Я…
– Гаварылі ці не? – перабіў пажылы.
– Я, таварышы, не спрачаюся. Пасля аперацыі пад морфіем, без памяці, канечне, мог нагаварыць абычаго! Вось толькі чаму вас не цікавіць, навошта доктару Партному спатрэбілася запісваць усё гэта? Можна задаць яму пытанне?
Малады кіўнуў.
– Вы матэрыяліст, доктар Партной?
І няхай паспрабуе сказаць, што не.
– Я? – разгубіўся ад нечаканасці доктар, які, задумваючы гэты бяскрыўдны, як яму здавалася, спектакль, наўрад ці ўяўляў, што ўсё можа вельмі проста абрынуцца на ўласную галаву. – Я… матэрыяліст!
– Тады чаму вы надаяце нейкую асаблівую ўвагу звычайнаму трызненню? Ці вы ўсё ж ідэаліст? Працягваеце верыць у перасяленне душ, ды ў рай, ды ў пекла, ды ў Бога?
Партной выціраў з ілба пот. На яго без шкадавання цяжка было пазіраць. Чэкісты слухалі Трухановіча з цікавасцю і не перабівалі. Таго яшчэ больш натхніла гэтая маўклівая падтрымка.
– Мы, людзі новага часу, якія скінулі ярмо царызму, ачысціліся ад дурману рэлігій і розных там забабонаў – мы хіба можам верыць розным варажбітам, аракулам, розным ілжэпрарокам, – у час спахапіўся, – акрамя, канечне, таварышаў Леніна з Троцкім… Мы – разняволеныя людзі новай краіны і мы будзем тварыць жыццё паводле бальшавіцкіх запаветаў, а не верыць у розную містыку і прадказанні!
Недзе зусім блізка праехаў цягнік, і табурэт пад Трухановічам нейкі час прыемна дрыжэў; святкуючы перамогу, тонка адзвінелі на стале і ў шафе слоікішкляначкі.
Пераканаў хоць крыху? Здаецца, так. Вось калі спатрэбілася, вось пры якіх умовах выручыла яго «пяцёрка», атрыманая па гісторыі КПСС! А яшчэ сямяліся з гэтага прадмету, так скептычна ставіліся да яго – не разумеючы практычнай каштоўнасці яго…
– Добра, – ухвальна, з куды пабольшанай павагай у голасе сказаў малады. – Усё гэта так. Мы верым вам. Хаця, калі папраўдзе, не падобна, каб нешта было ў вас з галавою… Аднак забудзем. Хоць і запісаны вашы шкодныя трызненні на паперу, а гэта афіцыйны дакумент – забудзем, зробім выгляд, што іх не было. Вось, наце, можаце забраць іх сабе на светлую памяць, пакажаце якомунебудзь пісьменніку, раптам выкарыстае… Калі ж сур’ёзна, вы, наколькі я зразумеў, прыхільна ставіцеся да савецкай улады, да партыі бальшавікоў?
– А можна хіба інакш?
– Уступіць не жадаеце?
– Ніколі… маю на ўвазе ніколі не думаў, што варты такога гонару…
– Чаму? Вы пісьменны чалавек. У вас цалкам цвярозыя разважанні, даволі прыстойная – як для селянскага сына, канечне, эрудыцыя. Вы стаіце на цалкам правільных марксісцкіх пазіцыях.
Яшчэ б! – у душы пасміхнуўся Трухановіч. – Проста ідэальны для вас бальшавічок! Мазгі чыстыя, настальгіяй па царызму не загружаныя…
– Калі хіба знойдуцца людзі, якія дадуць рэкамендацыю, – сказаў ён няўпэўнена ўголас, а пра сябе пацяшаючыся з гэтых клоўнаў, з гэтых блазнаў, над якімі адчуваў поўную сваю ўладу, бо праз тоўшчу дзесяцігоддзяў яму добра высвечвалася іхняя крывавая, трагічная і бясслаўная перспектыва.
– Падумайце, – раіў між тым малады. – А пакуль што – вось вашы дакументы, – ён працягнуў руку, і Партной адразу выхапіў з папкі і падаў яму некалькі паперак. Усё было загадзя падрыхтавана, аказваецца, проста час цягнулі камісійшчыкі, невядома на што спадзеючыся.
– І ў любы час будзьце гатовы, што вас выклічуць.
– Дык… А рука? – спалохана спытаў Трухановіч. – А нага?
Тады пажылы раптам падняўся і без слоў паказаў Трухановічу пустое рукаво.
– І без рук занятак знойдзецца ў савецкіх органах.
– Усё. Можаце ісці. Не сумняваюся, што мы хутка ўбачымся, – сказаў на развітанне малады. – І клікніце там наступнага.
– Я на хвілінку, – доктар, зашпільваючы гузікі халата, таксама выйшаў следам за Трухановічам на калідор.
– Наступны, – кінуў ён чырвонаармейцам, якіх ужо з дзесятак сабралася перад кабінетам. Шум, гам, смех сціхлі адразу. – Што ж вы так, – дакорліва, нават жаласліва ўпікнуў ён Трухановіча.
– А вы што? – груба адказаў Трухановіч.
3
Партной яшчэ пытаў штосьці. Але Трухановіч не звяртаў на яго ўвагі, вочы яго шукалі… І знайшлі. Яна стаяла ў кутку каля грубкі, у акружэнні шэрых гімнасцёрак. Чырвонармейцы, відаць, чапляліся да яе і жартавалі з ёю. Яна таксама ўбачыла Трухановіча і аж памкнулася яму насустрач, нібы прасіла ад яго абароны. Чырвонармейцы прыціхлі, расступіліся, даючы яму дарогу. Нехта прысвіснуў толькі – маўляў, дурным шанцуе.
– Свёкар там, на дварэ, з канём, – яна стаяла перад ім, ростам амаль роўная з ім, і глядзела яму проста ў вочы. Голас ў яе быў прыемны, толькі нейкі няроўны, нібы зараз бегла яна і задыхалася.
Раптоўная радасць ахапіла яго. Нарэшце Бог злітасцівіўся над ім, паслаўшы яму гэтую родную душу з невядома якога свету…
– Хадзем? – прапанавала яна і рушыла па калідоры, азіраючыся.
– Пачакай. Я спытаць толькі хачу, – Трухановіч паглядзеў на Партнога, які таптаўся побач. Той зразумеў адразу:
– Дык я на двор…
Нарэшце яны засталіся адныя. У Трухановіча была ўсяго якая хвілька часу. Ён баяўся, каб дзяўчына не спалохалася гэтай самасці, усё ж ён «ненармальны», «кантужаны», і не пайшла, таму гаварыў хутка:
– Скажы толькі, цябе не Нэлі… я хацеў спытаць, як цябе завуць?
– Ты і праўда не помніш? – Дарэмна ён баяўся, у яе голасе не спалох быў, а толькі нейкая дзіцячая цікаўнасць. – Нічоганічагусенькі?
– Так, трохі, – схлусіў ён.
– І як мы з табою гулялі – таксама? Я ж – Наста! Ну? Успомніў?
– Наста, – паўтарыў ён. – Таксама на эн… Дык мы гулялі з табою? Пастой! – яму прыгадаўся нядаўні кансіліумэкзамен. – Ты – тая самая жонка майго нібыта старэйшага брата? Які ў камбедзе?
– Ну, – вось тут яна ўжо спахмурнела, нібы якую непрыемнасць пачуўшы. – Трэба йсці. Хадзем! Чакаюць там, свёкар чакае…
Свёкар на двары каля воза размаўляў з доктарам. Доктару было холадна, ён і нагамі перабіраў, і плячыма пацепваў, і каўнерык халата на шыі сцягваў, а, адказваючы дзядзьку, не на яго пазіраў, а на клункі на возе. Дзядзька ўсё дапытваўся – «дык а ці палепшала сыну хоць трохі?»; не даходзіла да яго: як жа так, вучоныя дактары, ваенны шпіталь, і лекі, і інструменты, і дагляд – а не змаглі чалавека да ладу давесці.
– Хіба ён адзін тут такі? Людзей многа ж ляжыць, уга колькі…
– Вось і яно, што адзін, – адказваў Партной, цярплівасцю заслугоўваючы хабар. – Не, кантужаных, канечне, многа. Але з вашым сынам надзвычай рэдкі выпадак... Яму здаецца, што ён жыў не раней, а пазней… Прынамсі, мне ён так расказваў…
У каторы раз слухаючы гэта, дзядзька тым не менш нічога не разумеў. Толькі ўздыхаў цяжка і гаварыў – заўсёды адно й тое ж, з пакорлівай інтанацыяй: «Вось пакараў Бог за нешта…»
І цяпер зноў сказаў:
– За што караеш…Усё было як у людзей, здаецца…
– Але праходзіць! Намнога лепш ужо.
– А нас не ўспомніў? – спытаўся дзядзька з надзеяй .
– Не.
Тады дзядзька азірнуўся, як бы саромеючыся чаго ці баючыся, што іх могуць падслухаць. Спытаў напаўголаса:
– А ён не… Не зробіць над сабой чаго? Сярод людзей жа будзе жыць… Не страшна з ім?
– Ну што вы! Ён зусім адэкватны… Спакойны, – паправіўся Партной, – ціхі. Прыдумляе сабе нешта, фантазіруе, дык гэта зусім не страшна. Я б сказаў, нават цікава… Месцамі вельмі цікава!
У гэты момант выйшла з барака Наста, за ёю Трухановіч.Спусціліся з ганка, падыйшлі да воза.
– Вы пакрыўдзіліся? – сказаў Партной да Трухановіча. – Я не мог не запрасіць іх, паверце.
– Таму што ў вас дзеці?
– Не зразумеў…
– Ну, гэта гаворыцца так. Не мог паступіць інакш, бо ў мяне сям’я, дзеці… А што, праваліў вам спектакль? – спытаў Трухановіч. У ім жыла яшчэ горыч, прыкрасць ад таго, што некалі, слабы, змучаны пасля аперацый, напаўзвар’яцелы ад сваёй метамарфозы, ён паверыў гэтаму чалавеку, адкрыўся яму. – А вы, нябось, на поўным сур’ёзе чакалі, што я пачну байкі баяць вашым гэбэшнікам? Пра другую сусветную вайну, ды пра тое, што вы Гарэцкага неўзабаве расстраляеце, а за кампанію і яшчэ сотні чатыры пісьменнікаў… А можа, пра мінскае метро? Ці пра тое, як вы ўвапрэце свайго Леніна, як мумію, як чучала, як паганскага ідала – у маўзалей? Ці пра Сталіна з Хрушчовым?
– Цішэй, цішэй, навошта прозвішчы…
– Каб вашыя асістэнты давялі мяне пасля да бліжэйшага падвала і там мне кішкі на локаць пачалі матаць?
– Цішэй, што вы!
Партной аж пасінеў, бедны, і ад холаду і ад страху. Рукі паціраў, параю дыхаў, але ў шпіталь ісці і не збіраўся. Што да дзядзькі, дык той выслухаў маналог кантужанага сына спакойна, уважліва, з разуменнем; хворы на галаву чалавек і павінен гаварыць абышто, як жа іначай.
– Ну, паехалі памалу… Ідзіце на вуліцу, – загадаў ён Трухановічу з нявесткаю. Вароты былі вузкія, акурат падводзе праехаць, і ён баяўся зачапіцца за шула колам, таму і не хацеў, каб сядалі на воз тут.
Ён ужо і за лейцы ўзяўся. А Партной усё чакаў.
– Вось жа галава дзіравая…
Прыгнечаны сынавай кантузіяй, толькі цяпер успомніў «бацька», што звычайна ж адзячваюць людзей у такіх выпадках, тым больш такога харошага доктара, які вунь як яшчэ прыгадзіцца можа… Клунак з воза зняў. Партной інстынктыўна пацягнуўся рукою, каб забраць. Але дзядзька не адразу аддаў, а з прадмоваю:
– Не крыўдуйце, калі мо што не так… Што людзі даюць, тое і мы. Грыбы, уюны, сала трохі, яек…
– Усё добра, дзякую, дзякую! – казаў Партной, чырванеючы і разам з тым ледзь не вырываючы клуначак.
На вуліцы «бацька» памог Трухановічу ўзабрацца на воз, сесці на папярочную дошчачку. Сам сеў побач, Наста размясцілася ззаду на ахапцы сена.
– З Богам! Вось і добра, – упаўголаса сказаў «бацька», калі паехалі; не так да нявесткі з «сынам» звяртаўся, як, мабыць, суцяшаў сам сябе. – Нічога, добра з’ездзілі… І цябе забралі, і з Партным разлічыліся… Усё палюдску…
Распагодзілася. Пахкае вераснёвае паветра, з якім мяшаўся дым з комінаў, п’яніла. Сіняе чыстае неба – хоць і без сонца яшчэ, доўгая вуліца, трухканне коніка, шастанне сена ззаду, калі варушылася, ямчэй уладкоўвалася Наста…Усё было як сон, ці, лепш сказаць, як кіно, як нейкі віртуальны стэрэафільм, у якім Трухановіч з’яўляўся і гледачом, і ўдзельнікам адначасова. Моўчкі, прагна ён углядаўся ў хаты, двары, у людзей, якія хто пехам, хто як яны – канём, то абганялі іх, то цягнуліся насустрач. Якое чужое ўсё! Без аўтобусаў, машын, без вітрын магазінаў, без шматпавярховак, без асфальтавай шашы горад быў не проста чужы – Трухановіч не пазнаваў тут анічога абсалютна, і калі б апынуўся зараз адзін, дык, мусіць, давялося б распытваць дарогу. Ён не адразу пазнаў нават высокі жоўты будынак царквы, а толькі тады, калі бацька на хаду перахрысціўся на яе. Ды яшчэ на самым выездзе з мястэчка сёетое пачало ўсплываць у памяці. Рэчка і мосцік праз яе. Вось гэтую рэчку з крыху нечаканай, балгарскай назвай – Пліска, і ўспомніў Трухановіч, ды яшчэ – дубовы лес, ужо за мястэчкам, па шляху на Мозыр.
Тут «бацька» спыніўся, з крэктам злез долу і за аброць павёў каня з дарогі, пад дубы. Размясціліся на пагорку. Было суха, пахла прэлым лісцем. Трухановіч заўважыў, як пасля бальніцы абвастрыўся ў ім найперш нюх, наколькі вастрэй пачаў разлічаць ён пахі – проста галава плыла.
– Ну, давайце, каб усё палюдску, – распарадзіўся «бацька». Нельга было не звярнуць увагі, што трошкі больш, чым трэба, казырае чалавек гэтай «людскасцю», нават злоўжывае, як бы ва ўсім яму хочацца быць падобным на іншых – у любой, відаць, драбязе ён найперш правяраўся тым, а як бы на яго месцы паважаныя ім людзі рабілі?
Наста тым часам развязала клунак, падобны на той, які аддалі Партному. На чыстую белую палатняную анучку пачала выкладваць сала, хлеб, цыбулю, яйкі – асобна сырыя і вараныя, соль, бурачковага колеру хрэн у слоіку… Так жыва нагадала ўсё гэта Трухановічу Паску ці Радаўніцу! Восень і вясна ўвогуле часта бываюць падобныя на нейкіх этапах і пахамі сваімі, і пагодаю, і прыродаю, а тут яшчэ і гэты бураком зафарбаваны хрэн, нязменны на Паску ці на Радаўніцу, і гэтыя яечныя шкарлупкі, і бульканне самагонкі па чарачках… Дзядзька напоўніў іх так: сабе і «сыну», як мужчынам, больш, а нявестцы менш за трацінку.
– Ну, каб людзі нічога благога не думалі! – урачыста сказаў дзядзька. Аднак і ён, і Наста ўсё ж марудзілі, нібы чакаючы, ці не захоча яшчэ дадаць чаго Трухановіч.
Варта было б зрабіць гэта, сказаць хоць бы штосьці накшталт «дзякую, што вы, чужыя людзі, падабралі мяне; пастараюся не сядзець у вас сіднем на шыі» і таму падобнае. Але Трухановіч, з уздыхам апусціўшы вочы на скалечаную руку, сказаў інакш:
– Не ведаю, куды вы зараз сабраліся мяне вязці, як і не ведаю, які з мяне будзе вам памагаты. З гэтым трэба альбо змірыцца, альбо…
– Ды хто ж цябе гоніць? – здзівіўся, нават пакрыўдзіўся «бацька». – Не жабракі, дзякаваць Богу, не старцы якія. Не аб’ясі. Ты ж не самахоць скалечыўся, за нас кроў праліў…
Ды не праліваў я ніякай крыві! – хацелася крыкнуць Трухановічу. Але ён толькі заплюшчыўся і пакорліва і адначасова пакутліва выпіў усё да дна.
4
«Ну што? Прачытаў?»
Трухан з Ведрычам сядзелі па абодва бакі стала. Пасярэдзіне ляжаў рукапіс. Трухану відаць было толькі першую старонку, усю скрэсленую, у заўвагах, пазнаках, надпісах паверх радкоў, з мноствам разлапістых рымскіх «пяцёрак»галачак на палях. І страшна было на яе пазіраць, і разам з тым Трухан не мог адараваць ад яе вачэй.
А Ведрыч, выпрабоўваючы чужое цярпенне, спакойна курыў, марудна зацягваўся, паволі выпускаў дым.
«Нашто ты гэта пішаш?» – прамовіў ён нарэшце.
«Ды ўжо ж не дзеля ідэі, не дзеля пошукаў станоўчага героя, – заспяшаўся, нібы толькі такога пытання і чакаў, Трухан. – Калі шчыра, мне проста трэба пазбавіцца ад гэтага наслання – ад другога свайго жыцця, скінуць з сябе гэты дурман, разгрузіцца хоць такім чынам – проста запісаўшы яго на паперы!»
«І дзе ты сабраўся гэта дзяваць? Нясці ў друк? Ці ўсё ж у стол?»
«Якая розніца?»
«Вялікая. Калі пішацца для сябе, для сяброў, ці, скажам, для ўласных будучых сямейнікаў, што збяруцца доўгім зімовым вечарам каля агменю, павыключаюць тэлевізары, кампутары, запаляць свечкі… Сівы, з захутанымі пледам нагамі, паважаны бацька сямейства – Алесь Трухан —сядзіць у крэслекачалцы, калываецца, як манекен, самы меншы ўнук разгортвае зашмальцаваны аблуплены агульны сшытак і, пракашляўшы горла, звонка заводзіць: «У сваю апошню ноч у гэтым шпіталі і ў гэтай палаце»…
«А ты ўмееш распісваць! Сам не спрабаваў прозу?»
«Я яе цярпець не магу, вашую прозу. Гэта – зямля, у той час як паэзія – неба! Азарэнне, бліск маланкі, міг салодкага трансу… А проза! Штосьці неверагоднае для нармальнага чалавека – з дня ў дзень, з году ў год адно й тое…»
«Нуну, – астудзіў яго Трухан, і разам з тым прыемна яму было, што і яго Ведрыч адносіць да празаічнага цэху. – Бліжэй да тэмы, калі ласка».
«Бліжэй да тэмы, – паўтарыў, каб не губляць думку, Ведрыч. – Помніш, тады, на балконе, я казаў, што чакаю твора, за які аўтар гатовы быў бы пайсці ў турму, нават на смерць? Згодзен – гэта мо і залішне. Але для цяперашняй прозы, увогуле для цяперашняй літаратуры крытэрыі павінны быць зменены, планка павінна быць паднятая на максімум: пісаць, ці хоць бы старацца пісаць так, каб не прыняла ніводная афіцыйная рэдакцыя. Бо гэта не твор, калі яму аўтаматычнае зялёнае святло нават не на скрыжаваннях, а на роўнай вуліцы. Сапраўдны твор павінен парасткам падняць над сабою глыбу бетону, прабіцца, узмужаць… У цябе такі твор? У ім дастаткова жыццёвай сілы?»
«Ну і пытанне… Наўрад ці, канечне…»
«Вось бачыш! Вось усе вашыя прэтэнзіі, усе вашыя вяршыні. Навошта ордэн? – пагаджуся на медаль. Значыць, свядома пішацца прахадны твор? З разлікам на рэдакцыі?»
«Ды якія рэдакцыі?! З мяне цябе аднаго пакуль вось так хапае. Хаця… Ведаеш, ты мне зараз адкрыў вочы на адну рэч цікавую… Што самае цяжкае ў літаратуры – гэта, аказваецца, не застольнае забіванне часу, не пошукі патрэбнага слова, не абкатка стылю, не біццё над гармоніяй формы, не іншыя, у прынцыпе абавязковыя і пасвойму салодкія «пакуты», а момант развітання з рукапісам, калі трэба аддаваць яго ў чужыя рукі і на чужыя вочы; дарагое, любімае дзіця, якое выпесціў, выгадаваў, родная крывінка, сябе частка – і раптам чамусьці трэба вясці яго «ў людзі»! Цягнуць у нейкія рэдакцыі, дзе ніхто і ўяўлення не мае, нават і ведаць не захоча, як гэтае дзіця расло, як хварэла, колькі давялося разам з ім перажыць, – а будуць толькі распранаць яго, ды абмацваць, ды разглядваць, як на медыцынскай камісіі…»
«У сэнсе, галачкі на палях ставіць?» – спытаў Ведрыч.
«… А яно – аглушанае, спалоханае, будзе толькі азірацца ды хныкаць, просячы дапамогі…»
«А ты паэт, аказваецца!»
«А ты – празаік, – не астаўся ў даўгу Трухан. – Дык што, можа, пярэйдзем уласна да…»
«Ужо перайшлі. Дарэчы, як ты ставішся да падобных збегаў?»
«Аніяк. Дзядзька, што пераехаў на кані брод, не стане ж клапаціцца пра збегі зычных і галосных, а крыкне на другі бераг: «Ужо пераехаў!», і павер – і жонка, і кум, і сват і брат выдатна яго зразумеюць і заўваг яму рабіць не будуць…»
«Два плюсы паставіць магу, – сказаў раптам Ведрыч і Трухан не адразу зразумеў, што гэта ўжо пераехалі да ягонага тэксту. – Першы – што шукаеш новых формаў, другі – што выбраў ракурс, які выключае гэтую гадкую стылізацыю, ведаеш, усе гэтыя штукі, калі «Рагвалод насупіўся, а Рагнеда паправіла на лебядзінай шыі каралі, а Міндоўг падпёр у задуменні галаву»… Тое, што ты выправіў у свабоднае плаванне па эпохах менавіта сучаснага героя, і яго вачыма збіраешся…»
«Мінусы, мінусы!» – перабіў, пачырванеўшы, Трухан, якога рэдка калі ў жыцці хвалілі.
«І мінусаў два. Праўда, доўгіх, як злітыя пункціры. Папершае, што за манера не ўказваць аўтарства пад эпіграфамі?»
«Таму што кожны адукаваны чалавек ведае іх са школьнай праграмы, павінен ведаць, прынамсі; а той, хто не ведае – дык навошта такі чытач?»
«Другое – як ты справішся з факталогіяй? Як будзеш апісваць побыт, характары… маўчы! Ведаю, што скажаш, што табе сніцца ўся гэтая лухта, а ты толькі механічна яе занатоўваеш... Дык вось, можаш не старацца, у мяне такія нумары не праходзяць. Адно табе напаследак параю – не збіся на творы іншых пісьменнікаў на гэткія ж тэмы, бо, сам таго не хочучы, пачнеш паразітаваць на іх, у лепшым выпадку парадыраваць... І яшчэ пытанне: пад каго ты ўвогуле пішаш?»
«Як гэта?»
«Я да якога пісьменніка цябе ні прымяраю, усё ты вылузваешся, наравішся, не ўкладваешся…»
«Аа, дык у цябе такія крытэрыі? Самыя прымітыўныя – параўнання? Каб абавязкова было пад кагосьці? А ты не дапускаеш, што я – новы? Я – прыйшоў!» – гарачыўся Трухан.
«Чужое... Так з цябе гэтыя цытаты і пруць, так і сыплюцца… Ты ж начытаны, праўда?»
«Паляжаў бы ты з маё па бальніцах, яшчэ б не так начытаўся…»
«…Трухан, устаньце! Трэці раз да вас звяртаюся! Чым вы там займаецеся?!»
Трухан устаў зза парты, лыпаючы шырока расплюшчанымі і адсутнымі, як у лунатыка, вачыма. Ніякага Ведрыча не было ў паміне. А была аўдыторыя – вялікі, напалавіну запоўнены студэнтамі і студэнткамі дзвюх груп клас, з будкай кафедры каля дзвярэй, з шэрай школьнай дошкаю на сцяне. З першага раду, павярнуўшыся, глядзела сюды, на «камчатку», Нэлі – пазірала на Трухана акурат такімі ж вачыма, як і яго гераіня Наста на свайго кантужанага дзевера.
А перад Труханам – па іроніі ці па заканамернасці лёсу стаяла выкладчыца беларускай літаратуры, таго самага прадмета, якім ён усю амаль лекцыю сам з сабою забаўляўся і які на іспытах ледзь выцягваў на дохлую «троечку»; зрэшты, выдатнікам яго цяжка было назваць і па ўсіх іншых дысцыплінах.
Вольга Сяргееўна ведала гэта. Яна стаяла цяпер перад Труханам і паляпвала па далоні ўказваю, спецыяльнай такой шарыкавай ручкай, што выцягваецца на манер антэны.
«Дазвольце пацікавіцца: што ў вас ў сшытку? Што вы так старанна запісвалі? Вы ж галавы не адрывалі ад яго цэлую лекцыю!»
Трухан загарнуў сшытак. Потым на вачах выкладчыцы паклаў яго ў сумку. І ўсё гэта моўчкі. А і праўда, – падумаў ён, – чым я тут займаюся, на што час марную, калі мне, можа, жыць два панядзелкі засталося…
Ні слова не кажучы, ён устаў. Узяў сумку, выбраўся на праход і як ні ў чым не бывала, як так і трэба, пайшоў сабе да дзвярэй.
«Трухан, вы што? – пачулася ззаду разгубленае. – вярніцеся! Я…»
Стукнулі дзверы і ўсё сціхла.
А які быў снег на вуліцы! Якое сонца! Якое марознае паветра! І як не хацелася ісці па гэтым чыстым скрыпучым белым сняжку да шэрага, змрочнага, скразнякамі прадзьмутага інтэрнатаінкубатара, у камеруклетку, да вечнай адзіноты...
Карацей, Ведрыч – не ўяўны, не ў сшытку прыдуманы, а сапраўдны, аб’явіўся толькі дні праз тры, вечарам. Дастаў з кішэні кажуха хурміну, з другой – другую, моўчкі паклаў на стол; такія вялікія, цёмнааранжавыя, з пражылкамі спеласці заморскія плады сярод зімы. Трухан, чамусьці падумаўшы, што зараз пачнецца між імі дыялог кшталту таго, змадэляванага ім на лекцыі, спытаў:
«Ну як? Многа заўваг?»
«Пра што ты? – здзівіўся Ведрыч. – Аа, пра сваю пісаніну? Ведаеш, я не чытаў. Нават папкі разгарнуць не паспеў. Зараз раскажу. Вяртаюся тады ўночы ад цябе, тут шах – у прахадным двары трое, засланяюць дарогу. Адзін за сумку, помніш, у мяне была такая афіцэрская («ахвіцэрская», вымаўляў Ведрыч). Ах, ты, думаю! Размахнуўся, яаак умазаў гэтай сумкай па галаве! Ён з капытоў, сумка адарвалася, тыя ўцякаць, я за імі!.. Не здагнаў. Вяртаюся – ні таго, ні сумкі. А там грошы, дакументы, вершы… Папка твая. Асабліва літфондаўскага білета шкада. Прыгожы такі».