412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Федарэнка » Нічые » Текст книги (страница 28)
Нічые
  • Текст добавлен: 28 апреля 2017, 18:30

Текст книги "Нічые"


Автор книги: Андрэй Федарэнка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 28 (всего у книги 34 страниц)

«А вершаў?» – смеючыся, спытаў Трухан.

«Вершаў таксама, я ж іх не запамінаю».

Шкада было, канечне, і Трухану папкі. Але ў адрозненне ад Ведрыча ён помніў кожнае сваё слова напамяць, нават у якім месцы ў рукапісе яно стаяла. Ды і навошта яму тэкст? Нікому больш ён яго паказваць не збіраўся. Толькі падумаў, што вось яшчэ і такая – практычная – карысць можа быць ад роднай літаратуры: гэта ж яго папка і Ведрычавы вершы фізічна, у прамым сэнсе памаглі адбіцца ад нейкіх прыдуркаў!


5

«…З усіх законаў Прыроды, магчыма, самы найлепшы —

выжыванне слабага»

Яшчэ дні праз тры – субота якраз была, Трухан ляжаў на засланым ложку, абапіраючыся на локаць, перад разгорнутай на семнаццатай старонцы кнігаю «Ідыёт», што служыла яму не так пастаўшчыком ежы духоўнай, колькі ў якасці медыцынскага дапаможніка – ён адсочваў паводзіны хворых герояў і са сваімі іх параўноўваў.

Ды нешта не йшло чытанне. На філасофію цягнула. Лезла розная дрэнь у галаву. Нейкая містыка, нейкія сімвалы бачыліся яму і ў назве кнігі, і ў лічбе старонкі – з сінім бібліятэчным штэмпелем знізу («семнаццаць год – вясна, каханне…»), на якой яго так безнадзейна тармазнула, а найбольш – у самой цяперашняй сітуацыі. Ігарава дзяўчына – можа, тая самая, якой ён ногі закрываў капаю, калі прыводзіў сюды Ведрыча, можа, другая – сноўдалася, ляпаючы дзвярыма, то ў пакой, то на кухню, гатавала вячэру, пакуль сам Ігар у кіно, ці ў кавярні, ці проста па горадзе з яшчэ адной дзеўкаю гуляе. Вернецца Ігар, вясёлы, аб’явіць, што галодны, вячэраць сядуць, Трухана пазавуць за кампанію… Ну, не дзіва?!

І рэч не ў тым, што ў Ігара дзве іх, ці некалькі, гэтых дзевак, а ў мяне ніводнай, – думаў Трухан, ямчэй у ложку ўкладваючыся, – і не ў тым, што Ігар мае такое шчасце, як ведаць, што яго заўсёды чакаюць і вячэру яму гатуюць...

Якраз зайздрасці да Ігара ён і не адчуваў. Тут хутчэй наадварот, «мела месца» нейкае мазахісцкае задавальненне – ад нармальнасці рэчаў, ад правільнага іх падзелу, як у тым анекдоце: чорным чорны хлеб, белым – белы… Калі б, інакш кажучы, Ігару ўздумалася раптам падзяліцца з ім сваім гарэмам, і самі наложніцы не пярэчылі б – дык ён, Трухан, быў бы супраць і такога дарунка не прыняў бы.

Кожны хай ведае сваё месца і займае толькі яго – згодна з прададзеным Лёсамкасірам плацкартным білетам. Бо інакш што ж атрымаецца? Хаос, бардак, неразбярыха! А так усё правільна. Прырода сама сябе аберагае. Натуральны адбор, выжыванне мацнейшых, калі не паляпшэнне пароды, дык хоць бы захаванне яе, – філасофстваваў, лежачы ў прагнутым студэнцкім ложкуначоўках, Трухан. Да таго за сваё адносна невялікае жыццё быў ён выматаны сіроцтвам, адзінотаю, хваробамі, няўдачамі, настолькі ўжо звыкся з гэтым сваім пастаянным – аж да непрыстойнасці – няшчасцем, што пачаў прымаць яго за належнае, як субстанцыю, пачаў нават насіцца з ім, цаніць яго – так, як іншыя носяцца і цэняць у сабе ўдачлівасць, талент, здароўе…

Ды і што значыць: шчаслівы – нешчаслівы? Ці не такі ж гэта натуральны падзел, як і на людзей высокіх і нізкіх, на мужчын і жанчын, на дзень і ноч… Не будзеш жа так ставіць пытанне: хто лепш – мужчына ці жанчына? Яны роўнавартыя, каштоўныя кожны ў сваёй «вагавай катэгорыі»… Дык ці не азначае гэта, што і ён, г.зв. «няшчасны» Трухан, зусім не горшы за г.зв. «шчаслівых» Ігара з Церашковым – проста яны з іншага «класіфікацыйнага разраду», розныя ў іх плюсы і мінусы…

Яшчэ зручней улёгся Трухан у сваіх ночвах – ногі на біла, збітую ў камячок цвёрдую падушку – пад бок, і пачаў праганяць нядаўнія думкі па другім крузе, каб у памяці аформіць іх у кароткія, граматычнаправільныя сказы.

Не проста аказалася гэта пасля стылю аўтара «Ідыёта». Дарэчы – вось хоць бы і гэты Ідыёт, гэтае вечнае жаданне паказаць і даказаць, што толькі юродзіваму, дзіваку, хвораму можа быць справа да такіх абстракцый, як дабро, гуманізм, чалавекалюбства… Яшчэ б! Цяжка ўявіць вясёлага сангвініка, які займаўся б тым, чым цяпер Трухан займаецца. Які валяўся б днямі ў ложку, чытаючы кнігі, або марнаваў час, бяздумна сузіраючы прыроду, або забіваў сабе галаву разборам паводзінаў «бліжніх сваіх», альбо – яшчэ горш: схіліўшыся над аркушыкамі паперы, з дня ў дзень выдумляў несапраўднае жыццё, калі вунь за вакном – сапраўднае, якім жыць трэба, усюды паспець, як мага больш ад яго ўхапіць…

А з іншага боку (ад мулкай падушкі ў Трухана балеў бок) – гэтыя гонкі па жыцці, вечная закручанасць, немагчымасць спыніцца, апамятацца – куды я бягу, чаго? – ці не абядняе яно? Хіба той жа Ігар, ці Церашкоў, умеюць так востра, як ён, Трухан, заўважаць і, галоўнае, з такой паўнатою цаніць розныя маленькія чароўныя дэталі – такія, як пах яблыка белага наліву ці бледнафіялетавых кветачак бэзу, як хрумстанне лядком зацягнутай сакавіцкай калюжыны пад нагамі, як сіні налёт туману на шапцы позняга восеньскага грыба?… Хіба могуць яны заплакаць над кнігаю, над эпізодам фільма? Хіба так як ён, Трухан, радуюцца яны кожнаму новаму дню, і вечару, і ночы – асабліва ночы! – калі падрыхтаваны кубак гарбаты і пачак цыгарэт, і кліча да сябе, і так просіць першага дотыку ручкі непачаты стос паперы, што «белай плямай лёг на стол»?…

Хіба гэта ў Ігара ў каштоўных запасніках памяці ўспамін пра дзяўчыну, што сядзела аднойчы ў паліклініцы каля працэдурнага кабінета, насупраць Трухана, і вачэй з яго не зводзіла, а ён не заўважаў яе, і тады яна паднялася, сама падыйшла да яго і сказала – з дакорам у голасе: «А я, між іншым, пра вас думаю!»; хіба не пераважыць гэты эпізод, калі пакласці яго на шалі значнасці, усіх разам узятых Ігаравых дзевак?..

Канечне! – затое Ігар не ведае і ценевых бакоў. Безбацькоўшчыны, па чужых людзях туляння, у дзяцінстве цукерак ды капеек на кіно адсутнасці… Не ведае ні бальніц, ні кропельніц, ні рэнтгэнаў, ні наркозаў… Ні таго, што – калі ты падрос ужо – дзяўчына танцаваць не йдзе з табою, бо ў цябе няма джынсаў і што ты ў арміі не служыў… І адной сотай не ведае гэтага Ігар, бо ён жа для іншага ў свет прысланы – для паляпшэння пароды. Таму і ашчаджае, і беражэ лёс такіх, як ён. Ды і куды Ігару выпрабаванні! Зломіцца ад драбязы, на якую прывыклы, трэніраваны, закалёны Трухан увагі не звярнуў бы, сап'ецца, звар'яцее, самагубствам, чаго добрага, скончыць…

Гэта нам грузі пабольш– вязі падальш, гэта нас таўкуць, а мы мужнеем! – з горкім гонарам думаў пра сябе Трухан, пакуль не апамятаўся: пры чым тут Ігар?! Пачалося ж з таго, што зайздрасці да яго ён ніякай не адчувае… І вось кола, даўшы круг, з другога боку пад'ехала.

Так. Трэба не дурыць сабе галавы, а прызнаць шчыра: ні ў гэтай сітуацыі, ні ў гэтым жыцці сам чорт нічога не разбярэ. Настолькі яно ірэальнае, незразумелае, нелагічнае, што міжволі пацягне схавацца ад яго – хоць у больніцы ці ў шпіталі, хоць пад коўдрай з галавою, хоць між старонак гэтага «Ідыёта»… А сама лепш – «у снах», у творчасці, дзе ўсё табе падуладна, усё зразумела, дзе адным чароўным дотыкам пяра можна атрымаць усё, што пажадаеш, усё, чаго пазбаўлены тут, у гэтак званым жыцці «рэальным»...

Дадумаць яму не далі нечыя чужыя галасы, а потым цяжкія крокі і стук у дзверы.

Трухан павярнуў галаву і ўбачыў у дзвярах міліцыянера. Міліцыянер быў рыхтык такі ж, як яны і бываюць – класічнакіношны, у кажусе, падперазаны рамянём, з папкаю ў руцэ. Нават прозвішча, калі міліцыянер, пераклаўшы папку з левай рукі ў правую, казырнуў і назваўся, аказалася ў яго з канчаткам на ка – Піліпенка, ці што, Трухан не запомніў, запомніў толькі, што гэта ўчастковы.

Ён падняўся з ложка. Участковы пратупаў, пакідаючы мокрыя сляды, да стала і прысеў на табурэтку, тварам да дзвярэй, папку сваю разгарнуў і паклаў на калена. Дзяўчына ў дзвярах пазірала на яго з разяўленым ротам, выціраючы слёзы з вачэй; у адной руцэ ў яе быў нож, у другой – недалупленая цыбуліна.

«Распішыцеся ў атрыманні павесткі, – стомлена сказаў участковы. – У панядзелак з'явіцца ў пракуратуру. – І дадаў, апярэджваючы Трухана: – Чаму – не ведаю».

Участковы ўручыў яму позвачку і пайшоў. Іншым разам Трухан толькі палюбаваўся б на яго, адклаў бы ў памяць, што вось такім і павінен быць міліцыянер – ветлівым, не назолам… Каб не шэрая паперчына ў руцэ. Каб не гэтыя «граждананину», ды «вы обязаны», ды «в случае неявки…»


6

Чаму пракуратура? Чаму павестка ў суботу, а з’явіцца ў аўторак? І толькі потым, і толькі на трэцім месцы – «за што»?

І вось жа ж натура чалавечая! Здавалася б – што яму, такому хвораму, перад такой страшнай, хуткай аперацыяй, яму, які столькі часу тое і робіць, што рыхтуе сябе да заўчаснай смерці – што яму да гэтага шэрага аркушыка паперы?! Ды парві і выкінь, зрабі тое, што на нядаўняй лекцыі зрабіў, калі, нікому нічога не тлумачачы, проста падняўся ды пайшоў! Будзь свабодным, плюнь на ўсё, думай, як і да гэтага думаў, як бы і не адбылося нічога, пра важнае, пра галоўнае…

Ды вось не атрымоўваецца нешта.

Ці гэта яшчэ адна загадка псіхікі – такім чынам ратавацца, драбязою перабіваць галоўнае? Як той прыгавораны да гільяціны жартаўнік, што адмовіўся ад прызначаных перад пакараннем цыгарэты і келіха віна – на падставе, што алкаголь і нікацін шкодзяць здароўю.

Круціш у руках гэтую шэранькую дрэнь, перачытваеш, спакою яна не дае табе, трывожыць цябе, думаеш пра яе, ловіш сябе на тым, што баішся яе, і раздражняешся, і злуешся, што можаш надаваць ёй такое значэнне, і разумееш урэшце, што пануе ўжо яна над табою, над тваімі думкамі і пачуццямі, і няма зладу з ёю…

А то грахі і грашкі свае перабіраць пачынаеш. І сярод іх – на поўным сур’ёзе, як цалкам дапушчальны – і той, што выклікаюць яго ў пракуратуру, бо дэманстратыўна з лекцыі сышоў.

Ноч амаль бяссонная… Увесь выхадны па горадзе блуканне, як бы апошні раз яго бачыш… Катаванне сябе рознымі здагадкамі, ды гіпотэзамі, ды домысламі…

І толькі ў панядзелак пад вечар Трухан супакоіўся. Да таго часу ён ужо разумеў сёетое. Напрыклад, чаму спатрэбілася такая паўза паміж суботаю і аўторкам – паміж уручэннем павесткі і яўкаю: а каб пахадзіў, падумаў, паперажываў… Як і тое, чаму не трэба аб’яўляць загадзя, навошта яго выклікаюць: а сам здагадайся. Сам прыдумай штонебудзь! Гэткі псіхалагічны момант, закладзены ў будучае пакаранне – як кошт пасцелі і шклянка гарбаты аўтаматычна закладваецца ў кошт чыгуначнага білета.

У тую ноч ён добра выспаўся. І калі ўстаў, галава была светлая. Сам ранак, які быў за акном, супакойваў. Такімі ранкамі, калі марозік, сонца і адначасова ідзе сухі рэдкі снег, нічога кепскага не павінна здарацца з людзьмі. І ён напярод ужо ведаў, што і з ім нічога не здарыцца. Сваю «кару» ён ужо адбыў за гэтыя двое сутак. Ды і ўвогуле – пачало здавацца яму, што няйначай закралася ва ўсю гэтую гісторыю памылка. Недарэчная, прыкрая, яна каштавала яму, канечне, крыху нерваў, але нічога страшнага. Ні на кога ён не ў крыўдзе, а нават удзячны лёсу ў асобе пракуратуры за гэты штучны ўсплеск эмоцый, які, будзем шчырыя, прымусіў яго ўспомніць і такое, аб чым успамінаць не заўсёды прыемна.

Дарогу ён добра вывучыў яшчэ за выхадны, калі бадзяўся па горадзе. Вуліца Інтэрнацыянальная. Кінатэатр «Перамога». Драўляныя высокія цяжкія дзверы. Каб адчыніць іх, трэба было прыкласці сілу. Трухан прыклаў яе і апынуўся ў вестыбюлі ўстановы – з яе казённай гулкасцю, з яе паветрам, насычаным трывогаю і чамусьці пахам сургучу (як на вясковай пошце), са шкляной будкай дзяжурнага і круцёлкайтурнікетам побач.

Трухан падаў дзяжурнаму павестку. Дзяжурны папрасіў не паказаць, а «прад’явіць» яшчэ і дакумент. Потым доўга звяраў квадрацік фотакарткі двухгадовай даўнасці ў студэнцкім білеце з жывым Труханам, які зняў з галавы шапку і, успомніўшы фільм «Афоня», жаласліва рассунуў губы ва ўсмешку. А самога ў сэрца кальнула – няўжо так моцна за гэтыя няпоўныя два гады ён змяніўся?..

«Праходзьце», – сказаў дзяжурны. Афіцыйнасць яго голасу здымала ўсе сумненні – ніякай памылкі няма, ён, Трухан, а не хтосьці іншы, тут патрэбен.

Ён падняўся на другі паверх. Доўгі калідор быў пусты. Уздоўж сцяны стаялі крэслы. Так пацягнула апусціцца ў адно з іх, нібы не два пралёты лесвіцы адолеў, а немавед якую дарогу. Да таго ж па звычцы, як да ўрача на прыём, ён з’явіўся роўна за пятнаццаць хвілін да патрэбнага часу і цяпер меў запас.

Аднак той жа бальнічны вопыт падказваў яму, што ніколі не варта адцягваць, і, «пакуль няма чаргі», карыстацца момантам. Чым хутчэй наважышся, тым лягчэй потым. Ён пастукаў у дзверы і без запрашэння ўсунуўся ў кабінет.

У кабінеце сталоў было тры, але толькі за адным з іх сядзеў малады чалавек, у звычайным цывільным касцюме, з вусікамі, – і дзюбаў адным пальцам па клавішах пішучай машынкі. Зза гэтага, відаць, і не чутно было стуку ў дзверы. Не адрываючыся ад свайго занятку, вусаты падбародкам паказаў Трухану на табурэт з другога боку стала.

«Праходзь, прысаджвайся», – і зноў за сваё дзюбанне.

Трухан прысеў. Не забываць нічога, сарціраваць, раскладваць па шуфлядках памяці! Як вось гэтае «прысаджвайся» замест звычайнага чалавечага «сядай» – каб не сурочыць, бо сесці, паіхняму, можна толькі ў турму; нібыта боязь ці нежаданне пакрыўдзіць словам, а на самой справе гэткая здзеклівая даніна «фені», вытанчанавычварнамянтоўская далікатнасць, арыя з той самай оперы, паводле якой, адабраўшы ў п’янага грошы (расказвалі людзі), зняўшы гадзіннік, вянчальны пярсцёнак і нацельны крыж, – словам, абчысціўшы дарэшты, – абавязкова пакінуць пару цыгарэт з запалкамі і драбязу на талончык…

Вусаты дзюбаў сабе і дзюбаў, манатонна, праз аднолькавыя паўзы, аж па мазгах біла. Трухан цярпліва чакаў. І ад няма чаго рабіць употайкі разглядваў памяшканне і гаспадара – разглядваў і дзівіўся: якая ж, аказаваецца, небяспечная рэч літаратура! Не паспеў напісаць ён пра свайго Трухановіча – калі ласка, сам атрымоўвай, – і табурэтку, і казённы кабінет, і следчага, і магчымы скоры пратакол. Раптам ён убачыў на краю стала… сваю папку.

«Твая?» – спытаў вусаты, працягваючы дзюбаць.

«Мая… А адкуль…», – яна ў вас, ледзь не вырвалася ў Трухана, ды ў час апамятаўся. Хто, як не ён, па студэнцкай звычцы, як на канспектах, уласнай рукою запісаў на адвароце папкі ўсе свае дадзеныя: і прозвішча, і адрас, і нават нумар пакоя.

Вусаты меў талент рабіць дзве справы адразу, плюс яшчэ бачыць чалавека, зусім на яго не пазіраючы.

«І што ты там напісаў? Чаго выклікалі?»

«Не ведаю… У сэнсе, што напісаў, ведаю, а чаго выклікалі…»

«Супраць улады штось? Ці парнаграфія?» – нечакана спытаў вусаты.

Ну, канечне. Што ж яшчэ для іх можа лічыцца крамолаю? Трухан асмялеў.

«Можна і так сказаць…»

«Сур’ёзна? – вусаты аж на машынку, на дзюбанне сваё важнае забыўся. І ўпершыню падняў на Трухана вочы. У іх была цікавасць. – Не, праўда парнаграфія?»

«Хутчэй у пераносным сэнсе. Калі мастацкі твор няўдалы, дык можна яго і такім словам назваць…»

Тут расчыніліся дзверы і ў кабінет хуткім крокам увайшоў чалавек. На хаду ён расшпільваў гузікі чорнага паліта. Штось вельмі знаёмае падалося Трухану ў яго абліччы… Ды гэта ж той самы! Паголены, з сумнай вінаватай усмешкаю, які маўчком прасядзеў усю нядаўнюю сходку на Фрунзе, 5; той, у каго ўсё дапытваўся Ведрыч, чаго ён сюды цягаецца, і ці не празаік ён, ці не драматург. І цяпер паголенасць была самай характэрнай дэталлю ў яго твары. Настолькі розніліся голеная частка ад няголенай, што, здавалася, пад носам, на барадзе і на шчоках прыклеена ў чалавека сіняватая маска.

Вусаты пры яго з’яўленні ўстаў. Але паголены, павесіўшы паліто ў шафу, да першага падаўся Трухана.

«Гэта не я спазніўся – вы раней прыйшлі, – сказаў ён, за руку вітаючыся. – Выбачаюся, рука пасля двара халодная… Вас я ведаю, а мяне завуць Іван Паўлавіч. Ды вы сядзіце!»

Што да вусатага, дык з ім Іван Паўлавіч нават рукацца не стаў. Яны абмяняліся позіркамі, пасля чаго вусаты паляпаў сябе па кішэнях – у адказ звякнулі ключы і зашамацелі запалкі – і выйшаў на калідор.

Адзінае, што чамусьці прыходзіла Трухану ў галаву, гэта тое, што адбываецца «кантрастны» допыт: злы, хамаваты адзін следчы – і добры і ўсмешлівы другі; штучка старая, як свет, як сама паліцэйскажандарскаміліцэйская сістэма… Але пры чым тут што? Ніхто ж яго не дапытваў, і яны абодва, здаецца, добрыя, вусаты і паголены… Да таго ж вусаты яўна ніжэй рангам у гэтай іхняй іерархіі. Галоўны тут, канечне, вось хто…

«Распрануцца не хочаце? – пытаў тым часам гэты «хто». – Не? Правільна, не Крым. Мой прынцып – абы чалавеку зручна было. А то навыдумляюць розных умоўнасцей… Вось я, напрыклад, калі гарачую гарбату п’ю, дык сёрбаю, мне і смачней так, і губы не пячэ… Але што ты! Некультурна, непрынята, пальцамі паказваюць, – мякка, соладка гаварыў Іван Паўлавіч, як калыханку баяў. – Дарэчы, можа, гарбаты? Кавы? Тут ёсць электрачайнік, і ўсё іншае знойдзецца… Не? Тады і я не буду – за кампанію».

Іван Паўлавіч прысеў насупраць – нага на нагу, рукі складзеныя на жываце, на твары – тая самая, вінаватая і крыху сумная, усмешка. Калі вусаты за ўвесь час толькі раз зірнуў на Трухана, дык гэты наадварот – вачэй з яго не спускаў.

«Вам сказалі прычыну выкліку сюды? Не? Ну вось, такія ў нас парадкі! А чалавеку перажывай…»

«Я здагадаўся, – сказаў Трухан, ківаючы на папку. – Злавілі тых рабаўнікоў?»

«Ээ… чаму адразу рабаўнікі? – усклікнуў Іван Паўлавіч. – Усё цэлым засталося ў сумцы вашага сябра… Зрэшты, зменім тэму. На добры лад, не тут, – абвёў ён вакол сябе рукою, – не ў такіх умовах павінна было б адбывацца нашае знаёмства. Ды калі ўжо такая нагода з гэтай сумкай... Усё адно трэба было выклікаць вас, каб папку вярнуць, дык заадно ўжо, думаю, і пазнаёмлюся з чалавекам… Калі вы не супраць, канечне!»

«Ну што вы, – паддаўся на абмен ветлівай гэтай саладжавасцю Трухан. – Я вельмі ўдзячны за ўвагу, за павестку…»

«Размова наша будзе максімальна кароткая. Яшчэ раз выбачайце, што не па сваёй волі вы тут. Не здзіўляйцеся, – ён яшчэ больш памякчэў голасам, давёўшы інтанацыю амаль да кампанейскай, – але і не па маёй таксама».

Далей пачало адбывацца ўвогуле штосьці неверагоднае.

«Не будзем мы весці ніякіх пратаколаў – к чорту афіцыёз. Не люблю, не прызнаю! Гэта ім там, – падняў угору ўказальны палец Іван Паўлавіч, —усё паперы падавай, канцылярыстам гэтым», – і Трухан у першы момант не зразумеў – нябесную канцылярыю ён мае на ўвазе, або сваю, зямную, што размешчана за які квартал адсюль. Калі апошняе, дык не проста смела з яго боку, а неяк… незвычайна, нават падазрона: хіба можна ім крытыкаваць начальства (хай сабе і ў «інтэрасах следства»), ды яшчэ пры сведку?!

«…Як дзеці малыя, яйБогу! Вечная падазронасць, усё ім мрояцца падкопы, загавары, дысідэнцтва… Прычым не столькі выкараняць усё гэта збіраюцца, колькі дзеля галачкі – паказаць, што і ў нас, як і ва ўсіх: свае незадаволеныя, свая апальная інтэлігенцыя», – не сунімаўся Іван Паўлавіч, казаў з нейкім вясёлым адчаем у голасе – маўляў, ведаю, хоць і ўляцець можа за гэта, але і маўчаць не магу: раз пайшла такая п’янка – рэж апошні агурок.

«…Хоць бы вас узяць. Збіраюцца маладыя, здольныя, задзірыстыя, пішуць сабе, выступаюць, агітуюць памаленьку… На здароўе! Дык што ты! Дзе ты бачыў!» – цяпер ужо да лёгкай горычы перайшоў Іван Паўлавіч, як бы палемізуючы, не згаджаючыся зараз з кімсьці – з тымі, хто яму, Івану Паўлавічу, гэты занятак прыдумаў, хто даручыў яму такую непапулярную місію; а так сам ён, Іван Паўлавіч, нібыта і ні пры чым, проста вымушаны цераз не хачу рабіць усё гэта для пустой справаздачы.

«…Кантроль ім трэба, адбор, селекцыя, назіранне ў дынаміцы… Не паспее праклюнуцца здольнасць у чалавеку, яшчэ невядома, што з яго атрымаецца, – а ўжо бягом апекаваць, бы тыя сем нянек: хаця каб правільнай дарогай пайшоў, каб не дай Бог шляху пакручастага, калдыбаністага, дэсідэнцкавыгнанніцкага не выбраў!..»

Трухан ужо надзею страціў зразумець хоць штокольвечы. Так заблытаў, задурыў галаву гэты Паўлавіч. І чаго, з якой такой радасці на творчасць перакінуўся?.. І ўсё гэта з нязменнай іроніяй, нібы нечыя чужыя словы вымушаны паўтараць, а сам ён – усё разумее, свой у дошку, на баку менавіта дэсідэнтаў і толькі іхні шлях і прызнае як адзіна правільны.

Нейкія смутныя здгадкі ўспыхвалі, канечне. Што нездарма ўсё гэта, даверлівасць гэтая залішняя, развагі гэтыя салодкія – пра патэнцыяльныя здольнасці, пра апякунства… Трухан перавёў вочы на шэрую папку. І нават машынальна пальцам пакратаў шнуркізавязкі на ёй. Адразу ж на яго рух пасур’ёзнеў і Іван Паўлавіч.

«Мы прачыталі, – проста сказаў ён. – Вы не супраць? Хаця што гэта я: перш уваходжу, а тады дазволу пытаю…»

Шчокам Трухана раптам зрабілася горача, а спіне – холадна. У скронях застукала: чыталі… у множным ліку… вось вынік… ацанілі!..

«І што скажаце?» – нечакана для сябе хутка выпаліў ён.

«Скажам, што паказальны сам факт – гутарка нашая адбываецца. Раз на вас звярнулі ўвагу…», – тут Іван Паўлавіч перайшоў да самага цікавага, менавіта – разгарнуў папку. Знаёмыя старонкі замільгалі перад вачыма…

«Я тут пазнакі рабіў… Алоўкам, лёгка сцерці… Калі вы не супраць… Вось, і яшчэ, і вось…»

І Іван Паўлавіч, спяшаючыся, шукаючы патрэбныя месцы, пачаў перакідвацьперагортваць старонкі то туды, то сюды. Аднак Трухан паспяваў сёетое заўважыць. «Маразм бальшавіцкі» падкрэслена было хвалістай лініяй… Ленін, Сталін…

«Параўнанне Леніна з ідалам, – не вучыў, а ціха, пасяброўску раіў Іван Паўлавіч, – наўрад ці пажаданае: усё ж правадыр. Рызыкоўна нават для нашага часу, тым больш для нашай беларускай сціплай літаратуры, якой у прынцыпе чужое палітыканства… Вы заўважылі (згадваючы пасля, Трухан прыпомніць, што ні разу за ўсю гутарку Іван Паўлавіч не назваў яго ні па імені, ні па прозвішчы) – дзіўная рэч: што для вялікай, развітай літаратуры дапушчальна, натуральна – скажу больш, у пэўнай ступені нават другасна, тое для літаратур малых народаў – адкрыццё, знаходка, крамола, анты і контра! Праўда, я магу памыляцца, бо не настолькі абазнаны ў прыгожым пісьменстве… Не хачу быць ханжою… Сам пісаць не магу – не даў Бог таленту, затое цешу сябе надзеяй, што ў літаратуры разбіраюся не горш, калі не лепш…», – казаў Іван Паўлавіч, і гучала гэта як «сам плаваць не ўмею, затое на сухім беразе навучу любога».

«…Дык вось – хацелася б пачытаць усё, калі вы не супраць зноўтакі… Цікава: як ваш герой, наш сучаснік, будзе паводзіцца там… далёка… Гэта ж цэлую гісторыю навярнуць можна!» – вочы ў Івана Паўлавіча раптам ажывіліся і заблішчэлі. У іх з’явіўся імпэт чалавека, якому, бадай, упершыню ў жыцці прыадчынілася наглуха да гэтага задрапіраваная заслона, за якой – патаемная, такая зваблівая магчымасць тварыць самому, хай нават і сутварыць.

Зрэшты, хуценька ён астыў, і спытаўся:

«Ці можа, тут усё прасцей? І вы такім ходам – пераносам у часе, сацыяльнай, так бы мовіць, фантастыкай спрабуеце элементарна зацікавіць чытача?»

«Хутчэй яго зацікавіш парнаграфіяй», – адказаў з усмешкаю Трухан. Аднак Іван Паўлавіч гумару не зразумеў – ён жа не мог ведаць пра эпізод з вусатым.


7

«Бог з ёй, з папкаю, – сказаў Іван Паўлавіч, папку закрыў, аборачкі акуратна, як шнуркі на чаравіках, завязаў і паклаў на папку далонь, тым паказваючы, што з першай часткай пакончана. – Давайце так дамовімся: калі вам непрыемна будзе, нетактоўнымі пададуцца пытанні – без усялякіх кітайскіх цырымоній абрывайце, і… скончым на гэтым!»

Трухан, які быў размяк ад літаратурнага экскурсу, ізноў падцягнуўся.

«Мы ведаем, што жывяце вы няпроста – мякка кажучы… Праблемы і з вучобаю, і са здароўем, і ў матэрыяльным плане… На сельсаветаўскую стыпендыю дужа не разгуляешся», – Іван Паўлавіч змоўк у чаканні Труханавай рэакцыі.

Аднак вокліча тыпу «ах, вы і гэта ведаеце!» не дачакаўся. Ніяк не адрэагаваў на гэта Трухан. Не здзіўленне, а хутчэй абыякавасць была на яго твары. Падумаеш, заслуга: паднялі дакументы ў дэканаце, з накіраваннем ад калгаса і з даведкаю, што сельсавет абавязуецца штомесяц высылаць стыпендыю. Пра здароўе прагучала? – тут яшчэ прасцей, цэлы год Трухан быў у «акадэмічным» па хваробе, у той жа асабістай справе ўсе неабходныя паперы, а калі больш падрабязна даведацца захацелася – калі ласка, у паліклініцы медкартка, дзе ўсё, што хочаш – ад рэнтгентаўскіх здымкаў да аналізаў мачы, якія тут «урачэбныя тайны».

«Дзядзька з цёткаю, дзед з бабаю, канечне, таксама не памагаюць?»– ціха сказаў Іван Паўлавіч.

Зноў прамаўчаў Трухан. Калі ведаеце, дык навошта пытаць? Дзядзька з цёткаю, дзед з бабаю… Дапамога!.. Можа, і памагалі б, каб ён прасіў. Мала і без яго ў іх нахлебнікаў – і малых, і вялікіх, таму ў школу, той жэніцца, той співаецца, той дачу будуе… Адзінае і самае большае, што яны, сваякі, для яго маглі, яны ўжо зрабілі (і за што ён удзячны ім будзе да канца дзён сваіх): куток, ды кавалак хлеба давалі, ды дацярпелі, пакуль ён з горам папалам школу скончыць, а там скінуліся па капейчыне ды выправілі ў Мінск, не так з надзеяю, што вывучыцца ён і чалавекам стане, колькі параду дактароў выконваючы, – што пажадана быць яму паблізу сталічных бальніц, дзе, калі штоякое, як мінімум памерці не дадуць…

«А колькі ў грашовым эквіваленце ваша стыпендыя?»

«Вы ж ведаеце», – адказаў Трухан.

«Ведаем… Мізэр, канечне. Затое рэгулярна, жалезна. Як бы ні вучыўся, а зусім без капейкі не застанешся. У наш час паняцця не мелі аб ніякіх «мэтавых» стыпендыях. Запусціў, не здаў – адна дарога: вагоны разгружаць. Дык мы маладыя, дужыя былі… Але гэта так, да слова. Канечне, мала – мізэр, раз на дзень паесці, ды пачак цыгарэт. Я чаму і здзівіўся, што вы курыце. Не шкодзіць хіба здароўю? Як вы ўвогуле пачуваецеся?»

«Дзякую, добра. У сэнсе, добра, што не горш».

«Тады самае, можа, далікатнае… Што ў вас за хвароба? Калі не сакрэт. Зноўтакі смела можаце не адказваць!» – Вось жа ж – здаецца, так прамалінейна ідзе, – а свайго дабіваецца. Гэтыя перастраховачныя выбачэнні, ды перапрошванні, ды магчымасць не адказваць як малаток па цвіку б’юць і б’юць у адну кропку – і не хацеў бы, а адкажаш, ды яшчэ і паміма волі шчырым станеш, сабе насуперак, каб паказаць, што нічога саромнага ці крамольнага за душою і перад людзьмі няма, ніякай тайны з нічога рабіць не збіраюся.

«У паліклініцы не паглядзелі хіба? – усё ж не ўтрымаўся, каб не пад’южыць Трухан. Далей пачаў адказваць сур’ёзна. – Я і сам не ведаю».

Гэта была праўда. Дактары ніяк не маглі паставіць дыягназ. Чаму і падводзілі яго да непазбежнасці аперацыі, каб ускрыць яму чэрап і на практыцы як след пакалупацца ў змесіве яго. Яны не маглі нават вызначыць, спадчынная гэта хвароба, ці набытая. Хаця да сямі гадоў – да першага класа, калі жыла яшчэ ягоная мама, ён быў самым звычайным, такім як усе, хлапчуком. А потым, пасля смерці маці, усё і пачалося… Прычым задоўга да Чарнобыля, на які цяпер можна было б і зваліць усё. Але тады ніхто не ведаў, што ён існуе, дарма што амаль пад бокам ад яго жылі.

Так што не было каго ці чаго вінаваціць.[24]24
  Каб Трухан мог з такою ж лёгкасцю, як у мінулае, сягнуць у будучыню, у год, скажам, 2003, многае б стала яму зразумелым. Напрыклад, тое , што задоўга да асноўнай катастрофы на ЧАЭС адбылося 29 (дваццаць дзевяць клічнікаў!) мініаварый. А так як іхняя вёска знаходзілася ад Чарнобыля практычна праз Прыпяць…


[Закрыть]

«А якія сімптомы?»

«Штосьці тыпу рака крыві. Толькі без фізічнага болю. Слабасць, арытмія, галавакружэнне. У любы момант можна страціць прытомнасць».

«І што? – спытаў Іван Паўлавіч. – Няўжо нічога нельга зрабіць? А аперацыі? Цяпер жа ўсё лечыцца! Тым больш у вашыя маладыя гады!..»

«Да аперацыі і рыхтуюся», – коратка адказаў Трухан.

«Не можа быць, каб не было надзеі… Надзея памірае апошняй… Трэба верыць у лепшае, спадзявацца, так, спадзявацца, – разгублена паўтарыў Іван Паўлавіч гэтыя пустыя і пошлыя, калі не сказаць подлыя словы, якія ў дзевяноста дзевяці адсотках здаровыя людзі гавораць хворым. Хаця і шкадавання доля была ў яго голасе. – Ну вось, абяцаў вам галавы не марочыць, а сам! Хаця, калі шчыра, я і не чакаў, што тут усё так сур’ёзна… Якія вы бунтары! – сказаў ён раптам. – Так, у масе, у цэлым – дык можна падумаць, а вазьмі кожнага паасобку, ды разбяры індывідуальна – колькі зямных, сапраўдных праблем адкапаецца, важнейшых за ўсю вашую бурапеннасць, за ўвесь ваш «антыдзяржаўны» шурумбурум!»

Усталявалася паўза.

«Нават не ведаю, як пачаць, – Іван Паўлавіч глядзеў на Трухана, а калі той вочы ў вочы хацеў сустрэцца, Паўлавіч свае чамусьці адводзіў. – Скажыце, вам трэба дапамога?»

«Дапамога?» – перапытаў Трухан. Простае гэтае пытанне прымусіла яго задумацца. Не так і часта з ім у жыцці было, каб не ён прасіў, а чужыя людзі самі яму прапаноўвалі. Ад разгубленасці да яго не адразу дайшло, што нічога за так не бывае. «З дактарамі дапамагчы!» – адразу мільганула думка. Здуру ён так і спытаў – наіўна абнадзеяны (за што потым, успамінаючы, язык сабе адкусіць быў гатовы):

«З аперацыяй… вы маеце на ўвазе?»

Іван Паўлавіч шырока расплюшчанымі вачыма глядзеў на яго. Затым нечакана рэзкім голасам прамовіў, амаль выкрыкнуў:

«Усё! Пазней! Не тут, не цяпер… Калінебудзь… Дзякую, спадзяюся на працяг – і твора, і нашага сяброўства». – Ён падыйшоў да дзвярэй, гукнуў вусатага, які зараз жа ўвайшоў. Трухан узяў сваю папку і падняўся.

«Павестку давай, – сказаў вусаты. – І распішыся вось тут. Што папку вярнулі і да нас прэтэнзій няма».

Апынуўшыся на вуліцы, Трухан першай справаю разарваў на дробныя шматкі, і па ветры пусціў, позву – чым такі апраўдальны дакумант, дык лепш прагул. Затым марудна пайшоў заснежаным тратуарам, удыхаючы водар маладога снегу, аўтамабільны дым і смурод уласнай цыгарэты… Такі ж кангламерат – каша з самых розных, палярных пачуццяў – быў у яго цяпер і ў галаве. Што? Чаму? Прачыталі… працяг… дапамога ці трэба? Ніякай магчымасці не было разабрацца. Ды і Бог з ім! Утрамбуецца з часам, высветліцца, растлумачыцца. Галоўнае – прачыталі, пахвалілі, прафілактыку – каб на няправільны шлях не збіўся – правялі… Дэбют, першае прызнанне! І няма ж у іх больш важных спраў, як у маёй біяграфіі, у маіх праблемах калупацца. Цэлы спектакль разыгрываць… Няўжо дзеля гэтых двух няшчасных аркушаў? Ці тут прасцей: трэба ім галачка, на ўлік кагосьці з ненадзейных дысідэнтаў маладых паставіць – вось выпадкова на яго і выпала гэтая латарэя. Хаця, па вялікім рахунку, любая выпадковасць – вынік заканамернасці. Каб не пайшоў ён тады на Фрунзэ, 5, каб не пазнаёміўся з Ведрычам, каб той не зацікавіўся рукапісам, каб не гэтае дзіўнае «абрабаванне» Ведрыча…

Якое глупства!

Ды на яго месцы іншы дэбютантпачатковец не ведаў бы, куды падзецца ад радасці! Проста купаўся б у гэтых першых, хай сабе і нясмелых, промнях такой арыгінальнай папулярнасці! А што, калі… не спектакль гэта? А праўда? І памогуць яму нават надрукавацца… І на іншыя мовы перакладуць… І ці не ёсць гэты эпізод усяго толькі пачаткам – чагосьці вялікага, значнага, што крута пераменіць яго лёс, яго будучыню…

Панеслі, паперлі, закружылі фантазіі чалавека!.. Да таго, што нават перакусіць забыўся зайсці ў сталоўку. Апамятаўся толькі ў пакоі. Нічога страшнага. Пазней сходзіць. Усё адно дзень прагулены. А пакуль можна і гарбаткаю з чорным хлебам перабіцца. Замест вустрыцаў з шампанскім, якімі – на добры лад – відаць, і адзначаюцца ўдалыя дэбюты.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю