Текст книги "Нічые"
Автор книги: Андрэй Федарэнка
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 14 (всего у книги 34 страниц)
VI
Самая шматлікая група тоўпілася ў Жаўрыда за спіною, акружала яго.
Быў тут высакарослы барадаты юрыст Пракулевіч – старшыня Рады (і Жаўрыдаў швагер, дарэчы); быў тут аўтар выслоўя, якое пазней зробіцца крылатым («Чаго ты сядзіш тут, калі ў Слуцку зьбіраецца Беларусь!»), Мікола Бусел; быў Васіль Русак – кіраўнік хору «культурна-асьветнага гуртка» з нявіннай назваю «Папараць-Кветка» (кіраванне «хорам» на працягу трох гадоў дало тое, што ўся Случчына аказалася аблытанай шматлікімі, выдатна арганізаванымі, у любы час гатовымі да збройнага выступлення ячэйкамі – «муз. філіямі»); былі «прышлыя», прысланыя з Гародні з Беларускай Вайсковай Камісіі штабс-капітан Якубецкі (пазней Галоўнакамандуючы беларускіх вайсковых сіл) і маёр Борык – начальнік аператыўнага штаба брыгады, ціхмяны, непрыкметны, коратка падстрыжаны і таму падобны крыху на бабра (за вочы яго так часта і звалі, не Борык, а Бобрык); быў сябра Рады Случчыны пінскі паляшук Мяшочак («апостал у лапцях, каторы на зьезьдзе шмат прыкрасьцяў нарабіў групе балахоўствуючых») – асоба хітрая, незразумелая, з тых, што абавязкова з'яўляюцца ў любым хаўрусе, – артысты па натуры, любяць прыкідвацца прасцячкамі, «варонамі белымі», аднак у кожным выпадку сабе наўме і, карыстаючыся тым, што іх не ўспрымаюць усур'ёз, спакойна гнуць свой абруч, паступова, да здзіўлення іншых, «разумных», выходзяць на першыя ролі – словам, пад шумок, без асаблівых намаганняў, ціхай сапаю дабіваюцца таго, чаго й хацелі (апранаўся Мяшочак заўсёды толькі ў сваё, у сялянскае: на нагах лапці, на плячах даматканая світачка, на галаве – шапка-кучомка, у руках – клуначак, з якім прайшоў ад самага Слуцка, так ні разу і не развязаўшы; калі выступаў, а выступаў ён часта, маючы, як і ўсе людзі такога складу, талент красамоўства, – любіў ужываць палескія незразумелыя слоўкі, сыпаў да месца і не да месца прымаўкі і прыказкі, калі патрабавалася – біў маленькім кулачком у грудзі, кляўся, бажыўся, умеў напусціць, калі трэба, на вочы слязіну альбо бліснуць з-пад павек прыхаваным гневам)...
Цяпер усе гэтыя людзі паўкругам стаялі вакол камісара Жаўрыда, і ў вачах іхніх свяціліся поўная да яго вера, нейкая непарушная, нават святая ўпэўненасць, што вось ён прачытае чарговую дэпешу-данясенне, падумае, памазгуе, абагульніць усё і тады растлумачыць усё коратка і ясна – так, як адзін ён умее. Пасля чаго яны ўздыхнуць з палёгкаю, у галовах праясніцца і ўсе яны разам, адкінуўшы абрыдлыя міжсабойныя звадкі, з новай сілай і імпэтам возьмуцца за справу...
Яшчэ б! Каму, як не яму, трыццацігадоваму Павалу Жаўрыду, было ім верыць? На каго, акрамя яго, спадзявацца?
Гэтыя, як дзень белы, ведалі, што калі б не ён, «жалезны» Жаўрыд, не сядзелі б яны тут цяпер і не пісалі б пра іх газеты і не йшоў бы пра іх розгалас у свеце. Хто-хто, а яны не маглі не ведаць і не цаніць ролю яго асобы ва ўсёй гэтай гісторыі (у прамым і пераносным сэнсе), не маглі не адчуваць, што абавязаны яму і фактам самой акцыі і, галоўнае, цяперашняму нечаканаму поспеху яе.
Яшчэ зусім свежая была памяць пра славуты, перш трагічны, а тады трыумфальны для іх з'езд Случчыны, з якога ўсё і пачалося. Калі яны, жменька эсэраў-незалежнікаў і бээнэраўцаў, са скуры вылузваліся, з усіх сіл стараліся надаць хоць які толк гэтаму стыхійнаму, пры такіх варунках ад пачатку асуджанаму на няўдачу «народнаму ўздыму», праўдамі і няпраўдамі, абяцанкамі і ўгаворамі, мальбою і гразьбою (але і гразьбою мяккаю, асцярожнаю, каб, не дай бог, не адпужнуць ад сябе яшчэ больш) да хрыпаты даказвалі, што нельга верыць ні палякам, ні чырвоным, што трэба як найхутчэй афіцыйна аформіцца ў вайсковую адзінку незалежнай Беларусі, што хаўрус з Балаховічам, Савінкавым і Алексюком – гэта пагібель, прамая і ўскосная, бо ў гэтых авантурыстаў няма і быць не можа яснай, зразумелай, даступнай кожнаму сярэдняму беларусу ідэі, «а нас можа выратаваць, – даказвалі яны, – толькі высокая агульная мэта. Калі вы таргуецеся на базары, вы ж заўсёды просіце большую цану, каб атрымаць жадаемае, так і мы давайце... Давайце называць самую высокую цану. У нашым выпадку гэта просты, натуральны, зразумелы і разам з тым святы лозунг – вызваленне ўсёй Беларусі ад любога чужаземнага захопніка і ад сваіх прыблудаў...»
Ім не верылі. Іх выступленні засвіствалі, заглушвалі тупатам ног. Дэлегаты, падбухтораныя запісачкамі, якія падкідвалі ім прыхільнікі Балаховіча і палякаў (польскае войска яшчэ не пакінула Слуцак, прадстаўнікі іхніх органаў прысутнічалі на з'ездзе, ход яго цалкам іх задавальняў, што, праўда, не перашкодзіла ім адразу ж, проста тут, у залі, на ўсіхных вачах арыштаваць аднаго з выступоўцаў-незалежнікаў, Марка Асвяцымскага, у нявінным выказванні якога: «Нам, беларусам, усё адно, з каго выбіраць: што з чорта, што з д'ябла, што з сатаны!», палякам чамусьці ўбачылася паралель паміж імі, непераможнымі ў баях і высакародна-шляхецка-справядлівымі ў міры жаўнерамі «Жэчы Паспалітае» і бальшавікамі – «гэтым тупым, труслівым, жорсткім быдлам»; пазней, дзякуючы зноў-такі Жаўрыду, беднага Асвяцымскага ледзь удалося ўратаваць ад расстрэлу, і пражыве ён яшчэ аж васемнаццаць гадоў, пакуль не будзе расстраляны ўжо бальшавікамі, і ўжо аніяк не зможа памагчы яму Жаўрыд, бо ў гэты час сам будзе паміраць у адным з паўночных канцлагераў...), – дэлегаты крычалі, самі не разумеючы што: «Якая яшчэ Беларусь?!», «Досыць, наслухаліся!», «Далоў бальшавіцкі прэзідыум!».
Бальшыню ў зале складалі сялянскія сыны, якія паспелі паслужыць у чырвоных і паспытаць, што гэта за мёд, бацькі якіх на свае вочы пераканаліся, што за шчасце польскія «рэквізіцыі» і бальшавіцкія «харчнарыхтоўкі», – дэлегаты, якія ненавідзелі «камунякаў» (як, зрэшты, і «пшэкаў») лютай нянавісцю і гатовыя былі рынуцца ў бой хоць цяпер, проста з гэтай залі, з голымі рукамі, – ды нават не ад нянавісці, а з-за таго толькі, каб змыць з сябе таўро «дэзерцір», саромнае, несправядлівае таўро, бо ніякімі дэзерцірамі, што значыць здраднікамі, яны сябе не лічылі ды і на самай справе не былі імі, а проста хацелі ведаць, за якую трасцу, за каго яны павінны складаць свае галовы?
Гэта была цёмная стыхійная маса. Многія з іх нават чуць не чулі, што ёсць нейкі «ўрад» нейкай «беларускай рэспублікі» (менскіх Кнорына з Чарвяковым-марыянеткаю ніхто за людзей не ўспрымаў), а калі й чулі, не верылі гэтаму, не маглі ўспрымаць гэта ўсур'ёз. Атрымлівалася, ён, гэты «ўрад», сядзеў невядома дзе, як мыш пад венікам, і не заяўляў аб сабе ані піскам.
Яны ведалі тры рэальныя сілы: палякі, Саветы і БулакБалаховіч. Першыя і другія, само сабою, адпадаюць, застаецца трэці. Дарма што «бацька», пашкамутаны пад Мозырам бальшавікамі, ужо не той, дарма што пагадзіўся на інтэрніраванне сваёй арміі палякамі – не такі гэта чалавек, каб скласці пакорліва лапкі: вунь і сам раз'язджае, дзе хоча, і атрадамі яго забіта-нашпігавана ўсё Палессе.
Выдатна ведалі пра гэтыя настроі і самі балахоўцы. Адчуваючы сваю моц, не сумняваючыся ў сваёй хуткай перамозе на з'ездзе, яны паглядалі на кучку незалежнікаў паблажліва, амаль са шкадаваннем, як дарослыя на дзяцей, – што ж, пагуляйце трохі ў сваю Беларусь, пацешцеся – абы не плакалі...
Сярод нямой цішыні, якую адно час ад часу перарывалі воклічы адабрэння і плясканне ў ладкі, выступіў Юзэф БулакБалаховіч, такі ж статны, такі ж маладцаваты, наўздзіў – як двайняк – падобны на свайго легендарнага стрыечнага брата тварам. Брат Юзэф растлумачыў, што брат Стась «афіцыйна з'яўляецца галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Беларусі, што яго народная добраахвотніцкая армія на цяперашні час налічвае 60 тысяч чалавек, добра ўзброеная, мае артылерыю, кавалерыйскія аддзелы, багатую амуніцыю, і ўсё гэта з кожным днём большыцца; што Станіслаў Булак-Балаховіч выступае ў саюзе з Расейскім Палітычным Камітэтам, які ўзначальвае Савінкаў, і з Беларускім Палітычным Камітэтам на чале з Вячаславам Адамовічам і Алексюком»... Выступіў нядаўні дэлегат да «бацькі» – Самусевіч, пацвердзіў усё, дадаў, што «Балаховіч сапраўдны беларус па паходжанні і па духу, ідзе пад лозунгамі незалежнай Беларусі і за «зямлю і волю сялянству»», затым расправіў і без таго шырокія плечы, дрыготкім ад гонару і аказанага яму даверу голасам аб'явіў, што «менавіта мне Балаховіч даручыў фарміраванне палка на Случчыне – вось, калі ласка, асігноўка!» – выцягнуў з кішэні кіпу нейкіх пракламацый і здалёк, ад трыбуны, памахаў адной з іх перад народам.
Ужо адны лічбы (гэта ж падумаць страшна, «шэсцьдзесят тысяч войска», ды конніца, ды артылерыя!) аглушылі, ашаламілі, загіпнатызавалі... А гэтыя строгія, не зусім зразумелыя і ад таго магічна-ўладныя словы – «афіцыйна», «патранаж», «асігноўка»?.. А прысутнасць самога генерала Юзэфа, вядомасць якога ненамнога меншая, чым у генерала Станіслава?..
Было ад чаго ім, жменьцы незалежнікаў-бээнэраўцаў, прыйсці ў адчай. З вінаватымі, разгубленымі ўсмешкамі на тварах ім заставалася адно сядзець, слухаць і адчуваць, як з кожным словам таго ж Самусевіча нарастае і нарастае, проста ў паветры вісіць пагарда да іх, слабенькіх, нічога за душой не маючых «нацыяналістых»...
І вось, калі здавалася – усё, крах, пахаваная яшчэ адна надзея неяк утаймаваць, абразуміць гэтую стыхію, пераламаць яе на свой лад, калі сярод іх саміх пачаліся сваркі (напрыклад, ужо і старшыня прэзідыума Пракулевіч пагаджаўся, каб увесь «супраціў» бальшавікам абмежаваць стварэннем і дэманстрацыяй беларускіх міліцэйскіх атрадаў у Слуцку), калі амаль змірыліся з тым, што ў лепшым выпадку яны сваім вайсковым аддзелам адродзяць, як Фенікса з попелу, тую самую клятую і імі, незалежнікамі, і тутэйшым людам Добраахвотніцкую Народную Армію Балаховіча «пад патранажам Савінкава», і тады ў іх – нуль шанцаў на падтрымку, аніякае надзеі на афіцыйнае прызнанне іх кім бы там ні было, тады і падняўся з першага рада і выйшаў сюды, да прэзідыума, малады высокі чалавек у чорным франтаватым паліто і з модным белым шалікам на шыі. Можна было падумаць, што гэта якісь замежны госць вырашыў ні з таго ні з сяго зрабіць візіт з'езду і прэцца зараз на сцэну... але дэлегаты – людзі спрактыкаваныя, шыкоўным палітонам падмануць іх было цяжка, дужа выдавалі маладога чалавека і касалапая «кавалерыйская» хада, і сама пастава яго, чалавека ваеннага, прывычнага да выпраўкі і дысцыпліны. Не міргаючы, ён уперыў вочы ў залю, ужо адной сур'ёзнасцю, суровасцю на твары ўсяляючы ў дэлегатаў павагу да сябе – маладога, дужага, упэўненага, – паказваючы, што збіць яго з панталыку, а тым больш запалохаць чым-небудзь цяжка. Упёрся магутнымі кулакамі ў абцягнуты кумачом стол, счакаў, пакуль настане цішыня. Цвёрдым голасам прамовіў:
– Я, Паўла Жаўрыд, урадам Беларускай Народнай Рэспублікі прызначаны камісарам на ўсю Случчыну, вось мой мандат, – выцягнуў з кішэні паперчыну. – Улада тут належыць толькі кіраўніцтву БНР у асобе Найвышэйшай Рады, і я як упаўнаважаны яе не дапушчу тут якіх бы там ні было атрадаў прадстаўніка «единой и неделимой» Савінкава, палітычнага трупа Балаховіча, жуліка-спекулянта на беларускім пытанні Алексюка і іншай навалачы!
Не верачы сваім вушам, яны, жменька незалежнікаў, услухоўваліся ў мёртва-пачцівую цішыню, якая раптам запанавала ў залі. Рэзкія, непамысна смелыя словы Жаўрыда падалі ў гэтую цішыню – кожнае як удар малатка аб брусок медзі.
Апамяталіся, самі цяпер разгубленыя і спалоханыя, балахоўцы: «Адкуль ён узяўся?!», «Хто даў слова?!», «Няма ў рэгламенце!». Але на іх цыкнулі і ззаду, і з бакоў (а раз'ятранага доктара Паўлюкевіча, заламаўшы яму рукі, проста выставілі за дзверы, «на ўсялякі выпадак, бо чалавека паслухаць не дасць!»).
– Прапаную неадкладна прыняць рэзалюцыю аб мабілізацыі, – тым часам біў у медзь малаток, – а таксама аб нашых адносінах да Саветаў і да Польшчы. Пры складанні гэтай рэзалюцыі абавязкова прыняць пад увагу, што нават калі мясцовыя сялянскія сілы і будуць нязначнымі для перамогі над бальшавікамі, дык у кожным разе пачатая беларускімі масамі барацьба пакажа народам усяго свету, што беларускі народ прачнуўся і змагаецца за сваю незалежнасць!
І далей тэатральным, эфектным (хутчэй за ўсё загадзя прадуманым) рухам імператара Пятра, які тыцнуў пальцам у непралазную твань і дэклараваў, што на гэтым месцы будзе закладзены горад, закончыў, як шабляю секануў:
– Тут будуць сфарміраваны ваенныя сілы Беларускай Народнай Рэспублікі!
У залі стаяла такая цішыня, што, калі нехта ў першым радзе кашлянуў ціхенька, прачышчаючы горла, многія ўздрыгнулі, бы ад стрэлу...
І раптам, у адначассе, узарвалася ўсё громам апладысментаў. Уставалі і ляпалі ў ладкі стоячы, не саромеліся слёз, якія самі сабой наплывалі на вочы... Дык вось яно, аказваецца, як! У нас ёсць свой урад, свая рэспубліка, свая мова, свае вайскоўцы! – і праўда, паглядалі адзін на аднаго збянтэжана, здзіўлена: як жа мы раней не маглі датумкаць?! Гэта ж так проста, так правільна, так натуральна – з якога боку ні глянь! Якія тут могуць быць «рускія камітэты», якія палякі, якія Саветы? Мы беларусы, мы сабраліся, мы за сваю Беларусь – адно цёмныя мы, няўчоныя, пакіраваць намі трэба камусьці... дык прыходзьце і валодайце намі!..
VII
Мірановіч затушыў лямпы, адну і другую. І без іх зрабілася не цямней, а святлей. Настаў дзень.
Жаўрыд чыркнуў алоўкам па аркушыку паперы, які ляжаў перад ім на стале, пару слоў, падкрэсліў іх двойчы – нібы падагуліў усё, што выслухаў і вычытаў за раніцу. Схаваў аловак у нагрудную кішэню гімнасцёркі.
– Ну што, цяпер ясна збольшага, – сказаў. – Пайшлі, грамадзяне-панове-таварышы! – і пасміхнуўся, даючы зразумець, што выдатна ведае пра ўсе раздраі, пра ўсе згрызоты, але іншых людзей у яго няма, усе для яго аднолькавыя, нікога ён не вылучае і ўвогуле надышоў такі час, што трэба забыць на ўсё, аб'яднацца дзеля «сьвятое справы». – Зачытаем гэтую шматпакутную дэклярацыю і патлумачым людзям, што маем на сёння.
Накінуў на плечы шынель, самы першы – паўз днявальнага, які пры яго з'яўленні выпрастаўся «смірна» і прыціснуў да грудзей вінтоўку, прытуліўся да сцяны вузкага калідора, – выйшаў на ганак. За Жаўрыдам, пераглядваючыся, перамаўляючыся, хто з гатоўнасцю, паспешліва, замінаючы адзін аднаму ў дзвярах, хто неахвотна, буркаючы пад нос, што, маўляў, «камандзіраў многа – толку мала...», высыпалі астатнія.
Зусім развіднела. Кастры на плошчы свяціліся яркачырвонымі плямамі, балюча было глядзець на іх.
Жаўрыд падняў руку.
– Так, усім строіцца! Цывільным – ачысціць плошчу! – нават не крыкнуў, а проста сказаў гучней.
Але ўсе пачулі. Натоўп на нейкі час прыйшоў у хаатычны, бязладны рух, пачаў дзяліцца, рассыпацца, аж хутка ўпарадкавалася ўсё, вайскоўцы, пастроіўшыся, засталіся на плошчы, а семежаўцы, і разам з імі палонныя і перабежчыкі, сышлі ўбок, да царквы, і пазіралі адтуль.
– Грамада! – нейтральна звярнуўся Жаўрыд. – Грамада, выступ мой будзе кароткі – гаварыць цяпер дужа не выпадае, час не церпіць! Я ў двух словах абрысую нашае цяперашняе становішча...
(«У двух словах»!» – іранічна шапнуў Мірановічу доктар Паўлюкевіч.)
– ...Абрысую нашае цяперашняе становішча, а яно, запабягаючы наперад, як ніколі нам спрыяе! Бог нарэшце павярнуўся тварам да нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны! У Рызе нарэшце падпісана гэтак званая папярэдняя «мірная дамова», – драпежнікі зноў падзялілі авечку, само сабою, не пытаючы яе згоды на тое! Аб нас, беларусаў, чарговы раз выцерлі ногі! Але нам не прывыкаць – хай! Хай думаюць, што і гэтым разам усё сыдзе ім з рук! Хай яны сабе б'юцца, хай сабе мірацца – мы ж спакойна будзем збіраць сілы, рыхтавацца, аж покуль не вымецем з нашай зямлі і тых, і другіх. Будзьма разумнейшыя, будзьма старацца знайсці сабе выгоды і з гэтай «рыжскай дамовы» таксама! А выгода найперш тая, што і бальшавікі, і палякі спыніліся: палякі – за Ланню, бальшавікі – на такой прыкладна лініі: Леніна – Вялікі Рожан – Вызна – Капыль і далей, пад Негарэлае! Ад Лані да гэтай уяўнай лініі – вёрстаў пятнаццаць, а ў даўжыню гэтая тэрыторыя вёрстаў сто, і, паводле змовы палякаў з бальшавікамі яна, гэтая тэрыторыя, аб'яўлена нейтральнай зонаю, ці нейтральным пасам, як каму падабаецца... Заходзіць у яе ні бальшавікі, ні палякі не маюць права, а гэта значыць, што нам зроблены вельмі дарагі падарунак! У нейтральнай зоне знаходзяцца наша Семежава, Морач, дзесяткі вялікіх сёлаў і сотні вёсак і хутароў, а самае галоўнае, у Баранавічах, пры чыгуначнай станцыі, у нас будзе свая камендатура!
Жаўрыд зрабіў паўзу, правяраючы, ці правільна выбраны зачын, ці не ўхаластую ляцяць яго словы. Ён змоўк усяго на які міг, але плошча адразу ажыла.
– Гу-у-ра! – пракацілася радаснае з канца ў канец яе.
– На гэтай падуладнай нам тэрыторыі, – працягваў Жаўрыд, упэўніўшыся, што словы яго трапляюць у цэль, – мы спакойна зможам дафарміраваць брыгаду, раздабыць зброю і як след падрыхтавацца да барацьбы! Галоўнае, што пра нас ведаюць, ведае ўся Расея, уся Эўропа, пра нас пішуць, нам спачуваюць і ў нас вераць! Нам будзе аказана ўсемагчымая дапамога... праўда, не з боку Антанты і не з боку Польшчы! Столькі, колькі ўбухала тая ж Антанта ў войска польскае ці ў белы рух, нам, само сабою, не відаць ніколі! Тое, як нам памаглі палякі, вы ўсе таксама добра ведаеце!
– Ведаем – памаглі!
– Ганьба!
– Трыста сапсаваных вінтовак, якімі хіба што цвікі забіваць, дык і то нязручна – вось уся іхняя помач! Яшчэ лепш ведаеце, як памагае нам славуты бацька Балаховіч, у якога склады трашчаць ад зброі. Але ён не дасць ніводнага карабіна, ніводнага патрона, ніводнай гранаты, пакуль мы не прыйдзем да яго і не папросім прыехаць да нас на белым кані і кіраваць намі!
– Далоў!
– Га-а-аньба!
– Вось такія ў нас саюзнікі, такія памагатыя, такія змагары за Беларусь! Разлічваць даводзіцца толькі на сябе, на беларускі люд, які бачыць у нас сваіх адзіных абаронцаў і збавіцеляў, на наш урад Беларускай Рэспублікі, які будзе рабіць усё магчымае і немагчымае дзеля нашай падтрымкі! На закупку зброі, на іншыя патрэбы нам будзе выдзелена неабходная сума грошай. У Слоніме ў нас неўзабаве з'явіцца свая друкарня, пачне выходзіць спачатку брыгадная, а затым, магчыма, і ўсебеларуская газета! З усіх куткоў заходняй і цэнтральнай Беларусі да нас паступаюць ахвяраванні ад грамадзян, прыходзяць пасылкі з прадуктамі, тытунём і паперамі, компасамі, біноклямі, бялізнай, цёплымі шкарпэткамі, валёнкамі, рукавіцамі, бінтамі, дасылаюць нават кажухі і світкі – магчыма, ад сям'і адрываючы! З Гародні, мабілізаваныя Беларускай Вайсковай Камісіяй, ужо выехалі к нам каля паўсотні афіцэраў – кадравых камандзіраў; дарэчы, мы таксама аб'яўляем набор сваіх маладых хлопцаў, у каго стане адукацыі і фізічнай падрыхтоўкі, у школу беларускіх афіцэраў у Лодзь! Далей – шэрагі нашыя хутка папоўняцца вопытнымі ваякамі, толькі што ў штабе былі пасланцы з-пад Глуска, адтуль з баямі прарываецца да нас на злучэнне трохтысячная добра ўзброеная брыгада!
– Гу-у-ра!
– На падыходзе да Семежава цяпер Грозаўскі полк, які ў абед увойдзе ў мястэчка, а заўтра адбудзецца ўрачысты агульны малебен – асвячэнне беларускай зброі – для двух аб'яднаных палкоў!
– Гу-у-ра!
– Даеш Грозаў!
– Цяпер такі момант! – дастаў з кішэні шыняля і расправіў паперкі Жаўрыд. – Сярод чырвонаармейцаў ёсць шмат адурманеных бальшавіцкай прапагандаю, а яшчэ больш проста запалоханых людзей, якім будуць убіваць у галовы, ды і ўжо ўбіваюць, што мы – купка бандытаў, рэшткі балахоўцаў і гэтак далей! Нам трэба шырэй тлумачыць такім людзям сваю праўду, і тады, няма сумнення, бальшыня з іх падымуць на штыкі ненавісных камісараў, а самі са зброяю пярэйдуць на наш бок! Таму намі прынята спецыяльная лістоўка-адозва «Да чырвонаармейцаў», якую кожны з вас, жадаючы, можа атрымаць у штабе... Скажу больш – не толькі прыблудныя чырвонаармейскія начальнікі, а нават і мясцовыя рэўкамаўцы, не кажучы пра звычайных чырвонаармейцаў, не ўсе маюць уяўленне, што за мы, за што мы змагаемся і ў чым наша праўда! Тут, у Семежаве, мы прынялі Дэклярацыю, якую я вам зараз зачытаю. Апроч таго што яна тлумачыць нашую цяперашнюю пазіцыю, настолькі ж яна прыдасца ў будучыні, пасля перамогі! Дэклярацыя будзе разаслана ва ўсе эўрапейскія газеты, а таксама ў Маскву, асабіста Леніну і Троцкаму.
Набраў у грудзі паветра:
– «Дэклярацыя Беларускай Рады Случчыны! У момант самаадзначэння ўсіх народаў і барацьбы іх за сваю самастойнасць і свабоду Беларусі Рада Случчыны, выконваючы волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасці нашай Бацькаўшчыны-Беларусі, падымае сцяг барацьбы за свабодную незалежную Беларусь і заяўляе ўсяму свету...»
Ён зачытаў, спяшаючыся, сухія восем пунктаў, у якіх гаварылася пра законы, пра тое, каму павінна належаць зямля, пра васьмігадзінны дзень і мінімальны заробак, пра развіццё ўсіх відаў кааперацыі, пра свабоду друку, забастовак і хаўрусаў, пра агульнае для ўсіх навучанне і правы меншасцей на самавызначэнне...
– «Першае! Беларусь павінна быць Вольнай Незалежнай Народнай Рэспублікай.
Другое! Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі будуць выпрацаваны Беларускім Устаноўчым Соймам, скліканым на аснове агульнага, роўнага, простага патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права.
Трэцяе! Прызнаючы, што зямля павінна належаць працоўнаму народу і што прыватная ўласнасць на зямлю касуецца, Рада Случчыны думае, што нормы землекарыстання маюць быць выпрацаваны толькі Беларускімі Ўстаноўчымі зборамі. Да развязання ж гэтага пытання ў Устаноўчым Сойме ўсе пастановы Часовай Рады павінны згаджацца з вышэйпаказанымі прынцыпамі. Усе ж лясы і нутра зямлі павінны быць уласнасцю Рэспублікі.
Чацвёртае! Да сазыву Ўстаноўчага Сойму павінны быць прыняты самыя шырокія меры для абароны правоў і інтарэсаў працаўнікоў, як, напрыклад, увядзення найбольшага васьмігадзіннага дня, кантроля над дабрабытам, мінімальны заробак платы і гэтак далей.
Пятае! У мэтах барацьбы з вырастаючай спекуляцыяй і ўпарадкавання тавараабмену паміж местам і вёскаю Рада Случчыны прыме меры к развіццю на шырокіх пачатках усіх відаў кааперацыі.
Шостае! Уперад да скончання развязання гэтага пытання ў Устаноўчым Сойме прызнаём на тэрыторыі Беларусі свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, рэлігій, незачэпнасць асобнасці і памяшканняў.
Сёмае! Прыдаючы першаступеннае значэнне народнай прасвеце, Рада Случчыны будзе старацца к агульнаму абучэнню ў самым шырокім маштабе.
І апошняе, восьмае! У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі прызнаюцца правы ўсіх меншасцяў на нацыянальную персанальную аўтаномію.
Абвяшчаючы аб гэтым і з'яўляючыся выказвальніцай волі народа, Рада Случчыны дэкляруе цвёрда стаяць за незалежнасць і свабоду роднае Беларусі, бараніць інтарэсы сялянства ад насілляў з боку чужаземных захопнікаў, у выпадку патрэбнасці сілаю аружжа, нягледзячы на лічбавую перавагу праціўніка, думаючы, што наша справа – праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе!
Прынята ў мястэчку Семежова 28-29 кастрычніка 1920 года».
Плошча маўчала, нават звыклага «гура» не раздалося.
Многія апусцілі галовы, як бы стараючыся лепш удумацца, якое дачыненне да іх асабіста, у цяперашнім іхнім становішчы, могуць мець, да прыкладу, пункты чацвёрты, пяты, а таксама сёмы – васьмігадзінны рабочы дзень, развіццё кааперацыі і агульнае абучэнне ў самых шырокіх маштабах...
Умомант адчуўшы гэты настрой, Жаўрыд зразумеў, што не хапае апошняга, больш «даступнага масам», акорда, і ўзяў яго:
– Грамада! Будзьма помніць, што за намі – не адно родныя загоны Случчыны, а ўся Беларусь, уся нашая дарагая Рэспубліка, народжаная, выпакутаваная і выняньчаная намі, аплочаная рэкамі крыві і тысячамі жыццяў! Бог бласлаўляе нас на святую справу, і мы пераможам, пераможам і польскага пана, і маскоўскага камісара!
(Ізноў скрывіўся Паўлюкевіч; пераглянуўся з Мацэляю і прамармытаў гучна: «Пачынаецца... няўжо нельга без крайнасцяў?..»)
Жаўрыд сціснуў руку ў кулак:
– Жыве незалежная Беларусь!!!
І хоць вокліч гэты быў яшчэ новы, нязвыклы, хоць мала хто яшчэ ведаў, як трэба рэагаваць на яго, але з'яднаныя папярэднімі словамі, знітаваныя Жаўрыдавым гіпнатызмам людзі патрапілі адказаць. Паляцелі ўгару шапкі, ускінуліся над галовамі тысячы кулакоў, вінтовак, карабінаў і стрэльбаў, з тысячы глотак ірванулася радасным: «Жыве!!!» – і нібы зліліся на гэты міг усе ў аднаго аграмаднага чалавека, з адным грамавым голасам, – чалавека, што паміма волі змог угадаць гэтае слова як адзіна правільнае.