355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Федарэнка » Нічые » Текст книги (страница 2)
Нічые
  • Текст добавлен: 28 апреля 2017, 18:30

Текст книги "Нічые"


Автор книги: Андрэй Федарэнка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 34 страниц)

ІV

За акном трошкі развіднела. У хаце было ціха. Маці зноў пайшла на працу, яна падмяняла гэты месяц сваю хворую зменшчыцу.

Васкевіч ляжаў, круціўся пад цёплай коўдраю, не жадаючы расставацца з лёгкай, ціхай прыемнасцю ад здаровага сну, ад родных сцен, ад таго, што ён адзін у хаце. Ён палюбіў быць адзін раніцамі яшчэ з дзяцінства, калі неяк, таксама зімою, моцна захварэў на вятранку і два тыдні сядзеў дома. Брат сыходзіў у школу, маці – у саўгас, а ён уключаў святло, бо за акном стаялі такія ж, як цяпер, прыцемкі, браў у ложак міску сухіх гарбузовых зярнят, кніжку – Мележа ці Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» – і за некалькі гадзін перажываў некалькі чужых жыццяў, такіх яркіх, цікавых, і разам з тым такіх блізкіх і падобных на сваё будучае жыццё... У Мележа Васіль абдымаў Ганну, а ён, чытаючы, думаў пра сваю новую маладую настаўніцу батанікі і ўяўляў, як ён вырасце і таксама будзе абдымаць дзяўчыну, падобную да гэтай настаўніцы. У кніжцы смалілі вепрука, а ён думаў, што і яны скора будуць біць кабана, а ён, Антон, залезе на печ, будзе пазіраць, як дзядзька Мікола-ляснік пакладзе на лаўку свой штык-нож, скіне шапку, перахрысціцца на пусты кут (абраз Міколы ў большай хаце), потым сядуць з братам за стол, вып'юць, матка будзе круціцца каля стала і прытворна дзякаваць, увесь час крадком пазіраючы на пляшку, ці не многа выпілі... А ён, глытаючы слінкі, адчуваючы страшны, да моташнасці голад, будзе пазіраць з печы, і вось урэшце матка падасць яму місачку свежаніны з лустай хлеба, шкваркі – каторая перасмажаная, аж чорная, каторая ледзь пажаўцелая, з белым салам, але ўсе да таго смачныя, што нават шкада глытаць іх, хочацца даўжэй патрымаць у роце, ды не слухаюцца і, неразжованыя, неяк самі пракоўтваюцца...

Тэлевізара тады не было. Антон вылазіў з-пад коўдры, бег па халоднай падлозе, уключаў радыё, стрымгалоў ляцеў назад і, лежачы, слухаў, як галасы з зусім іншага свету напаўняюць хату нейкай урачыстасцю, адчуваннем свята, быццам усё гэта для аднаго яго, хворага Антона...

Нешта падобнае ён адчуваў і цяпер. Лёгка, прыемна, радасна было ляжаць пад коўдрай аднаму ў хаце, глядзець у акно на ранішні прыцемак, але і ўставаць было радасна, бо чакала праца, якую Васкевіч умеў і любіў рабіць. Галоўнае, сам сабе гаспадар, ніхто не будзе камандаваць: як зробіш, так і добра.

Маці, падняўшыся ў чатыры гадзіны, паспела выпаліць у печы. На прыпечку стаяла патэльня смажанага мяса, падагрэтая ўчарашняя бульба. Васкевіч добра пад'еў – у Мінску забыў, калі ўвогуле апошні раз еў раніцай, – выйшаў на двор. Мароз яшчэ больш адлёг, усё было ў тумане. Дыхалася лёгка і здорава, як у дзяцінстве, ды ўсё вакол і было дзяцінствам: і гэтая сцяна хаты, і плот, і хлеў, і ледзь бачныя ў тумане абрысы блізкага лесу... А як добра само па сабе, смачна пад'еўшы! І гэтыя штаны байкавыя, валёнкі, кухвайка – цёпла, зручна...

Ён залез на гарышча, скінуў вялікія санкі, пацягаў іх трохі па снезе, каб адцерці з палазоў, у дрывотні знайшоў кавалак новай аборкі, падперазаўся і засунуў пад аборку сякеру. «Паглядзелі б цяпер на мяне хто з Мінску... – падумаў ён, ідучы агародамі па рыхлым снезе да пахмурнага лесу. – А можа, сапраўды, гэтая кухвайка і сякера за поясам якраз і ёсць маё, і не варта было рыпацца, шукаць нечага іншага...»

Ён з самага ранку настроіўся не спяшацца, як не спяшаецца звычайна ніколі сапраўдны вясковы мужык. У лесе кінуў на сцежцы санкі, доўга хадзіў, выбіраў раўнейшую, даўжэйшую хвойку. Усё былі роўныя і доўгія, і раслі пры самай дарозе. Прайшоў далей у лес – яшчэ лепшыя. Успомніў, што збіраўся насекчы лучыны, вярнуўся назад да дарогі – вось, тоўстая, камлюкаватая насечаная хвоя, насечку нядаўна нехта паліў і ўвесь камель аж да галін чорны.

Антон пасядзеў на санках, пакурыў. Усё пад бокам, думаў ён, – хочаш, хвойкі на жэрдкі, лучына, а летам тут жа, дзесяць мінут ходу, грыб, ягада, а вясною хочаш, прыходзь стаў[4]4
  Спускай.


[Закрыть]
сок – вунь тры таўсценныя бярозы на пагорку... Папляваўшы для большай спаважнасці на далоні, насек лучыны – смачна хэкаючы, адчуваючы, як слухаюцца рукі, глыбокія і ладныя робяцца падсечкі і злупліваецца зверху вялікі, з аднаго боку гарэлы, з другога – жоўта-смалісты пахучы пласт... А некалі брат рубаў, а ён стаяў воддаль, каб не агрэла трэскаю, пазіраў з зайздрасцю... Склаў пласты каля санак, зноў трохі пахадзіў па лесе, нагледзеў урэшце дзве хвойкі, адна каля адной, абтупаў снег каля камлёў, каб ссячы пры самай зямлі; пагаварыў з імі ў думках, папрасіў прабачэння, што сабраўся іх забіваць – як рабіў у дзяцінстве, калі ўсё вакол здавалася жывым, разумным, і ён гаварыў і з катом, і з рэчкай, у якой купаўся, і з морквай, якую грыз, – так і цяпер: пагаварыў: «Вядома, вам тут лепш... І гэтыя бярозы будуць па вас сумаваць, і гэты дубок, які, нябось, ужо заглядаўся на вас, гадаў, каторую ўзяць у жонкі... Але што зробіш? Будзеце вісець у плоце прыбітымі да шулаў, вуліцу паглядзіце, людзей, машыны, кот па вас будзе бегаць. Тут, у лесе, магла б бура зваліць, ці самі па сабе састарэлі б, згнілі б – і ўсё; а ў плоце паслужыце, спарахнееце, парэжуць вас на дровы, спаляць, і паляціце дымам над гэтым лесам, над Беларуссю, свету пабачыце...»

– Селянін за гэты час высек бы і абчасаў даўно! – схамянуўшыся, сказаў сабе Васкевіч.

Але настрой гэты – «здзяцінелы», узнёслы – не пакідаў яго, пакуль высякаў, цягаў па адной хвойцы, прывязваючы камель да санак, а доўгі хвост валачыўся па снезе і спружыніў на буграх і ямах, пакуль абчэсваў, здымаў кару... Раскідаў старое прасла – амаль усе дошкі пагнілі там, дзе былі прыбітыя цвікамі, парасколваў гэтыя дошкі напал, і ўсё пайшло ў дзела. Хутка новенькае прасла жаўцела сваімі новымі жэрдкамі, адыходзіць не хацелася... Насек са смалістых пластоў поўны вялікі кош лучыны, а рукі ўсё не ўнімаліся, яшчэ прасілі работы. Падмёў хату, вытрас палавікі, гадзіны ў чатыры, калі ўжо змяркалася, запаліў у грубцы. На гэты раз не паспелі яшчэ як след разгарэцца дровы, як на двары пачуўся тупат, і зайшла маці з братам Сцяпанам. Маці, відаць, адпрасілася раней, заехала ў горадзе да Сцяпана, і вось, прыбылі, вырашаць Антонаў далейшы лёс. Маці была зусім іншая, чым учора, – ці проста выгаварылася дарогай Сцяпану, ці паспела ўжо ўбачыць і новыя жэрдкі, і кош лучыны, і што ў хаце чыста.

– Ну, як ты тут, сынок? – спытала і хутчэй кінулася збіраць на стол. На гэты раз знайшлася і пляшка.

Сама за стол не села, прыткнулася на ўслончыку каля печы.

– Вот, Сцёпа, вот куды яму дзецца? – спытала маці, калі браты выпілі і Сцяпан цягнуў з міскі поўную лыжку тугіх, слізкіх у алеі грыбкоў; па яе інтанацыі можна было здагадацца, што за сённяшні дзень яна задае гэтае пытанне не ў першы раз.

– Ён жа не малое дзіця, – асцярожна адказаў Сцяпан, жуючы грыбкі, пазіраючы на брата спагадлівымі вачыма з-пад чорных густых броваў.

– З Менска я выпісаны поўнасцю, і што рабіць, пакуль не знаю, – шчыра сказаў Антон. – Можа, у горадзе можна будзе як прыляпіцца?

– І не думай! – ускрыкнула матка. Відаць, і пра гэта яны са Сцяпанам ужо гаварылі.

– Горад... – Сцяпан фыркнуў насмешліва. – Добра, калі б быў горад!.. Гэта табе не Мінск, ці, як ты кажаш, Менск. Ды гэта большае балота, большая глуш за нашую вёску, за любы хутар! Абшчагі, заводы, бруд, аўтобусы ходзяць абы-як, у выхадныя да цэнтра няможна дабрацца, а калі і дабярэшся, дык што? Што ў нас за цэнтр? Два кінатэатры? Поўна нейкіх зэкаў, хімікаў[5]5
  Вольнапасяленцаў (распаўсюджаны жарганізм).


[Закрыть]
, страшна па вуліцы прайсці... Зацемна еду на работу, зацемна вяртаюся, замыкаемся і глядзім тэлевізар – вось мне і ўвесь горад... Але хоць дзякую Богу, што вырваўся з той абшчагі рабочай, хоць гэтую маласямейку далі, а то ж страшна ўспомніць... П'янкі, бойкі, дзверы трашчаць, вады вечна няма, на кухнях нагаджана, пліты паламаныя, у душ пасля работы не сходзіш, калі і вада ёсць, бо баішся схапіць якой каросты ці грыбок!.. Наш горад!..


V

Антон лічыў старэйшага на шэсць гадоў брата лепшым сваім сябрам, самым блізкім па духу чалавекам. Яны перапісваліся ўжо гадоў з дзесяць – з тых часоў, калі Сцяпан пайшоў у армію, астаўся там «макароннікам» – звыштэрмінова, – ажаніўся, потым вярнуўся, але ўжо Антону настаў час служыць... Бачыліся яны мала і рэдка, таму толькі ў пісьмах і маглі спавядацца, раскрываць адзін аднаму душу.

Яны былі не падобныя. Сцяпан – вышэйшы ростам, плячысты, па-паляшуцку марудлівы ў рухах і словах, з грубымі, моцнымі рукамі – адразу было відаць, што чалавек працуе фізічна, многа і нялёгка працуе. У адрозненне ад бялявага Антона, які пайшоў трохі ў бацьку-нябожчыка, трохі ў светла-русага дзеда Антона, Сцяпан быў увесь у матку: зусім чорны, скуласты, з паляшуцкімі глыбокімі чорнымі вочкамі. Перад тым, як Антону ісці ў армію, яны сфатаграфаваліся – чорны Сцяпан і белы, з доўгімі патламі, у белай куртцы Антон – і ў Сцяпана потым пыталі, ці не сястра гэта яго? Сапраўды, Антон перад войскам упершыню згаліў пушок са шчок і пад носам і быў падобны на дзяўчыну.

Раней, у дзяцінстве, у школьныя гады Сцяпан, як і належыць старэйшаму, быў ва ўсім галоўны, завадатар. Антон слухаўся яго і пабойваўся, бо брат, калі што не па ім, цырымоніцца не любіў, часцяком пападала Антону і па вушах, і асабліва па тым месцы, з якога ногі растуць. Потым, калі Сцяпан, ужо жанаты, жыў у горадзе, а Антон, адслужыўшы, вучыўся ў Мінску, неяк ролі памяняліся, неяк патроху-патроху ўжо ён, Антон, пачаў выходзіць у «камандзіры», а брат слухаў яго і верыў... Сцяпан не здзівіўся, калі аднойчы атрымаў ад брата ліст, напісаны па-беларуску, ліст блытаны, з клічнікамі, з намаляваным унізе бел-чырвона-белым сцяжком, з выразкамі з нейкіх газетак... Антон пісаў, што цяпер у Мінску многа такіх, як ён, што ён раней быў сляпы, а цяпер нібы наноў нарадзіўся на свет. «Успомні, – пісаў Антон, – як у нас заўсёды, з малых гадоў жыло адчуванне, што мы – беларусы, чорт вазьмі! І самі павінны гаспадарыць на нашай зямлі! Успомні, як мы чыталі «Векапомныя дні» Лынькова, Паслядовіча – мы ж чыталі наадварот, між радкоў вышуквалі, што за «нацыяналісты»? Дзе яны цяпер? Чаго яны хацелі? Чаму іх з такой нянавісцю, пагардай, сатыраю апісваюць Лынькоў, Паслядовіч і іншыя?»

Гэта была праўда. Сцяпан адразу ж адпісаў таксама па-беларуску, паведамляў, што ён ужо аднёс на працу і раздаў рабочым выразкі з газетак, паказаў там, які сапраўдны беларускі сцяг (забягаючы наперад, скажам, што яму гэта бокам вылезла).

– Ты збіраешся... калі-небудзь вярнуцца зноў у Мінск? – спытаў Сцяпан. Ён рабіў з хлебнага мякіша шарыкі і еў іх.

– Як табе сказаць... – Антон задумаўся. – Вядома, збіраюся. Тут да смерці сядзець не буду.

– Едзь, а цябе зноў выжануць! – уставіла маці.

– Мы, пакуль ішлі, гаварылі з маткаю... Антон, ты ж не адзін такі быў? Я ніколі не паверу, што ты быў нейкі галоўны там... А выгналі цябе. Няважна, за п'янку ці за што – проста ты падлез пад гарачую руку... Шэнціць перастала. Пайшла нейкая чорная паласа, бываюць такія палосы... Трэба перажыць яе, пераседзець, і ўсё наладзіцца.

– Гэта я і сам ведаю. Але дзе пераседзець?

– Тут. У маткі. Я табе параю: ідзі заўтра ж у сельсавет, прапісвайся і жыві.

– Ды я і сам так хацеў бы! – Антона ад гарэлкі, а яшчэ больш ад гэтай спакойнай мужчынскай гаворкі пацягнула на шчырасць, якой ён з маці не мог дапусціць. – Сёння вось у лес схадзіў, жэрдак прывёз... – ён хацеў расказаць, як адчуваў сябе селянінам і як гэта добра было, але пры матцы не стаў: – Але кожны ж дзень не будзеш ездзіць па жэрдкі! А чым заняцца? А жыць за што? Цыгарэт купіць, кашулю якую новую, шкарпэткі... А на матчынай шыі я сядзець не хачу.

– Я магу чым памагаць, – сказаў Сцяпан не вельмі ўпэўнена.

– Ты сваю сям'ю глядзі, а не памагаць! – зноў умяшалася маці; аднак ёй, відаць, спадабалася, што Антон не хоча «сядзець на яе шыі». – Хай жыве! А я на што? У мяне ж і пенсія, і палучка! Матка ж на тое і матка, каб памагаць!.. Сала вунь поўны кубел, вунь кабан на паўхлява, к Колядам зарэжам, на той год два купім, картопляў поўна, гуркі, капуста... Адно, што хлеб, ды муку, ды крупы трэба купляць... Але не пі, не куры – і пражывеш, прыпяваючы!.. Матка ж цябе выганяць не будзе, раз прыехаў!..

Наеліся, дапілі гарэлку, сабраліся на двор пакурыць, але на двары за дзень так усё растала, што аж з даху капала, таму селі ў сенцах на лаве пры ўваходзе, закурылі.

– Скажы, Антон, – спытаўся брат, стараючыся сваімі кароткімі тоўстымі пазногцямі расшчапіць запалку; не змог, абкусаў яе і стаў калупацца ў зубе. – Скажы: вось я гляджу тэлевізар, радыё слухаю, газеткі вашыя чытаў... Вас жа, такіх, як ты, многа... Як магло здарыцца, што цябе турнулі? Што цябе не змаглі абараніць, адстояць? Вы ўсё ж студэнты, разумныя – ды аб'явілі б галадоўку, забастоўку, сабралі б мітынг, напісалі б у газеты!.. Там усё ж Мінск, не нашае балота!

– Хочаш, я табе зараз пакажу свой «воўчы білет»? Альбо працоўную кніжку? Там жа не напісана «исключен за политическую неблагонадежность» ці за «национализм», а за «неоднократное нарушение правил соцобщежития, появление в пьяном виде, распитие в комнате спиртных напитков...» Якая галадоўка!.. Пратэстуем супраць выгнання за п'янства?! Ды я ж пісаў табе.

– Я першы раз чую пра ўсё гэта. – Не можа быць! – уразіўся Антон. – Я пісаў табе вялікае пісьмо, перад Новым годам!

– Першы раз чую, – паўтарыў брат. – Апошні твой ліст быў перад «акцябрскімі», кароткі – усё добра, вучуся... Потым ужо матка пазваніла з работы, сказала, што ты напісаў ёй нешта пра акадэмічны водпуск і хутчэй за ўсё цябе выганяць. Я толькі здагадваўся, што нешта здарылася.

Антон усё не мог прыйсці ў сябе. Вось так так! Адно пісьмо невядома кім і навошта прачытанае, другое ўвогуле не дайшло... Брат паклаў яму на плячо цяжкую руку, сказаў ціха:

– Пры матцы не хацеў гаварыць... У мяне таксама гісторыя. Перад Новым годам вызывае мяне з бытоўкі брыгадзір – зэк, нахабны, тупое рыла – і расказвае, што ў дырэктара была нарада, дзе адзін «весь в коже» – у скура.ной куртцы – ціхенька сядзеў у кутку, а потым падышоў да яго, брыгадзіра, і сказаў: «Перадай Васкевічу, што калі ён не хоча згніць у сваёй маласямейцы, калі хоча атрымаць нармальную кватэру, хай менш торкаецца са сваімі газеткамі і менш ляпае языком. А з тым мінскім братцам мы яшчэ разбярэмся!».

Антон не верыў сваім вушам. Ён забыўся на цыгарэту, і яна сама дагарэла, прыкурыў другую ад фільтра.

– Галоўнае, не мне сказалі, а гэтаму недапечанаму зэку, які двух слоў звязаць не можа, тупы, як гэты стол! – Сцяпан пастукаў па стале тоўстым пальцам. – Гэта праз яго я павінен даведацца, чаму мне не даюць кватэру, і што з братцам будуць нейкія разборкі! Ён для іх важнейшы, больш свой, чым мы з табою!..

– Я думаў, хоць я адзін; выходзіць, і цябе падставіў, – прамовіў Антон.

Сцяпан прамаўчаў. Антон разумеў яго, ведаў, як брат марыў пра гэтую кватэру, чакаў яе, у пісьмах да Антона ужо хваліўся, дзе што збіраецца ставіць, як будзе перарабляць кухню, як у прыходжай зробіць антрэсолі па ўсім перыметры... Вось і атрымаў... А галоўнае – пра гэта Антон здагадваўся, – што кватэра надала б зусім іншы сэнс братаваму жыццю, рукі не прападалі б, і ўвогуле, што значыць пасля работы ехаць да сябе дамоў!.. Вось і дачакаўся.

– Аж неяк брыдка, – сказаў Антон. – Мы і цяпер нічога не ведаем. У чым віна? За што? Ніхто не кажа. А лісты адкрываюцца, чытаюцца, не даходзяць, а ты жывеш, ходзіш, задраўшы галаву, прыродай любуешся, кватэраў чакаеш... І раптам як снег на галаву, як малатком у лоб – бац! – высланы з Менска, бух! – «пралятае» кватэра...

Брат Сцяпан умеў слухаць, не перабіваў, падтакваў. Антон пачаў вярэдзіць сабе душу:

– Ну, мітынгаваў! Дык тады на кожнай плошчы Менска мітынгавалі, тысячы людзей!.. Значок насіў бел-чырвона-белы, дык палавіна інстытута насіла, якраз мода такая пайшла! Адказваў па-беларуску, але калі бачыў, што гэта не падабаецца, ці выкладчык прасіў гаварыць па-руску, не скандаліў, пераходзіў на рускую... Вось забі мяне, не ведаю, куды я ўлез, куды «ўступіў», як той мужык, што вечна ўступаў ці ў партыю, ці ў г...о. Цягаючыся па гэтых мітынгах, заўсёды падпішаш што-небудзь, не дужа чытаючы... Ды не проста кручком, а добра падпішаш, поўным прозвішчам, ды па бацьку, ды з адрасам і з месцам вучобы... Чэсна кажу: не ведаю і не помню, дзе і што я мог падпісаць. Але пачалося адразу ж; завальвае неяк увечары ў пакой цэлая світа: прарэктар, дэкан, камендант – чэрці, слова ж якое! – стараста паверха... Я адзін быў. Лезуць у тумбачку, у шафу, пад ложак, на балкон, на балконе з-пад старой макулатуры выцягваюць дзве парожнія пляшкі з-пад піва. Ды я год на гэты балкон не выходзіў, братцы, туды і выйсці немагчыма, усё макулатурай завалена! Пляшкі брудныя, любы скажа, што ім па сто гадоў; па-другое, лета ж нядаўна было, а летам тут абітурыенты жылі... Але складаецца акт, усё як трэба. Праўда, і я не змоўчаў, сказаў прарэктару з'едліва: «Я ж не прыходжу да вас на кватэру і не лезу ў халадзільнік!» І пакацілася ўсё, як ком з гары... На «акцябрскія» ўсёй групай выбраліся ў лес пад Менск, на шашлыкі; я не піў. У горад вярнуліся позна, я яшчэ правёў дзяўчыну, Лену, – я табе пісаў пра яе, і да інтэрната падыходзіў без пяці дванаццаць. Інтэрнат у дванаццаць зачыняецца. Ужо зачынена! А холадна, снег мокры з ветрам... Я свістаць, барабаніць у дзверы – глуха... Вахцёрка Волкава, руская (гэта важна), бабулька гадоў пад семдзесят, якую дражнілі «Гестапа», спіць недзе мёртвым сном. І толькі мо праз паўгадзіны, калі я ўжо збіраўся ісці начаваць на вакзал і, без ніякай спадзеўкі, грукнуў апошні раз, урэшце пачула, расчухалася, выплыла ў калідорчык... Я, хоць і злы, і змерзлы, але так і прайшоў бы маўчком, каб яна не прабурчэла ўслед, замыкаючы дзверы: «В следующий раз напишу докладную ректору!..» Я паварочваюся і спакойна, хоць у душы ўсё кіпіць ад злосці, па-беларуску (таксама важна) гавару:

«А можа, мне на вас напісаць дакладную? Дзе вы былі без пяці дванаццаць? Чаму вы спалі? Я павінен быў мерзці пад дзвярыма?» У яе, прывыкшай, што яе баяцца як чорт ладану, адвісла сківіца і мову адняло. Я падняўся на свой трэці паверх, у калідорчыку, не заходзячы ў пакой, каб не будзіць хлопцаў, распрануўся да пояса і стаў мыцца і чысціць зубы. Раптам страшны грукат у дзверы і ўлятае раз'яраная Волкава, з нейкай паперкаю ў руцэ. «Как фамилия?! Я добьюсь, чтобы тебя вышвырнули отсюда!» – крычыць у дзверы пакоя, а не бачыць, што я стаю збоку, каля ўмывальніка. Я ступіў да яе моўчкі, голы да пояса, з зубной шчоткаю ў руцэ... вось так (Антон паказаў як). Яна збялела раптам, анямела, вылецела на калідор і адтуль данёсся дзікі крык, ад якога, потым расказвалі, прачнулася палавіна паверxа... А назаўтра мяне выклікаюць да знаёмага прарэктара, дзе мне зачытваецца дакладная, ці «закладная», як мы звалі:

«Пьяный до того, что не мог связать двух слов... в час ночи, голый, гонялся за мной по коридору с ножом в руке...» Але гэтую Волкаву не любілі нават тыя, каму яна навушнічала, і дэканша, якая чамусьці таксама сядзела ў прарэктара, захіхікала. Тут і я не вытрымаў: «Вашая Волкава, пражыўшы тут семдзесят гадоў, магла б навучыцца калі не гаварыць, дык хоць бы разумець чалавечую мову; не «мог связать двух слов» – гэта не што іншае, як беларускія словы, якія для яе гучаць як тарабарская грамата!..» Тут ужо і сам прарэктар засмяяўся; але паперка пайшла ў справу, і чарговае строгае папярэджанне павісла ў фае на дошцы аб'яў... Ну, а потым так супала, што настаў мой дзень нараджэння. Тут ужо сапраўды грэх было не выпіць... Набраў я віна, нясу ў сумцы, а на вахце ўжо чакае знаёмая кампанія:

Волкава, якая і на дзяжурстве сёння быць не павінна, камендант інтэрната, стараста паверха, прарэктар, якому іменна не было чаго рабіць тут, на інтэрнатаўскай вахце, у тры гадзіны дня... Не памог і пашпарт, які я прадбачліва захапіў, ідучы ў магазін, пашпарт, у якім чорным па беламу было напісана, што нарадзіўся я акурат сёння. «Шыльду бачыш? «Пронос спиртных напитков, а равно и распитие оных, строго запрещено»? Нічога тут пра дні нараджэння не сказана...» Складаецца чарговы акт, назаўтра мяне проста з лекцыі забіраюць і на гэты раз не да знаёмага прарэктара, які паспеў ужо стаць мне як бы трошкі раднёю, а заводзяць у пустую аўдыторыю. Там сядзіць адзін малады чалавек. Адзеты не «в кожу», як знаёмы твайго брыгадзіра, а ў харошы касцюм, са стракатым французскім гальштукам. Малады чалавек назваўся Николаем, расказаў, што сам ён з Тульскай вобласці (?), любіць рыбалку і часта перачытвае не помню якога пісьменніка. Відаць, мая рэакцыя была нейкая не такая, як яму хацелася – я проста глядзеў на яго і лыпаў вачыма, – бо малады чалавек раптам дастаў і паказаў мне чырвоную кніжачку, дзе было напісана, што ён – старэйшы лейтэнант. Я хацеу дакрануцца да яе пальцам, Коля не даў, схаваў яе і ўрэшце прама заявіў, што я ўліп, як швед пад Палтаваю. Я ўздыхнуў і апусціў галаву. ён сказаў, што яшчэ нічога страшнага, «всё поправимо», толькі мне трэба будзе раз у месяц у пэўныя часы прыходзіць у гэтую аўдыторыю і расказваць, як здароўе маіх беларускамоўных сяброў. Гэта значыць, Лены, Антоненкі, Брусаўца, Алеся Рамановіча... Я адмовіўся. Тады малады чалавек раптам спытаў, ці ёсць у нашай вёсцы рэчка, а ў рэчцы рыба? Пачуўшы маё «ўгу», ён – я пабажыцца гатовы! – засаромеўся, трошкі пачырванеў і папрасіў мяне не здзіўляцца, калі ён як-небудзь завітае да мяне ў госці, на рыбалку.

– Вось такі атрымліваецца «мітынг пратэсту»... Якую мне было аб'яўляць галадоўку? Павесіць на шыю шыльду: «Пацярпеў за тое, што

распіваў напіткі «оные» і п'яны хацеў згвалтаваць бабку Волкаву»?

Браты пасмяяліся, але неяк нявесела.

– Тым больш, сам бачыш, што табе ў горад няма чаго торкацца, трэба тут сядзець, – сказаў Сцяпан, устаючы з лаўкі.

І больш на гэтую тэму гаварыць не сталі; пайшлі ў дрывотню – там было праведзена святло і стаяў наждак. Антон круціў ручку, а брат правіў сякеры і нажы, і, нібы між іншым, без усялякай, здавалася, сувязі з тым, што пачуў зараз ад Антона, расказаў, як нядаўна адзін хлопец з іхняй работы разам з жонкай і дачкою разбіліся на матацыкле.

– Куды яго паперла зімою? – здзіўляўся Сцяпан. Ляглі спаць рана, і тэлевізара не глядзелі. Ціха, цёмна, чуваць, як вецер пасвіствае за акном, толькі гардзіны на вокнах бялеюць, а так не відаць ні падлогі, ні сцен, ні столі. Маўчыць, відаць, адразу ж задрамаўшы, змораная маці, маўчыць, хоць не спіць, варочаецца на сваёй канапе брат...

І Антон, у якога даўно прайшоў лёгкі хмель і тое ўзбуджэнне, з якім расказваў пра свае мінскія прыгоды, зразумеў раптам, чаму брату не спіцца, чаму ён згадаў небараку-матацыкліста – ды брату проста страшна! Таму ён і згадвае тых, каму яшчэ горш, чым яму можа быць! Інакш чаму ён так змяніўся пасля Антонавай гісторыі? Не смяяўся, слухаючы, хоць былі ў гэтай гісторыі і смешныя моманты – ва ўсялякім разе, Антон стараўся расказваць гумарыстычна, – не стаў суцяшаць, хоць мог бы, павінен быў бы... Старэйшы, разумны, дужы, дарослы брат, якога Антон заўсёды лічыў такім жа, як сам, толькі лепшым – баіцца!

«А я? – спытаў у сябе Антон, пазіраючы на светлыя плямы гардзін, прыслухоўваючыся да свісту і кропляў зімовага дажджу. – Мы ўсе тут: і Сцяпан, і матка, і я думаем і адчуваем цяпер аднолькавае... Разбярыся ў сабе – і ўведаеш, што ў іх на душы».

А на душы ў Антона быў страх. Той самы, ранейшы мінскі страх, які пасяліўся ў ім яшчэ тады, калі ён ясна зразумеў, што не проста так да яго чапляюцца, не «чорная паласа пайшла», як сказаў Сцяпан, а яго знарок «пасвяць», каб выкінуць урэшце з Мінска. Быў час, калі страх гэты прытупіўся, але гутарка з братам зноў развярэдзіла яго – нібы зуб быў вырваны, і звыкся да дзіркі ў роце, і раптам зноў боль, і аказваецца, не ўвесь вырвалі, а недзе глыбока астаўся сядзець цалюткі корань...

«Да таго мінскага братца дабярэмся... Вось і дабраліся. А ён, сляпы дурань, – сорамна ўспомніць! – здаваў семінары, канспектаваў лекцыі, за Ленай бегаў і ўжо марыў, як некалі прывязе яе сюды, у вёску, і будзе расказваць, ведучы яе ад станцыі, пра кожнае помнае дрэва, кожную паваротку дарогі, пра кожную хату, на якую Лена пакажа пальцам... Ён жыў, ні пра што не дбаючы. А ў гэты самы момант у нейкім кабінеце рука здымала тэлефонную трубку, званіла ў другі канец Беларусі, і другая рука падымала трубку, называліся яго прозвішча, імя, правяралася біяграфія, заводзілася папка, клаліся ў яе паперы... Жылі побач з ім дарослыя людзі, для якіх цікавіцца ім, Васкевічам, была такая ж будзённая, магчыма, са сваімі «прелестями» і цяжкасцямі, звычайная праца, за якую грошы плацілі – такая ж, як для маткі праз дзень дабірацца на свой заводзік, як для брата гарбаціцца на будоўлі...

«Нічога не скончана, – думаў Антон, не могучы не тое што забыцца і задрамаць, а і вачэй прыплюснуць. – Гэта толькі пачатак. Як проста... Чорная глухая ноч, машына падкоціць – і не пачуеш, не ўбачыш. Стук у шыбку. Пяць хвілін на зборы. Матка галосіць... Ну і што, што канец ХХ стагоддзя; 1991-ы год? Ну і што, што я нікога не забіў і не абакраў? Вось так жа думалі Лебяда, Гарэцкі, Зарэцкі, сотні, тысячы іншых. Мы – чыстыя, сумленне наша чыстае – за што нас «браць»? Цяпер жа не сярэднявечча, не інквізіцыя, не імперыялістычная, не грамадзянская войны, не ваенны камунізм – няўжо тыя, чые ідэі даўно перамаглі, не змогуць у спакойны, мірны час адрозніць ворага ад не-ворага? Як гэта нас, маладых, разумных, сумленных, гатовых служыць пераможцам верай і праўдаю, ні з таго ні з сяго забяруць? А так, вельмі проста. За шкірку. Ты думаў калі, што цябе, выдатніка, цяперашнім часам можна адлічыць з інстытута і выкінуць з Менска? Ды яшчэ два месяцы назад ты назваў бы гэта дзікім абсурдам! А ў цябе ніхто і не папытаў!»

Відаць, усё ж праўда, што думкі могуць перадавацца, як гэтае цяпло ад напаленай грубкі. Інакш як растлумачыць, што матка раптам перастала пасвістваць носам, уздыхнула, пакруцілася і зусім бяссонным голасам разарвала гнятлівую цішыню:

– Глядзі, каб яшчэ не прыехалі «чорным воранам» ды не забралі ў якую цюрму!

– Што гэта ў цябе ўсё ў «цюрму» ды ў «цюрму»?..

– Ага! Ты не помніш, Сцяпан не помніць, а я добра помню, як пасля вайны «варанкі» гайсалі!.. Лягаў чалавек спаць, а назаўтра няма, і па сённяшні дзень ніхто не знае, дзе...

Самае дзіўнае было, што брат не спаў – а маўчаў. І Антон нічога матцы не адказаў. І матка больш не адзывалася.

Ляжалі без сну – і кожны думаў адно і тое ж.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю