355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Федарэнка » Нічые » Текст книги (страница 6)
Нічые
  • Текст добавлен: 28 апреля 2017, 18:30

Текст книги "Нічые"


Автор книги: Андрэй Федарэнка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 34 страниц)

ХІІІ

Перад 17-м сакавіка бабка вымыла вокны, вышаравала падлогу ў калідорах і ў «клубе». Васкевіч памог Івану перанесці з бібліятэкі ў «клуб» сталы; з каморкі, з-пад рознага друзу выцягнулі дзве чырвоныя, аблупленыя, брудныя урны, у кутку «клуба» збілі з фанеры кабіны «для тайнага галасавання», бабка павесіла шторы – «ад тых вубараў», заслала сталы чырвоным паркалем, паабтыркала хваёвымі лапкамі ўваходныя дзверы і кабіны... Бабка была вясёлая, прыбраная, Іван цвярозы, спаважны, у новай шапцы – словам, да рэферэндума гэтага (ні бабка, ні Іван і слова такога не маглі вымавіць) рыхтаваліся сур’ёзна, урачыста, як да якога вялікага хрысціянскага ці паганскага свята.

Васкевіча падчас гэтых падрыхтовак – а ён воляй-няволяй вымушаны быў памагаць – не пакідала адчуванне, што робіцца нешта несапраўднае, бутафорскае, падманлівае для людзей, нешта, па-руску кажучы, «жалкое»... Точна такое ж ён перажыў ужо адзін раз, у арміі, дзе ўпершыню давялося галасаваць. Як жа іх тады вымучылі, колькі марынавалі на розных сходах, як па адным выклікалі да зампаліта-капітана для інтымных размоў!.. «Падумайце яшчэ, добра падумайце! І лепш адразу прызнайцеся – хто не хоча галасаваць? Можа, хто веруючы,– дык скажыце; можа, у каго ў сям’і былі асуджаныя за палітыку – прызнайцеся, не цягніце!» Не было такіх ва ўсёй роце, усе хацелі галасаваць, але зноў і зноў збіраліся сходы, і зноў напрамілы Бог упрошвалі ў нечым прызнацца, нешта ўспомніць... У час адной з такіх гутарак-упрошванняў, адзін на адзін з зампалітам, асалавелы Васкевіч ледзь не нагаварыў на сябе – маўляў, веру ў Бога, таму не магу галасаваць, – каб толькі адчапіліся ад душы. А як ім хлусілі, што дзень выбараў будзе самым «дэмакратычным» днём! Ніхто не ведаў, што гэта такое. Аказваецца, каманды «пад’ём!» не будзе, могуць спаць колькі ўлезе. «Пад’ёму» сапраўды не было, але без пятнаццаці шэсць ротны ціхенька прывёў у казарму двух украінцаў-музыкаў, з баянам і бубнам, пасадзіў іх побач на табурэціках, даў знак – і музыкі, маладыя хлопцы з вучэбкі, «урэзалі» такога гапака, што палавіна роты пасыпалася з верхніх ярусаў – думалі, «трывога»... Да сямі раніцы ўся як адзін чалавек часць прагаласавала. На сняданак далі – сярод рускай траскучай зімы – па добрай порцыі салаты са свежых гуркоў, памідораў і зялёнай цыбулькі ў алеі. Вось тым гапаком ды смачнай салатаю і запомніліся тыя выбары, і яшчэ – адчуваннем сораму за сябе і за ўсіх, і боязі зрабіць нешта не так і гэтым пакрыўдзіць зампаліта, ротнага, хлопцаў «хахлоў» з іхнім гапаком...

І цяпер, памагаючы Івану і бабцы, Васкевіч таксама напускаў на сябе сур’ёзнасць, гнаў ад сябе сорам і адчуванне ўбоства ўсяго, што робіцца. Ну, хай ты такі разумны – але людзі вераць, і ты вер, ці хоць бы рабі выгляд, што верыш; нават у душы не пагарджай... Будзь як усе і менш думай.

– Хіба цяпер так галосяць (галасуюць), як колісь? – казала, разаўспамінаўшыся, матка. – От тады, пры Сталіне! Зіма, мяце, свету белага не відно, Сцяпаніха ляжыць памірае, а яны падляцелі на санях, закруцілі ў кажух, кінулі яе ў санкі, як даўбешку, і паперлі на ўчастак!

Казала гэта маці з павагай, адабрэннем. «І ні пры чым тут Сталін, – думаў Васкевіч, – а тое пры тым, што жыла гэтая бедная затурканая Сцяпаніха, нікому не патрэбная, – і раптам спатрэбілася некаму! Ды так, што сані па яе прысылаюць, у кажух кутаюць... А людзі ўсё бачаць...»

– А ты за што будзеш галасіць? – спытала маці.

– А ты?

– За саюз савецкіх рэспублікоў! – урачыста адказала маці, нават інтанацыяй падстройваючыся пад кагосьці, ад каго магла пачуць гэта. – Бо інакш прападзём, как рудыя мышы!

– А я – ніяк не буду, – больш каб падражніць яе, сказаў Антон.

– Ну-ну! – засмяялася, ківаючы галавою, маці. Відаць, для яе не пайсці галасаваць здавалася большай крамолай, большым святатацтвам за любы грэх. – У цюрму ўміг забяруць!

Антону раптам прыйшла ў галаву цікавая думка, і яму расхацелася спрачацца з маткаю і даказваць ёй нешта. Да апошняга часу ён усё ніяк не мог вызначыцца – як усё ж быць на гэтым рэферэндуме, чый бок прыняць? Месяцы два назад для яго не было б тут ніякіх праблем – вядома, удзельнічаць у рэферэндуме, хоць і здагадваючыся, што гэта чарговы падман людзей; вядома, прагаласаваць за незалежнасць Беларусі ад каго б там ні было...

Але цяпер, будучы столькі часу ў адзіноце, калі проста вымушаны пра многае добра падумаць (як упрошваў некалі зампаліт), забыты сябрамі, начытаўшыся «сур’ёзных» кніг, героі якіх так з’едліва-саркастычна ставіліся да ўсіх задумаў людскіх, так пагарджалі «мітуснёй побытавай», – цяпер Васкевічу карцела зрабіць нешта адваротнае таму, што робяць усе.

Думка, якая прыйшла яму ў галаву пасля славутай матчынай «цюрмы», была вось якая (прыйшоўшы ў бібліятэку, ён нават занёс яе ў сшытачак, каб яшчэ лепш для сябе праясніць):

«Ты верыш, што калі закрэсліш «ДА», гэта нешта дасць Беларусі? Нават не адзін ты, а калі ўся Беларусь гэтае «ДА» закрэсліць?

Магу зразумець кліч «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!» – і праўда, узяць, урэшце, аўтамат ці абрэз і пайсці ў гэты вунь лес заслужваць, заваёўваць Незалежнасць.

Магу зразумець, калі ўсе як ёсць беларусы – ад Езярышчаў на Віцебшчыне да Славечны на Гомельшчыне – возьмуцца за рукі і праз усю Беларусь зробяць «жывую нітку», як прыбалты нядаўна рабілі.

Але верыць, што Незалежнасць можна здабыць простым «росчерком пера», і з гэтым пагодзяцца, і паднясуць гэтую Незалежнасць на ручніку, з хлебам-соллю?! Калі хоць адзін разумны чалавек у гэтае верыць, дык можна толькі павіншаваць яго.

З другога боку – верыш, што калі выкасуеш «НЕТ», настане «мир и согласие»? Ды нічарта і ў гэта не веру!

Урны насіць па хатах буду, галасы падлічваць буду, плакаты клеіць – бо мне за гэта як бібліятэкару грошы плоцяць і я павінен іх адрабіць; але бюлетэня нават у рукі не вазьму!»

Быў светлы яшчэ вечар. Антон вяртаўся з бібліятэкі, мясіў чаравікамі, якіх цяпер ані не шкадаваў, разбітую машынамі сакавіцкую гразь, быў п’янаваты, за пазухай пад курткай нёс непачатую «бомбу» шампанскага, – і сэрца яго спявала, душа рвалася ў гэтае светла-шэрае, як вочы ў сямікласніцы Наташы, неба; хацелася раскінуць рукі і абняць, прыгарнуць да грудзей усё наваколле: і гэты ўжо ледзь зазелянелы луг, разрэзаны чорнай дарогаю, і голае мокрае кустоўе за лугам, і далёкую-далёкую шэра-чорную палоску поля, і гэты зялёны хваёвы лес, што ўжо недалёка наперадзе...

Антон ішоў, востра заўважаючы і ўсю вакольнасць, і кожную драбніцу, – бачыў луг, лес, высозную хвою на ўзлеску, і разам з тым адначасова ўмудраўся ўбачыцы старую пажухлую траву пад гэтай хвояй, і, здавалася, кожную шышку, кожную іглічку на лапцы гэтаи хвоі... Ён адначасова бачыў і любіў усё гэта. Але ён заўважаў усё гэта падсвядома, неасэнсавана, вачыма, але не сэрцам, не думкамі. Сэрцам і думкамі ён усё яшчэ быў за два кіламетры адсюль, у чатырох сценах сярод стэлажоў, стракатых ад кніжак...

Ён захацеў успомніць нешта самае важнае – і не змог. Каб успомніць, трэба было храналагічна ўзнавіць у памяці ўвесь сённяшні дзень. У лесе Васкевіч пайшоў яшчэ цішэй, па купіністым цупкім выступе пасярод дарогі, між слядоў ад машын. Трохі яму ўдалося сканцэнтравацца. «Было так: я чакаў яе. І баяўся. Каб гэтая другая сустрэча не парушыла нешта... Што? Потым дадумаю, а цяпер – храналогія. Я сумаваў. Глядзеў на гадзіннік – калі дзённы аўтобус? Ведаў, што не павінна яна вось цяпер прыехаць, і яшчэ больш цвёрда ведаў, што прыедзе. І яна прыехала. Выйшла з аўтобуса адна. Боязь апраўдалася – на ёй была не школьная форма, а нейкая сіняя сукеначка, белая кофтачка... Ах, не трэба было б! Пераапранулася для мяне, а, галоўнае, магчыма ў сястрынскае... Але калі ўвайшла і ўбачыў гэтыя вочы шэрыя, і вусны, шчочкі – падумаў: дурань, ды свежую кветку стаў хоць у кітайскую парцаляну, хоць у шчарбаты слоік – яна ўсё адно астанецца прыгожай свежай кветкаю... Яшчэ – важна! – сонца з дальняга акна прабілася, асвятліла яе ўсю – і я ўбачыў, што яна не русая, а рыжа-русая... Рыжаватая. Усе армейскія і інстытуцкія гісторыі разам кінуліся ў галаву – што рыжыя самыя сексуальныя... Пахне таннымі духамі. Таксама – для мяне, і таксама – не трэба было б!.. Але добра з ёю. І сорамна. Бабка зайшла, глянула. Іван зазірнуў, выйшаў.

– Антон, чаму ты гаворыш заўсёды па-беларуску?

– Не пытай лепш... Быў час, ненавідзеў гэтую мову, акцэнт хацеў вытравіць, каб і следу не асталося; цяпер сябе за тое ненавіджу! Хоць каму ні расказваў, аказваецца, усе праз гэтае прайшлі. Не ведаю, і тлумачыць не буду, ды і не змагу растлумачыць, але ведаю, што памру з гэтай моваю.

– Мне так падабаецца!..

Вочы свецяцца – ды ты закахалася, дзяўчо! Анегін знайшоўся, бібліятэкар двароўскі! Каб выпіць, лягчэй было б, ведаў бы, што рабіць. «Пасядзі, Наташа, я адскочу ў магазін...» Дзве «бомбы» шампанскага ў руцэ – чэрці, перад рэферэндумам наперлі гэтага шампанскага ва ўсе вёскі! – глядзяць усе ўслед, Іван стаіць каля веснічак, пакурвае моўчкі... Звар’яцець можна – усе ж ведаюць, што яна тут сядзіць, а ты адкрыта віно цягаеш! Піў без закускі – не даставаць жа сала з цыбулінай... Пасля дзвюх шклянак – лёгка, прыемна, яе любіш, людзей любіш, сябе... Пра Менск, 2-ю лінію метро, мост праз Свіслач, дзе дамба і вербы над лавачкамі, плошча Леніна і Чырвоны касцёл; на лістку накрэсліў, у якім раёне жыў, куды хадзіў гуляць... Ёй усё цікава.

– Калі будзеце ўспамінаць пра Лену, буду зваць на вы і перастану прыходзіць.

Ого. Вось, гэтае трэба ўспомніць.

– У цябе хлопец ёсць?

Апусціла галаву, усміхнулася чуць.

– Ты з ім цалавалася? (А што, п’янаму мора па калена.)

Паціснула плячыма.

– Сама не ведаеш? Напалавіну цалавалася? (Што я да яе прычапіўся?! Але бляфуе так няўмела, нікога ў яе не было.) А мяне пацалуеш?

Сядзіць моўчкі, галоўка апушчаная, валасы рыжа-русыя, ірдзее, як мак. Падышоў раптам і пацалаваў (а каб хто нарваўся?!) – у шчаку, потым у вусны, моцна... Ледзь не задыхнулася, але няўмела паспрабавала адказаць. Калі і ёсць у яе які школьнік – гэта дзіцячае, на ўзроўні запісачак па парце, яна – свежая, дзіця-няўмеха.

– Табе было непрыемна?

Апусціла галаву – не, наадварот!»

Васкевіч ужо ішоў па сваёй ціхай гэтым часам вёсцы, глядзеў па баках на знаёмыя хаты і платы; ізноў думкі яго рассыпалі храналогію, у галаве мігцелі толькі бязладныя абрыўкі: «Пацалуй мяне...», «Чаму па-беларуску?», «Анегін чортаў!», «Не ўспамінайце пры мне Лену...»

– Цьфу!

Вось Пульсавая хата – лепш пра яго думаць. Вунь, чуваць, кашляе, вядром грыміць... Можа, зайсці? Не, пазней,– а пакуль пайду дадому і вып’ю яшчэ шампанскага. «Не ўспамінайце пра Лену!..»


ХІV

Маці яшчэ не было. На стале ляжала яе запіска з раніцы: «Аддыхай, я ўсё зраблю сама».

Васкевіч асцярожна – набыў ужо вопыт – адкаркаваў шампанскае, палюбаваўся, як віхурыцца ў шклянцы, падымаюцца з дна і ледзь заўважна лопаюцца-пырскаюць на паверхні шарыкі газу, выпіў залпам, выйшаў на двор.

Ужо стаяў прыцемак, але той прыцемак, калі здаецца, што ўсё вакол бачыш лепш, чым светлым днём; калі прадметы робяцца як бы больш выпуклымі, кантрастнымі. Зусім нізка ляцелі гусі і крычалі ні то сумна, ні то радасна…

І ніколі раней не бачаны малюнак адкрыўся раптам перад Васкевічам. На захадзе, у тым канцы вёскі, дзе шаша, падняўся з-за хат светлы-светлы на шэрым небе, сферычны паўкруг. Нейкі час ён не памяншаўся і не павялічваўся, і было ўражанне, што гэта дзве машыны сталі там, на шашы, лоб у лоб, і свецяць адна на адну фарамі. Але вось з двух бакоў быццам два пражэктары ўлупілі раптам у гэты паўкруг, скрыжаваліся ў цэнтры яго, разарвалі; знізу з’явілася і заззяла фіялетавая паласа, вышэй – бэзавая, яшчэ вышэй – зялёная... Паўкруг пачаў распаўзацца, палосы пераліваліся адна ў адну, дрыжэлі, плавіліся, ігралі колерамі, як мазут на вадзе – і ўсё шырыліся, большалі, раслі ўвышыню і паўзлі сюды, да хаты Васкевіча, з двух бакоў агінаючы вёску, – быццам нехта хацеў нацягнуць над ёю на ноч дзівоснай прыгажосці купал...

Васкевіч стаяў і не мог адарваць ад гэтага купала вачэй. Яму здавалася, што ён у планетарыі – да таго ўсё было ненатуральна, казачна. Але вось пабляк купал, расталі ў цёмным небе квятастыя палосы, і настала ноч. Антон пайшоў да Пульса. Пульс жыў адзін, у вялікай хаце, трымаў кабана, курэй; у хаце, ва ўсіх трох пакоях, чыстата была наўздзіў – палавічкі чыстыя, ложкі засланыя, падлога вымытая, посуд чысты і акуратна стаіць на палічцы над газавай плітою... Убачыўшы Васкевіча, ды калі яшчэ той гупнуў на стол сваю пачатую пляшку, узрадаваны Пульс адразу ж кінуўся ў каморку, прынёс яек, сала, пачаў ладзіць на газе яечню – адзінае, што ён мог прапанаваць любому госцю (а ён лічыў госцем і кідаўся частаваць, любога, хто пераступаў парог яго хаты). Каля печы стаяў тапчан, засланы дзяружкаю; Васкевіч, як звычайна, улёгся на ім, а ногі ў чаравіках закінуў на біла – чаго з Пульсам цырымоніцца?..

Пажаўцелая, абшытая фанераю столь, печ, паўз ляжак на жэрдачцы – вязкі цыбулі, грыбы сухія… Рабілася ж колісь гэтая хата, і печ клалася, і людзі радаваліся… І дзе яны ўсе цяпер? На грудку паміж Двароўкай і Сасноўкай, пад бярозамі і дубовымі крыжамі… У адзін месяц – Васкевіч добра запомніў той летні месяц у свой апошні год перад арміяй – тры смерці… Першая – старэйшы Пульсаў брат, якому жонка здрадзіла з брыгадзірам, не вытрымаў і павесіўся. Матка – маленечкая, сагнутая ў крук шчыруха, хадзіла-хадзіла на могілкі, гаравала-гаравала, і раптам надумалася і выпіла скляначку ацэтону, якім дачка – Пульсава сястра – сцірала лак з пазногцяў. Тады была вераб”іная ноч, страшная, з маланкамі; а яны, хлопцы, і Пульс разам, сядзелі ў старым клубе, пілі самагонку і гулялі ў карты… І вось раніца, вуліца – бы чужая, з паламанымі слівамі паўз платы, сліўкі ўсе абарвала, уся зямля ўсыпана; бульбоўнік, авёс, жыта – усё палегла… Васкевіч выйшаў на двор мыцца і ўбачыў, што Пульс едзе некуды веласіпедам. “Матка памерла, ёпа-маць! – кінуў весела на хаду, а сам сівы-сівы, як голуб. – Цытон выпіла! На станцаю еду!” Чаго на тую “станцаю”, хто яго навучыў туды ехаць, што ён там збіраўся рабіць – званіць у міліцыю, у “скорую”, куды?..

Тыдні праз два ў той жа месяц сканаў і Пульсаў бацька, дома. Ізноў, толькі не раніцай, а ўдзень, ехаў веласіпедам Пульс на станцыю і весела тлумачыў цікаўным: “Бацько памер, ёпа-маць!”, – а сам яшчэ больш ссівелы… З гэтага бацькі, такога рабацягі, гаруна, якіх пашукаць, які згарбеў ад работы задоўга да пенсіі, яны, малыя і дурныя, смяяліся, дражнілі, – сагнуўшыся, паказваючы, быццам носяць гарбы, а ён крычаў, махаючы кулаком: “Падажджыце, дажывеце да маіх гадоў – ракам будзеце поўзаць! Але вы х… дажывеце да маіх гадоў!..”

– Знайдзі мне жонку… Прывязі з дома енвалідаў, – завёў сваю песню Пульс, калі яечня была гатова і селі за стол. Выпіў поўную “маліноўскую” шклянку, заеў шкваркаю, выцер сала з губ. Сівы, патлаты, смяецца – зуба пярэдняга няма…

– Добра, я знайду табе жонку, прывязу. Яна ж твае грошы забіраць будзе, усю пенсію!

– А я не дам! Біць буду!

– Дык хто з табою тады будзе жыць? Яна ж цябе кіне, ці спаць з табою не будзе лягаць.

– Я слухацца буду, кажу!.. Буду любіць, біць... «Смяешся з яго – а сябе успомні, – падумаў Васкевіч. – Пакуль гэтая малеча да цябе не прытулілася, успомні, які быў... А цяпер і гусей пачуў, і купал неба ўбачыў, і жыць ахвота... Так і ён: знайшлася б якая баба, не пабаялася, пайшла б за яго – і сама жыла б як у Бога за пазухай, і ён змяніўся б, ні адзін дурань не смяяўся б...»

Васкевіч пасядзеў, пагаварыў, і сабраўся ісці, калі віно скончылася. Але Пульс схапіў яго за руку:

– Пастой!.. – пабег у камору, там нешта грымнула, упала; вярнуўся – рукі па самыя локці ў муцэ, белыя, у руках – паўлітровы слоік самагонкі. Дзе ён яе хаваў, на які выпадак?..

Васкевіч астаўся, піў, п’янеў, мала-памалу захапіўся і, як чэхаўскі Іона сваёй каняцы, расказаў Пульсу пра Наташу, і пра Лену, і пра Мінск, і пра фіялетавую паласу на небе...


ХV

Маці пачала катурхаць Антона гадзін у шэсць раніцы. Ён сеў на ложку, прыслухаўся. З меншай хаты даносіліся чужыя галасы. Пасля ўчарашняга «кактэйлю» – шампанскага з самагонкаю – усё плыло перад вачыма, трашчала няшчасная галава... Хто там, што каму трэба?.. Ах, чорт, сёння ж рэферэндум... Перамагаючы сябе, пасунуўся ў меншую хату.

Там, за сабраным ужо сталом, сядзелі Лобан і старшыня іхняга Двароўскага выбарчага ўчастка, былы Васкевічаў завуч, а цяпер пенсіянер, Панас Маркавіч. Васкевіч даўно яго не бачыў. У школе ён вёў фізіку, строгі быў, разумны, прыгожы, высокі, падцягнуты – капітан-франтавік. Усе настаўніцы і вучаніцы старэйшых класаў былі закаханыя ў яго. Але славуты ён быў больш іншым – любоўю да чаркі. З завучаў яго знялі пасля таго, як ён прапіў школьныя грошы на дзіцячыя навагоднія падарункі. Васкевіч ведаў, што Панас Маркавіч недалюблівае яго, бо ён адзін раз на ўроку хіміі ляпнуў:

«Вопытаў не будзе – Панас Маркавіч сухі спірт з’еў!»

Нехта данёс – і вынік: сярод круглых пяцёрак адна тройка, па фізіцы. Гаварыў Панас Маркавіч заўсёды чыста па-руску, хоць і быў мясцовы, – нават на ўроках у школе, якая лічылася беларускаю.

Калі заспаны, з перапою, Антон вылез на кухню, Панас Маркавіч еў шкварку; Лобан нічога не еў і не піў, чакаў. Васкевіча ад аднаго позірку на гэтую шкварку ледзъ не зблажыла. Толькі ён сабраўся ўсімі праўдамі і няпраўдамі адпрошвацца, каб пайсці дасыпаць, як Панас Маркавіч ужо наліваў яму чарку... І няёмка неяк было адмовіць старому свайму настаўніку, – а галоўнае, Васкевіч цяпер так адчуваў сябе, што сказалі б яму – выпі ацэтон, як Пульсава матка, ён, мабыць, выпіў бы і ацэтон...

Васкевіч, стараючыся не дыхнуць, не расціскаючы зубоў, да крыві прыкусіўшы губу ў роце, каб фізічным болем перабіць агіду, проста сілаю ўкаўтнуў у сябе цёплую самагонку. Ніколі да гэтага ён не пахмяляўся – спрабаваў, але не памагала. «Усё, зараз мяне вырве!.. – падумаў ён, заводзячы пад лоб вочы. Але, на яго вялікае здзіўленне, не прайшло і трох хвілін – і адбылося дзіва. У галаве раптоўна праяснела, боль знік, ад млявасці не асталося і следу, цела налілося здароўем, маладосцю, лёгкасцю, сэрца забілася пругка і радасна... Выпілі па другой – яшчэ лепш: цудоўна ўсё, які гэты Лобан прыемны, сядзіць сабе тут... І Панас Маркавіч – разумнік, і ніколькі не рэжа вуха яго знарочыстая руская мова; сорамна толькі, што колісь пакрыўдзіў яго, – і Васкевіч ледзь утрымаўся, каб зараз жа не папрасіць прабачэння за той «сухі спірт». Ляпнуў, пакрыўдзіў старога заслужанага чалавека, франтавіка.

На развітанне Панас Маркавіч ласкава сказаў матцы:

– Спасибо за хлеб-соль, хозяюшка! – і яны ўтрох выйшлі ў ранішнюю мокрую цемрадзь.

Каля хаты стаяў «Масквіч» з будачкай. Васкевічу, як самаму маладому, даручылі несці урну, Лобан узяў папку з бюлетэнямі, Панас Маркавіч ішоў налёгку.

У першай, адразу за мосцікам, хаце Васкевічавага суседа дзядзькі Юлена жылі Юленавыя цешча і матка, якія, лічылася па спісах, самі не маглі дабрацца да ўчастка. Зайшлі да Юлена. У меншай хаце палілі ў печы, завіхалася каля прыпечка з нейкімі чыгунамі маўклівая Юленава жонка, і адна з бабулек – сухенькая, вясёлая, шустрая – гэкала пасярод хаты секачом бульбу ў ражцы. Сам Юлен сядзеў за сталом і еў. Панас Маркавіч, як толькі ўвайшоў, яшчэ з парога і вачыма і носам пацягнуўся да стала. Але Юлен, эканомны мужык-багатыр, быў не Васкевічава маці, таму іх не запрасілі нават прысесці. Юлен накрыў газецінай патэльню, з якой еў, ачысціў ад крошак край стала, успёр на пераносіцу акуляры і, адвёўшы далёка і ўбок руку, быццам быў касы, доўга ўглядаўся ў бюлетэні, крактаў, кашляў, урэшце выкрасліў у абедзвюх паперках слова «НЕТ». Бабка выцерла аб хвартух рукі і весела, гатоўна, акуратна піхнула паперку ў урну. Другая бабка ляжала ў цёмнай бакоўцы; калі зайшлі і Юлен уключыў святло, яна нават не паварушылася, не расплюшчыла вачэй. Ляжала, як нябожчыца, уцягнуўшы рот, склаўшы на грудзях рукі.

– Спіць, – Юлен крактануў, не ведаючы, што рабіць з паперкаю.

– Ладно, чего там, – і Панас Маркавіч падаў знак, што будзіць старую не трэба, можа і сам Юлен за яе прагаласаваць.

Але той чамусьці марудзіў, не адважваўся. Тады Панас Маркавіч узяў яго руку ў сваю, патыркаліся над урнаю дзве далоні – белая настаўніцкая і дужая, грубая мужыцкая – і нарэшце паперка знайшла шчыліну.

Другая хата, дзе жыла хворая пенсіянерка Вера, была на тым канцы вёскі, пад лесам. Вырашылі ехаць «Масквічом». Антону давялося лезці ў смярдзючую, прапахлую бензінам цёмную будачку. Пакуль даехаў, уся лёгкасць ад пахмелкі неяк выпарылася, растрэслася, зноў стала моташна, захацелася спаць... «Чаго я цягаюся за імі?!» – тупа думаў ён.

У Верчынай развалюсе не аказалася нават калідора; проста з двара піхнулі дзверы і адразу апынуліся ў адзіным «пакоі». Лямпачка не гарэла, добра, хоць у печы палілася... Васкевіч, пераступіўшы парог, перш не адразу зразумеў, дзе гэта яны – быццам нейкая сіла перанесла іх аж у мінулае стагоддзе... Гліняная чорная падлога, як ток у хляве; па падлозе скачуць водбліскі агню; каля печы – цэлая гара бульбы, пахне катамі, мышамі... За печчу, з-за складзеных штабелем дошак, рохнуў кабанчык, квокнула кура... На разасланай кухвайцы каля печы сядзіць дзіця гадоў пяці, у нейкіх лахманах, складае з лучын зруб калодзезя, тут жа «лялькі» – абтырканыя запалкамі вялізныя бугрыстыя бульбіны... На сцяне лічыльнік вісіць на правадах, ледзь ліпіць, тынк каля правадоў увесь аблез, адваліўся... У правым кутку на падлозе – міса, у левым – таз, ля печы – таз... Нават пры такім святле добра відаць, як столь скрозь пабіта ў чорныя і жоўтыя плямы, у якія прасочваецца вада...

Гаспадыня – высокая, хваравіта-распухлая – стаяла пасярод хаты, упёршы рукі ў бокі, моўчкі глядзела на няпрошаных гасцей. Водбліскі агню прабягалі раз-пораз па яе дзябёлым насатым твары і рабілі яе вочы, ды і сам твар, ды і ўсю постаць пагрозліва-ўрачыстымі.

Дзіця раптам спалохалася, падхапілася, пабегла і схавалася за ложак, у цёмным кутку. Васкевіч ведаў, што гэта была Верчына ўнучка, якую Верчына дачка нагуляла ў горадзе, прывезла і кінула матцы. Цяпер Верка дабівалася на гэтае дзіця дапамогі ад сельсавета, але дабіцца не магла, бо яно было прапісана ў горадзе, у дачкі; дачка тую дапамогу атрымлівала і акуратна, як расказавала Верка ў магазіне, «прас...а».

– Пришли предложить тебе, Вероника Ивановна, отдать свой голос... – урачыста пачаў Панас Маркавіч, мацаючы Васкевіча за плячо і выштурхоўваючы трошкі наперад.

– На табе голас! – не менш урачыста адазвалася Верка, тыцнуўшы ледзь не ў нос Панасу Маркавічу вялізную дулю. – Голас даць?! А хто мне што дасць?! Паглядзі, сволач, на гэтыя дзіркі ў столі! Ты бачыш, як з іх вада свішча?! Паглядзі на гэтае дзіця біркулёзнае! Хто мне за яго заплоціць?! Ты бачыш, што шчотчык вадою вывернула, трэйці дзень вісіць, я ж сама яго не пастрою! Я ж да яго падступіцца баюся, што б вы так свету белага баяліся!

– Зробім, зробім, – вінавата сказаў Лобан.

– Які вы ўжо год робіце?! Толькі век чуеш «зробім!», «зробім!» – перадражніла Верка. – Смалы я вам дам, а не голас!

– Ну, ты знаешь, с этим не шути! – папярэдзіў Панас Маркавіч, як бы незнарок адступаючы трошкі назад да парога.

– Ідзі ты разам са сваім саюзам рэспублікоў к ... мацеры! – адрэзала жанчына і дэманстратыўна завярнулася да агітоўшчыкаў спіною.

Васкевіч не ведаў, куды яму дзецца ад сораму, ад жалю да гэтай Веркі, добрай, замучанай жыццём жанчыны, якая цяпер проста радая была, што вось прыйшоў час, і яна спатрэбілася, і яе ўпрошваюць, і яна можа хоць неяк некаму паказаць сваё гора... Каму? Хай гэтыя, чужыя, а ён, Васкевіч, свой, вясковы, – ён нашто сюды прыплёўся, удзельнічае ва ўсім гэтым?..

– Іванаўна, прагаласуйце, – папрасіў Лобан. – Усё зробім...

– Нет, не прагаласую!

– Что ж, пусть. Только потом не пожалей, – прыгразіў Панас Маркавіч, і яны пайшлі, але пайшлі марудна, чакаючы, што іх пазавуць. Ніхто не пазваў.

Пастаялі каля машыны.

– Давайце за яе кінем, – прапанаваў Лобан.

– Ну, нет! Всякая дрянь еще будет тут... Вярнуліся назад, упрошвалі, пагражалі, абяцалі; урэшце Верка, палічыўшы, відаць, што досыць, нацешылася, спагнала злосць, зусім добрым, нават жартаўлівым голасам папрасіла Васкевіча «крэмзануць дзе трэба, бо баба ж ўжо сляпая!» Ён «крэмзануў» – і Верка такім чынам прагаласавала за Саюз.

Васкевіч першы выскачыў з хаты, кінуў у будку «Масквіча» урну і, нібы вучань-двоечнік з нелюбімага ўрока, проста ўцёк дадому. Прыбег, заваліўся спаць і праспаў аж да абеду, калі матка ўжо вярнулася з участка. Яна была вясёлая, прывезла каўбасы, піва, зефіру.

– Цябе ж там шукаюць усе! Ідзі хоць глянь, колькі людзей, колькі ўсяго панавезлі ў магазін!..

Васкевіч выпіў пляшку піва і пасунуўся ў Двароўку. Знарок ледзь перастаўляў ногі, каб нікога не застаць. Ішоў і думаў пра Наташу, прасіў у думках, каб здагадалася і прыйшла сёння ўвечары ў бібліятэку. Яны б проста моўчкі пасядзелі б, ён бы курыў, яна б пазірала на яго...

У Двароўцы ля магазіна тоўпіліся людзі. Каля школы ўжо нікога не было. Васкевіч увайшоў у цёмны калідор, пачуў галасы ў «клубе» – відаць, яшчэ падлічвалі бюлетэні. Ён прыслухаўся.

– ...Тарасиха где? – чуўся голас Панаса Маркавіча.

– У больніцы, – адказваў нехта. – Там прагаласуе.

– А эта... как её... Адамиха?

– Чорт, праўда, забылі... Схадзіць?

– Ладно... Дай сюда бюллетень...

Васкевіч зразумеў, што і старая Адаміха зараз «аддасць» свой голас «абноўленаму саюзу». Яшчэ больш стала прыкра, гідка ад усяго гэтага. Ён ціхенька адчыніў дзверы ў бібліятэку, праслізнуў туды, і калі ўбачыў знаёмыя карэньчыкі кніг, удыхнуў знаёмы кніжны пах, калі сеў за сваю «кафедру», закурыў, убачыў крэсла, на якім Наташа сядзела, калі яны цалаваліся, – толькі тады на душу зноў лёг супакой... Хутчэй бы канчалі свае выбары, і зноў яго ніхто не чапаў бы, і ўсё пайшло б ціха-спакойна, як і раней!

Раптам піханулі з калідора дзверы ў бібліятэку, – ён аж уздрыгнуў – здалося, гэта тыя, «галасоўшчыкі», пачулі яго і ідуць зваць рабіць якую-небудзь трасцу. Не, увалілася цэлая кампанія: Пеця, Ручка, Люда (дзяўчынка, якая падказвала чорнаму «цыгану», якой картай хадзіць, якая спадабалася тады Васкевічу), яшчэ нейкая чарнявая, рослая, незнаёмая яму зусім дзяўчына, яўна не мясцовая...

– Антон, можна мы тут вып’ем? – папрасіў Пеця, ставячы долу вялікую сумку. – Няма дзе прыткнуцца, клуб заняты, а на вуліцы холадна.

– Ну, давайце, – паціснуў плячыма Васкевіч. – Толькі ціха.

Размясціліся ў дальнім кутку, накрылі газетаю часопісны столік. Васкёвіч замкнуў дзверы.

Рослую чарнявую звалі Ірэна, гэта была Пецева стрыечная сястра, прыехала з Гомеля. Яна аказалася вясёлай балбатухай, а пасля, калі Васкевіч выпіў і ўжо не саромеўся добра яе аглядаць, ён зразумеў, што яна – з тых гарадскіх дзяўчынак, якія з 13 гадоў пачынаюць туляцца з хлопчыкамі па пад’ездах і паддашшах, і што цяпер, – а цяпер ёй на выгляд было гадоў 20 – яна, як кажуць, «видала виды», дзеўка яшчэ тая, і адсюль яе раскаванасць. Але гэта было яшчэ лепш; яе прысутнасць надавала гэтай выпіўцы пэўны шарм. На Васкевіча дыхнула забытым ужо Мінскам, інстытутам, Ленаю...

Сімпатычная Люда амаль не піла, зноў сядзела ціхенькая, маўклівая, і зноў Васкевічу захацелася ўзяць яе за руку і весці з гэтага балота, у якім яна нібыта задыхаецца.

П’яны Ручка пасля першай чаркі палез да Васкевіча абдымацца:

– Дык ты, аказваецца, нармальны хлопец! Чаго ты раней з намі не выпіваў?

– А я вам што казаў? – умяшаўся Пеця.

– Я думаў, ён... – і Ручка змоўк і не стаў казаць, што ён думаў раней пра Васкевіча.

Пачалі расказваць, як галасавалі. Ручка, непахмелены, з самай раніцы сядзеў пад магазінам, чакаў, калі падвязуць піва. Сядзіць, а матка паўзе на сваіх кіёчках галасаваць. Ручка крычыць: «Мамо, кінь там і за мяне!» А яму ўстаць і прайсці да школы сто метраў. Ірэна расказвала так:

– Вместо того, чтобы самому пойти за больную мать бросить, так он ее просит!

– А што, ёй лягчэй, яна ж на двух вядушчых мастах! – смеючыся, казаў Ручка пра матчыныя кійкі.

Смяяўся Ручка, рады, што яму даюць увагу, смяяліся дзяўчаты, смяяўся Васкевіч – ад таго, што прыйшлі вось людзі, якіх ён першы ці другі раз у жыцці бачыць, і весела з імі, проста, і дзяўчаткі такія прыгожыя...

З «клуба», відаць, пачулі шум у бібліятэцы. Нехта тузануў за ручку дзвярэй. П’янаваты і смелы Васкевіч зрабіў усім знак, каб сядзелі як сядзелі, нікога не баяліся, прачыніў дзверы роўна настолькі, каб пралезці, і праціснуўся на калідор. Там стаяў Панас Маркавіч.

– Антон?! Почему вы не отдали голос? Вы же – секретарь комиссии!

Апусціўшы галаву, каб не глядзець былому завучу ў вочы, Васкевіч, аднак, прамовіў цвёрда:

– Панас Маркавіч, я галасаваць не буду.

– Почему? Хочешь, голосуй против Союза. Ведь я же знаю, что ты – против.

– Зразумейце, Панас Маркавіч, – я ні за, ні супраць. Я супраць галасавання ўвогуле, як працэсу... Гэта ж таксама маё права, згадзіцеся, – не галасаваць зусім.

– Нет... подожди!

Але Васкевіч павярнуўся, каб прашмыгнуць назад у бібліятэку; тады і Панас Маркавіч прытрымаў дзверы, не даў ім зачыніцца, і ўвайшоў следам. Увайшоў, убачыў вясёлую кампанію, нейкі час моўчкі і пільна аглядаў усё і ўсіх, быццам збіраючыся лепш запомніць, тады сказаў:

– Эва! – і выйшаў, ляснуўшы дзвярыма.

«Я падаю! Лячу ўніз, – думаў Васкевіч, ізноў падсядаючы да сваіх новых сяброў. Ён піў, стараўся жартаваць, смяяцца, а на душы шкрэбла: – Не галасаваў, уцёк, каб не хадзіць з урнаю па хатах, устроіў п’янку... Усё гэта дарам не мінецца!»

І яму ўспомніўся той вечар з Наташаю, у гэтай вось бібліятэцы, калі было так добра і спакойна... Нашто ён самахоць усё разбурыў?.. Каму трэба яго прынцыповасць, хто гэта зразумее?..

Але Ручка сядзеў такі ціхі, прыструнены, глядзеў на Васкевіча, як сабачка на гаспадара, дзяўчаткі былі такія вясёлыя, сімпатычныя, Пеця – ветлівы, уважны, ільсцівы – наліваў Васкевічу першаму, падсоўваў лепшую закуску, замаўкаў сам і цыкаў на ўсіх, калі Васкевіч збіраўся штосьці сказаць, штурхаў пад бок Ірэну, ківаючы на Васкевіча: «Ну, бачыш, якія ў нас хлопцы? У вас у Гомелі гаворыць хоць хто па-беларуску?»

Васкевіч піў, і мала-памалу гарэлка знішчала яго трывогу. Але тут зноў пастукалі ў дзверы. Васкевіч, злы, думаючы, што гэта зноў Панас Маркавіч, адчыніў іх і ўбачыў маладзенькага сяржанта міліцыі. Адразу стала ясна – Панас Маркавіч паспеў ужо данесці і вось яго, Васкевіча, прыйшлі арыштоўваць.

Сяржант, не заходзячы, павітаўся і неяк нясмела, нават сарамліва папрасіў:

– Ребята, извините, помогите, толкнуть машину... Застряли посреди деревни!

«Ведаю вашыя машыны! – думаў Васкевіч, калі яны ўтрох, следам за сяржантам, пацягліся на вуліцу. – Зараз наручнікі надзенуць, а Ручка з Пецем – панятыя...» Але яму, п’янаму, зусім не было страшна.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю