Текст книги "Нічые"
Автор книги: Андрэй Федарэнка
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 34 страниц)
IV
Выйшаў з веснічак Чуб з абярэмкам вінтовак. Уладкаваў зброю на падводу, паўз драбіну. Памацаў забітых праз брызент, праверыў, ці як след звязаныя палонныя, пашморгаў вяроўку – ці добра трымаецца на кручках... Затым, бы цяпер толькі заўважыў, павярнуўся да натоўпу. Ссупіў бровы, уставіў рукі ў бокі – вялізны, што той мядзведзь, спытаў, грозна варушачы вусамі:
– Так – і што вы тут не бачылі?
Дзядок, абапіраючыся на крывуліну, падаўся бліжэй. Патлумачыў:
– Дык гэта... Стаімо, жджэм, – і азірнуўся на вяскоўцаў, чакаючы падтрымкі.
– Чаго вы жджэце?
– Дык гэта... вядома... Каб сваё забраць, калі раздаваць пачняце, – дзядок паказаў крывулінаю на мяшкі доле і на падводзе.
– А хто вам сказаў, што мы будзем раздаваць? – яшчэ больш павысіў голас Чуб. – Я ў вас пытаю!
Раптам як стаяў – рукі ў бокі, – так і пайшоў на дзядка:
– Сыны, унукі ёсць?
– Дык гэта... – сумеўся той, змізарнелы перад такой скалою. – Два сыны, а ўнукі малыя...
– І дзе сыны? Я спадзяюся, у нас у атрадзе? У Семежаве?
– Дык гэта... па хадзяйству...
– Па хадзяйству?! Мы там мерзнем, гібеем, кроў праліваем за вас жа, а вы – па хадзяйству?! Толькі і робіце, што ў валенкі ціхенька пшыкаеце ды на гарачых чаранах, у цяпле ў дабрэ, валяецеся?! Саветам ці палякам, маць вашу растакую, дык вы нічога не шкадуеце! – усё больш распаляўся Чуб, наступаючы на разгубленага дзядка. – Вам пугаўём у шыбіну стукнуць, дык вы і лапкі ўгору, апошняе сала з кубла цягнеце, апошні крыж нацельны гатовы сарваць з сябе і аддаць! А нам, сваім героям, сваёй доблеснай беларускай народнай арміі вам меркі аўса шкода?!
Крыху астыў, супакоіўся.
– Зараз слухайце мне і запамінайце і па хатах разнясіце. Пра тое, што тут было, каб ні адна жывая душа не пікнула! Калі прыедуць, стануць пытаць, скажаце – так і так, былі чырвоныя, забралі, што ім трэба, і паехалі сабе ў Вызну. Зразумелі? Ды не тапчыцеся тут без толку, слядоў не рабіце!.. І помніце, чэрці, калі што... – пагразіў таўсценным пальцам.
– Не, гэта ж я так сабе, – зашамкаў спалохана, апраўдваючыся, дзядок, палічыўшы, відаць, што пагроза найбольш яго тычыцца. – Бярыце на здароўе – сваім не шкода! – сказаў, а выцвілыя падслепаватыя вочкі ўраз заслаліся жалем і паказалі на іншае – што шкада, яшчэ і як шкада свайго дабра і чым вы, такія «абаронцы», розніцеся тады ад Саветаў ці ад палякаў?..
Аднак на астатніх прамова Чуба падзейнічала. Усё правільна, так і трэба, сіла павінна быць сілаю – з кулакамі, з мацюкамі, а яшчэ лепш – з крывянкамі, тады і паважаць можна, тады і слухацца ахвота...
– Правільна, хлопцы!
– Бярыце на здароўе!..
– Чым гэтай набрыдзі, дык лепш сваім ужо...
Нават дзяўчынка, якая моцна трымала Васільку за руку, саромеючыся ўласнай смеласці, выгукнула званчэй за ўсіх:
– Што ж гэта – сваім шкадаваць?!
– Даўно б так, – змякчыўся Чуб. – Хоць і тугавата, але даходзіць да вас, нарэшце разумна загаварылі. Словам – давайце, давайце ўсе па хатах!
– І то праўда – што гэта мы тут...
– Сляды адно робім...
– Будзем маўчаць!
– Маўчаць трэба, бо сабе ж горш...
Не слухаючы, Чуб павярнуўся да падводы. Распарадзіўся:
– Гнат, паглядзі тут. Я скора, – і пайшоў назад у двор.
Каля ганка ўсё было чыста. Стары Карпа дзяўбаў заступам настылую зямлю.
– Каб ямку ды закапаць, – патлумачыў, паказваючы на згрэблены ў кучку бураковы снег.
– Яшчэ там, на агародзе... – Чуб хацеў сказаць, што і там трэба будзе прыбраць хоць трохі, замясці, але зірнуў на неба, нізкае, панурае, зацягнутае цяжкімі хмарамі, махнуў рукою – абыдзецца, наваліць снегу за ноч, усё схавае.
– Дзяніс дзе, у хаце?
Карпа ўгукнуў. Прыставіў заступ да сцяны, пасунуўся следам за Чубам у хату.
У хаце, асабліва пасля вуліцы, аж у нос давала змешанымі пахамі аўчыны, брагі, квашанай капусты, непрыбраных закусак на стале, застаялага нявыветранага махорачнага дыму і найбольш востра – тымі асаблівымі, якія нічым не пераб'еш і ні з якімі іншымі не зблытаеш, пахамі хворага чалавека і немаўляці. На печы за комінам сярод кучы лахманоў ляжала хворая Карпава жонка, а ў большай хаце (Чуб ведаў), так ні разу і не паказаўшыся ім на вочы, сядзела з дзіцём Карпава нявестка, жонка старэйшага сына Данілы, які, як і меншы, Дзяніс, быў у Семежаве ў брыгадзе.
Дзяніс стаяў у кутку каля лавы і піў, прагна каўтаючы, ваду з жалезнай кружкі. Калі ўвайшлі бацька з Чубам, адарваўся, не падымаючы вачэй, прамармытаў:
– Захварэў, здаецца...
– Ну дык не дзіва, без шапкі на дварэ, – заўважыў Чуб. – Ты б мо ваду халодную пабярогся піць?
«Здзекуецца? Насміхаецца? Ці папраўдзе не здагадваецца ні аб чым? Напляваць – абы хутчэй скончылася ўсё, абы яны нарэшце з'ехалі адсюль», – пакутліва думаў Дзяніс.
Чуб па-гаспадарску, не пытаючы дазволу, падышоў да стала.
– Дагуляць не далі, – шчодра плюхнуў сабе ў чарку з вялікай бутлі. – Ну, дзе наша не прападала! На дарожку!
– Піце на здароўе...
Карпа замітусіўся:
– Дый сабраць жа вам трэба чаго... І Данілу гасцінец будзе... Усё ж ёсць! Каўбасы пакладу, і сала, і масла...
– Вось за гэта дзякую, бацько. – Чуб выцер мокрыя губы, укінуў у рот кавалак сала без хлеба.
Дзяніс, які крадком назіраў за ім, аж перасмыкнуўся. «Гэта не людзі! Пасля ўсяго прыйсці, і жлукціць гарэлку, і чвякаць салам!..» Ізноў яму захацелася неяк уцячы адсюль, каб не бачыць нічога, схавацца, як малому, у сваім ціхім надзейным куточку паміж хлявом і прыбіральняю.
– Дзяніско, сынок! – пачуўся з-за коміна слабы голас. – Падай і мне вады!
Ён хуценька боўтнуў конаўку ў цэбрык. Аберуч, падняўшыся на дыбкі, падаў маці.
– А што гэта бухала там, на дварэ? – напіўшыся, спытала хворая.
– Нічога, ляжы сабе, – адказаў заместа сына Карпа, які вярнуўся з сянец, трымаючы ў руцэ ладна ўпакаваную палатняную торбу. – Гэта так, хлопцы балваліся... Лепш падай там цыбулі нізку. Ды большую знайдзі, не чужым даём... Данілу нашаму...
Зашамацела на печы цыбуля.
– Даніла ваш цяпер ого, – паказаў пальцам у столь Чуб. Відаць, усё ж была ў ім віна перад гаспадарамі за ўсё, што ўчварылі, і цяпер ён, як умеў, хацеў падхваліць іх. – Пры вялікім начальніку, ардынарац камандзіра палка! Самога Чайкі – героя – ардынарац...
І хоць не раз сёння чуў Карпа пра гэтага «героя – вялікага начальніка», а ўжо ў раз дзесяты слухаў гэтую наіўную, няўмелую пахвальбу свайго старэйшага сына, але ізноў клюнуў.
– Дык я яшчэ адскочу!.. Паляндвічкі дакладу, ёсць жа месца яшчэ... Хай, можа, камандзіра пачастуе, а то сам будзе есці, а той слінкі глытаць, – сказаў і адразу ж зазлаваў на сябе, што выкрыў неасцярожным словам гэтую бацькоўскую хітрасць: маўляў, паддобрываць трэба камандзіраўначальнікаў, тады і сынам паслабка будзе... Прыкрыкнуў на сына: – Хадзем у камору, паможаш хоць што!.. Хоць накрыўку з кубла патрымаеш...
Застаўшыся адзін, Чуб выпіў яшчэ. Потым, рыпаючы падлогаю, пайшоў у большую хату. Зазірнуў у баковачку. Каля пабеленай грубкі стаяла люлька, побач на табурэтцы сядзела маладзіца і дзюбала носам, змагаючыся са сном. Чуб кашлянуў асцярожна, хацеў паглядзець на малога ў люльцы, аж маладзіца ад яго кашлю страпянулася, устала, растапырыла рукі, засланяючы люльку сабою.
– Куды ты лезеш да яго, чорт абкураны!
Але, нягледзячы на сярдзітыя словы, ні ў голасе, ні ў вачах яе – пустых, выплаканых, вымучаных адзінотаю – не было ўжо ні злосці, ні гневу; не было ўжо сілы наракаць ні на гэтае непрыкаянае сабачае жыццё, ні на гэтых людзей, што звялі з сабою яе чалавека, ні на самога гэтага чалавека, які немавед чаго, дзеля чорта лысага адцураўся сям'і...
– Данілу перадаць што? – спытаў Чуб ціха.
Адказу не дачакаўся.
– Ну, нічога... Мо як-небудзь, – сказаў, абы хоць што сказаць.
Вярнуўся ў меншую хату. Карпа прыбіраў са стала. Набітая торба – мяшок добры, а не торба – стаяла, прыслоненая да прыпечка. Дзяніс пазіраў у акно, калупаў пазногцем падаконнік. Шынялёк і фуражка віселі каля дзвярэй на ўбітых у сцяну драўляных палачках – «вешалцы».
– Ну што – адзявайся памалу, – сказаў Чуб. Прыўзняў торбу за лямкі, паважыў. Пабаяўшыся, мусіць, што абарвуцца, падхапіў другой рукою знізу, прыціснуў да жывата.
– Кажу ж, захварэў... – Дзяніс нават не павярнуўся. – Горла дзярэ... І галава...
– Хай мо і праўда пабудзе трохі, – нясмела ўступіўся за сына Карпа. – Скажэце ўжо там... Мо сварыцца дужа не будуць, Даніла ж там пры начальстве...
– Ну, глядзі. – Чуб паставіў торбу на падлогу, выцягнуў з кішэні Кецкаў наган, паклаў на край стала. – На – на ўсялякі пажарны. Вінта забяру, мала што... І за ноч пастарайся вылечыцца. – Дадаў насмешліва: – Каб заўтра з раніцы быў як штык у Семежаве. А то і Даніла не паможа... Чуеш?
– Угу, – буркнуў Дзяніс, так і не павярнуўшыся.
Неўзабаве воз зарыпеў прыстылымі да зямлі коламі, Гнат цмокнуў і шлёгнуў канцом лейцаў бліжняга каня, падвода сарвалася з месца і шпарка пакацілася снегавой дарогаю да лесу. За падводай цугам, на адлегласці метра паўтара адзін ад аднаго, пацягнуліся звязаныя палонныя. Збоку ішоў Мікола, пасвістваючы, з вінтоўкаю на плячы. Ззаду – рукі ў кішэнях – Чуб.
Стоячы каля веснічак, гледзячы ўслед, Карпа перахрысціў працэсію і тады толькі схамянуўся:
– Вяроўку, вяроўку неяк перадайце, хлопцы!
Але яму не адказалі. Падвода ад'ехала ўжо далекавата, і ніхто, мабыць, не пачуў.
V
Цяжка сказаць, на што разлічвалі, што за планы выношвалі «бацькі»-камандзіры Слуцкай брыгады, якая пакінула горад і выправілася след у след за палякамі, невядома, чым бы гэта скончылася (хутчэй за ўсё калі б палякі так і адступалі далей – пад Ліду, пад Берасце ці да самой Варшавы, нашыя случчакі рабілі б тое самае, ціснучыся да іх), каб не ўмяшаўся яго вялікасць гістарычны Шанец. Той самы, які яшчэ не раз акажа паслугі гэтым некалькі тысячам амаль бяззбройных людзей, заціснутых на латачцы зямлі паміж дзвюма аграмаднымі арміямі...
Палякі сталі за ракою Лань, чырвоныя прасунуліся крыху далей на захад за Слуцак. Так брыгада атрымала ад літасцівага лёсу першы падарунак – яна засталася на тэрыторыі сваёй мясцовасці і сярод сваіх людзей, часта ў прамым сэнсе – сярод блізкіх і дальніх сваякоў. Паміж вельмі ўмоўнымі, зігзага-пункцірнымі лініямі франтоў і ўтварылася тая славутая латачка зямлі, што ўвойдзе ў гісторыю як «нэўтральны пас», «нейтральная зона», «нейтральная паласа», «нейтральная зямля» і, нарэшце (самая ўдалая назва), – «нічыйная зямля».
Вестка аб тым, што далей можна не спяшацца, застала случчакоў у мястэчку Семежаве, і гэта быў ім другі падарунак лёсу. Аддаленае вёрстаў за трыццаць на захад ад Слуцка мястэчка апыналася ў самым цэнтры «нічыйнай зямлі», на роўнай адлегласці ад палякаў і Саветаў; даволі вялікае, акружанае дзвюма рэчкамі, Мажай і Мораччу, было яно, праўда, не зусім удалае ў стратэгічным плане – з амаль бязлесымі ваколіцамі, затое багатае хлебам, салам, сенам і аўсом, а галоўнае – патрэбнымі людзьмі. Заможным мясцовым сялянам было што абараняць, яны былі зацікаўленыя ў сваёй – беларускай – уладзе і гатовыя былі падтрымліваць случчакоў чым заўгодна (два палкі, Грозаўскі і Семежаўскі, былі сфарміраваны за тры дні!).
Словам, брыгада з усімі камунікацыямі размясцілася ў Семежаве, і соннае дасюль мястэчка апошні тыдзень пачало нагадваць прыфрантавы гарнізон. Новыя весткі прыходзілі з кожнай гадзінай, і бударажылі, і ўзвінчвалі людзей; шырокая базарная плошча, да якой збягалі і крыжаваліся там усе восем местачковых вуліц, не пуставала ні днём, ні ноччу.
І ўсё ж раніцай таго дня, калі чырвонаармейцы вызнянскага атрада харчнарыхтоўкі выправіліся на чарговыя рабункі, ні сном ні духам, вядома, не здагадваючыся, што іх чакае (Чуб з кампаніяй падымалі ўжо чаркі ў Карпы за сталом, на стале ляжаў Чубаў абрэз, а ў качэргах стаяла Гнатава вінтоўка), – раннім світанкам у мястэчку ўсчалося ўзрушэнне, дасюль яшчэ небывалае.
Палалі на пляцы вогнішчы, тоўпіліся вакол іх, слухалі, спрачаліся, пераходзілі з аднаго асветленага круга ў другі ўзброеныя людзі і людзі без зброі, але ў вайсковай форме, прытым чырвонаармейскай, – перабежчыкі і палонныя, якія за апошнія дні па адным і цэлымі групамі спраўна наваднялі Семежава і з якімі не ведалі, што рабіць, ніхто іх не вартаваў, і яны цягаліся, дзе хацелі, і рабілі, што хацелі; уперамешку з вайскоўцамі таўкліся мясцовыя – цікаўныя семежаўскія дзядзькі (такіх было небагата, але былі), стаялі і больш слухалі, чым гаварылі, панадзявалі старыя латаныяпералатаныя кажухі, горшыя шапкі, кожны абапіраўся на палку і горбіўся больш, чым трэба, – навучаныя горкім вопытам недавяракі, якія гэтай наіўнай сялянскай хітрасцю паказвалі, што вось мы якія – бедныя, старэнькія, убогія, да службы няздатныя, узяць з нас няма чаго, а прыйшлі мы так сабе, паглядзець, што тут робіцца, паслухаць, што людзі кажуць...
Трапяткія агні кастроў выхоплівалі з ранішняга сутоння бледна-пунсовыя, ненатуральныя твары, адкідвалі на стаптаны людзьмі і коньмі гразкі снег фантастычныя цені, якія ўвесь час калываліся, рухаліся, то перамешваліся і зліваліся ў адно, ствараючы яшчэ больш вычварныя малюнкі, то зноў разыходзіліся... Хаатычная таўкатня, поўная людзьмі плошча, траскучы ранішні кашаль, бесперапынная рознагалосая гамана, пырханне коней каля конавязі – усё гэта перш давала ўяўленне якогасьці святочнага, кірмашовага дня, але не відаць было падводаў з таварам, не вішчала, не мыкала, не кудахтала і не гагатала жыўнасць, не было жанчын і маладзіц, без якіх ніякае свята не свята; калі б не ўрываліся ў гэтую звычайную, здавалася б, гаману чужыя, зусім не кірмашовыя гукі – рэзкі ляскат металічных частак зброі аб біклагу, аб бляху рэменя ці спражку партупеі, калі б не маўчала царква – старадаўняя, дзвесце гадоў назад адрэстаўраваная князямі Радзівіламі (а пабудаваная, значыць, яшчэ раней) красуня цэркаўка з трыма цыбулінамі-макаўкамі, галасістая, якая на святы яшчэ з цёмнага выспеўвала ютрань малінавымі званамі, а цяпер ціха, сіратліва тулілася да голых дрэў з краю плошчы, скрушна пазірала цёмнымі аканіцамі на неўразумелую людскую мітусню.
Штораз то адсюль, з плошчы, то сюды па ўсіх вуліцах праносіліся веставыя, не шкадуючы коней, да шаленства даводзячы ахрыплых, адурэлых за гэтыя дні семежаўскіх сабак. Каля конавязі ўвесь час стаялі чалавек колькі, пільна ўзіраліся ў прыцемак вуліц, і калі чарговы веставы падлятаў да ганка адзінай у мястэчку грамадскай установы – аднапавярховага драўлянага будынка штатнага народнага вучылішча, дзе быў цяпер штаб брыгады, – навыперадкі кідаліся да яго, хапалі пад вуздэчку каня, падтрымлівалі стрэмя, нясмела пыталіся: «Як там?» або без асаблівых спадзяванняў проста моўчкі, нясмела зазіралі веставому ў твар. І хоць стомленыя, але ўсё адно важныя, непрыступныя, суровыя веставыя ў лепшым выпадку агрызаліся: «Адчапіцеся!» – а часцей і аднаго слова не знаходзілі, так і знікалі маўчком у штабе, ляпнуўшы дзвярыма, на міг утварыўшы каля вушака сіні воблак з халоднага паветра з двара і тытунёвага дыму з памяшкання, самым незразумелым чынам навіна пераставала быць навіною, немавед як прасочвалася на плошчу, да людзей, і сярод вогнішчаў з новай сілаю ўзрываўся гоман, у якім сярод суцэльнага «гугу-гу» найбольш часта паўтаралася:
– Гу-гу-гу... Урангель!..
– Крым... Сіваш... Перакоп...
– Чырвоныя спыніліся!..
– Палякі спыніліся!..
– Лань, ад Лані нейтральны пас!..
– Грозаў – цэлы полк!..
– Глуск – шэсць тысячаў!..
– Лунінец, Пінск... склады Балаховіча!..
– Слуцак... Слонім... Баранавічы!..
– Вызна... Морач... Капыль!..
– Рыга... Крым... Лодзь... Грозаў... Слуцак... Клецак!..
– Гу-гу-гу...
А тым часам у памяшканні, у адным з класных пакояў – з абкладзенай кафляй, горача напаленай грубкаю, з ссунутымі ў кут партамі, са школьнай дошкай, на якой крыва вісела чорна-белая, вялікага маштабу карта Беларусі (з недарэчнай друкарскай пазнакаю ў левым ніжнім куточку: «Za pozwoleniem cenzury woennej 27/9 1919 г.»), у сінім дыме плавалі постаці штабных ваенных і «радаўцаў» у цывільным, усяго чалавек пятнаццаць, усе з такімі ж, як і ў тых, на плошчы, бледнымі, нявыспанымі тварамі, з ненармальным бляскам чырвоных ад гэтага дыму і ўзрушэння вачыма, з нервовымі рухамі, хрыпатымі галасамі – нібы карцёжнікі, што правялі цалюткую ноч у хмельным, азартным загуле і цяпер, на світанні, вырашылі ўрэшце разабрацца, хто каму колькі вінен; праўда, словы тут гучалі не з карцёжнага, а хутчэй з геаграфічнага лексікону, – тыя самыя і нават з тою ж інтанацыяй, што і на плошчы: «Слуцак... Варшава... Лодзь... Нейтральная зона... Урангель... Вайсковая камісія...»
Чалавек пяць стаялі каля карты, тыцкаючы алоўкамі ва ўсе яе куткі. Некаторыя схіліліся, сутыкаючыся галовамі і брылямі фуражак, над сталом, заваленым паперамі. На бліжэйшай парце ляжала некалькі нумароў аддрукаванай на таўсценнай жоўтай паперы гарадзенскай газеты «Беларускае слова» – кідаўся ў вочы набраны вялікімі літарамі адразу пад загалоўкам, тлуста абведзены чырвоным заклік:
«Грамадзяне! Нясіце ахвяры рэчамі і грашмі! Складайце ахвяры ў «Гурткі беларускіх кабет» ці ў Беларускі Нацыянальны Камітэт для перасылкі іх беларускаму паўстанцу – жаўнеру на Случчыне! Наша многапакутная Маці-Беларусь вымагае гэтага ад вас!»
І ніжэй, таксама абведзена:
«З Слуцка даляцела да нас радасная вестка. Слуцкія беларусы пачалі на сваю руку ствараць беларускае войска!..»
Дзве карасінавыя лямпы, адна на стале, другая на шырокім падаконніку, ледзь трымцелі слабымі агеньчыкамі на абгарэлых кнатах і нічога не асвятлялі, толькі дадавалі яшчэ больш смуроду і сажы, і ніхто не здагадваўся прытушыць іх.
Як толькі днявальны ўводзіў у памяшканне веставога і той, у першы момант захлынуўшыся цеплынёю, заперхаўшыся дымам, не прывыклымі яшчэ пасля вуліцы вачыма пачынаў адшукваць у гэтай смуроднай смузе старэйшага, галоўнага тут, каму можна перадаць пакет ці зрабіць вуснае данясенне, так адразу замаўкалі спрэчкі, станавілася ціха і падымаўся, упіраючыся магутнымі кулакамі ў стол, малады, тварам крыху падобны на Лермантава, высокі чалавек, перакрыжаваны партупеямі, з бел-чырвона-белымі нашыўкамі на пагонах падпаручніка. Сваім славутым «медзяным» голасам ён памагаў веставому – называўся:
– Камісар Жаўрыд!
Веставы пачціва заміраў «смірна» (Жаўрыда ведалі ўсе), браў пад казырок, другой рукою выцягваў з-за пазухі і падаваў пакет.
Не адразу, а счакаўшы, пакуль веставы, а за ім і днявальны, асцярожна прычыніўшы дзверы, выйдуць, Жаўрыд разрываў шчыльную траскучую капэрту. А за яго спіною, па прынцыпу «свой да свайго», рассыпаліся на купкі-групоўкі штабныя і «радаўцы», і тыя, каму збоку відзён быў ягоны твар, не спускалі з яго вачэй, стараючыся ўхапіць хоць нязначную змену на ім і ўгадаць па гэтай змене, якога плана навіна. Але марна. Строгі, непранікальны быў твар, нічога нельга было на ім убачыць (хіба толькі, калі чытаў, верхняя губа разам з вусамі варушылася). Забыў чалавек пра ўсё і пра ўсіх на свеце, увесь у адным сабе, нішто яго больш не цікавіць, нічога не адарве ад гэтага шэранькага лістка паперы.
І, можа, з прысутных тут адзін Мірановіч – начальнік брыгаднай контрразведкі, якому сам Бог наканаваў быць назіральным, паручнік Мірановіч, які адно ў сілу спецыфікі сваёй «прафесіі» проста павінен быў заўважаць тое, чаго іншыя не бачаць, – ён ведаў аб уменні, ды што ўменні – псіхалагічным дары, рэдкім таленце Жаўрыда адчуваць людзей спіною, патыліцай – так, як чалавек з заплюшчанымі вачыма адчувае цяпло або холад.
Гэта была праўда.
Жаўрыд не адрываўся ад набранага на гектографе, ці надрукаванага на «сляпой» машынцы, ці напісанага ад рукі скупога паведамлення і ў той жа час ведаў, што робіцца ад яго і справа, і злева, і ззаду – нібы нейкія нябачныя хвалі ішлі ад людзей, што сабраліся тут разам з ім. Ён ні разу не падняў вачэй ад паперкі, але выдатна ведаў, што з правага боку (бы знарок «правыя» – таму і справа) стаіць, прыхінуўшыся да грубкі, і насцярожана цікуе за ім доктар Паўлюкевіч (той самы, які ампутаваў рэўкамаўцу Кецку пальцы), палкавы лекар, начальнік шпіталя; той самы Арцень Паўлюкевіч, які двух слоў не мог звязаць па-беларуску і ганарыўся гэтым, і абураўся, калі яго высмейвалі за гэта, той самы, які жывымі слязьмі плакаў, даведаўшыся аб разгроме Ўрангеля («Теперь все, все пропало!»), які з пенаю на губах заклікаў яшчэ ў Слуцку да ўзброенага выступлення, а потым, калі войска пачало фарміравацца, заявіў раптам ні з таго ні з сяго: «Пакуль не прагоніце бальшавікоў, нагі маёй не будзе ў вашай брыгадзе!», нечакана знік некуды са Слуцка разам з сям'ёю і таксама нечакана аб'явіўся ўжо тут, у Семежаве, толькі без сям'і.
Цяпер ён стаяў і зіркаў то на Жаўрыда, то на сваіх аднадумцаў, бы збіраўся, калі ўзнікне небяспека, як тая квактуха куранятаў, схаваць іх пад крыло. Аднадумцы – бравы капітан-кавалерыст балаховец Самусевіч, які, відаць, знарок, дэманстратыўна, падкрэсліваючы вернасць бядоваму «бацьку», ніколі не расставаўся з рознымі савінкаўска-алексюкоўска-балаховічаўскімі пракламацыямі, усе яго кішэні былі набітыя імі (і дзе ён іх толькі даставаў); вечна пануры, немалады ўжо, падазроны да ўсіх, у тым ліку, здавалася, і да сябе самога, старшыня вайсковага суда Біруковіч; начальнік слуцкай міліцыі Мацэля з белым, як маска, доўгім бязвусым тварам – Іван Мацэля, які настойваў, каб яго звалі Янам, а прозвішча падпісваў чамусьці ўвогуле з двума «л», на італьянскі манер – Мацэллі...
Хоць усе яны ляпіліся да самай грубкі, адтуль Жаўрыду патыхала холадам. Не азіраючыся, ён выдатна ведаў, што на іхніх тварах пад знарочыстай, напускной абыякавасцю – злараднае чаканне, гатоўнасць у любы момант рынуцца ў бойку – не з ворагамі, а з кожным, хто не за іх, а значыць, і з ім, Жаўрыдам, таксама, што чакаюць яны любой каверзы, любога ягонага промаху, каб адразу ж залямантаваць: «Ну што, дагуляліся ў сваю «незалежнасць»?! А мы папярэджвалі, што толькі маці Польшча і бацька Балаховіч – тыя сілы, на якія ставіць трэба было, каб надаць хоць нейкі сэнс усяму гэтаму!..»
Крыху цяплей, але таксама бы ветрыкам цягнула на яго з левага боку (зноў-такі: «левыя» – злева). Там верхам на ссунутых у беспарадку партах сядзелі, пакурваючы, «радавец» Лістапад – адказны за брыгаднае харчаванне (Юрка Лістапад, якому, дарэчы, у гэтыя першыя дні амаль не было работы, сяляне з ваколіцаў самі, без аніякіх рэквізітных загадаў, падвозілі як харчы, так і фураж літаральна вазамі) – і браты Дубіны, Міна і Ўлас, маладыя, прыгожыя, здаровыя... І гэтыя дымілі сабе цыгаркамі і рабілі выгляд, што нічога іх не тычыцца, і ў гэтых – Жаўрыд ведаў – абыякавасць была толькі знешняя, напускная, пры любой нагодзе гатовая прарвацца задзірыстым: «Ну што, даваяваліся? А мы казалі, мы ведалі, чым скончыцца, мы папярэджвалі, што не такія Саветы страшныя, як іх малююць, што якія б яны ні былі, усё бліжэй нам, чым «пшэкі»! Казалі мы, што сто разоў трэ было падумаць, перш чым пачынаць усё гэта! Казалі, што не варта было пакідаць Слуцак, а йсці ў падполле, а яшчэ лепш – на службу Саветам і тады ўжо, спадцішка, маючы ўладу, рабіць усё, што спатрэбіцца для святой справы!..»
Нічым – ні цяплом, ні холадам, не патыхала, аніякім ветрыкам не цягнула ад акна, каля якога размясціліся, седзячы побач на табурэтах, як бы таксама стварыўшы свой гурток, ваенныя: камандзір брыгады капітан Анцыповіч, камандзір батальёна падпалкоўнік Гаўрыловіч, камандзір кавалерыйскага аддзела паручнік Кернажыцкі, начальнік два дні назад створанай вайсковай брыгаднай школы паручнік Данілюк, афіцэр брыгады паручнік Капец (запомнім яго, ён яшчэ сваё слова скажа)... Гэтыя сядзелі – прамыя спіны, рукі на каленях, асалавелыя твары, сківіцы то ў аднаго, то ў другога перасмыкаюцца пазяханнем – усе падобныя чымсьці на вучняў, якіх ужо выклікаў настаўнік, яны адказалі вызубранае на памяць хатняе заданне і цяпер змушаныя даседжваць да канца нудны, нецікавы ўрок, чакаць, пакуль апытаюць іншых.