355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Федарэнка » Нічые » Текст книги (страница 3)
Нічые
  • Текст добавлен: 28 апреля 2017, 18:30

Текст книги "Нічые"


Автор книги: Андрэй Федарэнка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 34 страниц)

VI

З гэтых выхадных, ад Каляд аж да старога Новага года, стала такая адліга, такая зрабілася, як маці казала, «скаўзеліца», што без кійка немагчыма было прайсці па двары. Зверху вада, калюжыны, знізу – голы лёд. Пачарнелі стрэхі хат і хлявоў, дрэвы ў садзе, нязвыклы – без свайго белага ўбрання, – чужы, непрытульны стаяў лес. Агарод і поле цераз дарогу парабіліся рабымі ад чорных грудкоў, што павылазілі з-пад снегу. Зранку да вечара на двары вісеў мокры туман – нібы дождж, стаміўшыся, узяў і завіс паміж небам і зямлёю. Позна развідняла і рана цямнела. Васкевіч нічога не рабіў, сядзеў, чытаў, глядзеў тэлевізар; выходзячы пакурыць, глядзеў на пахмурае неба, на рабы агарод, выпускаў з рота цыгарэтны дым, а дым так і стаяў каля твару, над галавою, бы гэты туман, не разыходзіўся... Нейкі цягуча-нудны сум сядзеў усе гэтыя дні ў душы, не даваў спакою, раз'ядаў яе, як гэтая слота раз'ядала снег з поля... Прыходзіў у госці Пульс, мокры, трымаючы ў руцэ ўсю ў гразі шапку – пакуль дайшоў, умудрыўся два разы ўпасці. Як чалавек культурны, каля парога зняў галёшы, мокрую шапку выкруціў у «свінячае» вядро, паклаў на прыпечак сушыцца. Маці дала яму паесці і наліла шклянку віна. Ён адразу ж ап'янеў, выпіў адно за адным тры сырыя яйкі, у кожнае ўсыпаўшы мо з паўжмені солі, пачаў расказваць, як адна «баба» з Двароўкі (суседняй вёскі) ездзіла ў горад, у «енвалідскі дом», выбрала там і прывезла сабе «мушчыну», прасіў, каб Васкевіч і яго звазіў у той дом і памог там выбраць «бабу», спяваў, танцаваў пад песні з радыё... Толькі позна ўвечары ледзь удалося яго справодзіць.

Перад старым Новым годам, пасля абеду, выбліснула раптам сонца, без ветру, неяк самі сабой паплылі за лес шэрыя дажджавыя хмары, усё вакол паяснела. Адразу ж проста на вачах вада ў двары пачала пакрывацца крохкім рыфленым лядком, зацвярдзела, пашэрхла зямля, і певень, які ў той дзень доўга не йшоў на седала, ужо смела, героем пазіраючы на курэй, хадзіў па непралазнай яшчэ колькі хвілін назад, а цяпер трывалай гразі. За ноч зямля ператварылгася ў чорны лёд. Снегу не было, марозік ціснуў, а ад зыркага ранішняга чырвонага сонца было, здавалася, яшчэ халадней.

Загарнуўшы ў газету пашпарт, ваенны білет, працоўную кніжку, выпіску – свой «воўчы білет», Антон чыста пагаліўся, нацёр за вушамі і пад носам, прытарным, душным (які быў) адэкалонам «Цытрусавы», апрануўся ў сваё гарадское: куртка, вымытыя блакітныя джынсы, наваксаваныя чаравікі, ад якіх паспелі адвыкнуць ногі і таму цяпер асабліва прыемна было ступаць, – і, не снедаючы, не чакаючы аўтобуса, пашыбаваў у мястэчка, у сельсавет, за шэсць кіламетраў.

Шырокая, высыпаная адсевам, а цяпер ледзяная дарога блішчэла пад сонцам – аж у вачах балела; добра, што ўжо метраў праз дзвесце пасля апошніх хат пачынаўся лес. У лесе Васкевіч павярнуў на вузкую сцежачку між хвой, паўз дарогу: і не так слізка, і калі будзе ехаць папутка, з дарогі яго не заўважаць. Пасля бадзяння па хаце, нудоты апошніх дзён хацелася прайсціся аднаму, падумаць. Ды й то: здорава, марозна, ясна, сонца мільгае ў вершалінах высокіх хвой, б'е ў вочы, жоўтым мяккім золатам адсвечваюць ствалы – гладкія, бы літыя, знізу зусім без галін, стромкія, тоўстыя... Калі забыць, што на галаве шапка, а на руках пальчаткі, і глядзець не пад ногі, не па баках, дзе паўсюль наздраваты, падмарожаны, усыпаны ігліцаю і шышкамі лясны снег, а ўверх, на сіняе неба і гэтыя жоўта-залатыя ствалы, дык адчуванне, быццам патрапіў у самае лета, у жнівень месяц...

Колькі разоў ён перамераў сваімі нагамі гэтую дарогу ў два канцы! Школьны аўтобус як мінімум раз на.тыдзень ламаўся, і добра было, калі суха, цёпла – закінуў, як кажа матка, ногу на «лісапету» і заехаў. А зімою, увосень, увесну, у такі вось галалёд? І тым не менш, як ён любіў гэтую дарогу, колькі з ёю звязана ўспамінаў, якія ніколі не забудуцца!.. Калі б цяпер у яго быў пэўны настрой, не карцела б так найперш разабрацца ў сабе цяперашнім, ён абавязкова перанёсся б у тыя свае гады, у клас, скажам, сёмы – калі ў іхняй школе праходзіла раённая алімпіяда па шахматах і ён заняў першае месца, абыграўшы дзевяць чалавек запар; вяртаўся з мястэчка марозным зорным вечарам адзін, несучы за пазухай цвёрды, гладкі, залатымі літарамі запоўнены дыплом, дзе было надрукавана яго прозвішча і імя – ішоў і ні грама не баяўся, хоць у гэтым лесе вадзіліся ваўкі... Альбо ў клас дзевяты, калі ў школьнай сталоўцы ладзілі сустрэчу-знаёмства двух дзевятых класаў – іхняга і з гарадскои школы, з танцамі, і яго ўпершыню ў жыцці, пад зайздросныя хіхікі аднакласнікаў запрасіла на танец бялявая тоненькая дзяўчынка з горада... Нейкі час пасля таго ён быў проста героем школы; а тады, ідучы гэтай дарогай, на ўзлеску каля мястэчка забрыў невядома чаму ў зараснікі акацыі, ламаў галіны, крывяніў рукі, і ўсё хацелася думаць вершамі, але за ўсю дарогу выдумаўся толькі адзін радок: «И руки твои абдымалі меня...»

Нічога гэтага Васкевіч цяпер не ўспамінаў, больш пільнаваўся, каб не паслізнуцца, і думаў зусім пра іншае.

Пасля той размовы з братам нейкі дзіўны настрой пасяліўся ў ім – дзіўны, бо настрой гэты змяняўся кожную гадзіну без усялякіх, здавалася б, прычын. Калі Васкевіч стараўся глядзець на сябе збоку, чужымі вачыма – усё было добра. Малады чалавек, «высланы» за палітычную ненадзейнасць – значыць, мае сваю чалавечую каштоўнасць, бачыцца некаму небяспечным... Тут быў сімпатычны арэол пакутніка, арэол, які яшчэ са школьных гадоў хваляваў, да слёз захаплення і зайздрасці даводзіў Антона, калі ён пачынаў думаць пра дзекабрыстаў і іхніх жонак і сябе ўяўляў дзекабрыстам (пасля ўрока літаратуры), альбо рэвалюцыянерам-народнікам, які страляе ў ненавіснага губернатара (пасля ўрока гісторыі), альбо селькорам, закатаваным кулакамі (кніжка пра Паўліка Марозава); потым, ужо ў Мінску, калі, дзякуючы Лене і Алесю Рамановічу, адчуў і ўсвядоміў сябе беларусам, калі па руках хадзілі ксеракопіі памерам з калоду карт «Песьняў выгнаньня» Лебяды, якія так лёгка, з першага разу намёртва ўядаліся ў памяць:

 
Ой, пралягла чыгунка за Байкалам,
Паміж узгор'яў роўна, бы абрус:
Бо тут цяпер амаль пад кажнай шпалай
Ляжыць замучаны ў выгнаньні беларус!
 

– тады ўяўлялася, што ён якраз і ёсць той беларус, які хутка ляжа пад шпалу, па якім недзе далёка, дзе «бэз цьвіце над родным домам», пралівае слёзы сінявокая беларусачка... І дрыжыкі беглі па спіне ад нейкага проста экстазу, і пальцы сціскаліся ў кулакі, і думалася ў такія хвіліны: «А хай бы!.. Хай забіраюць, замучваюць у выгнанні...»

І вось, аказваецца, усё гэта добра, сімпатычна і рамантычна, калі не з табою; апынуўшыея сам у скуры гнанага, адчуўшы блізка на сабе подых невядомага, сур'ёзнага нават не ветру, а толькі ветрыку, Васкевіч разгубіўся. Гераічны арэол адлятаў, як гэты дымок ад цыгарэты, а на яго месца – асабліва пасля размовы са Сцяпанам – усё часцей прыходзіла адчуванне занесенай над галавой дубіны, якая невядома калі і з чыіх рук так яшчэ можа трэснуць, што іскры з вачэй пасыплюцца...

«А што ж ты хацеў? – у каторы раз спытаў сябе Васкевіч. Ён ужо дабраўся да шашы, за якой віднеліся двухпавярховыя катэджы мястэчка, і стаяў, прапускаючы машыны, што праносіліся адна за адной як шалёныя, абдаючы яго хвалямі халоднага ветру. (Зімою на лясной шашы заўсёды здаецца, што машыны ездзяць занадта хутка.) – Чаго чакаў? Табе ж тлумачыў Рамановіч, ды і самаму няцяжка было ўгадаць – у гэтым жа і ёсць план... Патрошку даць зразумець, што ты – казюрка, муха з абарванымі крыльцамі, бегаеш па стале і думаеш, што бегаеш сам па сабе, а над табой зверху – палец, які калі захоча, тады і апусціцца... Што ж ты хацеў? У гэтым план: пасяліць страх, зламаць, запалохаць брата, матку...»

Ён падыходзіў да сельсавета. Сельсавет быў насупраць іхняй школы, у самым пачатку прыгожага, вялікага, кампактнага мястэчка, у якім амаль не было драўляных хат, усё добрыя цагляныя будыніны. Цяпер, пачынаючы ад шашы, дзе раней быў падлесак, і на пустэчы за школай, за сельсаветам, і на высокім дальнім беразе возера, што вялізнай падковай агінала паўмястэчка,– скрозь ішла будоўля, віднеліся ўжо гатовыя і яшчэ недабудаваныя двух– і трохпавярховыя катэджы. Васкевіч, якому ўвогуле падабалася любое вясковае будаўніцтва, на гэтыя домікі заўсёды проста любаваўся: акуратныя, кожны сваёй планіроўкі, з рознымі балкончыкамі, шпілямі, бы дачы; перад кожным – ладны кавалак зямлі, абнесены плоцікам, пад грады... Лес блізка, горад блізка, рыбнае возера пад бокам. Успомнілася, як колісь, школьнікам, калі гэтых домікаў не было яшчэ і ў паміне, ён зайздросціў хлопцам з гэтага мястэчка...


VII

Было роўна дзевяць гадзін раніцы, і Васкевіч, заходзячы ў сельсавет, абціраючы ў дзвярах ногі аб нейкую драцяную сетку, якая чаплялася за падэшвы і цягнулася следам, падумаў, што нікога яшчэ можа не аказацца тут і можна будзе трохі пастаяць у кутку каля акна, дзе батарэя, сагрэцца і сабрацца з духам (яму ўжо нават такая простая справа, як прапіска, здавалася нейкай падазронай). У цемнаватым пасля вуліцы, вялікім квадратным калідоры, сапраўды было ціха і пуста, але дзверы ў праўленне – масіўныя, абабітыя ў ромбы чорным дэрманцінам – былі прыадчыненыя. Ён, зняўшы шапку, зайшоў і апынуўся ў прыёмнай – пустым, светлым, такім жа вялікім і квадратным калідоры, як і першы. Прыёмная нагадвала більярдную залю: пасярэдзіне – два сталы, састаўленыя тарцамі, паўз сцяну – некалькі крэслаў (для ігракоў, што чакаюць сваёй чаргі). На прыёмную выходзіла двое такіх жа чорных дэрмацінавых дзвярэй (адкуль лёкаі выносяць шампанскае і крэйду для кіёў); на цэнтральных – зашклёная шыльдачка з надпісам «Старшыня І. В. Лобан», на другіх, кутніх – «Сакратар І. О. Лізун». Здзіўляючыся, што за імя па-беларуску на О – ён ужо забыўся, як сакратара па-бацьку, – Васкевіч пастукаў і ўвайшоў у знаёмы вузенькі катух. Нічога не змянілася з тых часоў, калі ён, выпісваючыся, некалькі гадоў назад быў тут. Злева як зайсці, каля запавуціненага кратамі акенца, амаль на ўсю шырыню катуха – стол, у кутку вялізны, у чалавечы рост сейф, за сталом – той жа сакратар Лізун, сівенькі, аднарукі, у касцюме, з гальштукам, глядзіць пукатымі, павялічанымі тоўстымі лінзамі акуляраў, няшчырымі вачмі, строгі, непрыступны... Такому б не на лічыльніках, што заўсёды перад ім на стале, костачкі біць, а ў Мінску па тэлевізары інтэрв'ю даваць. Насупраць акна, у глухім кутку, яшчэ столік, за якім цяпер нікога не было.

Убачыўшы Васкевіча, Лізун застыў з занесенай над лічыльнікамі рукою і моўчкі, звыкла строга, стаў чакаць першых яго слоў.

– Здрастуйце, – трохі замнуўшыся, сказаў Васкевіч і адчуў, як густа чырванее. «Вось і першая ластаўка!..» Замінка была кароткая, але і за гэтыя секунды ён паспеў уявіць, як з'едліва хмыкнуў бы Рамановіч, калі б пачуў гэта, з якой пагардаю зірнула б на яго, Антона, Лена. – Добры дзень! – гучным голасам паправіўся ён, злуючы чамусьці не на сябе, а на сакратара. – Я хачу прапісацца ў вас і стаць на ваенны ўлік. Васкевіч, з Сасноўкі, – і паклаў на стол дакументы.

Сакратар, ні слова не прамовіўшы, перавёў вочы на дакументы, потым спрытна падсунуў разгорнуты пашпарт адной палавінай пад лічыльнікі, утаропіўся ў першую старонку, прачытаў усю, перагарнуў... І так увесь пашпарт. Адклаў, узяўся за ваенны білет.

«Відаць, быў званок – не прапісваць! – думаў Васкевіч, не перастаючы сачыць за гэтай праверкаю і здзіўляцца, як налаўчыўся спраўляцца з перагортваннем аднарукі чалавек. – А прычына? Любая. Напрыклад...»

– Ваш Сцяпан у горадзе ж ужо даўно, – сказаў сабе пад нос сакратар, выцягнуўшы з-пад скобкі і разглядаючы ўлікова-паслужную картку.

– Ну і што?

– А тут указана, у Сасноўцы.

– Алоўкам указана. Для таго ж і пішацца алоўкам, каб можна было выцерці і паправіць.

– Дык трэба выцерці і паправіць...

Сакратар адсунуў дакументы, пстрыкнуў ключыкам шуфляды, дастаў адтуль яшчэ адзін, маленькі ключык, сагнуўшыся, недзе ў глыбіні шуфляды адамкнуў яшчэ нейкую патаемную шуфлядку, выцягнуў з яе ўжо вялікі двухзубцавы ключ; не ўстаючы з месца, нібы выпадкова павярнуўшыся так, каб засланіць сабою дзверцы, адамкнуў і трошкі, на адну шчылінку, прачыніў дзверцы сейфа. Сабе на стол кінуў тоўстую кнігу з надпісам «Сасноўка», Васкевічу падаў бланкі:

– Запаўняйце.

Хутчэй Антон выйшаў з гэтага цеснага, душнага катуха, прысеўшы за «більярдныя» сталы, расклаў перад сабою, нібы ігрок карты, бланкі. У гэты момант шчоўкнулі ручкай другія дзверы, старшынёўскія, і паказаўся малады хлопец з чорным чубам, без пінжака, у светленькай кашулі з закасанымі да локцяў рукавамі – як у тых, што недзе ў кабінетах, закасаўшы рукавы, плануюць далейшы Васкевічаў лёс... Тут у кабінеце зазваніў тэлефон, і хлопец, не паспеўшы нічога сказаць, крутануўся назад.

– Старшыня слухае! Алё! Старшыня з вамі і гаворыць! – пачулася з кабінета бадзёрая добрая беларуская мова.

Васкевіч сядзеў, як заварожаны, слухаў і не верыў сваім вушам. Чаго ён ніяк не чакаў пачуць у сваіх мясцінах, а тым больш у такой установе, дык гэта чыстай мовы... Старшыня пагаварыў і выйшаў зноў у прыёмную:

– А хто вы, прабачце? Васкевіч назваўся.

– Дык я ж з тваім Сцяпанам у адным класе вучыўся! – узрадваўся малады старшыня, паціскаючы Васкевіча за плячо. Рука ў яго была досыць цвёрдая. – І матку добра ведаю! Ты ж у Мінску вучышся? Ты курыш? Хадзем, зайдзі да мяне, пакуль час ёсць...

Васкевіч, не паспеўшы адказаць ні на адно пытанне, сабраў бланкі, дакументы і пайшоў за ім. У кабінеце – прасторным, светлым, з дыванком ад парога да паліраванага, літарай «Т» стала, над якім, узяты ў прыгожую рамку, вісеў каляровы партрэт Леніна – старшыня падвёў яго да скуранога крэсла-круцёлкі, што стаяла ў кутку каля акна і служыла, відаць, асабліва важным гасцям, зноў-такі даволі моцна ўзяўшы за плячо, пасадзіў, сам падбег да стала, прынёс пачак харошых цыгарэт і попелку, на выгляд крышталёвую... Васкевіч падзякаваў і дастаў свае, а попелку, пашукаўшы вакол вачыма, паставіў сабе на калена.

– Дык ты прапісваешся? Што, заваліў экзамены? – падміргнуў старшыня, чыркаючы запальнічкай. – Акадэмічны ўзяў?

Васкевіч кіўнуў – раз хочаш, думай, што акадэмічны. Хоць ён і не дужа свабодна пачуваўся ад гэтага панібрацтва, асабліва ад «тыкання», тым не менш Лобан яму падабаўся – ды тут за адну мову можна было дараваць, што хочаш!..

Жыўчык-старшыня, вядома, пасядзець не мог, падскочыў, адчыніў фортку, зноў прабег да стала, апрануў пінжак, які вісеў на спінцы крэсла, струсіў попел з цыгарэты ў сметніцу за крэслам, вярнуўся і пакарыстаўся попелкаю на Васкевічавым калене.

– У цябе працоўная кніжка з сабою? – спытаў ён раптам.

– З сабою.

– А чаго ты яе ўзяў?

– Ну... так, проста.

– Пакажы...

Васкевіч падаў. Лобан, быццам напярод усё ведаў, разгарнуў яе якраз на месцы апошняга запісу – «отчислен за неоднократное нарушение...»; але, прачытаўшы, нават не глянуў на Васкевіча, задумліва паляпаў кніжкаю па далоні.

– Слухай, у нас ёсць для цябе праца... Бібліятэкарам. У Двароўцы ўжо тры месяцы бібліятэка зачынена. Пойдзеш? – і, не даючы Васкевічу слова сказаць, думаючы, відаць, што той пачне зараз аднеквацца, стаў пераконваць: – Ездзіць можна аўтобусам, ды і прайсці там колькі, работа лёгкая – сядзі сабе, кніжкі чытай!.. Да экзаменаў падрыхтуешся, праз год спакойна здасі і паедзеш назад у Мінск... Ну?

Васкевіч між тым і не думаў аднеквацца. Для яго гэта была б проста нягаданая, раптоўная ўдача, калі б... Ён зірнуў старшыні ў вочы – сказаць ці не? Вырашыў сказаць: і каб перастрахавацца, і каб потым, калі што якое (прыедуць яго арыштоўваць), не падстаўляць Лобана. А галоўнае, яму раптам захацелася паказаць старшыні, што ён, Васкевіч, трохі не тое, што пра яго можна падумаць.

– Вы чыталі запіс? – спытаў ён.

– Ну і што? Я і так усё ведаў, – старшыня зноў падміргнуў яму. – Мне наш Лізун, – кінуў ён на катух, – яшчэ на тым тыдні казаў, што Васкевічавага хлопца, з Сасноўкі, выгналі за гэтае дзела (ён паказаў, як куляюць чарку)... Ды ты не перажывай! Праз год назад прымуць.

– Я не перажываю, проста...

– У нас, калі я вучыўся, таксама хлопцаў выганялі, потым зноў прымалі. Ты колькі правучыўся? Два гады? Плюс падрыхтоўчыя курсы год, так? – тры. А цяпер падлічы, колькі на цябе грошай убухалі. Каму будзе выгадна, каб ты не давучыўся? Дзяржава не такая дурная...

– Мяне выгналі ні за якае не за «гэтае дзела», – цвёрда сказаў Васкевіч, трохі любуючыся сабою ў гэты момант, – а за нацыяналізм.

Лобан зірнуў на яго – ён так і стаяў перад Васкевічам, чуць сагнуўшыся, пакурваў – і так зарагатаў, што аж у пустой прыёмнай у прыадчыненыя дзверы адбілася.

– Хто ж цяпер за гэтае выганяе?! Цяпер абы ты толькі гаварыў! Я ж гавару – і што? І паперы вяду, магу паказаць... Канечне, многія крывяцца, але нічога – перажывуць! – і такая ўпэўненасць была ў яго словах, такі, знаёмы ўжо Васкевічу, імпэт правінцыйнага падзвіжніка – змагара «за ідэю», што Антон нічога не захацеў расказваць, падумаў толькі: «Што ж, раз не верыш, тым горш можа бьщь для цябе ж».

– Я чаму і ўзрадаваўся, калі пачуў, што ты ў сакратара па-беларуску балэкаеш, і адразу сказаў сабе – гэта свой чалавек! – Лобан прытушыў недакурак, зірнуў на гадзіннік. – Карацей, ты згодзен. Давай, па-быстраму прапісвайся, зараз, у дзесяць, будзе аўтобус на горад – тым больш усе дакументы пры табе, – паедзеш у цэнтральную раённую бібліятэку...

– Пачакайце, ды я паняцця не маю, што і як! Вам жа пасля сорамна будзе...

– Не трэба тут вялікай навукі. Тут да цябе такія працавалі, што фармуляра не маглі запоўніць. Значыць, раённую бібліятэку ведаеш?

Васкевіч не ведаў. Старшыня, радуючыся, што хоць нейкае выйсце знаходзіць яго бурлівая энергія, схапіў са стала лісток, падрабязна накрэсліў, як знайсці, дзе перайсці вуліцу, стрэлкамі паказаў, як заходзіць у будынак бібліятэкі, куды павярнуць на калідоры, дзе кабінет дырэктаркі, якую завуць Валянціна Мікалаеўна... Там Васкевічу трэба будзе сказаць, што ён ад Лобана, напісаць заяву, і там яму ўсё раскажуць і пакажуць.

Ужо збіраючыся выходзіць, Васкевіч успомніў і спытаў, прыцішыўшы голас:

– Што за імя па-беларуску на О?

– А, Осіпавіч? Дык у яго так і ў метрыках, і ў пашпарце запісана. Потым, ён нам са слоўнікам даказаў, што імёны і прозвішчы не паводле правілаў пішуцца, а так, як вымаўляюцца. Хітры, разумны дзядзька! Сказаў, не збіраюся быць ні Восіпавічам, ні Ёсіпавічам, ні Язэпавічам...

«А сапраўды, – падумаў здзіўлены Васкевіч, якому хацелася казырнуць перад Лобанам сваёй назіральнасцю і заадно злавіць несімпатычнага яму сакратара на непісьменнасці. – Не пішам жа Ёфэ, або Іёныч, хоць па правілах павінны былі б...»

Не паспеў Васкевіч, прапісаўшыся, выйсці з сельсавета, як у кабінет старшыні ціха ўсунуўся сакратар, стаў у парозе, з дакорам ківаючы сівай галавою:

– Не баіцеся вы, Васільевіч... Як можна яго браць?

– А што? Ён разумны хлопец, – старшыня яўна цешыўся сваёй уладай, маладосцю, жвавасцю. – Чаго баяцца? Што кніжкі прап'е?

– Хоць бы і так. Фонд там багаты, харошы...

– А вы хіба не п'яце, Осіпавіч? – спытаў старшыня, добра ведаючы, які будзе адказ. – Калі-нікалі?

Лізун уздыхнуў і паварушыў пальцамі адзінай рукі, бьщцам адкідваў костачкі на лічыльніках.

– Дзевяць гадоў, тры месяцы і дзевятнаццаць дзён ні кроплі, – адказаў ён.

– А хочацца? – дапытваўся старшыня, ужо ў адкрытую смеючыся.

Сакратар толькі прыцмокнуў і, як і належыць старому безадказнаму служаку (ён быў на пенсіі і баяўся скарачэння), таксама ўсміхнуўся на начальніцкі смех; а сам, відаць, падумаў: «Я ж цябе, смаркача, без штаноў помню – помню, як ты яблычкі ў мяне латашыў... Радуйся, што мінуў тады маёй рукі!..»

Менш чым праз паўгадзіны Васкевіч ужо выходзіў з аўтобуса ў цэнтры горада. З такім планам, які ляжаў у яго ў кішэні, бібліятэку можна было знайсці з заплюшчанымі вачыма, таму ён не дужа спяшаўся: купіў марожанага, у кіёску на плошчы папытаў «Маладосць», апошні «ЛіМ», потым памалу пайшоў уверх, у горад, вузкай крывой вулічкай. Яшчэ перад горадам сонца схавалася; цяпер ззаду, з Прыпяці, налятаў халодны снегавы вецер, задзіраў старчака капюшон, гнаў паперадзе шматкі папер, смецце і ўжо забіваў трэшчыны тратуара ледзь прыкметнай драбнюткай белай сечкаю. Холадна было і ад з'едзенага марожанага, і ад гэтага ветру. Васкевіч ішоў і пазіраў па баках: пасля жывога, «сапраўднага» Мінска і ціхай вёскі, якія былі натуральнымі – як два полюсы, – гэты раённы горад, некалі галоўны цэнтр усяго Палесся, цяпер проста ўражваў яго сваім брудам, нейкай неўладкаванасцю, мноствам грузавых аўтамабіляў, якія, равучы, пыхкаючы чорным дымам, паўзлі і паўзлі адзін за адным па вузкай вулічцы; сваімі нізенькімі чэзлымі дрэўцамі паўз тратуары, шэрымі і жоўтымі сценамі «хрушчовак», сярод якіх ці не на кожны квартал абавязкова тырчыць у неба вялізная труба і копціць неба дзень і ноч... А людзі!.. Шэрыя, як гэтыя сцены, твары, бязрадасныя, нейкі застарэлы ўвесьчасны клопат у вачах, або проста страх, або падазронасць – быццам нейкі злы знахар накінуў на цэлы горад чары, і людзі развучыліся весяліцца, смяяцца... Бедна, непрыгожа, безгустоўна адзетыя – як старыя, так і маладыя... Яшчэ даволі рана, а ўжо на кожным кроку сустрэнеш п'янага; вунь, каля гастранома, цэлы гурт – стаяць, п'юць піва з паўлітровых слоікаў, моўчкі, уважліва аглядаюць тых, хто заходзіць у магазін і выходзіць, некаторых падзываюць да сябе... Побач аблезлая бабка корпаецца ў сметніцы, стала на коленцы, запусціла па локаць руку... «Ды тут большая глуш, чым любы хутар!» – успомніў Васкевіч братавы словы.

Аднапавярховы, прадаўгаваты, з драўляным ганкам і зялёнымі аблупленымі парэнчамі будыначак раённай бібліятэкі стаяў у дварах, сярод дрэў, і ўлетку вельмі проста можна было прайсці побач і не заўважыць яго. Васкевіч, які спярша, пасля размовы са старшынёю, быў акрыяў, ужо едучы ў аўтобусе абдумаўся і, замест адчування хоць невялікай, але ўдачы, на яго зноў найшла ўжо звыклая апошнім часам падазронасць – цяпер і да гэтага Лобана, і да яго прапаноў. Што за свінню яму збіраюцца падкласці, Васкевіч, як ні фантазіраваў, прыдумаць не змог, але цвёрда ўпэўніў сябе, што нічога людскага з гэтага ўладкавання не выйдзе. Хай, тым больш, губляць няма чаго – паспрабуе... Таму ён без лішніх абдумак таўхануў дзверы, на хаду буркнуў «добрага дня» жаночай галаве ў праёме гардэроба і пайшоў, адным вокам пазіраючы ў свой план, другім – на дзверы з надпісамі «Абанемент», «Чытальная зала», «Ж», «Даведачны аддзел», – у самы канец калідора.

Дырэктарка – Валянціна Мікалаеўна – была на месцы. Калі Васкевіч уторкнуўся ў кабінет, яна сядзела за сталом, курыла і задуменна глядзела ў акно. На стале, апроч тэлефона і звычайных для такіх устаноў папер, адразу кідаўся ў вочы вялікі бліскучы электрасамавар, які важна шумеў і ўжо ваўсю струменіўся параю. Відаць, за гэтым шумам і не пачуўся лёгкі стук у дзверы. Васкевіч кашлянуў, Валянціна Мікалаеўна азірнулася, войкнула і раптам неяк паспешліва і няўмела схавала руку з цыгарэтай пад стол, другой рукой пачала ляпаць вакол сябе па стале, знайшла, уздзела на кірпаты носік акуляры ў чырвонай аправе, глянула:

– Фу, напужалі! – і засмяялася харошым грудным смехам маладой жанчыны. Ужо смела зацягнулася яшчэ раз, пстрыкнула недакуркам у расчыненую фортку, вышмаргнула з разеткі шнур, і самавар сціх. – Я крадком пакурваю, – патлумачыла яна і, яшчэ панізіўшы голас, прыклаўшы да поўненькіх, чуць падфарбаваных вуснаў палец, дадала: – Шпіёнаў многа!

Васкевіч, як агаломщаны, стаяў і круціў у руках шапку. Нічога такога ён не чакаў. Гэты кабінецік – вузенькі, утульны, з дываном на ўсю падлогу, з карцінамі, габеленамі на адной сцяне, з секцыяй-шафай уздоўж усёй другои, і ў секцыі – нейкія вымпелы, тэлевізар-кубік, і, здаецца, музычны цэнтр, і прыгожы посуд, і яшчэ розная драбяза, якую не ўхопіш вокам... Гэтая маладая, сімпатычная, зусім не падобная на дырэктарку жанчына, якая так даверліва ні з таго ні з сяго дзеліцца з ім, чалавекам з вуліцы, нейкімі сваімі сакрэтамі... Трэба было абвыкнуцца хоць трохі. Урэшце ён, зіркаючы з-пад ілба, пачаў мямліць пра старшыню Лобана, Двароўскую бібліятэку...

Валянціна Мікалаеўна выслухала і засмяялася.

– Гэты Лобан сам насабачыўся па-беларускі, ды яшчэ такіх, як сам, шукае! – сказала яна, як бы трошкі з зайздрасцю да таго Лобана. – Што ж, добра, распранайцеся, сядайце, пішыце заяву. Вось папера, ручка... Вам кавы зрабіць, пакуль самавар гарачы? – спытала і зараз жа лёгка паднялася – паўнаватая, фігурыстая, у зялёнай бліскучай сукенцы, белагаловая, прайшла, мякка тупаючы ў дыван абцасамі белых, пад колер валасоў, туфелек, дастала з секцыі бляшанку кавы, сподкі, кубачкі. – Тут якраз перад вамі прыходзіла адна, фіфа нейкая намазаная, таксама прасілася ў Двароўку... З малым дзіцям. Я сказала, што падумаю, а сама думаю – трэба ты мне з дзіцям! Будзеш сядзець месяцамі на бальнічным, а там зноў у дэкрэт пойдзеш.

Зацурчэў кіпень з самавара, запахла каваю. Васкевіч, распрануўшыся, прымасціўся за стол. Валянціна Мікалаеўна падсунула яму кубак, прапанавала курыць, калі курыць, і жартоўным голасам, нібы даючы зразумець, што яна давярае, але вымушана пацікавіцца гэтым па службовай патрэбе, спытала, што ён за чалавек і адкуль узяўся.

Васкевіч сказаў, што ў Мінску два курсы скончыў.

– У Мінску? – як невядома якому дзіву ўзрадвалася Валянціна Мікалаеўна. – Ведаеце там такую вуліцу – Сердзіча?

– Чуў, але так... Я неяк блытаю Сердзіча і гэтую, як яе... Сядых.

– Ну-у. Сядых – гэта ж Зялёны Луг, а Сердзіча адразу за плошчай Прытыцкага, каля «Дзюймовачкі», – і задумалася на міг, відаць, успамінаючы нешта, з гэтай вуліцай звязанае.

Зрэшты потым, пасля гэтай кароткай задумкі, лапатала яна не перастаючы. Пакуль разамлелы Васкевіч – во начальніцу Бог наслаў! – піў каву, курыў і знарок марудна, каб даўжэй тут пабыць, выводзіў па літарках словы заявы, мілавідная дырэктарка, не выбіраючы асабліва выразаў, расказала, што цякучка кадраў замучыла, палучкі мізэрныя (назвала лічбу ў чатыры разы большую за яго стыпендыю), што «дзеўкі» ўстройваюцца і адразу ідуць у дэкрэты, што вечная праблема – дровы...

– Хоць вы малады, можа, не так мерзнуць будзеце. А то нашыя ўсе мерзнуць, кроў не грэе...

Васкевіч уставіў, што холаду не баіцца, а баіцца запароць работу.

– Вазьміце гляньце ранейшыя фармуляры, планы, і самі так вядзіце.

Валянціна Мікалаеўна папярэдзіла, што фонд там вялікі, і трэба будзе зрабіць вопіс. Як гэта? З заўтрашняга дня ў Двароўку ранішнім аўтобусам будзе прыязджаць чалавек з аддзела апрацоўкі, усё растлумачыць, пакажа, раскажа. Потым гэты вопіс звераць у аддзеле камплектавання з каталогам.

– А то што вы будзеце прымаць ката ў мяшку? Можа, там

палавіны ўжо няма, параскрадалі...

Усё гэта для Васкевіча было цёмны лес. Але ён не стаў нічога запісваць – каб не падумала Валянціна Мікалаеўна, што ён падхалім ці тугадумны, – не стараўся нават дужа запамінаць; проста вырашыў з усім згаджацца, а там разбярэцца як-небудзь. Цяпер, калі заява напісаная, што рабіць? Ехаць у сельсавет, сказаць, што афіцыйна аформлены? Добра. Заўтра ў дзевяць раніцы, к аўтобусу, быць у бібліятэцы? Будзе. Кожны месяц першага чысла прыязджаць па палучку ў горад, тады ж кароценькі сход? Будзе прыязджаць. Справаздачы за кожны квартал і планы? Пастараецца...

Валянціна Мікалаеўна чыркнула колькі слоў на яго заяве, пагартала працоўную кніжку, спыніла вочы на злашчасным запісе. Васкевіч, які ўжо чамусьці быў падумаў, што справа яго вырашана, пахаладзеў.

– Так... – дырэктарка зрабіла твар строгім і паківала Васкевічу пальцам, як гарэзу-школьніку. – Так, на рабочым месцы не піць! Кніжкі глядзець! Дзевак за стэлажамі не ціскаць! Бо знаю я гэтых дзевак... Дамовіліся?

Васкевіч, смеючыся, кіўнуў. Яму раптам захацелася перагнуцца цераз стол і пацалаваць гэтую жанчыну.

«Чорт, і што ім усім так хочацца думаць, што я нейкі п'яніца і за гэтае выгнаны? – думаў ён, у цудоўным настроі, зусім іншым чалавекам выходзячы на вуліцу. – І цікава, ште як быццам ніхто ў тым ніякага граху не бачыць».

Вуліца за гэты час пабялела, з неба замест сечкі ціха і густа падаў ужо сапраўдны снег – і ад гэтай белізны, а больш ад таго, што сядзіць тут блізка, у гэтым вось будынку, такая разумная, харошанькая Валянціна Мікалаеўна, і сам горад падаўся Васкевічу не такім ужо і гадкім.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю