355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Федарэнка » Нічые » Текст книги (страница 34)
Нічые
  • Текст добавлен: 28 апреля 2017, 18:30

Текст книги "Нічые"


Автор книги: Андрэй Федарэнка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 34 (всего у книги 34 страниц)

– Я то ўчотчык… А вось ты хто? Нешта не згадваю. Ці не Трухановічаў меншы будзеш?

– Не… Трухановіч, але не меншы… Не той. Другі я, – адчуўшы, што заблытваецца, Трухановіч змоўк на паўслове і, поўны прыкрасці, павярнуўся і паклыпаў на двор. Навошта яму спатрэбілася хлусіць? І што за шчодрасць з гэтым самагонам?.. Як усё ж цяжка з людзьмі, як збіваешся з імі, не ведаеш, як трэба паводзіццца!

І толькі калі, змалоўшы, уладкаваўшыся, выехаў са Скрыгалава і апынуўся зноў у лесе, адзін, з канём, – палегчала трохі. Дождж перастаў. Спіну ўтульна грэў цёплы мех мукі. Толькі аднаму і можна існаваць. Гармонія… «ЛявонБушмараўшчына»…

Але на гэты раз думкі яго ўзбунтавалі. І прыкрасць, і злосць нечакана расхадзіліся ў душы. Ад таго, што такі ён непрыдатны сярод гэтых сялян – з іхнімі вечнымі праблемамі, з іхняй вечнай барацьбой за выжыванне… Чужы, усяму і ўсім чужы! І як жа абрыдла ўжо гэтае сваё «ўсёведанне»! Ад якога ні яму самому, нікому іншаму ніякае карысці!

І ён адчуў, як стаміўся ад гэтай чужацкасці, ад вечнага свайго акторства ў гэтай занадта ўжо зацягнутай п'есе.

І, як і сёння раніцай, толькі яшчэ больш востра, з яшчэ большым адчуваннем палёгкі ён зразумеў, што пара, што хутка скончыцца ўсё, што ён, сам таго не ўсведамляючы, набліжае развязку, прынамсі, хоць бы вось гэтым эпізодам на млыне… І яму хочацца, каб гэтая развязка хутчэй настала.

Чаму ім не цікавяцца?! Чаму не арыштоўваюць?! А можа – ужо? Вось пад'едзе ён зараз да хаты, а там чакаюць… Каб «узяць».

Да таго ён гэтай развязкі хацеў, да таго быў да яе падрыхтаваны, што амаль не сумняваўся – так яно і будзе.


5

Але «ўзялі» яго толькі праз тыдзень.

За гэты час паспеў Трухановіч развітацца і з любімай рэчкаю, і з родным лесам, і з восеньскім сонцам, якое «шчодра аддавала сваё апошняе цяпло» пустым ужо, але ад таго не менш прывабным для вачэй і для душы палеткам… Самае галоўнае – паперы яго, успаміны яго пра будучыню былі дапісаны, у снарадную гільзу ўкладзены, воскам заліты і ў надзейным месцы захаваны. Гэта было адзінае, што мог ён паслаць праз гады самому сабе – будучаму.

Больш нічога не звязвала яго з гэтым часам. Арышту ён не баяўся, не баяўся нават смерці – па вядомай прычыне; будучы допыт не так палохаў яго, колькі чакаўся ім. Яму здавалася, гэта будзе штосьці кшталту філасофскай, інтэлектуальнай гутаркі за шклянкаю гарбаты… Бо якая віна на ім? Што яму можна «прышыць»? Не прымітыўную ж контру! Мо таму і не арыштавалі дасюль, бо самі не ведаюць, за што? За бяспамяцтва, за бяскрыўдныя фантазіі – дык нібыта нават бальшавікі за такое не расстрэльваюць…

У такіх справах як ні гадай – не ўгадаеш, як ні чакай – атрымаецца нечакана. Прыехалі па яго днём, у самую рабочую пару, калі ён адзін быў дома. А мо гэта Якаў, які паказваў чэкістам дарогу, знарок такі час выбраў? Усё адбылося хутка, будзённа, без асаблівых збораў і слёзпровадаў. Нават вобыску не было. У каморку ўвайшлі двое, адзін стаў у дзвярах, другі акінуў вокам пустыя куткі, голыя сцены, падняў матрац, пад ложак зазірнуў… Трухановічу нічога не тлумачылі, а ён не пытаў нічога. Аднак паддзеўку на плечы накінуць здагадаўся.

Падвода стаяла каля варот. Сабакі брахалі, як шалёныя, – падобна, адзіныя істоты, якія не толькі шкадавалі свайго гаспадара, але і гатовы былі абараняць яго перад чужакамі. Хаця, калі падвода ўжо кранулася, і Трухановіч азірнуўся, падалося яму, што нехта ходзіць у двары, можа, тая ж Наста прыбегла з агароду на сабачы брэх…

Канваіры былі маўчуны. Абодва сядзелі спінамі да Трухановіча: адзін спераду кіраваў коньмі, другі ззаду спусціў ногі ледзь не да зямлі і курыў. Трухановічу была поўная воля. Ён глядзеў на сароку, якая трашчала і ківала хвастом на бярозе. Калі ўехалі ў бярозавы лес, вочы машынальна пачалі шнырыць па доле, шукаючы сярод жоўтага лісця грыбную шапку. А калі пайшлі пералескі, а потым абапал дарогі – палі, ён пачаў пазіраць на пустыя загоны, і знаходзіў, што яны, голыя, падзеленыя толькі ваўчкамі на межах і схіленымі сланечнікамі, яшчэ прыгажэйшыя, чым улетку, калі ўсё на іх цвіло і буяла.

Горад набліжаўся. І чым бліжэй да яго заставалася, тым больш Трухановічу хацелася расцягнуць дарогу – у прамым сэнсе, на манер гумкі, каб даўжэй было ехаць. Паказаліся першыя мазырскія хаты – украінскія мазанкі, белыя ў зялёнай вішнёвай і абрыкосавай зацені. У сваім будучым далёкім дзяцінстве ён яшчэ застане іх…

Вечар надыходзіў з кожнай хвілінай. Аднак, нягледзячы на прыцемкі, і ў горадзе Трухановіч пазнаваў сёетое. Славутыя равы і пагоркі, пакрытыя бярозамі… «Я вам пакідаю на кручах высокіх ракіты, мазырскіх бяроз беластвольны тугі карагод, каб вы, дарагія, на прыпяцкіх хвалях блакітных, ка мне прыплылі і праз нейкую тысячу год!»

Спуск. Пад'ём. Цэнтральная вуліца. Прыпяць, якую хоць і не відаць адсюль, але яна адчувалася па рачной свежасці. Плошча, яшчэ без статуі з працягнутай рукою. Будынак, той самы, у адным з пакояў якога, на другім паверсе, некалі будуць прымаць яго ў камсамол…

Падвода завярнула ў цёмны ўнутраны двор. Спынілася каля ледзь прыкметных у сцяне дзвярэй. Трухановіч хацеў устаць, на яго цыкнулі, каб сядзеў і не варушыўся. Затым яго канваіры некуды зніклі, а каля падводы з'явіліся іншыя людзі. Турэмшчыкі? Перадача з «рук на рукі»? Нарэшце яму загадалі злазіць.

– Рукі за спіну. Не азірацца. Слухаць каманды.

Адзін уперадзе, другі ззаду. Пачалі спускацца ў падвал. Трухановіч чыкільгікаў, як верабей. Чамусьці ўяўлялася яму, што ягоная турма будзе без падвалаў, проста якінебудзь маленькі барак, хоць і без вокнаў, цёмны, але драўляны, з нагрэтымі за дзень бярвенчатымі сценамі. А тут – сцены цагляныя, холад, вільгаць, цвіль… Святла не было зусім.

– Улева, – камандаваў задні. – Яшчэ ўлева… Стаяць! Тварам да сцяны!

Бразнулі дзверы. Пацягнула скразняком і адначасова – тым адмысловым смуродным пахам, па якім льга было здагадацца, што людзей тут, як селядцоў у бочцы. Трухановіч зрабіў крок, дзверы зачыніліся за ім. Цемрадзь была поўная… Хаця, здаецца, у процілеглым кутку камеры святлее прамакутнік акна. На яго арыентуючыся, Трухановіч паспрабаваў быў прайсці туды. Але спатыкнуўся аб нечае цела, як яму падалося, мёртвае… Не, лепш вярнуцца назад і ўладкоўвацца каля дзвярэй.

Так і зрабіў. Хоць і скразнячок зпад нізу, затое лягчэй будзе дыхаць. Паддзеўка на падлогу… Ногі абедзьве ў рукаво… Нос да скразняку… Аднак не паспеў ён зрабіць усяго гэтага, як зноў з ляскатам адчыніліся дзверы.

– Хто на «хэ»?!

Заварочаліся, закашлялі, заскрыпелі, застагналі…

– Хамцэвіч.

– Хамутоўскі!

– Хальчэня, – пачало адгукацца з розных куткоў.

– Апошні, на выхад!

Трухановіч падцягнуў пад жывот ногі, каб даць дарогу. Па вакенцы, ды па прыблізнай адлегласці паміж месцамі, адкуль чуліся галасы, можна было вызначыць памеры камеры – не менш як чалавек на пяцьдзесят, гэта калі ўсе ляжаць на падлозе, ўпокат, а калі тут яшчэ і нары, дык удвая больш...

Як пачалося, так і пайшло. Праз пэўныя прамежкі часу —крокі на калідоры (хутка яны пачалі замяняць Трухановічу гадзіннік), бразгат дзвярэй, «хто на…!» І з кожным разам, чуючы гэтыя крокі за кіламетр, нават, здаецца, тады, калі яны яшчэ і не пачаліся, замірае ўвесь людзьмі забіты катух… Некалі вось так сама сядзелі і чакалі, пакуль іх кінуць на корм дзікім звярам, першыя хрысціяне… Ці прарокі, аракулы, «ведзьмакі» часоў інквізіцыі перад апошнім сваім вогнішчам… Як чорна і глуха. Нібы апусцілі на людзей вялізную квадратную скрыню – тры сцяны і столь, і адрэзалі ёю, адсеклі ўсё лішняе, непатрэбнае, няважнае… Усё засталося там, паза скрыняю, а тут толькі дзве рэальнасці: жыццё і смерць. Жыццё – гэты крохкі маленькі шкляны шарык, з рэдкім пералівам падманлівага бляску, —шарык на накавальні, а над ім смерць – цяжкі, усюдыісны, бязлітасны жалезны молат…

– Хто на «тэ»?!

«Я! Я, таварышы, на «тэ», і я гатовы супрацоўнічаць з вамі! Вы толькі не спяшайцеся забіваць мяне, і я вам усё растлумачу… Я – неацэнны грамадзянін для любой дзяржавы. Ад мяне карысці можа быць больш, чым ад цэлага войска, больш нават, чым ад вас, арміі чэкістаў… Не, што вы, гэта зусім не азначае, што вы застанецеся без працы! Як вы кажаце? Так, канечне, – віну сваю прызнаю, гатовы падпісаць любы пратакол. Вінаваты ў тым, што па слабасці, ці па дурасці, думаў адсядзецца ў каморцы, у грыбах, не хацеў дзяліцца сваім дарам з дзяржаваю… Выпусціўшы зпад увагі, што дар гэты не столькі мой, нават зусім не мой, а – калектыўная ўласнасць, дзяржаўная зброя; мне ж належыць толькі тленная абалонка, толькі маё скалечанае цела… Так што вельмі прашу вас пакінуць мяне жыць, а ўзамен вы атрымаеце самыя дакладныя гістарычныя прадказанні, якія памогуць вам за кароткі час авалодаць усім светам».

«Добра. Іншага мы ад вас і не чакалі. Ніхто, само сабою, не верыць, што вы жылі ў будучым, і таму падобнай лухце. Як камуністыматэрыялісты, мы не верым нават у дар як у штосьці індывідуальнае, ад нараджэння дадзенае – гэта буржуазныя хімеры, людзі будучага ўсе будуць геніяльныя і ўзаемазамяняльныя… Але пакуль мы вымушаны лічыцца, што няроўнасць існуе не толькі ў эканамічным, але і ў духоўным плане. Часова талент як адзнаку выключнасці мы прызнаем, і верым у звышмагчымасць чалавечага мозгу, у неадкрытыя яго рэзервы. Дар прадбачання, прадчування, інтуіцыі – такі ж самы дар, як і пісаць музыку, карціны або ствараць мастацкія творы, пакуль не ўсе гэта могуць. Што да вас, дык хутчэй за ўсё пасля ранення і кантузіі розум ваш даў збой, і вы атрымалі магчымасць прыадкрыць заслону будучага, зазірнуць туды… Такія людзі нам патрэбны. Мы залічваем вас у штат малодшым супрацоўнікам. Паёк – мука, чай, цукар, як прэмія – веласіпед… Дрывамі будзеце забяспечаны. Але як толькі не спраўдзіцца хоць адно вашае прароцтва…»

– Хто на «гэ»?!

– Галёнка…

– Голуб!

– Гершвін…

– Апошні – на выхад!

Трухановіч у каторы раз сцяўся, прапускаючы няшчаснага Гершвіна, які прабіраўся да выхаду і плакаў уголас. Вось чаго ён не ўлічыў. Вось на што варта было настройваць сябе, вось чаго трэба было, урэшце, баяцца: не арышту, не смерці – апускання молата на шкляны шарык (у яго становішчы, калі ведаеш, што смерці няма, што зноў народзішся, гэта было б дурасцю), а ўсяго спадарожнага. Перыядычнасці крокаў на калідоры, ляскату засова, падбірання пад сябе ног, каб даваць камусьці дарогу, і дзікай палёгкі, што не табе яе даюць… Смуроду, мацюкаў, галасоў, плачу – усяго жывёльнапрымітыўнага, сярэднявечнаінквізітарскага… Допыту, грукання кулака па стале… І як упарта не йдзе з галавы Плейшнер з яго ядавітай ампулай у цыгарэце! Вось толькі не ў цыгарэту, а ў каўнер пінжака ці гімнасцёркі ўшываць трэба такія рэчы…

Ніхто не выклікаў яго.

І пакрысе, чым бліжэй да раніцы, уся яго іронія наконт нібыта хуткага допыту, якая павінна была змяніцца распраўленнем плячэй і гордым пляўком у твар кату, на нішто сыходзіла, раставала, знікала, як і адчуванне сваёй нібыта важнасці – хоць бы і ў параўнанні з гэтымі вось сукамернікамі. Ясна было, што ён такі ж, як усё тут; ніхто не збіраецца яго вербаваць, нічога яму прапаноўваць… Не ён ім у твар, а ім было напляваць – і на курыцу, і на залатыя яйкі…

Невядома, колькі часу так прайшло. Як раптам штосьці змянілася ў камеры. Трухановіч не адразу зразумеў, што. Аказалася, пасвятлела вакенца. Зачынаўся ранак. І не паспеў Трухановіч разлыпіць вочы як след, не паспеў агледзецца – жудкая карціна толькітолькі пачынала вымалёўвацца перад ім, як на калідоры пачуліся крокі, бразнулі дзверы:

– Хто на тэ?! – над самым вухам.

– Тоўкач!

– Тарасевіч!

– Трухановіч! – хрыпла, уласнага голасу не пазнаючы, прамовіў ён, адрываючы ад падлогі зацеклае, непаслухмянае цела.

– Апошні – на выхад!

– Я? – перапытаў ён, хоць даўно, яшчэ аддалёк крокі пачуўшы, ужо ведаў, хто.

– Галоўка ад …уя! З рэчамі на выхад!


6

«Трухан, на ўкол! Ты не еў, я спадзяюся?»

З шасці раніцы пачынаючы, раз за разам гучала гэтае мілае папярэджаннае: хаця не ўздумай есці перад аперацыяй. Яму акурат да гэтага. Зараз – сядзе, раскладзецца і пачне ўпіхваць у сябе сала з хлебам, ці бальнічную кашу з вараным сінім яйкам.

«Што за ўкол?»

«Каб супакоіўся. Лягай, не бойся…»

«Не трэба. Нічога я не баюся. І абсалютна спакойны!»

Аднак паслухаўся, прылёг. Неўзабаве палягчэла цела, паплыў атуманены наркотыкам мозг. Туман, рэчка, поплаў… Нэлі, Наста… Ну, і што яму так ужо асабліва шкада будзе пакідаць у гэтым свеце? Хіба тую ж рэчку... Рабіну... Дзяўчыну…

Грыбныя туманы,

Мурог каля хаты,

Ды пару з пахмелля

няскончаных вершаў.

У дзевяць трыццаць санітаркі ўкацілі ў палату ложак«насілкі».

«Сам! – падхопліваючыся, сказаў Трухан. – Ногі ў мяне яшчэ ходзяць».

«А назад? Герой такі».

« Я сказаў – сам!»

«Добра, добра, толькі супакойся…»

«Я спакойны!»

Ліфт. Шкляны, доўгідоўгі калідорпераход. У белым інеі дрэвы на бальнічным двары. Падлога пад нагамі робіцца то бетоннай, то драўлянай… У вачах кругі плывуць. Табе ж прапаноўвалі ехаць на каталцы…

– Рукі за спіну! Варушы нагамі! – і Трухановіч паслухмяна заклыпаў хутчэй. Цёмная лесвіца вяла ўверх, да святла, як у рай. Пяць прыступак, шэсць…

Перад аперацыйнай быў вялікі пусты пакой, страшны тым, што зусім без вокан. Каля сцяны стаяла кушэтка.

«Распранайся… Усё скідвай».

Правільна, навошта каб дабро прападала?.. Трыко, піжама, гімнасцёрка… Боты вось толькі цяжка здымаць адной рукою…

Аперацыйная. Зялёныя дактары з белымі павязкамі на тварах.

«Вось сюды. І не бойцеся…»

«Сам!» – ён адвёў чужую руку, і голы, як маці нарадзіла, палез на аперацыйны ложак. Ну вось і ўсё – «маланка… не – скальпель ля скроні шугае. Перадайце наступніку: хай у народзе сваім праз стагоддзе зімы, на Свята, мой твар адшукае, і мы – вочы ў вочы, шчаслівыя – стрэнемся з ім!»

Зыркі да ненатуральнасці, святлейшы за сафіты прамень вераснёўскага сонца паласнуў па вачах. Каб не схапіць пасля такой цемры «зайчыка», як ад электразваркі, Трухановіч моцна заплюшчыўся, а паверх яшчэ і прыкрыў далоняю вочы (самае дзіўнае, што канваір дазволіў гэта). Затым марудна адняў ад вачэй руку.

Замест глухога падвальнага склепа, дзе, як ён думаў, яго павінны былі расстрэльваць, ён апынуўся на залітым святлом двары. Першае, што тахнула ў мазгах: відаць, іншым шляхам і нельга патрапіць да таго склепа, трэба прайсці і гэты двор – каб зрабіць апошні глыток паветра, злавіць апошні сонечны прамень і назаўсёды запомніць, і з сабою на той свет забраць, апошнім зіркам ухапіўшы, вунь тую зялёную латачку мурагу каля сцяны.

Прыжмурыўшыся, ён стаяў і чакаў далейшых камандаў. Ці, можа, ужо прыйшлі? Мо гэтая сцяна і ёсць месца прызначэння?

Ззаду на плячо яму лягла рука. Думаючы, што гэта канваір збіраецца падвесці яго «да сценкі», ён з гідлівасцю тузануўся, вызваляючыся:

– Сам!

– Што сам? Жыта вазіў?!

Ён рэзка павярнуўся. І ўбачыў замест канваіраў… «брата» свайго, Міканора. Няголены, нявыспаны, пакамечаны, стомлены… Але вочы іскрыліся непадробнай радасцю.

– Я па цябе… Пайшлі дамоў. Адпускаюць,– казаў Міканор і азіраўся. Трухановіч зза яго пляча таксама паглядзеў туды. І ўбачыў яшчэ аднаго старога свайго знаёмага, з «кансіліума» па шпіталі помнага – Картавага. Ён стаяў на ганачку каля ўваходу ў падвал. Гэта яму належала рэпліка пра жыта.

Ён паволі спусціўся з ганка і падыйшоў да братоў.

– Ну што? – сказаў, не вітаючыся, строганасмешлівым голасам. – Вярнуў памяць? Абжыўся? Я гляджу, аж занадта. Падзякуй брату, каб не ён…

Ды ці не чарговы сон усё гэта? Трухановіч нічога не разумеў. Акрамя таго, што ён не патрэбен ім, яны адпускаюць яго – нават без допыту. Няўжо і ўзялі толькі зза яго паездкі на млын? Успомнілася крывая ўхмылачка ўчотчыка… Гэтага не магло быць. Няўжо два пуды жыта былі для іх важней за тую бясцэнную інфармацыю, што носіць ён у сабе?! Падобна, што так. У іх былі больш важныя справы, іх чакалі разборкі з вязнямі, якім не роўня быў Трухановіч.

– Абодвух папярэджваю: другі раз, калі лішкі будуць, каб не ў Скрыгалаў тарабанілі, а ў пункты ссыпкі здавалі. Давайце адсюль хутчэй, пакуль ніхто не бачыць.

– Пайшлі, пайшлі, – падштурхоўваў застылага Трухановіча Міканор. – Конь там стаіць, адзін, каб не адвязаўся…

І пакуль са двара выходзілі, і па вуліцы ішлі, усё тараторыў без супынку, такім чынам – словамі – ад перажытага пазбаўляючыся. Расказваў, які падняўся пярэпалах, калі «цябе забралі», і як ён, Міканор, спачатку не ведаў, што рабіць, а тады кінуўся да Якава Калашонка, і як доўга ўмольваў яго, пакуль не сышліся на тым, што Якаў выправіць «стрэчную» паперу, у якой адмовіцца ад даносу на Трухановіча, а Міканор зараз жа, на ноч гледзячы, павінен здаць усю да грама праклятую тую муку… Што ён, Міканор, і зрабіў. А затым адразу сюды, і дзе мальбою, дзе гразьбою, дзе хабарам, дзе самагонкаю, дзе сваім валрэўкамаўскім «дакумантам», дзе Яшкавай папераю – але такі ўлагодзіў, дзякаваць Богу!

Трухановіч слухаў, і думаў, што вось колькі падзей адбылося, людзі не спалі, перажывалі за яго, Міканор вунь ледзь не ссівеў, – і ўсё гэта ў той час, калі ён, скурчыўшыся ў абаранак на падлозе, абдумваў высокія матэрыі, праблемы «выратавання чалавецтва»!..

Конь стаяў у завулку, прывязаны лейцамі да плота. Пабачыўшы гаспадароў, заіржаў ціха. Свой, знаёмы конь… Свае, знаёмыя калёсы… На якіх яму зноў зараз трэба вяртацца да жыцця: да людзей, да хат, да лесу, поля і рэчкі, да пожняўзагонаў і золкаўсвітанкаў…

Тут, каля калёс, у бяспечным месцы Міканор сціснуў яго ў абдымках. Потым адвярнуўся. Хацеў закурыць, ды пальцы не слухаліся, падрыгвалі, табака высыпалася з паперчыны.

– Холадна было ўночы…

Так і не скурціўшы, плюнуў, ссыпаў рэшткі тытуню ў кісет, і туды ж – квадрацік газеціны.

– Прачынайся, – лёгенька штурхнуў Трухановіча. – Давай, памагу залезці… Ды не спі ты!

І сапраўды. Трэба было прачынацца. І жыць. Толькі не жыццём «выбранніка», не носьбітам нейкай «высокай» тайны ў душы, а звычайна – існаваць. Рабіцца як усе.

Не так смерць – прадчуванне яе, падрыхтоўка да яе, набліжэнне яе страшыла, як вось гэтае, раптоўна зваленае на галаву, жыццё. Столькі ўжо было патрачана сілы, энергіі, духоўнага запасу, што ён цяпер проста не ведаў, дзе браць дадатковыя рэзервы? Як гэтую дыстанцыю адужаць?!

І ўсё ж быў момант, згадка пра які сагравала. З двух бакоў спісаныя, у трубку скручаныя і ў гільзу «запаяныя» аркушыкі ляжалі, надзейна схаваныя, і, як тая Сцепанідзіна бомба, «чакалі свае пары»…

Ён разумеў, канечне, што карысці ад іх, як і ад той бомбы, можа атрымацца няшмат.

Але гэта было адзінае, што ён меў.

1987, 1992, 2003 гг.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю