Текст книги "Нічые"
Автор книги: Андрэй Федарэнка
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 23 (всего у книги 34 страниц)
XXI
Пара была выпушчана. У Семежава вярталіся героямі, з першай ахвярай – мёртвага Валодзьку Піліпчука прывезлі на калёсах.
Тыя, хто ў рэйдзе-набегу не ўдзельнічалі, ганарыліся за смелых сваіх таварышаў і зайздросцілі ім.
І ўсё ж гэтая першая смерць крыху астудзіла людзей. Ужо ніхто не заклікаў да расправы з камандзірамі-«бээнэраўцамі». Спакайней трохі стала. Балахоўцы замкнуліся ў штабе, і невядома было, што яны там робяць. П'яныя мяцежнікі разгульвалі па мястэчку. Пад вечар на плошчы, як звычайна, загарэліся кастры.
Уся сітуацыя вельмі жыва нагадвала «германскія» падзеі, калі модна было, наслухаўшыся бальшавікоў, не падпарадкоўвацца «царскім» камандзірам. Усё паўтаралася – тая ж разгуляйская, адчайная рызыковасць, той жа патаемны ў душы страх, што, калі ўтрасецца ўсё, з кожнага папытаюць і кожны, галаву ўнурыўшы, рукі развёўшы, будзе тлумачыць праз глыбокія конскія ўздыхі: «Бес паблытаў...»
Але пакуль што паміж трыма сіламі ўсталявалася хісткая раўнавага, мёртвы час зацішша перад бураю.
Ніхто з бээнэраўцаў так і не з'явіўся на плошчы. Усе ведалі, дзе яны цяпер знаходзяцца – непадалёку, на Чайкавай кватэры, пад аховай узвода адданага Радзе Капца. Мяцежнікі групкамі па чатыры-пяць чалавек, дзеля цікавасці, хадзілі глядзець. У хаце жоўтымі плямамі свяціліся ўсе вокны. «Засядаюць!» – падштурхоўвалі адзін аднаго, падхіхіквалі бунтаўшчыкі. Калі наблізіцца да веснічак, то чулася толькі клацанне дзесятка затвораў, а так стаяла глухая цішыня, нават сабакі маўчалі чамусьці.
Затое ў хаце гамана не сціхала. «Савет у Філях», як назваў Мірановіч, быў у поўным разгары. Гаварыць, праўда, усё адно стараліся цішэй – хоць і ачэплены быў двор надзейнымі салдатамі, сама канспіратыўніцкая атмасфера таго вымагала. Сляпы дзед сядзеў на сваім тапчанчыку і ўважліва слухаў, уставіўшыся ў столь, пакручваючы ў руках палку. Удава-маладзіца (з разлікам на яе і падшуквалася кватэра камандзіру палка) таксама была ў хаце; з маўклівым жахам яна пазірала, колькі гразі сюды нанесена, колькі накурана тут, і думкі яе былі толькі аб тым, як жа ўсё гэта прыбярэцца, як выветрыцца?..
Дзіўна было бачыць разгубленым «жалезнага» Жаўрыда. Ён сядзеў не па цэнтры стала, хоць там было яму месца, а прымасціўся на лаўцы каля дзвярэй, нават і не на лаўцы – з краю лаўкі... На плошчы гаварылі праўду. Ён вярнуўся ні з чым, пабываўшы і ў Варшаве, і ў Лодзі, і ў Горадні, і ў Баранавічах. Ніхто не даў нідзе абсалютна нічога. Значыць, не будзе ні зброі, ні амуніцыі. Не будзе тыпаграфіі – «паэтычная душа» Косцевіч (Макар Краўцоў) на вольным родным сваім прасторы ў Лодзі прайграў у карты грошы, на яе сабраныя. Так і не дайшлі да Семежава, недзе ў глухіх лясах заблукаўшы, глускія атрады... Словам, нічога з таго, што з такім імпэтам абяцалася, акрамя, праўда, групы камандзіраў, прысланых БВК, якіх і павінен быў сустракаць зараз у Баранавічах Чайка (дык і тых не пяцьдзесят, а чатырнаццаць), – нічога не атрымалася. Было ад чаго павесіць галаву.
Мірановіч з падазронай рэгулярнасцю выходзіў на двор, «ахову праверыць», і вяртаўся падвесялелы, з бліскучымі вачыма, а калі пачынаў гаварыць, трымаў далонь перад вільготнымі вуснамі. Адзін ён паводзіўся, як звычайна. Што да астатніх (а гэта былі «знаёмыя ўсе твары»), дык ніколі яшчэ становішча не здавалася ім такім сур'ёзным, такім адчайным. Ніколі яшчэ не было такім вострым адчуванне правалу. І нават той знакаміты з'езд, які так лёгка і спрытна «павярнуў» Жаўрыд, быў нішто, дзіцячая забаўка ў параўнанні з цяперашнім мяцяжом. Хоць бы таму, што тады людзі былі амаль бяззбройныя і не мелі цяперашняга вопыту – пры ўсім прытым вопыту баявога, бо пабачылі ўжо і палонных, і забітых... Цяпер ініцыятыва, атрыманая дзякуючы Жаўрыду, выплывала з рук. Акцыя не хацела развівацца па іхнім сцэнарыі, ды што акцыя – тут ужо стаяла пытанне іхніх жыцця і смерці! Галовы маглі паляцець, і ад рук сваіх жа, вось як стаяла пытанне.
Спецыяльна засылаемыя на плошчу лазутчыкі – пакруціцца, разнюхаць, хто там чым дыхае, увогуле разведаць, што новенькага, – час ад часу прасочваліся з цёмнага, глухога завулачка ў двор асцярожнымі ценямі і прыносілі звесткі адна перад адной не лепшыя. Сапраўды, «на шчыце» вярнуўся ад Балаховіча Мацэля, цяпер яны п'янствуюць з аднадумцамі ў штабе, загадзя святкуючы хуткую перамогу. У брыгадным шпіталі – нібыта – падпольна знаходзіцца брат Балаховіча Іосіф, гатовы ўзначаліць мяцеж. З Лунінца – зноў-такі нібыта – выйшаў атрад у пяцьсот чалавек, які вядзе на Семежава балаховец Мікола Дзямідаў, з мэтаю захапіць Раду і «прывесці ў дзеянне» прыгавор Беларускага палітычнага камітэта, і Балаховіча ў прыватнасці: Жаўрыда, Пракулевіча і Якубецкага – павесіць. За ўсім за гэтым спачатку не надалі ўвагі яшчэ адной навіне. Вярнуўся са Слуцка, з палону, адпушчаны бальшавікамі Карпаў Дзяніс і прынёс з сабой цікавую запіску, якая, на шчасце, абсалютна выпадкова, пазбегнуўшы публічнага прачытання, патрапіла ў рукі аднаму з лазутчыкаў. З яе вынікала, што Чайка савецкі шпіён. Акружаны спачувальнікамі, відаць, і глынуўшы крыху, акрыялы хлопец хваліўся цяпер на плошчы, як мужна вёў сябе ў палоне, блытана, усклізь расказваў пра Губмяна, Кецку і, між іншым, пра тое, што чырвоныя рыхтуюць на іх поўнамаштабную аблаву, з дазволу і адабрэння палякаў.
Замусоленая, пакамечаная паперка валялася на стале. Наконт яе выказаліся, праўда, усе. Бралі запіску, пасміхаючыся, паціскаючы плячыма, круцілі ў руках і кідалі назад на стол. Ну, на самай справе, не поўныя ж яны дурні, каб «кляваць» на такія прымітыўныя бальшавіцкія штучкі!.. Не падазраваць жа ім уласнага камандзіра палка!.. Што да аблавы, дык усё можа быць, і раней, і заўсёды было зразумела, што палякі здрадзяць рана ці позна; але пакуль не да гэтага – не такой страшнай здавалася небяспека будучая, аддаленая, як свая, што пад бокам.
Усе выступілі, выказаліся, усе адзін аднаму давялі, што маюць справу з фальшыўкай, на якую трэба хутчэй забыць і заняцца больш важным... А вось жа не забывалася! І мала-памалу штосьці на гэтай запісцы пачынала зацыкліваць! Прымушаючы альбо ўголас, альбо ў думках ужо дакладна да яе вяртацца, у рукі яе браць, перачытваць...
І сапраўды. Чаму ўвогуле сталася магчымай гэтая перапіска? Чаму ўсплыло само імя – Чайка? Дыму без агню... не, не – яшчэ рана! Канечне ж, Чайка невінаваты, тут не можа быць сумнення, ніхто пакуль нічога не кажа... Але чаму такія супадзенні, і з бунтам, і з гэтай запіскай, і з адсутнасцю яго?.. Выпадковасць? Але што гэта за камандзір палка, які дапускае да такіх крайніх, небяспечных выпадковасцяў? Тады, можа, і праўда, што на такой пасадзе варта мець дар прадбачання – інтуіцыю? На тое ж прызначаны. Стратэг, франтавы вопыт... Прадугледжваць, чым усё можа скончыцца, і, па магчымасці, прадухіляць – хто ж за цябе гэта рабіць будзе? Можа быць, варта было папярэдне «выпусціць пару» (ці «дурную кроў»), арганізаваць, каб астудзіліся галовы, пару вылазак – такіх, як Чуб з атрадам зрабіў, адцягнуўшы тым самым, дарэчы, як мінімум арышт іх... Чаму іхні камандзір палка не змог ці не хацеў, пакуль такія магчымасці, стварыць сабе аўтарытэт – як, прыкладам, той жа Балаховіч? Шмат, шмат пытанняў!.. І галоўнае, зноў-такі, што вось няма яго. Так, у Баранавічах, так, афіцэраў сустракае. Але ж як знарок, як падгадана – няма ў самы такі адчайны час! Калі толькі і трэба дзейнічаць рашуча. Выйсці на сярэдзіну плошчы, гаркнуць камандным голасам, расстраляць публічна, уласнай рукою парачку найбольш шустрых, каб іншыя раз-назаўсёды забыліся на «свабоду»!..
– Ну што, Мірановіч, – прамовіў і зусім не «медзяным», а разгубленым голасам Жаўрыд. – Ты ж контрразведка – думай!
– А што тут думаць? Нам трэба іншы камандзір палка, – сказаў контрразведчык. І дзіва: настолькі супала гэтае рэзкае выказванне з крамольнымі думкамі іншых, настолькі падпала ім у такт, што хоць бы хто запярэчыў. – Трэба мяняць камандзіра, – паўтарыў Мірановіч, падымаючыся з лавы, – шукаць чалавека, папулярнага, як Балаховіч, але свайго, нацыянальна свядомага.
– Дзе знайсці такога...
– Ну, святое месца пустым не будзе!
– Кутылоўскі некалі Чайку ўгаворваў, – адазваўся з кутка Пракулевіч, – а цяпер Кутылоўскага давядзецца...
І зноў тое ж самае! – ніякага здзіўлення ні ў кога не выклікала гэтая, па сутнасці, нечаканая прапанова, настолькі аднолькавыя былі ва ўсіх думкі. Усё прамежкавае выпускалася за непатрэбнасцю. Па ідэі для пачатку павінна было прагучаць хоць бы пытанне: а каго заместа Чайкі? Затым прапанова – Кутылоўскага, і тады ўжо заканамерным звяном у гэтым ланцугу занялі б сваё месца Пракулевічавы словы.
А далей проста пайшлі гудзець растрывожаным вулеем:
– Добра рабіць такія ракіроўкі ў спакойных абставінах, а тут, калі сам на валасінцы вісіш...
– Ды давайце сядзець і чакаць, пакуль саміх перавешаюць!
– Чакаць трэба Чайку! Як ні круці, а войска яго паважае! Прыедзе, скамандуе – і ўсё абыдзецца... можа быць...
– А хто з вас ведае, як скамандуе Чайка? – без усмешкі перабіў Мірановіч. – Я дык не. – І нібы машынальна, проста каб рукі заняць, узяў са стала Кецкаву запіску.
– Хто яго ведае, наш ён ці не наш... Але факт фактам – яго любяць!
– Ды нейтральны ён! Нічый! Проста апалітычны...
– Толку нам з яго франтавых заслуг?!
– Шаноўныя, вы думаеце, што вы гаворыце? Якое можа быць гаданне: чый у нас камандзір палка?! Ды такі чалавек павінен быць святым, каб нават думкі не ўзнікала яго падазраваць! І мы, улада цывільная, як за каменнай сцяной павінны за такім чалавекам пачувацца, а не гадаць, наш ён ці не наш! Такі чалавек адно рот раскрыць павінен – і каб у тысяч правая нага паднялася, а левая рука пайшла ў адлёт...
– Давайце толькі без лірыкі...
– Ды як увогуле можна падазраваць Чайку...
– Можна! – спыніў дэбаты Мірановіч. Ён увачавідкі пераймаў ініцыятыву верхавенства ад Жаўрыда, ды, мабыць, так і трэба было – Жаўрыд сам сказаў, ты контрразведка, ты і думай. – Як чалавека я Чайку люблю, усе вы гэта ведаеце, але як камандзір у нашай сітуацыі ён нікудышні. І вінаваты ён ужо тым, што такі бесхрыбетны, бязвольны, беспрынцыпны – згадзіўся ўзначаліць акцыю, а трэба было ведаць сваё месца і цвяроза (сказаў Мірановіч!) ацэньваць свае магчымасці. Таму мы і маем тое, што маем. Не проста ж так яму, а нікому іншаму, адрасавана гэтая вось перапіска – бальшавікі знаюць, што робяць.
Усе слухалі моўчкі.
– Я сказаў беспрынцыпны... Гэта не зусім так, нават зусім не так: прынцыпы-то ў яго якраз ёсць. Але настолькі скасабочаныя, што лепш бы іх не было зусім. Яму ўсё здаецца, што можна і за Беларусь ваяваць, і ў белых пальчатках бледным анёлам заставацца. Вось вам прыклад. Нядаўна адпусціў ён бальшавіцкага камандзіра Лебедзева («адпусціў» у вуснах Мірановіча прагучала двухсэнсоўна), тлумачачы гэта наступнай тэорыяй: «Ну, хоць бы самаго камуніста выпусцілі, дык мы гэтым нічога не трацім, а, наадварот, падумаем, што застанецца ў яго на душы? Ці зможа ён больш ваяваць супраць нас? Мы павінны біць духам, а не аружжам»... Тое самае і з гэтай вось перапіскай – у яе свая перадгісторыя. Неяк загаварылі пра Кецку, і Чайка сказаў: «Такога камуніста няма чаго нам баяцца. Я напішу яму пісьмо, і ён прыедзе да нас». Ну, і шмат накіруе, накамандуе чалавек з такімі дзіцячымі, набакір, мазгамі?
Ніхто не перабіваў яго.
– Чайку трэба мяняць – і баста! – сказаў Мірановіч. – Але не проста мяняць, а з толкам. З дальнім прыцэлам. Няхай ён напаследак яшчэ паслужыць беларускай справе; з паршывай авечкі хоць поўсці касмыль... Ну, што прыціхлі? Трэба рабіць тое, што звычайна ў такіх выпадках робіцца. Знаходзіцца крайні, «казёл адпушчэння», на якога вешаюцца ўсе сабакі (чамусь пайшла ў Мірановіча нейкая «жывёльная» лексіка). Трэба аб'яўляць яго, пакуль не позна, савецкім шпіёнам і пад той стаўбняк, пад тое здранцвенне, якія аб'ява выкліча, арыштоўваць балахоўцаў і зачыншчыкаў мяцяжу. І ніхто і слова не пікне! Вінаватыя будуць указаны, пакараны – пакуль разбяруцца, усё будзе скончана!
І тут адказам Мірановічу было маўчанне. Усё правільна, вывераны, надзейны, хоць і жорсткі план, але ж як ён, сябра Чайкі, цынічна яго «выкладае»!.. Вось, а не Жаўрыд і тым больш, канечне, не Чайка сапраўдны дыктатар!.. Такі прынясе ў ахвяру, абы спатрэбілася, любога з іх тут і вокам не міргне... Але што тут скажаш? Трэба ж нечым, а ў іхнім выпадку некім паступацца... Каб выратаваць акцыю, а заадно і Беларусь, трэба ж, і праўда, каб перш-найперш зберагчы ўласныя галовы... І іншага варыянта, іншага спосабу дзеяння ніхто ж не прапаноўвае.
– І вось што, дарагія мае, – выдатна разбіраўся ў іхнім маўчанні галоўны контрразведчык, – давайце без сюсюканняў. Гэтая вось цыдулка, гэтая наіўная фальшыўка, за своечасовасць якой трэба падзякаваць чырвоным, – адзінае, за што мы можам зачапіцца. У ёй наша выратаванне. І калі мы не скарыстаемся гэтай эпісталярыяй, нам нічога больш не застаецца, акрамя як сядзець баранамі і чакаць балаховічаўскага або бальшавіцкага абуха. У мяне ўсё.
І праўда, як пад абухом паапускаліся галовы канспіратараў.
– Адзін узвод – гэтага мала, – яшчэ засумняваўся нехта, ужо без усялякай сувязі з Чайкам.
– Хопіць! Трох дзесяткаў цвярозых надзейных хлопцаў больш чым дастаткова!
– Добра! Будзем лічыць, што Сокал-Кутылоўскі даў згоду. Застаецца драбяза: як гэтую камандзірскую перастаноўку ажыццявіць тэхнічна? Выйсці на плошчу і аб'явіць, што з заўтрашняга дня вольніцы канец, заместа Чайкі цяпер у вас будзе дыктатар?
– Дык пра гэта і давайце падумаць...
– Я ўсё бяру на сябе, – сказаў Мірановіч.
І хоць трохі яшчэ пашумелі, паспрачаліся, усё яшчэ самі сябе пераконваючы ў неабходнасці подленькай справы («Адцягнуць нечым увагу...»; «Ну, так! Калі арыштуецца сам Чайка, дык астатнюю драбязу і не заўважыць ніхто...»), але ўжо даволі вяла, ды і не па сутнасці. Усё радзей згадваўся Чайка, і ўжо проста не хацелася ўвогуле чапаць гэтую непрыемную, пры ўсім пры тым, тэму. Сасноўскі раптам падняў будзённае пытанне: як быць з начоўкаю? ці не дражняць яны гусей, застаючыся ўсе ў адным месцы, дзе лёгка іх могуць накрыць; можа, разумней будзе разгрупавацца? І ўсе з палёгкаю перакінуліся ўжо на гэты новы клопат і доўга яшчэ вялі па ім дыскусіі, пакуль, ці не пад раніцу ўжо, вырашана было не спаць увогуле, нікуды не разбрыдацца, проста сядзець тут, даверыўшыся ва ўсім Мірановічу і Капцу.
Цікава, што і ў супраціўным лагеры прыйшлі да высноў аналагічных, з той толькі розніцай, што роля закладнікаў – «ахвярных казлоў» – адводзілася Пракулевічу з Жаўрыдам.
А мяцежнікі на плошчы проста чакалі, да чаго ж нарэшце дадумаюцца і калі што пачнуць прадпрымаць узбаламучаныя, незгаворлівыя, нядружныя іхнія камандзіры.
XXII
Весела было ў Лодзі, калі займалі месцы ў вагоне, весела было ў поездзе, пакуль ехалі па Польшчы – ад прыроды за акном, ад таго, што многа іх, аж чатырнаццаць, што яны такія маладыя, а ўжо афіцэры, і форма ваенная на іх, з раменьчыкамі на грудзях, пагонамі на плячах, шэўронамі на рукавах, і едуць яны не на пагулянку, не да маткі на бліны – на фронт, змагацца за радзіму.
Удосталь было выпіўкі, не змаўкалі песні... Каму надакучвала, дык можна было проста стаяць каля акна і любавацца прыгажосцю краявідаў, дыхаць вольным, свежым паветрам.
Пасля Варшавы цягнік пайшоў марудна, падоўгу прастойваў на кожнай, нават самай занядбаленькай станцыі, а то і проста на перагонах, пасярод поля ці ў лесе. Скончылася выпіўка. Перасталі спяваць (а то штораз то адзін, то другі падымаўся, задзіраючы высока руку са шклянкай, ззяючы вачыма, зацягваў «Адвеку...», астатнія натхнёна памагалі)... Цягнік ледзь сунуўся. На другія суткі ўжо нават у акно не хацелася пазіраць. Нарэшце, дзякаваць Богу, Беласток! Уміг скінуліся грашыма, выбралі «ганцоў» – хоць піва раздабудзьце! Пайшло пяць, вярнуліся двое; праўда, з цэлай скрынкаю піва, так і прынеслі, з бакоў узяўшы. А тыя дзе?.. Знойдуцца, здагоняць!
Пахмяліліся. Пасвятлелі твары, ачысціліся вочы. Выдыхнулі з палёгкаю глоткі... «Дык а што, хлопцы, жыве яшчэ Беларусь?»
– Із-пад Слуцка, із-пад Клецка, – адкашляўшыся, густым басам пачаў завадатар; у камандзірскай школе ён быў самы дужы з усіх.
– Йдзе др-ружына маладзецка!!!
У Горадні зноў адкамандзіравалі ахвотных, – вярнуўся адзін з трох і без піва. «Сказалі, блізка жывуць тут, самі потым дабяруцца...»
– Та-а-к... Ну, а хто яшчэ тут блізка жыве? – Завадатар абвёў вачыма ўсіх, бо ўсе ўжо маглі памяшчацца ў адным купэ. – Усё! З гэтага моманту нават у прыбіральню па адным не выходзіць!
А кепска без піва. І не спяваецца, і ў акно не глядзіцца... І ад курыва аж мутарна! Нікому нічога не кажучы, завадатар падняўся, пайшоў у тамбур. Няма і няма. Устрывожаныя хлопцы кінуліся шукаць. Нікога ў прыбіральні, пуста ў тамбуры, толькі расчыненыя дзверы целяпаюцца на ветры, а поезд ледзь-ледзь паўзе – можна на хаду ў лес збегаць і вярнуцца... Успомнілі, што родам «завадатар» аднекуль адсюль, з-пад Ліды.
Ад злосці ўжо і не пазіралі адзін на аднаго. Не гаварылі. Ніхто нікому больш не верыў. Кожны меў выгляд, што гэта толькі ён герой, а іншыя – баязліўцы-здраднікі. На ледзь асветлены, мокрым снегам заляпаны баранавіцкі перон выходзілі не сябрамі, а амаль што ворагамі.
Зараз жа да іх наблізіліся трое, у сваіх клінчатых канфедэратках. Польскі патруль. Глянуўшы і вяртаючы дакументы, чамусьці ўсе трое засмяяліся. «Што-небудзь не так?» Палякі, не адказваючы, пасміхаліся... Потым адзін паказаў у бок станцыі: «До камендатуры! Туды! Разумеш?» – як да глухіх ці да дурных якіх.
А ад вакзала, спатыкаючыся на рэйках, ужо спяшаліся да іх Чайка з Данілам. Першы раз у жыцці «лодзеўцы» на ўласныя вочы бачылі тых самых «слуцкіх жаўнераў», аб якіх ведалі толькі з пафасных артыкулаў «Беларускага слова». І якая ж розніца была паміж імі сапраўднымі і тым, што ўяўлялася, або хоць бы ў параўнанні з гэтымі вось, у форме з іголачкі, смяшлівымі польскімі патрульнымі, якія сінхронна – адзін паперадзе і двое з бакоў і на крок ззаду – аддаляліся па пероне!.. Чайку ніхто не пазнаў, ніхто нават і не падумаў, што гэта можа быць камандзір – такі невысокенькі, у кароткім шыняльку, нявыспаны і задыханы... Хутчэй за старэйшага прынялі Данілу, дзякуючы жупану і сіняму з чырвонымі лампасамі галіфэ, падобнага на адчайнага непахмеленага рубаку з атрада Махно.
– Нех жые Польска! – іранічна прамовіў адзін, калі Даніла пацягнуўся да яго з працягнутай рукою – знаёміцца.
– Што, палякоў дужа любіш? – здзівіўся ардынарац, яшчэ не разумеючы нічога. Затым падняў вочы ўслед польскаму патрулю, сябе хутка агледзеў... Ясна! Ён сплюнуў ад прыкрасці. Каму тут будзеш тлумачыць, як здоўжылася ім (акрамя яго і Чайкі яшчэ двум вазніцам) трое сутак чакання гэтай «чарапахі», калі спалі ў вакзале на лавах, не распранаючыся, ні памыцца, ні пагаліцца, ні паесці як след, больш пра коней, чым пра сябе, дбалі...
Неўзабаве дзве падводы, калоцячыся на брукаванцы, выправіліся ў начны шлях. Ехаць было праз увесь горад, доўгай цэнтральнай вуліцай. Прыфрантавыя Баранавічы, поўныя ваенных, мала чым саступалі эўрапейскай Лодзі. Вуліца была асветлена электрычнымі ліхтарамі, гуляў народ – найчасцей афіцэры з барышнямі пад ручку. Поўна было розных падвальчыкаў, адкуль чулася музыка, акенцы якіх свяціліся, каля зазыўна расчыненых дзвярэй туманам вісеў цыгарэтны дым... З аднае такой рэстарацыі цэлым зладжаным хорам выводзілі: «Покі не загіну ад руцы большэвіцы!» Праз усё гэтае вяселле, як праз строй, барабанілі па бруку сваімі коламі падводы, і баранавіцкая «чыстая» публіка перш слупянела ад відовішча: што за бежанцы? чаму ў форме? што ў іх за гора, што такія панурыя і сярдзітыя? – а зразумеўшы, што гэта з беларускага войска, смяяліся ўслед тым жа смехам, як і патрульныя на пероне. Паненкі таксама смяяліся разам з афіцэрамі.
Што сорамна было ім, таксама аматарам пасядзець у рэстарацыі ды паспяваць пра бальшавікоў і Беларусь, якія і самі былі б не супраць, папырскаўшыся адэкалонам, пачапіўшы на боты шпоры і на бок шаблю, прайсціся пад ручку з дамачкай і якія змушаны цяпер калаціцца ў сялянскай скрыпучай падводзе і слухаць смешкі і кпіны з сябе, – не тое слова... І што ж гэта за нацыя ў нас такая, што мы за народ такі, што ўсё ў нас так убога, так усё прыземлена, так нецікава, па-мужыцку, па-сялянску, «па-прастому» – за што ні возьмемся?!.
На пярэдняй падводзе (Чайка з Данілам ехалі ў задняй) спачатку шапталіся. Затым усё гучней, усё больш сярдзіта гаварылі аб нечым... А ў канцы вуліцы, на мяжы святла і цемры – тр-р, стой! – падвода спынілася.
– Вось што, пан камандзір... Тут такая справа... У нас ёсць сваякі ў Баранавічах... Нам трэба памыцца, у парадак сябе прывесці... Пасля дарогі мы не можам у такім выглядзе...
– Я не трымаю нікога, – сказаў Чайка.
Толькі трое засталося на падводзе. Развітацца з нядаўнімі сябрамі яны не пажадалі.
– Камандзіры, ...вашу маць! Паркетныя героі! – крыкнуў Даніла, калі «героі» аддаліліся ў цемру.
– Гэта вы нейкія бальшавікі! – агрызнуліся яму.
– Абарванцы!
– Хоць бы лампасы свае чырвоныя спароў!
Трое, што засталіся, усю дарогу сядзелі маўчком, нахохленыя, бы вераб'і. Як ні дапякаў іх Даніла, на дэзерцірах злосць спаганяючы, не адказвалі ні словам. Зрэшты, маўчунамі яны былі і ў афіцэрскай вучэльні, і ў цягніку песень не спявалі, «Жыве Беларусь!» не гарланілі, ды і само слова «Беларусь» ужываць стараліся найрадзей, як бы баючыся зацерці яго ад частага і механічна-тупога паўтарэння, як і папутнае: «Бацькаўшчына-Маці», «Радзіма», «Краіна», «святая барацьба» і таму падобнае пафаснае шалупінне. (Яны стануць аднымі з лепшых афіцэраў брыгады, будуць з ёю да канца, і ўсе трое, як бы сплаціўшы доўг і за таварышаў-дэзерціраў таксама, загінуць: адзін зімою 21-га пры пераходзе Лані, другі ў польскім канцлагеры і трэці на будаўніцтве Беламора-Балтыйскага канала.)
– Есці будзеце? – прапанаваў Даніла. – Тут жа набралі на цэлую вашу шоблу! І мяса, і сала, і ўсяго – толькі ваюйце!
– Не хочам...
У мястэчка ўязджалі пад раніцу. Было цёмна, і толькі па гадзінніку можна было зразумець, што гэта раніца. «Лодзеўцы» ўсе спалі.
А між тым штось не тое было ў мястэчку! Ціха неяк... Зарыва ад вогнішчаў не відаць над плошчай... Няма дазорных на ўездзе, там, дзе ім належыць быць... І толькі калі праехалі добрых паўвуліцы, з цемры паказаліся людзі.
– Пан капітан? Пачакайце тут.
Сталі падводы. Адзін з вайскоўцаў знік, і даволі доўга яго не было. У цемнаце ціха перагаворваліся людзі і ўздыхалі коні. Але вось вайсковец вярнуўся, і не адзін – з Мірановічам. Чайка пазнаў яго па кашлі і агеньчыку папяросы. Сябар спакойна павітаўся за руку з ім, з Данілам, агледзеў спячых «лодзеўцаў».
– А што іх мала так? Дзе астатнія?
– Сабакам сена косяць, – груба адказаў Даніла, якога і насцярожвала ўсё гэта, і не падабалася.
– Так, пастойце тут трохі. Ты, Павал, мне патрэбен.
– Што такое?
– Скажу.
Чайка саскочыў з падводы. Пайшлі вуліцай, павярнулі ў завулак, тады ў яшчэ адзін, перпендыкулярны, і далей – усё нейкімі цёмнымі дварамі, пра існаванне якіх Чайка і не здагадваўся. Але добра было ўжо хоць ногі размяць – проста ісці сабе бяздумна.
– Дык што здарылася?
– Ёсць навіны.
Нарэшце чарговая вулічка аказалася тупіковай. Уперадзе быў нейкі нізенькі хлеўчык, а з бакоў – шэрыя ў сутонні хлявы і хаты.
Пры іх з'яўленні падняліся з жэрдак двое з вінтоўкамі.
– Свае! – сказаў Мірановіч, раскурыў мацней папяросу і паднёс яе да гадзінніка.
Адчыніў дзверы, рухам гасціннага гаспадара прапускаючы ўперад Чайку, і сам, азірнуўшыся чамусьці напаследак, зайшоў за ім у хлеўчык. Канечне, ён бываў тут раней, бо добра арыентаваўся ў цемры. Адшукаў на падлозе лямпу. Прысеў, адкруціў больш кноту і падпаліў яго.
Лямпа высвеціла чатыры голыя сцяны. Мох у шчылінах... Акенца... Ворах саломы на падлозе ў кутку. Нічога больш.
Чайка ўсё яшчэ ні аб чым не здагадваўся.
– Штабс-капітан Чайка, – спіною да яго стоячы, прамовіў контрразведчык, – вы арыштаваны па падазрэнні ў здрадзе. Здайце зброю.
– Ты жартуеш?
– Я толькі прашу не задаваць лішніх пытанняў.
Мірановіч закурыў новую папяросу (ага, не такая і простая, аказваецца, падобная работка).
– Дзед твой сляпы... перахапілі яго. З тваёй да чырвоных запіскай. І табе таксама тут нештачкі перадалі... – працягнуў Чайку замусоленую Кецкаву цыдулку.
Чайка ўпіўся вачыма ў сапраўды знаёмыя каракулі... Хацеў штось сказаць. Зірнуў на Мірановіча, тады перачытаў тэкст ізноў, больш уважліва.
– Вы нічога лепшага не маглі прыдумаць? – сказаў, вяртаючы запіску. – Хіба ж чырвоныя так сваіх агентаў падстаўляюць? Ды яны бераглі б мяне, як вока, насіліся б са мной, як курыца з залатым яйкам... Ды і я, каб быў шпіён, знайшоў бы тысячу іншых спосабаў услужыць ім, перадаць інфармацыю... Інфармацыю! – узарваўся ён раптам, перайшоў на крык: – Якая ў нас можа быць інфармацыя?! Што ў нас за «сакрэты», што за «ваенныя тайны», аб якіх яны не ведаюць?! У нас што, ёсць планы «ваенных дзеянняў»? Ці, можа, у нас артылерыя, авіяцыя? Дык пакажы мне іх!
Мірановіч моўчкі пыхкаў дымам.
– Мірановіч, не дуры мне галавы! Калі я што паспеў напісаць? – давай так. Я ж усе гэтыя дні быў у Баранавічах!
– Раней. Ты яшчэ перад Баранавічамі напісаў.
– Тады пакажы мне!
Мірановіч марудна выцягнуў з-за пазухі складзены ў чатыры аркушык.
– Вось, – як паштальён чаканае пісьмо, падняў над галавою, нібы прапаноўваючы Чайку патанцаваць. Калі ж той працягнуў руку, Мірановіч не даў, схаваў аркушык назад за пазуху.
– Добра. Бяры зброю. – Чайка падабраў шынель і сеў на салому. – Я ўсё разумею... Зрабіўся няўгодны вам? Дык проста разжалуйце мяне, адпусціце, і ўсё!
– А Беларусі хто паслужыць напаследак? Жыцці аддаць дык мы ўсе гатовы, тут вялікага розуму не трэба, а вось чым іншым ахвяраваць, ды каб з большай карысцю... Тым жа добрым іменем...
– Перастань! Давай сур'ёзна. Навошта вам гэты цырк?
– Сур'ёзнасці хочаш? Вось у тым, Павал, і ўся справа. Усё табе хочацца, каб было сур'ёзна, ды спаважна, ды па справядлівасці... А не будзе сур'ёзна! Чуеш? Усё правільна – цырк! Дэфіліцыя, бутафорыя – дык так і было задумана ад пачатку! Пакуражыцца, пакуралесіць, колькі дадуць нам, колькі магчыма, шуму, чутак пра сябе нарабіць, прымусіць, нарэшце, каб загаварылі пра Беларусь і беларусаў, – а там вольнаму воля, там хоць тым жа палякам здацца! А пакуль трэба сваіх у чорным целе трымаць, а ты не здатны на гэта! Усё! Чуеш?
Але Чайка да другога прыслухоўваўся – да крокаў з двара. Мірановіч змоўк. Крокі наблізіліся, рыпнулі дзверы. Увайшлі Пракулевіч з Жаўрыдам. Пракулевіч кінуў на контрразведчыка трывожна-запытальны пагляд.
– Усё ў парадку, – буркнуў Мірановіч, яшчэ не астылы ад маналога.
– Ну что, Жаврид, спасай меня! – па-расейску, пасміхаючыся, сказаў Чайка, седзячы на саломе.
Цёзка адвярнуўся...
Усё далейшае пайшло як па пісаным.
Куля, адлітая начальнікам контрразведкі, пацэліла ў дзесятку; навіна, што любімы герой-камандзір – здраднік, маскоўскі шпіён, сваёй поўнай нечаканасцю перавысіла, засланіла ўсе іншыя, менш важныя падзеі, такія, як арышт пад раніцу салдатамі Капца, што ўварваліся, зламаўшы дзверы, у штаб, Мацэлі, Анцыповіча, Паўлюкевіча («паплечнікаў» Чайкі). Арышт іх нікога не здзівіў, ніхто за іх не заступіўся – ніхто й слова не сказаў: калі ўжо нячысты сам Чайка, дык астатнія толькі бледныя цені яго, і чакаць ад іх можна ўсяго!..
Зачыншчыкі былі абясшкоджаны, бунт скончыўся.
Толькі пра свайго камандзіра і гаварылі цяпер байцы на прыцішэлай плошчы. Выплывалі падрабязнасці. Глухой цёмнай ноччу, далёка за Семежавам, бяссонныя брыгадныя контрразведчыкі на чале з Мірановічам перахапілі сляпога дзеда, у якога камандзір палка быў на кватэры і які служыў за сувязнога – стары і сляпы, што з такога ўзяць, у каго такі выкліча падазронасць... Пры сляпым адшукаўся ліст (вельмі хутка выраслы ў фантазіях у «пакет з найважнымі дакументамі»), адрасаваны вызнянскаму рэўкамаўцу Кастусю Кецку, той самай гадзюцы, што навяла бальшавікоў на вёску, з-за каго «столькі бязьвінных людзей палегла!»...
Знаходзіліся, канечне, паміж салдатаў і разумнейшыя, больш уніклівыя – гэтыя ўсё дапытваліся, што ж там за такі пакет, хто яго бачыў ці чытаў і што за «сакрэты» мог перадаваць Чайка?[20]20
Гэтая гісторыя з запіскай, паступова ператворанай у «пакет з сакрэтнымі дакументамі» – увогуле самы цёмны эпізод ва ўсёй Слуцкай акцыі. Адчуванне такое, што ніхто яе ў руках не трымаў і ў вочы не бачыў. А між тым дакладны змест яе, калі яна існавала, павінны былі б ведаць проста на памяць усе: ад Жаўрыда да апошняга непісьменнага салдата. У.Пракулевіч, якога як старшыню Рады з такімі рэчамі павінны былі азнаёмліваць самага першага, успамінае так: «Было задержано его (Чайкі) письмо к известному в Слуцке комиссару Лебедю, в котором он, указывая на свое разочарование Слуцким восстанием... всё же предлагал ему не выступать против повстанцев. По другой версии, он даже предлагал Лебедю перейти на сторону повстанцев. Так говорили у нас об этом письме, но за достоверность не ручаюсь, ибо проверить не смог». У М.Бусла ўжо можна прасачыць зародак легенды: «Тут неўзабаве ловяць пасланца Чайкі, адбіраюць у яго пісьмо да Кецкі (заўважым блытаніну з адрасатамі). Сам пісьма гэтага не чытаў, але чуў, што Чайка пісаў пісьмо такога зьместу: «Я знаходжуся ў беларускай паўстанчаскай арміі і многа раблю карысці дзеля нашай ідэі. Белагвардзейскай сволачы не пазваляю займацца мордабіццем і аслабаняю палонных...» (вось такія ваенныя «тайны!»). Толькі ўсмешку можа выклікаць наіўны Ю.Лістапад: «Ён (Чайка) знайшоў аднаго дзядка гадоў семдзесят, даў яму ліст да маскоўцаў, каб той занёс у іхны штаб. Але гэтаму дзядку не ўдалося прайсьці, яго на фронце(!) затрымалі патрулі(!!)...» У 1950-я гады ў Ю.Харытончыка ўжо адназначна: «Гэтым часам высьветлілася таксама, што палкоўнік Чайка выслаў бальшавікам пакет й апісаў усю нашую сілу і род зброі» (два кулямёты). У А.Латышонка (пераклад з польскай): «Начальнік контрразведкі А.Мірановіч перахапіў яго (Чайкі) ліст да бальшавіцкага ваеннага камісара рэўкама Вызны Канстанціна Кецкі. Эсэравец К.Кецка быў сябрам і таварышам па службе П.Чайкі. Згаданы ліст загінуў, а рэляцыі на тэму таго, што ў ім было, вельмі значна розняцца...» А вось з тае завязі паспелы ў нашыя часы плод: «Ён (Чайка), былы савецкі работнік Слуцкага ваенкамата, спрабаваў перадаць пакет з таемнымі (так!) дакументамі на савецкі бок, але старога дзеда, якога П.Чайка паслаў у Слуцак з гэтымі дакументамі, затрымалі...» (Выдзяленні і каментарыі ў дужках мае. – А.Ф.)
[Закрыть] Але іх не слухалі. Сам факт, што вось і ў нас усё як у людзей, а цяпер ужо і свой здраднік, – прывабнасць гэтага факту была мацней за жаданне «праўды дабіцца»; цяпер калі б хто і аб'явіў вось зараз, што Чайка невінаваты, што ніякі ён не шпіён, дык не захацелі б і верыць, расчараваныя былі б.
А так усё ясна. Усё растлумачылася, усё ўлеглася, як більярдныя шары ў лузы, у галовах. Шпіёны, здраднікі кругом – вось чаму няма ладу! Але разбяруцца, навядуць парадак, каму трэба, хто за гэтым сачыць прыстаўлены...
– ...І вінаватыя будуць строга пакараны! – ужо раніцай выступаў каля штаба Жаўрыд, як у казцы ператварыўшыся ў сябе ранейшага: «жалезнага», валявога, мудрага і непахіснага. – Па нашых звестках бальшавікі рыхтуюць на нас поўнамаштабную аблаву, палякі далі дазвол на ўваход у нейтральную зону... Так што пра вольніцу і разгільдзяйства з гэтага моманту забудзьце – вольніцы канец! У вас будзе новы камандзір, Антон Сокал-Кутылоўскі, герой германскай вайны, ваяваў разам з Дзянікіным...
– Гу-у-ура! – прывычна рэагавалі паслухмяныя цяпер бунтаўшчыкі.
Так малой крывёю была атрымана першая сур'ёзная перамога – над сваімі, пры дапамозе першай ахвяры – ад рук сваіх, і дзякуючы здрадніку, зноў жа ўласнымі рукамі і злепленаму.
Вельмі дарэчы прыйшлася, дапасавалася да ўсяго смерць Піліпчука. Урачыстае адпяванне яго павінна было паставіць у гісторыі бунту апошнюю кропку, стаць актам прымірэння, замацаваць гэтую перамогу на ўнутраным фронце, засведчыць, што ў брыгадзе навек цяпер настаюць мір, згода і дысцыпліна.
Пасля адпявання труну з целам яго, пакрытым бел-чырвона-белым сцягам, вынеслі з царквы. Было ветрана, пахмурна, вецер кружыў сухія лёгкія сняжынкі, якія падалі на твар нябожчыка і не раставалі. Цягнуў «са святымі ўпакой» бацюшка. Сярод іншых узвышалася постаць Чуба. У руцэ ён трымаў тоўстую свечку, аплаўлены воск з якой капаў яму на бот, другой хрысціўся размашыста і строга. Тая ж урачыстая, спакойная заміранасць была на яго твары, як і на нядаўнім асвячэнні зброі, тая ж упэўненасць, што ўсё вакол правільна, як і належыць, што займаюцца вось людзі пільнай, патрэбнай справаю: асвячаюць, адпяваюць...
Дзяніс, памужнелы і нават пастарэлы за той кароткі час, пакуль быў у палоне, маўклівы з таго часу, прашыўся бліжэй да труны і таксама ў апошні раз паглядзеў – на таго, каму ўжо нічога не раскажа. Ні пра Лізку, ні пра дзядзьку Ладуся, ні пра свой палон... Ён марудна ўкленчыў на стылы дол і дакрануўся вуснамі да сябравага лба. Непадалёку выкапана была магілка, жоўты пясок хутка пакрываўся белым снегам.








