355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрэй Федарэнка » Нічые » Текст книги (страница 20)
Нічые
  • Текст добавлен: 28 апреля 2017, 18:30

Текст книги "Нічые"


Автор книги: Андрэй Федарэнка



сообщить о нарушении

Текущая страница: 20 (всего у книги 34 страниц)

– А там холадна, – таксама прашаптала, не адрываючыся ад яго, яна, і ён зразумеў, што, відаць, праўда ўсё, што пра яе чуў – «дае кожнаму, хто папросіць»... Ну, тым лепш! Ён, можа, больш чым хто заслугоўвае.

– Са мной не будзе холадна, – патрапіў адказаць, дзівячыся сам сваёй смеласці і знаходлівасці; схапіў яе за руку і павёў у канец агародаў па снежным цаліку.

Ужо каля самай лазні, на спуску, яна паслізнулася, ён прытрымаў яе, ды так удала – рука слізганула ёй за пазуху і намацала камячкі грудзей. Абое ўздрыгнулі. Як замнога ўсяго!.. Валодзька Піліпчук, аблізваючы перасохлыя вусны, ужо і распытваць перастане, яшчэ б! – «ну, міргнуў ёй, выйдзі, маўляў... Сам з хаты, яна адразу следам... Пайшлі, кажу, у лазню, не бойся, са мной холадна не будзе...»

– Дзяніс, – прашаптала дзяўчынка, – а мы будзем грубку паліць?

– Запалім, там дроў поўна.

– А калі дым пачуюць ды прыйдзе хто?

– А вось, – ізноў, як і ў хаце, выцягнуў з кішэні і паказаў маўзер.

Толькі тады да яго дайшло – пры чым тут зброя, а калі яго бацька ці яе прыйдуць, ён што, ад іх сабраўся абараняцца?..

На дзвярах пачэплены быў дужкаю ўніз іржавы замок. Дзяніс перавярнуў яго, і той адмыкнуўся без усялякага ключа. Лізка ўпырхнула ў цёмны лаз. Дзяніс памарудзіў міг. Яму раптам страшнавата зрабілася, што ўвойдзе ён у гэтую лазню адным чалавекам, а выйдзе іншым... Але трэба! Трэба рабіцца мужчынам. Трэба расказваць Валодзьку Піліпчуку, і расказваць смакуючы, не забыць ані драбязы, трэба спачатку дабіць яго, знішчыць, а потым уваскрасіць паблажлівым: «Няма ў гэтым, браце, нічога такога... Што самакрутку выкурыць – аднолькава!» Снег блішчэў і іскрыўся пад зорна-месячным святлом. За рачулкаю, уледзянелай і таксама засыпанай снегам, чарнеў лес. Па другі бок цямнелі хаты, клаліся ад іх доўгія цені. На агародчыку, утырканым абвязанымі саломаю дрэўцамі, усяго за якую сотню крокаў адсюль, некалькі гадзін назад забілі чалавека, якому таксама, можа, хацелася самагонкі выпіць і прытуліцца да чырванашчокай і «безадказнай»...

Дзяніс, сагнуўшыся, нырнуў у прылазнік. Пасля светлага двара падалося тут не проста цёмна, а аж неяк чорна. Дзяніс намацаў у кішэні сернікі, навобмацак, выставіўшы ўперад руку, знайшоў пры сцяне складзеныя ў паленніцу бярозавыя колатыя дровы. Адлупіў з палена суха-шапаткой, непрыемнай пад пальцамі, аж зубы на міг занылі, бяросты. Калі ў грубцы загуло, затрашчала і запахла соладка і ўтульна лучынаю, а па сценах, столі і па падлозе затанцавалі цені, маленькі прылазнік асвятліўся і стаў яшчэ меншы.

Лізка сядзела на лаўцы перад грубкай, адна рука на калені, другая падпірае бараду, і, не міргаючы, глядзела на агонь. Дзяніс выцер аб шынель рукі, падумаў і сеў побач, прытуліўся да яе. Абняў дзяўчынку за плечы. Яму здалося, што рука яго нават праз тоўстую світку адчувае цяпло.

– А я дык больш за ўсё люблю ў вагонь глядзець, – па інерцыі шэпатам, бо каго баяцца, яны ж адныя ўжо былі, прамовіла дзяўчынка. – Тата запаліць грубку, я сяджу сабе, гляджу... Ніяк адарвацца не можна. А ты любіш?

– У лазні, – яму таксама перадаўся, як пазяханне, гэты шэпат, – я мыцца люблю, а не ў грубку глядзець...

– А як вы там, у арміі, мыецеся, Дзяніс?

– Так і мыемся... Лазні ж ёсць, хапае іх у Семежаве...

– А дзеўкі як? Разам з вамі хіба?

– Якія дзеўкі? – Няўмела пачаў ён развязваць на ёй хустку і, развязаўшы, не ведаючы, куды падзець, скамечыў і запіхнуў сабе ў кішэню. Прыняўся за світку. – У нас няма ніякіх дзевак, ніводнае, нават у шпіталі... няма...

Ніяк не хацелі расшпільвацца гаплікі, верхнія, пад шыяю...

– Фу, і праўда горача тут... Дзяніс, ну што ты робіш?!. Перастань, кажу!.. Не спяшайся, – прасіла яна праз нервовы смех.

А ён і сам ужо не хацеў спяшацца, здагадваючыся, што акурат у зацяжцы такой прэлюдыі...

– Дзяніс, а праўда... не страшна... людзей страляць? – Яна задыхалася і сама расшпіліла ўсе да канца гузікі.

– Якіх... яшчэ... людзей?

– Ну... чырвоных.

– Чырвоных – не страшна...

Яна абмахвалася, расчырванелая, – рухам маладзіцы, што глынула за святочным сталом праз меру першаку і цяпер у сябе прыйсці не можа.

– Пачакай... Ну, пачакай, кажу! – гаварыла задыхана. – Адзін раз было, ты яшчэ ў Слуцку вучыўся, а чырвоныя прагналі палякаў, самі едуць праз вёску, усе павыходзілі, пазіраюць, і я выйшла... А іх цэлы свет, едуць абозамі, пехатою ідуць, абарваныя, што старцы, абношаныя, шлэп-шлэп босымі нагамі па шашы, адно крычаць: «Даёш Варшаву! У Варшаве абуемся, рыб'ята!», а на падводах, далібог, – жанкі, дзеці, песні спяваюць... А ў падводы не коні ўпрэжаны, а такія страшыдлы – губатыя, з гарбамі, і венікі жаруць, – далібог, тыя, якімі падлогу падмятаюць!..

– Вярблюды... называюцца... – Яго рука даўно пасоўвалася ўжо ёй па назе, вышэй калена...

Яна здзіўлена зіркнула на яго, нібы пачула якую непрыстойнасць.

– Як-як?!

– Вярблюды... з гарбамі...

Яна нагнула яму галаву і прашаптала ў вуха, смеючыся:

– Вер-бляды? Ці вер-блядзі?

Яго бы варам апякло. Вось яно, прагучала – словапароль!.. Вось ён – пропуск у блізкую ўсёдазволенасць!.. Вось ён – у сукупнасці з дрыжыкамі яе нагі ў яго пад рукою, ды з нервовым шэпатам, ды – асабліва! – з пахам, не іхнім казарменна-салдацкім, а пахам вострага, юрлівага, дзявочага поту, – знак, што хутка ўсё адбудзецца...

– Ну, Лізка!

– А што я такога сказала? Аксеня так лаецца... Пачакай!..

– А як... яна... яшчэ лаецца?

– Так я табе і сказала... Усё! – І мякка, але й рашуча ў той жа момант, умець так яшчэ трэба, скінула з нагі яго руку. Ужо без нервовага свайго смеху, не шэпатам, а ўслых, зусім як дарослая прамовіла: – Дзяніс, ну што ты робіш? Я ж малая яшчэ!

У яе голасе была скруха.

– Малая! – Ён падхапіўся, насуплены ад злосці. – Матныя словы казаць не малая!

– Я ж так, нарошне... Ну, чаго ўскочыў? Пакрыўдзіўся?

А яму раптам цюкнула ў галаву дурное. Можа, выцягнуць зараз маўзер ды наставіць на яе, прыпужнуць? Засмяяўся гучна. Так, як ёсць, яшчэ лепш. Былі яны ў лазні адныя? Былі. А што ўжо там рабілі, хай Валодзька Піліпчук сам дадумвае.

– Чаго ты смяешся?

– З цябе.

– А за што з мяне смяяцца?

(«Ага, ты крыўдзішся, – можа, на гэтым сыграць? Не з дзвярэй, дык з акна?»)

– За тое, што ты... Такая вось.

– Якая? – не адставала яна. – Непрыгожая? Дурная?

– Не ведаю.

Памаўчалі. Ён прысеў на кукішкі – знарок, каб сабою закрыць ёй агонь, на які яна так любіць пазіраць, – усунуў у чырвоную зяпу грубкі пару паленцаў.

– Мы не ўчадзяем, Дзяніс? Ты юшку добра адкрыў?

– А ты што, ноч тут сабралася начаваць? – сказаў ён груба.

Дзяўчына паднялася – з грукатам упала нязграбна адсунутая лавачка. Дзяніс адчуў на плячах яе рукі.

– Ну, пакрыўдзіўся?

(«Па-новаму?»)

Не адказваючы, ён варухнуў плячыма. Але яна не адняла рук.

– Паслухай, я падумала... Ты ж заўтра пойдзеш? Ну, у сваё Семежава?

– Заўтра пайду.

– Скажы... Гэта ж і цябе могуць?..

– Могуць, – лёгка дадумаў ён нявымаўленае слова.

– Дык гэта ж, можа быць, твая... – сама ўражаная, развівала яна далей: – Нашая апошняя ноч!..

Ён капрызліва маўчаў. Нарэшце дайшло... Так, апошняя, і могуць забіць, і няхай забіваюць!..

– Здымі шынель, Дзяніс... І хадзем сюды, у куток...

– А я паглядзець на цябе хачу!

– На што там глядзець?.. Сорамна! І грубка ж блізка, горача ад яе... Ну, Дзяніс!..

А ў грубцы, і праўда, патухала доўга. І доўга яшчэ сцены маленькага прылазніка, ажыўленыя мітуслівымі ценямі, былі адзінымі сведкамі (...), пакуль нарэшце не здаволіўся агонь, не ўтаміліся і не пачалі блякнуць і знікаць пакрысе самі цені...

Нагуляныя, натомленыя дзеці, Дзяніс з Лізкаю, цесна прытуліўшыся адно да аднаго, пасвістваючы насамі, соладка спалі на рассцеленым каля палянніцы шыняльку. Яе галава з ускалмачанымі валасамі ляжала заместа падушкі на яго выцягнутай руцэ. Раздвоеная ластаўчыным хвастом пасмачка збілася на лоб і даставала да вуснаў (цяпер вялікіх, падпухлых), дзяўчынка штораз перасмыкала імі, сілячыся прагнаць з іх дакучлівую муху. У яго твар быў суровы, нават сярдзіты. Са свістам варушыліся ноздры, пераноссе то разгладжвалася, то зноў набрыньвала зморшчынаю – відаць, і ў сне не было яму супакою, усё абдумваў, як лепш расказаць пра свае прыгоды сябру Валодзьку Піліпчуку...

Яны спалі, – а ў гэты час стаяў, прыляпіўшыся да шурпатай смалістай сасны, закрываючы каню рот, каб не заржаў, агаломшаны камандзір палка Чайка, міжвольны сведка жывой «карціны Рэпіна»: адно замест бурлакоў – палонныя чырвонаармейцы, а замест баркі – падвода; і ў гэты ж самы час цёзка яго, другі Павал, калаціўся ў разбітым цягніку – ехаў невядома куды, невядома да каго: выпрошваць грошы, зброю і амуніцыю (не здагадваючыся, што рыхтык з такою ж самай, толькі сакрэтнай, місіяй прабіраецца зараз да Лунінца, у канспіратыўную стаўку Булак-Балаховіча, Ян Мацэля – паведаміць, што ўсё падрыхтавана да перавароту, трэба толькі знак: «і нацыяналістыя камандзіры і радаўцы-незалежнікі, разам з Жаўрыдам, будуць арыштаваныя», а таксама папрасіць, каб «бацька» ўзяў брыгаду пад сваю апеку, гэта значыць, на поўным сур'ёзе зрабіць тое, аб чым на семежаўскім мітынгу Жаўрыд выказваўся іранічна).

Дзяніс з Лізаю соладка спалі і не ведалі, што са Слуцка, ускінутыя па трывозе тэлефонным званком з вызнянскага рэўкама, куды дапаў нарэшце, праклінаючы Чуба, скалелы, з яшчэ больш адмарожанымі рукамі ўцякач (і куды неўзабаве з'явіцца адпушчаны Чайкам «чырвоны манархіст»), ужо выступіў карны атрад на чале са спецыяльным, з самога Смаленска прысланым упаўнаважаным-камісарам па прозвішчы Губмян – грымучая армяна-жыдоўска-расейская помесь, забяспечаная падрабязнай інструкцыяй «подавления националистического бунта всеми надлежащими рев. методами».

Яны спалі – і ведаць, канечне ж, не маглі, што ў гэты самы час у далёкай латвійскай сталіцы, ва ўтульным, сівернаму балтыйскаму ветру непрыступным асабнячку насупраць Домскага сабора, савецкі дзяржаўны і палітычны дзеяч («красавец, любитель дорогих вин, женщин»...) Арнольд Абрамавіч Іофе сам-насам з польскім палітычным дзеячам Янам Тамашавічам Домбскім (чаго толькі не вымудруе гісторыя!), папіваючы каньячок і закусваючы прыпудранымі цукрам залацістымі лімоннымі долькамі, у трэці раз перапрадавалі адзін аднаму Беларусь – бы ў карты на яе перакідваліся. «Нашто нам з вамі, Божа ж ты мой, – мядова мурлыкаў Іофе, трымаючы ў пульхных, ужо без пярсцёнкаў, пальцах казырных караля з дамаю, Домбскаму – з казырнымі валетам і тузам, – нашто нам яшчэ й такая скула пад бокам, хіба мы самі не дамовімся? – вы толькі захочце[17]17
  «По соглашению между Иоффе и Домбским на рижской конференции было разрешено советским войскам войти в нейтральную зону на 77 часов для очистки зоны от бандитизма». – У.Пракулевіч.


[Закрыть]
... Вось калі я быў паслом у Берліне!..» (ці выблісне хоць што з гэтага лімонна-каньячнага вечара ў памяці ў Арнольда Абрамавіча, калі роўна праз сем гадоў уставіць ён сабе ў рот наган і націсне на курок?..).

Дзяніс з Лізаю спалі, пасвістваючы насамі, і ні аб чым гэтым ведаць не ведалі.


XVII

На досвітку, той сцішанай перадранішняй парою, калі неба на ўсходзе толькі-толькі пачынае рабіцца фіялетавым, калі ўжо знікаюць зоркі і блякне, амаль раствараецца ў начных хмарах месяц, але світання няма пакуль і знаку, і незразумела – чаму ж так светла тады? чаму ўсё відно? – хіба што ад гэтага сіняга, скрыпучага пад нагамі, сухога снегу, парою, калі самы час падымацца ды глядзець скаціну, усё сяло, ад малога да старога, выгналі ў поле і акружылі.

Людзі стаялі шчыльным натоўпам – цёмнай плямінай на белым снезе, – самі цяпер бы тая скаціна ў гурце. На пярэдніх нацэлены былі два «максімы». Акружаў натоўп разрэджаны ланцуг чырвонаармейцаў з вінтоўкамі.

Непадалёку, пры дарозе, размясціліся цыганскім табарам некалькі падвод, упрэжаных худымі чырвонаармейскімі коньмі. Адна стаяла асобна, зусім блізка – акурат па цэнтры перад людзьмі, каб кожны мог убачыць паклажу на ёй.

І людзі глядзелі. Заднія прабіраліся бліжэй, напіралі на пярэдніх, выцягвалі шыі... Некаторыя хрысціліся. Мала паклажы – два абледзянелыя, раскірэчаныя трупы з раскіданымі рукамі, нібы абняўшыся, ляжалі ў задку (праз дзірку драбіны звешвалася знаёмая доўгая брудная абмотка), – воддаль сярод гуртка чалавек з пяці начальнікаў, што пазнаваліся па сваіх рамянях, партупеях ды фуражках, тырчэла постаць... Косціка Кецкі. Таго самага, якога ўчора звязалі і павялі, а вось ён раптам тут, жывы, здаровы, нават у тым жа сваім фарсістым скураным палітоне! Магчыма, не так на забітых жагналіся, хоць і іх з'яўленне паспрабуй растлумач, колькі на яго, з мёртвых уваскрэслага валаснога рэўкамаўца...

Тым часам рэўкамавец штось тлумачыў сваім таварышам, найбольш звяртаючыся да невысокага барадатага чалавечка з чарнявым, нетутэйшым тварам, да таго ж у акулярах; пярэднія чулі толькі Кецкава да яго: «таварыш Губмян... таварыш Губмян...» Таварыш Губмян слухаў няўважліва, нахохлена азіраўся, прытупваў снег хромавымі ботамі на высокіх абцасіках – знарок нажыўленых, каб выглядаць на большы рост.

Усё было зразумела. Адпусціць Кецку хлопцы не маглі, значыць, проста ўцёк, такі адкуль хочаш выкруціцца – і навёў на вёску атрад... А перад гэтым паказаў, дзе хлопцы прыхавалі забітых чырвоных, іх уночы сюды і падвезлі... Ніякай вялікай мудрасці, каб зразумець гэта, не трэба было. Мудрасць трэба была, каб угадаць – далей што, чаму іх сюды сагналі і што сабраліся з імі рабіць?

І людзі гадалі. Учарашні дзед у белых валёнках – той самы, што прапаноўваў запрэгчы «чорта бяспалага» Кецку заместа каня, і цяпер стаяў паперадзе ўсіх, абапіраючыся на крывуліну. Сёння пры ім было ўсё сямейства: два рослыя, здаровыя сыны, дзве нявесткі, вакол – грыбкамі ля старога баравіка – россып унукаў і ўнучак... Што гэта радня, лёгка пазнавалася па аднолькавых на ўсіх, з белага лямцу пашытых валёнках – сам стары, мабыць, і быў спецыялістам. Нават на самым меншанькім, які спакойна спаў у маці на руках, былі такія ж – белыя, яшчэ й са скуранымі трохкутнічкамі на задніках. Гарбаты Карпа стаяў, засунуўшы даўжэзныя рукі, як у муфту, у рукавы кажуха, нізка апусціўшы галаву, нібы згубіў штось і зараз сіліўся адшукаць пад нагамі. Побач стаяла нявестка, як заўсёды з каменна-застылым тварам, трымаючы вусенічкай спавітае немаўля. Калі свёкар уперыўся вачыма ўніз, дык нявестка, наадварот, не міргаючы пазірала кудысь далёка (ва ўчарашні ці ў заўтрашні дзень?)... Было відаць, што нічога ёй тут не абыходзіла: ні аднавяскоўцы, ні чырвонаармейцы, ні забітыя, ні жывыя. Тут жа, побач, тулілася сям'я Ладуся – сам гаспадар цікаўна круціў ва ўсе бакі галавою, задаволены ўжо тым, што разам з багатырамі стаіць. Ён ужо выгледзеў, што няма ні яго дачкі, ні Карпавага сына, якія ўчора разам сышлі, таму і прывёў сям'ю бліжэй да Карпы, і стаў побач – як бы нешта ўжо давала яму права на нейкае сваяцтва...

Усё больш святлела. Ружавеў снег і далёка-далёка, дзесь там, куды ўглядалася Карпава нявестка – аж за полем, зліваўся з такой самай ружовай палоскаю неба.

Кецка ўсё даказваў штосьці начальству. Слоў не было чуваць, затое цяпер, у гэтай перадсвітальнай яснасці, добра бачна было, што твар у рэўкамаўца пакрыўджаны, нават сярдзіты. Кожнае слова падмацоўвалася нервовымі рухамі; найчасцей Кецка проста рассякаў зверху ўніз марознае паветра выцягнутай у напрамку лесу рукой (так цяпер галасуюць, спыняючы таксі ці папутку). Маленькі барадач слухаў яго няўважліва, азіраўся, пабліскваючы шкельцамі акуляраў, і ўсё паплёўваў...

Нічога пакуль не адбывалася. Усё выглядала задужа будзённа: ні спешкі, ні камандаў, ні крыкаў, ні стрэлаў... Салдаты з ачаплення паапускалі вінтоўкі прыкладамі ў снег, хто, як той стары Карпа, грэў рукі ў рукавах шынялёў, хто, прытрымліваючы зброю сціснутымі каленямі, прыкурваў... Чырвонаармейцам каля падводаў была яшчэ большая вольніца. Там смяяліся, прытанцоўвалі, ляпалі сябе па плячах і па баках; некаторыя, каб сагрэцца, нават дурэлі, валтузячыся з таварышамі. Нічога не адбывалася – і пакрысе акружаныя, сагнаныя ў натоўп людзі таксама спакайнелі. Мала-памалу і да іх пераходзіў гэты дураслівы настрой, перадавалася гэтае адчуванне будзённасці. Нічога ж няма пакуль страшнага, а раз няма, дык і наўрад ці будзе, бо адкуль, з якой прычыны гэтаму страшнаму ўзяцца? І вось ужо сёй-той таксама пачынаў прытупваць і паляпваць сябе па баках, грэючыся. Ужо смялей, гучней гаварылі; пазіраючы на чырвонаармейцаў, самі не заўважалі, што механічна ўжо і іхнія вусны крывяцца ў тупых ухмылках... Не прыцягвала больш, бы магнітам, вачэй падвода з трупамі – абвыкліся: стаіць падвода, ну і стаіць сабе. Да таго ж як знарок, як у пацверджанне гэтай абвыкласці прыбеглі раптам ад «табара» сюды, да падводы з забітымі, два маладыя сабакі, відаць, чырвонаармейскія, у сяле такіх прыгожых не было. Аднолькавыя, кашлатыя, жоўтай масці і з чорнымі вясёлымі мусамі. Прыбеглі, адразу здагадаліся, што не пагоняць іх адсюль, бо гэтыя акружаныя людзі хоць і не на прывязі, але самі ў нейкім такім, на іхняе сабачае падобным, становішчы. Ажывіліся абодва, замахалі веернымі хвастамі, сарваліся з месца і пачалі насіцца перад людзьмі і вакол падводы... І што яны толькі не выраблялі!.. Круціліся клубком, грызучы і ўласны, і чужы хвост, ляскалі прытворна зубамі, хапалі на хаду снег, вілі пад возам васьмёркі, грудзьмі адзін аднаго збівалі, а то, разам спыніўшыся, парабіўшы морды сур'ёзнымі, задзіралі ногі адзін на адно кола, другі на другое, пакідалі меціны, дзелавіта абнюхвалі іх і зноў як па камандзе зрываліся гойсаць; пакуль адзін ці выпадкова, ці, можа, знарок, з шалу, не ўшчаміўся паміж спіцаў у коле – ні ўзад ні ўперад... Тут жа падскочыў бліжэйшы з акружэння чырвонаармеец і ўрэзаў яму прыкладам пад зад. Чарнаморды куляю прашыў два колы, вылецеў па той бок падводы і з галашэннем панёсся да «табара». Таварыш яго, падціснуўшы хвост, – следам.

– Ата-ту!

– Лаві яго!

– Во надаў ускарэнне!

Рагаталі вяскоўцы, рагаталі чырвонаармейцы; яшчэ больш прымірыў, неяк аб'яднаў, здалося, гэты эпізод акружаных з тымі, хто акружыў. Усе людзі, усе аднолькавыя, з аднаго й таго ж смяюцца і плачуць...

Не адразу, зацікаўленыя гэтым сабачым цыркам, пачалі даваць увагу, што паміж начальствам адбыліся змены, што галоўнае дзеянне нарэшце пачынаецца. Купка камандзіраў перамясцілася бліжэй да падводы, а Кецка дык і зусім блізка стаіць, узняўшы руку і патрабуючы цішыні. Пярэднім відаць былі нават кропелькі ў яго пад носам, на чорным кусціку вусоў.

Ён ужо і гаварыў нешта ціхім голасам. Твар сярдзіты, адна шчака торгаецца, а ў вачах, чырвоных, нявыспаных, – як бы трывога ці нават так – трывожная просьба (падалося тым, хто стаяў бліжэй).

Натоўп закалыхаўся, заднія загукалі:

– Гучней!

– Што там такое?

– Не чуваць нічога!

– ...абітыя таварыш-шы! – узвысіў голас рэўкамавец. – Банда, якая атабарылася ў Семежаве пад палякамі... Калі да гэтага дня глядзелі праз пальцы, дык учарашні інцыдэнт...

– ...І не так сабе нападзенне адбылося каля вашай вёскі! (Ізноў падалося пярэднім, што ён просіць аб чымсьці вачыма, як нейкія знакі падае.)

– ...Усе вы тут, хто стаіць, не маўчыце! Калі хто ведае, як гэта было, ці чуў што-небудзь, ці здагадваецца, як напалі на нашых дарагіх таварыш-шаў, зараз жа выходзьце і расказвайце! Можа, хто ведае, у каго бацькі, сыны ці радня ў семежаўскай бандзе, таксама выходзьце і гаварыце і нікога і нічога не бойцеся! Тут, на чырвонай Случчыне, не бываць больш ні паляку, ні германцу, ні чорту лысаму – акрамя нашай савецкай улады, якая ўмее мілаваць, але ўмее і караць! Таму...

Дзядок у белых валёнках, прыставіўшы далонь да вуха, слухаў і пасміхаўся бяззуба, нічога не разумеючы. Затое да іншых, у каго былі лепшыя слых і розум, дайшло. Падняў галаву Карпа, пераглянуліся з Ладусем. Па натоўпе прашалясцела... Што такое?.. Гэта ж атрымліваецца... Гэта ж выходзіць, што Кецка не сказаў чырвоным нічога?.. Атрымліваецца, ён знарок адводзіць ад вёскі... і аб гэтым (здагадайцеся, дурні!) – просяць увесь час яго вочы!.. Вось табе і Косцік бяспалы, вось табе і камуняка-рэўкамавец!..

Аднак, былі, канечне, кемлівыя і ў тым лагеры. Таварыш Губмян, заклаўшы, як Ленін за камізэльку, за рамяні партупеі вялікія пальцы, стаяў і патрошку ківаўся з пят на насы; паблісквалі шкельцы акуляраў. Насмешлівы выраз яго дробненькага, бародкаю апраўленага тварыка выдаваў: мялі, Ямеля! – усе вы тут адным мазаныя, нават балбочаце па-свойму, не зразумець анічога... Калі Кецка ў трэці ці ў чацвёрты раз прапанаваў выйсці і пакаяцца тым, у каго сваякі ў бандзе, таварыш Губмян паманіў пальцам і спытаўся штось (хутчэй за ўсё цікавіўся, аб чым так доўга можа бубнець Кецка) у хлопца гадоў дзевятнаццаці. Хлопец, як і ўсе ў гэтым начальніцкім кодле, быў перацягнуты паверх кажуха партупеямі, у шырачэзных – пухірамі на каленях – галіфэ, з аграмаднай кабурою браўнінга на паясніцы; нагнуўшыся, ён выслухаў Губмяна і пахітаў адмоўна галавою – таксама, відаць, не разумеў тутэйшай гаворкі.

Урэшце камісару надакучыла. Перастаўшы ківацца, ён выцягнуў з задняй кішэні галіфэ пляскаты сярэбраны гадзіннік, паднёс перш да вуха, а затым пстрыкнуў крышачкай і даволі доўга, – прынамсі, даўжэй, чым калі хочуць даведацца, каторы час, углядаўся ў іх – бы не адно дванаццаць лічбаў і дзве стрэлкі бачыліся яму ў гэты момант на матавым цыферблаце, як на экране, а цэлы малюнак: вузенькая і брудная, крывымі гарбатымі домікамі пад чырвоным гонтам сціснутая бакінская вулачка, аблезлая сціплая шыльда над нізенькім – бесталковыя «азеры» ніяк не маглі прывыкнуць і вечна разбівалі галовы – уваходам: «Часовых Дел Мастера Губмян и Сын», усё з вялікіх літараў...

Але вось гадзіннік апусціўся беражлівым рухам назад у кішэню.

Сын гадзіннікавых спраў майстра загаварыў:

– А дабы не павадно было!.. – І многія ў натоўпе ўздрыгнулі і пачалі азірацца, не разумеючы, што гэта? Адкуль гэтыя рэзкія, дзеравяныя, непамысныя гукі? Хто іх утварае?

– Каб яшчэ лепш дайшло да вас... – Губмян высунуўся наперад – маленькі барадаты карла, а Кецка, абарваны на паўслове, збянтэжаны, зараз жа адступіў назад, растварыўся ў начальніцкай кучы.

– За смерць кожнага дарагога таварыша... суровая плата па законах ваеннага камунізму! Нашая рабоча-сялянская ўлада самая гуманная... Але грош ёй цана!.. Нічога не вартая тая ўлада, якая не здольна пастаяць за сябе і жалезнай рукою...

Вось іменна – «жалезнай». Здавалася, не з чалавечых вуснаў злятаюць гэтыя словы, сэнс якіх быў для сялянскіх вушэй поўнай незразумеласцю, ахінеяй, а дзесь у камісарскім нутры, глыбока ў жываце, знаходзіцца механізм, які і ўтварае гукі, а маленькаму карлу застаецца толькі адкрываць рот, выпускаючы іх на волю. Так дзіўна гэта ўсё выглядала – гэтае «чэравам вяшчанне», такой несур'ёзнай, карыкатурнай падавалася важнасць барадатага чалавечка ў хромавых боціках з падбітымі абцасамі, што на тварах яго слухачоў ізноў з'явіліся дурныя ўсмешкі, – як нядаўна, калі назіралі сабачую гульню. Выступленне чалавечка і было працягам той гульні, другой часткай яе – гульні, канечне, не дужа вясёлай, але якая ніяк не можа скончыцца чымсьці непрыемным, трагічным.

– І караць нашая справядлівая ўлада будзе жорстка!..

Закалыхвала, прытупляла ўсё гэта – нават самых разумных, не кажучы ўжо пра глухаватага дзядка ў белых валёнках; той слухаў, прыставіўшы да вуха рупарам далонь, і ўсё пасміхаўся. Не насцярожыла нават хуткая перамена дэкарацый. Пад шумок падабраліся сюды ад «табара» чатыры чырвонаармейцы, пастроіліся ў рад, плячо да пляча, напагатовілі вінтоўкі. Не насцярожыла, калі камісарык скончыў гаварыць і, сарваўшыся з месца, пабег уздоўж першай шарэнгі, узіраючыся ў твары сваімі ненатуральнымі, лінзамі акуляраў павялічанымі, вачыма... У канцы шарэнгі крутнуўся на абцасіках, пабег назад. Тыцнуў пальцам у грудзі (так факір-цыркач выбірае асістэнта для сваіх штукарстваў) дзядзьку Ладусю, такому ж, як сам, невялічкаму... Другім выбраў рослага сына глухога дзядка, кіруючыся, відаць, нейкім антанімічным прынцыпам: малы – вялікі; сам адскочыў убок. Зараз жа падбеглі салдаты, аддзялілі выбранцаў ад натоўпу, паставілі насупраць чатырох падрыхтаваных, – спінамі да поля, з-за якога акурат у гэты момант вырваўся і асляпіў людзей зыркай крывавай чырванню акраец сонца...

І гэта ўсё адбылося так будзённа, так хутка – таму яшчэ не было страшным. Якое страшным? – хутчэй смешна было: стаяць, прытуліўшыся адзін да аднаго, высокі і нізкі, а твары ў абодвух чамусьці робяцца аднолькавымі, як у братоў-блізнюкоў... І незразумела, чаму гэта дзядзька Ладусь сцягвае з галавы заечую шапку і прыціскае яе да грудзей, чаму вусны яго ўвесь час жаласна варушацца?.. Чаму з твару здаравяка дзедавага сына не сыходзіць гэтая дурнаватаняўцямная, у бацькі пазычаная ўсмешка?..

Губмян стаяў з паднятай рукою.

– Последний вам шае-эц!..

Потым апусціў руку. Піскнула з нутра завадная машынка.

– Плі!!

Адначасова выкрыкнуў штосьці Кецка, кідаючыся да яго, схапіў яго за апушчаную ўжо руку, паказваючы кудысьці наўскасяк праз поле, дзе рэчка і агароды... Губмян адмахнуўся. Бохнулі разам чатыры стрэлы і яшчэ чатыры – разам і запаздалыя: ба-бах! та-тах! – малатком, які, кляпаючы касу, падскоквае на палатне рэхам... Двое сялян, дзядзька Ладусь і дзедаў сын, у адначас зламаліся разам, пасярэдзіне, і ўпалі тварамі ў снег, нанізаныя на кулі, як на пікі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю