Текст книги "Нічые"
Автор книги: Андрэй Федарэнка
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 34 страниц)
II
У першы міг ашаломленыя чырвонаармейцы апамяталіся і чамусьці не ўрассыпную, а што тыя куры – усе разам – замітусіліся па двары, шчэрачыся вінтоўкамі ва ўсе пабудовы, адкуль маглі прагучаць новыя стрэлы. Толькі вопытны Кецка рвануўся быў назад, на вуліцу, але напярэймы яму з-за сцяны дрывотні выскачылі двое, у світках і са стрэльбамі, равучы ў дзве глоткі нямым крыкам, ад якога закладала вушы: «Вінты ўсім пад ногі!!! Быстра!!!» – і навялі зброю адзін на Кецку, другі – на чырвонаармейцаў, нібы сабраўшыся «зрэзаць» іх усіх адным стрэлам.
З сянец, трымаючы руляю ўніз абрэз, абачліва прыгнуўшыся ў дзвярах, вынырнуў метры пад два ростам велікан – у накінутым на шырозныя плечы і сцягнутым на грудзях двума гузікамі шынялі, у ссунутай на патыліцу папасе з жоўтым верхам, на якім выпукляўся самаробны знак конніка з шабляю, а за веліканам высунулася з дзвярэй перш руля вінтоўкі з прымкнутым штыком, а затым паказаўся малады зусім хлапчына, у гімназісцкім шыняльку, без шапкі, белагаловы і з палахлівай, узбуджанай цікаўнасцю ў сініх вачах.
Велікан зірнуў перш на нерухомага Мішку пад сцяною, затым на чырвонаармейцаў. Тыя са спалатнелымі тварамі збіліся ў кучу, стаялі, кінуўшы пад ногі вінтоўкі і задраўшы над галовамі рукі.
– Стой! – паўтарыў велікан да іх Мішкава апошняе слова, толькі з іншай інтанацыяй – без адчаю, як у Мішкі, а спакойна, нават весела, нават з нейкай зухаватасцю; атрымалася, як у падпітага дзядзькі на вяселлі, што стаміўся гуляць і вось, выйшаўшы ў круг да танцораў, дае музыкам каманду: «стой!» – А то страляць буду! – прыгразіў, хоць чырвонаармейцы і так стаялі ні жывыя ні мёртвыя і не збіраліся нікуды ўцякаць. – Мікола – таго, каля падводы! – паказаў ён руляю абрэза, і адзін з дзецюкоў адразу ж кінуўся на вуліцу. – Гнат – з гэтымі разбярыся! Дзяніс, – да маладога, – вяроўку!..
Дзяніс бы толькі гэтага і чакаў – з паспешлівай ахвотнасцю, стараючыся нават выпадкова неяк не глянуць на забітага, знік у сенцах.
– Ану, к сцяне!.. Ды варушыся!..
Гнат, падпіхваючы палонных прыкладам у спіны і падцягваючы за каўняры шынялёў, пастроіў усіх у рад, тварамі да сцяны.
– Ногі шырэй, рукі вышэй!..
Кецка, які стаяў збоку таксама з паднятымі рукамі, памкнуўся быў сам да чырвонаармейцаў, каб стаць побач, але веліканаў вокрык спыніў яго:
– А ты куды прэшся?! Стаяць, рук не апускаць!..
Велікан няспешна сабраў вінтоўкі, склаў каля ганка, нагнуўся над забітым, перавярнуў яго наўзніч, адшморгнуў партупею з кабурою маўзера, пачаў шнырыць у кішэнях...
З трафейнай вінтоўкаю на плячы, Мікола тым часам увагнаў перад сабою ў двор маленькага Мікіціна, які ад страху спатыкаўся і ледзь перастаўляў ногі. Падштурхнуў яго да сцяны, да ўсіх.
– Ыч, шчанюкі, – прагудзеў здзіўлена. На яго шырокім, сялянскім, пабітым у чорныя кропкі вугроў твары, яшчэ чырвоным ад хатняга цяпла і выпіўкі, быў тупы выраз нейкага як бы расчаравання, што ўсё скончылася так хутка і таму нецікава... Ён цыркнуў пад ногі жоўтай слінаю курца, расцёр плявок ботам. – Ваякі – голыя сракі!
У бліжнім да сянец акне раптам узнік прыліплы да шыбіны спалоханы мужчынскі твар.
Мікола засмяяўся і паказаў на акно велікану з Гнатам, крыкнуў:
– Вылазь на двор, дзядзька Карпа! Усё ўжо, вылазь!..
З сянец выбег Дзяніс са скручанай вяроўкаю ў руках.
– Каму, Чуб? – задыхана, бы невядома адкуль прыбег, спытаў у велікана.
– Дай сюды... – Чуб перавесіў вяроўку на плячо. – А ты збегай яшчэ, Дзяніска, прынясі заступ ды венік... і бацьку пакліч, скажы, хай не баіцца... Скажы, усё тут скончана.
– Не ўсё яшчэ, – сказаў Гнат, падыходзячы да Кецкі.
Ён запанібрата паляпаў па плячы збялелага, без крывіначкі ў худым, няголеным твары рэўкамаўца, падштурхнуў бліжэй да ганка. Пасміхнуўся з'едліва:
– Ну што, Косцік? І ўеўся ж ты тут у пячонкі ўсім... Маліся цяпер свайму карлу-марлу барадатаму, у Бога ж не верыш, прадаў Бога! – Відаць, яны з Кецкам даўнія былі знаёмыя, добра ведалі адзін аднаго.
Кецка зглынуў камяк у горле, хрыпата выціснуў:
– Бога я не прадаваў... і людзям не ўядаўся...
– Яшчэ і не баіцца! Пагавары мне тут!
– Зброя ёсць? – лагодна спытаў Чуб, падступаючыся. Як і ва ўсіх мажных, высокіх, з моцным фізічным здароўем людзей яго рухі ды і словы здаваліся нейкімі як бы расцягнутымі, задужа марудлівымі.
– Ёсць...
– Дык аддай нам, – працягнуў Чуб руку. – Яшчэ пальнеш са страху, бяды толькі наробіш.
– Са страху не пальну...
– Пагавары мне яшчэ!
Нязграбна, непаслухмянымі пальцамі левай рукі ў рукавіцы Кецка пачаў адшпільваць гузікі на палітоне.
Гнат з нянавісцю глядзеў на яго.
– Хутчэй, чорт бязрукі! – не вытрымаў, сам залез яму за пазуху, выцягнуў з унутранай кішэні наган з барабанчыкам, падаў Чубу.
Той абыякава апусціў зброю ў глыбокую кішэню шыняля.
– Што, прымерзлі рукавіцы? – не адчапляўся Гнат. – Ану, здымай! Ды варушыся трохі!..
Крывячыся ад болю, рэўкамавец сцягнуў рукавіцы, выдаўжыў рукі – маўляў, наце, любуйцеся... І правая, з кульцямі замест двух пальцаў, і левая – не на рукі больш падобныя, а на гусіныя лапы, былі пасечаны трэшчынкамі, пакрытыя нейкімі шнарамі, крывянілі, з белымі крохкімі пазногцямі, што не адраслі яшчэ заместа сагнаных, скура лушчылася, злазіла проста шматкамі з далоняў і з пальцаў, а новая, свежая была ружовая і тонкая, не дзіва, што не зажывала, балела і трэскалася.
Чуб з Гнатам пераглянуліся.
– Аддай назад, ну яго на... – сказаў Чуб. – Яшчэ заразу якую схопіш.
– А яны яму ўжо не спанадабяцца! – умяшаўся Мікола, які пільнаваў палонных і ў адначас паспяваў слухаць і глядзець, што тут робяць з Кецкам. – На тым свеце цёпла! – і зарагатаў па-дурному.
Кецку, як ні дзіўна, сцэна гэтая памагла, ён справіўся з сабою. Быццам гэты здзек з яго, палоннага, зараз узвысіў яго, а мучыцеляў прынізіў.
– Дурань, – павярнуўся да Міколы, сказаў даволі смела: – Ды я б адно захацеў, дык і левай паспеў бы адправіць цябе туды, куды ты мяне адпраўляеш! Быў момант, вы ж усе спінамі да мяне стаялі!..
– Глянь ты на яго – герой! – здзівіўся Гнат і тут жа, заўважыўшы Кецкаў міжвольны рух, закрычаў: – Я табе дам рукі хаваць!! Хай праветрацца трохі – палезна!
– Наваюеце вы так...
– А ты за нас не перажывай, – прамовіў Чуб, аднак і яму, мабыць, зрабілася крыху ніякавата – на самай справе, за што здзекавацца з чалавека, ён жа не ўцякае, не абараняецца, без зброі... Чуб падумаў трохі і дадаў з важным выглядам, нават за вус узяўся і падкруціў: – Мы табе не балахоўцы і не нейкія там «зялёныя», мы – армія Беларускай Народнай Рэспублікі, чуў пра такую? І радуйся, што на нас напаў. З палонных мы не здзекуемся, а па правілах ваеннага часу здаём у контрразведку.
– Дык здавайце, а не...
– Ты што, Чуб?! – абарваў Кецку Гнат, вылупіўся на Чуба сваімі пукатымі і ўсё адно прыгожымі вачыма. – Перапіў? Ці не дапіў? Якая контрразведка?! Ты не адсюль, не ведаеш, што за ён, затое мы добра ведаем!.. Ды па ім самая сухая асіна ў тым вунь лесе плача і вяроўка вось гэтая вось!
– Аддай, аддай, кажу, рукавіцы палоннаму, – усё адно распарадзіўся строга Чуб.
Гнат хоць і не вельмі ахвотна, але паслухаўся. Не падаў, а кінуў рукавіцы Кецку пад ногі. Той падняў; калі насоўваў на рукі, скасавурыўся на чырвонаармейцаў пры сцяне. Не даючы ўвагі Гнату, ціха прамовіў да аднаго Чуба – як бы ў падзяку за тое, што заступіўся:
– Мне трэба да вашага камандзіра, да Чайкі... Ёсць што сказаць яму. Ён мяне добра ведае.
– Во-во! Такіх ён і ведае, – усміхнуўся Гнат.
– Пачакай, – сказаў Чуб, – да Чайкі дык да Чайкі. Можна і да Чайкі... А пакуль – тварам да сцяны, як і ўсе!
І калі Кецка-рэўкамавец паслухмяна і хуценька, нібы збавенне яму было ў тым, што ставяць яго «да сценкі», выканаў загад, Чуб нагнуўся, бо быў на паўтары галавы вышэйшы за Гната, штось шапнуў таму на вуха...
Гнат ашчэрыўся ва ўсмешцы:
– Хіба што так!
На ганак вылецеў задыханы Дзяніс, з драўляным заступам у адной руцэ, з венікам у другой, усім сваім выглядам паказваючы, што зараз жа гатовы да любых новых даручэнняў – толькі каб не стаяць на месцы, не глядзець на гэтага забітага... А за Дзянісам асцярожліва высунуўся з сянец і неяк бокам злез з ганка мажны, хоць згорблены ўжо гадамі дзядзька, у высокіх, да каленяў, валёнках, у кароценькім кажушку з адрэзанымі чамусьці рукавамі, на галаве – аблавушка... Гэта быў гаспадар, той самы дзядзька Карпа, які толькі што пазіраў, прыплюснуўшыся да шыбіны, з хаты на двор. Адразу ж вочы яго самі сабою стрэлілі, мімаходзь ухапілі каля ганка скурчаны труп, пад якім распаўзлася на снезе цёмная бураковая пляміна... І тады – хоць, вядома ж, ён чакаў убачыць тое, што ўбачыў, – на твары яго адбіліся перш недаўменне, затым разгубленасць і страх, акурат як у яго сына, гэтага вось Дзяніса... Ён раптам заморгаў пакрыўджана, нібы вось-вось сабраўся заплакаць, затым сарваў з галавы аблавушку і захрысціўся, хутка крыжуючы сабе лоб і грудзі вялікай рукою, што здавалася занадта доўгаю, як і ва ўсіх прыгорбленых людзей.
– Вы гэта... дзядзька Карпа, – сказаў Чуб і закашляўся, пачаў мацаць па кішэнях, шукаючы кісет з курывам, – вы адно кроў сашкрабеце пасля... А там ужо за ноч снегам засыпле, і следу не застанецца...
– Ды ўжо ж, сашкрабу!..
Карпа адвярнуўся, забегаў вачыма па двары, ізноў акурат бы сын, таксама шукаючы хоць якога сабе занятку... Пачуў, што сабака шкрабецца ў пуні, туды памкнуўся:
– Ото выпусціць трэба!..
– Я сам. – Дзяніс кінуў вобземлю заступ, венік, пабег.
Карпа сярдзіта зірнуў яму ўслед, пашкадаваў, мабыць, што выграбся з хаты, – сядзеў бы сабе, пакуль не скончыцца ўсё...
– А крывянкі – Божа ж мілы!.. – міжволі ізноў злавіў краем вока нябожчыка і зноў перахрысціўся.
– Даходзіў доўга, – патлумачыў Чуб, як пра кабана сказаў, а не пра чалавека. – Камуністы, яны жывучыя, што ты!
Ён адвярнуўся ад ветру, чыркнуў сярніцаю (агеньчыка зусім не было відаць у вялізных далонях), прыкурыў тоўстую самакрутку.
Дзяніс расчыніў дзверы пуні, выпусціў сабаку. Той выскачыў – злы і нацяты, ашалелы пасля цемры ад зыркага святла, ад пахаў, ад чужых людзей, якіх трэба кусаць, ірваць, гнаць адсюль, са сваіх уладанняў... Аж раптам застыў, пацягнуўся мусаю туды, да сцяны, дзе ляжаў мёртвы, пачаў прынюхвацца, затым уздыбіў поўсць на шкірцы, разгублена азірнуўся на пуню, падціснуў хвост і заскуголіў жаласна, аж да мутарнасці, нібы прадчуваючы, што гэтым не скончыцца, нібы новую смерць наклікаючы.
– Бач, не йдзе! Крывянку чуе... Ды замаўчы ты, падла! – не вытрымаў Карпа, шукаючы што пад нагамі, каб запусціць у сабаку.
Мікола рагатнуў.
– Ну, дзядзьку... Крывянку чуе... А ты хацеў, каб і красных біць і каб кроў не йшла? То так не бывае – дзе б'юць, там і льюць! – задаволены, што так дасціпна перавярнуў прыказку, падышоў да Чуба. – Пакінь пару цягаў.
Гнат з вяроўкаю падступіўся да палонных, пачаў з Кецкі:
– Лапы давай, калека... Ды дзякуй Богу, і праўда, што нам патрапіўся – рэгулярнай арміі! – сказаў з нядобрым нейкім смехам, дыхаючы на Кецку перагарам добра знаёмай і самому рэўкамаўцу мясцовай самагонкі, зіркаючы на яго сваімі прыгожымі пукатымі вачыма, і зірканні гэтыя не абяцалі нічога добрага...
Адзін з палонных, крайні, раптам рыўком адштурхнуўся ад сцяны і матлянуў за вугал хаты, з трэскам паваліў хіленькі тын і знік з вачэй.
– Назад!
– Стаяць, курва!! – паляцела яму ўслед.
– Пільнуйце гэтых! – Чуб, выплюнуўшы цыгарку, якую Карпа адразу ж падабраў і прытушыў у снезе, ірвануўся следам, лямантуючы нечакана тонкім голасам, галосячы ледзь не па-бабску: – Гнат, давай хутчэй-чэй-чэй!!! Сюды з вінтом, абрэз не даб'е! – і ў гэтым ляманце-галашэнні чуўся азарт, была непрыхаваная радасць паляўнічага, які выцікаваў звера.
Падбег Гнат, трушчачы ботамі спарахнелыя калкі тыну.
Чуб бухнуўся на калені:
– Кладзі!
Гнат уладкаваў на яго плячы вінтоўку, прыліп шчакою да прыклада. Занадта доўга, як падалося нават марудліваму Чубу, пачаў цэліцца...
– Не патрапіш – самога заб'ю, – сур'ёзна паабяцаў Чуб, аблізваючы вусны.
Уцякач, падхапіўшы аберуч крысы шыняля, нязграбна, пятляючы між абвязаных саломаю дрэўцаў, спатыкаючыся на прысыпаных снегам разорах, бег падпараным полем к далёкаму лесу. Суха шчоўкнуў стрэл. Чырвонаармеец бег як ні ў чым не бывала. Гнат перасмыкнуў затвор, вылецела і шпокнула ў снег гільза, ізноў стрэліў.
Перш падалося, прамазаў. Але Чуб, які ўвесь час стрымліваў дыханне, шумна, з палёгкаю выдыхнуў, а сам Гнат выпрастаўся.
– Я цябе навучу!.. – адно прамовіў.
Уцякач спатыкнуўся, бы з разбегу наляцеў на туга нацягнуты дрот, заплёўся нагамі і грымнуўся вобземлю – тварам уніз...
Чуб устаў, абціраючы мокрыя накаленнікі. Моўчкі, з любоўю паглядзеў на Гната і паціснуў яму руку вышэй локця.
III
Дзяніс не бачыў, толькі чуў, як страляюць, чуў, як Мікола, мацюкаючыся, гнаў чырвонаармейцаў, каб хутчэй цягнулі сюды, у двор, яшчэ аднаго забітага.
Забітага чалавека! – і гэта тут, у двары, знаёмым да кожнай трэсачкі ў дошках плота, двары, дзе адно свіней пад Каляды ці авечак рэзалі, дык і тады ён, Дзяніс, усімі праўдамі і няпраўдамі стараўся схавацца, перастаяць дзе за сцяною, заплюшчыць вочы, заткнуць пальцамі вушы!.. Зрабіць тое, што ён і цяпер зрабіў – проста ўцёк, схаваўся па другі бок хаты, стаіўся ў зацішку паміж хлявом і прыбіральняю.
Як таму сабаку, яму захацелася раптам падціснуць хвост, заскуголіць і ўпароцца ў пуню, забегчы ў хату або прытаіцца хоць тут, прысеўшы на карачкі, у гэтым закутку... Хай здагадваюцца, хай расказваюць пасля ў Семежаве, у атрадзе, што ён сцыкун, што не вытрымаў, што ў яго слабыя нервы, што ён не мужчына яшчэ, а смаркач... Хай!
Яго трэсла ўсяго. Ён расшпіліў шынялёк, зачэрпнуў снегу – шурпатых уледзянелых крупак, і хутчэй разагнуўся, баючыся, каб не зблажыла сагнутага. Пацёр лоб і шыю. Халодная макрата папаўзла па твары, па грудзях, адразу стала лягчэй. Узяў раптам і крадком выглянуў з-за прыбіральні на агарод, і хоць на імгненне, на хвільку толькі зрабіў гэта, але ж угледзеў і запомніў нават, як чырвонаармейцы нясуць забітага: двое справа, двое злева, сашчапіўшы рукі «замкамі», бы насілкі зрабіўшы... Крысо шыняля валачылася па снезе, матлялася з боку ў бок нежывая галава, целяпаліся рукі, на мокрыя расквашаныя чаравікі наліплі круглякі гразі, абмотка з аднае нагі развязалася і цягнулася ззаду брудным доўгім бінтам... І кроў, зноў кроў, праклятыя чырвоныя кропелькі на снезе, як рассыпаныя брусніцы!..
За спіной пачуліся крокі. Дзяніс уздрыгнуў і не адразу, нясмела азірнуўся. Чуб стаяў побач, пад сцяною, і корпаўся ў крэсле галіфэ. Зацурчэў струмень. Чуб скасавурыўся на хлопца, толькі і сказаў:
– Калі млосна, не цярпі, засунь два пальцы ў рот – паможа.
І пайшоў сабе.
На двары нікога ўжо не было. Адзін стары Карпа шкрабаў сухім, сцёртым да таго, што акурат у руку ўзяць, венікам каля сцяны і пры ганку, зграбаў брудна-чырвоную кашу ў кучку...
Чуб моўчкі сабраў у абярэмак вінтоўкі, падаўся на вуліцу.
Натоўп вяскоўцаў сабраўся каля плота насупраць Карпавай хаты, па той бок вуліцы, – стаялі, ціха перагаворваліся, бы ў чаканні звычайнай будзённай хаўтурнай працэсіі, пазіралі, як Гнат загадзя ачышчае, прыбірае задок падводы, скідваючы проста долу мяшкі і кошыкі; як пасцілае паддон паловаю брызенту – другая звесілася з воза да зямлі; як чырвонаармейцы, іхнія нядаўнія рабаўнікі, упэўненыя ў сваёй сіле і беспакаранасці, а цяпер пакорлівыя і безадказныя, выносяць і ўзвальваюць на падводу сваіх нежывых таварышаў... Узвалілі, Гнат прыкінуў трупы брызентам, паправіў неастылую яшчэ, падатлівую нагу, што высунулася праз дзірку драбіны, – тую самую нагу, з расквашаным мокрым чаравікам, з доўгай, на бінт падобнай, абмоткаю.
Дарослыя – па большасці старыя дзяды і кабеты, стаялі спаважна, са скрушнымі тварамі, як і належыць добрым людзям у такіх выпадках – калі выносяць нябожчыка. Але між імі ўвесь час круціўся, аж прытанцоўваў на месцы хлапчынка гадоў дзесяці, крэпенькі, чырванашчокі, бы снягір, у валёначках і ў вялікай, непаразмернай яму шапцы-вушанцы. Шапка ўвесь час спаўзала на вочы, ён падбіваў яе знізу даланёю і шморгаў носам. Было відаць, як круціць яго ўсярэдзіне, як так і прэ з яго жаданне выпаліць вось зараз гэтым дзядзькам і цёткам нейкую важную, аднаму яму вядомую тайну...
– А гэта ж я, далібог, я! – не вытрымліваў тады і азіраўся, шукаў вачыма такую ж, як сам, крэпенькую, зграбную, чырванашчокую дзяўчыну, нізка, па самы лоб абвязаную хусткай-«канаплянкаю», як бы ўжо яна была дарослай маладзіцаю. – Праўда ж, Лізка? Ну, скажы!
У яго звонкім, дрыготкім ад уласнае смеласці голасе былі і дзіцячая неразумная пахвальба, і нецярпячка, і боязь, страх нават, што яму не павераць, смяяцца пачнуць або яшчэ прагоняць адсюль...
– Далібог, не хлушу! – сцягваў шапку і жагнаўся з наіўнай шчырасцю, як і ўсе бязгрэшныя дзеці. – Дзядзька Мікола, дзядзька Гнат – ну, скажэце!.. Праўда ж?
– Праўда, праўда, – пацвердзіў дзядзька Мікола, чамусьці без заўсёднага свайго смеху. Як і Гнат, як і абодва Карпавы сыны, ён быў мясцовы і добра ўсіх ведаў. – Ты ў нас гірой, Васілько, – няўмела пахваліў малога, – сапраўдны гірой!..
Крэпенькая, зграбная дзяўчынка, яшчэ больш чырванеючы, не падымаючы вачэй, ціха ўшчувала «гіроя»:
– Маўчы, тут жа людзі стаяць... Бяжы дамоў ужо, пагрэйся на печы – вунь смаркачы папусціў!..
Але дзе там, акрылены Міколавай пахвальбою малы нічога і слухаць не хацеў.
– Я прама гародамі – отама-во, пабег, крычу: дзед Карпа, Дзяніс, дзядзька Гнат, дзядзька Мікола – там, крычу, бальшавікі ездзяць, ото-то каля вашай хаты будуць!..
Худзенькі Мікіцін, яшчэ больш змізарнелы, скундзёблены ад холаду і страху, падняў галаву, на міг сустрэўся з Васількам вачыма, і толькі цяпер яму прыйшло на памяць і ён з панылай абыякавасцю ўспомніў, як даўно-даўно (на самай справе менш чым паўгадзіны назад) гэты самы хлапчук даваў стракача агародамі ад хаты, а ён, Мікіцін, стаяў, як ёлуп, і мачыўся на кола, марыў пра кашу з салам, пра вызнянскую цёплую казарму, пра земляка Чувалава, які напіша на радзіму, што ўсё ў іх тут у парадку і ваююць яны дзякаваць Богу...
Мікіцін патупіўся, з тою ж панылай абыякавасцю адзначыў, што халадае і сняжок не перастае, пад заднім колам няма ўжо жоўтай пляміны... Вось таксама замяце і кроў, і ўсе сляды іхнія, ніякага знака па іх не астанецца, ніхто іх не знойдзе, ды і шукаць ніхто не будзе!.. Каму ён трэба, слабасільны, неабстрэлены, непісьменны чырвонаармейчык славутай шаснаццатай арміі дваццаць другога палка дзевятнаццатага асобага ўзвода, баец, які нават «пам-нач-кам-узвода» так і не навучыўся вымаўляць, які і ў бальшавіцкую армію пайшоў ні па якім не «зову сердца», як выдумляе ў сваіх пісьмах дурны, дарма што грамацей, Чувалаў, а ад таго, што ў іхняй мнагадзетнай сям'і паелі нават беражоную семянную бульбу і проста пухлі з голаду, а ён, Мікіцін, перад тым як запісацца служыць, абышоў па хатах усіх дэзерціраў і камісаваных ды распытаў добра: дзе лепш кормяць, дзе адзёўка прыгажэйшая – у чырвоных ці, скажам, у белых... Вось такое «веление сердца»...
Усё было скончана, і цяпер толькі брызент у задку падводы, тапырачыся, абазначаў схаваную пад ім паклажу. Ды яшчэ коні, акурат бы той Карпаў сабака, чуючы людскую кроў, пужліва стрыглі вушамі, касавурыліся, раздзьмухвалі шырокія ноздры і штораз беспрычынна ўсім целам уздрыгвалі, як робяць гэта душным летнім днём, калі дакучае гнус. Гнат павярнуўся да Кецкі, рыкнуў: «Ну, давай!..» – і да таго не адразу дайшло, што гэта вяроўку трэба даць. Вяроўка вісела ў яго на плячы, а адкуль яна ўзялася, ён не помніў – хутчэй за ўсё Гнат накінуў на яго, як на слупок, калі сам бег хутчэй страляць у чалавека, у гэтага вось самага, над якім тапырыцца брызент... Кецка падаў вяроўку і, наўчоны ўжо, сам, без каманды паспешліва выдаўжыў рукі. Нават Гнат, спрытна і туга завязваючы вузел, прабурчэў на гэтую залішнюю стараннасць:
– Сагні ў лакцях трохі, цягнеш тут... – Дзелавіта агледзеў палонных, прыкінуў, які інтэрвал трэба даць, ці хопіць вяроўкі на ўсіх. Націснуўшы Кецку на жывот, адцягнуў рэмень, сілком прапіхнуў пад яго звітак вяроўкі. – Наступны!
Наступны быў Мікіцін. Зусім не адчуваючы болю, з якім упівалася ў настылую скуру скручаная ў тры столкі вяроўка, ён толькі падумаў: навошта ўсё гэта, хіба яны ўцякаюць ці збіраюцца ўцякаць, хіба мала ім навукі?..
– Іх бы саміх упрэгчы, заместа коней, – зларадна прашамкаў дзядок, абуты ў белыя валёнкі; ён стаяў паперадзе ўсіх, абапіраючыся на сукаватую неакораную крывуліну. – Асабліва гэтага вось, чорта бяспалага, – паказаў на Кецку. – Хай бы цягнулі!
Адзін малы Васілько, у якога, відаць, уяўленне ўміг стварыла малюнак – чырвоныя цягнуць воз, а коні спаважна йдуць сабе збоку, – зайшоўся нервовым смехам, больш ніхто, нават рагатун Мікола, не падтрымаў дзеда. Гнат, які ўвязаў адной вяроўкаю палонных, выставіў іх цугам і цяпер, сагнуўшыся, намотваў канец вяроўкі на кручкі пад задком, сярдзіта зіркнуў на старога знізу ўверх.
Людзі маўчалі. І маўчанне іх гаварыла аб той адвечнай шкадобе ахвяры да свайго ж ката, калі сам ён апынаецца ў яе скуры...








