Текст книги "Нічые"
Автор книги: Андрэй Федарэнка
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 21 (всего у книги 34 страниц)
XVIII
Дзяніс прачнуўся.
Нейкі час ляжаў нерухома, гледзячы ў столь. Ружовае святло палоскай ткалася праз вузкае акенца прылазніка. На шкле расквечаныя былі ўзоры, такі за ноч узяўся мароз.
Ён успомніў усё. Памацаў каля сябе – пуста. Лізы не было. Ён падхапіўся, падняў з долу шынель, абтрос. З кішэні выпала хустка. Ён нагнуўся, але падняць так і не паспеў яе: стукнулі дзверы, і дзяўчынка ўляцела ў прылазнік. Яна не магла слова вымавіць... Ён уважліва паглядзеў на яе. На міг яму стала прыкра. Усё ўчарашняе растала разам з цемраю. Так, засталася толькі прыкрасць. Цяпер, раніцаю пасля ўсяго, ён бачыў, якая яна непрыгожая. А гэты перакошаны страхам рот, які ён учора, перасільваючы сябе, так цалаваў!..
– Там... на полі... Я пабягу!
Ён схапіў яе за плечы. Усё яшчэ не разумеючы, што здарылася нешта куды больш важнае, чым тое, што было сёння ўночы, прашыпеў:
– Што там? На полі?
– Бальшавікі людзей страляюць! Трэба бегчы!..
– Я табе пабягу! – Ён адштурхнуў яе.
Яна адляцела да акна, войкнула, вытнуўшыся аб падаконнік.
Не звяртаючы на яе ўвагі, Дзяніс прыпаў да ўзорыстай шыбіны. Нічога не было відаць.
Яна паднялася. Як раздражняла яго гэтая яе пакора, гэты вінаваты страх у яе ў вачах! Навошта яна паказвае, што баіцца і думае ў ім знайсці абарону?! Яму б самому цяпер да каго дужэйшага прытуліцца!..
Ён дастаў маўзер, пачаў азірацца па баках. Яна падскочыла, павісла ў яго на руцэ, знізу ўверх умольна гледзячы:
– Дзяніска, не трэба!
Ён застыў, як акамянеў, пакуль яна сама марудна не адпусціла яго.
– Сядзі тут і не рыпайся! Ясна табе?!
Адчыніў грубку, сунуў маўзер у самы попел. Рука была чорная, ён вылаяўся і пачаў выціраць яе аб другую, чыстую. Скарыстаўшыся замінкай, Ліза схапіла з падлогі хустку і куляю рванулася міма яго, шуснула ў дзверы. Ён не паспеў злавіць яе.
Выбег за ёю на двор. Тут было зусім светла. Яркае сонца і белы снег ударылі па вачах, асляпілі на міг.
Са злосці, з гарачкі прабег трохі за дзяўчынкаю... Калі ж падняў галаву, падбіўшы брыль фуражкі, што спаўзала на вочы, – анямеў. Ногі перасталі яго слухацца. Ён спатыкнуўся і ўпаў на коленцы. Зараз ён убачыў усё: і гэтую масу людзей на пагорыстым полі, і «табар» падводаў пры дарозе, і ваенных, перамешаных цяпер з вяскоўцамі... Убачыў, як усё калышацца там, ходырам ходзіць, пачуў, як гудзе гэтая маса – не гудзе нават, а галосіць, плача, вішчыць, вые і лаецца...
Але і гэта было не ўсё. Самае страшнае, што некалькі чырвонаармейцаў з вінтоўкамі стаялі воддаль ад натоўпу і пазіралі сюды. Сонца свяціла ім у вочы, і яны прыкрывалі іх далонямі. Яны глядзелі на Лізку, якая бегла да іх з непакрытай галавою, махаючы заціснутай у руцэ хусткай, і на яго, Дзяніса. Яны добра бачылі яго. І чакалі. Ды нават калі б і не бачылі, Лізка ўсё расказала б!.. Труслівая малая сучка – навошта ён звязаўся з ёю!..
Ён хуценька ўскочыў на ногі. Ліхаманкава, загнаным зайцам, агледзеўся... Можа, не позна яшчэ? Можа, паспрабаваць як уратавацца? Справа поле, злева хаты – далёка, ды і толку, выпаруць і з хаты... Азірнуўся – ззаду, за лазняю, па той бок рэчкі цягнуўся клінок рэдкалесся... Туды? Калі пашэнціць, можна дабрацца да лесу... Позна! Ды і страшна – куля здагоніць... Мала яму ўчарашняга ўрока, калі на гэтым вось самым месцы, дзе ён стаіць цяпер, ляжаў ужо адзін такі разумны!
Дзяніс пабрыў да людзей. Калацілася сэрца, яно то падала ў жывот, то падскоквала да глоткі. Двое чырвонаармейцаў, з тых, што стаялі і глядзелі на Дзяніса, як толькі ён зрабіў першыя крокі, ускінулі вінтоўкі, але тут жа і апусцілі: мабыць, хтось распарадзіўся не страляць. Гэта крыху падбадзёрыла, падбавіла яму сілы. Падалося раптам, што ўсё гэта не так сабе, нездарма яго чакаюць, што ён звязаны з тым, што адбываецца на полі, і з'яўленне яго можа на нешта паўплываць, нешта важнае зможа вырашыць.
Вайскоўцы – толькі цяпер сярод іх ён убачыў Кецку – пачалі спускацца з пагорка яму насустрач. Ліза параўнялася ўжо з імі, яны нават не зірнулі на яе. Яна растварылася ў натоўпе. Дзянісу пачулася, ці толькі падалося яму, што і яе голас уплёўся ў гэты раздзіраючы душу канцэрт, – нібы галасілі, і вылі, і крычалі ўсе там на адной цягучай, доўгай ноце...
– Бягом! – крыкнулі яму. – Бягом, каму сказана!
Ён пабег. Ружавеў пад нагамі снег, стракацеў перад вачыма роўны ланцужок Лізіных слядоў, і Дзянісу прыкра было, што ў яе такія маленькія, частыя крокі: кепска падладжвацца пад іх, бяжыш, нібы па шпалах.
Дапаўшы да чырвонаармейцаў, ён перавёў дых. Тыя моўчкі расступіліся, прапускаючы яго, потым зноў сышліся за ім. На іхніх тварах Дзяніс убачыў адно цікавасць. Вінтоўкі былі апушчаныя. Ён падняў галаву – перад ім стаяў Кецка, гнеўны, са сціснутымі кулакамі. Ззаду за Кецкам Дзяніс паспеў яшчэ заўважыць шчупленькага барадатага камісарыка, нейкага хлапчука ў пухірыстых на каленях галіфэ, яшчэ нейкіх – у скуранках, галіфэ і без вінтовак, і ўсю гэтую шоблу, акружыўшы яе, група чырвонаармейцаў штыкамі абараняла ад насядаўшага натоўпу.
– Ты што ж гэта, шчанюк...
Моцны ўдар у вуха збіў з Дзяніса фуражку. Сыпанулі з вачэй іскры, зазвінела ў галаве... Кецка паціраў бяспалую руку.
– Бацьку роднага забіваюць, а ты хаваешся?!
І яшчэ ўдар, у другое вуха. Дзяніс пахіснуўся, але на нагах устаяў.
– Не трэба...
Ён шморгнуў носам, прыклаў да яго далонь. Адняў – на ёй была кроў.
– Не трэба больш, дзядзька Косцік!
Як ні дзіўна, але Кецкавыя плюхі памаглі яму. Нібы павыляталі з вушэй ватныя затычкі, а з вачэй спала ружовая, як гэты снег, плёнка. Разам з фізічным болем вярнулася адчуванне рэальнасці. Ён неяк інакш, чым да гэтага, вастрэй пачаў бачыць усё і чуць. І калі нагнуўся, падняўшы фуражку і збіваючы аб калена з яе снег, і выпрастаўся – у галаве праяснела.
Ён убачыў, як смела варушыцца і насядае на чырвонаармейцаў натоўп, пачуў, як выюць бабы: «Біце, каліце іх!» – і піхалі змярцвелых ад перапуду дзяцей на штыкі.
– За што вы страляеце нас?!
– Вы ж горшыя за палякаў, за немцаў!
Іншыя бабы самі снапамі валіліся ў ногі; чырвонаармейцы лупілі іх насцакамі, не шкадуючы, і прыкладамі адштурхоўвалі падалей ад начальства, назад, у натоўп... Яшчэ Дзяніс убачыў, што ўбаку, ля падводы (знаёмай нейкай падводы!), стаяць пад нацэленымі на іх чатырма вінтоўкамі яго бацька і другі дзедаў сын; убачыў таксама, як трошкі воддаль, па другі бок той жа падводы, варушыцца якісь клубок людзей: жывых уперамешку з мёртвымі. Цётка Ёўга, укленчыўшы, падняўшы ўгару рукі, галасіла – з-пад хусткі павылазілі касмачы, сівая і страшная, была яна падобная на ведзьму; побач, у такой самай позе – рукі ўверх – сядзела на снезе і тонка падвывала Лізка... Яшчэ пазнавалася ў тым людскім клубку дзедава нявестка, якая рытмічна, са стараннасцю дбайнай манашкі на малебне, білася галавой аб снег. Другая нявестка, з малым на руках, насядала на чырвонаармейцаў, упарта старалася насадзіць дзіця на штыкі; з нагі ў малога зляцеў белы валёначак, дзед падабраў яго і круціў у руках, тупа пасміхаючыся...
Маленькі Губмян хутка падышоў да Дзяніса. Баючыся, што зноў пачнуць яго біць, Дзяніс закрыўся рукамі.
– Гэты? – недаверліва спытаў Губмян у Кецкі.
– Так точна, адзін з учарашніх, таварыш камісар. Распарадзіцеся, каб адпусцілі людзей, ён усё раскажа! Я з ім сам пагавару!
– Толькі не біце, дзядзька Косцік! – заспяшаўся Дзяніс. – Я ўсё скажу!.. У мяне і зброя ёсць, там, у лазні! – матлянуў галавою. – Прынясу зараз... – і ўжо нават кінуўся быў, але бліжні чырвонаармеец, як шлагбаумам, вінтоўкаю перакрыў яму дарогу.
– Куды? Стаяць!
– Разам пойдзем. Шуруй, паказвай! – Кецка піхнуў Дзяніса ў плечы.
Камісар зрабіў знак чырвонаармейцу, і той, ускінуўшы на плячо рэмень вінтоўкі, таксама выправіўся за імі. Так і пайшлі след у след: першы Дзяніс, тады Кецка і апошні чырвонаармеец, які ціхенька пасвістваў.
У натоўпе зразумелі, што расстрэльваць больш не будуць, але, як заўсёды бывае, людзі не сціхлі, не супакоіліся; наадварот, усчаўся гвалт яшчэ большы, чым калі была рэальная небяспека.
Салдат-свістун крыху адстаў. У лазню зайшлі толькі Дзяніс з Кецкам. Хлопец кінуўся да грубкі, выцягнуў маўзер, аберуч падаў яго гаспадару.
– Вось!.. Ваш, дзядзька Кастусь!..
Яны былі ўдвух, чырвонаармеец сюды нават не заглядваў.
Кецка, азірнуўшыся, узяў Дзяніса за каўнер, прыцягнуў да сябе блізка – так, што з рота патыхнула нячышчанымі зубамі, – і зашаптаў:
– Слухай і запамінай... На атрад напалі ў лесе, за вёскаю! Будзеш казаць, што ў лесе была засада, чырвоных пабілі, а ты спалохаўся і ўцёк. Дамоў. Усё зразумела?
Дзянісу, сціснутаму, цяжка было нават кіўнуць, і ён толькі згодліва заморгаў вачыма...
Калі яны ў тым жа парадку прытупалі ад лазні, чырвонаармейцы ўжо скончвалі свае хуткія зборы. Кулямёты былі пагружаны на падводы. Салдаты, пастроеныя ў калону, чакалі каманды. А бабы ўсё не ўнімаліся!..
Кецка, перакінуўшыся з Губмянам парай слоў, падштурхнуў Дзяніса да падводы, на якой ляжалі забітыя, загадаў:
– Лезь!
Дзяніс у апошні раз азірнуўся. Хацелася ўбачыць бацьку, і ён убачыў яго. Убачыў, як ён стаіць, гарбаты і няшчасны, а раскалмачаная, сівая і страшная цётка Ёўга, захлёбваючыся слінай і ярасцю, крычыць яму ў твар:
– Каб вы ўсе перадохлі, уся радня вашая... з-за вас усё, гэта ж у вас на дварэ пабілі... дык вы цэлыя ўсе, а мо-о-ой... хто ж мне яго падыме-е-э!..
Лізка, седзячы на карачках, ціхенька галасіла каля мёртвага бацькі.
«Хоць зірні, глянь!» – узмаліўся да яе Дзяніс, у якога сэрца зайшлося і ад гэтых «цешчыных» праклёнаў, і ад таго, што ён арыштаваны, што забіраюць яго некуды, што трэба лезці яму зараз да гэтых акачанелых мерцвякоў і ўмошчвацца неяк разам з імі, паміж імі ці на іх, на ледзяной акамянелай назе, руцэ...
Дзяўчынка мальбы не пачула.
– Атрад... Ойсь... Агам... Арш!
Караван з чатырох падводаў і атрад пяхоты рушылі на Вызну. Калона была акуратная, па чатыры, ісці стараліся плячо да пляча, роўна, нават у нагу – не хапала толькі заліхвацкай якой-небудзь «вдоль да по речке» ды балалайкі з лыжачнікамі. За апошняй падводай, на якой ехаў разам з забітымі жывы пакуль Дзяніс, беглі два жоўтыя сабакі з падціснутымі кашлатымі хвастамі і з вінавата апушчанымі чорнымі мордамі.
XIX
Забітых чырвонаармейцаў прывезлі ў Слуцак, каб пахаваць паводле ўсіх канонаў савецкай паніхіды, што і было зроблена ў тры гадзіны дня на гарадскіх могілках – ранейшая вуліца Кладзьбішчанская, а з 1920 года «Імя 14 партызанаў» (з назвамі ўвогуле нямала намудрыла новая ўлада. Было так: год назад на гэтых могілках палякі расстралялі чатырнаццаць камуністаў, якія самі сабе выкапалі магілу і прымалі кулі са словамі: «Мы умираем, но Красная Армия скоро прогонит вас!»; прагнаўшы палякаў, Чырвоная Армія перайменавала вуліцу, на якой знаходзіліся могілкі, у імя расстраляных, але партызанскіх астанкаў тут ужо не было, бо іх перазахавалі на вуліцы Саборнай, назваўшы яе вуліца Камсамольская...) – словам, таварышаў закапалі на старадаўніх гарадскіх могілках, сярод векавога праху случчакоў. Скінулі шапкі, адспявалі, студзячы глоткі, «Не плачьте над трупами павших бойцов, несите их знамя вперед!», трыма залпамі ўмазалі ў пагоднае не па-лістападаўску неба, сарваўшы з бліжэйшых акацый хмары варання, і адправіліся ў казармы, а адтуль у сталоўку абедаць. На жвірыстым пагорку застаўся толькі фанерны трохкутны слупок, увенчаны пакуль яшчэ бліскучай зоркай, – іх, гэтыя зоркі, спрытна выразаў з кансервавых бляшанак палкавы майстра на ўсе рукі Чувалаў, зямляк без весткі згінуўшага Андрэя Мікіціна.
Дзяніса Карпавага адвялі ў той самы дом Ваньковіча, ён жа памяшканне Рады Случчыны, дзе адбылося пераломнае выступленне Жаўрыда і дзе цяпер размяшчалася «чэка». Адвялі і ўкінулі, даўшы напаследак насцака пад зад, у каменны мяшок: два на два метры, без акна, з дзіркаю пасярод голай, як ток, цэментнай падлогі; холад тут стаяў люты, а з дзіркі несла борняю.
Таварыша Губмяна на пахаванні не было. За тыя дзве гадзіны, пакуль дабраліся да Слуцка, ён, седзячы без руху ў падводзе, скалеў так, што вусны кепска слухаліся, а на пахаванні трэба ж было б сказаць хоць якую прамову... Пакуль тое ды сёе, ён адводзіў душу гарбаткай і тытунём, адаграваўся сабе ў аднамесным нумары-«люкс» гасцініцы з гучнабанальнай, тыповай для любога захалуснага гарадка назваю – «Брыстоль». Увесь другі паверх гатэля быў адведзены «пад рэўкам». На першым размяшчаліся штаб і контрразведка дыслакаванай цяпер у Слуцку 16-й арміі, а таксама на месцы колішняга рэстарана – чырвонаармейская сталоўка. Нумар таварыша Губмяна знаходзіўся на другім паверсе. З акна камісар мог бачыць чатырохвугольную ў плане Саборную плошчу, засыпаную стаптаным снегам; па другі бок яе, акурат насупраць, лыпіўся на «Брыстоль» сваімі злавеснымі прыплюснутымі фіранкамі зашморгнутымі вачыма-вокнамі дом Ваньковіча, ён жа «чэка».
«Люкс» таварыша Губмяна некалі ўяўляў сабой утульны, у межах разумнага абстаўлены пакойчык. У ім не грэбавалі спыняцца нават заезджыя менскія артысты, асабліва рамантычна-томныя, вечна адзінокія актрысы, таму шмат на што (аб чым таварышу Губмяну і не здагадацца ніколі) нагледзеліся гэтыя, у вясёленькія шпалеры абклееныя, сцены, гэтая тахта з пухнатай, ромбамі прашытай пярынаю... Зрэшты, даўно ўжо, канечне, не было ні вясёленькіх шпалераў, па жывому цяпер абадраных, ні тым больш пярыны, ні тахты – ніякага ўвогуле лежака тут не было, і на ноч камісар адпраўляўся спаць у казармы.
Цяпер абстаноўка «люкса» была самая спартанская. Каля акна з пакрышаным, нібы грызлі яго зубамі, падаконнікам стаяў строгі канцылярскі стол, заляпаны атрамантам і пакрыты белымі кольцамі – сляды ад гарачых шклянак (падобныя на сучасную алімпійскую сімволіку). Чайнік з кіпенем на стале. Табурэтка пад сталом. Шафа з трэснутым люстрам. Дзверы ў ванны пакойчык з пралетарскай сур'ёзнасцю засабачаны былі дзвюма крыж-накрыж дошкамі, прычым цвікі ўбіваліся не па плешку, а да паловы, а потым згіналіся; усё адно гарачай вады не было, і зноў-такі, як і ў выпадку са шпалерамі і з пярынай, не было і самой глыбокай, прадаўгаватай, пяшчотным блакітным эмалем усярэдзіне пакрытай ванны – яе, мёртва прышрубаваную, са злосці растаўклі ламамі пасля марных спробаў адарваць ад падлогі. За другімі побач з ваннай дзвярыма знаходзілася прыбіральня – гэтая, праўда, лічылася спраўнаю і зрэдку працавала. Па ржавым унітазе, не перастаючы, бегла карычневая вада. Час ад часу яе набіралася столькі, што яна не паспявала прасочвацца – унітаз забівала і ў «люксе» пачынаўся сапраўдны патоп. Прыходзіў глуханямы «слёсар» Клім, вось ужо сапраўды шчыры прыхільнік новай улады, якая балбатуноў не цярпела (адзін з рэдкіх выпадкаў, калі фізічны недахоп толькі на карысць чалавеку!), і, напаўняючы «люкс» смуродам, прымаўся шураваць у трубе кавалкам дроту з намотанай на канцы анучаю.
...Цурчэла тонкім струменем вада, Губмян не звяртаў на гэта ўвагі – нават весялей было, не так адзінока. Сёрбаючы гарбату без цукру, камісар па надзвычайных справах другой рукой перагортваў паперы. Гэта былі пісьмовыя дакладныя агента Лебедзева і рэўкамаўца Кецкі. На стале ляжалі таксама папкі з асабістымі справамі савецкіх ваеннаслужачых П.Жаўрыда, П.Чайкі, К.Кецкі, А.Сокал-Кутылоўскага.
Перачытваючы прыгоды Лебедзева, Губмян адчуваў прыемнасць, як ад добрага мастацкага твора, калі думкі і стыль аўтара супадаюць з тваімі ўласнымі. На сямі старонках няспешны, разборлівы почырк... Не псавала ўражання і аўтарэдактура – некаторыя словы і нават сказы, што падаліся шпіёну недакладнымі, былі перакрэслены і заменены на іншыя, больш зграбныя. Талкова, па пунктах, нічога не забыта, і даволі ясная з усяго гэтага паўстае карціна.
«...Давялося праверыць на прадмет манархізму, і гэта дало плён – Чайка разгаварыўся...»
«...Той факт (закрэслена, заменена на «ўжо адно тое»), што Чайка мяне адпусціў, нават не дапытваючы, сведчыць пра: а) мяккацеласць яго; б) разгубленасць; в) адчуванне ім варожасці да сябе; г)... ; д)...»
«...Зыходзячы з вышэйсказанага (закрэслена, напісана проста: высновы)... Высновы:
1. Маса перабежчыкаў з нашага боку, і гэта павінна насцярожваць...
2. Нягледзячы на разброд і хістанні сярод іх, а таксама на павальную п'янку і адсутнасць дысцыпліны, мае месца і нацыяналістычны фанатызм («начальнік контрразведкі» Мірановіч, «разведчык» Мірончык, «ад'ютант» Чайкі Даніла і інш.)...
3. Шпаркая арганізацыя іх не можа не выклікаць трывогу... Вельмі многа кадравых вопытных армейскіх афіцэраў...»
Ні ў якае параўнанне не йшоў гэты талковы даклад з «адчапной» цыдулкай рэўкамаўца – каракулі на замусоленым аркушыку, няроўна вырваным з сярэдзіны школьнага сшытка. Можа, яшчэ і таму прыемна было камісару перачытваць Лебедзева, што працэс гэты па часе акурат супадаў з выпіваннем шклянкі гарбаты (сумяшчалася фізічнае з духоўным); канчалася гарбата – дачытвалася апошняя старонка, і трэба было брацца за Кецку, стараючыся хоць між радкоў штосьці вывудзіць.
«Во время проведения реквизиционных обязанностей, – нязграбна пісаў Кецка, – падчас правядзення рэквізацыйных абавязкаў за вёскаю Кажушкі Вызнянскай воласці ў лясным масіве адбыўся ўзброены напад пад покрывам цемнаты. Двое таварышаў былі забіты на месцы, трое патрапілі ў палон разам з падводай, коньмі і рэквізіцыяй. Тав. Кецку (пісаў пра сябе ў трэцяй асобе) удалося здзейсніць уцёкі («совершить побег»), аб чым тав. Кецка адразу ж далажыў у Вызне савецкім органам, а таксама звязаўся па тэлефоне-апараце з г. Слуцак...»
Не тое што няпраўда – усё так і магло быць, як паведамляў рэўкамавец. Але сам дух гэтай запіскі... Губмян прыплюшчваў блізарукія вочы – паўставала перад ім белае поле, падфарбаванае чырванню марознай раніцы... Сабакі носяцца адзін за адным каля падводы... Паводзіны Кецкі толькі дурню могуць не падацца падазронымі. Зрэшты, чорт з ім: такіх Кецкаў, якія толькі і мараць пусціць нам кулю ў спіну, палова ў савецкіх органах, а ў арміі яшчэ болей. Няма з каго дужа выбіраць. Вось калі скончыцца вайна, перамелецца ўсё, наладзіцца, тады і пачнём закасаўшы рукавы адбіраць, фільтраваць, раз'ясняць, «аць»... «яць»...
Прачытаўшы ўсё ўважліва, Губмян устаў і пацягнуўся – дрыжыкі прайшлі па спіне, ад холаду, здалося, нават далоні пакрыліся цыпкамі. Цяпер бы заваліцца ў цёплы ложак, пад пярыну... Пад пярыну! Аддыхнеш тут, зараз! Галоўнае, злавала, што вораг несур'ёзны, а на яго трэба траціць сілы, і нервы, і час. Адна справа ваяваць з белымі ці з палякамі і другая – з «беларускім нацыянальным рухам», ды самое гэтае словаспалучэнне абсурднае!.. Прыйшло на розум параўнанне чалавека, які дужаўся з быком, перамог яго, прысеў адпачыць, а тут круціцца пад нагамі шчанюк і не кусаецца, а назаляе...
Каб выглядаць на выступленні бадзёрым, камісар прымусіў сябе зрабіць зарадку, папрысядаў – рукі ў бакі, рукі ўперад. Дастаў з шафкі сухія халодныя парцянкі, прытанцоўваючы на ледзяной падлозе, пераматаў – сваімі, бруднымі і мокрымі, пачысціў збольшага боты... Крутнуўся на абцасіках на сто восемдзесят градусаў перад пабітым люстэркам, стараючыся ўбачыць сваю спіну, – барада варушылася ад паветранага струменя... Паправіў акуляры, узяў пад паху папкі з паперамі і цвёрдым крокам, не забыўшы прымкнуць на ключ дзверы, выйшаў на калідор. Па лесвіцы, прыступкі якой былі цямнейшыя па краях і светлыя пасярэдзіне – след ад дывановай дарожкі, – спусціўся на першы паверх.
У былой рэстарацыі, а цяпер проста сталоўцы, яго ўжо чакалі. Усе былі ў зборы, чалавек дваццаць, камісары, камандзіры і яшчэ нейкія людзі ў цывільным, невядомыя камісару. Таварышы, якія прысутнічалі на расстрэле вёскі, трымаліся разам: быў тут сярдзіты хлапчук у сваім галіфэ, былі Кецка з Лебедзевым.
Калі ляпнулі дзверы без пнеўматычнай спружыны і паказаўся таварыш Губмян, загрымелі, застукалі крэслы і табурэткі, заскрыпелі скураныя тужуркі і хромавыя боты. Усе падняліся. Губмян прабег да стала, знарок для яго падрыхтаванага, нават графін з вадою і шклянку не забылі і завостраны на іголку аловак з чыстым аркушыкам паперы – прыемная клапатлівасць!
У вялікім гулкім «рэстаране» халадрыга была яшчэ горшая, чым у «люксе»; зрэшты, як слова «люкс» у дачыненні да камісаравага цяперашняга нумара гучала іранічна, так і слова «рэстаран» у дачыненні да гэтай пустой і гулкай, абрабаванай залі. Толькі на вокнах тут нейкім цудам захаваліся рэшткі былое раскошы – цяжкія шторы з цёмна-ліловага, як высахлы атрамант, бархату, ды яшчэ пад самай столлю вісела мёртвая, без свечак і электрычных лямпачак, люстра-жырандоля, якая ацалела, па ўсім відаць, таму толькі, што не знайшлося такой высокай лесвіцы. Іншая справа – як дасюль нікому не прыйшло ў галаву проста расстраляць яе?..
– Прашу садзіцца, таварышы!
Ізноў, заскрыпеўшы і загрукаўшы, уселіся.
Губмян пераставіў месцамі графін і шклянку, кінуў на стол папкі. Хуткім паглядам акінуў зборышча... Стрымаў уздых – колькі ні даводзілася выступаць яму на падобных сходках, ніколі не мог пазбавіцца патаемнай, недзе ў падкорных глыбінях сваіх камісарскіх мазгоў заселай думкі: і як гэтае войска, з такіх людзей сабранае, існуе, трымаецца, ды яшчэ й перамагае?! Міжволі паверыш правадырам-аракулам, таму ж прыдуркавата-рамантычна-набожнаму Луначарскаму, што бальшавіцкая справа – святая, тое ж хрысціянства, сам Бог над ёй апякуецца...
– Так я вас поздравляю! – сваім непамысным, да якога ніяк нельга было прывыкнуць, голасам выкрыкнуў Губмян. – Віншую – пад носам у нас, на прыгранічнай тэрыторыі, пры патуранні з нашага боку поўным ходам фарміруецца рэгулярнае войска! А нам хоць бы хны, мы не дбаем! Вось тут, – гучна ляпнуў адной з папак аб край стала, – для ўсіх нас вялікі сюрпрыз! Вось тут вот для нас, таварышы, наступныя звесткі! Вы ведаеце, што французы – не палякі, а французы! – сочаць за ўсімі гэтымі падзеямі? Вы ведаеце, што яны толькі таго і чакаюць, калі слуцкая банда, якую ніхто з вас не ўспрыняў і не ўспрымае ўсур'ёз, разрасцецца і ўмацуецца тут? Калі яна аформіцца ў армію? Калі яна створыць мясцовыя органы ўлады і тады афіцыйна зможа запрасіць ваеннай падмогі той жа Антанты? Вы ўсведамляеце, наколькі ўсё гэта сур'ёзна?
Памаўчаў. Змяіныя, тоўстымі лінзамі акуляраў павялічаныя, вочы пранізвалі ўнураных паплечнікаў.
– Да вас даходзіць, што на гэтым кавалачку зямлі[18]18
«Сочувствуюшие нам французы определенно заявляли: "Если бы вы имели хоть клочок земли, где бы Вы были хозяевами, вопрос о международном признании БНР был бы разрешен положительно и Вам была бы дана помощь"». – А.Луцкевіч.
[Закрыть] вырашаецца цяпер не толькі лёс савецкай улады ў Беларусі, але, магчыма, і лёс Усходняй Эўропы?
– Ды колькі можна: Эўропа, Эўропа! – што мы ўсё зырымся на тую Эўропу?! – не вытрымаў, ведаючы, што за маладосць яму даруецца, хлапчук-камандзір, які сядзеў за першым сталом побач з Лебедзевым.
Так і атрымалася. Камісар не зрабіў яму заўвагі, як бы і не было рэплікі, а працягваў далей:
– ...А мы сваімі ўласнымі рукамі памагаем гэты кавалачак зямлі ўмацоўваць, усяляк садзейнічаем стварэнню гэтага плацдарма, які зможа прыняць дэсант акупантаў...
– Ды які яшчэ дэсант?! – ізноў вылузнуўся, раздражнёна перабіў хлапчук (усё правільна, раз не цыкнулі – павялічвай націск, замацоўвай поспех!). – Які дэсант, калі тут не тое што мора, а і рэчкі людскай няма!
– Дэсант, таварыш Санін, – мякка адказаў Губмян, пра сябе адзначыўшы рыфму, – гэта любым чынам, у тым ліку і сухапутным, з'яўленне войск на тэрыторыі праціўніка для баявых дзеянняў. Папрашу не перабіваць больш. Значыць, так. На чым я спыніўся?.. («На кавалачку зямлі!» – голас з залі.) Усё правільна. Таму мушу аб'явіць вам, каб вы раз і назаўсёды забылі пра перамір'е. Яно для палякаў, але не для нас. Нам перадыху не будзе да таго часу, – пацягнула камісара на патэтыку, – пакуль хоць адзін вораг савецкай улады будзе таптаць нашую зямлю і дыхаць нашым паветрам! Вось так. Усе вы ведаеце пра апошнія падзеі. Адбыўся напад на атрад харчнарыхтоўкі, загінулі нашы таварышы... Банда адчувае сваю беспакаранасць... Таксама двое нашых таварышаў пабывалі ў іхнім палоне. Я азнаёміўся з дакладамі, выслухаў расказы вусныя – звесткі, якія мне перадалі, не могуць не трывожыць. Нельга закрываць вочы на тое, што бандыты даволі хутка і паводле ўсіх ваенных правілаў арганізоўваюцца – тут трэба аддаць ім належнае... Узначальваюць іх вопытныя белагвардзейскія афіцэры. Хоць і не ў адкрытую, спадцішка, але несумненна іх падтрымліваюць палякі – лепш так скажам: палякам выгадна, каб мы распыляліся на трэцюю сілу. Адзін з галоўных бандыцкіх козыраў – гэта адсутнасць страху перад справядлівым пакараннем. У любы момант, як толькі мы на іх націснем, яны спакойна пяройдуць на занятую палякамі тэрыторыю і дадуць сябе інтэрніраваць...
– Ды нашая гэта тэрыторыя! – сярдзіты таварыш Санін падняўся рэзка, чхаць ён хацеў на тое, што зрабілі яму заўвагу. Гэта ў яго, такога маладога камандзіра ўзвода, быў «пам-нач-камам» геройскі Мішка, баявы таварыш, з якім столькі з'елі разам кашы, прайшлі агонь і ваду: фарсіравалі Сіваш, секлі белякоў пад Кахоўкаю, грамілі Дзянікіна, Урангеля і Булак-Балаховіча – і нідзе не ўзяла друга куля, пакуль не загінуў на роўным месцы ад подлай рукі (падумаць толькі!) беларускай нацыяналістычнай сволачы! Таварыша Саніна проста трэсла ўсяго ад прагі помсты і класавай нянавісці. Эпізод у вёсцы толькі раздражніў яго: слюнцяй Губмян, дваіх усяго расстралялі і аднаго ўзялі палоннага! – ды дзесяць, сто паганых кулацкіх жыццяў пакласці за кожнага нашага! – мне б волю, у мяне б кулямёты не прастойвалі б, не замярзала б, як сёння, у «кажухах» вада!
Таварыш Санін нервова абшморгнуў кіцель, расправіў «хвосцікі» складак ззаду пад рэменем:
– Што мы чакаем?! Чаму спыніліся?! Гнаць трэба к... мацеры і белапалякаў, і ўсіх разам!
Губмян, слухаючы, зняў акуляры, і тут у вачах яго, як ні дзіўна, паявілася штось чалавечае. Яўна яму падабаўся Санін, па душы была гэтая нецярпячка, гэты запал – у правільным рытме б'ецца маладое сэрца, па-бальшавіцку мысліць юная галава.
– А як з нейтральнай зонаю? – паддражніў ён.
– Пляваць на яе!
– Пляваць... Я ўжо гутарыў тут з байцамі – не толькі таварыш Санін, а і многія гарачыя выказваюць незадавальненне. Ірвуцца ў бой! З такім пылам палякаў трэба было біць... Спяшаюцца папярод бацькі ў пекла, забываючы, што мы зусім яшчэ маладая дзяржава, не настолькі акрэплая, каб не лічыцца са шматлікімі ворагамі. Да таго ж ёсць такая рэч, як міжнародная палітыка. Можна, і прасцей за ўсё, наступаць, але бываюць выпадкі, калі трэба ўмець і адступіць. І таму, пакуль вядуцца ў Рызе перамовы нашага пасла таварыша Іофе з палякамі...
– Вечныя палякі!..
– Наконт палякаў, таварыш Санін, таксама папрашу не гарачыцца. Так, яшчэ ўчора гэта былі нашыя заклятыя ворагі, а сёння з імі падпісаны мір, і ў нас ёсць магчымасць пераключыцца на ворагаў іншых. Што да семежаўскай банды, дык тут самі палякі наўрад ці зацікаўлены мець пад бокам трэцюю сілу, тут яны нам хутчэй саюзнікі... Ужо адно тое, што яны не пакінулі ім зброю, якая была б павернута супраць нас, ды і цяпер не даюць, аб чымсьці ды сведчыць; за адно гэта ім варта дзякуй сказаць. І яшчэ – па самых дакладных звестках палякі згодныя ўпусціць нас у нейтральную зону для ачысткі яе ад бандытаў. На трое сутак. Хопіць нам трох сутак?
– Хопіць!
– І адных хопіць!
– Яшчэ і застанецца!..
– А пакуль што? Сядзець склаўшы рукі? – І таварыш Санін, у пацверджанне сваіх слоў, апусціўся на табурэтку і склаў рукі.
– Хто сказаў сядзець? Пакуль мы хоць і вымушаны прытрымлівацца гэтага дурнога становішча нейтральнай паласы, але бяздзейнічаць нельга ні ў якім разе! Працы ўсім хопіць, – казаў Губмян, пастукваючы злёгку папкай аб стол. – Шырэй праводзіць работу з насельніцтвам. Выяўляць і караць вышэйшай мераю бандыцкіх саўдзельнікаў, якія пастаўляюць у Семежава прадукты і фураж. Самім больш рашуча праводзіць рэквізіцыі, бо тут прамая сувязь – чым больш забярэм мы, тым менш дастанецца бандытам. На месцах ствараць камбеды, народную міліцыю, узброеныя атрады самааховы з беднякоў. Помніць, што прапаганда – другая наша зброя! Трэба дзе можна тлумачыць насельніцтву пра непераможнасць Чырвонай Арміі, пра яе аграмадны тэхнічны і людскі патэнцыял. Акцэнтаваць увагу на тым, што зверствы і здзекі нясуць палякі, немцы і мясцовыя бандыты, але не мы. Канечне, абяцаць поўную амністыю ўсім, хто прызнае савецкую ўладу і здасць зброю – тут важна паабяцаць, а потым разбярэмся. Контрразведцы і ЧК асаблівую ўвагу надаць кампраметацыі кіраўнікоў бандфарміравання. Правесці гутаркі з людзьмі, якія іх ведаюць, па магчымасці арыштоўваць у поўным складзе іхнія сем'і і трымаць пад замком да таго часу, пакуль з бандай не будзе пакончана. Усяляк кампраметаваць іх як «абаронцаў», «беларускіх герояў» – расказваць пра п'янства сярод іх, распусту іхнюю; яшчэ лепш арганізаваць пару-тройку начных пагромаў, з расстрэламі, і зваліць потым на іх, як было ў Эстоніі, дзе мы выконвалі дырэктыву таварыша Леніна[19]19
«Под видом «зеленых» (мы потом на них всё и свалим) пройдем на 10-20 верст и перевешаем кулаков, господ, помещиков. Премия: 100.000 руб. за повешенного...»
[Закрыть]...
Дабраўшыся да Леніна, Губмян спатыкнуўся раптам і вырашыў закругляць «палітінфармацыю».
– Усё! – выкрыкнуў звонка. – Ёсць пытанні? – няма пытанняў! Тады ўсе свабодныя. Камандзірам правесці тлумачальныя гутаркі з радавым саставам. Таварышу Кецку – застацца.
Усе, акрамя Кецкі, пачалі выходзіць.
– Ян Калікставіч! – паклікаў Губмян, свабодна вымавіўшы дзіўнае гэтае словаспалучэнне, і на яго голас спыніўся статны ваенны (форма сядзела на ім як улітая), з густой русявай чупрынаю, з адкрытым, дабрадушным, тыповым польска-славянскім тварам. Спыніўся, страявым крокам падышоў да стала, за якім ці то стаяў, ці то ўжо сядзеў Губмян.
– Слухаю вас, таварыш камісар, – сказаў Ян Калікставіч Ольскі, начальнік «тройкі» АГПУ 16-й арміі. Ветлівы, гжэчны, перад Губмянам ён не смірна стаяў, а на «паўсагнутых», каб не падавацца занадта высокім, каб не падкрэсліваць так яўна гэтую розніцу паміж сабой, спрытным і ладным, і нягеглым, дохленькім таварышам камісарам. Плечы ўтуліў, прыгорбіўся, сашчапіў на жываце белыя, дарма што холад, далоні (якімі ў 37-м будзе закрываць ашалелы ад жаху твар, калі самога нарэшце прыставяць да заляпанай крывёю і мазгамі ўчарашніх яго ахвяр сценкі менскага падвала).
– Я вас слухаю, таварыш Губмян.
– Распарадзіцеся, каб прывялі гэтага хлопчыка, арыштанта. Ці, яшчэ лепш, самі гэта зрабіце.
Ольскі, хоць і схіліў галаву ў знак згоды і таго, што ўсё зразумеў, але, вопытам навучаны, ён ніколі не кідаўся выконваць начальніцкія даручэнні, лішні раз не перапытаўшы. Таму, на хаду ўжо, ён павярнуўся і ўдакладніў:
– Прывесці сюды?
– Проста сюды.
Ян Калікставіч выйшаў, асцярожна і мякка, як кот, ступаючы, і дзверы прычыніў за сабой асцярожна, не ляпнулі яны, як за іншымі.
Кецка стаяў і назіраў, як з таго боку, ад вуліцы, бегае па падаконніку сярдзіты голуб.
– ... І ад вас, чалавека мясцовага, тутэйшага, мы найбольш чакаем дапамогі – вы слухаеце мяне? Падыдзіце сюды!
Кецка ўздрыгнуў – Губмян даўно ўжо звяртаўся да яго, а ён праслухаў. Павалокся да стала, зачапіўшы па дарозе крэсла, якое ледзь паспеў падхапіць, каб не грукнулася аб падлогу. Стаў перад таварышам камісарам па другі бок стала, вінавата перамінаючыся з нагі на нагу. Яму было сорамна за свой нехлямяжы выгляд, асабліва ў параўнанні з іншымі камандзірамі і начальнікамі; сам ён не паспеў ні пагаліцца, ні хоць бы нават апаласнуцца збольшага хоць халоднай вадою. Яму здавалася, што і пах ад яго ідзе нячысты, таму не толькі ад яго няўважлівасці, а і ад гэтага таксама крывіцца зараз Губмян.