Текст книги "Нічые"
Автор книги: Андрэй Федарэнка
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 29 (всего у книги 34 страниц)
Ціха – усе на занятках. І на кухні ціха, пакуль рабіў гарбату, і ў пакоі. Любата! Нязвыкласць! Ён прысеў за стол і, дзьмухаючы на гарбату, скасіўшы вочы, прагна пачаў перачытваць адна за адной старонкі, нібы ўпершыню бачыў іх. Уласны тэкст раптам вырас, падняўся, як на дражджах; радкі зрабіліся не лінейныя, а аб’ёмныя, ўжо можна было разглядаць іх не толькі зверху, а і з бакоў, і нават знізу.
Ён чытаў то марудна, то ліхаманкава хутка, стараючыся падлавіць рытм Івана Паўлавіча і тых, іншых, невядомых. Падоўгу спыняўся на падкрэсленых словах... Як ён сказаў? «Абавязкова спадзяюся на працяг»? Гм – абавязкова… А працяг – вось ён. Вось яны, сшытачкі школьныя… Едзе конік, вязе ў невядомасць Трухановіча... Воз, як човен на вадзе, калываецца… Маладзіца побач… Дзядзька, які называе яго сваім сынам… Куды яны прыедуць? Што іх наперадзе чакае?..
Частка трэцяя
1
«…Конь спакойна бег па сухой дарозе. Аднастайна, як човен на вадзе, калываўся воз. Сонца то свяціла, то закрывалася белымі воблакамі. Час ад часу набягаў восеньскі ветрык», – запісваў у памяці Трухановіч, пакуль не надакучыла гэта.
Ён разваліўся ўпоперак воза, ногі закінуў на драбіну, ад чаго яны апынуліся вышэй галавы – і так лёгка стала ў гэтай позе і спіне, і галаве, і шыі. Млявасць ад самагонкі, ад цеплыні лагоднага дня, ад грыбных пахаў – бо дарога скрозь вяла праз лес, ціхі ход воза, аднастайны тупат капытаў, сонным голасам дзядзькава панокванне…
Пазней Трухановіча доўга брала дзіва: як умудрыўся прадрамаць, прапусціць, нічога амаль не вынесці з такога шляху? Тым больш гэта быў шлях дамоў, на сваю мінулую малую радзіму! Яшчэ ў шпіталі, ведаючы, што прыедуць і забяруць яго, – як жа чакаў ён гэтага дня! Яму здавалася, цікавей за такую вандроўку нічога не можа быць, ніякія кругасветныя падарожжы з ёю не параўнаюцца. І што ён вачэй не самкне, скураю, сэрцам убярэ ў сябе і гэтае неба, і лес, і стракатанне конікаў малых, і памахванне хвастом каня вялікага, і дзядзьку з пугаю, і…
І вось яно, сутыкненне з рэальнасцю. У якой так будзённа ўсё, так гола. Не – можна, канечне, перамагчы сябе, прымусіць сілаю пазіраць навокал. І што? Ну, дзесяць, пятнаццаць хвілін выцерпіш… Уверсе ўсё тое ж неба, тое самае сонца, якое то блісне зырка, то схаваецца, па баках – той жа лес… Дрэвы – дэкарацыямі на тэатральным коле, нібыта не новыя ўвесь час мясціны яны прамінаюць, а тыя самыя бярозы ды сосны, счакаўшы, пакуль схаваецца воз, прыгнуўшыся, перабягаюць наперад і неўзабаве зноў сустракаюць іх.
Толькі за Мозырам, калі дарога з сухой пачала рабіцца чорнай, бы мазут, і стала спускацца ўсё ніжэй, і пайшоў замест хвойніка лес змешаны, больш ліставы, калі конік страпянуўся і, чуючы блізкую дамоўку, дадаў ходу, Трухановіч драмаць перастаў.
Ну, вітанне, роднае балота… А пахі! Як павастрэлі! – густыя пахі алешніку, арэшніку, лазняку, крушыны, ажынніку… Паявіліся і зазвінелі камары. Трухановіч узрадваўся гэтаму звону, да таго расчуліўся, што падставіў далонь камару, даў яму добра напіцца, і калі той, падрыгваючы ў экстазе жывоцікам, паступова ператварыўся ў чырвоную ягадзіну, прыдушыў пальцам, і камар лопнуў, пырснуў крывёю – і так жыва нагадала гэтая кроў на пальцы ваенны шпіталь, і мінскія паліклінікі, і ўсе гэтыя аналізы, якія так прымітыўна, брыдка робяцца, якіх ён маладушна баяўся і цярпець не мог і ў тым жыцці, і ў гэтым!
Каб перабіць думкі, ён захацеў спытаць у дзюбаючага носам «бацькі», ці далёка яшчэ.
–Да… (Даў пеўня голас.) Хутка прыедзем?
– Як кажаш? – ачнуўшыся, няўцямна перапытаў «бацька». Пазірнуў на Трухана і адвёў вочы. Відаць, спадзяваўся ўсё ж, што гэтае бяспамяцтва ў «сына» толькі ў шпіталі будзе, у чатырох сценах, у чужым месцы, а тут, убачыўшы ўсё сваё, роднае – успомніць, акрыяе. – Блізка, – адказаў з уздыхам.
– Можна спыніцца?
«Бацька» тпрукнуў. Трухановіч нязграбна злез з воза і, калі той крануўся, пакульгікаў побач, здаровай рукой трымаючыся за драбіну. У задку на сене, скручаная абаранкам, накрытая з галавой хусткаю, спала Наста. Скрып воза, сонца праз галіны і лісты вольхаў, дарога, што пахла балотам, жабамі і ўюнамі… Так усё гэта было блізка, пасвойску – палюдску, як яго новы «бацька» кажа.
Трухановічу здалося, што і праўда пачынае ён нешта пазнаваць: хоць бы тую вунь пахіленую крывую прыдарожную вольху, са счасаным коламі камлём. Але не – не зрокавага, не канкрэтнага плану была пазнавальнасць, а нейкая агульнаабстрактная, у далёкім дзіцячым сне сто гадоў назад убачаная, ці, хутчэй, у сотнях кніг вычытаная. Падалося яму, што вось нібыта вяртаюцца яны, сям'я, з гораду, куды ездзілі ў нядзельку на кірмаш, прадалі, што хацелі, купілі ўсё патрэбнае – словам, удалая атрымалася паездка; паабедалі, едуць назад, стары бацька кіруе канём, ён, сын, ідзе збоку, каб даць каню палёгку, жонка ягоная спіць соладка, бо ўстала рана, змарылася… І так усё добра у іх, так згодна, ладна. Наперадзе вечар – няспешны, з кармленнем скаціны, з сядзеннем потым на лаўцы, калі чуецца дзе кляпанне касы, дзе цырканне малака аб даёнку… Пад гэтыя гукі, пад дымкі самакрутак – мужчынская бяседа аб тым, аб сім; галоўнае, з непарушнай упэўненасцю, што хутка настане ноч, а заўтра абавязкова будзе раніца, і аніякай справы ім няма не тое што да таго, што дзесьці ў вялікім свеце робіцца, а нават у суседняй вёсцы… У іх сваё натуральнае замкнёнае кола: сям'я, праца, якая адначасова і адпачынак, прырода, якую нельга змяніць, якая вечная, як вечная гэтая зямля пад нагамі...
З нецярпеннем Трухановіч чакаў, калі ж нарэшце пакажацца вёска. Чагочаго, а вёску, вуліцу ён жа не зможа не пазнаць. Патаемна ён нават спадзяваўся ўбачыць сваю хату, на тым жа месцы, такую ж самую…
Але ніякай вуліцы ён не ўбачыў. Да яе проста не даехалі. Конь звярнуў да першага на ўездзе хутара. Сярод алешніку адкрыўся невялікі выган. За ім, абнесенае плотам, тулілася селішча – хата, нават дзве, здаецца, хаты, хлеў… У Трухановіча сціснулася сэрца. Усё было незнаёмае, чужое. Але вось з наступным крокам ён заўважыў па той бок выгана характэрныя зараснікі лазы, якія толькі каля вады бываюць. Так і ёсць – яшчэ праз пару крокаў і сама сіняя палоска роднай стыхіі між кустоўя паказалася… Рэчка! Адпусціла крыху ад душы. Калі ёсць вада – усё не так і кепска!..
Не паспеў воз уехаць на выган, як іх пачулі ужо. Два сабакі недзе ў двары заліваліся: адзін густа і злосна, другі – тонка і радасна... Куры сакаталі. Карова падала голас, падсвінак падключыўся… З часам кармлення скаціны іхні прыезд супаў, ці гэта замест духавога аркестра?.. З двара выбегла і застыла каля варот жанчына, тулячы да грудзей рукі; следам – дзяцюк (і праўда, падобны крыху на Трухановіча, толькі што без барады, ды ростам ніжэйшы, але такое часта бывае, што меншыя перарастаюць старэйшых). Дзяцюк адразу ўхапіўся адсоўваць цяжкія вароты.
Трухановіч зразумеў, што жанчына і ёсць новая яго «маці», а дзяцюк, канечне, той самы «брат» – валрэўкамавец Міканор. Жанчына адарвалася ад шула і нясмела рушыла насустрач… Трухановіч, наадварот, адцягваючы сустрэчу, запавольваць пачаў крокі.
Ён ухапіў мімалётным позіркам твар яе – звычайнай беларускай гарапашнай сялянкі, твар, які яму, дарма што таксама вясковаму беларусу, не мог бы запомніцца ні з першага, ні з пятага разоў; тое самае, як паспрабуй вылучы кагосьці з фальклорнага калектыву, што выступае па тэлевізары: усе ў аднолькавых вышыванках, аднолькавага ўзросту, усе на адзін твар – як японкі…
Ён апусціў вочы, унурыўся ў сцежку пад нагамі, набліжаўся да жанчыны, разглядаючы пыл на сцежцы, лісткі трыпутніку паабапал яе, насы-мызы старых сваіх, паспеўшых ужо запыліцца – хоць у шпіталі ледзь не да дзірак начышчаў перамешанай з салам сажаю – ботаў…
Так, упарта ўніз пазіраючы, падыходзіў ён да жанчыны.
Ён не сумняваўся, што калі яна зблізку на яго гляне, дык ураз усё зразумее, і міжвольнае шарлатанства яго лёгка выкрыецца. Бо кагокаго, а маці ж не падманіш, хтохто, а яна ўжо не зможа памыліцца. І тады адступіць: хто гэта? каго вы мне прывезлі? гэта не мой сын! – прамовіць холадна, і адвернецца…
Але чужыя рукі ўжо ашчапервалі яго за шыю, і жанчына павісла на ім, выдыхнуўшы: «Сыночак!» Радасць яе была непадробная, і ад таго, што і яна не распазнала яго, яму прыкра зрабілася, і сорамна.
– Добры дзень, – вымучыў ён з сябе цераз сілу.
«Бацька» ўжо заехаў у двор, вокрыкамі і свістам пугі суцішыў сабак і, не распрагаючы нават каня, паспяшаўся на выган – глядзець, што будзе. А жанчыну хоць ты адляпляй было ад Трухановіча. Усё паўтарала надрыўна «сыночак» ды «сыночак»… Яе шчака церлася аб яго бараду, і мокрай ад слёз была шчака. Непрыемна было гэта, як і тое, што пахла ад жанчыны чужым. І ўсё адно ён не адважваўся адарваць яе ад сябе. Тады мякка разняў яе рукі і вызваліўся.
А збоку цярпліва чакаў Міканор. Трухановіч падрыхтаваўся і з ім абдымацца. Але Міканор толькі крануўся яго плячэй – і зноў адступіў, бы вачам сваім не верачы, бы ўпэўніцца жадаючы, ці не міраж гэта перад ім? І зноў дакрануўся – і зноў адступіў… Захапленне, проста шчасце было на яго твары.
– Ну вось! Салдат, герой, бальшавік! Усё пры усім! Галава на месце, рукі, ногі, – і Міканор аж прыцмокваў, так падабаўся яму братаў выгляд. – А то ўжо тут такога панарасказвалі! Смяюся. Ну, давай цалаваццца, – нарэшце Міканор абняў яго. – Як тут праз тваю бараду прадрацца…
– Лягчэй, рука ж баліць яму! – уступілася «маці».
Міканор адразу ж аслабіў абдымкі. Іншым голасам, ужо без усмешкі, клапатліва спытаў:
– Сапраўды, што з рукою, братка?
– Баліць, – адказаў Трухановіч. Ён быў уражаны. Трэба ж, як свабодна валодае чалавек сабою, мімікай сваёй, голасам!.. Не было сумнення, што калі спатрэбілася б, дык гэты Міканор зарыдаў бы горка, няўцешна і шчыра, ці наадварот – зайшоўся б у заразлівым рогаце. А мо ніякае гэта не акторства? Проста чалавек такі: як умее, так і паказвае свае пачуцці? І можа гэта ён, Трухановіч, сам вінаваты, што зрабіўся такі падазроны, недаверлівы? Усё яму здаецца, што ўсе настроены супраць яго, усіх ён асцерагаецца, кожнаму чужому ўчынку ці нават слову надае негатыўнае значэнне, у любы момант гатовы да адпору…
– Годзе абдымацца, ідзіце ўжо ў хату!
– Не ў хату – у двор спачатку! Памыцца з дарогі, асвяжыцца, пахмяліцца… Смяюся!
Міканор абагнаў Трухановіча, забег наперад, веснічкі перад ім прадбачліва расчыніў – як швейцарбрамнік, у струнку выцягнуўся, паперад сябе прапускаючы.
2
З гэтага моманту новаспечаны «брат» зрабіўся і рукамі Трухановіча, і языком яго, і яго вачыма, – стараючыся ўгадаць (самае цікавае, што часта і ўгадваючы) братавыя думкі і жаданні.
Нават ката, які выйшаў да веснічак паглядзець, што тут адбываецца, нагнуўся і замест Трухановіча пагладзіў.
Трухановіч тым часам аглядваўся, каб вызначыць для сябе хоць першапачатковую арыентацыю. Дзве хаты, старая і новая, стаялі ўпрытык адна да адной – дзве сям'і жылі ў адным двары... Двор быў вялікі, шырокі і, як пры двух мужчынах, даволітакі запушчаны. Усё здавалася не на сваім месцы, было складзена і звалена абыдзе і абыяк: бароны, плуг, абгоннікі, граблі, кола з возу, куча гною…
І раптам выбухнуў успамін – далёкаядалёкая будучая зіма, пісьменніцкі дом, прыступ яго перад люстрамі ў фае… Ну, канечне, гэта той самы двор, што прымроіўся яму тады, у тым сапраўдным жыцці! Вось тут, пад гэтай сцяною на складзеных бярвеннях Нэлі сядзела, і ён, Трухан, з нейкім дзіцём на руках…
– Што, успомніў трохі? – ад уважлівага Міканора не схавалася перамена на ягоным твары. – Смяюся.
– Трохі…
– А я што казаў? Патрошку, не ўсё адразу, пажывеш, агледзішся… Дамоўка, брат, усё напомніць. Зараз, я мігам, – Міканор кінуўся ў хату, на хаду паспеўшы выцерці падэшвы чаравікаў аб мурог ля ганка.
Трухановіч прысеў на бярвенні. Вось амаль і спраўдзіўся ягоны сонмроя… «Бацька» распрагаў каня. З хлява чулася цырканне – разумніца Наста, замест таго, каб бянтэжыць Трухановіча разглядваннем, займалася справаю. «Маці» пастаяла крыху воддаль, мабыць, спадзеючыся пачуць якое слоўка ад «меншага». Тады прамовіла – ці то яму, ці сама сабе: «Пайду памагу», і таксама схавалася за зачыненымі варотамі ў хляве. Нарэшце хоць на нейкі міг Трухановіч астаўся адзін.
Але Міканор ужо куляю ляцеў да студні – энтузіазм, прага дзейнасці, жаданне ўслужыць блізкаму свайму так і перлі з яго; звінеў ланцугом, стукаў акаваным абручамі вядромцэбрыкам, выцягваў ваду… Цераз плячо ў яго перакінуты быў чысты палатняны ручнік.
– Ану, хадзі, здымай гімнасцёрачку! – і гімнасцёрку памагаць пачаў сцягваць, чым толькі балесней рабіў ды перашкаджаў. – Зараз астудзімся!
Мітусня яго да таго дайшла, што нават, паліваючы, адначасова і намыльваць мкнуўся Трухановіча. А вада і праўда была ледзяная, пахла калодзезем, мылам і крыху зялёным мохам, які рос на асклізлых бярвеннях усярэдзіне студні.
Санлівасць як рукою зняло. Вымыты, і пасвяжэлы, і галодны, з адной думкаю: дзецца няма куды, трэба аглядвацца, запамінаць і прывыкаць, Трухановіч – ізноўтакі паперадзе далікатнага Міканора – зайшоў у хату. Тут было светла, прасторна і, у параўнанні з дваром, чыста і прыбрана. Вымытая, дзенідзе яшчэ мокрая падлога тхнула свежым аерам. Ад цёплай печы плылі пахі смажаніны. У дальнім кутку перад узятымі ў ручнікі абразамі стаяў «бацька», вусны яго варушыліся, а пальцы складзеныя былі ў шчопаць.
– Апускайся! – Міканор далонню правёў па лаве. – Зараз матку з жонкаю, Настаю маёй, пачакаем. Прыдуць, усё арганізуюць… Смяюся! – знарок гучна гаварыў Міканор, падміргваючы Трухановічу і ківаючы на «бацьку». Затым зняў, павесіў на цвік шапку, прысеў на табурэтку і разам з ёю прысунуўся да «брата» блізка. Паклаў яму руку на плячо. Усміхаўся прыязна, адкрыта. Трухановічу нічога не заставалася, як усміхацца ў адказ. Так і сядзелі – моўчкі, адзін аднаму ўсміхаючыся, як бы любуючыся адзін адным.
На самой справе Трухановіч скарыстоўваў гэты таймаўт, каб больш пільна разгледзець новаспечанага братца. Спакойныя вочы. Паголены, чысты, правільны твар. Прычоска «пад гаршчок» – у прамым сэнсе: відаць, без лішніх мудросцяў адзелі чалавеку гаршчок на галаву і ўсё, што зпад яго вытыркалася, авечымі нажніцамі адхапілі, пакінуўшы капу валасоў зверху і вушылакатары па баках. Старэнькі, чорны, залатаны на локцях картовы пінжачок, такія ж – гарнітур! – штаны. На нагах дубовыя чыгуначніцкія чаравікі«гады»... Зрэшты, як для таго часу і для таго дастатку чалавек, так адзеты, мог лічыцца, відаць, заможным.
Усё гэта было знешне. А вось што ў гэтай аббамберанай галаве? Што за душою? Трухановічу хацелася адшукаць якуюсь несімпатычную рысу ў Міканоры. Ён усміхаўся і ўсё разглядваў яго, вачыма, нібы рэнтгентам, стараючыся пранікнуць яму ў самую душу. Марна. Не было да чаго прыдрацца. Адэкватныя паводзіны, як трэба ўсё гаворыць, акрамя хіба злоўжывання гэтым «смяюся»… Нічога кепскага ў Міканоры не было. І ўсё ж Трухановіч гатовы быў паклясціся – не просты, не аднамерны гэта тып. Ёсць у яго і задняя думка, і другая душа, і двайное жыццё. Але паспрабуй вось так, адразу, разбярыся! Хіба пазней, з часам…
Пакуль ён аддаваўся такім роздумам, Міканор казаў:
– Значыць, кантузія? Ну, нічога. І не такое бывае… Знойдзецца, чым заняцца. Пісьменныя людзі во як трэба. Паперы з сабою? Добра! А тое, што не помніш, дык яно, можа, яшчэ і лепей – пра тую жытку лепш не помніць… Жартую.
Жарты жартамі, аднак голас у Міканора з задушэўнага змяніўся на амаль афіцыйны, начальніцкія ноткі ў ім загучалі. Відаць было, што не так сабе чалавек распытвае, а па справе, з намерам памагчы.
– Ведаеш, я б хацеў аддыхнуць трохі, – сказаў Трухановіч. – Дзе гэта можна? – спытаў, позна спахапіўшыся, што не варта яму было б карыстацца тэрмінамі з далёкай сваёй будучыні, такімі як «ведаеш», ды «дарэчы», ды «зрэшты»…
Не схавалася гэта ад Міканора.
– Ты як бы папольску гаворыш… Смяюся.
– Дык на вайне ж чалавек пабыў, – пачулася з кутка; бацька маліўся і адначасова, аказваецца, усё чуў. – Сярод людзей, навучыўся.
– Гэта так. Хапіла беднаму… Ну, хадзем, пакажу штосьці!
Трухановіч падняўся і, накульгваючы, пайшоў следам за Міканорам. Яны выйшлі ў цёмныя сенцы, што злучалі дзве хаты. У сенцах Міканор звярнуў направа, правёў Трухановіча праз нейкія лабірыністыя катухі, потым навобмацак адшукаў клямку, піхнуў дзверцы і, адступіўшы, упусціў яго ў каморку. Памяшканне тры на тры метры. У сцяне нядаўна выразанае вакенца, свежая рама бялее дошкамі і пахне смалою. Драўляная падлога. Паліцы ўздоўж сцен. Ложак, сяннік на ім, коўдра. Самаробны мініятурны столік… Божа мой! Уласны стол, уласны ложак, дзверы, якія можна зачыніць за сабою… Аб усім гэтым Трухановіч і марыць не мог. Чакаў у лепшым выпадку лежака дзесь за печчу, абы хоць трохі адзіноты, абы ад чужых воч далей… А тут!
Міканор паляпваў па раме, казаў заклапочана:
– Мохам яшчэ падбіць трэба, заўтра давяду да толку…
– Дзякую… брат! – вырвалася ў Трухановіча.
–Ляжы, ляжы, аддыхай. Я пазаву, калі абед, – і выйшаў гэты незразумелы, дзіўны чалавек.
Трухановіч пасунуўся да вакна. Яно было зроблена нізка, знарок, ці што, з такім разлікам, каб можна было пазіраць у яго, нават на ложку лежачы. Нечаканы, да слёз мілы відарыс адкрыўся раптам за вакном. Скошаны поплаў, як вялізнае футбольнае поле, прасціраўся перад вачыма. Там і сям стажкі жоўтай атавы. Поплаў акурат пасярэдзіне пераразала сіняя рачулка з аброслымі лазою берагамі – да яе было якіх сто крокаў.
З трох бакоў паплоўчык заціснуты быў лесам, з чацвёртага – селішчам, якое на пагорачку, таму было адчуванне, што поплаў збягае ўніз, да рэчкі.
«Ды гэта ж проста… курорт! Гэта ж дом творчасці!» – паклаўшы руку на сэрца і тым яго супакойваючы, думаў Трухановіч.
3
Кожны дзень Трухан на кішэнным каляндарыку праколваў іголкаю – як робяць у арміі, ці пазначаў крыжыкам – як у турме, чарговую дату.
Усё менш заставалася непраколатых і неперакрыжаваных лічбаў. Усё бліжэй было да ў кружок узятага, чырвоным чарнілам абведзенага «часу пік» – даты апошняга абследавання, якое павінна было высветліць – класціся яму на аперацыю, што для яго даўно стала сінонімам смерці, або усё ж надарыцца адкладка, і атрымае ён дазвол ад лёсу яшчэ колькі часу праіснаваць на гэтым свеце – да новага абследавання.
І ў першым, і ў другім варыянтах вясёлага было мала.
«Калі праўда, – думаў ён, тупа гледзячы ў каляндарык, – што кожнаму адмераны свой век, у якім сканцэнтраваны галоўныя этапы, важнейшыя падзеі жыцця – дык тады і размяркоўвацца гэтыя падзеі павінны неяк разумна, з толкам, залежна ад даўжыні веку... Аднаму расцягвацца на дзесяцігоддзі, адпускацца невялікімі порцыямі, ашчадна; другому, як мне, напрыклад, каму не дадзена такой раскошы, як дзесяцігоддзі ў запасе, – на мяне гэтыя падзеі камняпадам павінны ляцець, спрэсавацца павінны да месяца, тыдня, гадзіны, да гэтага вось моманту!..»
Што за падзеі, якога плану яны павінны быць, Трухан слаба ўяўляў сабе. Гэта магло быць новае важнае знаёмства, якое пераверне яго лёс, ці раптоўная жаніцьба на прыгожай нявесце, ці незвычайнае багацце, што дастанецца яму ў спадчыну ад нейкага добрага заакіянскага сваяка… А магла быць іншая крайнасць: ізноў выклік у пракуратуру, і на гэты раз арышт, адзіночная камера, і «суровы прыгавор падпісываю першы»… Ну, не ведаю, штосьці такое. Але яны павінны быць, гэтыя падзеі, адна за адной на яго павінны сыпацца, набіраючы абароты, паскараючы тэмп, не даючы часу апамятацца, разабрацца, перадыхнуць, падаслаць саломкі…
Ды толькі нічога не здаралася з ім. Усе аднолькавыя былі дні – з паходамі на заняткі, з паўгалодным існаваннем, з інтэрнацкімі скразнякамі, і ўсе аднолькавыя ночы – з выпуклымі каляровымі фантастычнымі снамі, якія толькі паспявай запісваць!
Ён думаў, што, можа, у гэтым непачынанні, у адсутнасці падзеяў таксама ёсць свой сімвал: ці не значыць гэта, што ён выжыве? І зробіцца такім, як усе, і займее права на свае законныя, расцягнутыя на шэсцьдзесят, семдзесят, нават восемдзесят гадоў дазіраваныя маленькія шчасці, такія, як жонка, дзеці, пераход з інтэрната ў маласямейку, палучкі, «заначкі»…
Ён не змог бы адказаць, адкуль у яго гэта ўзялося, але гэта – такое «шчасце» – чамусьці ўяўлялася яму страшней за любыя аперацыі. Лепш быць хворым, адзінокім, кім заўгодна, любым вырадкам у сям’і, чым быць «як усе», мяшчанскай бязлікаю масай, чым растварэнне ў натоўпе, зліццё з ім – небыццё… Аднойчы на лекцыі, малюючы ў сшытку купалы цэркваў, ён раптам падняў галаву і ўставіўся ў выкладчыка, – так, што той спатыкнуўся на паўслове і вымушаны быў хуценька агледзець сябе, ад чаравікаў да гальштука – мо што не так у адзенні?.. Але ніякага выкладчыка, хоць і перыўся ў яго, Трухан, канечне, у гэтую хвіліну не бачыў. Проста мільганула думка – а што, калі пачалося, вось гэты каскад падзей, а ён, непрывычны, не гатовы, проста празяваў яго, не заўважыў?
Што, не падзея хіба, не пераломны момант у жыцці – паход на Фрунзе, 5, знаёмства з тым жа Ведрычам, пасля якога і ён, Трухан, інакш пачаў глядзець на свет, многае заўважаць з таго, на што раней увагі не звяртаў? А да Нэлі ў госці паход? Так, і гэта таксама! А адчуванне яе цёплай, пругкай ножкі сваёй нагою, калі сядзелі яны побач, прыціснутыя – не падзея хіба?
А ягоныя сны, што пры дапамозе паперы і атраманту даюць яму такую цудоўную, многім і многім недаступную магчымасць перанесціся ў іншыя часы і пражыць паралельна яшчэ адно, дадатковае жыццё?!
А ў пракуратуру выклік, і гэтая нечаканая, павышаная да яго і да ягоных запісаў цікавасць?!
Мала? А чаго ж ён яшчэ хацеў? Значыць, такі малы, беднаваты запас пакладзены на яго рахунак у банку падзей, інакш – такая яго доля. Значыць, трэба цаніць і карыстацца тым, што ёсць. «Не ў хваробе, і не ў комплексах, і не ў беднасці твае праблемы, – сказаў яму неяк Ведрыч, – а ў тым, што ўсяго табе мала. Усё табе хочацца адразу, і адной купюрай». – «Ты ж Церашкову тое самае гаварыў!» – «І Церашкову мала. Але яму мала, дык ён бярэ. Мала жонкі – бярэ палюбоўніцу, мала аднаго дзіцяці – завядзе другое, мала ста грамаў – вып’е дзвесце… А ты і не бярэш, і мучаешся».
Так – у глыбіні душы Трухан вымушаны быў згадзіцца, што яму, сапраўды, трэба альбо ўвесь капітал, альбо нічога; у выніку заставалася адно нічога. Не ўмее ён цаніць «зарніцы шчасця», дарункі лёсу, маленькую жыццёвую драбязу, з якой, магчыма, калі б яе падкапіць, і склалася б штосьці большае, цэльнае…
Але з гэтага моманту ён стане іншым. Ён пастараецца менш плакаць па тым, чаго няма, і больш цаніць тое, што ёсць.
Таму калі на перапынку, адразу пасля лекцыі, сама падышла да яго Нэлі, ён амаль і не здзівіўся.
«Ведрыч казаў, цябе выклікалі некуды, і хвалілі… Я спадзяюся, ты мне падарыш якінебудзь свой твор на дзень нараджэння?» – так яна сказала.
«А… калі?»
«У гэтую суботу. Я цябе запрашаю».
Трухана даўно ўжо ніхто не запрашаў ні на якія дні нараджэння, ні ў якія госці, ні нават на хлапечыя інтэрнатаўскія п’янкіпагулянкі – папершае, усё адно не п’е, падругое, цяжкі ў кампаніях, мае своеасаблівы дар напускаць на людзей нуду, дзяліцца настроем кепскім – так, як іншыя, той жа Церашкоў, умеюць запальваць весялосцю і дзяліцца настроем добрым. Няўжо пачынаецца – гэты паскораны рытм жыцця? Няўжо гэта першыя каменьчыкі з таго камняпаду, што неўзабаве павінен на яго абрынуцца?
«А хто яшчэ будзе?» – спытаў ён.
«Свае ўсе: ты, Ведрыч, Церашкоў… Сястра стрыечная».
Вось так. У групе трыццаць чалавек, на патоку сто дваццаць, – зрабіў ён хуткі падлік, – а сваім толькі яго назвалі… Штосьці гэта ды значыла. А мо не пайсці? – не забыўся і такі варыянт пракруціць. Людзі будуць гуляць, весяліцца, а ён… Халодны пакой, мулкі ложак, кніжка «Ідыёт», нішчымная гарбата… І панеслася, і панеслася!
Але ў час спыніўся, не даў гэтаму разрасціся. Колькі можна! Ды проста ў нармальнай кватэры пабыць, з тым жа Ведрычам, па якім засумаваў ужо, лішні раз пабачыцца. Усё гэта было добра, канечне, – што яго запрасілі, і таму падобнае. Вось толькі Трухан нават не чакаў, колькі будзённага клопату гэтае запрашэнне за сабою пацягне. Элементарна: касцюм у хімчыстку здаць. Гальштук новы купіць. Цырульня – сябе ў парадак прывесці. Добра яшчэ, грошы былі, як ведаў, калі эканоміў. Потым, чаму гэта яна ў канцы сказала – падарункаў ніякіх не трэба? Што яна мела на ўвазе?
І зноў у час спыніўся Трухан. Спакойней, не трэба заглыбляцца. Падарунак! І хто толькі прыдумаў яго, гэты кашмар – сачыць за тварам чалавека, якому дорыш штосьці!
Увечары ў суботу прыйшоў да яго Ведрыч, каб забраць яшчэ і Церашкова і йсці ўсім разам. Падняў на Трухана вочы і аслупянеў.
Падстрыжаны, паголены, наадэкалонены, у адпрасаваным чысценькім касцюме з новым гальштукам, няўмелым вузлом завязаным, Трухан выглядаў на вясковага інтэлігентамаладажона, ці, па крайняй меры, на дружка – не хапала толькі кветкі ў пятліцы ды вышыванага ручніка цераз грудзі… Ад няёмкасці ён чырванеў плямамі і не ведаў, куды рукі падзець.
«Ну вось, – сказаў Ведрыч, – хоць на чалавека стаў падобны. А то я ўжо думаў, ты поўны квазіморда. («Квазімода», – механічна паправіў Трухан.) Можам жа, калі захочам! – І, не быў бы ён Ведрычам, каб не заўважыў, паморшчыўшы нос: – А чаго гэта тут так нябожчыкам тхне? – звычайным гэтым пытаннем скідваючы Трухана з аблокаў на грэшную зямлю. Пасля яшчэ неаднойчы будзе ўспамінацца яму гэтая згадка вяроўкі ў доме вісельніка…
Каб перабіць размову, Трухан у сваю чаргу папытаў, ці выклікалі Ведрыча таксама ў пракуратуру, і ці вярнулі яму вершы?
«Дарэчы, чаму ў пракуратуру?»
«Ты іх зразумееш? – адказаў Ведрыч. І, пакуль Трухан апранаўся, паведаў такое: – Я ім пра ВКЛ, пра Сапегу, а яны мне: «Як мы будзем трактары выпускаць, калі ў нас руды няма?» Я ім пра БНР, пра Ластоўкага, пра Слуцкае паўстанне – яны мне: «Хто ў нас будзе купляць трактары, калі выйдзем з Саюза?» Нарэшце ў мяне цярпенне лопнула: – «Якога… вы, кажу, прычапіліся да мяне з вашымі трактарамі?! Адкуль я ведаю?! Хай ў вас пра гэта галовы баляць!»
4
Церашкоў чакаў іх на лесвічнай пляцоўцы свайго паверха.
«Слухай, – кінуўся да Ведрыча, – да мяне гэта, ну, жонка з малым прыехалі… Прыдумай штонебудзь!»
«Дай я хоць пагляджу на яе», – сказаў Ведрыч. У словах яго Трухану пачулася не столькі цікавасць, колькі знаёмы ўжо азарт – моманту не ўпусціць; гэта ж такі прастор для імправізацыі, такая магчымасць лішні раз пасцябацца з чалавека. І вельмі проста ляпне зараз: —«Чуеш, адпусці свайго мужа на дзень нараджэння да палюбоўніцы!», – гэта ў яго стылі…
Трухан ужо бачыў тую жонку. Зашуганая, шэранькая сяляначка (такіх чамусьці часцей за ўсё і бяруць за сябе зухі накшталт Церашкова), з добрымі адданымі вачыма, з маленькімі, але моцнымі рукамі. Увогуле незразумела было, навошта спатрэбілася Церашкову штосьці выдумляць. Ды ідзі сабе куды хочаш і да каго хочаш – такая жонка і слова не скажа, такая нават рэўнасцю баіцца пакрыўдзіць. Пахваліцца ён перад імі захацеў, ці што, паказаць, што і ў мяне вось як і ва ўсіх – пабойваюся, адпрошваюся…
На Труханава здзіўленне Ведрыч, пацалаваўшы дзяўчыне ручку, культурна папрасіў:
«Не адпусціце яго з намі? Ненадоўга. На важную літаратурную сустрэчу. Абяцаем вярнуць цэлым і здаровым».
Пачырванелая, да такога абыходжання непрывычная, яна, бедная, толькі паўтарала разгублена:
«Ды вы праходзьце!.. Будзьце як дома, – і ўжо зусім недарэчы: – Можа, паежце, каб галодныя не былі там? У нас усё сваё, вясковае…»
Тут зза шафы выглянула хлапчанё гадоў двух – маленькая копія маленькага Церашкова.
«Ой, а гэта што за такое?! А што гэта за беларусік? А як яго завуць?»
Шчаслівая маці назвала імя. Пакуль Церашкоў збіраўся, а Ведрыч з малым гулялёкаўся, Трухан усё назіраў за ёю, і падавалася яму, што не адно толькі гонар за сваё дзіця свеціцца ў яе вачах, а яшчэ і надзея, ці нават толькі цень надзеі – гэта каб і яе ўзяў Церашкоў з сабою. Сына знайшлі б на каго пакінуць, хіба мала тут знаёмых у мужа?.. А самой прайсціся ў кампаніі з такім далікатным, прыемным чалавекам, як Ведрыч, па вячэрняй сталіцы… Ды яна і днём гэтую сталіцу толкам ні разу не бачыла, не тое што вечарам… Потым пасядзець у светлай і, відаць, вельмі прыгожай залі, паглядзець і паслухаць сапраўдных, жывых пісьменнікаў… Як бы ўспаміналася ўсё гэта потым у глухім сваім мястэчку! Колькі было б пра гэты вечар расказаў: бацьку з маткаю, свякрусе, сябраўкам! Як бы яна пасля гэтага яшчэ больш свайго мужа палюбіла б!..
Мабыць, і Ведрыч штосьці падобнае адчуваў. Бо як толькі выйшлі яны на вуліцу, прамовіў без іроніі:
«Але ж ты і атлёт, Церашкоў…»
«Не вучы мяне жыць, лепш памажы грашыма, – адказаў Церашкоў папулярнай у тыя гады прымаўкай. – Дарэчы! Я ж без падарунка. Не мог жа я пры жонцы…»
Ведрыч пакалупаўся ў кішэні.
«На. І знай маю добрасць. Хоць кветку якую купі. Бо сорамна за цябе будзе… На і табе», – да Трухана.
«Ды што ты ўвесь час са сваімі грашыма!.. А аддаваць чым?»
«Аддавака такі. З ганарару некалі аддасі».
«Не трэба».
Нэлі ведала, каго запрашаць. Не мінскіх багатых сябровакаднакурсніц – чым іх здзівіш? Яшчэ падчас апошняга ў яе гасцявання не магла яна не заўважыць, як мала трэба яе інтэрнатаўскім «беспрытульнікам», наколькі непераборлівыя яны. Таму калі нашы героі, крыху прыпазніўшыся, уваліліся ў кватэру, усё было гатова да прыёму іх. У вялікім пакоі накрыты быў стол. Падлога – голая, без аніякіх дываноў, і гэта было асабліва дарэчы – не трэба разувацца, каб пасля тэпаць у студэнцкіх шкарпэтках ці ў чужых пантофлях па чужой хаце. Дываны, «дарожкі», паласы былі знесены ў пакой, дзе жыла сучкабультэр’ер са сваім сынам. У гэты «сабачы» пакой, як у патаемную каморку Сіняй Барады, госці не тое што не адважваліся заглядваць, а яшчэ і прыспешвалі крокі каля яго, каб хутчэй прамінуць.
Нэлі павяла сяброў знаёміцца з бацькамі і з гасцямі. Тым больш усе знаходзіліся пакуль у адным месцы, на кухні.
З «чужых» былі толькі Нэліна цётка з дачушкаю гадоў трох і яшчэ адзін нейкі далёкі сваяк, па імені Ілья Ільіч. Ён гуляў цяпер з Нэліным бацькам, Альбертам Казіміравічам, у шахматы. На століку замест гадзіннікаў стаяў каля кожнага фужэр з віном, побач былі попелка і цыгарэты. Цётка – тыповая караткевічаўская гераіня, такога шляхетнага выгляду, у чорнай з зіхоткамі сукні, сядзела, паклаўшы нага на нагу, на канапе і сустракала новых людзей цікаўнай усмешкаю. Беленькая, як пудзялёк завітая, дзяўчынка стаяла побач, прысланіўшыся да матчынай нагі, і глядзела на чужых дзядзькаў ззяючымі нецярпеннем вочкамі.
Ведрыч як толькі ўбачыў яе, так, нікога больш не заўважаючы, прысеў на карачкі, працягнуў рукіаглоблі:
«Ой, а гэта хто? А што гэта за коцік? Ну, хадзі да дзядзькі».
Малая зараз жа адляпілася ад матчынай нагі і ахвотна падбегла да яго.