Текст книги "Нічые"
Автор книги: Андрэй Федарэнка
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 34 страниц)
XI
Спраўджваліся ранішнія чуткі – ішоў на злучэнне са случчакамі полк з Грозава, колькасцю не менш тысячы. Хвост доўгай калоны віўся вужакаю, упаўзаючы ў Семежава. Калі Чайка з Данілам наўпрасткі, агародамі, выбраліся на гэтую ж вулічку, іх заўважылі.
– Чайка, хлопцы!
– Сам Чайка, камандзір! – паляцела з хваста ў галаву.
«Вужака» зламалася, пярэднія, не разумеючы, што там такое, марудзілі, азіраліся, заднія наступалі ім на ногі... Чайка неахвотна, адно дзеля таго, каб не парушаць гэтага ходу, прышпорыў бедную кабылу і трушком паскакаў уперад, Даніла за ім.
– Гур-а-а! – крычалі ім радасна.
– Слава Чайку!
– Баян, хлопцы! Баян хутчэй!
І праўда – зараз жа наперадзе пачуліся гукі разладжанага інструмента. Не паспеў баяніст яшчэ як след прабегчыся пальцамі па «галасах», як грымнула, заглушыўшы і баян, і брахню сабак за платамі, песня – без запявалы, тысячным «харалам»:
Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі,
наўчылі, што трэба рабіць!
што трэба свабоды,
зямлі чалавеку,
што трэба зладзеяў
пабіць!
Гэтае «пабіць!!!» так гаркнулі, што пад Чайкам, які вымушаны быў спыніцца і ўзяць пад казырок, шарахнулася кабыла, а самому заклала вушы. І ў каторы раз, а цяпер асабліва, раздражненне «марсэльезай» дрыжыкамі прабегла па спіне; так прыкра стала ад гэтага наіўна-рабскага прызнання, што доўга спалі (канечне, само сабой мянялася «п» на «р»)... Было штосьці, шкадобы вартае, і ў разладжаным баяне, і ў словах «гімна», і, канечне, у самім выглядзе людзей, на больш-менш арганізаваны натоўп бежанцаў падобных ці на касінераў Каліноўскага, толькі што без вілаў і косаў, а не на полк, як урачыста называе Жаўрыд, чакаючы іх з дня на дзень бы паратунку. У кажухах, у світках, многія ў лапцях, з паржавелымі карабінамі, з паляўнічымі стрэльбамі на вяроўчынах заместа рамянёў (скураны рэмень і дома ў гаспадарцы згадзіцца)... А вось жа пазналі яго, крычаць «слава!», і, самае дзіўнае, што і за гэта – за тое, што славяць яго, Чайку было прыкра...
«Марсэльезу» адспявалі; на словах «ніхай нас сустрэнуць палямі, лясамі грамады працоўных людзёў!» кампалка з ардынарцам абагналі калону і паскакалі да штаба.
Плошча, як і ўсе гэтыя бесталковыя дні і ночы, была перапоўнена народам. Цяпер чакалі грозаўцаў, бачылі ўжо калону, чулі «марсэльезу», многія падпявалі – не ў лад, некаторыя яшчэ і цяпер, калі Чайка спешваўся ля штабнога ганка, запознена цягнулі «ніха-а-й нас сустрэ-э-энуць...». Іншыя гарлапанілі радасна, заразіўшыся тым самым, што і грозаўцы, узбуджэннем.
– Чайка, хлопцы! – нібы таксама першы раз кампалка ўбачылі.
– Гура-а-а! – і падкідвалі ўгору шапкі і фуражкі; назад лавілі не ўсе – галаўныя ўборы шлэпаліся ў брудную кашу пад ногі.
Даніла, ведучы ў повадзе кабылу, паехаў «да кватэры».
Чайка забег у штаб. У калідоры сутыкнуўся з Мірановічам, які выходзіў паглядзець на грозаўцаў.
– Жыве Беларусь! – паціскаючы Чайку руку, насмешліва павітаўся начальнік «контрвыведу».
Гэта быў малады, статны, зеленавока-прыгожы, дагледжаны шляхцюк, да якога адзінокі Чайка прывязаўся больш чым да каго ў брыгадзе. Іх лічылі сябрамі. Вечна на лёгкім падпітку, разумны і з'едлівы, галоўны контрразведчык ні разу за жыццё, Чайку здавалася, не сказаў сур'ёзнага слова, і гэта таксама як бы радніла іх, стварала паміж імі тую сувязь, што бывае паміж акторамі, вымушанымі іграць у адным спектаклі.
Акрамя Чайкі, наўрад ці хто больш Мірановіча любіў, хоць і баяліся, гэта так. Была ў яго адна забаўка: выводзіць у лясок за Семежава палонных чырвонаармейцаў і «адпускаць» (потым знаходзілі непрыхаваныя трупы «адпушчаных»). «І гэты ўцёк, – і як яны так спрытна ўцякаць налаўчыліся?» – са смехам расказваў потым, Чайка сам чуў. Паміж сабой ніколі яны такой тэмы не закраналі, і нявінна-зеленавокі забойца, канечне, адзначаў у Чайку яшчэ і гэта – уменне не пераступаць мяжы.
– Дык жыве Беларусь? – пасміхнуўшыся, спытаў Мірановіч, які выдатна ведаў любоў кампалка да падобных атрыбутаў і рэдка не скарыстоўваў магчымасці лішні раз падкалоць.
– Жыве, жыве, – адказаў кісла Чайка. – Там недзе гэты... як яго, Мірончык. Сарваўся я з ім трохі... Далажыў ён?
– Далажыў. Сядзіць у каталажцы. Што гэта ты на яго палкана спусціў? Ён во хлопец...
– Дык што, можа, выпусці яго?
– А сам не хочаш?
Чайка крутнуў галавою – не хачу. Павярнуўся ісці, Мірановіч прытрымаў яго.
– Можа, гарбаткі? Ці па сто? – паляпаў па біклажцы на рэмені.
– Мне цяпер хоць па дзвесце...
Зайшлі ў той самы клас, дзе з раніцы Жаўрыд са штабам прымаў веставых. Два афіцэры, стоячы каля акна, глядзелі на плошчу і спрачаліся аб нечым, штосьці адзін аднаму даказвалі... Убачыўшы старшых камандзіраў, разам змоўклі, казырнулі і паспешліва выйшлі, ціха прычыніўшы за сабою дзверы.
– Дзе два беларусы, там абавязкова тры партыі, – сказаў Мірановіч. Адчапіў ад рэменя біклагу. – Табе ў накрыўку?
– Мне так.
Адпіў пару добрых глыткоў (каньяк, дзе яны яго дастаюць толькі?).
– Не многа? – спытаў, вяртаючы біклажку.
– Ды пі, шчасце такое...
Чайка зняў мокрую фуражку, абтрос, кінуў на стол. Стомлена прысеў на нізкую парту, падкурчыўшы ногі. Ад каньяку, ды яшчэ калі закурыў, паплыло ў галаве... І Мірановіч, таксама прылажыўшыся да рыльца, таксама запыхкаў папяросаю. Стоячы спіною да Чайкі, пазіраў у акно на, як ён выказаўся, «братанне».
– Мірановіч, – ціха сказаў Чайка, калупаючы падцёк фарбы на вечку парты, – Мірановіч, ты ведаеш, з чатырох дазораў не было ніводнага людскага, адзін усяго, там хлапчук стаіць... Вось. Я к таму гэта, – казаў ён без усялякай сувязі, – што мы ўляпаліся ў нейкае глупства... Табе не здаецца?
– Хіба? А Жаўрыда паслухаць, дык наадварот – становішча ў нас з усіх бакоў пераможнае, эўрапейскі розгалас...
– Чырвоная ануча для быка! Вось што такое для бальшавікоў гэты розгалас. Вельмі хутка яны пачнуць разбірацца, што ў іх тут робіцца пад бокам, і хопіць палка пяхоты і пары гармат, каб змяшаць нас у гэтым Семежаве з зямлёю... Табе не здаецца?
– А я хрышчуся, калі мне здаецца, – сказаў Мірановіч, раздзяляючы словы. – І, у адрозненне ад некаторых, за Беларусь мне і з зямлёю змяшацца не страшна...
Ён павярнуўся, і Чайка не паверыў сваім вачам – перад ім стаяў сур'ёзны Мірановіч, праўда, адзін міг усяго...
Як бы на чым саромным злоўлены, як бы апраўдваючыся за гэтую сур'ёзнасць, дадаў развязна:
– Жартую, Чайка! Дык што, хадзем, адпусціш арыштанта? – перавёў на іншае размову, абодвум непрыемную. – Што ён натварыў, дарэчы?
– Нічога такога. П'яны... Пад гарачую руку падлез.
– Ну, дасюль працверазіўся нябось! Пайшлі.
Чайка надзеў фуражку, падняўся, дрыгаючы зацёклымі нагамі.
– Пачакай, святло вазьму, – сказаў Мірановіч, – бо яшчэ галовы паскручваем на тых сходках, і гармат бальшавіцкіх не спатрэбіцца... – Ён узяў з падаконніка лямпу, пабоўтаў ля вуха. – Трохі ёсць.
У вузкім доўгім калідоры, асабліва ў канцы яго, дзе стаяў яшчэ адзін днявальны, сапраўды было цёмна – калі б салдат не падаў голас, дык наляцелі б на яго і не заўважылі. Мірановіч запаліў лямпу. Па шчарбатых цагляных прыступках, якія вялі ўніз амаль вертыкальна, бы той карабельны трап, спусціліся ў сыры падвал. Раней, калі тут было вучылішча, у гэтым падвале размяшчаліся лабараторныя класы, сталярная майстэрня, а таксама розныя вялікія і малыя каморкі для дапаможнага вучэбнага інвентара. Цяпер усе яны служылі камерамі палонным чырвонаармейцам і сваім «штрафнікам». Маленькія, пад самай столлю акенцы ў тых каморах, дзе яны былі, «зашылі» кратамі, на дзверы – ад вушака да вушака – навесілі засовы, зробленыя з дубовых плахаў, раздабылі навясныя замкі – і гатова турма, яна ж «цёмная», яна ж гаўптвахта, яна ж «чразвычайка» (і так некаторыя называлі).
І тут, у гэтым падвале, падумалася Чайку, што цікава не тое, што пачалі, як і любая іншая ўлада, з «цёмных», хоць і крычалі некалі, яшчэ ў Слуцку, калі абдумвалі план выступлення: «Якія там турмы, у нас што, іншага клопату няма, мы ж не палякі, не бальшавікі, не немцы і не балахоўцы, справа нашая святая і высокая», цікава, што гэтыя камеры-каморкі ніколі не пустуюць.
Дзяжурнага не было відаць, праўда, аднекуль чуўся яго голас. А на тым месцы, дзе ён павінен быў быць, стаялі толькі табурэтка ды столік, на якім – чайнік з кіпенем і шклянка.
Чайка з Мірановічам пераглянуліся, Мірановіч развёў рукамі. Пайшлі туды, на голас.
Дзверы ў адну з каморак былі расчынены насцеж. Гэта аказалася самая светлая і прасторная, з тапчаном, сталом і шафаю «камера». Зрэшты, у ёй вельмі моцна было накурана. Дзяжурны сядзеў на адным тапчане з сябрам Мірончыкам і гуляў у дваццаць адно. Мірончык якраз здаваў, дзяжурны, седзячы спіною да дзвярэй, захоплены гульнёю, не бачыў начальства, нават не пачуў крокаў. «Давай... Яшчэ... Сабе!», але Мірончык кінуў на тапчан карты і зрабіў яму знак – азірніся, маўляў... Дзяжурны ўраз падскочыў, стаў «смірна», сутаргава прабег пальцамі па гузіках кіцеля. Мірончык таксама падняўся, лена, неахвотна, нават самакруткі з рота не выцягнуў.
– Свабодзен, забірай свае манаткі і валі адсюль, – сказаў яму Мірановіч. – Ды падзякуй вось камандзіру палка, што злітасцівіўся... Будзеш п'янстваваць і самаволіць – атрымаеш публічна «дваццаць пяць» і разжалаванне ў абоз.
Мірончык, відаць, і не чакаў нічога іншага, ведаў, што не паспее яшчэ як след у карты нагуляцца, як прыйдуць самі і адпусцяць. Сабраў з тапчана карты, дастаў з шафы шынель, перакінуў цераз руку. Калі выходзіў – адно зыркнуў на Чайку маўчком, спадылба.
– Ты мне яшчэ раз паглядзі такімі вачыма! – крыкнуў яму ўслед Мірановіч. – Абнаглелі ўжо дарэшты...
– Слухай, – успомніў раптам Чайка, – а тут жа яшчэ адзін павінен быць, гэты чырвоны, якога яны прывялі.
– Ну.
– Можна мне яго... дапытаць?
– Ты ж камандзір, а не я, табе ўсё можна. Дапытвай, вучыся, – пажартаваў Мірановіч. – Цяпер табе яго даць?
– Так.
– Хадзем, адчыніш, – загадаў Мірановіч дзяжурнаму, – дзе ён тут у цябе?
Пачырванелы, збянтэжаны не столькі ад сваёй правіны, колькі ад таго, што начальства не робіць яму ніякай заўвагі, дзяжурны вырашыў, што самае лепшае цяпер – не апраўдвацца, а моўчкі і чым хутчэй выконваць загад. Выскачыў з камеры, бягом пабег па калідоры, абганяючы камандзіраў. Хуценька адамкнуў замок, бразгаючы ключамі, адваліў цяжкую засаўку.
Мірановіч па-расейску, гучна і весела скамандаваў у прыцемак камеры:
– На выход с вещами!
І Чайка сам уздрыгнуў ад гэтага воклічу, умомант успомніўшы Слуцак, сваю службу ў чырвоных, у ваенкамаце, і расказы пра «чэка», і пра гэтае самае «выходи с вещами!», і пра тое, што робіцца з людзьмі пасля гэтых звычайных, а на справе жудасных слоў... Расказы, як крычалі, і прасілі ратунку, і мачыліся, апраўляліся пад сябе, падалі трупамі на падлогу і іх даводзілася валачы волакам, затыкаць чым папала раты, накідваць на галовы мяшкі, па-жывому, з хрустам ламаючы косці, звязваць вяроўкаю ці дротам рукі; амаль усе, пакуль цягнулі іх па калідоры, вар'яцелі ад жаху – «нармальнымі яны ўжо не будуць», расказваў неяк у ваенкамаце, паплёўваючы на падлогу, адзін знаёмы чэкіст і тлумачыў, што іх, гэтых прасмердлых мачой і калам паўчалавекаў, адпраўляць пасля «да начальніка земляробства» (расстрэльваць) – гэта самы што ні на ёсць гуманізм, смерць для іх паратунак: перанёсшы такія жахі, яны не жыльцы ўжо, не людзі і амаль усе проста на каленях умольваюць хутчэй дабіць іх... «Самі ж просяць!» – гэтак знаёмы чэкіст адказаў на пытанне, ці лёгка яму забіваць, ці не мучыць яго сумленне.
Добра ведаў, што стаіць за гэтым «выходи с вещами!», і чырвоны камандзір, бо перш вытыркнуўся з цёмнага кутка на сярэдзіну камеры, на маленькі кружок святла, якое сачылася з акенца, потым з тупым, разгубленым выглядам на апухлым твары пачаў таптацца на месцы, як бы і напраўду шукаў нейкія свае «вещи», каб ужо выйсці разам з імі.
– Ты аглух, Лебедзеў? Давай, давай! – падагнаў Мірановіч.
Лебедзеў раптам замітусіўся, відаць, толькі цяпер да яго па-сапраўднаму дайшло. Чамусьці пачаў абмацваць сябе, азірацца па баках, нават прысеў і зазірнуў пад тапчан... затым схапіўся аберуч за галаву – шапка-«будзёнаўка» была на месцы. Ён перарывіста і разам з тым з палёгкаю выдыхнуў, нібы ўся яго бяда толькі ў тым і заключалася, што згубілася была шапка – і вось удалося яе знайсці. Апошні раз аббег вачыма камеру і рашуча ступіў на калідор.
XII
На пляцы тым часам «братанне» ішло поўным ходам.
Бурліла, гула, шумела і рухалася, як вялізны мурашнік, людская маса – канца-краю, здавалася, не будзе гэтай хаатычнай бесталковай мітусні, што каторы ўжо час не перапынялася ні днём, ні ноччу, і невядома было, калі толькі спяць, калі адпачываюць гэтыя людзі?..
Ля пунктаў запісу – вынесеных са штаба двух сталоў, дзе апытвалі, запісвалі і прымалі «на забясьпечаньне» грозаўцаў, – стаяла ўсяго чалавек колькі, іншыя, падпаўшы пад гэты мурашыны інстынкт руху, абы не стаяць, паразбрыдаліся хто куды. Адразу знаходзіліся сваякі, знаёмыя, проста добрыя людзі, развязваліся хатулі, заплечнікі, торбачкі, пайшлі ў ход біклажкі і бутлі... Дарма было заклікаць да нейкага парадку. Стомленыя дарогай, разбэшчаныя адсутнасцю хоць якой улады, хто даўно адвыклы ад ваеннай дысцыпліны, хто ніколі да яе і не прывучаны, людзі пачуваліся тут і паводзілі сябе як на кірмашы ў свята, нібы з адной толькі мэтаю і сабраліся: знаёмых пабачыць, выпіць, закусіць, пабалэкаць...
Забытыя ўжо былі «марсэльеза» з баянам, забыты быў Чайка, якога так славілі нядаўна; калі яны разам з Мірановічам і Лебедзевым выйшлі са штаба, ніхто і не глянуў на іх – ужо і шапка-«будзёнаўка» нікога не цікавіла.
Мірановіч з неахвотаю – дужа гразка было – пакіраваўся да сталоў («Мо й на маю долю перападзе што людскае», – сказаў, маючы на ўвазе вярбоўку ў сваё ведамства). Чайка з Лебедзевым пратаўкліся праз натоўп, абмінулі царкву і апынуліся на вулічцы. У канцы яе, крокаў за дзвесце ад царквы, была хата, дзе кампалка кватараваў.
І на гэтай вулічцы, і на ўсіх прылеглых да плошчы тоўпілася процьма народу. Людзі выліваліся на іх з цеснага, замалога пляца, што тая вада з перапоўненай пасудзіны. У адным гурце, з якім акурат параўняліся Чайка з Лебедзевым, панавала найбольшая весялосць – чыталі ўголас мабілізацыйную абвестку. Тоўсты, барадаты, з шыкоўнымі, на польскі манер закручанымі вусамі грозавец, які-небудзь запісны жартаўнік-анекдотчык, што паўсюль знаходзяцца, узіраючыся ў паперчыну, чытаў густым басам, знарок сур'ёзна, чым толькі смяшыў слухачоў яшчэ болей...
Змест паперчыны быў такі:
Аб прыняцьці жаўнераў
1. Нацыянальнасьці быць беларускай
2. Гадоў мець ад 18 да 40.
(І знізу дробным почыркам прыпіска)
Увага!
Жаўнеры могуць быць залічаныя да 18 гадоў пры згодзе бацькоў (зацьверджанай ва ўстанове).
Старшыя за сорак гадоў могуць быць прынятыя па іхняму жаданьню.
3. Дакументы мець: мэтрыка або пашпарт, пасьведчаньне аб адукацыі.
– Так што, – прачытаўшы, сур'ёзна і строга казаў, звяртаючыся да нейкага маладзёна ў новенькай польскай канфедэратцы, таўстун-грозавец, – давай чашы ў Капыль, у рэўкам, напішаш заяву, Саветы ляпнуць пячатку, што згодныя, каб ты ваяваў супраць іх, а потым яшчэ і бацька хай падпіша! Бацька – абавязкова!
– Да ну, – адказваў небарака, чырванеючы пад дружны рогат, – пайду я... Чаго я пайду ў той Капыль?..
Недарэчнасць гэтая – патрабаванне ад улады афіцыйнага дазволу на змаганне з ёй самою – тлумачылася проста. Калі выходзілі са Слуцка, сваіх, «свежых», абвестак аддрукаваць не паспелі (рукі не дайшлі, былі больш пільныя справы: сцяг пашыць, эўрапейскую ноту пратэсту, сто першую па ліку, прыняць...). Вырашылі пакарыстацца састарэлымі, якія паўгода назад выпусціла Беларуская вайсковая камісія і якія прывёз з Гародні маёр Борык. Сама БВК даўно (і беспаспяхова) вяла пры дапамозе агентаў мабілізацыйную кампанію сярод заходнікаў. Польскія ўлады пазіралі на гэта скрозь пальцы, ахвотна «зацьверджваючы» абвесткі ў сваіх установах, ведаючы, як наваююць заможныя апалячаныя Тамашы ды Янкі; так і атрымоўвалася. «Якое ж гэта ў вас войска, – казалі Тамашы з Янкамі, – што трэба ў палякаў дазволу пытацца? Вы аб'явіце афіцыйную, законную мабілізацыю, тады ўсе запішамся...»
Даніла ўжо шчыраваў у двары – адкідваў драўлянай лапатаю снег, робячы сцежку ад ганка да веснічак. Пад павеццю стаялі побач, накрытыя папонамі, коні, елі з ясляў. Пад нагамі ў іх круціліся куры, падбіралі авёс. Калі паказаліся ля веснічак Чайка разам з бальшавіцкім камандзірам, кемлівы ардынарац ані не здзівіўся такой кампаніі. Ён адразу змікіціў, як паводзіць сябе пры чужаку. Хай ведае, што ў нас за «банда»... Утыркнуў у снег лапату, абшморгнуў жупан, страявым, чаканячы па ўледзянелай дарожцы крокі, наблізіўся, талкова далажыў: так і так, пан камандзір, загад ваш выкананы (ніякага загаду Чайка яму не даваў), а што да кабылы, ветэрынар ужо ведае і...
– Добра, добра, – абарваў Чайка, у якога зусім не было ахвоты падтрымліваць гэтую гульню. – Паесці гатова?
– Так точна, усё на стале, пан камандзір!
У гэты момант выйшла з сянец на ганак рослая скуластая цемнавокая красуня семежаўка, на выгляд гадоў пад трыццаць (аб такой Чайка марыў некалі, закопваючы кіцель), у белым паўрасшпіленым кажушку, з-пад якога пунсавела атласная шнуроўка, у цыганскай квятастай хустцы; цёмныя вочы ўважліва, прыязна зірнулі на Чайку – на яго аднаго. Яна схіліла галаву, як бы пакланілася яму. У адказ Чайка, пачырванеўшы чамусьці, буркнуў «дзяньдобры». Яна пайшла расчышчанай сцежкай на вуліцу.
Лебедзеў азірнуўся ёй услед.
Увайшлі ў прасторную, чыстую, з вымытай падлогаю хату. Пасярод хаты стаяў стары белагаловы дзед, апрануты ў зрэб'е, абуты ў лапці. Ён абапіраўся на палку і, выставіўшы ўперад бараду, глядзеў не на прышлых, а прама ў столь. Вусны яго пасміхаліся.
– Павал? – дрогкім, як чамусьці гавораць усе сляпыя, голасам спытаў ён.
– Угу, – азваўся Чайка і да Лебедзева: – Выцірайце ногі і стойце тут. (Лебедзеў паслухмяна зашоргаў чаравікамі аб палавічок.) Даніла, будзь пры ім, я пазаву.
– Ёсць!
– А гэта яшчэ з табою? – бляяў цікаўны дзед.
– Камісар вось бальшавіцкі ў госці...
Лебедзеў сцягнуў з галавы будзёнаўку і сказаў з годнасцю:
– Драссе. – Гэта было першае слова за ўвесь нядоўгі яго палон.
– А, дык ты расейца прывёў? – узрадаваўся невядома чаму дзед.
Чайка, не адказаўшы, знік за дзвярыма, што вялі ў светлыя палавіны вялікай хаты. Лебедзеў так і стаяў у парозе. Адно прысланіўся плячом да вушака. Пастукваючы палкаю ў падлогу, дзед пратэпаў у закутак паміж печчу і прысценкам, дзе быў тапчанчык, засланы латуннем. Перш абмацаў, тады апусціўся на яго.
– Мо і яго пасадзі, Даніло? – прапанаваў нясмела; ён жа гаспадар як-ніяк, а тут чужы чалавек.
– Гэтага? Пастаіць... Ён табе сам яшчэ каго хочаш пасадзіць, падажджы-но... І не на табурэтку, а на ножку табурэткі, – выдаў Даніла. Наколькі абыходліва-ветлівы быў ён са сваім камандзірам, настолькі цяпер стараўся паказаць камандзіру чужому, як пагарджае ім.
Ён прысеў на тапчан побач з дзедам. Паклаў побач шаблю, выдаўжыў ногі. Ладна абхоплівалі лыткі боты, блішчэлі доўгія наваксаваныя халявы. Яшчэ да прыходу Чайкі паспеў ён перакусіць, перакурыць, тыя ж боты ў парадак прывесці; цяпер быў у гуморы і вольны – самы быў час пагаварыць з дзядком, гэта яны абодва любілі.
Дзед расказваў пра Семежава. Гісторыі гэтыя былі да таго неверагодныя, што Даніла, сам мясцовы, не ведаў, верыць ім ці не. Яму здавалася – здзяцінеў стары і выдумляе розныя дзівосы, як выдумляюць дзецям казкі на сон.
Напрыклад, распавядаў сляпы дзядок, пасміхаючыся і гледзячы ў столь, яшчэ не так даўно Семежава было сталіцаю вакольных жабракоў. Тут яны збіраліся на свае сходкі: штогадовыя і экстранныя. Хаўрус іхні называўся цэхам. Было выбарнае начальства – цэхмайстар, як правіла са сляпых, і ключнік, астатнія старцы зваліся таварышамі. Каб уступіць у таварышы, трэба было мець, па-першае, фізічны недахоп або калецтва, па-другое, шэсць (!) гадоў пабыць вучнем, а тады яшчэ вытрымаць іспыт на таварыша, «па прадметах»: жабрацкія законы, жабрацкая мова і малітвы. Пасля чаго шчаслівец-абітурыент павінен пакланіцца таварышам, пацалаваць кожнаму руку і затым наладзіць банкет – пачаставаць за свой кошт экзаменатараў; тады толькі ён мае права сесці побач з імі (папярэднія шэсць гадоў адно аціраўся, мабыць, у парозе, як чырвонаармейскі камандзір Лебедзеў цяпер)... Правінных каралі штрафамі – напрыклад, купіць воску на свечкі; каралі «агуркамі» – арыгінальным такім бізунчыкам, у якім пуга прывязвалася да жабрацкай палкі. І самая страшная кара – абрэзванне торбы, што значыць забарона на час ці назаўсёды старцаваць, гэта і Данілу было зразумела.
– Дык ты, дзедку, мабыць, быў там самым галоўным военачальнікам? – пытаў Даніла, паварочваючы боты і так, і сяк і любуючыся бляскам халяваў. – Ты ж сляпы, як крот!
– Цэхмайстрам не быў, але ключнікам быў, – адказваў сляпы.
– А як ты лічыў грошы?
– А так і лічыў. Вось дай мне любыя, хоць паперкамі, хоць звонкімі – любыя: царскія, польскія, савецкія... Сам пабачыш.
Асабліва цікавіла Данілу жабрацкая мова. «Папруць бальшавікі з торбаю па свеце, дык мо згадзіцца», – казаў ён. Зрэшты, навука давалася яму туга. За колькі размоваў з дзедам запомніў ён усяго пяць слоў – два асацыятыўныя: сіверка (зіма) і сівер (мароз), і тры, якія будаваліся па прынцыпе «дзіцячай» мовы, праз прыстаўныя склады – у жабрацкай мове гэта было «ку»: заўтра – кузаўтра, часта – кучаста і рана – курана[16]16
Сучаснаму чытачу могуць яшчэ падацца цікавымі наступныя тэрміны з семежаўскага жабрацкага слоўніка: тавар – клевата, разумны – клёвы, сквапны – няклёвы, спаць – кімаць («ры» выпала?), піць – кераць, чалавек – лог(!).
[Закрыть].
– Пастой, пачакай – ты мне па-свойму кажы, а не панашаму! – прасіў Даніла, абдымаючы сляпога за худыя плечы.
– А ты разбярэш?
– Я?! Я табе любую казань разбяру!
– Такі-то ты ўжо разумны... Ну, слухай. Манько епіць скір'я дзеканы хрушч царызьнік хабні ў рэпсанкі, а конто клёвот?
– Так, так... Дай падумаць... Зараз усё табе перакладзецца! – гарачыўся Даніла. – Пра хрушча штосьці? Не?
– Ты ж казаў, разбярэш.
– Не спяшайся, не спяшайся. – Даніла стукаў сябе ў лоб. – Можа, ты сказаў: «Даніла, гарэлкі хочаш?» Не?
– Гарэлкі... У мяне ёсць трыццаць царскіх грошай асігнацыямі, а што я за іх куплю? – вось што сказаў!
– Праўда? Малайчына, дзедку!.. – пахваліў Даніла. – Чэшаш, як па-жыдоўску, – ні хрэна не запомніць!..
У гэты момант Чайкаў голас пазваў ардынарца, той падхапіўся, падчапіў шаблю і, не звяртаючы аніякай увагі на палоннага, пабег у большую хату. Лебедзеў ціхамірна стаяў каля вушака. Праз момант ардынарац паявіўся зноў. У адной руцэ ў яго была пустая патэльня, у другой – міса. Нават ад парожніх, пахла ад іх шкваркамі і капустаю. Лебедзеў зглынуў сліну.
– Напшуд да камандзіра, – распарадзіўся Даніла, і калі Лебедзеў уваходзіў ужо ў расчыненыя дзверы, дадаў услед (як на жарабца свайго): – Ды не ўздумай мне балвацца!