355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 29)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 29 (всего у книги 32 страниц)

Паўз ашалелых дзяўчат прайшла маленькая сухенькая бабулька ў чорным і здзівіла іх пераможным здзеклівым рогатам. Габрусь – ды Бог з ім, Габрусём,– аўтамабіль маркі «Лорэн-Дзітрых», бліскучы, як калядная ёлка, і ўрачысты, як духавы аркестр,– абодва зніклі бясследна...

«Sіc transіt glorіa mundі[2] – так магла б сказаць панна Дануся, вяртаючыся дадому тым страшным восеньскім надвячоркам. Магла б, каб мела за гімназічны курс лаціны адзнаку «выдатна» альбо хаця б «добра»... Але насупраць графы «лаціна» у Данусіным атэстаце стаяла каліграфічнае «здавальняюча». І Дануся не сказала нічога... Асабліва татусю і мамусі, калі тыя вярнуліся з гасцей...

На другі дзень прыйшла вестка, што Габрусь-небарака сапраўды загінуў у чыгуначнай катастрофе ў выніку антыўрадавай дыверсіі.

Але Дануся мела формы рубенсаўскіх мадэляў, а Генусь з акцызнага банка, хаця і не меў аўтамабіля, цалкам давяраў густу вядомага мастака Рубенса.

Таму і няма ў нашым апавяданні нічога сапраўды жахлівага, акрамя таго, што ў горадзе М* цяпер вельмі многа аўтамабіляў і практычна няма настолькі адданых жаніхоў.

Жалезная Кнопка

У тыя часы я захаплялася постімпрэсіяністамі. Не тое каб я цалкам разумела іх мастацтва – хутчэй, падабаліся яны самі: маладыя, дзёрзкія, бедныя...

Я таксама была маладая, дзёрзкая і бедная. Як, прынамсі, палова маіх аднакурснікаў.

Што можа параўнацца па вастрыні перажыванняў з першымі днямі ў вялікім горадзе, калі ты, яшчэ ўчора выпускнік правінцыйнай школы, далучыўся да творчай эліты сталіцы?

Твой студэнцкі білет ззяе золатам ціснёных літар, і ты падаеш яго ў акенцы тэатральных адміністратараў з непараўнальна годнай сціпласцю... Табе чытаюць лекцыі знакамітыя прафесары, а кіраўнік твайго курса, барадаты неахайны мужчына ў зрэбным швэдары,– той самы мастак, на палотны якога ты глядзеў гадзінамі, спрабуючы разгадаць такі просты сакрэт іх прывабнасці...

І наперадзе – цудоўныя пяць гадоў у гэтым цудоўным горадзе!

Я доўга не магла знайсці добрую суседку па інтэрнацкім пакоі. Для кагосьці я была занадта негаспадарлівая, для кагосьці – занадта «правільная». Нарэшце пасялілася са мной адна дзіўная істота – Рытка Качар. Маленькая, як дзіцянё, худзюшчая, у акулярах, з хлапечай стрыжкаю і заўсёды ў доўгай шырокай спадніцы, на прыполе якой вечна заставаліся адбіткі нечых падэшваў, прынамсі, пасля кожнага занятку па малюнку, дзе ўсе сядзелі, збіўшыся ў невялікім кабінеце, і не кожны быў настолькі далікатны, каб пераступаць цераз край Рытчынай спадніцы.

У адным з дзіцячых фільмаў пра савецкую школу фігураваў персанаж – дзяўчынка па мянушцы Жалезная Кнопка. Калі б мне давялося прыдумляць мянушку для новай суседкі, лепшай не прыдумала б. Рытка была ў вялікай крыўдзе на жыццё. Асабліва напірала Рытка на той факт, што пасля школы мусіла з год працаваць прыбіральшчыцай.

– Я чужыя пляўкі падцірала! – горда заяўляла Жалезная Кнопка выкладчыкам-экзаменатарам.

Некаторыя з іх, пэўна, адчувалі пры гэтым сваю віну і пакорліва распісваліся ў Рытчынай залікоўцы. А іншыя, хто таксама прыйшоў на свае пасады не з палацаў, толькі смяяліся ці абураліся – у залежнасці ад характару. І таму за Рыткай з першай сесіі пацягнуліся хвасты. Яна вярталася з не здадзенага экзамену і скардзілася мне на жыццёвую несправядлівасць, абяцаючы, што крыўдзіцелям гэта не папусціцца. Бо мела Рытка талент знаходзіць уплывовых «апекуноў» – пажылых чыноўнікаў ад мастацтва. Яна прыходзіла ў іх кабінеты, расчульвала аповедамі пра чужыя пляўкі, і пасля наш дэкан бегаў па інстытуцкіх калідорах чырвоны ад шаленства і гучна расказваў, як нейкі «пень» з міністэрства тэлефанаваў, каб «смаркачцы» з першага курса паставілі станоўчую адзнаку па гісторыі КПСС.

Малявала Рытка ўсё ў бляклых зеленавата-брунатных колерах. Кожны твар у яе выкананні здаваўся апухлым і пабітым, нібыта яблык-ападак. Магчыма, можна ўваходзіць у мастацтва і з гэтым, але ў Рытчыных карцінах заўсёды адчувалася залішняя стараннасць і поўная адсутнасць фантазіі. Ад таго ўсё здавалася ненатуральным і нецікавым. Тым болей што майстэрства, па сутнасці, яшчэ не было – дый хто з нас, учарашніх школьнікаў, яго меў? Але ж Рытка адлюстроўвала «праўду». І гэта была яшчэ адна падстава патрабаваць да сябе асаблівай увагі.

Радніла нас з Рыткай ненармальная абыякавасць да матэрыяльнага боку жыцця. Дый не мелі мы, бязбацькавічы, сродкаў на нейкія аздобы. Вышэйшым нашым кулінарным дасягненнем былі вараныя буракі, а найшыкоўным адзеннем – купленыя да выпускнога балю сукенкі.

Я любіла маляваць па начах. Проста сядзець у цішыні і пры святле настольнай лямпы рабіць маленькія «пачаркушкі» – на пакрытым васковай фарбай кавалачку кардону прадрапваць малюнак танюткай іголкай. Мне здавалася, што, пакідаючы ў шчыльным каляровым фоне белыя ці чорныя рыскі, я прадрапваюся ў іншы, лепшы свет, куды калісьці сыду... Але Рытка спала вельмі чуйна і не цярпела абсалютна ніякага шоргату. Таму час ад часу мае начныя «экзерсісы» перарываліся яе пранізлівымі мацюкамі сапраўды майстэрскага выканання.

Тая зіма была надзвычай суровая. І ў самыя маразы здарылася непазбежнае – латаныя-пералатаныя трубы інтэрнатаўскай сістэмы ацяплення палопаліся, і ў пакоях запанаваў бессаромны Зюзя – старажытнае славянскае бажаство холаду. Ён мацаў настылымі рукамі вытанчаныя целы інтэрнатавак, і ніяк немагчыма было яго выгнаць. Мы з Рыткай абагравальнік мелі адзін на дзвюх, самы танны: увагнутую бліскучую талерку, у цэнтры якой, як закаханае сэрца, пунсавела спіраль... І, зусім як тое сэрца, яна згасла без дай прычыны і назаўсёды. Наперадзе чакала доўгая зімовая ноч...

Я беражліва падняла наш пагаслы агонь і пайшла па доўгіх калідорах, разважаючы, да каго можна звярнуцца па дапамогу. Блізкіх сяброў у нас з Рыткаю не было. Дражнілі нас манашкамі, гордымі самотніцамі ды яшчэ чамусьці бабізонцамі, пэўна, згадваючы адначасова Рабінзона, аматараў французскай прыроды барбізонцаў ды нашу жаночую – бабскую – натуру. Па вузкім загрувашчаным пераходзе я перайшла ў той корпус інтэрната, дзе жылі хлопцы. Тут заўсёды было шумна, смярдзела фарбамі і танным віном і сустракаліся самыя неверагодныя асобы... Вось як гэты тып з паголенай галавою і завушніцаю... Ці вунь тыя двое, доўгавалосыя і перапэцканыя фарбамі, што валакуць у свой пакой гіпсавую Венеру. Да аднаго знаёмага я проста пабаялася заходзіць, бо з-за яго дзвярэй чуўся п’яны гул. Другога ў пакоі не было – ці не адчыняў?

– У чым праблема, ясная паненка?

Я рэзка абярнулася, рыхтуючыся бараніцца. Але ў хлапчыне, што загаварыў са мною, не было нічога страшнага: вядома, ён меў традыцыйна доўгія валасы і драную джынсовую апратку, але з твару – тыповы акулярык, хлопчык-інтэлектуал, выхаваны строгімі бацькамі ў строгіх маральных нормах. Я нават не адразу ўцяміла, чым яшчэ ўразіў незнаёмец: ён звяртаўся да мяне на добрай беларускай мове. Тады гэта яшчэ не было ні модай, ні палітыкай, а так – незразумелым дзівацтвам ці адзнакай простасці. Бо нават у маім родным мястэчку на «мове» гаварылі адны старыя, а мама – яна гадавала мяне адна – працавала фельчарам, па тутэйшых мерках, начальніцай, і нібыта ўжо не мела права размаўляць папросту. Так што я нават разгубілася, не ведаючы, як адказаць.

– Дык што здарылася? Ці магу дапамагчы?

– Абагравальнік зламаўся,– мармытнула я і схавала змерзлы нос у каўнер свайго штучнага футра.

– І толькі? – Хлапчына ўладна ўзяў сапсаваную тэхніку ў мяне з-пад пахі.– Нічога страшнага, адрапаруем!

Пасля гэтага выпадку Ігар пачаў заходзіць у наш пакой. Звычайна ён прыносіў з сабою ўсялякія смачныя рэчы: хатнюю каўбасу, сала, а то гарачую яешню ці дранікі, схаваныя між дзвюх місаў. Ён ніколі не патрабаваў і не рабіў нічога, што магло б напалохаць мяне, якую маці і цёткі перад ад’ездам на вучобу падрабязна праінструктавалі наконт д’ябальскіх гарадскіх хлапцоў. Не выключана, што такія ж інструкцыі наконт блатных інтэрнатавак атрымаў і Ігар. Таму знаёмства наша было не заваёвай адно аднаго, а шчаслівай сустрэчай надзейных саюзнікаў у супрацьстаянні ненармальнаму свету, які акружаў нас.

Ігар вучыўся на перадапошнім курсе і ўжо ўдзельнічаў у некалькіх агульных выставах, а яго, як ён сам называў, алейныя «вольныя партрэты» куплялі нават іншаземцы ля мастацкага салона. Нечым нагадваў мне Ігар маіх улюбёных постімпрэсіяністаў, хаця сам не быў іх прыхільнікам.

– Я – чалавек старамодны,– часта паўтараў ён.– Жывапіс Леанарда – найвышэйшая ступень развіцця мастацтва, і я не хацеў бы, каб над ложкам майго будучага дзіцяці красавалася рэпрадукцыя «Чорнага квадрата».

Далучыў мяне Ігар і да беларушчыны – тое, што здавалася дзівацтвам, зрабілася натуральнай часткай майго жыцця. Асабліва нялёгка далося прывучыць сябе думаць на роднай мове: не размаўляць – гэта не так складана, нават калі перакладаеш у думках, а думаць. Часам мае мазгі ўяўляліся мне палімпсестам – старажытным рукапісам, на якім сцерлі стары запіс і скарысталі для іншага тэксту. Але сляды старога запісу ўсё-ткі захаваліся, і цяпер, паступова і неадольна, ён праступаў з-пад пазнейшага.

Рытка Жалезная Кнопка напачатку ставілася да майго новага знаёмства іранічна. Калі ж наша з Ігарам сяброўства пачало набываць манументальныя рысы, выказалася:

– Ён табе не пара. Глядзець смешна: высокі, худзюшчы, а ты кругленькая, беленькая... Штэпсель і Тарапунька!

Я толькі пасмейвалася. Заўсёды такая датклівая і падазроная, зрабілася абсалютна незалежнай ад меркаванняў усяго свету. Мелі значэнне толькі мае адносіны з Ігарам. А Рытка планавала сваё. Варта было мне з’ехаць на выхадныя дадому, яна стукалася ў дзверы Ігарава пакоя, просячы то нешта адрамантаваць, то даць творчую параду, то «тры скарыначкі хлеба для беднага Бураціна». Напэўна, каб была Рытка хоць крыху больш прывабнай, я са сваім інтравертным характарам добра-такі псіхавала б... Але мне былі ў нейкай ступені нават прыемныя няўмелыя Рытчыны заляцанні (вось яна, праявілася,– зайздросная жаночая натура). А Ігар стараўся заходзіць, калі я была адна – абы не круціцца на крэсле пад пякучым Рытчыным паглядам.

– Прыходзь да мяне сама,– аб’явіў Ігар.– Усе ведаюць, што мы пажэнімся, дык чаго саромецца?

Сусед Ігара больш прападаў недзе на кватэры ў горадзе, і вечары мы праводзілі разам. Гэта ўспрымалася як належнае, хіба што інтэрнатаўская выхавацелька, з якой час ад часу мы сутыкаліся на калідоры, адпускала абавязковую рэпліку наконт таго, што «швэндаюцца тут усякія» ды тлумачэнні, хто канкрэтна швэндаецца...

У сакавіку Ігар сказаў:

– Прапаноўваюць мне добры заробак, у залік практыкі. Але трэба з’ехаць на два месяцы за свет – аднаўляць фрэскі трынаццатага стагоддзя. Там закінутую царкву ў «святле апошніх пастаноў» тэрмінова ператвараюць у помнік сусветнага значэння... Будуць грошы на вяселле,– пераконваў мяне, а болей сам сябе Ігар.– Падумаеш, два месяцы! Я табе кожны дзень буду пісаць. А там і ў вас практыка, а да летняй сесіі я вярнуся!

Грошы патрэбныя ўсім: жабракам і мільянерам, гандлярам і паэтам, невылечным алкаголікам і вытанчаным дамам (апошнім, напэўна, болей за астатніх). Ігар паехаў, і пацягнуліся сумныя дні без яго. Звычайна я была ў захапленні ад надыходу вясны, радавалася кожнай лапіне адталай зямлі, ні з чым не параўнальнаму веснавому паветру, калі няма яшчэ ні лісця, ні травы, але з’яўляецца ўжо безназоўны водар абуджанай прыроды, які кружыць галовы і прымушае чакаць і спадзявацца нават тых, хто перастаў чакаць і спадзявацца!.. Але тая вясна была проста фонам майго чакання. Я нават не думала, што паміж мною і Ігарам узнікла такая моцная сувязь і такім болем адгукнецца расстанне...

Прыйшоў ліст, ад якога чамусьці пахла табакай, хоць Ігар не курыў. А ў стандартным канверце з выявай кактуса – цудоўныя Ігаравы малюнкі... Вось гэтая дама, захутаная ў шаль і поўная млявага чакання – неадменна я, а гэты няшчасны менестрэль з прабітым сэрцам – Ігар...

Я перачытвала ліст, разглядала малюнкі, уладкаваўшыся ў непрыбраным ложку, а насупраць мяне сядзела з кніжкай Рытка, але, відаць па ўсім, не столькі чытала, колькі згарала ад жадання зазірнуць у Ігарава пасланне. Апошнім часам мы з суседкай не зусім ладзілі. Праўда, яна перастала пераконваць мяне, што мы з Ігарам не пара, затое ўсё часцей захаплялася маім незвычайным талентам, прарочыла мне вялікую будучыню ў мастацтве, дзеля якой, вядома, мне належала ахвяраваць прымітыўнымі жыццёвымі памкненнямі і цалкам прысвяціць сябе творчасці.

– Ты толькі ўяві,– даверлівым тонам казала Рытка,– у цябе ў галаве – выдатная карціна, неверагодная гармонія фарбаў. А ў ваннай – гара брудных пялюшак, на пліце суп з каструлі выкіпае, дзеці равуць, а муж сядзіць з газеткай і чакае, каб ты на падносіку абед прынесла! Такая доля – не для цябе!

Напэўна, мая непрабівальная абыякавасць да такіх душэўных гутарак дадавала горычы ў без таго горкае Рытчына жыццё. Ёй ніяк не давалася французская мова. Рытка па парадзе выкладчыцы-францужанкі, вытанчанай нервовай пані, насіла ў кішэні лыжку і час ад часу, засунуўшы яе глыбока ў горла, спрабавала вымавіць нетутэйшыя «оі-уі». Але нішто не дапамагала, францужанка ледзь не шалела падчас кожнага Рытчынага адказу, а Рытка пачала бегаць па кабінетах высокапастаўленых знаёмых і плакацца на бюракратызм выкладчыкаў, згадваючы ўласнаручна падцёртыя чужыя пляўкі. Вынікам быў званок да дэкана, але на гэты раз нават той, хто тэлефанаваў, пачуваўся няёмка і, відавочна, разумеў беспадстаўнасць просьбы аб вызваленні студэнткі Маргарыты Качар ад экзамену па французскай мове...

На практыку Рытка ехала з яшчэ большай крыўдай на ўвесь свет, чым звычайна, а веснавы свет быў цудоўны! Мы апынуліся ў старым мястэчку, дзе касцёл і царква стаялі па розныя бакі гандлёвага пляца, а жыхары не страцілі старасвецкай шляхетнасці. Так атрымалася, што мы зноў пасяліліся ўдзвюх з Рыткаю – у маленькім катушку, прыбудаваным да вялікай хаты... Хата была шляхецкая – на два канцы, і пасярэдзіне – ганак з двума слупамі-калонамі. Дзверы нашай прыбудовы і адзінае акно адчыняліся ў густы сад, які рыхтаваўся да квецені. Я напісала Ігару і паведаміла новы адрас, але адказу доўга не было. Я не хвалявалася з гэтае прычыны – настолькі моцная была мая вера ў Ігара. А вось Рытка атрымала ліст і, відавочна, не з дому. Дэманстратыўна села насупраць мяне, урачыста раскрыла канверт і паклала так, каб я магла бачыць. Адно слова ў зваротным адрасе прыцягнула маю ўвагу: гэта ж той горад, дзе зараз Ігар! Позірк спыніўся на прозвішчы адпраўніка: Сурын! Віктар Сурын, які і прапанаваў Ігару ехаць у гэтыя заробкі! Калі Рытка паспела з ім пазнаёміцца?

Вядома, мне карцела даведацца, што піша Віктар і ці згадвае Ігара. Але пытацца было няёмка: занадта ўжо з’едлівыя позіркі кідала на мяне Рытка падчас чытання. Праз тыдзень прыйшоў ліст і ад Ігара – у той дзень, калі на тонкіх галінках вішань загайдаліся першыя бялюткія кветкі-матылькі. Я нецярпліва разарвала канверт, заўважыўшы краем вока, што ў руках Рыткі таксама з’явіўся ліст, і вось ужо нібыта чую любімы голас... Маю ўвагу адцягнуў Рытчын ускрык: яна, відавочна, вычытала ў сваім лісце нешта ўразлівае. Некаторы час Жалезная Кнопка моўчкі глядзела на мяне, нібыта вагаючыся, а пасля працягнула мне свой ліст, паказваючы пальцам месца, якое належала прачытаць: «Ведаеш, Рытуля, надакучылі мне гэтыя Ігаравы гульні. Тое, што зараз прачытаеш, не расказвай нікому – бо ніхто не ведае, нават Ігаравы бацькі. Але ж ты ў мяне малайчына, можаш трымаць рот на замку, калі трэба... Дык вось, Ігар са мною не паехаў, а ляжыць у скурвендыспансеры. А мне, як ад’язджаў, даў цэлы стос лістоў да бацькоў і да сваёй дзяўчыны, каб я адсюль іх адпраўляў, нібыта ён са мной працуе. Казаў, што ў яго нейкая алергія. Але я выпадкова знайшоў сярод папер, што ён мне пакінуў, накіраванне з таго дыспансера. А там чорным па белым напісана, што ў нашага Ігарка – пранцы, што мяне асабіста не здзіўляе. Ты ведаеш тую дзяўчыну, да якой я лісты перасылаю,– Олю Каралевіч, і дзяўчына, здаецца, прыстойная... дык пагавары з ёю далікатна, каб не надта за Ігарам упадала...»

Я перагарнула старонку, і на мае калені зляцела невялікая паперка са штампам ганебнай лячэбнай установы...

Бач ты, які прыхільнік ісціны, і дакумент прыклаў...

Сказаць, што я была агаломшаная, значыць сказаць вельмі мала. Я адчувала, што ніколі ў жыцці не атрымлівала ўдару такой моцы... Рытка са спагадлівай усмешкай узяла ліст з маіх здранцвелых пальцаў і пацягнулася па даведку. Маланкай бліснула думка: не трэба, каб гэта бачыў яшчэ хтось! Мае пальцы самі сабою сціснуліся.

– Я пакіну гэта сабе... на памяць.

Рытка была чамусьці незадаволеная, але, сустрэўшыся з маім позіркам, адвярнулася і прабурчэла:

– Як сабе хочаш... На тваім месцы я ніякай памяці не захацела б...

Ноч прайшла для мяне без сну. Зноў і зноў успамінала я бязлітасныя радкі. Усё – падман... І лісты, і словы... Да горла падступаў халодны камяк страху – а калі я таксама... Праўда, блізкасці між намі яшчэ не было... Але ўсё ж... Я пакутліва ўспамінала вычытаныя недзе сімптомы гэтай хваробы, здаецца, не... А калі прыслухацца...

Паступова мае думкі скіраваліся на самога Ігара. Пасля бурнай хвалі мысленных абвінавачванняў прыйшлі ўспаміны: як сустракалі Каляды, як ездзілі ў Вільню і прапаўзлі пад Вострай Брамай на каленях, каб Матка Боска Вастрабрамска выканала нашы жаданні... І як мы малявалі адначасна адно аднаго, а пасля склалі свае карціны ў двайны партрэт... І як Ігар прыносіў мне гарачыя дранікі між дзвюх місачак і паіў мяне малаком з мёдам, калі я хварэла... Падушка мая была ўжо наскрозь мокрая. Тут міжволі ўявілася, як Ігар таксама ляжыць зараз на падушцы, бальнічнай, прапахлай карболкай, і, можа, таксама не спіць, і няма каля яго ніводнага чалавека, які б яму паспачуваў, і галодны ён, пэўна ж, бо перадачы яму ніхто не носіць... Гнеў і крыўда адхлыналі ад мяне, як гразкая балотная жыжа. Няўжо я сапраўды такая бесхарактарная, не маю ўласнай годнасці, як кажа Рытка?

Але злосці больш не было. Шкадоба да Ігара, такая недарэчная, выратавала мяне, выцягнула з дрыгвы адчаю... Мала што з чалавекам можа здарыцца! Я назнарок уяўляла сабе Ігара з агіднымі праявамі хваробы, заняпалага, няголенага... І пераконвалася, што кахаю яго, кахаю ўсякім!

...І ложа, і пошасць, і смерць – адны на дваіх...

Раніцай, пад мірнае пасопванне Рыткі (так незвычайна моцна і салодка яна спала!) я ціхутка апранулася і пабегла на аўтобусную станцыю. З усіх рэчаў прыхапіла толькі сумачку з грашыма.

І вось ізноў вакол мяне гудзе тлумная сталіца, «блудніца вавілонская», здольная сапсаваць самага чыстага і шчырага чалавека. Я пералічыла грошы... Не так многа, але хопіць! Накупляла залацістых апельсінаў, буйных грузінскіх яблыкаў, смуглява-чырвоных... Але ж гэта не ежа для хворага чалавека... Апошняе патраціла на курыцу і паехала ў інтэрнат. Там было ціха і пуста – толькі студэнты апошняга курса яшчэ не з’ехалі на практыку. У інтэрнацкай кухні я першы раз у жыцці зварыла курыны булён, пераліла яго ў тэрмас, а кавалкі курыцы па метадзе Ігара схавала між дзвюх місачак...

Ну вось, можна ехаць...

Скурвендыспансер у горадзе адзіны. Вуліцы, на якой ён знаходзіцца, людзі цураюцца. Даехала я да яе без прыгод, а вось сам будынак давялося пашукаць – бо я не асмельвалася папытацца пра яго...

Нарэшце я стаю перад замазанымі фарбай шклянымі дзвярыма і не наважваюся ўзяцца за ручку. Толькі цяпер прыйшло ў галаву, што сёння можа быць непрыёмны дзень, што ў гэты час перадачы могуць не браць, што Ігар увогуле мог ужо выпісацца...

Але стаяць у такім месцы, калі здаецца, што на цябе скіраваны пагардлівыя позіркі, яшчэ горай... І я асцярожна, двума пальцамі ўзялася за ручку (страшна ўявіць, хто да яе дакранаўся!). Дзверы бязгучна адчыніліся.

У холе я адразу нагледзела шыльдачку, якая чырвоным па белым паведамляла, што прыём перадач для стацыянарных хворых штодзённа з 11.00 да 13.00 і з 17.00 да 19.00. Гадзіннік над шыльдай паказваў палову пятай... Давядзецца пачакаць.

Я, адчуваючы, што шчокі мае палаюць, пасунулася да драўляных адкідных, як у старых кінатэатрах, крэслаў...

– Оля?!

З другога канца калідора да мяне дыбаў Ігар. Нейкі разгублены, з няпэўнаю ўсмешкаю на вуснах, а ў руцэ – поўная авоська.

Слёзы непераадольнай крыўды падступілі да вачэй...

– Ты, аказваецца, ужо выпісаўся?

– Адкуль?

– Не прыкідвайся, я ўсё ведаю... Адсюль!

Мы глядзелі адно на аднаго, і недзе на ўзроўні падсвядомасці з’явілася шалёная радасць. Ігар працягнуў мне авоську і ўсхваляваным ад раптоўнай здагадкі голасам прагаварыў:

– Я табе перадачу прывёз. Як атрымаў ад Рыткі ліст, што ты тут лечышся, адразу ўсё кінуў, на самалёт – і сюды...

Я зазірнула ў яго авоську: залацістыя апельсіны, чырванашчокія яблыкі і – дзве знаёмыя місачкі, ад якіх пахне дранікамі... Ды яшчэ – мае любімыя цукеркі, цэлая шыкоўная каробка...

Я дрыжачымі рукамі дастала з сумачкі даведку, адабраную ў Рыткі, і працягнула Ігару. Ён працягнуў мне такую ж – толькі з маім прозвішчам.

Божа, будзь блаславёны Ты і той цудоўны свет, які Ты стварыў! Жалезную Кнопку падвяла, як заўсёды, залішняя стараннасць і адсутнасць фантазіі. Яна ўдала прыдумала напісаць Віктару і «выдурыць» ліст ад яго пад нейкую прыстойную прычыну – здаецца, папрасіла даслаць ёй замалёўку тамтэйшай архітэктурнай дэталі. Удала падрабіла і штамп скурвендыспансера. А далей вырашыла дзейнічаць адразу ў двух напрамках і адначасова: як толькі паслала «выкрывальны» ліст Ігару, аналагічным чынам паведаміла «ўсю праўду» мне. І ўжо, зразумела, не магло ёй прыйсці ў галаву, што мы адразу кінемся адно аднаму на дапамогу.

У холе скурвендыспансера пад падазроннымі позіркамі пахмурнай рэгістратаркі і знерваваных наведнікаў мы абдымаліся, як шалёныя, плакалі ад шчасця, нібыта ўратаваліся ад смяротнай небяспекі, нібыта ўбачыліся пасля доўгага-доўгага і безнадзейнага расстання...

Ніякай злосці на Жалезную Кнопку не было – гэта ж дзякуючы ёй мы перажылі такія цудоўныя хвіліны!

З бальніцы мы пайшлі ў інтэрнат і там шыкоўна павячэралі «перадачамі».

А назаўтра раніцай падалі дакументы ў загс.

Пасля летняй сесіі Рытку адлічылі з інстытута за непаспяховасць і прафесійную неадпаведнасць. Больш я ніколі нічога пра яе не чула.

Наша з Ігарам вяселле адбылося ў ваенным гарадку, дзе жыў ягоны бацька-палкоўнік і маці – настаўніца беларускай мовы. На вяселлі гулялі многія з нашых аднакурснікаў, а злашчасны Віктар быў Ігаравым шаферам. З тае пары мінула не так ужо мала гадоў, і дзеці нашы з захапленнем лазяць па вялікай бацькавай майстэрні, на светлай сцяне якой, пад самай столлю – непрадажная карціна: хлапец і дзяўчына, шчасліва-разгубленыя, ідуць адно да аднаго, трымаючы авоські з залацістымі апельсінамі, а на пярэднім плане чамусьці намаляваная нацэлена вастрыём у прастору звычайная чарцёжная кнопка...

Масоўка


Людзі масоўкі

Можна ставіцца да іх скептычна – яшчэ адно «калямастацкае кола».

Масоўка... Фон для дзеяння на кіназдымачнай пляцоўцы.

Некаторыя трапляюць сюды выпадкова, на дзень-два, каб пасля ўсё жыццё расказваць, як здымаліся ў кіно. Некаторыя, што маюць сталыя прафесіі ў «рэальным» жыцці, прыходзяць сюды зноў і зноў, далучацца да таямнічага кіношнага свету.

І, нарэшце, там ёсць людзі, для якіх масоўка – асноўная прафесія. Калі яны і падпрацоўваюць недзе яшчэ, дык менавіта «падпрацоўваюць». А сапраўднае і галоўнае для іх пачынаецца пры святле юпітараў. Гэтыя людзі ведаюць, што здымалася і што будзе здымацца. Ведаюць у твар і па імені ўсіх рэжысёраў, акцёраў, аператараў, асістэнтаў рэжысёра і адзін аднаго. Іх мара – атрымаць «эпізод», эпізадычную ролю. І часам яна збываецца.

Масоўка... Якая насалода, здаўшы пашпарт або паштоўку з акуратна перапісанымі пашпартнымі дадзенымі, адчуць сябе канчаткова і беззваротна завербаваным у армію мастацтва. Да канца здымачнага дня ты – бяспраўны пакорлівы раб кожнага штатнага кіношніка. У цябе адбіраюць адзенне і выдаюць узамен смярдзючы кажух, шэрую кашулю з саматканай тканіны і страшныя чаравікі з рудой, цвёрдай, як бляха, скуры – тыповы строй беларускага партызана. Можаш займець какетлівы берэцік і рыдыкюль у стылі 30-х або шыкоўнае футра рускай баярыні... А можаш ператварыцца ў жабрака ці гітлераўскага афіцэра. Рэчы будуць старыя і не па памеры, разлічаныя на «фон», але гэта будзе ўсё-ткі здымачны касцюм і звязаны з ім вобраз. Цябе прымусяць змыць лак з пазногцяў, абматаюць бінтамі і тут жа пэрапэцкаюць гразёй і чырвонай фарбай, а ў давяршэнне намалююць пад вокам сіняк... Ты сядзеш у дрыготкі, пыльны студыйны аўтобус і паедзеш невядома куды, у ноч, на «натуру». Ты будзеш цярпліва чакаць шэсць гадзін на начным працінаючым вятры ці пад сляпучым ліпеньскім сонцам, пакуль на дзесяць хвілін запусцяць кінакамеру, дачакаўшыся вядомага толькі галоўным кіношнікам асвятлення, прычым твой «тыпаж» так і не спатрэбіцца.

Не кожны можа прыжыцца ў гэтым свеце. Але той, хто зрабіўся масоўшчыкам-прафесіяналам, як правіла, асоба нешараговая. І самаахвярным імкненнем да мастацтва, і стоеным самалюбствам, і кляйном няўдачніка, што мімаволі нясе з сабою роля «фона».


Цыганка

Дзе яна працавала ў рэальным жыцці – ніхто не ведаў. Дзябёлая дзеўка з пукатымі светла-брунатнымі вачыма і пухльнымі яркімі вуснамі была такой жа звыклай прыналежнасцю здымачнай пляцоўкі, як і пражэктар. Запапрашалі яе на здымкі даволі часта, бо кіношнікам імпанавала яе каларытная знешнасць. Але Цыганка нярэдка прыходзіла і тады, калі не запрашалі, і з дурнаватай усмешкай на тлустых вуснах тыцкала свой пашпарт бабульцы-«божаму дзьмухаўцу», што загадвала масоўкай.

– Сёння здымаюць толькі мужчын,– сярдзіта гаварыла інтэлігентная бабулька, а Цыганка, скарыстоўваючы багатую фантазію, усё прапаноўвала, як можна ў сённяшнім эпізодзе выкарыстаць яе, Цыганку. Гладка зачасаныя валасы Цыганкі блішчэлі, нізкі голас гучаў так пераканаўча, што звычайна бабулька брала пашпарт і ўпісвала дадзеныя з яго ў адзін са сваіх шматлікіх табеляў.

Мела Цыганка вялікае добрае сэрца, заўсёды важдалася з децьмі-«масоўшчыкамі», частавала іх лядзенчыкамі і расказвала сваю цудоўную казку – як на здымках фільма пра дзекабрыстаў яе, Цыганку, упадабаў рэжысёр і паставіў на першым плане – у натоўпе, які сустракаў гусар. І вядомы артыст, малады і прыгожы, што ехаў у шыкоўнай гусарскай форме на белым кані, паглядзеў на Цыганку і ўсміхнуўся ёй, і пасля, на працягу здымак, шукаў вачыма і ўсміхаўся. І ўвогуле, кожныя кіназдымкі былі для Цыганкі тым, чым для састарэлай павятовай паненкі чарговы баль – Вялікай Надзеяй...

Аднойчы здымалі сцэну пахавання з фільма пра савецкую пасляваенную вёску. У павільёне выбудавалі тры фанерныя сцяны, размалявалі іх і прыкрасілі, як маглі, у стылі «а-ля пейзан». На стол паставілі сапраўдную труну – бо труна заўсёды сапраўдная, як і смерць.

Заставалася толькі знайсці жанчыну на ролю нябожчыцы. Памрэж доўга размаўляў з гуртам масоўшчыц у жалобных балахонах, абяцаючы добраахвотніцы аформіць ролю нябожчыцы як эпізадычную. За яе плацілі ўдвая болей, чым за ўдзел у масоўцы. Але жанчыны чамусьці адводзілі вочы ўбок, пасмейваліся і ўпарта адмаўляліся. Згадзілася Цыганка. Ёй далі надзець чорныя лакіраваныя туфлі з тупымі насамі і тоўстыя старэчыя панчохі, растлумачыўшы, што на экране будзе відаць толькі частка труны – там, дзе ногі. Але ўсё роўна трэба ляжаць, заплюшчыўшы вочы, і старацца не варушыцца.

Труна, абабітая чорным паркалем звонку і бурачковым – знутры, аказалася трохі цеснаватай для мажнога цела Цыганкі. Але ляжалася там нечакана ўтульна. У сашчэпленых на грудзях руках Цыганка трымала тонкую васковую свечку. Свечку запалілі, і Цыганка захвалявалася, што на пальцы пацячэ гарачы воск. Тут рэжысёр пракрычаў свае цудадзейныя каманды, і жанчыны-плакальшчыцы загаласілі над труной. Цыганка помніла, што яе здымаюць ніжэй пояса, і ад гэтага ўсведамлення і намагання не дапусціць найменшага руху адпаведная частка цела ў яе нібы знямела, аднялася. Паступова пачуццё цікавасці і нават радасці, што яна, Цыганка, у цэнтры ўвагі ўсіх гэтых людзей, змянілася нейкай няёмкасцю. Сцэна ўсё цягнулася і цягнулася, жанчыны галасілі, асабліва адна, артыстка. Нечакана Цыганка адчула невядомы раней яе жыццялюбнай натуры страх. Захацелася неадкладна паварушыцца, глыбока ўздыхнуць, прыадкрыць вочы... Нарэшце сцэну адзнялі, але рэжысёр тут жа сказаў, што патрэбны другі дубль. Цыганка хацела вылезці з труны, але ёй загадалі ляжаць, каб не папсаваць кадр. Яна глядзела на ўсіх сваімі пукатымі вачыма, тлустыя вусны спрабавалі ўсміхнуцца, але ўсмешка атрымалася нейкая жаласная. Жанчыны-плакальшчыцы перагаворваліся між сабою і пазіралі на «нябожчыцу» з насмешкай і лёгкай пагардай, а можа, зайздросцілі, што вось у гэтай каровы хапіла смеласці і цяпер яна атрымае ўдвая болей, чым яны...

Цыганцы далі другую свечку, і здымкі пачаліся зноў. Плакальшчыцы, адна перад адной, галасілі ўсё жалобней і адчайней. Цыганкай апанаваў сапраўдны жах. Раптам ёй здалося, што яна не зможа ўстаць. Прыадкрыла вочы – проста ў зрэнкі ўдарыў сляпучы нежыццёвы прамень юпітара. «Хутчэй бы, хутчэй...» – паўтарала сама сабе «нябожчыца».

Пасля другога дубля здымалі трэці. Цыганка аблівалася потам і часта глытала сліну. Устала з труны пастарэлая і паблажэлая, але ўсё роўна спрабавала ўсміхнуцца. Цяпер з’явілася ў яе іншае адчуванне – быццам бы пераадолела цяжкую хваробу. Быццам здзейсніла нешта вялікае і годнае шляхам самаахвяравання, і ўсе гэтыя людзі праз яе, Цыганкі, пакуту атрымалі нешта добрае і вечнае... Наўрад ці старая дзеўка з масоўкі магла выкрышталізаваць свае цьмяныя пачуцці так прыгожа і канкрэтна, але падобныя пачуцці, несумненна, прысутнічалі ў яе шырокай, рамантычнай душы...

Эпізод у фільм не ўвайшоў.


Студэнт

Ён прыйшоў на кіназдымачную пляцоўку яшчэ першакурснікам тэатральнага інстытута. Будучыня малявалася яму то ў тонкіх пастэльных колерах элітарнай творчасці, то з імпрэсіяністычнай яркасцю замежных кінафестываляў і карнавальнай багемы. У масоўку Студэнт трапіў па намове сябрука – падзарабіць і «вывучыць натуры» – спазнаць будучую прафесію з нізоў.

Для таго каб уступіць у брацтва масоўкі, не трэба валодаць асаблівымі талентамі ці адметнай знешнасцю. Чорны ход у мастацтва аднолькава даступны ўсім, але вядзе не далей кухні... Студэнт прафесійна не зажмураўся на святло юпітараў, стараўся пазнаёміцца з кіношнікамі, але пасябраваў толькі з бабулькай-загадчыцай масоўкі. Байкі пра вядомых артыстаў і рэжысёраў, жывых і памерлых, нейкім чынам прыўзнімалі слухача да ўзроўню сваіх герояў. Час ішоў. Студэнт пакінуў сваю «правінцыйную» навучальную ўстанову і паступіў у адпаведны маскоўскі інстытут. Але і там правучыўся толькі адзін курс. Напэўна, нечага не хапала гэтаму прыгорбленаму, з вечнай няпэўнай усмешкай на твары юнаку, каб у сваю чаргу «нечым» зрабіцца. Але «нешта» ў ім было – бо прымалі яго ў творчыя ўстановы яшчэ двойчы, і двойчы адлічвалі... Мастацтва ўцякала ад яго, збягала, як залаты пясок скрозь пальцы. Заставалася адно – масоўка. Здымачная пляцоўка, дзе на цябе, як і на галоўнага героя, свеціць пражэктар і табе таксама адрасаваны каманды рэжысёра... Студэнт ужо даўно нідзе не вучыўся, але па-ранейшаму пляткарыў пра былых дэканаў і марыў пра свае кінастужкі...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю