Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 32 страниц)
У прыцемку нешта бялела. Я зразумела, што дабрыла да калонаў, якія засталіся ад зруйнаванай часткі палаца. Спатыкаючыся аб камяні і карэнне, я пайшла да гэтых сведкаў былой славы маёнтка... За калонамі святлела нешта, падобнае да маленькага храма. Альтанка! Таксама з калонамі, толькі меншымі, а галоўнае – з дахам! Самотны ліхтар асвятляў яе прывідным, сляпым святлом. Круглая, нібыта куфэрак, і нават рэшткі сценаў ёсць – між калонамі калісьці былі вітражы... Я паднялася па разваленых прыступках, ледзь не ўпаўшы. Сховішча ад ветру і дажджу ненадзейнае, але ўсё-ткі – абарона... Цікава, хто сядзеў у гэтай альтанцы пару стагоддзяў таму? Мне не было на што прысесці, я проста прыхінулася да адной з калонаў і паспрабавала ўслухацца ў сябе...
– Бомммм!..
Што гэта? Гук даносіўся з боку дома. Нібыта сотні маленькіх званоў гралі п’есу звар’яцелага музыкі. Гэта ж гадзіннікі! Юрась амаль усе адладзіў... А гадзіннікі ўсё білі і білі, і нават тут, у альтанцы, за сцяной ветру і дажджу, ад гэтага звону рабілася невымоўна тужліва, нібыта дзесьці ты пакінуў дарагое, апошняе, і калі неадкладна не памчышся туды, яно знікне, ужо знікае, і ўсё астатняе жыццё станецца пустым, як мёртвы вулей...
Гадзіннікі змоўклі... Але з дома пачуўся жудасны крык – ці чалавека, ці звера... Я яшчэ шчыльней прыціснулася да халоднай калоны. Крыкі паўтараліся праз роўны прамежак... Ды што ж гэта такое? Здавалася, прайшла вечнасць, пакуль яны сціхлі... Я асцярожна рушыла ў бок дома... І якраз паспела ўбачыць, як ахоўнікі і Макс садзяць у джып прафесара Зміцера Патапавіча. Прафесар рухаўся, як лялька, я толькі заўважыла, як у святле ліхтара бліснулі яго акуляры... Джып з’ехаў, і вакол запанавала жудасная цішыня... Толькі дождж барабаніў па блясе перад пад’ездам, ды калацілася маё сэрца, як маятнік сапсаванага гадзінніка...
З дзвярэй майго пакоя выходзіла тонкая постаць, захутаная ў чорны шаўковы халацік з чырвонымі драконамі. Стэла шукала мяне? Што здарылася?
– Проста мне стала страшна... – ціха патлумачыла мастачка, прытрымліваючы на грудзях крысо халата.– Гэты жахлівы звон... Юрась некуды пабег...
Стэла выглядала напружанай. Зрэнкі яе вачэй былі так павялічаныя, што вочы здаваліся чорнымі. Старажытныя рымлянкі спецыяльна для гэтага капалі сабе ў вочы аканіт, сок шалею, або красаўкі. Напэўна, лічылі, што гэта дадае ім таямнічасці. У мяне ж – пакідала адчуванне хворасці.
– Ну дык заходзьце да мяне,– запрасіла я. Але ў канцы калідора пачуўся голас Юрася.
– Стэла! Ну чаму ты выйшла з пакоя?
Мастачка раздражнёна скрывілася, але пакорліва пайшла да мужа.
Што яго зараз чакае – істэрыка або... чарговы сеанс бодзі-арту? Каб трохі перавесці думкі на іншы лад, я збегала ў вестыбюль, да шкляных шафаў, набітых ілюстраванымі часопісамі. Хапанула стос з самага верху... Самы час пачаць знаёміцца з бульварнай, чыста жаночай, прэсай. Ляжала ў ложку, гартала стракатыя, бліскучыя старонкі... Мяне настолькі не тычыўся свет, які з іх паўставаў – касметыка, панчохі, практыкаванні для фігуры – што нават вярталася іронія... Раптам я замёрла: дзесьці я бачыла гэтую мадэльку з нагамі даўжэй за восеньскі вечар, абцягнутымі панчохамі ў чорную сетачку, у гарэзнай спадніцы не больш за ліст гарлачыка, у капялюшыку і паласатым мужчынскім гальштуку на голае цела... Ды гэта ж Ліля! Баркунова ўдава! Вось табе маеш... Баркун жаніўся на мадэльцы... Ну, прынамсі, падобна, што ён не памыліўся так, як Юрась.
Хаця хто сказаў, што каханне, няхай з прымешкам горычы і безнадзейнасці, гэта памылка?
* * *
Мілавіца ззяла над цёмным вострым абрысам храма, нібыта ап’янелы бойкаю вой пусціў стралу ў неба, і яна прарвала чорны аксаміт смугі, за якой палае вечны блакітны агонь. Зусім не падобны на згубны агонь, падораны смяротным... У водблісках паходні, якую трымаў Богуш, твары людзей здаваліся злавесна змрочнымі, нібыта гэта была чарга да Харонавай пераправы, калі гнеў, слёзы, як і колішняя весялосць, ужо нават не ўспамінаюцца. Але Богуш не верыў, што душы апошніх старавежцаў сталіся збуцвелай лістотай, што спяшаецца схавацца пад халодным снегам часу.
– Панове рада, мы павінны ісці на вежу! Гэта наш горад, нашая вольнасць. Няўжо шляхта дапусціць, каб прышлыя гвалтавалі яе нявестаў і дачок! Мы нападзем знянацку і раскідаем гэтых бенкартаў, як шалупінне, і вернем наш маястат!
– І ўсе загінем,– падаў голас руды маладзён з перавязанай хусткай шчакой.– І дзеля чаго? Ведама, ты за нявесту хочаш адпомсціць. Але ж войт сказаў – яе там няма! І я яму веру.
– І я веру! – адгукнуўся стары шляхціц у жупане, аздобленым палыселым лісіным футрам, з мячом, дзяржальна якога ўпрыгожвалі дыяменты, вялікія, як вока сарны, за кожны з якіх гаспадар мог набыць тузін сабаліных футраў.– Не стане Лаўрын спагадаць італійскаму нехрысцю. Мы з Рожай побач пад Грунвальдам біліся. Гэта – рыцар!
– Пан Рожа можа і не ведаць, што Бернацоні паланіў Анэту! – запярэчыў Богуш, і яго вочы – нават у цьмяным святле паходні было відаць – запалалі гневам.– Слова гонару – я бачыў Анэту ў акне вежы! Заўтра ж я прарвуся туды з мячом і здабуду праўду з іхніх паганых вуснаў! Рушым! Нас не так ужо мала – тут мо з паўсотні, а калі сабраць усіх, хто можа зброю трымаць – сотні дзве набярэм...
– Ты думаеш, усе, хто застаўся жывы, пойдуць за табой? – іранічна спытаў стары шляхціц.– Памыляешся. Паглядзі – у горад з’язджаюцца новыя насельнікі. Едуць майстры, едуць купцы... Пустыя дамы ачышчаюцца ад пошасці і сустракаюць новых гаспадароў. Калі мы ўсчнем новую бойку, што станецца? Зноў пустэча? Ты забыўся, што на Старавежск у любы дзень могуць напасці татары, што карачунскі князь ужо дасылаў сваіх выведнікаў... Кажуць, у пушчы бачылі іх атрад. Вычэкваюць, як каршукі. Хто абароніць горад, калі ўнутры яго пераб’юцца? Не займайся пашчаваннем, звадай, Радчыц... Радуйся, што Бог злітаваўся над табою і даў перажыць пошасць...
– А ці тая пошасць не з дапамогі паганага лекара пачалася? – гнеўна ўскрыкнуў Богуш.
Шляхта загула...
– Праўда, як прыехаў паганец – адразу шалёны карагод затанчыў... Без ведзьмака не абышлося...
– Ну дык што, панове рада,– адчайна спытаў Богуш,– мы пойдзем на вежу?
– Не...– прагучаў сумны голас, і ўсе ўражана змоўклі. Бурмістр – пан Варава Ляскевіч, падышоў да Радчыца, паклаў яму на плячо цяжкую, натружаную ў шматлікіх бойках, руку.– Прабач, сыне... Так, я быў бы рады назваць цябе сынам,– голас старога рыцара здрыгануўся.– Але, відаць, ужо не станецца... Ты так і не навучыўся думаць, што вынікае з тваіх дзеяў. Не заўсёды першае парыванне – лепшае! Я веру Лаўрыну Рожы. Я таксама быў на Грунвальдзе. І, калі Лаўрын прысягае... Маю дачку паклікаў да сябе Гасподзь. Таму не варта дабіваць горад, Богуш. Мы павінны застацца жывыя і ў свой час прыйсці на сойм, і каб нашыя зноў патрапілі ў раду і там змагаліся за вольнасць горада.
Паны ўхвальна зашумелі, не слухаючы больш адчайных заклікаў маладога рыцара.
– Панове рада... Вашая вольнасць... Ваш гонар... Слова маё... Анэта жывая! Анэта ў вежы!
Мілавіца абыякава ззяла над цёмнымі вострымі дахамі места, не зважаючы на рэдкія агні ўнізе, якімі людзі спрабавалі адваяваць у начы кавалачак свайго жыцця.
– Вядома, паненка ў вежы... Хе-хе-хе... Дзе ж ёй яшчэ быць?
Госць падышоў так ціха, нібыта не на чалавечых нагах. Старавежцы рассунуліся ўбок, прапускаючы ў кола, асветленае паходняй, скурчаную хударлявую постаць.
– Ты бачыў яе? – голас Радчыца гучаў амаль умольна.
– Бачыў. Лекар трымае яе ў малым пакоі па левую руку ад соймавай залы.
Таму, хто абрынуты ў цень, прыемна часам стацца каменьчыкам, ад якога ідуць вялікія кругі па вадзе. Карэйва, выскаліўшыся, слухаў крыкі вакол.
– Значыць, Рожа зманіў мне? – сурова спытаў Ляскевіч. Карэйва пакруціў галавой.
– Хе-хе-хе... Войт нічога не ведае. Бо дзяўчына – апантаная.
Пры апошніх словах блазна людзі ўстрывожана змоўклі.
– Ты маніш! – Радчыц сунуў камусьці сваю паходню і схапіўся за дзяржальна мяча.– Ты маніш, як сапсаваны варган!
– Хе-хе-хе! – у смеху Карэйвы гучала пагроза.– Не забывайся, вельмішаноўны, я – рыцар. І шляхецтва мяне аніхто не пазбаўляў. І хаця твая спіна прамейшая за маю, меч я выхопліваю хутчэй, чымся ты, смаркач.
– Пан Радчыц, ахалонь! – стары шляхцюк адсунуў Богуша ад прыхадня.– Кажы, як ёсць, блазан!
Карэйва агледзеў цёмныя твары старавежцаў, на якіх скакалі чырвоныя адбіткі полымя.
– Бачыў я дзяўчыну, якая танчыла ў шалёным карагодзе і выжыла. Яна ўжо не такая, якой вы памятаеце яе. Лекар вылечыў ейнае цела, каб зрабіць дапаможніцай у сваіх вядзьмарствах. І войта не прасіце... Хто ведае, магчыма, лекар ператварае дзяўчыну ў котку ці ў птушку... Загадае пан Лаўрын абшукаць пакоі – а дзяўчыны няма... Хе-хе-хе... Супраць лекара войт без дазволу Вялікага князя не пойдзе. Вырашайце самі, што будзеце рабіць, панове... Я сказаў...
Цёмная постаць знікла ў начы.
– Хто пойдзе са мной раніцою на вежу? – закрычаў Богуш.
– Я, вядома...– пан Варава стаў побач з маладым рыцарам.– Хто з намі?
Азвалася з дзясятак шляхціцаў. Але большасць не хацела біцца за апантаную. У кожнага меліся свае памерлыя, свае дарагія, што не маглі ачомацца ад хваробы... А змагацца з чарамі – справа святароў. Зорка Мілавіца сыпала халоднае блакітнае сяйво на невялікую купку людзей, што не хацелі разлучацца са смерцю. Пан Варава сумна абвёў іх вачыма. Самыя лепшыя і сумленныя... Гэта значыць, што хутка на іхняй зямлі такіх застанецца яшчэ менш.
– Дзякую, панове... Як развіднее, мы пойдзем на пляц і станем патрабаваць ад Рожы аддаць маю дачку і пакараць лекара. А калі ён не паслухае... Нам застанецца слаўна памерці.
Богуш сурова звёў бровы і падняў да Мілавіцы вочы, гэткія ж сінія, як яе святло, нібыта заклікаючы ў сведкі.
– Я абяцаю, пан Варава, што войту давядзецца прыслухацца да нашых словаў. Любым коштам! Але прашу пачакаць яшчэ дзень.
– Што ты задумаў? – спытаў пан Варава. Але Радчыц толькі ўпарта бліснуў вачыма.
– Праз дзень, на досвітку, мы збярэмся тут і вернем сваю вольнасць!
Малады рыцар рэзка павярнуўся і сышоў. Мілавіца глядзела яму ўслед.
* * *
– Іх будзе тры тузіны... Не больш...
Дзве постаці шапталіся ля акна вежы. У прывідным святле далёкіх зорак відаць было толькі, што адзін з суразмоўцаў – каржакаваты, вялікі, другі – сагнуты ў крук.
– Нашто ты гэта зрабіў?
– Тс-тс-тс... Забыўся, што табе сказаў Вялікі князь?
– У мяне памяць не адбіла. Я мушу выконваць усё, што ты кажаш. Але я не разумею...
– Хе-хе-хе... Нашто табе ўсё ведаць і разумець, войт... Для гэтага ёсць я... Смешны, бяскрыўдны, усюдыісны... Князю не патрэбныя ведзьмакі, якіх усе ненавідзяць, Лаўрын. Князь хоча стаць каралём, яму трэба літасць папы... А Бернацоні, калі ты не ведаеш, уцёк у Прагу з Італіі, бо яго абвінавацілі ў чараўніцтве. Ерэтыкі і валхвы, нават калі яны саслужылі сваю службу, мусяць сысці ў цемру, не плямячы светлы воблік уладара. Няхай бунтаўнікі ўвойдуць у вежу... Хе-хе-хе... Няхай заб’юць лекара... А твае людзі заб’юць іх.
Каржакаватая постаць адхінулася ўбок.
– Я ведаю многіх старавежцаў... Гэта слаўныя рыцары...
– Хе-хе-хе! Кожнаму быў дадзены выбар! Тыя, што прыйдуць – самі абралі смерць і шлях здрады. Гнілы зуб варта вырваць. Князь наш створыць вялікае і моцнае каралеўства, на вякі. А я – князеў няварты слуга... Каб не ён – я знік бы, скалечаны, абрабаваны, без сэнсу ў жыцці... Ты пахіснуўся ў вернасці сваёй, Рожа?
– Хутчэй згіну.
На нейкі час запанавала цішыня, нібыта двое прыслухоўваліся, ці ноч пакорліва паглынула прамоўленыя словы, ці не ператварыліся тыя словы ў нешта асобнае, жывое і агіднае, як вужакі...
– А што рабіць з дзеўкай, калі лекар яе не заб’е?
– Хе-хе-хе... Ты аддасі яе мне...
Каржакаватая постаць пагрозна варухнулася. Шэпат ледзь не ператварыўся ў крык.
– Ах, ты юрлівая пачвара...
– Ціха, ціха...– зашаптаў прыгорблены.– Нікому не дам забіць небараку. І сам не пакрыўджу. Я адвязу яе ў Вільню, у кляштар. І маетнасць паненкі не замай! Князь апякуецца сіротамі...
* * *
Анэта ў каторы раз чытала псалом... «Акрапішы мя ісопам, і ачышчуся, амыешы мя, і пачэ снега ўбялюся... Ваздаждзь мі радасць выратавання Твайго і духам Уладарным сцвердзі мяне... Навучу беззаконныя шляхом Тваім, і нечасцівыя да Цябе звернуцца...»
Промні кволага лістападаўскага сонца, што прабіваліся скрозь шчыліны між дошак, якія захіналі акно, ледзь маглі асвятліць стары пергамент. Буквіцы, выведзеныя дзесьці ў кляштары няспешнай рукою мніха, яшчэ ззялі барвай і пазалотай, нібыта восеньская лістота. Анэта не хацела думаць, што пройдуць гады, а можа, вякі, і гэтыя фарбы паблякнуць, выцвітуць, як тая лістота, і святая кніга таксама ператворыцца ў пыл... Страшна было пра гэта думаць... Але смерць усё яшчэ танчыла навокал, і нагадвала – няма нічога вечнага на зямлі... Словы, што ты прамаўляеш – застануцца. А вусны, якімі ты іх прамаўляла, літары, па якіх слізгалі твае вочы, ты сама, гэтая вежа, гэты горад ператворацца ў пыл. Як усе, каго любіла...
У траўні яны з Богушам змовіліся і ўцяклі ў лес на таемнае святкаванне Клескуна. Святар заклікаў на казані ў царкве супраць таго, каб гараджане хадзілі на паганскія святы. І бацька забараняў. Але Анэта і Богуш былі такія маладыя, гэта здавалася гарэзнаю гульнёй, якую Усемагутны Гасподзь прабачыць... Калі Анэта была малая, нянька расказвала ёй пра Клескуна, вясёлага і разгульнага хлапца, ён жыў калісьці на небе і вадзіў месяц, седзячы на ім вершкі. То светлым бокам паверне яго, то цёмным... Але неяк адлучыўся Кляскун да каханай дзяўчыны, і Пярун абрынуў яго за гэта на зямлю... Толькі адбітак твару юнака на Месяцы можна разгледзець...
Як было дамоўлена, Анэта вылезла праз акно, і яны з Богушам пабеглі, выбіраючы непрыкметныя сцежкі, зважаючы наводдаль у яркім святле поўні самотныя постаці, што гэтак жа, хаваючыся, кіраваліся да лесу. Блакітнае сяйво залівала голле соснаў і высокую траву... І, вядома, менавіта Богушу надзелі на галаву вянок з травеньскіх кветак, і ён на цэлую ноч стаў Клескуном, і ніводная дзяўчына не магла яму, павадыру Месяца, у гэтую ноч адмовіць... Але Богуш глядзеў толькі на Анэту. Яны круціліся ў карагодзе, і не мела значэння, хто ты – князь або халоп, хрышчаны ў імя Святога Духа або паганец, і спявалі: «Кляскун, Кляскун, клясь, клясь...»
Сяйво месяца і водар зёлак, зоры ў траве ці раса... Сплятаюцца рукі, зліваюцца цені... І сплятаецца побач у траве кубло залатых змей... Ці не стаў шалёны карагод смерці расплатай за той, у травеньскім лесе? Як пасля лаялі іх, блазнюкоў, бацькі – не ўдалося схаваць свой учынак. Анэта два тыдні прасядзела дома, пад замком, у малітвах... «Акрапі мя ісопам, і ачышчуся...» Як расплаціўся за свае легкадумныя паводзіны Богуш – Анэта ніколі не распытвала. Але, мусіць, яму давялося горай, чым ёй. Сама яна шчыра пакаялася, і з жахам уяўляла, як незваротна для яе магло скончыцца баляванне на паганскім свяце, і каму служаць насамрэч падчас гэткіх ігрышчаў... Яна старалася не ўспамінаць пра тую чмуту... Толькі часам, начамі, водар далёкай травеньскай начы ўзгадваўся салодкай грахоўнай трывогай...
Цяпер у Анэты хаця б ёсць на памяць адбітак твару прыўкраснага юнака на Месяцы...
Дзверы пакоя расчыніліся. Лекар захінаўся ў зялёны плашч, падбіты сабаліным футрам, нібыта яму было холадна. Анэце раптам зрабілася страшна – бо госць глядзеў кудысьці праз яе, нібыта яна была празрыстым кавалкам лёду.
– У гэтым горадзе больш нельга заставацца.– Бернацоні падціснуў вусны, і Анэта раптам зразумела, што ён устрывожаны і ўсхваляваны, як ніколі.– Зоркі паўсталі так, што прарочаць няшчасце, агонь, боль...
– Дык адпусці мяне! – дзяўчына не пракрычала гэтыя словы, а прашаптала, і яны нібыта адразу бяссільна ўпалі на падлогу, як мокры снег.
– Вакол мяне скача смерць...– горка прамовіў Бернацоні, зноў звяртаючыся нібыта да самога сябе.– Я ператварыў яе ў сваю служку, пасадзіў на ланцуг, як злога сабаку, і яна здабывала мне патрэбнае... А можа, гэта яна трымала мяне на ланцугу? Колькі можна беспакарана слугаваць смерці? Пераступі праз тысячы тысячаў наўцоў – і аб нейкага, тысяча першага, спатыкнешся. Я загадаю спакоўваць мае гадзіннікі, донна. Дзякуючы табе, яны больш ніколі не схібяць. Ты паедзеш са мной.
– Куды? Навошта? – Анэта адчувала, што пачынае дробна дрыжэць, быццам шклянка на стале ад бою гадзінніка, і, шукаючы дапамогі вышэйшых сілаў, паклала руку на раскрытае Евангелле.
– У вялікі свет, маленькая дзікунка... Да вялікіх ведаў.
– Я не паеду,– Анэта намагалася, каб у голасе не прагучала і ценю боязі.– Ты страшны, акрутны чалавек, лекар... Ты знішчыў волю майго горада. Ты знішчыў маю волю...
Бернацоні сумна ўсміхнуўся.
– Воля, воля... Ты зноў гаворыш пра тое, чаго не ведаеш. Успомні абарончыя валы вакол твайго горада... Магутныя, высокія... А ты ведаеш, хто іх насыпаў? Каго магістрат гвалтам пасылаў на «валовую работу»? Бедакоў, што не маглі выплаціць «падымнае», непачцівых жанчын, што пайшлі ў самадайкі, калі іх дзеці з голаду пухлі, лёзных людзей, свавольных рамеснікаў... Прыйдзе жабрак у вашае слаўнае места – а яго «на вал», капай зямлю пад дажджом ды бізуном цівуна... Запярэчыць шавец або рымар супроць цэхавога майстра – на вал... Як ты думаеш, для гэтых людзей твой Старавежск таксама – вольны горад?
Анэта разгублена маўчала. Бернацоні лёгка прайшоўся па пакоі, нібыта лемпард.
– Воля... Скуль ты можаш ведаць пра волю, жывучы ў гэтым забытым Госпадам куце... Тут цябе адно што заб’юць, як апантаную. А ты можаш мне яшчэ дапамагчы.
– Я не хачу дапамагаць табе ў тваіх чарах! – запярэчыла Анэта.
– Зноў ты пра чараўніцтва, маленькая дзікунка...– раздражнёна сказаў Бернацоні.– Мне патрэбны адвар, які я яшчэ не склаў да канца. Мая праца не скончаная, і твая таксама. Я выведу цябе адсюль незаўважна. Рыхтуйся...
– Я застануся!
Але дзверы ўжо зачыніліся.
* * *
Я сядзела, бяссіла апусціўшы галаву на стол, завалены паперамі. Тахканне адрэстаўраваных Юрасём гадзіннікаў у суседнім пакоі малявала ў маёй беднай галаве выразную карціну: хвілі падаюць жалезнымі кроплямі на каменную падлогу, падскокваюць, коцяцца, сутыкаюцца, як більярдныя шары, і вось ужо ўся падлога засыпаная імі, бліскучая звонкая гара вырастае да столі, вось-вось засыпле мяне халодным важкім цяжарам... Так і ў беднага прафесара мазгі «паехалі»... Як патлумачыў за сняданкам Макс, чарговае абвастрэнне шызафрэніі. А цяпер са мной нядобрае...
Псіхічныя захворванні сапраўды заразныя...
– Што з вамі, дарагая паненка?
У голасе Макса, здавалася, гучала непадробная трывога... Гэта было нашмат лепш, чым ягоны звычайна бадзёры тон. Я падняла галаву, правяла далоньмі па твары, сціраючы начныя жахі. І нечакана загаварыла пра тое, што аніяк не хацела з некім абмяркоўваць.
– Скажыце, гэта праўда, што калі сны паўтараюцца, гэта прыкмета шызафрэніі?
Калі Макс і здзівіўся, то змог гэта не паказаць. Ён прысеў побач на офіснае шэрае крэсла і іранічна ўсміхнуўся.
– Калі б вы ведалі, колькі ў кожным з нас таго, што ўрачы ў розны час лічылі сімптомамі шызафрэніі, вы б здзівіліся. Людзі проста палохаюцца ўсяго, на іх погляд, незвычайнага, асабліва што тычыцца ўласных адчуванняў. А ёсць такая з’ява, як галюцыянацыі ў зусім здаровых – напрыклад, калі прачынаешся... Расплюшчваеш вочы, а ўзоры на шпалерах ажываюць, ці бачыш у іх чыесьці абліччы... Я, дарэчы, часта сню адны і тыя ж сюжэты. Праўда, калі верыць Юнгу ды ягоным паслядоўнікам, то тых сюжэтаў усяго некалькі на калектыўную падсвядомасць чалавецтва.
Макс прыязна паглядаў на мяне, пакручваючыся ў крэсле. Позірк шэрых вачэй з доўгімі вейкамі то гарэзны, то даверлівы... Светлыя валасы ўкладзеныя ў мастацкім непарадку з дапамогай геля. Шэры гольф, светлы пінжак, нагавіцы з акуратна выпрасаванымі стрэлачкамі... Стыльны мужчына. Разумны і іранічны. Мімаволі ўспомніўся Юрась з ягонымі працёртымі на локцях швэдарамі, вечнымі джынсамі і няшчаснасцю. Як добра, што былы муж так і застанецца для мяне былым... Разам з усімі сваімі жыццёвымі няўдачамі.
– Ганна, прабачце за нахабства, але што за сны вы бачыце?
Макс, не дачакаўшыся ад мяне добраахвотнага працягу спавядання, падахвочваў да шчырасці. Што ж, ён, відаць, не такое чуў...
– Сніцца сярэднявечча... Нібыта я – дзяўчына, якую замкнулі ў вежы. Але ўсё так сцерта... Як у кепскім фільме. Танныя дэкарацыі, танная рамантыка... А момантамі – рэальна, аж да жаху. Памятаю, у маіх снах ёсць блазан з сагнутай спінай... Ён увесь час смяецца. Злая жанчына з цёмным, сухім тварам... Прыгожы рыцар, якога да мяне не пускаюць. А яшчэ нейкі ці доктар, ці астролаг у цёмным... Часам гэта ўсё прывязваецца да рэальнасці – доктар здаецца мне тым самым Бернацоні, якому належалі гадзіннікі... Вежа – Старавежскай ратушай... Праўда, апошнім часам забываю, што сніла... Толькі ўражанне застаецца – змрочная готыка. Прачынаюся ўся змучаная...
Я змоўкла, баючыся падняць вочы на пана псіхолага. Ягоны вясёлы смех змусіў мяне падняць вочы. Макс нахіліўся да мяне.
– Вашыя сны – проста падарунак... для падручніка па псіхааналітыцы. Такія... тыповыя. Дакладней – архетыповыя. Не буду нагрувашчваць вас тэрмінамі, але, скажам, блазан падобны да Трыкстэра, аднаго з архетыпаў, апісаных Юнгам. Ён увесьчасна крыўляецца, не добры і не злы, але можа парадзіць, дапамагчы... Ці ўчыніць брыду. Так?
Я моўчкі кіўнула галавой. Макс усміхнуўся і працягваў:
– Доктар у чорным – безумоўна, гэта Персона... Тая частка вашай асобы, якую вы лічыце галоўнай, і якая насамрэч – вашыя забабоны, ваша няздзейсненае славалюбства, жаданне добра выглядаць у вачах іншых... Ён вамі камандуе, вы – у ягонай уладзе, хочаце вызваліцца, але вам не хапае моцы... Так?
Я заспяшалася сказаць самае патаемнае, што мяне мучыла.
– Ну калі я не звар’яцела... Можа, я ўспамінаю нешта... з мінулага жыцця?
Макс загаварыў нечакана сярдзіта:
– Ну не чакаў ад вас такога... Адразу выкіньце падобны блёкат з галавы. Рэінкарнацыя... Душа паслухмянага баабаба перасяляецца ў крэветку. Як вы можаце ў такое верыць? Вось жа на вас срэбны крыжык... Вы хрысціянка?
Я вінавата апусціла галаву.
– Хрысціянка... Але мне страшна... Я не разумею, што са мной адбываецца...
– Тое, што з усімі, хто доўга хаваецца ад сваіх праблемаў,– гэтак жа сярдзіта сказаў Макс.– Гэтыя праблемы знаходзяць іншую форму, каб дастукацца да свядомасці. У вашым выпадку – праз сны. У іх непазнавальна змяняецца знаёмая рэальнасць, сінтэзуецца з некалькіх вобразаў – адзін. Вы бачыце сябе замкнёнай у вежы... Гэта з-за артыкула пра вежу ў вас пачаліся непрыемнасці? Прабачце, але мне тое-сёе пра вас расказваў пан Янчын.
– Так...
– І ў жыцці вы не знайшлі годнага выйсця з сітуацыі. Вось вам і сімволіка... Вечарам прыходзьце да мяне ў кабінет, гэта на другім паверсе. Пагаворым, падумаем... Ігар, наш ахоўнік, правядзе да мяне.
На другі паверх пасля ўрачыстага абеду ў дзень прыезду мы ніколі не хадзілі. Нашае месца – у былых пакоях для прыслугі. Але нават з-за цікаўнасці патрапіць на «панскі паверх» да «псіха» ісці не збіраюся. Вось скончу сваю працу – і дахаты... Хай Юрась адзін важдаецца... Цікава, ён праўда, як сказаў мне за сняданкам «чалавек небяспечнай прафесіі» Ігар, паехаў разам са Стэлай у царкву на нядзельную службу? Такі вернік стаў... Што ж, няхай Гасподзь дапаможа ім абодвум... І мне б не пашкодзіла паехаць з імі. Калі я апошні раз была ў царкве? На Вялікдзень, мусіць. Не дзіва, што цемра сабралася на душы...
Так, вырашым апошнюю загадку. Няхай Аркадзь выявіўся цынічным нягоднікам, але – кінуць працу, адмовіцца ад грошай? Калісьці я б так і зрабіла, нават з-за адной знявечанай вежы. Але цяпер не знаходзіла ў сабе стрыжня, які б утрымаў мяне ад жадання схіліцца перад абставінамі. Хаця мне ўсё менш падабалася, што гаспадары цікавіліся адно доследамі з гадзіннікамі, тым, што я пра іх перакладала, перапытвалі, прыспешвалі, кантралявалі, а пра Аркадзя нібыта і забыліся.
Я расклала на стале паперы з запісамі. Мы маем дванаццаць гадзіннікаў. Кожны названы ў імя аднаго з дванаццаці апосталаў. У якой чарговасці звычайна згадваюцца вучні Госпада? Так, як іх паклікаў Гасподзь? Першымі былі Пётр і яго брат Андрэй, рыбары... Пасля – зноў браты, Якуб Зевядзееў і Ян. Потым – Піліп, Баўтрамей, Тамаш, мытар Мацей, Якуб Алфееў, Тадэвуш, Сымон, і апошні – Юда... Ці магла быць іншая чарговасць? Я яшчэ раз прайшлася па інтэрнэтаўскіх сайтах, трапляючы то на форум прыхільнікаў готыкі, то да акварыумістаў: «Мая залатая рыбка ляжыць на баку, вочы вырачыліся, а хвосцік падкурчаны...» І нарэшце на сайце аматараў эзатэрыкі напаткала табліцу, дзе кожны апостал звязваўся з пэўным знакам задыяка. Чарговасць была трохі іншай... Пётр – Авен, Андрэй – Цяля, Якуб Зевядзееў – Блізнюкі, Ян – Рак, Тамаш – Леў, Якуб Алфееў – Дзева, Піліп – Вагі, Баўтрамей – Скарпіён, Мацей – Стралец, Сымон – Казярог, Тадэвуш – Вадалей, Юда – Рыбы... Да таго ж усё ўвязвалася са стыхіямі, рэчывамі, колерамі, каштоўнымі камянямі... Гэта, вядома, блюзнерства. Асабліва для сярэднявечнага хрысціяніна. Што было важней для Бернацоні – слова Святога Пісання або астралогія? Я ўявіла лекара... Падобным да таго, чорнага лекара маіх сноў. Пранізлівы погляд чорных вачэй, строгія вусны... Амаль Калыванаўскае аблічча! Уявіла, як ён зацята паводзіўся падчас допытаў інквізіцыі... Сярэднявечная Прага – горад магаў. Лекар на той час абавязкова мусіў быць і астролагам. Як там у вершы Максіма Багдановіча:
Скарына, доктар лекарскіх навук,
У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры.
Яны спрыяюць! Час! З рухавых рук
Скарыны п’е адвар пан земскі пісар хворы.
А Бернацоні быў не шараговы лекар... Значыць, і вядомы астролаг. І наш Вялікі князь напэўна зацікавіўся ўменнем пражскага італьянца чытаць зоры. Таму, калі ўжо Бернацоні даў гадзіннікам імёны апосталаў, мог прывязаць іх і да знакаў задыяка...
Бразнулі дзверы. Юрась зайшоў у мой кабінет. Сінія вочы з-пад прамых броваў глядзелі проста, адкрыта... Не, не можа быць, каб гэты чалавек быў забойцам! Дамагурскі маніць не ўмеў. Калі б сапраўды давялося ўчыніць смяротны грэх – спакутваўся б, як Радзівон Раскольнікаў... Хаця нешта яго вярэдзіць... Але ж зараз, наколькі я яго ведаю, ён мне пра гэта раскажа.
– Табе шмат засталося працы? – ён чакаў адказу з незразумелай мне трывогай.
– Лічы, скончыла! – пераможна заявіла я і распавяла пра сваю задыякальную гіпотэзу. Юрась кіўнуў галавой, але неяк без асаблівага энтузіязму.
– Так і было... Ты малайчына! Ведаеш, Стэлу адправіў дадому... Сама папрасілася. Нават згадзілася ў клініку заўтра ж пайсці. Я быў заплаціў грошы за першы курс лячэння, маці адвядзе яе... І цябе добра было б дадому адправіць...
Я раздражнёна глядзела на ягоную схіленую галаву з цёмным вожыкам, прысыпаным на скронях сівізной, на сашчэпленыя рукі са збітымі на костачках пальцамі – механік...
– Я не бандэроль, каб мяне адпраўляць.
Юрась падышоў да дзвярэй, чамусьці зазірнуў за іх – што, думае, нібыта нас падслухоўваюць? – і ціха прагаварыў.
– Ведаеш, што Зміцера Патапавіча ўчора забралі ў клініку?
– Ведаю. Чарговы прыпадак шызы. Ну і што?
Дамагурскі трывожна ўздыхнуў.
– Прафесар усё казаў, што блізкі да разгадкі, што пан Калыванаў будзе задаволены, нёс нейкую ахінею пра сусветны парадак, які без Калыванава прападае... Дарэчы, я даўно заўважыў, што ні прафесар, ні гэты лялечны Макс мне шмат чаго не расказваюць... Я адрамантаваў амаль усе гадзіннікі. Дык вось, Зміцер Патапавіч і вырашыў, што ўжо можна праводзіць эксперымент. Прыйшоў сюды ўвечары, сам, нікому нічога не сказаўшы, паставіў гадзіннікі на бой, вакол сябе шклянкі, чаркі... Тут, у падвале, яго і знайшлі. Мне гэта не падабаецца. Не для добрай справы Бернацоні ладзіў свае д’ябальскія машыны.
Я паціснула плячыма.
– Гукі ад іх непрыемныя... Але ж нездаровы чалавек ад іх звар’яцеў. Не перабольшвай.
Юрась зноў панурыўся.
– Ведаеш, дай мне твой спіс, як гадзіннікі расстаўляць...
Я рассмяялася:
– Хочаш за Зміцерам Патапавічам адправіцца?
Але былы муж жарту не падтрымаў, узяў з маіх рук аркуш і пайшоў корпацца ў старадаўніх жалязяках.
У маім так званым кабінеце вокнаў не мелася, і ад таго мне ўвесь час мроіўся позні вечар і прыцемак стомы і безнадзейнасці... Таму ў светлым калідоры маёнтка – лістападаўскае сонца было нечакана шчодрым, як скупеча перад смерцю,– я ледзь не засмяялася ад радасці. Воля! Макс таксама радасна ўсміхнуўся, беручы тэчку з маім артыкулам і дыскету.
– Цяпер справа за лепшымі дызайнерамі! Я зараз жа адашлю гэты тэкст Ліліі Пятроўне, думаю, яна пачытае, не бавячыся... Так што пачакайце з ад’ездам да заўтра – можа, будуць якія заўвагі. Дарэчы, тая літаратура, што вы карысталіся... Вы пакінулі апошнія пераклады ўрыўкаў, што тычацца Старавежска, Бернацоні і гадзіннікаў?
– Так. Усё ў асобным файле, і раздрукоўкі ёсць.
– Тады адпачывайце, дарагая! А ўвечары ўсё-ткі зайдзіце... Пагаворым. Паверце, я някепскі спецыяліст!
Макс на імгненне прыабняў мяне за плечы і пайшоў, пакінуўшы на памяць пах дарагой парфумы... Відаць, і з кліентаў бярэ дорага... А тут – халява. Але я ўсё-ткі не збіралася ёю карыстацца. Калі мне захочацца да споведзі, я лепш у царкву пайду.
Я ніколі не вызначалася ахайнасцю, таму за два тыдні мой пакойчык змог дастаткова да мяне прыстасавацца. Цікава, якая-небудзь пакаёўка альбо лёкай, якія жылі тут у даўнейшыя часы, мелі права вось гэтак кінуць мокрую куртку на крэсла ці загрувасціць паперамі стол? Я скідвала ў сумку рэчы, разважаючы, ці зняць мне па вяртанні ў сталіцу новую кватэру, ці заплаціць ранейшай гаспадыні, ці, можа,– калі раптам заплоцяць больш, чым абяцалі – выкупіць які катух? Можна грошай дапазычыць. Маці аддала б назапашанае, цётка... А я на сталую працу пайду... У якое-небудзь задрыпанае перакладчыцкае бюро, дзе не паглядзяць, што ў мяне няма лінгвістычнай адукацыі.
Я пачала намацваць канверт з запаветнай тысячай, па-стараславянску, здаецца, «цьмой», гэта ж трэба – цьма грошай! – але мая цьма кудысьці завалілася. Што ж, сама вінаватая... Напхала рэчы абы-як. Я вывальвала па частках змесціва сумкі, паўтараючы постмадэрновы верш расейскага паэта Вазнясенскага: «Матьматьматьматьма...» Нарэшце ўсе мае рэчы апынуліся на ложку. Куды ж я падзела канверт? Больш-менш цярпліва перагледзела ўсё – пустую сумку, рэчы, пакой... Са мной гэта не можа здарыцца – колькі разоў даводзілася паўтараць сабе гэтую фразу. Памятаю, на занятках ізастудыі ў доме культуры майго мястэчка мы рабілі выцінанкі. Я можа цэлы месяц выразала з чорнай паперы карункавы ўзор – русалкі, водарасці, рыбкі. Заставалася гэтую прыгажосць прыклеіць на светлы фон. Кіраўнічка раздала нам слоікі, быццам са смятанай – адмысловы клей... І папярэдзіла, што ў адным са слоікаў можа быць фарба. Як мы смяяліся над магчымым няўдачнікам! Як гэта пераблытаць фарбу і клей! Пакуль я, прамазваючы ў каторы раз сваю выцінанку непаслухмяным белым рэчывам, не ўсвядоміла, што смяяцца зараз будуць з мяне...