355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 5)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 32 страниц)

Перад дзвярыма без засоваў, без адтуліны для ключа, Ян высек агонь... Паперка, выдзертая з нататніка, з чарговай намаляванай алоўкам выявай гаспадыні дому, скурчылася, пацямнела. Пялёсткі агню варушылі яе на падлозе, нібы прагныя кузуркі. Час... Ваньковіч агаліў левую руку да локця і паласнуў шабляй. Агонь і кроў! За спінай пачулася нешта падобнае да тонкага жаласнага плачу. Дзверы не адчыніліся, але нібыта сталі празрыстымі, як балотны туман. І Ян ірвануўся туды...

Ён зваліўся на брук перад ганкам апусцелага дома. Цьмяная раніца позняй восені падалася яго адвыклым ад святла вачам сляпучай, як само сонца. Недзе працокалі капыты... Відаць, рамізнікі пачалі працу. Заплакала дзіця... Яму азваўся сярдзіты заспаны жаночы голас. Ляснічы ўзняўся. Так, гэта быў яго свет, яго горад, яго гора... І яго доўг. Колькі ён прапусціў? Тыдзень жыцця? Месяц? Або праляцелі гады?

Ён нават не азірнуўся на таямнічы дом. Як не азіраюцца на гатовага стрэліць у спіну былога сябра.

Паўстанне захлыналася ў крыві. Імперыя не жадала саступаць і найменшую частку сваёй улады. Таму душыла ўсіх паслядоўна і бязлітасна. Паўстанцкі камандзір Ляліва зноў стаўся пагрозай ворагаў. Але ці трэба тлумачыць, што бледны твар незнаёмкі бачыўся яму і ў сне, і наяве, і ніводная жанчына не магла нават крыху прыпадобніцца ёй. Гэта было ганебна – але часам Яну рабілася так балюча, што ён шкадаваў, чаму назаўсёды не застаўся ў доме на Францысканскай. Ну, пра подзвігі жывапісаць не стану... Я не маю здольнасцяў баталіста. Атрад Яна біўся на Падляшшы і на Брэстчыне... Яго зноў паранілі, і некаторы час ён хаваўся ў сутарэннях менскага маёнтку Ваньковічаў – інсургенты вырашылі, што найменш шукаць будуць навідавоку. Балела рана на плячы, але наймацней балела рана нябачная. Кожны вечар, калі Ваньковіч клаўся ў ложак, яму здавалася, што над ім схіляецца танклявая постаць, і халодныя вусны кранаюць лоб. Чаму яна не пакіне яго ў спакоі? Там, у сутарэннях радавога дома, Ян і зрабіў прыгожую мармуровую статую. Каго яна выяўляла – зразумела... Статуя не прадназначалася для чужых вачэй. Ян пахаваў яе там жа, у сутарэннях. Прачытаў над ёй малітву... І нібыта адчуў сябе вызваленым. Потым з дапамогай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, з якой доўга сябраваў, з’ехаў за мяжу. Яшчэ паваяваў у Галіцыі, потым перабраўся ў Парыж. Расейскія ўлады забралі маёнтак у Сляпянцы, падчас вобыску знікла самае каштоўнае – партрэт Аляксандра Пушкіна пэндзля бацькі Яна, Валенція Ваньковіча. Партрэт, якім так захапляліся сучаснікі... Магчыма, дасюль прыўкрашае кабінет якога-небудзь жандарскага чыноўніка. Ян Ваньковіч дажыў амаль да нашага стагоддзя. Не ведаю, ці трывожыў яго прывід чароўнай панны з дома на Францысканскай, але мармуровая статуя дасюль – у скляпеннях дома Ваньковічаў. І я не хацеў бы быць тым, хто яе выкапае. Ну а дом на Францысканскай, спытаеце вы... Ёсць, чаму не. І ганак маецца перад глухой сцяной. Але дом зусім не закінуты – на першым паверсе ажно чатыры маленечкія крамкі: табака, зеляніна, канцылярскія прыналежнасці і вырабы з бляхі. На другім паверсе туляцца сем’і гаспадароў, як семкі ў пераспелым гарбузе. Бялізна развешаная на вяроўках, працягнутых ад вакна да акна, дзеці равуць, кабеты верашчаць. У сутарэннях – склады: бочкі, скрынкі, джамалунгмы вёдраў і бляшаных тазікаў... Гісторыя пра купца і яго трох дачок пацверджваецца гарадской хронікай. Але насельнікі дома відавочна ў прывідаў не вераць. Вядома, ніхто з іх не спрабаваў адчыніць неіснуючыя дзверы агнём і крывёй... Дый я таксама спрабаваць не буду.

Улад змоўк, і ў цішыні ўсе пачулі трэск – дагарала яшчэ адна свечка, і агеньчык кноту крануў вільготную паверхню стала. Дарота хуценька задзьмула паміраючы агонь.

Пан Беларэцкі парушыў маўчанне:

– Сённяшнія дэкадэнты страшэнна любяць гісторыі пра вампіраў ды ламій.

– І праўда,– зазначыў Ной.– У нас на выставы прыходзіла адна мастачка-акварэлістка, якая пускала пра сябе чуткі, быццам яна вампірша. Прыйдзе – страх глядзець: з набеленым тварам, абведзенымі чорным вачыма і бранзалетам на назе, а іклы напільнікам завостраныя... Каб гэтыя іклы ўсе бачылі, яна ўвесь час падымала верхнюю губу, як пабітая котка. А на вуснах – чырвоная фарба. А пачалося ўсё з таго, што нейкі шлемізул рэкнуў ёй наконт асабліва пікантнай бледнасці ейнага твару... Мне расказвалі, калі яна цалавалася, дык абавязкова да крыві.

Усе рассмяяліся.

– Прызнайся, на сабе паспрабаваў? – спытаўся Улад.

Ной затрос галавой:

– Ведаеш, у мяне ўсё-ткі ёсць нейкі... мастакоўскі густ.

– Карацей, табе падабаюцца іншыя,– зазначыў Улад нечакана змрочна, і часовыя насельнікі дома пасярод паводкі змоўклі, нібыта было сказана нешта небяспечнае.– Што ж, мая маці гаварыла, што каханне – гэта танец... Складаны танец дваіх, дзе амаль немагчыма захаваць раўнавагу – адзін робіць крок наперад, другі на крок адступае... Адзін схіляецца, другі выпростваецца... Потым наадварот... Няверны рух – і ўсё парушана, цені разышліся, маскі зляцелі на паркет, чырвонае канфеці сэрцаў храбусціць пад абцасамі.

– Я ўявіла сярэднявечную паванну, якую мы танчылі на вечарыне...– ціха прамовіла Дарота.– Паванна на смерць інфанты – так, здаецца, гэта называлася?

Улад, нібыта адганяючы жуду, страсянуў густымі валасамі, ускочыў і схіліўся ў танцавальным па перад Даротай.

– Паванна!

– А як жа без музыкі? – запярэчыла Зося.

Але Дарота ўзнялася, і пачаўся дзіўны танец – у цішыні, у цёмным пакоі, у мігценні свечак... Павольна, паважна... Адзін за адным усе, нават Андрэй Беларэцкі, далучаліся да гэтых скокаў, нібыта да пахавальнай працэсіі... Ніхто не ўсміхаўся, не гаварыў, не спрабаваў напець матыў, толькі рухі зліваліся ў адзіным рытме. Надышла частка паванны, якая называецца капрыёль, калі танцоры імітуюць скокі коней. Цені ўсё хутчэй слізгалі па сценах, людзі схіляліся і выпростваліся, мяняліся партнёрамі... Дыханне пачашчалася... Рукі не спяшаліся перарываць дотык да рук...

Калі не можаш сказаць – танчы...

Калі немагчыма крычаць – танчы...

Калі побач смерць – танчы... Як танчаць аблокі і агонь, як танчыць сама зямля ў абдоймах ветру...

Улад схапіў Зосю ў абдымкі, пан Беларэцкі затрымаў руку збялелай Дароты ў сваёй руцэ...

Стук у дзверы перабіў шум дажджу і спыніў вар’яцкі танец.

Някліканых гасцей было трое. Яны ўвайшлі разам з дажджом, ветрам і трывогай. Вада сцякала па востраверхай шапцы-шлеме галоўнага. Малады твар, шырокі ў выліцах, светлыя прамыя бровы і пагляд чалавека, які не сумняецца, як не створана сумнявацца ружжо за яго плячыма. Двое другіх, адзін у сялянскай світцы, другі ў салдацкім мундзіры са споратымі пагонамі, трымалі ружжы напагатоў, і на тварах іхніх толькі насцярога і боязь... Сумесь, якая робіць людзей забойцамі.

– Больш у доме нікога няма?

Зося падскочыла да прыхадня, запунсавеўшы.

– Прывітанне, таварыш Аляксандр.

Госць ледзь заўважна кіўнуў галавою:

– Добры вечар, таварыш Зося. Ты тут... забаўляешся, гляджу.

Андрэй Беларэцкі раптам рассмяяўся. Нядобра рассмяяўся, суха.

– Малайчына, дзяўчынка. Будзеш камісаршай.

Зося з прыкрасцю азірнулася:

– Ну нашто вы так, пан Беларэцкі.

– А ў вас, пан, дарэчы, дакументы ёсцека? – зараз жа холадна адгукнуўся Аляксандр, і фалькларыст сцепануўся, як ступіўшы басанож у халодную ваду.

– Калі вам не брыдка – то пакажу свой пашпарт яшчэ з царскай Расеі,– Беларэцкі пакорпаўся ў кішэнях пінжака, і на свет паказалася пакамечаная паперка.

Але прыхадні нават не дакрануліся да яе.

Аляксандр абвёў светлымі вачыма пакой:

– У вас тут утульненька... Нават свечкі ёсць. Вунь колькі. А ў горадзе па картках свечкі атрымліваюць.

– Буржуі...– прабурчэў чалавек у салдацкім шынелі.– У іх тут немавед чаго прыхавана.

– Заўтра нацыяналізуем, апрыходуем,– раўнадушна прамовіў Аляксандр.

Зося кінула хуткі вінаваты позірк на сяброўку, але Дарота маўчала, нагнуўшы галаву.

– А вось ці ёсць тут прыналежныя да контррэвалюцыйнай арганізацыі сацыял-рэвалюцыянераў? – Госці шчыльней узяліся за ружжы, запанавала маўчанне.

Дарота ўскінула галаву:

– Тут няма палітыкаў. Мы проста... расказвалі казкі.

– Ну так,– пацвердзіла Зося,– пан Беларэцкі – прафесар, ён вывучае фальклор... Абрады ўсялякія, легенды. Песні народныя. Гэты хлопец, Ной – мастак, вельмі добры. Дарота – настаўніца, як і я, толькі я прыродазнаўчыя навукі выкладаю, а яна – мовы. А Улад – артыст...

– Артыст, кажаш? – Аляксандр кіўнуў галавой у бок Улада.– А хіба не ты казала, што ён эсэр?

– Няпраўда! – голас Зосі задрыжэў і зрабіўся танюткі, як апошні кужаль.– Як ты можаш, Саша... Я табе даверылася... Гэта ж між нас дваіх размова вялася. Расказвала жартуючы... я ж не думала... І не эсэр ён даўно... Так, дзівак, валацуга...

– А рэвалюцыя жартаў не любіць,– прыхадзень пачаў, здаецца, весяліцца.– Не сцы, Зойка, ворагаў трэ вынішчаць, тады і зажывем у ліманадзе,– і павярнуўся да Улада.– Ну, ты, рукі падымі...

Двое наставілі на Улада свае ружжы, бразнулі затворы, як магільныя лапаты аб вечка труны. Улад павольна ўзняў рукі. На яго бледных шчоках загарэліся чырвоныя плямы. На Зосю ён стараўся не глядзець. А тая адчайна крычала, тузаючы знаёмца за рукаў:

– Саша, Сашачка, ну зразумей жа... Гэта памылка. Гэта ўсё сябры. Беларусы. Таленавітыя, сумленныя... Рэспубліцы яны патрэбныя. Ну няхай яны... твае... апусцяць ружжы... Як жа мне далей жыць – з гэткім...

На апошніх словах голас дзяўчыны сарваўся на шэпт.

Аляксандр уладна абняў яе, страсянуў.

– Якая ты яшчэ... несвядомая. Ворага выкрыць – не сорам. Ворага выкрыць – пачэсна. А сведкі муляюць, гэта я разумею... Ну я ж сказаў, не сцы, дзеўка, я ўсё ўладжу. Сведкаў аніякіх не будзе.

І павярнуўся да знерухомелых людзей.

– Усім – на выхад!

– Дык човен толькі адзін, камандзір! – прахрыпеў прыхадзень у сялянскай світцы. Ягонае горла абкручваў брудны шалік, зроблены, падобна, з царкоўнае парчы.– У човен толькі пяцёра сядуць.

Аляксандр паціснуў плячыма:

– Значыць, астатнія самі паплывуць. Ну...

І імгненна, як палёт кажана, выхапіў з кішэні рэвальвер.

Зося паспрабавала адвесці ягоную руку:

– Сашачка, не трэба!

– З імі хочаш? Дурніца! Яны – буржуі. А ты – пралетарка. Выбірай, з рэвалюцыяй ты або не?

Зося разгублена маўчала, перарывіста ўсхліпваючы.

– Была адна гісторыя на беразе Свіслачы,– скрозь зубы прагаварыў Беларэцкі.– Пабіліся з-за красуні два шляхціцы... Сплываюць крывёю, адзін другому і кажа: «Што ж мы, абодва памром, а панне нашай самотнай жыць... Пайшлі, пакуль на нагах, да яе – няхай выбера, каму памерці. А другі перавяжа свае раны і спазнае шчасце». Прыйшлі да дому панны, барваю шлях паліваючы – а з яе акна трэці, шчаслівы, вылазіць... Карацей, памерлі ўсе,– не зусім лагічна завершыў расповед пан Андрэй.

– Шкада, я не намалюю цябе, Зося,– ціха прагаварыў Ной і ўсміхнуўся.– З-за мяне можаш не пакутваць сумленнем. Ты не вінаватая.

І ступіў да дзвярэй...

– Пачакай, Ной! – Зося намагалася супакоіцца.– Добра. Добра, Саша. Я ўсё зразумела. Так. Гэта гонар. Я не саромлюся сведкаў. Няхай яны застаюцца. Забяры толькі таго, хто вам патрэбны.

Аляксандр шырока ўсміхнуўся:

– Падобна, нам патрэбныя ўсе. Нешта надта падазроныя ў цябе сябры, Зойка. Вядома, дзеўкай поўная вуліца, але жонкай поўная толькі печ, у хату з вуліцай не заходзяць. Адчыняй дзверы, кучаравы! Чаго стаў!

– Гэтыя дзверы адчыняць толькі агонь і кроў,– прагаварыў Улад, ірвануўся і, падаючы, скінуў на падлогу пахавальныя свечкі. Стрэлы, віскат... Агонь пабег па абрусе, па парцьерах... Загарэліся старыя газеты, раскіданыя абы-як па падлозе... А потым пралілася кроў...

І дзверы расчыніліся.

Для кожнага – свае.

...Чырвоны карбункул свяціўся ў чорных халодных хвалях, толькі што вызваленых з-пад лёду. Мастак пазіраў з моста ў Свіслач. Шматкі газетнага ліста белымі матылямі кружлялі над вадой, апускаліся на хвалі. Самае месца для несправядлівых слоў. А пачыналася ўсё так добра... Персанальная выстава, замова на роспісы для Дому селяніна... Абстракцыянізм – рука імперыялізму. Выкармыш, вылюдак, вораг... Словы пазбаўляліся звычайнага сэнсу. Божа мой, ну чаму ён не можа маляваць як усе – партрэты важдзей, шчаслівых калгаснікаў, стаханаўцаў... Спрабаваў жа – не так, занадта трывожна, занадта складана... Карціны, мусіць, ужо вывезлі з майстэрні. Цікава, разбяруць па лецішчах альбо спаляць? А куды вывезуць яго, іх стваральніка? Самае страшнае – гэта ўжо ён ведаў – заступацца і нават спачуваць ніхто не стане. Ён сам яшчэ нядаўна пераконваў сябе, калі даведваўся пра арышты знаёмых: гэты, недарэка, нарабіў памылак... А той, мабыць, і праўда замаскаваны вораг. А гэты, ясна, невінаваты. Але – разбяруцца без нас, выкруціцца, апраўдаецца. Цяпер прыйшлі па яго. Карбункул свяціўся праз хвалі. Самы час паспрабаваць дастаць...

Бліскучая зала Дома прафсаюзаў узарвалася апладысментамі. Дырэктарка ўзорнай дзіцячай выхаваўчай калоніі, зграбная, з каротка стрыжанымі рудымі валасамі сыходзіла з трыбуны, шырока ўсміхаючыся. Даклад быў добры. Правільны даклад. Але справы двух пяцікласнікаў учора зніклі. Бедныя Палінка ды Алесь. Дзеці ворага народа. Яна, выпраўляючы колішнюю памылку юнацтва, ратавала такіх дзяцей, як магла. Чым яны вінаватыя? Мяняла прозвішчы, перапраўляла гады нараджэння. Вучыла, як адказваць: сірата, бацькоў не памятаю... Намеснік па камсамольскай рабоце, нядаўна прысланая з Уралу, учора нешта намякала – пранюхала, паразітка. Што ж, рана ці позна...

Чалавек у ватоўцы, са спакутваным чорным тварам, сядзеў на драўлянай вакзальнай лаўцы, спрэс парэзанай ножыкамі. Худы вузельчык ляжаў ля ног, абутых у прывіды колішніх чаравікаў.– перавязаныя вяровачкамі, дзіркі заторкнутыя газетамі.

– А што гэта, грамадзянін, у вас за газетка тырчыць?

Чалавек звыкла паслухмяна ўзняўся, рукі самі склаліся за спінай. Адзін з патрульных нахіліўся. Тузануў за край паперы, што паказваўся з чаравіка незнаёмца.

– Ты... ты гэта што? Партрэт таварыша Берыі бэсціць? Ану, дакументы!

Чалавек дрыготкай рукой дастаў з-за пазухі паперкі.

– А-га, вяртаемся з месцаў далёкіх. Вызвалены за актыўны ўдзел у агітбрыгадах. Артыст, значыць... Камандзіраваны ў Віцебскі тэатр... Хто гэта ў вас такі добранькі ў начальніках? Разбярэмся, гніда! Ану, пайшоў...

– Гэтая рэформа правапісу не адпавядае самой прыродзе нашай мовы,– голас загадчыцы кафедры, высахлай кабеты з рана пасівелымі, калісьці чорнымі, косамі, укладзенымі каронай, быў ціхі, роўны, зусім пазбаўлены эмоцыяў. Але прысутных апаноўваў жах, нібыта яна нема крычала.– Набліжэнне да расейскай мовы – не той шлях, на якім наша нацыянальная культура можа напоўніцу раскрыцца. Бо кожная мова – жывы арганізм, які развіваецца па сваіх законах, і культурны чалавек мусіць берагчы ўсе мовы свету, не даваць ім знікаць і страчваць самабытнасць. Тым больш мы, беларусы, мусім ганарыцца сваёй мовай, на якой пісаліся Статут Вялікага Княства Літоўскага і прадмовы Скарыны, і захоўваць яе.

Два маладыя выкладчыкі, кідаючы адзін на аднаго насцярожаныя позіркі, паспешліва занатоўвалі словы куратаркі. Адзін з іх мусіў паспець дакласці куды трэба першым, і тым выратавацца.

Над верасовай пусткай гарэла вострая зорка, цені Дзікага Палявання слізгалі над зямлёй... Андрэй Беларэцкі здушыў крык і кінуўся бегчы ў лаўжы, што цямнелі побач. Цяпер ён не мог бегаць так хутка, як у маладосці. Ды і вочы, саслабелыя ад працы над неразборлівым почыркам сярэднявечных перапісчыкаў, нават поўню бачылі ў выглядзе светлай расплывістай плямы – нібыта паркалёвы каптур закінуты ў печку. Дом на Плябанскіх Млынах рабіўся сумным паданнем, ператвараючыся ў попел.

– Стой, гад! – Стрэлы за спінай ужо не турбавалі. Светлая беларуская будучыня была тут.

2006



СКОКІ СМЕРЦІ

Гатычны раман

Свет добры. Свет мяне паўторыць.

Ну а не свет – дык Беларусь.

Мне досыць.

У. Караткевіч

Яны круціліся ў вар’яцкім карагодзе вакол ратушы ўжо дзясятую гадзіну. Неба зрабілася чырвоным, як распаленае жалеза. Цяжкі дым вогнішчаў, якімі адпалохвалі пошасць, слаўся па бруку, нібыта душы, што дарэмна праглі перад смерцю апошняга прычасця, не хацелі пакідаць зямлю...

– Ю-ры, Ю-ры, па-ра-туй!.. Ю-ры, Ю-ры, па-ра-туй!..

Выкрыкі былі ўжо мала падобныя да чалавечых. Анэта адчувала, што з яе надарваных грудзей выходзіць толькі хрыплы свіст. У моманты прасвятлення ўсведамлялася, якія халодныя рукі ў тых, хто побач: справа – худы і светлы, як трыснёг, мніх-мінарыт, у бурым плашчы са спічастым каптуром; злева – сівагаловы мечнік Лаўрын, у якога нядаўна памерла ўся сям’я... І ў таго, і ў другога далоні – як ільдзяныя абцугі. Нібыта цябе трымае сама смерць... А хіба не так? Нехта паспрабаў вырваць Анэту з людскога кола...

Голас Богуша гучаў зусім побач:

– Ачніся! У імя Госпада! Пайшлі дадому!

Не, не ў змозе чалавечай спыніць гэтыя скокі... Імчаць, імчаць па коле... Але яна не можа... Не можа больш... Упасці... Стаць зямлёй... Пылам пад чужымі нагамі...

На царкоўнай званіцы ўдарыў звон – няўмольна-ўладарна. І карагод закруціўся з новай сілай.

– Ю-ры! Ю-ры! Па-ра-туй!

Пошасць прыйшла ў Старавежск з восеньскім ветрам, перавітым сівым павуціннем, з горкім пахам верасу, і як павуцінкі бабінага лета, паляцелі лёсы ў невядомы вырай, пакідаючы жывым адчай збуцвелай лістоты. Спыняліся млыны, пераставалі стукаць молаты кавалёў, абміналі горад шаноўныя купцы, і тыя, хто застаўся жывы, не мелі чым прывязаць душу да цела... Вялікі князь абяцаў дапамогу. За гэта горад мусіў расплаціцца часткай волі. Але пра старавежцаў суседзі нездарма казалі: «Хоць лоб медны, але ж мур каменны», ды яшчэ пляткарылі, як старавежцы сеялі ваўчыныя зубы вакол студні, каб выраслі пакрытыя поўсцю воі, ці пра тое, што ў падзямеллях гарадскіх цякуць мядовыя крыніцы, і што кожны старавежац умее апоўначы шапкай злавіць чырвоную мятлушку, каб смажыць блінцы на яе незгасальным агні. Пасланцы Вялікага князя атрымалі «гарбуза». Ды, пакуль яны ўгаворвалі ўпартых месцічаў прымірыцца з князем, сталася яшчэ горш – за пошасцю пачаўся шал... Карагод смерці.

Біскуп, дасланы ў Старавежск Вялікім князем, спалохана і трохі грэбліва назіраў з вакна ратушы за шаленцамі, трымаючы ля носу ладанку з зёлкамі.

– Прасвяты Божа, што рабіць? Палова магістрату скача... Настаяцель храма! Цэлы дзень сядзім тут, як у аблозе... Можа, паслаць варту – спыніць іх?

– Бескарысна,– Гервасі Бернацоні, лекар Вялікага князя, што прыехаў разам з біскупам, абыякава скрывіў тонкія вусны.– Я бачыў падобнае шмат разоў. У Фларэнцыі гэта называецца скокі святога Гюі. У Эльзасе – скокі святога Віта. У Кёльне шаленцы звярталіся да святога Ёгана... Тутэйшыя, ліцвіны, заклікаюць святога Юр’я... Я называю гэта скокамі смерці. Звычайна такое здараецца, калі пошасць забірае больш за палову жыхароў места.

Адна з жанчын шалёнага карагоду ўпала. Двое смельчакоў з варты падбеглі і адцягнулі кабету – яна была нібыта спруцянелая, толькі ногі ў збітых да дзірак кабцях усё яшчэ тузаліся, усё яшчэ працягвалі смяротны танец ды з вуснаў, на якіх засохла шэрая ад пылу пена, вылятаў ціхі хрып:

– Ю-у-у-ры-ы...

– Божы праклён...– пакорліва прашаптаў біскуп.

Бернацоні скептычна паціснуў плячыма.

– Хто кажа – праклён, хто – наадварот...– Лекар прымружыў чорныя жорсткія вочы, углядаючыся ў рух на пляцы.– Дзвесце гадоў таму маленькі пастух з Клоэ пачуў голас з неба і павёў тысячы дзяцей у крыжовы паход, адваёўваць Святую зямлю... Яны гэтаксама скакалі і крычалі, прарокавалі і круціліся да знямогі. А Папа іх блаславіў, як абранцаў Божых.

– Дзеці – бязвінныя істоты,– важка прамовіў біскуп.– Яны бліжэй да анёлаў, чымся мы, грэшнікі... Святы Дух часцей гаворыць праз іх.

Бернацоні паківаў галавой і прамовіў з перабольшанай ветлівасцю:

– Праўда, мне нехта расказваў, тых блаславёных вашым Папам дзетак генуэзскія купцы пагрузілі на караблі і завезлі на турэцкія рынкі рабоў.

Біскуп зразумеў прыхаваную насмешку, але змаўчаў. Адкрыта пярэчыць Гервасію Бернацоні не наважыўся б ніхто: усе ведалі, што пры Вялікім князі ён больш чым лекар – таемны дарадца. З’явіўся пры двары яшчэ тады, калі князь звязаўся з ерэтыкамі-гусітамі і нават пляменніка паслаў па чэшскую карону... Тады і панаехала розных – мніхаў-раскольнікаў, худых, як бізун, з фанатычна палаючымі вачыма, вучоных шарлатанаў са змяінымі ўсмешкамі... Прага ўяўлялася біскупу вялікім Бабілонам. Бернацоні шмат гадоў жыў у тым вяртэпе, і чым займаўся, добраму хрысціяніну лепш не ведаць. Лекар сапраўды ён выдатны. І тлумач дзіўны, мабыць, нават на мове латафагаў гаворыць...

«Вось толькі на мове анёлаў табе, браце, не гаварыць»,– помсліва падумаў біскуп.

– І ўвогуле, чаго вы так пераймаецеся? – працягваў Гервасі.– Я разумею, у гэтай краіне такое ўпершыню... Вы не ведаеце, што гаварыць новай пастве... Але каб не скокі, было б горай. Пошасць і шаленства – справядлівае пакаранне за гардыню. І своечасовае.

Біскуп з жахам зірнуў на смуглявы, у прыцемку бронзавы, твар лекара.

Бернацоні холадна ўсміхнуўся:

– Толькі не кажыце, святы айцец, што не ведалі пра невымерную гардыню гэтага горада – стацца ліцвінскай Генуей... Вялікі князь думае, як захаваць сваю дзяржаву, як прымірыцца з братам, як адбіць татараў і русічаў – яму не да выбрыкаў «вольнага места». Успомніце, як Вашая правялебнасць паводзілася мінулым днём, калі добрыя месцічы сабраліся пад гэтым вакном ды пачалі гарлаць сваё «Ганьба!» ды патрабаваць веча! Да таго ж, прыхільнікаў Папы ў горадзе не шмат... Ці не вы мяне прасілі неяк утаймаваць гарлапанаў?

Біскупа перасмыкнула.

– Я зусім не ўяўляў, што гэта станецца так... Гэта... больш падобна на жахлівае чараўніцтва.

Бернацоні раздражнёна запярэчыў:

– Калі б гэтыя людзі ўжо не мелі ў сабе душэўнай хваробы, ім не пашкодзіла б нішто... І я, не варты, імчаў бы зараз з вамі да Вялікага князя з вялікай ганьбай...

– Але ў коле апынулася і некалькі нашых вояў!

Бернацоні холадна ўсміхнуўся:

– Што ж, небаракам не пашанцавала... Але калі чалавек апынаецца ў нядобры час у нядобрым месцы, хіба і ў гэтым няма праявы Божае волі? Гасподзь разбярэ на Судзе, хто праведны, хто грэшны. І Ён сам выбірае інструменты, якімі выконваецца Ягоная воля. Так што не дратуйце сваё сумленне, Ваша правялебнасць, гэта было неабходна. Падайце знак, каб паставілі вакол пляца варту, абвясціце скокі Божым праклёнам і чакайце.

Карагод трохі суцішыў рух. Яшчэ некалькі чалавек упала. Мніх заенчыў і паспрабаваў вырвацца з кола... Але зноў ударыў звон, і яму азваліся гадзіннікі ў ратушы – Бернацоні паўсюль вазіў за сабой сваю каштоўную калекцыю, нечуванае цуда для Старавежска. Тут нават на ратушу гадзіннік не сабраліся паставіць, як зрабілі гарадзенцы. Не да гадзіннікаў было гарадской радзе – войны бясконцыя... Толькі адбілі русічаў – татары... Вялікі князь даніны патрабуе, кароль польскі зманьвае да Кароны... Усім патрэбны слаўны Старавежск, усе хочуць садраць з ягонае ратушы белы штандар з чырвоным, нібыта ўзыходзячае сонца, коннікам...

А ў Бернацоні гадзіннікі, як у каралеўскіх палацах – падобныя да маленькіх храмаў, аздобленых рознымі фігурамі... І цэлых дванаццаць. Тахкаюць, нібыта кузні хохлікаў. Калісьці біскуп не супраць быў адзін займець. Але хіба пражскі прыхадзень падорыць... Не вымяняў і на велізарны аметыст у аправе з белага золата (у біскупа была свая слабасць да прыгожых рэчаў). Але цяпер, калі біскуп ведае моц гэтых гадзіннікаў, нізавошта не згадзіўся б трымаць такі ў сваім доме.

Між тым небаракі, апантаныя скокамі, нібыта гукі падагналі іх, закруціліся з новай моцай.

Сонца зусім схавалася за цёмным вострым абрысам царквы. У водблісках вогнішчаў, якія гарэлі на ўсіх кутах пляца, імкліва рухаліся злавесныя цені. Важкі залаты ланцуг, сведчанне доктарскага звання, цьмяна пабліскваў на грудзях княжскага лекара.

– І колькі гэта будзе доўжыцца? – з роспаччу прамовіў біскуп.

– Пакуль яны ўсе не памруць,– спакойна адказаў Гервасі.

– Анэта! Ачніся! Анэ-та!

Я страсянула галавой, пазбаўляючыся шматкоў жаху. Зноў задрамала на працы. Ну не прывыкла я ўставаць а пятай раніцы, спадарове. І зноў гэты сон! Хаця рэальнасць была таксама непрыветнай. Кнігі, якімі я гандлявала, стракацелі вакол, нібыта экзатычныя птушкі... Якія там птушкі – не ўсе з іх маглі прыпадобніцца нават да чучала, на якое паляўнічыя ловяць даверлівых крылатых ахвяраў...

– Анэта! Спіш, як на лекцыі! Вось дык сустрэча! А я думаю, чаго даўно тваіх артыкулаў не бачна. У бізнес падалася!

Аркадзь, колішні аднакурснік, гладкі і вясёлы, як новы парцалянавы гляк, усміхаўся на ўсе зубы. Не люблю, калі знаёмыя бачаць мяне за новым заняткам. Была журналістка – стала гандлярка... Наймічка...

І тут стракатае царства кірмашу на хвілю для мяне абязгучылася, быццам я нырнула пад ваду. Прычынай таму быў спадарожнік Аркадзя, сінявокі брунет у чорным швэдары, на погляд некаторых (а калісьці і мяне), досыць сімпатычны.

– Прывітанне, Ганна.

– Прывітанне, Юрась.

Спадзяюся, у маім голасе было дастаткова льдзінак. З былымі мужамі трэба размаўляць голасам Снежнай Каралевы.

А Юрась здорава змяніўся... У плячах стаў шырокі, а вусны, калісьці па-юнацку пульхныя, усмешлівыя, сурова сціснутыя. На шчацэ з’явілася некалькі шнараў. І валасы коратка стрыжэ, гэткі непаслухмяны цёмны «вожык» атрымаўся – а калісьці хадзіў з доўгімі валасамі, як паэт эпохі рамантызму. Толькі вочы па-ранейшаму сінія, і бровы прамыя, сыходзяцца ўпарта над пераноссем. Недагледжаны нейкі... Рукавы швэдару даўжэзныя, джынсы працёртыя... Але на руцэ блішчыць заручальны пярсцёнак (ператвараюся ў старую дзеўку, якая імгненна і зайздросна заўважае падобныя дэталі). Адзінаццаць гадоў, як апошні раз бачыліся. Дый колькі мы па-сапраўднаму былі разам – смешна прызнацца. Здараецца, букет хрызантэмаў даўжэй прастаіць... Студэнцкае вяселле, так бы мовіць. Ідыётка... Не, каб прыняць заляцанні Аркадзя, сына загадчыцы сталоўкі, была б сёння такой жа дагледжанай і не стаяла б за кніжным прылаўкам.

– Нармальна, Анэта. Ты хоць кніжкі прадаеш, а я з унітазаў пачынаў,– Аркадзь, відаць, заўважыў, што я бянтэжуся.– Так-так, сем гадоў таму я сантэхніку вазіў з Польшчы. Пасля магнітафоны з Нямеччыны... Потым аўто ганяў ажно з Галандыі.

– А цяпер што возіш? – змрочна запыталася я.

Страшэнна злавала, што Юрась моўчкі глядзеў убок, нібыта баяўся падняць на мяне вочы.

Аркадзь шчыра зарагатаў:

– Цяпер нічога вазіць не трэба! Таму што нерухомасцю займаюся. Не-ру-хо-мас-цю! Другім прадаю, сам купляю. Я цяпер усё роўна што князь – замак маю!

Юрась спадылба кінуў на сябрука скептычны позірк, і Аркадзь раздражнёна ўдакладніў:

– Ну не замак, не замак... Вежу. Але дзе? У Старавежску, на пляцы! У цябе яшчэ вялікі артыкул пра гэтае мястэчка быў, памятаеш?

Яшчэ б не памятаць! Пасля гэтага артыкула мяне і пагналі з газеты. Аркадзь ззяў, як дзіця, якому купілі дарагі канструктар. Кабета ў жоўтым мешкаватым пінжаку адсунула гасцей ад майго прылаўка, каб пагартаць таўшчэзны том ілюстраванай «Энцыклапедыі эзатэрычных сімвалаў». Але я не расхваліла ёй «захапляльны трактат таемных ведаў», а пачала распытваць Аркадзя з былой журналісцкай «хваткай»:

– Чакай, як табе маглі прадаць ратушу? Гэта ж гістарычны помнік!

– Вядома, гістарычны,– задаволена згадзіўся былы аднакурснік.– Чатырнаццатага стагоддзя пабудова. Але ты ж сама пісала, у якім яна жахлівым стане, развальваецца. Даху няма. Унутры – дрэвы растуць. Яшчэ крыху – засталася б груда камянёў. Раённае кіраўніцтва радуецца, што збылі. Каму справа?

– Ну хаця б мясцовым краязнаўцам! – абурылася я.– Сама з імі сустракалася. Зацятыя...

Аркадзь толькі паціснуў плячыма.

– Знайшла сілу – «краязнаўцы»... Вялікіх падзей з той вежай не звязана, партызаны ў ёй штаб не ладзілі... А я адрэстаўрую і адчыню шыкоўны гатэль і рэстаран. Турыстычны комплекс будзе! Вакол запаветныя лясы, на паляванне ды рыбалку з усяго свету людзі ездзяць. А ты, Анэта, дарэчы, не думаеш працу мяняць? Мне добрыя менеджэры патрэбныя. А ты ж у нас на курсе «зорка» была. Самая таленавітая. Да таго ж мовы ведаеш... З тваёй польскай ды нямецкай можна хоць у амбасаду перакладчыцай!

У былыя часы я б зацялася і пачала абараняць гістарычны помнік ад чарговага нуворыша... Але юначы рамантызм даўно сышоў з мяне, як пазалота з вокладкі забытай пад дажджом кнігі... Дый Юрась ранейшы нават рукі б не падаў чалавеку, які перарабляе вежу чатырнаццатага стагоддзя на турыстычны комплекс. «Вернем свае фальваркі, вернем лясы і паркі, і калісьці непазбежна мы адродзім усю краіну...»

Ага, адраджаем... Забяспечваем польскімі ўнітазамі і расейскай бульварнай літаратурай...

Кірмаш гуў, як мора ў ракавінцы, прыкладзенай да вуха, то сціхаў, то мацнеў, і нельга было зразумець, дзе ягонае сэрца. Кабета ў жоўтым пінжаку адышлася, так і не адшкадаваўшы грошай на «Энцыклапедыю эзатэрычных сімвалаў».

– Дзякуй, Аркадзь, за прапанову... Але...

Аркадзь не пакрыўдзіўся.

– Добра, падумай. Вось табе мая візітоўка... І ты тэлефончык скажы, а то знікнеш у сваёй звычайнай манеры – моўчкі і бясследна, як Снягурка.

Я атрымала з панскіх рук візітоўку з залатымі літарамі і... гербам. Вось табе і сын загадчыцы сталоўкі! У абрысе шчыта, падобнага да вакенца ў дэкарацыі мальераўскай п’есы – вежа. Сапраўды заманулася Аркадзю Баркуну князем стаць.

– А ты, Юрась, таксама гандлюеш? – як мага больш абыякава спыталася я.

– Я рэстаўратар,– ціха прамовіў мой былы муж, нарэшце на мяне зірнуўшы.

Мне не ўдалося схаваць здзіўлення.

– Ты ж на журфаку вучыўся!

– На журфак мяне бацькі ўладкавалі, быццам не ведаеш,– Юрась усміхнуўся ранейшай юнацкай усмешкай.– Які з мяне журналіст. Гульню ў словы я не люблю. Калі мяне адлічылі – я не сумняваўся, што правільна. Адслужыў у арміі, скончыў Віцебскую мастацкую вучэльню, працую вось...

– Ён проста занадта сціплы,– дакорліва сказаў Аркадзь.– Юрась у нас – знаны спецыяліст. Я і сам з ім раюся, і кліентаў сваіх скіроўваю. Дарэчы, пра птушак... А ці не паспяшацца нам, сябра? Спознімся... Ну, Анэта, рады быў пабачыцца. Тэлефануй!

Юрась прамовіў сваё «бывай», і ўладальнік вежы пацягнуў яго ў бок лесвіцы, дзе быў антыкварны салон. Апоўдзень там чакаўся аўкцыён.

Я зноў уладкавалася на сваё крэселка за прылаўкам. Прыйшла восень, самотная, пакрыўджаная, адгарадзілася ад свету халоднымі кратамі дажджоў і лістабоем. Рудых заўсёды крыўдзяць, а я – таксама рудая, як восень... І такая ж самотная. Хацелася схавацца, скруціцца клубком, як кацяняці... Што я зрабіла са сваім жыццём? Вось – з’явіўся чалавек, які – маё першае каханне, і нічога асаблівага ў душы... Вядома, нешта зварухнулася, абарвалася ў грудзях – але разбітае акно выклікала б болей эмоцыяў.

Прыкмецілі мы адно аднаго яшчэ на першым курсе. Я была гэткай самаўпэўненай дзяўчынкай з рудой касой да пояса і страшэнна баялася выявіць сваю «правінцыйную», як я лічыла, сарамяжлівасць, нешта зрабіць «не па-сталічнаму» (і колькі глупстваў зроблена з-за гэтага!). А Юрась Дамагурскі быў трохі няўклюдным гарадскім юнаком з доўгімі кудламі, старасвецкай выхаванасцю ды начытанасцю. Усе ведалі, што Юрасёў бацька – мовазнаўца, і не дзіваваліся, што Юрась размаўляў паўсюдна на мове. А я вырасла на раманах Караткевіча, маці мая выкладала беларускую літаратуру і як найвялікшыя рэліквіі збірала кнігі з аўтографамі беларускіх паэтаў... Таму калі на лекцыях выкладчык пачынаў расказваць, напрыклад, пра гераічнае змаганне беларускага народа з Напалеонам, Юрась гучна згадваў пра Радзівілаў, якія былі на баку французаў, а з другога кута аўдыторыі я задавала сваё пытанне пра вызвольны полк Княства Літоўскага, які французы набіралі на нашых землях. Выкладчык нерваваўся, а мы лічылі сябе ледзь не інсургентамі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю