355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 30)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 30 (всего у книги 32 страниц)

Адзін з першых фільмаў, у якім зняўся Студэнт, быў фільм пра героя Айчыннай вайны. Галоўнае месца ў сцэнарыі займаў аналіз вытокаў гераізму вышэйпамянёнага героя. Гледачоў павінен быў расчуліць падрабязны аповед пра даваеннае жыццё юнака-камсамольца, крышталёва чыстае, з першым каханнем і строгімі маральнымі нормамі. Каханая героя, згодна сцэнарыя, была скрыпачкай з інтэлігенцкай сям’і. Іграла гераіню нікому не вядомая маладзенькая актрыска. Калі Студэнт з масоўкі ўпершыню пабачыў яе ў студыйным павільёне, нечакана ўзрушыўся: круглатварая, з блакітнымі вачыма, акуратненькім кірпатым носікам з рабацінкамі і коратка падстрыжанымі мядовымі валасамі дзяўчына ўвасабляла сабою цноту і чысціню. Да таго ж яе здымачны касцюм ідэальна садзейнічаў такому ўражанню: блакітны берэцік, белая блузка-матроска, строгая сіняя спадніца, белыя шкарпэткі і парусінавыя туфлікі ў колер берэціка, нарэшце скрыпічны футарал. Уся гераіня была такая ладненькая, вясёленькая, крыху наіўная... Студэнту прыначылі разам з іншай масоўкай увасабляць удзячных слухачоў чароўнай скрыпачкі.

Граць на скрыпцы актрыска не ўмела. Кашэчыя гукі, якія яна здабывала з беднага інструмента, цяжка было назваць музыкай. Але Студэнт пляскаў у ладкі на поўным сур’ёзе. Спадабалася яму і тое, як незалежна кіўнула гераіня рэжысёру пасля заканчэння здымак і лёгкай хадою накіравалася ў пакойчык для артыстаў. Студэнт, як свой чалавек, пашыбаваў следам.

У пакойчыку, як заўсёды, было страшэнна накурана. Чалавек дзесяць, мужчыны і жанчыны, размаўлялі перабольшана гучнымі галасамі, залівіста смяяліся, прычым вочы іх заставаліся сур’ёзнымі і холадна назіралі рэакцыю субяседніка. Студэнт прысеў на падваконне, нехта адразу папрасіў у яго прыкурыць. Але ўвага студэнта была цалкам скіраваная на яго Даму. Бо яна была тут: напаўляжала ў крэсле, прыстроіўшы гладкія стройныя ножкі ў белых шкарпэтках на спінку другога крэсла. Прычым на гэтым другім крэсле сядзеў сярэдніх гадоў кіношнік у джынсавым строі і час ад часу пагладжваў ножкі артыстачкі, адпускаючы даволі салёныя кампліменты. Артыстачка рагатала, задзірліва адкідаючы галаву з блакітным берэцікам – трымаўся, як прыклеены, і паміж моцнымі зацяжкамі адказвала патокам найбруднейшай лаянкі. Словы, якіх Студэнт з прычыны недасканалага выхавання нават не ўсе ведаў, зляталі з ружовых вуснаў лёгка і нязмушана, быццам гімназістка пачатку стагоддзя цытавала Ігара Севяраніна. Чамусьці Студэнту захацелася заплакаць. Хаця якая на тое магла б быць прычына? Няўжо дзеці і пасербы сучаснага мастацтва здольныя расчароўвацца і плакаць?..

Перапынак скончыўся. Гераіня апусціла бліскучыя ножкі на зашмальцаваную падлогу, раздушыла недакурак у сіняй шкляной попельніцы, падобнай на расплясканую чарнільніцу, і пайшла мучыць скрыпку.

Студэнт ведаў на кінастудыі ўсе хады-выхады, і непрыкметна сышоў пад травеньскае сонца, не такое яркае, як пражэктары ў павільёне, затое яго ніхто не мог уключаць, выключаць, прыгашваць або захінаць фільтрамі, каб атрымаць «светлавыя эфекты»...

Праз месяц Студэнта ў першы раз адлічылі з інстытута. Фільм выйшаў на экраны, узяў належную колькасць прызоў на ўнутрысістэмных дзялёжках і сышоў у небыццё.


Іван Сяргеевіч

Запаў у памяць зусім нязначны эпізод. Здымалі фільм пра падзеі 20-х гадоў. Недзе ў Вілейскім раёне знайшлі чыгуначную станцыю са старым даваенным вакзальчыкам, прыгналі туды музейны паравоз, некалькі вагонаў і – дабіты студыйны аўтобус з масоўкай (кіношнікі ездзяць толькі на «рафіках»).

Цягнік пад’язджаў да станцыі са страшэнным скрыгатам і дымам, як паранены цмок, а масоўка павінна была хадзіць па пероне і ўвасабляць сустракаючых, праваджаючых і ад’язджаючых. Рэжысёр паклікаў мажнага, з бабскім азызлым тварам пажылога мужчыну:

– Іван Сяргеевіч, прайдзіся!

Мужчына падхапіў рэквізітны клуначак, дачакаўся каманды і пайшоў па пероне няспешнай, у развалку, хадою немаладога стамлёнага селяніна. Ён выглядаў настолькі натуральна, што астатнія ўдзельнікі масоўкі выглядалі як заведзеныя лялькі з механічнымі рухамі і дзіка напружанымі тварамі.

Але Іван Сяргеевіч акцёрам не быў. І нават ніколі «на акцёра» не вучыўся. А быў ён капітанам у адстаўцы і ўсё жыццё праслужыў у інтэнданцкіх часцях. Цяпер жа зрабіўся Іван Сяргеевіч заслужаным масоўшчыкам. У кожных здымках ён не проста «ўдзельнічаў», а іграў ролю. Калі яму не даручалі нічога канкрэтнага, сам прыдумляў сабе вобраз і па-майстэрску ўвасабляў. Усе кіношнікі, ад рэжысёра да памрэжа, ведалі Івана Сяргеевіча і любілі «натуралізаваць» ім кадр.

Нездарма Іван Сяргеевіч прыкіпеў да кіношнай справы. Быў у яго натуры дагэтуль прыціснуты вайсковым уставам, а цяпер выпушчаны на волю чорцік. Не прапускаў Іван Сяргеевіч ніводнай дзяўчынкі з масоўкі, частаваў цукерачкамі, ціскаў і цалаваў на правах «дзядулі». Любіў падкаціцца і да жанчын старэйшых. А з сабою, між іншым, заўсёды меў ладны харчовы запас, падрыхтаваць які можа толькі добрая жонка – запечаную ў фальзе курыцу, гарачыя бутэрброды-тарталеткі, хатнія булачкі...

Неяк здымалі на «Партызанфільме» (такую мянушку далі мясцовай кінастудыі ў блізкім замежжы) чарговы фільм пра вайну. У касцюмернай размяркоўвалі «ролі» сярод масоўкі. Хтосьці мусіў быць партызанам, хтось – савецкім салдатам-акружэнцам, хтось – нямецкім салдатам... Івану Сяргеевічу, як віднаму мужчыну з ваеннай выпраўкай, надалі званне афіцэра СС. Ён звыкла зацягнуў папругу, зашпіліў пад тлустым адвіслым падбароддзем жорсткі, як кардон, каўнер і бадзёрым крокам пашыбаваў па калідорах студыі...

Здымкі адбываліся «на натуры». Непадалёк ад горада выбудавалі цэлы партызанскі гарадок – зямлянкі, акопы, а таксама «папялішчы і руіны». Прыгналі туды і сапраўдны танк з бліжэйшай вайсковай часці. Танк замаскавалі пад нямецкі, а трох худзенькіх бялявых хлопчыкаў, што абслугоўвалі яго, пад нямецкіх салдат. Жаласныя такія немцы атрымаліся... Іван Сяргеевіч, як чалавек ваенны, адразу пацягнуўся да танкістаў, узяў іх, так бы мовіць, пад сваю аўтарытэтную каманду. Між тым час ішоў, здымкі не пачыналіся, а рэжысёр нешта гаварыў пра цудоўнае вечаровае асвятленне і заходзячае сонца.

Надышоў палудзень спякотнага ліпеньскага дня. І трэба ж было такому здарыцца, што менавіта ў гэты дзень Іван Сяргеевіч прыйшоў на здымкі без заўсёднай «сабойкі». Уважлівы назіральнік мог бы таксама заўважыць нешта новае ў абліччы заслужанага масоўшчыка – некалькі паралельных драпін каля парослага сівым воласам вуха. Масоўка блукала па бліжэйшых лясочках, кіношнікі часткова замкнуліся ў маленькім павільёне, часткова загаралі... Будан, у якім павінна была працаваць паходная студыйная сталоўка, стаяла замкнёная на бліскучы новенькі замок. Салдацікі пры танку, зразумела ж, маглі толькі коўтаць сліну і не насмельваліся нават адысціся ад сваёй баявой машыны, каб сарваць якую ягадзіну. Калі Івана Сяргеевіча пачала пакідаць звычайная жыццярадаснасць, ён, як чалавек ваенны і да таго ж фактычны кіношнік, вырашыў дзейнічаць і хуценька шляхам размоў з тутэйшымі непаўналетнімі жыхарамі, што звыкла пазбягаліся глядзець, як здымаюць кіно, зрабіў рэкагнасцыроўку на мясцовасці. Танк сціпла хаваўся на ўскрайку лясочка, у цені дрэў. Іван Сяргеевіч на бягу раўнуў распранутым да пояса танкістам-дахадзягам, што паныла абселі размаляваную браню:

– Гатоўнасць нумар адзін! Па машынах!

Хлопцы, пасля невялікага тлумачэння баявога задання, хуценька апранулі агідную варожую форму і занялі адпаведныя месцы ў танку. Іван Сяргеевіч прыстроіўся збоку, на брані, адной рукой трымаючыся за нагрэтае жалеза, а другой прытрымліваючы велікаватую фуражку з чэрапам і арлом.

– Паехалі!

Да невялічкага хутара на ўскрайку радавой савецкай вёскі пачатку васьмідзясятых гадоў са страшэнным рэвам падкаціў танк са свастыкай на баку і фашысцкім афіцэрам на брані. Афіцэр саскочыў на зямлю, адным ударам бліскучага бота адчыніў варотцы і вальяжным крокам увайшоў на двор. На акне хаты матануліся фіранкі, і на ганак выскачыла прыгорбленая бабулька, якая адразу пачала аддаваць зямныя паклоны. Эсэсавец у хату, аднак, не пайшоў, але загэргэкаў да болю знаёмае:

– Матка! Яйка, сала, шнэль!

Паўтараць не давялося. Сітуацыя была адназначнай. Бабулька, не ўдаючыся ў філасофскія роздумы пра паралельнасць сусветаў і ўзаемапранікненне часавых зрэзаў напакавала ладны клунак і з паклонам падала праклятаму акупанту. Афіцэр схапіў здабычу і са словамі «Гут, гут, аўфідэрзэйн, фрау!» ускочыў на танк, які адразу ж рушыў з месца.

Толькі калі на дарозе аселі апошнія клубы пылу, бабулька кінулася бегчы ў вёску да сваёй найвышэйшай інстанцыі – старшыні калгаса.

Прыкры выпадак удалося замяць. У ахвяры папрасілі прабачэння, заплацілі ўжо не ведаю з чыёй кішэні – за канфіскаванае. З Іванам Сяргеевічам пагаварыў сам рэжысёр – праўда, размова атрымалася нейкая несур’ёзная... А што зрабілі з галоднымі танкістамі – ведае толькі вайсковае кіраўніцтва. А тое, што датычыць вайсковага кіраўніцтва, як вядома, ваенная тайна...


Лапуля

Такія прыгожыя дзяўчаты сустракаюцца толькі ў калідорах кінастудый. Іх немагчыма ўявіць з банальнай хімічнай завіўкай або ў чарзе за каўбасой. Здаецца, дзьмухнеш на такую, і яна паляціць у расчыненае акно, як празрыстая шаргатлівая папера для кветак... Жанчыны пры першым поглядзе на падобную прыгажуню інстынктыўна думаюць «Дурніца», а мужчыны гэтак жа інстынктыўна – «Распусніца».

Можа быць, Ліліяна і не была дурніцай – па яе агромністых, напалову лялечнага тварыку, вачах немагчыма было вызначыць узровень яе інтэлекту. На здымачнай пляцоўцы Ліліяна апынулася адразу пасля заканчэння школы. У інстытут або якую вучэльню прыгажуня і не спрабавала паступаць – навошта? Перад вачыма заўсёды быў прыклад рэжысёрскіх жонак і каханак, якія атрымлівалі галоўныя ролі, якіх улагоджвалі, як каралеў, і якім відавочна не спатрэбілася праходзіць творчыя конкурсы... Бацькі ўладкавалі Ліліяну некуды лабаранткай, але, зразумела, яе асноўнай прафесіяй і марай было кіно. Ліліяну часта запрашалі быць памрэжам – дапамагаць бабульцы-загадчыцы масоўкі. Дзяўчына збірала ў ахвочых рамантычнага заробку пашпарты, перапісвала дадзеныя адтуль у спецыяльныя табелі, пасля выдавала квіткі на аплату за ўдзел у масоўцы... Масцітыя кіношнікі ласкава ўсміхаліся Ліліяне, але спакусных прапаноў чамусьці не рабілі...

Нарэшце на здымках сатырычна-фантастычнага фільма Лапулі пашанцавала: ёй прапанавалі эпізадычную ролю. У павільёне збудавалі з квадратных упаковак ад яек «лабараторыю сусветна вядомага вучонага», які вынайшаў эліксір бессмяротнасці. Праз увесь павільён у «лабараторыю» стаяла «чарга» за названым эліксірам. Ліліяна павінна была сыграць сучасную піжонку, якая ў абдымку са сваім піжонам падыходзіць да чаргі і кажа: «А можа і нам стаць?», на што хлопец адпускаў сваю сацыяльна завостраную рэпліку, зместам «на што нам гэта трэба». Вось, у прынцыпе, і ўся роля. Партнёрам Ліліяны мусіў быць малады высокі кіношнік у белых штанах. Ён нейкі час папалохаў Ліліяну спецыяльнымі акцёрскімі практыкаваннямі для голасу, гучна прамаўляючы над яе ружовым вушкам свае «уі-оі», «бо-бэ-бі-бе», так што Ліліяне было страшэнна няёмка. Пасля кіношнік па-гаспадарску абняў масовачную Лапулю, і пачалася невялічкая рэпетыцыя. Лапуля страшэнна хвалявалася, хаця яе вялізныя вочы па-ранейшаму нічога не адлюстроўвалі, да таго ж іх прыкрывалі выдадзеныя касцюмершай цёмныя акуляры. Джынсікі спакусна абцягвалі адпаведныя Лапуліны месцы, аднак вымаўленне адзінага даверанага сказа ніяк не ладзілася. Рэжысёр зноў і зноў прымушаў Лапулю паўтараць сакральнае: «А можа і нам стаць?» Лапуля старалася, як магла. То падвышала голас у канцы фразы да хлапечага дысканта, то вымаўляла словы з млявым прыдыханнем, то міла расцягвала іх, але рэжысёр чамусьці нерваваўся і ўздыхаў, а партнёр пагладжваў Лапулю па плечуку і лагодна прыгаворваў:

– Нічога, Лапуленька, у тваім выпадку словы – не галоўнае...

Нарэшце рэжысёр махнуў рукой:

– Сыдзе... Не такое сыходзіла...

Вымавіўшы сваю рэпліку перад камерай, Ліліяна адчула незвычайную палёгку і радаснае ўзрушэнне. Усе наступныя дні здымак праляцелі ў ружовым тумане. Ліліяна адчувала сябе зусім «сваёй», прынятай у вузкае кіношнае кола. Адзін з асістэнтаў рэжысёра нават двойчы праводзіў яе дадому, але, пачуўшы, што Лапулі яшчэ няма васямнаццаці, неяк засумаваў і аддаліўся.

Ліліяна выпісвала квіткі або проста блыталася па студыі, стараючыся найчасцей сутыкацца з рэжысёрам. Касцюмершы, грымёршы ды іншыя кіношныя жанчыны ўпотай ненавідзелі Лапулю і ніколі не запрашалі ў перапынках на каву ці гарбату, хаця самі заўсёды збіраліся гаманлівымі купкамі вакол тэрмасаў і кававарак. Асвятляльнікі ды іншыя рабацягі выяўлялі да Лапулі інтарэс, але не маглі разлічваць на аналагічнае пачуццё з яе боку. Лапуля меціла вышэй! Пачатак кар’еры быў бліскучы, і рэжысёр ужо два разы ўшчыкнуў яе пры «выпадковых» сустрэчах.

Але здымкі закончыліся, а ў жыцці Лапулі нічога не змянілася. На агучванне яе нават не запрасілі, а ў цітрах пераблыталі першую літару прозвішча. Да таго ж рэжысёр аказаўся жанатым язвеннікам.

Колькі Лапуля болей ні хадзіла на здымкі, «на эпізод» яе не запрашалі. Чарговы асістэнт рэжысёра праводзіў яе да дому, каб пасля шматзначна апавядаць у студыйнай курылцы пра тое, чаго не было. А Ліліяна любіла заставацца адна ў касцюмернай і ўсё прымервала на сябе чужыя касцюмы і парыкі, надаючы свайму вытанчанаму тварыку тыя выразы, якія маглі б на ім з’явіцца ў тых сітуацыях, якія з Ліліянай ніколі не адбываліся...

Ах, мастацтва, мастацтва... Ты ў жыцці не што іншае, як белыя пялёсткі вакол брудна-зялёнай кветкавай сарцавіны з будучым насеннем. Па сутнасці, значэнне мае толькі гэтая някідкая сарцавіна. А пялёсткі – што яны? Заваба для дурных матылёў і летуценных дзяцей чалавечых... Аздоба жыцця... І як рэдка – твайго...


Эпілог

Жыццё складаецца са статыстаў. «Зоркі», воляю лёсу або сілай уласнага таленту выштурхнутыя з агульнай масы наверх, як бурбалкі ў вары, належаць ужо не гэтаму жыццю. Яны, хто адразу, хто – пакрысе, хто – лёгка, хто – праз перашкоды, усплываюць да светлага праёму наверсе і – порх! – іх ужо няма, толькі срэбны след на паверхні ды лёгкія хвалі... А астатнія – дробныя малекулы, розныя па сваіх вартасцях, моцна счэпленыя няўмольным узаемным прыцягненнем і назаўжды пакараныя ўтрапёным ўзаемным адштурхоўваннем? Хіба ім не хочацца ў тое светлае, што наверсе? Але вар жыцця кіпіць, шпурляе кожнага то ўверх, то ўніз, балюча стукае аб цвёрдыя грані рэальнасці, прыціскае да самага распаленага дна... А яны ўсё роўна прабіраюцца наверх – маленькія людзі з неўсвядомленай прагай душы, складваюцца ў віры, адштурхоўваюць адзін аднаго, прылепліваюцца адзін да аднаго, і мараць, і пішуць па начах нязграбныя вершы, і купаюцца ў гарадскіх фантанах, таму што там – нельга, і нараджаюць дзяцей, каб навучыць іх таму, што не ўмеюць самі – усплываць да святла...

Мігціць экран, створаны з маленькіх цёмных і светлых кропачак, быццам таксама віруе...

Я люблю вас, людзі масоўкі!

1995

Адзінка

Фантастычнае апавяданне

Вядзьмак сядзіць на лаўцы каля свайго пад’езда. У руках – кульбачка, твар – у цені вялізнага капелюша, ногі – у залапленых валёнках з галёшамі. Нават пад’ездныя п’яніцы даўно страцілі надзею займець ад гэтага глухога жабрака нейкую капейчыну – хоць выпрошвалі на «апахмелку» і ў скупечы-пракурора з першага паверха, і ў высокамаральнай піянерважатай з пятага. Вядзьмак адсутным позіркам глядзіць у сціснутую шматпавярховікамі далеч, і бліскучыя зялёныя мухі грэюцца на ягоным шырокім капелюшы.

Хоць Вядзьмак можа вокамгнена зрабіцца падобным вось да таго бізнесмена, што вылазіць з перламутравага «Мерсэдэса» ў швейцарскім плашчы, белай кашулі і гальштуку за сорак «баксаў»... Нічога не варта Ведзьмаку нарабіць сабе цэлы мех гэтых «баксаў» – як некалі рабіў залатыя дынары... Дык то ж было золата! А гэтыя паперкі... Цьху! Збяднеў свет, здрабнеў... І не адчувае больш Вядзьмак тае дзёрзкай, п’янкой прагі жыцця, якая штурхала яго на самыя неверагодныя ўчынкі і здзяйсненні і аднойчы аддала ва ўладу таго, чыё імя неназыванае... Але гэты той, Уладар Цемры, нічога дарэмна не дае... Ён падзяліўся з Ведзьмаком сваёю ўладаю, але ўзамен пасяліў у яго душы пустэчу, страшную, халодную, безнадзейную... Якая ўсё пашыралася і пашыралася... І ўрэшце затапіла ўсю ведзьмакову істоту... Улада заставалася. Але Вядзьмак ведаў – варта яму ўжыць яе – і ўзрасце смяротны холад у душы. І наблізіцца на адпаведную адлегласць Яна... Смерць...

Да смерці Вядзьмак ставіцца, як чалавек з зубным болем да дантыста. З аднаго боку, ён ведае, што з візітам да доктара скончацца яго пакуты, але з другога боку, як мага далей адцягвае гэты візіт, баючыся новага непазбежнага і вострага болю... Як позна разумееш, што ў жыцці ўсё звязанае і за ўсё трэба расплачвацца. Свет – сістэма спалучаных сасудаў. Калі адвяргаеш дабро, яго месца займае зло... А пасля, калі зло адступае, дабро, якое вернецца на сваё месца, будзе, як палючы агонь. І будзе паліць, пракаляць грэшную душу, пакуль не выпаліць дарэшты праказу зла, усе язвы і пухліны. А калі хвароба сталася невылечнай, і метастазы зла працялі ўсю душу? Вечны агонь...

Вядзьмак прыплюшчвае выцвілыя вочы. Не, лепш сядзець пад ласкавым сонейкам на аблупленай лаўцы і адчуваць сябе жывым...

Да суседняга пад’езда зноў пад’язджае «іншамарка». Стары павольна пераводзіць позірк на машыны, што выстраіліся ўзбоч дарогі. Поскудзь... Вядзьмак з бяссільнай злосцю і бясконцай нудою глядзіць на нумарную шыльдачку бліжэйшай машыны: «МІГ 99-99». Дзевяноста дзевяць – дзевяноста дзевяць... Нумар недастатковасці. Ведзьмаку страшэнна хочацца дадаць да яго адзінку. Ну што б ад гэтага змянілася ў свеце? Пракляты свет... Пракляты двор... Праклятая машына... Пракляты нумар... Як быццам нехта не прычыніў дзверы, і з вузкай шчыліны б’е агідны ледзяны скразняк і вярэдзіць, і не дае адпачыць...

І Вядзьмак рашаецца. Намаганне волі нязначнае, як змірг – нават зялёныя мухі не ўзлятаюць з капелюша. І вось чорныя дзявяткі бліскучымі тлустымі п’яўкамі распростваюцца, змыкаюць галовы з хвастамі... Першая сціскаецца, скарачаецца... На акуратнай шыльдачцы – урачыстае і дасканалае 10-00. Але сіла, якая сышла ад Ведзьмака, застаялая, цёмная, няўрымсная сіла, не можа сканцэнтравацца і закончыцца ў адной – гэтай – кропцы... Як кругі ад кінутага ў ваду каменя, разыходзіцца яна па свеце і – да лічбаў нумароў усіх аўтамабіляў у свеце дадаецца адзінка... Усяго толькі адзінка... І ўсяго толькі на нумарах аўтамабіляў.

Ускраіна горада. Стандартны шматпавярховы мікрараён. Два міліцыянты спыняюць перламутравыя «мерсэдэсы». Дзень спякотны, і даішнікі выбралі месца непадалёк ад кіёска з квасам. Машыны праязджаюць рэдка, асабліва «мерсэдэсы». Нарэшце паказваецца адзін... Праўда, зусім не перламутравы.

– Ану, тармазнём...

Уладальнік машыны, лысаваты дзядзька ў сіняй майцы з надпісам «Мустанг» працягвае ўладарам дарогі адпаведныя дакументы.

– Звычайная праверка... Не хвалюйцеся.– Малады даішнік абыякава разглядае дакументы, машыну... Раптам позірк яго ўсвідроўваецца ў тэхпашпарт так, што шафёр, яшчэ не ведаючы, што здарылася, напружваецца, як перад ударам.

– Не ваша машына.

– Прабачце... Тут нейкая памылка... Я на гэтай машыне ўжо чатыры гады езджу. Усе ведаюць... і дакументы...

– Вось-вось, дакументы... У тэхпашпарце стаіць нумар сорак дзевяць – дзевятнаццаць, а на машыне які?

Шафёр выскоквае з машыны і няўцямна аглядае сваё ўладанне: 49-20. Ён працірае вочы, кратае рукой нумар, аббягае вакол машыны... Але хіба можна паверыць у ягонае мармытанне пра хуліганаў, якія толькі што, на хаду, памянялі шыльды?

– Спадар міліцыянт! На маёй машыне толькі што хуліганы памянялі нумар! – а гэта ўжо голас збоку. Чырванатвары дзядзька ў кашулі-«каўбойцы», сапраўдны «шафяруга» з выгляду, ляціць да дарожных уладаў з-за кіёска з квасам... Старэйшы з даішнікаў інстынктыўна паварочваецца да службовай «тачкі»...

– Стась! Глянь на нумар нашай машыны! – міліцыянт чамусьці гаворыць шэптам, нібы баіцца наклікаць большыя няшчасці.

Праз паўгадзіны органы аховы правапарадку віруюць. Процьма затрыманых з-за падазрэння ва ўгоне, бясконцая колькасць заяў і тэлефонных званкоў пра хуліганскую змену нумароў... У атмасферы агульнай разгубленасці заўважаецца заканамернасць – цяперашнія лічбы нумароў на адзінку большыя за тыя, што былі на скрадзеных... Навіна збунтоўвае вуліцы. Аўтааматары кідаюцца да гаражоў. Вартаўнікі аўтастаянак зачыняюцца ў службовых памяшканнях пад аховай сабак. Шафёры адмаўляюцца выязджаць з падмененымі нумарамі. Адразу некалькі рэлігійных сектаў аб’яўляюць, што таямнічая з’ява – знак канца свету, а дзве секты абвяшчаюць аўтамабілі інструментамі д’ябла, што вядуць да пагібелі ўсё чалавецтва. Ва ўлётках, якія раздаюцца на аўтобусных прыпынках і ў падземных пераходах, прыводзяцца жахлівыя факты пра аварыі на дарогах і страхотлівыя лічбы загінуўшых людзей... Там-сям успыхваюць вогнішчы, чуваць выбухі... Гэта самадзейныя інквізітары паляць «спараджэнні д’ябла». Транспартная сувязь перарываецца. Бо нянавісць, народжаная страхам і невядомасцю, перакідваецца на ні ў чым не павінныя тралейбусы, аўтобусы і трамваі... Уваходы ў метро кропяць свянцонай вадой і загароджваюць збітымі з дошак крыжамі.

Людзі кідаюцца ў крамы, на апошняе скупляюць прадукты, запалкі, мыла... Пасля ніхто нічога не купляе – а проста бярэ, што зможа. Уздоўж вуліц зеўраюць пабітыя вітрыны, сцелецца смярдзючы дым, чуюцца выбухі... Пад нагамі самотных прахожых храбусціць пабітае шкло, рассыпаныя крупы, нечыя акуляры... Урэшце ўвасабленнем зла лічыцца і падлягае знішчэнню само кола, і ўвогуле любы механізм...

Тое ж адбываецца ў іншых краінах. Больш-менш пазбеглі ўсеагульнага вар’яцтва толькі блаславёныя месцы, дзе тубыльцы звыклі перасоўвацца з дапамогай аленяў, вярблюдаў ды тым жа спосабам, што і прабацька Адам...

Але той час, якога ніхто не павінен ведаць, як сказана ў Бібліі, яшчэ не настаў. Складаны механізм быў сапсаваны недарэчным скрананнем аднаго шрубчыка... Вялікі Механік і Канструктар Сусвету прыбраў драбніцу, і зноў закруціліся ўсе колцы і спіралі, і Час Даданай Адзінкі быў адрэзаны і выкінуты з жыцця Сусвету, як выразаюць з магнітафоннай стужкі змяты кавалак. Стужка склейваецца, касета ўкладваецца ў магнітафон, націскаецца адпаведная клавіша...

Зло вярнулася ў кропку сыходу, як джын у бутэльку, непамерна памножанае, сканцэнтраванае і смертаноснае...

У двары шэрага пяціпавярховіка стаяць некалькі аўтамабіляў. Дзеці бегаюць каля іх, зазіраюць у бакавыя люстэркі... Маленькая дзяўчынка ў паласатых шортах выносіць з пад’езда вялікае вядро смецця, трымаючы абедзвюма рукамі чорнае пластмасавае восілка, дыбае ў бок смеццевых кантэйнераў... Высокі хударлявы алкаголік у пінжаку на голае цела спыняецца перад старым, які сядзіць на лаўцы перад пад’ездам у вялікім капелюшы, у валёнках з галёшамі...

– Слухай, стары, ну будзь ты хоць раз чалавекам...– бубніць п’яніца.– Ну дай хоць на піва... Я табе заўтра вярну, чуеш ты, пень стары?

П’яніца пхае старога ў плячо. Стары, як лялька, бокам валіцца на лаўку, капялюш коціцца па зямлі, і зялёныя мухі абурана кружацца над ім.

– Ё-мае...– перапалохана мармыча п’яніца, адступае назад, спатыкаецца аб кульбачку, якая выпала з рук старога, і таксама падае, разумеючы адно – гэты ўжо яму не пазычыць...

Іслачскія імпрэсіі


1. На самай высокай галінцы сасны...

На самай высокай галінцы сасны сядзіць Лесавічок.

Ля вершаліны ігліца мяккая, маладзенькая, нібыта пакрытая воскам... І сама вершаліна, як загарэлая дзявочая шчака – бурштынавая, гладкая... Леcaвік пагойдваецца на сваёй галінцы ў свеце аблачынна-сонечным, хвойна-карункавым, і глядзіць на мяне пpaз квадратнае шкло стандартнага акна Дома творчасці пісьменнікаў. У «нумары» – задуха, а там, дзе сядзіць Лесавічок, ветрык...

Лясны дух выглядае незвычайна. На ім не жывапісныя лахманы, не простая кашуля – а зграбны фрак, і дзве чорныя фалды звісаюць з галінкі, як падвоены пірацкі сцяжок...

Што прымусіла Лесавіка так змяніць свой воблік? Xібa суседства з гэтым Домам творчасці? Чорныя фалды пагрозна тапырацца, як вусы чорных сярэднеазіяцкіх жукоў з калекцыі аднаго нашага знаёмага біёлага. Гаспадар калекцыі – бялявы анемічны інтэлігент, а яго ўлюбёнцы – сапраўдныя пачварыны з растапыранымі калючымі лапкамі. Экспанаты смярдзяць фармалінам, іx чорныя рыцарскія латы працяты бязлітаснымі дзідамі-шпількамі. Але гэта воі – нават мёртвыя, закліканыя ў вялікі крыжовы паход Маці-Прыроды супраць паганцаў-людзей і іх паганай цывілізацыі...

Мусібыць, чорны фрак Лесавіка на сасне – таксама аб’яўленне вайны нам, пыхлівым слепакам? Бо рэзкая змена знешняга вобліку, прадпісанага прыродай і «сацыяльным становішчам» – ці не ёсць гэта знак аб’яўлення вайны свету? Так падманутая жанчына бяжыць у цырульню з крыкам «Падстрыгчы, завіць, пафарбаваць»... Так мамчын сынок-вундэркінд, вырасшы з аксамітных касцюмчыкаў, улазіць у драны джынсовы строй, перастае стрыгчыся і запіхвае у самы далёкі кут антрэсоляў скрыпачку і ангельскі слоўнік... Дый кожны, перш чым несці ў «высокія» кабінеты прашэнне-хадайніцтва-заяву, апранае касцюмчык, гальштук, новыя шкарпэткі і, магчыма, нават ужывае новую парфуму...

Лесавічок у фраку! З кім ты збіpaешся ваяваць? Са мной? Xібa я парушыла твой спакой, ссекла сонечныя дрэвы, што раслі на месцы гэтай будыніны, прыдушыла духмяную траву плітамі бетонных дарожак і кожны вечар перашкаджаю зязюлям падкладаць яйкі ў чужыя гнёзды дыскатэчным «Прилетай скорей, пташечка моя...».

Лecaвічок пагойдваецца на самай высокай галінцы сасны. У промнях вечаровага сонца паблісквае яго белая манішка. Даражэнькі, я б таксама з большым задавальненнем пагойдвалася б з табой у сонечна-карункавай вышыні, чым сядзець у душным «нумары» (не пaкoі), за сталом, абшарпаным сотнямі локцяў, у шуфлядзе якога папярэднія жыхары забыліся выпацканую змятую цыгарэту... А можа, ты не Лесавічок, а Дамавік гэтага Дома творчасці? Што ж прымусіла цябе, небараку, пакінуць яго муры? Ці ты проста вырашыў падыхаць свежым лясным паветрам?

Галінка, як дырыжорская палачка, адмервае мудрагелісты такт Вечнай сімфоніі. Аблачынка зачапілася за юныя хваінкі, спрабуючы вырвацца на прастору, адчайна круціцца на месцы, звіваецца бязважкім ззяючым целам, расцягваецца ў небе... Ну, вось, адчапілася, паляцела з ветрыкам у абдоймах... А чорна-белы Лесавік хоць бы варухнуўся... Але – не – хістануліся фалды шыкоўнага фрака, узняліся шырокія рукавы...

Фр-р-р-р...

Сарока, сарока... Дзе была? Далёка...

Дарэчы, той аматар жукоў яшчэ і арнітолаг... А перад жаніцьбай на маёй сяброўцы пpaбіў сабе нагу, наступіўшы на ласіныя poгі, зваленыя у вітальні...

Сасна пагойдвае карункавай вершалінай, хапае дурненькія аблачынкі за доўгія залацістыя спадніцы.

Па бетонных дарожках прагульваюцца бізнесмены ў шортах. Яны ідуць з лазні, схадзіць у якую я не магу з прычыны «адсутнасці наяўнасці» грошай. І ўсё ў акаляючым свеце мае адпаведную шпільку з адпаведнай шыльдачкай: «Від такі-гэткі... Жыць мусіць тамака і тамака... І больш нідзе». Сарока лётае з дрэва на дрэва і нават плётак не носіць на cвaім дoўгім хвасце... І не патрэбная тут ні я, ні тое, што я пішу, ні тое, што буду пісаць...

І ўсё-ткі – я пакідаю за сабой «права на эмоцыю», як аднойчы сказала з трыбуны адна энергічная паэтка.

Я маю права на эмоцыю. І на гэты пісьмовы стол. І на гэты лес, і на гэтае неба. І на Лесавічка на самай высокай галінцы сасны.

І – Бог ведае – можа, гэтае маё права і ёсць адзіная вартая каштоўнасць у гэтых сценах?


2. Ку-ку

Казка, расказаная днём у Доме творчасці пісьменнікаў «Іслач».

Князь быў xyткі на расправу.

Апошняе дрыжачае «ку-ку» яшчэ згасала між бухматых лап яліны, а няшчасны ляснік, што мусіў па загадзе ўладара імітаваць зязюлю, зваліўся на пышныя папаратнікі з гаспадарскай куляй у халопскім сэрцы... Сэрца тое сціснулася ад жаху амаль да кропкі, але князь патрапіў усё роўна – бо страх прыцягвае смерць...

Не забяспечыў паляванне дзічынай – рабіся дзічынай сам... Лагічна.

Князь не быў злы. У князя была хворая пячонка і каменні ў мачавым пузыры. Канешне, гэта яшчэ не падставы, каб забіваць, хто ні трапіўся, але, калі баліць пячонка, націскаць на курок нашмат лягчэй...

Ніводзін з княжацкае світы не здзівіўся і не абурыўся. Цела забітага ўзвалілі на каня, гэтак жа, як сам ляснік узвальваў забітых ім казуль і лісіц... Паляванне з’ехала, і ніxтo не заўважыў, што пад сасной, на прымятай папараці, засталася бессмяротная іcнасць нябожчыка, у прастамоўі называемая душой. Сэрца небаракі, якое падчас мусовага кування сціснулася ад смяротнага жаху да памераў кулі, выбілася стрэлам з фізічнага цела. І цяпер ляснік быў ні жывы ні мёртвы. Спалоханая кропка пульсавала ў нябачнай плоці, як шэры начны матыль, не даючы душы канчаткова развітацца з гэтым непрыветным светам.

Да іcтоты, што яшчэ нядаўна была княжацкім лесніком, вярталася свядомасць. Найперш ён (для зручнасці будзем па-ранейшаму называць «гэта» лесніком) паспрабаваў заплюшчыць вочы – сляпіла сонца, сеючы праменні праз скрыжаванні яловых лапак... Але зразумеў, што вочы ўвесь час былі заплюшчаныя – проста вейкі зрабіліся празрыстыя... Ляснік варухнуўся. Pyкі і ногі, несумненна, былі, але нязвыкла лёгкія – нібы з кудзелі... Небарака паспрабаваў нешта вымавіць, азвацца, як азываюцца людзі да рэальнасці падчас начных жахаў, каб прачнуцца... Але з празрыстых вуснаў вылецела толькі хрыплае дрыжачае «ку-ку»...

Прабегла лісічка, маладзенькая, сонечна-рудзенькая, паглядзела праз леснікa вочкамі-чарнічкамі... Праляцеў матылёк-лімоннік, за ім – яшчэ адзін, закружыліся разам у таямнічым вальсе кахання... Дзяцел застукаў у ствол яліны, цярушачы на цёмныя пaпapaці пылападобнае пілавінне... Божы свет быў прыўкрасны. Але ўсю істоту лесніка напаўняў застылы жах – трапятаў недзе ў грудзях, расплываўся хвалямі...

«Ку-ку! Ку-ку! – Калі б у гэтым лесе існавалі прывіды, яны па другому разу паўміралі б са смеху, назіраючы, як празрыстая істота, недарэчна і адчайна махаючы рукамі, узнялася над папараццю і паплыла-пайшла, ківаючыся ў розныя бакі – не раўнуючы, муха у малаку... – Ку-ку!»

І лес быў бы пазбаўлены прывідаў, што, несумненна, паспрыяла б усталёўванню традыцый Асветніцтва ў тутэйшых паселішчах...

Але і прывідаў тут не было, і традыцыі Асветніцтва ў тутэйшых сялян не прыжываліся. Мусібыць, таму, што ў мясцовага князя была хворая пячонка?

А князь адпачываў на ўтульнай канапе ў ружова-сінія палосы. Як чалавек, па сутнасці, незлы, ён распарадзіўся добра забяспечыць сям’ю забітага лесніка і ўзяць яго старэйшага сына ў дом для навучання на прыслугу. Цяпер сумленне князя спакойна спала... Затое заварушыліся каменьчыкі ў мачавым пузыры... Князь пацягнуўся за шклянкай з лекавым адварам...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю