355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 17)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 17 (всего у книги 32 страниц)

Спрэчкі пра Чорную Скрыню вяліся і ў Бурыгавай карчомцы за кубкам гарбузакаўскага піва «Зосечка», і ў пакоях губернатарскага дома. Гімназісты мужчынскай гімназіі, дзе яшчэ нядаўна настаўнічаў Капуцкі, у бальшыні былі перакананыя, што пасылка ўтрымлівае нешта такое, чым аб’ектыўна мусіла карыстацца іхняя гімназія,– тэлескоп там ці косткі, ці абсталяванне для хімічных доследаў. І не адзін баявіты гімназіст спрабаваў прабрацца ў сховішча пошты, маючы ў кішэнях, ранцы ці ў руках злавеснае начынне ўзломшчыка – стамескі, свярдзёлкі, ломікі, нават порах і нітрагліцэрыну... Звестка, што Чорную скрыню адпраўляюць у Гародню, ускалыхнула ўвесь горад Б*. Пані Сікорская наляцела на свайго мужа з сапраўдным адчаем жаўнера, які ідзе ў апошюю атаку.

– Толькі з-за тваёй упартасці пакутуе ўвесь горад! Няўжо нельга было адразу распакаваць тую клятую пасылку, і мы не трацілі б нервы, час і сяброўства.

– Але мы дзяржаўныя служачыя,– слаба абараняўся пан Сікорскі.– Мы не маем права... Ёсць інструкцыі...

– Чхала я на твае інструкцыі,– закрычала раз’юшаная кабета.– Калі вы дзяржаўныя служачыя, дык даўно павінны былі западозрыць нядобрае і выкрыць злачынства. Урэшце, запрасі жандараў, скажы, што ад пасылкі сыходзіць моцны трупны пах...

– Глупства...– мармытнуў Сікорскі.– Да таго ж Скрыня не надта цяжкая... Але...

– Але! – сцвердзіла пані Сікорская, і паштмайстар, адчуваючы раптоўную душэўную палёгку, паімчаўся ў жандармерыю горада Б*.

Ці варта казаць, што сховішча паштовага аддзялення не магло змясціць усіх жадаючых прысутнічаць пры ўрачыстым моманце адкрыцця Чорнай Скрыні, а ліпы вакол пошты страцілі не толькі высакародную шэрань, але і асобныя галінкі. Знутры вокны выглядалі, як вітрына крамы па распродажы расплясканых насоў і шалёных вачэй. Чорная абгортка, скрозь прадзертая і выпацканая, амаль страціўшая фольгавыя зоркі, зляцела ў адно імгненне, расшматаная мноствам рук. Той жа лёс спасціг скрыню з чырвонага кардону, што аказалася пад абгорткай, таксама прадзёртую і нават у адным месцы прапаленую. У кардоннай скрыні была фанерная, меншага памеру. Узмахнулі сякеры, і вачам прысутных адкрылася... яшчэ адна, меншая, скрыня з зялёнага кардону. Далей было: скрыня з кардону, абклееная фольгай; яшчэ адна скрыня з фанеры; скрыня з жоўтага кардону; скрыня з сіняга кардону ў гарошак; скрынка, абклееная паперай з анёлкамі, зоркамі і сняжынкамі, скрынка ружовая; скрынка блакітная, зноў чырвоная... Нарэшце ў самым цэнтры аказалася белая пляскатая скрыначка памерам з далонь, у якой ляжаў танны партабак і ліст з наступным тэкстам: «Дарагі Генусь! Віншуем цябе з Калядамі! Не забывай старых універсітэцкіх сяброў, наша брацтва за келіхам віленскага піва і вясёлыя калядныя жарты! Антось, Вітас, Рышард, Пятро, Анцыпар».

Пакой пошты быў увесь засыпаны каляровымі шматкамі паперы, кардону і трэскамі.

– За такія жарты па пысе трэба біць, панове,– разгублена сказаў пан Сікорскі.– Гэта ж прымушаюць працаваць дзяржаўных служачых, траціць сілы, энергію, нервы для перадачы такога паскудства...

Пані Сікорская моўчкі плакала. Народ разышоўся. І мы б не раілі ў гэты дзень, дый у бліжэйшыя дні, пану Капуцкаму з’яўляцца ў горадзе Б* нават з самымі лепшымі намерамі. Што праўда, ён і не з’явіўся. Хаця не быў вінаваты ў вышэйапісаных падзеях, як кажуць, ані сном, ані духам...

Пан Сікорскі прыгнечана ішоў дадому пад ручку з маўклівай жонкай. Службовы абавязак быў парушаны, таямніца аказалася насмешкай... І што цяпер рабіць з тым праклятым партабаком?..

Раніцай на ліпах вакол паштовага аддзялення горада Б* зноў з’явілася шэрань. Але хутка, хутка яна мусіла ператварыцца ў адліжны дожджык і ссыпацца ў набрынялы снег...


Нарцыс і Рэха

Прыўкраснага юнака Нарцыса пакахала німфа Рэха, якая была пазбаўленая дару мовы і магла толькі паўтараць чужыя словы. Нарцыс не ведаў кахання і прагнаў Рэха. Багі пакаралі пыхліўца: юнак закахаўся ва ўласнае адлюстраванне і загінуў. Рэха аплаквае яго да сёння.

Старажытнагрэчаскі міф

У маленькай крамцы горада Б* пад вялікай зялёнай шыльдай з надпісам «Табак» найменш прадавалася тытуню. На крамных паліцах, акуратна засланых белай паперай з выцінанкамі па краях, ляжалі разынкі і арэхі, ружавела яблычная пасціла, паблісквалі шматлікія яркія «манэркі» – квадратныя бляшанкі з перцам, імбірам і чаем... На ніжніх, шырокіх, паліцах грувасціліся гаспадарчыя прылады – чыгунныя прасы, бязмены, газоўкі, сякеры ды іншае нерамантычнае начынне людскога побыту. У давяршэнне ўсяго на сценах крамы былі развешаныя хусткі з махрамі і ўзоры танных стракатых тканін на местачковы густ. Нарэшце, на прылаўку былі раскладзеныя канцылярскія прылады – стосікі сшыткаў, каляровыя і простыя алоўкі ў высокіх шклянках, гумкі, лінейкі, і запаўняла памяшканне сваім своеасаблівым водарам вялізная бочка селядцоў, што хавалася ў паўзмроку крамы.

Царавала ў гэтым стракатым царстве жыццёвай драбязы Ганулька, дачка ўладальніка. Ганулька мела сямнаццаць пражытых гадоў, ціхмяны нораў і ніякай адукацыі. Умела Ганулька тонка прасці, з густам ткаць, выбіраць бульбу, жаць жыта ды звонка пяяць і большую частку жыцця прабегала басанож па пыльных вулках горада Б* ды вакольных лясных сцяжынках, пакуль нядаўна ейны бацька ў выніку сумесных намаганняў учэпістага характару і эканамічнага мыслення не пабагацеў і не купіў гэтую краму, за прылавак якой, зноў жа ў мэтах эканоміі, паставіў дачку. Апошняя ж, пры сваім ціхмяным простым нораве, успадчыніла ад бацькі матэматычныя здольнасці і ніколі не памылялася пры падліку фунтаў, штук і метраў. І хоць страшэнна нудзілася ў прыцемку бацькавай крамы, не мела і ў думках скардзіцца, бо пакорліва прымала жыццё такім, як ёсць. Што тычыцца знешнасці Ганулькі, дык у горадзе Б* цаніўся іншы тып прыгажосці – кірпаценькі носік, пульхныя ружовыя шчокі, пышныя белыя валасы... Але старажытны грэк ці і наш продак, што пісаў першыя абразы па візантыйскім ўзоры, не абмінуў бы ўвагаю Ганульчын вытанчаны сумны тварык...

У той веснавы дзень, калі змяшаны пах селядцоў і тытуню здаваўся асабліва агідным на фоне водару квітнеючых садоў, у дзверы пад зялёнай шыльдай увайшоў студэнт першага курса Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Мікалай Шпадаровіч. Пан Мікалай прыехаў на вакацыі да бацькі, доктара Шпадаровіча, загадчыка земскай лячэбніцы.

Мікалай грэбліва зморшчыў тонкі пародзісты нос (м-да, амбрэ...), няспешна падышоў да прылаўка і, гледзячы паўзверх Ганульчынай галоўкі з акуратна ўкладзенымі цёмнымі косамі, вымавіў:

– Папрашу тры сшыткі ў лінейку і просты аловак.

Ганулька заўсёды з трапяткой павагай ставілася да асоб, што куплялі ў яе пісьмовыя прылады. Але такога вучонага і прыгожага паніча яна бачыла ўпершыню... Мікалай Шпадаровіч, усё гэтак жа гледзячы паўзверх Ганулькі, прыняў з яе дрыжачых рук пакупкі і рэшту, прыўзняў на развітанне капялюш і знік у веснавым сонечным паветры.

І што яму, юнаму свецкаму льву, было да таго, што разам з дробнай рэштай да яго ў кішэню трапіла сэрца маленькай гандляркі з тытунёвай крамы горада Б*?

А цяпер мусім растлумачыць чытачу, якім чынам завітаў бліскучы малады чалавек у бедную крамку на ўскраіне горада. Мікалай Шпадаровіч быў паэтам. Прызнацца, ён з радасцю аддаў бы і месца ў прэстыжным універсітэце, і бацькоўскую шчодрую грашовую дапамогу, і будучае месца доктара за адно імгненне рамантычнай славы Франсуа Віёна, Фрыдрыха Шылера ці Адама Міцкевіча... Пра тое, што існуе нейкая літаратура на мясцовай гаворцы, пан Мікалай ведаў і нават аднойчы браў удзел у размове з двума мясцовымі настаўнікамі, якія даводзілі, быццам гэтая гаворка ёсць асобная, старажытная мова, што яе трэба развіваць, што трэба працаваць дзеля адраджэння культуры гэтага народа, так званага беларусінскага. Можа быць, і так, але найбольш пан Мікалай ненавідзеў кляймо свайго правінцыйнага паходжання, ненавідзеў свой тутэйшы акцэнт, ад якога ўпарта пазбаўляўся, спрабуючы выдаць яго хаця б за польскі. Часам ён ненавідзеў нават уласнага бацьку: за тое, што той паходзіў са звычайнай мужыцкай сям’і, а галоўнае – што гэтага не саромеўся. І што яму было да гэтай зямлі, і яе курганоў, і яе паданняў, і палеглых за яе касіянераў, да яе пяшчотных і сумных песень, да яе папараць-кветкі і простага і адданага, як лясны ручай, кахання яе дзяцей, калі тэатры, рэстараны, багемныя кабарэ, літаратуразнаўчыя дыспуты і друкарні, дзе выдаваліся пульхныя томікі вершаў з залатымі абрэзамі, былі там, у чужых вялікіх гарадах. І каб трапіць у той Эдэм, зрабіцца там сваім, паважаным, знакамітым, трэба было стрэсці з сябе пыл горада Б* старанна і назаўсёды... І вось пан Мікалай штодзень адпраўляўся за горад, на рамантычныя разваліны замка, і складаў там вершы, успамінаючы Віёна і Шылера, Пушкіна і Лермантава і не ўсведамляючы, што натхненне яму можа даць толькі гэтая, пагарджаная ім, зямля, і ў замка гэтага была свая гісторыя, розная з той гісторыяй, якую вывучаў Мікалай у гімназіі і ўніверсітэце...

Вось па дарозе да замка і зайшоў Мікола Шпадаровіч у краму «Тытунь» па сшытак і аловак...

З некаторага часу Мікалай пачаў заўважаць у пару сваіх вечаровых экзерсісаў, што наводдаль часта круціцца нейкае дзяўчо – то збірае кветкі, то пляце з іх вяночак, то прысядзе і ціхенька запяе тутэйшую песню... Мікалай успрымаў гэтую з’яву, як успрымаў птушак, якія таксама пырхалі вакол яго. Але аднойчы ад асаблівага прыліву паэтычнага пачуцця Мікалай занадта націснуў на аловак... У кішэнях запаснога няма...

– Пану патрэбны аловак? – пачуўся нясмелы голас з-за спіны – як мышаня прапішчала.

Шпадаровіч схапіў працягнуты тонкай дзявочай рукой аловак і прадоўжыў запіс эпахальных радкоў, не заўважыўшы, як дзяўчына-дабрадзейка, збянтэжаная сваім смелым учынкам і невыказна шчаслівая, адразу кінулася бегчы ў недалёкі лясок, каб там расказаць адзінай сваёй сяброўцы, балбатлівай лясной крынічцы, пра першыя, чыстыя, як крынічная вада, пачуцці...

Пан Мікалай нібы літасціва дазволіў дзіўнаватай дзяўчынцы знаходзіцца каля сябе і захапляцца сваёй персонай. Ганулька магла прыбягаць да замка толькі пасля закрыцця крамы і часам, прыбегшы, не заспявала там свайго куміра – і раніцай яе падушка была мокрая ад слёз. Дзяўчына зрабілася забыўлівай і, даводзячы да шаленства бацьку, дапускала памылкі ў разліках.

Шпадаровіч прывык да свайго, як ён умоўна назваў дзяўчыну, «ляснога духа». Часам ён чытаў Ганульцы свае вершы, будучы ўпэўненым у захапленні слухачкі. Што ж, маўклівае, бескарыслівае захапленне прыемна кожнаму, і нават патрэбна. Але сустрэнь заўтра Мікалай Ганульку на вуліцы – ён і не пазнаў бы яе, настолькі мала займала яго яе асоба.

Аднойчы Ганулька не знайшла паэта на развалінах, хоць прыбегла нязвыкла рана. Прачакаўшы да цемнаты, дзяўчына ў трывозе рушыла да дома пана доктара. Дрыжучы ад сораму і страху, схавалася ў кустах бэзу і ўглядалася ў акно, з-за парцьераў якога струменіла цьмянае святло газоўкі. Раптам парцьеры рассунуліся, акно расчынілася, і паказаўся сам пан Мікалай, з ускудлачанымі валасамі, у расшпіленай кашулі. Мікалай раз’ятрана камячыў у далонях нейкую паперыну, пасля размахнуўся і шпурнуў яе з усяе моцы ў кусты, ледзь не трапіўшы ў Ганульку. Потым брудна вылаяўся па-расейску і зачыніў акно.

Ганулька асцярожна выйшла са свайго сховішча, падабрала выкінутую паперу і паспрабавала распрастаць – гэта быў ліст. Прачытаць, што там напісана, дзяўчына не магла, тым болей не магла папрасіць аб гэтым кагосьці. Ганулька разумела толькі, што ў яе куміра здарылася нейкая бяда і ліст мае да гэтага дачыненне...

Што магла зрабіць бедная Ганулька? Назаўтра, ледзь прычакаўшы, пакуль бацька дазволіць зачыніць краму, дзяўчына надзела самую лепшую сукенку з цёмна-зялёнай ваўнянай тканіны, з бялюткім каўняром-самавязам і такімі ж манжэтамі, зашнуравала высокія чаравікі і, чырванеючы (бо гэта быў грэх), узяла адну з бутэлечак з адэкалонам, прызначаных для продажу, і кранула нетутэйшым водарам за вушамі... Ганулька ясна не ўсведамляла, што будзе рабіць, але мела надзею, што словы захаплення і шкадобы, якія перапаўнялі яе, маглі спатрэбіцца сёння пану Мікалаю.

Мікалай Шпадаровіч вяртаўся дадому са спектакля заезджай тэатральнай трупы. Тэатрык быў варты жалю, трупа была бяздарнай, піва ў буфеце мела прысмак мыла, а зоры свяцілі абуральна ярка. Капялюш пана Мікалая быў крыху ссунуты на левае вуха, адкрываючы бездакорна прычасаны набрыялінены чуб; пад расшпіленым пінжаком паблісквала шэрая парча камізэлькі і шаўковы вузел гальштука, блішчэлі панскія чаравікі і наверша моднай кульбачкі ў выглядзе галавы чорнага пудзеля. З-за кустоў вынырнула тоненькая постаць.

– Пан Мікола... Я толькі хацела сказаць... У пана Міколы такія вершы...

– Ве-ершы? – Шпадаровіч пагрозна наблізіўся да дзяўчыны.– Ты хто такая?

– Пан Мікола чытаў мне вершы... Там, у замку...

– А, «лясны дух»! Ты адкуль тут? Цікуеш за мной? Хто цябе выхоўваў? Хіба прыстойна паненцы чапляцца да незнаёмага мужчыны? Ат, што з іх узяць! «Дзяроўня!» А туды ж, «вершы»... У труне я бачыў тыя вершы з табой разам...

Апошнія словы пан Мікалай гаварыў ужо за зачыненымі варотцамі. Назаўтра ён з’ехаў да месца вучобы і ў горад Б.* не вярнуўся ніколі. Не прыехаў нават на пахаванне бацькі. Казалі, што ён выгадна ажаніўся з дачкой свайго прафесара, кінуў літаратурныя высілкі і трымае сваю клініку, дзе з задавальненнем лечацца багацейкі ад атлусцення, істэрыі ды астэніі.

Ганулька па-ранейшаму гандлявала ў бацькавай краме. І нават калі зрабілася сталай кабетай, маці пяцярых дзяцей, па-ранейшаму перахоўвала таямнічы кавалак паперы, спісаны словамі, што перакрэслілі жыццё і яе, і ейнага бажаства, і да самай сваёй смерці не даведалася сэнсу гэтых слоў.

А калі б змагла, дык прачытала б у запаветным лісце наступнае: «Уважаемый г-н Шподарович! Прочитал Ваши стихи, которые Вы мне прислали, как Вы изволили выразиться, на беспристрастный суд. Не обнаружил в них ни чувств, ни мыслей. Право, можно подумать, что вы живете под стеклянным колпаком в обществе нескольких романтических книжек. От всей души советую – займитесь полезным обществу делом и не тратьте душевный пыл и бумагу на гимназические литературные практикования».

Подпіс неразборлівы.


Сідон і Траяніцы

Падчас Траянскай вайны грэк Сідон перабег да траянцаў і пераканаў іх увесці ў Трою драўлянага каня са схаванымі ў яго чэраве ахейцамі.

Старажытнагрэчаскі міф

У горадзе Б* было трое могілак – праваслаўныя, каталіцкія і габрэйскія.

І калі нехта сумняваўся ў тым, што тутэйшыя жыхары шануюць памяць продкаў, яму варта было прайсціся сярод крыжоў, пафарбаваных бронзавай фарбай, каменных анёлкаў ды каменных дрэў з абсечанымі галінкамі, пачытаць кранальныя надпісы ў вершах... А як урачыста ўспаміналі шаноўных памерлых у касцёле з жоўтай цэглы, драўлянай беленай царкве і аздобленай бурачковай кафляй сінагозе!..

Жыхары горада Б* любілі сваіх памерлых. Яны пілі за іх вечны супакой і куплялі ім штучныя кветкі. Што яшчэ могуць патрабаваць нябожчыкі ад жывых? Калі гэта не ёсць памяць, дык на якую халеру яна трэба, істэрычная слязлівая паненка?..

Пан Бурдэйка з’явіўся ў горадзе Б* спачатку ў выглядзе афішы. З платоў і сцен пазіраў мефістофельскага тыпу мужчына ў дзіўным квадратным капелюшы, з аднаго рога якога звісаў шнурок з кутасом. «Толькі адзін сеанс! – хорам чыталі цікаўныя жыхары горада Б*.– Вялікі медыум Альфонс Бурдэйка з асістэнткай Амандай Дэльмар! Галасы з таго свету! Завеса таямніцы прыадкрываецца!»

Хто расклеіў тыя афішы, і калі – сапраўды засталося за завесай таямніцы.

Тры дні ля касцёла, ля царквы і ля сінагогі жыхары горада Б* абмяркоўвалі нешараговую падзею, што мусіла адбыцца.

– Нізавошта не пайду! – крычала цётка Крыся, шаноўная ўдава ціхмянага ветэрынара Юзькі.– У Бібліі сказана – пакарай сідонскую вядзьмачку! Не пайду губіць сваю вечную душу! – і чорная, з блішчынкамі хустка цёткі Крысі ўзвышалася на сабраных у высокі вузел валасах, як востраў непадкупнай дабрадзейнасці.

– Звычайнае шарлатанства! – паблажліва тлумачыў наведнікам кавярні выкладчык мужчынскай гімназіі пан Вабішчэвіч, які любіў памарыць за філіжанкай кавы ў згаданай кавярні пра сваё таемнае каханне да гордай дачкі губернатара, вядомае ўсяму гораду Б*.– Наш былы супрацоўнік пан Капуцкі ўчыняў спірытычны сеанс. Пасадзіў усіх за круглы стол, прымусіў трымацца за рукі, запаліў эфірнага спірытусу, і пачуўся голас Напалеона. Высветлілася, за парцьерамі стаяў настаўнік фізкультуры... Дурнота, панства! – рамантычныя тонкія вусікі Вабішчэвіча скептычна варушыліся.

– Тры рублі білет! Траціць такія грошы на ўсякае страхоцце! – паціскала плячыма мадэмуазэль Гарабец, чарнявая незамужняя таўстуха, якая нядаўна перабралася ў горад Б* аднекуль з-пад Чарнаўцоў і адчыніла маленькую швейную майстэрню пад шыкоўнай шыльдай: «Пашыў элегантных сукенак і ўрачыстых касцюмаў».– Такія сеансы вельмі небяспечныя! На іх адбываюцца рэчы, невыносныя для слабых нерваў. Мой дарагі бацька, палкоўнік кавалерыі, не ўхваліў бы падобныя экзерсісы!

Меркаванню шаноўнага памерлага палкоўніка кавалерыі пана Гарабца, чые жыццё і смерць адбыліся, на жаль, па-за межамі горада Б*, нельга было запярэчыць...

І як вы думаеце, колькі прыйшло жыхароў горада Б* на падазроны сеанс пана Бурдэйкі?

Правільна, прыйшлі ўсе.

Невялікая зала Таварыства аматараў цвярозасці аказалася набітая людзьмі, якія з усіх сіл дэманстравалі адзін аднаму выразамі твараў, тонка разлічанымі жэстамі і шматзначным хмыканнем, што яны тут выпадкова і з вяршыні свайго навукова-прававернага кругагляду паблажліва пазіраюць на імпрэзу.

Пан Бурдэйка аказаўся лысым і невысокім. Вакол яго адчувалася магутная аўра таннага адэкалону і слівянкі, якая яшчэ пару гадзін таму знаходзілася ў графіне рэстарацыі гатэля «Эсперасьён». Чатырохраговага капелюша з кутасом не было.

Выйшла на сцэну і немаладая мадам Дэльмар з пукам чорных страусавых пёраў на галаве. Яна ўселася на крэсла пасярод сцэны, і магнетызёр загаварыў.

– Шаноўнае панства! Прыемна бачыць, што ў горадзе Б* столькі прагрэсіўных людзей са смелым мысленнем...

Пасля кампліментаў гастралёр распавёў навуковае абгрунтаванне існавання бессмяротнай існасці чалавека, будову іншасвету, карысць зносін з ім і горача прапанаваў прысутным аднавіць у памяці тых жыхароў іншасвету, з кім хацелі б паразмаўляць. Выключна навуковая тэрміналогія знізіла напружанне ў зале. «Біятокі», «экстрапаляцыя», «гіпермедыум» ды «кантактаванне» сваёй супакаяльнай незразумеласцю надавалі імпрэзе добрапрыстойны сэнс.

І ў гэтую падступную хвіліну кожны жыхар горада Б*, збяднелы на тры рублі, падумаў: «Чаму не?» або «Можа быць...»

– Вось вы, мадам,– звярнуўся магнетызёр да паважнай цёткі Крысі, чыя высокая прычоска пад чорнай хусткай з блішчынкамі ўзвышалася ў першым радзе.– У вас, напэўна, ёсць у іншасвеце блізкі чалавек, якога пяшчотна любілі і з якім марыце злучыцца ў вечнасці... Вы хацелі б задаць яму некалькі пытанняў, пачуць ягоны голас?

Цётка Крыся ўздрыгнула. Вышыня ўдовінай велічы не магла пахіснуцца на вачах горада Б*. І цётка няўпэўнена хітнула галавой на знак згоды.

– Памятайце толькі,– злавесна папярэдзіў Бурдэйка,– што душы, якія прайшлі скрозь браму смерці, могуць непазнавальна змяняцца, але і выяўляць сваю сапраўдную сутнасць...

Медыум стаў за спінай мажной Аманды і пачаў рабіць імклівыя рухі над ейнай галавой з чорнымі пёрамі, быццам плыў супраць небяспечнай плыні. Пёры на галаве мадам Дэльмар калыхаліся, азызлы набелены твар застыў, падобна антычнай масцы, вочы заплюшчыліся. Замагільным голасам мадам апавядала, што яе душа аддзяляецца ад цела і саступае яго ўсім жадаючым вольным духам, якія будуць прамаўляць з яго нетраў.

Пан Бурдэйка абвясціў, што бачыць, як цела асістэнткі насяляе дух, выкліканы палкім жаданнем глядачкі з першага рада.

– Я тут, каханая жоначка! – Хрыплы голас, зусім не падобны на няўпэўнены тэнарок нябожчыка ветэрынара, чуўся не з крывава-чырвоных вуснаў мадам Дэльмар, а, здавалася, аднекуль з ейнага жывата.– Ты чуеш мяне?

Цётка Крыся жаласна ўсміхнулася, паспрабавала зірнуць па баках у пошуку падтрымкі, але сустрэлася з прагнымі цікаўнымі позіркамі і сумелася. А голас усё заклікаў:

– Жоначка мая! Ці чуеш мяне?

Цётка Крыся няўпэўнена вымавіла:

– Та-ак...

– Я сумую па табе, жоначка,– працягваў вяшчаць непазнавальны голас Юзькі.

А разгубленая цётка Крыся ўжо без унутранага супраціву прымала шматлікія прыгожыя словы, што прамаўляў нябожчык, які пры жыцці нічога падобнага не гаварыў, дый не ўмеў такога гаварыць. Часам дух памыляўся, напрыклад, калі расказваў, як часта дарыў каханай жоначцы кветкі,– праставаты Юзька быў да такога няздольны. Але цяпер ва ўяўленні ўдавы памерлы муж паўстаў іншым, і ўсе гэтыя словы пра кветкі і палкія пацалункі – вядома, усё было! Так, як марыла ў дзеўках! Усё было, проста яна забылася... І ветэрынар быў не прыгорбленым лысаватым недарэкам, а стройным мажным мужчынам з тым менавіта позіркам, ад якога ў сапраўднай жанчыны салодка шчыміць у грудзях... І ад раптоўнага ўсведамлення, што гэты прыгажун, на якога яна мела выключнае права, цяпер бясплотны дух, які сядзіць у жываце медыумавай асістэнткі, цётка Крыся нечакана гучна ўсхліпнула...

Пан медыум зараз жа перастаў махаць рукамі над галавой Аманды і аб’явіў, што ў цела рэцыпіента можа ўсяляцца наступны дух... Вось, напрыклад, той, пра якога так настойліва думае гэты малады пан з вусамі... Пан Вабішчэвіч не паспеў запярэчыць, як з жывата мадам Аманды пачуўся голас, па ўсёй верагоднасці, той, пра каго думаў пан Вабішчэвіч. А думаў ён пра сваё таемнае каханне. Чаму прыгажуня Мэры, якая ў гэты час сядзела за піяніна ці кніжкай у адным з пакояў губернатарскага дома, прамаўляла да яго з таго свету,– Вабішчэвіч і не думаў, ашаломлены хваляй пяшчоты і палкага пачуцця. Аказалася, недаступная Мэры пакутуе без настаўніка Вабішчэвіча, думае пра яго ўвесьчасна і марыць злучыць калі-небудзь свой вечны дух з ягоным...

Цяпер духі пачалі змяняць адзін аднаго ў Амандзіным целе вельмі хутка. Ліхвяру Губерману, які пахаваў чатырох жонак, адна з іх (невядома, каторая) паабяцала адплаціць на тым свеце пяшчотай і клопатамі, якія мела ад яго на зямлі. Губерман збялеў і доўга выціраў вялікай клятчатай насоўкай узмакрэлы лоб. Па настойлівых просьбах прысутных мадэмуазэль Гарабец мусіла перамовіцца слоўцам са сваім шаноўным бацькам-палкоўнікам кавалерыі, пра якога кожны дзень чулі з вуснаў мадэмуазэль. Як апошняя ні аднеквалася турбаваць гэтак важны дух, ён з’явіўся і самым кранальным чынам пачаў пераконваць дачку ў сваёй пяшчотнай любові, заклікаў адкінуць гонар і забабоны і не адвяргаць любячых яе блізкіх асоб і не ўпускаць свайго шчасця. Аднак мадэмуазэль Гарабец чамусьці не расчулілася і, ярасна абмахваючы маленькім веерам пачырванелы твар, сярдзіта глядзела на магнетызёра.

А духі зляталіся, як мухі на мёд. Яны былі красамоўнымі, дабрадзейнымі, велічнымі і перапоўненымі любоўю да жывых. Прысутных ахапіў хваравіты ажыятаж. Кожнаму хацелася прадэманстраваць, што яго памерлыя не горшыя за іншых. Пасля ўзбуджэнне змянілася бояззю. Спакушаныя жыхары горада Б* не ўсвядомілі, але адчулі, што неасцярожна наклікалі ў свой горад сотні мерцвякоў, якія дагэтуль спакойна займалі адведзеныя ім нішы і задавольваліся паніхідамі і вянкамі. Цяпер яны блукалі між жывых і патрабавалі ўвагі да сябе. Мінулае рэстаўравалася, як царква, у якой фрэскі чатырнаццатага стагоддзя, суровыя, строгія, патрэсканыя, замазалі прыемнай воку белай крэйдавай фарбай, на якой добра глядзяцца выявы ружовашчокіх херувімаў з пазалочанымі кудзеркамі.

Але перш чым боязь прысутных выявілася вонкава, вопытны гастралёр перапыніў сеанс, вярнуў душу асістэнткі на законнае месца, яшчэ раз ухваліў прагрэсіўных жыхароў горада Б*, раскланяўся і знік назаўсёды разам з мадам Дэльмар і сакваяжам з грашыма...

Назаўтра горад Б* трэсла ад чутак. Перад царквой, перад касцёлам і перад сінагогай расказвалі, што цётка Крыся зрэзала ўсе ружы ў сваім гародчыку і занесла іх на магілу ветэрынара; што настаўнік Вабішчэвіч уварваўся ў губернатарскі дом з непрыстойнымі крыкамі; што ліхвяр Губерман зварочвае справу...

Адна мадэмуазэль Гарабец не каменціравала спірытычныя падзеі.

Горадам Б* уладарылі мерцвякі. Людзі міналі касцёл, сінагогу, царкву і карчму і накіроўваліся на могілкі. Там глядзелі на крыжы, каменныя слупы, папяровыя вянкі, але сувязь між звыклымі прыстойнымі атрыбутамі і тым невядомым, што было закапана пад імі, парвалася. Магілы нагадвалі пустыя коканы, а невядомыя істоты, што вырваліся з іх воляю праклятага гастралёра, лёталі над лопухамі і чарнабылам, над бялявымі галоўкамі дзетак і лысінамі паважных дзядзькоў, дасканалыя, вечныя, любячыя... Адчуванне было, як падчас спякоты на лясной сцяжынцы, калі да потнага цела ліпнуць авадні і павуцінне, зумкаюць над вухам камары, а ў вочы лезе нахабная машката...

І горад Б* пачаў вызваляцца ад свайго кашмару. У зале гарадскога тэатра сіламі выкладчыкаў мужчынскай гімназіі і рэальнай вучэльні арганізавалі лекцыю пра шарлатанскую сутнасць спірытызму. Пан Бурдэйка ды ягоная таўсматая пасія – проста шараговыя чэрававяшчальнікі, і ніякіх духаў яны не выклікалі, а гаварылі падрыхтаванымі фразамі, чаму сведчанне – шматлікія недарэчнасці. У храмах усіх канфесій асуджалі тых, хто спрабуе зносіцца з духамі, бо па сваёй грахоўнай зямной існасці дастане толькі візіту дэманаў. І ўрэшце нябесныя сілы спаслалі апошні аргумент – нумар губернскай газеты, у якім паведамлялася, што сярод ахвяр чыгуначнай катастрофы на станцыі Н* быў вядомы спірытуаліст Б-ка са сваёй жонкай і асістэнткай, з якой накіроўваўся на чарговыя гастролі ў Маларасію.

Вось вам і «вечная таямніца»...

Жыццё круціла свае нетаропкія жорны, і ўсё сталася друзам, тлом, ценем...

Нябожчыкі вярнуліся ў труны пад папяровымі вянкамі і вершаванымі надпісамі, у карчомцы застукаў келіх аб келіх: «Вечная памяць!»

Памерлыя страцілі голас, веліч і любасць, зноў зрабіліся звычайнымі, хворымі, лысымі, кульгавымі, звяглівымі, ілжывымі, слабымі... Нічым не лепшымі за жывых...

Ліхвяр Губерман ажаніўся пяты раз. Мадэмуазэль Гарабец нечакана атрымала спадчыну і пераабсталявала майстэрню, дзе цяпер некалькі мясцовых дзяўчатак страчылі пад яе наглядам на машынках «Зінгер», а сама мадэмуазель, трымаючы ў пульхнай руцэ з пярсцёнкамі кубак з гарбатай, другой раскладала бясконцыя пасьянсы «Піраміда» і «Магіла Напалеона». Пан Вабішчэвіч таксама ажаніўся – з дачкой выкладчыка лацінскай мовы, якую за вочы называлі Верка-Прышчэпка. А цётка Крыся ўдастойвала свайго ветэрынара папяровым вянком на Радуніцу ды паніхідамі ў вызначаныя памінальныя дні.

За вечны супакой у той год было выпіта ўтрая больш звычайнага. Вечная вайна мёртвага і жывога скончылася часовай эфемернай перамогай апошняга. Жыццё паказала бяззубай смерці ружовы язык і садрала з мінулага фальшывыя фальбоны...

Але...

Але ніхто не наважыўся б сцвердзіць, што горад Б* не шкадаваў аб тых нябожчыках, спароджаных у неабдымным чэраве шарлатанкі Аманды, што чорныя страусавыя пёры не ўскалыхваюцца час ад часу над ураўнаважаным местачковым жыццём... І што такое тры рублі ў параўнанні з вечнай прагай душы – жаданнем цуда і несмяротнасці...

Р. S. Хадзіла яшчэ чутка, быццам былі прысланыя на пошту горада Б* у якасці часткі спадчыны чарнявай мадэмуазэль Гарабец шматлікія каробкі і скрыні і быццам быў там сакваяж, надта падобны да таго, які бачылі ў руцэ спірытуаліста Бурдэйкі. А калі адчыніла мадэмуазэль вялікую круглую каробку, нібыта калыхнуліся там чорныя страусавыя перы... Але мадэмуазэль Гарабец з плачам схілілася над імі, так што пэўнасці ніхто даць не мог...


Семела і Юпітэр

Аднойчы Юпітэр пакахаў зямную прыгажуню Семелу. Па намове раўнівай жонкі Юпітэра Юноны Семела папрасіла, каб каханы паказаўся ва ўсім бляску боскай славы. Невыноснае для зямных вачэй відовішча забіла Семелу.

Старажытнагрэчаскі міф

Калі ў гэтым недасканалым свеце ўсё-ткі сустракаюцца такія рэчы, як ружы, лебедзі, захад сонца на фоне развалінаў старога замка горада Б* і мігдалавы торт, павінны ў ім быць і шчаслівыя людзі.

Хаця ружы, лебедзі і мігдалавы торт, не кажучы пра захад сонца, сустракаюцца куды часцей.

У горадзе Б* не было больш шчаслівага чалавека за паненку Аўгінню. Яна жыла ў прыгожым доміку з зялёнымі аканіцамі, яе бацька быў мудры сівагаловы брандмайстар, а малады муж – лепшы падначалены бацькі, бравы пажарнік Міхась Кудыка. Паненка – цяпер ужо пані – Аўгіння вязала самыя прыгожыя ў свеце карункі, людзі шанавалі яе рамантычную натуру і любілі за рахманы нораў. А які гародчык быў у Аўгінні! Не банальныя памідоры-бабы раслі там, а пераселеныя з лесу і выгану кветкі, якія жыхары горада Б* лічылі за звычайнае пустазелле. Ля плота ўзвышаўся царскі скіпетр, свяціліся дробныя кветачкі бабінага лета і чарнакораню, узбіраўся на сцены дома бружмель, калыхаў свой цёмны агонь скрыпень, трымцела пушыстае божае дрэўца і нават сядзела ля ганка нетутэйшая расліна самшыт – жалезнае дрэва...

Аўгіння называла мужа Мішэлем і была шчаслівай, нягледзячы на тое, што з дзяцінства мела вельмі кепскі зрок. Між навакольным светам і поглядам паненкі калыхаўся вясёлкавы туман. Гэта надавала яе хадзе рамантычную запаволенасць і няўпэўненасць. Але людзі былі такія добрыя, што зусім не злаваліся, калі Аўгіння, плывучы ў сваім тумане, натыкалася на іх ці блытала іх імёны. Ды і як можна было злавацца на гэтую асобу з пышнай прычоскай, упрыгожанай кветкамі, з вечнай усмешкай. Мішэль прыходзіў дадому, стомлены і мужны, цалаваў жонку ў шчаку і спажываў вячэру, прыгатаваную ўмелымі рукамі кухаркі Параскі. А юная пані Кудыка тым часам улагоджвала яго слых пераказам зместу чарговага рамана, прачытанага з дапамогай моцнай лінзы, і хуталася ў самавязаны белы шаль з кутасамі.

– Ох! Ах! Прабачце, калі ласка! – гэта пані Аўгіння выносіла мігдалавы торт з кандытарскай.

Чалавек, з якім на гэты раз сутыкнулася чароўная паненка, пах дарагім адэкалонам, а на твары яго паблісквала пенснэ. Аўгіння сарамліва ўсміхнулася. Незнаёмец уважліва паглядзеў на няўклюдную тубылку і далікатна ўзяў з яе рук каробку з тортам.

– Дазвольце, я крыху дапамагу вам. Не палічыце нахабствам – я тут чалавек выпадковы, выкраіў дзень заехаць пракансультаваць жончыну сваячку. Дазвольце пазнаёміцца – Самсон Рыгоравіч Іваноўскі, маскоўскі ўрач-афтальмолаг. Ну, калі прасцей – спецыяліст па захворванні вачэй. У мяне да вас некалькі прафесійных пытанняў...

Увесь вечар Аўгіння ўсхвалявана хадзіла па доме, наторкваючыся на шматлікія вазы з сухімі кветкамі, расстаўленыя ў кутах. Белы вязаны шаль спаўзаў з плячэй... Невялікая аперацыя, да таго ж бясплатная, як цікавы навуковы «прэцэдэнт», і Аўгіння раз і назаўсёды пазбавіцца ад сваёй блізарукасці. Аўгіння не наважылася распавесці пра атрыманую ад доктара прапанову ні паважнаму брандмайстру, ні заклапочанаму мужу... А як было б цудоўна паўстаць перад імі выратаванай Папялушкай! Растане плыткі туман, што не дае ёй любавацца прыгажосцю свету, і тады...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю