355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 6)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 32 страниц)

На другім курсе паслалі нас «на бульбу». І неяк вечарам Юрась павёў мяне на ўскраіну вёскі – з кім яшчэ мог падзяліцца адкрытым цудам? Над зарасцямі шыпшыны ўздымаўся чорна-сівы ад часу слуп, наверсе якога, нібы старажытны трохкутны капялюш, красаваўся разьбяны дах. Ніжэй мацавалася круглая рама з раслінным узорам – птушачкі на галінках, драўляныя ружы – нібы вянок. Майстар дзівосны... Нават счарнелая, патрэсканая разьба ўражвала.

– Гэта аброчны крыж! – усхвалявана распавядаў Юры.– Тут калісьці праходзіла дарога... На крыж навязвалі рушнікі, каб шлях быў лёгкі. Папярочную перакладзіну адламалі... Бачыш, тут яна мацавалася. І распяцце садралі, варвары... Толькі абрамленне засталося. А гэта ж сямнаццатае стагоддзе, не пазней!

Юрась гладзіў, нібыта жывое, счарнелае дрэва.

– Аднавіць можна! Якая прыгажосць!

Я таксама дакранулася да слупа – яго паверхня была цёплай і шурпатай, нібы спрацаваная даланя...

Юрась паклаў сваю руку на маю... На небе запаліліся першыя зоры...

– А яны цалуюцца ў кустах, смаркачы!

Выкладчыца рускай літаратуры, нашая «бульбяная куратарка», захлыналася ад абурэння.

– Ганна! Я думала, ты сціплая прыстойная дзяўчына! А ты – распусніца! Косы, бач, запляла, а сама...

Словы ляцелі ў мяне, нібы камякі бруду і, здавалася, пакідалі відочныя сляды. Ды яшчэ тут, каля старажытнага крыжа, на які малілася столькі пакаленняў вандроўнікаў! Я залілася слязьмі ад знявагі. І тады Юрась цвёрда прамовіў, што я – ягоная жонка, і ён нікому не дазволіць мяне абражаць. Пазней аказалася, што гэта былі не проста словы, а план помсты і ўратавання майго гонару. Як Юрасю ўдалося ўгаварыць мяне на авантуру – мусіць, я была надта знерваваная.... Але я аддала яму свой пашпарт. Назаўтра Юрась пайшоў у сельсавет, не ведаю, у колькі яму гэта абышлося, але... нас распісалі. Увечары мой нечаканы муж з’явіўся да выкладчыцы з нашымі пашпартамі, у якіх стаялі новенькія штампы. Дзеля словаў прабачэння, якія мая крыўдзіцелька, высахлая да свісту старая дзеўка, выціснула з сябе, варта было згаджацца на гульню ў нявесту...

Але гульня зацягвалася. Нас чакала вяртанне ў горад, вучоба, гаворка з бацькамі... Напачатку гэта было нават весела – бацькі Юрася, «пераварыўшы» навіну, перасялілі да сябе ягоную бабулю, і мы апынуліся ў ейнай кватэры. Як я пасля зразумела, сваякі майго мужа былі пэўныя, што гэткі маланкавы шлюб мог адбыцца толькі з прычыны цяжарнасці нявесты. Сваёй маці я нават не стала нічога паведамляць – абавязкова захацела б зладзіць у нашым мястэчку вяселле. Мы з Юрасём па-сапраўднаму сталі мужам і жонкай, гэта было цудоўна... Для першай шлюбнай ночы купілі пунсовага атласу – прасціны з казачных ветразяў! А яшчэ Юрась прачытаў, як рэжысёр Параджанаў упрыгожваў пакой для Марыны Уладзі і Уладзіміра Высоцкага – і гэтаксама выклаў усю падлогу апельсінамі, а між іх расставіў запаленыя свечкі... Шчаслівы ўзрост, калі аздобы даюць адчуванне шчасця. А яшчэ – воля! Незалежнасць! Можна ўсю нядзелю валяцца ў ложку і есці цукеркі. Можна тыдзень складваць нямыты посуд у кошык. Можна ўсю ноч дзе-небудзь блукаць.

І не спаслала Неба нам ані кахання, ані цярплівасці...

Ды і завошта былі б нам тыя вялікія дарункі? Юрась штовечар бавіўся то ў рыцарскім клубе, то ў майстэрні знаёмага мастака. А калі заставаўся дома, то важдаўся з нейкімі старымі жалязякамі, падабранымі на сметніцы, каб потым урачыста запаліць іржавы прымус або завесці будзільнік, які тахкаў, быццам трэслі гарох у жалезным вядры. Асабліва Юрась ганарыўся памятым, парэпаным гадзіннікам-«цыбулінай», які рамантаваў цэлы месяц, і які, па словах майго мужа, належаў калісьці Вацлаву Ластоўскаму... Чаму менавіта Вацлаву Ластоўскаму – уцямных доказаў я не атрымала, але Юрась толькі злаваўся, калі я выказвала сумніў, і прычапіў да гадзінніка ледзь не якарны ланцуг, які звешваўся з кішэні ягонай джынсоўкі, нібыта адтуль збіраліся ўцякаць зняволеныя карузлікі. А я хадзіла па літаб’яднаннях ды тэатрах, а пад’есці бегала да цёткі Алі, мамінай стрыечнай сястры, якая жыла непадалёк і апекавалася «беднай студэнтачкай»... Восеньскія дажджы закрэслівалі вокны празрыстымі кратамі, ноччу болей не было відно зорак... А старажытны гліняны кубак, з тых, што Юрась прыносіў у дом і прымушаў піць гарбату толькі з іх, каб адчуць повязь са шляхетнымі продкамі, трэснуў у маіх руках, і я абварыла калена. Мяняцца, прырастаць адно да аднаго не было ні жадання, ні сэнсу. Пасля чарговай сваркі – Юрась занёс мае ўлюбёныя касеты нейкаму сябруку, ды яшчэ на мае крыкі па-хлапечы тузануў за касу – я запхнула рэчы ў сумку і вярнулася ў інтэрнат. А назаўтра падала на развод... Калі мы разышліся, на падаконніку нашай кватэры яшчэ ляжала некалькі падвялых апельсінаў нашай першай шлюбнай ночы.

Пад канец года былога мужа адлічылі з журфаку. Юрасёва абыякавасць да маёй улюбёнай прафесіі злавала яшчэ больш, чым ягоная звычка паўсюль насіць з сабой уключаны дыктафон, з якога чуліся хрыпатыя спевы Шалкевіча або лірычныя трэлі Данчыка. «Мне чужых краёў не трэба...» Яшчэ на лбе сабе зрабіў бы татуіроўку: «І love Belarus». Легкадумны ёлуп! Не хачу мець з ім нічога агульнага! Сяброўка ўгаварыла мяне «згубіць» пашпарт. Я заплаціла штраф і атрымала новенькі дакумент, без аніякае згадкі пра «памылку жыцця». Мяне паслалі на год на стажыроўку ў Польшчу, потым я выйграла ў конкурсе на лепшы краязнаўчы рэпартаж і патрапіла на два месяцы ў Германію... А па вяртанні мяне запрасілі ў прэстыжную газету. Карацей, удалая творчая кар’ера дапамагла забыцца на ўсе колішнія захапленні.

А цяпер я спрабую забыцца на ўдалую творчую кар’еру.

Як добра, што няма пакупнікоў... Залы амаль пустыя. Вядома, выручкі не будзе. Затое можна яшчэ падрамаць. Толькі б зноў жахі сярэднявечныя не прымроіліся.

– І шмат ты, даражэнькая, такім чынам нагандлявала? – голас Кацярыны Пятроўны, гаспадыні маёй «гандлёвай кропкі», дрыжэў ад праведнага гневу. Я ўсхапілася.

– Ды пакуль нічога...

– Не дзіўна,– Кацярына Пятроўна, падцягнутая брунетка ў белым джынсавым касцюме ў ружовыя кветачкі, маладзейшая за мяне на два гады, агледзела прылавак.– А чаму не выклала «Энцыклапедыю эзатэрычных сімвалаў»? Яе добра купляюць.

Я зірнула на кнігі і схаладнела. Шыкоўнае выданне знікла. Няўжо кабета ў жоўтым пінжаку пастаралася?..

Гаспадыня, відаць, заўважыла мае хваляванні і дзелавым тонам спытала-сцвердзіла:

– Скралі?

– Не ведаю...

– Затое я ведаю, што ты працуеш у мяне апошні дзень.

Дома я заварыла гарбаты з шыпшыны. Гарбата з адмысловых пакецікаў з выявай ружовай кветкі на цэтліках атрымлівалася бляклай, як дым, і нясмачнай. Але за словам «шыпшына» ў мяне ўзнікала столькі прыемнага, хвалюючага, значнага, што я не збіралася пераходзіць на іншыя напоі. Цяпер можна было сесці ў мой улюбёны фатэль, падкурчыўшы ногі, і ўявіць, быццам нічога, акрамя гэтага фатэлю, кубка з гарбатай і рэпрадукцыяў старажытных гравюраў на сценах у свеце не існуе.

На адной з гравюраў быў увасоблены тыповы для XV стагоддзя матыў – з вакна вежы высунуўся шкілет, у адной руцэ яго – каса, у другой – вагі. І маладая вядзьмарка з валасамі, распушчанымі па ветры, ляціць у начным небе, пад поўняй, чый круглы твар падзелены на дзве паловы – цёмную і светлую....

Дарэчы, трэба зняць гэтую карціну – з-за яе, відавочна, мае жахлівыя сны. Павешу Рэнуара і буду сніць парыжскія кавярні.

І жыццё трэба змяніць таксама. Правільна маці гаворыць – нельга жыць у ракавінцы, калі ты не смоўж. Кажуць, характар чалавека выяўляецца толькі ў экстрэмальных сітуацыях. Вось у вас падае з рук кубак з гарбатай. Адны яго маланкава падхопяць, няхай і абальюцца пры гэтым, другія знерухомеюць на імгненне, дазваляючы кубку разбіцца, а некаторыя – адразу ж адскочаць убок, як ад гадзюкі. Ды яшчэ і з пакою ўцякуць, запэўніваючы сябе, што там ніякага разбітага кубка на падлозе няма, і ўвогуле сёння яны гарбаты не пілі.

Я належу да апошніх.

Не было майго шлюбу, не было журналісцкай працы, не было «гандлёвай кропкі» з кнігамі...

«Мяне няма», як сцвярджае адзін філосаф.

Чаму ж тады мне так дрэнна?

Таму, спадарыня, што табе трыццаць гадоў. Што ты ўсё жыццё кідаеш тое, што варта ратаваць. Таму што можна пачаць з унітазаў, а скончыць вежай чатырнаццатага стагоддзя. А можна пачаць з вежы, а скончыць...

Няхай маім першым крокам з ракавінкі, у якой я замкнулася ад непрыветнага свету, будзе гэты тэлефонны званок... Я набрала нумар, напісаны на візітоўцы з залатым гербам з выявай вежы.

– А хто пытаецца Аркадзя Мартынавіча?

Голас дзелавы, ані жывой ноты. Напэўна, патрапіла на сакратара. Я назвалася. Потым давялося тлумачыць, па якой справе тэлефаную... І пра тое, што сустрэла Аркадзя Мартынавіча выпадкова, першы раз за дзесяць гадоў. І што ёсць сведка размовы, наш аднакурснік Юрый Дамагурскі. Паступова я пачынала раздражняцца. Бач, якая служба бяспекі ў Баркуна пільная! І ўрэшце рэшт – Аркадзь Мартынавіч падысці не можа! Але я не паспела абурыцца, як прагучала тлумачэнне.

– Баюся, што працу вы не атрымаеце. Аркадзь Мартынавіч памёр.

– Як... памёр?!! Я ж з ім уранку размаўляла!

Мой суразмоўца пагардліва засмяяўся:

– Бывае, грамадзяначка. Для гэтага адной хвілі хапае. Быў чалавек – няма чалавека. Дарэчы, скажыце на ўсялякі выпадак свой тэлефон.

Я не зусім зразумела, навошта, але паслухмяна прадыктавала.

«Он выбыл первым из круга нашего. Поэтому в молчанье мы выпьем за него». Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. «Маленькія трагедыі», «Баляванне ў час пошасці».

Гудкі тэлефоннай трубкі змусілі мяне ачомацца. Пасля належных філасофскіх разважанняў я – такая ўжо эгаістычная чалавечая прырода – вярнулася да сваіх праблемаў. А я ўжо настроілася, што буду мець грашовую працу... Добра хаця, за кватэру наперад за год заплочана. Канец жніўня, а праз чатыры месяцы...

Адрынуць дурную ганарлівасць, забыцца на крыўду і вярнуцца ў журналістыку? Гэта ўсё роўна што ў дрыгву... У дзяржаўнае выданне больш не пайду. Палітыкай займацца таксама не хачу. Хіба ў якую-небудзь забаўляльную газетку, дзе можна схавацца за псеўданімам, і аніхто з былых знаёмых, і тым больш чытачоў не атаясаміць мяне з колішняй скандальнай журналісткай Ганнай Барэцкай... Буду шчаслівіць беларускага чытача звесткамі, які чарговы лімузін купіў расейскі папсовы «зайчык»-пераростак Кіркораў... Можа, гэта і ёсць мой сапраўдны ўзровень? Мой апошні каханак, мастак-марыніст, гэтак і лічыць. Якая там «скандальная журналістка»! Не перабольшвай сваё значэнне, даражэнькая. На сапраўдны скандал ты здольная гэтак жа, як варона да грымотаў. А можа, падацца куды-небудзь перакладчыцай? Выкладаць нямецкую або польскую не вазьмуся, а вось турыстаў вазіць...

Я ўявіла сябе з нейкай турыстычнай групай у якасці гіда... Бабулькі з перманентам, стамлёныя жыццём бізнес-мамы з дзецьмі-падлеткамі, бесперастанныя ўспышкі фотаапаратаў, а дзе тут памяняць валюту, а колькі можна праз мытню правесці спіртнога... І мяне перасмыкнула.

Абставіны патрабавалі не гарбаты з шыпшынай, а моцнай кавы. А пасля кавы мяне пацягнула да пісьмовага стала. Я вывернула яго шуфляды. Рукапісаў, як восеньскага лісця... Інтэрв’ю, артыкулы, вершы... Усё ў накідах, усё – нікому не трэба... Як і восеньскае лісце.

У цьмяным святле золку пляц вакол ратушы нагадваў поле пасля бойкі. Дым слаўся над брукам, на якім ляжалі нерухомыя целы. Бернацоні асцярожна пераступаў праз іх, з халоднай цікавасцю ўглядаючыся ў твары, аднолькава скрыўленыя пакутлівай грымасай – вочы вырачаныя, нібыта ад жаху, зубы выскаленыя ў апошняй усмешцы. Смерць добра павесялілася гэтай ноччу. Што ж, рана ці позна яна забярэ ўсіх, шкадаванне недарэчы. Раптам пачуўся нягучны стогн – і на тле мёртвай цішы гэта было гучней за ўдар звону. Бернацоні рэзка павярнуўся. Скрозь дым бачылася – нехта сядзеў, абняўшы рукамі калені і трохі пагойдваючыся. Гервасі наблізіўся. Дзяўчына... Лекар бачыў яе сярод танцуючых. Прыгожая, як радавітая венецыянка. Сукенка з дарагога чорнага шоўку ператварылася ў лахманы, белыя карункі нагадвалі брудную пену на паверхні генуэзскага заліву. Залацістыя косы распляліся, вочы абведзеныя цёмнымі кругамі нечалавечае стомы... Але самі вочы разумныя, тужлівыя. Раптам дзяўчына зірнула на Гервасія, і ён, звыклы да людскога болю, нечакана для сябе скалануўся.

Як яна выжыла? Гэта неверагодна... Апошнія восем гадзінаў хуткасць карагода была такая шалёная, што не вытрымала б сэрца нават у дужага воя. А гэтае кволае дзяўчо...

– Што з намі здарылася?

Голас – як шамаценне сухой травы. Але – яна не толькі выжыла, яна пры розуме!

Бернацоні нахіліўся да дзяўчыны.

– Як цябе завуць?

– Анэта... Анэта Ляскевічанка.

– Хіба ты не танчыла разам з усімі?

Дзяўчына абхапіла галаву тонкімі рукамі, памаўчала.

– Я была ў карагодзе... Я думала, што памру... І не хацела паміраць. Мяне цягнулі... Я падала... А потым – вырвалася.

– Што вярнула цябе да свядомасці?

Анэта апусціла галаву, залатыя валасы ўпалі на калені.

– Не памятаю... Мне трэба да Богуша... Багуслава Радчыца... Ён мой жаніх...– зусім ціха прамовіла дзяўчына, і Бернацоні зразумеў, што яна можа страціць прытомнасць. Як добра, што варта нікога сюды не пускае. А пошасць у хуткім часе забярэ ўсіх, хто яшчэ можа задаць пытанні.

Унікальны выпадак! Ён мусіць вывучыць яго – дзеля навукі і... сусветнага парадку. Калі дзяўчына змагла выжыць у карагодзе смерці, вытрымае і доследы, якія даўно трэба было здзейсніць.

Бернацоні ўладна загадаў:

– Пакажы свае ногі. Не саромся, я лекар.

І ў пацверджанне дакрануўся да залатога ланцуга. Анэта, памарудзіўшы, прыўзняла край сукні... Так, хадзіць гэтая дзяўчына не зможа яшчэ з месяц... Але калекай не застанецца. Выдатна...

– Я дапамагу табе.

Бернацоні накінуў на дзяўчыну свой плашч і падхапіў яе на рукі. Ніхто не бачыў, як ён зайшоў у вежу.

Я неўразумела глядзела проста перад сабой, на сцяну, абклееную белымі ў тонкую брунатную палоску шпалерамі (каб гэта была мая кватэра, я паклеіла б проста белыя)... Заснула за пісьмовым сталом! Непрыстойна прыгожы эпізод для пісьменніцкай біяграфіі. Толькі я не прэтэндую на званне пісьменніка. Журналіст цягнецца да літаратуры, як архітэктар да выяўленчага мастацтва... Вечная няздзейсненасць ды незнішчальная вера, што табе дадзеныя крылы, толькі чамусьці не распростваюцца... Званок у дзверы, які мяне, відаць, і пабудзіў, не змаўкаў. Я пайшла адчыняць, кінуўшы па дарозе сярдзіты погляд на гравюру, якая спрыяла маім начным жахам.

Зірнула праз дзвярное вочка... На пляцоўцы стаяў Юрась.

За нейкі ашмётак хвілі я паспела пераканаць сябе, што выглядаю цалкам спакойна, прычасацца і спырснуцца рэшткамі французскай парфумы.

Юрась, у адрозненне ад мяне, не падумаў пра знешні выгляд. Твар змучаны, вочы пачырванелыя, у тым жа швэдары, у якім я бачыла яго на кірмашы. Такі... звычайны мужчына. І чым ён калісьці мяне прывабіў?

– Можна зайсці?

Я моўчкі адышлася ўглыб калідору. Юрась павольна ступіў цераз парог... І ў мяне з’явілася адчуванне, што аб нябачную ракавінку, у якую схавалася маё жыццё, стукнуў каменьчык. Я ледзь не закрычала: «Што табе тут трэба?»

Былы муж абвёў вачыма небагаты пакой, адрывістым жэстам прыгладзіў стрыжаныя, але ўсё гэтак жа непаслухмяныя валасы (ага, таксама бянтэжыцца!), яшчэ больш збянтэжыўся, калі заўважыў у куце скураныя пантофлі майго апошняга бойфрэнда, дакладней, чарговага няздзейсненага Вялікага Кахання.

– Прабач, што патурбаваў... Ды яшчэ так рана... Але ты ведаеш, што ўчора здарылася.

– Ты... пра смерць Аркадзя? Жах... А ад чаго ён памёр?

Юрась пільна зірнуў на мяне.

– А табе хіба ніхто не сказаў?

– Не... Выглядаў здаровым. Можа, аварыя?

Мужчына, у якога ператварыўся мой колішні знаёмы юнак, адмоўна пакруціў галавой.

– Яго забілі.

– Што?!! – той Юрась мог падобным чынам пажартаваць.

– Забілі, калі вяртаўся дадому. У пад’ездзе,– цярпліва патлумачыў гэты Юрась.– Застрэлілі.

Мне зрабілася млосна. Мой маленькі, спакойны, няяркі свет распаўзаўся, як сатлелы сувой.

– Чакай, я ж яму ўчора званіла... Гаварыла з сакратаром...

Дамагурскі нявесела засмяяўся:

– Які сакратар... З табой размаўляў следчы. А я ў гэты час сядзеў у куце пакою ў якасці сведкі. Мы ж з Аркадзем разам вярталіся. Хачу спытаць у цябе пра тое-сёе...

Я зразумела, што Юрасёў візіт не мае лірычна-настальгічнае мэты, і гэта значна ўсё спрашчала. Таму я зварыла моцнай кавы і нават паставіла на часопісны столік два гліняныя кубкі, якія да гэтага пару стагоддзяў праляжалі ў зямлі менскага гарадзішча. Юрась ацаніў – пакруціў у руках, як найвялікшую каштоўнасць, і нават дакладна вызначыў час, калі гэтыя пасудзіны ўзніклі з гліны. Потым паказаў на мае гравюры:

– Не ведаў, што ты аматар змрочнасцяў сярэднявечча. Адкуль?

– Са Старавежску. Калі збірала матэрыял для артыкула, мне мясцовы краязнавец падарыў, Пётр Піліпавіч Калейка. Ён выявы гэтых гравюраў у нейкім італьянскім альбоме знайшоў. Нібыта гэта ў Старавежску намалявана. Я асабіста сумняваюся...

Юрась ледзь не ўскочыў з крэсла.

– Ды я ж да цябе менавіта з нагоды твайго артыкула і прыйшоў!

Я спахмурнела.

– Прабач, але я лічу за лепшае сваё журналісцкае мінулае не згадваць.

Юрась вінавата паглядзеў на мяне сваімі абуральна сінімі вачыма.

– Я не пытаўся б, калі б не думаў, што смерць Аркадзя была звязаная са Старавежскам і яго ратушай.

Я недаверліва хмыкнула. Юрась цярпліва патлумачыў:

– Мой багаты сябрук вельмі сур’ёзна да сваёй вежы ставіўся. А пачалося з таго, што дзед Аркадзя, былы партыйны дзяяч, пакінуў у спадчыну ўнуку дом у Лошыцы, і там на гарышчы Аркадзь знайшоў паўразваленую скрынку. Гэта аказаўся вельмі стары гадзіннік, з бронзавай скульптурай – смерць адсякае галаву цару. Гадзіннік Аркадзеў дзед вывез перад вайной са Старавежску, дзе быў старшынёй камбеду. Відаць, спадабалася «ідэйная» скульптура. Напачатку наш аднакурснік не звярнуў увагі на знаходку, яго нашмат больш зацікавілі дзедавы калекцыі срэбных лыжак ды нямецкай парцаляны ў стылі «кіч»... Але я патлумачыў спадчынніку, колькі каштуе гадзіннік пятнаццатага стагоддзя, «рарык», як кажуць антыквары... Тут на дзясяткі тысячаў даляраў лік ідзе. А калі яшчэ механізм цэлы – дык і да сотні тысячаў можа «дагнаць». Вось тады Аркадзь зацікавіўся. Даведаўся, што гадзіннік знайшлі ў лёхах старавежскай ратушы, разам яшчэ з адзінаццаццю такімі ж. А тыя адзінаццаць нейкі паручнік вывез у Польшчу... Тут пачаў Аркадзь і сваім радаводам цікавіцца. Відаць, нацярпеўся ў дзяцінстве, расказваў мне, як яго, сына кухаркі (гэта пасля яна загадчыцай сталоўкі зрабілася) дражнілі «булкаедам» ды прасілі «звары харчо». Баркуны, маўляў, старавежская арыстакратыя, апошні з роду мусіць аднавіць сваю княскую годнасць... Зацяўся не на жарт. Хаця дзед ягоны не дарэмна старшынёй бядняцкага камітэту быў – галота. Але Аркадзь, па-мойму, шчыра верыў, што і ратуша калісьці належала Баркунам, і гадзіннікі ў лёхах, і сам Старавежск... Збіраў дакументы пра гэтыя гадзіннікі... Шукаў, дзе яны зараз... Выкупіць хацеў.

– Хіба ён быў такі багаты? – засумнявалася я.

– Ды мне самому дзіўна...– сказаў Юрась.– У мяне ўражанне, што ён апошняе гатовы быў аддаць. Два гадзіннікі адсачыў, выкупіў за шалёныя грошы... Потым выйшаў на след нашчадкаў таго паручніка, збіраўся ў Варшаву... Крэдыты браў, акцыі распрадаў нейкія... Ды не паспеў паехаць.

– Ты лічыш, усё гэта мае дачыненне да ягонай смерці?

Мой былы выпадковы муж трохі памаўчаў, а пасля замест адказу зазначыў:

– А я ўяўляў, Анэта, ці заплятаеш ты яшчэ косы. Аказалася – так. І яны такія ж залацістыя. Цудоўна.

Я раззлавалася: гаварыў бы проста – «рудыя». А то – «залацістыя»... А каса ў трыццаць гадоў – можа, таму, што кабета перастала думаць пра сваю знешнасць. Услых я прамовіла, зразумела, іншае.

– Яшчэ пару гадоў таму ў мяне была кароткая стрыжка, і я фарбавалася ў чорны колер. А ты па-ранейшаму не здольны выказвацца проста і лагічна.

Юрась вінавата ўсміхнуўся:

– Прабач... Я не ведаю, якая тут сувязь, але апошні час Аркадзь гаварыў і думаў толькі пра гадзіннікі са Старавежску. Маўляў, яны «жывая легенда». Калі, вядома, так можна сказаць пра механізмы.

– І мне распавядалі легенду,– успомніла я.– Быццам у ратушы калісьці замуравалі смерць разам з гадзіннікамі.

Юрась задумліва працягваў:

– Аркадзь марыў праславіць сваю вежу на ўвесь свет... А для гэтага патрэбны быў яркі міф. Разумееш, калі б Брэм Стокер не сачыніў гісторыі пра Дракулу, не было б плыні турыстаў у Румынію. Але для міфа патрэбныя рэальныя падзеі і постаці, як для стварэння Дракулы спатрэбіўся ваявода Улад Цэпеш, які прыбіваў няўгодным шапкі да галоў цвікамі. Беларуская гісторыя багатая і на асобы, і на падзеі... Але іх стагоддзямі затоптвалі ў пыл забыцця і вучоная набрыдзь, і свае манкурты. Паспрабуй, збяры з аскалёпкаў... Я ўпэўнены – Аркадзь здолеў нешта знайсці. Або быў на шляху да разгадкі. Неаднойчы паўтараў мне, што надыдзе час – дзякуючы вежы і яе гадзіннікам ён мільёнамі засыплецца. Наш з табой, Анэта, аднакурснік не быў надта інтэлектуальным чалавекам. Не быў ён і добрым. Я ж ведаю – з кліентаў, якіх пасылаў да мяне, браў пяцьсот даляраў, а мне ўлучаў пяцьдзясят. Але я не веру, што ён мог забіваць нават за сваё будучае княства. І... я быў побач, калі яго застрэлілі.

А я і не ведала, што ён можа выглядаць такім сур’ёзным... Хаця і тады быў зацяты. Так, час усіх пазначае сваёй кіпцюрыстай цяжкой лапай... Я зноў утаропілася на шнары на Юрасёвым ілбе, на шчацэ. А калі Юрась пацягнуўся, каб паставіць кубак, і рукаў швэдара ссунуўся, аказалася, што такія шнары на ягонай руцэ ад запясця да локця. Ад ляза, ці што? Я чула, наркаманы рэжуць вены падчас ломкі... Але не твар жа!

Былы муж, нібыта пачуў мае думкі, правёў даланёй па зраненай шчацэ:

– І ўсё-ткі, Анэта, прабач за настырнасць, я хацеў бы даведацца гісторыю твайго знакамітага артыкула. А то мне адны чуткі дасталіся.

Я ўздыхнула.

– Хваліцца асабліва няма чым. У Старавежск я прыехала ў камандзіроўку па лісце чытача, таго самага Пятра Піліпавіча Калейкі, які мне гравюры падараваў. Раённае начальства пералавіла мяне на папярэдняй станцыі, запрасілі з аўтобуса ў машыну, усю дарогу пільнавалі, каб у мяне не было кантактаў з мясцовымі «дысідэнтамі»... Начытвалі на дыктафон нудныя справаздачы... Я была неспрактыкаванай дзеўчынёхай, але пэўная ўпартасць мне ўласціва...

– Вельмі пэўная,– не стрымаўся ад каментару былы муж.

Я сярдзіта зірнула на яго і працягвала:

– Ну дык вось... Я ўсё роўна прарвалася «ў народ», і абураныя краязнаўцы мне нагаварылі... Гарадскую ратушу на той час занеслі ў спіс гістарычных каштоўнасцяў. Дзяржава давала на аднаўленне вялікія сродкі. А мясцовае кіраўніцтва ў злосці: раён заняпалы, школкі гібеюць без рамонту, у калгасах зарплаты няма чым выдаваць... А тут у нейкія разваліны ўбіваць жывую капейку! Начальства можна зразумець... Карацей, знаходзілі тым грашам лепшае прымяненне.

– І ты пра гэта напісала сумленна і дасціпна, так?

– Напісала...– уздыхнула я.– Са сваім дурным энтузіязмам, і з непахіснай верай, што ратую свет...

– І што? Мясцоваму начальству «нагарэла»?

– Ага... Чакай... Гэта я пасля ўсвядоміла, што падобныя нахабствы без самавітай падтрымкі не ўчыняюцца. Раптам выклікае мяне наша рэдактарка Клара Сцяпанаўна і на ўвесь свой «трубны глас» абвяшчае, што я – ганьба для журналістыкі. Неправераныя факты, надуманая сенсацыя... І з-за мяне газеце даводзіцца кленчыць перад адміністрацыяй Старавежска.

– Чаму? – здзівіўся Юрась.– Ратуша сапраўды развальвалася!

– Ага... – паныла пацвердзіла я.– Толькі яе тэрмінова перавялі ў разрад помнікаў мясцовай значнасці. Сказалі – памылілася папярэдняя камісія, пераацаніла тую вежу... Так што гарадское кіраўніцтва цяпер мела ўладу даваць або не даваць сродкі на аднаўленне не надта патрэбных гораду руінаў.

Юрась толькі галавой пакруціў:

– Нішто сабе...

А заручальны пярсцёнак на яго руцэ не новенькі... Падрапаны... Я паныла ўсыпала ў сваю астылую гарбату яшчэ дзве лыжкі цукру, нібыта спадзявалася падсаладзіць успаміны.

– Пакаяльны артыкул, які ад мяне вымагалі, я ўсё-ткі не напісала. Ну, падрабязнасці не буду... Агульнарэдакцыйны сход, абураныя лісты чытачоў... Звольнілі мяне з паскуднай фармулёўкай. І што цікава – яшчэ нядаўна ў некалькіх выданнях былі са мною вельмі мілыя і пераманьвалі на працу, а тут перасталі пазнаваць... Так гэта сталася мне агідна, што я дала сабе слова – з журналістыкай пакончана. Калі нельга сумленна... Калі няма справядлівасці... Дык не хачу ў гэтым быць.

Цені ад фіранкі, зробленай мною з карункавага покрыва ад рытуальнага ўбору крышнаітаў (знаходка сэканд-хэндаўская), варухнуліся на сцяне, быццам нейкі Буда дакорліва паківаў галавой. Юрась паставіў кубак на стол і сцішана ўздыхнуў, быццам баяўся пабудзіць цяжкахворага. І загаварыў гэтак мякка-асцярожліва.

– Можа быць, ты ўсё-ткі паспяшалася рабіць такія... незваротныя высновы? Паўсюль ёсць сумленныя людзі... Можна было паспрабаваць пазмагацца, пайсці ў недзяржаўныя выданні... Нават калі б ты звярнулася да мяне – я абавязкова нешта прыдумаў бы. Не паверу, што ўсе адмовілі ў дапамозе.

Я раздражнёна зірнула на госця. Паспеў ператварыцца ў зануду.

– Значыць, я кепскі журналіст. І правільна зрабіла, што кінула не сваю справу.

Юрась зноў неяк дзіўна ўздыхнуў:

– Ну, добра, давай вернемся да Старавежску. Артыкул твой я памятаю. А вось – што туды не ўвайшло? Успомні, можа, нешта звязанае з той вежай, падалося дзіўным?

Дзіўным! Ды там усё было дзіўным! Я, нібыта наяве, убачыла сцяну вежы – аблезлая пабелка, у выбоінах іржава-чырвоная цэгла – як брудны бінт, адарваны ад раны. Абгрызены часам верх будынку – два вострыя зубцы, між імі – вялізны прагал... У чорных вачніцах вокнаў – голле дрэваў, што выраслі ўнутры, на адкрытым небу падмурку... Быццам вязні цягнуць рукі. Як на карце Таро з Вялікіх Арканаў – вежа, у якую ўдарыла маланка. Пакаранне за гардыню.

– Ну, напрыклад, на сценах не было ніякіх надпісаў,– прагаварыла я.– На закінутых будынках якіх толькі крамзоляў не сустрэнеш, ад «Саша плюс Маша» да рокерскай сімволікі. А тут – нічога! Ні звонку, ні ўнутры... І смецця таксама не было. Нават пабітых бутэлек...

– Чаму ж так? – зацікавіўся Юрась.

– Баяцца той вежы. Абыходзяць, як магілу вісельніка. Нават мяне адгаворвалі ўнутр заходзіць.

– І чым тлумачылі?

– Рэха старых забабонаў. Памятаеш легенду, як смерць у ратушы замкнулі? Дык нібыта і цяпер смерць там. Хто ў вежы пабудзе – гамон... Ці звар’яцее, ці памрэ ў хуткім часе. Так што згодна старой легендзе – я ўжо на парозе таго свету, і за клямку ўзялася,– пажартавала я.

Але Юрась застаўся сур’ёзным, нават занадта.

– Праз мае рукі праходзіць шмат старых рэчаў. Вакол некаторых таксама – таямнічыя гісторыі. Але я пераканаўся, што ў кожнай такой нібыта бязглуздзіцы – рэальная аснова.– Юрась трохі адкінуўся на спінку крэсла, так што пыльны сонечны прамень слізгануў па ягоных валасах – аднак сівее мой госць! – і працягваў: – Пару гадоў таму прынеслі мне куфэрачак на рэстаўрацыю. З чырвонага дрэва, італьянская праца 16 стагоддзя... Шашалем паедзены, расколаты – з мінулай вайны валяўся на гарышчы. Валяўся, бо славу меў, быццам няшчасці прыносіць. То за каралём Сасам нейкая свякруха з дапамогай яго ад непажаданай нявесткі пазбавілася, то жонка здрадніка-мужа пакарала... Цяперашні ўладальнік маёмасць продкаў на гарышчы знайшоў і над забабонамі пасмяяўся. Маўляў, для будучай ягонай жонкі, аматаркі антыкварыяту, лепшага падарунка няма. А я стаў рэстаўраваць, і пад накрыўкай знайшоў хітрае прыстасаванне. Калі націснуць адразу на дзве кветкі ў разьбе накрыўкі, з адной з іх на імгненне высоўваецца шып... Маленькі, незаўважны... Але ўсё яшчэ востры. Можна здагадацца, што калісьці на ім была атрута. У сярэднявечнай Італіі такія смяротныя забаўкі былі справай звычайнай.

Пылінкі танцавалі ў промні апошняга восеньскага сонца, і ніякае маўчанне не магло адняць весялосці ў гэтых вечных мізэрных танцораў. Юрась нібыта вагаўся перад тым, як сказаць нешта важнае. Ну, пачынай жа...

– Паслухай... Калі табе патрэбная праца... Ці не згадзілася б ты вярнуцца да тэмы ратушы? Аркадзева жонка, Ліля, вядома, зараз у горы... Але цвёрда абвясціла, што ўсе планы забітага мужа спраўдзіць. І першае – выдасць кніжку пра гісторыю старавежскай ратушы.

– Аркадзя яшчэ не пахавалі – а яна пра гэта думае?! – абурылася я.

– Не дзівіся, Анэта,– усміхнуўся аднымі вуснамі Юрась.– У іх, «крутых», такі свет... Без сантыментаў. Дык вось, Ліля прапаноўвае табе дзве тысячы даляраў за падрыхтоўку тэксту.

Ён што, трызніць? Юрась, зразумеўшы мой недавер, спяшаючыся, патлумачыў:

– Толькі не падумай, што гэта падман. Проста яна хоча, каб усё было зроблена да сарака дзён па смерці Аркадзя, каб атрымаўся гэткі падарунак нябожчыку... На вокладцы Баркуноў герб, унутры – Баркуноў партрэт. Ну і ў тэксце – аб памерлым, ягоны клопат пра гістарычныя помнікі. Каб атрымалася невялікая кніжачка. Удава збіраецца раздаваць яе гасцям на саракавінах. І Аркадзю – ушанаванне, і, магчыма, спонсары знойдуцца дзеля будаўніцтва. Калі ты згодная – заўтра пад’едзем па аванс. У нас з табой усяго месяц на працу.

– «У нас»? – удакладніла я не вельмі ветла.

– Мяне Ліля просіць гадзіннікі адрэстаўраваць,– патлумачыў мой былы муж.– Каб для тваёй кніжачкі сфатаграфаваць іх ва ўсёй красе. Ну і табе дапамагу...

– Паслухай, даражэнькі... Колькі цябе ведаю, ты заўсёды ўцягваў мяне ў авантуры, якія заканчваліся для мяне кепска.

Юрась сядзеў моўчкі, гледзячы ў пусты кубак. І выглядаў вельмі няшчасным. Раптам ён ціха спытаў:

– Анэта, чаму ты болей не выйшла замуж?

Ну вось, пачаліся сентыментальныя размовы, якіх мне меней за ўсё хацелася. Я ўклала ў адказ як мага болей сарказму:

– Не хвалюйся, не з-за цябе.

Ён ізноў панурыўся, нібыта мой адказ быў яму непрыемны. А на што ён разлічваў? Што я ўвесь гэты час па ім плачу? Вось маё апошняе Няспраўджанае Каханне, мастак-марыніст (уяўляеце, жыць на Беларусі – і маляваць выключна мора!), абдрапаў маё даверлівае сэрца грунтоўна... А гэты – за дзвярыма душы. А за прапанову дзякуй... Дзве тысячы даляраў – год пражыць...

Я правяла Юрася да дзвярэй, радуючыся, што ўдалося не выйсці за рамкі дзелавога візіту. Раптам мой былы муж нязграбна ўпаў перада мной на калені, ды яшчэ – ілбом у падлогу. Аж грукнула. Я адскочыла назад. А Юрась глуха прагаварыў, не падымаючы галавы:

– Прабач мне, Ганна. Я даўно мусіў гэта зрабіць. Столькі думаў – не наважваўся. Вось так – на калені... Вінаваты перад табой... Позна зразумеў, што ў шлюб – не гуляюцца. Каб не я – у цябе б жыццё іначай склалася.

Я не жартам раззлавалася. Дарэчы, і падлога нямытая, што зараз ён убачыць на сваіх нагавіцах.

– Ану, кінь выдурвацца! Можна падумаць, ты мяне спакусіў ды выгнаў, а я слязьмі залівалася, сыходзіць не хацела. Калі памятаеш, я першая дзвярыма бразнула. І між іншым, не шкадую. А гледзячы на такія фокусы, дык проста радуюся, што гэткі... цуд даводзіцца цярпець нейкай іншай.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю