Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 20 (всего у книги 32 страниц)
І знялі прасветленыя кабеты свае белыя хусткі, і выказалі барадатаму правадыру, што ў кожнай назапасілася на яго за дні блуканняў, а ад вока сталай местачковай кабеты нічога не скрыецца! Ні патаемнае спатканне з румянай маладзічкай, ні продаж ліхвяру аддадзеных на пакупку месца ў раю пярсцёнкаў.
Нават кульгавы старэча бразнуў аб стол торбачкай з абшчыннай казною:
– А мне ні разу пахмяліцца не даў!
Мудрацы свету даўно сказалі, што чым вышэйшы стод, тым лягчэй яго абрынуць у друз. Развянчаны з апосталаў барадач знік у восеньскім прыцемку. Абвінавачванні сціхлі. Кабеты маўчалі і разгублена пазіралі адна на адну.
Шлопак, які і на хвілю не страціў рахманай усмешкі, пакланіўся ў бок аблуднай Пётравай жонкі і ўмольна прагаварыў:
– Можа, пойдзеце дахаты, цётачка?
Наста няёмка агледзела сваіх нядаўніх сясцёр:
– Сапраўды ж, у Пісанні сказана...
Ну, вось усё і ўладзілася. Шлопак апынуўся ў абдоймах свежага вераснёўскага ветру. Горад Б* паволі рыхтаваўся да сустрэчы з вечаровым прыцемкам. Меланхалічна брахалі сабакі. Памідорчык будзе задаволены. Капеечку даў недарэмна. Мамонька не збіраўся злоўжываць ягонай гасціннасцю, толькі, ідучы, уяўляў, як цётка Наста зойдзе ў хату, пасядуць яны з мужам на лаўку побач... Абдымуцца...
– Як галубочкі... Чыста галубочкі...– шаптаў расчулены ўяўленымі карцінамі шлопак.
Прадмесце горада Б* скончылася, што пацвердзіў прыдарожны крыж, абвязаны чысцюткім рушніком. За спінай чуліся нечыя крокі. Мамонька азірнуўся і ўбачыў... цётачку Насту. У белай, шчыльна павязанай хустцы, са скрыжаванымі на грудзях рукамі. Шлопак хацеў папытацца, чаму гэта яна не ў сваёй хаце, але словы застралі ў тонкім шлопакавым горле. За цётачкай Настай адна за адной з паўзмроку выплывалі постаці сясцёр у белых хустках. Замыкаў працэсію кульгавы старэча. Цяпер яны спыніліся і неяк дзіўна глядзелі на шлопака. Ну, што ж, можа, людзям куды спатрэбілася... Мамонька сціпла саступіў з дарогі і пакрочыў па бакавой сцежцы. Азірнуўся... Працэсія след у след рушыла за ім. Беднаму шлопаку стала трохі непамысна.
Ён спыніўся:
– А людзі ж мае... А добранькія... Куды ж вы?..
– Ты ідзі, ідзі, бацюшка, не турбуйся...– ласкава-ласкава прагаварыла цётачка Наста і нізка пакланілася.
За ёй пачалі кланяцца іншыя.
– Ідзі, бацюшка... Бог цябе вядзе... І мы ўжо, грэшныя, за табою...
Мамонька разгублена агледзеў нечаканых спадарожнікаў і нарэшце ўбачыў, якія ў іх прасветленыя твары, як шырока яны ўсміхаюцца, як глядзяць на яго, шлопака!
Істэрычныя шэпты прымусілі Мамоньку задрыжэць:
– Сапраўдны... Сапраўдны... Просты духам... Блажэнны... Прарокаваць пачне... Хто будзе запісваць? Ты, Крыся? Аловак, аловак падрыхтуй...
Мамонька на нягнуткіх нагах рушыў па сцежцы і пачуў, як за яго спінай зладжаны хор зацягнуў Алілуя. Замест баса казліным тэнарам выводзіў кульгавы.
Памідорчык так і не дачакаўся сваёй Насты. Горад Б* пагаварыў трохі пра гэта і забыўся – у каменных дамах пра новых апосталаў нічога і не чулі, а ў дамкі прадмесцяў завітвалі новыя і новыя клопаты і жахлівыя чуткі. Тым больш карчомка – найлепшая Памідорчыкава суцешніца і дарадчыца, хутка высушыла ягоныя слёзы, а ў хуткім часе і вынесеныя з хаты аблуднай Настай грошы былі атрыманыя назад паштовым пераводам.
А яшчэ праз нейкі час балагол, праездам з суседняй губерні, перадаў Памідорчыку і зусім дзіўную пасылку – капеечку, загорнутую ў акуратную белую анучку.
Сказаў, ад святога чалавека, якога ў іхняй губерні надта шануюць за прароцтвы і аскетычнае жыццё.
ШЛЯХЕЦКІЯ АПАВЯДАННІ
Слова гонару
Пачыналіся цёмныя лістападаўскія ночы – бяззорныя, чорныя, быццам сама безнадзейнасць, перавітыя жалобнымі стужкамі смугі. Андрусь слабеў. Кожны крок даваўся з цяжкасцю – усё-ткі застудзіўся тады, у халоднай, засыпанай срэбнай восеньскай расой лагчавіне. Коні жандараў тупаталі наверсе, на ўзгорку, і нельга было нават паварушыцца, каб адчуць знямелае ад холаду цела – нібыта яно само ўжо з туману і мокрай зямлі. На амаль голых галінках хмызнякоў гайдаліся дзівоснымі ўпрыгожаннямі сініцы, буйныя кроплі сыпаліся з галінак уніз, быццам перліны з парваных караляў, і Андрусю здавалася, што гэты аксамітны шум зараз выдасць яго. Але самі сінічкі нават не ценькнулі. Можа, ім перадаўся страх чалавека?
Яго вышуквалі ўжо другі тыдзень. Ад іх атрада засталося чацвёра – занадта мала, каб адбівацца, але для таго, каб страціць надзею,– замнога. Кола аблогі было шчыльным, але жандар – не тысячавокі Аргус. Яны вырашылі разысціся ў розныя бакі – некага заўважаць, другія выслізнуць. Вядома, каб пасля, у прызначаным месцы, сустрэцца і пачаць усё наноў. Андрусю выпала рушыць у бок родных мясцін – гэта была салодкая пакута. Не хацеў нават у думках згадваць – «уцякаю», «хаваюся»... Калісьці не сумняваўся – прыедзе пераможцам, на чале загартаванага ў бойках атрада, адсалютуе шабляй-маланкай перад ганкам, на які выбяжыць Яна... Анэля... У кароне залатых косаў, з шэрымі вачыма, падобнымі на два чыстыя возеры, у глыбінях якіх, аднак, хаваюцца гарэзлівыя русалкі. І ён пацалуе яе, не сыходзячы з каня, падхопіць з зямлі – гнуткую, лёгкую, такую жаданую... Каб не выпусціць з абдоймаў ніколі-ніколі! Між імі ўсё было вырашана ўжо даўно. Іх маёнткі побач, бацькі сябруюць, і яшчэ тады, на Каляды, калі ён аддаў зарумзанай ружовашчокай дзяўчынцы ў шчодра абсыпаным срэбным пылком касцюме Мятлушкі свайго мігдалавага генерала з вочкамі-разынкамі – і гатовы быў аддаць у кволыя ручкі ўсе свае цацкі,– яшчэ тады ён вырашыў: вырасце і заваюе... Вядома, прыгажунь, Чароўных Дам трэба заваёўваць. Тым больш ён засмучаўся, што зусім не быў падобны да мужнага воя,– валасы светлыя, рост хутчэй сярэдні, не багатырскія плечы – хаця жылаваты і трывушчы. А хіба бывае вой з такімі наіўнымі блакітнымі вачыма! А яна, ужо дзяўчына-падлетак, смяялася над ягонымі рамантычнымі ўяўленнямі: каханне – гэта ж не вайна, у ім аблога вядзецца толькі поглядамі, словамі, кветкамі... А я не варожая крэпасць, любенькі.
І ён крыўдзіўся і ўцякаў на стромы бераг рэчкі... І зноў вяртаўся – з кветкамі.
Анэля схавала б яго, вядома. Яму так трэба хаця б адну ноч правесці ў цяпле, высушыць адзежу... Выпіць гарачай гарбаты... Ён апошнія дні не мог нават дазволіць сабе распаліць вогнішча – па ўсіх дарогах раз’язджалі вартавыя, відаць, наведзеныя на ягоны след мужыкамі з той вёскі, куды ён зайшоў, каб купіць кавалак хлеба. А мог бы адабраць – у яго, нягледзячы на тое, што гэта была смяротная небяспека і, магчыма, проста глупства,– за поясам пад світкай быў пісталет з адным набоем. Андрусь проста не змог прымусіць сябе застацца бяззбройным – гэта значыла ўсё роўна як прызнаць сябе пераможаным. Пакуль у яго ёсць зброя – ён ваяр і паўстанне жыве.
Андрусь думаў абмінуць дарагія сэрцу мясціны. І нават сам не заўважыў, як скіраваўся менавіта ў той бок – нібыта яго вёў істынкт зацкаванага звера. У свой дом? Гэта немагчыма – вядома, ворагі чакаюць менавіта там. Не пакінулі яны без увагі і дом ягонай нявесты. З-за гэтай небяспекі Андрусь апошнія два гады нават не меў ніякага ліставання з блізкімі. Але ёсць, ёсць надзейнае сховішча – там, дзе ніхто не здагадаецца яго шукаць. І нават сам Андрусь раней не падумаў бы, што памкнецца да гэтага чалавека.
Гэта здарылася якраз два гады таму. Магічнае слова «воля» яднала людзей, і перамога, здавалася, вось-вось спусціцца да іх па срэбных аблачынках, і пратрубіць у залатую трубу, і ўзмахне празрыстымі крыламі над іхняй зямлёй, назаўжды вольнай. У Анэлі быў дзень народзінаў. Яго каханая прыйшла ў гэты свет яснай летняй раніцай, калі ўздымаўся белай пенай пад вокны глог і рассыпаліся па ўтравелых сцяжынках саду маргарыткі. І Андрусь не мог не прыйсці павіншаваць яе – з абярэмем лясных духмяных кветак. Гасцей сабралася няшмат – усе добрыя сябры, ніхто б з іх не здрадзіў. Яны зноў гулялі ў фанты і шарады, і нават у зусім дзіцячыя гульні – сляпога ката, залаты пярсцёнак, і тыя, хто прайграў, мусілі пацалавацца праз хустку. З лесу быў толькі адзін Андрусь. І таму зусім недаравальна, што ён не ўчуў, як да дома пад’ехалі ворагі. Страшныя былі не жандары. А той, хто ехаў разам з імі,– сябар па дзіцячых гульнях і сусед. Магчыма, той патрапіў на вечарыну зусім не дзеля таго, каб схапіць інсургента, скуль яму было ведаць, што вораг імперыі апынецца там? Хутчэй за ўсё проста хацеў павіншаваць Анэлю, прыхапіўшы падначаленых. Нічога дзіўнага – Валянцін таксама кахаў шэравокую суседку. Гэта ведалі ўсе, і найперш яна сама, хаця вельмі часта здараецца, што прадмет кахання даведваецца пра такую акалічнасць апошнім. Але яны пабіліся за Анэлю, яшчэ калі ім было па чатырнаццаць,– і гэта не было падобна на звычайную дзіцячую бойку. Сціснуўшы зубы, моўчкі, зацята... Іх, акрываўленых і паўпрытомных, расцягнулі дарослыя. Тады Анэля, заплаканая, у запэцканай сукенцы – відаць, спрабавала разняць ваяроў,– і выкрыкнула сваё: «Больш не біцеся. Ніколі! Я выбіраю Андруся. Слова гонару!» І Валянцін, апусціўшы вочы, пад якімі «разгараліся» сіне-чырвоныя «ліхтары», паціснуў Андрусю руку. Як пераможаны на сумленным турніры. І Андрусь шчыра дзіваваўся, чаму Анэля прыхінулася да яго, нічым не адметнага, а не да Валянціна, бо той увасабляў усе тыя рысы, якімі Андрусь жадаў бы валодаць. І высокі, і моцны, як камень, і валасы хваліста-чорныя, а пагляд цёмных вачэй такі ганарлівы...
Убачыўшы, што гэты прыгожы, упэўнены ў сабе чалавек заходзіць у дом, Андрусь зразумеў – гэта ўсё... Цяпер галоўнае – адвесці падазрэнні ад гаспадароў. Схавацца? Першаму пайсці насустрач і здацца, не пакідаючы за сабой няёмкасці вобыску, выкрыцця, арышту?
Анэля сустрэла гасцей у вітальні, відаць, прымала віншаванні, спадзеючыся надаўжэй затрымаць. Урэшце яна вярнулася да кампаніі, дзе кожны спрабаваў захаваць вясёлы выгляд, і ад гэтага гурт выглядаў страшнавата. Дзяўчына трымала ў руках прыгожы пакуначак, перавязаны атласнай ружовай стужкай, але здавалася, пальцы яе здранцвелі і вось-вось выпусцяць ношку на падлогу. Валянцін са шчырай усмешкай прывітаўся з усімі, ніяк не вылучаючы Андруся, прадставіў двух афіцэраў, што прыехалі з ім, пажартаваў, вельмі зграбна і разумна – Андрусь так ніколі не ўмеў, і сышоў, пацалаваўшы Анэлі руку.
Андрусь адчуў гарачую сімпатыю да былога сябра – як бывае заўсёды ў сумленных людзей, калі нехта, пра каго думалася кепска, аказваецца лепшым. Валянцін быў не з тых, хто служыць за грошы ці прывілеі,– ён сапраўды верыў у тое, што абараняў, і ніколі не хаваў сваіх поглядаў, што і паслужыла калісьці канчатковаму ахаладжэнню іх сяброўства. Тое, што ён не выдаў Андруся, быў сапраўды высакародны ўчынак, варты павагі. Асаблівае ўражанне на хлопца зрабіла ўмоўніцкая вясёлая ўсмешка, якую Валянцін адрасаваў яму на развітанне. Бедная Анэля тады пералякалася мацней за ўсіх – Андрусь дарэмна спрабаваў яе суцешыць. На развітанне яна горача прашаптала яму: «Як запаліцца першая зорка, чакай мяне ў нашай альтанцы, на беразе рэчкі...»
І ён чакаў, хвалюючыся, як быццам ад гэтага спаткання залежала яго вечнае жыццё. А зоркі запальваліся адна за адной, а яна ўсё не ішла... Нарэшце гнуткая постаць, уся захутаная ў белае, ірванулася да яго з чаромхавага прыцемку, і горка-салодкімі, як ягады чаромхі, былі яе пацалункі, бо слёзы каціліся па яе шчоках, так што яму было нават няёмка – ён жа яшчэ жывы... А яна нібыта развітвалася назаўсёды. Бо толькі адчай, напэўна, змусіў яго шэравокую каралеўну шапнуць яму: «Няхай гэта будзе наша шлюбная ноч!» Вядома, было б з яго боку высакародна і разумна – супакоіць яе, сысці самому, утрымацца на той мяжы, за якой пачынаецца незваротнасць і вар’яцтва... Але ён быў усяго толькі чалавек, і ён так кахаў, што яго рукі дрыжэлі ад нясцерпнага жалю і цягі да яе. І калі гэта было вар’яцтва – ён быў гатовы назаўсёды адпрэчыць розум.
А потым яны плавалі ў месяцовай вадзе, і нават вада не магла астудзіць агню пацалункаў, і сысці было горш, чым памерці... Але ён не збіраўся паміраць – ён мусіў перамагчы і вярнуцца.
Вярнуўся... Кашаль разрываў грудзі. Але Андрусь ужо вырашыў, пад чыім дахам правядзе наступную ноч,– ён пойдзе да Валянціна. Не можа быць, каб чалавек за два гады зусім змяніўся,– не выдаў тады, не павінен і цяпер. Тым больш Андрусь хворы, змучаны, а Валянцін – высакародны чалавек. І нічым не рызыкуе – бо па-за ўсялякімі падазрэннямі.
Запіска, перададзеная праз хлопчыка з дворні, не доўга заставалася без адказу. Прыблізна праз гадзіну Андрусь ужо ляжаў у цёплым сухім ложку і правальваўся ў глыбокі, як магіла, сон. Яму не давялося выслухваць пытанні, нешта тлумачыць, не сустрэў ён ні насцярогі, ні варожасці. Вядома, на гасціннасць разлічваць таксама не выпадала. Валянцін нібыта не здзівіўся, успрыняў з’яўленне аброслага, змэнчанага ўцекача годна, па-мужчынску. І Андрусь быў рады, што прыйшоў сюды. Апошняя яго думка, перад тым як заснуць, была пра Анэлю. Яна недзе побач – ён адчувае. Раніцай ён абавязкова даведаецца пра яе, магчыма – перашле вестку... А можа – убачыць?! Гэта было б проста неверагодным шчасцем!
Калі ён адплюшчыў вочы і ўбачыў над сабой мілы твар у залатой кароне кос, то падумаў – трызненне... Толькі дотык прахалоднай вузкай далонькі да ягонага лба пацвердзіў: не сон... Андрусь схапіў дзівосны прывід за плечы: Анэля... Ён быў такі шчаслівы, што нават не ўсвядоміў, як яна змянілася, як схуднела, нібыта згасла.
– Зараз тут будуць жандары.
Ён не мог уразумець сэнсу слоў.
Яна цярпліва, глухаватым ад безнадзейнасці голасам паўтарыла:
– Цябе зараз арыштуюць. Нашто ты сюды прыйшоў?
Андрусь хацеў прытуліць яе да сябе, але яна адхінулася. Мілая баязліўка!
– Анэля! Не бойся, Валянцін не такі... Ён не выдасць. Які ж ён малайчына, што паслаў па цябе!
Анэля неяк дзіўна засмяялася:
– Па мяне не пасылалі. Я тут жыву.
– Жывеш? Чаму?
Прадчуванне чагосьці непапраўнага варухнулася болем, але Андрусь адагнаў здрадлівае адчуванне – яшчэ крыху падоўжыць шчасце...
– Памятаеш, тады, калі ты прыйшоў на мой дзень народзінаў... Валянцін ведаў, што ты мусіш наведаць мяне. Жандары прыходзілі па тваю душу.
– Але ж Валянцін...
Анэля спыніла яго:
– Ён затрымаў мяне ў вітальні і сказаў, што мае загад цябе арыштаваць. І ёсць толькі адзіны спосаб цябе выратаваць – я павінна даць слова гонару, што стану ягонай жонкай.
Андрусь схаладнеў, а думаў, што халадней, чым у той лагчавіне, яму ўжо ніколі не будзе.
– І ты...
– Я – жонка Валянціна. Ён стрымаў сваё слова. Я – сваё...
Як балюча... Андрусь зайшоўся ў прыступе кашлю, і Анэля кінулася падаць яму цёплае пітво на зёлках, што стаяла на тумбачцы ў галавах ложка. Эгаістычнае пытанне пакінутага мужчыны, ад якога самому стала сорамна.
– Ты... шчаслівая?
– Паглядзі на мяне.– Андрусь зірнуў у яе шэрыя вочы, абведзеныя чорнымі ценямі, і аж скалануўся ад вострага жалю.
Ён схапіў жанчыну ў абдоймы, цалаваў яе валасы, бровы, мілы, каханы тварык – і яна нібы прачыналася ад страшнага сну.
– Ты павінна сысці ад яго! Не думай больш пра мой лёс! Мая воля і жыццё не вартыя тваёй пакуты, любая, бо яна – і мая стакроць! І не забывай, я – вой!
Анэля захінула твар рукамі, і Андрусь пачаў цалаваць яе тонкія пальцы, асушваць вуснамі слёзы, што каціліся па іх...
– Сысці... Не было дня, каб я не марыла пра гэта... Бацькі з радасцю прынялі б мяне назад. Не падумай, што ён мяне мучыць. Ён па-свойму добры чалавек і кахае мяне... Па-свойму... «Сцерпіцца-злюбіцца...» Якая лухта! Гэткі прыгажун, асілак, павятовыя паненкі млеюць, а пагладзіць па скуры – дрыжыкі агіды. Быццам датыкаецца жаба. Але я дала слова гонару.
Андрусь адчайна пакруціў галавою:
– Ты дала слова гонару, што будзеш яго жонкай узамен за маю волю. Але ж тут жандары, мяне арыштуюць, і ты вольная! Хіба не так?
– Не так, дарагі сябра!
Дзверы расчыніліся, і ў пакой увайшоў Валянцін. Як заўсёды, упэўнены, мужны. Андрусь усхапіўся і стаў насупраць – прыгорблены, аброслы, намагаючыся здушыць кашаль... Двубой позіркаў скончыўся нічым – Валянцін відавочна не адчуваў за сабой ніякага граху. Гэтак жа ён калісьці адбіраў упадабаныя цацкі ў сябрукоў, адбіраў – сілаю, моўчкі, зацята і ніколі не прасіў даць пагуляць.
– Андрэй, табе лепш прылегчы. Сёння ўвечары прыйдзе лекар, чалавек надзейны. А ты, Ангеліна, ідзі ў свой пакой.
– Я застануся з ім,– голас жанчыны гучаў выклікам.
Валянцін сціснуў зубы, памаўчаў, відаць, каб суняць гнеў.
– Вы дарэмна хвалюецеся. Ніхто не арыштуе цябе, Андрэй. Ты ў бяспецы. Вылечышся і з’едзеш – я дапамагу табе выбрацца за мяжу.
Андрусь глядзеў у твар Анэлі, у якім лучыліся радасць і пакута, і адчуваў сябе нягоднікам.
Жанчына недаверліва перапытала мужа:
– Але чаму тут жандары?
– Ім данеслі, што падазроны чалавек рушыў у бок маёнтка. Ты не быў надта асцярожны, Андрэй,– голас Валянціна гучаў халодным дакорам.– Але зараз я выйду да іх і скірую ў іншы бок. Там паручнік, мой добры знаёмца... Ніякай рызыкі, ніхто не паверыць, што я – здраднік,– у голасе гаспадара адчувалася сапраўдная горыч. Валянцін мякка ўзяў жонку за плечы: – Пойдзем... Хвораму трэба супакой.
Анэля пакорліва апусціла галаву:
– Добра... Як скажаш...
Голас яе прашалясцеў, як сухое лісце. Яна павольна рушыла да дзвярэй. Андрусь сціснуў кулакі. Закладніца... Ён змагаўся, каб здабыць свайму народу волю – і зрабіў каханую жанчыну рабыняй ворага. І яна будзе цярпець і змірацца, яна – такая гордая, жыццярадасная калісьці! Хто ж ён сам пасля гэтага?
За акном чуліся грубыя галасы, смех, тупатанне коней. Андрусь падабраўся да акна. Сапраўды, конны атрад... Два афіцэры... Якраз як два гады таму. Вось упэўнены голас Валянціна. Андрусь памацаў пад падушкай. Пісталет у яго не адабралі – ён жа не быў палоннікам. І само сабой зразумела, што ён не мог страляць у гаспадара дома, які даў яму прытулак.
Андрусь расчыніў акно і зваліўся на прэлую лістоту. Адпоўз, хаваючыся за кустамі. Няхай думаюць, што ён блукаў недзе ля дому. Рука здрадліва дрыжэла, і ён стрэліў амаль не цэлячыся. Адзін з жандараў схапіўся за плячо...
Бунтаўшчык быў знясілены і меў усяго адзін набой. Далёка не ўцёк. Інсургента звязалі і паклалі на калёсы, пазычаныя ў гаспадара. Гаспадар быў нібыта зусім пераляканы – відаць, не чакаў, што такі госць бадзяецца проста пад вокнамі. Пані, добрая душа, вынесла для арыштаванага цёплую адзежу. Няхай... Мусіць жа злыдзень дажыць да вісельні.
– Нашто ты гэта зрабіў?
Яна не плакала – вочы былі зусім сухія, з гарачым бляскам.
– Цяпер ты вольная... Сыходзь ад яго. Абяцаеш?
– Любы...– Яна пацалавала яго збіты твар.– Ты мусіш ведаць... У цябе ёсць сын.
– Што?!!
– Так. Твой сын. Падобны на цябе, бялявенькі і вясёлы. Завуць – Кастусь.
– Любая...– Андрусь, звязаны, хворы, збіты, захлынаўся ад шчасця. Колькі ў ім, аказваецца, яшчэ сілы, дзякуй, Госпадзе!
– Я сыду. Але Валянцін не аддасць мне сына.
– Я вярнуся,– Андрусь сказаў гэта нечакана цвёрда.– Я вярнуся па яго і па цябе.
Дождж лінуў на чорную зямлю, быццам аплакваючы яе зімовае паміранне. І раптам у нізкіх, пахавальна змрочных хмарах бліснула позняя маланка – нібы вышчарбленая ў слаўных бойках шабля, і адлюстравалася ў шэрых вачах жанчыны, што нерухома стаяла ля брамы і глядзела на пустэльную дарогу.
У пансіёне для хлопчыкаў, дзе сярод іншых вучыўся дванаццацігадовы сын стацкага саветніка Валянціна Р. Канстанцін, панавала строгая дысцыпліна. Частка навучэнцаў утрымлівалася за казённы кошт, і амаль для ўсіх вымалёўвалася адна перспектыва – папоўніць рады царскага войска. Таму асаблівая ўвага ўдзялялася выхаванню вернападданніцкага духу і цялеснай моцы. Паўночна-Заходні край, які толькі што перажыў бунт, меў патрэбу ў здаровых маладых сілах, што будуць спрыяць грамадзянскай згодзе.
Па праўдзе кажучы, стацкі саветнік мог бы для свайго адзінага сына выбраць лепшы пансіён. Тым больш Кастусь Р., бялявы разумны хлопчык, асаблівыя поспехі рабіў у вывучэнні моў, а за парушэнні дысцыпліны досыць часта трапляў у карцар. Бацька рэдка клікаў сына на вакацыі дадому. Дзіва што – аўдавеўшы, ажаніўся другі раз. Хлопчык зрэдку наведваў толькі матчыных бацькоў – за сцены пансіёна выходзіць не дазвалялася. Шмат часу Кастусь праводзіў у бібліятэцы. Новы настаўнік нямецкай мовы, паважаны чалавек з зусім сівымі валасамі і жылістай фігурай бывалага падарожніка, асабліва адзначаў здольнасці Кастуся, нават дадаткова з ім займаўся. Таму нікога не здзівіла, што ён вызваўся праводзіць вучня да ягоных сваякоў.
Кастусь Р. і настаўнік-немец больш у пансіёне не з’явіліся. Следства выявіла, што мужчына і хлопчык, паводле пашпартоў – бацька і сын, перасяклі мяжу Расейскай імперыі на мяжы з Прусіяй. Пайшлі чуткі, што немец быў зусім не немец, а італьянец, адзін з галаварэзаў Гарыбальдзі, і ў свой час насіў славутую чырвоную кашулю. Казалі яшчэ, што ён ці то карбанарый, ці то масон і хлопчыка звабіў для нейкіх магнетычных вопытаў, і незразумела, адкуль у яго бліскучыя рэкамендацыі і неаспрэчна высокая адукаванасць.
Стацкі саветнік Валянцін Р. не праявіў зацікаўленасці ў вышуку сына. Падрабязнасці справы былі строга засакрэчаныя.
Кветка вераніка
Сцябло кветкі было такім кволым, што здавалася, яму не ўтрымаць бутона. Той хіліўся долу, нібыта ў цяжкім задуменні – ці варта аддаваць апошнія сілы, каб падарыць свету яшчэ адну драбніцу чыстае красы. Але аднойчы, на досвітку, развінуліся маленечкія сінія-сінія пялёсткі з танюткай белай аблямоўкай – нібыта ўсміхнулася дзіця.
Вінцэсь нават ведаў, як называецца гэтая кветачка,– вераніка дуброўная. У вільготным прыцемку пад старой віхлой у іхнім парку, дзе яны з Алесем і Валянцінам гулялі ў высакародных разбойнікаў, такіх кветак расло шмат... Але тут, між камянёў турэмнага акна, у выбоіне ля жалезнага прута рашоткі...
Сінявокае цуда! Тым больш бясконцыя чатыры месяцы, пакуль доўжылася следства, Вінцэсь правёў у цёмнай падвальнай камеры. Святла было адмерана – абы вязень не аслеп. Нясмелы промень на якую гадзіну прабіраўся ў каменны мяшок праз маленечкую адтуліну наверсе, якая аніяк не заслугоўвала наймення акна.
Шчасце – гэта калі ў адной кветцы табе адкрыецца багацце ўсіх кветак свету.
Вінцэсь крануў зялёны круглы лісцік з далікатнымі зубчыкамі, і падалося, што той у адказ ласкава пагладзіў палец чалавека.
Віхлу ў парку новыя гаспадары маёнтка, напэўна, загадалі спілаваць – скурчаная, сівая ад часу, з чорным дуплом, у якім яны хавалі самаробныя лукі. А галінкі схіляюцца да самай зямлі, утвараючы сапраўдны будан. Неяк на летніх вакацыях – яму было гадоў дзесяць, братам крыху больш – нават зладзілі пад той віхлою, начытаўшыся прыгодніцкіх раманаў, «таемнае брацтва» «Чырвонай рукі» і пакляліся змагацца з несправядлівасцю і абараняць бязвінна пакрыўджаных, асабліва прыгожых жанчын.
Няма больш таго брацтва. Алесь загінуў яшчэ на пачатку паўстання, калі купку інсургентаў абкружылі на ўскрайку пушчы жандары. Валянцін прысуджаны да смяротнага пакарання як кіраўнік атрада. Ён, Вінцэсь, самы малодшы з братоў, пойдзе ў Сібір.
Вінцэсь здагадваўся, каму цяпер належыць іх маёнтак. Вернападданаму, які асабліва выявіўся ў справе задушэння правінцыйнага «бунту». І ў абясшкоджванні былых гаспадароў – дзяржаўных злачынцаў.
Так што віхлы хутчэй за ўсё няма...
Звіняць званы... Быццам з неба сыплецца золата. Учора быў Вялікдзень. Хрыстос уваскрос... Вінцэсь мімаволі ўсміхаецца – і ў Сібіры ёсць сонца... І не загінула Радзіма, у якой яшчэ шмат сінявокіх веранік і старых віхлаў.
Загрукаў замок на дзвярах, нібыта цяжка ўставаў з магілы прывідны рыцар у ржавых латах.
– Анталевіч, да вас нявеста. Дзеля свята дазволена спатканне. Збірайцеся...
Хоць ніякай нявесты і нават знаёмай дзяўчыны, якая магла б прыйсці пад гэтым званнем, у Вінцэся не было, хлопец не здзівіўся. Ён ведаў: так робіцца досыць часта. Жанчыны з сем’яў, дзе падзялялі ідэалы разбітага паўстання, наведвалі зняволеных, да якіх не было каму прыйсці, называючыся нявестамі. Былі нават выпадкі – Вінцэсь ведаў дакладна,– што такія наведванні канчаліся сапраўдным каханнем і шлюбам і маладая прыгажуня ехала за мужам у высылку.
Калісьці і яму ўсміхаліся прыгажуні...
Вінцэсь успомніў балі ў Віленскім універсітэце, гасцёўню пані М*, дзвюх паненак-блізнючак, што жылі ў суседскім маёнтку, дзе ён з братамі былі частымі гасцямі... Госпадзе, як гэта далёка! Нібыта іншы чалавек – прыгожы, спрытны, элегантны – смяяўся, жартаваў, запрашаў на вальс, гуляў у фанты...
Калі ў пакоі для спатканняў Вінцэсь пабачыў скрозь краты постаць дзяўчыны ў цёмна-зялёнай сукенцы з бялюткім каўнерыкам і капелюшыку з густым вэлюмам, стала горача. Вось дзіва... Ён ніколі раней так не губляўся перад дзяўчатамі. А тут яшчэ ўпершыню падумаў пра ўласны выгляд... Вядома, яму дзеля спаткання прынеслі касцюм, кашулю, далі магчымасць пагаліцца – турэмнаму начальству зусім не даспадобы паказваць шаноўнай публіцы сваіх падапечных у абліччы здзічэлага Рабінзона Круза. Але год турмы нікога не красіць... А да гэтага яшчэ два гады жыцця па лясных лагерах, бойкі – шаблі супраць ружжаў, выпадковыя начлегі, уцёкі – хмызнякі, якія балюча б’юцца пругкімі галінкамі па твары, быццам папракаюць, што ўцякаеш; дрыгва, якая, магчыма, хавае ў сваёй бездані бурштынавы палац або нованароджаную крыніцу, а можа схаваць і цябе; сумёты па грудзі – нібыта ты памёр і ідзеш праз аблокі да Брамы на той свет...
Дзяўчына адкінула з твару вэлюм, і Вінцэсь ледзь стрымаў уздых расчаравання. Вядома, ён не спадзяваўся, што прыйдзе прынцэса з юначых сноў... Але ўсё-ткі...
Нявеста была непрыгожай. Рудыя валасы, тонкія рысы невыразнага, у рабацінках, твару, вочы апушчаныя – быццам баіцца на яго і глянуць... Ды яшчэ адчайна чырванее – аж рабацінкі зліваюцца са скурай. Не, гэта не прынцэса, гэта ў найлепшым выпадку фрэйліна прынцэсы – стаіць са срэбным імбрычкам для кавы па левую руку пані, чакаючы загаду.
Але ж і ён, Вінцэсь, знайшоў час быць пераборлівым!
Вязень як мага больш ветла ўсміхнуўся наведніцы:
– Ну, дарагая нявеста, давайце ж пазнаёмімся бліжэй!
Рудая дзяўчына падняла вочы... І быццам заззялі дзве сінія зоркі... Ці сінія кветкі. І валасы ў яе не рудыя... Яны залатыя, як у ірландскай Ізольды.
– Гэта вам...– Госця працягнула праз рашотку акуратны скрутак у падаруначнай паперы з залацістымі херувімчыкамі, перавязаны белай атласнай стужкай.
Жандар, які сумаваў у дальнім куце пакоя, не зварухнуўся. Вінцэсь зразумеў, што змесціва скрутка ўжо правяралі.
– Дзякуй... Але як вас усё-ткі зваць?
– Вераніка... І... я, пан Вінцэсь, шмат пра вас ведаю. Вы нават не здагадваецеся, як шмат...
– Ад каго, калі не сакрэт?
Дзяўчына зноў зачырванелася:
– Ад... ад агульных знаёмых...
Вінцэсь не перапытваў. Яму, вязню, не пра ўсё могуць распавядаць, што дзеецца на волі. Ён глядзеў на дзяўчыну, і яна ўсё больш і больш падабалася яму. Можа, сястра кагось з паплечнікаў? Хто з яго знаёмых быў такі руды? А можа, яна ведала яго, Вінцэся, ужо даўно, употайкі здаля назірала за ім, бліскучым маладым чалавекам. Але хіба тады ён звярнуў бы ўвагу на гэтую сінявокую рудую мышку?
– Зараз праверым, ці праўда вы шмат пра мяне ведаеце... Чулі пра брацтва «Чырвонай рукі»? – таямнічым шэптам запытаўся Вінцэсь.
У рудзенькай аж вочы скругліліся ад спалоху.
– Пятнаццаць год таму, пад старой віхлой...
Ён умеў расказваць. А яна ўмела слухаць. Хутка ім здалося, што яны знаёмыя ўжо даўно-даўно, і свет турмы з яе катавальнямі і каменнымі мяшкамі, вошамі і гнілымі сеннікамі падаваўся нерэальным і недатычным іх.
На развітанне яна працягнула яму яшчэ нешта, загорнутае ў хустачку...
Велікоднае яйка... Чырвонае, з кранальным папяровым зайчыкам, прыклееным збоку...
– Хрыстос уваскрос.
– Сапраўды ўваскрос.
Яны тройчы пацалаваліся праз рашотку. Яе вусны былі цёплыя і пяшчотныя, як сагрэтыя сонцам пялёсткі шыпшыны.
Вінцэсь схамянуўся:
– У мяне таксама ёсць для вас падарунак...
І дастаў з кішэні сурдута маленькую сінюю кветку.
– Яна ваша цёзка... Вераніка дуброўная... Дзякуючы вам, яна патрапіць на волю.
Дзяўчына паглядзела на вязня роспачнымі вачыма, якія ад слёз зрабіліся яшчэ сінейшымі, і схавала кветку ў складзеных далонях – нібы кволае птушаня.
– Спатканне закончана!
Якое, аднак, мёртвае паветра ў яго камеры... Здавалася б, акно незашклёнае, холад часам сабачы, а турэмны пах невынішчальны.
Вінцэсь задумліва глядзеў у сіняе неба, перакрэсленае рашоткай. А калі б ён прапанаваў госці стаць сапраўднай нявестай? Ці адмовілася б? Прынамсі, верыцца, што не пасмяялася б над дзёрзкасцю амаль незнаёмага маладога чалавека без будучыні.
Вядома, гэта глупства... Мары... Але калі яна прыйдзе наступны раз... На катаргу яго адправяць толькі праз месяц...
Яна больш не прыйшла.
Рудзенькая дзяўчына, сцягваючы з рук пальчаткі колеру французскай зеляніны, забегла ў кабінет не пастукаўшыся – быццам ветрык заляцеў. Паважанага выгляду сівавалосы чалавек у модным персідскім халаце адклаў на столік кніжку, прыўзняўся з фатэля насустрач гарэзліваму стварэнню.
– Веранічка! Прыехала! Ну, як у цёткі гасцявалася?
Дзяўчына ўсхвалявана засакатала:
– Тата, цяпер светлая Сядміца! У гонар свята паабяцай, што выканаеш маю просьбу! Паабяцай, калі ласка!
Сівагаловы пан жартоўна ўздыхнуў:
– Ну, ты ведаеш, я не магу табе адмовіць.
– Не знішчай старую віхлу там, у парку, ля сажалкі, дзе ты хацеў пабудаваць альтанку!
Бацька здзіўлена падняў бровы:
– Сапраўды, нечаканая просьба!
Вочы дзяўчыны бліснулі, як дзве сінія маланкі.
– Ты даў слова... Лічы, што гэта мой капрыз. Тое дрэва абуджае ўва мне рамантычныя згадкі.
Стары пан камічна развёў рукамі:
– Ну, раз абяцаў...
– Дзякуй, татачка!
Дзяўчына імкліва пацалавала бацьку ў шчаку і гэтак жа імкліва рушыла ў свой пакой. Там яшчэ было не зусім утульна – пасля засялення давялося мяняць абіўку на сценах, закупляць мэблю. Папраўдзе, цяперашнім гаспадарам хацелася змяніць тут усё да драбніц.
Але віхла няхай будзе...
Дзяўчына дастала з рыдыкюля насоўку, разгарнула... Кволая кветка зусім звяла. Яе пялёсткі пабляклі і больш не нагадвалі нічые вочы. Хіба выцвілыя вочы старога...
Дзяўчына нейкі час моўчкі глядзела на кветку. Потым падышла да кніжных паліц, узяла кнігу з надпісам на французскай мове: «Аляксандр Дзюма. Граф Монтэ-Крыста», уклала між старонак вераніку дуброўную і зноў паставіла важкі том на месца.
Лікантроп
Ствалы высокіх карабельных соснаў – зверху бурштынавыя ад сонца, а пачынаючы з сярэдзіны цёмныя, быццам пастарэлыя – і ля самай зямлі кантрасна да юнай пяшчотнай скуры вяршыні пакрыты сівым змрочным мохам. Нават пры невялікім ветры дрэвы пагойдваюцца, сутыкаючыся шырока раскінутым голлем. Таму, хто глядзіць на іх з акна маёнтка Варгуны, здаецца, што сосны ідуць проста на яго, нязграбныя і адначасова страшныя, ідуць на нягнуткіх сваіх нагах, нахіляючыся з боку на бок, і вось-вось праб’юць тонкае шкло, упраўленае ў свінцовыя рамы, жорсткім, як дзіды, голлем...