355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 10)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 32 страниц)

– Ляскевічы не плачуць! – прамовіла Анэта. Але прыхадзень працягваў, як не чуючы.

– Калісьці мая спіна не была сагнутая ў кола, паненка. І мяне кахала самая лепшая дзяўчына ў свеце. Але ў яе мелася сямёра братоў. А спадчына на ўсіх – адна! Па законе сястры вылучаецца чацвёртая частка спадчыны ў пасаг, незалежна ад таго, колькі братоў. Уяўляеш, як пабяднелі б яны? Агата мусіла заставацца старой дзеўкай... Але каб не здрада пахолка – мы з’ехалі б, і нас абвянчалі б, і... Хе-хе-хе! Маю спіну ламалі цэлы год, паненка... Цэлы год я штохвілі маліў аб смерці. Цяпер магу сказаць, што і я танчыў з кашчавай. Чаму яна выпусціла маю руку? Не ведаю... Але мне ўсё яшчэ часам здаецца, што я скачу ў яе карагодзе.

– Ты дапаможаш мне? – з надзеяй спытала Анэта.

Дзіўны госць толькі ашчэрыўся ў вар’яцкай усмешцы:

– Як можна дапамагчы таму, хто так блізка пазнаёміўся са смерцю? Ты просіш волі... А ты ведаеш, што такое воля? Сабака, які ліжа сляды свайго гаспадара, лічыць сябе вольным... І пакусае кожнага, хто вызваліць яго ад гаспадаровай палкі... Дзе твая воля, паненка? Цябе няма.

Госць дастаў нейкую прыладу, спрытна павярнуў у замку і – выслізнуў з пакоя. Анэта глядзела на зноў зачыненыя дзверы, і роспач сціскала яе ў сваіх халодных абдоймах.

– Адпусціце мяне! Адчыніце!

Анэта стукала ў дзверы, не чуючы ўласнага крыку.

– Я хачу дадому!

* * *

– Я хачу дадому!

Пранізлівы жаночы крык змусіў мяне падскочыць на ложку.

Нейкі час я здранцвела сядзела, прыслухоўваючыся да шуму ў калідоры. Нарэшце падышла да дзвярэй, асцярожна прыадчыніла... Прыгажуня з чорнымі валасамі, раскіданымі, нібыта ў іх жыў ветрык, раздражнёна тузала Юрася за рукаў швэдара. Твар мужчыны не быў ані ўгневаны, ані раззлаваны... Проста сумны і безнадзейны, як водбліск ліхтара ў восеньскай лужыне.

– Ну што ты маўчыш, як стод!

Ён усё-ткі прывёз сюды жонку...

Я зачыніла дзверы і прытулілася да іх. Што я мушу рабіць? Выйсці, мірыць, суцяшаць? Ніколі не лезу ў чужыя справы. Але Юрася было так шкада...

– Пані, я магу вам дапамагчы? – голас Макса гучэў і жыццярадасна, і спачувальна, і даверліва... Я з палёгкай уздыхнула. Няхай прафесіяналы займаюцца сваёй справай. А я магу зноў застацца ў сваёй ракавінцы.

Але падчас сняданку аніхто не сказаў бы, што з кабетай вытанчанай прыгажосці нешта не так. Кармілі нас цяпер не ў шыкоўнай гаспадарскай гасцёўні, а ў пакоі для абслугі на першым паверсе, за шэрымі пластыкавымі столікамі. Я апынулася побач са Стэлай і Юрасём. Гаворка за сталом лунала, як матылёк. Стэла ветліва ўсміхалася, дасціпна падавала рэплікі... Яна была бездакорнай... Напачатку я мімаволі кідала пагляд на доўгія рукавы ейнай чорнай сукенкі, элегантна-артыстычнай, і з жахам уяўляла на белай, далікатнай скуры сляды ўколаў... Але хутка я на гэтыя асацыяцыі забылася. Ёсць людзі, якіх мне лёгка прызнаць больш значнымі за сябе. Яны, не заўважаючы, ператвараюць прастору ў мільёны тоненькіх павуцінак, што сыходзяцца на іх. Талент, якім я не валодаю. А Стэла – валодала напоўніцу. Калі яна глядзела на мяне, у яе вачах не было і ценю злосці або паблажлівасці... Можа, хіба трохі адчуджанасці. Я гадала, ці ведае яна, што Юрась калісьці называўся маім мужам...

А пасля я ішла калідорам і пачула, як нехта весела смяецца. Перад адным з эркерных вокнаў мелася невялікая круглая гасцёўня, нібыта альтанка – шырокая канапа, часопісны столік, пальмы. Добрае месца для спатканняў... Юрась і Стэла стаялі на канапе на каленях, Юрась быў распрануты да пояса, а жонка старанна малявала на яго целе складаны тонкі ўзор. Рэстаўратар перашкаджаў, намагаючыся пацалаваць руку, што трымала пэндзлік. Бесклапотны смех нібыта ахутваў пару празрыстым павуціннем пяшчоты. Я застыла, схаваная прыцемкам калідору, і маё сэрца нечакана для мяне разбівалася на маленькія аскалёпкі, нібыта тонкі лёд, па якім цяжка крочыць мінак. Няўжо я такая зайздросная да чужога шчасця? Тым больш ведаю, наколькі яно ў гэтых людзей крохкае і хвіліннае, як жыццё заблукалай у хату сняжынкі.

Ты марыш пра шчасце, якога здабыць не ўдалося?

Упалі гады на зямлю, як пустое калоссе...

І што засталося? Паперы не вартыя вершы?

І вечная прага быць першым. І вера: «Я першы...»

А потым я стаяла на пляцы Старавежска, перад адноўленай ратушай, нібыта з дыснееўскага мульціка – белая, бліскучая, з новенькімі пластыкавымі вокнамі і чырвонай металачарапіцай, і Пётр Піліпавіч Калейка, былы настаўнік гісторыі, крычаў на мяне, зрываючы голас:

– Як вам не сорамна! Вы – і на баку тых, хто нявечыць адзінае, што засталося ад нашай гісторыі! Былое начальства хаця не руйнавала, гібеў паціху будынак у чаканні лепшых часоў. А Баркун ваш загадаў нават падмурак разабраць і наноў, з нейкай сінтэтыкі скласці. А тут кожны каменьчык – каштоўнасць! А можа, вам гэта падабаецца, як боўдзілам з райвыканкама? «Прыгожанька»?

Калейка тыцнуў кавенькай у напрамку вежы, туды, дзе над дзвярыма красаваўся ўсімі фарбамі Баркуноў герб.

– Ганьба! Ды за такое забіць мала! І з музея ваш гаспадар усё забраў – за капейкі... Крамы для турыстаў будуюць, рэстараны... Апошнюю капліцу ўчора знеслі. Планіроўку пляца незваротна парушылі. Дзе могілкі мо тысячу гадоў – падземны гараж... Падлеткі чарапамі ў футбол гуляюць. Людзі гінулі, каб гэты горад абараніць! А ён сам пад ногі кладзецца. Баркуны, Калыванавы... Гэтай навалачы адно трэба – грошы зарабіць. Баркуноў у гэтым горадзе ніхто добрым словам не згадае. Дзед гэтага вашага багацея Аркадзя паспеў яшчэ да вайны ворагаў народу навыкрываць. Дырэктар школы, сумленнік, беларус шчыры, з-за яго ў Сібіры згінуў. А цяпер унучок сваіх дабротаў Старавежску дадаў, хай Бог яму на тым свеце даруе. Не хачу з вамі больш размаўляць! Самі шукайце звестак для лжывых артыкулаў.

І пакульгаў у сваім доўгім шэрым паліто, у капелюшы з абвіслымі брыламі, рассякаючы вільготнае паветра, нібыта патрапаны ў бурах, але ўсё яшчэ ваяўнічы карабель...

– Мы проста робім сваю працу,– пераконваў мяне і сябе прыгнечаны Юрась, пакуль мы вярталіся назад у маёнтак.– Аркадзь, вядома, учыніў сапраўднае барбарства. Калі б я ведаў, умяшаўся б... А я ўпёрся ў свае справы. Ведаю, не апраўданне... Але... я ж як у акварыуме жыву, прапускаю праз сябе ўсё тую ж ваду, у якой меней і меней кіслароду. Аркадзь запэўніваў, што будоўлю выдатныя замежныя спецыялісты вядуць. Я веру, ён лічыў, што робіцца як найлепей.

Я моўчкі глядзела, як за акном машыны мільгаюць голыя дрэвы, нібыта пакараныя грэшнікі. А я ж думала, што за святую справу ўзялася... Што Аркадзь сапраўды гораду дапамог... Як жа цяпер быць? Артыкул перапісваць? Ад працы адмовіцца? Ну... можа, не так усё страшна, як дзед на плошчы крычаў? Усё-ткі... турыстычны бізнес... Пабагацее мястэчка... Я сама сабой пагарджала за баязлівыя думкі і спробу схавацца ад патрэбы прымаць непрыемныя рашэнні. Адвыкла я ад такога максімалізму. Вось Калейка і ягоныя аднадумцы – захавалі былую зацятасць... А можа, да смерці Аркадзя і датычныя тыя, хто лічыў ягонае абыходжанне з гісторыяй злачынствам?

– Чытаў я адзін беларускі дэтэктыў, у якім забіваюць вучонага за тое, што меў намер напісаць кнігу з выкрыццём народнай беларускай міфалогіі,– змрочна азваўся на маю гіпотэзу Юрась.– Але ў жыцці забіваюць з-за таго, што скраў бутэльку гарэлкі, падрапаў аўто, не пазычыў грошы... А вось з-за разбуранай вежы ці знішчанага кургана – нават пысу не наб’юць.

А ў былым уладанні Людвісараў Стэла, такая чужародная ў чорным строі на фоне лагодна-ружовых сценаў калідора, зусім не падобная на тую вытанчаную кабету, з якой я размаўляла за сняданкам, і на гарэзную мастачку з гасцёўні перад эркерным акном, чагосьці лаялася на Янчына. І Віталь, пачырванеўшы, спрабаваў схавацца за дзвярыма свайго пакоя.

– Ты ж быў яго сябруком! Ты ведаеш, што мне трэба!

І Юрась зноў кінуўся супакойваць, угаворваць, пакутваць... А я зноў глядзела ў акно, на голыя дрэвы і кволы снег, і хацелася неадкладна з’ехаць. Схавацца, адасобіцца, каб нічога не бачыць і не чуць... Што я тут раблю? Навошта сюды прыехала?

Ды дзеля грошай, даражэнькая... Прызнайся нарэшце самой сабе, што проста прадалася. Месяц працы – за цэлы год бесклапотнага існавання...

– Не чапайце мяне! Пусціце!

Голас Стэлы зрываўся, як струны скрыпкі, якая цэлы век праляжала ў нейкіх лёхах.

Вар’ятоўня! Але ж я нічога не змяню... Хутчэй зрабіць тое, што ад мяне патрабуецца... Тысяча даляраў на дне валізы, мой аванс – чым не падстава для цярплівасці?

Але цярплівасці мне заўсёды бракавала...

І нараніцу я ўзялася за паперы, як рупная гаспадыня за пустазелле – толькі шамацелі... Баркунова біяграфія ўзнікала на маніторы камп’ютара, як палац з мармуровымі калонамі. Я супакойвала сваё сумленне тым, што нічога не напісала пра «выдатную рэстаўрацыю»... Што ж, колькі людзей лічылі сябе сумленнымі толькі таму, што прамаўчалі, не далучыліся да агульнага гарлання ўхвалаў. Вось толькі час іхняга маўчання не пачуў.

Затым радок за радком высноўвалася стракатая гісторыя Старавежска з ягонымі легендамі... А вось што тычыцца калекцыі гадзіннікаў, тут зразумела не да канца...

Я ўявіла тую эпоху. Позняе сярэднявечча. На самым парозе Адраджэння... Пошасць, спусташыўшы амаль усю Еўропу, пазбавіла чалавека страху смерці, якім была напоўнена свядомасць ранейшых пакаленняў. Нядаўна я была на рыцарскім фэсце, моладзь узнаўляла старажытныя танцы... Сярод іх «танец смерці». Прыгожы. Павольны... Адзін за адным танцоры выходзяць з кола... Павінна ўяўляцца, што жывыя ў гэтым танцы чаргуюцца з мерцвякамі... Але чароўныя дамы і рыцары ў пашытых з парцьераў касцюмах, з мабільнымі тэлефонамі ў кішэнях задаволена ўсміхаліся, відаць, не надта ўдумваючыся ў застрашлівы сэнс танцавальных фігураў. А між тым калісьці гэтыя скокі былі абавязковым і нялёгкім рытуалам. Чалавек прывучаўся жыць са сваёй смерцю. Адчуваць побач з сабой агіднага мерцвяка, у якога ў любое імгненне ператворыцца сам. «Кожны вучыцца танцаваць гэты танец. Непазбежны для мужчынаў і жанчын гэты лёс. Смерць не шкадуе ні вялікіх, ні малых»,– са змрочнай іроніяй пісаў сярэднявечны тэолаг Герсан. Ён налічыў дваццаць пяць асобаў у гэтым танцы... Кароль, блазан, мніх, высакародная дама, купец, рыцар, шкаляр, лекар, біскуп, самадайка...

– Проста мы вельмі мала ведаем пра псіхічныя захворванні,– патлумачыў мне Макс, які заявіўся ў мой кабінет з нязменным кубкам кавы.– Я перакананы – яны заразныя... Як грып. Яшчэ прыхільніцы Вакха бегалі па вуліцах Афінаў і Рыма ў святарным шале, яны маглі разадраць на кавалкі мінака... Гэтак і абышліся з Арфеем, дарэчы.

– Міфічным спеваком?

– Ну чаму ж міфічным...– Макс даверліва паклаў сваю руку на маю.– У кожнага міфа – рэальная падбіўка.

Што ён, заляцацца да мяне ўздумаў? Я без асаблівай далікатнасці прыбрала руку. Макс не паказаў крыўды, нават трохі адсунуўся і нязмушана працягваў:

– Арфей быў рэальнай асобай, паслядоўнікам культу Апалона, паганскім святаром... Культы Апалона і Вакха-Дыяніса не тое што варагавалі, але былі двумя процілегласцямі. Апаланічнае натхненне – дыянісійскі шал... Прасветлены сакральны роздум – і інстынктыўная жарсць... У сярэднявеччы эпідэміі псіхічных захворванняў ахоплівалі не тое што тысячы – сотні тысяч людзей, цэлыя гарады. У 1374 годзе ў італьянскім горадзе Аквісграна скакалі ўсе: і старыя, і дзеці, і цяжарныя жанчыны. Тыя, хто танчыў, мелі аднолькавыя відзежы – напрыклад, святых, або раскрытае, як сіняя брама, неба... З’яўлялася агіда да чырвонага колеру, да вострых прадметаў... Гэтая манія распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе, дайшла да Кёльна, Страсбурга, Меца... Тыя, хто выжыў у скоках, ішлі да магілы святога Віта, па ацаленне... А манія падарожжаў! У 1212 годзе маленькі пастушок з Вандома абвесціў, што да яго з’явіўся Бог. Малеча звёў за сабой у крыжовы паход 30 тысячаў дарослых мужчынаў! А манія прароцтва сярод дзяцей! Уяўляеце – стрыгункі па восем-дзевяць гадоў сотнямі прарокуюць і прамаўляюць такія паэтычныя і ўзнёслыя словы, што даступныя рэдкаму філосафу. А эпідэмія флагелянтаў – натоўп, які крочыць па вуліцах і збівае сябе бізунамі! Дзень, два, месяц! А паляванне на ведзьмаў – яно ж не проста так узнікла. Тысячы жанчын вар’яцелі на тым, што адчувалі зносіны з нячыстай сілай. І ў падмурку ўсяго – страх... Страх смерці...

– Усё, хопіць...– я нават кубак адставіла.– Добра, што мы не ў сярэднявеччы жывем.

– Вы так думаеце? – Макс весела прыжмурыў шэрыя вочы.– Чалавек не змяніўся ад таго часу, як адкусіў ад вядомага яблыка. Што з ім адбывалася – тое і адбываецца, толькі ў іншым выглядзе. Хіба не нагадваюць сярэднявечныя эпідэміі харэі паводзіны натоўпу дзе-небудзь на рокерскім фестывалі? А ўспомніце канцэрты «Бітлзаў», або якой «Аббы»... Ці палітычныя мітынгі... Уключыце сёння тэлевізар – і перад вамі вынікі масавых псіхозаў.

– І, магчыма, іх прычыны,– падала я рэпліку, рашуча падымаючыся з крэсла.– Прабачце, я стамілася...

Юрась і прафесар стаялі перад гадзіннікам з драўлянымі фігуркамі Адама і Евы і чагосьці напружана чакалі. Замест яблыка Ева працягвала свайму нехлямяжаму мужу, загорнутаму ў вінаградную галінку з гіганцкімі лістамі, металічны кубак... Такі вялікі ў параўнанні з маленькай фігуркай Евы, што ў рэальнасці мог раздушыць яе. Раптам з кубка выбліснула змяя...

– Боммм...

Мужчыны пераможна заўсміхаліся, я нават пазайздросціла, што не маю дачынення да іх перамогі.

Макс абняў за плечы даследчыкаў.

– Самы час паведаміць – Пётр Апанасавіч тэлефанаваў са Швейцарыі, прасіў перадаць – за кожны адрамантаваны гадзіннік вам прэмія па пяцьсот даляраў!

– Дзякую...– ніякавата прамовіў Юрась, а прафесар расплыўся ва ўсмешцы.

– Прывітанне Пятру Апанасавічу! Гэта вялікі чалавек, сябры! Вялікі! За ім – будучыня! Каб вы ведалі...

– Прафесар, мы ж дамаўляліся...– дакорліва прамовіў Макс, і стары дзівак сумеўся і паслухмяна замоўк.

Гадзіннік працягваў цікаць, гучна, натужна, нібыта яго жалезнае сэрца пераадольвала з кожным ударам супраціў пяці з паловай стагоддзяў...

– Усяго чатыры гадзіннікі засталіся няспраўныя! – радаваўся Макс.– Заўтра будуць гатовыя ўсе дэталі, што вы, Юрась, заказалі... І замену вяроўкам з авечых кішак прывязуць... Не сумнявайцеся – не горш будуць!

Але Юрась сумна ўздыхнуў:

– Нешта «затармазіў» я з рамонтам...

– А што здарылася? – захваляваўся Макс.

– У майго маладога калегі цікавая тэорыя,– крыху раўнівым голасам прамовіў прафесар.

– Ну якая там тэорыя...– прамовіў Юрась.– Проста я зразумеў, што кожны гадзіннік біў як бы на сваёй ноце, яны – як музычная гамма, ад самага нізкага да самага высокага гуку. Але мацаванні пятнаццатага стагоддзя засталіся толькі ў трох гадзінніках. Калі б мне ведаць, у якой паслядоўнасці яны стаялі,– я б мог вылічыць, як было зладжана ў астатніх...

Макс захваляваўся.

– Зараз я распараджуся, каб прывезлі яшчэ якія дакументы... Усё, што можна, што тычыцца гадзіннікаў таго часу...

І збег. Прафесар пасунуўся за ім, мармычучы нешта незадаволена.

Я наблізілася да Юрася, які моўчкі, неяк тужліва ўглядаўся ў фігуркі Адама і Евы. Я заўважыла, што ў чорнавалосай Еве, з доўгімі, раскіданымі, нібы ад ветру, валасамі было нейкае падабенства са Стэлай... Цікава, чаму яна сёння так ціха сядзіць у сваім пакоі? Можа, выпрасіла... «дозу»?

Я абвяла вачыма пакой – што тут было пры колішніх гаспадарах? Памяшканне для прыслугі? Збройня? А можа, катавальня? Вунь якая скляпеністая столь, акенцы – маленькія, у самым версе, праз такія не ўцячэш... Апошні з Людвісараў, які жыў тут, быў паўстанцам Каліноўскага, а пасля зняволення звар’яцеў. Ці не таму гэтыя таўшчэзныя сцены працятыя вар’яцтвам, і нават з-пад сучаснай акрылавай фарбы нібыта цягне пахам плесні, буцвення, застарэлага жаху і тугі? Захворванні душы заразныя... Можа быць, і Юрась?.. Я загаварыла на больш цікавую тэму, пастараўшыся, каб мой голас гучаў як мага больш па-дзелавому.

– Паслухай, гадзіннікі і ў летапісе, і ў пражскіх пратаколах параўноўваюцца з апосталамі. Мусіць, таму, што іх дванаццаць. Продкі шмат значэння надавалі магіі лічбаў. Яшчэ падобна, што гадзіннікі лекар ставіў у кола. Можа, паспрабаваць суаднесці іх з імёнамі апосталаў? Тады і здагадаемся, як былі расстаўленыя.

Юрась уздрыгнуў і адвёў позірк ад фігуркі Евы, што таксама, як і Адам, была цнатліва захутаная ў расфарбаваныя зялёным вінаградныя лісты.

– А гэта вельмі падобна на праўду! Ты малайчына, Анэта. Сапраўды, на гадзінніках столькі рознай сімволікі...

Я прыгледзелася да чорнавалосай драўлянай фігуркі.

– Паслухай, а чаму ў руках Евы – кубак са змяёй? Можа, гэта мусіць нешта азначаць?

Юрась задумаўся.

– Змяя – зразумела, з біблейскай легенды... А кубак – можа, пацір, сімвал страчанай чысціні? Або жаночага пачатку?

Я з жалем пабачыла, што вочы майго былога мужа яшчэ не страцілі сусветнай тугі, таму загаварыла амаль насмешна.

– Ты ж захапляўся старажытнай міфалогіяй... Ну, напруж мазгі – кубак са змяёй... Нешта з алхіміі? Знак золата? Іртуці?

Юрась страсянуў галавой.

– Чакай... Неяк жа я рэстаўраваў абраз... Там было такое... Ну так, кубак са змяёй – сімвал апостала Іаана! Ты разумееш – апостал Ян! А ты ж казала – Бернацоні называў гадзіннікі імёнамі апосталаў!

Я ўзрушылася, атрымаўшы нечаканае пацвярджэнне свайго інтэлектуальнага бляску.

– А так было ў традыцыі. Кожны звон храма меў сваё імя, атрыманае ад святара падчас абраду асвячэння. У пачатку 18 стагоддзя ў менскі марыінскі касцёл з Каралеўца прывезлі звон, які меў нават імя і прозвішча – Ян Салагуб, такі вялізны, што не маглі ўсцягнуць на вежу. З яго адлілі два званы, адзін назвалі Якуб – у гонар біскупа Якуба Дадэркі. А ў касцёле Святога Роха на Залатой горцы меліся званы Леанард, Стэфан і Браніслава...

– Адкуль ты ведаеш? – здзівіўся Юрась.

– Ды пісала неяк артыкул пра рэстаўрацыю старога горада... А ў мяне ж памяць «стэнаграфічная»...

Юрась падышоў бліжэй да гадзінніка, прыгледзеўся да паціру ў руках Евы.

– Значыць, імя гэтага гадзінніка – Ян... Трэба тэрмінова знайсці які міфалагічны слоўнік, паглядзець сімвалы іншых апосталаў...

Слоўнік мы знайшлі на паліцы ў маім часовым «кабінеце», нават старонкі былі яшчэ склееныя – не мелася ў гэтым доме тых, хто хацеў бы даведацца, што такое Гадэс або Ураборас. Дапамагала і кніга Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», якую мы з Юрасём ведалі ледзь не на памяць. Ненавіджу тых, хто спрабуе прадставіць нашага вялікага рамантыка слабавольным п’яніцам. Вы напішыце столькі, колькі ён, без наяўнасці, акрамя таленту, сталёвай волі! А ўтрымайце столькі энцыклапедычных звестак у прапітых мазгах! Як там у Пушкіна... «Врете, он и низок не так, как вы...»

Карабель са скрыжаванымі мачтамі аказаўся знакам апостала Тадэвуша.

А вось пакуль мы здагадаліся, што на гадзінніку са Святым Сямействам сімвалам апостала з’яўляецца піла, што прыхінулася ля Святога Іосіфа як знак ягонай цяслярскай справы – давялося добра памучыцца... Добра, што піла была пазалочанай і надта выразна зроблена для другараднай дэталі. Калі нашыя здагадкі дакладныя, гэты гадзіннік называўся Якуб Алфееў.

Пад нагамі Смерці, якая адсякала галаву цару Іраду, былі пазалочаныя выявы трох нажоў – адзін пад двума; яны сімвалізавалі апостала Баўтрамея.

Месяц і сонца плылі па бляшаным шчыце, яго падзяляла напалам высокая дзіда, унізе якой быў трохкутнік... Мы вырашылі, што ён падобны да плотніцкага вугольніка і разам з дзідай паказвае на апостала Фаму, Тамаша, які не паверыў у Божае Уваскрэсенне, пакуль не сунуў пальцы ў ягоную рану.

Крыж, абвіты ружамі і абкружаны анёлкамі, мы доўга не маглі вытлумачыць. Пакуль не атаясамілі два кругі ўнізе з боханамі хлеба. Крыж і два боханы паказвалі на апостала Піліпа.

Затое выявы трох ракавінак пад нагамі Чорнага Рыцара кідаліся ў вочы адразу: дзіўнае спалучэнне, пры чым да Рыцара ракавінкі? Праўда, пасля мне прыйшло ў галаву, што сярэднявечны чалавек бачыў бы тут логіку: рыцар – пілігрым Крыжовага Паходу, такіх пазнавалі па ракавінках, прымацаваных да капелюша... А ў апостальскай сімволіцы тры ракавінкі азначалі Якуба Зеведзеева.

Каб зразумець сімволіку званара, не трэба было лезці ў энцыклапедыі. Звон, у які мусіў біць маленькі званар, быў упрыгожаны знакам «Х». Нахілены крыж, сімвал Андрэя Першазванага.

Грыфон вартаваў тры кашалькі, якія мы адразу прынялі за бутоны кветак. Прывітанне ад апостала Мацея, які, як вядома, быў мытарам...

Льва я вытлумачыла як знак евангеліста Марка, але Юрась запэўніў мяне, што Марк не быў сярод дванаццаці апосталаў... Драўляны леў, пагрозна ўзняўшы рэшткі шырокай лапы, вартаваў кнігу і рыбу, сімвалы апостала Сымона....

Скульптура анёла з трубой была вельмі пашкоджаная. З цяжкасцю разумелася, што два незразумелыя кручкі, што віселі на колцы на фоне пазалочанага воблака – гэта рэшткі ад двух ключоў апостала Пятра.

Нарэшце застаўся апошні гадзіннік. Можна было і не аглядаць яго. Выразаная з дрэва кашчавая фігура ў расе, з нізка нахіленай галавой і скрыжаванымі на грудзях рукамі, стаяла на рассыпаных манетах... Юда-Здраднік.

– Уладальнік не хацеў, каб сімвалы адразу чыталіся,– зазначыў Юрась.– Галоўныя аздобы – зусім іншыя... Але мы малайцы! Аркадзь быў бы шчаслівы! Хаця... Я веру, што зараз ён бачыць нас і радуецца.

Мой былы муж нават стаў падобны да ранейшага юнака, у вачах заскакалі гарэзлівыя агеньчыкі. Ён чынна пакланіўся гадзінніку:

– Вітаем вас, пане Якуб! Даруйце, што дасюль не змог даць рады вашае гаспадарцы... Але ваша цэвачнае колца, якое самым падступным чынам трэснула напалам, заўтра ж будзе верна і старанна служыць вам. Гэта абяцаю я, пан Юрый Дамагурскі, майстар гадзіннікавы, і ўсялякай антыкварнай справы знаўца...

А далей, пад мой рогат, падышоў да наступнага экспаната:

– О, вельмішаноўны Ян, дазвольце заўважыць, што пані Ева, якой вы даверылі пачэсную справу трымаць ваш святы сымболь, пацір з мудрай змяёю, самым непрыстойным чынам згубіла палову аднаго з вінаградных лістоў, што хаваюць ад пажадлівых вачэй ейную спакусную, хаця і выразаную з дрэва, плоць... Вядома, асоба гэткага паважнага ўзросту, як вельмішаноўная пані, наўрад учыніла гэтак па легкадумнасці, хутчэй на цноты шаноўнай пані сягнуў нейкі зламыснік, безэцнік і блудзяга. Але не турбуйцеся, шаноўны пан Яне, я, антыкварыятных спраў майстра, самым далікатным чынам і не бавячыся прыкрыю цудоўныя калені пані Евы адрапараваным вінаградным лістом...

Я радасна ўключылася ў гульню, але дзверы расчыніліся, і ў пакой увайшоў Макс.

– Прыемна чуць ваш смех, сябры! Зрабілі чарговае адкрыццё, праўда?

Я была ўжо гатовая падзяліцца «апостальскімі звесткамі», але Юрась чамусьці паспяшаўся сцвердзіць:

– Нешта вымалёўваецца, але мы пакуль не гатовыя выказацца канкрэтна. Трэба дадумаць, сфармуляваць...

Я разгубілася. Ну што ж, калі Юрась пакуль гаварыць не хоча, відаць, варта памаўчаць і мне... Макс быў сапраўдным прафесіяналам – ягоная ўсмешка не страціла шчырасці. Хіба цень раздражнення мільганула ў вачах.

– Што ж, працуйце... Будзем чакаць. Пётр Апанасавіч вернецца праз два тыдні, яму і раскажаце... Тады і Ліля Пятроўна прыедзе – палюбавацца на калекцыю.

Калі я ішла ў свой пакой, убачыла ў канцы калідора, перад акном, постаць у чорным... Стэла нешта хутка малявала на аркушы паперы, замацаваным на маленькім эцюдніку. Я ціха наблізілася... Гэта быў малюнак пастэллю. Прысады, што нагадвалі сівых вядзьмарак з ускудлачанымі валасамі, шэраг мармуровых калонаў, што падпіралі неба... Незвычайныя колеравыя спалучэнні, адметны густ... Рука мастачкі вадзіла па паперы каляровай крэйдай упэўнена і рэзка, нібыта сцірала нейкую павуціну, што схавала іншы, цудоўны і прыўкрасны, свет... Я незаўважанай паціху сышла ў пакой. Пачула яшчэ за спінай ціхі пяшчотны голас Юрася, які звяртаўся не да мяне:

– Ну як ты, Зорачка?

Правільна, Стэла перакладаецца як «зорка»... У мяне нават рэўнасці больш не было. Нельга ж раўнаваць да зоркі! Тым больш калі ты сама – шкельца, здольнае толькі люстраваць...

Але вытанчаныя параўнанні мне ў галаву не прыйшлі, калі я ўвечары зайшла ў пакой з невялікім басейнам – трэба ж было скарыстацца з шыкоўнасцяў дому,– і ўбачыла Стэлу на падлозе ля душа, у самым куце. Юрасёва «зорка» сядзела, закінуўшы галаву, і яе дробна трэсла... Вочы страшна запалі, на твары блішчэлі кроплі поту, нібыта яна толькі што ўцякала ад уласнай смерці... Я разгубілася:

– Стэла! Вам нядобра? Паклікаць Юрася?

Вочы жанчыны спыніліся на мне, але мяне яна не бачыла.

– Аркаша! Дай мне гэта! Аркаша! Ну хоць адну! Сволач, я ж ведаю, што ты хочаш! Але спярша – дозу... Ну хоць адну! Юрась адпрацуе... Ён у нас добры...

Гэты хрыплы голас было немагчыма слухаць. Я патрэсла Стэлу за худое плячо:

– Я не Аркаша... Я – Ганна Барэцкая. Памятаеце мяне? Пастарайцеся ўстаць... Я правяду вас да вашага пакоя.

Стэла апусціла галаву, нібыта паламаная лялька, здавалася, побач упалі нябачныя ніткі, за якія вадзіў яе злосны лялькавод. Прасцей за ўсё было паклікаць ахоўнікаў або Юрася... Але мне не хацелася, каб гэтую жанчыну ўбачылі ў такім прыніжэнні. Магчыма, ёй было ўсё роўна... Але я не хацела з гэтым змірыцца. Кінула на нейкі пуфік прыхоплены з сабой пухнаты ружовы рушнік і пакет з гумавымі пантофлямі і нязграбна падхапіла Юрасёву жонку пад пахі... Якой яна была худзенькай і лёгкай, нібыта лясная птушка...

Больш за ўсё я баялася, што яна пачне адбівацца і крычаць. Але Стэла паслухмяна ішла, і нават спрабавала гэта рабіць без маёй дапамогі. Юрася ў пакоі не было. Гадзіннікі рамантуе... Я ўсадзіла Стэлу на канапу... А што цяпер? Я чытала пра паводзіны наркаманаў... Стэла, відаць, адчула маю боязь і падняла вочы – я з палёгкай убачыла, што свядомасць хоць трохі вярнулася да яе.

– Дзякую... Вы не бойцеся... Зараз – гэта не найгоршае...

Я патроху пачала адыходзіць да дзвярэй – магчыма, мне яшчэ ўдасца паплаваць у басейне да вячэры...

– Чым вам яшчэ дапамагчы?

– Мне мог дапамагчы толькі адзін чалавек... Калі было зусім дрэнна – ён з’яўляўся, нібыта адчуваў... Яго больш няма... Хаця часам мне самой хацелася забіць яго...

Голас Стэлы гучаў гэтак санліва, быццам вось-вось перарвецца. Але мне раптам зрабілася горача ад здагадкі:

– Вы пра Аркадзя Баркуна? Гэта яго вы клікалі?

Стэла паспрабавала прыгладзіць рукой растрапаныя валасы, але непаслухмяныя пальцы толькі зблытвалі чорныя пасмачкі.

– Так, Аркадзь Баркун... Добразычлівы такі сябар... Багаты... Душэўны...– голас Стэлы гучаў горкай іроніяй.– А Юрась зусім не разбіраецца ў людзях, яго толькі лянівы не падмане. Хто-хто, а вы ж павінны гэта ведаць, Ганна... Дурань ён, Юрась... З самай горшай разнавіднасці – старанных дурняў. Вось і прыліпае да яго ўсялякая навалач. Хаця мне грэх асуджаць – на маім шляху навалачы траплялася яшчэ больш... Мне было шаснаццаць, а бацькаваму сябруку, вядомаму мастаку – за сорак... Ён прапанаваў дапамагчы «адчыніць браму натхнення». І зрабіў мне першы ўкол з «натхненнем»... А потым пацягнуў у ложак. А я доўга яшчэ верыла, што гэтак раблюся вялікай мастачкай! Але вы мяне шкадаваць не ўздумайце – вам недасяжныя тыя вяршыні і тыя глыбіні, якія адкрыліся мне! Я нізавошта не адмовілася б ад гэтага спазнання! – на твары Стэлы раптам загарэлася хворая чырвань, вочы фанатычна заблішчэлі, голас узвысіўся.– Ведаеце, я – Ева, якая дарэмна працягвае надкусаны яблык спалоханаму Адаму... Як на карціне Святаслава Рэрыха... Вы любіце Рэрыха-малодшага, дарэчы? Я дык люблю больш, чым старэйшага, Мікалая, той у сваіх карцінах хаваў веды за абрысамі гор і аблокаў. А Святаслаў выказваецца адкрыта, няхай наіўна, дзесьці – мовай кічу. Але яго пасланні ўцямныя і канкрэтныя! Не трэба баяцца адкусіць ад яблыка! Не трэба баяцца волі!

Раптам твар Стэлы стаў шэры, як мокры гіпс. Яна млява махнула рукой у бок дзвярэй.

– Ідзіце... Зараз пачнецца не вельмі эстэтычнае відовішча...

З мяне было досыць. Я бегма рушыла ў падвал, дзе ля гадзінніка з таемным імем Піліп завіхаліся Юрась і пан прафесар. Рэстаўратар толькі зірнуў на мяне, на мой збянтэжаны твар, і адразу пабег да сваёй «зорачкі».

Я ўстрывожана гадала, ці ведаў Юрась, хто даваў Стэле наркотыкі? Ён жа казаў мне, што не ведае. Але калі яна трызніла пры мне, напэўна ж, здаралася і пры мужы. Для чаго Баркун гэта рабіў? Няўжо быў гэтым... Як яго... Дылерам? Дыгерам? Не падобна... Са спачування? Але ж ён з’яўляўся ў тыя моманты, калі Стэла, паводле словаў Юрася, была амаль гатовая «завязаць»... Хутчэй, проста хацеў мацней прылучыць да сябе даверлівага сябрука. Юрась браўся за любую працу, каб зарабіць грошы дзеля ратавання жонкі... Ну вылечылася б Стэла, зажылі б яны больш-менш шчасліва, нарадзілі дзіця, і Юрась пасылаў бы да пана Хута ўсялякія сумніўныя заказы і сумніўных кліентаў... Падобна, што Баркун яшчэ і пэўную плату з прыгажуні браў... Так бы мовіць, «натурай». Я ўспомніла круглае, аптымістычнае Аркадзева аблічча, яго чырвоныя, тлустыя вусны, і мне зрабілася нядобра... Нібыта адчыніла ўлюбёны куфэрак з упрыгожваннямі, а там – пачварны павук. А калі Юрась гэта ведаў, ці не мог ён сам пакараць сябра? Служыў у арміі, значыць, страляць навучыўся... Ці заплаціў за нечы стрэл?..

Невыносна так думаць... Я накінула на сябе куртку і, забыўшыся на вячэру, пабегла з дому, патлумачыўшы чарняваму ахоўніку Ігару, што стамілася і хачу прагуляцца. Дзіўнаваты пагляд Ігара ў мой бок вытлумачыўся, калі я выскачыла за паслужліва расчыненыя перада мной дзверы. Халодны дождж, аздоблены шматкамі паміраючага снегу, абняў мяне, здавалася, са шчырай радасцю – відаць, і не спадзяваўся, што нейкая істота ў такую шарую гадзіну захоча падзяліцца з ім сваім цяплом. Зараз жа са мной звёў знаёмства і вецер – магчыма, ён лічыў гэта пацалункамі, але атрымаліся сапраўдныя поўхі, ад якіх мае шчокі знямелі. Я падняла каўнер сваёй куртачкі і хуткім крокам пайшла між белых плямаў ліхтароў, абы далей, абы ніхто не бачыў...

Чамусьці я зварочвала на сцяжынкі, па якіх мы з Юрасём не хадзілі – нібыта не хацела сустракацца з ягонымі слядамі... Вярэдзіла раздражненне – ну навошта ён зноў з’явіўся ў маім жыцці! Дапамагчы захацеў... Правільна Стэла сказала – старанны дурань... Хутчэй, хутчэй скончыць сваю працу – і выбірацца адсюль! Засталося ўсяго нічога – сфатаграфаваць гадзіннікі, расставіўшы па крузе. А быў у іх нейкі сакрэт ці не, і які – ну каму справа праз пяцьсот гадоў! Я ўжо не тая дзяўчынка, што гатовая была адразу ж ехаць у глухую вёску, спрачацца, угаворваць, дашуквацца – бо там мог захавацца ліст расстралянага паэта... Цяпер я працую на людзей, якім нашая гісторыя – толькі дыванок пад дзвярыма рэспектабельнай фірмы... Калісьці я з пенай на вуснах даказвала, што ніколі не напішу таго, што не думаю, што ў мяне ёсць прынцыпы і духоўныя каштоўнасці... А вось зараз напісала дваццаць старонак пра тое, якім высакародным мецэнатам быў чалавек, які зруйнаваў старажытную вежу і даваў наркотыкі жонцы сябра... А Юрась? Наколькі змяніўся ён? На што ён здольны сёння? Вось яшчэ нядаўна я думала пра яго з жалем, з нейкім хваляваннем, а варта было западозрыць у злачынстве – і я ўнутрана аддзяліла сябе ад яго, здрадзіла яму... Не кахала я нікога ў жыцці, і мусіць, гэтага і не адбудзецца. Не валодаю я такім талентам... Каб – «і ложа, і пошасць адны на дваіх»...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю