355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 3)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 32 страниц)

Зараз жа на сцэну ўскочыў вусаты, яго твар свяціўся ад радасці. Ён схапіў мяне за плечы і літаральна выштурхнуў за кулісы.

– Грацыё, грацыё...– прыгаворваў ён з непадробным пачуццём.– Вы – грандыёзо! Вялікі артыст! Мы вам так удзячныя! Ваша ігра – сапраўдны цуд. Вы ўвойдзеце ў гісторыю тэатра!

Я пачуваўся агаломшаным і шчаслівым. Вусаты праводзіў мяне ў грымёрку, дапамог пераапрануцца – ён, гэты важны, выкшталцоны пан, падаваў мне мой зношаны пінжак, як прыслуга! Мяне ўсадзілі ў той самы экіпаж і зноў папрасілі пакуль нікому не расказваць пра начны спектакль, маўляў, іначай я сапсую свой лёс, які абяцае быць бліскучым.

Ужо пад’язджаючы да дому, я агледзеўся, што ў маёй кішэні – капэрта з двума сотнямі рублёў.

На наступны дзень маё захапленне ўласным поспехам прыгасла, і ў галаву палезла зусім іншае. Падрабязнасці прыгоды здаваліся ўсё больш і больш дзіўнымі. Хто была тая маладая італьянка, чаму ўстрывожаная і заплаканая? Можа, старэча – ейны нялюбы муж, і яна спадзявалася расчуліць яго ўзнёслымі словамі Шэкспіра? А можа быць, я патрэбны, каб выканаць ролю чыйгосьці двайніка? Наследніка знакамітага роду, дафіна, інфанта ці як там яшчэ? Я быў пэўны, што прыгода будзе мець працяг. Можа, запросяць на першыя ролі ў які-небудзь знакаміты тэатр? Таемна выкрадуць? Або... Не стану хаваць, уяўленне малявала салодкія рамантычныя сітуацыі, у якіх адну з галоўных роляў выконвала тая, што назвала мяне смешным словам «рагацца». Я захоўваў таямніцу, але пачаў вучыць італьянскі, а заадно заняўся французскай барацьбой і бегаў у цір у Губернатарскім садзе, так што кожная бляшаная качка ў тым ціры мае на сабе выбоіны ад маіх драбінак.

Прайшло тры месяцы. Я па-ранейшаму распавядаў дацкаму прынцу пра з’яўленне прывіда старога караля і сустракаў у гурце пейзан пераможнага герцага. Аднойчы, калі я прыйшоў у тэатр, рудзенькая субрэтка, мадэмуазэль Ніні, альбо проста Нінка, папярэдзіла: «Рэжысёр ізноў у жалобе... Пастарайся не трапляцца яму на вочы з вясёлай пыскай». Сапраўды, на лацкане пінжака пана Рэўзара ў чарговы раз красаваўся чорны бант. Трэба патлумачыць гэтую традыцыю нашай трупы. Пан Рэўзар з’яўляўся ў жалобе са страшнаватай рэгулярнасцю. Напачатку я думаў, што ў пана часта паміраюць родзічы. Але старажылы патлумачылі, што калі памірае якісь вялікі артыст, пан Рэўзар лічыць сваім абавязкам спраўджваць па ім асабістую жалобу. І гора таму, хто не адгукнецца спачуваннем.

Таму цяпер, пачуўшы пра жалобную стужку на рукаве Рэўзара, я пабег да Панаса Панасавіча, памочніка рэжысёра, які кінуў выгодную кар’еру адваката дзеля вар’яцкай службы ў тэатры, быў чалавек добры і незвычайнай эрудыцыі, і стаў яго распытваць, хто з тытанаў на гэты раз атрымаў ангажэмент на нябёсныя ролі... Пачуўшы прозвішча – італьянскі трагік М* – збянтэжыўся... Панас Панасавіч, адданы Мельпамене аж да прыгоннага стану, зразумеў мае ваганні і ўскіпеў, як зялёная гарбата. Як я магу не ведаць геніяльнага артыста! Я пакорліва папрасіў прасвятлення...

– Трагік М* дзесяць гадоў як пакінуў сцэну,– пачаў расповед Панас Панасавіч з непадробным імпэтам і піетэтам.– Сярод ягоных роляў – і Атэла, і Радрыга, і Дон Карлас... Але самая ўлюбёная роля, якая прынесла яму славу – Гамлет. Кажуць, ён усё жыццё адточваў яе, нешта мяняў, дадаваў... Пан Рэўзар, шчасліўчык, бачыў яго ў гэтым спектаклі. Мне не давялося... Бедны, бедны М*... Так, юнача, артыст павінен плаціць высокую цану за сваё натхненне. Багі не даруюць тым, хто прамаўляе іх словамі на зямлі. Не хацелася б мне пра гэта распавядаць... Вялікія свету гэтага мусяць заставацца ў памяці нашай у бляску і велічы. Але... Што ж, табе карысна ведаць... У апошнія гады ў М* развілася нервовая хвароба. Нешта накшталт каталепсіі. Ён нечакана ўпадаў у паралюш, рабіўся, як лялька... І ніякія дактары не маглі вывесці яго з гэтага стану. Але аднойчы знайшлі рэцэпт: аказваецца, М* магло прывесці да прытомнасці сузіранне спектакля «Гамлет»... Але толькі тады, калі яго ўлюбёную ролю асабліва пагана выконвалі. Праўда, з цягам часу гэта дзейнічала ўсё слабей. Жонка і дачка, апошняя, дарэчы, сама цудоўная актрыса, да якіх толькі дактароў не звярталіся. Кажуць, незадоўга да смерці вазілі хворага, нягледзячы на ваенныя падзеі, у Маскву. Напэўна, і праз Менск праязджалі. Эх, каб я пра гэта ў час даведаўся – паглядзець на вялікага М*!

Панас Панасавіч застаўся бедаваць, а я паціху сышоў... Дзякуй Богу, у мяне хапіла гумару ўсміхнуцца над сітуацыяй... Хаця рана на самалюбстве аказалася балючай. З надзеяй на багатую спадчыну ці прэм’ерства ў вядомым тэатры я развітаўся... Затое валодаю італьянскай мовай і французскай барацьбой. Не кажучы ўжо пра ўменне цэліць у бляшаных качак.

Гісторыя, расказаная Уладам, прымусіла ўсіх шчыра рассмяяцца і на некаторы час забыцца на страхоцці.

– А я думала, ты гэткі самазакаханы прэм’ер,– з нечаканай шчырасцю прамовіла Зося.– Ведаеш, а ты, напэўна, больш спадабаўся б мне ў той час, калі быў наіўны і верыў у цуды.

Улад знямеў і адвярнуўся да акна, відаць, каб ніхто не заўважыў, як чырвань кінулася да шчокаў... А Дарота з перабольшанай абыякавасцю загаварыла, гладзячы тонкімі пальцамі звычайны парцалянавы кубак, нібы гэта было кацяня.

– А я бачыла цябе, Уладзе, у ролі Арыеля ў пьесе «Бура»... Гэта было... здорава.

Улад з уздыхам прамовіў:

– Было адзін раз. Захварэў выканаўца, вось мяне і апранулі ў залацісты парык ды белы хітон... Палову словаў не ведаў, суфлёр ледзь не надарваўся, шэпчучы. Ну і арыя, вядома... Лепей не згадваць.

– Ну чаму ты так пра сябе? – у голасе Дароты гучэў непадробны боль.– Я пасля тры разы бегала на той жа спектакль, каб цябе ўбачыць. Але былі ўжо іншыя выканаўцы.

Зося фыркнула, як раззлаванае кацянё:

– Ну, Даротка, а я ўсё думала – чаму ты мяне на гэтае занудства цягаеш...

– Калі занудства – дык чаго не адмаўлялася? – Дарота падціснула вусны і ад гэтага яшчэ больш зрабілася падобнай да віктарыянскай класнай дамы.

– Чаму не адмовілася? – павольна перапытала Зося і мройна адкінулася ў крэсле.– Таму што... таму што... я была дачкой швачкі, у якой твая маці замаўляла аксамітныя сукенкі і карункавыя блузкі, і без цябе патрапіць у тэатр, ды яшчэ ў партэр – гэта было мне не па грашах.

Дарота густа пачырванела.

– Зося... Хіба між намі калі-небудзь узнікалі такія... пытанні? Як сёння кажуць – класавыя? Ды мне ніколі ў галаву не прыходзіла, што я ў нечым... іншая...

– А шкада, што не прыходзіла,– у голасе Зосі раптам загучэла нешта жорсткае: – А вось мне даводзілася часта думаць пра падобныя рэчы... Напрыклад, каб ніхто ў класе не заўважыў, што ў мяне адзінай не тонкія, шаўковыя, як у вас, а старыя вязаныя панчохі.

– Дзяўчаты, не сварыцеся,– умяшаўся пан Беларэцкі.

Але тут жа падаў голас Ной:

– А нікуды ад класавых пытанняў не дзенешся. Таму што рэвалюцыя ўсіх зраўняе. І тым, хто мусіць нешта страціць, цяжэй за іншых... Параю адно: не варта шкадаваць па тым, што было.

Дарота прагаварыла:

– Хіба мне шкада? Калі б тут зладзілі нешта вартае, ды дзеля беларускай справы... Я б з радасцю сама аддала гэты дом. Але ж тут будзе нейкая чарговая ўправа.

– Не «нейкая», а камітэт па справах адукацыі! – з выклікам прагаварыла Зося.

Улад выказаў агульнае здзіўленне:

– А ты адкуль ведаеш? Працаваць там, ці што, збіраешся?

– А чаму б і не? – Зося агледзела ўсіх зялёнымі дзёрзкімі вачыма.

Пан Беларэцкі павольна прагаварыў:

– А яна ўжо згадзілася на гэтую працу... Праўда, Зося?

У доме на хвілю запанавала маўчанне.

– Ну і што?

Вусны Дароты дрыжэлі.

– Я не маю права цябе дакараць..

Зося горда ўскінула галаву, яе валасы нібыта іскрыліся рудым агнём.

– Дакараць? За што? За тое, што я збіраюся працаваць дзеля асветы свайго народу? Вы тут, як слепакі, спалохаліся першага халоднага вятрыска. Калі адбываюцца перамены – гэта заўсёды пакутліва, але калі не зламаецца вонкавая, цвёрдая абалонка – не пакажацца жывое, датклівае цела часу. Трэба толькі перацярпець боль. Колькі мы марылі пра рэвалюцыю? І вось – мары, вашыя ж мары, збываюцца. Ствараецца акадэмія... Доўнар-Запольскі, Карскі, Лёсік, Ігнатоўскі – яны ж зусім розныя, з рознымі перакананнямі. Але працуюць разам, на стварэнне Беларусі. Вам, пан Беларэцкі, варта стаць побач з імі. Улад, замест таго, каб удаваць рамантычную расчараванасць, прасіўся б у трупу Галубка. Вядома, ролю Гамлета табе там не дадуць. Але гэта беларускі тэатр!

Ной захоплена ўсміхнуўся ў адказ.

– Згода, Зося! Нам ёсць на што спадзявацца.

– Можа быць, на з’яднанне Беларусі? – сумна прамовіў Улад.– Гэта ж ганьба якая – падзялілі край напалам, усе маўчаць... Карацей, «Кавалі другія, а ланцуг той самы – песні ўсе старыя неаджытай гамы...» Фабіяна Шантыра расстралялі, хоць ужо такі бальшавік быў – замест штандару насі. На Украіне паэта Грыцко Чупрынку да сцяны паставілі... У Расеі – Мікалая Гумілёва, які пра мурынаў ды прынцэсаў пісаў...

– Гэта неабходныя ахвяры,– няўпэўнена сказаў Ной.– Помніце, Майсей сорак гадоў вадзіў свой народ па пустцы, бо тыя, хто пасталеў у рабстве, не маглі стаць вольнымі і мусілі памерці. Але гэта часова. Універсітэт жа ствараецца... І мастацкая вучэльня ў Віцебску працуе... Кандзінскі горад распісвае у канструктывістскім стылі.

Пан Беларэцкі сумна глядзеў скрозь акуляры на энтузіястаў.

– А вам ніхто не расказваў, як шаноўнага Доўнар-Запольскага студэнты кіеўскага ўніверсітэта зняволілі ў ягонай кватэры, нібыта прыслужніка царызму? Усе сябры і знаёмыя разбегліся... Тых нешматлікіх, хто наважваўся наведаць прафесара, затрымлівалі, абшуквалі... У мяне адабралі нават аловак і нататнік. Толькі цуда – дакладней, адна адданая прафесару вучаніца, якая здолела «прарвацца» да мясцовага камісара – уратавала прафесара ад расстрэлу. Вось дзе парадваліся недараслі, якія ў свой час атрымалі ад строгага выкладчыка «нездавальняюча»... Пакуль што паслугамі «спяцоў» новыя ўлады карыстаюцца... Але – паглядзіце – гэта ненадоўга. Што пачалося крывёю – крывёю скончыцца.

Дарота адвярнулася да акна, хаваючы хваляванне.

– Усё-ткі я веру, што сумленныя ды таленавітыя... такія, як мой бацька, заўсёды будуць патрэбныя.

Беларэцкі паківаў галавою:

– А як толькі патрэба ў іх адпадзе... Вымруць, як цмокі. Або вынішчацца... Я сябе так і адчуваю ў гэтым часе – як апошні, стамлёны чаканнем смерці, цмок...

– Дарэчы, цмокі ж вадзіліся ў Свіслачы! – падаў голас Улад.– Замежнікі, дзівуючыся, занатоўвалі, што менчукі трымалі ў сваіх дамах замест якіх мопсаў чорных тлустых яшчарак футаў пяць даўжынёй.

– А я аднойчы бачыў з мосту ў Траецкім, як нешта падобнае да такой яшчаркі або змяі слізганула пад вадой, нібыта душа грэшнага тапельцы...– прамовіў Ной.

– І колькі сідру ты перад гэтым выпіў у майстэрні? – насмешна папытала Зося.

А Дарота зноў моўчкі павярнулася і выйшла ў другі пакой... Грукнулі дзверцы шафы... І вось перад вачыма ашалелай кампаніі пасярод стала на драўляным пастаменце паўстаў самы сапраўдны цмок... Праўда, невялікі – з сярэдняга сабаку. Чорная луска, нават на выгляд – моцная, нібы панцыр сярэднявечнага рыцара, пашча пагрозліва разяўленая, а вочкі – як жывыя – з чорнага паўпразрыстага шкла з жоўтымі іскрынкамі пасярэдзіне.

– Слухай, а што ў вашым доме яшчэ такое вось... ёсць? – амаль з багагавейным жахам спытаў Дароту Улад.– А то проста страшна робіцца. Раптам хто раскажа казку пра мёртвую галаву – а ты і прынясеш яе... На талерцы, як Саламея...

Даротава абурэнне кашчуннымі словамі ніхто не пачуў – усе, нават пан Беларэцкі, кінуліся разглядаць і мацаць цмока. Пільны погляд выяўляў, што чучала вельмі старое, месцамі луска асыпалася...

– Бедненькі...– Зося пагладзіла свіслацкага цмока па чорнай спіне. На хвілю падалося, што ён завуркоча і замахае хвастом – Ной і Улад, напрыклад, мяркуючы па іхніх паглядах, паводзіліся б менавіта гэтак.

– А мне бабуля расказвала, што на Высокай гары, там, дзе цяпер Юбілейны рынак, жыў цмок самых што ні на ёсць еўрапейскіх памераў,– паведаміў Ной.– І харчаваўся, як належыць – прыгожымі дзяўчатамі. Пакуль не натрапіў на тую, у якой меўся баявіты жаніх. Усадзіў меч у цмокава чорнае сэрца... Але і сам быў смяротна паранены. Так іх апусцілі ў Свіслач – і цмока, і рыцара ў крышталёвай труне. Мы ў дзяцінстве ўглядаліся ў тое месца, і, здаецца, бачылі – на дне, з твані ўздымаюцца цмокавы рэбры...

– Вечна цмок ва ўсім вінаваты...– прабурчэў Беларэцкі.– Толькі аднойчы я чуў больш справядлівую выснову, лірнік спяваў на Ніжнім рынку: «Скуль узяўся той святы Юры ды забіў нявіннага цмока»...

– А што здарылася з рыцаравай нявестай? – папыталася Дарота.

Ной паціснуў плячыма.

– Пра гэта гісторыя маўчыць. Або так і засталася нявестай, або выйшла замуж за іншага... Якія яшчэ варыянты?

– Я ведаю гісторыю пра адну нявесту... Толькі не надта вясёлую,– прамовіла Зося.

– Ну вось і раскажы! – узрадваўся Улад.– А то ўсе ўжо нешта распавялі, а вы, паненка, толькі з цмокам лашчыцеся.

Зося раззлавана фыркнула, але расповед пачала.

Гісторыя пра залатагорскую нявесту

Аднойчы да маці прыйшла заказчыца. Здарылася гэта цёмным восеньскім вечарам, калі голае голле дрэў адчайна цягнецца да шыбаў, і апошнія мокрыя лісты, сарваныя ветрам, стукаюцца ў шкло, нібыта самагубцы. Заказчыца была сухой і паважнай немкай нявызначанага ўзросту, у пляскатым капелюшы с маленечкім вэлюмам, нечакана задзірыста адкінутым набок – відаць, вецер пастараўся. Немка агледзела нашу кватэру, якая служыла адначасна і майстэрняй, але немагчыма было анічога прачытаць на ейным трохі мужыкаватым твары: ці яна пагарджала нашай беднасцю, ці нічога асаблівага ў змушанай сціпласці кватэры не бачыла? Заказ быў нечаканы: вясельная сукенка! Не, не для яе самой – наведніца нават пакрывіла вусны ў іранічнай усмешцы,– а для дачкі яе гаспадароў, шаснаццацігадовай дзяўчыны. Вось і меркі ўсе ўжо знятыя – на аркушыку запісаныя...

Маці мая разгубілася – дагэтуль ёй не даводзілася шыць вясельныя сукенкі. Процьма швачак, аднак, менавіта гэтым і займаюцца... Тым болей за грошы, якія госця прапанавала, можна было замовіць строй у самым шыкоўным атэлье на Губернатарскай!

– Разумееце, фрау, мы не хацелі б звяртацца ў вядомае атэлье! – крыху няёмкім голасам адказала немка.– Нам патрэбна, каб убор быў пашыты за двое сутак, фасон, упрыгожванні – усё на вашае ўгледжанне. І... каб пра гэта вы асабліва нікому не распавядалі.

Аванс быў літаральна ўсунуты ў матчыны рукі...

– А дзе адбудзецца вянчанне? – паспела толькі спытацца матуля.

Немка трохі прамарудзіла з адказам:

– У касцёле на Залатой Горцы, фрау. Я прыйду па заказ у суботу раніцай.

Ці трэба казаць, што маці паставілася да замовы з пэўнай насцярогай, і лічыла, што ўвязалася ў нейкі грэх, а я – наадварот – з захапленнем. Вядома, я ўсё ўявіла да драбніцаў. Верная прыслуга заказала вясельную сукенку для сваёй маладой гаспадыні, якая наважылася на забаронены бацькамі шлюб... Гэта будзе таемнае вянчанне. Жаніх, вядома, немаёмасны. Але страшэнна прыгожы, таленавіты і адважны. І сама паненка не менш прыгожая і адважная... Як мне хацелася, каб сукенка атрымалася як мага лепей! Але маці і так завіхалася напоўніцу – яна была сапраўды выдатнай швачкай... Каб менш старалася дагадзіць заказчыкам – дык, можа, не ўбіліся б пасля тыя сухоты. Бялюткі шоўк з вытанчаным узорам з лілеяў, карункі, ружачкі з атласу... А мне ўсё здавалася, што, каб яшчэ пару дзён – якую прыгажосць можна было б стварыць! Я абмётвала швы ўсю ноч – я ж гадоў з пяці, як толькі навучылася трымаць у руках іголку, дапамагала маці, таму цяпер ненавіджу ўсялякае шытво і вышыванне. Прыўносіла ў фасон свае фантазіі – дзе дадам перлінак, дзе прызбяру карункі, так, як бачыла ў краме на Ратушнай плошчы... Напрыканцы, калі ўжо ўсё было гатова, я падышла да белай прывіднай постаці – у святле свечкі здавалася, што сукенка на кагосьці апранута, і белая постаць вось-вось зрушыцца з месца... Я яшчэ раз ва ўсіх драбніцах уявіла, як заўтра апране гэты ўбор, хаваючыся ад свету, прыгожая бледная дзяўчына, як выйдзе з чорнага ходу да экіпажа, дзе ўжо чакае жаніх – можа быць, гусар, нашчадак збяднелага роду, можа, малады паэт... У касцёле – нікога, акрым сведкаў, ніякага пышнага вяселля... І мне захацелася яшчэ чым-небудзь дадаць бляску таемнаму вянчанню. Я зняла з шафы матчын куфар для ўсялякіх бліскучых драбніцаў, сапраўдную скарбніцу Аладына, з брошкамі, кветкамі, барсэткамі, дастала лілею са штучных перлін – у дзяцінстве я любіла ёю гуляцца, і прышпіліла яе на карсет сукенкі, там, дзе сэрца.

Але калі я нараніцу прачнулася, аказалася, што сукенку ўжо забралі – я прапусціла самы цікавы момант, калі можна было паназіраць, параспытвацца... Маці толькі сказала, што прыйшла тая самая немка – ні свет, ні зара, заплаціла – і знікла...

І трэба ж было такому стацца, што назаўтра маці дастала з шафы свой зялёны куфар і пачала перабіраць бліскучыя цацкі – спатрэбілася нейкая пацерка для чарговай кофтачкі... Чамусьці ў матчыным голасе, калі яна спытала пра лілею, была сапраўдная трывога... Я, вядома, не стала нічога хаваць – бо не бачыла нічога кепскага ў сваім учынку. Але... Аказваецца, брошку падарыў маёй бабулі мой дзед, яна была на вясельнай сукенцы маёй маці... Карацей, я спляжыла сваю спадчыну (цана якой пяць капеек, як я пракаментавала ў думках), і яе належала вярнуць разам з дарагімі ўспамінамі.

Маці па-сапраўднаму ўзрушылася, спрачацца было бескарысна... Урэшце мне дзесьці ў душы і самой было цікава зноў дакрануцца да гісторыі з таемным вяселлем. Варта ўявіць сябе Натам Пінкертанам – не смейцеся, я тады старанна збірала ўсе гэтыя брашуркі народнай бібліятэкі з прыгодамі вялікага сышчыка – і таямніца раскрыецца. Немка сказала, што вянчанне мусіла адбыцца ў Залатагорскім касцёле ў суботу. Значыць, я даведаюся імёны жаніха і нявесты.

Але ў касцёле сухенькі служка з вострым, як дзюба, носам гэтак жа суха і востра паведаміў мне, што ніякага вянчання ў суботу ў касцёле не было. Я разгубілася, а потым западазравала востраноса ў няшчырасці: вядома ж, вянчанне таемнае... Але асцярожныя роспыты прыкасцёльных бабулек таксама анічога не далі...

– Ну якое ж вянчанне, дзетухна! – ледзь не са спачуваннем прамовіла сухенькая бабулька ў чорнай хустцы, падобная да манашкі.– Адпявалі ўчора... Такую ж маладзенькую дзяўчынку. Як ты...

Другая бабулька, у старасвецкім каптуры, з падслепаватымі, але ўсё яшчэ сінімі вачыма, мітуслівая, як лясная птушка, умяшалася:

– Так, так, прыгожанькая такая дзяўчынка... Анёльчык... Часта сюды хадзіла... У вясельнай сукенцы хавалі, дык яна, як каралеўна, ляжала. Уся ў кветках, у карунках. Пальчатачкі белыя-белыя. Сукеначка з фальбонамі, тканіна ўся ў лілеі... Бедная дзяўчыначка... Паслізнулася на мосце, што праз Лошыцу, упала – а там калы ў дно панатыкалі... Гэта няйначай Лядашцік акруціў, злы дух.

– Не Лядашцік, а русалкі! У Лошыцы русалкі водзяцца! – заспрачалася другая бабулька.

– Якія русалкі ўвосень? Лядашцік! Шэўрадзь гэты аднавокі асабліва жанчын ненавідзіць і дзяўчатак, паглядзіць вокам сваім – і розум скручвае... Чаго б дзяўчаці з мосту падаць?

Тым часам другая старая пачала доўгае, нібы восеньскі вечар, разважанне пра тое, каго Гасподзь паклікае да сябе першым, але я амаль ужо гэтага не чула. Усе мае фантазіі разляцеліся, як пялёсткі штучнай ружы, з якой няўмелая рука сарвала нітку... Шчаслівая нявеста, жаніх прыгажун... А насамрэч казачная шаўкова-карункавая гожасць і матчына брошка – тут, побач, пад слоем зямлі, вільготнай і цяжкой, як сама незваротнасць. Цяпер зразумела чаму звярнуліся да беднай швачкі, а не ў моднае атэлье – ніхто не хоча азмрачаць настрой заказчыц, якія могуць даведацца, што побач з іхнім сымболем шчасця шылі ўбор для нябожчыцы. Чуткі ў мястэчку разносяцца хутка...

Я павольна пайшла на могілкі. Апошняе залатое лісце сыпалася на магілы... Сапраўды, Залатая Горка... Я ўспомніла пра іншы залаты дождж, які тут сыпаўся, калі сто гадоў таму тут балявала халера і збірала ахвяры не меней, чым чума. А як па мне, дык лепей чума, або, як у гэтай няшчаснай дзяўчыны, недарэчны выпадак, чым паміраць ад, прабачце, разладу страўніка. Людзі адчаяліся і не ведалі, як спыніць пошасць. Набіваліся аж па дах у стары драўляны храм на Залатой Горцы... Пасля, вядома, нехта сказаў, што калі храм, Божы дом, такі бедны і цесны, гэта вялікі грэх... І ці не таму Гасподзь прагневаўся і папусціў пошасць? Нейкі доктар – а іншыя кажуць, ксёндз,– выйшаўшы з касцёлу, разаслаў на зямлі свой плашч і кінуў на яго першыя залатыя манеты... Другія прыхаджане паспяшаліся таксама ўнесці ахвяру – і хутка на плашчы вырасла залатая горка... Як па мне, збудавалі б на тыя грошы шпіталь, закупілі добрых лекаў, зладзілі водаправод, каб менчукі не бралі ваду з гэтай памыйнай ямы – Нямігі... Што ж, цяпер я магла лічыць, што і наша сям’я зрабіла свой унёсак у Боскае месца ў выглядзе фамільнай брошкі...

Я блукала між магілаў і, мусіць, сама нагадвала прывід у цьмяным лістападаўскім свеце. Ага, вось узгорак, спрэс завалены кветкамі... Партрэт пад шклом, у драўлянай рамцы: гэткая наіўная гімназістачка, са здзіўлена прыўзнятымі бровамі, кірпатым носікам і прыадкрытым ратком, які, відаць, любіў смяцца, і коскі ўкладзеныя на галаве гэткімі бублікамі... Праставатае, наіўнае, вельмі звычайнае аблічча. Не маёй кампаніі паненка, ясна. Караліна-Марыя Шыманская-Рэпка. Бедную, напэўна, з-за гэтай «рэпкі» дражнілі ў гімназіі... Я ўявіла, як Караліна-Марыя ляжыць зараз вось тут, у зямлі, у сшытай намі сукенцы, з брошкай у выглядзе лілеі на грудзях... Прылучаная да тых глыбіняў – ці высотаў – спазнання, ад якіх я, эмансіпэ і натуралістка, аддзеленая кожнай клетачкай свайго фізічнага цела... Але заплаціць за гэтае спазнанне тым, што легчы ў гэтую сырую зямлю... Ведаеце, я не сентыментальная істота, але раптам мне зрабілася так шкада гэтай – няхай не вельмі інтэлектуальнай пры жыцці – дзяўчынкі, што я горка расплакалася – па ёй, па сабе... Па сваёй гаротніцы-маці – не так шмат у той у жыцці радасцяў і добрых успамінаў, каб пазбаўляць дарагіх сэрцу дробязяў. Што я ёй патлумачу наконт брошкі-лілеі? Падумаць толькі – тая ляжыць у нейкім метры ад мяне! Але недасяжней, чым была б на месяцы. І я ў адчаі пачала ў думках звяртацца да незнаёмай мне нябожчыцы... Уявіце сабе – прасіла яе вярнуць мне тую брошку, тлумачыла, як будзе перажываць мая маці. Угаворвала асцярожліва, як угаворваюць маленькае дзіця, што схапіла вельмі дарагую і дужа крохкую рэч... Я нават апусцілася на калені... Не ведаю, колькі часу прамінула – я схамянулася, калі буйны кляновы ліст, мокры і халодны, нібыта даланя тапельца, ударыў мяне па шчацэ. Я знаходзілася ў такім знерваваным стане, што гатовая была прыняць гэта за нейкі знак. Ліст апусціўся проста на букет дарагіх аранжарэйных фіялак, якія мерзлі ў беларускім лістападзе, як усходнія прыгажуні, і я пацягнулася адкінуць ад іх жоўтага нахабу. На земляным насыпу між кветак нешта збліснула... Я адсунула стракатыя пялёсткі... І ўбачыла брошку ў выглядзе лілеі.

Сказаць, што я была агаломшаная – не сказаць нічога. Мяне быццам абдало ільдзяной вадой, сэрца абарвалася, нібы я скочыла з адхону. Ну а вы, што б вы падумалі на маім месцы? Ніякіх рацыянальных тлумачэнняў у мяне не мелася. Проста нябожчыца пачула маю шчырую просьбу і вярнула памятны знак. Я дрыжачымі пальцамі ўзяла брошку – так, гэта была яна, голка, вядома, расшпіленая... Радасць ад нечаканай знаходкі патанала ў містычным жаху. А калі тая, што вярнула брошку, зараз тут, побач са мной? Я ж так яе клікала... Я непаслухмянымі вуснамі прамовіла «дзякуй», паднялася і рушыла, змушаючы сябе не бегчы – яна ж можа пакрыўдзіцца... Маліцца... Выратуе адно – шчыра маліцца... Замоўлю за Караліну-Марыю імшу... Чым бліжэй я падыходзіла да брамы, да пазбаўленага містычнасці мітуслівага местачковага жыцця, тым больш ува мне выспявала ўдзячнасць і яшчэ нешта незвычайна ўзнёслае, быццам крылы раслі... Не ведаю, як далей павярнуўся б мой лёс – здараюцца імгненні, якія фармуюць чалавека, як рукі майстрыхі цеста,– калі б не выпадак... Які прыняў аблічча дурня Генуся. Генуся ведала ўсё мястэчка. Худы і прыгорблены, быццам вечна нёс на сабе мех з мукой – Генуся часам, калі ён быў не вельмі шалёны, бралі на працу на млын. Рот прыадкрыты, зубы – наперад, у вачах светлая каламуць, на носе вечная кропля... Ну, што я апісваю – вы самі мусіце ведаць, як выглядае класічны местачковы дурнячок... І вось гэты Генусь падслепаватым каршуком кінуўся на мяне... Дакладней, на брошку-лілею, што я несла перад сабой у руках, як прыгаршчу святой вады.

– Не тваё! Не тваё! Аддай! Злодзейка! Злодзейка! – верашчаў Генусь, спрабуючы выхапіць у мяне з’яўленае са свежай магілы ўпрыгожванне. Я ўварочвалася, як ад гарэзлівага шчанючка, але... містычны жах мой яшчэ пабольшаў. Адразу палезлі ў галаву легенды пра юрадаў ды блажэнных, надзеленых дарам прароцтва... Каб адкінуць насланнё, закрычала першае, што прыйшло ў галаву:

– Сам злодзей!

Генусь нечакана змоўк, нібыта яго выцялі, перагнуўся напалам і жаласна заенчыў... У ягоных няўцямных, як далёкая травеньская бліскавіца, словах я нарэшце ўгледзела сэнс, як у віры ўгледжваюць апошняе выйсце. Брошку забраў з труны Караліны-Марыі Генусь, паколькі небарака быў закаханы, як толькі можа быць закаханым немаёмасны дурнячок у паненку з добрага сямейства. А паклаў на магілу ці таму, што паненка стала яму з’яўляцца ў снах, ці нехта сказаў, што забіраць нешта з труны вялікі грэх, а Генусь быў надта пабожны – гэтага я ўжо не разабрала дакладна... Я ледзь здушыла істэрычны смех. Падумайце толькі – калі б я выпадкова не напаткала небараку, у мяне б жыццё па-іншаму склалася! І сёння, магчыма, была б я якой-небудзь сястрой Ганорыяй, і перабірала б ружанец замест жывых кветак... Я пакінула брошку на могілках. Яна ўжо была мёртвай – нават рэчы робяцца мёртвымі, дакранаючыся смерці... І маці дасюль думае, што яе каштоўнасць дасталася шчаслівай нявесце... Не збіраюся яе разупэўніваць. Але... ведаеце...Часам я шкадую, што больш ніколі не давядзецца перажыць тое незвычайнае адчуванне, нібыта таямніца сусвету ляжыць у маіх далонях.

Зося скончыла расповед і задумліва глядзела на свае рукі, быццам уяўляла ў іх брошку ў выглядзе лілеі.

Улад паціснуў плячыма:

– Думаю, Серапіёнавыя браты збэсцілі б тваю гісторыю. Мала таго, што ніякай містыкі, дык яшчэ і гумару бракуе. І не страшна, і не смешна.

Зося бліснула зялёнымі вачыма – халодная маланка.

– Страшаць баязліўцы, смешаць няцвёрдыя ў сабе... У маіх акулярах няма ні ружовых шкельцаў, ані чорных, дый увогуле акуляраў не маю. Прымаю жыццё, якім ёсць. Калі вам не хапае тэатральнага рэквізіту, пашукайце ў каго іншага.

Улад сумеўся.

– І ўсё-ткі так нельга... Памятаеш, у «Беларускай хатцы» паказвалі батлейку? Апошняга, можа, батлейшчыка ў Менску знайшлі... Лялькі аднавілі... Дык «ідэйна правідловая» частка гледачоў пачала гарлаць, што гэта перажыткі і рэлігійная прапаганда, засмуцілі беднага дзядка-батлейшчыка, якога ў свой час жандары ганялі... Што ж гэта будзе, калі мы адмовімся ад прыгожага, ад гульні, ад карнавалу? Ад гісторый пра прывідаў і цмокаў? Чалавека робіць адрозным ад жывёлы не тое, што неабходна, а тое, што залішняе... Тое, што не прыносіць відочнай карысці. Музыка, спеў, паэзія, вытанчаныя краты на балконе палаца, разныя ліштвы на сялянскім доме, вышыўка на рушніку...

– Сустрэчны вецер эпохі садзьме гэта, бы карункавы капялюшык з паненкі, што ўселася на пляцоўцы імперыялу,– жорстка запярэчыў Ной, які ўвесь гэты час ляпіў з наплаканага пахавальнымі свечкамі воску маленькіх яшчарак.– Малевіч намаляваў свой чорны квадрат – і гэта дзверы, за якімі пачынаецца невядомы, але адзіна магчымы шлях наперад. Нішто не паўтараецца... Фараонаў малявалі толькі ў профіль, у трагедыях не маглі ў якасці галоўных герояў выступаць слугі, жанчыны не мелі права з’яўляцца на сцэне... Хто цяпер запатрабуе таго ж?

Улад спахмурнеў, звычайная іронія пакінула яго.

– Ты кажаш пра прагрэс у мастацтве, але мне свет, дзе пануе чорны квадрат, уяўляецца застрашлівым. Будынкі ў выглядзе вялізных шэрых скрынак з квадратамі вокнаў, песні ўсе з адной бязглуздай фразы і прымітыўнага рытму, і адна газета на ўсіх, дзе тлумачыцца, якія ўсе шчаслівыя... Ведаеш, калі Платон прыдумляў сваю ідэальную дзяржаву, то хацеў прыблізна такога... Усе мусілі танчыць і спяваць, якія яны шчаслівыя, а паэтаў належала забіць.

– Ведаеце, калі гэтая адзіная газета і адзіная песня будзе на беларускай мове, я згодны і з такой сумнай прышласцю,– задумліва прамовіў пан Беларэцкі.– Але нешта мне падказвае, што спрошчаны да простакутнікаў свет не змесціць нашую цудоўную, неспазнаную беларускую Атлантыду – яна толькі пачынае ўздымацца з мутных хваляў забыцця, з-пад усялякай набрыдзі... А тут не самабытнасць вымагаецца, а ўніверсальнасць... Кіёк замест галінкі...

– Вы проста... стары,– кінуў Ной.– Вы не разумееце, што чалавецтва ідзе да ўзаемаразумення – да аднае мовы.

– А прырода – да аднае кветкі, аднога дрэва і аднога куста,– насмешна вымавіў Беларэцкі.– Альбо з’явіцца ўвогуле на ўвесь свет расліна: белы кветка-дрэва-куст...

– А чаму белы? – разгублена папыталася Дарота.

– Таму што ўсе колеры, змяшаўшыся, утвараюць ідэальную бель... Але ў жыцці рэдка здараюцца чыстыя колеры. Без дамешка... Таму, я думаю, патэнцыйная ідэальная прырода будзе шэрай.

Улад, відаць, уявіў гэтую прышласць, не вытрымаў і рассмяяўся. Ад гэтага аблічча ягонае на хвілю страціла заўсёдны насмешна паблажлівы выраз – вызірнуў цікаўны і дурасліва-наіўны падлетак... Дарота нават таксама нясмела ўсміхнулася, гледзячы на маладога артыста, як на асветленыя сонцам неверагодна лёгкія аблачынкі, на якіх уяўляецца прыўкрасны замак вечнага святла і спакою... Пан Беларэцкі задумліва глядзеў на дзяўчыну, на яе ўсмешку, і ў шкельцах ягоных акуляраў скакала полымя свечкі.

– Старыя майстры лічылі, што ў аснове прыгажосці – звілістая лінія... Любы просты шлях – няпраўда і штучнасць. І не заўсёды тое, што наўпрост прыцягвае – прадвызначана табе... Мы – усяго толькі маленькія ліхтарыкі, якія вісяць на нябачным дроце праз цемру. Кожны бачыць толькі праз уласнае святло. І ніхто не бачыць дрота, на якім мы вісім... І толькі мудры можа вылічыць – дзе заканчваецца дрот... І толькі наіўны адчуе – хто яго навязаў... Ведаеце гісторыю з ліхтарамі на свяце ў графа Любанскага?

– Не, пан Андрэй,– ажывілася Дарота.– Раскажыце – а то кінуліся ў філасофію, нібы шкаляры ў вазачку з цукатамі.

Чучала цмока зірнула на расказчыка чорным гузікам з жоўтай іскрай у цэнтры, і пан Беларэцкі пачаў расповед.

Гісторыя пра Лошыцкі прывід

Было гэта ў адзін з маіх прыездаў на бацькаўшчыну гадоў пятнаццаць таму. Яшчэ жыла мая жонка, але ўжо не магла ездзіць са мной з-за хваробы. Таму і настрой у мяне быў не надта... Але пачак выяўленых рукапісаў сямнаццатага стагоддзя, яшчэ адно шкельца ў разбіты вітраж гісторыі маёй радзімы, мог змусіць мяне да падарожжа нават у чысцец. Я не захацеў злоўжываць гасціннасцю сяброў і, паколькі мог сабе дазволіць, зняў прыстойны нумар у гатэлі «Еўропа», якраз калі там пачаў выступаць венскі дамскі аркестр. Як грае згаданы аркестр, я так і не паслухаў, затое рукапісы выкупіў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю