355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 16)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 16 (всего у книги 32 страниц)

Юрась пераступіў праз целы, узяў шкляны шар і бразнуў аб падлогу, як выпітую страмянную чарку.

– Усё... Дзякую за гасціннасць.

На развітанне я дастала з кішэні джынсаў канверт з грашыма і сыпанула зялёныя паперкі на пабітыя гадзіннікі.

Юрась зусім выбіўся з сілаў. Я ледзь змагла давесці яго да прыпынку... Але я ўжо ведала, што ніколі не пакіну гэтага чалавека. І гора, і пошасць, і ложак – усё напалам...

Гора хапала – пахаванне Стэлы. Юрась усё-ткі кахаў яе... Мне давялося ўзяць на сябе шмат клопатаў. Тым больш, што Юрасю рабілася блага, асабліва па начах, ён крычаў ад болю, трызніў... Відаць, наступствы тых «ампулак», што яму ўкалолі падчас допыту ў Людвісарава.

Цень Стэлы не стаяў між намі. Я проста часам адчувала, нібыта яна сумна назірае збоку, і яе цёмныя вочы блішчаць у начной шыбе не рэўнасцю або злосцю, а лагодным спачуваннем. Яна быццам разам са мной трывожылася за Юрася, як калісьці ён трывожыўся за яе. І дапамагала мне чакаць яго...

Я чакала яго ўвесь вечар... Гэта мусіў быць асаблівы вечар. Мы дамовіліся, што калі пройдзе сорак дзён пасля смерці Стэлы, ён перабярэцца жыць да мяне назусім.

Я сядзела ля акна ўсю ноч, і прамень фар кожнага выпадковага аўтамабіля нібыта разразаў маё сэрца на дзве палавінкі, а рыпенне снегу пад нагамі рэдкіх мінакоў здавалася землятрусам. Юрась не прыйшоў. Раніцай я пачала шукаць яго... Ніхто не ведаў, куды ён падзеўся. Ягоная маці паведаміла, што ён сапраўды сабраў увечары рэчы і пайшоў да мяне («знайшоў жа, да каго, хіба мала на ягоны век хапіла няўдаліц»,– чыталася ў заплаканых вачах маці).

Сваякі звярнуліся ў міліцыю... Але Дамагурскага так і не знайшлі, як не знайшлі забойцу Аркадзя. Я спрабавала ў адчайных пошуках выйсці на гаспадароў Людвісарава, але дарэмна. Калыванаў з’ехаў, даходзілі чуткі, нібыта ў Расіі яго спрабуюць засудзіць за грашовыя махінацыі. Баркунова ўдава таксама знікла, не зладзіўшы ані саракавінаў па забітым мужы, ані музея яго імя. Рэстаранчыкі і крамы на пляцы Старавежска абслугоўваюць дальнабойшчыкаў, а вежа стаіць пустая, пазірае сляпымі вокнамі-вачніцамі, як паднятая з саркафага мумія. Колькі я блукала вакол Людвісарава, спрабуючы нешта даведацца... Але там цяпер заўсёды цёмна і бязлюдна, нібы ў пустым склепе. Юрась знік бясследна.

Я дасюль яго чакаю.

Дарэчы, вярнулася ў журналістыку. Працую ў выданні, якое то зачыняць, то яно зноў адкрыецца пад іншай назвай. Але пасля гісторыі з гадзіннікамі я перастала чагосьці баяцца.

Не баюся і сваіх сноў. Нават навучылася іх запісваць і ператвараць у літаратурныя творы. Іх друкуюць, чытачы хваляць, крытыкі не заўважаюць...

Часам, калі я ўключаю тэлевізар, не магу адагнаць думкі, што дзесьці побач з убачаным цікаюць гадзіннікі Бернацоні... Ляціць шалёны карагод... Трымаемся мы ўсе за рукі, жывыя і нябожчыкі, і кіруе нашымі скокамі нехта нябачны і бязлітасны, прагнучы ўлады. Але я ведаю, што заўсёды можна ўтрымацца ад шалёных скокаў. І не абавязкова для гэтага трэба хавацца ў сваю ракавінку. У кожнай ракавінцы – гучыць мора, у кожным камяні і ў кожнай валошцы – жыве Беларусь.

2005

СТАРАСВЕЦКІЯ МІФЫ ГОРАДА Б*


Артэміда і Актэон

Прыўкрасны юнак Актэон выпадкова падгледзеў, як купаецца цнатлівая багіня Артэміда. Угневаная багіня ператварыла юнака ў аленя, і яго загрызлі ўласныя сабакі...

Старажытнагрэчаскі міф

У горадзе Б* былі жанчыны, якія не выйшлі замуж таму, што ім не пашанцавала.

Былі там і жанчыны, якія не выйшлі замуж таму, што занадта многа хацелі ад будучага выбранніка.

Зрэдку сустракаліся ў горадзе Б* і такія жанчыны, што не выходзілі замуж прынцыпова.

А былі і такія, што заставаліся ў дзеўках па ўсіх трох прычынах: адразу не шанцавала, пасля многа хацелі і завяршылі прынцыпам. А апошні, як вядома, хаця і здольны служыць апірышчам кволай жаночай істоце, аднак яго не абуеш у пантофлі, не пачастуеш піражкамі з капустай і не раскажаш, які страшны сон табе сёння прысніўся.

Панна Канстанцыя, уладальніца багатай радавой сядзібы на ўскрайку горада Б*, непадалёк ад развалін замка, які калісьці, кажуць, таксама належаў продкам панны Канстанцыі, шанавала свае прынцыпы, хаця і не канчаткова адхінула акаляючы недасканалы свет. Але свет, замест таго каб быць ёй за гэта ўдзячным, назваў яе старой дзеўкай, пляткаркай і праўдзівай фурыяй. Што ж, справядлівасці ад горада Б* чакаць не даводзіцца!

Панна Канстанцыя горка падціснула вусны і кранула нагой цёплую цёмную ваду прысядзібнай сажалкі... Даруйце, Лебядзінага возера. Яго выкапалі па загаду паненкі ў рамантычным месцы, пад густымі шатамі старых дрэў, і нат пусцілі на люстраную паверхню лебедзя. Але няўдзячная птушка ўсяляк парывалася ўцячы з наканаванага ёй чароўнага куточка і нават з падрэзанымі крыламі ўхітрылася адтуль збегчы... Грэблівыя роспыты панны пацвердзілі яе здагадку, заснаваную на жыццёвым вопыце: лебедзь быў мужчынскага полу, значыць, падступнасць у яго ў крыві.

Панна Канстанцыя любіла плаваць у сваім Лебядзіным возеры па начах, у прывідным святле месяца, схаваная ад усяго свету густой засенню дрэў, высокай агароджай панскага парку і строгай дысцыплінай у асяродку панскай прыслугі. Пяшчотна плюскатала вада, галава паненкі пагойдвалася між лілеяў і гарлачыкаў, і – канешне ж! – віліся над гэтай галоўкай салодкія мары ды ўспаміны. Некалі, даўно-даўно, у пару квецені і гарэзных ветрыкаў... Ды мала што можа ўспомніць голая паненка ноччу ў сажалцы?..

Таемнасць і самота... Але мы не будзем сцвярджаць, што падчас гэтых амаль сакральных водных працэдур не мроіліся паненцы прагныя праклятыя вочы ў зарасніку вакол возера...

Сёння ноч была асабліва таемнай. Святаяннік па-змоўніцку падміргваў плямістымі жоўценькімі кветачкамі, пранізліва пахла мацярдушка, да самай вады збягала бліскучая, як фальшывы залаты, лотаць. Жаба, маленькая, пляскатая, быццам пусты кашалёк, нясмела падала голас – панна Канстанцыя ненавідзела жаб і загадвала іх вылоўліваць ды знішчаць. Худзенькі камар сеў на магутнае сцягно панны Канстанцыі. Плясь! І камарыная душа адляцела ў далёкі камарыны рай... Не, у пекла – адзінае на ўсіх крывасмокаў. Панна Канстанцыя кінулася ў абдоймы месячнай вады...

...Чараціла прыўзняў цяжкую галаву, у якой усё яшчэ пілікала скрыпачка карчомнага музыкі Гірша, каб паглядзець на велізарную качку, што плюхнулася ў панскую сажалку. Сапраўды, па вадзе рухалася нешта цёмнае, ад яго ішлі кругі, як ад чоўна... Чараціла памятаў яшчэ далікатэсны смак злоўленага тут і засмажанага на лясным вогнішчы лебедзя... Няпрошаны госць прыўзняўся над хмызнякамі... Затрашчалі галінкі...

Хведзька Чараціла ведаў жанчын. Дый з семінарыі выгналі Хведзьку менавіта за амурныя справы. Тым болей што трактаваў Хведзька кабет гэтак жа проста, як пляшкі гарэлкі. Можна нават смела сцвярджаць, што Хведзька бачыў кабет як у вопратцы, так і без. І мы можам зрабіць скідку толькі на тую акалічнасць, што Хведзька быў добра на падпітку і таму не распазнаў, што за істота рушыла на яго з чорнай панскай сажалкі, белая, вялікая, бясформенная... На абліччы істоты Чараціла разгледзеў толькі два чорныя прагалы на месцы вачэй ды трэці, круглы вялікі прагал – гэта не мог быць чалавечы рот – бо з яго не могуць вылятаць такія гукі...

Маленькая пляскатая жабка здохла ў адно імгненне – яе і без таго напалоханае сэрца не вынесла воклічу абражанай цнатлівасці.

Чараціла перахрысціўся. Чараціла паабяцаў Божай Маці, што ніколі ў жыцці не возьме больш гарэлкі ў рот... Чараціла заблагаў і кінуўся праз кустоўе прэч адсюль... А белая пачварына ляцела за ім ва ўрачыстым гневе – прыйшоў яе час! Яна дачакалася! Чараціла дабег да агароджы і, падаючы і абдзіраючы далоні, паспрабаваў пералезці цераз яе.

– Жучка, кусь! Жучка, кусь!

Залівісты сабачы брэх змяніўся Чарацілавым крыкам болю. Апошнім намаганнем Хведзька пераваліўся цераз агароджу і знік у невядомым напрамку, як маланка – не таму, што так хутка, але таму, што зігзагамі...

Панна Канстанцыя паважна абцерла сваю антычную плоць. Апошні бессаромны зірк месяца – і белае цела схавалася пад доўгай брунатнай сукенкай са шчыльнай ваўнянай тканіны, з зашпількамі пад горла.

«Гэта несумненна быў афіцэр,– чамусьці падумала панна Канстанцыя.– Такі бессаромны... Дзёрзкі... Шкада, што не было з сабою кінжала...»

Панна ўявіла, як эфектна было б прыставіць кінжал да сваіх белых грудзей і сказаць: «Лепей смерць, чым ганьба! Ніхто не возьме гвалтам тое, што належыць толькі мне і Госпаду!» Не, лепей было б кінуцца з кінжалам на гвалтаўніка: «Памры, няшчасны! Ты пасмеў падгледзець тое, што не наканавана для чалавечых вачэй!»

Камары жаласна пішчалі над вільготнымі валасамі панны Канстанцыі, акуратна сашчэпленымі рогавым грабеньчыкам. Свет быў цудоўны, хаця і небяспечны. Да канца жыцця заставалася сорак гадоў, восем месяцаў і адзін дзень. Быў шанц правесці іх у прыемных успамінах.

А ў душы карчомнага заўсёдніка Чарацілы навечна пасялілася незразумелая туга. Начное здарэнне ўспаміналася яму ўсё часцей і часцей, і мроіліся Чарацілу то белацелая русалка з прыветна працягнутымі рукамі, то расамаха, кудлатая, няшчасная,– за тое, што пры жыцці загубіла сваё дзіця, пасля смерці вымушаная існаваць у вадзе і палохаць выпадковых прахожых... І хаця Чараціла ніколі больш не наважыўся спакушаць лёс прагулкай у панскі парк, але палюбіў сядзець па начах на развалінах старога замка ці над лясной крынічкай і ўзірацца скрозь цёмныя карункі шатаў на зоры, і ў неахайнай барадзе яго з першымі павуцінкамі сівізны пераблытваліся месячныя промні, а вусны шапталі незвычайныя пяшчотныя словы, якія не пачула і не пачуе ад Чарацілы ні адна зямная жанчына...

І тады з глыбіні Лебядзінага возера ўсплывала бела-блакітная лілея і расхінала свае пялёсткі, як покрыва багіні... А панна Канстанцыя круцілася на пуховай пярыне і паўтарала ў салодкай дрымоце: «Гэта несумненна быў афіцэр...»


Апалон і Марсій

Фрыгійскі сатыр Марсій так добра граў на флейце, што насмеліўся выклікаць на спаборніцтва ў музычным мастацтве самога Апалона, бога Сонца і мастацтваў. Па меркаванні бальшыні слухачоў, Апалон перамог. Марсій быў жорстка пакараны за дзёрзкасць: Апа-лон загадаў жыўцом злупіць з яго скуру.

Старажытнагрэчаскі міф

Хто ў горадзе Б* не ведаў скрыпачкі Гірша! Гэта цяпер ніхто не помніць ні яе, ні ейнага ўладара – але ж сёння людзі не памятаюць і шмат чаго іншага! Нават Бога Усявышняга, які над усімі – беларусамі, палякамі, летувісамі, габрэямі...

А калі грала скрыпачка Гірша, за акном на сухіх галінках бэзу расцвіталі блакітныя кветкі, праз пыльныя шыбы прабіваліся то сонечныя, то месячныя промні, а карчмар Бурыга, выціраючы слёзы з абвіслых вусоў, бясплатна наліваў піва немаёмасным наведнікам. Вось што рабіў Гірш сваёй скрыпкай!

І ва ўсім горадзе Б* не знаходзілася ніводнага шалапута, ніводнай прапашчай душы, каб наважыцца пакрыўдзіць, падняць на смех гэтага няўклюднага старога габрэя, чыя галава ўяўляла з сябе гладкі бліскучы астравок лысіны ў пышным венчыку чорна-сівых, нібы прысыпаных попелам, кудзераў...

І Гірш ведаў сваю ўладу над людзьмі. І была Гіршава скрыпка голасам горада Б*, ягоным духам і ягоным сумленнем...

«Эх, каб гэтаму музыку ў свой час падвучыцца! Каб нехта апекаваўся ім, даў музычную адукацыю, вывеў у свет»,– бедавалі вучоныя людзі, якія зрэдзь траплялі ў карчомку, дзе іграў Гірш.

Але вучоныя людзі на тое і вучоныя, каб гаварыць пра тое, чаго не было, і тое цудоўнае, чаго не будзе.

Ніхто не помніць сёння Гірша і ягоную скрыпку... Але кожны ўладальнік музычнай энцыклапедыі можа пры жаданні разгарнуць яе на літары «п» і прачытаць пра выдатнага скрыпача Мікалая Паліванава, які нарадзіўся ў горадзе Санкт-Пецярбурзе, вучыўся ў вядомага педагога Макарыні, іграў у аркестры Марыінскага тэатра, пасля пачаў ездзіць з сольнымі канцэртамі, атрымаў у Парыжы «Гран-пры», у Мантэвідэа – «Залатую ліру», у Лондане – медаль св. Антонія, а ў Італіі – права даць канцэрт на скрыпцы, што належала Нікало Паганіні,– а такое права атрымлівае толькі лепшы скрыпач свету...

Мікалай Паліванаў па дарозе ў Варшаву спыніўся ў горадзе Б*. Якія прычыны змусілі ўлюбёнца сталічнай публікі пераначаваць у люксавым нумары двухпавярховага фарбаванага жоўтай крэйдавай фарбай гатэля горада Б*, гатэля з гучнай назвай «Эсперасьён», мы ўжо не даведаемся ніколі. Але губернатар горада Б* меў гонар прыняць у сябе выбітнага госця. Той, на жаль, не палічыў вартым гучання сваёй скрыпкі правінцыйны свецкі салон. І губернатар – няўжо можна дапусціць, што з нейкай нядобрай задумай? – расказаў заезджаму светачу пра старога габрэя Гірша і пра ягоную скрыпку. Спадар Паліванаў пакрывіў вусны, у чым можна было ўгледзець і пагарду, і насмешку, і недавер... Але і некаторую зацятасць.

Так Гірш сустрэўся з Мікалаем Паліванавым. Зала губернатарскага дома была паўнюткай, а пад вокнамі залы тоўпіўся ўвесь горад Б* – заўсёднікі Бурыгавай карчомкі, мешчукі і гімназісты, бабы-гандляркі і звонкагалосыя дзеўкі з мануфактуры па вырабе габеленаў... Горад Б* паставіў свой голас супраць голасу чужынскага, выпеставанага, купленага акадэмічнымі ўрокамі...

І вось праз шырокія вокны губернатарскага дома паліліся гукі Гіршавай скрыпкі, і расцвіў блакітнымі кветкамі бэз, хоць на дварэ канчаўся жнівень, і месяц апусціўся проста на дах, як звычайны паветраны шарык, і пакалыхваўся ў рытм музыцы...

А там, у зале, сотні вачэй былі скіраваныя на спадара Паліванава, ловячы найменшы зрух яго рысаў. І я не скажу, што гэтыя пагляды было прыемна і лёгка трываць. Але Паліванаў прывык вытрымліваць людскія пагляды, добрыя і нядобрыя, зайздросныя і раўнадушныя... Гледачы не заўважылі, як загарэўся ў ім святарны, адвечны агонь артыста, агонь, які прымушае быць лепшым, першым, непаўторным або памерці... Агонь гэты сканцэнтраваўся ў пальцах Паліванава, і яны, яшчэ знешне нерухомыя, гарэлі і праглі дотыку струнаў і смычка...

– Прынясіце маю скрыпку,– хрыпла сказаў Паліванаў, стараючыся не глядзець на Гірша, які стаяў з апушчаным смычком, і лысіна ягоная блішчэла ад поту, а рот усміхаўся ўсмешкай пераможцы.

Паліванаў стаўся вельмі сур’ёзным. Усмешка больш не крывіла ягоных вуснаў. Ён быў напяты і засяроджаны, і прысутныя, яшчэ не пачуўшы яго ігры, таксама зрабіліся сур’ёзнымі і напружанымі, бо адчулі, што будзе прышэсце цуду.

Не ведаю, як іграў спадар Паліванаў на сцэнах Парыжа і Лондана, але ўпэўнена, што ніколі не іграў ён так, як іграў у маленькім горадзе Б* па дарозе ў Варшаву. Вецер, магутны паўночны вецер уварваўся ў залу губернатарскага дома, і ўскудлаціў прылізаныя прычоскі мужчын і какетлівыя кудзеркі дам, і холадам працяў сэрцы слухачоў на вуліцы. А пасля гэты вецер – Бог ведае як! – зрабіўся вогненнай віхурай, і абпаліў засяроджаныя думкі, і прымусіў сэрцы біцца часта, як у злоўленай птушкі... І калі здавалася, што вось-вось ад гэтага агню, ад гэтага напалу выбухнуць напятыя пачуцці ў вар’яцкую вакханалію, вогненная віхура ператварылася ў іскрысты феерверк, у россып кветак, жывых і штучных, канфеці і серпанцін, і спявалася ў кожнай душы: «Добра жыць! Цудоўны Божы свет! Не трэба адчайвацца і злавацца – усё будзе добра!»

Але каб Мастацтва не скончылася на гэтай стракатай ноце, феерверк ператварыўся ў струмень жывой крыніцы – пяшчотны і вечны, празрыстую кроў зямлі... Піяна... піянісіма... І апошні ўзлёт смычка адправіў душы слухачоў у такія вышыні, дзе яны яшчэ ні разу не былі і пра якія будуць успамінаць – з тугой і надзеяй – да канца жыцця...

Буйныя кроплі поту сцякалі па вытанчаным твары сталічнага скрыпача. Паліванаў адчуваў прыемную спустошанасць чалавека, які аддаў усе сілы, усё, што мог, і нават крыху болей, каб выканаць сваю справу, і цяпер не меў чым папракнуць сябе.

Што ж, крыкі: «Брава, маэстра!», «Бравісіма!» не былі ў навіну для спадара Паліванава. Ён зноў зрабіўся халодным і крыху насмешлівым і праз гадзіну сядзеў на абабітым аксамітам сядзенні цягніка Масква – Варшава.

Пра Гірша не ўспомнілі. Ён прайшоў праз натоўп, прыгорблены, стары, хаваючы прыніжаную скрыпку пад крысом камізэлькі... Гэта скрыпка была голасам горада Б*, ягонай душой і сумленнем... Цяпер горад Б* страціў свой голас, бо даведаўся, што ёсць гучнейшыя...

І Гірш назаўсёды знік з горада Б*. Яго шкадавалі, шукалі, але потым забыліся, і ўжо ніколі за цьмянымі акенцамі Бурыгавай карчомкі не зацвіталі на сухіх галінках бэзу блакітныя кветкі.


Арфей і Эўрыдыка

Каханая жонка вялікага спевака Арфея, чароўная німфа Эўрыдыка, загінула ад укусу змяі. Арфей спусціўся ў царст-ва памерлых душ і моцай свайго мас-тацтва пераканаў Аіда, уладара гэтага царства, адпусціць Эўрыдыку на зямлю. Але на зваротным шляху, ля самага выйсця, Арфей азірнуўся, каб паглядзець, ці ідзе за ім Эўрыдыка, што рабіць яму было забаронена. І Эўрыдыка назаўсёды знікла.

Старажытнагрэчаскі міф

Горад Б* меў уласны тэатр. Сталай трупы ў ім не было. Дый адбываліся на кепска габляванай сцэне найчасцей канцэрты духавога аркестра ды хору гарадскога таварыства гігіены і санітарыі. Крэслы ў зале прысоўваліся да сцен, на вызваленай пляцоўцы танчыла моладзь, і пад хуткімі чаравікамі храбусцела шалупінне ад семачак.

Але час ад часу горад Б* наведвалі гастралёры. Гэта былі тыповыя правінцыйныя антрэпрызы, з героямі-палюбоўнікамі, засыпанымі пудрай, якіх за паўгадзіны да спектакля трэба было гвалтам цягнуць з Бурыгавай карчомкі; з гераінямі, трыццацігадовымі худымі істэрычкамі, з субрэткамі, харошанькімі пульхнымі дзяўчынкамі, чые ружовыя губкі пахлі табакай і грахом... Гастралёры прывозілі ў горад Б* вечнага Шэкспіра, нязвыклую мітусню і водсвет іншага, рамантычнага і грэшнага свету... Горад Б* памятаў сваіх траіх ахвяр, прынесеных на алтар мастацтва: мадам Кунаковіч, якая збегла ад свайго мужа, уладальніка галантарэйнай крамы масье Кунаковіча, з ніжнегародскім тэнарам; пажарніка Карацупу, які зараз іграў на трамбоне недзе ў кракаўскім аркестры, і юную выпускніцу прыватнага пансіёна мадам Касіо Ксеню Чычаловіч. Ксеня мела пышныя светлыя валасы, вялізныя блакітныя вочы, тонкі стан, гнуткую постаць, характар веснавой ручаіны і жаніха Стася Гарбузака, сына ўладальніка піваварні горада Б*. Усё вышэй пералічанае, акрамя апошняга, Ксеня і звезла з сабою ў пошуках вобразаў французскіх раманаў і ўласнай няўрымслівай фантазіі.

«Ксенечка, птушачка мая!» – роў няшчасны Гарбузак, седзячы пад кустамі бэзу ля Бурыгавай карчомкі, і буйныя, як бутафорскія дыяменты, слёзы каціліся па ягоным круглым добрым твары і блішчэлі на пышных рудых вусах...

У выніку настойлівых росшукаў Ксеніных сваякоў горад Б* даведаўся, што Ксеня Чычаловіч, пяшчотная кветка беларускай правінцыі, скончыўшы паскораныя курсы дэкламацыі (10 урокаў – 5 рублёў 30 капеек), была прынята ў нейкую антрэпрызу на амплуа гераіні і знікла ў невядомым напрамку ў вірах гастрольнага жыцця з чужым імем і свойскай жыццярадаснасцю, выхаванай на здаровым паветры горада Б*.

...І паплыў па вадзе сухі букецік Афеліі, і дарэмна спрабавалі затрымаць яго прыбярэжныя чараты... Карацей, прайшло тры гады. Стась Гарбузак успадчыніў бацькаву піваварню і цяпер выпрабоўваў на наведніках Бурыгавай карчомкі новыя гатункі свайго піва... Акцёрская трупа, у якой блішчэла фольгавая зорачка Клелія Лебедзева, яна ж Ксеня Чычаловіч, пасля няўдалых гастроляў па расейскай глыбінцы апынулася ў горадзе Б*. Клелія доўга сядзела перад цьмяным люстэркам нумара трэцяга разраду гатэля «Эсперасьён», прыдзірліва вывучаючы свой воблік... З таго часу як пакінула пышныя сады і крывыя вулачкі горада Б*, яна схуднела, са шчок сышла здаровая правінцыйная ружовасць, затое вочы пабольшалі і ў іх з’явіўся таямнічы, крыху ліхаманкавы бляск. Клелія правяла пухоўкаю па задзірлівым носіку: нічога! Ёй ёсць чым уразіць горад Б*!

Тым болей што Гарбузак ніколі не меў звычкі хадзіць па тэатрах.

Але звычкі мяняюцца не радзей чым грошы на келіх піва. І Стась Гарбузак не прапускаў цяпер ніводнага прадстаўлення ў горадзе Б*. Ці то ён спадзяваўся, што аднойчы ўбачыць на тутэйшай, кепска габляванай сцэне сваю зляцелую птушачку Ксенечку, ці то сапраўды прыхінуўся да вар’яцкага і таямнічага свету Мельпамены...

І калі з-за куліс паказалася натуральная бландзінка Дэздэмона, Гарбузак сядзеў у другім радзе партэра і ягоны паласаты пінжак упрыгожвала буйная астра з бела-чырвонымі стракатымі пялёсткамі. Вы, напэўна, думаеце, што Гарбузак ускочыў са свайго сумленна аплачанага месца, што ён узмахнуў рукамі, зароў: «Ксенечка!» і кінуўся да сцэны... Прымітыўна думаеце. Гарбузак успрыняў з’яўленне сваёй мары спакойна і натуральна, як чалавек, які жадаў і верыў з такой моцай, што не меў і ценю сумневу ва ўдачы. Хіба дзівіўся Майсей, калі воды Чэрмнага мора расступіліся перад ім? Гарбузак проста быў шчаслівы і штохвілі абціраў вялікай накрухмаленай насоўкай круглы чырвоны твар. Толькі калі чорныя рукі Атэла счапіліся на далікатнай шыйцы Ксені, Гарбузак не змог утрымаць гучнага ўздыху... Ксенечку трэба было ратаваць з небяспечнага пачварнага царства гастрольнага тэатра.

У маленькім пыльным пакойчыку-грымёрнай Дэздэмона спалохана ўглядалася ў заседжанае мухамі люстэрка. У цьмяным шкле адлюстравалася светлая палоска прыадчыненых дзвярэй, пасля мажная постаць півавара...

Пыхлівую ўсмешку прымадонны і гэтакі ганарлівы паварот галавы Клелія Лебедзева адрэпеціравала яшчэ на пачатку артыстычнай кар’еры... Але не паспелі сарвацца з яе вуснаў словы – гучныя і жорсткія, як, камячачы ў руках дарагі французскі капялюш, загаварыў Стась Гарбузак, і гаварыў ён проста і пераканаўча, як можна гаварыць толькі з каханай жанчынай, якую хочаш вярнуць, ці з панам суддзёю, які праз хвілю мусіць вызначыць табе прысуд.

– Ксенечка, птушачка мая! – казаў Гарбузак, і словы ягоныя мякка перакочваліся і блішчэлі, як марскія каменьчыкі ў празрыстай хвалі.– Тую альтаначку, дзе ты так любіла сядзець, усю абвіў дзікі вінаград; а на сажалцы пасяліўся цудоўны лебедзь – дзяўчаты любяць карміць яго хлебам і пірожнымі. А я купіў трох выдатных коней ангельскай пароды; яны рудыя, з белымі грывамі і хвастамі. Памятаеш, мы ездзілі да развалін старога замка і ты чытала мне там вершыкі Барана і Шулера? У нас цяпер дзейнічаюць курсы дэкламацыі, твае сяброўкі Зося і Марыя займаюцца там і на Каляды будуць выступаць у дабрачыннай вечарыне ў жаночай гімназіі. Зноў адкрыецца каток. Памятаеш, як ты каталася там у святле ліхтара, такая тоненькая, лёгкая, і сняжынкі падалі на цябе, як белыя кветкі? А я купіў фартэпіяна, нямецкае, чорнае, бліскучае, і з яго кожны дзень выціраюць пыл. Яно чакае дотыку тваіх пальчыкаў. У Данусі і Карповіча нядаўна хрысцілі дзіцятка... Дачушку... А я купіў саксонскі парцэлянавы сервіз, на дваццаць чатыры персоны. Ён такі ўвесь белы, і ружовы, і блакітны, і там анёльчыкі, і налепленыя кветкі, і залатыя разводы... Пойдзем, Ксенечка, мой вазок стаіць каля тэатра. Ты па-ранейшаму любіш шакаладны торт і мігдал у цукры?

Ксенія Чычаловіч павольна, як у сне, прыўзнялася. Старая распусная вядзьмачка Мельпамена, якая прыкрываецца прыгожай маскай і людской цікаўнасцю, з прыкрасцю пакінула маленькую грымёрную тэатра горада Б* і сваю ахвяру. Яблыневыя сады і месячныя ночы горада Б*, яго цэркаўкі і касцёлы, кавярні і карчомкі, драўляныя масткі і бэзавыя альтанкі паўсталі ва ўяўленні былой Дэздэмоны ва ўсёй сваёй натуральнай моцы і запатрабавалі да сябе яе душу. Гарбузак асцярожна ўзяў за руку амаль страчанае шчасце і павёў да выхаду з тэатра, працягваючы аднаўляць у словах салодкія рэаліі местачковага жыцця... Ксені было лёгка і спакойна, ёй нібы перадалася ўпэўненасць і вера амаль забытага жаніха.

– А яшчэ я прыдумаў новы гатунак піва,– сказаў Гарбузак.– Я назаву яго «Ксенечка» і зладжу вечарыну бясплатнай ягонай раздачы ў карчомцы Бурыгі... Якое піва, Ксенечка! Які водар!

У вачах Ксені, толькі што незамутнена-блакітных, успыхнулі дзве даволі неспрыяльныя для Гарбузака маланкі, вусны зноў падціснуліся. Прымадонна Клелія Лебедзева вырвала сваю руку з чырвонай лапы півавара Стася Гарбузака, развярнулася і пайшла ў свой свет, неўладкаваны, капрызны, таямнічы... Гарбузак, не верачы ў няшчасце, бег за ёй і нешта гаварыў, але словы яго больш не мелі моцы...

Клелія бегма вярнулася ў грымёрную і зачыніла дзверы на засаўку. Бедны Гарбузак застаўся з таго боку дзвярэй.

– Ну чаму, Ксенечка? Чаму ты так?

А Клелія кінула праз вузкае акно пагардлівы позірк на небрукаваныя краявіды горада Б*. «Пі-ва! Зноў тое праклятае піва... А я, дурніца, вушы развесіла! «Замак! Саксонская парцэляна! Каток!» А ўсё – на ўзроўні піва... Піўная каралева горада Б*... Бр-р-р...»

Няшчаснага Гарбузака прагнаў ад Ксеніных дзвярэй антрэпрэнёр, а назаўтра трупа, падобна звар’яцелай зграйцы птушак, паляцела шукаць свой вырай то на ўсходзе, то на захадзе, то на поўдні, то на поўначы... Гарбузак так і не змог зразумець прычыны свайго фіяска, і тэатральны свет назаўсёды застаўся для яго царствам небяспечным і нязведаным, дзе людзі знікаюць, як у багне, і якое не адпускае ад сябе ахвяр, як не адпускае багна...

«Трэба было сказаць ёй,– разважаў Стась за куфлем піва, якое так і не назваў «Ксенечкай»,– што я купіў гадзіннік з зязюляй і італьянскую карціну з голай багіняй...»

Праз год Гарбузак ажаніўся з паннай Зосяй, якая так і не скончыла курсаў дэкламацыі, і ў Бурыгавай карчомцы ўвесь вечар бясплатна пілі духмянае піва «Зосечка».

Як склаўся далейшы лёс Ксеніі Чычаловіч, мы не ведаем, як нельга ведаць таямніц іншага свету.


Скрыня Пандоры

Каб нашкодзіць людзям, багі Алімпа стварылі прыўкрасную жанчыну Пандору і надзялілі яе неўтаймоўнай цікаўнасцю. У доме мужа Пандоры знаходзілася скрыня, якую нельга было адчыняць. Пандора з-за сваёй цікаўнасці адчыніла яе і выпусціла адтуль у свет людскія хваробы, сваркі і звады.

Старажытнагрэчаскі міф

Паштовае аддзяленне горада Б* месцілася ў аднапавярховым цагляным дамку, амаль схаваным пад шатамі старых ліп. Цяпер, перадкаляднымі маразамі, ліпы захуталіся ў высакародную шэрань – гэткія важныя пані, што нібыта зусім заштурхалі ў куток яснага марознага дня сціплы будыначак пошты.

А ў будынку паштмайстар пан Сікорскі ў атачэнні сваіх падначаленых разглядаў пасылку, дастаўленую з чыгункі ў чарговай партыі ранішняй пошты. Пасылка была адрасаваная настаўніку хіміі Капуцкаму, аматару незвычайных досведаў ад спірытычных сеансаў да археалагічных раскопаў. Пасылка сапраўды была вартая ўвагі: квадратная скрыня ў палову чалавечага росту вышынёй, шчыльна абцягнутая чорнай аксамітнай паперай, на якой ярка паблісквалі фольгавыя зоркі. Адправіцель падпісаўся лаканічна: «Брацтва “Гаўдэамус”». Паколькі было вядома, што настаўнік Капуцкі з’ехаў некуды ў Гародзенскую губерню да сваякоў, а ягоная халасцяцкая кватэра стаяла замкнёная, пасылка мусіла знаходзіцца ў сховішчы паштамта да вяртання адрасата.

– Пасылка як пасылка,– выгукнуў Сікорскі і прыгладзіў справа налева рэдкі чуб, зачасаны на раннюю лысіну.– Занесці ў сховішча і забыцца.

– Не кажыце, пане Сікорскі,– тужліва працягнуў служачы Карасюк.– Мне такой ніколі не дашлюць. Можа быць, там тэлескоп для назірання зорак – пан Капуцкі неяк расказваў пра такую прыладу на лекцыі ў клубе грамадзянскіх служачых. Калі гэты тэлескоп навесці на планету Юпітэр, можна ўбачыць на ім кольцы!

– Так-такі кольцы...– няўважна ўсумніўся Сікорскі, пагладжваючы чорную аксамітную абгортку пасылкі.

– А можа быць, там фанограф?– выказаўся другі служачы.– Мая жонка ездзіла да сястры ў Вільню, і там на кірмашы слухала фанограф, за дзве капейкі за сеанс. Апошнюю прамову Абрама Лінкальна, панове!

Тут з усіх бакоў пасыпаліся гіпотэзы наконт змесціва пасылкі, адна фантастычнейшая за другую.

– Усё! Сціхніце! – скамандаваў паштмайстар.– Пасылка адпраўленая па ўсёй форме, мы не маем права ўскрываць прыватную карэспандэнцыю. Мы дзяржаўныя служачыя і мусім выконваць свой абавязак дакладна. У сховішча! І каб я больш пра гэтую скрыню не чуў!

Аднак чуткі пра таямнічую пасылку папаўзлі па горадзе Б*. Хутка горад высунуў некалькі даволі цікавых версій, якія запэўнівалі, што ў Чорнай Скрыні набор мамантавых і дыназаўравых костак для гімназічнага палеанталагічнага музея; васковая фігура Напалеона ў сядзячым стане; егіпецкая мумія і нават – абсталяванне для запуску паветранага шара. Чорная аксамітная абшыўка пасылкі заблішчэла і паабцерлася ад бясконцых дотыкаў... Але найболей жарсці распалілася, калі настаўнік Капуцкі не вярнуўся ў належны час і даслаў кіраўніцтву гімназіі ліст, у якім паведамляў, што яму часова прапанавалі пасаду прыват-дацэнта ў Гарадзенскім медыцынскім універсітэце і ён затрымаецца ў Гародні яшчэ на месяц, а пасля, калі ўдасца, застанецца назусім.

– Ускрывайма пасылку! – падляцелі да пана Сікорскага ўсхваляваныя служачыя пошты.– Адрасат выбыў!

– Не маем права! – уздыхнуў Сікорскі.– Па-першае, Капуцкі яшчэ можа вярнуцца, а па-другое, калі ён не вернецца, мы абавязаны адаслаць гэтую пасылку на ягоны новы адрас.

Усведамленне, што яны, верагодна, не будуць прысутнічаць пры ўскрыцці Чорнай Скрыні і ўвогуле ніколі не даведаюцца, што там было, напоўніла душы прысутных невыказнай горыччу. І па горадзе папаўзлі чуткі іншага кшталту. У Чорнай Скрыні – зброя; дынаміт і бомбы; падпольная друкарня... Нарэшце самую арыгінальную версію прапанавала жонка паштмайстра пані Сікорская, што ў пасылцы расчлянёны труп настаўніка Капуцкага, а ліст ад яго імя падступна даслаў забойца, каб схаваць настаўнікава знікненне...

Хаця ключ ад сховішча Сікорскі насіў з сабою, аксамітная папера на пасылцы ў некалькіх месцах аказалася прадзертай. Але пад ёй выявіўся слой чырвонага кардону. Пан Сікорскі доўга змагаўся з уласным грамадзянскім сумленнем, нарэшце ўзяў тонкі сталёвы нож для разразання паперы і рана ранічкай, пакуль не з’явіліся падначаленыя, забег у сховішча і праткнуў чырвоны кардон... Але нож праз якія два вяршкі наторкнуўся на нешта цвёрдае, якое нажу не паддавалася. Так было з усіх бакоў. У адчаі Сікорскі раскалупаў адну дзірку пашырэй: за чырвоным кардонам бачылася дрэва...

Капуцкі відавочна не збіраўся прыязджаць у горад Б* і на пачатку лютага запатрабаваў выслаць дакументы аб сваёй адстаўцы і пакінутыя рэчы, што змясціліся ў адным невялікім чамаданчыку. Самае жахлівае, што настаўнік (а цяпер прыват-дацэнт Гарадзенскага медыцынскага інстытута) выслаў свой новы адрас, абсалютна дакладны. Неатрыманая пасылка мусіла нераспячатанай адбыць на ранішнім цягніку разам з настаўнікавым чамаданам у Гародню.

Снег пад ліпамі быў даўно стаптаны. І вы дарэмна думаеце, што гэта зрабілі каляднікі. Жыхары горада Б* палюбілі пад вокнамі паштовага аддзялення абмяркоўваць версіі пра змесціва Чорнай Скрыні. Утварыліся нават своеасаблівыя партыі прыхільнікаў тае ці іншай версіі. Самай шматлікай была партыя егіпецкай муміі. Многа было і прыхільнікаў версіі пра мамантавыя косткі і тэлескоп. Нешматлікай, але напорыстай сталася партыя версіі пра расчлянёны труп. Яе ўзначальвала жонка паштмайстра.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю