355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 12)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 32 страниц)

Пакамечаная, спэцканая выцінанка апынулася ў сметніцы. У ізастудыю я больш не хадзіла.

Цяпер, падобна, мне заставалася зрабіць выгляд, што ніякага авансу я не атрымлівала. Уяўленне малявала неверагодныя карціны маёй нягегласці, у якія адразу ж верылася. Я выпадкова выкідваю канверт з тысячай даляраў. Я перахоўваю яго некуды і забываюся куды... Разявака...

У дзверы пастукалі. Ну што вам трэба? Мяне няма... Юрась за дзвярыма вымавіў:

– Анэта! Выходзь, трэба перамовіцца... Ну калі ласка...

Гэты, падобна, не адчэпіцца. Я адчыніла дзверы. Юрась толькі зірнуў на мой твар:

– Што здарылася?!

З мяне ніколі не выйдзе ані свецкая дама, ані самавітая чыноўніца. Я чытала пра нейкага малюска, у якога ўсе вантробы звонку. Гэтак жа і ўсе мае эмоцыі. Не надта эстэтычна. Але я пастаралася прамовіць як мага больш весела – што, напэўна, выглядала вартым жалю:

– Ды вось, сунула кудысьці свой аванс... Не магу знайсці.

Юрась уважліва паглядзеў на мяне і неўразумела перапытаў:

– Ты што, прыцягнула сюды грошы, якія табе заплаціла Ліля?

– А куды мне было іх падзець? – раззлавалася я.– У чужой кватэры пакінуць? І ўвогуле я пра гэта не задумвалася.

Дамагурскі пастараўся схаваць неадабральнае здзіўленне – урэшце, сам такі! – і захацеў падрабязнасцяў... Калі апошні раз бачыла канверт, хто да мяне заходзіў, ці зачыняла дзверы... Твар ягоны ўсё змрачнеў і змрачнеў.

– Прабач, мне трэба патэлефанаваць...

І пабег некуды. Я ледзь не заплакала ад крыўды – і на ягоную няўвагу, і на сябе, і на лёс... Кінулася на ложак, накрыты коўдрай з белага атласу, і пачала шкадаваць сябе. Не ведаю, колькі часу мне ўдалося аддавацца гэтаму плённаму занятку, здаецца, спынілася на думцы пра ўтульную хацінку могілкавага вартаўніка, як магчымае месца працы,– але раптам дзверы без стуку расшугнуліся, і ў пакой уваліўся Юрась. Былы муж, напяты, як быццам яго нехта збіраўся ўдарыць, глядзеў у падлогу.

– Не перажывай, Ганна. Грошы табе вернуцца ў бліжэйшы час. Убачымся заўтра, а пакуль выкінь гэта з галавы. Усё, да пабачэння.

Я нічога не разумела.

– Ты што, з’язджаеш?

Юрась па-ранейшаму глядзеў у падлогу.

– Трэба ў Мінск падскочыць. А ты ідзі, павячэрай. Павер, усё будзе добра. Гэта проста... непаразуменне.

І пайшоў. Я ў разгубленасці сядзела на ложку. Юрась што, ведае, куды падзеліся мае грошы? Чаму ён вяртаецца ў Мінск? Раптам мне стала горача ад раптоўнай здагадкі. Стэла! Яна ж аднойчы выходзіла з майго пакоя. Жанчына, у якой дзве асобы – цёмная і светлая... Так, яна магла ўзяць канверт. І, відаць, падобнае здараецца не першы раз. Вось прыкрасць...

Мы вячэралі ў маленькім пакоі з эркерным акном. Макс, якому Юрась, відаць, нешта патлумачыў, выбраў для мяне з рэпертуару сваіх усмешак самую зычлівую. Я абвяла вачыма кампанію. Ахоўнікі, чарнявы Ігар і руды Анатоль, у аднолькавых брунатных швэдарах, елі моўчкі, ні на кога не гледзячы. Трэці ахоўнік, таўстун, нібыта барэц сумо, відаць, быў «у каравуле». Я ведала, што ў доме ёсць яшчэ людзі – дзве пакаёўкі, немаладыя кабеты, падобныя да настаўніц, шафёр, які прывёз нас сюды, прылізаны хлопец з тонкімі чорнымі вусікамі, як у артыста нямога кіно Макса Ліндэра. Яшчэ нейкі мужык, нібыта адстаўны ваенны, сачыў, каб лямпачкі гарэлі, і карціны віселі на сваіх цвіках... Нехта гатаваў нам есці, мыў бялізну... Толькі цяпер я пачала ўсведамляць, як гэта складана – мець маёнтак. Як там «Літоўская гаспадыня» раіла: «Кожны з лёкаяў і слуг мусіць выконваць пэўную частку работы. Напрыклад, адзін адказвае за буфет... Другі лёкай мусіць прыбіраць пакоі, падмятаць і наглянцоўваць падлогу. Калі ў доме госці, кожны гасцявы апартамент даручыце аднаму з чалядзінцаў...» Карацей, мы былі «ахмістрыні, дзеўкі і чэлядзь у фальварку». Але ў абслугі таксама мелася свая іерархія, і «ніжэйшы» яе клас харчаваўся ад нас асобна. І ў гэтым доме відавочна не ўхвалялася «балбатня». Мае спробы загаварыць з кімсьці з «персаналу» на больш асабістыя, чым брудны накоўдранік, тэмы выклікалі толькі ветлівую ўсмешку. Цяпер паводзіны шафёра, які падчас драматычнай сцэны між Юрасём і Стэлай ды расповеду Янчына трымаўся нібыта будысцкія малпачкі – «Не бачу, не чую, не гавару» – падаваліся мне цалкам адпаведнымі. Абслуга была вышкаленая. Магу паспрачацца на сваю рудую касу – усе, за выключэннем, мабыць, аховы, ад якой патрабаваліся зусім іншыя якасці,– з вышэйшай адукацыяй і веданнем моваў.

Пасля вячэры Макс зноў запрасіў да сябе на сеанс халяўнай псіхатэрапіі. Але я і так ужо перад ім занадта навыяўлялася...

Я блукала па цёмных прысадах Людвісараўскага парку, расплёхваючы нагамі познюю восень, што ўвасобілася ў куламесу збуцвелай лістоты, бруду і мокрага снегу, і адчувала сябе рачной плоткай, якую міласэрныя дзеткі выпусцілі ў сіняе мора. Нібыта і вады багата, і ежы... А няма ў маёй крыві пякучай солі, да якой звыклі ўсе тамтэйшыя... Хаця я мушу Юрасю быць удзячнай. Дзе б яшчэ такую выгодную працу знайшла? Пры ўспаміне пра Юрася мне зрабілася неяк тужліва. Я не сумнявалася, што ён верне мне грошы. Пазычыць, свае аддасць, але верне. А што, калі ягоная «зорачка» іх патраціла? А ёй жа на лячэнне трэба... Абыдуся я без тых грошай, калі што... Скажу – пачакаю, пакуль пабагацее...

Я кіравалася да альтанкі з калонамі. Але з прыцемку да мяне выплыў светлы сілуэт. Макс, у белым стыльным паліто, трымаў над сабой вялізны парасон, які ў святле ліхтароў здаваўся срэбраным.

– Вы заўсёды блукаеце пад даджом без парасона?

Я неахвотна спынілася.

– Які гэта дождж? Хутчэй, вільготны туман. Я і не заўважыла...

Макс галантна захінуў мяне ад драбнюткіх, як камарыны подых, кропель.

– А вы так і не прыйшлі да мяне на прыём... Ну што ж, добраахвотнасць тут – святое. У мяне для вас добрыя навіны. Лілія Пятроўна прачытала ваш артыкул. Ёй усё спадабалася, ёсць толькі некалькі нязначных правак. Паглядзіце, каля вашага камп’ютара тэчка... Дарэчы, а чаму вы пра гадзіннікі напісалі так сцісла?

– Сцісла?! – абурылася я,– ды ў мяне пра гэтыя гадзіннікі дзесяць старонак!

Макс неяк надта шчыра засмяяўся, беручы мяне пад руку і скіроўваючы ў бок дома.

– Вы ўсё цудоўна зрабілі! Проста калі ў старажытнай рэчы схаваны нейкі сакрэт, гэта заўсёды прыцягвае турыстаў. А ў Ліліі Пятроўны і Пятра Апанасавіча вялікія планы наконт турызму. Прафесар, шкада, не паспеў разабрацца... Вось вы б і напісалі ўсё, што думаеце. Няхай домыслы. Хіба Юрый не расказваў вам нічога наконт сваіх здагадак пра сакрэты гадзіннікаў?

Я асцярожна вызвалілася ад далікатнага дотыку «псіха».

– Думаю, пра важданні Дамагурскага з механізмамі вы ведаеце больш за мяне. Я ўсё роўна ў гэтым нічога не разумею.

– Ну, можа, наш майстар фантазіраваў пры вас, распавядаў пра старажытныя таямніцы?

Я пачала злавацца.

– А вы спытайце ў яго самога. Цікаюць вашыя гадзіннікі, фігуркі рухаюцца... Што вам яшчэ трэба? Казкі ўсё гэта – пра шклянкі, якія разбіваюцца.

Мы падыходзілі да мармуровых скульптураў, што выстраіліся ўздоўж дарогі. Антычныя героі кепска вытрымалі бойку з часам. Скульптар быў не настолькі таленавіты, каб бязрукія, безгаловыя паставы захавалі паважнасць. Праўда, было гэтай паважнасці тут усё роўна непараўнальна больш, чым яе мелася ў гіпсавых скульптурах піянераў і фізкультурнікаў у парку майго роднага мястэчка. Хаця – калі пашанцуе прастаяць тым фізкультурнікам яшчэ сто гадоў, невядома, з якім пачуццём будуць глядзець на іх нашыя нашчадкі? Можа, таксама з настальгіяй і павагай?

Мы параўняліся з пустым п’едэсталам, на якім засталіся толькі мармуровыя ступакі ў сандалях. Макс спыніўся.

– Пра што вы думаеце пры гэтым відовішчы?

– Гэта нейкі тэст? – азвалася я.

– Ну хутчэй асабістая цікаўнасць.

Я ўгледзелася ў знявечаны мармур.

– Я думаю пра тое, што мы – аднадзёнкі, людзі свету аднаразовага посуду і аднаразовай культуры. Продкі, шматкроць болей вартыя за нас, аддавалі жыццё, каб здабыць глыток волі. А іх абылгалі і забылі. Думаю пра тое, што так і не напісала кніжку гістарычных эсэ, як збіралася. Пра старавежскую ратушу, з якой Баркун зрабіў тое ж, што тутэйшыя барбары – з гэтым помнікам. І пра тое, што ад нас не застанецца нават такога п’едэстала.

– Нішто сабе! – Макс іранічна пакруціў галавою.– Рамантыка ды заклапочанасць глабальнымі праблемамі найчасцей ужываюцца з інфантыльнасцю і няздольнасцю вырашаць праблемы прыватныя.

– Гэта мой дыягназ? – холадна спытала я.

– Гэта вашая недасведчанасць,– усміхнуўся Макс.– Ну куды вы выйшлі з-пад парасона? А скульптуры гэтыя колішні гаспадар маёнтка, апошні з магнатаў Людвісараў, загадаў паставіць у гонар сябе самога. Усе статуі мелі ягоны твар. Вось такі... рымскі цэзар з-пад Старавежска.

– Гэты чалавек, якія б ні меў смешныя слабасці, браў удзел у паўстанні, рызыкаваў жыццём... Не дзеля сябе – яны, інсургенты Каліноўскага, ведалі, што іх справа безнадзейная. Дзеля годнасці, гістарычнай справядлівасці, дзеля волі...

– Вось вы якая пасіянарная,– спакойна прамовіў Макс.– Але воля – гэта толькі мара. Вы ўсвядоміць не можаце, наколькі чалавек зняволены сам у сабе. І вызваліцца ад сябе вельмі цяжка.– Макс гаварыў без насмешкі, нават з сумам.– Я ведаю гэта на ўласным прыкладзе. Мая маці працавала прыбіральшчыцай у школе, у якой я вучыўся. Мне заставалася альбо змусіць усіх паважаць мяне праз агрэсію, праз дзёрзкасць, або змірыцца, стаць вечнай «шасцёркай»...

– І які шлях вы абралі?

– Я пачаў вывучаць свае страхі і знішчаць іх адзін за другім. Загаварыць на роўных з багатым хлопчыкам... Заваяваць самую прыгожую дзяўчынку... Адказаць вясёлым жартам на крыўдную дражнілку... Я сам сябе зрабіў, адбіваючы па кавалку ад панцыра, у які закаваў мяне лёс. І я ведаю, што гэта магчыма, хоць і вельмі цяжка. Перастаньце ж і вы баяцца самой сябе сапраўднай. Дайце сабе волю.

Макс пяшчотна дакрануўся да майго пляча. Срэбны парасон над намі быў падобны да альтанкі для рамантычных спатканняў... А чаму б і не? Я не святая... Хаця выхаванне ў сям’і, дзе ніколі не было мужчынаў – маці, бабуля і я (мужчыны лічыліся нечым варожым і непатрэбным) адбілася... Маланкавы шлюб з Юрасём яшчэ больш умацаваў перакананне ў ненадзейнасці «двухногіх пеўняў бяз пер’яў» і патрэбу ў «сур’ёзных адносінах». Не дзіва, што сур’ёзных адносінаў не атрымлівалася. Раман з малавядомым паэтам доўжыўся пяць гадоў... Паэт патрабаваў рыбных страваў і цішыні, калі прыходзіць натхненне. А потым сышоў да кабеты, якая выганяла яго пісаць натхнёныя вершы на кухню. Мастак-марыніст пратрымаўся са мною год. Паміж мастаком і паэтам быў яшчэ паляк, які прыехаў сюды вывучаць беларускую філалогію. Я нават пасялілася разам з ім у інтэрнаце... Можа, і дарэмна не з’ехала з тым Гжэсем у Польшчу? Хаця не так ён ужо і ўгаворваў. Мусіць, не мог дараваць маёй упартасці наконт беларускай прыналежнасці Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага ды іншых гістарычных персонаў, зацятая спрэчка наконт якіх сталася для нас гэтаксама звыклай, як вячэра. А навошта звязваць жыццё з чалавекам, які забяспечыць штодзённыя прафесійныя дыскусіі дома, дзе хочацца не толькі ногі, але і душу ўсунуць у мяккія цёплыя пантофлі? Ну а цяпер, падобна, маім чарговым «захапленнем» можа стаць псіхатэрапеўт...

Макс прысунуўся бліжэй, так што я амаль чула, як стукае ягонае сэрца... Роўна яно стукала... Я ўсёй сваёй ненармальна эмацыйнай істотай адчувала ўнутраны спакой майго спадарожніка, нібыта вялізны лядзяш. Ён жа насамрэч мною зусім не зацікаўлены, як удае! Навошта я яму патрэбна? Псіхатэрапеўт схіліўся блізка-блізка... Зараз я адчую дотык яго вуснаў... Не! Я адштурхнула «псіха» і рашуча выйшла з-пад парасона ў мокры туман.

– Прабачце, але я хачу як найхутчэй дапрацаваць свой артыкул...

Макс не выказаў незадавальнення і не спрабаваў мяне затрымаць.

– Што ж, ухваляю... Лілія Пятроўна будзе вам удзячная.

І ўжо калі я бегма адправілася ў бок сядзібы, крыкнуў услед:

– А каб пра сны не забывацца, трэба іх запісваць. Як толькі прачынаешся!

Але гэтай ноччу мае сны былі, відаць, такія журботныя, што ад іх у памяці засталося толькі адчуванне невыпраўнай страты...

А нараніцу зноў выпаў снег. Белы, пухнаты, ён больш не збіраўся раставаць і выпускаць на волю пераможаную чарнату зямлі і галля. Ды яшчэ соннае лістападаўскае сонца час ад часу вызірала з-за кволых хмараў, нібыта пан, праязджаючы паўз нішчымную вёску, кідаў праз акно карэты, завешанае фіранкамі, жменькі дробных манетаў.

Я апошні раз прайшла праз майстэрню са старымі гадзіннікамі. Яны зноў маўчалі, спыненыя воляй іх цяперашніх уладароў, і ў гэтым маўчанні была пагроза. Рыцары смерці... Зайшла ў кабінет, які два тыдні быў маім. Заўвагі, што пакінула мне Баркунова ўдава, тычыліся толькі тэксту пра гадзіннікі. Дакладней, падрабязней... Пераклады даць асобна, слова ў слова. Ну што яны да гэтага антыкварыяту прычапіліся? Я і так напісала ўсё, што ведала. Перачытала яшчэ раз свой тэкст... Сусальнага золата на партрэце Баркуна хапала, і я суцешыла разварушанае сумленне тым, што, па-першае, пра мёртвых – або добра, або нічога, і, па другое, наконт аднаўлення вежы я выказалася дастаткова лаканічна. Ну вось і ўсё... Я сабрала паперы. Але не паспела сысці, як з’явіўся Юрась. Замест прывітання ён працягнуў мне цяжкі канверт:

– Вось твая тысяча, Анэта. Прабач, калі ласка, што давялося хвалявацца. Я ж казаў – гэта непаразуменне.

Я моўчкі глядзела на былога мужа. Нешта з’явілася ў яго твары такое...

– Што адбылося?

Юрась, здаецца, паспрабаваў усміхнуцца. Але прыкідвацца ён ніколі не ўмеў.

– Пасля як-небудзь раскажу...

І памкнуўся сыходзіць. Я заступіла яму дарогу.

– Пачакай... Мне не вельмі патрэбныя зараз такія вялікія грошы... Можа, пазычыць? Стэле на лячэнне...

Аблічча Юрася дзіўна перасмыкнула.

– Дзякуй... Ты – лепшая ў свеце... Але нам пакуль хапае.

– Нядобра са Стэлай? – здагадалася я.– Яна дзе, у клініцы?

– У рэанімацыі,– глуха адказаў Юрась.

Аказваецца, мастачка, раптоўна пабагацеўшы, адразу ж кінулася набываць «натхненне»... І, вядома, «перанатхнялася». Яе паспелі завезці ў бальніцу, але ляжыць у коме. Юрася да яе нават не пусцілі. Толькі праз шкляную перагародку пабачыў Стэлу пад кропельніцай.

– Званіў Янчын, казаў, прывязе цуда-лекі, клініка – пад кантролем Калыванава, так што ўсё, што магчыма, зробяць... Стан небяспечны, але пакуль яна ў той клініцы – будуць ратаваць. Нейкі новы ачышчальнік крыві ёй уводзяць. Лекі дарагія, дактары таксама... Усе мае зберажэнні... Бацькоўскія... Я ж думаў сёння з’язджаць... Усё роўна больш, відаць, нічога не вынайду. А тут... Гэтыя людзі – без сантыментаў. Перастану на іх працаваць – аддадуць Стэлу ў шараговую бальніцу... Праклятая праца...

– Чаму? – здзівілася я.– Ты ж заўсёды радаваўся, калі ўдавалася вярнуць да жыцця старажытныя рэчы, тым больш – гэта частка нашай гісторыі. І ўсяго адзін гадзіннік засталося адрэстаўраваць...

– Ды хіба гэта рэстаўрацыя? – з горыччу ўсклікнуў Юрась.– Мне ж не даюць аднавіць разьбу, дзівосныя аздобы... Галоўнае – каб гадзіннікі маглі разбіваць шклянкі ды чаркі на пацеху турыстам. Глупства нейкае... Ведаеш, гэта ж я знайшоў Зміцера Патапавіча, калі... калі ён захварэў. І я падабраў дакумент, які ён згубіў. Дакумент на нямецкай мове. Я не магу расчытаць...

Юрась працягнуў мне складзены ў чатыры столкі аркушык, пажаўцелы на згінах. Я разгарнула... Ксеракс ліста, пісанага, відаць, пяром на пергаменце. Гэта адсюль прафесар у дзень нашага прыезду зачытваў фразу наконт шкляных сасудаў... Старажытнанямецкая мова, літары, нібыта востраверхія каптурыкі гномаў. Палову словаў не разбяру. Але подпіс зразумелы: «Гервасі Бернацоні».

– Падобна, пятнаццатае стагоддзе! Каб перакласці, трэба да знаўцаў схадзіць. Але чаму ж ты мне раней не паказаў? Я б, можа, дадала нешта ў свой артыкул!

Юрась нахмурыўся.

– Ведаеш, не трэба, каб ведалі, што гэты ліст у мяне. Проста... па старым сяброўстве... перакладзі яго, калі ласка. Я табе патэлефаную заўтра ўвечары.

– Лепей дні праз тры,– удакладніла я.– Магу не паспець...

Юрась моўчкі кіўнуў галавой і паглядзеў на мяне сінім тужлівым позіркам, нібыта развітваўся назаўсёды.

– Бывай, Анэта. І прашу цябе – ніколі сюды не вяртайся. І з гэтымі людзьмі больш не звязвайся. Нізавошта. Што б табе ні абяцалі, чуеш? Я ўжо сам... сёрбаць буду.

І пайшоў, не патлумачыўшы свае дзіўныя перасцярогі. Ды што чакаць ад чалавека, у якога жонка памірае?

Плату я атрымала «з накрыўкай» – паўтары тысячы. Плюс аванс... Але радасці не было. Гэтыя грошы датычныя да бяды са Стэлай... Гэта былі грошы за дамову з сумленнем, да іх быццам прыліпла мая мана. Прытым, як ні дзіўна, я так і не зразумела галоўны сэнс маёй працы. Бо тое, дзеля чаго мяне наймалі – хутчэй выдаць кніжачку памяці Аркадзя Баркуна – нібыта гаспадароў перастала цікавіць. На мае роспыты, калі я ўбачу выдадзеную кніжачку, хто яе афармляе, у якой друкарні будуць друкаваць – гучалі няўцямныя адгаворкі. І зараз, ад’язджаючы, я раптам зразумела, што гэтая кніжачка ніколі не будзе выдадзеная.

І, гледзячы з акна шыкоўнага «джыпа» на высокі бетонны плот, які ўсё аддаляўся, аддаляўся, я не хацела думаць ні пра таямніцы, ні пра людзей, якія засталіся за ім... Але не магла пазбавіцца ад трывогі.

* * *

За гарадской сцяной закрычала сава, нібыта праклінала змрочны лістападаўскі золак. Адразу ж у муры расчыніліся малыя непрыкметныя варотцы, для віжоў і позніх гасцей. Для бяспекі яны былі выкаваныя з суцэльнага жалеза і зробленыя так высока, што даводзілася апускаць лесвіцу. Малады рыцар саскочыў на драўляны памост па той бок варотцаў.

– Хвала Госпаду, панове! Сёння мы пераможам!

Дзясяткі два ўзброеных людзей, што чакалі яго вяртання, ухвальна адгукнуліся. Але іх прыветныя крыкі змоўклі... Услед за рыцарам з праёму ў сцяне паказаўся барадаты вой у дзіўным востраканцовым шаломе, з двухбаковай сякерай, падобнай да Перуновага посаха. Прыхадзень выскаліў рэдкія зубы ва ўсмешцы, што мусіла азначаць прывітанне. За ім з варотцаў выбраўся яшчэ адзін у такім жа шлеме, яго русявая барада была даўжынёй у локаць... Потым яшчэ... Яшчэ... Чужынцы адзін за адным выпаўзалі з праёму ў сцяне, нібыта іх спараджала пекла.

– Богуш, хто гэта? – гнеўна спытаў стары рыцар.

Маладзён горда выпрастаўся.

– Гэта карачунцы. Яны дапамогуць нам прагнаць войска Вялікага князя.

– Што ты нарабіў, дурны, несвядомы блазнюк! – горка прагаварыў стары рыцар.– Вось цяпер – канец волі Старавежска... Няма больш нашага горада...

Але малады толькі паціснуў плячыма.

– Вялікі князь з татарамі хаўрусаваў, з крыжакамі, а карачунцы ўсё ж – адзінаверцы.

– Не время балакать. Побъем псов неверных! – раўнуў правадыр карачунаў, узняўшы сваю сякеру. Чужацкія воі адказалі радасным крыкам. Богуш дастаў меч.

– Да вежы! У імя святога Юр’я!

– Здрада! Ганьба!– крычаў сівы старавежац, але яго ніхто не чуў.

Рожа страсянуў Карэйву за грудзі:

– Глядзі, што з тваёй хітрасці сталася! Карачунцы ў горадзе!

Блазан скрывіў бледныя вусны ва ўсмешцы.

– Хіба першы раз ты б’ешся супраць іх?

– Не першы... Але я не хачу, каб – апошні,– глуха прамовіў Рожа.– Іх не тры тузіны... Яны ўжо на плошчы! Чуеш? Можа, даць знак ваярам, што ў засоцы за цэркваю?

З вокнаў даносіўся гул апантанай бойкі. Крыкі болю, крыкі нянавісці, лязгат зброі – мова, на якой размаўляе ў часы сваёй весялосці Смерць. Блазан паматаў галавой, званочкі на ягонай шапцы азваліся недарэчна бадзёра.

– Няхай усё ідзе як замыслена. Хай увойдуць у вежу. А мы рушым лёхамі...

– Лёхамі? Куды? – разгубіўся войт.

– Хе-хе-хе...– загайдаўся Карэйва, і званочкі таксама засмяяліся.– Ідзі за мной, пан Лаўрын... Мне ўсе таемствы гэтага будынка ў Вільні яшчэ ператлумачылі. Кляйнодам Карэйваў клянуся – праз гадзіну павядзеш сваё войска на прыхадняў, і знікнуць яны разам са здрайцамі-бунтаўнікамі ў пекле, толькі ключыкі ў вогненнае мора аддадуць. Хе-хе-хе...

Лекараў сакратар Энрыке нешта горача тлумачыў Анэце на італійскай мове і цягнуў у залу з гадзіннікамі. Дзяўчына зайшла і скамянела ад здзіўлення: у цэнтры залы стаяў, укленчыўшы, лекар. Ён нізка апусціў галаву, і, падобна, маліўся. Анэта глядзела на ягоную прыгорбленую спіну і не магла паверыць, што гэта – той самы ўладны чараўнік, якога ўсе так баяліся. Але калі Бернацоні ўзняўся з каленяў і павярнуўся да дзяўчыны, на яго твары не было адчаю. Толькі рашучасць.

– Будзь побач, донна. Я не ведаю, што тут адбываецца, чыя злая воля стаіць на перашкодзе – але, павер, я змагу абараніць нас.

І прамовіў горка:

– Прасвятая Дзева, колькі разоў я даваў сабе слова, што гэтыя гадзіннікі будуць маўчаць...

– Чаму на плошчы бойка? На горад напалі? – Анэта не хацела паказваць боязі, але голас дрыжэў.

– Карачунцы,– коратка адказаў Бернацоні.– Віжы пра іх даносілі. Іх прыслалі на вывед. Атрад невялікі, мо сотня. Свержань былі разрабавалі, у Валатоўні двух чалавек пабілі. Так, зграя падлаедаў. Але яны патрапілі за гарадскія сцены, у іх ёсць у горадзе хаўруснікі...

– Шукай у сваім войску! Сярод старавежцаў здрайцаў няма,– запярэчыла Анэта.– А чаму ты не ўзброены, чаму – не там, дзе б’юцца? Нашыя рыцары ніколі не адседжваліся!

– Мая зброя – пры мне...– няўважна адказаў лекар, аглядаючыся па баках.– Добра, што не паспелі ўкласці гадзіннікі ў скрынкі.

Знізу даносілася гарланне чужынцаў: «Бей! Бей! Не пускай! Давай!»

Бернацоні ўладна крыкнуў:

– Анэта! Адчыняй шыбы! Хутчэй! І дзверы расчыні!

Лескевічанцы неаднойчы даводзілася быць разам са сваім горадам у аблозе, калі на мурах патрэбная дапамога ўсіх – жанчын, старых, дзяцей. Яна звычна, не перапытваючы і не марудзячы, кінулася выконваць загад, на першы погляд бязглузды – у расчыненыя вокны маглі паляцець стрэлы. Але падчас бойкі словы тых, хто кіруе абаронай, не важацца. І не ўспамінаюцца старыя крыўды. Калі выбіраць між войскам Вялікага князя і атрадам карачунцаў – дык лепей князь... Анэта ведала, што ейны бацька сказаў бы менавіта так.

– Усё гатова...

Бернацоні паправіў стрэлку на кожным з гадзіннікаў, размаўляючы з імі, як з жывымі.

– Вы першы, гаспадар мой Пятро... Вы – другі, гаспадар Андрэй... Трэцяе слова за вамі, гаспадар Якубе...

Цяпер усе гадзіннікі паказвалі розны час. Лекар адчыніў драўляны куфар і асцярожна дастаў круглую шкляную пасудзіну. Анэта толькі цяпер заўважыла, што падлога размаляваная крэйдай – ад гадзінніка да гадзінніка ішлі роўныя лініі, перасякаючыся ў падабенства зоркі. Бернацоні беражліва паставіў свой шар у кропку, дзе сустракаліся яны ўсе. Потым асцярожна апусціў у шкляны шар невялікі паўмесяц са срэбра, нібыта русалчын серп.

– Пакуль гадзіннікі павернутыя ад нас, тут, у сярэдзіне – самае бяспечнае месца. І не варушыцеся, пакуль гадзіннікі не змоўкнуць.

Лекар стаяў, збялелы і суровы. Энрыке паспешліва штосьці засоўваў у вушы, мармычучы малітвы. Анэту пачало калаціць ад прадчування небяспекі... Яна разумела, што зараз зробіцца сведкай магутнага чараўніцтва. Ці не загубіць гэта яе душу? Каго, з якіх нетраў выклікае на дапамогу лекар? Бернацоні, відаць, зразумеў яе боязь:

– Выкінь з галавы ўсе думкі пра вядзьмарства, маленькая дзікунка... Гэта ўсяго толькі зброя... Праўда, магутная, смяртэльная зброя... Страшнейшая за грэчаскі агонь. Бо б’е не па целах – па розумах. І не разбірае, хто – вораг, хто – сябар.

– Дык усё-ткі з-за цябе – карагод смерці? Ты панішчыў наш горад? – закрычала ў жаху Анэта.

– Я зрабіў тое, што павінен быў зрабіць...– спакойна адказаў Бернацоні.– Голас маіх гадзіннікаў можа толькі прыспешыць тых, каго нянавісць або страх прывялі да мяжы з шаленствам. Тысячы людзей топяцца... Кагосьці з іх саштурхнулі ў ваду... Нехта з саштурхнутых не ўмеў плаваць... Чалавек можа толькі крыху, на паўкрока, дапамагаць Божай волі. Я таксама дапамагаю Божай волі. Ціха! Пачынаецца! Вітаю цябе, пані Смерць!

Анёл з цёмным драўляным тварам на адным з гадзіннікаў паднёс да вуснаў пазалочаную трубу, срэбныя аблокі за ім зварухнуліся.

Звонкія тужлівыя ўдары... Другі гадзіннік... Трэці... Удары, нібыта і не надта гучныя – звон на званіцы царквы біў куды мацней – нібыта сыпаліся ў адзін жалезны куфар. Анэце здалося, нібыта ўсё вакол яе дробна дрыжыць, на нейкі момант яна перастала чуць – толькі гэтае дробнае дрыжэнне ды ўдары ўласнага сэрца. Хацела зрушыцца, уцячы – але цела нібыта трапіла ў густы мёд.

– Госпадзе, выратуй! Прасвятая Багародзіца, памажы! Святы Юры, паратуй! Святы Юры, паратуй!

Анэта ўсвядоміла, што яе вусны зноў пачынаюць выкрыкваць малітву шалёнага карагода. Рукі зледзянелі – нібыта за іх зноў ухапіліся вар’яты-смяротнікі... Раптам срэбны серп у шкляной сферы зварухнуўся і пасунуўся ўправа. Яшчэ, яшчэ... Павольна, потым усё хутчэй закруціўся, нібы трэска трапіла ў вір. Вочы Бернацоні гарэлі перамогай адчаю – лекар святкаваў, нібыта паранены вой, якога ішлі зняволіць, а ён у апошні момант падмануў ворагаў – загнаў сабе пад рэбры асколак, здавалася, ужо бескарыснага, бяссілага мяча...

Вось чарга дайшла да апошняга гадзінніка. Фігура смерці на ім прыўзняла складзеныя ў малітве рукі, нібыта рыхтавалася ўдарыць нябачным мечам у манеты, што былі рассыпаныя пад яе нагамі... Трыццаць залатых манетаў.

– Анэ-эта!

Дзяўчына ўпала на калені... Яна вар’яцее!

– Анэта! Гэта я, Богуш! Я прывёў войска вызваліць цябе! Дзе ты, Анэта? Адзавіся!

Голас гучаў побач, дзесьці ў будынку.

Гэта не сон... Чараўнік падмануў яе! На ратушу напалі не ворагі, гэта ідуць свае, старавежцы! Богуш жывы! Але зараз ён страціць розум... З ім здарыцца тое, што з тысячамі іншых...

З яе нібыта ўпалі ланцугі. Дзяўчына маланкава кінулася да сферы, у якой круціўся срэбны паўмесяц, узняла і з сілай кінула яе аб каменную падлогу. Аскалёпкі пырснулі срэбным дажджом. Лекар гнеўна закрычаў, але Анэта ўжо бегла па калідоры ратушы, выкрыкваючы імя, якое не наважвалася паўтараць нават у думках, каб не вярэдзіць боль.

Яна падбегла да вінтавой лесвіцы, знізу па прыступках рыўцом падняўся рыцар... Яе рыцар... Ён схапіў яе ў абдоймы.

На хвілю для іх перастала існаваць усё.

– Я ведаў, што ты жывая... Што я вызвалю цябе... Ніякія чары нас не спыняць. Ты ведаеш, хвілю таму мне падалося, што настала вогненная ноч! Я нават забыўся, хто я...

За спінай рыцара навіслі цені. Анэта спалохана адхіснулася.

– Богуш! Карачунцы!

Рыцар пагладзіў дзяўчыну па залатых валасах рукою, на якой запяклася чужая кроў.

– Не бойся, яны – нашы хаўруснікі.

Анэта неўразумела глядзела на барадатых людзей у востраверхіх шлемах.

– Хаўруснікі? Дык гэта – тваё войска, Радчыц?

Багуслаў нахмурыўся.

– Не горшае за іншыя. Старавежцаў засталося мала... І не ўсе, хто выжыў, захавалі мужнасць воя. Чаму б карачунцам не памагчы нам выгнаць войска Вялікага князя? А ты схуднела, любая... Змучылася... Пакажы, дзе лекар! Я заб’ю яго!

Анэта глядзела на Багуслава, і боль разрываў ейнае сэрца.

– Богуш, пачакай! Каму будзе належаць горад пасля таго, як твае хаўруснікі пагоняць княскае войска?

Багуслаў нахмурыўся.

– І ты, як твой бацька... Пасля будзем думаць. Галоўнае – перамагчы! Дзе лекар?

– Пан Радчыц! Яго д’ябальскія скрынкі – там, у зале! – азваўся адзін з вояў.– А лекар, відаць, збег.

– Знойдзем падлюку. Пайшлі, Анэта...

Богуш ласкава паклаў руку ёй на плячо. Але дзяўчына ў жаху глядзела на аднаго з чужынцаў, які засоўваў за пояс адабраны ў кагосьці меч, упрыгожаны дыяментамі, вялікімі, як вочы сарны... Анэта разгледзела на лязе выбіты малюнак – вершнік на кані... Герб Старавежска... Што робіцца ў яе горадзе! Дабро і зло перамешваюцца ў страшным віры часу, але ўсё-ткі не робяцца адным, як не робяцца адным вада і воск. Вялікі князь прыслаў лекара з ягонымі д’ябальскімі машынамі, каб той дапамог прывесці горад да пакоры... Богуш прывёў карачунцаў, каб выгнаць лекара... Хтосьці са старавежцаў стаў на бок Богуша, другія, мабыць, б’юцца побач з воямі Вялікага князя супраць карачунаў... І ў выніку – свае забіваюць сваіх. Няўжо гэта з-за яе, Анэты? Госпадзе, як зразумець, дзе – праўда?

І дзяўчына раптам адштурхнула свайго жаніха і кінулася ўніз па лесвіцы. У гэтае імгненне з плошчы данёсся магутны крык:

– Святы Юры! Бі, бі! Святы Юры!

Войска вялікага князя выйшла з засокі.

– З вежы анікога не выпускаць! – крычаў голас Лаўрына Рожы.– Здрайцаў і ведзьмакоў не шкадаваць!

Над Старавежскам зноў поўз горкі дым, нібыта ён ніколі ўжо не сыдзе з гэтага горада.

* * *

Я з’ездзіла да маці – нарэшце магла дазволіць сабе прыстойныя гасцінцы. І хаця дармовыя ўрокі пра тое, як трэба жыць, і за каго мне лепш выйсці замуж, былі горш, чым колішнія ўрокі палітычнай эканомікі, але пры кожным поглядзе на ссівелыя матчыны валасы ў мяне сціскалася сэрца ад невыпраўнага пачуцця вінаватасці, і я адцягвала ад’езд. Можа, і праўда – кінуць той горад, дзе я так і не навучылася выжываць, перабрацца сюды, папрасіцца ў раённую газету...

Не, невыносна вярнуцца няўдачніцай. Дый маці сама па-ранейшаму мела планы наконт пераезду – колькі сябе памятаю, яшчэ бабуля была жывая, доўжылася гульня ў абмен нашай кватэркі ў самотным двухпавярховым панэльным доме сярод бульбяных «сотак»... Шукаліся па аб’явах варыянты. Ды не ў сталіцы ці якім абласным горадзе – а паэкзатычней... Напрыклад, у малдаўскім Ціраспалі, або ва ўкраінскім Нікалаеве. Справа заканчвалася матчынай паездкай – паглядзець кватэру. Але на месцы абавязкова выяўляўся нейкі недахоп – побач заводская труба, або аэрапорт, ці дом крыва збудаваны... Я здагадвалася, што мы ніколі нікуды не пераедзем. Але ў нас заўсёды была надзея на Вялікія Змены ў жыцці.

Можа, таму я і не люблю цяпер ніякіх планаванняў.

Пасля таго, як былая аднакласніца прыйшла да мяне з бутэлькай «чарніла» аднавіць колішняе сяброўства і прадэманстравала ў ветлай усмешцы залаты зуб, і пачала распавядаць пра лупцоўкі мужа, і як на танцах у клубе парнулі Аньчынаму хлапцу пад скабы шылам, я вырашыла, што час з’язджаць...

І ў чарговы раз дала сабе слова – знайсці добрую працу, набыць у Мінску вялікую кватэру, перавезці туды маму...

І ўжо калі мы чакалі аўтобуса на прыпынку пад перакошанай, паржавелай шыльдай, на якой яшчэ красаваліся парэшткі мінулагодняй улёткі з кавалачкам глянцавай фізіяноміі раённага кандыдата ў дэпутаты,– адна ўсмешка, як ад Чэшырскага ката,– маці прамовіла:

– Ты, відаць, закахалася...

Я разгубілася. Чаму яна так вырашыла?

– Не пярэч, хіба я не бачу... Закахалася па вушы. І, як заўсёды, няўдала. Ды плюнь ты на яго, хто б ён ні быў! Знойдзеш лепшага. А то ўздыхае, пераймаецца... Шкода глядзець.

Я пачала абурана тлумачыць, што ўсё не так, але, бразгаючы ржавым начыннем, падышоў аўтобус.

А ўвечары патэлефанаваў Юрась. Увесь устрывожаны – дзе я падзелася? Было няёмка – я ж забылася на яго паперчыну са старанямецкім тэкстам. Нічога, заўтра ж перакладу... Пра тое, што адбываецца ў Людвісарава, з Юрася аказалася выцягнуць гэтак жа лёгка, як адабраць у райтвелера сваю пальчатку. «Нармальна», «Працую» – і ўсё...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю