Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 14 (всего у книги 32 страниц)
– Ты моцна кахаеш Стэлу? – дурное жаночае пытанне, за якое я адразу пачала сябе дакараць. Але Юрась, памаўчаўшы, адказаў з горкім спакоем.
– Усяго было... І кахання, і шкадобы.... А галоўнае, мабыць – пачуцця віны...
Я не магла змаўчаць.
– Перастань, ну ў чым твая віна?
Юрась сур’ёзна, тужліва паглядзеў на мяне.
– Думаю, што не мог ні пры якіх абставінах – а яны часам былі, як кіпень,– кінуць Стэлу, бо памятаў, што кінуў цябе. Я мусіў сплаціць грэх... Дасюль не да канца разумею, чаму ў нас з табой так усё атрымалася?
Я адвяла вочы.
– Вядома, спраўдзілася наша агульная легкадумнасць ды юначы эгаізм... Але акрамя таго... Успомні, хто былі мы, калі пазнаёміліся? Я – дзяўчынка з правінцыйнага мястэчка, для якой вялізная праблема, прабач, набыць калготкі. Ты – «хлопчык-мажор», са сталічнай элітнай сям’і, багаты, стыльны... Мог апельсінамі падлогу засыпаць. А я больш за ўсё на свеце ненавідзела становішча Папялушкі. Я ж чытала табе свае вершы. «Мне нічога ад моцных не трэба, хай гуляюць ва ўладу па-царску...» Карацей, мы бедныя, але гордыя... А ты, паводле тэрміналогіі маёй сям’і, буржуй... Чалавек іншага кола.
Мой былы муж разгублена правёў рукой па цёмных непаслухмяных валасах – гэты жэст у яго застаўся яшчэ ад таго часу, калі насіў доўгія кудлы.
– Я пра гэта не задумваўся... Ты ж такая... незалежная, прыгожая... Я да цябе падысці не наважваўся.
– Падышоў жа...
Юрась апусціў галаву, нібыта сабраўся падставіць яе пад рытуальную жменьку попелу.
– Божа, які я ідыёт...
Я ўздыхнула.
– Давай ужо праўдзіва – якія мы абодва ідыёты. І хопіць настальгіі. Усе гэтыя Калыванавы, вядома, навалач, але не будзем перабольшваць. Гадзіннікі сёння ў якасці зброі – так, цацкі... Ну будуць гаспадары забаўляцца, палохаць гасцей. Не ўсе ж гатовыя вар’яты, як прафесар. Зрабі выгляд, што ні аб чым не здагадваешся, адрамантуй – і ўцякай...
Юрась задумаўся.
– Слухай, ты ведаеш, дзе жыве краязнавец Калейка? Можа, ён распавядзе падрабязнасці, як знайшлі гадзіннікі...
Мястэчка ў нечым было падобнае да таго, у якім вырасла я – гэтак жа падзялялася на раён старых хацінак і «элітную зону», дзе збудавалі некалькі двухпавярховых «хмарачосаў». Толькі мелася ў Старавежску і тое, чаго не хапала ў мястэчку маім. Маё вырасла паўсотні гадоў таму дзеля прытулку нафтавікоў, якія шчыравалі на зараз мёртвым заводзе – бетонныя муміі труб, бязвокія пачвары будынкаў, ашчэраныя ржавай арматурай... А тут гісторыя выпроствалася з-пад зямлі камянямі са стараславянскай вяззю, рэшткамі цаглянай агароджы, мармуровымі прыступкамі, што вялі на заснежаны падмурак... Досвед сотняў пакаленняў нібыта люстраваўся ў тварах месцічаў, якіх мы сустракалі па дарозе, праступаў з-пад іх рысаў простай мудрасцю часу. Мне нават падалося, што, каб нарадзілася я тут, не саромелася б свайго правінцыйнага паходжання, не было б у мяне «агіды глухамані», якую апісваў японец Акутагава. Калі на заходзе сонца раптам схопіць цябе за горла невымоўная туга, скруціць душу, як мокрую хустку – і трэба зараз жа бегчы адсюль туды, дзе сапраўднае жыццё, вырвацца, атрасаючы з сябе санлівую цішу, перавітую дымкамі з комінаў, аздобленую рэдкім сабачым брэхам. Калі далёкі свісток цягніка – усё роўна што пляма святла наверсе, якую бачыць тапелец. А тут, у Старавежску, была самадастатковасць, цэнтр, няхай ён урос у зямлю, як гэтая старая капліца, толькі верхні ярус з абламаным крыжам цямнее над сумётамі...
Звілістая рэчка падзяляла горад напалам, намыўшы за тысячы гадоў высокія адхоны. Дом Пятра Піліпавіча Калейкі аказаўся дзесьці ўнізе, над рэчкай, да яго трэба было спускацца пакручастай сцяжынкай. Мае абцасы падступна слізгалі, я ліхаманкава хапалася за голае вецце лазняку, якое сіратліва тырчэла з-пад снегу. Юрась, які спускаўся наперадзе, нясмела працягнуў мне руку. Нясмела – таму што памятаў, на якую водпаведзь мог нарвацца. Гэта мае сяброўкі, калі мы прыехалі ў нямецкі ўніверсітэцкі гарадок, дзівіліся, чаму прыстаўленыя да нашай групы хлопцы-гіды не кідаюцца дапамагаць замежным дзеўчынёхам несці цяжкія сумкі, расчыняць дзверы... А я заўсёды ведала, што нармальная феміністка такія знакі ўвагі лічыць за абразу, падкрэслены напамін пра сваю другаснасць, як слабейшага полу. «Сама-сама-сама!»
Дурніца...
Юрась дапамог мне спусціцца, беражліва падтрымліваючы на слізкіх месцах. Але пры гэтым пазіраў некуды ўбок. І я ведала, пра каго ягоныя думкі. І не насмельвалася нешта прамовіць, адчуваючы віну, нібыта нават дотыкам да яго рукі адбіраю нешта ў памерлай... Якая для яго – жывая. Адбіраю, бо мне нечакана прыемны гэты выпадковы дотык... Якая я нягодніца!
Мае экзістэнцыйныя выкладкі засталіся пры мне, Юрась, вядома, нічога не заўважыў... Затое нас заўважыў Пётр Піліпавіч Калейка. Ён моўчкі стаяў за варотцамі, умудраючыся ў сваёй ватоўцы, велізарных валёнках і шапцы-аблавушцы выглядаць праўдзівым арыстакратам. Вусны, па-старэчы бляклыя, строга падціснутыя. Глядзіць з-пад насупленых сівых броваў, як на якіх акупантаў.
Не хутка апынуліся мы, не прабачаныя, але пераведзеныя са статусу злачынцаў у статус падазраваемых, у хаце Пятра Піліпавіча і займелі гонар пад незадаволенае ціканне «ходзікаў» з гірай-шышкай сузіраць старыя фотаздымкі, на якіх ратуша была яшчэ ў сапраўдным змрочным абліччы.
– Гадзіннікі знайшліся глыбока ў лёхах...– апавядаў Калейка, раскладаючы фотаздымкі, нібыта пасьянс, на белай цыраце з выявамі брунатных самавараў і бублікаў, што засцілала круглы старасвецкі стол.– Час быў стракаты. То немцы наступаюць, то расейцы, то бальшавікі... Як зграі ваўчыныя – прабягуць, паабкусваюць усё, што можна... Сёння аднаго ставяць да сценкі, ягоны ідэйны вораг радуецца. Заўтра вешаюць таго, хто ўчора радаваўся. І вось яны, ляжаць побач, на заараных могілках. Урэшце палякі прыйшлі, усходнія крэсы ўмацоўваць. Палова мястэчка акаталічаная. Па-польску намагаюцца «пшэкаць», на праваслаўных суседзяў – з пагардай: «Мужыччэ». Вось палякі і пачалі вежу абшукваць. Нейкі дурань данёс, што там бальшавікі зброю схавалі. Мой бацька яшчэ падлеткам бачыў... Разламалі падлогу, адразу думалі – труны ўнізе... Потым разабраліся: гадзіннікі. Стаялі ўкруг, страшныя, счарнелыя, нібыта спавядальні. Вежа – на ўзгорку, лёхі сухія, вось і ацалелі. У 39-м, калі саветы прыйшлі, польскі паручнік тыя гадзіннікі забраў, на калёсы – і звёз, як толькі страляніна ўсчалася. Адзін толькі гадзіннік пакінуў – яго Баркун, дзед вашага Аркадзя, прыўлашчыў, пакой камбеду прыкрасіць. На тым гадзінніку смерць каралю галаву адсякала. Здаецца, унуку той гадзіннік перайшоў... Бо наведваў мяне і той унук... Таксама пра гадзіннікі распытваўся. Ды яшчэ радавод свой удакладняў.
– Дык ягоны ж продак быў тутэйшым рыцарам, соцкім яшчэ ў 15 стагоддзі! – прадэманстравала я сваю эрудыцыю. Пётр Піліпавіч суха засмяяўся.
– «Рыцар!» Паслугачы і каты яны былі з пакалення ў пакаленне, у 19 стагоддзі адзін з Баркуноў паўстанцаў Каліноўскага вешаў. Род занепадаў, як Богам пакараны. Дзіва што Баркун стаў старшынёй бядняцкага камітэту – шчанюком яшчэ быў, але ўжо гарлапан, якіх мала. Так я вашаму Аркадзю і сказаў. Ён толькі дзвярыма ляснуў і пайшоў, як мыла з’еўшы.
– А ці не заўважылі ў тых лёхах, калі гадзіннікі знайшлі, чагосьці яшчэ, няхай нязначнай, дзіўнай рэчы? – настойліва спытаў Юрась.– Успомніце, калі ласка...
Калейка паціснуў плячыма.
– Ну каб я сам там прысутнічаў, дык нешта, можа, і згадаў бы. Але я тады яшчэ на свет не нарадзіўся. Вось студню бачыў, калі аднойчы ў маленстве залез у тыя лёхі. Атрымаў пасля ўдома лупцоўкі добрай. А яшчэ, бацька казаў, срэбны сярпок знайшоўся...
– Які сярпок? – напружана перапытаў Юрась.
– Ну Бог яго ведае... Скрутак ля гадзіннікаў валяўся, бацька дамоў цішком забраў. У скрутку і быў срэбны сярпок ды пабітае шкло. Звычайнае шкло, празрыстыя аскалёпачкі... Ад вазы нейкай, мусіць. Гэты сярпок потым маці ў вайну на авёс выменяла. І добра... Не хацелася б мець у доме нейкую рэч з праклятай вежы...
– А чаму яна праклятая? Няўжо вы верыце, што ў ёй сапраўды была замураваная смерць? – не выцерпела я.
Калейка памаўчаў, падціснуўшы вусны.
– Смерць з гэтай вежы сапраўды не вылазіць. У вайну там двух партызанаў расстралялі... У рэвалюцыю аднаго пана замкнулі, галоднай смерцю замардавалі... Пан, праўда, люты быў, жыў, нібыта прыгон ніхто не адмяняў – дзяўчатак вясковых у прыслугі наймаў, запалохваў, гвалціў... А ёсць і яшчэ нешта, даўнейшае.
Калейка павагаўся, ягоныя вочы падазрона прайшліся па нашых тварах.
– Вось...
Стары дастаў яшчэ нейкую папку. Я ўбачыла знаёмыя гравюры, а таксама некалькі новых. Былы настаўнік беражліва ўзяў адну з іх у рукі.
– Каму ні расказваў з гісторыкаў, на смех мяне падымаюць. Маўляў, не было такога на Беларусі... А я ўпэўнены – тут гэта адбывалася, вакол нашай ратушы. Параўнайце – той самы будынак, што і на фотаздымках!
На гравюры быў тыповы матыў ХV стагоддзя – танец смерці. Узяўшыся за рукі, падскоквалі ў вычварным танцы малады мніх, дзяўчына ў шляхецкім строі, немалады таўстун са смешна вырачанымі вачыма і шкілет. Над каржакаватай вежай – сонца і месяц, з’яднаныя ў адзін абыякавы твар, расколаты напалам.
...Раскрыліся ізноў зямлі глухія нетры.
І блазан, і кароль – у скокі смерці – кроч!
Шалёны карагод кругі кругамі мерыць.
І ўсмешкі ўсё шырэй, бяздонней погляд воч.
І біскуп, і рабін, і вулічная дзеўка —
Не выдзерці з рукі скалелую руку —
Імчаць за кругам круг. Сатлелыя павекі
Не скрыюць ад вачэй пустых – апошні круг.
Нябачны барабан прыспешвае кружэнне.
Кашчавы дырыжор з бліскучаю касой
Свой аглядае баль. Ні жалю, ні ўзрушэння.
Такі вось насамрэч на могілках спакой.
Раптам Юрась рэзка выпрастаўся на жорсткім драўляным крэсле, нібыта яго хтось ударыў па спіне. Вочы сталіся зусім адсутнымі...
– Што з табой?
Рэстаўратар нейкі час усё гэтак жа пазіраў у невядомую далеч, а потым пачаў неяк паспешліва развітвацца з гаспадаром. Я таксама з няёмкасцю ўзнялася. Калейка схаваў гравюры, фотаздымкі і ўзняў выцвілыя, але ўсё яшчэ вострыя вочы на госця, што мармытаў падзякі...
– Дзіўлюся я з вас... Гісторыя – гэта не стос фотаздымкаў, якія можна тасаваць, укладаць у рамачкі, спальваць... Гісторыя можа забіваць і ўваскрашаць. А вы з ёю, як з уласным нататнікам... Упісаў нешта, выкрасліў...– Пётр Піліпавіч сумна ўздыхнуў.– Вось, нешта тут вынюхалі, будзеце выкарыстоўваць... Ды можа, гэта вас выкарыстоўваюць нейкія непадуладныя вам сілы, перастаўляюць, як пешак, па клетачках? А гуляеце вы з такімі фігурамі, што вас неадменна з’ядуць. Ну, Бог вам суддзя... І не забудзьцеся, Ганна, як абяцалі – артыкул пра вяртанне плошчы спрадвечнай планіроўкі! Сам у газету занясу!
Юрась ішоў па заснежанай сцежцы, пахмура гледзячы сабе пад ногі, і я не наважвалася парушыць маўчанне. Праз гадзіну я буду ехаць у аўтобусе, які адвязе мяне да звыклага жыцця. А Юрась вернецца ў Людвісарава, за высокі бетонны плот. Дзень паволі паміраў, і сцвердзіць ягоную смерць спяшаўся мароз. Снег парыпваў пад нагамі, але не жаласна, не гарэзна, а неяк трывожна... Нібыта ў нашыя сляды наступаў яшчэ нехта нябачны...
На падыходзе да царквы, звычайнай мураванкі з сінім какошнікам, з тых, што ўзводзіліся на нашае зямлі пасля здушэння паўстання 1863 году ледзь не ў кожнай вёсцы, Юрась рэзка спыніўся.
– Я зразумеў, як Бернацоні выкарыстоўваў свае гадзіннікі.
У голасе майго былога мужа не чулася радасці. Над царквою кружлялі вароны, нібыта ўзляцелі ржавыя крыжы з забытых могілак.
Юрась зачарпнуў шорсткага, як пясок, снегу і працёр ім твар у гарачцы.
– Вось і ўсё... Але ведаеш... Гэта страшна. Калі тое, што мне ўяўляецца, хоць трохі праўда... Паспрабую тэрмінова перавезьці Стэлу ў іншую бальніцу! Яна ж – закладніца ў іх... А я не магу ім усё расказаць... І ёю рызыкаваць не магу... Раней у такіх абставінах кулю ў лоб сабе пускалі, даруй, Госпадзе...
У яго адрывістых словах былі такія адчай і пакута, што я наважылася.
– Паслухай... Я не ўсё табе паведаміла...
І расказала Юрасю пра Стэлу.
Ён выслухаў мой няўпэўнены і блытаны, нібыта вязанне са спушчанымі петлямі, аповед з застылым выразам твару. Толькі сціснуў далоні ў кулакі, аж костачкі збялелі. Я думала, што ён мне не паверыць. А калі раптам паверыць... Па-першае, людзі маюць уласцівасць ненавідзець тых, хто паведаміў благое. У старадаўнасці ганца маглі і на палю пасадзіць... А па-другое – гора, слёзы... Я мусіла ўтрымаць былога мужа ад цалкам зразумелых сутычак з гаспадарамі. На пэўны момант мне падалося, што мае трывогі спраўдзяцца – Юрась страшэнна збялеў і прагаварыў скрозь зубы:
– Сволачы...
Ён даволі доўга стаяў і маўчаў, утаропіўшыся ў снег. Здавалася, у белай паверхні зараз з’явіцца яміна ад яго позірку... А ўжо я ледзь вытрымлівала пад цяжарам маўчання. Не хапала яшчэ зарумзаць самой, калі трэба дапамагчы чалавеку не выказваць гора. Але Юрасю, відаць, удалося здушыць пачуцці, ён адрывіста ўздыхнуў і падняў галаву.
– Прабач... Мне ўсё-ткі не вельмі лёгка пасля такой навіны... Хаця – якая там навіна. Ведаеш, я... адчуваў, вось ужо тыдзень адчуваў, што Стэлы няма. Між намі заўсёды цягнулася нейкая тонкая нітка. І вось – парвалася... Пустэча. Стэла... Але я ўжо столькі раз яе хаваў, аплакваў, развітваўся... Адгараваў сваё, мабыць... Усё, пайшлі на станцыю.
Аўтамабіль колеру мокрага асфальту спыніўся проста ля нас.
– Ну што, Юрачка, адпачыў, падумаў? Цяпер, я ўпэўнены, справа пойдзе на лад. Прывітанне, Анэта! Не забываеш сябра ў цяжкую хвіліну? Малайчына!
Янчын з заўсёднай шумнай прыветнасцю быў тут дарэчы гэтак жа, як рознакаляровыя паветраныя шарыкі на пахаванні. Ён ляпаў Юрася па плячы.
– Ну, ну, не сумуй... Паставім на ногі тваю Стэлу. Хутка яшчэ нейкія «прасунутыя» лекі на ёй паспрабуюць. А хочаш, з’ездзім заўтра ў бальніцу, паглядзіш на нябогу нашую...
Я глядзела на смуглявы твар Янчына, на ягоную спачувальную ўсмешку. І не магла паверыць, што гэты чалавек датычны да страшнай містыфікацыі. Баялася, што Юрась сарвецца. Але рэстаўратар моўчкі стаяў з застылым тварам. Янчын усё не змаўкаў.
– Слухай, ты ўжо ведаеш, як працавалі гадзіннікі? Галава ў цябе светлая, здагадаўся?
Юрась расціснуў збялелыя вусны.
– Ведаю.
Госпадзе, ён нават маніць не стаў!
– Вось малайчына! – Янчын зірнуў на мяне, нібыта заклікаючы ў сведкі.– Я заўсёды казаў, што вы ўдвух – сіла.
Ён відавочна думаў, што Юрась раіўся са мною наконт сакрэтаў механізму.
– Але, сябры мае, ёсць адна акалічнасць, пра якую вам варта задумацца...
Я здзівілася: смуглявы блазан, комік-буф некуды падзеўся. Цяпер Янчын глядзеў строга, нават жорстка.
– Слухайце мяне ўважліва, сябры. Фокус са шклянкамі, якія разбіваюцца – гэта далёка не ўсё, што калісьці маглі гэтыя механізмы. Я ведаю, вы абодва – патрыёты... А вы калі-небудзь задумваліся, што за чалавек гэты Калыванаў? Мы яго церпім, таму што супрацоўніцтва з ягонай фінансавай імперыяй прыносіць нашай дзяржаве карысць. Тут, у чужой краіне, ён паводзіць сябе сціпла, намагаецца трымацца ў рамках закону, ні з кім не сварыцца... Але насамрэч драпежнік. Не здзіўлюся, калі высветліцца, што менавіта ён стаіць за смерцю няшчаснага Аркадзя... Гэта ж ён Баркуну мадэльку падсунуў са свайго агенцтва, калі Баркун пачаў у сілу ўбірацца. Лілька і сачыла за Аркадзем, і пра ягоныя здагадкі наконт гадзіннікаў усё дакладвала, і на распродаж у Польшчы Калыванава навяла. Аркадзь, хай даруе ён мне на тым свеце, алею ў галаве меў мала, пра гадзіннікі і шклянкі прачытаў – і вырашыў, што гэта атракцыён, якім яму дазволена будзе турыстаў забаўляць. А гэта ўсё роўна што бензапілою галіцца. Вось Калыванаў – той ведае, як падобныя сакрэты выкарыстоўваць.
Мы з Юрасём ашаломлена глядзелі на былога выкладчыка, спрабуючы зразумець ягоную метамарфозу. А ён гаварыў, як загадваў.
– Падумай сам, Юры, ну хіба можна такому чалавеку, чужынцу, аддаваць сакрэты нашай зямлі? Будзе нейкі канкрэтны плён ад старых гадзіннікаў, не – гэта здабытак нашай дзяржавы! Як вы ўжо зразумелі, я выконваю тут пэўныя абавязкі...
Мы з Юрасём абмяняліся позіркамі: Янчын – шпіён пры Калыванаве! Вось дык навіна!
– Я чалавек прамы. І скажу прама. Вы не павінны выдаваць сакрэт гадзіннікаў гэтаму магнату. Ты, Юрась, скажаш яму, што нічога не атрымліваецца, ператаміўся... У маіх сілах выцягнуць цябе адсюль.
– А далей што? – суха спытаў Юрась.
– Далей ты раскажаш усё, што ведаеш, нам... сваім...
Па абліччы Юрася нельга было вызначыць, што ён думае.
– Па-першае, Віталь, ты дарэмна пераканаўся, што Анэта хоць на дробачку ў нешта пасвечаная. Я заўсёды лічыў, што жанчыны ў тэхніцы не разбіраюцца, а Анэта тут проста тыповы прыклад. Я папрасіў яе прыехаць, каб яна пераклала для мяне адну паперку... Шкада, але і Анэце яна аказалася не пад сілу.
– Якую паперку? – жыва перапытаў Янчын.
– Аддай...– загадаў мне Юрась, і я паслухмяна працягнула Янчыну аркушык з тэкстам ліста Бернацоні.
– Бачыце, гэта я ў архівах Баркуна знайшоў... на старанямецкай мове,– спакойна патлумачыў Юрась.– А па-другое, мне не зразумела, для чаго вам... «сваім»... сакрэт скокаў смерці? Вы што, людзей збіраецеся гэтак разганяць?
Янчын рагатнуў.
– Здагадаўся, значыць, наконт скокаў... Людзей, кажаш? А выдатная была б карцінка для замежных журналістаў... Але занадта экзатычная. Не, сябра, сакрэту Бернацоні – калі, вядома, ён не міф, а нечага варты, і нашыя вучоныя змогуць яго «закілзаць» – ёсць прымяненне цалкам карыснае... Напрыклад, для змагання з міжнародным тэрарызмам. У гэтай справе любая дапамога – выратаваныя бязвінныя жыцці! Папрацуй на высакародную справу – і зоймеш пачэснае месца ў грамадстве. На дзяржаўную працу цябе, як я разумею, не спакусіш... А вось сваю рэстаўрацыйную фірму будзеш мець.
Юрась не змяніўся ані рысачкай.
– Дзякую... Але куды мне – на пачэснае месца ў грамадстве... Я, падобна, прыроджаны маргінал.
Янчын раздзьмуў ноздры, як драпежны звер.
– Не раю гуляць у незачэпу. Ты, хлопча, нават не разумееш, у якую гісторыю патрапіў.
– У мяне свая гісторыя, Віталь,– спакойна адказаў Юрась.– І краіна ў мяне – свая... Хоць называецца гэтак жа, як твая, але – інакшая.
Янчын пачаў злавацца.
– Такія веды ўсё роўна што бомба з гадзіннікавым механізмам, і на які час прызначаны выбух – ты не ведаеш. Я табе адзіна магчымае выратаванне прапаную! Ты што, думаеш – незаменны? Не ты – знойдуцца іншыя разумнікі, усё разгадаюць. Толькі шкада, час страціцца.
Юрась задумліва глядзеў удалеч, дзе над шэрымі дахамі Старавежска, так і не зведаўшымі высакародную чырвань дахоўкі, згасала вечаровае неба.
– Вось і зноў напаткаў мяне мой лёс... Я думаў – на водмель вынесла... Водарасцямі абрастаю... А тут – рабі, калі ласка, чарговы экзістэнцыйны выбар. Ну што ж, паваюем. Чыста па-беларуску – адмаўчымся.
Спакойны іранічны голас Юрася раззлаваў Янчына.
– Не адмаўчышся, хлопча. Сядай у машыну. Паехалі.
Юрась не зварухнуўся.
– Ну!
Мой былы муж павярнуўся да мяне.
– Паехалі ў Мінск, Анэта... Нешта нецікавыя мне іхнія гульні...
І рушыў, не азіраючыся. Янчын нешта крычаў услед...
Але адысці далёка мы не паспелі. Яшчэ адна машына, белы джып, абагнала нас, прытармазіла.
– Не ўмеюць на гэтай зямлі абыходзіцца з творчымі людзмі,– Макс, як заўсёды, гаварыў даверліва і спачувальна.– Не звяртайце ўвагу, сябры... Віталь у нас чалавек гарачы, грубаваты...
Юрась непрыветна пазіраў на элегантнага псіхолага. Белая дублёнка ў колер джыпа і паляўнічая скураная шапачка Макса ў спалучэнні з выцвілай зялёнай Юрасёвай курткай вытворчасці фабрыкі «Світанак» маглі быць ілюстрацыяй да артыкула пра сацыяльны падзел грамадства. Такія артыкулы я калісьці пякла, як блінцы, падсвядома верачы, што пасля прачытання маіх палемічных тэкстаў бедныя пабагацеюць, а багатыя перапоўняцца спачуваннем аж па залатыя ланцугі.
– Я больш на вас не працую,– змрочна паведаміў Юрась псіхолагу. Мне стала страшна. Але Макс толькі светла ўсміхнуўся і падміргнуў мне. Маўляў, таленты ўсе капрызлівыя...
– Дазвольце, дарагі Юрась, сказаць вам пару цікавых слоўцаў...
Макс узяў рэстаўратара пад руку і адвёў убок, туды, дзе з-пад снегу высоўваўся ржавы пагнуты крыж. Я з бояззю назірала за размовай. Раптам Юрась рэзка нахіліўся, як перагнуўся напалам... І пачуўся ягоны рогат. Рэстаўратар аж заходзіўся. Нават сеў у снег. Суразмоўца нейкі час разгублена стаяў над ім, потым рушыў да машыны. Твар Макса крывіўся сапраўднай злосцю. На мяне псіхолаг нават не зірнуў. Я кінулася да былога мужа... Ён сядзеў у снезе і смяяўся. Знайшоў час для істэрыкі.
– Ты ведаеш, Анэта, Макс таксама...– прагаварыў Юрась, намагаючыся супакоіцца.
– Што таксама? – неўразумела перапытала я.
– Таксама шпіён... Толькі, здаецца, расейскі,– скрозь смех прагаварыў Юрась.– Угаворваў мяне перайсці пад ягонае крыло...
– А ты што? – дрыжачым ад нядобрых прадчуванняў голасам спытала я.
– А я застаюся на гэтай зямлі, як вежа – у пушчы, або караблі на водмелях рэк, перасохлых даўно. Я тут, як у амфары спее віно. Вякі, як аблокі, над намі сплылі. Я ў белым маўчанні праданай зямлі,– выразна прадэкламаваў рэстаўратар.
– Паслухай, цяпер не час іграць у піянера-героя,– з трывогаю прагаварыла я.– Ну што ты іх злуеш?
– А я іх не злую,– раптам вельмі жорстка адказаў Юрась.– Я імі пагарджаю.
О, Госпадзе... Я пазнала ўласцівую былому мужу зацятасць. Калі ён рабіўся вось такім, то можна было чакаць любых, самых небяспечных, учынкаў. Лепей бы я яму нічога не расказвала... Я ў разгубленасці тапталася на сцежцы, Юрась сядзеў у сумёце, Стэла дзесьці ляжала ў бальнічнай палаце, а Старавежску было на ўсіх нас напляваць, ён быў старым, скалечаным і знявераным, і імкліва захутваўся ў змрочны зімовы вечар, як у пацёрты плед.
Хутчэй бы прачнуцца... Я гатовая была зноў апынуцца ў сваіх начных жахах. Але гэта была рэальнасць. У святле фараў, на фоне зімовага пейзажу яны пазіралі на нас з рознай ступенню злосці – Ліля, Калыванаў, Янчын, Макс... За нашымі спінамі стаялі ахоўнікі. Магчыма, на іхніх тварах таксама была злосць. Але наўрад – прафесіяналы не злуюцца. Можа быць, дзейсныя асобы, раз у кожнага – свой інтарэс, перагрызуцца, і ўпарты рэстаўратар не дастанецца нікому? Але раптам я зразумела, што ўсе гэтыя асобы ведаюць падбіўкі адно аднога, іх гэта задавальняе, усе гуляюць у адну гульню... Вядома, не супраць абыграць – але гульня ў іх адна... Танец смерці, дзе мы ўсе трымаемся за рукі з нябожчыкамі...
– Вось паганец,– адрывіста прамовіла Баркунова ўдава на адрас Юрася.– Аддзячыў, называецца, за маю дабрыню. Грошы заплацілі – рабі!
– Досыць з вас маёй працы. А старажытным сакрэтам месца там жа, дзе і старажытнай пошасці,– змрочна прагаварыў аблеплены снегам Юрась.– Вунь пачалі могілкі раскопваць, на якіх памерлых ад халеры хавалі дзвесце гадоў таму... І халера вярнулася. Гэтая зямля і так нацярпелася ад усялякіх эксперыментаў. Яшчэ адзін бізун вам патрэбны дзеля ейнага ўтаймавання? Не я вам яго дам.
– Малады чалавек, я чакаць не звык,– кінуў сваё слова Калыванаў.– Вы праўда ведаеце сакрэт гадзіннікаў?
– Ведаю.
– Колькі вам за яго заплаціць?
Юрась паматаў галавой.
– Тут не аўкцыён. Сказаў жа – мая праца скончаная.
Мне зрабілася па-сапраўднаму страшна. Я не вытрымала і тузанула яго за рукаў.
– Ды раскажы ім, што ведаеш! Падумаеш, іржавыя цацкі! Няхай яны свае шклянкі лопаюць – ну якую «псіхатропную зброю» мог прыдумаць сярэднявечны блюзнер! Любы рок-канцэрт куды большую сілу мае. Куды там звону супраць ударнай устаноўкі!
Але Юрась толькі прагаварыў.
– Анэта, а ты ідзі на станцыю. Праз паўгадзіны, здаецца, апошні аўтобус.
Я ў разгубленасці абвяла ўсіх вачыма і трохі адступіла ўбок... Сусвет патроху расколваўся на маленькія кавалачкі, якія ссоўваліся і складаліся ў іншы вітраж... Я з жахам усведамляла, што зноў унутрана адчужаюся ад Юрася, як тады, калі паверыла, што ён мог забіць Баркуна. Так, напэўна, здараецца, калі нехта з блізкіх захворвае невылечнай заразнай хваробай, а твая любоў не настолькі моцная, каб перамагчы інстынкт самазахавання. Але няўжо мне дадуць сысці? Макс, у адказ на мае думкі, запытальна прамовіў:
– А вось яны ўдвух хадзілі да старога звадыяра, што на нас усё ў суд падае за перабудову вежы. Можа, ён што цікавае распавёў?
Юрась адказваць не збіраўся... Хіба ён не разумее, што яны пацягнуцца і да старога, пачнуць дапытваць? Давядзецца ратаваць усіх самой... Я пастаралася здушыць панічнае жаданне ўцячы, схавацца ў сваю ўяўную ракавінку і ніколі больш з яе не высоўвацца... І, намагаючыся гаварыць спакойна, распавяла пра візіт да Калейкі. Па расчараваных тварах я зразумела, што маё паведамленне нічога для іх не значыла. Чаму яны не запхнуць нас у машыны? Няўжо баяцца сведкаў? Сапраўды, да вечару Старавежск ажыў. Там-сям у прыцемку рухаліся сілуэты месцічаў. Некалькі кабетаў з правінцыйнай цікаўнасцю назіралі за нашай падазронай групай, асветленай фарамі машынаў, з-за плотаў сваіх двароў. А Юрась, гэта, відаць, адчувалі ўсе, быў гатовы ўчыніць сапраўдны «канцэрт»... Ці ўсё яшчэ спадзяюцца, што ён змірыцца? Юрась зірнуў на мяне і зноў – сваё.
– Анэта, я ж сказаў, ідзі на станцыю...– І патлумачыў прысутным: – Яна насамрэч нічога не ведае. Хопіць з вас адной Стэлы... У якасці майго гаранта.
Голас Юрася здрыгануўся. Я ўсвядоміла, што ён намагаецца схаваць, што ведае пра смерць жонкі – відаць, каб не пашкодзіць мне. Пры імені памерлай твар Баркуновай удавы перакрывіўся.
– З мяне тваёй Стэлы ўжо даўно хапае. Вось табе мазгоў заўсёды не хапала за сваёй сцервай усачыць. Дзе твае прынцыпы былі, калі твая сучка за дозу...
Калыванаў паклаў руку на плячо знерваванай удаве.
– Лілька, сціхні.
Вось як, Ліля Пятроўна была ў курсе мужніных авантураў? А Юрась, здаецца, не. Ён недаўменна глядзеў на Лілю, чый гожы твар нібыта пастарэў ад прыхаванай нянавісці.
– Хіба не ведаеш, што твая наркотка да Аркадзя бегала? Яна для яго, разумееш, «Шарман, шарман!», а я – падсцілка. Сволачы вы ўсе! Адразу скарыстаеце, а пасля...
Раптам Калыванаў рэзка сціснуў удаве горла... Мадэлька захрыпела, пачала хапацца за руку, што яе душыла... Магнат, задаволены выхаваўчым эфектам, адпусціў істэрычную кабету. Ліля Пятроўна змоўкла, не выказваючы абурэння, толькі пацірала шыю. На твары яе больш не было нянавісці, толькі страх.
– З кабетамі адны клопаты,– даверліва прагаварыў магнат, звяртаючыся да Юрася.
– Яшчэ раз гавару – Анэта павінна паехаць дадому...– упарта паўтарыў Юрась.
– Я не магу цябе пакінуць...– дрыжачым голасам прагаварыла я. Але Юрась супакаяльна ўсміхнуўся.
– Ды не хвалюйся. Нічога са мной не здарыцца... А я вярнуся і адразу пазваню табе. І... прабач.
Я ў разгубленасці азірнулася. Я сыду, і для мяне гэты жах скончыцца... Вядома, Юрасю лепей, калі побач не будзе новай закладніцы. Ён хоча, каб я сышла... Толькі б адпусцілі! Маўчанне прысутных здавалася багнай, у якую я апускаюся ўсё глыбей, глыбей...
– Калі Анэта сыдзе... абяцаю паводзіць сябе... разумна,– раптам сказаў Юрась, гледзячы сабе пад ногі.
– Вось і выдатна...– узрадваўся Янчын.– Думаю, у такім разе з шаноўнай Ганнай мы можам развітацца. Я гэтую дзяўчыну ведаю. З ёю ніякіх клопатаў не прадбачыцца. Праўда, Ганначка?
Я кіўнула галавою. Якія там клопаты... «Скандальная журналістка» даўно ператварылася ў смоўжыка. А можа, і заўсёды была ім, проста нейкі час мела магчымасць бяспечна паказваць свету рожкі?
Юрась памахаў мне рукой і рушыў да машыны.
– Дазвольце, праводжу? – зноў далікатна-ветліва звярнуўся да мяне Макс і нават паспрабаваў узяць мяне пад локаць.
– Дзякую, не варта...– дрыжачым голасам прамовіла я і пашпацыравала па сцежцы. Здаецца, ніхто за мной не гнаўся. Адышоўшы на больш-менш бяспечную адлегласць, я азірнулася. Машыны вырульвалі ў бок Людвісарава, святло фар высвечвала дарожкі на снежным покрыве... Усё далей, далей... Раптам маё сэрца сціснула такая туга, што я ледзь не заплакала...
«Сам вінаваты, сам вінаваты...»,– як заклён, паўтарала я ўсю дарогу да станцыі. І потым, калі за акном аўтобуса замільгалі начныя агеньчыкі, чыё прызначэнне – абуджаць у падарожных тугу і раптоўнае жаданне апынуцца вось там, дзе прыветна свеціцца чыёсьці акно, я не знаходзіла ўжо патрэбных слоў, каб апраўдацца.
* * *
Балея падымалася са дна студні, нібыта поўня выплывала з цемры... Сястра Агапа з цяжкасцю круціла калаўрот, і ланцуг звяно за звяном клаўся на цёмнае, бліскучае ад вільгаці і дотыкаў жалеза бервяно... Што ж, пакуты толькі дадаюць бляску трывушчым душам.
Ваду маглі насіць маладзейшыя сёстры... Яны з радасцю прынялі б гэтае паслуханне замест шанаванай імі сястры Агапы, але тая заўсёды адгаворвала матухну ігуменню: хто сказаў, што нам павінна ў гэтым жыцці быць лёгка?
Над крыжам манастырскага храма кружлялі вароны. А галубоў даўно не відаць... Не зносяць галубы, боскія птушкі, кроў і жалеза, і злосць людскую... А апошняга сталася ў свеце так шмат, што перахліствае за сцены манастыра, дзе павінна быць адно ціхае маленне...
Сястра Агапа падхапіла балею за дужку і паставіла на траву. Сэрца калацілася, як спудзіўшыся, што трэба працягваць зямны шлях. Манашка перахрысцілася... Гасподзь сам адмерае, колькі таго шляху засталося прайсці. Слабасці цела – не прычына, каб заўчасна спыняцца на адпачынак.
А ў браму манастыра зноў грукалі, і зноў чуліся нечыя сярдзітыя воклічы. Раней ля дзвярэй манастыра вісеў звон. Госць мусіў пазваніць у яго і пакорліва чакаць... Даўно абарвалі звон, дый драўляная брама абпаленая. На самым версе яе вось ужо месяц тырчэў абломак татарскай стралы, і сястры Агапе ўвесь час рабілася ніякавата пры поглядзе на тую стралу, нібыта брама была жывою істотаю, якой балюча.
У манастыр зноў прывезлі параненых вояў. Што паробіш, калі ў спаленым, разрабаваным горадзе адзіны прытулак – жаночы манастыр.... Да таго ж манашкі былі добрымі зельніцамі, самай лепшай – сястра Агапа. Шчырая малітва і сіла роднае зямлі, увасобленая ў зёлках, ратавалі тут многіх. Для гасцей мелася асобнае памяшканне, з келлямі больш вялікімі, чым у святых сясцёр.
Параненых было шасцёра, трое – рымскай веры. Адбіраць па веры не выпадала. Маладзенькі хлопчык, якому крывая татарская шабля ўспарола жывот, ужо не мог гаварыць, толькі таненька енчыў... Гэтаму парог таго свету ўжо рушніком накрыты. Светлавалосы вой з доўгімі вусамі сціскаў левай рукой тое, што засталося ад правай... Што ж, левай рукою таксама можна біцца. Калі будзе Божая воля, гэты застанецца жыць.
Астатніх сястра Агапа не паспела агледзець. Малады рыцар, гожы, як казачны каралевіч, у багатым, спэцканым пылам і чужой крывёй строі, пакланіўся старой манашцы пачціва, але з годнасцю, загаварыў па-польску.
– Пані добрая лекарка, мне казалі. Вы мусіце паглядзець майго бацьку. Калі дапаможаце, ваш манастыр разбагацее. Мой бацька – пан Баляслаў Радчыньскі, падчашы ягонай вялікасці Казіміра Ягелончыка.