355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 21)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 21 (всего у книги 32 страниц)

Але чалавек у маёнтку расчыняе акно тонкай рукой у пярсцёнках і крычыць, перагінаючыся ўніз з вышыні трэцяга паверха:

– Грынь! Сёння палявання не будзе! Замкні сабак! І не выпускай, пакуль не скажу...

Унізе адклікаюцца грубым незадаволеным голасам:

– Як сабе хочаш, пане...

Сабачы абураны віскат сціхае.

Чалавек рэзка адыходзіць ад акна, захінае на грудзях аксамітны халат, быццам ад холаду, і ўсё ходзіць па пакоі, і стогне, і горка пасмейваецца, і не зачыняе акно... Ізноў, ну чаму ізноў... Божа мой, Божа літасцівы...

Багата, нязвыкла багата жывуць у гэтай вёсцы мужыкі. Хаты крытыя не саломай, не гонтаю – ладнай манастырскай дахоўкаю, стрэхі – «у закот», і ў кожным двары – буслянка... Пан паручнік аглядаецца і назірае свой панылы атрад – дзесяць натомленых жандараў на запырсканых гразёю конях... Прынамсі, дарогі тут такія ж, як і ў Расеі. Але – не Расея... Ліцвіны, беларусы, цёмны, забабонны люд. Яны хаваюць у каморах драўляных каталіцкіх святых і ў «чырвоныя» дні мажуць іх вусны мёдам. За праваслаўнымі абразамі ў іх схаваны пук святаянніку, сабранага на паганскае Купалле, і абавязкова вісіць вянок часнаку – ад нячыстай сілы. А пад вянцом кожнай хаты, які скіраваны на ўсход, быў некалі закапаны жыўцом певень – няшчасны сонечны вястун...

Пан паручнік грэбліва крывіць вусны. Чужое... Але ж усё навокал можа ў будучым належаць яму, вернападданаму рускаму двараніну...

Апошняе восеньскае сонца шчодра залоціць Паўночна-Заходні край імперыі. Над дарогай самкнуліся шаты соснаў, карункавыя мігатлівыя цені ляглі пад ногі коней. І гэты шум – быццам хвалі... Крыху ўяўлення – і поўнае адчуванне, што едзеш па дне ракі з празрыстай, працятай сонцам вадою...

Вось, напэўна, і мяжа маёнтка. Двое мужыкоў у маленькіх ваўняных шапках – здаецца, яны называюцца магеркі – паварочваюць бервяно, што перагарадзіла дарогу, на дзвюх падпорках-рагулях... Напэўна, і самі гэтыя Варгуны – звычайны недагледжаны старасвецкі дом, крыху лепшы за хату заможнага селяніна... А ўладальнік – неадменна тыповы засцянковы шляхцюк, чыя пыха большая за дзіркі, што праела моль у яго век не вытрасаных прадзедаўскіх кілімах...

Сосны падступаюць, здаецца, да самых сцен дома... Але можна разгледзець, што будыніна вялікая, на тры паверхі, з урачыстай каланадай пры ўваходзе. Хаця, вядома, крыху запушчаная... Конь паручніка ўпарціцца, падымаючы цэлы фантан гразі капытамі, і дрыжыць... Што за морак напаў на коней? А тут яшчэ жудаснае сабачае скавытанне аднекуль з гаспадарчых прыбудоў сядзібы...

У вокнах вялікага пакоя для гасцей гасне чырвонае сонца (няўжо такі позні час?). Ля сцен нязграбная, аздобленая разьбою мэбля чорнага колеру, у якой нешта ёсць ад труны. І гэтая дружная завядзёнка мясцовых жыхароў ставіць печку ў бліжэйшым да ўвахода куце... Паручнік касавурыцца на абкладзеную бліскучай зеленаватай кафляй печку, і яму здаецца, што пузатыя голенькія херувімчыкі з куфлямі піва з кожнай кафлі пазіраюць на яго, павярнуўшы хітраватыя тлустыя тварыкі, і падміргваюць самым ганебным чынам. Паручнік чуе, як жандары за яго спінаю ўголас захапляюцца звярынымі галовамі, якія ўпрыгожваюць пакой. Зубры, туры, алені, ласі, мядзведзі, дзікі шчэрацца са сцен, пабліскваюць амаль жывымі, налітымі крывёю вачыма, здаецца, нават пагойдваюць вялізнымі рагамі...

Вяртаецца слуга – у сурдуце, з бакенбардамі і абразлівай важнасцю:

– Пан Леанард просіць прабачэння ў вельмішаноўнага панства, што па прычыне кепскага здароўя не можа спусціцца, каб сустрэць вас асабіста. Пан чакае вельмішаноўнае панства ў бібліятэцы...

Паручнік хмыкае: гаспадар, відавочна, перапалохаўся. Нічога. Падымемся самі, не цяжка...

Паручнік і трое жандараў ідуць за слугою наверх па драўлянай адпаліраванай лесвіцы. З двара далятае абрыдлае сабачае выццё і спалоханае ржанне коней.

У вальтэр’янскім утульным крэсле сядзіць вытанчаны, з кранутымі сівізною скронямі пан. На ім пунсовы аксамітны халат, аблямаваны цёмна-фіялетавай тафцяной палоскай, на нагах – турэцкія расшытыя пантофлі з задранымі насамі. Далікатная, у пярсцёнках рука адкладае пульхны томік... А казалі, што знакаміты паляўнічы...

– Даруйце, шаноўныя, што не ўстаю – раматуз.

Ад гэтага ветліва-раўнадушнага голасу і цвёрдага позірку шэрых насмешлівых вачэй чырвань кідаецца ў твар паручніку. Праклятыя напышлівыя шляхцюкі... Але пачакай, даражэнькі, паслухай імператарскі загад: «За садзейнічанне мяцежнікам... Неданясенне на змоўшчыкаў... Падлягае арышту... Вобыск... Канфіскацыя маёмасці...»

Пан Леанард задумліва перабірае пышны чырвоны кутас на канцы свайго пояса... Што ж, госці прыехалі дакладна ў час...

– Мой дом і я ў вашым распараджэнні... Дазвольце толькі хвораму чалавеку застацца ў крэсле...

Тонкая рука зноў бярэ кніжку. Паручнік крыкліва аддае загады – аж голас зрываецца на хлапечы дыскант ад неўсвядомленай злосці на вытанчанага арыстакрата, які ўсё жыццё піў вунь з тых пераліўчатых парцэлянавых кубкаў – паручнік бачыў такія толькі ў тых сямействах, дзе на яго ніколі не глядзелі як на магчымага жаніха... Кволая на выгляд рука ў пярсцёнках сціскала гэтую стрэльбу з цудоўнай срэбнай гравіроўкай, і каралеўская здабыча – зубр – падыхала ля ног, што цяпер грэюцца ў расшытых сапраўднымі перлінамі пантофлях... Такі і на вісельню пойдзе з лёгкай пагардлівай усмешкай... На хвілю афіцэр адчувае сябе бездапаможным, загубленым разам з купкаю жаўнераў у чужых лясах і балотах, адкуль цэлы дзень хуткай язды да бліжэйшага мястэчка.

«Усё будзе маё!» – з’яўляецца з падсвядомасці радасная думка, і паручнік зноў набывае ранейшую ўпэўненасць і, пакінуўшы жандараў сцерагчы арыштаванага, ідзе камандаваць дзеяннямі астатняй часткі атрада.

У бібліятэку разам з сабачым скавытаннем пачынае далятаць гук разбітага посуду і жаночы віск.

Цямнее. У маёнтку запальваюць свечкі. Паручнік, спяшаючыся, складае пратакол вобыску. Заўтра зноў гразкія вераснёўскія дарогі, тужлівыя крыкі балотных птушак і на кожнай развілцы – страшны драўляны Ісус, раскрыжаваны на пахіленым негабляваным крыжы... А сёння ёсць нарэшце магчымасць пераначаваць у людскіх умовах, на пуховай пярыне, у велізарным панскім ложку пад казачным балдахінам... Пан Леанард сказаў, што праседзіць да раніцы ў бібліятэцы – з улюбёнымі кніжкамі... інтэлігентны чалавек. Дастаткова аднаго вартавога перад дзвярыма і двух – пад вокнамі...

Прынамсі, кухня тут вышэй ухвалы... Кухара ні ў якім разе не трэба звальняць.

Пан Леанард сядзіць у сваім утульным крэсле. За вокнамі хістаюцца цёмныя постаці соснаў. Калі вецер узмацняецца, яны сутыкаюцца не толькі галлём, але і стваламі, і тады чуваць сухое пастукванне дрэва аб дрэва. Раптам да звыклага паху старых кніжак далучаюцца тысячы розных пахаў і іх адценняў, нібыта да аднаго нягучнага інструмента – цэлы аркестр. Пан Варгун улоўлівае нават горкі пах пажарышча на месцы суседняга маёнтка.

Амаль адразу ж абвастраецца гукавое ўспрыняцце – мільёны гукаў – шоргаты, драпанні, стогны, шэпты, крокі – урываюцца ў адвыклы мозг, так што патрабуецца нейкі час, каб зноў авалодаць свядомасцю...

Пара... Пан Леанард бязгучна ўстае і дзьме на свечкі, што гараць на круглым мармуровым століку. Запаноўвае цемра, але вочы набываюць нечаканую вастрыню зроку – усё навакольнае бачна зусім выразна, быццам у нейкай шэрай падсветцы. Цяпер пачынае страшэнна свярбець скура... Пан, спяшаючыся, развязвае пояс і скідае халат. Чырвоны колер аксаміту выклікае неадольнае раздражненне, і Варгун запіхвае скінутую адзежу ў ніжнюю шуфляду шафы.

Цела працінаюць нябачныя струмені энергіі, якая, здаецца, зыходзіць з поўні, што зазірае ў акно. Уся істота чалавека вібрыруе, напаўняецца моцай і вясёлым шалам. Неадольна хочацца ўстаць на карачкі... Магутны звярыны рык ірвецца скрозь сціснутыя зубы – ці іклы? Шыбы акна ціха разыходзяцца, упускаючы ноч. Унізе, у зарасніку язміну, відаць дзве ненавісныя белыя фуражкі...

З акна другога паверха маёнтка Варгуны на зямлю, укрытую кілімам першага лістабою, бязгучна саскоквае вялізны воўк з шэрымі вачыма, у цэнтры якіх гараць два жоўтыя агеньчыкі – як пялёсткі свечак...

Жудасна выюць сабакі, на стайні рвуць аброці ўспененыя коні, дворныя людзі, не кажучы ні слова, устаюць з ложкаў, пазяхаючы, вешаюць на дзверы і вокны сваіх пакояў звязкі часнаку і чартапалоху – цяпер ні ведзьма, ні ваўкалак не ўвойдзе; жагнаюцца і зноў кладуцца спаць, забабонныя, цёмныя, спакойныя...

На раніцу прыслуга доўга прыбірае дом, зусім не дзівячыся начному знікненню прыхадняў.

У бібліятэцы, ва ўтульным вальтэр’янскім крэсле, сядзіць пан Леанард Варгун. Чырвоны аксамітны халат перавязаны поясам з вялікімі бухматымі кутасамі, вытанчаная рука ў пярсцёнках перагортвае старонкі томіка лацінскіх вершаў, а за акном хістаюцца, пагойдваюцца сосны, што ідуць да маёнтка і ніяк не наблізяцца да яго ўшчыльную...

– Грынь, рыхтуй сабак! Сёння ідзём на паляванне!


Гайвароны

У парку вакол маёнтка Гайвароны даўно не гняздзіліся тыя крыклівыя чорныя птушкі, што калісь далі назву і маёнтку і навакольнай вёсцы.

Расказвалі, што колішні ўладар маёнтка, знелюбіўшы крылатых вяшчунак няшчасця, учыніў на іх такое спусташальнае паляванне, што нават іхнія нашчадкі захавалі насцярогу да праклятага месца.

Невядома, ці так яно было, бо пані, якой належаў маёнтак цяпер, не магла б пакрыўдзіць птушку.

Яна забараніла нават знішчаць кратоў – гэтых агідных сляпых звяркоў, што здольныя папсаваць найпрыгажэйшую клумбу, а яе – у форме складанага вензеля, падобную на кошык з кветкамі – так доўга ладзіў перад уваходам у дом стары немец-садоўнік. І доўга лаяўся на сваёй гергецкай мове, калі пані не дала спатоліць справядлівую прагу помсты. Падумаеш, «стварэнні божыя»!

Праўда, і клумба тая была не зусім дарэчы ў парку, па змрочных прысадах якога даўно не прахаджваліся вясёлыя госці, а цёмныя ліпы былі такімі старымі, што здавалася, вось-вось са стогнам сагнуцца, абапіраючыся аб чорную зямлю нязграбна выцягнутымі лапамі. Галене, дачцэ гаспадыні, часам думалася, што вароны не селяцца на гэтых дрэвах менавіта таму, што пабойваюцца ненадзейнасці такога апірышча для гнёздаў. Але не – безумоўна, усе знакі бяды былі звязаныя з тым днём, калі прыйшла страшная вестка пра братоў...

Галене было тады дзесяць год. Яна мала што памятала – галасы чужых людзей, гучныя, як удары пугай. Строгі твар маці, такі збялелы – што здаваўся незнаёмым. Нават голас – не пазнаць:

– Мужчыны ў нашым родзе не баяцца паміраць за радзіму.

І самавіты мужчына з чорнымі бакенбардамі, у ваенным мундзіры, вельмі важны і сярдзіты, чамусьці апускае вочы.

О, Галена ганарыцца сваёй маці! Самы яркі ўспамін – як яны разам апускаюцца на калені перад маленькім столікам з палаючымі свечкамі ў колішнім бацькавым кабінеце, і маці, паказваючы дагератыпы, гаворыць:

– Твой брат Генусь Вайтылаў... Харунжы... Расстраляны. Твой брат Янук Вайтылаў... Забіты ў бойцы пад Варкавічамі. Твой брат Алесь Вайтылаў...– Тут голас маці заўсёды ледзь адчувальна ўздрыгвае: – Сасланы ў Сібір, знік без вестак... Ніколі не забывай, яны – героі.

Так, і заўсёды дадавала пра бацьку – хаця памёр у сваім ложку, ад сардэчнай хваробы, каб меў найменшую магчымасць – таксама пайшоў бы ў бойку за сынамі.

Маці здавалася ў гэтыя моманты Галене незвычайна прыгожай. Сетка дробных зморшчын скрадваецца прыцемкам, і вочы таямнічыя, бы дно студні, у якую ўпала зорка. Яркія маленькія вусны горка падцятыя, бровы як зламаныя крылы... Смуглявая скура, дасканалы авал твару, цёмныя, перавітыя сівізной, быццам вытанчаным упрыгожаннем, валасы гладка зачасаныя пад чорны каптур... Сама Галена была зусім не такой. Праўда, цемнавокая і стройная, як маці, але... Нават прыслуга лічыла ейны загад як бы не канчатковым, пакуль не пацвердзіць пані. Галене споўнілася ўжо дваццаць чатыры – па мясцовых паняццях старая дзеўка. Нібыта маці і не была супраць таго, каб дачка займела сям’ю,– сама ж бясконца гаварыла пра Галеніных будучых дзяцей, якія мусяць захаваць памяць роду. Але і нічога дзеля ўладкавання лёсу дачкі не рабіла – здавалася, у маёнтку Гайвароны ўсталяваўся час, незалежны ад знешняга, і паважаліся толькі свае законы і свае прывіды. Абедзве гаспадыні хадзілі выключна ў жалобе. Вядома, што баляванняў – неабходных у доме з паненкай на выданне – і не прадбачылася. Дый і сціплыя сродкі не надта гэта дазвалялі. Шчасце, не канфіскавалі сам маёнтак і стары парк. У глыбіні душы Галена была перакананая, што прычынай гэткай паблажлівасці – павага, якую маці выклікала нават у заклятых ворагаў. Не, госці ў доме бывалі – але яны таксама жылі мінулым. Будучае ўвязвалася толькі з надзеяй на справядлівую помсту.

Галена не задумвалася пра свой лёс. Вядома, калі так здарыцца, што трэба будзе пакінуць Гайвароны – прычынай гэтаму стане толькі герой і пакутнік. Такі ж, як яе браты. А пакуль спраў хапала. Хаця б – клапаціцца пра тых, у каго няма нават абрабаванага маёнтка. У Гайвароны, не баючыся, заходзіў і сляпы лірнік, і гаманлівая цыганская чарада, і паломнікі, што крочылі па святых мясцінах, знаходзілі тут начлег і хлеб. Вось і цяпер... Дзяўчына заспяшалася да дома па цёмнай прысадзе, раскідваючы лёгкімі крокамі апалую лістоту, ужо не залатую, а ржавую, быццам высахлая кроў,– перад ганкам бачыліся дзве шэрыя постаці, і нават здалёк у іх адчувалася асаблівае змірэнне, уласцівае тым, хто жыве з чужой літасці.

Маці ўжо стаяла на ганку. Дакорліва зірнула на дачку. Чаму Галена так і не перастала адчуваць ад такіх позіркаў пякучую хвалю сораму – рыхтык як у дзяцінстве, нават калі правіна была зусім нязначная?

Паломнікі ішлі з Жыровічаў, ад цудатворнага абраза Маці Божае. Сівенькі дзядок увесь свяціўся нядаўнім далучэннем да цуда – здавалася, што кавенька ў яго руцэ дрыжыць таксама ад узрушэння. Стары бясконца прамаўляў словы ўдзячнасці і малітвы слабым, бы кепска нацягнутая струна, голасам, і здавалася, нібыта ён размаўляе на птушынай мове. Дзед Галене спадабаўся – у яго змірэнні не было ні прыніжанасці, ні сялянскай хітрынкі. Не было іх і ў другога госця. Галена вырашыла чамусьці, што той былы жаўнер – нават жахлівая худзізна не папсавала дарэшты высокую плячыстую паставу, а праз левую палову твару цягнуўся пачварны шнар – падобна, што ад шаблі, ад чаго куточак вока быў адцягнуты ўніз. І рукі ў яго былі не сялянскія – з тонкімі пальцамі. Хоць паломнік яшчэ малады, але доўгія валасы і барада напалову сівыя. Вочы цёмныя, але гэткія ж празрыстыя, дабрэнныя, як у дзеда. Як і належыць паломнікам, абодва ўвешаныя абразкамі і ладанкамі. Маладзейшы госць маўчаў. Толькі калі сядаў за стол у пакоі для чэлядзі, пад яго вопраткай нешта грукнула... Зброя?! Але каўнер кашулі трохі расхінуўся, Галена ўбачыла ланцуг, цёмныя шнары... І зразумела, што госць носіць вярыгі. Чамусьці ёй зрабілася непрыемна ад гэтага адкрыцця, і дзяўчына сышла ў свой пакой.

Восеньскія цёмныя вечары цягнуцца доўга, вельмі доўга... Нават калі запаліць камін і разгарнуць дасланы з апошняй поштай раман – шчымлівае пачуццё закінутасці, загубленасці ў бясконцай восеньскай цемры апаноўвае душу невымоўным жалем. І калі ў доме запальвалі свечкі, маці запрашала ў свой пакой гасцей – кім бы яны ні былі... І ўважліва выслухоўвала сто разоў чутыя навіны ці малітоўныя песняспевы... Так, і яшчэ абавязкова пыталася, што госці ведаюць пра братоў Вайтылавых. Звычайна пахаджане былі папярэджаныя пра такі інтарэс і адказвалі нешта накшталт: «О, гэта героі! Волаты!» – і пані ўцірала шчаслівую слязу. Калі ж нехта не ведаў пра братоў-герояў, гаспадыня сурова падціскала вусны і траціла інтарэс да прыхадня. І ейная маўклівая пагарда была горшай за крык ці аплявуху.

Высокае грувасткае крэсла, у якім сядзела пані Вайтылава, належала яшчэ іх продку, легендарнаму Вайтылу, мечніку князя Вітаўта, які і заснаваў маёнтак на землях, падараваных за верную службу. Дрэва ад часу зрабілася зусім чорнае, абіўку мянялі некалькі разоў – цяпер гэта быў зеленкавата-залацісты габелен. Але мядзведжая галава, частка герба Вайтылавых, усё гэтак жа пагрозна шчэрылася са спінкі. Сённяшнія госці стаялі нават не на сярэдзіне пакоя, а ў парозе – недарэчныя постаці ў шэрым радне на фоне паліраваных драўляных панэляў сцен. «А маці пастарэла...» – нечакана падумала Галена, якая сядзела справа ад матчынага крэсла на зэдліку са сваім вышываннем,– чырвоныя гронкі арабіны на залацістым шоўку. Так, маці пастарэла – дадалося сівізны, і авал твару ўжо не такі дасканалы, і паглыбіліся горкія зморшчыны ад крылля носа да куточкаў вуснаў.

Старэйшы з гасцей прамаўляў менавіта так, як чакала гаспадыня.

– Прытулі, Госпадзі, чыстыя душачкі загінулых воінаў у сваіх лепшых церамах завоблачных, бо былі яны воямі магутнымі і жыцця не шкадавалі дзеля бліжніх сваіх... І кроў іхняя на святым-белым Алатыр-камені, а слава іхняя на ўсіх пляцах звонам-гудам...

Другі госць упарта маўчаў, і Галене рабілася ўсё больш і больш няёмка ад позіркаў яго цёмных, глыбокіх, як студня, вачэй. Праўда, збольшага паломнік глядзеў у старанна наваскаваную, як было прынята ў гэтым доме на працягу стагоддзяў, падлогу.

– А ты, чалавеча, што можаш сказаць пра вояў з гэтага дома?

Паломнік падняў галаву:

– Вашы сыны верылі ў тое, за што змагаліся. Вера многае выкупляе.

Пані неўразумела прыўзняла бровы:

– Выкупляе? Што ты вярзеш, мужык?

Госць, аднак, не апусціў вачэй і працягваў тым жа спакойным, нават адсланёным голасам:

– Калі вядзецца вайна, гінуць не толькі воі... І не толькі вінаватыя. Той, хто ўзяў меч, мусіць быць гатовы адказваць за пралітую кроў. Асабліва калі гінуць тыя, хто верыў табе.

Голас пані быў халаднейшы за мокры вецер, які стукаўся ў шыбы.

– Якое права маеш ты гаварыць такое?

Паломнік нахіліў галаву:

– Я ваяваў.

Голас пані памякчэў:

– Ты, відаць, моцна пакутаваў. Але хіба ты збіраўся аддаць жыццё за нешта благое? Або цябе гвалтам прымусілі ўзяць зброю?

Паломнік ледзь заўважна ўсміхнуўся ў бараду:

– Ніхто не змог бы прымусіць мяне стаць воем, як нельга прымусіць пакахаць. Я верыў у тое, за што пайшоў на смерць. Але я занадта мала ведаў пра жыццё і смерць. І нічога не ведаў пра Таго, хто ўладарыць над жыццём і смерцю, бо Яго не было ў маім сэрцы, апантаным юнацкай прагай славы.

– Цяпер ты паразумнеў? – у пытанні была не шкадоба, а лёгкая пагарда.

Вочы госця былі зусім ясныя.

– Розум – ненадзейны правадыр таму, хто шукае шлях да Госпада. Гэта гардыня, ланцуг, які прывязвае чалавека да ягоных мерцвякоў і не дае ўзыходзіць любові да ўсяго Божага свету. У Бібліі сказана – няхай мёртвыя хароняць сваіх мерцвякоў. Малітва мацней ведаў і зброі. Я проста навучыўся маліцца. За памерлых герояў. І за ворагаў.

Пані амаль зласліва адвярнулася:

– Як хрысціянка, я не магу адпрэчыць сілу малітвы.

Галена адчула, што патрэбна ўмяшацца,– маці магла зазлаваць усур’ёз.

– Раскажыце пра свае падарожжы.

Дзядок удзячна пачаў гаманіць пра святыя мясціны, дзе давялося пабываць, пра добрых людзей, што паспрыялі ў дарозе, як і яе мосць пані Вайтылава. Вось мінулай ноччу іх прытулілі ў доме шаноўнага пана Гаеўскага, што за некалькі вёрст адсюль, і дачка пана Гаеўскага перадала ахвяру на свечку да абраза Смаленскай Маці Божае, і, вядома, яны гэтую свечку паставяць і памоляцца за маленькага паніча, які пакутуе на хваробу горла...

Пані, не слухаючы далей, узнялася і моўчкі пайшла ў апачывальню.

Пакаёўка, скіроўваючыся за гаспадыняй, злосна прашыпела паломнікам:

– Гэць адгэтуль. Разбалабоніліся. Ідзіце ў гасцявую, і каб раніцай духу вашага не было, гіцлі.

Дзядок разгублена пераступіў з нагі на нагу, не разумеючы, з чаго ўгневалася пані, перахрысціўся і сышоў. Малады паломнік нейкі час глядзеў на дзверы, за якімі знікла гаспадыня, потым зноў неяк асабліва ўсміхнуўся і, не выказваючы ні здзіўлення, ні прыкрасці, таксама павярнуўся, каб сысці.

– Пачакайце!

Галена чамусьці сказала гэта па-французску. Але госць спыніўся, на імгненне застыў у дзвярах, нахіліўшы галаву. Потым зірнуў у твар дзяўчыне.

Галена зноў адчула нязвыклую няёмкасць:

– Слухай... Ты... вы не павінны крыўдзіцца на маці. Проста той пан, у якога вы спыняліся, нядобры чалавек. Ён... ягоная частка віны ў тым, што мае браты загінулі.

– Я ведаю пра гэта,– ціха прамовіў госць.– Не турбуйцеся. Мяне нельга пакрыўдзіць. Ноччу я буду маліцца за гаспадыню гэтага дома.

Ён яшчэ раз дзіўна зірнуў на яе, быццам жадаючы запомніць нешта важнае. Дзяўчына раптам усвядоміла, які ён гожы – нават з гэтым пачварным шнарам і ссівелымі доўгімі валасамі, са сваёй худзізнай і ў лахманах... Прыгожы, як вызубраная, пазбаўленая аздабленняў зброя,– бо прыгажосць улітая ў сталь, з якой яе скавалі.

Галена глядзела, як ён спускаецца па лесвіцы, лёгка кратаючы драўляныя парэнчы тонкай рукой. Яна бачыць яго апошні раз...

Лампада ледзь асвятляла невялікі пакойчык, падобны на келлю. Перад абразамі ўкленчыла постаць...

– Прабачце, я хацела толькі запытаць...

Галене давялося паўтарыць свой зварот яшчэ раз, гучней, рызыкуючы пабудзіць дзеда, які пахропваў дзесьці за сцяной, у сумежным з малельняй пакоі для падарожных. Госць падняўся, перахрысціўшыся, нетаропка падышоў.

– Я вас слухаю...

Нават не здзівіўся! Нібыта жыве ў нейкім іншым свеце, і падзеі гэтага не могуць узрушыць яго.

Дзяўчыне з цяжкасцю ўдалося падабраць словы. Яна здагадваецца, што госць мае незвычайную біяграфію, ён не з мужыкоў – гэта відаць, прабачце. У тым, што ён сёння гаварыў, ёсць нейкая дзіўная, незразумелая ёй праўда, адрозная ад той праўды, на якой выхоўвалі яе самую. На жаль, ёй няма з кім размаўляць пра такія... філасофскія, не пасуючыя дзяўчыне матэрыі.

– Вы сказалі, што мёртвыя павінны хаваць сваіх мерцвякоў. А ў гэтым доме толькі мерцвякі – сапраўды жывуць... А жывыя – цені, каштоўныя толькі сваёй памяццю аб памерлых.

Галена сама не верыла, што можа гаварыць такое,– маці, пачуўшы, не даравала б ніколі. І з кім гаворыць? З бадзягам, выпадковым госцем. А той уважліва слухаў, злёгку нахіліўшы галаву, і яго доўгія валасы звісалі гладкімі пасмамі паўзверх запалых шчок, і ў цьмяным святле вочы здаваліся ненатуральна вялікімі – як дзве азярыны.

– Давайце прысядзем, ваша міласць... Вось тут, на лаўцы... Зручна? – Ён прыладкаваўся насупраць яе на невялікім зэдліку.– Мне шкада чуць ад вас такія горкія словы. Бо вы маеце рацыю – мёртвыя не мусяць уладарыць над чалавекам. Але так здараецца амаль заўсёды. Так, гэта цяжка... Але хто сказаў, што нам павінна ў гэтым жыцці быць лёгка? Праўда і ў тым, што нельга, каб магільныя камяні засланялі неба. Мінулае, з якога не пракладзеныя сцяжынкі ў будучыню, перастае існаваць. Бо для Госпада няма мінулага і будучыні. І няма іх для душаў.– Памаўчаў, неяк вельмі пранікнёна прамовіў: – Прабачце мяне за дзёрзкае пытанне, але... Чаму вы не выйшлі замуж? Гэта быў бы ратунак – і для вас, і для ўсяго гэтага дому. Новае жыццё... Дзеці... Працяг роду...

Галена пачырванела, радуючыся, што ў цемры гэтага непрыметна. Чаму яна наважылася быць шчырай?

– Вы можаце сабе ўявіць, каб у гэтым доме-труне з’явіліся жаніхі? Дый нават калі б было не так – наўрад ці я змагла б звязаць свой лёс з чалавекам...– Галена хацела дадаць – «звычайным», але гэта было як прызнаць незвычайнай сябе. І, каб згладзіць няёмкасць, яна проста папрасіла госця, як і тады, у зале, расказаць пра свае падарожжы.

І той загаварыў... Безумоўна, ён колісь атрымаў выдатную адукацыю – добра валодаў словам і тым, што называецца «паэтычным мысленнем». Але была яшчэ адна неацэнная якасць – ён не баяўся сказаць нешта не так, недастаткова прыгожа ці разумна, не думаў пра ўражанне, якое робіць на суразмоўцу. У расповедзе паўставалі бясконцыя дарогі, то засыпаныя сумётамі, то ўсланыя восеньскай лістотай, то пыльныя, спякотныя, на якіх босая нага пакідае такі след, быццам узляцела птушка.

...Скіт з пачарнелага ад часу дрэва, на выспе пасярод зарослага лілеямі возера, і манах-чарнец корміць з рукі лебедзяў... Манастыр са сценамі, абпаленымі пажарам вайны, з вышчарбінамі ў сценах ад куль, і абраз у правым нефе міраточыць... І кожная аблачынка здаецца ўвасобленай малітвай, пазалочанай сонцам – Боскай увагай.

– Я пайду з вамі.

Паломнік упершыню нібыта ўзрушыўся:

– Гэта немагчыма...

Галена да болю сціснула свае далоні, быццам рыхтавалася скочыць з абрыву.

– Не лічыце гэта дамскім капрызам. Я больш не магу так – пахаванай жыўцом. Я не спешчаная, бездапаможная засцянковая паненка. Паверце, я дастаткова моцная і непатрабавальная, магу шмат прайсці пешшу, і згатаваць ежу, і ўвогуле зрабіць любую чорную работу. Шмат жанчын ходзяць гэтак жа, як вы, па святых мясцінах,– і прагаварыла хутка, нібыта баючыся сваіх слоў: – І... я пайду за вамі, куды б вы ні пайшлі.

Госць нахіліў галаву:

– Паўтару – гэта немагчыма. Я разумею, што вы атрымалі незвычайнае выхаванне. Можна сказаць, спартанскае. Але вы ўспрымаеце мяне праз свае рамантычныя ўяўленні. Я не той, кім вы мяне палічылі. Я ўсяго толькі варты жалю грэшнік.

Галена нават усміхнулася:

– Гэта не тыя словы, якімі можна мяне адпудзіць. Праз гадзіну я буду сядзець ля прыдарожнага крыжа, там, на павароце за сядзібай. Нікому не ўдасца мяне затрымаць ці адгаварыць. І я не буду прэтэндаваць на асаблівую ўвагу. Я разумею, вы – святы чалавек і жаночыя вабнасці вас не кранаюць. Тым больш,– горка ўсміхнулася,– я не магу асабліва чымсьці ў гэтым плане пахваліцца. Бачыце, маці не навучыла мяне нават прыстойнай дзявоцкай сарамяжнасці.

Госць глядзеў на яе, і ў цёмных вачах ягоных люстравалася яе пакута.

– Ты вельмі прыгожая, Галена. Павер. І я мог бы закахацца ў цябе – смяротна, на ўсё жыццё закахацца. Каб не быў... тваім братам.

Апошнія словы госць прашаптаў так ціха, што Галена хутчэй здагадалася, чым пачула.

– Алесь!

Як жа яна не пазнала сама... Такія ж гордыя бровы, як у маці... Рысы твару... Ён пяшчотна гладзіў сястру па валасах. Яе ніколі ніхто так не гладзіў! Які ж ён, аднак, схуднелы... Нешта абдрапала яе руку...

– Алесь! Навошта ты носіш вярыгі?!

– Можа быць, таму, што некалі лічыў гэта незразумелым дзікунствам. Бог літасцівы, і не кожнага спасцігае ўсведамленне, што цялесная пакута робіць палёгку душы... Не, не глядзі на мяне так, нібыта я насамрэч святы пакутнік. Была і цалкам празаічная прычына... Глядзі...

Алесь сцягнуў з пляча кашулю. Па скуры ішлі накрыж цёмныя палосы.

– Гэта не ўсе ад вярыгаў... Катаржаніна лёгка пазнаць па слядах ад бізуна. А так – менш падазрэнняў.

– Як жа ты мучыўся...– Галена ледзь стрымлівала слёзы.– Але цяпер – цяпер усё будзе добра! Ну чаму, чаму ты адразу не сказаў? Як ты мог не адкрыцца маці? Яна абагаўляе цябе! Няўжо ты падумаў, што мы збаімся схаваць цябе ці проста не здолеем дапамагчы? У маці засталіся ўплывовыя сябры, якія таксама лічаць цябе героем...

– Героем...– Алесь горка ўздыхнуў.– У мяне было часу, каб падумаць над сэнсам гэтага слова. Супакойся, прысядзь... Не варта турбаваць маці. Ведаеш, я даўно мог прыйсці ў Гайвароны.

– Але... чаму ты гэтага не зрабіў?!

– Галена, не спяшайся, падумай, хіба я – той, каго чакае маці? І цяпер я зайшоў сюды, толькі каб... развітацца.

– Не разумею...

Відаць, ад таго, што агеньчык лампады рабіў цені такімі глыбокімі і дрыготкімі, Галене падалося, быццам пакой кудысьці плыве ў гэтай мігатлівай цемры і голас Алеся гучыць аднекуль з іншага берага.

– Я іду ў Опціну Пустынь, прыму пострыг.

Галену захліснула хваля горкага гневу:

– Ты не думаеш, што гэта жорстка ў адносінах да нас? Ты можаш падараваць жыццё гэтаму дому, ператворанаму ва ўсыпальніцу!

Алесь прысеў побач на лаўку:

– Гэта было чатырнаццаць гадоў таму. У перамогу паўстання яшчэ верылі толькі тыя, хто быў гатовы аддаць за яго жыццё. Генусь, наш старэйшы брат, кіраваў атрадам. У нас засталася толькі пара дзясяткаў чалавек. Былі атрыманыя звесткі, што вось-вось прыбудуць карнікі. І мне даручылі сабраць атрад у нашых Гайваронах і ўдарыць у спіну прыхадняў. Мы ўсе былі маладыя і дзёрзкія і лічылі сябе напалеонамі. Мне было васямнаццаць, але я, мабыць, быў самым дзёрзкім з усіх. Я з’явіўся ў вёсцы, і людзі пайшлі за мной. Я быў іх добры паніч, і мужыкі верылі мне. Добраахвотнікаў сабралася шаснаццаць чалавек. Лепшыя людзі – вядома ж, бо на смерць першымі выклікаюцца ісці лепшыя. Я не мог дасканала ўзброіць іх – на ўсіх выпадала дзесяць стрэльбаў. Але гэта мяне не засмучала – мужыкі ператварылі косы ў дзіды, а гэта таксама страшная зброя. І мне бачылася, як мы налятаем знянацку на жандараў і пад ударамі мужыцкіх косаў чырванеюць ненавісныя мундзіры. І мы ехалі і спявалі старыя ваярскія гімны, а я ледзь не смяяўся ад шчасця баявога азарту.

Вядома, я прывёў іх пад кулі. Мае палымяныя прамовы з ганка царквы не засталіся незаўважанымі. Іх забілі ўсіх. Шаснаццаць дужых мужчын, гаспадароў. Ніхто не паспеў нават выстраліць у адказ. Мяне толькі паранілі. Я ачуняў у нетрах Бабруйскай крэпасці. Вядома, я чакаў, што мяне расстраляюць. Я хацеў гэтага – тады б я зноў апынуўся са сваім атрадам, мною паднятым у бойку. Але я быў малодшым, і браты ў чарговы раз захінулі мяне, нават сваёй смерцю. Страту замянілі пажыццёвай катаргай. І не было такой ночы, калі б я не думаў пра тых шаснаццаць.

Галена ўзяла рукі брата ў свае:

– Ты невінаваты. Яны ўсе мелі выбар, і загінулі за святую справу.

Алесь паківаў галавою:

– Я паўтараў гэта сабе кожны дзень. Але ў іх засталіся бацькі, жонкі, дзеці... Ты ведаеш, што зрабілі ў Гайваронах з родзічамі бунтаўшчыкоў?

Галена сцішана ўздыхнула:

– Гэта тым больш не твая віна. І, зрэшты, палкаводцы вядуць на гібель тысячы жаўнераў – і ніхто з іх не надзявае пасля вярыгі...

– Гэта так...– пагадзіўся Алесь.– І да гэтага выпадку – я ж біўся побач з Генусем і Януком, і вакол нас дзясяткамі гінулі людзі, і мне было горка. Але гэта было, як ні кашчунна такое гаварыць, звычайнай справай. Але тут... Разумееш, сонечная восеньская раніца... І я адчуваў сваё адзінства з тымі, хто ехаў за мною, і нейкі асаблівы ўздым... Гэта – мае людзі, з маёй радавой зямлі... Я быў юны, але гэта былі як бы мае дзеці. Даверлівыя і паслухмяныя. І загінулі толькі таму, што паверылі мне,– вера ў «святую справу» не паспела ў іх выспець.

– Ты занадта многа ўзяў на сябе, брат,– трывожна прамовіла Галена.

– Не хвалюйся, гэта ўжо перажыта,– зноў спакойна сказаў Алесь.– Гэтыя, апошнія, гады блуканняў і малітвы не прамінулі дарэмна. Я знайшоў супакой. Але каб захаваць яго – мне не варта вяртацца ў гэты дом. Зразумей, я не магу гэтага зрабіць. Я не шкадую, што калісьці ўзяў зброю, каб адваяваць волю для айчыны – я і цяпер памёр бы за тое, каб яна была вольная. Але я ніколі больш не змагу забіць. І не змагу не дараваць. Фактычна – той, юны і дзёрзкі, Алесь Вайтылаў памёр. Мне няма пра што гаварыць з тымі, хто жадае помсты. У мяне свой шлях, і я прайду яго да канца. Не шкадуй мяне, мілая. Я шчаслівы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю