355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 8)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 32 страниц)

Раптам Бернацоні раздражнёна ўскрыкнуў:

– Маледэтта! Я мушу гібець тут аж да пачатку посту! Ну які ёлуп увёў у вушы Яго Вялікасці, што гэтае панішчанае, няшчаснае мястэчка мае волю да супраціву! Ды тут яшчэ сто гадоў не будзе моцы нават зладзіць начную варту! А, гэта, відаць, Яго правялебнасць, шаноўны біскуп, пастараўся...

Анэта скаланулася. Чужынец казаў пра яе горад, пра яе ўлюбёны, вольны Старавежск.

– Наш горад аджыве! – дачка радцы не магла змаўчаць.– І пошасць была. І пскавічы нас палілі, і крымскі хан... Старавежск можна параніць. Але нельга забіць.

Бернацоні прымружыў вочы, нібыта дзяўчына знаходзілася ад яго далёка-далёка.

– Вось як, бамбіна... Ты любіш свой горад? Магчыма, ты любіш яго нават так, што можаш за яго памерці?

Анэта з выклікам паглядзела ў цёмныя вочы лекара.

– Многія больш вартыя за мяне аддавалі жыццё за гэты горад.

У вачах італьянца не заўважалася насмешкі.

– Так, дона, так... Велічыня чалавека суразмерная таму, за што ён здольны памерці. Гэта можа быць усяго толькі ягоны дом, з нажытымі ім дабром і дзецьмі, з улюбёнай ружовашчокай матронай, а можа быць – ягоны народ... Яго вера... Яго Гасподзь... Калі ж нехта больш за ўсё на свеце даражыцца сабою – ён такі малы, што вочы Неба абмінаюць яго, як нявартую парушынку... У цябе вялікая душа, дона.

Лекар адышоўся і працягваў разважаць, нібы спрачаючыся сам з сабою:

– А вось усё чалавецтва... Якое ёсць, якое будзе. Стракатае, забыўлівае, асуджанае знішчаць самое сябе, як скарпіён у коле вуголляў... Ці варта паміраць за чалавецтва? Хіба можна ашчаслівіць яго – усё? А, дона?

Анэта спалохана паціснула плячыма – у такія хвілі Бернацоні нагадваў ёй вар’ята...

– Не ведаеш? Вось і я не ведаю... Калі для адных гэта будзе шчасцем, для другіх – жахам... Няхай ашчасліўленых станецца больш... Але, магчыма, тыя, хто застаўся ў абдзеленай меншасці, больш вартыя? Адзіна вартыя? – Лекар падышоў да гадзінніка з фігуркай смерці, што адсякае галаву каралю, дакрануўся да застылага ў жаху бронзавага ўладара, які ўкленчыў перад страшнай госцяй.– Калі я толькі яшчэ вучыўся лекаваць, і замест залатога ланцуга на маёй шыі заўсёды матлялася хустачка чарговай прыгожанькай сіньёры, што засумавала ў высакародным замужжы,– вох, які я быў блазнюк! – я засвоіў, што часам, каб выратаваць чалавека, трэба адняць ад яго цела невылечна хворую частку. Гэта балюча, і чалавек застанецца калекам... Але ён будзе жыць. Здараецца, варта пазбавіцца добрага, разумнага, памяркоўнага караля, каб яго народ змог паўстаць супраць ворагаў. Пральецца шмат крыві, але краіна ажыве. А калі дзеля шчасця краіны належыць ахвяраваць адным горадам... Гэта праўдзіва? А, дона?

Анэта разумела, што ад яе не чакаюць адказу. Разважаць пра такія складаныя рэчы з дзяўчынай... Але яна адказала.

– Гэта бязбожна!

– Вось як? – Бернацоні быў угневаны.– Не табе судзіць. Мая любая Італія ляжала ў руінах, таму што кожны горад хацеў быць асобным каралеўствам, і ўсе ваявалі з усімі.

Але Анэта крыкнула, нібыта глыток свежага паветра вярнуў ёй былыя сілы, аж галуб спалохана ўзляцеў пад скляпеністую столь.

– У нашым горадзе жылі шчаслівыя людзі! Мы нікога не чапалі. Толькі бараніліся. Гасподзь выпрабоўвае нас, але не дасць знікнуць! Я не хачу болей слухаць вашыя гадзіннікі! Я хачу выйсці з вежы! Можа быць, нехта з маёй сям’і жывы...

Так, яна больш не сядзе сярод яго гадзіннікаў, ад голасу якіх то млосна, то непрыстойна весела, нібыта ад чары віна... А лекар пытаецца пра яе адчуванні і нешта падлажвае ў хітрых механізмах... Дае выпіць адвар... І зноў заводзіць гадзіннікі.

– Ніхто, акрамя смерці, не чакае цябе,– лекар гаварыў вельмі спакойна.– Ты застанешся тут, пакуль не прыедзе новы войт, прысланы князем. Тады я перадам цябе пад ягоную ўладу. А зараз – час піць адвар...

У пакой, нібыта падслухоўвала пад дзвярыма, увайшла рыкуння, ключніца Марцэля, высокая немаладая кабета з тварам, нібыта выразаным з дрэва, з глыбока запалымі вачыма, падала дзяўчыне кубак з чырвонага венецыянскага шкла. Чырвоны колер мусіў дадаваць сілы зёлкам.

– Не!

Бернацоні толькі прыўзняў бровы.

– Той, хто адмаўляецца лячыцца – грашыць, бо лекара стварыў Бог. Пі!

– Не буду! Ад вашых напояў я нібыта ў воблаку...

– Ты што, думаеш, я цябе атручваю? – усміхнуўся лекар.– Глядзі...– Ён адпіў з кубка.– Бачыш? Гэта ўсяго толькі зёлкі. Ну!

Марцэля паднесла кубак проста да вуснаў Анэты, зірнула ненавісна... Адкуль гэтая нянавісць? Дзяўчына адчула: не вып’е – увальюць у рот... Як вар’ятцы... Прысмак чорнай арабіны... Звязвае ў роце...

– Правядзі сіньярыту ў яе пакой.

Анэта павольна рушыла ў маленькі пакойчык, хутчэй – нішу, завешаную цяжкім сінім палатном, якая межавала з гасцёўняй. Услед даляцеў вясёлы голас лекара:

– Ты яшчэ не з усімі маймі гадзіннікамі пагутарыла, донна!

– Не хачу-у-у!

– Не хачу-у-у!

Эльфійская каралеўна па імені Стэла адчайна, як спалоханае дзіця, тузанула Юрася за рукаў.

– Ты нікуды не паедзеш!

Я сядзела ў машыне Віталя Аляксандравіча, якая мусіла адвезці нас у Калыванаўскія ўладанні, да старавежскіх таямніцаў, і рабіла выгляд, быццам мяне больш за ўсё на свеце цікавіць шэрая цагляная сцяна за акном. Чаго кабета ўсхадзілася? Можа, да мяне раўнуе? Каб яна ведала, наколькі беспадстаўна. Юрась між тым пакорліва выйшаў з салона. Нешта не памятаю, каб ён гэтак жа слухаўся маіх капрызаў. Я зірнула. Яны стаялі наводдаль, абодва ў чорным, як дзве пацямнелыя ад часу статуэткі на засланым залацістым абрусам стале. Юрась нешта гаварыў, супакойваў, гладзіў жонку па бліскучых, як чорны шоўк, валасах, а Стэла ўсё гэтак жа адчайна чаплялася за яго. Нарэшце спадар рэстаўратар палез у кішэні сваёй паношанай курткі, дастаў грошы... Стэла прагна схапіла іх, палічыла... І зноў нешта адчайна загаварыла. Юрась адмоўна пакруціў галавою. Раптам жанчына замахнулася на яго, Юрась перахапіў яе тонкую руку, здавалася б, занадта далікатную нават для таго, каб рваць кветкі... Мінакі пачалі зацікаўлена азірацца. Я разгублена назірала за брыдкай дзеяй.

– А нічога не паробіш,– меланхалічна пракаментаваў Віталь, які сядзеў наперадзе, побач з шафёрам, маўклівым маладым чалавекам у скуранцы, з чорнымі прылізанымі валасамі і вузенькімі вусікамі на манер акцёраў нямога кіно.– З такімі хоць па-добраму, хоць па-злому – вынік адзін...

Кіроўца няспешна азірнуўся, ацаніў сітуацыю – відаць, паедзем не хутка, уздзеў навушнікі плэера і загайдаўся ў толькі яму чутным бадзёрым рытме. Маўляў, мая справа маленькая, разбірайцеся, паны, самі.

А Юрась раптам прыціснуў да сябе Стэлу, якая рвалася з яго рук, і моцна пацалаваў... Яна прыціхла, абхапіла яго тонкімі рукамі... Потым Юрась крыкнуў у бок машыны:

– Пачакайце мяне хвілінаў дваццаць!

І павёў некуды сваю нервовую прыгажуню.

– І навошта гэта яму? – шчыра азваўся Віталь. І распавёў мне гісторыю Юрасёвага шлюбу.

...Мой былы муж не любіў журналістыку, затое цягнуўся да мастакоўскага свету, як грэшнік да крыжа. Вось у адной вясёлай майстэрні, сярод недамаляваных карцінаў і старажытнай керамікі Юрась і напаткаў сваю Стэлу. Таленавітую і дзіўную. Будучы рэстаўратар – ён вучыўся на другім курсе вучэльні – не спяшаўся сыходзіць з майстэрні, якая і належала чароўнай Стэле – бацька, вядомы мастак, паспрыяў. Настрой гаспадыні між тым сапсаваўся. З ейных цёмных самотных вачэй без дай прычыны паліліся паэтычныя слёзы... Астатняя публіка неяк вельмі хуценька разбеглася... Мусіць, ведалі, які «цырк» пачнецца. І Юрась атрымаў задавальнення напоўніцу. Наркаманка са стажам у час «ломкі». Калі Юрась зразумеў, што за лекі вытанчаная Стэла збіраецца ўпароць сабе ў вену, учыніў «мудра» – выхапіў шпрыц ды выкінуў праз акно. Мастачка паспрабавала адправіцца ўслед за сваім «ратункам»... Юрась з апошніх сілаў утрымліваў яе на падаконні, а прыгажуня несамавіта лаялася... Ды яшчэ трапіўся ёй пад руку мастыхін – вострая металёвая лапатка, якой счышчаюць фарбу з халста... Вось так і ўпрыгожыліся твар і рукі майго былога мужа шнарамі.

Дзесьці пад раніцу дзяўчына апрытомнела... І што першае зрабіў Юрась, парэзаны вострым лязом, як пасля бойкі з тузінам адмарозкаў? Правільна, прапанаваў выйсці за яго замуж. Ясна, чаму: збіраўся стаць выратавальнікам. Але нават гэты легкадумны рамантык не ўяўляў, з чым сутыкнецца.

Ён пераспрабаваў усё. Звычайных дактароў і гіпнатызёраў, вазіў да святароў, аднойчы ўгаварыў пажыць разам у скіце дзесьці ў Карэліі... Але вера мелася толькі ў ім. Звярнуўся аднойчы і да былога выкладчыка. Віталь якраз ладзіў чарговую рэкламную кампанію свайго гаспадара – хоспіс ды наркалагічны цэнтр.

– Ніхто ёй не дапамог і не дапаможа,– зазначыў мой суразмоўца.– А без «дозы» загнецца... Вось Юрась і зарабляе на «дурноту».

– Ён купляе жонцы наркотыкі?!! – жахнулася я.

Віталь меланхалічна паціснуў плячыма:

– Калі не выбрацца з балота, застаецца квакаць. А шкада хлопца! Светлая галава, хаця з дзівацтвамі. У палітыку палез, калі гэта было яшчэ модна. За адным апазіцыянерам партфель насіў... Пасля пасварыўся... Каб яму добрага дарадчыка ды кіраўніка – абапіраючыся на такіх людзей, адказных, палкіх – шмат можна дасягнуць. Але ж вось – згас чалавек, звузіўся... Я такіх лёсаў шмат бачыў.

Ад пачутага мне зрабілася ніякавата. Ніколі не мела блізкіх стасункаў з наркаманамі. Ведала, што ў Менску яны збіраліся ў кавярні «Пінгвін», цяпер пераробленай у безаблічную рэстарацыю з марскім назовам. А мой сябра паэт вадзіў мяне па маленькіх кавярнях... Я запомніла з неахайнай купкі заўсёднікаў «Пінгвіна» дзяўчыну з нібыта размытымі дажджом рысамі твару, у якой хіпоўскую павязку на галаве ўпрыгожвалі рыбацкія мармышкі. Вочы ў дзяўчыны з мармышкамі былі светлыя, і здавалася, з нейкай празрыстай плёнкай... Сябра грэбліва патлумачыў: «наркаманка». Але да Стэлы грэбліва ставіцца я не магла.

Юрась моўчкі сеў у машыну. У яго быў такі твар, што ў мяне скаланулася сэрца. Як ён яе кахае... А чаму не? Хворых і няшчасных, ад каго адны клопаты, часам кахаюць куды глыбей і адданей, чым здаровых ды ўдалых.

Кіроўца ўсё гэтак жа моўчкі зняў навушнікі і завёў машыну. Я так і не зразумела, чуў нашы размовы гэты прылізаны хлопец, або не? Ідэальная прыслуга.

Калыванаўская сядзіба, як я і чакала, была абкружаная высозным бетонным плотам. Сосны палахліва спыніліся перад ім раўнюткім шэрагам. Можа, гэта рэшта «савецкага» выхавання, але да такіх платоў у мяне трывалая агіда... А калі бачу, як перада мной бязгучна раз’язджаюцца жалезныя вароты, ахоплівае дурны дзікі страх – нібыта штурхаюць у турэмную камеру...

Восеньскі дзень кароткі, яго твар ужо цямнеў ад стомы. Але пейзаж за жалезнымі варотамі быў падсвечаны нізкімі – нібыта для гномаў – круглымі ліхтарамі, і бачыўся выразна і адначасова прывідна. Рэшткі старой брамы... Дзве мармуровыя багіні па абодва бакі дарогі вартуюць прысаду; адна трымае ў руцэ аліўкавую галінку, другая – меч. Але час адняў у велічных каменных постацяў антычны бляск. У адной багіні не хапала рукі, у другой адбіты нос... Здавалася, што па гэтых абшарпаных, патрэсканых статуях абавязкова поўзаюць смаўжы...

Я не магла пазнаць, што за дрэвы сашчапілі ў прыцемку над дарогай свае пазбаўленыя лісця густыя галіны – нібыта ведзьміныя валасы, выпрастаныя ветрам і залітыя святлом поўні. Але гэтым волатам, відаць, была не адна сотня гадоў. Фары машыны высвечвалі каржакаватыя сівыя ствалы. Мы ехалі зусім павольна, і мяне ўразіла цішыня вакол... Нішто сабе маёнтак! Раптам паказаўся яшчэ шэраг статуй. На п’едэсталах узвышаліся постаці, падобныя да рымскіх імператараў. Гэтыя скульптуры яшчэ больш пацярпелі ад часу. На некаторых пастаментах засталіся толькі ногі невядомых герояў... Дарога вільнула ўбок, і я нарэшце ўбачыла рэзідэнцыю пана Калыванава. Не падобна да жытла алігарха. Двухпавярховы дом з чатырма калонамі, з вострым дахам і вежамі па кутах. Зусім не цацачная падробка, на якія я нагледзелася. Гэты будынак паглядаў на нас нібыта з-пад старасвецкага капелюха – гэткі састарэлы, але ўсё яшчэ ганарысты шляхцюк...

– Людвісарава,– шапнуў мне Юрась.

Вось яно што... Маёнтак славутых магнатаў... А я лічыла, што ён зруйнаваны. Праўда, непадалёк у прыцемку бялелі самотныя калоны, нібыта разгубленыя тым, што больш не трэба падтрымліваць цяжар даху... Відаць, новыя гаспадары аднавілі толькі частку палаца.

Але ўнутры дома нічога не нагадвала пра старасвеччыну. Пунсовыя дываны, белыя сцены, а на іх – яркія і стракатыя, нібыта спадніцы аперэтачнай Сільвы, пастэлі ў металёвых рамках. Ды яшчэ мёртвае зыркае святло лямпачак, падобных да вачэй робата.

– Ну, вось і дома! – Віталь Янчын шырока разводзіў рукамі, нібыта ўсё бачанае належала яму. Двое мужчынаў у аднолькавых швэдарах колеру кавы з малаком і з аднолькавымі квадратнымі сківіцамі і пляскатымі баксёрскімі насамі ветліва ўсміхаліся. Той, што быў вышэй, з кароткімі рудымі валасамі, паказаў рукой налева.

– Вось па тым калідоры вашыя пакоі. Вячэра а восьмай, гаспадар абяцаў прыехаць, так што пазнаёміцеся.

Голас яго нагадваў трамбон, на якім звар’яцелы музыка спрабаваў сыграць партыю флейты. Такім голасам добра крычаць: «Выходзіць па аднаму! Рукі за галаву!» Другі мужчына, каржакаваты і чарнявы, гэтак жа ветліва дадаў:

– Уладкоўвайцеся, і што трэба для працы – адразу нам кажыце. Дамовіліся? Я – Анатоль. А гэта – Ігар.

У пакоі меліся кандыцыянер і камп’ютар. Але мне было так трывожна, што замест таго, каб раскласці прывезеныя рэчы, падпарадкаваць сабе чужую прастору, я проста села на канапу, пакрытую белай атласнай коўдрай, і так і праседзела амаль гадзіну, перабіраючы ў думках падзеі апошняга часу, нібыта пацеркі з чорных перлінаў... І я амаль жадала, каб нітка, што звязвала іх, парвалася, і нешта назаўсёды згубілася ў бездані забыцця. Але нітка часу рвецца толькі разам з жыццём.

Другі паверх выглядаў зусім іначай, чым першы. Відаць, наверсе былі панскія пакоі, а ўнізе – для «абслугі». У панскіх стаяла антыкварная мэбля, на сценах – дываны, на іх – зброя... А ў сталовай – абедзенны стол з матавага цёмнага металу, і нават без абруса. Адны сурвэткі, звязаныя з тонкіх ільняных нітак. У металёвай паверхні люстраваліся лямпачкі, і здавалася, што посуд зараз паплыве. А на мне замест вячэрняй сукенкі – стары швэдар... Добра, што і Юрась выглядае гэткім жа «бедным сваяком». Затое, у адрозненне ад мяне, пра гэта зусім не думае.

– Гэта праўда, Ганна, што вы можаце прачытаць за гадзіну пяцьсот старонак тэксту?

Голас Пятра Калыванава быў гэткі ж рэзкі, востры, як аблічча. Расейскі магнат нагадваў мне, як ні дзіўна, Скарамуша – драўляную ляльку з італьянскага вулічнага тэатра: нос і падбароддзе – як шчыпцы, чорныя вочы маленькія, але жудасна пранізлівыя, валасы зачасаныя назад – толькі стракатага раздвоенага каўпака не хапае. На экране тэлевізара магнат выглядаў больш мажным, прыемна паўнаватым, скрадвалася вуглаватая, небяспечная вастрыня. Вакол гэтага чалавека нешта адчувалася... Сказаць – «сіла» – неяк па-джэдаеўску... Сказаць «харызма» – па-газетнаму... Цяжка было ўявіць, што з ім можна спрачацца. Аднак ён нечакана шмат ведае пра мяне...

– Магу чытаць і хутка... Але насамрэч мне падабаецца цешыцца з тэксту. Калі тэкст, вядома, гэтага варты.

Мой адказ не быў надта ветлівы ад таго, што я страшэнна бянтэжылася.

– Вы валодаеце польскай і нямецкай,– працягваў гаспадар нібыта чытаў маё дасье.– І ў вас своеасаблівы талент следчага. Мне расказвалі, як вас пакінулі без нагляду на паўгадзінкі ў кабінеце судовага архіва, а пасля вы напісалі артыкул, цытуючы напамяць дзясяткі дакументаў з таго кабінета. Гаспадара якога, дарэчы, пасля гэтага звольнілі. Журналісты непераборлівыя ў сродках, га?

Калыванаў па-змоўніцку падміргнуў мне.

– У мяне было ўсяго дваццаць хвілінаў,– буркнула я.– А справа тычылася вывезеных з мясцовай царквы каштоўнасцяў, якія ў розныя эпохі па чарзе прыўлашчвала начальства. Я не люблю, калі бароняць чыноўных злодзеяў.

Калыванаў раптам шчыра засмяяўся, але ягоны смех падтрымаў толькі Віталь Янчын. Потым магнат пачаў свідраваць позіркам Юрася.

– Гэта вы адладзілі музычны куфэрак жонкі Саксаганава? Быў пару месяцаў у іх у гасцях, хваліліся... Мілая такая штучка. Лялечны тэатрык у мініяцюры. Складана было рамантаваць?

Юрась пасміхнуўся:

– «Складана!» Ды там ніводнай цэлай дэталі не засталося. Фігуркі рухаюцца на некалькіх ярусах, спектакль разыгрываюць, а дэталі медныя, усе рассыпаліся. Паўгода важдаўся.

– Добрая праца! – сур’ёзна пахваліў Калыванаў.– Саксаганскі за куфэрак дваццаць кавалкаў аддаў, і ніхто адладжваць не браўся. Нават у Швейцарыі. Я заўсёды казаў, што славянскія самародкі ўсіх замежных свяцілаў у лапці абуюць. Колькі талентаў хоць бы за гэтым сталом! – Калыванаў агледзеў прысутных.– Вось гэты паважаны чалавек, Зміцер Патапавіч – прафесар фізікі. А таксама знаўца любой найтонкай электронікі. Без дапамогі Зміцера Патапавіча гэты дом даўно б заняпаў....

Сівы старэча ў акулярах з круглымі і тоўстымі, нібы два ледзякі, лінзамі ветліва кіўнуў мне з другога канца стала.

– А той прыемны малады чалавек у белым пінжаку – спецыяліст, так бы мовіць, па мазгах,– працягваў гаспадар прадстаўляць гасцей. «Спецыяліст па мазгах», сапраўды вельмі прыемны бялявы хлопец, які сядзеў насупраць, прыветна памахаў рукой.

– Завіце мяне Макс.

– Ужо прабачце, пераняў я на Захадзе звычку ўвесь час карыстацца паслугамі псіхолага,– ветліва патлумачыў Калыванаў.– Справа Макса – папярэджваць канфлікты, выслухоўваць скаргі, сачыць за здароўем насельнікаў гэтага дому... Ну, Віталя Янчына ўсе ведаюць,– магнат павярнуўся да нашага былога выкладчыка, які сядзеў злева ад яго.– Арганізатар геніяльны...

Янчын трохі няшчыра ўсміхнуўся – вядома, я таксама б пакрыўдзілася: ані слова пра творчыя здольнасці.

– А таленты гэтых маладых людзей я нікому не раіў бы выпрабоўваць на справе.– Калыванаў паказаў на ахоўнікаў, што выстраіліся ля сцяны ганаровай вартай, нібыта хваліўся чарговай калекцыяй.

Магнат пачакаў, пакуль афіцыянт (ці як ён там у панскіх дамах называецца, можа, як пры каралеўскім двары, падчашы?) разалье па келіхах напоі, і падняў свой келіх уверх.

– За вашыя поспехі! Заўтра раніцой – зноў да гадзіннікаў, сябры. Прымусьце іх загаварыць. У вас для гэтага ёсць усё – талент, час, грошы... Прафесар распавёў мне, што ўзніклі складанасці з рамонтам, нейкія там старажытныя сакрэты, але я веру, што вы справіцеся. На саракавінах па маім сябры гадзіннікі мусяць працаваць дакладна так, як у пятнаццатым стагоддзі! Дакладна так!

Здаецца, нічога дзіўнага не было сказана. Толькі я заўважыла, як прафесар скрывіў вусны – з’едліва так, нядобра скрывіў. І мне стала зноў трывожна. Я зірнула на Юрася і сустрэла ягоны спакойны пагляд. Чаму я ўсхадзілася? Даюць добрую працу – рабі. Што я, пра тыя гадзіннікі не напішу, пра вежу? А пра Аркадзя, беднага, дык проста грэх не напісаць. Але пастукванні посуду аб металёвы стол не спрыялі майму спакою, а хутчэй нагадвалі непрыемнае – напрыклад, як зубны ўрач перабірае ў маленькай бліскучай місачцы інструменты. Мне чамусьці падумалася, што свае дзве тысячы мне давядзецца адпрацаваць напоўніцу.

Войска Вялікага князя ўязджала ў горад няспешна, без асаблівай урачыстасці. Мо з сотню чалавек моўчкі назіралі за шыхтам, стоячы ля дамоў, вокны якіх былі забітыя накрыж. Яркія ўборы прыхадняў нібыта ганьбілі жалобную цёмную вопратку гараджанаў. На цнатліва белай паверхні першага снегу заставаліся чорныя сляды, і здавалася, што чужынцы нясуць за сабой гэтую чарнату, вядуць яе ў апусцелы горад, чые вуліцы былі яшчэ нечапана белымі. Чуваць было толькі, як стукаюць па бруку падковы коней ды пабразгвае вупраж. Ды яшчэ – вар’яцкае «Хе-хе-хе» княскага блазна Карэйвы, хударлявага, пачварна сагнутага ў крук – блазан і на кані сядзеў не па-людску, а амаль лежачы, у адмысловым сядле, падобным да залачоных ночваў. Усё княства ведала, што Карэйва пасмейваецца ўвесьчасна, нібы жаба квакае. Сагнула Карэйву пасля таго, як пабыў у лёхах замка аднаго з магнатаў, ды не як госць. За што небараку гэтак катавалі, ніхто не ведае. Розум востры, наколькі можа быць вострым ва ўбогага вар’ята, і блазан умеў пацешыць сваіх гаспадароў. Але, можа, менавіта гэтае пахехекванне ўрэшце надакучыла Вялікаму князю, які падарыў былога ўлюбёнца пану Лаўрыну Рожы – новаму войту Старавежску. Вось і ён, Рожа, у срэбным жупане, у гарнастаях і дыяментах. Аблічча шырокае, спрэс у шнарах. Прабіўся да высокай пасады нялёгка, не з багацеяў. Ад простага воя шлях прайшоў. Княскі хорт, гатовы перагрызці горла за гаспадара нават святому. Побач – ягоны верны хорт, соцкі Баркун, падобны да мядзведзя. Гэты не меў літасці, напэўна, нават да ўласнае калыскі.

Чужынцы ехалі праз горад. Некаторыя старавежцы шапталі скрозь сціснутыя зубы праклёны... Ляцяць каршукі на падлу... Іншыя – іх было больш – паглядалі з надзеяй. Хіба горай будзе? А раптам – да лепшага новая ўлада? Самім усё роўна не акрыяць.

Перад уездам на пляц з ратушай, там, дзе пачыналася варта, выстаўленая Гервасіем Бернацоні, гасцей чакалі. Ацалелыя ад пошасці і скокаў смерці радавітыя гараджане жадалі перамоваў. Лаўрын абвёў вачыма тых, хто перагарадзіў яму шлях: тузіны тры... Няшмат вас, панове. Погляд звыкла вылучыў тых, хто заслугоўваў увагі. Малады шляхціц з чорным віхорам, які выбіўся з-пад шапкі з дыяментавым «гузам», глядзіць дзёрзка, непакорліва; таўсматы пан з доўгімі сівымі вусамі і прыжмуранымі, нібы ад нянавісці, вачыма. І руку ўпёр у бок, а другая на дзяржальне шаблі...

– Вітаем у нашым горадзе пасланцаў Вялікага князя!

Бач, гаспадары аб’явіліся! Лаўрын грозна нахмурыўся.

– Я ваш новы войт. Увечары я вас выслухаю. А зараз – сыдзіце з дарогі.

Вочы маладога шляхціца гарэлі сінім халодным полымем, нібыта зоры ў мароз.

– Наш горад яшчэ жывы! І ягонае магдэбургскае права не адмененае! Ёсць сем чалавек з гарадской рады. Вось – бурмістр, пан Варава Ляскевіч.

Сівавусы ганарыста кіўнуў галавой.

– Ляскевічы заўсёды абіраліся ў раду. Яе ж абірала капа, веча... А рада абірала войта. І не іначай.

Шляхта за спінай сівавусага ўхвальна загула.

Лаўрын пасміхнуўся ў вусы. Бач, вадзіцца ўздумалі... Але заядацца не выпадала. Рожа быў стары ваяка, пры княскім двары за трыццаць гадоў нагледзеўся ўсялякага... Уменне весці перамовы не менш важна, чым жалезная пальчатка на руцэ, якой трымаеш цяжкі меч. Рожа няспешна злез з каня – хай бачаць, што ён не вораг. Але прыніжацца таксама нельга – стопчуць адразу.

– Хіба ў Старавежску гэтак прынята вітаць гасцей? – цяпер голас новага войта гучаў мякка, як поступ коткі, што падбіраецца да птаха.– Вялікі князь хоча дапамагчы вашаму гораду ў бядзе. У яго няма інакшых мэтаў.

Хрыплы смех блазна Карэйвы парушыў урачыстасць словаў.

– Хе-хе-хе! Схіліце хвост ды пад мост, ягамосці! Важныя ў вас госці! Паздароў, Божа, паноў, што няма ні коней, ні кароў, адныя мігдалы нябёсныя, дый тыя зямлёй пахнуць. А мы вам пернікаў прывезлі. Смачныя, княскія! Хе-хе-хе!

Новы войт злосна зірнуў на блазна – што з дурня возьмеш.

– Мне загадана ягонай мосцю ўсяляк ратаваць і адбудоўваць горад, спрыяць, каб ён зноў насяляўся і гандляваў, і прымнажаў славу княства.

– І пастаўляў князю вояў для патрэбных толькі яму звадак! – выкрыкнуў сінявокі рыцар.– І аддаваў на княскі суд, хто князю не ўгодзіць! У халопы месцічаў запішаце.

– Магдэбургскае права ў нас ніхто не забярэ! – крыкнуў стары шляхціц.

– А навошта князь свайго біскупа прысылаў? – азваўся яшчэ адзін.– Мы не папісты! Гэта толькі князь можа веры мяняць, як вужака – скуру. Ганьба!

Рожа нават брывом не зварухнуў на дзёрзкасць. Яшчэ не час. Між тым дзесьці ў канцы вуліцы пачуліся радасныя выкрыкі. Лаўрын задаволена пасміхнуўся, нават не азіраючыся, ведаў: гараджане ўбачылі абоз, які ехаў за войскам – калёсы, гружаныя мяхамі з зернем, бочкамі з медавухай... Цяпер горад адданы князю. І фанабэрыстыя шляхцюкі, якіх абышла сваёй увагай нават смерць, застануцца пры сваіх крыўдах і без усялякае моцы. Такія ёсьцека ў кожным горадзе, які належыць князю. Гэта нават добра – вось яны, гарладзёры, крычаць, пустасловяць, а велікадушны ўладар ім даруе ад магутнасці і справядлівасці сваёй. І просты нямудры чалавек ведае: бяда, калі гэтыя задзіракі да ўлады дабяруцца. І яшчэ больш любіць магутнага справядлівага князя. І заўсёды ёсць каго звінаваціць у нястачах і бедах дзяржавы. Услых Лаўрын прамовіў, аднак, іншае.

– Мы – адзін народ, пане-браце. Слова гонару – я буду бараніць вольнасць Старавежску гэтак жа, як вы, панове.

– Хе-хе-хе! – зноў зайшоўся хрыплым смехам кручок-Карэйва, і рэхам прагучэла карканне варон, што кружылі над пляцам, быццам чорныя багі смерці пяшчотных сняжынак, якія апускаліся на горад.

Не, сапраўды, ад гэтага дурня варта пазбавіцца...

– Кожнае каліўца волі дарагое ліцвінскаму сэрцу,– сурова прамовіў сівавусы.– Таму без супраціву не вытапчацца ніводнае. Чаму дасланы князем лекар Бернацоні не пускае нас да ратушы?

– Італіец – вядзьмак! – выкрыкнуў нехта са старавежцаў.– Гэта з-за яго пачаўся шал! Ён д’ябальскія скрынкі сюды прывёз!

Пан Ляскевіч падняў руку і спыніў крыкі, што ўсчаліся пры адной згадцы пра лекара.

– Мы не можам звінаваціць пана лекара ў нашых пакутах, бо доказаў не маем. Мы ведаем толькі, што апошнім часам пан Бернацоні выратаваў шмат хворых, што міласэрна адведваў дамы, пазначаныя смерцю, куды шмат хто не насмеліўся б занесці і кроплі вады ці кавалка хлеба нават дзеля выратавання ўласнае душы. Але выявілася, што лекар гвалтам трымае ў вежы дзяўчыну... Магчыма, гэта мая дачка Анэта.

Голас Ляскевіча здрыгануўся. Рожа недаверліва хмыкнуў:

– Адкуль такія звесткі?

– Пан Багуслаў Радчыц бачыў дзяўчыну ў акне ратушы.

Сінявокі шляхціц ступіў наперад:

– Гэта была яна, Анэта! Мая нявеста! Я пазнаў бы яе нават тады, калі б яна ператварылася ў аблачыну ці ў птушку!

Рожа прымірэнча падняў далоні.

– Добра, добра, не гарачыцеся, пане-браце! Тут з’ясаваць патрэбна. Што за дзяўчына, ці сваёй воляй там, ці ёсць яна ўвогуле... Вядома, гвалт над паненкай – ганьба. Князь такога не даруе. Калі лекар у падобным вінаваты – адкажа горлам. Будзеце мець ягоную галаву на палі. А пакуль прашу ягамосьцяў саступіць дарогу.

– Мы пойдзем з вамі ў ратушу! – гэта крыкнуў Багуслаў. Рожа, не спяшаючыся, сеў на каня і толькі тады адказаў, амаль ласкава, як несвядомым дзецям тлумачаць, чаму нельга хадзіць далёка ў лес.

– На жаль, пакуль не прыбудуць у Старавежск мошчы Святога пакутніка Віта, пакуль на пляцы наш шаноўны біскуп не зладзіць чын выгнання шатана, пакуль не пройдзе хросны ход вакол ратушы ды ўсяго горада,– вялікі князь загадаў нікога са старавежцаў на пляц не пускаць. Каб не ўзбудзілася зноў шаленства. Так, панове, падумайце самі, што, калі вы зноў паляціце карагодам? Вы ж маглі падхапіць тое насланнё! Наблізіцеся да вежы, тут вас мара і апануе.

– Хе-хе-хе! І будуць панове скакаць, скакаць, танчыць, як лялечкі на вяровачках...– пранізлівым голасам пракрычаў Карэйва. Старавежскія шляхцюкі, амаль усе, апусцілі вочы, згодна заківалі, і застарэлы страх лёг ценем на іхнія твары. Як лёгка кіраваць тымі, хто аднойчы смяротна спалохаўся. Малады Радчыц і сівавусы Ляскевіч яшчэ нешта крычалі, абураліся, але соцкі Баркун падаў знак, і старавежцаў ветліва, але рашуча адсунулі ўбок. Частка княскіх вояў засталася, каб узмацніць ахову, а новы войт са світай рушыў да вежы, над якой усё яшчэ лунаў сцяг незалежнага горада – са срэбным коннікам на барвова-белым полі.

– Хе-хе-хе! – вар’яцкі смех блазна слаўся над пляцам разам са смярдзючым дымам ад вогнішчаў. Чорныя сляды разразалі напалам бялюткае покрыва першага снегу.

– Анэ-эта! – адчайна крычаў малады шляхцюк, ірвучыся праз ахову да ратушы.– Анэ-эта!

– Анэ-эта!

У дзверы настойліва стукалі. Я падхапілася з ложка. Сэрца шалёна білася. Спатрэбілася некалькі хвілінаў, каб прыпомніць, што я знаходжуся ў маёнтку Пятра Калыванава, а за дзвярыма гучыць голас Юрася.

– Анэта, уставай! Праз пяць хвілінаў сняданак!

Мог бы і раней мяне пабудзіць... Добра, што я даўно ўжо не марную час на касметыку. Запляла касу, улезла ў джынсы і швэдар... І, замест таго, каб ірвануцца да свецкага жыцця, павольна падышла да акна... Унізе чарнелі дрэвы старога парку. Ноччу першы снег прыцярушыў зямлю, і голле скрыжоўвалася на белым фоне, як саржавелая зброя. Але ў гэтым адчувалася не злосць, а нейкая безнадзейнасць, нібыта самі драўляныя воі ведалі, што іх бітва даўно не мае сэнсу, і пераможцаў не будзе. Ды аднойчы дадзенае слова гонару змушала іх зноў і зноў сыходзіцца ў змаганні.

Калісьці гэта быў вельмі прыгожы парк. Сцяжынкі між роўна падстрыжаных кустоў утваралі ромбы і віньеткі, і лёгка было ўявіць, як па іх рухаюцца-плывуць пані і паненкі ў доўгіх сукнях, падобных да перавернутых чарак з каляровага шкла. Дзіва, што новым гаспадарам хапіла густу не вынішчаць старыя прысады. Дарэчы, наўрад ці ўзрадаваліся б былыя гаспадары, інсургенты і патрыёты, што ў іхніх сценах атабарыўся расеец, ды яшчэ, здаецца, замяшаны ў брудныя палітычныя справы... Калыванаў якраз і з’ехаў займацца палітыкай, губернатарам нацэліўся стаць.

Гадзіннікі стаялі ў памяшканні цокальнага паверха, аніяк не падобным да музейнае залы. Хутчэй да велізарнай лабараторыі. Прынамсі, незразумелай мне апаратуры тут мелася багата. У другім канцы пакоя, дзе цямнелі вялікія, нібыта гаражныя, дзверы, збліснуў лакавы бок старога аўтамабіля... Ах так, Віталь казаў пра майстэрню па рамонце антыкварнай тэхнікі... Аркадзевы гадзіннікі я пазнала адразу – яны стаялі ля сцяны і нагадвалі цяпер не рыцараў, а палонных. Прафесар Зміцер Патапавіч ледзь не носам тыцкаўся ў кожны з іх, аглядаючы. Астатніх гадзіннікаў было дзясяткі тры... Адны падобныя да маленькіх храмаў, другія – простыя і змрочныя, як труны, трэція – нібыта дзіцячыя забаўкі. Юрась так і кінуўся да іх, нібыта да аднойдзеных сардэчных сяброў. Я заўсёды зайздросціла тым, хто займаецца сваёй улюбёнай справай, хаця і сама калісьці была сярод такіх шчасліўцаў. Цяпер – толькі назіраць... Вось Юрась пяшчотна дакранаецца да старога дрэва... Вось ён нешта заўважыў на бакавой сценцы, і пагляд зрабіўся, як лязо. Прыгаворвае скрозь зубы... Упэўнена адчыняе дзверцы механізма, асцярожна кратае нешта ўнутры... Прысутныя, уся «доследная каманда» на чале з Янчыным, моўчкі назіралі за ягонымі рухамі, нібыта родзічы хворага чакалі прысуду цуда-лекара. Нават прафесійна-іранічны «псіх» Макс пасур’ёзнеў. Нарэшце Юрась павярнуўся да нас. Твар ягоны ззяў, як ва ўдалага рыбара.

– Можам павіншавацца! Гадзіннікі з вежы – усе тут! Вось гэты, з караблём... Гэты, з крыжам і ружамі... І той, чорны, з рыцарам... Калыванаў усе ў Польшчы за адным разам купіў, так? Я каталог аўкцыёну бачыў. Не паспеў Аркадзь паўдзельнічаць... Наконт гадзінніка з месяцам я не ўпэўнены, надта ж пашкоджаны, але хутчэй за ўсё – і ён належаў таемнаму Бернацоні...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю