355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 13)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 32 страниц)

– Паслухай, а ў якой бальніцы ляжыць Стэла? Можа, наведаць?

Юрась, здаецца, узрадваўся і ўсхваляваўся ад маіх словаў – дзівак, не мог сам папрасіць. Назву клінікі я чула ў нейкай рэкламе – «Медсервісцэнтр “Гіпакрат”». Будынак на ўскраіне, ля нядаўна заснаванай «рэзервацыі для багацеяў» – пасёлка шыкоўных катэджаў.

З трубкі ўжо хвіліны тры пішчэлі сігналы, нібыта ўся тэлефонная сетка спрабавала дакрычацца да маёй свядомасці. Але свядомасць была замкнутая на філасофскім пытанні, справакаваным матчыным «прагнозам» пра мой эмацыйны стан: «Чым ёсць мае адчуванні да Юрася?» Вінегрэт выключны: шкадоба, цікавасць, некаторая рэўнасць (так, так, прызнайся ж), раздражненне, трывога... Бог ведае, што яшчэ... Толькі не каханне! Не, ніяк не каханне! Як там у Стэндаля: перыяд крышталізацыі, голая галінка, апушчаная ў саляны раствор, абрастае цудоўнымі ўпрыгожваннямі... Гэтак мусіць адбывацца з вобразам каханага. Паколькі я Юрася не крышталізую, няма неадольнага жадання бегчы да яго, быць побач, то...

Проста хворае ўяўленне – мне ўсё трызніцца, нібыта ён топіцца ў нейкай багне... Сам жа туды ўскочыў. Ды яшчэ мяне цягнуў...

Ды якая мне справа да чужога мужа? Жыла неяк без яго адзінаццаць гадоў, і амаль не ўспамінала.

А тут яшчэ пазваніў былы аднакурснік, які цяпер працаваў у заняпалай беларускай газетцы, і прапанаваў працу... Відаць, справы былі ў іх зусім дрэнь – бо мяне меркавалася заманіць на пасаду не шараговага журналіста, а адразу – адказнага сакратара. Зарплата невялічкая...

– Затое ўсе творы твае выдрукуем! – горача абяцаў аднакурснік.– Зробім з цябе вядомую пісьменніцу! Карыстайся момантам...

Бедная літаратура, калі пісьменнікаў можна рабіць з такога... матэрыялу. А відаць жа, робяць.

Але я абяцала падумаць.

А пакуль паехала адведаць «зорачку»-Стэлу. Будынак клінікі ўвесь у чорным люстраным шкле, нібыта ўваход у іншае вымярэнне. Здавалася, праз гэтае шкло можна прайсці, як праз пералівістую, пругкую плёнку, і апынуцца ў сваім мінулым, дзе няма цяперашняга болю... Але ў гэтых сценах панаваў боль. Боль і страх працялі светлыя чысцюткія калідоры, струменілі з галагенавых свяцільнікаў, выпаўзалі нябачнымі смаўжамі з палатаў, абсталяваных па апошнім слове...

Да Стэлы Дамагурскай мяне не пусцілі. Рэанімацыя, цяжкі стан... Пост нумар чатыры. Але я ўявіла, што мне не будзе чаго распавесці ўсхваляванаму Юрасю, акрамя сухіх словаў рэгістратаркі... І пяцьдзясят даляраў Баркуновай удавы знайшлі сабе лепшую гаспадыню. Я заўсёды дзіўлюся – як у мяне прачынаюцца дзелавыя здольнасці, калі трэба вырашыць чужую справу... І наколькі я разгублена пачуваюся, калі трэба вырашыць сваю. Неяк на першым курсе мы з сяброўкай з дзіўным імем Пелагея стаялі ў чарзе па нейкую касметыку – я яшчэ заспела эпоху чэргаў. Ахвотных было як маку, пачалі пагаворваць, што на ўсіх не хопіць...

– А ты памаліся, папрасі Бога, каб табе хапіла тушы і памады! – шчыра параіла Пелагея.– Я заўсёды так раблю...

Я ўявіла, як звяртаюся да Госпада з просьбаю пра памаду... І мне стала так сорамна! Ну здароўя прасіць... Цярплівасці... Мудрасці... А то – пушачку замежнай памады! І ўвогуле, дзеля такой нявартай рэчы я губляю свой час, злуюся, кідаю цень на душу... Карацей, сышла я з чаргі. Так і жыву... Чэргі абыходзячы.

Маладзенькая медсястра, спакушаная маёй паўсотняй, дала мне белы халат і шапачку і нават прымусіла начапіць марлевую павязку. У калідоры я ўсвядоміла, чым усё-ткі адрозніваецца прыватная клініка ад дзяржаўнай. Не чысцінёй і абсталяваннем, а... пахам. Відаць, тут спецыяльна ўжывалі вохкія мыйныя сродкі, таму што ў калідоры пахла хвояй. Я ўспомніла свае знаходжанні ў бальніцы, вялізныя скураныя пантофлі, падобныя да раздушаных чарапах, з накрэмзаным алейнай фарбай нумарам аддзялення... Фланэлевы халацік «эканамічнага колеру»... Смурод хлоркі і бальнічнай ежы... Фу.

– Ну вось, пост нумар чатыры...– прашаптала мне мая спадарожніца.– Заходзіць ні ў якім разе нельга. Туды, акрамя галоўнага ўрача і медсястры, прымацаванай да паста, нікога не пускаюць. Паглядзіце праз шкло на вашую сваячку... І пойдзем, пакуль ніхто не заўважыў.

Стэла ляжала на ложку, падобным да прылады для катавання. Антураж быў адпаведны... Сюрэалістычны. Трубкі, па якіх у яе вены пералівалася нейкая празрыстая вадкасць... Страшны «гармонік», падобны да пачварна разрослай дзіцячай цацкі, рытмічна сціскаўся і распростваўся, ад яго ішоў гумавы шланг да маскі, што закрывала твар хворай... Штучныя лёгкія, здагадалася я. Збоку на экране беглі ламаныя лініі.

...Чорныя валасы, раскіданыя па падушцы, пакінуў ветрык... Але больш за ўсё мяне ўразіла рука Стэлы, у якую была ўторкнутая голка кропельніцы. Скура пажаўцелая, а пальцы нават з сінізной... Пазногці счарнелі...

– Кома,– прашаптала медсястра.– Такія, бывае, гадамі ляжаць. Адзін наш доктар лічыць, што яны ўсё чуюць, прымушае размаўляць, як з прытомнымі. А навошта? – Медсястра скрывіла сімпатычны тварык, на хвілю прыпадобніўшыся мульцяшнаму Трусіку.– Такіх хворых ведаеце, як персанал заве? «Гародніна!»

Што ж, я дапамагчы нічым не магу.

Унізе, у калідоры, што выходзіў у вестыбюль, я прысела ў самым цёмным куточку, каб трохі супакоіцца і пачакаць медсястрычку, якая, відаць, пачувала, што не цалкам адпрацавала свой ганарар і намовілася прынесці мне карысныя брашуркі пра наркаманію і яе наступствы, непрытомныя станы і падобныя сумныя рэчы.

У калідорах не было шматлюдна, але адчувалася звыклая працоўная мітусня. Удалечыні мільгалі фігуры ў белых халатах, нешта стукала.

– Цябе што, на чацвёрты пост прызначаюць, Кацярына? – пачуліся ціхія галасы з-за прыадчыненых дзвярэй побач, за якімі лілася вада і бразгалі невядомыя прылады.

– Не, на пяты.

– А-а, тады добра...

– А што такое?

– На чацвёртым пагана...

– Хворая зусім безнадзейная?

– Ды ўжо ж... Безнадзейней не бывае,– голас панізіўся да шэпту.– Мёртвая яна.

– Што?!!

– Ціха... Дакладна кажу – труп прывезлі з бальніцы хуткай дапамогі. Прыгожая такая дзеўка, з чорнымі валасамі. Наркаманка, ад перадазіроўкі загнулася. Фармалін ёй у вены напампавалі. А электроніка з суседнім боксам спараная.

– І навошта гэта?

– А ты меней пытайся... Камусьці трэба, каб гэтая дзеўка лічылася жывой. І ў мяне моцныя падазрэнні, што трэба гэта чалавечку не апошняму ў нашым паскудным свеце. Хто на чацвёртым пасту сядзіць – трайная аплата. За маўчанне. Але я кажу – не трэба мне дармовых грошай, лепей у гнілыя справы не лезці. Так што будуць прапаноўваць на чацвёрты – адкручвайся. Толькі выгляду не падавай, быццам нешта ведаеш. А то і ў нашай клініцы не адратуюць.

– А ты адкуль дазналася?

– Антонаўна, дай ёй Бог здароўя, папярэдзіла.

У калідоры пачуліся лёгкія крокі майго правадыра па медыцынскім пекле, уцялесненага ў асобе сімпатычнай медсястрычкі.

У маёй улюбёнай маленечкай кавярні, падобнай да куфра для перлінаў, замест перлінаў знаходзілася некалькі высокіх крэслаў, столік-палічка, тэлевізар пад столлю і бармен Жэня, які выдатна гатаваў каву па-турэцку. Жэня нават «касіў» пад турка, па-пірацку павязваючы галаву чырвонай хусткай і апранаючы кашулі з пальмамі. Але ад гэтага бармен – дабрадушная паўнаватая фізіяномія, вейкі светлыя, нібы выгаралі,– нагадваў англійскага півавара. Джэк Ячменнае Зерне.

Тут быў утульны прыцемак, спіртное не прадавалася, а бармен прызнаваў толькі лацінаамерыканскую музыку (хаця лагічней было б – турэцкую), і тэлевізар на поўную гучнасць не ўключаў. «Ай-йа-рррыба-йа-ррыба... Ё но сой марынэра, сой капітан...» Я не марак, я капітан – сцвярджаў невядомы лацінас, супадаючы ў памкненні адпавядаць сваёй выдуманай, прыснёнай Персоне з усім нашым грэшным светам... Толькі такія няўдачнікі, як я, могуць нудзець на адваротнае, здымаючы з сябе званне і лішнюю адказнасць.

Як я і спадзявалася, у кавярні, акрамя мяне, не было нікога. Па тэлевізары ішоў нейкі бразільскі серыял, перабіваючы задушэўнымі дыялогамі браваду самазванага капітана. Я няўважна паглядала на экран, дзе чарговая Анна-Марыя высвятляла з чарговым Маркам-Антоніем, што з імі было да страты памяці, і хто падмяніў іх дзіця, і дзе сапраўдны запавет багатага дзядзькі-плантатара. Я піла сваю каву, моцную, нібыта кроў цмока, глядзела ў шурпатую, стылізаваную пад старую драўніну, сцяну і спрабавала супакоіцца. Але на вочы ўвесьчасна наварочваліся слёзы. Я ўспамінала, як тонкія рукі мастачкі луналі над карцінай, якая выпроствала свае фарбы з першароднага белага хаосу. Як я вяла амаль непрытомную Стэлу з душа, а потым яна мне расказвала пра карціны Рэрыхаў. І як яна малявала на целе Юрася казачныя ўзоры, нібыта хацела ператварыць яго ў казачнага героя, Юрась цалаваў яе, а я, незаўважаная, назірала і страшэнна раўнавала... Бедная Стэла... А яшчэ ў грудзях маіх варушыўся халодны страх. Я, здаецца, магла адказаць на пытанне з размовы медсясцёр – навошта ўтойвалі, што Стэла памерла. Каб Юрась працягваў думаць, што жонку трэба ратаваць, і працягваў працу над д’ябальскімі гадзіннікамі. Час ад часу прывязуць яго, пакажуць відовішча за шкляной перагародкай... Няўжо мой былы муж такі «незаменны кадр»? Я ўспомніла словы Калыванава пра тое, што «нашыя самародкі ўсіх замежных у лапці абуюць». Што ж, магчыма Юрась быў для гаспадароў нечым накшталт бабкі-шаптухі, да якой звяртаюцца пасля таго, як дыпламаваныя дактары аказаліся бяссілымі. Я паведамлю яму пра Стэлу... Ён, вядома, адразу кіне працу і пачне гараваць. Ды яшчэ разборкі з гаспадарамі ўчыніць. Але я не думаю, што людзі, якія здольныя на падобныя «інсцэніроўкі», яго так проста адпусцяць. Знойдуць іншыя «спосабы ўздзеяння». Выходзіць, лепей маўчаць...

«Вы яшчэ варыце бялізну? Значыць, мы ідзем да вас!» – аптымістычна заблагаў тэлевізар.

Па расейскай праграме пачаліся навіны. «Алігарх Пётр Калыванаў балатуецца на пост губернатара,– абвясціў дыктар у прыемных інтэлігенцкіх акулярах з тонкай аправай, за якімі хаваліся маленькія нядобрыя вочы.– Калыванаў – вядомы мецэнат, у яго перадвыбарчай праграме шмат увагі ўдзелена сацыяльнаму боку. Але ягоны праціўнік, вядомы пісьменнік Васіль Засенін, паводле папярэдніх апытанняў, карыстаецца ў насельніцтва вобласці нашмат большай папулярнасцю».

Калыванаў усміхаўся на адкрыцці нейкай дабрачыннай бальніцы, ягоны супернік прамаўляў нешта пра вялікую рускую нацыю перад купкай вельмі сур’ёзных людзей працоўнага выгляду.

Мяне перасмыкнула. Мецэнаты... Калекцыянеры... І яшчэ на Беларусі кавалак ухапіць хочуць. А Стэла ляжыць пад страшнымі апаратамі, і душа яе беспрытульная, можа, б’ецца ў белыя сцены мецэнацкай клінікі, як заблукалы матыль...

Чаму столькі клопатаў вакол старых гадзіннікаў? Няўжо іх сярэднявечныя таямніцы нечага вартыя сёння? З-за чаго пакутуе Юрась? Я адчувала, што разгадка ад мяне блізка, літаральна пад носам. Я прыжмурыла вочы і пастаралася прыпомніць свае сны, у якіх часта з’яўляліся гадзіннікі. Усплывалі нейкія адрывістыя малюнкі. Гадзіннікі стаяць у коле... Лекар гаворыць: «Гэта зброя...» Можа, дарэмна я не прыслухалася да парады псіхатэрапеўта Макса і не запісала сваіх сноў? А ў рэальным жыцці трэба было б яшчэ пашукаць дакументаў...

А ліст, што папрасіў мяне перакласці Юрась! Як я магла забыць! Неадкладна адшукаць маю былую выкладчыцу Галіну Сцяпанаўну...

Калі я развітвалася з барменам, той падарыў мне спачувальны позірк.

– Што, спадарыня, «прадынамілі» вас? Не сумуйце, такая красуня не павінна сумаваць. Каханне мусіць даваць насалоду абаім, іначай яно не вартае кубачка кавы.

Я злосна ляпнула дзвярыма кавярні. Якая яму справа...

Галіна Сцяпанаўна, як і колісь, па-еўрапейску падцягнутая, у старасвецкім сарафане і блузцы, з кароткай стрыжкай, толькі яшчэ больш ссівелая, сустрэла мяне строга.

– Рада бачыць вас, Ганна Іванаўна. Даўно не заходзілі. Год... восем, мусіць?

Погляд праз акуляры быў надта афіцыйны. Галіна Сцяпанаўна мела права сердаваць. У свой час я цэлы год хадзіла на ейныя курсы, а патрапіць туды было нялёгка. Галіна Сцяпанаўна – перакладчыцкі «ас», часта ездзіла за мяжу, займалася мастацкім перакладам. Я аказалася здольнай вучаніцай і дзякуючы Галіне Сцяпанаўне ўдзельнічала ў конкурсе, і апынулася на студэнцкіх курсах у маленькім нямецкім гарадку пад Берлінам. Год у Нямеччыне мог стаць вызначальным для ўсяго майго жыцця... Але я вярнулася, дала нырца ў журналістыку і на Нямеччыну забылася.

Убачыўшы ліст, Галіна Сцяпанаўна памякчэла. Усё-ткі прафесійны інтарэс.

– Цікавы дакумент. Надзвычай цікавы. Дарэчы, скапіраваны з арыгіналу, які захоўваецца ў Берлінскім гістарычным архіве. Пазнаю куточак іхняга штампа. Кажаце, працуеце над кнігай? Выдатна... Але баюся, што дакладна перакласці мне будзе цяжка. Пятнаццатае стагоддзе, дыялект...

Я ўпрасіла Галіну Сцяпанаўну, як магла, паспрабаваць перакласці зараз жа, ну хоць збольшага... Нават зрабіла спробу прапанаваць ганарар – але мая былая выкладчыца толькі кінула на мяне суровы погляд і пачала здымаць з паліцаў слоўнікі... Відаць, нешта ў маім выглядзе сведчыла наконт «справы жыцця і смерці».

Дзесьці праз гадзіну на аркушыку паперы быў запісаны тэкст, перасыпаны шматлікімі пытаннямі і пададзенымі ў дужках варыянтамі словаў.

– Чым так перакладаць, дык лепей не брацца...– абуралася Галіна Сцяпанаўна.– Гэта абсалютна непрафесійна! – былая выкладчыца не стала менш патрабавальнай да сябе. Але прачытала, што атрымалася.

«Яго высокасці курфюсту Фрыдрыху ІV Нюрнбергскаму... Вартыя найвялікшага захаплення справы (дзеянні?) Вашай светласці... і жалю высілкі (злачынствы? учынкі?) вашых ворагаў... Я, доктар Бернацоні, які скончыў Падуанскую акадэмію з найвышэйшымі ўхваламі прафесароў, абазнаны ў лекарскіх навуках, і навуцы чытаць (прадказваць?) зоры, і ў механіцы, здольны рабіць усялякія механізмы і штукарствы(?)... дзеля карысці святлейшых асобаў... знаходжуся ў нястачы і заняпадзе, бязвінна пераследуемы ганіцелямі і паклёпы церпячы... Валодаю, па Божае літасці, сакрэтам, як мудраму абараніцца ад шматлікіх ворагаў, прыводзячы іх да шаленства, наканаванага ім іх грахамі (лёсам?)... Калі Яго высокасць курфюст дасць згоду вылучыць мне штогадовае ўтрыманне ў дзвесце дукатаў, і ахвяруе дзеля вырабу (стварэння?) маіх дзівосных (нетутэйшых?) механізмаў яшчэ тры тысячы дукатаў, праз два гады я буду мець гонар паказаць, як дзейнічаюць (ходзяць?) мае машыны, якія пачнуць адлічваць час смерці для ворагаў Яго высокасці... Машыны мае многа дзівосаў (вытвараюць?). Які б сасуд, шкляны або парцалянавы ні паставіць у іх кола, ён будзе разбіты іх голасам. І гэтак станецца са злымі намерамі. Я падару майму пану ўладу над тысячамі (паганцаў?), і ніхто не зможа зайсці ў замак, дзе будуць працаваць мае машыны, бо яго будзе цягнуць да сябе... (танец? карагод?). Застаюся ў чаканні Вашага найлітасцівага рашэння...

Гервасі Луіджы Бернацоні, доктар».

– А гэта досыць тыповы тэкст для таго часу,– задумліва пракаментавала Галіна Сцяпанаўна. Заўважыўшы маё здзіўленне, патлумачыла: – Такіх вынаходнікаў у Еўропе было пры кожным двары... Леанарда да Вінчы на працу наймаўся, таксама дадаваў «прэс-рэліз»: «У мяне ёсць планы мастоў, вельмі лёгкіх і трывалых, надта прыдатных да пераносу... Я знайшоў спосабы, як зруйнаваць любую крэпасць або іншае ўмацаванне, калі яно, вядома, не збудаванае на скале... У мяне ёсць чарцяжы для вырабу гарматаў, надта зручных і лёгкіх у транспарціроўцы, з дапамогай якіх можна раскідваць маленькія камяні падобна граду... Я магу стварыць катапульту, балісту ці іншую машыну здзіўляючай моцы...» і гэтак далей. Прапаноўваў своеасаблівыя правобразы танкаў, верталётаў, падводных лодак...

– І што, Леанарда праўда ўсё гэта рабіў? – спытала я.

– Ніводзін уладар яму не паверыў. І аўтару гэтага ліста, я думаю, адмовілі...

На развітанне Галіна Сцяпанаўна ўручыла мне новую праграмку сваіх курсаў.

– Хоць на сустрэчу з нямецкімі паэтамі прыйдзіце... Калісьці ж цікавіліся.

І, уздыхнуўшы, парушыла еўрапейскую этыку не лезці ў чужыя прыватныя справы.

– Такой сур’ёзнай дзяўчынай вы былі, Ганна. Разумею, маладосць, эмоцыі, пачуцці... Але галаву губляць нельга. Калі, вядома, у ёй усё-ткі прысутнічае нейкі інтэлект.

Мая ўстрывожанасць, пэўна, за літоўскую вярсту відаць...

Тым больш атрыманыя звесткі спакою не дадалі.

А ўвечары патэлефанаваў Юрась.

– Ну як там Стэла?

Я сабралася з духам і дала цалкам праўдзівы адказ.

– Падобна, яна ў тым стане, што і была...

Юрась памаўчаў і задаў другое, не менш крызіснае, пытанне.

– А ліст ты пераклала?

Мне зноў давялося напружвацца.

– Пераклала... Але я б хацела расказаць пра гэта пры асабістай сустрэчы.

Юрась зноў памаўчаў, але, калі загаварыў, голас ягоны гучаў зусім спакойна.

– А я б не хацеў, каб ты зноў сутыкалася з гэтымі людзьмі.

Я запэўніла, што маю сказаць нешта важнае.

– Ну, хіба на нейтральнай тэрыторыі? – няўпэўнена прамовіў Юрась.– Назаўтра я папрасіўся ехаць у Старавежск, глядзець, як гадзіннікі ў ратушы размяшчаюцца. Пастараюся там застацца адзін. Я не маю аніякага права цябе турбаваць... Але калі б ты пад’ехала на ранішнім аўтобусе...Там новая кавярня ёсць, насупраць вежы, з нейкай гатычнай назвай...

– Я прыеду.

Сказала – і сама здзівілася.

Таямніца выглядала небяспечна, быццам іржавы іспанскі бот. Як дзейнічалі гадзіннікі Бернацоні? Разбівалі розум, нібы шклянку? Быў у старажытным Мецы звон, з дапамогай якога каралі асуджаных. Прывязвалі да слупа на пляцоўцы званіцы, разгойдвалі доўгай вяроўкай язык звону... На дзясятым удары асуджаны страчваў слых, на сотым – у яго лілася з вушэй кроў. Дзвесце ўдараў – і чалавек назаўсёды ператвараўся ў «гародніну», як сказала б медсястрычка з клінікі «Гіпакрат». А яшчэ адзін звон, у іспанскім мястэчку Гарда, называлі «тарантэлай». Бо калі ён званіў, усім карцела прытанцоўваць. У старажытных кельтаў паэты-спевакі, філіды, лічыліся магамі, нават з маленства праходзілі дванаццацігадовае навучанне ў закрытых школах... Іспыт на званне майстра – выканаць тры песні: адну, ад якой плачуць, другую, ад якой смяюцца, трэцюю – якая ўганяе ў сон. Была і адмысловая песня-праклён, гламдзікін. Каму яе спяюць – у таго на твары выскокваюць тры рознакаляровыя болькі – ганьбы, сораму і абразы. А далей – смерць...

Я зноў і зноў спрабавала ўспомніць нешта са сваіх сноў. Відаць жа, што мая падсвядомасць у «змрокавым стане» больш паспяхова разгадвала загадкі. Нібыта я і чорны лекар стаялі ў цэнтры кола... Але гэта, бадай, усё, што мне ўдалося прыпомніць.

* * *

...Анэта пазірае праз іржавыя краты на вялікакняскі суд, і ёй здаецца, што гэта не яна замкнёная ў клетку, а панове суддзі, а яна проста наблізілася, каб разгледзець іх... Біскуп паклаў руку на сэрца, нібыта моліцца... А можа, слухае, ці ёсць яно ў яго, сэрца? Войт Лаўрын Рожа сядзіць такі змрочны, быццам яго прызначылі кіраваць могільнікам. Затое соцкі Баркун пераможна пазірае вакол, не прыбіраючы рукі з дзяржальна мяча, нібыта чакае нападу. Магчыма, на гэтым мячы – кроў старога Ляскевіча і маладога Радчыца, змяшаная з крывёю чужынцаў...

– Я буду сведчыць супроць цябе,– цёмны твар Марцэлі – побач, па той бок кратаў. Анэта ўздрыгвае – ці не першы раз яна чуе, як Марцэля размаўляе? Дзяўчына доўгі час думала, што старая – нямко.

– Чаму ты так са мной? – ціха прамаўляе Анэта.– Я не зрабіла табе нічога благога...

Марцэля глядзіць на дзяўчыну амаль абыякава – у яе вачах няма радасці, як у вачах гаспадыні, што выполвае гожыя валошкі са сваёй грады. Толькі пэўнасць, што так трэба рабіць.

– Ваш род мусіць згінуць.

– Чаму?

Старая нейкі час моўчкі варушыць вузкімі вуснамі, нібыта словы прыліплі да іх.

– Я была жрыцай.

– Што? – Анэта яшчэ не страціла здольнасці здзіўляцца.

Марцэля жорстка крывіць вусны.

– Нашае капішча месцілася за дзве вярсты адсюль. І малады Ляскевіч прыносіў Лялі галубоў і маладзенькіх авечак, і іншыя дарункі, якія належыць дарыць багіні кахання. Лель яго звалі... Лель блакітнавокі...

Анэта здагадваецца, пра якія дары гаворыць Марцэля, і не можа ўявіць бацьку побач з аголенай маладой дзяўчынай – магчыма, гэтай жа Марцэляй,– а вакол скача карагод, і грае шалёная музыка, і гудуць абцягнутыя ваўчынай скурай барабаны... Не, гэта немагчыма... Бацька – шчыры хрысціянін...

– Яго звабіла твая маці. Ён ахрысціўся і прадаў старых багоў. І прывёў на нашае капішча, пра якое ведалі толькі абранцы хрысціянскіх вояў... Я была зусім дзяўчынкай, і мяне пашкадавалі. Ахрысцілі... Далі іншае імя... І Ляскевіч узяў мяне ў свой дом прыслугай. А я была жрыцай! Я служыла толькі багам!

Твар жанчыны перакрывіўся нянавісцю. Анэта ўсвядоміла, што Марцэля не такая ўжо старая... А тая працягвала шаптаць, нібыта мінулагодні трыснёг варушыўся пад сіверам.

– Багі не даруюць. Яны пакаралі тваю маці... Яны – не я, бо іх воля праяўляецца ў зёлках, насычае іх жыццядайнай або смяротнай моцай. Я магла лёгка згасіць і тваё слабенькае жыццё – але волі багоў на гэта не было. Я сышла з вашага дому далей ад спакусы. А цяпер – усё будзе давершана.

Марцэля паклала руку на вялізны крыж, што вісеў на яе высахлых грудзях.

– Сёння я для ўсіх – праўдзівая хрысціянка, а ты – вядзьмарка! Запомні ж маё сапраўднае імя – і паўтарай яго, калі будзеш паміраць доўга і пакутліва: Марэна! Я – Марэна!

Апантаную дзяўчыну войт хацеў адправіць у кляштар. Але біскуп запярэчыў. Ён прыехаў адтуль, дзе з ведзьмакамі размаўлялі толькі на мове агню і жалеза. У зале войтаўскага дома, без белай ружы над уваходам, зусім не было відаць старавежцаў, якія ведалі б Анэту і заступіліся. Тыя, што ацалелі ад пошасці і шалу, і не пайшлі на вежу разам з карачунцамі, цяпер сядзелі па дамах, дзякуючы Госпаду за цуд, за падараваныя гады ў гэтым не лепшым са светаў, але не страшнейшым за смерць. Паміж горшым і яшчэ горшым заўсёды з’яўляецца маленечкі светлы пасак выбару, які дазваляе прымірыцца з сабой і светам. Не знайшлося рыцара, які б пайшоў дзеля вядзьмаркі на Божы суд – на рысталішча да смяротнага сыходу...

Але прысутныя былі ліцвіны, і ў іхнім звычаі не значылася смажаніна з чалавечыны. Хай прыедзе з Наваградка мітрапаліт, ён і рассудзіць... Біскуп зразумеў, што лепей саступіць. Але не ў тым, што прыслужніца шатану застанецца жыць і паганіць сваім дыханнем Божы свет. Як без ачышчальнага агню прывесці грэшную душу на суд да Госпада?

Княскі блазан Карэйва прапанаваў іншае... Замураваць вядзьмарку разам з д’ябальскімі гадзіннікамі ў вежы. Некаторыя казалі – лепей было б дзеўцы проста адсячы галаву і пахаваць асобна ад цела – каб не перакінулася мёртвая вядзьмарка ў вурдалака.

Вежа паслужыла зброяй нячысціка. Збеглы лекар ператварыў пачэсную ратушу ў котлішча злой сілы, у саміх мурах пасяліў сваё чараўніцтва – не адчысціш. Хто з добрых хрысціянаў насмеліцца рызыкаваць там сваёй вечнай душой? Праклятая вежа... Над ёй больш не лунаў сцяг вольнага горада, зачыненыя шыбы запячаталі знакамі святога крыжа. Дзверы заклалі цэглай і таксама накрэслілі крыжы. Ніхто болей, акрым начных ценяў, не мусіў заходзіць сюды, дзе ў скляпенні спачывалі д’ябальскія гадзіннікі Бернацоні, а побач – замураваная жыўцом маладая залатавалосая вядзьмарка.

Цемра... Акрапі мя ісопам, і ачышчуся... Цішыня...

Смерць, так доўга ты бегла за мной... Цяпер, калі ты не пудзіла, а жаданая госця, сядзіш наводдаль, не спяшаешся, і нават у адсутнасці святла я бачу тваю ўсмешку.

Калі доўга ўглядацца ў цемру, у ёй пачынаюць варушыцца шэрыя змеі... Залацістыя змеі... Чырвоныя змеі... Кубло, падобнае да таго, на Клескуновым свяце. Здаецца, нібыта водбліскі пякельнага агню трапляюць сюды. Вось гэтыя водбліскі ўсё ярчэй... Ярчэй... Нібыта ў каменную яміну падымаецца самое пекла...

Са студні высунулася рука, якая трымала паходню. Потым паказаўся звыродлівы насмешны твар. Княскі блазан Карэйва спрытна выскачыў з каменнай яміны.

– Ну, як, ці лягчэй было паміраць другі раз, Ядзерка?

Анэта, якая сядзела скурчыўшыся на халоднай падлозе, прамовіла, як у сне:

– Я не ведаю, ці я памерла... Ці жывая...

– Хе-хе-хе! – затросся блазан ад невясёлага смеху.– Што ёсць жыццё, і што ёсць смерць? Хвост і галава адной змяі. Я таксама калісьці памёр для людзей. Калі паміраеш для свету – набываеш волю, Ядзерка. Таму выбірай. Я магу адвезці цябе ў Кракаў. Няма каму пазнаць цябе, ты набудзеш новае імя, станеш вольнай і багатай і забудзешся на карагоды смерці. У маіх сілах зрабіць гэта для цябе – у памяць пра маё ўласнае страчанае каханне. Ёсць і другі шлях – уваскрэснуць у Госпадзе... Калі захочаш, я адвязу цябе ў кляштар, Анэта, як ты колісь прасіла.

Дзяўчына павольна ўзнялася.

– Я выбіраю шлях да Госпада.

Бывай, Старавежск, слаўнае вольнае места... Цябе больш няма... І мяне няма.

Я ніколі не вярнуся сюды.

* * *

Ратуша з яркім чырвоным дахам стаяла пасярод прыцярушанага снегам пляца, як на каляднай паштоўцы, і здавалася, нібыта з будынка зараз выйдуць «красналюдкі», гномы ў чырвоных шапачках ды весела запяюць на тырольскі манер...

Але ля вежы спыніліся тры іншамаркі, урачыстыя, нібыта шаўковы цыліндр ды фрак лорда віктарыянскай эпохі – ані драпінкі на бліскучай паверхні, трымайся на адлегласці, плябей. І сапраўды – ля спакусных машын не круцілася нават усюдыісная старавежская малеча.

Я стаяла на ганку нядаўна збудаванай кавярні, адной з тых, што мусілі абслугоўваць будучы натоўп турыстаў, і з-за абліцаванай шэрым каменем калоны назірала за гасцямі, што кіраваліся ў вежу. Калыванаў вёў пад ручку ўдаву Баркуна, захутаную ў чорнае футра, аздобленае белымі хвосцікамі не ведаю ўжо якой жывёлінкі. Квадратны Янчын, як заўсёды, энергічна размахваў рукамі, і нават здалёк быў чуцён ягоны нізкі голас. Элегантны Макс у белай дублёнцы... Вядома, былі і ахоўнікі вяльможных асобаў, усё тыя ж Ігар і Анатоль. Іхняе прызначэнне было відаць нават таму, хто першы раз іх бачыў, як адразу пазнаецца смяротнае прызначэнне зброі. А вось і Юрась... У нехлямяжай куртцы з паднятым каўняром, у светлай вязанай шапцы... Зусім інакшы сярод кампаніі. Небяспечна інакшы. У мяне зашчыміла ў грудзях. Юрась затрымаўся перад уваходам у вежу, агледзеў пляц... Мяне ён убачыць не мог, але падалося, што ягоны позірк запыніўся там, дзе я стаяла.

А мястэчка нібыта вымерла. Ніхто не пракладваў след па белым покрыве, нібыта баяўся зганьбіць ягоную чысціню. Над дахамі ўздымаліся раўнютка ў шэрае неба слупы дыму, і яго непаўторны пах вяртаў у местачковае дзяцінства.

А я не любіла сваё дзяцінства. Яно толькі лічыцца «залатой парой». Можа, у каго так і ёсць... Але насамрэч дзеці – істоты такія жорсткія, што часам назаўсёды пазбаўляюць адно аднаго самага галоўнага, што трэба для шчасця – пачуцця абароненасці і самапавагі. Таму я здушыла настальгію, развярнулася і тузанула дзверы пад шыльдаю з намаляванай дзідай. На дзіду, як матылёк на шпільку, было насаджанае чыёсьці сэрца, а пад ёй красаваўся надпіс гатычнымі літарамі: «Верны Рыцар».

Краіна бязлітасных дам.

У кавярні таксама анікога. Інтэр’ер тыповы: абшытыя цёмным дрэвам сцены, люстэркі, прыцемак... Пры жаданні я магла ўявіць, што зноў апынулася ў маёй улюбёнай мінскай кавярні. Толькі бармен больш худы за Жэньку-пірата і без хусткі на галаве, замест лацінаамерыканскіх рытмаў нахабныя расейскія старлеткі выводзілі «Ой, люлі мае люлі...», а наведнікаў чакала некалькі драўляных столікаў з карункавымі абрусамі і штучнымі фіялкамі ў белых пластыкавых вазачках. Ды яшчэ – заяўка на еўрапейскасць – свечкі ў шкляных круглых падсвечніках. Бармен нават не паленаваўся запаліць свечку на маім століку... Відаць, засумаваў у адзіноце ды без справы. Я замовіла адразу два кубкі кавы і ўселася так, каб назіраць праз акно за вежай. Нарэшце дзверы пад рознакаляровым бліскучым гербам расчыніліся... Адна з постацяў аддзялілася ад групы і рушыла ў бок кавярні. Астатнія селі ў машыны і з’ехалі. Юрась ішоў сюды.

– Дзякуй, Анэта, што прыехала... Я таго не варты,– Юрась прыветна ўсміхаўся, але я проста фізічна адчула, які ён унутрана напяты. Аблічча выснажанае, між прамых броваў з’явілася ўпартая зморшчынка, позірк сініх вачэй цвёрды і нейкі адчайны... Як у камікадзэ. Ну і параўнанні лезуць у галаву...

Вогненны карузлік у шкляным падсвечніку гарэзна падскокваў, нібыта намагаўся выскачыць са свайго васкова-шклянога палону і выклікаць на дапамогу цэлае вогненнае войска. Я моўчкі паклала на столік ліст Бернацоні і аркушык з перакладам. Юрась гэтак жа моўчкі прачытаў. Твар ягоны быў каменны. Мяне нават закранула – няўжо не здзівіўся? Але ў любым выпадку мой былы муж вырашыў не выяўляць свае пачуцці. Ён працягнуў мне назад паперкі.

– Схавай і забудзься.

Гэта што, я дарэмна турбавала Галіну Сцяпанаўну?

– Паслухай, мне і так наша сустрэча нагадвае сустрэчу Шцірліца з жонкай у кавярні «Элефант», не хапае толькі адпаведнай музыкі.

– Дарэчы пра жонак...– неяк ненатуральна лёгка прагаварыў Юрась, не зважыўшы на маё абурэнне.– Як там Стэла?

Божа, што рабіць? Я так і не вырашыла, як будзе мудрэй... Змаўчаць? Намякнуць на праўду? Маё няпэўнае мыканне Юрась расцаніў, як кепскія навіны пра здароўе жонкі.

– Трэба мне найхутчэй адсюль выбірацца. Самому прасачыць, як там і што...– зазначыў рэстаўратар.– Але зараз вось – тапчуся на месцы... Я адчуваю, дзе якое колца было, як нацягваліся вяроўкі... Там – драпінка, там – цёмная плямка... Фігурка нахіленая... Усё роўна як малюнак па фрагментах дамалёўваю. Але гаспадары не здаволяцца, пакуль гэтыя клятыя гадзіннікі не пачнуць разбіваць шклянкі, як п’яны афіцыянт. Нешта ўжо атрымліваецца... Рэзананс моцны. Ды не хапае чагосьці, што мусіла з’ядноўваць усе гадзіннікі. Яны вельмі геаметрычна вывераныя, дэталі знаходзяцца на пэўных лініях прасторы, перасякаюцца, вымагаюць чарговасцяў... Мне засталося зусім трошкі, каб адгадаць загадку... А цяпер не ведаю, ці маю права яе раскрываць? А раптам гадзіннікі сапраўды – небяспечная зброя?

Я задумалася. Ці варта надаваць такое значэнне сакрэту лекара? Гэта ўсяго толькі легенды. Ведзьмакі таго часу, нацершыся аканітавай маззю, шчыра верылі, што лётаюць...

Агеньчык свечкі быў такі слабы, што люстраваўся ў кубках ледзь заўважнай светлай кропкай... Але часам дастаткова адной светлай кропкі, каб выйсці на шлях. У мяне пакуль такой не было. Усё здавалася нерэальным. Гэтае мястэчка, за волю якога гінулі пакаленні, магчыма, і маіх продкаў... У якім гібелі продкі, што выжылі ў бязлітасным часе, нібыта сухія травінкі, не зачэпленыя касой, зрэзаўшай гонкія сакавітыя сцябліны... Нерэальным быў сённяшні халодны дзень – быццам прыхінаешся шчакой да зацягнутай бруднай шэранню шыбы чужога акна... І гэтая кавярня, падобная да правінцыйнага альбома, у якім выразаны з паштоўкі калядны зайчык суседзіць з рэпрадукцыяй Хруцкага... І чалавек насупраць, сумны і напяты, як рука воя на дзяржальне мяча... Вось заплюшчу вочы, усё знікне, і я прачнуся ў сваёй часовай кватэры з белымі ў брунатныя пасачкі шпалерамі, з копіямі старажытных гравюраў...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю