355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 15)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 32 страниц)

Сястра Агапа моўчкі схіліла галаву.

– На ўсё Божая воля, пане. Золатам не купіш і адно здаровае вока.

Падчашы ляжаў на насілках, на якіх яго і прынеслі. Шырокія мяккія насілкі з аксамітным падушкамі падаліся гасцям больш зручнымі, чым каменны ложак келлі. Смуглявы твар старога воя, спаласаваны шнарамі, быў усё яшчэ прыгожы. Валасы ссівелі, але ўгадвалася, што калісьці былі яны цёмныя, густыя... Сястра Агапа асцярожна паклала вузкую сухую далонь на лоб хворага... Гарачка...

Адзін са слуг беражліва адхінуў край коўдры: на грудзях пана ляжала ануча, набрынялая крывёй. Дыханне хрыпла вырывалася з грудзей параненага...

– Калі гэта здарылася? – ціха спытала манашка.

– Трэцяга дня...

Сястра Агапа моўчкі паківала галавою. Позна... Усё невыпраўна позна...

Раптам рыцар расплюшчыў вочы, бліснула іх невыцвілая сінізна, і прагаварыў:

– Не плач, Анэта, а то жабы ў пакоі развядуцца...

І паспрабаваў усміхнуцца.

– Бачыш, я ўжо так блізка да брамы смерці, што нават не здзіўляюся нашай сустрэчы...

Манашка нахіліла галаву.

– Маё імя сястра Агапа.

– Кінь... Калісьці я гаварыў, што пазнаў бы цябе, нават калі б ты пераўтварылася ў воблака ці птушку... Ды хоць бы – і ў старую манашку.

Паміраючы рыцар і Божая нявеста глядзелі адзін на аднаго, угадваючы за скалечанымі часам рысамі светлыя воблікі юнацтва і мілосці. Сонца цягнулася да іх ласкавымі промнямі скрозь рознакаляровы вітраж з выявай візантыйскага крыжа... У промнях бесклапотна танчылі пылінкі.

– Ты змяніў імя, Богуш... Ты змяніў веру...

Паранены заплюшчыў вочы.

– Што такое імя? Стужка ў валасах, сёння – залатая, заўтра – срэбная, а пазаўтраму яе накруціць на кашчавы палец смерць... Рыцар... мусіць заваёўваць славу... І адно моцны... заваюе яе. Высокую пасаду ў гэтай дзяржаве... можа заняць толькі... адзінаверац караля.

Рыцар стаміўся, гаворачы, і нібыта задрамаў. Сястра Агапа агледзела яго рану. Што ж, можна хаця б паспрабаваць аблегчыць боль. Накласці мазь... Вось так... А на краі раны, дзе ўжо счарнела, лісты арнікі...

– Не старайся, Анэта, мяне ўжо чакае архангел... Я думаю, што рыцара павінен сустракаць архангел з мечам, рыцар Божага войска... Мне нават здаецца, што я бачу водбліскі ягонага мяча.

Рыцар глядзеў на схіленую галаву манашкі, накрытую чорным покрывам.

– З-за цябе, Анэта, не магу з чыстым сэрцам на Божы суд ісці... Трэба ўсе крыўды на гэтым свеце пакідаць. А я прабачыць не магу, што ты ў вежы мяне адштурхнула. Я ў такім вары апынуўся... Рушыў, не разбіраючы нічога. Пакуль мяне не паклалі чужыя мячы... Што цябе прысудзілі замураваць у вежы, я праз месяц даведаўся, калі ад ранаў ачуняў. Я дасюль лічу, што, каб не ўцякла ты, мог бы цябе выратаваць! І мы былі б шчаслівыя!

– Ты прывёў у горад ворагаў...– прагаварыла сястра Агапа.

– Ворагаў? Сёння карачунцы – нашыя лепшыя сябры. Можа быць, заўтра яны зноў стануць ворагамі... Якая розніца? Я думаў, што ты не засталася са мной, бо чортавы лекар сапраўды цябе счараваў.

Нейкі час панавала маўчанне, толькі словы малітвы зляталі з вуснаў манашкі, як галубінае пер’е, падхопленае ветрам.

– Нахіліся...– папрасіў рыцар. Сястра Агапа паслухмяна наблізілася.

– Паслухай, ты ведаеш сакрэт лекаравых гадзіннікаў, праўда? Яны ў вежы стаяць, так?

Вочы Богуша хваравіта блішчэлі.

Сястра Агапа адхіснулася.

– Навошта яны табе?

– Гэта – моц... Сіла... Яна патрэбная сёння нашай дзяржаве... Ты магла б навучыць нас, як карыстацца гэтымі гадзіннікамі? Калі б татараў або шведаў прымусіць танчыць у смяротным танцы!

Манашка рэзка ўзнялася, перахрысцілася.

– Што ты гаворыш, Богуш? Выратуй Гасподзь душу тваю... Ты трызніш.

Пан Баляслаў зайшоўся ў пакутлівым кашлі, на ягоных вуснах паказалася кроў. Малады Радчыньскі забег у пакой.

– Пане бацька, знайшлі дамініканскага мніха! Ён прыме тваю споведзь.

Рыцар зірнуў на манашку і прахрыпеў.

– Ну што, Анэта, можа, сустрэнемся там?

Яна схапіла яго руку – хаця ў параненага была гарачка, рука халодная, нібыта льдзяная – сціснула... І ён сціснуў яе далонь... Як у скоках смерці... Цела старога воя пакутліва выпіналася, прабітыя грудзі хапалі паветра...

У келлю зайшоў мніх, падазрона азіраючыся на абразы схізматыкаў. Усе, акрым сына, пакінулі паміраючага.

Сястра Агапа горача малілася перад алтаром, асветленым толькі дрогкім агеньчыкам лампады.

...Акрапі мя ісопам, і ачышчуся...

Маладая чарнабровая манашка ўкленчыла побач, дачакалася, пакуль старэйшая скончыць малітву, і паведаміла:

– Падчашы памёр... А сын яго вас шукае. Кажа – нешта вы павінны яму расказаць, паводле бацькава запавету... Вы памерлага рыцара ведалі, сястра Агапа?

Старая манашка ўзнялася, перахрысцілася... Яе твар са слядамі былой гожасці быў суровы.

Скокі смерці не скончацца ніколі. Над гэтай зямлёю вечна будзе ляцець пачварны карагод, дзе ўсе трымаюць адзін аднаго за рукі, і нікому не даюць выслізнуць, вызваліцца, застацца на лапіку жыцця...

– Скажы маладому рыцару, што я дала абет затворніцтва і маўчання. Адгэтуль мае словы будуць толькі тыя, што я сэрцам прамоўлю да Госпада. І бачыць я жадаю толькі Госпада, калі ўдастоюся спазнаць яго духоўнымі вачыма. Амін.

Маладая манашка з бояззю паглядзела на суразмоўніцу, схілілася ў зямным паклоне і сышла.

Назаўтра келлю ў сутарэннях заклалі цэглай, пакінуўшы толькі адтуліну, каб падаваць затворніцы ежу.

Праз маленькае акенца келлі, пад самай столлю бачыўся сіні-сіні лапік неба і краёчак белага воблака, нібыта краёчак сцягу на вежы вольнага места.

Гадзіннікі, чорныя рыцары смерці, моўчкі стаялі ў сутарэннях... Яны чакалі, калі спатрэбяцца новаму ўладару, дастаткова смеламу, каб прызваць на дапамогу смерць.

* * *

За акном свяцілася маленькая злая зорка, як ваўчынае вока. Няўжо я спала? Зірнула на гадзіннік... Другая ночы. Але на сон забудзься. І не рабі выгляд, што зможаш вярнуцца да звычайнага жыцця. Як там Юрась? Я спрабавала ўпэўніць сябе, што ён змірыўся – а што застаецца яму рабіць? Усё роўна раскажа, і адладзіць...

Але каго я падманваю? Юрась ніколі не зважаў на разумныя, цалкам зразумелыя доказы. Ён жа зацяты... Ён жа да апошняга будзе трымацца...

Я ўпершыню адчувала гэткі боль, нібыта душа разрывалася ад тугі... А я думала, што горш, чым тады, калі сыходзіла з агульнарэдакцыйнага сходу, мне ніколі ўжо не будзе.

А што, калі я больш яго не ўбачу, Юрася? Як мне жыць з гэтым?

Я села на ложку і захуталася ў коўдру... Але было ўсё роўна холадна. Так холадна і самотна, нібыта я на скрыжаванні восеньскіх вятроў, і забылася, дзе мой дом.

...Што з ім зараз, з Юрасём?...

Пытанне нібыта сталася асобнай жывой, надакучлівай істотай, якая бязлітасна кусала і джаліла свядомасць.

Свет фараў прабегся па сцяне, нібыта прамільгнуў анёл, не пажадаўшы затрымацца і суцешыць.

Добра, уявім, я засталася... Сядзела б зараз з Юрасём у Людвісарава... Сапраўды, яшчэ горай яму зрабіла б.

Пайсці па дапамогу? Ха-ха-ха! Куды? Да Бэтмана і Робіна? Хіба толькі мульцяшныя супермены і могуць умяшацца...

Але я не магу так больш! Ракавінка, у якой я пражыла столькі гадоў, трэскалася знутры ад выбухаў майго болю.

Хаця пасля гэтай – праз адзінаццаць гадоў,– сустрэчы, ну што між намі было? Дотык рук... Юрась, вядома, адчувае віну перада мной – ён жа заўсёды бярэ на сябе ўсю віну. Я пэўная, што ён бы з радасцю аддаў за мяне жыццё. Але пра каханне да мяне, я думаю, і размова не ідзе. Юрась мае з-за каго пакутваць. А няўжо вось гэта, што я зараз адчуваю, і ёсць каханнем? Якое ж яно... няўмольнае... балючае... Быццам нехта ўдарыў мяне па вачах промнем чароўнага ліхтара, і я з містычным жахам убачыла нейкі ланцуг – ці шаўковую вяроўку, як уяўляюць японцы,– якая нечакана прывязала мяне да другога чалавека, міма маёй волі. І кожная спроба аддаліцца – толькі боль...

Я падышла да акна, загарнуўшыся ў коўдру. Заснежаны двор, на белым асфальце ў святле ліхтара – дзве чорныя палоскі ад колаў машыны... Пагляд мімаволі скіраваўся да гарызонту, маленькі кавалачак якога, пасечаны сілуэтамі дрэў, праглядаўся між спінамі суседніх дамоў. Юрась дзесьці там... далёка... У цемры... Чаму я – тут? Мне трэба да яго! Не да таго, забаўнага юнака, майго выпадковага мужа, а да гэтага – сталага мужчыны, які зведаў гора і жарсць, і змог захаваць у сабе таямнічы агонь, які калісьці і прывабіў мяне... Які змушае яго зараз кідацца з дзідай на вялізны вятрак... Рыцар сумнага аблічча...

Што з ім зараз?...

Дон Кіхота нават звычайныя пастухі білі палкамі...

Я таксама думала, што магу змагацца з ветракамі. Але, аднойчы ўпаўшы з бязлітаснага нежывога крыла, страціла веру ў тое, што можна спыніць нават найвялікшымі ахвярамі гэтую махіну, раскручаную мільёнамі самалюбстваў, якая перамолвае лёсы людзей і дзяржаў, каханне і годнасць, розум і веру ў аднолькавую вязкую масу, прыдатную, каб ляпіць паслухмянае, зручнае грамадства. Не, сапраўдная барацьба вядзецца не на пляцах, а ў табе самім. А я заўсёды ўцякала ад сваіх праблем. Таму і сны не запамінаюцца, якія гэтыя ж праблемы ставяць. Зараз з памяці нібыта спаўзала сетка... Як наяве, убачыла ўсмешку Юрася, яго непакорлівую чупрыну, сіні ўпарты пагляд з-пад прамых броваў, шнары на шчацэ, абдрапаныя жалезным нутром гадзіннікаў пальцы... І як ён кланяўся перад гэтымі гадзіннікамі і звяртаўся да іх з жартоўнымі словамі...

Пане Ян з Адамам і Евай...

І тут жа ўсплылі ўбачаныя ў сне тыя ж выразаныя з дрэва Адам і Ева з кубкам і змяёй. Яшчэ не пашкоджаныя часам, у яркасці фарбаў і пазалоце...

Гадзіннікі стаяць у коле...

Лекар у чорным падыходзіць да іх...

Данс макабрэ... Фігуры смерці... Баркун, Стэла, Юрась – адзін за адным выходзяць з кола...

Не, толькі не Юрась!

Ну ўспамінай жа!

Я гатовая была раскалоць галаву аб сцяну, абы дастаць адтуль непаслухмяныя вобразы.

Ад напружання свет паплыў вакол у чырвоным тумане...

І я ўспомніла.

Засталося скамечыць адзінаццаць пражытых гадоў, як чарнавік. Ён не варты і аднога правільнага звонкага радка.

І я зрабіла ўчынак, які аніяк нельга было вытлумачыць логікай, але мне – маёй новай сутнасці – зразумелы. Падышла да люстэрка і рашуча абрэзала сваю рудую касу. Коратка, на самай патыліцы. Ускудлаціла рукой валасы... І праз знаёмыя рысы ў люстэрку нарэшце вызірнула даўно забытае дзяўчо з процьмай ілюзій і здольнасцю да ўчынкаў, невытлумачальных логікай. За акном развіднела... Дзень зазіраў у маё акно шэрым хворым тварам, на якім не мелася спачування.

Тэлефон Лілі Пятроўны быў на візітоўцы.

Я сказала ўсяго некалькі словаў...

Праз дваццаць хвілінаў ля майго пад’езда стаяла машына. Перад тым, як выходзіць з кватэры, я прыхапіла з сабой канверт з далярамі.

Кіроўца, незнаёмы мне лысы мужчына, падобны да млынара, сядзеў моўчкі, глядзеў толькі на дарогу. І мне было не да размоваў. Яшчэ і яшчэ раз я пракручвала ў галаве вобразы, убачаныя ў снах... Я не спрабавала зразумець, адкуль яны прыйшлі... Калі гэта – усяго толькі мая хваравітая фантазія, блёкат, то... ну што ж, я ўсё роўна апынуся побач з Юрасём. Мой страх кудысьці знік, нібыта я перайшла мяжу, за якой нішто не мае значэння, акрым таго, што ў сэрцы.

Рассунуліся бетонныя вароты... Дзве каменныя багіні, абуджаныя ранішнім сонцам, зімовым, познім і халодным, праводзілі мяне белымі сляпымі вачыма. Ave, Людвісарава, morіturі te salutant...

Яны ўжо чакалі мяне – Янчын, Макс, Ліля. Апошняя, як я цяпер ведала, прадстаўляла інтарэсы Калыванава.

– Ну што ён, наш майстра, табе расказваў? – накінулася на мяне былая мадэлька. Пад вачыма ў яе цямнелі кругі – перажывае... Гаспадарова даручэнне блага выконваецца. А гаспадар, відаць, прыспешвае. Але мяне цікавіла адно.

– Дзе Юрый Дамагурскі?

Янчын па-сяброўску паклаў руку мне на плячо.

– А вось Ганначка, як старому сябруку, мне ўсё і раскажа, а потым мы наведаем Юрася... Ты такая малайчына, што наважылася дапамагчы...

Макс белазуба ўсміхнуўся.

– Ну чаму ж менавіта вам раскажа, дарагі Віталь... Я, як прафесійны псіхолаг...

– Сціхніце! – Ліля так раўнула, што калі ў гэтым доме жыў дамавік, ён мусіў схавацца пад печку.– Перастаньце рваць коўдру на сябе, або ніхто нічога не пачуе... Дый ці ёсць яшчэ што чуць?

Баркунова ўдава (ці, можа, забойца?) сумніўна зірнула на мяне. Я страсянула падстрыжанымі валасамі, нібыта скідала апошнія рэшткі сумнення.

– Я тлумачыла... Я не магу нічога расказаць. У тэхніцы не разбіраюся. Толькі пакажу, што запомніла, на гадзінніках. Але найперш хачу бачыць Юрася!

Усе трое перазірнуліся. Бязмоўная рада ворагаў-хаўруснікаў...

– Дык пойдзем хутчэй, пакуль ёсць каго пытацца! – прыспешыў усіх Янчын.

Ахоўнік, падобны да барца сумо, паслужліва бег перад намі і адчыняў дзверы. Вось і знаёмы калідор да майстэрні... Я павольна спускалася па прыступках у паўцемры. Праз расчыненыя дзверы бачылася мірная карціна. Гадзіннікі, расстаўленыя ўздоўж сцяны, більярдны стол... Утульны агонь у каміне... Знаёмыя грамідлы Ігар і Анатоль сядзяць на вінтавых крэслах, ядуць свежыя вішні (самая магнацкая ежа ўзімку) і пстрыкаюць костачкамі ў нябачную мішэнь.

Пры нашым з’яўленні Ігар і Анатоль паслухмяна ўскочылі... Я паглядзела налева і ўбачыла іхнюю мішэнь... У мяне перахапіла дыханне. У куце тварам да сцяны стаяў аголены да пояса Юрась, нізка нахіліўшы галаву. Яго ўзнятыя рукі былі прыкаваны наручнікамі да нейкай трубы, а на спіне вугалем намаляваныя кругі. Відаць, у «мішэнь» трапляла нешта больш небяспечнае за вішнёвыя костачкі, бо спіна Юрася была ў парэзах і апёках.

– Што... што вы робіце...– толькі і змагла прамармытаць я.

Юрась павярнуў, наколькі мог, галаву, аблізаў скусаныя перасохлыя вусны.

– Ды вось, гуляем у святога Себасцьяна.

Голас яго гучаў глухавата, але спакойна, нават з іроніяй. Ён яшчэ жартаваў!

– Вылюдкі!

Я кінулася да «Себасцьяна». У вушах маіх шумела кроў, і я не адразу ўсвядоміла, што Юрась настойліва мяне дапытвае.

– Навошта ты сюды прыехала? Ты што, здурэла, Анэта? Я ж прасіў...

Нечая моцная рука адцягнула мяне на сярэдзіну пакоя. Макс пазіраў усё гэтак жа прыязна, хіба толькі на дне яго шэрых вачэй успыхвалі падазроныя агеньчыкі, як у ваўкалака.

– Ганначка, мы ўсе чакаем... Давайце папрацуем. Заўтра сорак дзён па Аркадзю Баркуну, у імя яго памяці мы павінны аднавіць старажытную карцінку.

Каб я не была ў такім жаху і гневе, засмяялася б, мусіць. Успомніў леташнюю байку...

– Вызваліце рэстаўратара!

Янчын грэбліва скрывіў тлустыя вусны.

– Паспеецца... Не заслужыў ён добрых адносінаў, ёлуп упарты. Давай, Анэта, паказвай... Мы ўсе дапаможам. Што ён з гадзіннікамі рабіў?

Юрась тузануўся ў сваім куце.

– Яна нічога не ведае! Адпусціце яе. Яна не мае ні да мяне, ні да гадзіннікаў ніякага дачынення. Зусім старонні чалавек.

Але на яго крыкі ніхто не зважыў. Толькі Янчын шырока ўсміхнуўся.

– Адхрышчваецца наш майстра ад сваіх пачуццяў. Ведаеш, Ганначка, мы тут учора яму адну ампулку ўкалолі... Ён столькі цікавага пра адносіны да цябе расказаў. Раман цэлы! Так што пашчыруй дзеля свайго рыцара,– і чамусьці дакорліва дадаў: – Та-ак... Рамантычную гісторыю распавёў... І гэта замест таго, каб расказаць пра тое, пра што пыталіся.

– Цэнзура свядомасці можа быць вельмі моцнай! – адразу пакрыўджана азваўся Макс, які, відаць, у словах Янчына ўчуў папрок на свой адрас.– Дарэчы, другая ампулка таксама не спрацавала.

Янчын, у чый гарод на гэты раз, відаць, ляцеў каменьчык, збіраўся быў сказаць нешта з’едлівае, але Ліля злосна крыкнула:

– Лухта вашая хімія! Не з таго пачалі, толькі час страцілі. «Вой, ды каб жа без бачных пашкоджанняў...» Калыванаў з такімі прыдуркамі – дзядоўскімі метадамі, і ні разу не схібіў. Адразу б мяне паслухалі. Давай, як цябе там, Анэта, паказвай, а то твайго рыцара сама пачну на кавалкі рэзаць. І пачну з «кавалка» самага інтымнага і дарагога.

Я абвяла вачыма пакой, спрабуючы засяродзіцца. Мне цяпер спатрэбяцца ўсе мае сілы. Позірк спыняўся на дэталях, якія не хацелася асэнсоўваць. На паверхні більярднага стала – плямы засохлай крыві... Абрыўкі правадоў... Нейкія жалезныя штыры... На падлозе – пустыя шпрыцы. І – я не памылілася – супрацьгаз.

Так, ночка ў Юрася выдалася нялёгкая.

Але, падобна, у ягоных катаў – таксама.

Як ён пакуль яшчэ трывае? Па прысутных бачна, што яны часова страцілі надзею разгаварыць майго зацятага былога мужа. Стаміліся... Часова... Каты таксама людзі, ім трэба адпачыць, забавіцца... Каб потым, з новымі сіламі – зноў за працу... Тым больш час працуе на іх, адбіраючы ў ахвяры сілы.

Але вочы тых, хто глядзеў на мяне, рабіліся ўсё менш і менш падобныя да звычайных чалавечых вачэй, і ўзгадваліся назвы тыпу «Зазірні ў вочы лемуру»...

Страху не засталося. Толькі гнеў і пагарда.

– Прыбярыце більярдны стол.

Ахоўнікі кінуліся выконваць, ледзь не збіваючы адзін аднаго з ног. Месца хапае... Майстэрня вялікая. Як школьны стадыён. Кола смерці лепей зладзіць вось там, падалей ад дзвярэй...

Я агледзела падлогу. Там-сям яшчэ былі бачныя лініі крэйдай, якія крэсліў Юрась. Што ж, думаю, я змагу паўтарыць.

Так... З’арыентавацца па баках свету. Задыяк... Лініі, па якіх паляціць смерць... Цяпер гадзіннікі... Ахоўнікі і Янчын з Максам уладкавалі кожнага рыцара смерці на ягонае месца. Я паправіла стрэлкі на гадзінніках. На кожным свой час. Свой парадкавы нумар. Гадзіннікі паўсталі гэтак жа, як вякі таму, і падрыхтаваліся да бітвы цемры з цемрай. Юрась, відаць, пачынаў верыць, што ў мяне ёсць нейкія веды, таму што стаў крычаць, каб я нічога не расказвала... Я не бачыла, што з ім зрабілі, відаць, ударылі ў жывот, бо крыкі змяніліся хрыплымі ўздыхамі-стогнамі...

Так, цяпер адна, але надзвычай важная, папраўка... Для нас з Юрасём – жыццёва важная...

Я загадала павярнуць гадзіннікі цыферблатамі вонкі. Калі мае сны хоць у нечым – праўда, то цяпер смерць будзе не сыходзіць з кола гадзіннікаў, а застанецца каля іх... Магчыма, прыхопіць і нас з Юрасём. Але ж – забярэ і іншых, датычных да таямніцы. Юрась гатовы знікнуць разам з гэтай таямніцай. Што ж, цяпер гатовая і я таксама.

Дамагурскі, відаць, паступова здагадваўся, што я раблю, бо прахрыпеў толькі:

– Асцярожна, Анэта...– і змоўк.

Як казаў Артэга-і-Гасэт, хто не спазнаў, як праймаюць дрыжыкі перад пагрозай часу, той не заглыбляўся ніколі ў нетры лёсу і толькі дакранаўся яго пяшчотнай абалонкі. Фраза, якую мы з парадыйнай велягурыстасцю паўтаралі перад тым, як зайсці ў кабінет здаваць іспыт.

Пяшчотная абалонка лёсу крывавіла. Час наблізіўся ўшчыльную, нібыта гіганцкі гадзіннік, і нахіліўся над намі вялізным цыферблатам з адной стрэлкай...

– Мне патрэбна вялікая круглая ваза з простага шкла. Чым бліжэй да формы шара, тым лепей. Можа, акварыум.

Яны зноў забегалі, замітусіліся, і хутка перада мной стала некалькі круглых вазаў, з якіх толькі што няўважна высыпалі па-мастацку выкладзеныя ракавінкі, сухія кветкі, штучныя перлінкі, каралавыя галінкі ды іншую дызайнерскую лузгу. Я выбрала вазу, якая падыходзіла па памерах, і паставіла ў цэнтр, там, дзе сыходзіліся ўсе лініі (быццам постмадэрновая метафара адсечанай галавы прарока).

– Ёсць у гэтым доме срэбны прадмет, падобны да сярпа? Нож, відэлец, лыжка, урэшце?

Сталовыя прыборы звонкай гарой ляглі на стол, нібыта здабыча банды злодзеяў, што вярнулася з вандроўкі па гаспадарскіх буфетах. Вось гэтая лыжка для кавы, доўгая, выгнутая, бадай, падыдзе найлепш. Я асцярожна апусціла яе ў вазу... Засталося завесці гадзіннікі.

Вось адзін пачаў тахкаць... Другі... Трэці... Дванаццаць жалезных вершнікаў смерці. Здавалася, нават паветра пачало звінець... Бом-м-м... Гэта падаў голас апостал Пётр. Пачаў біць другі гадзіннік... Трэці...

– Глядзіце, лыжка зварухнулася! – ускрыкнула Ліля Пятроўна. Усе, як я і спадзявалася, згрувасціліся вакол вазы, у якой сапраўды пачала вібрыраваць, паўзці, і вось ужо – паволі круціцца срэбная лыжка, нібыта трэска ў віры.

Вось загаварыў апошні гадзіннік, Юда. Кашчавая фігура ў расе на ім падняла складзеныя далоні ўгору, нібыта заклікала з нябёсаў пакаранне на грэшныя галовы.

Раптам адна з вазаў, якія мне не спатрэбіліся, разляцелася на кавалачкі. Людзі, што стаялі ў коле гадзіннікаў, пачалі віншаваць адзін аднаго... Яны не звярнулі ўвагі, што разбітая ваза стаяла не ў коле, як мусіла быць паводле пісьма лекара, а па-за колам... Але іх свядомасць, відаць, патроху імглілася... Як і мая. Я паволі адступала да Юрася, адчуваючы інстынктыўна, што толькі там выратаванне... Бліжэй... Бліжэй... Вось я ўжо побач з ім... А пакой нібыта гайдаецца... І звон... У вушах, у галаве, і нібыта душа ў такт з ударамі сціскаецца і пульсуе...

Я ўсё-ткі гэта зрабіла. Запусціла старажытную машыну смерці.

– Прыхініся да мяне! Чуеш, Анэта! Сюды, за мяне хавайся!

Голас крычаў зусім побач, але я не разумела сэнсу словаў. Шалёная, дзікая сіла цягнула мяне некуды... Пасля я ўсвядоміла, як добра, што Юрась быў прыкаваны наручнікамі. Хаця, можа, на яго, такога моцнага, і сіла гадзіннікаў не падзейнічала б. Яна – для слабых, ахопленых прагай смерці...

Юрась прыціснуў мяне да сцяны ўсім целам. Але я ўсё рвалася, мяне зацягваў вір... І толькі дотык да вуснаў вярнуў свядомасць. Юрась цалаваў мяне, нібыта хацеў у пацалунку аддаць усё сваё жыццё... І гэтая сіла аказалася мацнейшай за вар’яцкі вір. Цяпер для мяне існаваў толькі мужчына побач, яго гарачыя вусны, біццё яго сэрца, яго дыханне... Я ўчапілася за Юрася, нібыта тапелец.

Не ведаю, колькі мы так прастаялі. Час перастаў існаваць. Нарэшце я зразумела, што вакол – цішыня... Гадзіннікі змоўклі. Толькі нейкі дзіўны рытмічны шоргат і глухія выкрыкі. Я асцярожна адхінулася ад Юрася, вызірнула з-за яго пляча. Ногі мае падагнуліся ад убачанага... Юрась таксама паглядзеў назад і здрыгануўся:

– Прасвятая Багародзіца...

Ніколі не забудуся таго відовішча. Нават цяпер, варта мне заплюшчыць вочы, я магу аднавіць яго ў дэталях. Сашчэпленыя рукі, вочы, якія нібыта глядзяць унутр чэрапа, выскаленыя твары... Шалёны карагод вярнуўся. Цяпер для тых, хто скакаў у ім, не мела значэння, хто каму служыць, хто над кім уладарыць. З вуснаў, што не ведалі словаў малітваў, зрывалася нешта дзікае, падобнае на «Гу! Гу!»

– Як зняць наручнікі? – задыхаючыся, спытала я ў Юрася. Той, усё яшчэ не ў змозе адарвацца вачыма ад вар’яцкага відовішча, прамармытаў.

– Ключы дзесьці павінны быць... Можа, вунь там, на століку...

Дасюль не разумею, як мне ўдавалася нешта кеміць, дзейнічаць... Усё рабілася, як у сне, калі самыя неверагодныя, жахлівыя рэчы здаюцца натуральнымі. Пераадольваючы паветра, як дрыгву, я наблізілася да століка, на якім тыя, што гэтай ноччу ламалі волю непакорлівага майстра, расклалі свой немудрагелісты сняданак. Кававарка, кубкі з недапітай кавай, талерка з вішнямі, лусцікі з вяндлінай, бутэлькі з мінеральнай вадой, пачкі цыгарэтаў... Мне адразу ўспомніліся пратаколы допытаў інквізіцыі, дзе ў апісанні працэсу катавання ўвесьчасныя ўстаўкі пра тое, што каты зрабілі перапынак на «перакус». Сярод пералічаных мірных прадметаў валяліся іншага кшталту атрыбуты «вечарынкі»: ампулы і нераспакаваныя шпрыцы, металёвая штука, у якой я ўгадала электрашокер, яшчэ адна пара наручнікаў... На шчасце, былі і ключы.

Я адамкнула наручнікі. Юрась пахіснуўся і ўпаў. Але прыўзняўся, страсянуў галавой.

– Вады...

Я бегма прынесла яму бутэльку мінералкі. Юрась прагна адпіў, рэшткі выліў сабе проста на галаву. Абцёр твар і з цяжкасцю ўстаў на ногі. Дзякуй Богу, здаецца, можа ісці... У куце я падабрала скамечаны Юрасёў швэдар. Курткі вісяць унізе...

– Давай хутчэй адсюль! – я пацягнула Юрася за руку ў бок дзвярэй, стараючыся не глядзець на шалёны карагод.

Юрась быў памкнуўся за мною, але ў дзвярах затрымаўся, абапёршыся аб сцяну рукой, упрыгожанай, паўзверх старых шнараў, цэлай калекцыяй новых.

– Не, я не магу так сысці.

– Што ты тут забыўся? – знервавана спытала я.

– Разумееш, калі тое, што тычыцца гадзіннікаў, праўда... А я думаю, што гэта праўда... То гэтыя людзі будуць бегчы, пакуль не памруць.

– І... што?

– Я не магу гэтага дапусціць.

Я разгублена спынілася, гледзячы на выснажаны твар Дамагурскага, і з адчаем зразумела, што мае пярэчанні не будуць мець моцы. Але ўсё-ткі паспрабавала.

– Адкуль ты ведаеш, што яны памруць? Набегаюцца, паваляцца, адляжацца... Мне дык увогуле здаецца, што яны кожнае імгненне могуць апрытомнець. Што тады з намі будзе? Урэшце, яны з табой такое выраблялі... Чаму ты павінен пра іх клапаціцца?

Але Юрась зацяўся.

– Я павінен гэта спыніць.

О, Божа...

– Як толькі ты гэта спыніш, танец смерці пачнецца для нас.

Дамагурскі ўпарта звёў бровы.

– Я не магу дапусціць, каб яны памерлі.

– Паслухай...– Я пакутліва шукала выйсця.– Ну давай хаця б пачакаем, пакуль яны... не змогуць нас пераследваць.

Рэстаўратар задумаўся.

– А... колькі часу павінна прайсці?

Я пастаралася гаварыць упэўнена, нібыта ведаю.

– Ну марафонскі забег колькі доўжыцца? Гадзінаў пяць? Шэсць? Праўда, гэтыя, у карагодзе, бягуць дужа хутка... Але, думаю, за гадзіну з імі нічога не здарыцца. У такіх... анармальных станах арганізм набывае надзвычайныя ўласцівасці. Праз гадзіну можна паспрабаваць... Затое яны нейкі час будуць недзеяздольныя, і мы зможам з’ехаць. Хаця нагадаю, што сярэднявечныя танцы смерці тым і вылучаліся, што шаленцаў не мог спыніць ніхто, ніякая сіла. І... што ты будзеш рабіць з таямніцай? Ці ты дарэмна тут геройстваваў, і ўсё роўна гэтай навалачы ўсё аддасі?

Юрась яшчэ раз зірнуў на карагод, што круціўся ў акружэнні цёмных пачвараў, якія нібыта здзекліва назіралі за шаленцамі, рашуча сказаў:

– Пайшлі... Я ведаю, што рабіць.

Мы падняліся на «панскі паверх». Юрась кіраваўся ў пакоі з Калыванаўскімі калекцыямі, толькі крыху пахістваўся, ідучы. Я ледзь паспявала за ім са старым швэдарам у руках. Праўда, апынуўшыся ля канапы, засланай белым мехам, Дамагурскі ўсё-ткі вырашыў дазволіць сабе выйсці з ваярскага стаіцызму і паваліўся. Я ледзь паспела падхапіць яго, каб зноў не ўпаў на падлогу, і дапамагла ўлегчыся на канапу.

– Нічога... Я зараз... – гэта Дамагурскі яшчэ спрабаваў пераканаць мяне і сябе, што ён у парадку. Ашалець...

Я пашнырыла па пакоі – тут Калыванаў, відаць, бавіў дольчэ фа ньентэ, гадзіны цудоўнага нічога-не-раблення, з дапамогай, акрым усяго іншага, шыкоўнай каробкі з нямецкім шакаладам і калекцыйных каньякоў. Ад каньяку Юрась адмовіўся. Бог яго ведае, што за гадасць у вены паролі, ад адной – свядомасць адключаецца, ад другой – цягліцы рве, нібыта абцугамі, аж суставы выкручвае, невядома, як яно з алкаголем спалучыцца? Лепей выкарыстаць як антысептык...

Адкаркаваў чорную матавую бутэльку з залатымі літарамі, падняў і... выліў сабе на зраненую спіну.

Блазнюк!

Хвіліны, выйграныя намі ў лёсу, цягнуліся цэлае жыццё. Дэкарацыі адметныя. Пусты дом, набіты шыкоўнымі рэчамі – здавалася, патрасі яго, загрукае, як куфэрак з косткамі. У сутарэннях круцілася шалёнае кола, і цікалі сярэднявечныя гадзіннікі.

Юрась пацягнуў мяне за руку і змусіў прылегчы побач. Зусім блізка апынуліся яго сінія вочы, абведзеныя цёмнымі кругамі стомы.

– Адкуль ты даведалася сакрэт гадзіннікаў, малая?

– Прысніла...– абставіны, у якіх мы знаходзіліся, былі такімі фантастычнымі, што мой фантастычны адказ Юрася цалкам задаволіў.

– Чаму ты прыехала?

Я іранічна прыўзняла бровы.

– Здагадайся з трох разоў.

Ён, відаць, здагадаўся з першага. Таму што зноў пацалаваў мяне. Прысмак смерці надае пацалункам асаблівую моц. Калісьці я любіла вадзіць сваіх кавалераў падчас першага спаткання на старыя гарадскія могілкі. Выпрабаванне вытрымлівалі не ўсе. Дамагурскі, у прынцыпе, таксама... Заявіў мне, што цалавацца над чужою магілай – грэх, і звёў у суседні скверык... Які, па-сутнасці, таксама быў калісьці часткай могілак.

Госпадзе, што мы нарабілі адзінаццаць гадоў таму... Нас чакала нашае каханне, быццам шыкоўны святочны торт. А мы, як несвядомыя малечы, напярэдадні свята прабраліся ў гасцёўню і адхапілі па неахайным кавалачку з крэмавымі кветкамі, безнадзейна сапсаваўшы ўрачыстасць.

– Прабач мне, Анэта...– пакутліва прагаварыў Юрась.– Мушу прызнацца – гэта ж я з-за свайго эгаізму ўцягнуў цябе ў гэтую справу. Разумееш, убачыў цябе на кірмашы... Вось і закарцела неяк знайсці падставу для наступных сустрэчаў. Хоць права ніякага не меў у тваё жыццё вяртацца. Не магу сабе дараваць...

Я ўявіла, а што, калі б ён сапраўды не прыйшоў у маю хату... І не зведала б я страху і болю апошніх дзён, і было б у мяне ўсё ціха і спакойна... І мяне аж скаланула ад такога ўяўлення. Я пагладзіла мужчыну па няголенай шчацэ са шнарамі і прамовіла словы, якія, была перакананая, не прамоўлю ніколі і нікому:

– А навошта мне жыць без цябе?

Бомм... Шкло ў шафах тонка задрыжэла. Гадзіннікі працягвалі старанна лічыць час, і ў іх галасах мне чулася злавесная радасць.

Юрась з цяжкасцю ўстаў, нацягнуў швэдар і рушыў да сцяны, упрыгожанай барвовым пухнатым кілімам, на якім была развешаная старажытная зброя – нібыта пакінутая пасля бойкі на залітым крывёй лузе. Павагаўшыся, Дамагурскі зняў з мацаванняў алебарду, такую самую, як у картачнага крыжовага валета. Начышчанае лязо блішчэла, як новенькае. Але, па маім перакананні, метал, які адбіраў жыцці, ніколі не будзе выглядаць звычайна. Лязо алебарды люстравала тыя стагоддзі, калі яно было зброяй смерці. І Юрась выглядаў, як сапраўдны рыцар... Апошні рыцар...

– Пайшлі ў майстэрню...

...Яны ўсё яшчэ беглі па коле, на вуснах – белая пена, хрыплыя галасы рытмічна выкрыкваюць нешта... Юрась падышоў да аднаго з гадзіннікаў, моўчкі паглядзеў у ягоны па-вар’яцку абыякавы масянжовы твар і з усяе сілы ўдарыў па ім алебардай.

Ніколі яшчэ антыкварыят не знішчаўся з такой апантанасцю. Юрась валіў гадзіннікі на падлогу, як смяротных ворагаў, адцягваў убок, разбіваў іх жалезныя вантробы... Я таксама дапамагала, як магла, узяўшы нейкі малаток. Дэталі пырскалі ва ўсе бакі, як дождж Апакаліпсісу. Ірваліся вяроўкі з авечых кішак... Каціліся званы, нібыта адсечаныя галовы... Хутка ціканне сціхла. А карагод усё танчыў. Я старалася не глядзець... Гэта было занадта жахліва... Але дэталі ўразаліся ў памяць. Ліля згубіла адзін туфель, на босай назе парвалася чорная ажурная панчоха, і мільгала яркай плямай ружовая пятка. Правае вока Макса чамусьці налілося крывёю... Шчокі тоўстага ахоўніка трасуцца, нібыта кашалёк у скупой руцэ...

– Што рабіць? – крыкнуў мне Юрась.– Як іх спыніць?

Я разгублена паціснула плячыма. Калі лунатыка раптоўна пабудзіць, ён можа і памерці...

Раптам Юрась наважыўся і з усяе моцы штурхануў таўстуна... Літаральна павіс на ім. А той нібыта не заўважае. Валачэ за сабой нечаканую перашкоду, як мядзведзь, у якога ўчапіўся малады хорт. Урэшце Юрасю ўдалося паваліць апантанага. Нейкі час таўстуна цягнулі за сабой іншыя, але рух запавольваўся. Людзі падалі, але іх ногі працягвалі танец, вусны нешта выкрыквалі...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю