355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 19)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 32 страниц)

Нявіннае дзіця, якое належала ўключыць у чарговую дэлегацыю, знайшлося,– гадавалы малеча настаўніка прыродазнаўчых навук. Хлапчук быў слаўны, шчакасты. Ягоная маці падабалася мадам Касіо куды менш – мітуслівая кабета, якая ў нанятую мадам Касіо пралётку прыцягнула яшчэ й гэткую ж мітуслівую пудзеліху з мяшчанскай мянушкай Жужу.

Магарыш хаваўся ў сваім летнім доміку побач з канюшняй у прадмесці горада Б*, там, дзе ўвесну разлівалася мора яблыневай квецені. Мадам Касіо, быццам чорны карабель, праплыла па засыпанай жоўтым пяском сцежцы, рассякаючы духмяныя бела-ружовыя хвалі. У фарватэры за мадам, нібыта за флагманскім караблём, палахліва рухаліся мадэмуазэль Нінель, выкладчыкава жонка са сваім нашчадкам, прыбраным у карункавы каптурык неймавернай велічыні, і пудзеліха Жужу. Ля дзвярэй у логавішча жанчынаненавісніка караван прыпыніўся. Прыслужнік, былы панскі дзяншчык, нізавошта не хацеў упускаць у дом спешчаную сабачку: маўляў, у пана жывуць здаровыя ганчакі. А ўладальніца пудзеліхі нізавошта не хацела пакідаць сваю ненаглядную Жужу адну на чужым двары ў падазроным асяроддзі. Мадэмуазель Нінель ахвяравала сабой і засталася сцерагчы знерваваную жывёлінку.

Мадам Касіо для баявітага настрою ўспомніла апошні выпуск сваіх пансіянерак, зацягнула разбэрсаныя пачуцці ў сталёвы гарсэт грамадзянскага доўгу і рушыла ў наступ:

– Не дзеля фанабэрыі і славы, а дзеля дзяцінства! Яно глядзіць вам у вочы, яно патрабуе вашай дабрадатнасці! Вы адмаўляеце ў ласцы бязвінным дзеткам, якіх Хрыстос загадаў шанаваць найперш, бо ім належыць Царства Божае! – Мадам тыцкала пальцам, абцягнутым чорнай пальчаткай, у бязвіннае дзіця, якое зацята спрабавала сцягнуць з сябе карункавы каптурык. Але бессаромны конезаводчык толькі іранічна хмыкаў ды паўтараў:

– Мадам, мая спецыяльнасць – коні. Я не разбіраюся ў жаночых клубах... Хіба што з націскам на другі склад.

Ад падобных удараў касы аб камень высякаліся іскры. Няшчасная выкладчыкава жонка туліла да сябе немаўля, нібыта хаваючыся за яго ад маланак, якімі шпурляліся багі-алімпійцы. І тут на двары адчайна завішчэла сабака, і адразу ейны віск падхапіў магутны сабачы хор.

– Стой, сабачка, стой! – лямантавала дзесьці мадэмуазэль Нінель.

– О, мая небарака Жужу! Я іду да цябе! – усклікнула пудзеліхіна гаспадыня, з мілабожным «О, мадам!..» сунула свайго дзіцёнка на рукі дырэктарцы пансіёна і выскачыла за дзверы.

У пакоі запанавала цішыня. Крыкі і сабачы брэх расталі ўдалечыні. Мадам трымала дзіцёнка перад сабой, нібыта амфару з рэдкім віном. Няёмка прызнацца, але твар мадам Касіо чамусьці не выказваў замілавання. Магарыш таксама паглядаў на мілае дзіцятка, якое паспела сцягнуць набакір свой накрухмалены каптурык і агаліць круглую макаўку, прыкрашаную адзіным завітым чубком, з нейкім складаным пачуццём.

– У-а-а-а-а-у!

Дырэктарка ледзь не выраніла дзіцёнка. Палкоўнік у адстаўцы спрытна падтрымаў крыклівага госця на яе руках. А немаўля гарлала так адчайна, з такой крыўдай на гэты недасканалы свет!

– Супакойце яго, мадам,– раздражнёна буркнуў Магарыш.– Вы ж самі казалі, што бавіцца з такімі недараслямі – ваш грамадзянскі доўг.

– Я – дырэктар пансіёна для дзявіц,– цвёрда прамовіла мадам, робячы націск на апошнім слове.– Я не маю досведу ў выхаванні немаўлятак.

– Эк гарлапаніць,– дасадліва сказаў Магарыш і паклікаў дзеншчыка. Але той, відаць, таксама збег па сабачых справах, якія нагадвалі пра сябе аддаленым брэхам і жаночым віскам.

Мадам нязграбна гушкала падкідыша.

– А-та-та... Гэта ён вас баіцца. Дзеці адчуваюць нядобрых людзей…

– Перастаньце яго трэсці, ён і змоўкне,– адрэзаў Магарыш і наставіў на немаўля два пальцы казою: – У-цю-цю-цю-цю!

Малеча збрыкнуў нагою і патрапіў забаўніку ў тоўсты нос.

Магарыш ледзь стрымаў лаянку.

– Давайце яго мне. Ён жа мужчынскага полу. Я хутчэй з ім паразумеюся. А то, далібог, вушы закладае. Хлопец, любіш коней? Хочаш на коніку пакатацца?

Дзіцёнак адчайна супраціўляўся. Капялюш дырэктаркі, упрыгожаны страусавымі пёрамі, з’ехаў набакір і нарэшце зусім зваліўся ў суправаджэнні звонкага дажджу шпілек. Мадам Касіо расчырванелася, яе валасы, заўсёды сцягнутыя ў строгі вузел, рассыпаліся залацістымі локанамі. А вочы, не абароненыя ларнетам, былі такія разгубленыя... І светлыя... Так што ніхто не пазнаў бы з першага погляду мадам Касіо. Ды і суровага палкоўніка Магарыша, які скакаў па пакоі, трымаючы на плячах тоўсценькага капрызулю, у той час як мадам бегала за гэтай жывапіснай групай, падтрымліваючы малога кавалерыста.

– А вось мы на коніку... На коніку... Першы раз бачу кабету, якая не можа даць рады дзіцёнку! У вас што, ніколі не было ўласных дзяцей? – соп Магарыш.

– Можна падумаць, у вас цэлая куча спадчыннікаў! – агрызалася мадам.– Вы ўвогуле здзічэлі са сваімі коньмі! Цішэй, не скіньце малога! Я, прынамсі, стараюся нешта даць хоць чужым дзецям. А вы?..

– А мне часам здаецца, што коні больш вартыя шкадобы і разумення, чымсьці людзі. Ай, нешта за каўнер пацякло...

Калі вярнулася легкадумная маці з ускалмачанай пудзеліхай на руках, пакінуты ёю гэтак падступна дзіцёнак бесклапотна спаў на Магарышавай канапе, а паабапал яго сядзелі пан Магарыш у турэцкім халаце і мадам Касіо без капелюша, хаця з падабранымі зноў у вузел валасамі.

– Прабачце, прабачце, але на Жужу напала зграя злосных грубых дварнякоў!

Мадэмуазэль Нінель таксама прапішчэла ў сваё апраўданне:

– Я нічога, нічога не змагла зрабіць! Іх адагналі толькі вадою!

Мадам Касіо годна ўздзела капялюш, акуратна закалола яго шпількамі.

– Думаю, наш візіт скончаны.

Мадэмуазель Нінель са здзіўленнем глядзела на ружовыя плямы на шчоках мадам і гадала, ці ўдалося ейнай ваяўнічай кіраўніцы дамагчыся патрэбнага.

Пан Магарыш сур’ёзна пазіраў на маўклівую дырэктарку:

– Да сустрэчы, мадам.

Толькі шчаслівая супруга выкладчыка прыродазнаўчых навук была цалкам паглынутая сваімі праблемамі і нічога не заўважала, спрабуючы адначасова супакоіць і раззлаваную пудзеліху, і абуджанага ад салодкага сну і невымоўна гэтым пакрыўджанага сынулю.

Калі жыхар горада Б* не мог даць рады сваім клопатам, ён абмаўляў клопаты сваіх суседзяў. І такіх выпадкаў у горадзе Б* чамусьці было амаль столькі ж, колькі жыхароў. Таму канец халасцяцкага жыцця конезаводчыка Базыля Магарыша абгаворваў увесь горад.

Адны шкадавалі небараку – узяць за сябе такую мегеру! Другія дзівіліся – якім шляхам пракралася ў кавалерыйскую душу падступнае пачуццё? На гэтае пытанне маглі б, напэўна, адказаць непаўналетнія наведнікі ясляў для дзяцей працоўных кабет горада Б*, але, на жаль, яны яшчэ не ўмелі размаўляць.


Пігмаліён і Галатэя

Скульптар Пігмаліён зрабіў з мармуру прыўкрасную дзяўчыну Галатэю і закахаўся ў яе. Багі паспачувалі яго вялі-каму каханню і ажывілі статую. Галатэя зрабілася жонкай Пігмаліёна.

Старажытнагрэчаскі міф

Горад Б*, улюбёны мой горад Б*! Як часта сумую па тваіх брукаваных вулках, і нават небрукаваных, што ператвараюцца падчас дажджоў у суцэльную куламесу. Так што даводзіцца прыстойным паненкам ахвяраваць чысцінёй сваіх высокіх чаравікаў на шнуроўцы, на далікатна выгнутых абцасіках...

А паненкам належыць ступаць па кветках і аблоках! Чарговая брудная лужына надарыла мокрым кляймом модныя, у жоўта-зялёную клетачку, нагавіцы настаўніка малявання жаночай гімназіі горада Б* пана Рамуальда. О, правінцыя! Дзе твая паэзія?

Але чароўныя цёмныя вочы дачкі дырэктара сельскагаспадарчага банка горада Б* Зоф’і Шкудровіч, пышнацелай, беласкурай багіні Зоф’і, партрэт якой мусіў да ейнага васямнаццацігоддзя папоўніць галерэю сямейных партрэтаў Шкудровічаў, несумненна тояць у сабе бездань рамантыкі! Бездань жарсцяў і тонкіх адчуванняў тояць яны! Варта толькі абудзіць усе гэтыя бездані – бо, незапатрабаваным у мешчукоўскім шкудровічаўскім асяродку, суджана спаць ім доўга і безнадзейна. Каб не ён, вольны мастак...

Пан Рамуальд самазадаволена падкруціў свае тонкія вусікі, якія зазвычай тапырыліся, як у жука, і зноў патрапіў штыблетам рыхтык у велізарную лужыну. Але ад узрушэння нават не заўважыў гэтага, як не заўважыў бруднай ніягары, што зноў папаўзла па нагавіцах, як не заўважаў шалапуцтва сваіх вучаніц, як не заўважае насмешак цёмнага навакольнага люду: «Ромка-мазідла аптэкарскі па лужынах шыбуе, як з вяселля».

Бо гэта якраз і ёсць уласцівасць праўдзіва творчага чалавека – бачыць тое прыўкраснае, чаго яшчэ няма, і не заўважаць таго паскудства, што ёсць навокал. І ёсць, на жаль, гэтак адчувальна...

Як, напрыклад, жаніх прыўкраснай цемнавокай панны Зоф’і, руды таўсматы Ганька, спадчыннік мануфактурнай фабрыкі. Сядзіць гэтае ўвасабленне банальнасці на канапе, сонна прымружыўшы вочы, назірае, як пад натхнёным пэндзлем пана Рамуальда (які на самай справе сапраўды ёсць сын мясцовага аптэкара, называны ад нараджэння Ромкам) вымалёўваюцца на шэрым паркалі антычныя рысы нявесты... Але хіба ён ведае нават такое слоўца – антычныя!

Ах, як ненавідзеў пан Рамуальд сямейныя партрэты Шкудровічавага роду! Са сцен гасцёўні пазіралі пысы, што нагадвалі пра поўныя кубельцы і скарбонкі, канкрэтнае здароўе і ўстойлівую псіхіку. Няўжо белыя пальчыкі з ружовымі пазногцікамі панны Зоф’і калі-небудзь зробяцца гэтак жа падобнымі на сасіскі, знізаныя пярсцёнкамі... Не, такога нельга дапусціць! Нездарма ж панна Зоф’я хадзіла два гады таму на курсы дэкламацыі да сталічнага артыста, што застрануў у горадзе Б* з прычыны тэрміновага апусцення кішэняў. Значыць, гарыць у ейнай душы іскрынка мастацтва! Толькі распаліць яе...

Дасканалая эрудыцыя дазволіла пану Рамуальду скласці дакладны план абуджэння духоўнай сутнасці панны Зоф’і. Штовечар дапазна бедны мастак сядзеў у сваім улюбёным фатэлі, са спецыяльнай сетачкай на набрыяліненых вусах, скручаных у колцы, і на валасах, падзеленых раўнюткім праборам, моўчкі варушыў вуснамі, час ад часу ускрыкваў нешта незразумелае, кшталту: «О, багіня! Успомнім вялікага Леанарда!» Старэнькі аптэкар Лёйза, уздыхаючы, выходзіў са свайго пакоя і асцярожна ставіў перад мройным сынам шкляначку з мікстурай «Сад маёй бабулі», самым надзейным сродкам ад меланхоліі. Пан Рамуальд адным глытком выпіваў пякучую вадкасць з прыемным ментолавым пахам і нецярпліва махаў бацьку рукой.

– Ромка, а Ромка, цёця Аліцыя звала ў госці ў суботу. Мурачка прыйдзе, памятаеш, такая рудзенькая, вясёленькая?

Пан Рамуальд абурана хмыкаў, і бацька, пахітваючы галавою, ішоў у свой закуток, застаўлены рознакаляровымі бутэлечкамі, рэтортамі і прабіркамі. А пан Рамуальд працягваў інтэлектуальную падрыхтоўку да чарговага сеанса пазіравання, дакладней, да лекцый, што суправаджалі іх. Ад біблейскіх матываў, «Найвышэйшай Саламонавай песні» і Вірсавіі размова перайшла на гісторыі Абеляра і Элаізы, Дантэ і Беатрычэ, Рамэа і Джульеты, паралельна апісваліся жыцці гераічных жанчын – Гіпатыі, старажытнагрэчаскай жанчыны-астранома, закатаванай цемрашаламі, Жанны д’Арк, выратавальніцы Францыі, мясцовай лекаркі Саламеі Пільштыновай, што лячыла і жонак султана, і расійскую царыцу. Панна Зоф’я не заканчвала гімназіі, хаця бацькі паспрабавалі неяк аддаць яе ў лепшы прыватны пансіён горада Б*, які трымала строгая мадам Касіо. У летапісе горада Б* не захавалася дакладных звестак, ці то сама далікатная паненка запрасілася дахаты ад жахлівых цяжкасцей навучання ў пансіёне, ці то цярплівая мадам Касіо, хаця і звыклая да капрызаў багатых бацькоў і іхных дзетак, не вытрывала паводзін мілай Зосенькі, але доўгі час любячыя бацькі наймалі для сваёй кветачкі гувернантак. Прычым мяняліся яны кожны год, а то і па некалькі разоў на год. Бібліятэка Шкудровічаў складалася з некалькіх соцень тоўсценькіх, аднолькавага памеру томікаў у такіх прыгожых, дарагіх вокладках, што разгортваць іх лічылася відавочна залішнім. У выніку пан Рамуальд меў справу з цнатліва чыстай паненчынай свядомасцю, не сапсаванай інтэлектам, што давала яму магчымасць прыўносіць у вядомыя сюжэты плён уласнай фантазіі, асабліва ў аповеды пра сваё навучанне ў Санкт-Пецярбургскай рысавальнай школе.

Выснова з усіх расказаных гісторый, аднак, мелася адна: каб выратаваць жывую душу, належала вырвацца з мяшчанскага асяродку, знайсці роднаснага сабе ўзнёслага спадарожніка (каго ж, як не яго, пана Рамуальда?) і рушыць па жыццёвым шляху, усыпаным кветкамі і церніямі, да зораў ці куды ўжо патрапіць дайсці-даляцець акрыленым асобам.

Хаця б да бліжэйшага вялікага горада, дзе, несумненна, сапраўдны мастакоўскі талент знойдзе сабе прызнанне, а ягоная мадэль будзе праслаўленая гэтак жа, як улюбёная булачніца Рафаэля, увасобленая ў бессмяротных вобразах мадоннаў.

І далібог, Рамуальдавы прамовы давалі плён. Панна Зоф’я нават перастала падчас сеансаў есці разынкі і душыцца ад смеху пры поглядзе на мастаковы закручаныя колцамі вусы і пышны аксамітны бант-гальштук. Праўда, па-ранейшаму заставалася бязмоўнай, як праўдзівая мармуровая багіня. Але яе вочы гаварылі лепш за ўсялякія словы! Ах, як шматзначна пазіралі яны на пана Рамуальда! Ды што казаць, калі нават руды Ганька больш не засынаў на сеансах пазіравання нявесты.

І вось сёння – апошні, рашучы дзень! Як ні адцягваў пан Рамуальд момант завяршэння партрэта, далей цягнуць было немагчыма. Некалькі заключных мазкоў – і срэбранікі Шкудровіча перакрыюць аптэкарскаму сыну доступ да банкаўскай спадчынніцы.

Пані Зоф’я пазіравала, як заўсёды, у абабітым сінім аксамітам фатэлі, у белай шаўковай сукенцы з карункамі, як марская пена. Увесь тавар сярэдняй велічыні ювелірнай крамы пайшоў на ўпрыгожванне шыі, рук, вушэй, прычоскі ды іншых дэталяў паненкі, так што багацце роду Шкудровічаў мусіла быць годна адлюстраваным і на партрэце яго апошняй прадстаўніцы. Руды Ганька сціпла сядзеў на крэсле ў куце і пакручваў у тоўстых пальцах дарагі залаты гадзіннік. Праклятыя сімвалы багацця!

Пан Рамуальд крануў ружовай фарбай шчаку намаляванай багіні. Сёння ці ніколі!

Так, ніколі больш у Шкудровічавым доме не гучалі такія палымяныя, узнёслыя аповеды пра найвышэйшае пакліканне чалавека, водпаведзь праклятаму багаццю і паныламу існаванню ў мешчукоўскім свеце. Фарба капала з пэндзля на чаравікі мастака, на бухматыя дываны з ружамі – хіба гэтыя ружы можна параўнаць з сапраўднымі! Набрыяліненыя валасы пана Рамуальда ззялі, як паверхня канцэртнага раяля, вусы перасталі завівацца калечкамі і зноў ваяўніча натапырыліся.

– Да чаго мне патрэбны цяпер альбом Рубенса! Я зверыў бы адценні і ўдасканаліў бы свае апошнія праўкі... Як бы мне гэты альбом атрымаць найхутчэй? Бачыў яго ў бібліятэцы, на ніжняй паліцы. Ён такі вялікі, у жоўтай вокладцы, на ім так і напісана – Рубенс. Прыслуга можа зблытаць, а я не настолькі вольна пачуваюся ў гэтым блаславёным доме...

О, як хітра, як доўга і дасканала адпрацоўваў пан Рамуальд гэтую фразу! Высокае пачуццё, несумненна, абудзіла ягоную здольнасць да тонкіх інтрыг. Прасцяк Ганька паслухмяна падняўся і падыбаў шукаць альбом таемнага Рубенса. Нарэшце настала рашучая хвіліна – сам-насам... Дамова на апошняе спатканне – і...

– О, панна Зоф’я! Не патрэбна ўжо лішніх словаў, сёння апоўначы ваш верны рыцар будзе чакаць вас ля ганка, што на заднім двары, ля куста чырвоных парэчак. І не трэба браць з сабою ані дыяментаў, што ёсць слёзы беднага народу, ані золата, бо яно заплямлена чужым потам і крывёю... Хіба што трохі, на першыя затраты, ну там, кватэру наняць, фарбы алейныя купіць...

Панна Зося некалькі разоў шмарганула доўгімі вейкамі і нізкім голасам вымавіла:

– Шо?!

Пан Рамуальд крыху разгубіўся. Абуджаная прыгажосць мусіла адказваць крыху іншымі словамі і, прынамсі, больш распаўсюджана... Але яна саромеецца, ну, так! О, гэтая непараўнальная дзявочая сціпласць!

Пан Рамуальд аж пераступіў ад хвалявання тонкімі нагамі, абцягнутымі тканінай у зялёна-жоўтую клетачку, нібыта зладзіў вытанчаную фігуру прыдворнага танца, і схапіў паненку за абцягнутую карункавай пальчаткай ручку:

– Я з самымі сумленнымі намерамі, панна Зося! Памятаеце, як Алена Фоўрман трымала пэндзлі свайго мужа, мастака Рубенса? І мы з вамі... Вы са мной...

Панна Зоф’я выдзерла з мастакоўскіх слабых рук сваю руку і прыўзнялася:

– Ты шо, мазідла, п’яны? Цэлы месяц галаву тлуміў усялякай лухтой – Кліпатры, Ляізы, Біятрычы... Гаварыла татусю, каб не скупідомнічаў, наняў нармальнага мастака. Еканомія, еканомія... Галадранцаў усялякіх толькі ў дом і пушчаць! Татусю, татусю! Шо скажу!

Панна Зося грэбліва штурханула небараку Рамуальда, як прадмет мэблі, і, пазвоньваючы ювелірнымі ўпрыгожаннямі, шырокімі крокамі пакінула імправізаваную майстэрню.

Пан Рамуальд агаломшана сядзеў на раскошным Шкудровічавым дыване з несапраўднымі ружамі, не ў моцы ўсвядоміць сваю паразу.

– Пан Рамуальд, вось ён... Рубенс! Здаецца, той самы, глядзіце!

Таўсматы Ганька пачціва нахіліўся над павержаным мастаком з тоўстай кнігай у руках.

Аптэкарскі Ромка высмаркаўся ў свой аксамітны бант-гальштук і павольна падняўся:

– Не трэба... Нічога ўжо не трэба...

– Вы... скончылі партрэт?

– Так... Скончыў...

Пан Рамуальд хацеў ужо выйсці з пакоя, як Ганька заступіў яму дарогу.

– Стойце, пан Рамуальд! Я мушу вам сказаць... Чуеце?

Пан Рамуальд ачомаўся... Чаго трэба гэтаму мільёншчыку? А, біць будзе... Рамуальдава галава мімаволі ўцягнулася ў плечы. А Ганька працягваў усхвалявана гаварыць:

– Я зразумеў! Я хачу вырвацца з гэтага балота! Грошы – тло, нішто, зло! Наш асяродак – гэта асяродак крывасмокаў і бур... бюргераў, а чалавеку патрэбна духоўная воля! Пачаць жыццё спачатку ніколі не позна!

Адбылася нейкая памылка... Нешта пераблытана... Пан Рамуальд нясмела ўсміхаўся і спрабаваў прасунуцца да дзвярэй. Але Ганька ўзвышаўся на ягоным шляху, як Галіяф.

– Вы адкрылі мне вочы, пан мастак! Вы ведаеце, я таксама... Ну так, па-дылетанцку, вядома... Але малюю. Што тая Зоська, яна дурная, нічога не разумее. Усе Шкудровічы дурні. Нізавошта не ажанюся з гэтай таўстухай. Ніякай паэзіі. Заўтра ж – у Парыж, на мансарду! Як вы там казалі, фіялкі Марма... Манра...

– Манмартра...– аўтаматычна падказаў пан Рамуальд.

Ганька ўзрушана схапіў яго за руку:

– Вы столькі гаварылі пра сяброўства між мастакамі… Дзяліцца апошняй скарынкай... Эксперыментаваць з колерам... Можа, і вы са мной? Там дзяўчынкі... Грызеткі... На тым Мармары...

– Манмартры...– зноў падказаў пан Рамуальд і нарэшце ўсвядоміў увесь трагізм становішча.– Не! Не хачу! Нічога не хачу! Ды адчапіцеся ж ад мяне!

Пан Рамуальд працерабіў сабе шлях да рэтырацыі і кінуўся прэч з праклятага дома, дзе ён так падмануўся, дзе згаслі ягоныя мары, як згасае свечка ад трапнага пляўка. І нагавіцы ў жоўта-зялёную клетачку зноў беспардонна пляміла густая брунатная вадкасць з лужын горада Б*.

Шкудровіч так і не заплаціў за партрэт дачкі.

Ганька назаўтра збег у Парыж. Бацькі доўга бедавалі, што занадта патуралі сыну і ён з’ехаў з глузду. Шле дзіўныя лісты, спрабуе адмовіцца ад спадчыны. Ад цудоўнай мануфактурнай фабрыкі, якая дае гарантаваны даход!

Праўда, сваяк губернатара, які пабываў у Парыжы, казаў, што Ганька, хаця і жыве як нейкі шалапут і нават адгадаваў бараду і доўгія патлы, нешта такі малюе і нават ягоныя карціны купляюць. Хаця адны дурні іх купляюць – бо зразумець, што менавіта на тых карцінах намалявана,– немагчыма, адны пісягі. Сваяк нават парыжскую газетку прывозіў, дзе маленькімі літарамі ў адным абзацы было набрана нешта пра Ганькавы карціны. Відаць, не самае ўхвальнае. Але, як ні кажы, трапіць у парыжскую газету...

Панна Зоф’я выйшла замуж за ўладальніка піваварні горада Б*, самавітага маладога чалавека, які знешне нагадваў збеглага Ганьку, асабліва целаскладам.

Пан Рамуальд па-ранейшаму выкладаў у жаночай гімназіі маляванне і піў мікстуру «Сад маёй бабулі».

Але ніколі больш не браў прыватных заказаў.


Геракл у Адмета

Аднойчы Геракл спыніўся ў свайгосябра, цара Адмета, у якога нядаўна памерла жонка Алкесціда, выкупіўшы сваім жыццём жыццё мужа. Даведаўшыся пра такую акалічнасць, Геракл, расчулены гасціннасцю Адмета, спусціўся ў падземнае царства і прымусіў Таната, бога смерці, вярнуць Алкесціду ў царства жывых.

Старажытнагрэчаскі міф

Наўрад ці ведалі ў багатых дамах-камяніцах горада Б* Мамоньку-шлопака.

Дый такога слова – «шлопак» – няма ў вучоных кнігах.

Але ў прадмесцях горада Б*, у маленькіх дамках пад засенню ліп і яблынь прыходу шлопака радаваліся ўсе. Таму што цэлы вечар у хаце будзе пераказ навін – што цікавага адбылося ў суседніх мястэчках, што і пачым прадаецца на кірмашах, куды лепш ісці, каб купіць новыя калёсы ці парсючка, дзе ў свеце пачалася вайна ці прайшоў землятрус... Карацей, кожны просты жыхар горада Б*, які з прычыны непісьменнасці ці ў мэтах эканоміі не выпісваў газет – а такіх было сярод мешчукоў прадмесцяў пераважная большасць – мог атрымаць ад шлопака ўсе цікавыя яму звесткі. А шлопак ніколі нічога не прасіў – пакормяць дык пакормяць, пусцяць пераначаваць дык пусцяць. Але прытулак і частунак меў заўсёды.

Адкуль быў родам Мамонька – ніхто не ведаў, здавалася, ён вечна хадзіў па навакольных вёсках і мястэчках. Нават узросту ягонага нельга было вызначыць – гэткі празрысты, без расліннасці на твары, дробны чалавечак. «Божы чалавек»,– гаварылі пра Мамоньку некаторыя, але іншыя ім пярэчылі: «Хіба Божы чалавек швэндаецца па базарах?» Божы чалавек пяе псалмы і прадае кіпарысавыя крыжыкі ды цудадзейныя абразкі. А Мамонька і выпіць не адмовіцца, калі паднясеш. Але, што праўда, у торбачцы Мамонькі заўсёды ляжала Святое Пісанне – таннае выданне для простага люду, у шэрай папяровай вокладцы, з жыццяпісам Аляксея, Чалавека Божага, і малітоўнікам у дадатак. Калі побач не было сведак, шлопак даставаў запаветны томік і ўслых, па складах, чытаў, задумваючыся над непадсільнымі простаму розуму фразамі.

Але безумоўна, што пры поглядзе ў светлыя-светлыя, дабрэнныя вочы шлопака, даверлівыя да дурасці, а можа – да святасці, кожны мімаволі траціў насцярогу. Мамонька заўсёды выконваў мноства дробных даручэнняў – перадаваў з вёскі ў вёску, з мястэчка ў мястэчка чужыя пазыкі, невялікія гасцінцы і лісты. Пры Мамоньку не саромеліся абмяркоўваць свае хатнія праблемы, не баяліся даручыць яму пакалыхаць дзіця падчас чарговага начлегу.

Не адзін раз спыняўся шлопак у хаце Пётры Памідорчыка, слесара горада Б*. Не сказаць, каб у багатай хаце, хаця Памідорчык меў залатыя рукі – мог адрамантаваць любую гаспадарчую прыладу, любы самы тонкі механізм – ад музычнай машыны да залатога швейцарскага гадзінніка. Але свае заробкі спускаў Пётра хутка і бязбольна. А чаго даражыцца тымі грашамі, пакамечанымі смярдзючымі паперкамі ды металёвымі абцерханымі круглячкамі, калі няма нічога даражэй за добры настрой, вясёлую песню ды куфаль густога піва, а месца ў Царстве Нябесным, як вядома, ані золатам, ані срэбрам не купляецца, а толькі праведным жыццём.

І хаця праведнае жыццё Памідорчык прызнаваў за каштоўнасць, жонка ягоная, круглатварая Наста, па мянушцы Клёцка, аніяк мужавай філасофіяй не магла задавальняцца. Бо якое ж праведнае жыццё ў карчомцы? Адно марнатраўства. Не для таго яна замуж выходзіла, каб з гліняных талерак есці. Весялун Пётра падміргне сярдзітай жоначцы: «Эгэ, даражэнькая, хоць і з золата з’ясі, усё ў адно месца выкінеш». Плюне бедная Наста, перахрысціцца, а мужык ужо за шапку – у карчомцы музыка зайграла.

Ды не сказаць, каб былі Пятро з Настай найгоршай у свеце парай. Прынамсі, шлопак Мамонька любіў у іх спыняцца. Гаспадыня заўсёды частавала, пакідала начаваць. Гаспадар жа бясконца распытваўся пра ўсё на свеце, прычым найбольш любіў слухаць не пра кошты на базарах, а пра дзівосы – певень знёс яйка, а з таго вылупіўся маленькі чорны цмок, на кірмашы ў суседнім павеце паказвалі васковых людзей – рыхтык жывыя, і нават варушацца і круцяць вачыма.

Але на гэты раз Мамоньку не сустрэла ў Памідорчыкавай хаце ветлая гаспадыня. Усе дзверы парасчыняныя, куры забягаюць у сенцы і апасліва зазіраюць у пакоі, у шыбы б’юцца, як п’яныя валацугі, тлустыя зялёныя мухі, а на лаўцы пад абразамі сядзіць Пётра Памідорчык, і ягоны чырвоны твар ажно зморшчыўся ад пакут.

– А ці ў пана гаспадара зубы баляць? – спачувальны тонкі галасок Мамонькі падзейнічаў на засмучонага Памідорчыка, як гарчычная прыпарка.

– А братка ж ты мой, а галованька ж мая прапашчая! Грэшны, грэшны быў, вось і пакараў Божанька!

Памідорчык павіс на танклявым шлопаку з усёй сілай свайго гора, так што Мамонька захістаўся, не столькі ад цяжару, колькі ад моцнага перагарнага паху. Душа ў шлопака была чуллівая і даверлівая і хутка гэтаксама разрывалася ад раздзеленага з гаспадаром хаты гора.

Два тыдні таму ў дом паважанай удавы Крысі прыйшлі незвычайныя госці: шэсць жанчын, пераважна сталага ўзросту, у цёмных доўгіх сукенках і белых хустках, шчыльна абвязаных вакол галавы, адзін кульгавы старэча і высокі барадач у белай хламідзе з таўсценнай кнігай, якую ён пяшчотна прыціскаў абедзвюма рукамі да грудзей. Дзіўная кампанія цэлы дзень не паказвалася на вуліцы, толькі з вокнаў цёткі Крысі даносіліся працяглыя, але меладычныя песняспевы, упрыгожаныя магутным басам – відаць, мажнога барадача. Суседзі ад цікаўнасці млелі. Але хутка змаглі цалкам задаволіць сваю цікаўнасць – барадач запрасіў усіх жадаючых на духоўную бяседу. Гэта сапраўды аказаўся нешараговы чалавек. Можа быць, нават прарок. Прынамсі, сам сябе ён так і называў. І прапаведваў ён рэчы цалкам зразумелыя, хаця і складаныя для ўвасаблення: каб патрапіць у Царства Нябеснае, трэба тут, на зямлі, прыпадобніцца Госпаду нашаму і Ягоным апосталам, а для гэтага неадкладна распрадаць усю сваю маёмасць, выручку аддаць яму, барадачу, які ўдастоіўся спасцігнуць нябесную мудрасць, і рушыць па грэшнай зямлі з пропаведзямі згаданай мудрасці. Прыхільніцы ў белых хусцінках слухалі свайго прарока з такім замілаваннем і адданасцю, што здавалася, вакол таго сапраўды распаўсюджваецца незямное святло. Прарок шчодра цытаваў выказванні са сваёй тоўстай кнігі наконт канца свету, і слухачы (у асноўным, праўда, слухачкі) заліваліся слязьмі ад усведамлення грахоўнасці і немінучай пагібелі.

Праўда, паплакаўшы і ахвяраваўшы святому чалавеку пэўную колькасць сямейных грошай, жыхаркі горада Б* пакорліва вярталіся ў сямейнае ярмо.

Усе, акрамя цёткі Насты.

Мусіць, кантраст між развясёлым п’яненькім Памідорчыкам і ўзнёслым суровым прарокам быў надта ўражлівы для ейнае жаноцкае натуры.

Памідорчык вярнуўся з карчмы і пабачыў на стале пусты куфэрак, дзе Наста захоўвала рэшткі пасагу – жменьку срэбных рублёў, два залатыя пярсцёнкі і залатыя маністы. Пры кароткім аглядзе высветлілася, што зніклі і прыхаваныя ў скарбонцы грошы. На спалоханы роў Памідорчыка прыйшла суседка і паведаміла, што Наста-Клёцка падалася ў святыя сёстры да барадатага прарока. Усе памкненні Пётры, вярнуць жонку да сямейнага агменю ці хаця б перагаварыць з ёю, разбіваюцца аб жалезную сцяну духоўнай еднасці барадача, кульгавага і белых хустак.

– Слухай, дружа, капейку дам, схадзі ў той пракляты дом, прывядзі ты маю дурную кабету з грашыма назад!

Праз паўгадзіны шлопак Мамонька з Памідорчыкавай, яшчэ не заробленай капейкай у кішэні, стаяў перад дыхтоўным домам пані Крысі, шаноўнай ветэрынарскай удавы. Праз зачыненыя вокны чулася алілуя. Шлопак ветліва пастукаў у шыбу. Алілуя не сціхла, але рыпнулі дзверы, і Мамонька пабачыў барадатага мага, які ў мінулым годзе на кірмашы наймаў яго сядзець у васковай фігуры і тузаць за нітачкі, каб фігура магла варушыцца. Маг плаціў Мамоньку пяць капеек у дзень і строга наказаў захоўваць таямніцу жывой фігуры. А шлопаку што? Раз сказана – ён так і зробіць.

– Добры дзень, пан Маг! – ад шчырай Мамонькавай усмешкі барадача ажно перасмыкнула.– А я вось даручэнне маю...

У хаце цёткі Крысі гарэлі свечкі. Восем кабет, сярод якіх гаспадыня са строга падцятымі вуснамі і мажная Памідорчыкава Наста, сядзелі на лавах уздоўж сцяны і свідравалі вачыма шлопака. Шчыльна навязаныя белыя хусткі нагадвалі не столькі пра кляштар, колькі пра бальніцу. Старэча пагрозна расхаджваў за спінай госця, і яго кульгавая нага надавала крокам рытм пахавальнага маршу. Барадаты прарок, вядомы Мамоньку пад імем Мага, узвышаўся перад шчуплай постаццю шлопака, як Самсон перад філісцімлянамі.

– Раба Божая Наста абрала сабе праведны шлях! – басіў прарок.– Ніякія зямныя грэшныя клопаты не могуць звярнуць яе! Акі Гасподзь наш і апосталы Яго, мусім мы пакідаць бліжніх нашых з любові да іх жа і ісці па аблудным свеце са Словам Божым...

Мамонька згодна ківаў галавой. Прыгожа гаварыў пан Маг, гучна! Але доўга...

– Выбачайце, можа, мы з пані Настай ужо пойдзем?

Белыя хусткі злосна зашыпелі, барадач пачырванеў. А шлопак ветла працягваў:

– І маніста сваё, пані Наста, не забудзьцеся... Пан Пётра прасіў... І грошы...

Гучныя абвінавачванні цёткі Насты на адрас бязбожнага мужа зліліся з абурэннем усіх прысутных.

– Гэта цяпер божыя грошы! – гарлаў барадач.– Грэшнік Пётра мусіў не патрабаваць іх назад, а прадаць усё, што мае, і ахвяраваць! Кожны, хто прынясе сюды ўсе свае грошы, выратуецца! Толькі ахвяраваннем грошай можна здабыць месца ў Царстве Нябесным. А я – пасрэднік у гэтай справе. Так і перадай усім, валацуга.

Шлопак мімаволі захваляваўся. Барадач гаварыў гучна і даходліва, але нешта не тое. У шлопакавым выданні Святога Пісання не было такой высновы пра грошы... Пра любоў да бліжняга – было... Пра тое, што не скрадзі,– было. Не зажадай жонкі бліжняга свайго, маёмасці і гэтак далей... Мамонька шчыра пра гэта і распавёў. Са святарамі, шкалярамі ды іншымі абазнанымі людзямі прарок і не збіраўся дыскутаваць, але ж тут – нейкі недаробак... Гучнагалосыя аргументы прарока адляталі ад маленькай постаці шлопака, як дажджавыя кроплі ад зялёных лістоў сціплага агрэсту. Патроху вісклівыя галасы жанчын у белых хустках і кульгавага прарокавага памочніка сціхлі, чуваць толькі было раз’юшаны роў барадача ды ветлівы тонкі голас госця.

– Але ж ён праўду гаворыць, жанкі,– нарэшце зазначыла найстарэйшая з кабет, у мінулым свецкім жыцці – гандлярка зелянінай.– Што гэта за святасць, калі да пальцаў грошы прыліпаюць? Хіба Хрыстос з апосталамі грошы збіралі?

Барадаты прарок адчуў, што страчвае ўладу над сваімі рахманымі авечкамі, і ўзвысіў голас. Бедны Мамонька заўсёды пакутваў, калі нехта пры ім сердаваў, злаваўся, лаяўся. А тут сам – прычына лаянкі! Але барадач, відавочна, казаў нешта насуперак запаветнай шэрай кніжачцы са шлопакавай торбы, кожнае слова якой – кніжачкі, а не торбы, вядома,– адбілася на шлопакавым сэрцы, як дзесяць запаветаў на Майсеевых скрыжалях. Дарэчы, габрэйскі Майсей таксама не быў гаваркім, папросту – дык сказалі б, што ў яго каша ў роце... Але не можа зямля быць без прарока! І горад Б* не мог. Тонкі голас Мамонькі ўзвысіўся да вяршыні гары Сінай... Вядома, у ваколіцах горада Б* няма гары Сінай, але каб была – там Мамонькавы прамовы абавязкова пачулі б!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю