355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 9)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 32 страниц)

Ахоўнікі, знаёмыя нам ужо Ігар і Анатоль, кінуліся паводле Юрасёвых указанняў перастаўляць патрэбныя экспанаты. Лішнія гадзіннікі беражліва і паспешна, як паважаных, але надакучлівых гасцей, адпраўлялі за дзверы. Урэшце ў пакоі іх засталося дванаццаць... Віталь Янчын абняў былога вучня.

– Дружа, ты геній! Каб ты ведаў, які кавалак працы зараз адолеў!

Юрась асцярожна вызваліўся з абдоймаў.

– Гэта мог зрабіць для вас любы антыквар.

– А нам любога не трэба! – Янчын захіхікаў, але абарваў смех і амаль строга дадаў.

– Цяпер прафесар патлумачыць вам тое-сёе. Дасць, так бы мовіць, агульны накірунак.

Зміцер Патапавіч наставіў на нас свае акуляры-лінзы, нібыта сумняваўся, што мы можам нешта зразумець з ягоных слоў, і загаварыў гэткім жа занудным, як усё ягонае аблічча, голасам.

– Высновы мае носяць пакуль гіпатэтычны характар. Дык вось... Перад намі доказ таго, што стэрэатыпы наконт прагрэсу – усяго толькі ілюзія. Нашыя продкі валодалі такімі сакрэтамі тэхнікі, якія нам толькі сняцца. Нічога новага, панове, мы не вынаходзім. Толькі ўспамінаем тое, што было добра вядома прашчурам. Гэтыя гадзіннікі маюць сакрэт, які пакуль я раслумачыць не магу.

Прафесар паставіў на маленькі столік насупраць гадзінніка «Чорны Ганс» звычайную шклянку, перамераў рулеткай адлегласць, пасунуў шклянку на пару міліметраў, яшчэ... Нешта пакруціў унутры гадзінніка. Металічны званар падняў свой молат і ўдарыў у звон... Гук быў нечакана пранізлівы, непрыемны, аж зубы занылі... Званар ударыў яшчэ раз, яшчэ... Раптам шклянка на стале пачала тонка вібрыраваць.

– Вось так,– прафесар пераможна абвёў усіх паглядам, нібыта давёў складаную тэарэму.

– Ну і што? – сярдзіта прагаварыў Янчын.

Прафесар здзекліва зірнуў на Віталя скрозь свае лінзы.

– Для вас, можа, і нічога дзіўнага, а вось для навукоўца – надзвычай. Вось што пра гэтыя гадзіннікі гаворыцца ў адным старажытным дакуменце...– Прафесар дастаў з кішэні зашмальцаваны, складзены ўчацвёра аркушык, падобны да ліста ад колішняй каханай, які носяць пры сабе і перачытваюць, настальгуючы. Зміцер Патапавіч разгарнуў ліст і зачытаў: «І які б сасуд, шкляны, або парцалянавы, ні паставіць у іх кола, ён будзе разбіты іх голасам».

– Ну, гэта казкі...– пракаментаваў Юрась.

– Прафесар, аднак, не зазлаваў, толькі ўсмешка зрабілася пагардлівай.

– Запэўніваю вас, што гэта абсалютна магчыма. Я бачу ў гэтых механізмах мноства прыстасаванняў для рэгуляцыі вышыні гука, утварэння рознага віду вібрацыяў. Гэта ўсё роўна як аркестр з невядомых нам інструментаў. Вялікія спевакі маглі голасам шклянку разбіць... Шаляпін, Каруза... Вось такая наша задача – каб гадзіннікі і сёння маглі разбіваць шкло.

Янчын шумна ўзрадваўся.

– І праўда, якая рэклама! Турысты валам папруць, каб паглядзець на такі фокус!

– А дапаможа нам спадар Юрась, які адладзіць старажытныя механізмы, і шаноўная Ганна,– бялявы псіхіятр адвесіў мне галантны паклон.– За гэтыя дні мне ўдалося здабыць тое-сёе па гісторыі Старавежска і асобе Бернацоні. Ды яшчэ Лілія Пятроўна перадала дакументы і кнігі, якія збіраў яе муж. Мы папросім вас, Ганна, як мага хутчэй прагледзець паперы і вылучыць усё, што тычыцца незвычайных падзей у Старавежску і вакол гадзіннікаў. І – пачынайце пісаць свой тэкст. Ігар праводзіць вас у кабінет.

Чарнявы ахоўнік ветліва паказаў на дзверы ў другім канцы майстэрні. На парозе я азірнулася. Юрась стаяў на каленях перад гадзіннікам з драўляным грыфонам, разглядаючы яго нутро... Я ўспомніла, як былы муж не так даўно стаяў на каленях перада мной...

Пакой, які мусіў часова стацца маім кабінетам, быў шыкоўны. Камп’ютар з выхадам у сусветнае сеціва, паліцы, застаўленыя энцыклапедыямі і даведачнай літаратурай на любы густ, на стале – таксама папяровая гара. Што значыць – вялікія грошы! Пры адным паглядзе на стос ксеракопіяў і рукапісаў у мяне затахкала сэрца, нібыта я дагнала сарваны ветрам капялюш. Людвісараўскі летапіс у польскім перакладзе! Арыгінал ужо два стагоддзі лічыўся зніклым, і нават ягоны пераклад, зроблены напрыканцы 18 стагоддзя варшаўскім археографам, які жадаў, каб каштоўны гістарычны дакумент належаў выключна польскай гісторыі, быў рэдкасцю. Прынамсі, старавежскія краязнаўцы расказвалі мне пра кнігу, дзе напісана пра іхні горад шмат цудаў, як пра міф.

Пра Старавежск у летапісе сапраўды згадвалася часта. Праўда, складаўся гэты летапіс ужо ў 16 стагоддзі, і тое, што было раней, перадавалася па чутках. Першая згадка тычылася таго, што ў 1423 годзе на горад абрынулася «Божая кара», і палова месцічаў вымерла ад пошасці. Я ўспомніла гравюру, што вісела ў мяне дома. Што ж, у гэты час падобнае адбывалася па ўсёй Еўропе... Старавежск так і не акрыяў пасля бяды. Хаця перад Вялікай Пошасцю супернічаў з самымі магутнымі гарадамі свету і фактычна ўяўляў з сябе дзяржаву ў дзяржаве – быў час, калі кроілася карта кантыненту, больш магутныя ўладары падміналі пад сябе маленькія вольныя княствы, і наадварот, князі, якія адчулі моц, аддзяляліся ад сюзерэнаў, утвараліся ліліпуцкія каралеўствы і новыя імперыі... Шанец даваўся кожнаму.

Старавежск гістарычна, відаць, быў асуджаны стаць часткай вялікай дзяржавы. Але ж месцічы, якія жылі ў багатым вольным горадзе, напэўна, пра гэта не ведалі, і наўрад паверылі б, каб хто пачаў ім тлумачыць. Цікава, што вольнасць і моц Старавежска палягалі не на ганарлівасці ўдзельнага князя, які бярэцца «ў рожкі» з больш магутнымі. Горад уяўляў з сябе нешта падобнае да арыстакратычнай рэспублікі – самая плённая для гандлёвага места ўлада. Але з сярэдзіны 15 стагоддзя пачаў пераходзіць з рук у рукі ўлюбёнцаў Вялікага князя. Ну а ў Рэчы Паспалітай, а пасля – Расейскай імперыі гісторыкі амаль перастаюць згадваць пра заняпалае мястэчка і ягоную былую славу.

Знайшлася і легенда пра ратушу.

Прыйшла ў горад Смерць. А каб ніхто яе не пазнаў, прыняла аблічча прыгожай дзяўчыны з валасамі, як золата. І ўсе, хто бачыў яе, беглі за ёй «няістава» і паміралі, і вялікі «лупеж», здабычу залатавалосая смерць сабрала ў Старавежску. І толькі апоўначы заходзіла яна адпачыць у вежу. Роўна на адну хвіліну, пакуль б’е звон на царкоўнай званіцы. Тады паставілі ў вежу дванаццаць «дзыгароў», гадзіннікаў, якія маглі гучаць, як царкоўны звон. І, як толькі смерць у чарговы раз зайшла на адпачынак, «з апостальскім блаславеннем» пачалі яны званіць адзін за другім, і са смерцю «шаленства вялікае ўчынілася», і не ведала яна, калі праміне апоўнач, і не магла выйсці, пакуль гадзіннікі б’юць. Уваход у вежу з малітваю і асвячэннем замуравалі.

Легенду гэтую чула я і раней, хаця з меншымі падрабязнасцямі. Нейкім пракаветным жахам веяла ад яе... Былі тут некаторыя дэталі, што не стасаваліся з адцягненым палётам народнай фантазіі. Залатыя валасы смерці, «дзыгары», якія існавалі, як высветлілася, цалкам рэальна... Не варта забывацца, што ратуша – гэта сімвал волі, магдэбургскага права... Менскую ратушу знеслі па асабістым загадзе расейскага цара Мікалая І менавіта для таго, каб не нагадвала гараджанам пра былыя вольнасці і незалежнасць...

Рэальна існаваў і Баркуноў славуты продак, соцкі Баркун. Ён прыехаў у Старавежск разам з войтам са смешным прозвішчам Рожа, якога прызначыў кіраваць горадам Вялікі князь. Было гэта адразу пасля Вялікай Пошасці. Я хуценька пачала накідваць для артыкула Аркадзеў радавод, не шкадуючы рамантычных адценняў. Дадавала і звесткі з Аркадзевай біяграфіі, клапатліва раздрукаванай у некалькіх асобніках – мецэнат і фінансавы геній. Што ж, святая справа – сказаць добрае слова пра нябожчыка. Трэба ж такому здарыцца: толькі сустрэліся праз адзінаццаць гадоў – і некралог пішу. Бедны Аркадзь. Юрася падтрымліваў, мне дапамогу абяцаў. Дый так, лічы, дапамог, хоць вось у такіх трагічных абставінах – столькі грошай зараблю, жыву на ўсім гатовым у нечувана шыкоўных умовах... Я ўспомніла, колькі разоў Аркадзь, калі быў старастам нашага курса, дапамагаў мне хаваць «сачкаванне» з лекцыяў, як частаваў мяне на кожным перапынку булачкамі – пакуль я не звязалася з Юрасём... І ў маім тэксце з’явіўся яшчэ адзін вытанчаны эпітэт пра высакароднага мецэната.

А вось наступная папка змусіла мяне ўздрыгнуць. Гэта быў перакладзены на сучасную нямецкую мову стос пратаколаў Пражскай інквізіцыі 1437 года. Судовая справа Гервасі Луіджы Бернацоні, абвінавачанага шматлікімі сведкамі ў вядзьмарстве. Уладальнік гадзіннікаў!

Я ніколі раней падобных дакументаў не чытала. Нават у гістарычных раманах кшталту «Тыля Уленшпігеля» «садысцкія» старонкі прагортвала. Што ж, праца ёсць праца... Але ўжо праз дваццаць хвілінаў я ледзь не самлела. Паказанні сведкаў нагадалі блёкат. Хаця падсудны нікога не назваў сваім смяротным ворагам – гэта быў адзіны спосаб адвесці чыесьці паказанні,– але жывёльная нянавісць, магчыма, спароджаная страхам, лучылася з кожнага слова. Не дзіва – сведкі, відаць, шчыра верылі, што няшчасны лекар можа адным паглядам аддаваць чалавека ва ўладу нячыстага. Нават на суд яго прывялі з чорнай павязкай на вачах.

«Мы, суддзі і радцы, уважаючы вынікі працэсу, які вядзецца супраць цябе, Гервасі Бернацоні, лекарскага звання, фларэнціец, які жыве ў Празе, прыйшлі да высновы, што маецца дастаткова доказаў таго, што ты займаўся валхваваннем і чараўніцтвам, і супраціўнымі Богу чарамі, з дапамогай вядзьмарскіх машынаў змушаў людзей слугаваць сабе і Д’яблу і быў верным наступцам ерэсіярха Яна Гуса, праклятага Святой Царквою. Мы маем таксама сведчанні, што пятнаццаць год таму ты, Гервасі Бернацоні, быў абвінавачаны ў валхваванні і вядзьмарстве святой інквізіцыяй горада Фларэнцыі, але ўцёк ад расследвання і справядлівага суда. Таму ўладай, дадзенай нам Госпадам, пастанаўляем, каб аддаць цябе допыту пад катаваннем. Мы абвяшчаем і пастанаўляем, што ты мусіш быць катаваны сёння ж, у тры гадзіны папоўдні».

Пратаколы фіксавалі ўсё з вар’яцкай падрабязнасцю. Гэтак жа, як будзе рабіцца на нашай зямлі праз пяцьсот гадоў. Перад допытам падсуднаму тры дні давалі толькі святую ваду з кропляй воску ад грамнічнай свечкі. Потым распранулі і агледзелі яго цела ў пошуку знакаў д’ябла, якія надзялялі ведзьмакоў моцай вытрываць катаванні. Мніхам падаліся падазронымі некалькі плямак на плячах, і іх адразу праверылі распаленым жалезам. Лекар адчуў боль, і падазрэнні наконт плямак былі прызнаныя беспадстаўнымі. Потым падсуднага пагалілі – лічылася, што праз валасы д’ябал таксама падтрымлівае сувязь з ахвярамі. Каб пазбавіцца валасоў да самых каранёў, галаву аблілі спіртам і падпалілі. Потым паклалі пад пахі і на спіну падсуднага кавалачкі серы і таксама падпалілі. Потым кат звязаў яму рукі за спінай вяроўкай і падвесіў яго за тую вяроўку да столі... Гэта у славянаў называлася «дыба». А паколькі на ўсе ўгаворы лекар «няістава ўпарціўся», каты прывязалі да яго ног чыгунныя грузы і пакінулі вісець на выкручаных руках да вечара... Але, мабыць, досыць... Пытанні кшталту «Ці прызнаеш ты, Гервасі Бернацоні, што ў трэцюю ноч пасля Вялікадня праляцеў у вялікім чорным гаршку над домам шаноўнага купца пана Гамулкі, і ад таго ў пані Гамулкавай пачаліся заўчасныя роды, і нарадзіла яна чарнявае д’ябалятка, падобнае да цябе» перамяжаліся цытатамі з Бібліі («чыя душа схіляецца да магаў і валхвоў, і з імі блудзіць, супраць таго хачу я ўзняць меч свой і нізрынуць са статку народа свайго»). А таксама дэталямі пра вывернутыя суставы, струменьчыкі крыві з-пад пазногцяў раструшчаных пальцаў і стогны катаванага. Ад якога, аднак, не дабіліся ні слова прызнання віны. Як несумненная праява д’ябальскага ўплыву было адзначана, што катаваны не крычаў і не плакаў, толькі «стагнаў, падобна зверу».

Гэты Бернацоні быў, відаць, магутнай асобай. Пра Яна Гуса, свайго колішняга патрона, ды Гераніма Пражскага, спаленага вучня Гуса, паўтараў: – «Яны былі Божыя людзі». Уяўляю, як лютавалі каты. Звычайныя, перапалоханыя людцы, якія шчыра верылі, гэтак жа, як іх паслядоўнікі наступных стагоддзяў, што робяць святую справу і адзінаборнічаюць не са спакутаваным зняможаным вязнем, а з магутным таемным ворагам. У камеру да Бернацоні манахі заходзілі абавязкова па некалькі чалавек, прычым спінай уперад, мелі пры сабе соль, асвечаную ў Вербную нядзелю, і штохвілі хрысціліся і чыталі малітвы.

Бернацоні спалілі толькі праз год ад пачатку працэсу. Ён так і не раскаяўся.

Я прагартала свае выпіскі. Самае цікавае для мяне тычылася паказанняў сакратара Бернацоні, нейкага Энрыке, які, «паглядзеўшы на прылады для ўразумлення», цалкам прызнаў і сваю віну, і свайго гаспадара, і нагаварыў столькі, што вогнішча мусіла распаліцца ад аднаго Божага гневу. Асабліва пра «д’ябальскія машыны, якія пан па-блюзнерску прыпадобніў апосталам», і якія «званілі голасам д’ябальскім», і пан вазіў іх за сабою паўсюль, а потым згубіў па волі Божай у далёкім барбарскім горадзе.

Напэўна, гэта і былі старавежскія гадзіннікі. Энрыке сцвярджаў, што гаспадар-вядзьмак нікога да тых машынаў не дапускаў, наладжваў іх сам. Ставіў у кола, «апосталамі называючы», і такім чынам утвараў «уваход у чысцец», і адтуль вылятала нячыстая сіла, якая крышыла ўсё навокал. У тыя моманты пан загадваў усім, хто быў у доме, закладваць у вушы васковыя шарыкі. Але ўсё роўна «туга на душы» змушала ліць слёзы раскайвання. Бернацоні некалькі разоў загадваў свайму сакратару садзіцца між гадзіннікаў, але той кожны раз губляў прытомнасць ад іх «д’ябальскага звону».

Сакратара прыгаварылі толькі да пажыццёвага заключэння. Па святах ён мусіў «хадзіць у тыя дамы, дзе грашыў, і бічаваць сябе», а таксама бічаваць сябе перад уваходам у кожны храм, і насіць на адзежы нашытыя «шафранавыя крыжы» на знак свайго ведзьмакоўскага мінулага.

Я не надта верыла ў злавесную сілу лекаравай механічнай калекцыі. Яшчэ нядаўна на вуліцах Еўропы мінакоў ахоплівала масавая істэрыя ад відовішча страшнай прылады – парасону, або жанчыны ў нагавіцах. Ну а паравоз або аўтамабіль увогуле маглі напалохаць да смерці. Лекар проста апярэджваў свой час. Вядома, фокус з сасудамі, якія самі па сабе разлятаюцца на кавалкі, мог напалохаць каго заўгодна. Хаця ці так ужо гэта неверагодна? Мая сяброўка, самавітая сямейная кабета (у адрозненне ад мяне), жонка ваеннага і маці дваіх сыночкаў-мацакоў, расказвала, як яе малодшанькі любіў у дзяцінстве барабаніць. Стукаў аднойчы палачкай па стале, на якім красавалася ваза, купленая гаспадарамі падчас службы ў Чэхіі, стукаў, стукаў... А ваза раптам і разляцелася на драбнюткія кавалачкі – як рассыпалася! «Рэзананс...»,– тлумачыла сяброўка, падрослы сынок якой барабаніць ужо ў самадзейным рок-гурце.

Я адсунула паперы і зняможана апусціла галаву на стол. Чаму людзі такія лютыя адно да аднаго... Як мне цяпер пазбавіцца ад жахлівых карцінаў, што раздзіраюць уяўленне? Відовішчы сярэднявечнай інквізіцыі змяняліся сюжэтамі з сутарэнняў НКВД. Ян Гус, Геранім Пражскі... Беларускія паэты і пісьменнікі Алесь Дудар, Валерый Маракоў, Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка... Пяцьсот гадоў – і ўсё тое ж: ахвяра курчыцца ў невыноснай пакуце, каты нязмушана абедаюць у суседнім пакоі... Нават катаванні не змяніліся. Божа, будзь літасцівы да майго розуму... Мне здавалася, падыму галаву – а нада мной, як на малюнку Гойі, грувасцяцца пачвары мінулага...

– Ну што, Ганначка, начыталіся?

Псіхолаг Макс стаяў проста за маёй спінай і белазуба ўсміхаўся. Вось ёлуп, павінен жа разумець згодна сваёй прафесіі, што нельга гэтак да людзей падкрадацца, бы кадук апоўдні... Макс, аднак, згасіў мой гнеў тым, што паставіў перада мной кубак кавы і спакусны бутэрброд. Я раптам адчула, што страшэнна галодная – гадзінаў пяць, мусіць, прамінула!

– Сілкуйцеся... Я ведаю, дакументы не з простых. Дазвольце, прысяду?

Шэрыя вочы псіхолага глядзелі вельмі сур’ёзна і даверліва.

– Цікава, якія сны вам сняцца? Напэўна, часта бачыцца мора?

– Чаму вы так вырашылі? – здзівілася я, адпіваючы каву, зусім някепска звараную.

– Мора – сімвал ініцыяцыі асобы, жаданне прыняць сябе такім, якім ёсць, даведацца пра сябе ўсё, і боязь гэтага. Мне здаецца, у вас яшчэ шмат ад падлетка, Ганна. Пошукі месца ў жыцці...

Напэўна, гэта былі крыўдныя словы, але Макс прамаўляў так шчыра, мякка... Я толькі буркнула:

– Апошнім часам не запамінаю сваіх сноў. Помню толькі, што сніцца вежа. Але калі вы зараз пачнеце мне тлумачыць, што, паводле Фрэйда вежа – фалічны сімвал, то...

Макс бесклапотна засмяяўся. Цікава, ён маладзей за мяне ці равеснік? Прынамсі, Юрась выглядаў старэй за яго гадоў на пяць.

Я патроху супакойвалася. Матава-ружовыя сцены, са столі струменіць роўнае зыркае святло, ціхенька гудзе камп’ютар, на інтэрнэтаўскім сайце б’ецца смешнае маленькае сэрцайка нейкай рэкламы... «Цісні сюды!» Ад сярэднявечча – далей не прыдумаеш. Нават не верылася, што гэтыя сцены захоўвалі памяць аб трох стагоддзях. Я распавяла Максу аб вычытаным і яшчэ раз адчула ягонае нявыказанае здзіўленне – чаму гэта я пры сваіх уменнях сяджу без працы. Відаць, ён усё-ткі някепскі псіхолаг, калі не выказвае сваё здзіўленне ўслых. Толькі з павагай пракаментаваў.

– Сёння вам павінны прысніцца горы. Сімвал жыццёвага поспеху.

Цікава, напэўна, жыць са спецыялістам па псіхалогіі. У іх сем’ях бываюць сваркі ці не?

Юрась абдымаў гадзіннік з караблём... Выглядала гэта смешнавата, нібыта ён збіраўся з ім танчыць. Насамрэч, вядома, Юрась спрабаваў замацаваць унутры нейкую дэтальку... Відаць, гэта ўдалося, бо калі ён адышоўся, гадзіннік раптам ажыў... Жоўты пляскаты металічны карабель на ім зварухнуўся, загайдаўся, і пачуўся звон... Пранізлівы, журботны... Непрыемны голас у гэтых гадзіннікаў. Не дзіва, што ў іх нядобрая слава. Але на тварах прафесара і Макса было напісанае замілаванне, нібыта яны слухалі салаўіны спеў.

Рэстаўратар стамлёна правёў рукой па твары.

– Ну вось і ўсё... Адкуль можна патэлефанаваць? Мне тэрмінова...

Макс паслужліва прапанаваў свой сотавы, і Юрась ледзь не подбегам рушыў за дзверы. Я зразумела, каму ён будзе званіць... І, гледзячы ў прыгорбленую спіну рэстаўратара, што знікала за дзвярыма, нарэшце прызналася самой сабе, прызналася тужліва, з раскайваннем, чаму так лёгка згадзілася сюды паехаць.

І яшчэ раз згадала пра гэта ўвечары, калі былы муж запрасіў мяне на шпацыр. Вядома, яму спатрэбіўся «доктар Ватсан», каб выказаць свае гіпотэзы.

– Не думаю, што міліцыя разгадае, хто забіў Аркадзя. Бачыш – я нібыта галоўны сведка, а мяне ні разу больш не выклікалі... З’ехаць сюды дазволілі. Ясна, што за забойствам Аркадзя – вялізныя грошы. Я не веру, што гэта – Калыванаў, гэта было б занадта проста. Дорыць калекцыю Лілі, дый Аркадзь перад ім саломай слаўся,– разважаў Юрась. А цяжкі туман, якому не хапала халоднае моцы стаць шэранню, плыў у прыцемку над кустамі, заблытваўся ў голым голлі дрэваў, і нібыта сачыў за намі тысячамі сівых вачэй. Прынамсі, мне ўвесь час хацелася азірнуцца. А можа, тут ёсць прывіды? Цікава, што за людзі хадзілі некалькі сотняў гадоў таму па гэтых дарожках, і ці былі яны шчаслівей за нас?

– Гадзіннікі, вядома, незвычайныя,– працягваў думку мой былы муж, нібыта сам сябе пераконваў.– Але хіба настолькі, каб дзеля іх забіваць? А што ў Калыванава аказаліся ўсе астатнія гадзіннікі з вежы, мяне не здзівіла – яго пасланец тады закупіў усе лоты, выстаўленыя ў Варшаве, ад куфэрка да фамільных партрэтаў. Нават частку сапраўднага вежавага гадзінніка – цыферблат у два чалавечыя росты! Новы маёнтак ля Закапанэ абстаўляе «пад старажытнасць», але з мясцовым каларытам. Чарговы магнацкі закуп. Да таго ж Аркадзь мусіў разумець, што сам усе гадзіннікі выкупіць не здолее. Дарма, што яны без каштоўных аздобаў, але лік – на мільёны ідзе.

– А ці не падазрона, што да гадзіннікаў запрасілі не абы-каго, а прафесара? – заўважыла я, змушаючы сябе не глядзець на Юрасёў твар, падсвечаны нізкімі ліхтарамі. У такой падсветцы выразна бачыліся шнары, паходжанне якіх я цяпер ведала.

– Які там прафесар! – уздыхнуў былы муж.– Я пытаўся ў Янчына... Сапраўды, калісьці дзед быў «свяцілам», але даўно «з’ехаў з розуму» і лекцыяў не чытае. Здаецца, нешта падобнае да вечнага рухавіка вынаходзіў. У тонкасцях розных там працэсараў ці эквалайзераў разбіраецца, як павук у павуце, жыве тут «з падачы» Янчына ўжо колькі гадоў, у перапынках між «дурдомамі». Зладзіў Калыванаву адмысловую сігналізацыю... Праўда, у механіцы я лепей за прафесара разбіраюся...

Я не схавала іроніі.

– У акадэмікі цэліш?

Юрась не пакрыўдзіўся.

– Я проста адчуваю старажытныя рэчы... Нібыта бачу, як іх рабіў стары майстра. А гэтыя гадзіннікі не аднаго ўладальніка памянялі. Іх спрабавалі рэстаўраваць, пазамянялі дэталі... Карпусы перарабілі. Усё роўна што пазлы рассыпалі. Тут інтуіцыя патрэбная, каб аднавіць, як было.

Мы ішлі па прывідных прысадах у тумане, падзеленым ліхтарамі на светлыя і цёмныя плямы, і размаўлялі, як і калісьці. Гэткая сустрэча даўніх, патрапаных жыццём сяброў, якая ні да чаго не абавязвае, не становіцца ні працягам, ні ўтварэннем новых адносінаў, а проста – прыемная настальгія, усё роўна як пагартаць запылены альбом з фотаздымкамі...

– Яна некалькі разоў была амаль вызваленая! – гэта Юрась расказваў пра Стэлу – пачаў сам, я, вядома, не пыталася. Відаць было, што ён увогуле пра свае праблемы не звык размаўляць. Таму я проста моўчкі слухала, апусціўшы вочы і баючыся спудзіць гэтак патрэбны яму момант шчырасці.

– Я не ведаю, адкуль яна брала тое дзярмо... Наркотыкі... Клялася, што – усё, больш ніколі... І сачыў я за ёй, нават замыкаў... А прыйду пасля працы – у яе ўжо вочы блішчаць гэткім вадзяністым, ненатуральным бляскам, і зрэнкі – з макавінку... А яна такая даверлівая, такая таленавітая... Вось – пакінуў яе адну, цяпер не магу... Хвалююся... Можа, варта было б паспрабаваць яе сюды прывезці? І грошы тэрмінова трэба – дамовіўся з адным лекарам, пакладзе яе на месяц у сваю клініку, нейкі новы апарат вынайшаў для ачышчэння крыві... Як усё далёка... Мае мары, глабальныя клопаты – пра лёс Беларусі, матчыну мову, ратаванне гістарычнай праўды... Госпадзе, а я ж гатовы быў жыццё аддаць за такія смешныя і непатрэбныя большасці рэчы, як мова – нібыта праз маю смерць людзі пачалі б разумець, што яна прыўкрасная і адзіная... Або каб Крыж Еўфрасінні Полацкай вярнуўся на Беларусь – сапраўдны, а не адноўлены... Нібыта невядома, што ён дзесьці ў сховішчах Расіі... А цяпер мяне хвалюе толькі адно – што я адказваю за чыюсьці бедную хворую душу, і не магу яе ўратаваць... Можа, маё «прыватнае» існаванне і правільнае? Чаго б я быў варты, калі б вёў да волі свой народ і забываўся, што мая любая жанчына застаецца рабыняй? Тым больш расчараваўся я ў палітычных гульнях, пабачыўшы зблізку... Прыгожыя лозунгі не гарантуюць сумлення. А калі я ратаваў старую рэч, вяртаў яе з часткай нашай гісторыі – гэта быў мой унёсак... Але занадта часта я адчуваю сябе здрайцам...

Калі мы наблізіліся да маёнтка, які ў прыцемку здаваўся пагрозліва змрочным, нібыта патрывожаны ад векавога сну зачараваны волат, Юрась раптам пацалаваў маю руку.

– Дзякуй...

– За што? – прашаптала я.

– За тое, што слухала. За тваё ўважлівае маўчанне – яно часам больш дарагое, чым пустыя словы шкадобы і парады. За тое, што пасля ўсяго, што я з табою зрабіў, ты яшчэ не ненавідзіш мяне...

І пайшоў у свой часовы пакой, няшчасны, трывожны, чужы... Госпадзе, ён усё яшчэ дакарае сябе за нашу юначую гульню ў шлюб... А я?..

– Ты звар’яцеў, лекар! – Лаўрын Рожа злосна расхаджваў па пакоі з белай ружай над уваходам.– Гэта, магчыма, у тваёй Фларэнцыі паненку можна прывалачы за валасы на свой ложак. Але ў нашай дзяржаве за гэта караюць горлам!

Бернацоні сядзеў у крэсле з высокай драўлянай спінкай, скрыжаваўшы на грудзях рукі, знізаныя каштоўнымі пярсцёнкамі, і спакойна пазіраў на новага войта.

– Я не зрабіў гэтай дзяўчыне нічога кепскага. Наадварот – выратаваў жыццё. Але яна была ў шалёным карагодзе, яе розум пашкоджаны. Магчыма, яна дасюль апантаная.

– Дык нашто яна табе? – выкрыкнуў Рожа, спыніўшыся проста перад італьянцам.– Зараз жа адышлі яе прэч, у кляштар!

Ад крыку Рожы, здавалася, усхадзілася нават вада ў шклянцы на стале. Але Бернацоні і брывом не зварухнуў.

– Гаспадар даў мне даручэнне... Ведаеш, якое... Прывесці гэты горад да пакоры. Любым спосабам! Любым! Разумееш, Рожа? Дзеля вялікай мэты, якую раскрыў перада мною Вялікі князь, можна пераступіць шмат. І я буду служыць яму, што б для гэтага ні спатрэбілася. Я бачыў сваю любую Італію, якая ляжыць на скрыжаванні свету, разбітая на дробныя аскалёпкі пыхай яе князёў. Кожны горад імкнецца да вольнасці, кожны князёк хоча стаць каралём... А ворагі прыходзяць і нішчаць краіну па частачках, не сустракаючы супраціву. Больш за тое – заўсёды знаходзяць памагатых у суседніх гарадах... Дзічэюць розумы, чарсцвеюць сэрцы... У Італіі пакуль няма вялікага чалавека, які аб’яднаў бы яе, змясіў, як цеста, у адзін кавалак, з якога атрымаецца хлеб – няхай спечаны на крыві і слязах. Вам, ліцвінам, пашанцавала.

– А пры чым тут Ляскевічава дзеўка? – Рожа наблізіўся да лекара ўшчыльную, перайшоў на даверлівы шэпт.– Ну паслухай... Мы адзін аднаго не першы год ведаем. Табе што, гэтак раптам закарцела жаночай плоці?

Бернацоні халодна засмяяўся:

– Я даўно ўжо зацугляў свайго Амура, і юр ніколі не заглушыць ува мне голасу розуму. Проста гэтая кволая, хворая дзяўчына валодае моцай, якую я не мог знайсці і ў дужых мужчынах. Яна дапамагае мне... у маіх доследах.

– Адладжваць твае чортавы гадзіннікі? – крыва пасміхнуўся Рожа.– Я чуў, што для спраў цемры патрабуецца чыстая душа цнатліўкі. Ніколі не разумеў, чаму князь паблажлівы да чараўнікоў.

Бернацоні рэзка ўзняўся:

– Я не чараўнік, Рожа. Я табе ўжо колькі гаварыў. Я – хрысціянін, проста Бог даў мне болей клёку і ведаў, чым табе. І на дзяўчыне я выпрабоўваю адвар, які, можа, выратуе аднойчы і твой розум ад шаленства. Мае гадзіннікі ахвяраў не выбіраюць, як не выбірае паводка. Таму не пашкодзіць мець ад іх... супрацьяддзе.

Твар Рожы перакрывіла застарэлая нянавісць, але войт стрымаўся.

– Добра. Князь загадаў мне быць з табой у лучнасці і слухацца тваіх парадаў. Я абвяшчу, што дзяўчыны ў вежы няма. А ты паклапаціся, каб мае словы сталіся праўдай. Мяне не тычыцца, як ты гэта зробіш. Тут глыбокія лёхі, у камінах можна распаліць вялікі агонь. Калі цела пасячы...

Бернацоні бліснуў вачыма.

– Я не хачу забіваць яе!

Рожа сціснуў сківіцы.

– А я больш за ўсё хацеў бы паднесці паходню да твайго вогнішча, вядзьмак, бо з-за цябе рызыкую сваім вечным выратаваннем. Тое, што ты зрабіў гэтаму гораду, не можа быць іншым, як справай цемры. І толькі дзеля свайго князя я трываю... Але маё цярпенне не вечнае. Дзяўчыны ў вежы – няма! Ты зразумеў?

Сказаў, нібыта абрынуў магільную пліту – і выйшаў.

...Анэту пабудзіў нечы здзеклівы смех проста над вухам. Яна расплюшчыла вочы і ўскрыкнула: над ёй схіліўся нечы звыродлівы твар. Запалыя шчокі, пакрытыя цёмнай шчэццю, рот, ашчэраны ў дзікай усмешцы, глыбокія вочы... Але не насмешныя, а хутчэй тужлівыя...

– Хе-хе-хе...

Анэта ўскочыла, прыкрываючыся коўдрай.

– Хто вы?

Мужчына ў дзіўнай стракатай адзежы адышоўся ад ложка, але застаўся з нізка схіленай спінай, сагнутай абаранкам.

– Прывітанне, дзяўчына, якая танчыла са смерцю... Хе-хе-хе... А ты смелая, белагаловая...

– Хіба можа чагосьці баяцца той, хто танчыў са смерцю? – Анэта ганарыста зірнула на госця.– Але хто вы?

Прыхадзень, усё гэтак жа не разгінаючыся, галава амаль ля каленяў, дзіўнай падскокваючай хадой прайшоўся ўправа, улева, пазіраючы на дзяўчыну.

– Хто я? Адказаць на гэтае пытанне не так проста, паненка. Кожны з нас у гэтым свеце мае шмат лічынаў. Бачыла, як на карнавале: зараз ты – кароль, праз імгненне – блазан, а пасля – сама смерць... І твая лічына падае ў куфар разам з пунсовай спадніцай акрабаткі і бізуном дзеля змірэння плоці... Я – ніхто, мая панна, і таму я магу быць усім. Хе-хе-хе...

Анэта глядзела на худы твар госця, на якім, нібыта хвалі, мяняўся выраз. Што ён – плача? Смяецца? Гневаецца? Што азначае ягонае прыйсце? Нягледзячы на ганарыстыя словы, страх мімаволі запаўзаў у сэрца, варушыўся вострай ільдзінкай...

– Цябе прыслаў пан Бернацоні?

– Бернацоні? – насмешна перапытаў незнаёмец.– Не, мая даражэнькая. Твой гаспадар толькі думае, што яго вядзьмарства ўсёўладнае... Але і за ім ёсць незаўважныя вочы і вушы. Як за кожным, хто мае хоць маленькую – але ўладу. Цяпер ад мяне засталося мала, паненка. Я – смех, вочы і вушы ўладароў. Але што ўладары – без мяне? Хе-хе-хе!

Анэта гнеўна зірнула на прыхадня.

– Пан Бернацоні не гаспадар мне. Я – вольная шляхцянка!

– Хіба? – іранічна прагаварыў госць.– І ты можаш ісці, куды хочаш? Баюся, што цябе няма больш, чым мяне, ясная паненка.

Вусны дзяўчыны здрыгануліся, нібыта яна стрымлівала плач.

– Калі прыедзе новы войт, я папрашу ў яго абароны!

– Хе-хе-хе! Новы войт ужо прыехаў. Думаю, ён наўрад ці дапаможа табе. Хіба ты не служыш разам з ведзьмаком-лекарам ягонаму цёмнаму гаспадару? Іншаму князю?

Вочы госця спадылба пільна ўглядаліся ў вочы дзяўчыны. Тая з годнасцю сустрэла ягоны пагляд.

– Я ніколі не буду служыць цемры. Хутчэй памру.

– Што ж, магчыма, табе давядзецца адказаць за свае словы, паненка... Магчыма...

Нешта падобнае да шкадавання мільганула ў цёмных вачах мужчыны, ён адвярнуўся... Спіна ягоная ўсё гэтак жа была сагнутая ў крук, і Анэта зразумела, што ён і не можа яе выпрастаць. Дзяўчыне падалося, што незнаёмец зараз знікне гэтак жа таямніча, як і з’явіўся. І яна назаўсёды застанецца ў гэтым пакоі са схаваным дошкамі акном, ва ўладзе страшнага лекара. Анэта адкінула пострах і схапіла прыхадня за кашчавую руку.

– Паслухайце... Малю вас імем Госпада нашага, Ісуса Хрыста... Дапамажыце мне выйсці адсюль. Я магла б адправіцца ў кляштар... Усё роўна мае блізкія памерлі. Я буду маліцца за вас усё жыццё!

Раптам за дзвярыма пачуліся крокі. Нехта набліжаўся да дзвярэй пакоя, у якім была замкнутая Анэта. Нечакана сагнуты ў крук незнаёмец спрытна падскочыў, як каціны цар Варгун, прыладкаваўся на невялікім выступе над скляпеністымі дзвярыма, нібыта пачварная скульптура, і прыклаў да тонкіх вуснаў палец на знак маўчання. Анэта лягла на ложак і заплюшчыла вочы. У дзвярах павярнуўся ключ... Марцэля прынесла сняданак. Анэта не зварухнулася, пакуль тая ставіла на стол прынесенае. Імгненні, пакуль рыкуння чагосьці чакала – магчыма, хацела ўпэўніцца, што дзяўчына спіць,– падаліся вечнасцю... Нарэшце Марцэля нешта прасіпела скрозь зубы і выйшла. Зноў бразнуў замок. Незнаёмец лёгка саскочыў на падлогу, абапершыся аб яе рукамі, нібыта сапраўды каціны цар.

– Хе-хе-хе... Ну і кабета... Яна падобная да Марэны... Яе варта, як пудзіла Марэны-смертухны, утапіць у першай лужыне за вёскай. А ты, паненка, падобная да Ядзеркі... Чула – ёсць такія марскія каралеўны, з залатымі валасамі, ідуць – перад імі коціцца дыяментавая раса. Мая дзяўчына таксама была падобная да Ядзеркі. І таксама замест расы былі слёзы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю