355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 18)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 18 (всего у книги 32 страниц)

...Аднойчы раніцай белая столь, у незнаёмай сетцы трэшчын і пісягоў, абрынулася на Аўгінню... Паненка махнула рукой перад вачыма... Гэта – яе рука?! Аўгіння ўскочыла – галава круцілася, як ад першага веснавога ветру. Бы скрозь туман, успомніўся пакой павятовай бальніцы, недарэчная прысутнасць мясцовых дактароў, непрыстойна цікаўных і ўсхваляваных, боль, страх, расчараванне – і абяцанне перамен праз дванаццаць гадзін, калі скончыцца дзеянне абязбольваючых сродкаў...

Прадметы наступалі на Аўгінню, бязлітасныя ў сваёй канкрэтнасці. Яны рэзалі прастору вострымі абрысамі, адмяжоўваліся адзін ад аднаго цвёрдымі плоскасцямі і дыктавалі адлегласці. Гэта быў свет яркі, дакладны і жорсткі... «І прыгожы... Вядома, прыгожы!» Аўгіння кінулася да люстэрка...

Хто гэта? З вычварнай бронзавай рамы дзівакавата пазірала на яе блага прычасаная велікаротая асоба, бляклая, як начны матыль... Дотык бязлітаснага шкла пераканаў Аўгінню, што гэта... Не, гэтыя пачырванелыя вочы, запалыя шчокі – не яе!..

Слёзы на хвілю вярнулі звыклы вясёлкавы туман, у якім жыла паэтычная танклявая прыгажуня...

А вечарам прыйдзе Мішэль! Як мог ён кахаць яе, такую пачвару! Далоў – шаль, звязаны сляпой курыцай, далоў – шпількі і балотную сукенку! Колькі вакол безгустоўных рэчаў, якія па-дурному расстаўленыя!

Да танклявай жанчыны ў прыгожай бэзавай блузцы з вялікім карункавым каўняром, з акуратна падведзенымі вуснамі і вейкамі, з упрыгожанай кветкамі антычнай прычоскай падыходзіў каржакаваты няголены тып з чырвоным тупым тварам (а рот разяўлены), з вачыма юрлівымі і чамусь спалоханымі... Са скурай порыстай, вуграватай, тлустай... За ім сунуўся гэткі ж чырванатвары стары ў касцюме брандмайстра (два гузікі віселі на нітках), самазадаволены, з неахайнымі пукамі сівых валасоў у ноздрах і вушах... Бывай, мужны Мішэль! Бывай, вобраз ідэальнага бацькі!

Жорсткі жарт сыграў ты з беднай правінцыялкай, маскоўскі медычны бог!

Аўгіння схавалася ў сваім пакоі, дзе так недарэчна глядзеўся вялікі двухспальны ложак... Але і тут прадметы даставалі яе сваёй пачварнай канкрэтнасцю. На фотаздымку, які паставіў Мішэль на тумбачку, аказалася зусім не Аўгіння, а незнаёмая нахабная брунетка. У вазоне – поўна расцёртых недапалкаў і, не можа быць! – наплявана... А на куфэрачку, што падарыла лепшая сяброўка, які Аўгіння расчыняла кожны дзень, проста на накрыўцы надрапана дробнымі літарамі «дурніца»...

Людзі смяяліся са «слепурындалы», крамнікі недадавалі рэшту, бацька ледзь спіхнуў недарэку свайму падначаленаму, а той, куплены за пасаг і пасаду, суцяшаўся ў зіркатых прыгажунь горада Б*...

Аўгіння схавалася ў самы цёмны і засмечаны кут некалі чароўнага саду. Што цяпер? У кляштар? Проста пайсці – з дому, з горада, з жыцця? Аўгінні хацелася выдзерці свае вочы, вярнуцца ў плыткае шчасце няведання... Але зведаўшы аднойчы – ведаеш назаўсёды, на памяці драпіны не зацягваюцца, калі гэта – драпіны ад аскалёпкаў шчасця...

Над горадам Б* заходзіла сонца. Прырода не здрадзіла Аўгінні, бо не здраджвае ніколі. Дрыжэла прыўкраснае божае дрэўца, і на светла-зялёных лістах жывакосту адлюстроўваліся промні... А калі ў гэтым свеце ўсё-ткі існуюць півоні, захад сонца, лебедзі, мігдалавыя тарты і жанчыны, якія ўсім прабачаюць, то не так усё безнадзейна, жорстка і несправядліва...

Празрысты, як вэлюм нявесты, смех растаў у лістах бэзавых кустоў... Што ж, дзяцей, якія будуць, яна ўбачыць не праз вясёлкавы туман...

Ніхто не ведае, якой моцай валодаюць рахманыя людзі. Аўгіння ўзнялася. Яна навучыцца жыць і ў гэтым свеце. І па-ранейшаму будзе адорваць усіх усмешкамі, і не стане заўважаць, як паблажліва крывяцца сустрэчныя. І не пераверне фотаздымак з нахабнай брунеткай.

Захад дагараў цёмным бэзавым агнём. Худзенькая жанчына з высока зачасанымі валасамі ціха падышла да свайго дома.

На ганку з нечым белым у руках перамінаўся з нагі на нагу бравы пажарны Міхась Кудыка, які сумеўся пад незнаёмым, ясным і пільным, позіркам жонкі.

– Ты не змерзла, гм-м, даражэнькая?

І працягнуў няўмела звязаны, са шматлікімі спушчанымі петлямі шаль.

Аўгіння памаўчала і лёгка кранула цёплымі кончыкамі пальцаў шчаку мужа.

– Мусіш пагаліцца, мілы...


Узнясенне Ганімеда

Юпітэр скраў прыўкраснага юнака Ганімеда, сына траянскага цара, і зрабіў яго сваім віначэрпам на Алімпе.

Старажытнагрэчаскі міф

Ну каму якая справа да таго, што робіцца на заднім двары карчмы?

Зразумела, што месца гэтае не самае прыдатнае для рамантычных спатканняў, філасофскіх разважанняў ды сяброўскай гутаркі.

Тым больш калі наведвальнікі згаданай установы п’юць шмат піва...

Аднак задні двор знакамітай Бурыгавай карчомкі ў горадзе Б* не падпадаў пад такое вызначэнне.

Хаця б таму, што такога двара як бы і не існавала.

Цікаўнага сустракаў высокі шчыльны плот, спраўляць малую патрэбу ля якога перашкаджаў акуратны глыбокі раўчук. За плотам бачыліся пышныя кусты бэзу – у адрозненне ад сухіх галінак пад вокнамі самой карчмы. Жыццё гэтай піцейнай установы падзялялася на дзве палавіны. З аднаго боку, так бы мовіць, з фасада, была непасрэдна карчма, зала, поўная наведвальнікаў, дзе гучала зухаватая музыка; сам пан Бурыга, паважны, вусаты, гучнагалосы; келіхі, штофы, разныя дубовыя сталы і лаўкі, вечны гуд ды гром.

А з другога боку... З другога боку ішло годнае сямейнае жыццё Антося Бурыгі, бо няма ў карчмара іншага дому, як карчма, і ў дзяцей яго не будзе... І ці дапамогуць тут платы, раўчукі і сабакі?..

Але пастараўся пан Бурыга, каб мяжа між двух яго жыццяў была як мага большай ды непранікальнай. І ніхто не бачыў цётачкі Марысі, заўсягдайкі царквы і кірмашу, на той палове ейнага дома, дзе пілося, лілося і спявалася. Не спяшалася яна ў якасці карчмаркі-весялухі да нецярплівых наведвальнікаў з пеннымі келіхамі, не сварылася на безграшовых аматараў гарэліцы, не падміргвала зухаватым музыкам, каб паддалі жарсці, каб заглушылі нечы тужлівы лямант аб незваротнай салодкай маладосці ды горкім сталым жыцці...

Хоць елі ды нахвальвалі наведвальнікі стравы, прыгатаваныя цётачкай Марысяй, але не была яна карчмаркай. Зумкала пчолкай на заднім двары, абгароджаным высокім плотам, гадавала свае кветнікі ды любага сыночка-званочка, кучаравенькага анёльчыка Данілку. А якім разумненькім ён рос! Ну хіба месца такому ў карчме!

І збіраў грошы Антось Бурыга, адкладваў старанна, каб не меў сынок патрэбы ў грэшным карчомным рамястве, каб выйшаў у людзі! Ды не тут, у горадзе Б*, а недзе там, дзе не карчомкі, а вялікія рэстарацыі з шырокімі люстранымі вокнамі, дзе жыве далёкі сваяк, стрыечны брат цётачкі Марысі, пан Квяткоўскі, які ходзіць у сурдуце і цыліндры, курыць тонкія, як саломіна, цыгарэткі, а на пытанні пра занятак з годнасцю адказвае: «Я, брат, чыноўнік высокага класа, служу на карысць грамадству».

А пакуль малодшы Бурыга рваў кашулькі-вышыванкі ў хмызняках, што на ўскраіне горада Б*, і ўзначальваў атрады непаўналетніх тутэйшых жыхароў у вечных хлапечых войнах ды іншых забавах, прыдумляць якія быў вялікі майстар.

Чатыры гады настаўнікі пачатковай вучэльні горада Б* перад тым, як увайсці ў клас, узносілі Госпаду малітву, каб сёння той неўтаймаваны, распешчаны карчмаронак ляжаў дома з ангінай. Але чырванашчокі Данілка вызначаўся добрым здароўем. І дацягнуў да сканчэння вучэльні.

Тады пан Антось Бурыга надзеў пінжачную пару, абсалютна новую, і капялюш, і лакіраваныя чаравікі і паклаў ва ўнутраную кішэню пінжака тоўсты-тоўсты партманет. І пайшоў да дырэктара мужчынскай гімназіі горада Б* пана Вярэдзіча. Праз тыдзень пачыналіся ўступныя іспыты ў гімназію. Бедны пан Бурыга! Бедны дырэктар – столькі праклёнаў з вуснаў патомнага карчмара вытрывае не кожны.

І па граматыцы, і па арыфметыцы, і па Законе Божым юны Данііл Бурыга атрымаў адзнакі цвёрдыя, але незадавальняючыя.

Заставалася два шляхі. Казённая рэальная вучэльня і духоўная семінарыя. На жаль, навукі прыродазнаўча-матэматычныя, якім аддавалася перавага ў вучэльні, былі найменш даступныя інтэлекту Данілкі, а быць святаром... Антось Бурыга задуменна глядзеў на жыццярадасную фізіяномію сына і мімаволі скептычна хітаў галавой.

Заставалася спадзявацца на вышэйшую справядлівасць. І яна з’явілася – у асобе згаданага напачатку дзядзькі Квяткоўскага, пры цыліндры, сурдуце і тонкай цыгарэтцы. Пан Квяткоўскі паважна пацягваў густое піва швагра, адставіўшы мезенец з вялізным залатым пярсцёнкам, і паглядваў на сціпла расчасанага на прамы прабор Данілку. Той у новай вышыванцы ціхенька сядзеў у куце і чакаў вырашэння свайго лёсу, час ад часу крадма душачы неасцярожных мух.

– Добра, паедзе са мной! Уладкуем! – Муха вырвалася з кулака ўзрадаванага хлапчыны.

– Чалавекам будзе! – шчасліва плакала цётачка Марыся на базары і перад царквой у гаманлівым коле кабетаў.

А наведвальнікі Бурыгавай карчомкі шэптам паведамлялі адзін аднаму, што Данілка вучыцца ў самой Маскве, пад апекай дзядзькі, такога важнага пана, і сам будзе панам, і будзе ганарыцца ім горад Б* і асабліва гэтая карчомка... Дык вып’ем жа, спадарства, за здароўе нашых дзяцей, каб гэтак жа пашчасціла ім, як нашчадку карчмара!

І прыязджаў на летнія вакацыі ў родны горад паніч Данііл, і з кожным годам круглеў ён і мажнеў і блішчэў ягоны твар, а прабор у кучаравых валасах быў усё больш роўны і набрыялінены. Дзе там тыя вышыванкі! Сурдут, шаўковая кашуля з гальштукам, першыя вусікі, першыя цыгарэты! Хоць і каштавала тое вучэнне, вынікі былі наяве. Данілка з веданнем справы даваў бацьку парады па найлепшым ўладкаванні карчомнай справы, сам пераглядаў разліковыя паперы. Мова сталічнага навучэнца цяпер была перасыпаная элегантнымі «чиво», «как-то так-то», «опридилённо». Да мясцовых дзяўчатак ён звяртаўся не інакш, як «мамзэлі», а да былых сяброў і ўвогуле незразумела-вытанчана: «Мон амі».

– Опридилённо, мон амі,– казаў Данілка ўважлівым слухачам,– ёсць у мяне там добрыя перспектывы. Дзядзька ўладкаваў каля сябе, как-то так-то і яго месца займу...

Што то за месца, чым займаецца Данілка ў горадзе, ніхто дакладна не ведаў, нават бацькі. Сам юнак адказваў няпэўна: «Мы па гандлёва-эканамічнай частцы». Але ж горад Б* не быў ізаляваны ад гэтага «вялікага свету». Вось і дырэктар мужчынскай гімназіі пан Вярэдзіч, што некалі не спакусіўся зместам тоўстага партманета карчмара, наведаў Маскву... «А можа, Данілку там сустрэне?» – марыў Бурыга і ўяўляў, як у нейкай важнай канторы спаткае ганарлівы дырэктар шыкоўнага Данілку, і сумеецца, і як з роўным прывітаецца...

Між тым прыехаў «на пабыўку» і сам Данілка, які ў свае васямнаццаць выглядаў на добрых дваццаць пяць.

– Вы, папа, зусім прагарыце,– ракатаў малады басок сына.– Што гэта за музыкі, вобче говоря, нейкія полечкі... Вы б заказалі сабе музычную машыну. Ручку пакруціў – і грае вальсу ці раманс. Вы, папа, ведаеце, што такое вальса?

Замілаваны Бурыга паслухмяна хітаў галавой, аднак і не думаў нешта мяняць у адладжанай гаспадарцы. Ён справядліва лічыў, што карчма горада Б* можа быць толькі такой, якой упадабалі яе многія пакаленні жыхароў, з усімі яе драўлянымі лаўкамі і штофамі, з яе традыцыямі і паданнямі: пра карчомнага скрыпача Гірша, які пераіграў заезджую сусветную знакамітасць, пра п’янтоса Чарацілу, які цалаваўся з русалкай і ад таго зрабіўся задумлівы, пра красуню Ксеню, па ад’ездзе якой піва ейнага жаніха, мясцовага півавара, тры гады гарчыла...

А як урачыста ішло сямейства Бурыгаў да царквы ў нядзельны дзень! Як важна шпацыравала маленькая кругленькая цётачка Марыся паперадзе сваіх мажных высокіх мужчын! І зусім недарэчы было сутыкнуцца ля царквы з дырэктарам гімназіі, і зусім незразумелым быў яго іранічны паклон у бок абсурдучанага Данілкі, і не да месца паблажлівыя словы:

– А, малады чалавек, не забываеце, так бы мовіць, родныя пенаты? Маскоўская служба клопатная, так-так... Ну ды кожнаму сваё...

Але яшчэ больш незразумелымі былі паводзіны Данілкі, які пры сустрэчы з панам Вярэдзічам памкнуўся ўцячы і, мабыць, упершыню ў жыцці сумеўся, зачырванеўся і страціў мову.

А на другі дзень зазбіраўся «на службу».

Ну не дурань жа быў Антось Бурыга! Змог жа ён утрымаць бацькоўскую карчму і ўладкаваць яе і прыбытак добры мець. І не маглі ў яго не ўзнікнуць некаторыя сумлівы наконт таямнічай вучобы-службы сыночка...

І аднойчы зачыніў Бурыга сваю карчму, на гора мясцовым заўсёднікам, і паехаў у далёкі горад Маскву, прытрымліваючы левым локцем тоўсты партманет у глыбокай унутранай кішэні пінжака. Што здарылася з шаноўным карчмаром у тым горадзе, дакладна невядома. З асобных выказванняў звычайна гаваркой цётачкі Марысі можна скласці толькі прыблізную карціну...

Тлум і гуд Масквы, пэўна, не здзівілі патомнага карчмара. А вось тое, што па адрасе, куды ён столькі гадоў адсылаў грошы, знаходзіўся рэстаран, здзівіла, і непрыемна. Пані з аголенымі плячыма, паны ў зграбных сурдутах знікалі за дзвярыма, якія паслужліва адчыняў барадаты дзядзька ў шыкоўным мундзіры. Адчыніў ён дзверы і перад карчмаром горада Б*.

– Просю за столік.– Малады чалавек у белай кашулі і шэрай шаўковай камізэльцы, з перакінутым цераз руку ручніком вынырнуў аднекуль збоку...

Так, так. Данілка служыў афіцыянтам у рэстарацыі, дзе метрдатэлем быў ягоны стрыечны дзядзька пан Квяткоўскі. І што з таго, што згаданы Квяткоўскі быў там жа ва ўсёй красе, пры чорным сурдуце, белай манішцы і лакіраваных чаравіках? Бурыга быў не дурны. Ён выдатна разумеў, што гэта – такі самы карчмар, як ён, ды яшчэ ў чужой карчме...

Да таго ж Бурыгу клікалі наведвальнікі з пашанаю – «пан», а Квяткоўскага ў яго сурдуце падзывалі паблажліва – «чалавек!».

Дзеля праўдзівасці заўважым, што дзядзька спрабаваў уладзіць Данілку некуды вучыцца і прабыў Данілка колькі часу ў сталічнай вучэльні... І не ў адной... Але навука тамтэйшая аказалася зусім непрабівальнай для правінцыйных мазгоў.

Затое ў навуцы карчомнай Данілка быў выдатнікам.

І хутка выпадковаму наведвальніку Бурыгавай карчомкі пачало дваіцца ўваччу: два карчмары, з аднолькавымі пшанічнымі вусамі на чырвоных тварах, у аднолькавых вышыванках сустракалі яго. Зблізку ўсведамлялася, што адзін з карчмароў маладзейшы і больш жвавы і ў мове яго трапляюцца дзіўнаватыя слоўцы.

– Чіво-чіво? Гарэліцы? А вось рэкамендую вінь-шампань, не жадаеце?

– Не сцялі языком, студэнт! – грукатаў бас старэйшага карчмара, і малодшы пакорліва змаўкаў і падаваў аматару гарэлкі жаданую чарку, абавязкова перакінуўшы цераз руку бялюткі ручнік.

– Просю!

І што тыя платы і роўчыкі, якімі спрабаваў бедны Бурыга падзяліць сваё жыццё...

Эх, карчомка – са шкляным богам пабачыцца, каваную свінку купіць, як Марцін мыла, набрацца, усё забыць, і што не было, успомніць, і – грайце, музыкі, спявайце, музыкі, пра таго казачэньку, што паехаў за палі-лясы і не вернецца ніколі да дзяўчыначкі-галубы...

Стаіць карчма ў горадзе Б*, стаіць – і будзе павек стаяць такой, якой збудавалі яе прапрадзеды...


Адысей і Сірэны

Сірэны – паўптушкі-паўжанчыны, якія заманьвалі сваімі чароўнымі спевамі мараходаў на смертаносныя скалы. Толькі Адысей змог беспакарана паслухаць іх спевы, бо загадаў сваім сябрам заляпіць вушы воскам, а яго самога прывязаць да мачты.

Старажытнагрэчаскі міф

Горад Б* цяжка назваць Венецыяй. Нават сіняй травеньскай ноччу, калі яго вулкі затапляе мора веснавога водару, а цёмная лістота бэзу і язміну са светлай пенай квецені і самаму беднаму ўяўленню нагадвае хвалі...

Не, ніхто і ніколі не параўноўваў горад Б* з Венецыяй! А між тым хіба дзесьці яшчэ на свеце ёсць такія галасістыя дзяўчаты, хіба дзесьці так працінае цёплае вечаровае паветра чыстая, як месяцовы прамень, песня? А зухаватыя хлопцы горада Б*, хіба не падобныя яны да венецыянскіх гандальераў, калі плывуць іх постаці ў святочных вышыванках ля прысадаў дома, дзе жыве асабліва прыгожая паненка, і лунае над імі вечная песня вясны і кахання, якая не змянілася ад часоў Саламонавых?

Так, горад Б* спяваў не менш (а цалкам магчыма, і не горш) за тую Венецыю...

Таму нікога не здзівіла, калі Апякунства народнай цвярозасці горада Б* аб’явіла аб стварэнні хора. Акрамя дабратворнага ўплыву песеннага мастацтва на тутэйшыя норавы, хор мусіў стацца крыніцай дабрачыннага збору сродкаў на падтрыманне тых жа нораваў на адпаведнай гордаму гораду Б* вышыні.

Друзлая сцэна летняга тэатра, на якой з прычыны працякання даху і правальвання пад нагамі дошак ужо гады тры не было ніякіх тэатральных імпрэзаў, з багавейлівасцю сустрэла пятнаццаць жаўронкаў горада Б*, самаадданых прыхільніц мастацтва і, вядома ж, народнай цвярозасці.

А самаадданае служэнне мастацтву (і тым больш цвярозасці) не можа не сустрэць водгуку ў шчырым недасведчаным сэрцы...

Тэлеграфнага служачага восьмага разраду Лютыся ніхто не назваў бы дасведчаным хоць у чымсьці, гэтак жа, як горад Б* не называюць Венецыяй. Нават Лютысяў бацька, тэлеграфіст са стажам, калі глядзеў на свайго нашчадка, які лена перацягваў з кута ў кут стосы паперы, а прыпухлыя, нібыта вечна заспаныя, вочы скіроўваў пры гэтым плённым працоўным працэсэ да столі, нават гэты вытрыманы, паважаны чалавек дасадліва стукаў худым кулаком па стале:

– Пакараў жа Гасподзь мяне, грэшнага, такім ёлупнем...

Бо не выяўляў Лютысь цікавасці ні да чаго карыснага, адно да калдуноў са смятанай. Скончыў ён чатыры класы рамеснай вучэльні і быў уладкаваны бацькам на ніжэйшую пасаду гарадской тэлеграфна-паштовай службы...

У летні тэатр гарадскога парку Лютысь трапіў таму, што пачаўся дождж, што ў кішэні была прыхаваная цыгарэтка і сустракацца ні з кім не хацелася. Бо ўсе сустрэчныя заўсёды нечага ад небаракі Лютыся хацелі – каб ён ветліва павітаўся, зашпіліў каўнер, распавёў, дзе быў учора апоўдні ці заўчора вечарам, і чаму ў яго такі адсутны выгляд... Не, лепш пасядзець у ціхім спакойным месцы...

Але на гэты раз месца не было ціхім... У сырым памяшканні, адбіваючыся ад збуцвелых сцен размытым рэхам, грымнулі галасы хору Апякунства народнай цвярозасці...

Лютысь хацеў быў збегчы, але чамусьці не змог. Яны ўсе былі тут, на сцэне,– і чарнявая паненка Анэля, і бялявая кірпаценькая Юзька, і рудая кучаравая Анця... Яны спявалі для яго, адзінага слухача, недарэкі Лютыся, і як спявалі! Райскія птушкі, аблокі з мігдалавага крэму, залатыя купалы і кедр ліванскі паўставалі на прасторах Лютысевай душы!

Лютысь ніколі не быў у тэатрах, але ведаў, што пасля прадстаўлення трэба пляскаць у ладкі... Удзельніцы хору, заружавелыя, сціпла пакланіліся... Іхняя кіраўнічка, маладая жонка настаўніка літаратуры мужчынскай гімназіі, строга запатрабавала цішыні, узмахнула рукамі, і пад дзіравую столь ускрыліла новая песня...

Так Лютысь пачаў наведваць усе рэпетыцыі новага хору. Вядома, ён і раней чуў розныя спевы. І ад маці, і ад мясцовых дзяўчат... У параўнанні са спевамі хору гэта было што даматканая посцілка ў краткі перад крамным дыванком з чароўнымі пастушкамі ў гірляндах з ружаў... Хто прадугледзіць, як і калі прыгажосць пастукаецца ў ягоную душу? Харысткі пелі дзівосныя песні пра залатыя хмаркі і суровыя скалы, пра няшчасных сіротак і літасцівых пані, нарэшце, пра каханне, такое нябеснае і дасканалае, што Лютысь не разумеў і паловы слоў.

Харысткі хутка прывыклі да адданага паклонніка, які не стамляўся пасля кожнай песні біць у ладкі і так шчыра перажываў за кожную іхнюю ноту. Яго пасылалі купіць лядзенчыкаў ці піражкоў з капустай, прасілі прынесці бутэлечку сельтэрскай вады для чысціні голасу. Ніхто са знаёмых не пазнаў бы тут Лютыся – вечна санлівы, абыякавы твар гарэў такім энтузіязмам, што прыходзіць толькі да непаўналетняга юнака, які ўпершыню патрапіў на рэпетыцыю жаночага хору.

Дзіўна, але хаця Лютысь абагаўляў сваіх спявачак, кожная з іх паасобку як бы не цікавіла яго. Ні чарнявая Анэля, ні бялявая Юзька, ні нават рудая кучаравая Анця... А напэўна ж, кагосьці з іх ён сустракаў, і нават не раз, і па-за сцэнай летняга тэатру. Але яго абыякавы пагляд заўсёды кіраваўся міма, у тую кропку, дзе ззяюць залатыя купалы і спяваюць райскія птушкі... Дзе лунае звонкагалосы херувім з пятнаццаццю прыўкраснымі галовамі...

Вясна з усіх пор года мінае найхутчэй. Здаецца, толькі-толькі закружыла галовы, разгайдала сэрцы ў рытме першых дажджоў, а ўжо абсыпалася квецень і птушкі, прыгнечаныя сямейнымі клопатамі, суцішылі пошчак. Апякунства народнай цвярозасці ладзіла першую вечарыну па дабрачынным зборы сродкаў на... Гісторыя не захавала звестак, на што менавіта, але ж мы з вамі не сумняваемся, што гэта была вартая, плённая ў справе падтрымання народнай маральнасці мэта.

«Цвіком» вечарыны мусіла стацца выступленне хору.

Ах, як яны хваляваліся, як прасавалі бялюткія каўнерыкі і манжэты, а на спадніцы нечакана выяўлялася пляма, якую зараз жа спрабавалі вывесці з дапамогай солі і праса, а ў гэты час з кудзерак выпадала дзве папільёткі, а татка заўважаў, што папільёткі скручаныя з сённяшніх непрачытаных «Губернскіх ведамасцей», і ў давяршэнне брыдкая котка (ці малодшая сястрычка) скідала са стабурка парфуму... А ў горле невыносна казытала, і сціскала, і пякло...

Лютысь сядзеў у чацвёртым радзе амаль дыхтоўнага гарадскога клуба, у мундзіры тэлеграфнага служачага, зашпіленым пад самае горла, і паблажліва пазіраў на стракатую публіку. А публіка сапраўды была стракатай – акрамя актывістаў руху за гігіену, санітарыю і, вядома, народную цвярозасць, былі запрошаны прадстаўнікі таго самага народу – рабочыя з мануфактуры і бровара. Лютысю страшэнна не падабалася, што замест таго, каб стаіць дыханне ў чаканні цуду, многія перашэптваліся, перасмейваліся і нават рагаталі.

Але чаму яны не змоўклі, калі заспяваў хор?

– Блеюць, нібы козы някормленыя...– сярдзіта абазваўся нейкі грубіян за Лютысевай спінай.

Лютысь якраз вывучыўся акрым пляскання ў ладкі гучна крычаць «брава!» і «біс!». Але ўсё-ткі не так гучна, каб заглушыць усе незадаволеныя галасы, смех і свістанне. А хор між тым намагаўся з усіх сіл. І панна Анэля, і панна Юзька, і рудая Анця, вытанчана склаўшы белыя ручкі перад сабой, падобна мармуровым анёлкам на каталіцкіх могілках горада Б*, старанна выводзілі рулады пра залатую хмарку і пра бедную сірацінку...

– Ну колькі можна нудзіць? Яшчэ па праграме чытальнік і піяніст. А калі ж танцы? – абураўся несвядомы люд.

Але са сцэны пятнаццаць галасоў натхнёна зацягнулі раманс...

Так, пры поглядзе ў гэты момант на публіку гарадскога клуба самы мройнік пагадзіўся б, што горад Б* мала падобны да Венецыі. З-за куліс чырванатвары чытальнік з набрыяліненымі вусамі адчайна размахваў кнігай апавяданняў Чэхава на знак кіраўнічкі хору заканчваць выступ.

Вось і растаў цуд... Развеянае чараўніцтва... Хіба хопіць у кагосьці сілы захаваць свой чароўны востраў, калі любячыя бліжнія даходліва патлумачылі, што ён – толькі купінка пасярод свойскага балота? Яны ж такія клапатлівыя і разумныя, нашы бліжнія... Яны заўсёды аберагаюць нас ад непатрэбных, няхай і прыгожых, амарокаў.

На наступны дзень мусіла адбыцца чарговая рэпетыцыя. Сем самых стойкіх да жыццёвых няўдач паненак, якія сёння толькі і прыйшлі ў пусты летні тэатр, сумна зацягнулі пра залатую хмарку пад суровыя ўзмахі рук кіраўнічкі. Плач старазапаветнага прарока Іерэміі па зруйнаваным Іерусаліме і стогн наведніка Бурыгавай карчомкі па паўнюткім, перакуленым на падлогу куфлі піва – нішто ў параўнанні з той нябеснай тугой, з тым тужлівым шкадаваннем, якімі трымцелі абражаныя грубай рэальнасцю галасы парадзелага хору Апякунства народнай цвярозасці. Вось апошні гук растаў пад дзіравым дахам. А магчыма, праз тыя дзіркі, на рапараванне якіх сквапная гарадская рада не выдзяляе сродкаў, узняўся той гук высока-высока, аж да нябеснага прастола, дзе спяваюць райскія птушкі на аблоках з мігдалавага крэму...

І ці то з тых аблокаў, ці то з цёмнага кута сырога памяшкання летняга тэатра грымнула:

– Брава! Біс!

Верны Лютысь стаяў і зацята біў у ладкі, нязграбна прыціскаючы да сябе локцем вялікі букет хрызантэм.

І няхай дзесьці ў вялікіх бліскучых залах прымадонны з непамернымі бюстамі атрымліваюць ружы кошыкамі.

Хіба гэта прыгожа – ружы ў кошыку?

І хор аднавіў свае рэпетыцыі. І наважваўся на новыя і новыя выступленні... І сціплы тэлеграфны служачы восьмага разраду заўсёды сядзеў у чацвёртым радзе справа і крычаў свае «брава» і «біс» і шчыра перажываў за кожную нотку... І бегаў па асабістых просьбах па лядзенчыкі, а да Каляд і Вялікадня абавязкова атрымліваў цэлы стос сурвэтачак, вышытых незабудкамі ці галубочкамі. Так што Лютысева маці, гучнагалосая мажная кабета, разглядаючы прэзенты, расчулена выцірала слязу і думала: «Вылюднеў... Хутка жэніцца...»

Лютысь не зважаў, калі змяняліся харысткі ці калі чарговы знаўца падчас іх выступаў хапаўся за галаву. Ну і няхай хапаецца, калі гэта ў яго слабое месца!

Бо херувімы пяюць на грэшнай зямлі толькі для абранцаў. І нават у горадзе Б*.


Ахілесава пятка

Герой Ахілес меў непаражальнае цела, за выключэннем пяткі. Сын цара Троі Парыс, які не вызначаўся ваеннымі талентамі, забіў героя, пацэліўшы яму стралой у гэтае адзінае паражальнае месца.

Старажытнагрэчаскі міф

Калі сумленнаму абывацелю горада Б* не хапала ўласных праблем, ён пачынаў вырашаць праблемы грамадскія.

Праўда, сорамна прызнацца, гэткіх шчаслівых людзей у горадзе Б* жыло няшмат. Большасць абывацеляў корпалася ў сваіх штодзённых асабістых справах, нараджаліся, жаніліся, сварыліся, паміралі і ведаць не ведалі пра новыя павевы ў цывілізаваным свеце. Так-сяк дзейнічалі Апякунства народнай цвярозасці і Гурток аматараў драматычнага мастацтва, і то дзякуючы хору і танцавальным вечарынам. Несвядомы люд насяляў горад Б*!

Мадам Касіо, утрымальніца пансіёна высакародных паненак горада Б*, раздражнёна адклала на ампірны столік газету. Нават у горадзе Н* стварылі Таварыства абароны жанчын! А тут – суцэльны патрыярхат, цямноцце.

Мадам Касіо карысталася павагай усяго горада Б*. Калі насустрач імкліва рухалася ейная танклявая высокая постаць у чорнай сукенцы з пышным карункавым каўняром і манжэтамі, увенчаная купалам сапраўднага парыжскага капелюша, нават самы смелы служачы сельскагаспадарчага банка – а пра служачых гэтага банка гаварылі, што любога з сарочкі выведуць,– намагаўся збочыць, зрабіцца непрыкметным, як павуцінка бабінага лета. Абы толькі не наставіла мадам Касіо на цябе свой страшны ларнет, абы не сустрэцца позіркам з яе светлымі, як ільдзінкі, вачыма... Ну а зусім гора, калі скіруе на цябе мадам свой доўгі чорны парасон, калі прагучыць металёвае:

– Пра вашыя манэры, малады чалавек, я буду размаўляць з вашым рара.

Таму ліст па збіранні сродкаў на стварэнне ў горадзе Б* Таварыства абароны жанчын падпісалі і сам губернатар, і паліцмайстар, і нават дырэктар сельскагаспадарчага банка Шкудровіч. Там, дзе металёвы голас і ларнет былі менш дзейсныя, у бяспройгрышную бойку ўступалі серабрысты галасок і сарамліва-прамяністыя пагляды маладзенькай мадэмуазэль Нінель, выкладчыцы музыкі і спеваў пансіёна мадам Касіо. Мадэмуазэль Нінель, або ў сапраўднасці засцянковая шляхцянка Ніна Гаршкова, мініяцюрная сільфіда ў німбе штучных локанаў, пазірала на сумніўца справы абароны жанчын з такім натуральным жахам, з такім немым дакорам увасобленай жаноцкасці, што самае каменнае сэрца мусіла здрыгануцца, а рука – пацягнуцца падпісваць ліст.

Ніхто не ўстаяў перад двайным націскам актывістак прагрэсу. Ніхто... Акрамя Базыля Магарыша, уладальніка невялікага, але працвітаючага конезавода. Ах, якія коні былі ў Магарыша! Сытыя, гладкія, шыракаспінныя, нібыта створаныя вазіць рыцараў у поўным узбраенні. Праўда, набывалі іх для куды больш празаічных патрэб. Але коні прыносілі не малы даход. І не дзіва – Магарыш, палкоўнік-кавалергард у адстаўцы, свету не бачыў за сваімі грывастымі ўлюбёнцамі. Ні вясёлыя сябрукі, аматары халасцяцкіх уцех, ні прыўкрасныя паненкі горада Б* з пасагамі рознай велічыні не маглі звесці Магарыша з ягонага суровага мужчынскага шляху. Часам ён і сам нагадваў неаб’езджанага рысака – чорныя валасы грывай, бакенбарды і вусы неймавернай велічыні, ноздры раздзімаюцца, ногі ў кавалерыйскіх ботах нецярпліва пераступаюць, а на твары напісана адно: кажы, чалавеча, якая патрэба, ды збаў мяне ад сваёй прысутнасці.

Але Магарыш, як уладальнік буйнога (у межах горада Б*) капіталу, не мог быць прамінуты ў працэсе збору сродкаў на новае таварыства.

Як пунсавелі шчокі ў мадам Касіо, калі яна шпаркім крокам у суправаджэнні зарумзанай мадэмуазэль Нінель выходзіла з дубовых варотаў Магарышавага дома! Напэўна, каб патрапіў у гэтае імгненне якісь небарака пад прыцэл лінзаў ейнага ларнета, спапяліўся б, як волас над свечкай.

Гэта была параза. Мадам Касіо збіралася друкаваць падпісны ліст за стварэнне Таварыства абароны жанчын у губернскай газеце разам з усімі сабранымі подпісамі... І сярод іх не будзе подпісу палкоўніка ў адстаўцы Магарыша! Палкоўнік славіўся не толькі дзікім норавам, але й тым, што мог шчодрай рукой адваліць грошай на карысную дабрачынную справу. Напрыклад, на палеанталагічны музей ці атлетычны гурток. Хадзілі чуткі пра незвычайныя акалічнасці ранняй адстаўкі палкоўніка. Нібыта быў ён западозраны ў сімпатыях да дзівакоў, што не надта любілі магутную імперыю, якая літасціва ўзяла пад сваё крыло тутэйшы край... Ды яшчэ меў палкоўнік дрэнны звычай згадваць былыя шляхецкія вольнасці гэтага краю ды сваіх ваяўнічых продкаў, што змагаліся пад іншым, забытым цяпер, штандарам... І ці то Магарыш адмовіўся аддаць загад у некага страляць, ці то сам пацэліў не ў таго...

«А з-за жанчыны, пэўна, гісторыя была, таму й не любіць жанчын»,– адмахваліся скептыкі. Але і яны пачціва кланяліся ды таемна зайздросцілі, калі Магарыш пралятаў па вуліцы горада Б* на сваім улюбёным чорным жарабцы.

Але за пятнаццаць гадоў існавання пансіёну ніхто не наважыўся спрачацца з ягонай дырэктаркай.

Горад Б* з цікавасцю чакаў сыходу двубою.

Ніякія спробы расчуліць сэрца конезаводчыка не ўдаліся. Ён не баяўся гарадскіх улад, не заляцаўся да кабет, не напіваўся, што выключала наяўнасць сардэчных сябрукоў, і не меў сваячак з цвёрдым характарам.

Заснавальніцы Таварыства аховы жанчын сабраліся ў класным пакоі пансіёна высакародных паненак. Між кавай і мігдалавым печывам пагаварылі пра дзіцячыя яслі для немаўлятак працоўных кабет, між гарачым шакаладам і безэ пасварыліся наконт рэпертуару дабрачыннага хору. Калі прынеслі садавіну, усплыла непрыемнай плямай на вясёлкавы настрой прысутных праблема – ненавіснік жанчын Магарыш. Па горадзе Б* лётала ўжо некалькі ягоных з’едлівых выказванняў наконт «бабскай самадзейнасці».

– Мужчына – істота прымітыўная,– цвёрда сказала мадам Касіо.– Варта толькі добра падумаць і знайсці яго слабае месца. Згадайма, што наша таварыства клапоціцца не толькі аб жанчынах, але і аб дзетках. Калі гэтая асоба раўнадушная да становішча кабет, ці гэтак жа паставіцца да слёз нявіннага дзіцяці?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю