355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Ночы на Плябанскіх млынах » Текст книги (страница 28)
Ночы на Плябанскіх млынах
  • Текст добавлен: 21 апреля 2017, 07:00

Текст книги "Ночы на Плябанскіх млынах"


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 28 (всего у книги 32 страниц)

2008

Дыярыуш пані


Адзінарог

Перасыпаю хвіліны з далані на даланю. Яны блішчаць і пяшчотна шаргочуць, быццам перліны. У паўпразрыстым цэнтры кожнай – вострая зрэнка вечнасці. Можа быць, гэта сапраўды толькі перліны.

Сёння зноў перад замкам праязджалі гэтыя. Нешта крычалі, ці то клікалі з сабою, ці то пагражалі. Страусавыя пёры ківаліся на іх капелюшах бела-ружовымі аблачынкамі, а на скураных пальчатках здалёк паблісквалі жалезныя заклёпкі. Я ніколі не звяртаю ўвагі на тых, хто праязджае паўз парк. Гэта непрыстойна.

Хвіліны ссыпаюцца на аксаміт зусім бязгучна. Але часам яны саслізгваюць з маіх каленяў і б’юць па каменных плітах падлогі звонкім дажджом. Я не люблю дождж. Калі пад маім акном згасаюць апошнія кветкі шыпшыны, дождж пачынае ісці кожны дзень. Праз яго шэры вэлюм праглядаюцца толькі цёмныя абрысы дрэў. Яны роспачна ломяць голле ў лахманах парадзелага лісця, і хістаюцца, і ківаюцца ў вечным маленні жывога аб жыцці. Шыпшына яшчэ не адцвіла.

– Пані, у вашым лесе з’явіўся белы адзінарог.

Чалавек нізка схіліўся перада мной, і я не бачу ягонага твару. Можа, ён і ўсміхаецца – гэтак з’едліва, куточкамі вуснаў, як умеюць усміхацца толькі верныя слугі.

– Ніхто пакуль яго не спалохаў?

– Не, пані. Яго бачылі толькі здаля, каля старой віхлы, па дарозе да возера. Але гэта дакладна адзінарог. Белы, вельмі прыгожы звер.

– Загадай сядлаць майго каня...

– Слухаюся, пані...– І зноў я не паспяваю злавіць выраз яго твару.

Чамусьці я больш уяўляю, якія выразы твараў павінны быць у тых, хто побач са мной, чым сапраўды бачу гэта. Асабліва не люблю зазіраць у чужыя вочы. Мне здаецца, што тыя пляскатыя пачуцці і думкі, якія я там магу прачытаць, пяройдуць да мяне і прыліпнуць да маёй кволай душы, так што забудуся, якая я – на самай справе, дзе – маё адчуванне, а дзе – чужое.

Падымаюся з фатэля, і перліны ссыпаюцца з маіх каленяў на камень. Адна з іх коціцца доўга-доўга, я чую яе, аж пакуль не выходжу з залы.

Адзінарог сапраўды ля старой віхлы. Ён белы, як туман. Нагадвае невялікага каня з недарэчна кароткімі нагамі. Вочы ў яго вялізныя, чорныя і вільготныя, а рог над імі выглядае зусім не пагрозна. На яго наліплі травінкі.

Я гладжу адзінарога па схіленай шыі, і ён пакорліва ківае галавой. Дрэвы паціху шумяць, поўныя жыцця і лістоты.

– Ідзі адсюль,– ціха кажу я адзінарогу.– Я не магу ўзяць цябе ў свой замак. Разумееш, там – людзі. Ім уласціва глядзець міма вачэй і ўпотай усміхацца. І тут ты не можаш застацца. Сюды рана ці позна прыедуць тыя. І я не абараню цябе. Я нават не заўважу, калі яны цябе пакрыўдзяць. Гэта было б непрыстойна, прабач.

Адзінарог нібыта разумее мяне, ён няўклюдна паварочваецца і бяжыць у гушчар, і я заўважаю, што на дрэвах ужо ёсць першае ссохлае лісце – адзінарог абтрасае яго з галін.

Мае перліны, сабраныя нечымі руплівымі рукамі, ляжаць у адчыненым куфэрку. Я не буду пералічваць, ці ўсе яны на месцы.

– Пані бачыла адзінарога?

Цяпер я, здаецца, паспяваю злавіць выраз яго твару. Чамусьці дакорлівы.

– Пані пакінула яго ў лесе?

Хіба я павінна апраўдвацца перад кімсьці? Ён разумее, што я абураная, і з нізкім паклонам выходзіць. Але я ніколі не выкажу свайго абурэння. Гэта непрыстойна.

Паўз замак зноў праязджалі гэтыя. Я сядзела перад акном, хвіліны з сухім шоргатам перасыпаліся з далані на даланю і былі халодныя, як кавалачкі лёду. Гэтыя праехалі асабліва блізка, ледзь не зачапілі кусты шыпшыны, з рогатам махалі мне і клікалі некуды – ці проста пасміхаліся. Конь першага з іх быў пакрыты белай, як туман, скурай...

А шыпшына амаль адцвіла... Трэба сказаць, каб з каморы прынеслі зялёны кілім. Калі перліны падаюць на яго, іх вельмі цяжка адшукваць у бухматай поўсці, прапахлай стогадовым пылам. Затое не чуваць, як разбіваецца мой час аб халодны камень.


Вядзьмарка

Сёння забаўлялася са срэбнай сальнічкай працы Бенвенута Чэліні. Цудоўная рэч у выглядзе ракавінкі, якую абшчаперыў маленькі хлопчык. Ракавінка прыўкрашаная буйнымі перлінамі, быццам пырскамі марской вады. Калі націснуць на сярэднюю перліну, створкі ракавіны прыадчыняюць хвалістыя краі – ледзь-ледзь, каб між вытанчанымі зубчыкамі маглі прасыпацца крупінкі солі. Калі ж націснуць на перліну тры разы запар, ракавінка адчыняецца ўся, і можна насыпаць туды соль. Але ніхто за апошнія сто гадоў не насыпаў солі ў гэтую прыгожанькую забаўку – яе проста прыемна трымаць у руках, глядзець на яе. Шалёны Бенвенута заўсёды пераўзыходзіў сам сябе, калі рабіў такія рэчы,– у падарунак асобам, якіх моцна пакрыўдзіў. За кожным яго грэхам ці прамым злачынствам узнікаў ювелірны шэдэўр, якім майстар адкупляўся ад справядлівага гневу і духоўных, і свецкіх улад, і прыватных асоб. Я часта думаю, які менавіта грэх спарадзіў гэтую сальнічку,– яе першай уладальніцай была жанчына. Наўрад ці гэта быў грэх кахання – іначай сальнічкай валодалі б нашчадкі тае італьянскай арыстакраткі, а не я.

– Пані, на ваш літасцівы суд прывялі вядзьмарку.

І зноў я не паспяваю злавіць выраз твару чалавека, які звяртаецца да мяне. Бачу толькі нізка нахіленую спіну.

Вядзьмарку прывезлі гэтыя. Яны не насмеліліся зайсці ў замак, але я чую іхнія непрыстойна вясёлыя галасы і смех пад сваім акном. Нехта з іх пачынае нават насвістваць нейкую валацужную песеньку. Гэта занадта! Пастараюся разабрацца са справаю хутчэй.

Вядзьмарка стаіць сярод залы на маім зялёным кіліме. Яе босыя ногі па шчыкалаць патанаюць у ваўнянай пыльнай траве. Вядзьмарка адразу падалася мне падлеткам. Але я прыгледзелася і зразумела, што памылілася. Гэта дарослая жанчына прыблізна маіх гадоў, толькі невысокая і худая. Яна глядзела на мяне спадылба вузкімі зялёнымі вачыма. Я зразумела, што яе пагляд скіраваны на мае пальцы, якія націскаюць на перліны срэбнай сальнічкі, то адчыняючы, то зачыняючы яе ракавінку. Мне зрабілася непрыемна. Я паставіла забаўку на столік і строга сашчапіла рукі на каленях. Увесь гэты час нехта ледзь не плаксівым голасам расказваў пра злачынствы маленькай жанчыны, што стаіць перада мной. Не памятаю дакладна, здаецца, мясцовыя сяляне вінавацілі яе ў тым, што яна ўмела лётаць, выклікала вецер і дождж і выпівала чужое жыццё. Раптам я ўсвядоміла, што вядзьмарка настойліва зазірае мне ў вочы. Мяне перасмыкнула, быццам давялося пераступіць цераз жабу. Я моўчкі глядзела на свае сашчэпленыя рукі і старалася думаць пра тое, якія ў мяне прыгожыя тонкія пальцы, як неверагодна пяшчотна прасвечваюць скрозь бледную скуру блакітныя жылкі. Я сціснула пальцы трохі мацней, і жылкі набраклі, выступілі над паверхняй скуры. Не, здаецца, гэтак непрыстойна...

Я падымаю правую руку ўверх, затым рэзка апускаю яе, нібыта хачу забіць нешта дробнае. Плаксівы голас змаўкае, вядзьмарку выводзяць з залы. Кілім паглынае гукі крокаў.

Цікава, у мяне таксама вузкія зялёныя вочы. Я бяру са століка сальнічку і спрабую ў бліскучай срэбнай паверхні разгледзець свой адбітак. Сустракаю позірк вядзьмаркі і зноў стаўлю сальнічку на столік. Пад акном загалёкалі тыя. Хутка тупат іх коней змоўк. Вядзьмарку яны, канешне, забралі з сабой. Але што яны з ёй могуць зрабіць, вясёлыя, злыя, бездапаможныя, і што яна захоча зрабіць з імі, тая, што выпівае жыцці?

У зале нікога няма, і я яшчэ раз паўтараю свой велічны жэст: рука – уверх і рэзка ўніз, як быццам у гэтым руху ёсць нейкі сэнс і непазбежнасць.

Хто ведае, можа, і ёсць.

– Можа, пані жадае запаліць у зале свечкі?

Сапраўды, ужо сцямнела. На століку з’яўляецца падсвечнік з чатырма жоўтымі свечкамі. Яны разганяюць куточак цемры вакол мяне. Павольна падношу далонь да аранжавага, з сінім пасачкам унутры агеньчыка. Балюча. Але я не адразу прымаю руку. Цяпер на ёй доўга застанецца пацалунак агню.

За акном таксама цёмна, але недзе далёка з боку вёскі бачыцца цьмянае святло, нібыта запалілі вялізную свечку.

У кожнай перліне сальнічкі гарыць маленькі жоўты агеньчык і хаваецца пагляд вузкага зялёнага вока.

Бадай што, я насыплю ў гэтую штуковіну солі.


Баль

Калі маё акно завешваюць шэрым вэлюмам дажджы, я ведаю, што хутка адбудзецца баль. Кожны год, у адзін і той жа дзень, заўсёды сумны і дажджлівы. У вялікую залу ўносяцца пазалочаныя кандэлябры, каб святло разлівалася ў кожным куце. Мяне апранаюць у сукенку з такой шчыльнай, пругкай тканіны, што калі я саджуся, тканіна згінаецца з лёгкім трэскам, нібыта ламаецца. Затое трымаешся ў такім строі незвычайна прама і годна. Гэта кампенсуе некаторыя нязручнасці.

Госці кожны год таксама адны і тыя ж. Іх няшмат, але ніхто ні разу не прапусціў дзень балю. Да таго ж далучаць да свайго кола новых людзей непрыстойна.

Абавязкова прыедзе Мадам. Мне не вельмі падабаецца яе манера звяртацца да мяне, як да маленькай дзяўчынкі. Яна лічыць, што можа даваць мне парады, і робіць гэта з задавальненнем. На жаль, я не магу перапыняць яе і вымушана адказваць: «Так, Мадам... Дзякую за клопат, Мадам». Хаця калі б я мела такія тоўстыя пальцы з кароткімі тупымі пазногцямі, пукатыя травяністыя вочы і заўсёды безгустоўна падабранае яркае адзенне, я сядзела б ціхенька і слухала іншых. Але Мадам ніколі нікога не слухае. Нават Доктара. Зразумела, ён не просты кровапушчальнік. Іначай ніколі не трапіў бы ў наша кола. Ён нават з выгляду высакародны і вытанчаны. Яго вусны строга падціснутыя, а пагляд вачэй балотнага колеру востры, як ланцэт. Доктар гаворыць рэдка, але кожнае яго слова – як удар залатога дынарыя аб каменны стол. Я не заўсёды разумею яго словы, але хутчэй памру, чым прызнаюся ў гэтым. Калі Доктар гаворыць, ён ніколі ні на каго не глядзіць, нібыта лічыць роўным сабе суразмоўцам толькі сябе самога. Але мне здаецца, што ён звяртаецца менавіта да мяне, што ўва мне ён угледзеў востры нежаноцкі розум, і мне калісьці перадасць асновы сваёй таемнай навукі. У што апрануты Доктар, я нават не магу ўспомніць. Ён заўсёды ў нечым цёмным.

Зразумела, прыедзе і Кузіна. Яна сапраўдная дурніца. Шараговая прыгожанькая ідыётка з вялізнымі смарагдавымі вачыма і маленькім ружовым ратком. Кузіна мяне абагаўляе. Вось ужо ў чыёй любові не адчуваю патрэбы. Яна б вельмі хацела са мной паразмаўляць, вось толькі, небарака, не ведае, пра што. Лупіцца на мяне сваімі смарагдавымі вачыма, міла ўсміхаецца, часам вымаўляе птушыным галаском нейкія банальнасці. Яе асоба не цікавіць нікога, акрамя Блазна і Брэцёра. Гэта я прыдумала ім такія мянушкі. Блазан і Брэцёр – два браты. Блазан, нязграбны і кірпаносы, перапоўнены нейкай шчанюковай верай у добраўпарадкаванасць свету і богападобнасць яго насельнікаў. Ён страшэнна хоча быць усім карысным, усім падняць настрой, зазірае кожнаму ў вочы, без канца жартуе – вельмі тупа, дарэчы,– і, здаецца, ад замілавання круціць нябачным хвастом. Кузіне ён падабаецца, бо яго жарты ёй зразумелыя. Але хаця Блазан траціць найбольш свае досціпы перад Кузінаю, я ведаю, што яго ўвага скіравана ў іншы бок, і каб я хоць раз усміхнулася ў адказ на яго намаганні, ён, мабыць, памёр бы ад шчасця на месцы, як згублены сабака, якога нарэшце прылашчыла рука доўгачаканага гаспадара.

Брэцёр – поўная супрацьлегласць брату. Яго цёмна-зялёныя вочы заўсёды насмешна прыжмураны, чорныя валасы зачасаны назад гладка-гладка, ад гэтага твар набывае проста разбойніцкі выраз. Брэцёр падмячае кожнае недарэчна сказанае іншым слова, у адказ на любую фразу ў яго загатоўлена з’едлівая рэпліка. Найвялікшая насалода для Брэцёра – вывесці субяседніка з раўнавагі, выклікаць раптоўную нянавісць да свае персоны, і ў крытычны момант зрабіцца мілым нявінным прасцячком – а чаго вы раптам гэтак раззлаваліся, панства? Адзіныя, каго Брэцёр не здольны зачапіць, гэта Блазан – той проста не заўважае крыўднага, лічыць, што брат ласкава апякуецца ім,– і Кузіна. Нягледзячы на ўвесь знешні цынізм Брэцёра, нельга не заўважыць, што ён закаханы ў гэтую дурніцу, выбачайце за каламбур, як апошні дурань. Але яна, як і належыць асобе з яе разумовымі здольнасцямі, анічога не заўважае і баіцца Брэцёра, як звяглівага сабакі.

Яны з’едуцца ў адзін час, хвіліна ў хвіліну. Я нават ведаю, якія размовы будуць весціся за доўгім сталом. І ведаю, што нехта абавязкова скажа паўшэптам: «Панове, а ці чулі, што гэтыя зноў пад’язджаюць зусім блізка...»

Размова на хвілю сцішыцца, а пасля ўсе пачнуць расказваць, хто што пачуў апошнім часам пра гэтых. Такія размовы непрыемна хвалююць мяне. Гэта непрыстойна.

Раз’едуцца ўсе таксама ў адзін час, дождж паглыне цьмяныя сілуэты іх экіпажаў, у расчыненыя вокны ўварвецца восеньская раніца і выветрыць рэшткі няшчырых усмешак, гучных слоў і зласлівага шэпту. І раптам падасца, што нікога тут і не было.

Я не ведаю, для чаго кожны год учыняецца гэты баль. Не думаю, што камусьці ён прыносіць асалоду. На ім не гучыць музыка, не рыхтуюцца дзівосныя стравы. Па праўдзе кажучы, нават не памятаю, з чаго складаецца ўрачысты пачастунак. Бо калі ёсць стол, павінен быць і пачастунак. Але я ніколі нічога за гэтым сталом не ем.

Пасля балю з падсвечнікаў дастаюць недагарэлыя свечкі, старанна саскрабаюць воск з пазалочанай бронзы і падлогі і ўсё гэта злепліваюць у вялікі васковы брудны шар, каб скарыстаць для нейкіх гаспадарчых патрэб.

Хутка будзе баль.


Пошасць

Увесь замак прапах гаркавым пахам зёлак. Іх паляць у маленькіх свяцільніках, жмутамі кідаюць у каміны, падвешваюць снапкамі пад столлю. Кабеты носяць на грудзях паркалёвыя мяшэчкі, напханыя тымі ж зёлкамі. Часам разам з зёлкамі ў мяшэчкі кладуцца свяшчэнныя рэліквіі – частачкі мошчаў якогась Божага Угодніка, трэсачкі ад Крыжа Гасподняга ці пёрка Святога Духу. Але я заўважаю, што адчай прымушае людзей шанаваць зусім іншыя прадметы, і нярэдка побач з кіпарысавым крыжам і мяшэчкам з зёлкамі на грудзях прыгожанькай маладзіцы можна пабачыць высушаную лапку жабы ці кажана ці яшчэ нешта падазронае, цёмнае, зморшчанае, падобнае на сухі грыб.

Я, акрамя Святога Крыжа, не надзяваю нічога, нават упрыгожанняў. Падчас пошасці гэта непрыстойна.

Звычайна пошасць прыходзіць летам, калі ад балот падымаюцца атрутныя выпарэнні, ці ўвосень, калі халодныя дажджы ператвараюць глебу ў суцэльную смярдзючую калатушу. Цяпер зіма. Людзі кажуць, вельмі кепска, калі пошасць прыходзіць гэткаю парою. Значыць, яна такая моцная, што не баіцца самых лютых маразоў.

Напэўна, вельмі цяжка паміраць пад скавытанне завірухі, у задушлівай хаце, а потым нехта мусіць дзяўбці каменную прамерзлую зямлю, каб схаваць у яе тваё адубянелае цела, і не станецца ў яго сілы на добрае слова аб няўчасным нябожчыку.

Праўда, падчас пошасці людзі вяртаюцца да паганскіх звычаяў, сцягваюць сваіх памерлых у кучу і спальваюць. Я бачу праз акно далёкі дым ад гэтых пачварных вогнішчаў.

Я не баюся пошасці. Я добра ведаю яе. Яна не злосная, толькі вельмі галодная. Цяжка кагосьці вінаваціць за тое, што ён спатольвае свой голад. Чалавек, які растаптаў мурашнік, вінаваты нашмат больш. Калі б пошасць мела такую прагу разбурэння і неміласэрнасць, як чалавек, яна даўно знішчыла б апошняга прадстаўніка людскога роду.

Але пошасць заўсёды канчаецца. І апусцелыя мястэчкі і вёскі зноў напаўняюцца вясёлымі і звяглівымі галасамі.

Добра ўжо тое, што падчас пошасці ніколі не прыязджаюць гэтыя. Наўрад ці яны баяцца. Мусіць, ім проста робіцца тут сумна.

Час ад часу з боку вёскі далятае жалобны гук званоў. Ім адклікаецца ўрачыстым басам звон нашага замкавага храма. Ад яго голасу дробна дрыжаць крышталёвыя кубкі і звініць пакладзены на край талеркі нож.

Я кладу на сябе знак крыжа. Дзве кабеты, што стаяць за маёй спінай, робяць тое самае. Пасля адна з іх падыходзіць да каміна і сыпле ў агонь прыгаршчы зёлак. З’едлівы пах расцякаецца па пакоі. Звон усё б’е, недзе падгалошвае яму звон на вясковай званіцы, і не чуваць ні людскога голасу, ні плачу.

Са стала прыбіраюць посуд, і я застаюся адна. У маіх пальцах – сухая кветка. Яна ўпала са снапка, падвешанага пад столлю. Напэўна, калісьці яе пялёсткі былі сінія. Зараз яны бледныя, як папера, толькі на самых кончыках захаваўся бляклы сіні колер. Кветка лёгкая і цвёрдая. Я сціскаю яе ў пальцах, але яна чамусьці не крышыцца. Толькі пераломваецца напалам тонкае сцябло. Я адчуваю, што пакалола пальцы, і кідаю кветку на падлогу. Мёртвае заўсёды варожае жывому. Нават калі гэта кветка. Няўжо людзі думаюць, што забітыя імі ж расліны будуць ратаваць сваіх забойцаў?

Званы сціхаюць. Чуваць спеў завірухі. Ён то ўздымаецца да непрыемнага скавытання, то амаль сціхае, быццам нехта ходзіць пад вокнамі замка і не наважваецца пастукаць. Але сцішылася. Снегавая мітульга асела на зямлю, і чорны аксаміт неба працялі вострыя зрэнкі зор. Гэта добра, што зоры глядзяць на зямлю. Няхай іхні пагляд халодны да болю, гэта ўсё-ткі вочы анёлаў. І я ведаю, што хутка пошасць спатоліць свой голад і засне. На нейкі, не тут вызначаны, час. Загалёкаюць на лясных дарогах дзікія паляўнічыя, і з-пад капытоў іхніх коней будуць уздымацца снежныя фантаны. Вандроўныя музыкі зноў будуць прасіцца у замак – павесяліць пані і адагрэцца, ад’есціся пасля зімовай дарогі (на жаль, лепшыя з іх зімой не вандруюць – ім ахвотна даюць прытулак да вясны ў любым замку, з увагі на доўгую чараду цёмных вечароў, да якіх так пасуюць старажытныя балады).

Зёлкі дагараюць у каміне, іх колкія сцябліны курчацца і згінаюцца ў агні. Заўтра загадаю дастаць куфэрак з маімі ўлюбёнымі перлінамі.


Хрэсьбіны

Калі блізу дня маіх народзінаў у вёсцы нараджаецца дзяўчынка, мяне просяць быць хроснай маткаю. Я не павінна адмаўляцца. Такі звычай.

Хрышчэнне адбываецца ў замкавым храме. Я прыходжу туды ў белай сукенцы з вялікім карункавым каўняром, які падымаецца за маімі плячыма, падобна накрухмаленым крылам. Мне даюць трымаць невялікі паркалёвы скрутак, у якім можна разгледзець толькі маленечкае чырвонае падабенства чалавечага твару. Я трымаю на руках чалавечае дзіця і, як магу, зычу яму ў думках шчасця, прашу ў Госпада, каб надзяліў Ён гэтае сваё стварэнне здольнасцю радавацца прыгажосці свету, уменнем бачыць і смеласцю бараніць гэтую прыгажосць.

Дзяўчынка будзе насіць імя маёй святой заступніцы. У якасці падарунка я надзяваю на хросніцу каралі з перлін. Наўрад ці болей я пабачу гэтае дзіця. Яно вырасце і перажыве не адну пошасць, і не адно дзікае паляванне сарве з вясковай дзяўчынкі вянок. І ўвесь свой век будзе гэтая дзяўчынка, пасля кабета, назапашваць палотны і каралі, словы кахання і зайздросныя позіркі суседак, і ніколі не назапасіць, і калі-небудзь загорне дрыжачымі рукамі сваё нованароджанае дзіця ў беражоны бялюткі павойнік, і вырашыць, што лепей запрасіць хроснай маткай не пані, а суседку, у якой ніколі не здыхаюць свінні. Будзе больш удачы. І пацямнеюць мае перліны разам з дзясяткам срэбных манет у гліняным гаршку, закапаным пад усходнім кутом хаты.

Я перадаю ахрышчанае дзіця на рукі маці. Што я магу змяніць? Толькі дадаць яшчэ адну нізку перлін.

За акном шэрае веснавое неба. Кусты шыпшыны цягнуць да яго аголеныя галіны. Нібыта просяць хутчэй запаліць на іх ружовыя агні, хутчэй вызваліць іх з чорна-белага мёртвага свету. Звон на замкавай вежы б’е адзін раз. Я бяру з чорнага куфэрка перліну і акуратна нанізваю на навошчаную шоўкавую нітку. Учора гэтыя прыгаршчы перлін прасвідравалі па маім загадзе. Зразумела, знізваць іх у каралі маглі б і прыслужніцы, але я заўсёды раблю гэта сама.

Звон б’е яшчэ раз. Сёння дзень маіх народзінаў. Нічога не адбудзецца. Усе ведаюць, што я не святкую гэты дзень. Я, прызнацца, баюся яго. Смешна, але я нават не гляджуся ў гэты дзень у люстэрка.

Люстэркі толькі прыкідваюцца, што пакорліва пераймаюць наш свет. На самай справе за халоднай цвёрдай абалонкай знаходзіцца нешта іншае, куды большае за тонкі слой амальгамы. Не варта лішні раз дазваляць таму зазіраць сюды.

Нізка перлін павялічваецца. Вось яна ўжо скручваецца петлямі на маіх каленях. Не ведаю, ці стануцца гэтыя каралі падарункам.

Нітка канчаецца. Я бяру яе пачатак, злучаю з канцом і звязваю ў моцны вузел. Цяпер гэтыя перліны ніколі не ўдараць звонкім градам па каменнай падлозе. Хаця – хто ведае? Іх злучае ўсяго толькі наваскаваная нітка...

У куфэрку засталіся яшчэ перліны. Я зачэрпваю іх, перасыпаю з далані на даланю. Але – прасвідраваныя – яны маўклівыя і цьмяныя, кожная нібыта з плямай таемнага грэху, пазбаўленая чысціні і ўнутранага спакою.

Ссыпаю перліны назад, у куфэрак, туды ж кладу толькі што знізаныя каралі і зачыняю цяжкую накрыўку. Цяпер куфэрак стаіць на століку, як маленькая труна. Адварочваюся ад акна. Зноў галёканне гэтых. Яны пад’язджаюць да самых кустоў шыпшыны, нешта крычаць. Так, сапраўды, клічуць з сабою. Цікава, што было б, калі б я аднойчы выйшла да іх. Магчыма, яны проста з’ехалі б ад мяне, маўклівыя і прыгаломшаныя.

Але я ніколі не выйду да гэтых. Непрыстойна.

Сёння не будзе хрэсьбін. Не будзе белай сукенкі з высокім карункавым каўняром. Перліны застануцца пахаванымі ў куфэрку.

Галёканне сцішылася. Чуваць толькі, як у вечаровым прыцемку з голля падаюць буйныя кроплі. Быццам ходзяць на звонкіх абцасіках маленькія чалавечкі.

У такія хвіліны мне здаецца, што мой сапраўдны дзень народзінаў яшчэ не настаў.

Але я і не ведаю, ці варта мне нараджацца.

Жаніх панны Данусі

Жахлівае апавяданне

За месяцам месяц мінае,

Вось вершнік у шыбу грукае

Увосень парой начною:

«Ты помніш ці не, дарагая,

Як колісь мяне кахала?

Сядай на каня са мною!» —

«Мой любы, заўжды з табою!»

Старажытная нямецкая балада

Парцэлянавыя пастух і пастушка прайшліся ў танцы пад пяшчотную мелодыйку «Ах, мой мілы Аўгусцін!», і бялюткія парцэлянавыя ж галубкі над імі далікатна сутыкнуліся ружовымі дзюбкамі. Гадзіннік прабіў дзевяць вечара.

Панна Дануся, пекная выпускніца Марыінскай жаночай гімназіі горада М*, закінула ў сакаўны раток чарговую порцыю разынак. Ах, як сумна... Татуся і мамуся сышлі ў госці, на дварэ сеецца дробны кастрычніцкі дождж, занудлівы, як настаўнік лаціны, і няма як развеяцца беднай паненцы, бо прыстойная заручоная дзяўчына не мусіць цягацца па сцямнелым мястэчку ў пошуках прыгод... Адно суцяшае – заўтра Дануся будзе спяваць у хоры Апякунства аматараў цвярозасці, а пасля – танцы! Дабрачынны кірмаш, і шляхетны Генусь з акцызнага банка падносіць вазачку з цукеркамі...

Пад уплывам салодкіх мрояў панна Дануся ўкінула ў раток яшчэ прыгаршчу разынак і закруцілася на абабітай сінім, у ружовыя кветкі аксамітам канапе, ад чаго тая жаласна ўскрыкнула ўсімі спружынамі. «Дануся, Вы сапраўдная рубенсаўская кабета»,– казаў выкладчык гімнастыкі Марыінскай жаночай гімназіі пан Саміч, калі гімназістка Данута Таптэвіч ніяк не патрапляла ў такт з аднакласніцамі ў справе даставання далонямі наскоў туфлікаў...

Не, нямногага дабіліся жанчыны на шляху эмансіпацыі! Толькі што падчас французскай рэвалюцыі дамагліся права насіць трусікі...

Прагрэсіўныя роздумы панны Данусі перарваў стук у шыбу.

– Дануся! Адчыні! Гэта я, Габрусь!

Пекная дзяўчына падляцела да акна пад рыпучы ўздых палёгкі вызваленай канапы. Сапраўды – за мокрай шыбай бялеў выцягнуты твар Данусінага нарачонага Габруся. Твар гэты чамусьці заўсёды нагадваў Данусі рабочую паверхню прэс-пап’е, хаця якая тут магла б быць асацыяцыя – хіба прэс-пап’е мае круглыя акуляры з пазалочанымі дужкамі і чырвоныя прышчыкі?

Аднак – чаму гэткі нечаканы візіт?

– Ты ж павінен быць на інспекцыі чыгункі! – пракрычала Дануся.

– Я прыехаў да цябе, маёй даражэнькай нявесты,– трохі глухавата, але цалкам разборліва прагаварыў Габрусь.– Выходзь хутчэй, пакатаешся на маім аўтамабілі...

Аўтамабіль! Белы выцягнуты твар Габруся раптам падаўся Данусі вельмі сімпатычным і інтэлігентным. Аўтамабіляў у горадзе М* было пяць – жыхары ведалі кожны і кожнага з іх уладальнікаў. Праехацца ў шыкоўным увасабленні прагрэсу – запаветная мара местачковай паненкі... Дануся бегма кінулася адчыняць дзверы дарагому госцю, на хаду выдзіраючы з буйных кудзераў папільеткі.

Габрусь быў у сваёй строгай форме службоўца чыгуначнай управы. Паўзверх фуражкі ён нацягнуў башлык, так што з усяго твару відаць былі толькі бліскучыя акуляры.

– Я прыйшоў па цябе, Данута... Ці помніш ты словы кахання...

Але Дануся не слухала сентыментальнае мармытанне жаніха. На вуліцы, перад варотцамі, сапраўды стаяў аўтамабіль! Ён быў бліскучы, як калядная ёлка, і ўрачысты, як духавы аркестр.

«Хутка сцямнее! – мільганула ў Данусінай завітай галоўцы.– Ніхто не пабачыць! Трэба тэрмінова ехаць!»

Габрусь адмовіўся зайсці ў дом і пачакаць, пакуль нявеста апранецца. Ён, як слуп, стаяў перад дзвярыма, і Дануся нават праз сенцы чула ўпартыя разважанні пра незямное каханне.

Дождж, напэўна, ад усведамлення ўрачыстасці моманту, прыпыніўся. Габрусёва нявеста пераможна апусцілася на мяккае скураное сядзенне аўто. Машына трохі прысела на ўсе чатыры колы, але гэта была моцная імпартовая машына.

Бяроза каля варотцаў Данусінага двара зашумела-загаласіла пажаўцелай лістотаю: «Не ездзі, Дануся, затрымайся!» Ды магчымасць праехацца ў аўтамабілі пераважала нават меркаванні пра прыстойныя паводзіны паненкі.

(Ах, як рэдка прыслухоўваемся мы да прарочага голасу прыроды і да якіх сумных наступстваў прыводзіць наша непапраўная няўважлівасць!)

Дануся загадала жаніху апусціць скураны верх машыны і ганарова ўзняла над сабой карункавы парасон. Вечаровае сонца здагадалася прасунуць між хмарамі свой нясмелы прамень, каб высвеціць выбітнае відовішча: па вуліцы Балотнай горада М*, звычайнай местачковай (гэта значыць месцамі прыдатнай для праезду) вуліцы, на якой гарадскія ўлады так і не наважыліся паставіць ліхтары, ехаў «Лорэн-Дзітрых» колеру губернскага шчасця. Данусі здавалася, быццам за яе спінаю на буферах аўто, як на запятках карэты, стаяць лёкаі ў напудраных парыках.

– А не страшна табе ехаць са мною, Дануся? – зусім недарэчна глухім голасам запытаў Габрусь нявесту. Але патанулі словы яго ў магутным крыку салісткі хору Апякунства аматараў цвярозасці.

– Габрусік! Спыніся тут, перад Зосьчыным домам! Зося! Зося!

Аўтамабіль спалохана прытармазіў. За плотам стаяла рудая Зося, былая аднакласніца Данусі, і паядала вачыма трыумф сяброўкі.

– Зося паедзе з намі! – загадала нявеста Габрусю.

Той трохі знервавана пачаў супраціўляцца нечаканай акалічнасці, зноў спасылаючыся на незямное каханне і іншую рамантычную блытаніну. Зося ўжо сядзела побач з Данусяю, прыгожа распраўляючы складкі сваёй неабдымнай параднай спадніцы з фальбонамі.

Аўто рушыла наперад. Пекныя паненкі сакаталі і ўвесьчасна прымушалі апатычнага Габруся націскаць на гумавую грушу гукавога сігналу. Але ўпарты Габрусь не паехаў па людных вуліцах, дзе жылі знаёмыя, а кіраваў у бок Кальварыйскіх могілак паўз хутар Нядзведжына, дзе сапраўды было глуха і цёмна, як у мядзведжай бярлозе.

У вечаровым паўзмроку паказалася белая брама могілак. Па версе брамы, над выявамі жудасных эмблем смерці, красаваўся ўрачысты надпіс па-польску з арфаграфічнай памылкай у слове «Spokoj». Нягледзячы на пратэсты паненак, Габрусь пакіраваў туды, на брукаваную дарожку між магіл. Дарога вяла да суровага псеўдагатычнага будынка касцёла. Змрочныя старыя ліпы сашчапілі над дарогай свае кашчавыя чорныя шаты, быццам мёртвыя пальцы. Злавесна хрыпелі крумкачы. Над уваходам у зачынены касцёл цьмяна свяцілася лампадка – далёкае-далёкае акенца ў той свет, куды нам, грэшным, ісці не дайсці...

Запыніў Габрусь аўтамабіль, павярнуўся да пекных паненак. Пагрозна бліснулі акуляры на выцягнутым белым-белым Габрусёвым твары.

– І чаго ты прыпёр нас сюды? – гучна абурылася Дануся.

– Знайшлі час, пан Габрусь! Касцёл жа зачынены! – падтрымлівала сяброўку рудая панна Зося, у якой ад злосці ледзь не абсыпаліся рабацінкі.

– Мы прыехалі на месца! – нязвыкла цвёрда і ўрачыста сказаў Габрусь і ўскінуў доўгія рукі ў знямелае неба, як ускідвае крылы чорны жораў, збіраючыся ўзляцець ад бязлітаснай паляўнічай стрэльбы.– Пазнай жа, нявеста мая, верная Данута, што...

– Ой, тут жа новую прыбіральню нядаўна зладзілі! – здагадалася панна Дануся.– Габрусік, бедны, у прыбіральню хоча, вось і заехаў сюды,– далікатным шэптам растлумачыла яна сяброўцы.– Ён такі інтэлігентны... Ён не ходзіць за рог, як звычайны мужык... Ідзі, Габрусік! Мы пачакаем...

– Не, у такім разе, давай адразу мы сходзім! Пане Габрусь будзе такім добранькім..– какетліва звярнулася панна Зося да ўладальніка аўтамабіля.

– Спыніцеся, няшчасныя! Вы не разумееце...– благаў Габрусь, смешна размахваючы худымі рукамі, але паненкі ўжо схаваліся ў маленькім зграбным будыначку ля могілкавай агароджы.

Нязграбная Габрусёва постаць сноўдалася ўзад-уперад ля «Лорэн-Дзітрыха» так роспачна, што выпадкова пралятаючы над могілкамі анёл выраніў на небараку сваю бясцэнную слязу і палунаў далей, за хмары, у высокае-высокае сіняе неба, запальваць першую свечку-зорку на славу Гасподнюю дзеля заблукалых сляпых нашых душ... Але не адчуў дабрадзейства чыстае анёльскае слязы бедны Габрусь, а мо падумаў, грэшнай справаю, на гракоў...

Над могілкамі разнеслася вельмі меладычная і павучальная песня з рэпертуару хору Апякунства аматараў цвярозасці горада М*.

Насустрач ідучым, узяўшыся пад рукі «жаўроначкам», кінуўся Габрусь у апошнім намаганні выказацца:

– Данута! Пахавальную песню заспявай! Бо цягнік, на якім ехаў я на інспекцыю чыгуначнай станцыі Н*, ляжыць пад адхонам, спушчаны туды падступнымі рукамі эсэраўскай арганізацыі. І сярод тых вартых жалю абломкаў пахаванае маё беднае цела... А тое, што цяпер перад вамі,– спакутаваны закаханы дух... О, Дануся мая...

Дзіўны маналог перарваўся вяселым пранізлівым гукам клаксафона, на які націснула жартаўлівая ручка панны Данусі. Абедзве дзяўчыны ўжо сядзелі на мяккім скураным сядзенні аўто, і першая зорка праглядала скрозь карункавы Данусін парасон...

Юзэфа Шыкулевіч, годная, але бедная ўдава, зарабляла на жыццё самай пабожнай справай – мыла падлогу ў касцёле. Аднойчы восеньскім вечарам скончыла пані Шыкулевіч сваю працу, задзьмула апошнія свечкі, старанна ачысціла ад воску падсвечнікі... А на могілках гарэзавала бязбожная моладзь. Чуўся бесклапотны смех (і гэта ў месцы, якое само нагадвала чалавеку пра яго смяротнасць!), пасля анархісткі спявалі песню, нарэшце вечны спакой могілак парушыў пранізлівы, сапраўды д’ябальскі гук. Пані Юзэфа, спадзеючыся на вышэйшую абарону, выскачыла з касцёла і ў няпэўным вечаровым святле ўбачыла гэта... Чортава павозка!

На жаль, Юзэфа Шыкулевіч не была прагрэсіўнай жанчынай. Яна з чыстым сумленнем падкідвала б галлё ў вогнішча, на якім цемрашалы спальвалі Яна Гуса. І з’яўленне перад святым храмам прывіду наступаючага аўтамабільнага веку ўспрыняла належным чынам, перажагнала яго і загадала:

– Vаde retro, satanas![1]

Дануся і Зося, пекныя прыстойныя паненкі і выпускніцы Марыінскай жаночай гімназіі, сядзелі самым ганебным чынам на голых мокрых камянях Кальварыйскіх могілак, прычым Дануся трымала над сабою карункавы парасон.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю